Библия › Клышка › Матфея

Матфея

Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давідавага, Сына Аўраамавага. Ад Аўраама нарадзіўся Ісаак, ад Ісаака нарадзіўся Іакаў, ад Іакава ж нарадзіўся Іуда і яго браты, ад Іуды ж нарадзіўся Фарэс і Дзара ад Фамары, ад Фарэса ж нарадзіўся Гесром, ад Гесрома ж нарадзіўся Арам, ад Арама ж нарадзіўся Амінадаў, ад Амінадава ж нарадзіўся Наасон, ад Наасона ж нарадзіўся Салмон, ад Салмона ж нарадзіўся Ваоз ад Рахавы, ад Ваоза ж нарадзіўся Авід ад Руфі, ад Авіда ж нарадзіўся Іесей, ад Іесея ж нарадзіўся цар Давід. Ад [цара] Давіда нарадзіўся Саламон ад той, што была за Урыем, ад Саламона ж нарадзіўся Раваам, ад Раваама ж нарадзіўся Авія, ад Авіі ж нарадзіўся Аса, ад Асы ж нарадзіўся Іасафат, ад Іасафата ж нарадзіўся Іарам, ад Іарама ж нарадзіўся Адзія, ад Адзіі ж нарадзіўся Іаафам, ад Іаафама ж нарадзіўся Ахадз, ад Ахадза ж нарадзіўся Эдзекія; ад Эдзекіі ж нарадзіўся Манасія, ад Манасіі ж нарадзіўся Амос, ад Амоса ж нарадзіўся Іасія, 1 ад Іасіі ж нарадзіўся Іеханія і яго браты пры Вавілонскім высяленні. Пасля ж Вавілонскага высялення ад Іеханіі нарадзіўся Салафііль, ад Салафііля ж нарадзіўся Дзарававель, ад Дзарававеля ж нарадзіўся Авіуд, ад Авіуда ж нарадзіўся Эліякім, ад Эліякіма ж нарадзіўся Адзор, ад Адзора ж нарадзіўся Садок, ад Садока ж нарадзіўся Ахім; ад Ахіма ж нарадзіўся Эліуд, ад Эліуда ж нарадзіўся Эляадзар, ад Эляадзара ж нарадзіўся Матфан, ад Матфана ж нарадзіўся Іякаў, ад Іякава ж нарадзіўся Іосіф, муж Марыі, ад Якой нарадзіўся Ісус, Якога завуць Хрыстос. Такім чынам, усіх пакаленняў ад Аўраама да Давіда — чатырнаццаць пакаленняў, і ад Давіда да Вавілонскага высялення — чатырнаццаць пакаленняў, і ад Вавілонскага высялення да Хрыста — чатырнаццаць пакаленняў. Нараджэнне ж Ісуса Хрыста было так. Пасля заручын Яго Маці Марыі з Іосіфам, перш чым яны зышліся, выявілася, што яна мае ва ўлоні ад Святога Духа. Іосіф жа, Яе муж, будучы праведным і не хочучы зняславіць Яе, вырашыў употай адпусціць Яе. Але калі ён задумаў гэта, вось, Анёл Гасподні з’явіўся яму ў сне, кажучы: Іосіфе, сыне Давідаў, не бойся прыняць Марыю, тваю жонку; бо зароджанае ў Ёй — ад Святога Духа. Народзіць жа Яна Сына, і ты назавеш Яго імем Ісус, бо Ён уратуе Свой народ ад іх грахоў. А ўсё гэта адбылося, каб спраўдзілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «Вось, Дзева зачне ў лоне і народзіць Сына, і назавуць Яго імем Эмануіл, што ў перакладзе азначае: З намі Бог». І Іосіф, устаўшы ад сну, зрабіў, як загадаў яму Анёл Гасподні, і ён прыняў сваю жонку. І не знаў Яе, пакуль не нарадзіла Яна [Свайго] Сына [Першынца]; і ён назваў Яго імем Ісус.

Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфлееме Іудзейскім у дні цара Ірада, вось, прыйшлі ў Іерусалім магі з усходу, кажучы: Дзе народжаны Цар Іудзейскі? Бо мы бачылі Яго зорку на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму. Пачуўшы ж гэта, цар Ірад устрывожыўся, і ўвесь Іерусалім з ім. І, сабраўшы ўсіх першасвятароў і народных кніжнікаў, ён пытаўся ў іх, дзе належыць нарадзіцца Хрысту. І яны сказалі яму: У Віфлееме Іудзейскім, бо так напісана праз прарока: «І ты, Віфлееме, зямля Іудава, нічым не меншы сярод галоўных гарадоў Іудавых; бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе пасвіць Мой народ, Ізраіля». Тады Ірад, употай паклікаўшы магаў, дакладна выведаў ад іх час, калі з’явілася зорка, і, паслаўшы іх у Віфлеем, сказаў: Пайдзіце, дакладна разведайце пра Дзіця, а як знойдзеце, паведаміце мне, каб і я прыйшоў пакланіцца Яму. Яны ж, выслухаўшы цара, пайшлі, і вось, зорка, якую яны бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не стала над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы ж зорку, яны ўзрадаваліся вельмі вялікаю радасцю. І, увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця з Марыяй, Яго Маці, і, упаўшы, пакланіліся Яму і, адкрыўшы свае скарбонкі, паднеслі Яму дары: золата, ладан і смірну. І, атрымаўшы ў сне засцярогу не вяртацца да Ірада, яны іншаю дарогаю адышлі ў сваю краіну. Калі ж яны адышлі, вось, Анёл Гасподні з’яўляецца ў сне Іосіфу, кажучы: Устань, вазьмі Дзіця і Яго Маці, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад збіраецца шукаць Дзіця, каб згубіць Яго. І, устаўшы, ён узяў Дзіця і Яго Маці ўночы, і адышоў у Егіпет, і быў там да Ірадавай смерці: каб спраўдзілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Егіпта Я паклікаў Майго Сына». Тады Ірад, убачыўшы, што мгі насмяяліся з яго, моцна разгневаўся і, паслаўшы людзей, выбіў усіх хлопчыкаў у Віфлееме і ва ўсіх яго межах, ад двух гадоў і менш, згодна з часам, які дакладна ўведаў ад магаў. Тады спраўдзілася сказанае праз Іерамію, прарока, які кажа: «Голас у Раме чуваць быў, плач і вялікае галашэнне, Рахіль аплаквала сваіх дзяцей і не хацела суцешыцца, бо няма іх». Калі ж Ірад памёр, вось, Анёл Гасподні з’яўляецца ў сне Іосіфу ў Егіпце, кажучы: Устань, вазьмі Дзіця і Яго Маці і ідзі ў зямлю Ізраілеву: бо памерлі тыя, хто шукаў душы Дзіцяці. І ён устаў і ўзяў Дзіця і Яго Маці і ўвайшоў2 у зямлю Ізраілеву. Але, пачуўшы, што ў Іудзеі царуе Архелай замест свайго бацькі Ірада, ён пабаяўся туды ісці; і, атымаўшы ў сне засцярогу, адышоў у межы Галілейскія, і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт: каб спраўдзілася сказанае праз прарокаў, што Яго назавуць Назаранінам.

У тыя ж дні прыходзіць Іаан Хрысціцель і прапаведуе ў Іудзейскай пустэльні, [і] кажа: кайцеся: бо наблізілася Царства Нябеснае. Бо гэта той, пра каго сказана праз Ісаію прарока, які кажа: Голас звестуна ў пустэльні: «Падрыхтуйце дарогу Гасподнюю, простымі зрабіце Яго сцежкі». Сам жа Іаан меў адзенне з вярблюджай шэрсці і скураны пояс на паясніцы сваёй; а яго спажывай былі саранча і дзікі мёд. Тады выходзіў да яго Іерусалім і ўся Іудзея, і ўся Іарданская ваколіца; і хрысціліся ад яго ў рацэ Іардане, вызначаючы свае грахі. Але, убачыўшы шмат фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысціцца, сказаў ім: Гадзючыя выпладкі, хто падказаў вам уцякаць ад будучага гневу? Дык стварыце плод, годны пакаяння; і не думайце казаць самім сабе: «Бацька ў нас Аўраам». Бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў узвесці дзяцей Аўрааму. Ужо і сякера ляжыць пры корані дрэў; бо кожнае дрэва, што не родзіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь. Я хрышчу вас у вадзе на пакаянне, але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, я не варты панесці Яго сандаляў; Ён будзе хрысціць вас Святым Духам і агнём; Яго веялка ў Яго руце, і Ён ачысціць Свой умалот і збярэ Сваю пшаніцу ў засекі, а мякіну спаліць непагасным агнём. Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Іардан да Іаана, каб хрысціцца ад яго. Іаан жа стрымліваў Яго, кажучы: Я павінен хрысціцца ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне? Ісус жа ў адказ сказаў яму: Дазволь цяпер; бо гэтак належыць нам выканаць усю праўду. — Тады ён дазваляе Яму. І, ахрысціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады, і вось, расчыніліся [Яму] Нябёсы і ўбачыў, як Дух Божы зыходзіць, нібы голуб, [і] спускаецца на Яго. І вось, голас з нябёсаў кажа: Гэта Мой Сын улюблёны, у Якім Маё задавальненне.

Тады Ісус быў ўзведзены Духам у пустэльню дзеля спакусы д’яблам. І, прапасьціўшыся сорак дзён і сорак начэй, Ён урэшце адчуў голад. І, падышоўшы, спакуснік сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні зрабіліся хлябамі. Ён жа сказаў у адказ: Напісана: «Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што зыходзіць з вуснаў Божых». Тады д’ябал бярэ Яго ў святы горад і ставіць Яго на крыле святыні, і кажа Яму: Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: «Сваім Анёлам Ён загадае пра Цябе і на руках панясуць Цябе, каб Ты не спатыкнуўся аб камень нагою Сваёю». Ісус сказаў яму: напісана: «Не выпрабоўвай Госпада, твайго Бога». Зноў д’ябал бярэ Яго на вельмі высокую гару і паказвае Яму ўсе царствы свету і іх славу, і сказаў3 Яму: Гэта усё дам Табе, калі Ты, упаўшы, паклонішся мне. Тады Ісус кажа яму: Адыдзі, сатана! Бо напісана: «Госпаду, твайму Богу, пакланяйся і Яму аднаму служы». Тады д’ябал пакідае Яго; і вось, Анёлы падышлі і служылі Яму. А Ён, пачуўшы, што Іаан аддадзены пад варту, адышоў у Галілею, І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нефалімавых; каб спраўдзілася сказанае праз прарока Ісаію, які кажа: «Зямля Завулонава і зямля Нефалімава, на прыморскай дарозе, Заіярданне, Галілея язычніцкая, — народ, што сядзіць у цемры, убачыў вялікае святло, а тым, што сядзяць у краіне і ў цяні смерці, узышло святло». З таго часу пачаў Ісус прапаведаваць і казаць: Пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае. Праходзячы ж каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сімана, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата, якія закідвалі сетку ў мора: бо былі яны рыбаловы. І кажа ім: Ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. І яны адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі ўслед за Ім. І прайшоўшы адтуль далей, Ён убачыў іншых двух братоў: Іякава Зевядзеева і Іаана, яго брата, у лодцы з Зевядзеем, іх бацькам, калі яны папраўлялі свае сеткі, і паклікаў іх. Яны адразу ж, пакінуўшы лодку і свайго бацьку, пайшлі за Ім. І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах і прапаведуючы Дабравесце Царства і вылечваючы кожную хваробу і кожную немач у народзе. І разышлася чутка пра Яго па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх хворых, што цярпелі ад розных хвароб і мук, [і] апанаваных дэманамі, і эпілептыкаў, і спаралізаваных, і Ён вылечваў іх. І ішлі ўслед за Ім вялікія натоўпы з Галілеі, і Дзесяцігораддзя, і Іерусаліма, і Іудзеі, і з Заіардання.

І, убачыўшы натоўпы, Ён узышоў на гару. І калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго. І Ён, адкрыўшы вусны Свае, вучыў іх, кажучы: Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Царства Нябёсаў. Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць усцешаны. Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю. Шчаслівыя згаладалыя і спрагнёныя праўды, бо яны натоляцца. Шчаслівыя літасцівыя, бо над імі злітуюцца. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога. Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названы сынамі Божымі. Шчаслівыя, каго гоняць за праведнасць, бо іх ёсьць Царства Нябёсаў. Шчаслівыя вы, калі будуць вас ганьбіць, і гнаць, і хлусліва казаць супроць вас усялякае ліхое з-за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, таму што вялікая ваша ўзнагарода ў нябёсах: бо так гналі прарокаў, што былі перад вамі. Вы — соль зямлі, калі ж соль абяссолее, чым яе насаліць? Ні на што яна ўжо не прыдатная, хіба толькі выкінуць вон, каб тапталі людзі. Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць наверсе гары. І, запальваючы светач, не ставяць яго пад пасудзіну, а на падстаўку, і ён свеціць усім у доме. Няхай свеціць так ваша святло перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўслаўлялі вашага Бацьку, што ў нябёсах. Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў; Я прыйшоў не адмяніць, а здзейсніць. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не адыдзе неба і зямля, ні адна ёта і ні адна рыска ні ў якім разе не адыдзе з закона, пакуль не спраўдзіцца ўсё. Дык, хто адменіць адну з найменшых гэтых запаведзяў і так навучыць людзей, той будзе названы найменшым у Царстве Нябёсаў; а хто выканае і навучыць, той будзе названы вялікім у Царстве Нябёсаў. Бо кажу вам, калі ваша праведнасць не перавысіць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы ні ў якім разе не ўвойдзеце ў Царства Нябёсаў. Вы чулі, што сказана старажытным: «Не забівай, а хто заб’е, падпадзе пад суд». А Я кажу вам, кожны, хто [дарэмна] гневаецца на свайго брата, падпадзе пад суд; а хто скажа свайму брату: «Рака4» падпадзе пад суд сінедрыёна5, а хто скажа «Марэ»6, падпадзе пад кару геены вогненнай. Дык калі ты будзеш прыносіць свой дар на ахвярнік і там успомніш, што твой брат мае нешта супроць цябе, то пакінь там свой дар перад ахвярнікам і пайдзі перш прымірыся са сваім братам, і тады прыйдзі і прынясі свой дар. Хутчэй мірыся са сваім праціўнікам, пакуль з ім у дарозе, каб праціўнік не перадаў цябе суддзі, а суддзя [не перадаў цябе] выканаўцу, і ты не быў кінуты ў турму. Сапраўды кажу табе: ні ў якім разе не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта7. Вы чулі, што сказана [для старажытных]: «Не чужалож». А Я вам кажу, што кожны, хто пажадліва глядзіць на жанчыну, ужо чужаложыў з ёю ў сваім сэрцы. Калі ж тваё правае вока ўводзіць у грэх цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не ўсё тваё цела было ўкінута ў геену. І калі правая твая рука ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не ўсё тваё цела пайшло ў геену. І было сказана: «Хто адпусціць жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст». А Я кажу вам, што кожны, хто адпускае жонку сваю, апроч як з прычыны распусты, даводзіць яе да чужаложства; і хто ажэніцца з адпушчанаю, чужаложыць. Яшчэ вы чулі, што было сказана старажытным: «Не парушай клятвы, а выконвай перад Госпадам свае клятвы». А Я кажу вам, каб вы не кляліся зусім: ні небам, таму што яно трон Божы; ні зямлёю, таму што яна падножжа Яго ног, ні Іерусалімам, таму што ён горад вялікага Цара; сваёю галавою не кляніся, таму што не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным. А ваша слова няхай будзе: «так, так», «не, не», а што звыш гэтага, тое ад ліхога. Вы чулі, што было сказана: «Вока за вока і зуб за зуб». А Я кажу вам, каб вы не супраціўляліся злому, але хто б’е цябе ў [тваю] правую шчаку, павярні да яго і другую; і хто хоча судзіцца з табою і ўзяць твой хітон8, — уступі яму і плашч; і хто прымусіць цябе ісці адну мілю9, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся. Вы чулі, што было сказана: «Любі свайго блізкага і ненавідзь свайго ворага». А Я кажу вам: любіце сваіх ворагаў, [дабраслаўляйце тых, хто праклінае вас, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас] і маліцеся за тых, што [крыўдзяць вас і] гоняць вас; каб вам зрабіцца сынамі вашага Бацькі, Які ў нябёсах, таму што Ён узводзіць Сваё сонца над злымі і добрымі і пралівае дождж на праведных і няправедных. Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж не тое самае робяць і зборшчыкі падаткаў? І калі будзеце вітаць толькі вашых братоў, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Дык будзьце вы дасканалыя, як дасканалы ваш Бацька Нябесны.

Асцерагайцеся [ж] выстаўляць сваю праведнасць10 перад людзьмі, каб яны бачылі вас: а як не, няма вам узнагароды ад вашага Бацькі, што ў нябёсах. Дык, калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб праслаўлялі іх людзі. Сапраўды кажу вам: яны спаўна атрымліваюць сваю узнагароду. А ты, калі даеш міласціну, — няхай твая левая рука не ведае, што робіць твая правая, каб твая міласціна была ў таямніцы, і твой Бацька, Які бачыць у таямніцы, аддасць табе [яўна]. І калі моліцеся, не будзьце як крывадушнікі, таму што яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказаць сябе людзям; сапраўды кажу вам, [што] яны спаўна атрымліваюць сваю ўзнагароду. А ты, калі молішся, увайдзі ў свой пакой і, зачыніўшы дзверы свае, памаліся твайму Бацьку, што ў таямніцы; і твой Бацька, Які бачыць у таямніцы, аддасць табе [яўна]. А молячыся, не кажыце пустога, як язычнікі; бо яны думаюць, што ў сваім шматслоўі будуць пачутыя; дык не прыпадабняйцеся да іх, бо ваш Бацька ведае, у чым вы маеце патрэбу, перш чым вы ў Яго папросіце. Вы ж маліцеся так: Татухна наш, Які ў нябёсах! Няхай асвяціцца Тваё імя; няхай прыйдзе Царства Тваё, няхай здзейсніцца воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеб наш надзённы дай нам сёння; і даруй нам нашы правіны, як і мы даравалі11 нашым вінаваўцам; і не дай нам паддацца спакусе, але збаў нас ад ліхога12. [Бо Тваё ёсць Царства, і сіла, і слава навекі. Амін]. Бо калі вы даруеце людзям іх правіны, даруе і вам Бацька ваш Нябесны; а калі вы не даруеце людзям [іх правінаў], то і ваш Бацька не даруе вашых правінаў. А калі посціце, не рабіце, як крывадушнікі панурыя; бо яны напускаюць на сябе пануры погляд, каб паказаць людзям, што посцяць. Сапраўды кажу вам, [што] яны ўжо атрымліваюць сваю ўзнагароду. А ты, калі посціш, памаж сваю галаву і памый свой твар, каб з’явіцца ў пасце не перад людзьмі, а перад тваім Бацькам, Які ў таямніцы; і твой Бацька, Які бачыць у таямніцы, аддасць табе [яўна]. Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе зладзеі падкопваюць і крадуць: а збірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не нішчаць і дзе зладзеі не падкопваюць і не крадуць; бо дзе твой13 скарб, там будзе і тваё14 сэрца. Светач цела — вока. Дык калі тваё вока будзе простае, усё тваё цела будзе светлае; калі ж тваё вока будзе ліхое, усё тваё цела будзе цёмнае. Дык калі святло, што ў табе, — цемра, то якая ж вялікая цемра? Ніхто не можа служыць двум гаспадарам: бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога — любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім будзе пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне15. Таму кажу вам: не турбуйцеся пра ваша жыццё, што есці [ці што піць], і ні пра ваша цела, у што адзецца. Хіба жыццё не большае за яду, і цела за адзенне? Паглядзіце на нябесных птушак, што не сеюць, не жнуць, не збіраюць у свірны, а ваш Нябесны Бацька корміць іх. Хіба вы не важнейшыя за іх? Хто з ж вас, турбуючыся, можа дабавіць да свайго росту хоць бы адзін локаць16? І пра адзенне што турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; кажу ж вам, што нават Саламон ва ўсёй сваёй славе не адзяваўся так, як кожная з іх. Калі ж палявую траву, што ёсць сёння, а заўтра будзе кінутая ў печ, Бог так прыбірае, то ці ж не тым болей адзене вас, малаверы! Дык не турбуйцеся і не кажыце: «Што нам есці?» або «Што нам піць?», або «У што адзявацца?». Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; бо ваш Нябесны Бацька ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце ж перш Царства [Божага] і Яго праведнасці. І ўсё гэта дадасца вам. Дык не турбуйцеся пра заўтра: бо заўтра само патурбуецца пра сябе; даволі для кожнага дня сваёй трывогі.

Не судзіце, каб вас не судзілі; бо якім судом судзіце, такім будуць судзіць вас; і якою мерай мераеце, такою вам адмераюць. Што ж ты бачыш парушынку, што ў воку твайго брата, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? Або як ты скажаш свайму брату: «Дай я выму парушынку з твайго вока»; а вось у тваім воку — бервяно? Крывадушнік, вымі спярша бервяно са свайго вока, а тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока твайго брата. Не давайце святога сабакам і не кідайце вашых перлаў перад свіннямі, каб яны не растапталі іх сваімі нагамі і, павярнуўшыся, не разадралі вас. Прасіце і дадуць вам; шукайце і знойдзеце; стукайце і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і таму, хто стукае, адчыняць. Ці ёсць між вас чалавек, які, калі яго сын папросіць хлеба, падасць яму камень? Або калі папросіць рыбы, падасць яму змяю? Дык калі вы, будучы ліхімі, умееце даваць добрыя дары сваім дзецям, — тым болей ваш Бацька, Які ў нябёсах, дасць дабрага тым, хто просіць у Яго. Дык усё, што вы хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабіце ім; бо гэта закон і прарокі. Уваходзьце праз вузкую браму; бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць на пагібель і шмат хто ўваходзіць праз іх. Якая17 цесная брама і вузкая дарога, што вядзе ў жыццё, і мала хто знаходзіць яе. Асцерагайцеся лжэпрарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай шкуры, а ўсярэдзіне яны — драпежныя ваўкі; З іх пладоў пазнаеце іх. Ці збіраюць з цярноўніку вінаград або з дзядоўнікаў фігі? Так кожнае добрае дрэва родзіць добрыя плады; а нягоднае дрэва родзіць благія плады: не можа добрае дрэва радзіць благія плады, ні дрэва нягоднае радзіць добрыя плады. Кожнае дрэва, што не родзіць добрага плоду, высякаюць і кідаюць у агонь. Дык з іх пладоў пазнаеце іх. Не кожны, хто Мне кажа: «Госпадзе! Госпадзе!» увойдзе ў Царства Нябёсаў, а той, хто выконвае волю Майго Бацькі, Які ў нябёсах. Шмат хто скажа Мне ў той дзень: «Госпадзе! Госпадзе! Ці ж не Тваім імем мы прарочылі, і ці не Тваім імем дэманаў выганялі, і ці не Тваім імем шмат цудаў зрабілі?». І тады аб’яўлю ім: «Я ніколі не ведаў вас; адыдзіце ад Мяне, хто чыніць беззаконне». Дык кожны, хто чуе гэтыя Мае словы і выконвае іх, прыпадобніцца да разважлівага чалавека, што збудаваў свой дом на скале; і пайшоў дождж, і падступілі рэкі, і падзьмулі вятры, і абрынуліся на той дом; ды ён не ўпаў, бо быў ён закладзены на скале. А кожны, хто чуе гэтыя Мае словы і не выконвае іх, прыпадобніцца да неразумнага чалавека, які збудаваў свой дом на пяску; і пайшоў дождж, і падступілі рэкі, і падзьмулі вятры, і абрынуліся на той дом; і ён упаў, і яго падзенне было вялікае. І сталася, калі Ісус закончыў гэтыя словы, натоўпы дзівіліся Яго навуцы; бо Ён вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а не як іх кніжнікі [і фарысеі].

Калі ж Ён зышоў з гары, услед за Ім пайшлі вялікія натоўпы. І вось, пракажоны, падышоўшы, упаў перад Ім, кажучы: Госпадзе, калі хочаш, Ты можаш ачысціць мяне. І [Ісус], працягнуўшы руку, дакрануўся да яго, кажучы: Хачу, ачысціся. — І ён адразу ачысціўся ад праказы. І кажа яму Ісус: Глядзі, не расказвай нікому; а ідзі, пакажы сябе святару, і прынясі дар, які запаведаў Маісей, на сведчанне ім. І калі Ён18 увайшоў у Капернаум, да Яго падышоў сотнік, просячы Яго: і кажучы: Госпадзе, мой слуга ляжыць дома спаралізаваны і страшэнна мучыцца. І кажа яму [Ісус]: Я прыйду і вылечу яго. А ў адказ сотнік сказаў: Госпадзе! Я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах, але толькі скажы слова і мой слуга паправіцца. Бо і я чалавек падуладны і, маючы пад сабою воінаў, кажу гэтаму: «Пайдзі», і ён ідзе; а другому: «Прыйдзі», і ён прыходзіць; і свайму слугу: «Зрабі гэта», і ён робіць. Пачуўшы ж, Ісус здзівіўся і сказаў тым, што ішлі ўслед: Сапраўды кажу вам: ні ў кога ў Ізраілі Я не знайшоў такой вялікай веры. Кажу ж вам, што шмат хто прыйдзе з усходу і захаду і ўзляжа з Аўраамам, Ісаакам і Іякавам у Царстве Нябёсаў, а сыны царства будуць выкінуты ў знадворную цемру; там будзе плач і скрыгат зубоў. І Ісус сказаў сотніку: Ідзі, як паверыў ты, няхай так і будзе табе. — І паправіўся яго слуга ў тую ж гадзіну. І Ісус, прыйшоўшы ў дом Пятра, убачыў, што яго цешча ляжыць і ў яе гарачка. І Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе, і ўстала яна і прыслугоўвала Яму19. А калі звечарэла, да Яго прывялі шмат апантаных; і Ён выгнаў духаў словам і вылечыў усіх хворых; каб спраўдзілася сказанае праз Ісаію, прарока, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы немачы і панёс нашы хваробы». А Ісус, убачыўшы натоўп вакол Сябе, загадаў вучням адплыць на другі бок. І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўніку, я пайду ўслед за Табою, куды б Ты ні пайшоў. А Ісус кажа яму: У лісіц ёсць норы, і ў нябесных птушак — гнёзды, а Сыну Чалавечаму няма дзе галаву прыхіліць. Другі ж з [Яго] вучняў сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне спярша пайсці і пахаваць свайго бацьку. Але Ісус кажа20 яму: Ідзі ўслед за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых. І калі Ён ўвайшоў у лодку, пайшлі ўслед за Ім вучні. І вось, вялікая бура ўзнялася на моры, так што лодку накрывала хвалямі; а Ён спаў. І [Яго вучні], падышоўшы, пабудзілі Яго, кажучы: Госпадзе, ратуй [нас], гінем. А Ён кажа ім: Чаму вы такія баязлівыя, малаверы? — Тады Ён устаў і забараніў вятрам і мору, і настала вялікая ціша. І людзі дзівіліся, кажучы: Хто Гэты такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго? І калі Ён прыплыў на другі бок, у зямлю Гадарынскую21, сустрэлі Яго, выходзячы з магільняў, два апантаныя, вельмі лютыя, так што ніхто не мог прайсці тою дарогаю. І вось, яны закрычалі, кажучы: Што Табе да нас, [Ісусе], Сыне Божы? Ты прыйшоў сюды, каб заўчасна мучыць нас. А ўдалечыні ад іх пасвіўся вялікі гурт свіней. І дэманы прасіліся ў Яго, кажучы: Калі Ты выганяеш нас, пашлі нас у гурт свіней. І Ён сказаў ім: Ідзіце! — І яны, выйшаўшы, пайшлі ў [гурт] свіней; і вось, кінуўся ўвесь гурт [свіней] са стромы ў мора і загінуў у водах. А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё і пра тое, што было з апантанымі. І вось, увесь горад выйшаў насустрач Ісусу, і, убачыўшы Яго, яны прасілі, каб Ён адышоў з іх межаў.

І Ён, увайшоў у лодку, пераплыў і прыйшоў у Свой горад. І вось, прынеслі да Яго спаралізаванага, што ляжаў на пасцелі. І Ісус, ўбачыўшы іх веру, сказаў спаралізаванаму: Мацуйся, дзіця! Даруюцца [табе] твае грахі. І вось, некаторыя з кніжнікаў сказалі самі сабе: Гэты чалавек зневажае Бога. І Ісус, ведаючы іх думкі, сказаў: Навошта вы думаеце ліхое ў вашых сэрцах? Бо што лягчэй — сказаць: «Даруюцца твае22 грахі» ці сказаць: «Устань і хадзі»? Але каб ведалі вы, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу дараваць грахі, — тады Ён кажа спаралізаванаму: Устань, вазьмі сваю пасцель ды ідзі ў свой дом. І той, устаўшы, пайшоў у свой дом. А натоўпы, убачыўшы гэта, спалохаліся23 і славілі Бога, што даў такую ўладу людзям. І, адыходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, што сядзеў на месцы збору падаткаў — яго звалі Матфеем, — і кажа яму: Ідзі ўслед за Мною. — І той устаў і пайшоў услед за Ім. І сталася: калі Ён узлягаў за сталом у доме, вось, прыйшлі многія зборшчыкі падаткаў і грэшнікі і ўзлягалі з Ісусам і яго вучнямі. І, убачыўшы, фарысеі казалі Яго вучням: Чаму ваш Настаўнік есць [і п’е] са зборшчыкамі падаткаў і грэшнікамі? А Ісус, пачуўшы гэта, сказаў [ім]: Не здаровыя маюць патрэбу ў доктары, а хворыя. Ідзіце ж, навучыцеся, што значыць: «Міласэрнасці хачу, а не ахвяры»; бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў [на пакаянне]. Тады падыходзяць да Яго Іаанавы вучні, кажучы: Чаму мы і фарысеі [шмат] посцім, а Твае вучні не посцяць? І сказаў ім Ісус: Ці могуць засмучацца сыны шлюбнага пакоя24, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога, і тады яны будуць пасціцца. Ніхто ж не накладвае латкі з няваленага сукна на старое адзенне; бо прышытае аддзярэцца ад адзення, і дзірка зробіцца яшчэ горшая. І не ўліваюць маладога віна ў старыя бурдзюкі; а то прарываюцца бурдзюкі, і віно выцякае, і бурдзюкі прападаюць; але ўліваюць маладое віно ў новыя бурдзюкі, і зберагаецца адно і другое. Калі Ён гэта казаў, вось, прыйшоў адзін начальнік і ўпаў перад Ім, кажучы: Мая дачка толькі што памерла; але прыйдзі і ўскладзі Сваю руку на яе, і яна будзе жыць. І, ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Яго. І вось, жанчына, дванаццаць гадоў хворая на крывацёк, падышоўшы ззаду, дакранулася да кутасоў Яго адзення; бо яна казала сама сабе: Як толькі дакрануся да Яго вопраткі — уратуюся. А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: Мацуйся, дачка! Твая вера ўратавала цябе. — І з тае гадзіны жанчына выздаравела. І калі Ісус прыйшоў у начальнікаў дом і ўбачыў флейтыстаў і ўсхваляваны натоўп, сказаў ім: Выйдзіце, бо дзяўчынка не памерла, а спіць. — І тыя смяяліся з Яго. Калі ж натоўп выправадзілі, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала. І разышоўся погалас пра гэта па ўсёй зямлі той. І калі Ісус адыходзіў адтуль, услед [за Ім] ішлі два сляпыя, якія крычалі: Злітуйся над намі, Сыне Давідаў! Калі ж Ён увайшоў у дом, сляпыя падышлі да Яго, і Ісус кажа ім: Ці верыце вы, што Я магу зрабіць гэта? — Яны кажуць Яму: Так, верым, Госпадзе! Тады Ён дакрануўся да іх вачэй, кажучы: Паводле вашай веры няхай будзе вам. І ў іх адкрыліся вочы. І Ісус сурова загадаў ім, кажучы: Глядзіце, няхай ніхто пра гэта не ведае! А яны, выйшаўшы, разнеслі погалас пра Яго па ўсёй той зямлі. Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго нямога, апантанага чалавека. І калі дэман быў выгнаны, нямы загаварыў; і дзівіліся натоўпы, кажучы: Ніколі такога яшчэ не бачылі ў Ізраілі. А фарысеі казалі: Ён выганяе дэманаў сілаю начальніка дэманаў. І абыходзіў Ісус усе гарады і сёлы, навучаючы ў іх сінагогах, абвяшчаючы Дабравесце Царства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач [у людзях]. І, убачыўшы натоўпы, Ён злітаваўся над імі, бо былі яны зняможаныя і кінутыя, нібы авечкі, у якіх няма пастуха. Тады Ён кажа Сваім вучням: Жніво вялікае, ды работнікаў мала. Дык маліце Гаспадара жніва, каб Ён выслаў работнікаў на Сваё жніво.

І, паклікаўшы дванаццаць Сваіх вучняў, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і вылечваць усялякую хваробу і ўсялякую немач. А імёны дванаццаці Апосталаў такія: першы Сіман, званы Пятром, і Андрэй, яго брат; Іякаў Зевядзееў, і Іаан, яго брат; Філіп і Варфаламей, Фама і Матфей, зборшчык падаткаў; Іякаў Алфееў і Фадзей25; Сіман Кананіт і Іуда Іскарыёт, які і выдаў Яго. Гэтых дванаццаць Ісус паслаў і загадаў ім, кажучы: На дарогу да язычнікаў не хадзіце і ў горад самарыцян не ўваходзьце; а ідзіце лепш да загубленых авечак Ізраілевага дому. І, ходзячы, прапаведуйце, кажучы: «Наблізілася Царства Нябёсаў». Хворых вылечвайце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, дэманаў выганяйце; дарма атрымалі — дарма давайце. Не набірайце ні золата, ні серабра, ні медзі ў свае паясы, ні торбы ў дарогу, ні двух хітонаў, ні сандаляў, ні посаха. Бо варты работнік сваёй спажывы. А ў які б горад ці сяло вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны; і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце; а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, [кажучы: «Мір дому гэтаму»]. І калі дом годны, няхай зыдзе ваш мір на яго; калі ж не будзе годны, няхай ваш мір да вас вернецца. А хто не прымае вас і не паслухае вашых слоў, то, выходзячы з таго дома ці з горада страсіце пыл з вашых ног. Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе Садомскай і Гаморскай зямлі ў судны дзень, чым таму гораду. Вось, Я пасылаю вас, як авечак між ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як змеі, і нявінныя, як галубы. І асцерагайцеся людзей: бо яны будуць аддаваць вас у сінедрыёны і бічаваць вас у сваіх сінагогах; і да намеснікаў і да цароў павядуць вас з-за Мяне на сведчанне ім і язычнікам. Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як ці што казаць: бо вам будзе дадзена ў тую гадзіну, што казаць; бо не вы будзеце казаць, а Дух вашага Бацькі будзе казаць у вас. І аддасць брат брата на смерць і бацька — дзіця, і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх. І будуць усе ненавідзець вас з-за Майго імя; а хто выстаіць да канца, будзе ўратаваны. А калі вас будуць гнаць у гэтым горадзе, уцякайце ў другі; бо праўду кажу вам: не паспееце ні ў якім разе абысці Ізраілевых гарадоў, як прыйдзе Сын Чалавечы. Вучань не вышэйшы за настаўніка і слуга за свайго гаспадара. Даволі для вучня, каб ён зрабіўся, як яго настаўнік, і слуга — як яго гаспадар. Калі гаспадара дома назвалі Веельзевулам, то тым больш — яго дамашніх! Дык не бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што не адкрыецца; і таемнага, што не будзе вядома. Што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; а што чуеце на вуха, прапаведуйце на дахах. І не бойцеся тых, хто забівае цела, а душы не можа забіць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і цела і душу загубіць у геене. Хіба не прадаюцца два вераб’і за асарый26? І ніводны з іх не ўпадзе на зямлю без ведама вашага Бацькі. У вас жа і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык не бойцеся: бо вы даражэйшыя за мноства вераб’ёў. Дык кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, вызнаю і Я яго перад Маім Бацькам, Які ў нябёсах; а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, адракуся і Я ад яго перад Маім Бацькам, Які ў нябёсах. Не думайце, што Я прыйшоў мір прынесці на зямлю; Я прыйшоў прынесці не мір, а меч. Бо Я прыйшоў аддзяліць: чалавека — ад яго бацькі, і дачку — ад яе маці, і сынавую — ад яе свекрыві; і ворагі чалавеку — яго дамашнія. Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне не годны Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не годны Мяне, і хто не бярэ свайго крыжа, а ідзе ўслед за Мною, не годны Мяне. Хто знойдзе сваё жыццё ў гэтым веку, страціць яго; а хто страціць сваё жыццё27 дзеля Мяне, знойдзе яго. Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне. Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока; хто прымае праведніка ў імя праведніка, атрымае ўзнагароду праведніка. І хто напоіць аднаго з гэтых малых толькі кубкам сцюдзёнай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, той ні ў якім разе не страціць сваёй узнагароды.

І сталася, калі Ісус скончыў павучанні сваім дванаццаці вучням, Ён перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у іх гарадах. А Іаан, пачуўшы ў турме пра Хрыстовы справы, паслаў праз28 сваіх вучняў сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага? І ў адказ Ісус сказаў ім: ідзіце, скажыце Іаану, што вы чуеце і бачыце: сляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць; пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць; мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогія дабравесцяць; і шчаслівы, хто не разуверыцца ўва Мне. Калі ж яны пайшлі, Ісус пачаў казаць натоўпам пра Іаана: На што вы выходзілі глядзець у пустэльню? Ці не на трыснёг, што ад ветру гайдаецца? Што ж вы выходзілі ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць шаты, знаходзяцца у царскіх харомах. Што ж вы выходзілі ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і большага, чым прарока. [Бо] гэта той, пра каго напісана: «Вось, Я пасылаю Майго пасланца перад Тваім абліччам, які падрыхтуе Тваю дарогу перад Табою». Сапраўды кажу вам: між народжаных ад жанчын не паўстаў большы за Іаана Хрысціцеля; але меншы ў Царстве Нябёсаў большы за яго. Ды ад дзён Іаана Хрысціцеля аж дасюль Царства Нябёсаў бярэцца сілаю, і тыя, што ўжываюць сілу, здабываюць яго. Бо ўсе прарокі і закон прарочылі да Іаана; і калі хочаце прыняць, то ён — Ілія, якому належыць прыйсці. Хто мае вушы, [каб чуць], няхай чуе. З кім жа параўнаю гэтае пакаленне? Яно падобнае да дзяцей, што сядзіць на рыначных плошчах і, аклікаючы іншых29, кажуць: «Мы ігралі вам на флейце, а вы не скакалі; мы спявалі [вам] пахавальную песню, а вы не галасілі». Бо прыйшоў Іаан — не есць і не п’е; і яны кажуць: «У ім дэман». Прыйшоў Сын Чалавечы — і есць і п’е; і яны кажуць: «Вось, чалавек — ахвотнік паесці і выпіць, сябар зборшчыкаў падаткаў і грэшнікаў». Ды апраўдалася Мудрасць яе ўчынкамі30. Тады Ён пачаў дакараць гарады, дзе адбылося найбольш Яго цудаў, за тое, што яны не пакаяліся: Бяда табе, Харадзіне, бяда табе, Віфсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне адбыліся цуды, што адбыліся ў вас, яны б даўно ў валасяніцы і попеле пакаяліся. Але кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сідону ў судны дзень, чым вам. А ты, Капернауме, хіба да неба ўзвысішся31? Да пекла зыдзем32, бо калі б у Садоме адбыліся цуды, што адбыліся ў табе, то ён застаўся б да сённяшняга дня. Але кажу вам, што лягчэй будзе Садомскай зямлі ў судны дзень, чым табе. У той час казаў Ісус у адказ: Усхваляю Цябе, Татухна, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям; Так, Татухна, бо гэта было Табе даспадобы. Усё Мне перададзена Маім Бацькам, і ніхто не ведае Сына, апроч Бацькі; і ніхто не ведае Бацькі, апроч Сына, і каму Сын хоча адкрыць. Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я дам вам супакой. Вазьміце Маё ярмо на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я літасцівы і лагодны сэрцам; і знойдзеце спакой вашым душам: бо Маё ярмо лагоднае і Мая ноша лёгкая.

У той час Ісус пайшоў у суботу збажыною; Яго ж вучні згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці. А фарысеі, убачыўшы, Яму сказалі: Вось, Твае вучні робяць тое, чаго не дазваляецца рабіць у суботу. Ён жа сказаў ім: Хіба вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся ён33 і тыя, хто быў з ім, як ён увайшоў у Божы дом і яны елі34 хлябы прапановы, якіх не дазвалялася есці ні яму, ні тым, што былі з ім, а толькі адным святарам? Хіба вы не чыталі ў законе, што ў суботы святары ў храме парушаюць суботу — і не вінаватыя? А Я кажу вам, што тут большае35, чым святыня. Калі б вы ведалі, што значыць: «Міласэрнасці хачу, а не ахвяры», то не асудзілі б невінаватых. Бо Сын Чалавечы — Гаспадар [і] суботы. І, адышоўшы адтуль, Ён прыйшоў у іх сінагогу; і вось, [быў там] чалавек, што меў сухую руку. І спыталіся ў Яго, кажучы: Ці дазваляецца ў суботу вылечваць? — каб абвінаваціць Яго. Ён жа сказаў ім: Які чалавек між вас, меўшы адну авечку, калі яна ўпадзе ў суботу ў яму, не возьме яе і не выцягне? Дык наколькі чалавек розніцца ад авечкі! Так што можна ў суботы рабіць дабро. Тады Ён кажа таму чалавеку: Выцягні сваю руку. — І той выцягнуў, і зрабілася яна здаровая, як другая. Фарысеі ж, выйшаўшы, сабралі раду супроць Яго, як бы Яго загубіць. Але Ісус, уведаўшы, адышоў адтуль. І многія [натоўпы] пайшлі ўслед за Ім, і Ён вылечыў іх усіх; і забараніў ім аб’яўляць пра Яго; каб спраўдзілася сказанае праз Ісаію, прарока, які кажа: «Вось Мой Слуга, Якога Я выбраў, Мой Улюбёны, у Якім знайшла задавальненне Мая душа; ускладу Мой Дух на Яго, і Ён абвесціць суд народам. Ён не будзе ні спрачацца, ні крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах Яго голасу. Ён надломленай трысціны не пераломіць і кнота, што тлее, не патушыць, пакуль не прывядзе правасуддзе да перамогі. І на Яго імя будуць спадзявацца народы». Тады прывялі да Яго апанаванага дэманамі — сляпога і нямога; і Ён вылечыў яго, так што нямы стаў гаварыць і бачыць. і ўсе натоўпы дзівіліся і казалі: Ці не гэта Сын Давідаў? Фарысеі ж, пачуўшы, сказалі: Гэты чалавек выганяе дэманаў не інакш, як Веельзевулам, начальнікам дэманаў. Але Ісус, ведаючы іх думкі, сказаў ім: Кожнае царства, падзяліўшыся само супроць сябе, спустошваецца; і кожны горад ці дом, падзяліўшыся сам супроць сябе, не ўстоіць. І калі сатана сатану выганяе, то ён падзяліўся сам супроць сябе; як жа ўстоіць яго царства? І калі Я Веельдзевулам выганяю дэманаў, то вашы сыны кім выганяюць? Таму яны будуць вам суддзямі. А калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дасягла да вас Царства Божае. Або як можа хто ўвайсці ў дом дужага і зрабаваць яго дабро, калі перш не звяжа дужага? І тады абрабуе яго дом? Хто не са Мною, той супроць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскідае. Таму кажу вам: кожны грэх і знявага даруюцца людзям; а знявага Духа не даруецца [людзям]. І хто скажа слова супроць Сына Чалавечага, будзе даравана яму; але хто скажа супроць Святога Духа, не будзе даравана яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым. Або прызнайце36 дрэва добрым і яго плод добрым; або прызнайце дрэва гнілым і яго плод гнілым; бо з плоду пазнаецца дрэва. Выпладкі гадзючыя, як вы можаце казаць добрае, будучы ліхімі? Бо ад перапоўненасці сэрца гавораць вусны. Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек з ліхой скарбніцы выносіць ліхое. Кажу ж вам, што за кожнае пустое слова, якое скажуць людзі, дадуць яны адказ у судны дзень; бо тваімі словамі ты будзеш апраўданы і тваімі словамі будзеш асуджаны. Тады ў адказ Яму некаторыя з кніжнікаў і фарысеяў сказалі: Настаўніку, хочам ад Цябе знак убачыць. А Ён ім у адказ сказаў: Пакаленне ліхое і чужаложнае дамагаецца знака; ды знака яму не дадуць, апроч знака Іона-прарока. Бо як быў Іона ў чэраве кіта тры дні і тры ночы, так будзе Сын Чалавечы ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. Людзі ніневійскія ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго; бо яны пакаяліся ад Іонавай пропаведзі; і вось, тут большае, чым Іона. Царыца Поўдня падымецца на суд з гэтым пакаленнем і асудзіць яго; бо яна з краёў зямлі прыйшла паслухаць Саламонаву мудрасць: і вось, тут большае, чым Саламон. А калі нячысты дух выходзіць з чалавека, то праходзіць праз бязводныя мясціны, шукаючы спакою, і не знаходзіць. Тады кажа: «Вярнуся ў свой дом, адкуль я выйшаў»; але, прыйшоўшы, знаходзіць яго пустым, вымеценым і прыбраным. Тады ён ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, больш ліхіх, чым сам, і, увайшоўшы, яны пасяляюцца там; і зробіцца для таго чалавека апошняе горшым за першае. Так будзе і гэтаму ліхому пакаленню. Калі Ён яшчэ казаў натоўпам, вось, Яго Маці і браты стаялі на дварэ, хочучы з Ім пагаварыць. І нехта сказаў Яму: Вось, Твая Маці і Твае браты стаяць на дварэ і хочуць пагаварыць з Табою. А Ён ў адказ сказаў таму, хто гаварыў Яму: Хто Мая маці і Мае браты? І, выцягнуўшы Сваю руку да Сваіх вучняў, сказаў: Вось Мая маці і Мае браты. Бо хто выконвае волю Майго Бацькі, што ў нябёсах, той Мой брат, і сястра, і маці.

У той дзень Ісус, выйшаўшы з дома, сеў каля мора; і сабраліся да Яго вялікія натоўпы, так што Ён увайшоў у лодку і сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе. І гаварыў многае ў прыпавесцях, кажучы: Вось, выйшаў сейбіт сеяць. І калі ён сеяў, адны зерні ўпалі пры дарозе і, наляцелі птушкі і падзяўблі іх. Другія ж ўпалі на камяністы грунт, дзе няшмат было зямлі; і зараз жа ўзышлі, бо зямля была не глыбокая; а калі ўзышло сонца — іх апаліла; і яны, з-за таго, што не мелі карэння, засохлі. Іншыя ж ўпалі ў церні, і ўзняліся церні і заглушылі іх. Іншыя ж упалі на добрую зямлю і давалі плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсцьдзесят, іншае ж у трыццаць. Хто мае вушы, [каб чуць], няхай чуе! І вучні, падышоўшы, сказалі Яму: Чаму Ты кажаш ім у прыпавесцях? Ён сказаў ім у адказ: Таму што вам дадзена ўведаць таямніцы Царства Нябёсаў, а ім не дадзена. Бо хто мае, таму будзе дадзена і прыспараць будзе, а хто не мае, ад таго забярэцца і тое, што мае. Дзеля таго ў прыпавесцях ім кажу, бо яны, гледзячы, не бачаць і, слухаючы, не чуюць і не разумеюць, і спраўджваецца над імі прароцтва Ісаіі, якое кажа: «Слыхам вы будзеце чуць, а не зразумееце; зрокам глядзець будзеце, а не ўбачыце. Бо атлусцела сэрца гэтага народа, і вушамі туга чулі, і вочы свае заплюшчылі, каб не бачыць вачыма, і вушамі не чуць, і сэрцам не разумець, і не далучыцца, каб Я вылечыў іх». Але шчаслівыя вашы вочы, таму што бачаць, і вушы вашы, таму што чуюць. Бо сапраўды кажу вам, што шмат якія прарокі і праведнікі хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не пачулі. Дык паслухайце прыпавесць пра сейбіта. Да кожнага, хто чуе слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхі і крадзе пасеянае ў яго сэрцы; гэта пасеянае пры дарозе. А пасеянае на камяністым грунце — гэта той, што чуе слова і зараз жа з уцехаю прымае яго, ды ён не мае карэння ў сабе — і часовы; калі ж настане ўціск ці ганенне з-за слова, зараз жа зняверваецца. А пасеянае ў церні — гэта той, хто чуе слова, але турботы [гэтага] веку і зманлівасць багацця глушаць слова, і яно робіцца бясплодным. А пасеянае ў добрую зямлю — гэта той, хто чуе слова і разумее; хто і прыносіць плод, і дае: адзін — у сто разоў, другі — у шэсцьдзесят, а іншы — у трыццаць. Іншую прыпавесць падаў Ён ім, кажучы: Царства Нябёсаў падобнае да чалавека, што пасеяў на сваім полі добрае насенне. А калі людзі спалі, прыйшоў яго вораг і пасеяў куколь між пшаніцы і пайшоў. А калі прарасла рунь і дала плод, тады паказаўся і куколь. І слугі гаспадара дома прыйшлі і сказалі яму: Гаспадар, ці не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа ўзяўся куколь? Ён жа сказаў ім: Варожы чалавек гэта зрабіў. — А слугі кажуць яму: Дык хочаш, каб мы пайшлі і выпалалі яго? А ён кажа: Не, каб, выполваючы куколь, вы разам з ім не вырвалі з коранем пшаніцы. Пакіньце расці разам і тое, і другое да жніва; а падчас жніва я скажу жняцам: «Збярыце спярша куколь і звяжыце яго ў вязанкі, каб спаліць іх; пшаніцу ж знясіце ў маё гумно. Іншую прыпавесць падаў Ён ім, кажучы: Царства Нябёсаў падобнае да гарчычнага зярняці, якое чалавек узяў і пасеяў на сваім полі і якое меншае за ўсялякае насенне, але, калі вырасце, яно большае за агародніну і робіцца дрэвам, так што птушкі нябесныя прылятаюць і гняздзяцца ў голлі яго. Іншую прыпавесць сказаў Ён ім: Царства Нябёсаў падобнае да закваскі, якую жанчына, узяўшы, замясіла ў тры меры мукі, пакуль не ўкісла ўсё. Гэта ўсё Ісус казаў натоўпам у прыпавесцях і без прыпавесцяў нічога не казаў ім, каб спраўдзілася сказанае праз прарока, які кажа: «Адкрыю ў прыпавесцях Мае вусны; выкажу схаванае ад стварэння [свету]». Тады, адпусціўшы натоўпы, [Ісус] увайшоў у дом; і падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: Растлумач нам прыпавесць пра куколь на полі. Ён жа сказаў у адказ: Той, хто сее добрае насенне, — Сын Чалавечы; а поле — свет; а добрае насенне — гэта сыны Царства; а куколь — сыны ліхога; а вораг, што пасеяў яго, — д’ябал, а жніво — сканчэнне веку, а жняцы — Анёлы. Дык як куколь збіраюць і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні [гэтага] веку; пашле Сын Чалавечы Сваіх Анёлаў, і збяруць з Яго Царства ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконне, і ўкінуць іх у вогненную печ; там будзе плач і скрыгат зубоў. Тады праведнікі заззяюць, як сонца ў Царстве іх Бацькі. Хто мае вушы, [каб чуць], няхай чуе! Падобнае Царства Нябёсаў да схаванага ў полі скарбу, які знайшоў чалавек і схаваў, і ад радасці ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тое поле. Зноў жа Царства Нябёсаў падобнае да купца, які шукае прыгожых перлаў; і, знайшоўшы адну вельмі каштоўную перліну, ён пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе. Зноў жа Царства Нябёсаў падобнае да невада, закінутага ў мора, які сабраў рыбу ўсялякага роду; калі ён напоўніўся, выцягнулі яго на бераг і, сеўшы, сабралі добрае ў пасудзіны, а непрыдатнае выкінулі вон. Так будзе пры сканчэнні веку: выйдуць Анёлы і аддзеляць ліхіх з асяроддзя праведнікаў, і кінуць іх у агнявую печ, там будзе плач і скрыгат зубоў. [Кажа ім Ісус]: Ці вы зразумелі ўсё гэта? — Яны кажуць Яму: Так, [Госпадзе]. Ён жа сказаў ім: Таму кожны кніжнік, што навучаны Царству Нябёсаў, падобны да гаспадара дома, які выносіць са свае скарбніцы новае і старое. І сталася: калі скончыў Ісус гэтыя прыпавесці, Ён пайшоў адтуль. І, прыйшоўшы ў Сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у сынагозе іх, так што яны здзіўляліся і казалі: Адкуль у Гэтага чалавека такая мудрасць і цудадзейныя сілы? Ці не цеслеў Ён Сын? Ці не Яго Маці завуць Марыям37, і Яго братоў — Іякаў, Іосіф38, Сіман і Іуда? І Яго сёстры — хіба не ўсе ў нас? Дык адкуль у Гэтага чалавека ўсё гэта? І яны зняверыліся ў Ім. Ісус жа сказаў ім: Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў [сваёй] бацькаўшчыне і ў сваім доме. І Ён не зрабіў там многіх цудаў з-за іх нявер’я.

У той час пачуў Ірад-тэтрарх погаласку пра Ісуса і сказаў сваім слугам: Гэта Іаан Хрысціцель; ён уваскрэшаны з мёртвых, і таму цудатворныя сілы дзейнічаюць у ім. Бо Ірад, схапіўшы Іаана, звязаў [яго] і пасадзіў у турму з-за Ірадыяды, жонкі свайго брата Філіпа; бо Іаан казаў яму: Не дазваляецца табе мець яе. І хацеў Ірад яго забіць, але пабаяўся натоўпу, бо яго лічылі за прарока. А калі быў Ірадаў дзень нараджэння, Ірадыядзіна дачка танцавала перад гасцямі і спадабалася Іраду; таму ён з клятваю паабяцаў ёй даць, чаго б яна ні папрасіла. А яна, падвучаная сваёю маці: Дай мне, — кажа, — тут на талерцы галаву Іаана Хрысціцеля. І засмуціўся цар, ды дзеля клятвы і застольнікаў загадаў даць; і, паслаўшы, абезгаловіў Іаана ў турме. І прынеслі яго галаву на талерцы і аддалі дзяўчыне; і яна аднесла сваёй маці. Вучні ж яго, падышоўшы, узялі цела і пахавалі яго і, прыйшоўшы, расказалі Ісусу. І, пачуўшы, Ісус адплыў адтуль у лодцы ў пустэльнае месца асобна; і, пачуўшы, натоўпы пайшлі ўслед за Ім пешкі з гарадоў. І [Ісус], выйшаўшы, убачыў вялікі натоўп і злітаваўся над імі і вылечыў іх хворых. А калі настаў вечар, падышлі да Яго вучні [Яго], кажучы: Пустэльнае гэта месца, і ўжо час позні; адпусці натоўпы, каб пайшлі ў сёлы і купілі сабе яды. А [Ісус] сказаў ім: Не трэба ім адыходзіць; вы дайце ім есці. А яны кажуць Яму: У нас тут нічога няма, толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны. Ён жа сказаў: Нясіце Мне іх сюды. І, загадаўшы натоўпам узлегчы на траве, Ён узяў пяць хлябоў і дзве рыбіны і, паглядзеўшы на неба, дабраславіў і, паламаўшы, даў вучням хлябы, а вучні — натоўпам. І ўсе елі і наеліся; а з пазасталых кавалкаў назбіралі дванаццаць поўных кошыкаў. А тых, што елі, было каля пяці тысяч мужчын, апроч жанчын і дзяцей. І Ён39 адразу змусіў [Сваіх] вучняў увайсці ў лодку і плысці раней за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусціць натоўпы. І, адпусціўшы натоўпы, Ён узышоў на гару асобна памаліцца. І, калі звечарэла, Ён быў там адзін. А лодка ўжо была на многія стадыі ад берага40, і яе біла хвалямі, бо вецер быў сустрэчны. А ў чацвёртую ж варту ночы Ён прыйшоў41 да іх, ідучы па моры. І вучні, убачыўшы Яго, што Ён ідзе па моры, зжахнуліся, кажучы: Гэта здань! — І са страху закрычалі. Але [Ісус] адразу загаварыў з імі, кажучы: Адважней, гэта Я; не бойцеся. У адказ жа Яму Пётр сказаў: Госпадзе, калі гэта Ты, загадай, каб я прыйшоў да Цябе па вадзе. І Ён сказаў: Прыйдзі. — І Пётр, сышоўшы з лодкі, пайшоў па вадзе і падышоў42 да Ісуса. Але, бачачы [моцны] вецер, спалохаўся і, пачаўшы тапіцца, закрычаў, кажучы: Госпадзе, ратуй мяне! І Ісус адразу працягнуў руку, падхапіў яго і кажа яму: Малавер, чаму засумняваўся? І, калі падняліся43 ў лодку, вецер суняўся. А тыя, што былі ў лодцы, [падышлі], упалі перад Ім, кажучы: Сапраўды Ты Сын Божы. І яны, пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую. І, пазнаўшы Яго, людзі тае мясцовасці паслалі вестку ва ўсю тую ваколіцу; і даставілі да Яго ўсіх хворых, і яны прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю Яго вопраткі; і ўсе, што дакрануліся, выздаравелі.

Тады прыходзяць да Ісуса кніжнікі і фарысеі з Іерусаліма, кажучы: Чаму вучні Твае парушаюць паданне старэйшых? Бо не мыюць [сваіх] рук, калі ядуць хлеб. Ён жа сказаў ім у адказ: Чаму вы парушаеце Божую запаведзь дзеля вашага падання? Бо сказаў44 Бог: «Шануй бацьку і маці», і: «Хто ліхасловіць бацьку ці маці, няхай кончыць смерцю». А вы кажаце: «Калі хто скажа бацьку ці маці: «Дар Богу — тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся», той не абавязаны шанаваць свайго бацьку [ці сваю маці]»; і адмянілі вы Божае слова45 дзеля вашага падання. Крывадушнікі! Добра прарочыў пра вас Ісаія, кажучы: «Гэты народ шануе Мяне вуснамі, сэрца ж іх далёка адстаіць ад Мяне; але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы навукам — запаведзям чалавечым». І Ён, паклікаўшы натоўп, казаў ім: Слухайце і разумейце: не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека. Тады, падышоўшы, [Яго] вучні кажуць Яму: Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся? Ён жа сказаў у адказ: Кожная расліна, якую не пасадзіў Мой Бацька Нябесны, будзе выкаранена. Пакіньце іх; яны — сляпыя павадыры [сляпых]; а калі сляпы вядзе сляпога, абодва ўпадуць ў яму. Пётр жа сказаў Яму ў адказ: Растлумач нам [гэтую] прыпавесць. А Ён46 сказаў: Няўжо і вы яшчэ не разумееце? Хіба [яшчэ не] разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у жывот і выкідваецца ў адыходнае месца? А што з вуснаў выходзіць — з сэрца выходзіць, і тое апаганьвае чалавека. Бо з сэрца выходзяць ліхія намеры, забойствы, чужаложства, крадзеж, ілжэсведчанні, блюзнерствы: гэта апаганьвае чалавека, а есці нямытымі рукамі — не апаганьвае чалавека. І, выйшаўшы адтуль, Ісус адышоў у землі Тырскія і Сідонскія. І вось, жанчына — хананеянка, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала [Яму], кажучы: Злітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Маю дачку цяжка мучыць дэман. Ён жа не адказаў ёй ні слова. І Яго вучні, падышоўшы, прасілі Яго, кажучы: Адпусці яе, бо ідзе і крычыць за намі. Ён жа сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінулых авечак дома Ізраілевага. А яна, падышоўшы, упала перад Ім, кажучы: Госпадзе! дапамажы мне! Ён жа сказаў у адказ: Нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам. А яна сказала: Так, Госпадзе! Але і шчаняты ядуць крошкі, што падаюць са стала іх гаспадароў. Тады ў адказ Ісус сказаў ёй: О жанчына, вялікая твая вера! Няхай будзе табе, як ты хочаш. — І з тае гадзіны выздаравела яе дачка. І Ісус, адышоўшы адтуль, прыйшоў да Галілейскага мора; і, узышоўшы на гару, сеў там. І падышлі да Яго вялікія натоўпы, ведучы з сабою кульгавых, сляпых, калек, нямых і многіх іншых і клалі іх да Яго47 ног, і Ён вылечыў іх; так што натоўп дзівіўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі — здаровыя, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць; і яны славілі Бога Ізраілевага. А Ісус, паклікаўшы Сваіх вучняў, казаў: Шкада Мне гэты натоўп, бо ўжо тры дні застаецца пры Мне, і не мае што есці; і адпусціць іх галодных не хачу, каб яны не саслабелі ў дарозе. І [Яго] вучні кажуць Яму: Адкуль нам узяць у пустэльні гэтулькі хлябоў, каб накарміць такі натоўп? А Ісус пытаецца ў іх: Колькі ў вас хлябоў? — Яны ж сказалі: Сем і некалькі рыбінак. І загадаў натоўпу ўзлегчы на зямлю; узяў сем хлябоў і рыбы, і, узнёсшы падзяку, паламаў і даў [Сваім] вучням, а вучні — натоўпам. І ўсе елі і наеліся; і пазасталых кавалкаў назбіралі сем поўных кашоў. А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчын, акрамя жанчын і дзяцей. І, адпусціўшы натоўпы, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магадана48.

І, падышоўшы, фарысеі і садукеі, выпрабоўваючы, прасілі Яго паказаць Ім знак з неба. Ён жа сказаў ім у адказ: [Калі вечарэе, вы кажаце: «Будзе пагода, бо неба палымнее»; а ўранку: Сёння будзе непагадзь, бо неба палымнее і хмурыцца». [Крывадушнікі], аблічча неба вы распазнаваць умееце, а знакаў часу не можаце?] Ліхое і чужаложніцкае пакаленне шукае знака; ды знака яму не дасца, апроч знака Іоны [прарока]. І, пакінуўшы іх, Ён адышоў. Ды, пераправіўшыся на другі бок, [Яго] вучні забыліся ўзяць хлябы. Ісус жа сказаў ім: Глядзіце і сцеражыцеся фарысейскай і садукейскай закваскі. А яны разважалі самі себе, кажучы: Гэта таму, што мы хлябоў не ўзялі. Ісус жа, зразумеўшы, сказаў [ім]: Чаму разважаеце між сабою, малаверы, што ў вас няма хлябоў? Няўжо вы яшчэ не разумееце і не помніце пра пяць хлябоў на пяць тысяч і колькі кошыкаў назбіралі? І ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы і колькі кашоў назбіралі? Як вы не разумееце, што не пра хлябы49 Я казаў вам? Сцеражыцеся ж фарысейскай і садукейскай закваскі. Тады яны зразумелі, што Ён казаў, каб яны асцерагаліся не хлебнай закваскі, але фарысейскай і садукейскай навукі. Прыйшоўшы ж у ваколіцы Кесарыі Філіпавай, Ісус спытаўся ў Сваіх вучняў, кажучы: Кім людзі лічаць [Мяне], Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны — Іаанам Хрысціцелем; другія ж — Іліёй; іншыя ж — Іераміяй або адным з прарокаў. Ён кажа ім: А вы кім Мяне лічыце? І Сіман Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Жывога Бога. І ў адказ Ісус сказаў яму: Шчаслівы ты, Сімане, сыне Іонін, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Мой Бацька, што ў нябёсах. І Я кажу табе, што ты Пётр50, і на гэтай скале Я збудую Маю Царкву, і брамы пекла не адолеюць яе. [І] дам табе ключы ад Царства Нябёсаў; і калі што звяжаш на зямлі, будзе звязана ў нябёсах; а калі што развяжаш на зямлі, будзе развязана ў нябёсах. Тады Ён загадаў [Сваім] вучням, каб нікому не казалі, што Ён [Ісус] Хрыстос. З таго часу Ісус пачаў адкрываць Сваім вучням, што Ён павінен пайсці ў Іерусалім, і шмат перацярпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень быць уваскрэшаным. І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: Няхай будзе літасцівы Бог да Цябе, Госпадзе! Няхай не будзе гэтага з Табою! А Ён, павярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты спакуса Мне; бо думаеш не пра Божае, а пра чалавечае. Тады Ісус казаў Сваім вучням: Калі хто хоча за Мною ісці, няхай адрачэцца ад самога сябе і возьме свой крыж і ідзе ўслед за Мною. Бо хто хоча ўратаваць сваю душу51, той страціць яе52; хто ж страціць сваю душу дзеля Мяне, той знойдзе яе. Бо якая карысць чалавеку, калі ён увесь свет здабудзе, а сваёй душы пашкодзіць? Ці што дасць чалавек у абмен за сваю душу? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Свайго Бацькі са Сваімі Анёламі, і тады Ён аддасць кожнаму паводле яго дзеянняў. Сапраўды кажу вам: Ёсць некаторыя з тых, што стаяць тут, якія ні ў якім разе не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён прыходзіць у Яго ў царстве.

І праз шэсць дзён Ісус бярэ Пятра, Іякава і Іаана, яго брата, і ўзводзіць іх асобна на высокую гару. І перамяніўся перад імі, і заззяла Яго аблічча, як сонца, а Яго вопратка зрабілася белаю, як святло. І вось, з’явіліся ім Маісей і Ілія, якія размаўлялі з Ім. І Пётр, азваўшыся, сказаў Ісусу: Госпадзе, добра нам тут быць; калі хочаш, зраблю53 тут тры палаткі, Табе адну, Маісею адну і Іліі адну. Пакуль ён яшчэ казаў, вось, яснае воблака зацяніла іх, і вось, голас з воблака кажа: Гэта Мой Сын Улюбёны, у Якім Маё задавальненне; слухайце Яго! І, пачуўшы, вучні ўпалі на свае твары і моцна спалохаліся. І Ісус падышоў і, дакрануўшыся да іх, сказаў: Устаньце і не бойцеся. А яны, узняўшы вочы свае, нікога не ўбачылі, толькі аднаго [Самога] Ісуса. І, калі яны спускаліся з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: Нікому не расказвайце пра гэтае з’явенне, пакуль Сын Чалавечы не будзе ўваскрэшаны з мёртвых. І [Яго] вучні спыталіся ў Яго, кажучы: Дык чаму кніжнікі кажуць, што спярша Ілія павінен прыйсці? А Ён сказаў [ім] у адказ: Ілія сапраўды прыйдзе [спярша] і адновіць усё. Але кажу вам, што Ілія прыйшоў, ужо, ды яго не пазналі, а ўчынілі з ім, што захацелі; так і Сыну Чалавечаму трэба будзе пакутаваць ад іх. Тады вучні зразумелі, што Ён сказаў ім пра Іаана Хрысціцеля. І калі яны прыйшлі да натоўпу, падышоў да Яго чалавек, упаў перад Ім на калені і сказаў: Госпадзе, злітуйся над маім сынам, бо ў яго падучка54 і ён цяжка мучыцца; бо часта падае ў агонь і часта ў ваду. І я прывёў яго да Тваіх вучняў, але яны не маглі яго вылечыць. Ісус жа сказаў у адказ: О пакаленне бязвернае і разбэшчанае! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду вас цярпець? Вядзіце Мне яго сюды. І забараніў яму Ісус, і выйшаў з яго дэман, і з гэтай гадзіны выздаравеў хлопец. Тады, падышоўшы да Ісуса на адзіноце, вучні сказалі: Чаму мы не змаглі выгнаць яго? Ён жа кажа ім: З-за вашага малавер’я55; бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гэтай гары: «Перайдзі адсюль туды», і яна пяройдзе, і не будзе нічога немажліва для вас. [Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам]56. А калі яны збіраліся ў Галілеі, Ісус сказаў ім: Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей, і заб’юць Яго, але на трэці дзень Ён будзе ўваскрэшаны. — І яны моцна засмуціліся. І калі яны прыйшлі ў Капернаум, падышлі да Пятра зборшчыкі дыдрахмаў57 і сказалі: Ці ж ваш Настаўнік не плаціць дыдрахмы? Ён кажа: Так, плаціць. — І калі ён увайшоў у дом, Ісус апярэдзіў яго, кажучы: Як табе здаецца, Сімане? Зямныя цары з каго бяруць мыта ці падатак? Ці са сваіх сыноў, ці з чужых? І калі той адказаў58: «З чужых», Ісус сказаў яму: Значыць, сыны вольныя. Але, каб не спакусіць іх, пайдзі да мора, закінь вуду і першую рыбу, якая выцягнецца, вазьмі, і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш стацір59; узяўшы, дай яго ім за Мяне і сябе.

У тую гадзіну падышлі вучні да Ісуса, кажучы: Хто ж большы ў Царстве Нябёсаў? І [Ісус], паклікаўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх і сказаў: Сапраўды кажу вам: калі не зменіцеся і не зробіцеся, як дзеці, ні ў якім разе не ўвойдзеце ў Царства Нябёсаў. Дык хто прынізіць сябе і будзе, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябёсаў. І хто прыме адно такое дзіця ў Маё імя, Мяне прымае. А хто звядзе ад веры аднаго з гэтых малых, што веруюць у Мяне, лепей было б таму, каб павесілі яму млынавы жарон60 на шыю і ўтапілі ў марской глыбіні. Бяда свету ад спакусаў; бо павінны прыйсці спакусы; але бяда [таму] чалавеку, празь якога спакусы прыходзяць. Калі ж твая рука ці твая нага ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: лепей табе ўвайсці ў жыццё аднарукім ці кульгавым, чым маючы дзве рукі ці дзве нагі, быць кінутым у вечны агонь. І калі тваё вока ўводзіць у грэх цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепей табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену агнявую. Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых; бо кажу вам, што іх Анёлы ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Майго Бацькі, Які ў нябёсах. [Бо Сын Чалавечы прыйшоў адшукаць і ўратаваць загінулае]61. Як вам здаецца? Калі нейкі чалавек меў сто авечак і адна з іх заблудзілася, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблудзілася? І калі ўдасца знайсці яе, сапраўды кажу вам, што ён цешыцца ёю болей, чым за дзевяноста дзевяццю, якія не заблудзіліся. Так няма волі вашага Бацькі, Які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых. Калі ж твой брат саграшыць [супроць цябе], ідзі і выкрый яго сам-насам. Калі паслухае цябе, ты прыдбаў свайго брата. Калі ж не паслухае, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведак было замацавана кожнае слова. Калі ж не паслухае іх, скажы царкве; калі ж і царквы не паслухае, няхай будзе табе ён, як язычнік і зборшчык падаткаў. Праўду кажу вам, што звяжаце на зямлі, будзе звязана ў небе; і што развяжаце на зямлі, будзе развязана ў небе. Зноў [сапраўды] кажу вам: калі двое з вас загодзяцца на зямлі прасіць чаго-небудзь, то, чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Майго Бацькі, Які ў нябёсах. Бо дзе двое ці трое сабраліся ў Маё імя, там Я між іх. Тады падышоў [да Яго] Пётр і сказаў Яму: Госпадзе, колькі разоў дараваць майму брату, калі ён будзе грашыць супроць мяне? Ці да сямі разоў? Кажа яму Ісус: Я не кажу табе: «Да сямі разоў», а да сямідзесяці разоў па сем! Таму Царства Нябёсаў падобнае на аднаго цара, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. А калі пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінаваты дзесяць тысяч талентаў. А таму, што той не меў, з чаго аддаць, загадаў [яго] уладар прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што меў, і спагнаць. Тады слуга, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: «[Гаспадару], пацярпі ты мне, і я ўсё табе аддам». І, пашкадаваўшы таго слугу, уладар адпусціў яго і дараваў яму доўг. А той слуга, выйшаўшы, знайшоў аднаго са слуг, як сам, які быў вінаваты яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, пачаў душыць, кажучы: Аддай [мне], што вінаваты. Дык слуга, упаўшы перад ім62, прасіў яго, кажучы: Пацярпі ты мне, і я аддам табе. Але той не захацеў, а, пайшоўшы, кінуў яго ў турму, пакуль ён не аддасць доўгу. Дык, убачыўшы гэта, яго таварышы моцна засмуціліся; і, пайшоўшы, расказалі свайму ўладару ўсё, што адбылося. Тады яго ўладар, паклікаўшы яго, кажа яму: Ліхі слуга, увесь твой доўг я дараваў табе, бо ты ўпрасіў мяне; хіба і ты не павінен быў злітавацца над сваімі таварышамі, як і я злітаваўся над табою? І яго ўладар, разгневаўшыся, перадаў яго катам, пакуль не аддасць [яму] ўсяго доўгу. Так і Мой Нябесны Бацька зробіць вам, калі кожны з вас не даруе ад сэрца свайго брату свайму [яго правінаў].

І сталася: калі Ісус закончыў гэтыя словы, Ён выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Іудзейскія за Іярдан. І ўслед за Ім пайшлі вялікія натоўпы, і Ён вылечыў іх там. І падышлі да Яго фарысеі, выпрабоўваючы Яго і кажучы [Яму]: Ці дазваляецца чалавеку адпусціць сваю жонку з усялякай прычыны? Ён сказаў [ім] у адказ: Ці не чыталі вы, што Творца стварыў як мужчыну і жанчыну? І сказаў: «Таму пакіне чалавек бацьку і маці і прылепіцца да свае жонкі, і будуць яны абое адным целам?» Так што яны ўжо не двое, а адно цела. Дык тое, што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае. Яны кажуць Яму: Чаму ж Маісей запаведаў даваць разводны ліст і адпускаць [яе]? Ён кажа ім: Маісей з-за жорсткасці вашага сэрца дазволіў вам адпускаць вашых жонак, ад пачатку ж не было так. А Я кажу вам: хто адпусціць сваю жонку не з-за распусты і ажэніцца з іншаю, чужаложыць. Хто ажэніцца з другою63, чужаложыць. Кажуць Яму вучні [Яго]: Калі такія адносіны ў чалавека з жонкаю, то лепей не жаніцца. Ён жа сказаў ім: Не ўсе прымаюць [гэтае] слова, а каму дадзена. Бо ёсць еўнухі, якія з матчынага ўлоння такімі нарадзіліся; і ёсць еўнухі, якіх людзі зрабілі такімі; і ёсць еўнухі, якія самі сябе зрабілі такімі дзеля Царства Нябёсаў. Хто можа прыняць, няхай прыме. Тады прывялі да Яго дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; але вучні забаранілі ім. Ісус жа сказаў: Пусціце дзяцей і не перашкаджайце ім прыходзіць да Мяне; бо такіх ёсць Царства Нябёсаў. І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль. І вось адзін, падышоўшы да Яго, сказаў: Настаўніку [добры], што зрабіць мне добрага, каб мець жыццё вечнае? Ён жа сказаў яму: Чаму ты пытаешся ў мяне пра добрае? Адзін толькі ёсць Добры64. Калі ж ты хочаш увайсці ў жыццё, выконвай запаведзі. Той кажа Яму: Якія? — Ісус жа сказаў: «Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы лжыва, шануй бацьку і маці; і: любі свайго блізкага, як самога сябе». Юнак кажа Яму: Усё гэта я выконваю [са сваёй маладосці]; чаго яшчэ нестае? Ісус сказаў яму: Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай сваю маёмасць і аддай убогім; і будзеш мець скарб у нябёсах, і прыходзь, ідзі ўслед за Мною. Але юнак, пачуўшы [гэтае слова], адышоў засмучаны: бо ў яго была вялікая маёмасць. Ісус жа сказаў Сваім вучням: Сапраўды кажу вам: Багатаму цяжка будзе ўвайсці ў Царства Нябёсаў. Зноў жа кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае. Вучні ж, пачуўшы, моцна ўразіліся, кажучы: Тады хто можа ўратавацца? А Ісус, паглядзеўшы, сказаў ім: Людзям гэта немагчыма, а Богу ўсё магчыма. Тады Пётр сказаў Яму ў адказ: Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою; што тады будзе нам? Ісус жа сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што вы, хто пайшоў ўслед за Мною, пры новым нараджэнні, калі Сын Чалавечы сядзе на троне Сваёй славы, сядзеце і вы на дванаццаці тронах і будзеце судзіць дванаццаць плямён Ізраілевых. І кожны, хто пакінуў дамы, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, [ці жонку], ці дзяцей, ці палі дзеля Майго імя, атрымае ў сто разоў больш і ў спадчыну вечнае жыццё. Многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.

Бо Царства Нябёсаў падобнае да таго чалавека, гаспадара дома, які выйшаў на золку наняць работнікаў у свой вінаграднік. А, згадзіўшы работнікаў па дынарыю ў дзень, паслаў іх у свій вінаграднік. І, выйшаўшы каля трэцяй гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рыначнай плошчы без работы, ён і тым сказаў: ідзіце і вы ў [мой] вінаграднік, і, што будзе належыць, дам вам. І яны пайшлі. І зноў, выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны, ён зрабіў тое самае. А выйшаўшы каля адзінаццатай [гадзіны], знайшоў іншых, што стаялі [без работы], і кажа ім: Чаму стаіце вы тут цэлы дзень без работы? Яны кажуць яму: Таму што ніхто нас не наняў. — Ён кажа ім: Ідзіце і вы ў [мой] вінаграднік [і, што належыць справядліва атрымаеце]. А калі звечарэла, кажа гаспадар вінаградніка свайму аканому: Пакліч работнікаў і выдай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых. І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынарыю. А першыя, прыйшоўшы, думалі, што яны атрымаюць больш; але атрымалі і яны па дынарыю. І, атрымаўшы, наракалі на гаспадара дома, кажучы: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, а ты зраўняў іх з намі, што перацярпелі цяжар дня і спёку. Ён жа сказаў аднаму з іх у адказ: Дружа, я не крыўджу цябе; ці не за дынарый умовіўся ты са мною? Вазьмі сваё ды ідзі. Я ж хачу гэтаму апошняму даць, як і табе. Хіба не дазваляецца мне рабіць тое, што я хачу з тым, што маё? Ці тваё вока зайздроснае, што я добры? Так будуць апошнія першымі і першыя — апошнімі. [Бо шмат пакліканых, ды мала выбраных]. І Ісус, узыходзячы ў Іерусалім, узяў асобна дванаццаць [вучняў] і ў дарозе сказаў ім: Вось мы ўзыходзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам; і асудзяць Яго на смерць, і выдадуць Яго язычнікам на глумленне, і бічаванне, і ўкрыжаванне, і на трэці дзень Ён будзе ўваскрэшаны65. Тады падышла да Яго маці сыноў Зевядзеевых са сваімі сынамі, кланяючыся і нешта просячы ў Яго. Ён жа сказаў ёй: Чаго ты хочаш? — Яна кажа Яму: Скажы, каб гэтыя мае два сыны селі адзін праваруч Цябе, а другі леваруч Цябе — у Тваім Царстве. Ісус жа сказаў у адказ: Не ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чашу, якую Я рыхтуюся піць [або хрысціцца хрышчэннем, якім Я хрышчуся?] — Яны кажуць Яму: Можам. Ён кажа ім: Маю чашу піць будзеце [і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца], а сесці праваруч Мяне і леваруч — не Мне даваць: гэта для тых, каму гэта падрыхтавана Маім Бацькам. І, пачуўшы, дзесяць абурыліся на двух братоў. Але Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: Вы ведаеце, што начальнікі язычнікаў пануюць над імі, і вялікія маюць уладу над імі. Не так [няхай] будзе між вас, а хто хоча зрабіцца вялікім між вас, [няхай] будзе вашым слугою; а хто хоча між вас быць першым, будзе вашым рабом; як і Сын Чалавечы прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць Сваё жыццё ў выкуп за многіх. І калі яны выходзілі з Іерыхона, услед за Ім пайшоў вялікі натоўп. І вось два сляпыя, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што праходзіць Ісус, закрычалі, кажучы: Злітуйся над намі, [Госпадзе], Сыне Давідаў! Натоўп жа дамагаўся, каб яны маўчалі; але яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: Злітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў! І Ісус, прыпыніўшыся, паклікаў іх і сказаў: Што хочаце, каб Я вам зрабіў? Яны кажуць Яму: Госпадзе, каб адкрыліся нашы вочы. І Ісус, злітаваўшыся, дакрануўся да іх вачэй, і яны адразу змаглі бачыць і пайшлі ўслед за Ім.

І калі наблізіліся да Іерусаліма і прыйшлі ў Віфагію да гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў, кажучы ім: Ідзіце ў сяло, што перад вамі; і адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне. І калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце: «Яны патрэбны Госпаду», і ён адразу пашле іх. Адбылося ж [ўсё] гэта, каб спраўдзілася сказанае праз прарока, які кажа: «Скажыце Сіёнскай дачцы: вось ідзе да цябе твой Цар лагодны, што сядзіць на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай». І вучні, пайшоўшы і зрабіўшы так, як загадаў ім Ісус, прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх [сваю] вопратку, і Ён сеў на яе. А вялізны натоўп разаслаў сваю вопратку на дарозе, іншыя зразалі галіны з дрэў і расцілалі на дарозе. А натоўпы, што ішлі перад Ім і ўслед за Ім, выкрыквалі, кажучы: Гасанна66 Сыну Давідаваму! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе! Гасанна ў вышніх! І калі Ён ўвайшоў у Іерусалім, увесь горад узрушыўся, кажучы: Хто гэта? А натоўпы казалі: Гэта Прарок Ісус з Назарэта Галілейскага. І Ісус увайшоў у [Божы] Храм і выгнаў усіх прадаўцоў і пакупнікоў у Храме, і абярнуў сталы грашаменаў і ўслоны прадаўцоў галубоў; і кажа ім: «Мой дом домам малітвы будзе названы,» а вы яго робіце67 пячораю разбойнікаў. І падышлі да Яго сляпыя і кульгавыя ў Храме, і Ён вылечыў іх. А першасвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, што Ён зрабіў, і дзяцей, што выкрыквалі ў Храме і казалі: «Гасанна Сыну Давідаваму», абурыліся. І сказалі Яму: Ці чуеш, што яны кажуць? — А Ісус кажа ім: Так, чую! Хіба вы ніколі не чыталі: «З вуснаў дзяцей і немаўлят Ты стварыў Сабе хвалу?» І, пакінуўшы іх, выйшаў з горада ў Віфанію і застаўся там. А ўранні, вяртаючыся ў горад, захацеў Ён есці. І, убачыўшы адно фігавае дрэва пры дарозе, падышоў да яго і нічога не знайшоў на ім, апроч толькі лісця, і кажа яму: Няхай больш ад цябе не будзе плоду навек! — І зараз жа фігавае дрэва засохла. І вучні, убачыўшы, здзівіліся, кажучы: Як гэта адразу засохла фігавае дрэва? Ісус жа сказаў ім у адказ: Сапраўды кажу вам: калі будзеце мець веру і не засумняваецеся, то не толькі з фігавым дрэвам гэта зробіце, але і калі гэтай гары скажаце: «Падыміся і кінься ў мора» — спраўдзіцца. І ўсё, што вы папросіце ў малітве верачы, атрымаеце. І калі Ён прыйшоў у Храм і вучыў, падышлі да Яго першасвятары і старэйшыны народу, кажучы: Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе гэтую ўладу? Ісус жа сказаў ім у адказ: Спытаюся ў вас і Я аб адным; калі скажаце Мне гэта, і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю. Іаанава хрышчэнне адкуль было? З неба ці ад людзей? — Яны ж разважалі між сабою, мяркуючы: Калі скажам: «З неба», то Ён скажа нам: «Дык чаму вы не паверылі яму?» Калі ж скажам: «Ад людзей» — баімся натоўпу; бо ўсе ўважаюць Іаана за прарока. І яны сказалі Ісусу ў адказ: Не ведаем. — Сказаў і Ён ім: І Я не скажу вам, якою ўладай гэта раблю. А як вам здаецца? У [аднаго] чалавека было два сыны; і, падышоўшы да першага, ён сказаў: Сыне! Ідзі сёння, працуй у [маім] вінаградніку. Той жа сказаў у адказ: Не хачу, — але потым, раскаяўшыся, пайшоў. І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: Я [іду], гаспадару, — але не пайшоў. Хто з двух выканаў бацькаву волю? — Яны кажуць [Яму]: Першы. Ісус кажа ім: Сапраўды кажу вам, што зборшчыкі падаткаў і распусніцы ідуць паперадзе вас у Царства Божае. Бо Іаан прыйшоў да вас дарогаю праведнасці, і вы не паверылі яму; а зборшчыкі падаткаў і распусніцы паверылі яму; вы ж, убачыўшы, не раскаяліся пасля, каб паверыць яму. Паслухайце іншую прыпавесць. Быў чалавек, гаспадар дома, які насадзіў вінаграднік і абнёс яго агароджаю, і выкапаў у ім выціскальню, і збудаваў вежу — і здаў яго вінаградарам, і адлучыўся. Калі ж надышоў час збору пладоў, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў, каб узяць свае плады. Вінаградары, схапіўшы яго слуг, аднаго збілі, другога забілі, а яшчэ аднаго ўкаменавалі. Ён зноў паслаў іншых слуг, больш, чым першых; і з імі ўчынілі тое самае. А пазней ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: Пасаромеюцца майго сына. А вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемец; хадзем, заб’ём яго і завалодаем яго спадчынаю. І, схапіўшы яго, выкінулі за вінаграднік і забілі. Дык калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што ён зробіць тым вінаградарам? Яны кажуць Яму: Злачынцаў ліхою смерцю загубіць, а вінаграднік здасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў свой час. Ісус кажа ім: Хіба вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: «Камень, які адкінулі будаўнікі, зрабіўся галавою вугла; Госпадам зроблена гэта і дзіўнае ў нашых вачах»? Таму кажу вам, што адымецца ад вас Царства Божае, і дасца народу, які прыносіць яго плады. [І хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, раструшчыць яго]. І, пачуўшы Яго прыпавесці, першасвятары і фарысеі зразумелі, што Ён пра іх кажа; і стараліся схапіць Яго, але пабаяліся натоўпу, бо Яго лічылі за прарока.

І ў адказ Ісус зноў прамаўляў ім у прыпавесцях, кажучы: Царства Нябёсаў падобнае да аднаго цара, што справіў вяселле свайму сыну. І паслаў сваіх слуг, каб паклікалі запрошаных на вяселле, але тыя не захацелі прыйсці. Ён зноў паслаў іншых слуг, кажучы: Скажыце запрошаным: «Вось я падрыхтаваў мой абед, мае быкі і адкормленая жывёла заколаты, і ўсё гатова; ідзіце на вяселле!» Яны ж, занядбаўшы гэта, паразыходзіліся, хто — на ўласнае поле, хто — да гандлю свайго; а астатнія, схапіўшы яго слуг, зняважылі і забілі іх. І цар, [пачуўшы], разневаўся і, паслаўшы свае войскі, вынішчыў тых забойцаў, а іх горад спаліў. Тады ён кажа сваім слугам: Вяселле гатовае, ды запрошаныя былі не вартымі; дык ідзіце ж на скрыжаванні дарог і, каго знойдзеце, клічце на вяселле. І тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі, і ліхіх, і добрых; і вясельная зала напоўнілася застольнікамі. І цар, увайшоўшы паглядзець на застольнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельнае ўбранне, і кажа яму: Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не меўшы вясельнага ўбрання? — Той жа маўчаў. Тады цар сказаў слугам: Звязаўшы яму ногі і рукі, [вазьміце яго і] выкіньце яго ў знадворную цемру; там будзе плач і скрыгат зубоў. Бо шмат пакліканых, ды мала выбраных. Тады фарысеі, пайшоўшы, зрабілі раду, як бы прылавіць Яго на слове. І пасылаюць да Яго сваіх вучняў з ірадыянамі68, каб сказаць: Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і Божай дарозе ў праўдзе навучаеш і ні на кім Табе не залежыць: бо не глядзіш на аблічча людзей. Дык скажы нам, як здаецца Табе, ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не? Але Ісус, ведаючы іх падступнасць, сказаў: Што вы Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі? Пакажыце Мне падатковую манету. — І яны прынеслі Яму дынарый. І Ён кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? Яны кажуць Яму: Кесарава. — Тады Ён кажа ім: Дык аддавайце кесарава кесару, а Божае — Богу. І, пачуўшы гэта, яны здзівіліся, і, пакінуўшы Яго, адышлі. У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і спыталіся ў Яго, кажучы: Настаўніку, Маісей сказаў: «Калі хто памрэ, не маючы дзяцей, то няхай яго брат ажэніцца з яго жонкаю і ўзновіць патомства свайму брату». Было ж у нас сем братоў; і першы, ажаніўшыся, памёр і, не маючы патомства, пакінуў сваю жонку брату свайму; таксама і другі, і трэці, аж да сёмага; а пасля ўсіх памерла жанчына. Дык ва ўваскрэсенні — жонкаю каторага з сямі яна будзе? Бо ўсе мелі яе? Ісус жа сказаў ім у адказ: Вы памыляецеся, не ведаючы ні Пісанняў, ні сілы Божай: бо ва ўваскрэсенні ні жэняцца і не выходзяць замуж, а яны — як Анёлы [Божыя] ў небе. А пра ўваскрэсенне мёртвых няўжо вы не чыталі сказанага вам Богам, Які кажа: «Я Бог Аўраама, і Бог Ісаака, і Бог Іякава»? Ён не Бог мёртвых, а жывых. І, пачуўшы гэта, натоўпы дзівіліся Яго вучэнню. А фарысеі, пачуўшы, што Ён прымусіў замоўкнуць садукеяў, сабраліся разам. І адзін з іх, [законнік] спытаўся, выпрабоўваючы Яго і [кажучы]: Настаўніку, якая запаведзь самая вялікая ў законе? [Ісус] жа сказаў яму: «Палюбі Госпада, твайго Бога, усім сваім сэрцам, і ўсёю сваёю душою, і ўсім сваім разуменнем»; гэта самая вялікая і першая запаведзь. Другая ж падобная да яе: «Палюбі свайго блізкага, як самога сябе». На гэтых дзвюх запаведзях трымаецца ўвесь закон і прарокі. Калі ж сабраліся фарысеі, Ісус спытаўся ў іх, кажучы: Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын? — Яны кажуць Яму: Давідаў. Ён кажа ім: Дык як Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы: «Сказаў Госпад майму Госпаду: сядзі праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў пад ногі Твае?» Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён яго сын? І ніхто не мог адказаць Яму ні слова; і ніхто з таго дня не адважыўся больш пытацца ў Яго.

Тады Ісус прамовіў да натоўпаў і Сваіх вучняў, кажучы: на Маісеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысеі. Дык усё, што яны скажуць вам [рабіць], рабіце і захоўвайце, але паводле ўчынкаў іх не рабіце; бо яны гавораць, ды не робяць. Звязваюць жа яны цяжары важкія [і нязручныя] і ўскладаюць на плечы людзей, а самі і пальцам не хочуць іх зрушыць. І ўсе свае ўчынкі робяць дзеля таго, каб іх бачылі людзі; бо свае філактэрыі69 пашыраюць і павялічваюць кутасы [на сваім адзенні] і любяць першыя месцы на банкетах і пярэднія лавы ў сінагогах, і каб іх віталі на рыначных плошчах, і каб людзі называлі іх «равві»70. А вы не называйцеся «равві», бо адзін у вас Настаўнік, [Хрыстос], вы ж усе — браты. І сваім бацькам71 не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Бацька Нябесны72. І няхай не называюць вас настаўнікамі, бо Настаўнік у вас адзін — Хрыстос. І большы з вас няхай будзе вашым слугою. Хто ж ўзвысіць сябе, будзе прыніжаны; а хто прынізіць сябе, будзе ўзвышаны. Бяда ж вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што зачыняеце Царства Нябёсаў перад людзьмі: бо вы самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, не пускаеце ўвайсці. [Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што паядаеце ўдовіны дамы і напаказ доўга моліцеся; за тое прымеце большы прысуду]73. Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што абыходзіце мора і сушу, каб прыдбаць аднаго празеліта74, і калі гэта здарыцца, вы робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас. Бяда вам, павадыры сляпыя, што кажаце: «Калі хто паклянецца храмам, то нічога; хто ж паклянецца золатам храма, той вінаваты». Неразумныя і сляпыя, бо што большае: ці золата, ці храм, які асвячае золата? І: «Калі хто паклянецца ахвярнікам, то нічога; а хто паклянецца дарам, што на ім, то вінаваты». [Неразумныя і] сляпыя, бо што большае: дар ці ахвярнік, які асвячае дар? Дык хто клянецца ахвярнікам, клянецца ім і ўсім, што на ім; і хто клянецца храмам, клянецца ім і Тым, Хто ў ім жыве; і хто клянецца небам, клянецца тронам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім. Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але ўпусцілі больш важкае ў законе: суд, міласэрнасць і веру75; трэба было гэта рабіць і таго не ўпускаць. Сляпыя павадыры, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце! Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы ачышчаеце чашы і місы звонку, а ўсярэдзіне яны поўныя грабежніцтва і неўстрымання76. Сляпы фарысей, ачысьці спярша ўсярэдзіне чашы [і місы], каб яны зрабіліся і звонку чыстыя. Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы прыпадабняецеся да пабеленых77 магільняў, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўняцца касцямі мёртвых і ўсялякім брудам. Так і вы з выгляду здаяцеся людзям праведнікамі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасці і беззаконня. Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы будуеце магільні прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам, і кажаце: «Калі б мы былі ў дні нашых бацькоў, мы не былі б іх саўдзельнікамі ў крыві прарокаў». Так што вы самі сведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў. І вы дапаўняйце меру вашых бацькоў. Змеі, гадзючыя выпладкі! Як вы ўцечаце ад асуджэння ў геену? Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, мудрацоў і кніжнікаў; [і] некаторых з іх вы заб’яце і ўкрыжуеце, некаторых будзеце бічаваць у вашых сінагогах і гнаць з горада ў горад; каб прыйшла на вас уся праведная кроў, пралітая на зямлі — ад крыві праведнага Авеля да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі між храмам і ахвярнікам. Сапраўды кажу вам, усё гэта прыйдзе на гэтае пакаленне. Іерусаліме, Іерусаліме, які забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе, — колькі разоў Я хацеў сабраць тваіх дзяцей, як птушка збірае пад крылы сваіх птушанят, ды вы не захацелі! Вось, пакідаецца вам ваш дом пустым. Бо кажу вам: З гэтага часу ні ў якім разе не ўбачыце Мяне, пакуль не скажаце: «Дабраславёны Той, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!»

І, выйшаўшы з Храма, ішоў Ісус, і падышлі Яго вучні, каб паказаць Яму збудаванні Храма. Ён жа ў адказ ім: Бачыце ўсё гэта? Сапраўды кажу вам: ні ў якім разе не астанецца тут каменя на камені, які не будзе зруйнаваны. Калі ж Ён сядзеў на Аліўнай гары, падышлі да Яго вучні на адзіноце, кажучы: Скажы нам, калі гэта будзе і які знак Твайго прышэсця і сканчэння гэтага веку? І ў адказ Ісус сказаў ім: Глядзіце, каб хто вас не ўвёў у зман; бо многія прыйдуць пад Маім імем, кажучы: «Я Хрыстос», і многіх увядуць у зман. Будзеце ж чуць пра войны і погаласкі пра войны; глядзіце, не трывожцеся: бо гэта павінна адбыцца; але гэта яшчэ не канец. Бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будуць голад і [зараза] і месцамі землятрусы, але ўсё гэта пачатак родавых боляў. Тады будуць выдаваць вас на пакуты і будуць вас забіваць; і ўзненавідзяць вас усе народы з-за Майго імя. І тады многія зняверацца і будуць выдаваць адзін аднаго і ўзненавідзець адзін аднаго; і многія лжэпрарокі паўстануць і ўвядуць у зман многіх; і з-за таго, што памножыцца беззаконне, пахаладае ў многіх любоў. А хто вытрывае да канца, той будзе ўратаваны. І будзе прапаведана гэтае Евангелле Царства на цэлым свеце дзеля сведчання ўсім народам; і тады прыйдзе канец. Дык, калі ўбачыце брыдоту спусташэння, пра якую сказана праз Данііла-прарока, — што паўстане на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, хто ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы; хто на даху, няхай не спускаецца ўзяць што-небудзь са свайго дома; і хто ў полі, няхай не вяртаецца назад, каб узяць сваю вопратку. Бяда ж тым, хто мае ва ўлонні, і тым, хто корміць грудзьмі ў тыя дні! Маліцеся ж, каб не выпала вам уцякаць узімку ці ў суботу. Бо тады будзе вялікае гора, якога не было ад пачатку свету аж дагэтуль і ніколі не будзе. І калі б не былі скарочаныя тыя дні, не ўратаваўся б ніхто; але дзеля выбраных будуць скарочаны тыя дні. Тады, калі хто вам скажа: «Вось, тут Хрыстос», — ці «Тут!», — не верце; бо паўстануць ілжэхрысты і лжэпрарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб увесці ў зман, калі можна, і выбраных. Вось, Я наперад вам сказаў. Дык, калі скажуць вам: «Вось, Ён у пустэльні», — не выходзьце; «Вось, Ён ва ўнутраных пакоях», — не верце; бо як маланка бліскае на ўсходзе і свеціць аж на захадзе, такое будзе прышэсце Сына Чалавечага; [бо] дзе будзе труп, там збяруцца арлы. І зразу, пасля ўціску тых дзён, сонца зацьміцца, і месяц не дасць свайго святла, і зоркі ўпадуць з неба, і нябесныя сілы захістаюцца. І тады з’явіцца на небе знак Сына Чалавечага; і тады загалосяць усе зямныя плямёны і ўбачаць Сына Чалавечага, што будзе ісці на нябесных воблаках з сілаю і вялікай славаю; І Ён пашле Сваіх Анёлаў з гучнагалосай трубою, і яны збяруць Яго выбраных ад чатырох вятроў, ад краю нябёс да краю іх. Ад фігавага ж дрэва вучыцеся прыпадабненню: калі галіна яго ўжо робіцца мяккаю і выпускае лісце, то ведаеце, што лета блізка; так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах. Сапраўды кажу вам: не міне гэтае пакаленне, як усё гэта адбудзецца. Неба і зямля мінуць, а Мае словы не мінуць. Пра дзень жа той і гадзіну ніхто не ведае, ні Анёлы нябесныя, ні Сын — толькі [Мой] Бацька адзін. Бо як у Ноевы дні, такое будзе прышэсце Сына Чалавечага. Бо як у [тыя] дні перад патопам елі і пілі, жаніліся і выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, і не ўведалі, аж пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх; такое будзе [і] прышэсце Сына Чалавечага. Тады два будзе ў полі: адзін будзе ўзяты, а адзін — пакінуты; дзве будуць малоць у жорнах: адна будзе ўзята, а адна — пакінута. Дык будзьце пільныя, бо не ведаеце, у які дзень78 прыходзіць ваш Госпад. Ведайце ж тое, што калі б гаспадар дома ведаў, у каторую варту прыходзіць злодзей, то ён упільнаваў бы і не даў бы падкапаць свайго дома. Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, у якую вы не спадзеяцеся, прыходзіць Сын Чалавечы. Дык хто верны і разумны раб, якога гаспадар паставіў над сваімі слугамі, каб даваў ім у свой час ежу? Шчаслівы той раб, якога гаспадар, прыйшоўшы, знойдзе, што ён так робіць; сапраўды кажу вам, што ён паставіць яго над усёю сваёю маёмасцю. Калі ж той ліхі раб скажа ў сэрцы сваім: «Не хутка прыйдзе мой гаспадар» і пачне біць сваіх таварышаў, будзе есці і піць з п’яніцамі, то прыйдзе гаспадар таго слугі ў дзень, у які той не чакае, і ў гадзіну, якой той не ведае, і рассячэ яго папалам, і вызначыць яму аднолькавую долю з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгат зубоў.

Тады Царства Нябёсаў будзе падобнае да дзесяці дзяўчат, што, узяўшы свае свяцільні, выйшлі на сустрэчу маладога. І пяць з іх было неразумных і пяць разумных. Бо неразумныя, узяўшы свае свяцільні, не ўзялі з сабою алею. А разумныя ўзялі са сваімі свяцільнямі алею ў пасудзінах. А калі малады запазніўся, яны ўсе задрамалі і паснулі. Але апоўначы пачуўся крык: «Вось [ідзе] малады! Выходзьце на сустрэчу [яму]». Тады ўсе тыя дзяўчаты ўсталі і паправілі свае свяцільні. Неразумныя ж сказалі разумным: Дайце нам свайго алею, таму што нашы свяцільні гаснуць. А разумныя сказалі ў адказ: Каб не забракла нам і вам; пайдзіце лепей да прадаўцоў і купіце сабе. І калі яны адыходзілі купляць, прыйшоў малады; і гатовыя ўвайшлі з ім на вяселле, і дзверы былі зачынены. Пасля ж прыходзяць і астатнія дзяўчаты і кажуць: Гаспадару, гаспадару, адчыні нам! Але ён сказаў у адказ: Сапраўды кажу вам: Я не ведаю вас. Дык будзьце пільныя: таму што вы не ведаеце ні дня, ні гадзіны, [калі прыйдзе Сын Чалавечы]. Бо гэтак жа як адзін чалавек, адыходзячы ў чужую краіну, паклікаў сваіх слуг і перадаў ім сваю маёмасць, і аднаму ён даў пяць талентаў, другому ж — два, а яшчэ аднаму — адзін, кожнаму паводле яго сілы; і адышоў. Адразу той, хто атрымаў пяць талентаў, пайшоўшы, пусціў іх у абаротак і прыдбаў другія пяць [талентаў]; таксама [і] той, што атрымаў два таленты, прыдбаў другія два. А той, што атрымаў адзін, адышоўся, раскапаў зямлю і схаваў серабро свайго гаспадара. Праз доўгі ж час прыходзіць гаспадар тых слуг і зводзіць з імі рахунак. І той, хто атрымаў пяць талентаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: Гаспадару, ты перадаў мне пяць талентаў; вось другія пяць талентаў я прыдбаў [на іх]. Яго гаспадар сказаў яму: Выдатна, добры і верны слуга! Над малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе; увайдзі ў радасць свайго гаспадара. Падышоў і той, хто [атрымаў] два таленты, і сказаў: Гаспадару, два таленты ты перадаў мне; вось, я прыдбаў другія два таленты [на іх]. Яго гаспадар сказаў яму: Выдатна, добры і верны слуга! Над малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе; увайдзі ў радасць свайго гаспадара. Падышоў і той, хто атрымаў адзін талент, і сказаў: Гаспадару, я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў; і я збаяўся — пайшоў і схаваў твой талент у зямлі: вось табе тваё. А яго гаспадар сказаў яму ў адказ: «Ліхі і баязлівы слуга, ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў; дык трэба было табе аддаць маё серабро ў рост79, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з прыбыткам. Дык вось вазьміце ад яго талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў; бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена, і памножыцца, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае. А нявартага слугу выкіньце ў цемру знадворную — там будзе плач і скрыгат зубоў. [Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!] Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў Сваёй славе і ўсе [святыя] Анёлы з Ім, тады сядзе Ён на троне Сваёй славы; і будуць сабраны перад Ім усе народы; і Ён аддзеліць іх адзін ад аднаго, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў; і Ён паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч. Тады Цар скажа тым, хто праваруч Яго: «Прыйдзіце, дабраславёныя Майго Бацькі, вазьміце ў спадчыну Царства, падрыхтаванае вам ад заснавання свету. Бо быў Я галодны, і вы далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы напаілі Мяне; чужаземец быў, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у турме быў, і вы прыйшлі да Мяне». Тады ў адказ Яму праведнікі скажуць: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі ці сасмяглага і напаілі? І калі мы бачылі Цябе чужаземцам і прынялі ці голым і адзелі? І калі мы бачылі Цябе хворым ці ў турме і прыйшлі да Цябе? І ў адказ Цар скажа ім: «Сапраўды кажу вам: што зрабілі вы аднаму з гэтых найменшых Маіх братоў, тое вы Мне зрабілі». Тады Ён скажа і тым, хто леваруч: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у вечны агонь, падрыхтаваны д’яблу і яго анёлам. Бо быў Я галодны, і вы не далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы не напаілі Мяне; быў чужаземец, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не адзелі Мяне; быў хворы і ў турме, і вы не адведалі Мяне». Тады ў адказ і яны скажуць: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасмяглым, ці чужаземцам, ці голым, ці хворым, ці ў турме, і не паслужылі Табе?» Тады Ён скажа ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: што не зрабілі вы аднаму з гэтых найменшых, таго вы і Мне не зрабілі». І пойдуць гэтыя на вечную кару, а праведнікі ў жыццё вечнае.

І сталася: калі Ісус закончыў усе гэтыя словы, Ён сказаў Сваім вучням: Вы ведаеце, што праз два дні Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаванне. Тады першасвятары, [кніжнікі] і старэйшыны народа сабраліся ў двор першасвятара, званага Каіафа, і змовіліся хітрасцю схапіць Ісуса і забіць. Але казалі: Толькі не ў свята, каб не ўзнікла замяшанне ў народзе. Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона-пракажонага, падышла да Яго жанчына з алебастравым флаконікам шматкаштоўнага міра і выліла Яму на галаву, калі Ён узлягаў. А вучні, убачыўшы гэта, абурыліся, кажучы: «Навошта гэтая трата? Бо можна было б гэта [міра] дорага прадаць і даць убогім. Але Ісус, даведаўшыся, сказаў ім: Навошта робіце прыкрасць жанчыне? Добры ж учынак яна зрабіла для Мяне; бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою; а Мяне не заўсёды маеце; бо, выліўшы гэтае міра на Маё цела, яна падрыхтавала Мяне да пахавання. Сапраўды кажу вам: дзе ні будзе прапаведана гэтае Дабравесце на цэлым свеце, будзе сказана і пра тое, што зрабіла яна, на ўспамін пра яе. Тады адзін з дванаццаці, якога звалі Іуда Іскарыёт, пайшоўшы да першасвятароў, сказаў: Што вы хочаце даць мне, і я вам выдам Яго? — І яны вызначылі яму трыццаць срэбранікаў80. І з таго часу ён шукаў зручнага моманту, каб выдаць Яго. А ў першы [дзень] Праснакоў вучні падышлі да Ісуса, кажучы [Яму]: Дзе Ты хочаш, каб мы падрыхтавалі Табе спажыць пасху? Ён жа сказаў: Ідзіце ў горад да такога і такога і скажыце яму: «Настаўнік кажа: «Мой час блізкі; Я з Маімі вучнямі спраўлю пасху ў цябе». І вучні зрабілі, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху. Калі ж звечарэла, Ён узлёг з дванаццаццю. І калі яны елі, Ён сказаў: Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне. І яны, моцна засмуціліся, кожны з іх пачаў казаць Яму: Не я ж, Госпадзе? А Ён сказаў у адказ: Той, хто апусціў са Мною руку ў місу, гэты выдасць Мяне. Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, ды бяда таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; добра было б таму чалавеку, калі б ён не нарадзіўся. У адказ жа Іуда, што выдаваў Яго, сказаў: Ці не я, Равві? — Ён кажа яму: Ты сам гэта сказаў. А калі яны елі, Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў яго і, даўшы вучням, сказаў: Вазьміце, ешце, гэта Маё цела. І, узяўшы чашу і ўзнёсшы падзяку, падаў ім, кажучы: Піце з яе ўсе; бо гэта Мая Кроў [Новага] Запавету, што за многіх праліваецца дзеля даравання грахоў. Але кажу вам, што з гэтага часу не буду піць ад гэтага плоду вінаграднай лазы да таго дня, калі буду піць новае віно з вамі ў Царстве Майго Бацькі. І, праспяваўшы гімн81, яны пайшлі на Аліўную гару. Тады Ісус кажа ім: Усе вы зняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «Удару пастыра, і рассыплюцца авечкі чарады». Але пасля таго, як буду Я ўваскрэшаны, Я апярэджу вас у Галілеі. У адказ жа Пётр сказаў Яму: Калі і ўсе зняверацца ў Табе, я ніколі не зняверуся. Ісус сказаў яму: Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым праспявае певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне. Кажа Яму Пётр: Нават калі мне трэба будзе памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. — Падобна і ўсе вучні сказалі. Тады Ісус прыходзіць з імі на месца, званае Гефсіманіяй, і кажа вучням: Пасядзіце тут, пакуль Я пайду і там памалюся. І, узяўшы Пятра і двух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і тужыць. Тады Ён кажа ім: Смуткуе Мая душа да смерці, застаньцеся тут са Мною і не спіце. І, прайшоўшы трошкі далей, упаў Сваім тварам, молячыся і кажучы: Татухна Мой, калі можна, няхай абміне Мяне гэтая чаша; але не як Я хачу, а як Ты. І Ён прыходзіць да вучняў і знаходзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: Вы так не змаглі адной гадзіны патрываць са Мною, каб не спаць. Не спіце і маліцеся, каб не ўвайсці ў спакусу. Дух дзейны, а цела нядужае. Зноў, адышоўшыся другі раз, памаліўся, кажучы: Татухна Мой, калі не можа абмінуць [Мяне] гэтая [чаша], каб Мне не піць яе, няхай здзейсніцца Твая воля. І, прыйшоўшы, зноў знайшоў, што яны спяць: бо вочы іх ацяжэлі. І, пакінуўшы іх, Ён зноў адышоў і памаліўся трэці раз, зноў сказаўшы тое самае слова. Тады Ён прыходзіць да [Сваіх] вучняў і кажа ім: Вы ўсё яшчэ спіце і адпачываеце; вось наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў. Уставайце, хадзем, вось наблізіўся той, хто Мяне выдае. І, калі Ён яшчэ гаварыў, вось, прыйшоў Іуда, адзін з дванаццаці, і з ім вялікі натоўп з мячамі і каламі ад першасвятароў і старэйшын народу. А той, хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, Ён і ёсць; схапіце Яго». І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: Радуйся, Равві, — і пацалаваў Яго. А Ісус сказаў яму: Дружа, чаго ты прыйшоў? — Тады яны падышоўшы, наклалі рукі на Ісуса і схапілі Яго. І вось, адзін з тых, што былі з Ісусам, працягнуўшы руку, выхапіў свой меч і, ударыўшы першасвятаровага раба, адсек яму вуха. Тады Ісус кажа яму: Вярні свой меч на яго месца; бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча загінуць. Ці думаеш, што Я не магу ўпрасіць Майго Бацьку і Ён не выставіць Мне цяпер больш за дванаццаць легіёнаў Анёлаў? Дык як жа спраўдзяцца Пісанні, што так павінна адбыцца? У тую гадзіну Ісус сказаў натоўпам: Як на разбойніка вы выйшлі з мячамі і каламі, каб ўзяць Мяне? Штодня Я сядзеў у храме [з вамі], навучаючы, і вы не схапілі Мяне. Гэта ж ўсё адбылося, каб спраўдзіліся Пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, уцяклі. А тыя, што схапілі Ісуса, адвялі Яго да Каіафы, першасвятара, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыны. Пётр жа здалёку ішоў услед за Ім да першасвятаровага двара; і, увайшоўшы ўсярэдзіну, сеў са служкамі, каб бачыць канец. А першасвятары [і, старэйшыны] і ўвесь сінедрыён шукалі лжэсведчання супроць Ісуса, каб аддаць Яго на смерць. І не знайшлі, хоць падыходзіла шмат ілжэсведкаў. А ўрэшце два [лжэсведкі], падышоўшы, сказалі: Гэты чалавек казаў: «Я магу зруйнаваць храм Божы і за тры дні пабудаваць [яго]». І першасвятар, устаўшы, сказаў Яму: Нічога не адказваеш на тое, што яны сведчаць супроць Цябе? Ісус жа маўчаў. І першасвятар сказаў Яму: Заклінаю Цябе Жывым Богам, каб ты сказаў нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы? Ісус кажа яму: Ты сказаў праўду. Акрамя таго кажу вам: з гэтага часу вы ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы Божай і прыходзіць на нябесных воблаках. Тады першасвятар разадраў сваю вопратку, кажучы: Ён зняважыў Бога! Якая яшчэ патрэба ў сведках? Вось, цяпер вы чулі богазнявагу! Як вам здаецца? — Яны ж сказалі ў адказ: Ён заслугоўвае смерці. Тады наплявалі Яму ў твар і таўклі Яго кулакамі; а іншыя білі па шчоках, кажучы: Прароч нам, Хрысце, хто ўдарыў Цябе?» А Пётр сядзеў звонку, на двары, і падышла да яго адна служанка і сказала: І ты быў з Ісусам Галілеянінам. Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: Не ведаю, пра што ты кажаш. А калі ён выйшаў да брамы, убачыла яго іншая і кажа тым, што былі там: [І] гэты быў з Ісусам Назарэем. І зноў ён адрокся з клятвай: Я не ведаю Гэтага Чалавека. А трохі пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: Сапраўды і ты з іх, бо і твая гаворка выдае цябе. Тады ён пачаў клясціся і бажыцца: Я не ведаю Гэтага Чалавека. — І адразу праспяваў певень. І ўспомніў Пётр слова, сказанае [яму] Ісусам: «Перш чым праспявае певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». — І, выйшаўшы адтуль, ён горка заплакаў.

А калі настала раніца, усе першасвятары і старэйшыны народу зрабілі нараду супроць Ісуса, каб аддаць Яго на смерць; і, звязаўшы Яго, адвялі і перадалі [Понцію] Пілату, намесніку. Тады Іуда, што Яго выдаў, убачыўшы, што Яго засудзілі, пакаяўся і вярнуў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам, кажучы: Саграшыў я, выдаўшы нявінную кроў. — А яны сказалі: Што нам да таго? Глядзі сам. І ён, кінуўшы срэбранікі ў храме, адышоў; і, пайшоўшы, павесіўся. А першасвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: Іх не дазваляецца класці ў храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві. І, зрабіўшы нараду, яны купілі за іх поле ганчара пахавання чужаземцаў. Таму тое поле завецца Полем Крыві па сённяшні дня. Тады спраўдзілася сказанае праз прарока Іерамію, які кажа: «І ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевы, і далі іх за ганчарова поле, як загадаў мне Госпад». Ісус жа стаў перад намеснікам; і намеснік спытаўся ў Яго, кажучы: «Ці Ты Іудзейскі Цар?» — Ісус жа сказаў [яму]: Ты праўду кажаш. І, калі першасвятары і старэйшыны абвінавачвалі Яго, Ён нічога не адказваў. Тады Пілат кажа Яму: Ці Ты не чуеш, колькі сведчанняў супроць Цябе? І Ён не адказваў ні на адно слова, так што намеснік надта здзіўляўся. А на свята намеснік меў звычай адпускаць натоўпу аднаго вязня, якога яны хацелі. І быў ў іх тады вядомы вязень, якога звалі [Ісус] Варава. Дык калі яны сабраліся, Пілат сказаў ім: Каго хочаце, каб я адпусціў вам: [Ісуса] Вараву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом? Бо ён ведаў, што праз зайздрасць выдалі Яго. Калі ж ён сядзеў на судзейскім крэсле, яго жонка паслала да яго сказаць: Нічога не рабі Таму Праведніку; бо я сёння ў сне шмат нацярпелася з-за Яго. Але першасвятары і старэйшыны падбілі натоўпы, каб прасіць Вараву, а Ісуса загубіць. І намеснік сказаў у адказ: Каго з двух хочаце, каб я адпусціў вам? — І яны сказалі: Вараву. Пілат кажа ім: Дык што мне зрабіць з Ісусам, Якога завуць Хрыстом? — Яны ўсе кажуць [яму]: Няхай будзе ўкрыжаваны! А ён82 сказаў: Што ж благое зрабіў Ён? — Ды яны яшчэ мацней крычалі і казалі: Няхай будзе ўкрыжаваны! І Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а ўсчынаецца большае замяшанне, узяўшы вады, умыў рукі перад натоўпам, кажучы: Не вінаваты я ў крыві Гэтага [Праведніка]; глядзіце вы. І ўвесь народ сказаў у адказ: Яго кроў на нас і на нашых дзецях! Тады ён адпусціў ім Вараву; а Ісуса, збічаваўшы, выдаў, каб укрыжавалі. Тады намеснікавы воіны, забраўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго ўсю кагорту. І, раздзеўшы Яго, яны надзелі на Яго пурпуровы плашч, і, звіўшы вянок з калючак, усклалі Яму на галаву і далі палку ў правую руку; і, кленчачы перад Ім, глуміліся з Яго, кажучы: Радуйся, Цар Іудзейскі! І, напляваўшы на Яго, узялі палку і білі Яго па галаве. І калі наглуміліся з Яго, яны знялі з Яго плашч і апранулі Яго ў Яго адзенне і павялі на ўкрыжаванне. Выходзячы ж, яны сустрэлі аднаго кірэнца, імем Сіман; гэтага і прымусілі ўзяць Яго крыж. І, прыйшоўшы на месца, званае Галгофа, што значыць «месца чэрапа», далі Яму піць віна, змяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, Ён не захацеў яго піць. Тыя ж, што ўкрыжавалі Яго, падзялілі Яго адзенне, кідаючы жэрабя; і, седзячы, вартавалі Яго там. І змясцілі над Яго галавою надпіс Яго віны: Гэта Ісус, Цар Іудзейскі. Тады ўкрыжавалі з Ім двух разбойнікаў: аднаго праваруч і аднаго леваруч. А тыя, што міма праходзілі, ганьбілі Яго, ківаючы сваімі галовамі і кажучы: Ты, што руйнуеш храм і за тры дні будуеш, уратуй Самога Сябе, калі ты Сын Божы, [і] зыдзі з крыжа! Падобна і першасвятары з кніжнікамі, старэйшынамі [і фарысеямі,] насміхаючыся, казалі: Іншых ратаваў — Сябе Самога не можа ўратаваць. [Калі] Ён Цар Ізраілеў, няхай цяпер зыдзе з крыжа, і мы ўверуем у Яго. Спадзяваўся на Бога: няхай Ён цяпер выбавіць [Яго], калі Ён Яму даспадобы. Бо Ён сказаў: «Я — Сын Божы». Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго. Ад шостай жа гадзіны зрабілася цемра на ўсёй зямлі — да дзевятай гадзіны. А каля дзевятай гадзіны Ісус ускрыкнуў моцным голасам, кажучы: Элі, Элі, лема савахвані? — гэта значыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»83 І некаторыя з тых, што стаялі там, пачуўшы, казалі: Ён кліча Ілію. І адразу адзін з іх пабег, і, узяўшы губку, намачыў яе ў воцаце і, надзеўшы на палку, даваў Яму піць. А астатнія казалі: Пачакай, паглядзім, ці прыйдзе Ілія ратаваць Яго. Ісус жа, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, выпусціў дух. І вось, заслона храма разадралася зверху да нізу напалам, і зямля задрыжала, і раскалоліся скалы. І магільні расчыніліся, і шмат цел спачылых святых былі ўваскрэшаны, і, выйшаўшы з магільняў пасля Яго ўваскрэсення, яны ўвайшлі ў святы горад і з’явіліся многім. А сотнік і тыя, што з ім вартавалі Ісуса, убачыўшы землятрус і тое, што адбылося, вельмі спалохаліся, кажучы: Сапраўды Ён быў Сын Божы. Было ж там шмат жанчын, якія глядзелі здалёку, тыя, што ішлі ўслед за Ісусам з Галілеі, прыслугоўваючы Яму; між іх была Марыя Магдаліна, Марыя, маці Іякава і Іосіфа84, і маці сыноў Зевядзеевых. Калі ж звечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арымафеі, імем Іосіф, які і сам быў Ісусавым вучнем; ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Ісусава цела. Тады Пілат загадаў аддаць [цела]. І, узяўшы цела, Іосіф абгарнуў яго чыстым кужэльным палатном, і паклаў яго ў сваёй новай магільні, якую высек у скале; і, прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў магільню, пайшоў. І была там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупроць магілы. На другі ж дзень, што ідзе за днём Падрыхтавання85, сабраліся першасвятары і фарысеі да Пілата, кажучы: Гаспадару, мы ўспомнілі, што той ашуканец казаў яшчэ пры жыцці: «Пасля трох дзён уваскрэсну». Дык загадай ахоўваць магілу да трэцяга дня; каб Яго вучні, прыйшоўшы [ўночы], не ўкралі Яго і не сказалі народу: «Ён уваскрэшаны з мёртвых»; і будзе апошняе ашуканства горшае за першае. Пілат сказаў ім: Маеце варту; ідзіце, ахоўвайце, як ведаеце. І яны пайшлі і пачалі ахоўваць магілу, прыклаўшы пячатку да каменя і паставіўшы варту.

А пасля суботы, на досвітку першага дня тыдня прыйшла Марыям86 Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу. І вось зрабіўся вялікі землятрус; бо Анёл Гасподні зышоў з неба і, падышоўшы, адваліў камень [ад уваходу ў магільню] і сеў на яго. Выгляд жа яго быў, як маланка, а шаты яго белыя, нібы снег. І ад страху перад ім задрыжалі вартаўнікі, і сталі як мёртвыя. Але Анёл у адказ жанчынам сказаў: Не бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса, укрыжаванага. Яго няма тут; Ён уваскрэшаны, як сказаў. Хадзіце паглядзіце месца, дзе ляжаў [Госпад]. Ды, хутка пайшоўшы, скажыце Яго вучням, што Ён уваскрэшаны з мёртвых; і вось выпярэджвае вас у Галілеі: там Яго ўбачыце. Вось я сказаў вам. І яны, хутка адышоўшы ад магільні, са страхам і вялікаю радасцю пабеглі паведаміць Яго вучням. [Калі ж яны ішлі паведаміць Яго вучням], то вось Ісус сустрэў іх, кажучы: Радуйцеся! — І яны, падышоўшы, ахапілі Яго ногі і ўпалі ніцма перад Ім. Тады Ісус кажа ім: Не бойцеся; ідзіце, паведаміце Маім братам, каб яны пайшлі ў Галілею, і там убачаць Мяне. А калі яны ішлі, вось, некаторыя з варты, прыйшоўшы ў горад, паведамілі першасвятарам пра ўсё, што адбылося. І яны, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нараду, далі даволі грошай воінам, кажучы: Скажыце так: «Яго вучні, прыйшоўшы ўночы, укралі Яго, калі мы спалі». А калі дачуецца пра гэта намеснік, мы пераканаем [яго] і вы не будзеце мець клопату. І яны, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. І разышлася гэтая пагалоска між іудзеяў аж да сённяшняга [дня]. Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Ісус, і, убачыўшы Яго, яны ўпалі ніцма [перад Ім], а некаторыя засумняваліся. Ды Ісус, падышоўшы, прамовіў да іх, кажучы: Мне дадзена ўся ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце, навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Бацькі, і Сына, і Святога Духа, вучачы іх выконваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку. [Амін.]


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.