Библия › Клышка › Лукі

Лукі

Як ўжо многія прыклалі руку скласці аповесць пра падзеі, што адбыліся ў нас, як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі відавочцамі і служкамі Слова, вырашыў і я, дакладна даследаваўшы ўсё ад пачатку, напісаць па парадку пра іх табе, найшаноўнейшы Тэофіле, каб ты пераканаўся ў непарушнасці тых слоў, у якіх ты быў настаўлены. Быў у дні Ірада, іудзейскага цара, адзін святар імем Захарыя з Авіявай чарады, а жонка ў яго была з дачок Ааронавых. І імя ёй — Елісавета. Былі ж яны абое праведныя перад Богам, ходзячы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і правілаў Гасподніх. І не мелі дзіцяці, бо Елісавета была бясплодная, і абое яны былі на схіле сваіх гадоў. І сталася: калі ў парадку свае чарады ён служыў перад Богам, паводле звычаю святарства выпаў яму жэраб кадзіць, увайшоўшы ў храм Гасподні, а ўсё мноства народу малілася з надворку ў гадзіну каджэння. І паказаўся яму Анёл Гасподні, стоячы праваруч кадзільнага ахвярніка. І Захарыя, убачыўшы, уразіўся і страх напаў на яго. Але Анёл сказаў яму: Не бойся, Захарыя, бо твая просьба пачута. І твая жонка Елісавета народзіць табе сына, і назавеш яго імем Іаан. І будзе табе радасць і весялосць, і многія нараджэнню яго ўсцешацца. Бо ён будзе вялікі перад Госпадам, і не будзе піць ні віна, ні сікера і Святым Духам напоўніцца яшчэ ва ўлонні сваёй маці і многіх з Ізраілевых сыноў далучыць да Госпада, іхняга Бога. І ён будзе ісці перад Ім у духу і сіле Іліі, каб сэрцы бацькоў павярнуць да дзяцей, і непакорных да розуму праведных, каб падрыхтаваць Госпаду народ дасканалы. І Захарыя сказаў Анёлу: Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і мая жонка на схіле сваіх дзён. І ў адказ яму Анёл сказаў: Я Гаўрыіл, што перад Богам стаю, і пасланы гаварыць з табою і дабравесціць табе гэта; і вось, ты будзеш маўчаць і не змажаш гаварыць да дня, калі збудзецца гэта, за тое, што ты не паверыў маім словам, якія спраўдзяцца ў свой час. І народ чакаў Захарыю і дзівіўся, што ён марудзіў у храме. А, выйшаўшы, той не мог гаварыць з імі, і яны зрамзумелі, што ён бачыў з’явенне ў храме; а ён падаваў ім знакі і заставаўся нямы. І сталася: калі скончыліся дні яго службы, ён пайшоў у свой дом. Пасля ж гэтых дзён зачала яго жонка Елісавета і таілася пяць месяцаў, кажучы: Так мне зрабіў Госпад ў дні, калі ласкава паглядзеў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу сярод людзей. А ў шосты месяц быў пасланы ад Бога Анёл Гаўрыіл у Галілейскі горад пад назваю Назарэт, да Дзевы, заручанай з чалавекам імем Іосіф, з дому Давідавага; а імя Дзевы — Марыям. І [Анёл], увайшоўшы да Яе, сказаў: Радуйся, ласкаю адораная! Госпад з Табою! [Дабраславёная Ты між жанчын!] Яна ж, [убачыўшы яго], збянтэжылася ад гэтага слова і разважала, што б гэта было за прывітанне. І сказаў Ёй Анёл: Не бойся, Марыям, бо знайшла Ты ласку ў Бога. І вось, Ты зачнеш ва ўлонні і народзіш Сына і назавеш Яго імем Ісус. Ён будзе вялікі, і Сынам Усявышняга будзе названы, і дасць Яму Госпад Бог трон Давіда, Яго бацькі, і будзе цараваць Ён над домам Іякава навекі, і Яго Царству не будзе канца. А Марыям сказала Анёлу: Як будзе гэта, калі мужа не знаю? І ў адказ Анёл сказаў Ёй: Святы Дух зыдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне цябе; таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. І вось, Елісавета, Твая сваяка, — і яна зачала сына ў сваёй старасці, і гэта шосты месяц у яе, якую называюць бясплоднай, бо ў Бога няма ніводнага немажлівага слова. І Марыям сказала: Вось, я — раба Гасподняя; няхай будзе Мне паводле твайго слова. — І Анёл адышоў ад Яе. І, устаўшы, Марыям у тыя дні пайшла з паспешлівасцю ў горную мясцовасць, у горад Іуды, і ўвайшла ў Захарыеў дом і прывітала Елісавету. І сталася: калі пачула Елісавета Марыіна прывітанне, падскочыла дзіцятка ў яе ўлонні, і Елісавета напоўнілася Святым Духам, і ўсклікнула моцным голасам і сказала: Дабраславёная Ты між жанчын і дабраславёны плод Твайго ўлоння! І адкуль мне гэта, каб Маці майго Госпада прыйшла да мяне? Бо вось, калі дайшоў голас Твайго прывітання да маіх вушэй, падскочыла ад радасці дзіцятка ў маім ўлонні, і шчаслівая Тая, якая паверыла, што спраўдзіцца сказанае ёй ад Госпада! І Марыям сказала: Мая душа ўзвялічвае Госпада, і ўзрадаваўся Мой дух у Богу, Майму Збаўцу, таму што глянуў Ён на паніжэнне Свае Рабы. Бо вось з гэтага часу будуць дабраслаўляць мяне ў се пакаленні; бо Магутны стварыў Мне вялікае. І святое Яго імя; і Яго міласэрнасць — на пакаленні і пакаленні тых, што Яго баяцца. Ён стварыў сілу Сваёю рукою; рассеяў ганарлівых думкамі сэрца іх; скінуў уладароў з тронаў і ўзвысіў пакорлівых, галодных насыціў дабром, а багатых адаслаў ні з чым. Ён прыйшоў на дапамогу Ізраілю, Свайму слузе, памятаючы пра міласэрнасць, — як сказаў Ён нашым бацькам, — Аўрааму і яго патомкам. Заставалася ж Марыям з ёю месяцаў са тры і вярнулася ў Свой дом. А Елісавеце надышоў час радзіць, і яна нарадзіла сына. І яе суседзі і сваякі пачулі, што ўзвялічыў Госпад Сваю міласэрнасць да яе, і цешыліся з ёю. І сталася: у восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіцятка, і хацелі яго назваць імем яго бацькі, Захарыем. Але яго маці сказала ў адказ: Не, а будзе названы ён Іаанам. І сказалі ёй: Нікога няма ў тваёй радні, хто называўся б гэтым імем. І пыталіся знакамі ў яго бацькі, як ён хацеў бы, каб назвалі яго. І ён, папрасіўшы дошчачку, напісаў, паведамляючы: «Яго імя — Іаана». І ўсе здзівіліся.. І зараз жа раскрыліся яго вусны і ажыў язык яго, і ён загаварыў, дабраславячы Бога. І ахапіў страх усіх, што жылі навокал іх, і па ўсёй горнай Іудзеі расказвалі пра ўсё гэта. І ўсе, што чулі, бралі сабе да сэрца, кажучы: Кім жа будзе гэтае дзіцятка? — Бо і рука Гасподняя была з ім. І яго бацька Захарыя напоўніўся Святым Духам і прарочыў, кажучы: Дабраславёны Госпад, Бог Ізраілеў, што наведаў Свой народ і даў яму вызваленне, і падняў нам рог выратавання ў доме Давіда, Свайго слугі, — як сказаў ад веку вуснамі Сваіх святых прарокаў, — што ўратуе нас ад нашых ворагаў і ад рукі ўсіх ненавіснікаў нашых, створыць міласэрнасць нашым бацькам і ўспомніць Свой святы запавет, клятву, якой пакляўся нашаму бацьку Аўрааму, што дасць нам, бясстрашна, выбавіўшы з рукі ворагаў, служыць Яму ў святасці і праведнасці перад Ім ва ўсе нашы дні1. І ты, дзіцятка, будзеш звацца прарокам Ўсявышняга, бо ты пойдзеш перад [абліччам] Госпада, каб падрыхтаваць Яму дарогі, каб даць Яго народу пазнаць выратаванее ў адпушчэнні іх грахоў, праз сардэчную міласэрнасць нашага Бога, у якой наведае2 нас Усход з вышыні, каб даць святло тым, што сядзяць у цемры і смяротным цені, і скіраваць нашы ногі на дарогу міру. Хлопчык жа рос і ўмацоўвася духам, і быў ён у пустэльнях да дня свайго з’яўлення перад Ізраілем.

І сталася ў тыя дні: ад кесара Аўгуста выйшла пастанова зрабіць перапіс па ўсёй населенай зямлі3. Гэта быў першы перапіс, калі Сірыяй уладарыў Квірыній. І ўсе ішлі запісвацца, кожны ў свой горад. І пайшоў таксама Іосіф з Галілеі, з горада Назарэта, у Іудзею, у горад Давідаў, які называецца Вілеем, бо быў ён з дому і роду Давідавага, Каб запісацца з Марыям, з ім заручонаю [жанчынаю], якая была цяжарная. І сталася: калі яны былі там, споўніліся дні, каб радзіць ёй, і нарадзіла Яна Сына, Свайго Першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў яслях, бо не было месца ім ў гасцініцы. А былі ў той самай ваколіцы пастухі, што жылі ў полі і сцераглі ўночы свой статак. І [вось] Анёл Гасподні паўстаў перад імі, і слава Гасподняя азарыла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім Анёл: Не бойцеся, бо вось я добравешчу вам вялікую радасць, якая будзе ўсяму народу, бо сёння ў горадзе Давідавым нарадзіўся вам Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпад. І гэта вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае, якое будзе ляжаць у яслях. І раптам з’явілася разам з Анёлам мноства нябеснага войска, хвалячы Бога і кажучы: Слава ў вышынях Богу і на зямлі мір, людзям — добрая воля! І сталася: калі адышлі ад іх Анёлы ў неба, пастухі казалі адзін аднаму: Хадзем тады ў Вілеем і паглядзім, што там адбылося, пра што Госпад даў знаць нам. І, спяшаючыся, прыйшлі і знайшлі Марыям, Іосіфа і Дзіцятка, што ляжала ў яслях; убачыўшы ж, яны расказалі пра слова, якое ім было абвешчана пра Гэтае Дзіцятка. І ўсе, пачуўшы, здзівіліся таму, што казалі ім пастухі. А Марыям захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў Сваім сэрцы. І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што яны пачулі і ўбачылі, як ім было сказана. І калі споўнілася восемь дзён, і належала абрэзаць Яго, далі Яму імя Ісус, названае Анёлам перш, чым Ён быў зачаты ва ўлонні. І, калі споўніліся дні іх ачышчэння паводле Маісеевага Закона, прынеслі Яго ў Іерусалім, каб прадставіць Госпаду, Як напісана ў Законе Гасподнем: «Кожная мужчынская істота, што раскрывае матчына ўлонне будзе пасвечана Госпаду», і каб прынесці ахвяру паводле сказанага ў Законе Гасподнім: пару туркавак або двух галубянят. І вось, быў у Іерусаліме чалавек, якому імя Сімяон, і чалавек гэты, праведны і набожны, чакаў суцяшэння Ізраіля, і Святы Дух быў на ім; і была яму абвешчана Святым Духам, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Хрыста Гасподняга. І прыйшоў ён у Духу ў святыню; і калі бацькі прынеслі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле закона, і ён Яго на рукі, добраславіў Бога і сказаў: Цяпер адпускаеш Свайго слугу, Уладару, паводле Свайго слова, з мірам; бо мае вочы ўбачылі Тваё збавенне, якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў; святло на асвячэнне язычнікам і славу Твайго нарлда Ізраіля. І Яго бацька і Маці4 здзіўляліся сказанаму пра Яго. І добраславіў іх Сімяон і сказаў Марыям, Яго Маці: Вось, Гэты прызначаны на ўпадках і ўзвышэнне многіх у Ізраіле і на знак, якому будуць супярэчыць, і Табе [ж] Самой душу праткне меч, каб адкрыліся думкі многіх сэрцаў. І была прарочыца Ганна, дачка Фануілава, з племя Асірава; яна была на схіле сваіх дзён, пражыўшы з мужам сем гадоў ад свайго дзявоцтва, удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не пакідала святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўночы і ўдзень. І ў гэтую самую гадзіну, падышоўшы, яна славіла Бога і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Іерусаліма. І, калі яны закончылі ўсё паводле Закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у свой горад Назарэт. А Дзіцятка расло і ўмачоўвалася [духам], напаўняючыся мудрасцю, і ласка Божая была на Ім. І Яго бацькі штогод хадзілі ў Іерусалім на свята Пасхі. І, калі Яму было дванаццаць гадоў, яны ўзышлі туды5, як зазвычай на свята, і калі, па заканчэнні гэтых дзён, вярталіся, Хлопчык Ісус застаўся ў Іерусаліме, а Яго бацькі6 не ведалі пра гэта. Думаючы ж, што Ён разам са спадарожнікамі, прайшлі яны дзень дарогі і пачалі расшукваць Яго між сваякоў і знаёмых, і, не знайшоўшы, вярнуліся ў Іерусалім, расшукваючы Яго. І сталася: праз тры дні знайшлі Яго ў святыні, калі Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх; і ўсе, хто слухаў Яго, дзівіліся Яго розуму і адказам. І, убачыўшы Яго, яны былі ўражаныя, і Яго Маці сказала Яму: Сыне, чаму Ты нам зрабіў так? Вось, Твой боцька і Я змучыліся, шукаючы Цябе. І Ён сказаў ім: Чаму ж вы шукалі Мяне? Хіба вы не ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Майму Бацьку? Ды яны не зразумелі слова, якое сказаў ім. І Ён пайшоў з імі і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І яго Маці захоўвала ўсе [гэтыя] словы ў Сваім сэрцы. А Ісус узрастаў у мудрасці і гадах, і любові ў Бога і людзей.

А ў пятнаццаты год кіравання кесара Тыберыя, калі Понцій Пілат быў намеснікам Іудзеі, а чацвёртаўладальнікам Галілеі быў Ірад, Філіп жа, яго брат, быў чацвёртаўладальнікам Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лісаній чацвёртаўладальнікам Авіліны, пры першасвятары Ганну і Каіяфе, было слова Божае да Іаана, сына Захарыевана, у пустэльні. І ён прайшоў усё наваколле Іардана, абвяшчаючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў, як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаіі: «Голас прапаведніка ў пустэльні: «Падрыхтуйце дарогу Госпаду, простымі зрабіце Яму сцежкі; кожны дол няхай напоўніцца, а кожная гара і пагорак няхай панізяцца, і крывое няхай выпрастаецца, і выбоістыя дарогі стануць гладкімі; і ўбачыць кожнае стварэнне выратаванне Божае». Дык ён казаў натоўпам, што выходзілі, каб хрысціцца ў яго: Гадзючыя выпадкі, хто паказаў вам уцякаць ад будучага гневу? Дык стварыце годныя плады пакаяння і не пачынайце казаць самім сабе: «Бацька ў нас Аўраам». Бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў узняць дзяцей Аўрааму. Ужо ж і сякера ляжыць пры корані дрэў; дык кожнае дрэва, што добрага плоду не родзіць, ссякаюць і кідаюць у агонь. І натоўпы пыталіся ў яго, кажучы: Дык што нам рабіць? Ён жа ў адказ ім казаў: Хто мае два хітоны, няхай дасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай гэтак жа зробіць. Прыйшлі ж і зборшчыкі падаткаў хрысціцца і сказалі яму: Настаўніку, што нам рабіць? І ён ім сказаў: Не спаганяйце нічога больш, чым вызначана вам. Пыталіся ж у яго і воіны, кажучы: А нам што рабіць? — І сказаў ім: Ні ў кога нічога не вымагайце, не даносьце і задавальняйцеся сваёю платаю. Калі ж народ чакаў і ўсе разважалі ў сваіх сэрцах пра Іаана, ці не Хрыстос ён, Іаан адказаў, кажучы ўсім: Я вадою хрышчу вас; а ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты развязаць раменьчык Яго сандаляў; Ён вас будзе хрысціць Святым Духам і агнём; у Яго руцэ веялка, каб ачысціць Свой умалот і сабраць пшаніцу ў Сваё сховішча, а мякіну спаліць незгасальным агнём. Дык, і шмат у чым іншым настаўляючы, ён дабравесціў народу. А Ірад, чацвёртаўладнік, выкрываны ім за Ірадыяду, жонку свайго брата, і за ўсё ліхое, што Ірад зрабіў, дадаў да ўсяго і тое, што зняволіў Іаана ў турму. І сталася: калі хрысціўся ўвесь народ і Ісус, ахрысціўшыся, маліўся, расчынілася неба, і зышоў Святы Дух у цялесным выглядзе, як голуб на Яго, і голас з неба пачуўся: Ты Мой Сын Улюбёны, у Табе знайшоў Я задавальненне. А Сам Ісус, пачынаючы Сваё служэнне, меў гадоў каля трыццаці, быў, як думалі, Сын Іосіфаў, Іліеў, Матфатаў, Лявіеў, Мялхіеў, Іяннаеў, Іосіфаў, Матафіеў, Амосаў, Навумаў, Гесліеў, Нагееў, Маафаў, Матафіеў, Семяінаў, Іасіхаў, Іадаеў, Іаананаў, Рысаеў, Дзарававелеў, Салафіілеў, Нірыеў, Мялхіеў, Аддзеў, Касамаў, Элмадамаў, Іраў, Ісусаў, Эліедзераў, Іарымаў, Матфатаў, Лявіеў, Сімяонаў, Іудаў, Іосіфаў, Іананаў, Эліякімаў, Меляаеў, Мяннаеў, Матафаеў, Нафанаў, Давідаў, Іессееў, Авідаў, Ваозаў, Салаў, Наасонаў, Амінадаваў, Адмінаў, Арніеў, Гесромаў, Фарэсаў, Іудаў, Іякаваў, Ісаакаў, Аўраамаў, Фараў, Нахораў, Сярухаў, Рагаваў, Фалекаў, Эвераў, Салаў, Каінамаў, Арфаксадаў, Сімаў, Ноеў, Ламехаў, Мафусалаў, Энохаў, Іярэтаў, Малеляілаў, Каінамаў, Эносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.

Ісус жа, поўны Святога Духа, вярнуўся ад Іардана, і вадзіў Яго Дух у пустэльні сорак дзён, і быў Ён спакушваны д’ябалам. І не еў нічога тыя дні, а калі яны скончыл, адчуў голад. І д’ябал сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён зрабіўся хлебам. Ісус адказаў яму: Напісана: «Не хлебам адным бузе жыць чалавек, [а кожным словам Божым]». І, узвёўшы Яго, [на высокую гару], паказаў Яму ў імгненне часу ўсе царствы населенай зямлі, І д’ябал сказаў Яму: Табе дам усю гэтую ўладу і славу іх, бо мне яна перададзена, і я, каму хачу, даю яе. Дык Ты, калі паклонішся перада мной, яна ўся будзе Твая7. І ў адказ Ісус сказаў яму: [Адыдзі ад Мяне, сатана]. Напісана: «Госпаду, твайму Богу, пакланяйся і Яму аднаму служы». І ён павёў Яго ў Іерусалім, паставіў на крыло святыні і сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, кінься адсюль уніз; бо напісана: «Сваім Анёлам Ён загадае пра Цябе ўсцерагчы Цябе, і на руках яны панясуць Цябе, каб Ты не спатыкнуўся аб камень Сваёю нагою». А Ісус сказаў у адказ яму: Сказана: «Не выпрабоўвай Госпада, твайго Бога». І, скончыўшы ўсё спакушэнне, д’ябал адышоў ад Яго да часу. І вярнуўся Ісус у моцы Духа ў Галілею. І вестка пра Яго разышлася па ўсім наваколлі. І Ён вучыў у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі. І прыйшоў Ён у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і ўвайшоў Сваім звычаем у суботні дзень у сінагогу і ўстаў, каб чытаць. І падалі Яму кнігу прарока Ісаіі, і, развінуўшы скрутак, Ён знайшоў месца, дзе было напісана: «Дух Госпада на Мне, бо Ён памазаў Мяне дабравесціць убогім, паслаў Мяне [вылечыць разбітых сэрцам], абвясціць палонным вызваленне і сляпым — відушчасць, адпусціць прыгнечаных на волю, абвясціць спрыяльны год Гасподні». І, згарнуўшы скрутак, аддаў служку і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваны на Яго. Ён пачаў казаць ім: Сёння спраўдзілася гэтае Пісанне, якое вы чулі. І ўсе сведчылі Яму і дзівіліся словам ласкі, што зыходзілі з Яго вуснаў, і пыталі: Ці не Іосіфаў гэта сын? І Ён сказаў ім: Вядома, вы скажаце Мне гэтае выслоўе: «Доктару, вылеч Самога Сябе»; «Тое, што мы чулі, адбылося ў Капернауме, зрабі і тут у Сваёй бацькаўшчыне». І Ён сказаў: Праўду кажу вам: Ніякага прарока не прымаюць у сваёй бацькаўшчыне. Па праўдзе ж кажу вам: шмат было ўдоў у дні Іліі ў Ізраіле, калі зачынілася неба на тры гады і шэсць месяцаў, так што вялікі голад настаў на ўсёй зямлі, і да ніводнае з іх не быў пасланы Ілія, а только ў Сарэпту Сідонскую да жанчыны-ўдавы. І шмат было пракажоных у Ізраіле пры Елісеі прароку, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, акрамя сірыйца Неямана. І перапоўніліся гневам усе ў сінагозе, пачуўшы гэта, і, устаўшы, выгналі Яго з горада, і павялі Яго на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго ўніз; Ён жа, прайшоўшы пасярод іх, пайшоў далей. І спусціўся ў Капернаум, галілейскі горад. І вучыў іх па суботах; і яны ўразіліся Яго навукаю, бо Яго слова мела ўладу. І быў у сінагозе чалавек, які меў духа, нячыстага дэмана, і ён закрычаў моцным голасам: Эй, што Табе да нас, Ісусе Назараніне? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты, — Святы Божы. Ды Ісус забараніў яму, кажучы: Замоўкні і выйдзі з яго! — І дэман, кінуўшы таго на сярэдзіну, выйшаў з яго, ані не пашкодзіўшы яму. І напаў на ўсіх жах і разважалі між сабою, кажучы: Што гэта за слова, што Ён з уладаю і сілай загадвае нячыстым духам, і яны выходзяць. І розгалас пра Яго разышоўся па ўсіх навакольных мясцінах. А Ён, устаўшы і выйшаўшы з сінагогі, увайшоў у дом Сімана. Цешча ж Сіманава была ахоплена моцнай гарачкаю, і Яго папрасілі за яе. І, стаўшы над ёю, Ён забараніў гарачцы, і тая пакінула яе: яна ж, зараз жа ўстаўшы, прыслугоўвала ім. Калі ж сонца заходзіла, усе, хто меў хворых на розныя хваробы, прывялі іх да Яго; Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, вылечваў іх. Выходзілі ж і дэманы з многіх, крычучы і кажучы: Ты [Хрыстос], Сын Божы! — Ды Ён забараняў і не даваў ім гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос. Калі ж настаў дзень, Ён, выйшаўшы, падаўся ш пустэльнае месца; і натоўпы шукалі Яго, і прыйшлі да Яго, і затрымлівалі Яго, каб Ён не адыходзіў ад іх. Ён жа сказаў ім: І іншым гарадам Я павінен дабравесціць Царства Божае, бо на гэта я пасланы. І Ён абвяшчаў у сінагогах Іудзеі8.

І сталася: калі натоўп ціснуўся да Яго, каб слухаць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Геннісарэцкага, убачыў Ён дзве лодкі, што стаялі пры возеры; а рыбаловы, выйшаўшы з іх, мылі сеткі. І, увайшоўшы ў адну з лодак, якая была Сіманава, Ён папрасіў яго трошкі адплыць ад берага; і, сеўшы, з лодкі вучыў натоўпы. А калі перастаў гаварыць, сказаў Сіману: Адплыві на глыбіню і спусціце вашы сеткі для лову. І ў адказ Сіман сказаў: Настаўніку, цэлую ноч мы працавалі нічога не злавілі; але на Тваё слова спушчу сеткі. І, зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж іх сеткі прарываліся. І яны далі знак супольнікам у другой лодцы, каб прыйшлі дапамагчы ім; і тыя падышлі і напоўнілі абедзве лодкі, так што яны патаналі. Убачыўшы ж гэта, Сіман Пётр прыпаў да Ісусавых калень, кажучы: Адыдзі ад мяне, бо я чалавек грэшны, Госпадзе. Таму што жах агарнуў яго ўсіх, што былі з ім, ад улову рыбы, якую яны злавілі, гэтак жа і Іякава, і Іаана, Зевядзеевых сыноў, што былі Сіманавымі таварышамі. І сказаў Сіману Ісус: Не бойся; з гэтага часу ты будзеш лавіць людей. І яны, выцягнуўшы лодкі на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Ім. І сталася: калі Ён быў у адным з гарадоў, вось, прыйшоў адзін чалавек, увесь у праказе; убачыўшы ж Ісуса, ён упаў ніцма і маліў Яго, кажучы: Госпадзе, калі Ты хочаш, можаш ачысціць мяне. І, працягнуўшы руку, Ён дакрануўся да яго, кажучы: Хачу, ачысціся! І адразу праказа адышла ад яго. І Ён загадаў яму нікому не казаць: Але пайдзі, пакажыся святару і прынясі ахвяру за сваё ачышчэнне, як наказаў Майсей, у сведчанне ім. Але тым больш пашырыўся погалас пра Яго, і зыходзіліся вялікія натоўпы, каб слухаць і вылечыцца ад сваіх немачаў. Ён жа адыходзіў у пустэльныя месцы і маліўся. І сталася: аднаго дня, калі Ён вучыў і сядзелі фарысеі і настаўнікі закона, што прыйшлі з усіх галілейскіх і іудзейскіх паселішчаў і з Іерусаліма; і сіла Гасподняя была ў Яго для вылечвання [іх]. І вось людзі прынеслі на пасцелі чалавека, які быў спаралізаваны, і спрабьавлаі ўнесці яго і пакласці перад Ім. І не знайшоўшы, як унесці яго з-за натоўпу, яны падняліся на дах, праз чарапіцу апусцілі яго з пасцеллю на сярэдзіну перад Ісусам. І Ён, убачыўшы іх веру, сказаў: Чалавеча, дараваны табе твае грахі. І пачалі разважаць кніжнікі і фарысеі, кажучы: Хто гэты чалавек, што кажа богазнявагу? Хто можа дараваць грахі, акрамя аднаго Бога? Ісус жа, уведаўшы іх разважанні, у адказ ім сказаў: Што разважаеце ў сваіх сэрцах? Што лягчэй: сказаць: «Дараваны табе твае грахі» ці сказаць: «Устань і хадзі»? Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — Ён сказаў спаралізаванму: Табе кажу: устань, і, узяўшы сваю пасцель, ідзі ў свой дом. І ён, адразу ўстаўшы перад імі, узяўшы тое, на чым ляжаў, пайшоў у свой дом, славячы Бога. І жах ахапіў усіх, і яны славілі Бога, і былі перапоўненыя страху, кажучы: Сёння мы ўбачылі незвычанае. І пасля гэтага Ён выйшаў і ўбачыў зборышча падаткаў імем Левій, што сядзеў на месцы збору падаткаў, і сказаў яму: Ідзі ўслед за Мною. І той, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў услед за Ім. І зрабіў Левій для Яго вялікі пачастунак у сваім доме, і была вялікая грамада зборшчыкаў падаткаў і іншых, што з імі ўзлягалі. І наракалі фарысеі і іх кніжнікі, кажучы да Яго вучняў: Чаму вы ясце і п’яце са зборшчыкамі падаткаў і грэшнікамі? І ў адказ Ісус сказаў ім: Не здаровыя маюць патрэбу ў доктары, а хворыя; Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў на пакаянне. Яны ж сказалі Яму: [Чаму] Іаанавы вучні часта посцяць і твораць малітвы, гэтак жа і фарысейскія, а Твае — ядуць і п’юць? Ісус жа сказаў ім: Ці вы можаце прымусіць пасціць сыноў шлюбнага пакоя, калі з імі малады? Але прыйдуць дні, калі будзе ўзяты ад іх малады, у тыя дні, будуць яны пасціць. Сказаў жа і прыпавесць ім: Ніхто не накладзе латкі на старое адзенне, адарваўшы ад новага адзення; калі ж не — і новае разарве і да старога не прыдасца латка ад новага. І ніхто не ўлівае маладое віно ў старыя бурдзюкі; калі ж не — маладое віно прарве бурдзюкі, і само выцячэ і бурдзюкі прападуць; а маладое віно трэба ўліваць у новыя бурдзюкі [і зберагаецца тое і другое]. [І] ніхто, піўшы старое, не захоча [адразу] маладога; бо кажа: «Старое — лепшае».

І сталася: у суботу, [першую па другім дні Пасхі], Ён праходзіў збажыною, і Яго вучні зрывалі калоссе і елі, расціраючы рукамі. Некаторыя ж з фарысеяў сказалі [ім]: Чаму вы робіце тое, чаго не дазваляецца [рабіць] у суботы? І ў адказ ім Ісус сказаў: Няўжо вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі прагаладаўся сам і тыя, што былі з ім; як увайшоў ён у дом Божы і, узяўшы хлябы прапановы, ей і даў тым, што былі з ім, а іх не дазваляецца есці нікому, акрамя адных святароў? І Ён казаў ім: Сын Чалавечы — гаспадар [і] суботы. І сталася: у другую суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў. І быў там чалавек, і яго правая рука была сухая. Кніжнікі ж і фарысеі сачылі за Ім, ці не вылечвае Ён у суботу, каб знайсці за што абвінаваціць Яго. Але Ён ведаў іх думкі і сказаў чалавеку, што меў сухую руку: Падыміся і стань пасярэдзіне. — І той, падняўшыся, стаў. Ісус жа сказаў ім: Пытаюся ў вас, ці дазваляецца ў суботу дабро рабіць ці ліха чыніць, душу ўратаваць ці загубіць? [Яны ж маўчалі]. І, аглядзеўшы іх усіх, сказаў яму: Выцягні сваю руку. — І ён зрабіў так і ажыла яго рука9. Яны ж перапоўніліся шаленствам і казалі між сабою, што зрабіць бы Ісусу. І сталася: у гэтыя дні Ён выйшаў на гару памаліцца, і цэлую ноч правёў у малітве да Бога. І, калі настаў дзень, Ён паклікаў Сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі: Сімана, якога і назваў Пятром, і Андрэя, яго брата, і Іякава, і Іаана, і Філіпа, і Варфаламея, і Матфея, і Фаму, і Іякава Алфеевага, і Сімана, званага Зілотам, і Іуду Іякавага, і Іуду Іскарыёта, які зрабіўся здраднікам. І, спусціўшыся з імі, Ён стаў на роўным месцы, і вялікая грамада Яго вучняў, і вялікае мноства народа з усяе Іудзеі і Іерусаліма і з узбярэжжа Тыра і Сідона, што прыйшлі паслухаць Яго і вылечыцца ад сваіх хвароб; і тыя, каго даймалі нячыстыя духі, таксама вылечваліся, і ўвесь натоўп шукаў дакрануцца да Яго, бо сіла ад Яго зыходзіла і вылечвала ўсіх. І Ён, падняўшы вочы Свае на вучняў Сваіх сказаў: Шчаслівыя ўбогія [духам], бо ваша ёсць Царства Божае. Шчаслівыя, хто галадае цяпер, бо вы будзеце насычаны. Шчаслівыя, хто плача цяпер, бо будзе смяяцца. Шчаслівыя вы, калі вас зненавідзяць людзі і калі адлучаць вас і будуць ганьбіць, і адкінуць ваша імя як ліхое з-за Сына Чалавечага; узрадуйцеся ў той дзень і скачыце, бо вось вялікая ваша ўзнагарода ў небе; бо гэтак рабілі іх бацькі прарокам. Але бяда вам, багатыя, бо вы атрымалі сваю ўцеху. Бяда вам, сытыя цяпер, бо зазнаеце голад. Бяда вам, што смеяцеся цяпер, бо будзеце смуткаваць і плакаць. Бяда вам, калі пра вас будуць казаць добра ўсе людзі; бо гэтак рабілі іх бацькі лжэпрарокам. Але вам, хто слухае, кажу: Любіце сваіх ворагаў, рабіце дабро тым, хто ненавідзіць вас, добраслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто крыўдзіць вас. Таму, хто ўдарыць цябе па шчацэ, падстаў і другую, і таму, хто забірае ў цябе вопратку, не перашкаджай узяць і кашулю. Кожнаму, хто ў цябе просіць, дай, і ў таго, хто тваё забірае, не спаганяй назад. І як хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце. І калі вы любіце тых, хто любіць вас, якая вам удзячнасць? Бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць. [Бо] калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам удзячнасць? І грэшнікі тое самае робяць. І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся атрымаць назад, якая вам удзячнасць? І грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб атрымаць гэтулькі ж. А вы любіце сваіх ворагаў і рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога, і будзе вялікаю ваша ўзнагарода, і будзеце сынамі Усявышняга, бо Ён добры да няўдзячных і ліхіх. [Дык] будзьце міласэрныя, як [і] ваш Бацька міласэрны. І не судзіце, і вас не будуць судзіць; і не асуджайце, і вас не асудзяць. Даруйце, і вам даруюць; давайце, і вам дадуць: мераю добраю, набітаю, утрэсенаю, перапоўненаю дадуць вам у палу; бо якою мерай вы мераеце, адмераюць вам. І сказаў ім таксама прыпавесць: Хіба можа сляпы сляпога весці? Ці не абодва ў яму ўпадуць? Вучань не вышэйшы за [свайго] настаўніка; але кожны, удасканаліўшыся, будзе, як яго настаўнік. Што ж ты бачыш парушынку ў воку свайго брата, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш? Як ты можаш казаць свайму брату: «Браце, дай я выму парушынку, што ў тваім воку», калі сам бервяна ў сваім воку не бачыш? Крывадушнік, вымі спярша бервяно са свайго вока, тады ясна ўбачыш, як выняць парушынку, што ў воку твайго брата. Бо няма добрага дрэва, якое радзіла б благі плод, няма і благога дрэва, якое радзіла б добры плод. Бо кожнае дрэва з свайго плоду пазнаецца; бо з цёрну не збіраюць фігі і з ажыны вінаградных гронак не зразаюць. Добры чалавек з добрай скарбніцы [свайго] сэрца выносіць добрае, а ліхі [чалавек] з ліхой [скарбніцы свайго сэрца] выносіць ліхое; бо ад перапоўненасці сэрца гавораць яго вусны. Што ж клічаце Мяне: «госпадзе, Госпадзе!», а не робіце таго, што Я кажу? Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае Мае словы і выконвае іх, — Я пакажу вам, да каго ён падобны; падобны ён да чалавека, што будуючы дом, раскапаў і заглыбіўся і заклаў падмурак на скале; калі ж здарылася разводдзе, на той дом хлынула рака, і не змагла яго пахіснуць, боён быў добра збудаваны10. А хтопачуў і не выканаў, той падобны да чалавека, што збудаваў дом на зямлі, без падмурка, хлынула рака на яго, і адразу ён абваліўся, і руіна таго дома была вялікая.

Калі Ён скончыў усе Свае словы да народу, што слухаў Яго, Ён увайшоў у Капернаум. А ў аднаго сотніка быў хворы, пры смерці, слуга, якім ён даражыў. Пачуўшы ж пра Ісуса, ён паслаў да Яго іудзейскіх старэйшын, просячы Яго, каб прыйшоў і выратаваў яго слугу. І яны, прыйшоўшы да Ісуса, горача прасілі, кажучы: Ён варты, каб Ты яму зрабіў для яго гэта; бо ён любіць наш народ, і сам пабудаваў нам сінагогу. І Ісус пайшоў з імі. І калі Ён быў ужо недалёка ад дома, сотнік паслаў сяброў, каб сказаць Яму: Госпадзе, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; таму я і сябе самога не палічыў годным прыйсці да Цябе; але скажы слова і будзе здаровы мой слуга. Бо і я чалавек падуладны, маю пад сабою воінаў і кажу аднаму: «Пайдзі» і ідзе; і другому: «Прыйдзі» і прыходзіць, і свайму слугу: «Зрабі гэта» і ён робіць. Пачуўшы э гэта, Ісус здзівіўся яму і сказаў, павярнуўшыся да натоўпу, што ішоў за Ім: Кажу вам, нават у Ізраіле не знайшоў Я такой вялікай веры. І, пасланцы, вярнуўшыся дадому, знайшлі слугу здаровым. І сталася: неўзабаве пасля гэтага выправіўся Ён у горад, які называўся Наін, і ішлі з Ім Яго вучні і вялікі натоўп. Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, то вось, выносілі памерлага, адзінага сына ў яго маці, а была яна ўдава, і даволі вялікі натоўп з горада быў з ёю. І, убачыўшы яе, Госпад злітаваўся над ёю і сказаў ёй: Не плач. І, падышоўшы, дакрануўся да мараў, насільшчыкі ж спыніліся, і сказаў Ён: Юнача, табе кажу: устань! І мёртвы сеў і пачаў гаварыць, і Ён аддаў яго маці яго. І ўсіх ахапіў страх, і яны славілі Бога, кажучы: Вялікі прарок паўстаў між нас, і Бог наведаў Свой народ. І гэтае слова пра Яго разышлося па ўсёй Іудзеі і па ўсім наваколлі. І паведамілі Іаану яго вучні пра ўсё гэта. І, паклікаўшы двух са сваіх вучняў, Іаан паслаў іх да Госпада [Ісуса]: «Ці Ты Той, што павінен прыйсці, ці чакаць нам іншага?» І, прыйшоўшы да Яго, мужчыны сказалі: Іаан Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытацца: Ці Ты Той, што павінен прыйсці, ці чакаць іншага? У той11 час Ён вылечыў многіх ад хвароб, немачаў і ліхіх духаў і многім сляпым падараваў зрок. І ў адказ Ён сказаў ім: Пайдзіце, паведаміце Іаану тое, што бачылі і чулі: сляпыя робяцца відушчымі, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Дабравесце, і шчаслівы той, хто не ўсумніцца ўва Мне. А калі адышлі Іаанавы пасланцы, Ён пачаў казаць натоўпам пра Іаана: Што выйшлі вы ў пустэльню паглядзець? Ці трыснёг, што гайдаецца ад ветру? Што ж выйшлі вы ўбачыць? Чалавека, увабранага ў мяккія шаты? Дык жа тыя, што ў паглядных уборах і ў раскошы жывуць, знаходзяцца у царскіх палацах. Што ж выйшлі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і большага, чым прарок. Гэта той, пра каго напісана: «Вось Я пасылаю перад Тваім абліччам Майго пасланца, які падрыхтуе Тваю дарогу перад Табою». Кажу вам: Між народжаных ад жанчын няма ніводнага [прарока] большага, чым Іаан [Хрысціцель]; але меншы ў Царстве Божым большы за яго. І ўвесь народ, што слухаў, і зборшчыкі падаткаў прызналі слушнасць Бога, ахрысціўшыся Іаанавым хрышчэннем; фарысеі ж і законнікі адкінулі Божую волю аб сабе, не хрысціўшыся ад яго. [І Госпад сказаў:] Дык з кім параўнаю людзей гэтага пакалення і да каго яны падобныя? Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на рыначнай плошчы і звяртаюцца адно да аднаго, кажучы: «Мы ігралі вам на флейце, а вы не скакалі, мы спявалі [вам] пахавальныя песні, а вы не плакалі». Бо прыйшоў Іаан Хрысціцель — хлеба не есць і віна не п’е, і вы кажаце: «У ім дэман». Прыйшоў Сын Чалавечы — есць і п’е, вы кажаце: «Вось абжорлівы чалавек і віналюб, сябар зборшчыкаў падаткаў і грэшнікаў». Ды апраўдана мудрасць усімі яе дзецьмі. А адзін з фарысеяў прасіў Яго, каб падсілкаваўся з ім; і, Ён увайшоўшы ў фарысееў дом, узлёг пры ядзе. І вось жанчына з таго горада, якая была грэшніцаю, даведаўшыся, што Ён узлягае ў фарысеевым доме, прынесла алебастравы флаконік міра. І, стаўшы ззаду каля Яго ног, пачала, абліваць слязьмі Яму ногі, і валасамі свае галавы выцірала, і цалавала Яго ногі, і мазала мірам. А, убачыўшы гэта, фарысей, што запрасіў Яго, мовіў сам сабе, кажучы: Гэты чалавек, калі б Ён быў прарокам, ведаў бы, хто і якая гэта жанчына дакранаецца да Яго, што яна грэшніца. І ў адказ Ісус сказаў яму: Сімане, Я маю нешта сказаць табе, — А ён кажа: Скажы, Натсаўніку. У аднаго ліхвяра было два даўжнікі: адзін быў вінаваты пяцьсот дынарыяў, а другі — пяцьдзесят. Але, як яны не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх, [скажы,] будзе больш любіць яго? У адказ Сіман сказаў: Думаю, той, каму больш дараваў. — І Ён сказаў яму: Ты правільна разважыў. І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сіману: Ці бачыш гэтую жанчыну? Я ўвайшоў да цябе ў дом, ты вады Мне на ногі не даў; яна ж слязьмі абліла Мае ногі і сваімі валасамі12 выцерла. Пацалунку ты Мне не даў; яна ж з таго часу, як Я ўвайшоў, не пераставала цалаваць Мае ногі. Алеем ты Маёй галавы не памазаў; яна ж мірам памазала Мае ногі. А таму кажу табе: Дараваны ёй шматлікія грахі, бо шмат яна палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць. А ёй сказаў: Дараваны твае грахі. І пачалі тыя, што ўзляглі з Ім, казаць самі сабе: Хто гэта, што грахі даруе? Ён жа сказаў жанчыне: Твая вера ўратавала цябе; ідзі з мірам.

І сталася: неўзабаве пасля гэтага Ён праходзіў па гарадах і сёлах, абвяшчаючы і добравесцячы Царства Божае, і з Ім дванаццаць, і некаторыя жанчыны, што былі вылечаны ад ліхіх духаў і немачаў: Марыя, званая Магдалінаю, з якой выйшла сем дэманаў, і Іаанна, жонка Худзы, Ірадавага аканома, і Сусанна, і многія іншыя, што служылі ім13 сваёю маёмасцю. Калі ж сабраўся вялікі натоўп і папрыходзілі да Яго з усіх гарадоў, Ён выказаўся прыпавесцю: Выйшаў сейбіт пасеяць сваё насенне. І калі сеяў, адно ўпала край дарогі і было патаптана, і нябесныя птушкі падзяўблі яго. А другое ўпала на скалу і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці. А іншае ўпала між церняў, ды церні, вырасшы разам з ім, заглушылі яго. А іншае ўпала ў добрую зямлю і, калі вырасла, дало стакротны плён. — Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў: Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! І Яго вучні пыталіся ў Яго: Што б значыла гэтая прыпавесць? Ён жа сказаў: Вам дадзена пазнаць таямніцы Царства Божага, а астатнім — у прыпавесцях, каб яны бачачы не бачылі і чуючы не разумелі. Вось што азначае гэтая прыпавесць: насенне — гэта слова Божае. І якое край дарогі — гэта тыя, што пачулі, пасля прыходзіць д’ябал і забірае слова з іх сэрца, каб яны не ўверавалі і не былі ўратаваны. А на скале — гэта тыя, што пачуўшы, з радасцю прымаюць слова, ды не маюць кораня, яны вераць да часу і ў часе выпрабавання адступаюць. А ўпалае між церняў — гэта тыя, што пачулі, але, жывучы, душацца турботамі, багаццем і жыццёвымі раскошамі і плёну не даюць. А на добрай зямлі — гэта тыя, што, пачуўшы слова, берагуць у добрым і шчырым сэрцы і ў стойкасці даюць плод. І ніхто, запаліўшы светач, не накрывае яго пасудзінаю ці не ставіць пад ложак, а ставіць яго на падстаўку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло. Бо няма нічога таемнага, што не зробіцца яўным, ні схаванага, што не будзе вядомым і не выявіцца. Дык глядзіце, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дасца; а хто не мае, у таго забярэцца і тое, што, яму здаецца, ён мае. І прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі падступіцца да Яго з-за натоўпу. І паведамілі Яму: Твая Маці і Твае браты стаяць знадворку і хочуць убачыць Цябе. Ён да ў адказ сказаў ім: Мая Маці і Мае браты — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выконваюць яго. І сталася: аднаго дня Ён і Яго вучні ўвайшлі ў лодку, і Ён сказаў ім: Пераплывем на другі бок возера. — І яны ад’ехалі. А калі плылі, Ён заснуў. І наляцеў бурны вецер на возера, і іх пачало заліваць, і яны былі ў небяспецы. І, падышоўшы, яны разбудзілі Яго, кажучы: Настаўніку, Настаўніку, гінем! — І Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляванню вады; і яны супакоіліся, і настала ціша. І Ён сказаў ім: Дзе ваша вера? — Яны ж, перапалоханыя, здзівілся, кажучы адзін аднаму: Хто ж Гэты, што загадвае нават вятрам і вадзе, і яны слухаюцца Яго? І прыплылі ў краіну герасінцаў14, што насупроць Галілеі. Калі ж Ён выйшаў на зямлю, перастрэў Яго адзін чалавек з горада, апантаны дэманамі; і даволі доўгі час ён не надзяваў вопраткі і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах. Убачыўшы ж Ісуса, ён закрычаў, упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: Што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Усявышняга Бога? Малю Цябе, не муч мяне. Бо Ён загадаў нячыстаму духу выйсці з гэтага чалавека. Бо доўгі час ён хапаў яго і звязалі таго ланцугамі і кайданамі і сцераглі, ды ён разрываў аковы, і дэман гнаў яго ў пустэльні. І Ісус спытаўся ў яго: Як тваё імя? — Ён да сказаў: Легіён, — таму што шмат дэманаў увайшло ў яго. І яны прасілі Яго, каб не загадаў ім ісці ў бяздонне. А там быў вялікі гурт свіней, якія пасвіліся на гары; і папрасілі Яго, каб дазволіў ім увайсці ў тых. І Ён дазволіў ім. І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў свіней, і рынуўся гурт са стромы ў возера і ўтапіўся. Пастухі ж, убачыўшы, што зрабілася, паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках. І тыя выйшлі паглядзець, што здарылася, і прыйшлі да Ісуса і знайшлі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзіць у нагах Ісуса апрануты і ў здаровым розуме, і перапалохаліся. Відавочцы ж расказалі ім, як быў уратаваны апантаны дэманамі. І ўвесь народ Герасінскай ваколіцы папрасіў Яго адысці ад іх, бо вялікі страх ахапіў іх; і Ён, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся. А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім; Ён жа адпусціў яго, кажучы: Вяртайся ў свой дом і расказвай, як шмат зрабіў табе Бог. — І той пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, як шмат зрабіў яму Ісус. І калі Ісус вяртаўся, яго прымаў натоўп; бо ўсе чакалі Яго. І вось прыйшоў чалавек імем Іяір, які быў начальнікам сінагогі, і, упаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсці ў яго дом, бо ў яго была адзіная дачка гадоў каля дванаццаці, і яна памірала. І калі Ён ішоў, натоўпы напіралі на Яго. І жанчына, што цярпела на крывацёк дванаццаць гадоў і выдала на дактароў усю маёмасць, і ніхто не мог яе вылечыць, — падышоўшы ззаду, дакранулася да краю Яго вопраткі, і адразу спыніўся ў яе крывацёк. І Ісус спытаўся: Хто дакрануўся да Мяне? — Калі ж усе адмаўляліся, Пётр сказаў [і тыя, што з ім]: Настаўніку, натоўпы абступілі Цябе і сціскаюць, [а Ты пытаешся: «Хто дакрануўся да Мяне?»] Ісус жа сказаў: Хтосьці дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, што выйшла з Мяне. Жанчына ж, убачыўшы, што не ўтаілася, падышла дрыжучы і, упаўшы перад Ім, аб’явіла [Яму] перад усім народам, з якое прычыны дакранулася да Яго, і як адразу вылечылася. Ён жа сказаў ёй: [Мацуйся], дачка, твая вера ўратавала цябе; ідзі з мірам. Калі яшчэ Ён гаварыў, прыходзіць адзін з дому начлаьнікам сінагогі, кажучы: Памерла твая дачка; не турбуй больш Настаўніка. Але Ісус, пачуўшы гэта, адказаў яму: Не бойся, толькі веруй, і яна будзе ўратавана. І, прыйшоўшы ў дом, Ён не дазволіў увайсці з Ім нікому, акрамя Пятра, Іаана і Іякава, і бацькі дзяўчынкі, і маці. А ўсе плакалі па ёй і білі сябе ў грудзі. Ён жа сказаў: Не плачце, бо яна не памерла, а спіць. І насміхаліся з Яго, ведаючы, што яна памерла. Ён жа, узяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: Дзяўчынка, устань! І вярнуўся дух яе, і яна зараз жа ўстала, і Ён распарадзіўся, каб далі ёй есці. І ўразіліся яе бацькі; Ён жа загадаў ім нікому не расказваць пра тое, што адбылося.

Склікаўшы ж дванаццаць, Ён даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі і вылечваць хваробы і паслаў іх абвяшчаць Царства Божае і вылечваць [нямоглых], і сказаў ім: Нічога не бярыце ў дарогу: ні посаха, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і не майце па два хітоны. І ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выходзьце ў дарогу. А калі дзе не прымуць вас, выходзячы з таго горада, абтрасіце пыл з вашых ног у сведчанне на іх. І, выйшаўшы, яны праходўзілі па сёлах, дабравесцячы і вылечваючы ўсюду. Пачуў жа пра ўсе выдарэнні Ірад чацвёраўладнік і не ведаў, што і думаць, бо некаторыя казалі, што Іаан быў уваскрэшаны з мёртвых, а некаторыя, што Ілія з’явіўся, а іншыя, што ўваскрэс адзін са старажытных прарокаў. І сказаў Ірад: Іаана я абезгаловіў. Хто ж Гэты, пра Каго я чую такое? — І дамагаўся ўбачыць Яго. А апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што зрабілі. І, узяўшы іх з Сабою, Ён падаўся асобна ў горад, званы15 Віфсаіда. Але натоўпы, даведаўшыся, пайшлі ўслед за Ім; і Ён, прыняўшы іх, казаў ім пра Царства Божае і тых, што мелі патрэбу ў лячэнні, вылечыў. А дзень пачаў хіліцца да вечара; і, падышоўшы, дванаццаць сказалі Яму: Адпусці натоўп, каб, пайшоўшы ў навакольныя сёлы і вёскі, спыніліся і знайшлі ежу, бо мы тут у пустэльнай мясціне. Ён жа сказаў ім: Вы дайце ім есці. — Яны ж сказалі: Няма ў нас больш як пяць хлябоў ды дзве рыбы, хіба што мы пойдзем і купім яды для ўсяго гэтага народу. Бо было каля пяці тысяч мужчын. Але Ён сказаў Сваім вучням: Рассадзіце іх групамі [прыблізна] па пяцьдзесят. І яны зрабілі так і рассадзілі ўсіх. Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, глянуўшы на неба, добраславіў іх і разламаў, і даваў вучням, каб разносілі натоўпу. І елі і наеліся ўсе, і назбіралі пазасталых у іх кавалкаў дванаццаць кошыкаў. І сталася: калі Ён маліўся на адзіноце, з Ім былі вучні, і Ён спытаўся ў іх, кажучы: Кім Мяне лічаць натоўпы? Яны ж у адказ сказалі: Іаанам Хрысціцелем, некаторыя ж Іліёю, а іншыя, што ўваскрэс адзін са старажытных прарокаў. І сказаў ім: А вы кім Мяне лічыце? — Пётр жа у адказ сказаў: Хрыстом Божым. Ён жа, забараніўшы ім, загадаў нікому гэтага не казаць, сказаўшы: Сыну Чалавечаму належыць шмат выцерпець, і быць адрынутым старэйшынамі, першасвятарамі, і кніжнікамі, і быць забітым, а на трэці дзень быць ўваскрэшаным. І да ўсіх казаў: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і штодня бярэ свой крыж, і ідзе ўслед за Мною. Бо хто хоча сваё жыццё16 ўратаваць, той загубіць яго17; а хто загубіць сваё жыццё дзеля Мяне, той уратуе яго. Бо што за карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а самога сябе загубіць ці пашкодзіць сабе? Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Бацькавай, і святых Анёлаў. Кажу ж вам па праўдзе: Некаторыя з тых, што стаяць тут, не спазнаюць смерці, як ужо ўбачаць Царства Божае. І сталася: пасля гэтых слоў дзён праз восем Ён, узяўшы Пятра, Іаана і Іякава, узышоў на гару памаліцца. І калі Ён маліўся, выгляд Яго аблічча зрабіўся іншым, Яго ўбранне — белым, бліскучым. І вось два мужы размаўлялі з Ім, гэта былі Маісей і Ілія, што, з’явіўшыся ў славе, казалі пра Яго адыход, які належала Яму здейсніць у Іерусаліме. Пятра ж і тых, хто быў з Ім, змарыў сон; а прачнуўшыся, яны ўбачылі Яго славу і двух мужоў, што стаялі з Ім. І сталася: калі тыя адыходзілі ад Яго, Пётр сказаў Ісусу: Настаўніку, добра нам тут быць, і давайце зробім тры палаткі, адну Табе, адну Маісею і адну Іліі, — не ведаючы, што кажа. І калі ён казаў гэта, паўстала воблака і ахінула іх; яны ж спалохаліся, калі ўвайшлі ў воблака. І голас пачуўся з воблака, кажучы: Гэта Мой Сын, Абраны18; Яго слухайце! І калі голас прагучаў, Ісус апынуўся адзін. І яны маўчалі і нікому не расказвалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі. І сталася: на другі дзень, калі яны зышлі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп. І вось, чалавек з натоўпу закрычаў, кажучы: Настаўніку, малю Цябе паглядзець на майго сына, бо Ён адзіны ў мяне. і вось, дух хапае яго, і ён раптам крычыць, і курчыць яго, аж той пену пускае, і ледзь адступае ад яго, змучыўшы яго; і я прасіў Тваіх вучняў, каб выгналі яго, ды яны не змаглі. У адказ жа Ісус сказаў: О пакаленне бязвернае і разбэшчанае, дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды свайго сына! І калі яшчэ той падыходзіў, дэман кінуў яго і скурчыў; але Ісус забараніў нячыстаму духу, і вылечыў хлопца, і аддаў яго бацьку. І ўсе ўразіліся велічы Божай. Калі ўсе дзівіліся ўсяму таму, што рабіў Ісус, Ён сказаў Сваім вучням: Укладзіце сабе ў вушы гэтыя словы: Сын Чалавечы будзе выданы ў людскія рукі. Яны ж не разумелі гэтага слова. І яно было закрыта ад іх, так што яны не спазналі яго, і яны баяліся спытацца ў Яго аб гэтым слове. І прыйшло ім на думку, хто з іх большы. Ісус жа, ведаючы думку іх сэрца, узяў дзіцятка і паставіў яго каля Сябе і сказаў ім: Хто прыме гэтае дзіцятка ў Маё імя, Мяне прымае; і хто Мяне прыме, прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо хто меншы між усіх вас, той вялікі. У адказ жа Іаан сказаў: Настаўніку, мы бачылі аднаго, што Тваім імем выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць з намі. А Ісус сказаў яму: Не забараняйце; бо хто не супроць вас, той за вас. І сталася: калі спаўняліся дні Яго ўзяцця ў неба, Ён цвёрда скіраваў Сваё аблічча да Іерусаліма. І выслаў перад Сабою пасланцоў. І, выправіўшыся, тыя ўвайшлі ў самарыцянскае сяло, каб падрыхтаваць усё для Яго. Ды не прынялі Яго, бо Яго аблічча выдавала, што Ён ідзе ў Іерусалім. Убачыўшы ж гэта, [Яго] вучні Іякаў і Іаан сказалі: Госпадзе, хочаш, мы скажам, каб агонь зышоў з неба і знішчыў іх, [як і Ілія зрабіў]. Але Ён, павярнуўшыся, забараніў ім, [і сказаў: Не ведаеце, якога вы духа: бо Сын Чалавечы не прыйшоў душы людзей загубіць, але ўратаваць.] І яны пайшлі ў другое сяло. І [сталася:] калі яны ішлі, хтосьці ў дарозе сказаў Яму: Я пайду ўслед з Табою, куды б Ты, [Госпадзе], ні ішоў. І сказаў яму Ісус: Лісы маюць норы, і нябесныя птушкі — гнёзды, а Сыну Чалавечаму няма дзе галаву прыхіліць. І сказаў другому: Ідзі ўслед за Мною. — Ён жа сказаў: Госпадзе, дазволь Мне пайсці спярша пахаваць майго бацьку. Але Ён сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых. Ты ж ідзі і абвяшчай Царства Божае. Сказаў жа і другі: Я пайду ўслед за Табою, Госпадзе; але спярша дазволь мне развітацца з маімі дамашнімі. Ісус сказаў [яму]: Ніводны чалавек, хто паклаў [сваю] руку на плуг і азіраецца назад, не прыдатны для Царства Божага.

Пасля гэтага Госпад прызначыў іншых семдзесят [двух] і паслаў іх па двух перад Сваім абліччам у кожны горад і месца, куды Сам збіраўся ісці. І сказаў ім: Жніво вялікае, а работнікаў мала; дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на Сваё жніво. Ідзіце! Вось пасылаю вас, як ягнят паміж ваўкоў. Не насіце з сабою ні кашалька, ні торбы, ні сандаляў, і нікога ў дарозе не вітайце. І калі ўвойдзеце ў які дом, спярша кажыце: «Мір гэтаму дому». І калі будзе там сын міру, то ваш мір спачне на ім, калі ж не, то на вас вернецца. І ў гэтым доме заставайцеся, ядучы і п’ючы, што яны маюць; бо варты работнік сваёй платы. Не пераходзбце з дому ў дом. І калі ў які горад увойдзеце і вас прымуць, ешце, што вам пададуць, І вылечвайце ў ім хворых і кажыце ім: «Наблізілася да вас Царства Божае». А калі ў які горад увойдзеце і вас не прымуць, то, выйшаўшы на яго вуліцы, скажыце: «Нават пыл, што прыліп да нашых ног з вашага горада, мы страсаем вам; аднак ведайце тое, што наблізілася [да вас] Царства Божае». Кажу вам, што Садому ў той дзень будзе лягчэй, чым таму гораду. Бяда табе, Харадзіне! Бяда табе, Віфсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне адбыліся цуды, што адбыліся ў вас, яны б дайўно, седзячы ў валасяніцы і попеле, пакаяліся. Але Тыру і Сідону будзе лягчэй на судзе, чым вам. І ты, Капернауме, ці да неба будзеш узвышаны?19 Да пекла зыдзеш20. Хто слухае вас, Мяне слухае, а хто вас адкідае, Мяне адкідае, хто ж Мяне адкідае, адкідае Таго, Хто паслаў Мяне. Вярнуліся ж семдзесят [два] з радасцю, кажучы: Госпадзе, нават дэманы пакараюцца нам у Тваё імя. Ён жа сказаў ім: Бачыў Я Сатану, што, як маланка, спадаў з неба. Вось, Я даў21 вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не зашкодзіць вам. Але не радуйцеся таму, што духі вам пакараюцца, а радуйцеся, што вашы імёны запісаны ў нябёсах. У гэты самы час Ён узрадаваўся ў Святым Духу і сказаў: Усхваляю Цябе, Татухна, Госпадзе неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта малым дзецям; так, Татухна, бо такое было Тваё ўпадабненне. Усё22 перададзена Мне Маім Бацькам; і ніхто не ведае, хто ёсць Сын, акрамя Бацькі, і хто ёсць Бацька — акрамя Сына і таго, каму Сын хоча Яго адкрыць. І, павярнуўшыся да вучняў, асобна сказаў: Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце. Бо кажу вам, што шмат прарокаў і цароў хацелі ўбачыць тое, што бачыце вы, і не ўбачылі, і пачуць, што чуеце вы, і не пачулі. І вось устаў адзін законнік і, выпрабоўваючы Яго спытаўся: Настаўніку, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё? Ён жа сказаў яму: У Законе што напісана? Як чытаеш? Той жа ў адказ сказаў: «Любі Госпада, твайго Бога, усім тваім сэрцам, і ўсёю тваёю душою, і усёю сілай, і ўсім тваім розумам; і твайго блізкага, як самога сябе». Ён жа сказаў яму: Ты правільна адказаў; рабі гэта і будзеш жыць. А ён, хочучы апраўдаць сябе, сказаў Ісус: А хто мой блізкі? Ісус на гэта адказаў: Адзін чалавек спускаўся з Іерусаліма ў Іерыхон і трапіў да разбойнікаў, якія, раздзеўшы яго і збіўшы, пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкам спускаўся тою дарогаю адзін святар і, убачыўшы яго, прайшоў другім бокам. Гэтак жа і лявіт, прыйшоўшы на тое месца і ўбачыўшы, прайшоў другім бокам. А адзін самаранін, праязджаючы, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся. і, падышоўшы, перавязаў яму раны, узліваючы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу і паклапаціўся пра яго. І на другі дзень, выняўшы два дынарыі, даў гаспадару гасцініцы і сказаў: Паклапаціцеся пра Яго, а калі што больш патраціш, я, вяртаючыся, аддам табе. Хто з гэтых трох, думаецца табе, быў блізкі таму, што трапіў да разбойнікаў. Ён жа сказаў: Той, хто зрабіў яму ласку. — І Ісус сказаў яму: Ідзі, і ты рабі гэтак. І калі яны ішлі, Ён увайшоў у адно сяло. І адна жанчына, імем Марфа, прыняла Яго [у свой дом]. І была ў яе сястра — звалася Марыям, якая прысела ў нагах Ісуса і слухала Яго слова. Марфа ж завіхалася ў многіх паслугах; і, падышоўшы, сказала: Госпадзе, ці ж не абыходзіць Табе, што мая сястра адну мяне пакінула прыслугоўваць? Дык скажы ёй, каб яна мне дапамагла. Але Госпад23 сказаў ёй у адказ: Марфа, Марфа, турбуешся ты і непакоішся пра многае, а ў адным ёсць патрэба: Марыям жа выбрала найлепшую долю, якая не адымецца ў яе.

І сталася: калі Ён у адным месцы маліўся і перастаў, хтосьці з Яго вучняў сказаў Яму: Госпадзе, навучы нас маліцца, як і Іаан навучыў сваіх вучняў. І Ён сказаў ім: Калі моліцеся, кажыце: Татухна [наш, які ў нябёсах], няхай асвяціцца імя Тваё; няхай прыйдзе Царства Тваё; [няхай здзейсніцца воля Твая як у небе, так і на зямлі]; хлеб наш надзённы давай нам штодня; і даруй на нашы грахі, бо і мы даруем кожнаму вінаватаму нам; і не ўвядзі нас у спакусу, [але выбаў нас ад ліхога]. І сказаў ім: Хто з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: «Дружа, пазыч мне тры хлябы, таму што прыйшоў да мяне з дарогі мой сябра, а я не маю чаго падаць яму; і той у адказ з дому скажа: «Не рабі мне клопату; ужо дзверы зачынены, і дзеці мае са мною ў пасцелі; не магу я ўстаць і даць табе»? Кажу вам: калі ён і не ўстане і не дасць яму дзеля таго, што ён яго сябра, то з-за яго дакучлівасці падымецца і дасць яму, колькі трэба. І Я вам кажу: прасіце і вам будзе дадзена, шукайце і знойдзеце, стукайце і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і таму, хто стукае, адчыняюць. І які з вас бацька, калі сын папросіць [у яго хлеба, падасць яму камень? Ці, калі папросіць] рыбу, замест рыбы падасць яму змяю? Або таксама, калі папросіць яйка, падасць яму скарпіёна? Дык калі вы, будучы ліхімі, умееце даваць добрыя дары сваім дзецям, то тым больш Нябесны Бацька дасць Святога Духа тым, што просяць у Яго. І аднаго разу выганяў Ён дэмана, [а ён быў] нямы; і сталася: калі дэман выйшаў, нямы загаварыў і дзівіліся натоўпы. А некаторыя з іх сказалі: Веельзевулам, уладаром дэманаў, выганяе Ён дэманаў. А іншыя, выпрабоўваючы, дамагаліся ад Яго знака з неба. Ён жа, ведаючы іх думкі, сказаў ім: Кожнае царства, само супроць сябе падзеленае, пустошыцца, і дом на дом падае. Калі ж і сатана сам супроць сябе падзяліўся, як устоіць яго царства? А вы кажаце, што Я Веельзевулам выганяю дэманаў. Калі ж Я Веельзевулам выганяю дэманаў, то кім выганяюць вашы сыны? Таму яны будуць вам суддзямі. Калі ж пальцам Божым [Я] выганяю дэманаў, то прыйшло да вас Царства Божае. Калі дужы, узброіўшыся, ахоўвае свой двор, то ў бяспецы яго маёмасць. Калі ж дужэйшы за яго, напаўшы, пераможа яго, то забірае ўсю яго зброю, на якую той спадзяваўся, і раздае здабытае ў яго. Хто не са Мною, той супроць Мяне, і хто не збірае са Мною, то раскідае. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то блукае бязводнымі мясцінамі, шукаючы спакою і не знаходзячы; [тады] кажа: «Вярнуся ў свой дом, адкуль выйшаў»; і, прыйшоўшы, знаходзіць яго падмеценым і прыбраным. Тады ідзе і бярэ сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, увайшоўшы, яны пасяляюцца там, і апошняе робіцца таму чалавеку горшае за першае. І сталася: калі Ён казаў гэта, адна жанчына з натоўпу, узвысіўшы голас, сказала Яму: Шчаслівае ўлонне, якое вынасіла Цябе, і грудзі, якія Ты ссаў. А Ён сказаў: Тым болей шчаслівыя тыя, што слухаюць Божае слова і выконваюць [яго]. А калі сталі збірацца натоўпы, ён пачаў казаць: Гэтае пакаленне — пакаленне ліхое, яно знаку вымагае, ды знаку яму не будзе дадзена, апрача знака Іоны [прарока]. Бо як Іона быў знакам для ніневіцян, так будзе і Сын Чалавечы для гэтага пакалення. Царыца Поўдня паўстане на судзе з людзьмі гэтага пакалення і асудзіць іх, таму што яна прыйшла з канцоў зямлі, каб паслухаць Саламонаву мудрасць, і вось, тут большае за Саламона. Людзі ніневійскія ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго; бо яны пакаяліся ад Іонавай пропаведзі, і вось тут большае за Іону. Ніхто, запаліўшы светач, не ставіць у патайное месца, [ні пад пасудзіну], але на падстаўку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло. Светач цела — тваё вока. [Дык] калі тваё вока чыстае, то і ўсё тваё цела [будзе] яснае; калі ж — ліхое, то і цела тваё [будзе] цёмнае. Дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не была цемраю. Калі ж усё тваё цела светлае і не мае ніводнай цёмнай часцінкі, то будзе яго ўсё светлае, нібы светач сваім ззяннем асвятляе цябе. І калі Ён гэта сказаў, просіць Яго адзін фарысей, каб паабедаў у яго; і Ён, увайшоўшы, узлёг. Фарысей жа, буачыўшы, здзівіўся, што Ён спярша не ўмыўся перад абедам. Госпад жа сказаў яму: цяпер вы, фарысеі, чашу і міску ачышчаеце звонку, а ваша нутро поўнае хцівасці і зласлівасці. Неразумныя! Хіба Той, Хто стварыў вонкавае, не стварыў і ўнутранае? Але дайце тое, што ў сярэдзіне сэрца, як міласціну, і вось, усё ў вас [будзе] чыстае. Але бяда вам, фарысеям, бо вы даяце дзесяціну з мяты, руты і ўсялякай агародніны, ды абмінаеце суд і Божую любоў; і гэта належала зрабіць, і таго не ўпусціць. Бяда вам, фарысеям, бо вы любіце першыя месцы ў сінагогах і прывітанні на рыначных плошчах. Бяда вам, [кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі], што вы — як магілы непазначаныя, і людзі ходзяць зверху, ды не ведаюць. І ў адказ адзін з законнікаў кажа Яму: Настаўніку, кажучы гэта, Ты і нас абражаеш. А Ён сказаў: І вам, законнікам, бяда, бо вы ўскладаеце на людзей празмерныя цяжары, а самі ніводным сваім пальцам не дакранаецеся да гэтых цяжараў. Бяда вам, бо вы будуеце надмагільныя помнікі прарокам, — а вашы бацькі забілі іх. Значыць, вы сведкі24 і ўхваляеце ўчынкі сваіх бацькоў, бо яны забілі іх, вы ж будуеце [ім магільні]. Таму і мудрасць Божая сказала: «Пашлю ім прарокаў і Апосталаў, і некаторых з іх заб’юць і будуць гнаць, каб кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэння свету, была спагнана з гэтага пакалення, ад крыві Авеля да крыві Захарыі, які загінуў між ахвярнікам і храмам. Так, кажу вам: яна будзе спагнана з гэтага пакалення. бяда вам, законнікам, бо вы ўзялі ключ ведаў: самі не ўвайшлі і перашкодзілі тым, што ўваходзілі. І калі Ён выйшаў адтуль25, пачалі кніжнікі і фарысеі моцна наступаць на Яго і выпытваць у Яго шмат пра што, падпільноўваючы Яго [і шукаючы], каб падлавіць што-небудзь з Яго вуснаў, [каб абвінаваціць Яго.]

Тым часам, калі сабраліся дзесяткі тысяч натоўпу, так што людзі тапталі адзін аднаго, Ён пачаў казаць спярша Сваім вучням: Сцеражыцеся закваскі фарысеяў, гэта значыць крывадушнасці. Няма ж нічога схаванага, што не будзе адкрыта, і таемнага, што не будзе вядомым. Таму тое, што казалі вы ў цемры, пры святле будзе ўчута, і што вы прамовілі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана на дахах. І Я кажу вам, Маім сябрам: не бойцеся тых, што забіваюць цела, і пасля гэтага больш нічога не могуць зрабіць. Але пакажу вам, каго баяцца: бойцеся Таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену. Так, кажу вам, Гэтага бойцеся. Ці не пяць вераб’ёў прадаюцца за два асарыі? І ніводзін з іх не забыты ў Бога. А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Не бойцеся: вы даражэйшыя за шмат вераб’ёў. Кажу ж вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад Божымі Анёламі; а хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, будзе адкінуты перад Божымі Анёламі. І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца; а таму, хто скажа блюзнерства на Святога Духа, — не даруецца. А калі прывядуць вас у сінагогі, і да начальства, і да ўлад, не турбуйцеся, як або чым апраўдацца ці што сказаць; бо Святы Дух навучыць вас у тую часіну, што трэба сказаць. І нехта з натоўпу сказаў Яму: Настаўніку, скажы майму брату, каб ён падзяліў са мною спадчыну. Ён жа сказаў яму: Чалавеча, хто Мяне паставіў суддзёю або дзялільшчыкам над вамі? І Ён сказаў ім: Глядзіце, асцерагайцеся ўсялякай хцівасці, бо нічыё жыццё не залежыць ад багацця яго маёмасці. І сказаў ім прыпавесць, кажучы: У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла зямля. І ён разважаў сам сабе, кажучы: Што мне рабіць, бо не маю куды сабраць свае плады? І сказаў Вось што зраблю, разбяру мае свірны і пабудую большыя і збяру туды ўсё збожжа26 і ўсё маё дабро, і скажу маёй душы: «Душа, маеш шмат дабра, на шмат гадоў складзенага; адпачывай, еш, пі, весяліся». Ды Бог сказаў яму: Неразумны, гэтай начы запатрабуюць тваю душу ад цябе; а тое, што ты нарыхтаваў, каму дастанецца? Так бывае з тым, хто збірае скарбы для сябе, а не багацее для Бога. І Ён сказаў Сваім вучням: Дзеля таго кажу вам: не турбуйцеся пра [ваша] жыццё, што вам есці, ні пра цела, у што вам адзецца. Бо жыцце большае за яду і цела — за адзенне. Паглядзіце на крумкачоў, што не сеюць, і не жнуць, няма ў іх ні кладоўкі, ні свірна, а Бог корміць іх. Наколькі вы даражэйшыя за птушак! Хто ж з вас, турбуючыся, можа дабавіць да свайго росту27 хоць бы локаць?28 Дык калі вы і найменшага не можаце, чаго турбуецеся пра астатняе? Паглядзіце на лілеі, як яны растуць: не працуюць і ні прадуць; але кажу вам, нават Саламон ува ўсёй сваёй славе не адзяваўся так, як кожная з іх. Калі ж траву, якая сёння ёсць у полі, а заўтра ў печ будзе ўкінута, Бог так убірае, то тым больш вас, малаверы! І вы не шукайце, што вам есці і што вам піць, і не трывожцеся: бо ўсяго гэтага шукаюць народы свету, Бацька ж ваш ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым. Толькі шукайце Яго29 Царства і гэта [ўсё] дадасца вам. Не бойся, малая чародка, бо ваш Бацька меў ласку даць вам Царства. Прадавайце вашу маёмасць і падавайце міласціну; і зрабіце сабе кашалі, якія не старэюць, скарб невычэрпны ў нябёсах, куды злодзей не прыблізіцца і дзе моль не знішчае; бо дзе ваш скарб, там будзе і ваша сэрца. Няхай будуць вашы паясніцы падпяразаныя і свяцільні гараць; а вы будзьце падобнымі да людзей, што чакаюць свайго гаспадара, калі ён вернецца з вяселля, каб, як прыйдзе і пастукае, адразу адчыніць яму. Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане нядрэмнымі; праўду кажу вам, што ён падперажэ і пасадзіць іх і, падышоўшы, будзе слугаваць ім. І калі ў другую, і калі ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх гэтак, шчаслівыя тыя [слугі]! Вы ж знайце гэта, што калі б гаспадар дома ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то [не спаў бы і] не дапусціў бы падкапаць свой дом. [Дык] і вы будзьце гатовы, бо ў гадзіну, у якую не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы. І Пётр сказаў [Яму]: Госпадзе, ці нам кажаш гэтую прыпавесць, ці і ўсім? І сказаў Госпад: Дык хто ж верны эканом, разумны, якога гаспадар паставіць над сваёю чэляддзю, каб даваць у свой час меру хлеба? Шчаслівы той слуга, якога яго гаспадар, прыйшоўшы, застане, што ён робіць так. Праўдзіва кажу вам, што ён паставіць яго над усёю яго маёмасцю. А калі той слуга скажа ў сэрцы сваім: «Позніцца мой гаспадар прыйсці», і пачне біць слуг і служанак, і есці, і піць, і напівацца, то прыйдзе гаспадар таго слугі ў дзень, у які той не чакае, і ў гадзіну, якой той не ведае, і рассячэ яго папалам і вызначыць яму адну долю з нявернымі. Той жа слуга, што ведаў волю свайго гаспадара, а не падрыхтаваў або не зрабіў паводле яго волі, будзе многа біты. А той, які не ведаў, але зрабіў нешта вартае біцця, будзе меней біты. Кожнаму, каму шмат было дадзена, з таго шмат спагоніцца, і каму шмат даручана, з таго больш запатрабуецца. Агонь Я прыйшоў кінуць на зямлю, і як Я хачу, каб ён ужо запалаў! Хрышчэннем жа Я павінен быць ахрышчаны, і як Я пакутую пакуль гэта нездзейсніцца. Ці вы думаеце, што Я прыйшоў даць мір на зямлі? Не, кажу вам, а хутчэй падзел! Бо ад гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзелены: тры супроць двух і два супроць трох, падзеляцца: бацька супроць сына і сын супроць бацькі, маці супроць дачкі і дачка супроць маці, свякроў супроць сваёй нявесткі і нявестка супроць [сваёй] свекрыві. Ён казаў жа натоўпам: Калі бачыце, што хмара падымаецца на захадзе30, вы адразу кажаце: «Надыходзіць лівень», — і бывае так; а калі дзьме паўднёвы вецер, то кажаце: «Будзе спёка», — і яна бывае. Крывадушнікі, твар зямлі і неба распазнаць вы ўмееце, як жа часу гэтага не ўмееце распазнаць? Што ж вы і самі па сабе не судзіце, што правільнае? Бо калі ты ідзеш са сваім праціўнікам да начальніка, то ў дарозе пастарайся дайсці з ім да згоды, каб не пацягнуў ён цябе да суддзі; а суддзя аддасць цябе выканаўцу, а выканаўца кіне цябе ў турму. Кажу табе, не выйдзеш ты адтуль, пакуль не аддасі і апошняй лепты.

І ў гэты ж час прыйшлі некаторыя і паведамілі Яму пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. І ў адказ Ён31 сказаў ім: Ці думаеце вы, што гэтыя галілеяне былі больш грэшныя за ўсіх галілеян, калі яны гэтак пацярпелі? Не, кажу вам, але калі вы не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце. Або тыя васямнаццаць, на якіх упала вежа ў Сілааме і забіла іх, — ці думаеце вы, што яны былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, што жывуць у Іерусаліме? Не, кажу вам, але калі вы не пакаецеся, усе гэтак жа загінеце. І Ён казаў гэтую прыпавесць: У аднаго чалавека ў вінаградніку было пасаджана фігавае дрэва, і прыйшоў ён шукаць на ім плоду, і не знайшоў. І ён сказаў вінаградару: Вось тры гады, як я прыходжу шукаць плоду на гэтым фігавым дрэве і не знаходжу; [дык] ссячы яго, навоўта яно і зямлю марнуе? Але той у адказ яму кажа: Гаспадару, пакінь яго і на гэты год, пакуль я не абкапаю яго і не абкладу гноем, ці не дасць плоду на наступны год? Калі ж не, ссячэш яго. І навучаў Ён у адной з сінагог у суботу. І вось была там жанчына, што васямнаццаць гадоў мела духа немачы, і была яна скурчаная і не магла зусім выпрастацца. І Ісус, убачыўшы яе, паклікаў і сказаў ёй: Жанчына, ты вызваленая ад твае немачы. І Ён усклаў на яе рукі, і яна зараз жа выпрасталася і славіла Бога. У адказ жа на гэта начальнік сінагогі, абурыўшыся, што Ісус вылечыў у суботу, сказаў да натоўпу: «Ёсць шэсць дзён, у якія належыць працаваць; таму ў гэтыя дні прыходзьце і вылечвайцеся, а не ў суботні дзень. І адказаў яму Госпад і сказаў: Крывадушнікі32, ці ж не кожны з вас у суботу адвязвае свайго вала ці асла ад ясляў і вядзе паіць? А гэтую — Аўраамаву дачку, якую звязаў сатана вось ужо васямнаццаць гадоў, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у суботні дзень? І калі Ён казаў гэта, засаромеліся ўсе Яго супраціўнікі, а ўвесь натоўп цешыўся з усіх слаўных учынкаў, якія Ён рабіў. Дык Ён казаў: Да чаго падобнае Царства Божае і з чым яго параўнаю? Яно падобнае да гарчычнага зярняці, якое чалавек, узяўшы, кінуў у свой сад, і вырасла яно і стала [вялікім] дрэвам, і нябесныя птушкі гняздзіліся ў голлі яго. І зноў сказаў Ён: З чым параўнаю Царства Божае? Яно падобнае да закваскі, якую ўзяла жансына і паклала ў тры саты33 мукі, пакуль усё не ўкісла. І праходзіў Ён па гарадах і сёлах, навучаючы і кіруючыся ў Іерусалім. І нехта сказаў Яму: Госпадзе, ці нямногія будуць уратаваны? — А Ён адказаў ім: Змагайцеся, каб увайсці праз вузкія дзверы34, бо многія, кажу вам, будуць імкнуцца ўвайсці, але не змогуць. Калі ўстане Гаспадар дома і зачыніць дзверы, і вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: «Госпадзе, [Госпадзе,] адчыні нам», а Ён у адказ скажа вам: «Не ведаю вас, адкуль вы». Тады вы пачняце казаць: «Мы елі перад Табою і пілі, і на нашых вуліцах навучаў Ты». А Ён скажа, мовячы вам: [Кажу вам:] не ведаю [вас], адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, што чыняць няправеднасці. Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўбачыце Аўраама, і Ісаака, і Іякава, і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, а вас выкідваюць вон. І прыйдуць з усходу і захаду, і з поўначы і поўдня, і ўзлягуць у Царстве Божым. І вось ёсць апошнія, якія будуць першымі, і ёсць першыя, якія будуць апошнімі. У гэтую ж гадзіну35 падышлі некаторыя з фарысеяў, кажучы Яму: Выйдзі і ідзі адсюль, бо Ірад хоча забіць Цябе. А Ён сказаў ім: Пайдзіце і скажыце гэтаму лісу: вось Я выганяю дэманаў і вылечваю сёння і заўтра, і на трэці дзень скончу. Але Мне трэба хадзіць сёння, і заўтра, і ў наступны [дзень], бо немажліва, каб прарок загінуў па-за Іерусалімам. Іерусалім, Іерусалім, што забівае прарокаў і каменуе пасланых да яго! Колькі разоў Я хацеў сабраць тваіх дзяцей, як птушка сваіх птушанят пад крылле, ды вы не захацелі! Вось павідаецца вам дом ваш [пусты]. Кажу [ж] вам: Вы не ўбачыце Мяне, пакуль не [прыйдзе час, калі] скажаце: Дабраславёны Той, Хто прыходзіць у імя Госпада!»

І сталася: калі Ён прыйшоў у суботу ў дом аднаго з фарысейскіх начальнікаў з’есці хлеба, яны сачылі за Ім. І вось перад Ім быў адзін чалавек, хворы на вадзянку. І, азваўшыся, Ісус спытаўся ў законнікаў і фарысеяў, кажучы: Ці дазваляецца вылечваць у суботу ці не? Яны ж змаўчалі. І, дакрануўшыся да хворага, Ён вылечыў яго і адпусціў. А ім Ён сказаў: Хіба хто з вас, у каго сын36 або вол уваліцца ў студню, не выцягне яго зразу ж, у суботні дзень? І яны не змаглі адказаць на гэта. І казаў Ён запрошаным прыпавесць, бо заўважыў, як яны выбіралі сабе першыя месцы, і сказаў ім: Калі хто запросіць цябе на вяселле, не ўзлягай на першае месца; каб часам хто важнейшы за цябе не быў запрошаны ім і не прыйшоў бы той, хто паклікаў цябе і яго, і не сказаў табе: «Дай яму месца», і тады ты з сорамам пачнеш займаць апошняе месца. Але калі запросяць, пайдзі і ўзляж на апошняе месца, каб той, хто паклікаў цябе, прыйшоўшы, сказаў табе: «Дружа, падыміся вышэй»; тады табе будзе гонар перад усімі, хто з табою ўзлягае. Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, будзе ўзвышаны. Казаў жа і таму, хто Яго запрасіў: Калі спраўляеш абед ці вячэру, не кліч сваіх сяброў, ні сваіх братоў, ні сваіх сваякоў, ні багатых суседзяў, каб і яны не паклікалі ў адказ цябе і не была табе аддзяка. Але калі спраўляеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых; і будзеш шчаслівы, бо яны не маюць чым адплаціць табе, табе ж будзе адплачана пры ўваскрэсенні праведных. І адзін з тых, што ўзляглі, пачуўшы гэта, сказаў Яму: Шчаслівы той, хто будзе есці хлеб у Царстве Божым! Ён жа сказаў яму: Адзін чалавек спраўляў вялікую вялікую вячэру і запрасіў многіх і паслаў свайго слугу ў час вячэры сказаць запрошаным: «Прыходзьце, бо ўжо ўсё гатова». І пачалі яны ўсе да аднаго прасіць прабачэння. Першы сказаў яму: Я купіў поле і павінен пайсці паглядзець, яго; прашу цябе, прабач мне. І другі сказаў: Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабоўваць іх; прашу цябе, прабач мне. І іншы сказаў: Я ажаніўся і таму не магу прыйсці. І, прыйшоўшы, [той] слуга расказаў гэта свайму гаспадару. Тады, разгневаўшыся, сказаў гаспадар дома свайму слузе: Выйдзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых. І слуга сказаў: Гаспадару, зроблена, як ты загадаў, і яшчэ ёсць месца. і сказаў гаспадар слузе: Выйдзі на дарогі і на загароды, і змусь людзей прыйсці, каб напоўніўся мой дом; бо кажу я вам, што ніводзін з тых запрошаных мужоў не пакаштуе маёй вячэры. [Бо шмат пакліканых, ды выбраных мала]. Ішлі ж з Ім вялікія натоўпы, і, павярнуўшыся, Ён сказаў ім: Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзіць свайго бацьку і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, а яшчэ і жыцця свайго, той не можа быць Маім вучнем. Хто не нясе свайго крыжа, а ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем. Бо хто з вас, хочучы пабудаваць вежу, не сядзе спярша і не падлічыць выдаткаў: ці мае на завяршэнне? Каб, калі ён закладзе падмурак, але не зможа дакончыць, усе, хто пабачыць, не пачалі смяяцца з яго. кажучы: «Гэты чалавек пачаў будаваць, а не змог дакончыць». Або які цар, ідучы на вайну супроць другога цара, перш не сядзе і не абдумае, ці зможа ён з дзесяццю тысячамі сустрэць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? Калі ж не, то пакуль той яшчэ далёка, ён, паслаўшы пасольства, просіць аб умовах міру. Гэтак і кожны з вас, калі не адмовіцца ад усёй сваёй маёмасці, не можа быць Маім вучнем. Вядома, соль — добрая; але калі і соль будзе абяссоленая, чым прыправіць? І ні ў зямлю, ні ў гной яна непрыдатная; яе вон выкідваюць. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

І набліжаліся да Яго ўсе зборшчыкі падаткаў і грэшнікі, каб слухаць Яго. І наракалі фарысеі і кніжнікі, кажучы: Гэты чалавек прымае грэшнікаў і есць з імі. І Ён сказаў ім такую прыпавесць, кажучы: Які чалавек з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакідае дзевяноста дзевяці ў пустэльні і не ідзе па загубленую, пакуль не знойдзе яе? І, знайшоўшы, кладзе яе на свае плечы, радуючыся, і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: «Парадуйцеся са мною, бо я знайшоў сваю згубленую авечку». Кажу вам, што гэтак радасць на небе будзе большая за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзевяноста дзевяць праведнікаў, што не маюць патрэбы ў пакаянні. Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запальвае святло і не мяце дом, і не шукае рупна, пакуль не знойдзе? І, знайшоўшы, склікае сябровак і суседак, кажучы: «Парадуйцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую згубіла». Гэтаксама, кажу вам, бывае радасць у Анёлаў Божых за аднаго грэшніка, што каецца. І Ён сказаў: У аднаго чалавека было два сыны. І малодшы з іх сказаў бацьку: Тата, дай мне належную частку маёмасці. — І той падзяліў паміж імі дабро. І як мінула трохі дзён, малодшы сын, сабраўшы ўсё, падаўся ў далёкую краіну і там спусціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі ўсё змарнаваў, настаў моцны голад у той краіне, і ён пачаў цярпець нястачу. І, прыйшоўшы, прыстаў да аднаго з жыхароў той краіны, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней, І ён прагнуў наесціся ражкоў37, якія елі свінні, ды ніхто не давай яму. І, апамятаўшыся, ён сказаў: Колькі наймітаў у майго бацькі маюць хлеба ўдосталь, а я тут гіну з голаду. Устану, пайду да майго бацькі і скажу яму: «Татухна, саграшыў я супроць неба і перад табою, я ўжо не варты называцца тваім сынам; прымі мяне як аднаго з тваіх наймітаў». І, устаўшы, пайшоў да свайго бацькі. І калі ён яшчэ быў далёка, яго бацька ўбачыў яго і зжаліўся і, пабегшы, кінуўся яму на шыю і пацалаваў яго. І сын сказаў яму: Татухна, саграшыў я супроць неба і перад табою, я ўжо не варты называцца тваім сынам. Але бацька сказаў сваім слугам: Хутка вынесьце найлепшыя шаты і ўбярыце яго і дайце рерсцень яму на руку і сандалі на ногі, І вядзіце кормнае цяля, закаліце, будзем есці і весяліцца, бо гэты мой сын быў мёртвы і ажыў, быў прапаў і знайшоўся. — І пачалі весяліцца. А яго старэйшы сын быў на полі; і калі, вяртаючыся, наблізіўся да дому, пачуў ён музыку і танцы, і, паклікаўшы аднаго са слуг, спытаўся, што гэта. І той сказаў яму: Твой брат прыйшоў, і бацька твой закалоў кормнае цяля, бо здаровым яго зноў сустрэў. І ён разгневаўся і не хацеў увайсці, і яго бацька, выйшаўшы, прасіў яго. І ў адказ ён сказаў свайму бацьку: Вось гэтулькі гадоў я служу табе і ніколі твайго загаду не пераступіў, а мне ты ніколі не даў казляняці, каб я з маімі сябрамі павесяліўся; а калі гэты твой сын, што з распусніцамі праеў тваё дабро, прыйшоў, ты закалоў яму кормнае цяля. Ён жа сказаў яму: Дзетка, ты заўсёды са мною і ўсё маё — тваё. Але трэба было весяліцца і радавацца, бо гэты твой брат быў мёртвы і ажыў, [быў] загінуў і знайшоўся.

І Ён казаў таксама [сваім] вучням: Быў адзін багаты чалавек, які меў аканома, і яму данеслі на яго, што той растрачвае яго маёмасць. І ён, паклікаўшы яго, сказаў яму: Што гэта я чую пра цябе? Дай рахунак з твайго аканомства, бо ты ўжо не можаш быць аканомам. Аканом жа сказаў сам сабе: Што мне рабіць, бо мой гаспадар адымае ў мяне аканомства? Капаць не здужаю, жабраваць саромеюся. Ведаю, што зраблю, каб мяне, калі знімуць з аканомства, прынялі ў свае дамы. І, паклікаўшы паасобку кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, спытаўся ў першага: Колькі ты вінен майму гаспадару? І той сказаў: Сто батаў38 алею. — Ён жа сказаў яму: Вазьмі сваю распіску і, сеўшы, хуценька напішы: пяцьдзесят». Пасля другому сказаў: А ты колькі вінен? — І той сказаў: Сто кораў39 пшаніцы. — Кажа яму: Вазьмі сваю распіску і напішы: «восемдзесят». І пахваліў гаспадар неправеднага аканома, што ён разумна зрабіў; бо сыны гэтага веку разумнейшыя за сыноў святла для свайго пакалення. І Я вам кажу: Здабывайце сабе сяброў багаццем40 няправеднага свету, каб, калі яго не стане, яны прынялі вас у вечныя сялібы. Верны ў найменшым і ў многім верны, а няправедны ў найменшым няправедны і ў многім. Дык калі ў няправедным багацці40 не сталі верныя, хто вам праўдзівае даверыць? І калі вы ў чужым не сталі верныя, хто вам дасць ваша? Ніяк слуга не можа служыць двум гаспадарам: бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога будзе любіць, або аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне. І чулі ўсё гэта фарысеі, што былі срэбралюбцы, і насміхаліся з Яго. І Ён сказаў ім: Вы выдаеце сябе за праведных перад людзьмі, але Бог ведае вашы сэрцы; бо высокае ў людзей — брыдота перад Богам. Закон і прарокі — да Іаана: з таго часу Царства Божае дабравесціцца, і кожны сілаю прабіваецца ў яго. Ды лягчэй небу і зямлі прайсці, чым каб прапала адна рыска ў законе. Кожны, хто адпускае сваю жонку і бярэ іншую, чужаложыць, і той, хто бярэ ў жонкі адпушчаную мужам, чужаложыць. Адзін чалавек быў багаты і апранаўся ў парфіру і вісон і штодня раскошна весяліўся. І адзін убогі, імем Лазар, ляжаў каля яго варотаў, увесь у скуллі і прагнуў наесціся таго, што падала41 са стала багацея; яшчэ і сабакі прыходзілі і лізалі яго скулле. І сталася: убогі памёр, і яго аднеслі Анёлы на Аўраамава ўлонне; памёр таксама і багаты, і яго пахавалі. І ў пекле, зносячы мукі, узняў ён свае вочы і бачыць здалёку Аўраама і Лазара на яго ўлонні. І ён, усклікнуўшы, сказаў: Татухна Аўрааме, злітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб ён абмакнуў канец свайго пальца ў ваду і астудзіў мой язык, бо я мучуся ў гэтым полымі. Аўраам жа сказаў: Дзіця, успомні, што ты ў сваім жыцці атрымаў сваё добрае, а Лазар гэтак жа ліхое; цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты мучышся. І да ўсяго гэтага між намі і вамі ўстаноўлена вялікая прорва, каб тыя, што хочуць перайсці адсюль да вас, не маглі, ані адтуль да нас не пераходзілі. І ён сказаў: Дык прашу цябе, татухна, пашлі яго ў дом майго бацькі, бо пяць братоў маю, каб ён перасцярог іх, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца мучэння. І кажа [яму] Аўраам: Яны маюць Маісея і прарокаў: няхай слухаюць іх. А ён сказаў: Не, татухна Аўрааме, але калі хто з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца. Ды ён сказаў яму: Калі яны Маісея і прарокаў не слухаюць, то калі б і хто з мёртвых уваскрэс, не параканаюцца.

І Ён сказаў Сваім вучням: «Немажліва, каб не прыйшлі спакусы, але бяда таму, праз каго яны прыходзяць; лепш было б яму, калі б млынавы жарон павесілі яму на шыю і ўкінулі яго ў мора, чым каб ён стаў прычынаю граху аднаго з гэтых малых. Сачыце за сабою. Калі твой брат сограшыць [супроць цябе], выгавары яму; і, калі пакаецца, даруй яму. І калі сем разоў у дзень саграшыць супроць цябе і сем разоў [у дзень] звернецца да цябе, кажучы: «Каюся» — даруй яму. І Апосталы сказалі Госпаду: «Дадай нам веры!» А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне і сказалі [гэтай] шаўкоўніцы: Вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора» — і яна паслухалася б вас. Хто з вас, маючы слугу, што арэ ці пасе, пасля вяртання яго з поля скажа яму: «Зараз жа ідзі і ўзляж за сталом»? Але ці не скажа яму: «Падрыхтуй мне што павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль я паем і пап’ю, а пасля гэтага будзеш ты есці і піць»? Ці ён дзякуе слузе за тое, што зрабіў загаданае яму? [Не думаю]. Гэтак і вы, калі зробіце ўсё, што вам загадалі, кажыце: «Мы нявартыя слугі; [бо] мы зрабілі тое, што павінны былі зрабіць». І сталася: ідучы ў Іерусалім, Ён праходзіў між Самарыяй і Галілеяй. І калі Ён уваходзіў у адно сяло, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёку, і, узняўшы голас, яны казалі: Ісусе, Натсаўніку, злітуйся над намі! І, убачыўшы, Ён сказаў ім: Пайдзіце і пакажыцеся святарам. — І сталася: калі яны ішлі, ачысціліся. І адзін з іх, убачыўшы, што ён вылечаны, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога, І ўпаў ніцма да Яго ног, дзякуючы Яму; а быў ён самаранін. І Ісус у адказ сказаў: Ці не дзесяць ачысціліся? Дзе ж дзевяць? Няўжо знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць хвалу Богу, акрамя гэтага іншапляменніка? І сказаў яму: Устань і ідзі; твая вера ўратавала цябе. А як фарысеі спыталіся, калі прыйдзе Царства Божае, Ён у адказ ім сказаў: Царства Божае не прыходзіць наглядным чынам. і не скажуць: «Вось тут» або: «[Вось] там», бо вось Царства Божае ў вас42». І Ён сказаў вучням: Прыйдуць дні, калі запрагнеце ўбачыць адзін з дзён Сына Чалавечага і не ўбачыце. І скажуць вам: «Вось, там [ці] вось, тут», — не хадзіце і не ганіцеся ўслед. Бо як маланка, бліскаючы, свеціць ад аднаго краю неба да другога, так будзе Сын Чалавечы [у Свой дзень]. Але спярша належыць Яму шмат адпакутаваць і быць адкінутым гэтым пакаленнем. І як было ў Ноевы дні, так будзе і ў дні Сына Чалавечага: елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг і прыйшоў патоп і вынішчыў усіх. Таксама, як адбылося ў Лотавы дні: елі, пілі, куплялі, прадавалі, саджалі, будавалі; а ў дзень, калі Лот выйшаў з Садома, лінулі дажджом агонь і серка з неба і вынішчылі ўсіх. Так будзе і ў той дзень, калі адкрыецца Сын Чалавечы. У той дзень хто будзе на даху, а яго рэчы ў доме, няхай не сходзіць узяць іх; таксама і той, хто ў полі, няхай не вяртаецца назад. Помніце пра Лотаву жонку. Хто будзе старацца захаваць сваю душу43, той загубіць яе44, і хто загубіць, той ажывіць яе. Кажу вам: у гэтую ноч будуць два на адной пасцелі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты; дзве будуць разам малоць: адна ўзята, адругая пакінута; [два будуць на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты.] І ў адказ яны Яму кажуць: Дзе, Госпадзе? — І Ён сказаў ім: Дзе цела45, там арлы46 збяруцца».

Сказаў жа Ён ім [і] прыпавесць пра тое, што ім трэба заўсёды маліцца і не занепадаць духам, кажучы: У нейкім горадзе быў адзін суддзя, што Бога не баяўся і людзей не саромеўся. І была ў тым горадзе [адна] ўдава, і яна прыходзіла да яго і казала: Абарані мяне ад майго праціўніка. Ды ён нейкі час не хацеў. А пасяля сказаў сам сабе: Хоць і Бога я не баюся і людзей не саромеюся, але з-за таго, што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна ўрэсце не хадзіла і не дакучала мне. І Госпад сказаў: Чуеце, што кажа няправедны суддзя? А ці ж Бог не возьме ў абарону Сваіх абраны, што крычаць Яму ўдзень і ўночы, хоць і доўга церпіць несправядлівасць да іх? Кажу вам, што Ён створыць неўзабаве ім абарону. Толькі Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі? І Ён сказаў таксама да некаторых, упэўненных у сабе, што яны праведнікі, а іншымі пагарджалі, такую прыпавесць: два чалавекі ўзышлі ў святыню памаліцца, адзін — фарысей, а другі — зборшчык падаткаў. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа, дзякую Табе, што я не як астатнія людзі: рабаўнікі, няправеднікі, чужаложцы ці нават як гэты зборшчык падаткаў; я пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю. А зборшчк падаткаў, стоячы здалёку, не важыўся і вачэй узняць да неба, а біў сябе ў грудзі, кажучы: Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнага. Кажу вам: гэты пайшоў ў свой дом больш апраўданым, чым той; бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, хто ж паніжае сябе, будзе ўзвышаны. Прыносілі ж да Яго і неўмалят, каб Ён да іх дакрануўся; а вучні, убачыўшы, забаранялі ім. Ісус жа паклікаў іх, кажучы: Пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім; бо такіх ёсць Царства Божае. Праўду кажу вам, хто не прыме Царства Божага, як дзіця, той не ўвайдзе ў яго. І адзін начальнік спытаўся ў Яго, кажучы: Добры Настаўніку, што рабіць мне, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё? Ісус жа сказаў яму: Што ты Мяне называеш добрым? Ніхто не добры, — толькі адзін Бог. Ты ведаеш запаведзі: «Не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы лжывы, шануй свайго бацьку і маці [сваю]». Ён жа сказаў: Усё гэта я выконваў з [сваёй] маладосці. І Ісус, пачуўшы [гэта], сказаў яму: Яшчэ аднаго табе нестае: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах, і прыходзь, ідзі ўслед за Мною. Але ён, пачуўшы гэта, моцна зажурыўся, бо быў надта багаты. Убачыўшы, што той моцна зажурыўся, Ісус сказаў: Як цяжка тым, што маюць багацце, уваходзіць у Царства Божае! Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае. І тыя, што чулі, сказалі: І хто можа быць уратаваны? Ён жа сказаў: Немажлівае ў людзей — мажлівае ў Бога. І Пётр сказаў: Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою. Ён жа сказаў ім: Праўду кажу вам: няма нікога, хто, пакінуўшы дом ці жонку, ці братоў, ці бацькоў47, ці дзяцей дзеля Царства Божага, не атрымае ў шмат разоў больш у гэты час, а ў прошлым веку — вечнае жыццё. І, узяўшы дванаццаць, Ён сказаў ім: Вось, мы ўзыходзім у Іерусалім, і спраўдзіцца ўсё напісанае праз Прарокаў пра Сына Чалавечага: бо Ён будзе выдадзены язычнікам, і будзе асмяяны, і зняважаны, і апляваны, і, збічаваўшы, заб’юць Яго, але трэцяга дня Ён уваскрэсне! Ды яны нічога з гэтага не зразумелі, і гэтае слова было схавана ад іх, і сказанага яны не разумелі. І сталася: калі Ён набліжаўся да Іерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе жабруючы. А пачаўшы, што праходзіць натоўп, ён спытаўся, што гэта такое. Яму сказалі, што праходзіць Ісус Назаранін. І ён закрычаў, кажучы: Ісусе, Сыне Давідаваў, злітуйся нада мною! І тыя, што ішлі спераду, сталі забараняць яму, дамагаючыся, каб замоўк, ён жа яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаваў, злітуйся нада мною! І, спыніўшыся, Ісус, загадаў прывесці яго да Сябе. Калі ж той наблізіўся, Ён спытаўся ў яго: Што ты хочаш, каб Я зрабіў табе? — І ён сказаў: Госпадзе, каб я стаў бачыць. І Ісус сказаў яму: Будзь відушчы. Твая вера ўратавала цябе. І ён адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, узнёс хвалу Богу.

І Ён, увайшоўшы, праходзіў праз Іерыхон. І вось чалавек, званы імем Закхей, а быў ён галоўным зборшчыкам падаткаў і быў багаты; і шукаў ўбачыць Ісуса, хто Ён, і не мог з-за натоўпу, таму што быў ростам малы. І, забегшы наперад, узлез на сікамору, каб убачыць Яго, бо тою дарогаю Ён меўся праходзіць. І Ісус, калі прыйшоў на гэтае месяца, паглядзеўшы ўгару, [ўбачыў яго] і сказаў яму: Закхею, хутчэй злазь, бо сёння Мне трэба застацца ў тваім доме. І той спешна злез і прыняў Яго, радуючыся. І, убачыўшы, усе пачалі наракаць, кажучы: Ён зайшоў спыніцца ў грэшнага чалавека. А Закхей, устаўшы, сказаў Госпаду: Вось, палавіну маёй паёмасці, Госпадзе, я даю ўбогім, і калі ў каго, што ашуканствам узяў, аддаю ў чатыры разы больш. Ісус жа сказаў яму: Сёння прыйшло выратаванне гэтаму дому, бо і ён сын Аўраамаў; бо Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і ўратаваць загінулае. Калі ж яны слухалі гэта, Ён у дадатак сказаў прыпавесць, бо Ён быў блізка ад Іерусаліма, і ім здавалася, што тут жа павінна з’явіцца Царства Божае. Дык Ён сказаў: Адзін чалавек знатнага роду выпраўляўся ў далёкую краіну, каб прыняць сабе царства і вярнуцца. І, паклікаўшы дзесяць сваіх слуг, ён даў ім дзесяць мінаў48 і сказаў ім: Пускайце ў ход, пакуль я не прыйду. Але яго грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі ўслед за ім пасольства, кажучы: «Мы не хочам, каб гэты чалавек быў чаром над намі». І сталася: калі ён вярнуўся, прыняўшы царства, сказаў паклікаць да яго тых слуг, якім даў серабра, каб даведацца, што яны прыдбалі49. І прыйшоў першы, кажучы: Гаспадару, твая міна прыспорыла дзесяць мінаў. І ён сказаў яму: Выдатна, добры слуга; за тое, што ў самым малым быў верны, май уладу над дзесяццю гарадамі. і прыйшоў другі, кажучы: Твая міна, гаспадару, дала пяць мінаў. Сказаў жа і гэтаму: А ты будзь над пяццю гарадамі. І астатні прыйшоў, кажучы: Гаспадару, вось твая міна, якую я, адклаўшы, хаваў у хустцы; таму што я баяўся цябе, бо ты чалавек патрабавальны: бярэш, чаго не клаў. І жнеш, чаго не сеяў. Той кажа яму: Тваімі вуснамі буду судзіць цябе, ліхі слуга. Ты ведаў, што я чалавек патрабавальны: бяру, чаго не клаў, і жну, чаго не сеяў. Чаму ж не даў ты майго серабра ліхвярам?50 І я, прыйшоўшы, атрымаў бы яго з прыбыткам. І тым, што стаялі побач, сказаў: Вазьміце ад яго міну і дайце таму, у каго дзесяць мінаў. І сказалі яму: Гаспадару, ён мае дзесяць мінаў. Кажу вам, што кожнаму, хто мае, будзе дадзена, а ў таго, хто не мае, і тое, што мае, адымецца. А ворагаў маіх, гэтых, што не хацелі, каб я быў царом над імі, прывядзіце сюды і забіце іх перада мною. І, сказаўшы гэта, Ён пайшоў наперадзе, узыходзячы ў Іерусалім. І сталася: калі Ён наблізіўся да Віфагіі, да гары, што завецца Аліўнаю, паслаў Ён двух [сваіх] вучняў, кажучы: Ідзіце ў сяло насупроць, пры ўваходзе ў яго знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей ніколі не садзіўся, і, адвязаўшы яго, прывядзіце. І, калі хто будзе пытацца ў вас: «навошта адвязваеце?», скажыце так: «Яно патрэбна Госпаду». І пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім. А калі яны адвязалі асляня, яго гаспадары сказалі ім: Што вы адвязваеце асляня? Яны ж сказалі: Яно пастрэбна Госпаду. І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы сваю вопратку на асляня, пасадзілі Ісуса. І, калі Ён ехаў, яны падсцілалі сваю вопратку на дарозе. А калі Ён набліжаўся ўжо да спуску з Аліўнай гары, усё мноства вучняў, радуючыся, пачало моцным голасам хваліць Бога за ўсе з’явы сілы, што яны ўбачылі, кажучы: Дабраславёны Цар, Які прыходзіць у імя Гасподняе! У небе мір і слава ў вышніх! І некаторыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: Настаўніку, забарані Сваім вучням! А Ён у адказ сказаў: Кажу вам, калі яны змоўкнуць, закрычаць камяні. І, калі Ён наблізіўся, то, убачыўшы горад, заплакаў па ім, кажучы: Калі б і ты хоць у гэты твой дзень зразумеў, што служыць для міру твайго, ды цяпер гэта схавана ад тваіх вачэй. Бо прыйдуць для цябе дні, і твае ворагі узвядуць вакол цябе вал, і абложаць цябе, і сціснуць цябе адсюль, і зраўняюць цябе з зямлёю і паб’юць тваіх дзяцей у табе, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не распазнаў часу адведзін цябе. І, увайшоўшы ў святыню, пачаў выганяць прадаўцоў [у ім і пакупнікоў], кажучы ім: Напісана: «І будзе Мой дом домам малітвы51», вы ж яго зрабілі пячорай52 разбойнікаў. І Ён кожны дзень навучаў у святыні. А першасвятары, і кніжнікі шукалі, як бы Яго загубіць, таксама і першыя людзі народу, ды не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ неадступна лухаў Яго.

І сталася: у адзін з тых дзён, калі Ён навучаў народ у святыні і дабравесціў, падступілі першасвятары і кніжнікі са сатрэйшынамі і сказалі, звяртаючыся да Яго: Скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш, ці хто даў Табе гэтую ўладу? І ў адказ Ён сказаў ім: Спытаюся і я ў вас адным, і скажыце Мне: Іаанава хрышчэнне з неба было ці ад людзей? Яны ж разважалі між сабою, кажучы: Калі скажам: «З неба», Ён скажа: «Чаму ж вы не паверылі яму?» Калі ж скажам: «Ад людзей», увесь народ укаменуе нас, бо ён упэўнены, то Іаан — прарок. І яны адказалі, што не ведаюць, адкуль. І Ісус сказаў ім: І Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю. І Ён пачаў казаць народу гэтую прыпавесць: [Адзін] чалавек насадзіў вінаграднік і здаў яго вінаградарам і адлучыўся на доўгі час. І ў пэўны час паслаў да тых вінаградараў слугу, каб далі яму ад пладоў вінаградніка; а вінаградары, пабіўшы яго, адаслалі ні з чым. І ён яшчэ паслаў другога слугу, ды яны і таго пабіўшы і зняважыўшы, адаслалі ні з чым. І ён яшчэ паслаў трэцяга, ды яны і гэтага, параніўшы, выгналі. І сказаў гаспадар вінаградніка: Што мне рабіць? Пашлю свайго ўлюбёнага сына, можа, яго [ўбачыўшы], пасаромеюцца. Але, вінаградары, убачыўшы яго, разважалі між сабою, кажучы: Гэта спадкаемец; [хадзем,] заб’ём яго, каб спадчына стала нашаю. І, выкінуўшы яго вон з вінаградніка, забілі. Што ж зробіць з імі гаспадар вінаградніка? Ён прыйдзе і знішчыць гэтых вінаградараў і аддасць вінаграднік іншым. — Пачуўшы гэта, тыя сказалі: Хай не будзе! Ён жа, паглядзеўшы на іх, сказаў: Што ж значыць гэтае напісанае: «Камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся галавою вугла»? Кожны, хто ўпадзе на той камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, раздушыць яго. І ў гэтую гадзіну кніжнікі і першасвятары хацелі накласці рукі на Яго, але пабаяліся народу, — бо зразумелі, што пра іх Ён сказаў гэтую прыпавесць. І, высочваючы, яны падаслалі сваіх выведнікаў, якіх ўдавалі сябе за праведных, каб прылавіць Яго на слове і тады выдаць Яго начальству і ўладзе намесніка. І яны спыталіся ў Яго, кажучы: Настаўніку, мы ведаем, што Ты правільна кажаш, і навучаеш, і не зважаеш на асобы, але праўдзіва дарозе Божай вучыш; ці дазваляецца нам плаціць падатак кесару, ці не? Ён жа, зразумеўшы іх падступнасць, сказаў ім: [Што вы Мяне выпрабоўваеце?] Пакажыце Мне дынарый: чыя на ім выява і надпіс? — Яны ж сказалі: Кесарава. І Ён сказаў ім: Значыць, аддавайце кесарава кесару, а Божае — Богу. І не змаглі яны прылавіць Яго на слове перад народам і, здзівіўшыся Яго адказу, змоўклі. І падышлі некаторыя з садукеяў, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і спыталіся ў Яго, кажучы: Настаўніку, Маісей напісаў нам: «Калі ў каго памрэ брат, што меў жонку, і ён [памрэ] бяздзетны, няхай возьме яго брат жонку і ўзновіць патомства свайму брат». Дык было сем братоў; і першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны; і другі [ўзяў гэтую жонку, і ён памёр бяздетны] і трэці ўзяў яе, гэтак жа і ўсе сямёра не пакінуді дзяцей і памерлі. Пазней [за ўсіх] памерла і жанчына. Дык гэтая жанчына пры ўваскрашэнні каго з іх будзе жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку. І сказаў [у адказ] ім Ісус: Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж, а ўшанаваныя дасягнуць таго веку і ўваскрэсення з мёртвых не жэняцца і замуж не выходзяць; бо і памерці ўжо не могуць: бо яны роўныя Анёлам і дзеці Божыя яны, будучы дзецьмі ўваскрэсення. А што мёртвыя ўваскрашаюцца, і Маісей паказаў — пры кусце, — калі ён называе госпада Богам Аўраамавым, і Богам Ісаакавым, і Богам Іякавым. Ён жа Бог не мёртвых, а жывых, бо ўсе ў Яго жывыя. І ў адказ некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўніку, Ты добра сказаў. Бо яны ўжо не адважваліся пытацца ў Яго ні пра што. А Ён сказаў ім: Як жа кажуць, што Хрыстос — сын Давідаў? Бо сам Давід кажа ў кнізе Псалмоў: «Сказаў Госпад майму Госпаду: сядзі праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў у падножжа Тваіх ног». Значыць, Давід называе Яго Госпадам, дык як Ён яго сын? А калі слухаў увесь народ, Ён сказаў [Сваім] вучням: Асцерагайцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у доўгіх шатах і якім падабаюцца прывітанні на рыначных плошчах і першыя крэслы ў сінагогах, і першыя месцы на банкетах, што ўдовіны дамы праядаюць, і напаказ доўга моляцца; яны атрымаюць большы прысуд.

І, глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі ў скарбніцу свае дары. І ўбачыў Ён адну бедную ўдаву, якая паклала туды дзве лепты, і сказаў: Праўдзіва кажу вам: гэтая бедная ўдава паклала больш за ўсіх; бо ўсе яны ад свайго збытку клалі ў дары [Богу], гэтая ж са сваёй нястачы паклала ўвесь пражытак, што мела. І калі некаторыя казалі пра святыню, што яна аздоблена прыгожым каменнем і дарамі, Ён сказаў: Прыйдуць дні, калі з таго, што бачыце, не астанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны. І спыталіся ў Яго, кажучы: Настаўніку, калі ж гэта будзе і што будзе за знак, калі гэта павінна адбыцца? Ён жа сказаў: Глядзіце, каб не ўвялі вас у зман, бо шмат прыйдуць пад Маім імем, кажучы: «Гэта Я» і «Час наблізіўся». Не ідзіце за імі. А калі пачуеце пра войны і хваляванні, не жахайцеся: бо гэта павінна спярша адбыцца, але канец надыдзе не адразу. Тады сказаў ім: Паўстане народ на народ і царства на царства, і будуць вялікія землятрусы і ў розных месцах голад і пошасці, і будуць жахі, і вялікія знакі з неба. Але перад усім гэтым будуць накладаць на вас свае рукі і гнаць, перадаючы ў сінагогі і турмы, адводзячы да цароў і валадароў за Маё імя; гэта будзе вам на сведчанне. Дык пакладзіце ў сваіх сэрцах — не абдумываць, як абараняцца, бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не змогуць ні супроцьстаяць, ні аспрэчыць усе вашы праціўнікі. А будзе выдадзены і бацькамі, і братамі, і сваякамі, і сябрамі, а некаторых з вас заб’юць, і будуць вас усе ненавідзець за Маё імя. Ды воласа з вашай галавы не прападзе. Вашай стойкасцю вы здабудзеце вашы душы. Калі ж убачыце Іерусалім, акружаны войскамі, тады ведайце, што наблізілася яго спусташэнне. Тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы, а хто ў самім горадзе, няхай выходзяць, а хто ў ваколіцах — няхай не ўваходзіць у яго, бо гэта дні адплаты, каб спраўдзілася ўсё напісанае. Бяда тым цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні; бо будзе вялікая галеча на зямлі і гнеў на гэты народ; і ўпадуць ад вастрыя мяча і будуць адведзены ў палон ва ўсе народы, і Іерусалім будуць таптаць язычнікі, дакуль не скончацца часы язычнікаў. І будуць знакі на сонцы, і месяцы, і зорках, і роспач народаў на зямлі ў безвыходнасці ад шуму мора і хваляў, калі людзі будуць непрытомнець ад страху і чакання таго, што надыходзіць на населеную зямлю, бо захістаюцца нябесныя сілы. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, што будзе ісці ў воблаку з сілаю і вялікай славаю. Калі ж гэта пачне збывацца, разагніцеся і ўзніміце вашы галовы, таму што набліжаецца ваша збавенне. І Ён сказаў ім прыпавесць: Паглядзіце на фігавае дрэва і ўсе дрэвы: калі яны ўжо распусціліся, то, бачачы гэта, вы самі пазнаяце, што ўжо блізка лета. Гэтак і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што блізка Царства Божае. Праўду кажу вам: не міне гэтае пакаленне, як ўсё гэта збудзецца. Неба і зямлі мінуць, а Мае словы не мінуць. Асцерагайцеся ж, каб вашы сэрцы не абцяжваліся пахмеллем, п’янствам і жыццёвымі турботамі і каб не заспеў вас неспадзявана той дзень, як пастка, бо ён прыйдзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі. Будзьце ж чуйныя ўвесь час, молячыся, каб вы змаглі ўнікнуць усяго гэтага, што мае адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым. І Ён удзень навучаў у святыні, а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, што завецца Аліўная; і ўвесь народ прыходзіў вельмі рана да Яго ў святыню, каб слухаць Яго.

Набліжалася ж свята Праснакоў, што называецца Пасхаю. І першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы забіць Яго, бо яны баяліся народу. Сатана ж увайшоў у Іуду, званага Іскарыётам, аднаго з ліку дванаццаці; і ён, пайшоўшы, дамовіўся з першасвятарамі і начальнікамі, як ён ім выдасць Яго. І яны абрадаваліся і згадзіліся даць яму срэбранікаў. І ён абяцаў і шукаў зручнага часу, каб выдаць ім Яго не пры народзе. І надышоў дзень Праснакоў, калі належала прыносіць у ахвяру пасху53; і Ён паслаў Пятра і Іаана, сказаўшы: Пайдзіце, падрыхтуйце нам пасху, каб мы маглі спажыць яе. Яны ж спыталіся ў Яго: Дзе Ты хочаш, каб мы падрыхтавалі? і Ён сказаў ім: Вось, калі вы ўвойдзеце ў горад, сустрэнецца вам чалавек, які будзе несці збан вады; ідзіце ўслед за ім у дом, куды ён увойдзе; і скажыце гаспадару дома: «Настаўнік кажа табе: Дзе пакой, у якім бы Я спажыў пасху з Маімі вучнямі?» І той вам пакажа вялікі верхні пакой, высланы: там падрыхтуйце. І, пайшоўшы, яны знайшлі, як Ён казаў ім, і падрыхтавалі пасху. І калі надышоў час, Ён узлёг, і дванаццаць апосталаў з Ім. І Ён сказаў ім: Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым мукі прыму; бо кажу вам: не буду спажываць яе, пакуль не здзейсніцца яна ў Царстве Божым. І, узяўшы чашу, падзякаваўшы, сказаў: Вазьміце яе і падзяліце між сабою; бо кажу вам, [што] не буду піць Я з гэтага часу ад плоду вінаграднай лазы пакуль не прыйдзе Царства Божае. І, узяўшы хлеб, падзякаваўшы, пераламаў яго і падаў ім, кажучы: Гэта Маё цела, што за вас аддаецца; рабіце гэта на ўспамін пра Мяне. Гэтак жа — і чашу пасля вячэры, кажучы: Гэтая чаша — новы запавет у Маёй крыві, што за вас праліваецца. Аднак вось рука таго, хто выдае Мяне, са Мною на стале, бо Сын Чалавечы ідзе, як вызначана, але бяла таму чалавеку, праз якога Ён выдаецца. І яны пачалі дапытвацца адзін у аднаго, хто ж з іх тады рыхтуецца зрабіць гэта. І ўсчалася таксама спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым. Ён жа сказаў ім: Цары народаў пануюць над імі, а тыя, што імі валодаюць, называюцца дабрадзеямі. А вы не так: але хто большы між вас, няхай будзе як малодшы, а начальнік — як слуга. Бо хто большы: ці той, хто ўзлягае за сталом, ці той, хто слугуе? Ці не той, хто ўзлягае? А Я сярод вас — як той, хто слугуе. Вы ж тыя, што заставаліся са Мною ў Маіх выпрабаваннях; і Я дару вам, як падарыў Мне Мой Бацька, Царства, каб вы елі і пілі за Маім сталом у Маім Царстве, і сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць плямёнаў Ізраілевых. [І сказаў Госпад:] Сімане, Сімане, вось сатана дамагаўся таго, каб прасеяць вас, як пшаніцу; Я ж маліў за цябе, каб не знікла твая вера; і ты некалі, вярнуўшыся, умачуй сваіх братоў. А ён сказаў Яму: Госпадзе, з Табою гатовы я і ў турму і на смерць ісці. Ён жа сказаў: Кажу табе, Пётр, не прапяе певень, як ты тройчы адрачэшся, што ведаеш Мяне. І Ён сказаў ім: Калі Я вас пасылаў без кашалька, торбы, і сандаляў, ці мелі вы ў чым нястачу? — І яны сказалі: Ні ў чым. І Ён сказаў ім: Але цяпер хто мае кашалёк, няхай возьме яго, таксама і торбу, а хто не мае, няхай прадасць сваю вопратку і купіць меч. Бо кажу вам: трэба [яшчэ], каб на Мне закончылася гэтае напісанае: «І да беззаконных злічаны», бо і тое, што сказана пра Мяне, падыходзіць да канца. Яны ж сказалі: Госпадзе, вось тут два мячы. — А Ён сказаў ім: Даволі. І, выйшаўшы, Ён пайшоў, як звычайна, на Аліўную гару, а ўслед за ім пайшлі і [Яго] вучні. А прыйшоўшы на месца, Ён сказаў ім: Маліцеся, каб ўвайсці ў спакусу. А Сам адышоў ад іх, як дакінуць каменем, і, укленчыўшы, маліўся, кажучы: Татухна, калі хочаш, аднялі гэтую чашу ад Мяне; аднак не Мая воля, але Твая няхай будзе. І паказаўся Яму Анёл з неба, умацоўваючы Яго. І, будучы ў смяротнай трывозе, старанней маліўся; і зрабіўся Яго пот, як кроплі крыві, што спадаюць на зямлю54. І, устаўшы з малітвы, прыйшоўшы да вучняў, знайшоў іх у сне ад гора, і сказаў ім: Што вы спіце? Уставайце і маліцеся, каб не ўвайсці вам у спакусу. Калі Ён яшчэ казаў, вось натоўп і той, каго звалі Іуда, адзін з дванаццаці, ішоў наперадзе іх, і ён наблізіўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго, [бо такі знак ён даў ім: Каго я пачалую, Той і ёсць]. Ісус жа сказаў яму: Іуда, пацалункам выдаеш Сына Чалавечага? Тыя ж, якія былі вакол Яго, убачыўшы, да чаго ідзе, сказалі: Госпадзе, ці не ўдарыць нам мячом? І адзін з іх ударыў першасвятаровага слугу і адцяў яму правае вуха. У адказ жа Ісус сказаў: Пакіньце, даволі. — І, дакрануўшыся вуха, загаіў яго. І сказаў Ісус першасвятарам, і начальнікам аховы святыні, і старэйшынам, што сабраліся супроць Яго: Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі? Калі Я штодня быў з вамі ў святыні, вы не паднялі рук на Мяне, але гэта — ваша гадзіна і ўлада цемры. І, схапіўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара; Пётр да ішоў зводаль следам. І калі яны распалілі агонь сярод двара і селі разам, сядзеў і Пётр між імі. І адна служанка, убачыўшы, што ён сядзіць пры агні, і, угледзеўшыся ў яго, сказала: І гэты быў з Ім. Ён жа адрокся [ад Яго], кажучы: Жанчына, Я не ведаю Яго. І неўзабаве другі, убачыўшы яго, сказаў: І ты з іх. — Але Пётр сказаў: Не, чалавеча. І праз нейкую гадзіну хтосьці іншы настойваў, кажучы: Сапраўды, і гэты быў з Ім; бо і ён галілеянін. А Пётр сказаў: Чалавеча, я не ведаю, што ты кажаш. — І зараз жа, пакуль ён яшчэ гаварыў, прапяяў певень. І, Госпад, павярнуўшыся, паглядзеў на Пятра, і Пётр успомніў Гасподняе слова, як Ён казаў яму: «Перш чым сёння прапяе певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І, выйшаўшы адтуль, ён горка заплакаў. А мужчыны, што трымалі Яго, насміхаліся з Яго, б’ючы; І, накрыўшы Яго, [білі па твары і] пыталіся, кажучы: Прароч, хто ўдарыў Цябе? І шмат іншых блюзнерстваў казалі яны на Яго. І калі надышоў дзень, сабралася рада старэйшын народа: першасвятары і кніжнікі — і прывялі Яго ў свой сінедрыён. кажучы: Калі ты Хрыстос, скажы нам. — Ён жа сказаў ім: Калі Я вам скажу, вы не паверыце; а калі [і] спытаюся, не адкажаце [Мне і не вызваліце]. Але з гэтага часу Сын Чалавечы будзе сядзець праваруч сілы Божай. І ўсе сказалі: Дык Ты Божы Сын? — Ён жа сказаў ім: Вы кажаце, што Я. Яны ж сказалі: Якая яшчэ нам патрэба ў сведчанні? Бо мы самі пачулі гэта з Яго вуснаў.

І ўстала ўсё мноства іх і павялі Яго да Пілата. І пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: Мы знайшлі, што Гэты чалавек разбэшчвае наш народ і забараняе даваць падатак кесару, і кажа, што Сам Ён Хрыстос, Цар. І Пілат спытаўся ў Яго, кажучы: Ці Ты Іудзейскі Цар? — Ён жа ў адказ сказаў яму: Ты кажаш. І Пілат сказаў першасвятарам і натоўпам: Я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку. Але яны настойвалі, кажучы: Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Іудзеі, пачаўшы з Галілеі аж дасюль. І Пілат, пачуўшы [пра Галілею], спытаўся: Хіба Гэты Чалавек Галілеянін? І, даведаўшыся, што Ён уладанняў Ірада, паслаў Яго да Ірада, які і сам быў у Іерусаліме ў гэтыя дні. Ірад жа, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо ён з даўняга часу хацеў убачыць Яго, таму што [шмат] чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць нейкі знак, здзейснены Ім. І задаваў Яму шмат пытанняў, ды Ён нічога не адказаў яму. І стаялі першасвятары і кніжнікі, заўзята обвінавачваючы Яго. Ірад жа са сваімі воінамі, зняважыўшыся Яго і наглуміўшыся, апрануў Яго ў бліскучыя шаты і адаслаў Яго да Пілата. І ў той дзень Ірад і Пілат зрабіліся сябрамі між сабою; раней жа яны былі ў варажнечы адзін з адным. Пілат жа, склікаўшы першасвятароў, начальнікаў і народ, сказаў ім: Вы прывялі да Мяне Гэтага Чалавека, нібы Ён падбухторвае народ, і вось я, перад вамі дапытаўшы, не знайшоў за Гэтым Чалавекам ніякай віны, у чым вы Яго абвінавачваеце. І Ірад таксама, бо адаслаў Яго да нас55, і вось нічога, вартага смерці, Ён не зрабіў; дык, пакараўшы Яго, адпушчу. [А яму неабходна было адпусціць ім на свята аднаго вязня]. Яны ж закрычалі ўсе разам, кажучы: Забірай Гэтага56, а нам адпусці Вараву! Той быў кінуты ў турму за нейкі бунт, што адбыўся ў горадзе, і за забойства. І зноў Пілат усклікаў да іх, хочучы адпусціць Ісуса. Яны ж крычалі, кажучы: Укрыжуй, укрыжуй Яго! А ён трэці раз сказаў ім: «Якое ж зло ўчыніў Гэты Чалавек? Ніякай смяроотнай віны я не знайшоў у Ім; дык, пакараўшы Яго, адпушчу. Яны ж моцнымі галасамі настойвалі, патрабуючы, каб Яго ўкрыжаваць, і крыкі іх [і першасвятароў] адольвалі. І Пілат вырашыў выканаць іх патрабаванне: і адпусціць кінутага ў турму за бунт і забойства, таго, што прасілі яны, Ісуса ж аддаў на іх волю. І калі яны павялі Яго, то, узяўшы аднаго кірэнца Сімана, што ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам. А ўслед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па ім. І, павярнуўшыся да іх, Ісус сказаў: Дочкі Іерусалімскія, не плачце па Мне; а плачце па сабе і вашых дзецях, бо вось надыходзяць дні, у якія скажуць: «Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не нараджалі, і грудзі, якія не кармілі!» Тады пачнуць казаць гарам: «Упадзіце на нас!» і ўзгоркам: «Пакрыйце нас!» Бо калі гэта з сакаўным дрэвам робяць, то з сухім што будзе? Вялі ж з Ім на смерць і двух іншых — злачынцаў, каб пакараць смерцю. І калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, там укрыжавалі Яго і злачынцаў; аднаго справа, а другога злева. [Ісус жа сказаў: Татухна, даруй ім, бо не ведаюць, што чыняць.] І, дзелячы між сабой Яго адзенне, кідалі жэраб. І стаяў народ і глядзеў. Насміхаліся ж і начальнікі, кажучы: Ён іншых ратаваў, няхай выратуе Сам Сябе, калі Ён Хрыстос, Божы Абраннік. І здзекваліся з Яго і воіны, падыходзячы і падносячы Яму воцат і кажучы: Калі Ты Іудзейскі Цар, уратуй Самога Сябе. Быў жа і надпіс над Ім, [напісаны грэцкімі, рымскімі і яўрэйскімі літарамі]: «Гэта — Цар Іудзейскі». А адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: Хіба Ты не Месія? Уратуй Самога Сябе і нас. У адказ жа другі, сунімаючы яго, сказаў: Ці ж не баішся ты Бога, бо той самы маеш прысуд. І мы асуджаны справядліва, бо артымліваем заслужанае за зробленае; Гэты ж Чалавек нічога благога не зрабіў. І ён казаў: Ісусе, успомні мяне57, калі Ты прыйдзеш у Царства Сваё. І Ён58 сказаў яму: Праўду кажу табе, сёння са Мною будзеш у раі. І было ўжо каля шостай гадзіны, і зрабілася цемра на ўсёй зямлі да дзевятай гадзіны, бо сонца знікла59, а заслона ў храме разадралася пасярэдзіне. І, усклікнуўшы моцным голасам, Ісус сказаў: Татухна, у Твае рукі аддаю Мой дух! — І, сказаўшы гэта, выпусціў дух. А сотнік, убачыўшы, што адбылося, услаўляў Бога, кажучы: Сапраўды Гэты Чалавек быў праведны. І ўсе натоўпы, якія зышліся на гэтае відовішча, убачыўшы, што адбылося, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі. А ўсе Яго знаёмыя і жанчыны, што прыйшлі ўслед за Ім з Галілеі, стаялі здалёку, глядзелі на гэта. І вось чалавек, імем Іосіф, член рады, чалавек добры і праведны — гэты не згадзіўся ні з рашэннем, ні з учынкамі іх, — з Арымафеі, іудзейскага горада, што [і сам] чакаў Царства Божага, гэты чалавек, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў Ісусава цела і, зняўшы Яго, абгарнуў палатном і паклаў Яго ў магільні, высечанай у скале, дзе яшчэ ніколі ніхто не ляжаў. А быў дзень Рыхтавання60, і наставаў шабас61. І, пайшоўшы ўслед, жанчыны, што прыйшлі з Ім з Галілеі, бачылі магільню і як было пакладзена Яго цела, і, вярнуўшыся, нарыхтавалі духмянасцяў і міра. І ў суботу, паводле запаведзі, адпачывалі.

А ў першы дзень тыдня на досвітку прыйшлі яны [і некаторыя з імі], несучы падрыхтаваныя духмянасці. Але знайшлі, што камень адвалены ад магільні, і, увайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Ісуса. І сталася: калі яны былі ў разгубленасці ад гэтага раптам паўсталі перад імі два чалавекі ў бліскучых шатах. Калі ж яны, перапалоханыя, схілілі твары да зямлі, тыя сказалі ім: Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма, але Ён уваскрэшаны. Успомніце, як Ён казаў вам, калі яшчэ быў Галілеі, кажучы пра Сына Чалавечага, што Ён павінен быць выдадзеным у рукі грэшных людзей і быць укрыжаваным і на трэці дзень уваскрэснуць. І яны ўспомнілі Яго словы. І, вярнуўшыся ад магільні, паведамілі ўсё гэта адзінаццаці і ўсім астатнім. А былі Магдаліна Марыя, і Іаанна, і Марыя Іякава, і астатнія з імі. Яны расказалі гэта Апосталам, і паказаліся ім нібы прыдумкаю гэтыя [іх] словы, і не паверылі ім. Але Пётр, устаўшы, пабег да магільні і, нахіліўшыся, бачыць, [што ляжаць] адны кужэльныя палосы; і ён пайшоў назад, дзівячыся, што адбылося. І вось два з іх у гэты самы дзень ішлі ў сяло, што ляжала шэсцьдзясят стадыяў ад Іерусаліма, і называлася Эмаус. І яны размаўлялі між сабою пра ўсе гэтыя падзеі. І сталася: калі яны размаўлялі і разважалі, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў з імі, вочы ж іх былі стрмліваны, каб не пазнаць Яго. І Ён сказаў ім: Пра што гэта вы гутарыце між сабою ў дарозе? — І яны, сумныя, спыніліся62. У адказ жа адзін, імем Кляопа, сказаў Яму: Ты хіба адзін прышлы ў Іерусаліме не ведаеш, што адбылося ў ім у гэтыя дні? І спытаўся ў іх: Што ж такое? — Яны ж сказалі Яму: Ды з Ісусам Назаранінам, Які быў прарок, магутны ў справе і ў слове перад Богам і ўсім народам; і як выдалі Яго першасвятары і нашы начальнікі на смяротны прысуд і ўкрыжавалі Яго. А мы спадзяваліся, што Ён Той, Які павінен вызваліць Ізраіля. А да ўсяго гэтага ідзе63 трэці дзень з таго часу, як гэта адбылося. Але і некаторыя з нашых жанчын уразілі нас: пабываўшы раным рана каля магільні і не знайшоўшы Яго цела, яны прыйшлі і сказалі, што бачылі і з’явенне Анёлаў, якія кажуць, што Ён жыве. І пайшлі некаторыя з нашых да магільні і знайшлі ўсё так, як і жанчыны сказалі, але Яго не бачылі. І Ён сказаў ім: О, неразважлівыя і марудлівыя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што сказалі прарокі! Ці не гэта трэба было перацярпець Хрысту і ўвайсці ў Сваю славу? І, пачаўшы ад Маісея і ад усіх прарокаў, тлумачыў ім ва ўсіх Пісаннях тое, што было пра Яго. І наблізіліся яны да сяла, куды ішлі, і Ён зрабіў выгляд, што ідзе далей. Але яны затрымлівалі Яго, кажучы: Застанься з намі, бо вечарэе і дзень ужо канчаецца. — І Ён увайшоў, каб застацца з імі. І сталася: калі Ён узлёг з імі, то, узяўшы хлеб, дабраславіў і, пераламаўшы, падаваў ім. І ім адкрыліся вочы, і пазналі Яго; але Ён стаў нябачны для іх. І сказалі яны адзін аднаму: Ці не гарэла наша сэрца [ў нас], калі Ён казаў нам у дарозе, калі Ён раскрываў нам Пісанні? І, устаўшы, у тую ж гадзіну яны вярнуліся ў Іерусалім і знайшлі ў зборы адзінаццаць Апосталаў і тых, што з імі, якія казалі, што Госпад сапраўды быў уваскрэшаны і паказаў Сіману. А яны расказвалі, што было ў дарозе, і як пазналі Яго ў пераламленні хлеба. А калі яны казалі пра гэта, Ён64 Сам стаў сярод іх і кажа ім: Мір вам! Яны ж, зжахнуўшыся і перапалохаўшыся, думалі, што бачаць духа. І Ён сказаў ім: Чаго вы ўзрушыліся і чаму сумненні ўваходзяць у вашы сэрцы? Паглядзіце на Мае рукі і Мае ногі: гэта Я Сам; памацайце Мяне і паглядзіце, бо дух не мае цела і касцей, Я ж, як бачыце, маю. І, гэта сказаўшы, Ён паказаў ім рукі і ногі. Калі ж яны ад радасці яшчэ не верылі і здзіўляліся, Ён сказаў ім: Ці ёсць у вас тут якая яда? І яны падалі Яму кавалак печанай рыбы; [і пчаліных сотаў]. І, узяўшы, перад імі з’еў. І сказаў ім: Гэта Мае словы, што Я казаў вам, калі яшчэ быў з вамі: трэба, каб спраўдзілася ўсё, што напісана пра Мяне ў Маісеевым законе, і ў прарокаў, і псалмах. Тады Ён адкрыў ім розум для зразумення Пісанняў; І сказаў ім: Так напісана, што Хрыстос павінен адпакутаваць і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень, і каб Яго імем было абвешчана пакаянне дзеля даравання грахоў усім народам, пачынаючы з Іерусаліма. Вы сведкі гэтаму. І [вось] Я пасылаю абяцанае Маім Бацькам на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе [Іерусаліме] пакуль не ўмацуецеся65 сілаю з вышыні. І Ён вывеў іх з горада да самай Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, добраславіў іх. І сталася: калі добраслаўляў іх, Ён аддаліўся ад іх і быў узнесены ў неба. І яны, упаўшы ніцма перад Ім, вярнуліся ў Іерусалім з вялікаю радасцю, і былі заўсёды у святыні, [хвалячы і] добраслаўляючы Бога. [Амін].


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.