Библия › Клышка › 2-ы Карынфянаў

2 да Карынфянаў

Павел, з волі Божай Апостал Хрыста Ісуса, і Цімафей, брат, — царкве Божай, якая знаходзіцца ў Карынфе, з усімі святымі, што знаходзяцца ва ўсёй Ахаіі: ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста. Дабраславёны Бог і Бацька нашага Госпада Ісуса Хрыста, Бацька міласэрнасці і Бог усялякага суцяшэння, Які суцяшае нас пры кожным нашым горы, каб мы маглі суцяшаць тых, хто апынуўся ва ўсялякім горы тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх. Бо як памнажаюцца ў нас пакуты Хрыстовы, так праз Хрыста памнажаецца і наша суцяшэнне. І калі мы ў бядзе, то дзеля вашага суцяшэння і выратавання, і калі суцяшаемся — то для вашага суцяшэння, якое дзейнічае, даючы вам выстаяць у тых самых пакутах, якія пераносім і мы1. І наша надзея на вас цвёрдая, бо мы ведаем, што вы супольнікі як пакут, так і суцяшэння. Бо мы не хочам, каб вы не ведалі, браты, аб нашым горы, што здарылася [з намі] ў Асіі, — што мы былі прыгнечаныя празмерна, звыш нашай сілы, так што мы страцілі нават надзею выжыць. Але мы самі ў сабе мелі прысуд на смерць, каб спадзявацца нам не на сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых; Які выбавіў нас ад такой вялікай смяротнай небяспекі і выбавіць2, на Якога мы ўсклалі надзею, што Ён і яшчэ выбавіць, калі і вы паспрыяеце вашай малітвай за нас для таго, каб за дараванае нам праз многіх, многімі людзьмі была ўзнесена за нас падзяка. Бо наша пахвала — гэта сведчанне нашага сумлення, што ў прастаце і шчырасці Божай, і не ў цялеснай мудрасці, а ў ласцы Божай жылі мы на свеце, асабліва ў вас. Бо мы пішам вам не што іншае, як тое, што вы чытаеце або нават ведаеце; і спадзяюся, што будзеце ведаць да канца, як і часткова вы ведаеце нас, што мы ваша пахвала, як і вы — наша, у дзень [нашага] Госпада Ісуса. І ў гэтай перакананасці я хацеў прыйсці да вас раней, каб вы другі раз атрымалі ласку, і праз вас прайсці ў Македонію, і зноў з Македоніі прыйсці да вас, і вы правялі б мяне ў Іудзею. Дык хочучы гэтага, ці не зрабіў я легкадумна? Ці тое, што збіраюся рабіць, паводле цела збіраюся, каб было ў мяне то «так, так» і то «не, не»? Але таму, што верны Бог, наша слова да вас не было то — не «так», то «не». Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, Якога мы ў вас прапаведавалі, — я, Сілуан і Цімафей — не стаў «так» і «не», а наша слова стала «так» у Ім. Бо ўсе абяцанні Божыя ў Ім — «так»; таму праз Яго і «амін» — на славу Богу праз нас. Умацоўвае ж нас з вамі ў Хрысце і памазаў нас Бог, паставіў на нас Сваю пячатку і даў задатак Духа ў нашы сэрцы. Я ж заклікаю Бога ў сведкі на маю душу, што я, шкадуючы вас, яшчэ не прыходзіў у Карынф. Гэта не значыць, што мы пануем над вашаю верай, наадварот, мы супрацоўнікі з вамі дзеля вашай радасці, бо вераю вы стаіце.

А я разважыў для сябе так: не прыходзіць да вас зноў у смутку. Бо калі я засмучваю вас, хто мяне ўзрадуе, як не той, каго засмуціў я? І я напісаў [вам] тое самае, каб, прыйшоўшы, не мець смутку ад тых, ад якіх належала, каб я радаваўся, будучы ўпэўнены ва ўсіх вас, што мая радасць — гэта радасць усіх вас. Бо з вялікага гора і тугі сэрца я напісаў вам праз многія слёзы не дзеля таго, каб засмуціць вас, але каб вы ўведалі бязмежную любоў, якую я маю да вас. Калі ж хто кагосьці засмуціў, то не мяне засмуціў, а часткова, — каб не перабольшыць, — усіх вас. Для такога даволі гэтай кары ад большасці, так што, наадварот, лепш вам дараваць і суцешыць яго, каб ён не быў ахоплены празмерным смуткам. Таму прашу вас падцвердзіць вашу любоў да яго. Бо для гэтага я і напісаў, каб уведаць вашу выпрабаванасць, ці ва ўсім вы паслухмяныя. А каму вы што-небудзь даруеце, і я — таксама; бо і я, калі ў чым дараваў каму, то дараваў дзеля вас ад асобы Хрыста, каб не абхітрыў нас сатана, бо яго намеры нам не безвядомыя. Калі ж я прыйшоў у Трааду дзеля дабравесця Хрыстова і былі мне адчынены дзверы Госпадам, я не меў спакою ў маім духу, бо не знайшоў Ціта, майго брата, але, азвітаўшыся з імі, пайшоў у Македонію. Ды дзякаваць Богу, Які заўсёды пераможна вядзе нас у Хрысце і духмянасць ведання Яго выяўляецца праз нас у кожным месцы; таму штомы водыр Хрыстовы Богу ў тых, хто ратуецца, і ў тых, хто гіне: для адных — пах са смерці ў смерць, для другіх — пах з жыцця ў жыццё. І хто здатны на гэта? Бо мы не гандлюем словам Божым, як многія, а гаворым па шчырасці, як ад Бога, перад Богам, у Хрысце.

Няўжо нам зноў знаёміцца з вамі? Няўжо мы маем патрэбу, як некаторыя, у рэкамендацыйных лістах да вас ці ад вас? Вы — наш ліст, напісаны ў нашых сэрцах, які пазнаецца і чытаецца ўсімі людзьмі, — вы паказваеце сабою, што вы — ліст Хрыстовы, праз наша служэнне, напісанае не чарнілам, а Духам Жывога Бога; не на каменных скрыжалях, а на цялесных скрыжалях сэрцаў. І такую ўпэўненасць мы маем праз Хрыста перад Богам. Не таму, што мы здольныя нешта думаць, як бы ад сябе, але наша здольнасць ад Бога, Які і зрабіў нас здатнымі быць слугамі Новага Запавету, не літары, а Духа; бо літара забівае, а Дух ажыўляе. Калі ж служэнне смерці, літарамі выбітае на камянях, праявілася ў славе, так што сыны Ізраілевы не маглі зірнуць на твар Маісея з-за славы яго аблічча, славы, якая мінае, — як жа служэнне Духа не будзе болей у славе? Бо калі служэнне асуджэння слаўнае, то тым болей багатым славаю будзе служэнне апраўдання. Бо і праслаўленае не праславілася ў гэтай частцы з прычыны большай славы наступнага. Бо калі слаўнае, што прамінае, то тым больш слаўнае, што застаецца. Дык, маючы такую надзею, мы праяўляем вялікую адвагу, і не як Маісей, які клаў пакрывала на свой твар, каб сыны Ізраілевы не ўглядаліся на канец таго, што мінае. Ды іх розум прытупіўся; бо да сённяшняга дня тое самае пакрывала застаецца пры чытанні Старога Запавету: ім не адкрываецца, што пакрывала знішчаецца ў Хрысце. Але па сённяшні дзень, калі яны чытаюць Маісея, пакрывала ляжыць на іх сэрцы. Але калі іх сэрца звяртаецца да Госпада, пакрывала здымаецца. А Госпад ёсць Дух; а дзе Дух Гасподні, [там] свабода. Мы ж усе з адкрытым тварам, аглядаючы і адлюстрўваючы, як люстэрка, славу Гасподнюю, пераўтвараемся ў той самы вобраз ад славы ў славу так, як ад Гасподняга Духа.

Таму, маючы гэтае служэнне з міласэрнасці Божай, мы не журымся, але, адкінуўшы таемныя ганебныя ўчынкі, не хітруючы і не скажаючы слова Божага, а, адкрываючы праўду, аддаём сябе сумленню кожнага чалавека перад Богам. А нават калі наша дабравесце закрыта, то закрыта яно для тых, хто гіне; у бязверных бог гэтага веку асляпіў розум, каб для іх не заззяла святло дабравесця славы Хрыста, Які ёсць вобраз [нябачнага] Бога. Бо мы не сябе абвяшчаем, а Хрыста Ісуса як Госпада, а сябе як вашых слуг3 дзеля Ісуса. Таму што Бог, Які сказаў: «З цемры няхай заззяе святло», — Ён заззяў у нашых сэрцах, каб азарыць пазнанне славы Божай у асобе Ісуса Хрыста. Але гэты скарб мы маем у гліняных пасудзінах, каб перавага сілы была ад Бога, а не з нас. Мы ва ўсім церпім уціск, але не сціснуты; у роспачных абставінах, але не ў роспачы; гоняць нас, але мы не пакінуты; мы паваленыя, але не знішчаны; заўсёды носім у целе ўмярцвенне [Госпада] Ісуса, каб і жыццё Ісуса быловыяўлена ў нашым целе. Бо мы, жывыя, заўсёды аддаемся на смерць дзеля Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў нашым смяротным целе. Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас. І, маючы той самы дух веры, як напісана: «Я ўвераваў, таму гаварыў», — і мы веруем, таму і гаворым, ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Ісуса, уваскрэсіць з Ісусам і нас і паставіць перад Сабою з вамі. Бо ўсё дзеля вас, каб ласка, прымножаная праз вельмі многіх людзей, узбагаціла тым большую ўдзячнасць на славу Божую. Таму мы не сумуем, бо хоць наш вонкавы чалавек разбураецца, наш унутраны чалавек дзень пры дні абнаўляецца. Бо кароткачасовая лёгкасць нашага гора творыць для нас ва ўсё большым і большым багацці вечную вагу славы, бо мы глядзім не на бачнае, а на нябачнае; бо бачнае — часова, а нябачнае — вечна.

Бо мы ведаем, што калі наш зямны дом, гэтая хаціна, зруйнуецца, мы маем збудаванне ад Бога, дом нерукатворны, вечны на нябёсах. Ад гэтага ж мы і стогнем, прагнучы апрануцца ў наша жыллё з неба, калі б толькі нам і апранутым, не апынуцца голымі. Бо мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, стогнем пад цяжарам, бо не хочам распрануцца, а апрануцца, каб смяротнае было паглынута жыццём. А якраз на гэта стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа. Таму мы заўсёды бадзёрыя і ведаем, што, пасяляючыся ў целе, мы высяляемся ад Госпада, — бо мы ходзім вераю, а не бачнасцю, — мы, такім чынам, бадзёрыя і лічым за лепшае выселіцца з цела і пасяліцца ў Госпада. Таму мы і рупна стараемся, ці пасяляючыся, ці высяляючыся, быць Яму даспадобы. Бо ўсе мы павінны з’явіцца перад судом Хрыстовым з тым, каб кожны атрымаў паводле таго, што ён зрабіў у целе: ці добрае, ці благое. Дык, ведаючы страх перад Госпадам, мы пераконваем людзей; Богу ж мы адкрытыя; і спадзяюся, што адкрыты і вашаму сумленню. Мы не рэкамендуем вам сябе зноў, а даём вам нагоду хваліцца намі, каб вы мелі што сказаць тым, што хваляцца абліччам, а не сэрцам. Бо, калі мы выйшлі з сябе, то для Бога; калі ж сціплыя, то для вас. Бо любоў Хрыстова ахапіла нас, бо мы разважылі так — што4 Адзін памёр за ўсіх, тады ўсе памерлі; І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не для сябе жылі, а для Таго, Хто памёр за іх і быў уваскрэшаны. Так што мы ад гэтага часу нікога не ведаем паводле цела; калі мы і ведалі Хрыста паводле цела, то цяпер ужо не ведаем Яго такім. Так што калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; старое мінула, вось сталася новае. Усё ж ад Бога, Які прымірыў нас з Сабою праз Хрыста і даў нам служэнне прымірэння, таму што Бог быў у Хрысце, мірачы з Сабою свет, не залічваючы ім іх правінаў, і даў нам слова прымірэння. Дык, мы — пасланцы ад Хрыста, і як бы Сам Бог просіць вас праз нас; просім ад імя Хрыста: памірыцеся з Богам. Таго, Хто не ведаў граху, Ён зрабіў грахом за нас, каб мы сталі праведнасцю Божай у Ім.

І, працуючы разам з Ім, мы таксама просім вас прыняць не марна ласку Божую. Бо Ён кажа: «У прыемны час Я пачуў цябе, і ў дзень выратавання Я дапамог табе». Вось цяпер прыдатны час, вось цяпер дзень выратавання. Мы не даём ніякага ні ў чым спатыкання, каб не глумілася служэнне, але ва ўсім мы рэкамендуем сябе, як Божых служак: у вялікай вытрываласці ў горы, у нястачы, ва ўціску, пад ударамі, у турмах, у беспарадках, у працы, у недасыпанні, у пастах, у чысціні, у мудрасці, у доўгацярплівасці, у дабрыні, у Святым Духу, у некрывадушнай любові, у слове праўды, у сіле Божай, са зброяй праведнасці ў правай і левай руцэ, у пашане і знявазе, у знеслаўленні і ў добрай славе; як ашуканцы, але мы праўдзівыя; як невядомыя, хоць усім вядомыя; як пры смерці, вось мы жывём; нас караюць, а мы не паміраем; як засмучаныя, а мы заўсёды радуемся; як убогія, а многіх узбагачаем; як тыя, што нічога не маюць, але ўсім валодаем. Вусны нашы адкрытыя для вас, карынфяне; сэрца наша расшырылася. Вам не цесна ў нас, але ўнутры вас вам цесна. Адплаціце тым жа — кажу як дзецям: расшырцеся і вы. Не ўпрагайцеся ў чужое ярмо з бязвернымі. Бо якое саўдзельніцтва ў праведнасці з беззаконнем? Ці што супольнага ў святла з цемрай? І якая згода між Хрыстом і Веліярам? Ці якую долю мае верны з няверным? І якая супольнасць у храма Божага з ідаламі? Бо мы5 храм жывога Бога, як і сказаў Бог: «Пасялюся ў іх і буду хадзіць між іх, і буду іх Богам, і яны будуць Маім народам». Таму «выйдзіце з іх асяроддзя і аддзяліцеся, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага; і Я прыму вас»; «і буду вам Бацькам, і вы будзеце Мне сынамі і дочкамі, — кажа Госпад Усемагутны».

Дык, улюбёныя, маючы гэтыя абяцанні, ачысцім сябе ад усяго, што апаганьвае цела і дух, удасканальваючы святасць у страху перад Богам. Змясціце нас у свае сэрцы; мы нікога не пакрыўдзілі, нікога не сапсавалі, ні ад каго не шукалі карысці. Не ў асуджэнне кажу: бо я раней казаў, што вы — у нашых сэрцах, каб нам разам памерці і разам жыць. Вялікая мая ўпэўненасць у вас, вялікая ў мяне гордасць за вас: я напоўнены суцяшэннем, я перапаўняюся радасцю пры ўсім нашым горы. І нават калі мы прыйшлі ў Македонію, наша цела не мела ніякага спакою, а з усіх бакоў гнялі нас; звонку — напасці, унутры — страхі. Але Бог, Які суцяшае прыгнечыных, суцешыў нас прыбыццём Ціта, і не толькі прыбыццём яго, але і суцяшэннем, якім ён суцешыўся аб вас, аб’яўляючы нам аб вашым гарачым жаданні, аб вашым плачы, аб вашай руплівасці дзеля мяне, так што я яшчэ болей узрадаваўся. Таму калі я і засмуціў вас лістом, я не раскайваюся: калі і раскайваўся, бачу, што той ліст — нават калі на гадзіну — вас засмуціў, то цяпер я радуюся — не таму, што вы былі засмучаны, а таму, што былі засмучаны да пакаяння: бо вы былі засмучаны паводле Бога, каб ні ў чым не пацярпець шкоды ад нас. Бо смутак паводле Бога робіць пакаянне для выратавання, аб чым не шкадуюць; а смутак гэтага свету чыніць смерць. Бо вось, якраз гэта — тое, што вы былі засмучаны паводле Бога, глядзіце, якую выклікала ў вас рупнасць, а якое апраўданне, а якое абурэнне, а які страх, і якое жаданне, а якую гарачнасць, а якую адплату! Ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе. Дык калі я і напісаў вам, то не дзеля таго, хто пакрыўдзіў, і не дзеля пакрыўджанага, але дзеля таго, каб перад Богам стала вам відавочным ваша старанне аб нас6. Таму мы суцешаныя. Але, акрамя нашага суцяшэння, мы яшчэ болей узрадаваліся Цітавай радасці, таму што яго дух супакоены ўсімі вамі. Бо калі я чым пахваліўся яму пра вас, — я не быў пасаромлены, але, як мы ўсё вам казалі ў праўдзе, так і наша пахвала перад Цітам аказалася праўдаю. І яго сэрца яшчэ болей горнецца да вас, калі ён успамінае аб паслухмянасці ўсіх вас, як вы прынялі яго са страхам і трымценнем. Я радуюся, што маю адвагу ва ўсім быць упэўненым у вас.

І яшчэ паведамляем вам, браты, аб ласцы Божай, дадзенай у цэрквах Македоніі, што ў вялікім выпрабаванні прыгнётам яны перапоўнены радасцю і іх глыбокае ўбоства вылілася ў багацце іх шчодрасці, таму што яны дабраахвотна ў меру іх сіл, і — я сведчу — нават звыш сіл, з вялікай мальбою прасілі нас пра дар і супольнасць служэння святым; і прытым не так, як мы спадзяваліся, а яны аддалі саміх сябе спачатку Госпаду а потым нам, паводле волі Божай; так што мы прасілі Ціта, каб ён, як раней пачаў, так і завяршыў у вас і гэтую дабрачыннасць. Але як вы ва ўсім багатыя — у веры, і ў слове, і ў ведах, і ва ўсялякай руплівасці і ў нашай да вас7 любові, — так няхай будзе багацце і ў гэтай дабрачыннасці. Кажу гэта не як загад, але выпрабоўваючы руплівасцю іншых сапраўднасць і вашай любові. Бо вы ведаеце ласку нашага Госпада Ісуса Хрыста — што Ён, будучы багаты, збяднеў дзеля вас, каб вы Яго ўбоствам разбагацелі. І я падаю сваю думку ў гэтым; бо гэта карысна вам — тым, якія першымі пачалі годназад не толькі рабіць, але і хацець зрабіць гэта. А цяпер завяршыце і саму справу, каб, чаго вы старанна хацелі, выканалі з таго, што вы маеце. Бо калі ёсць гатоўнасць, то яна прымаецца, гледзячы па тым, хто што мае, а не па тым, чаго не мае. Бо гэта робіцца не так, каб іншым была палёгка, а вам у цяжар, а з роўнасці; у цяперашні час ваша багацце ў папаўненне іх нястачы, каб і іх багацце было ў папаўненне вашай нястачы, так каб была роўнасць, як напісана: «Хто сабраў многа, не меў лішняга, а хто мала — не меў нястачы». Але ўдзячнасць Богу, Які ўклаў у Цітава сэрца такую руплівасць пра вас, таму што ён прыняў просьбу, але, будучы вельмі руплівым, дабраахвотна пайшоў да вас. І мы паслалі разам з ім брата, якога па ўсіх цэрквах хваляць за дабравесце, і не толькі — але які таксама быў выбраны цэрквамі як наш спадарожнік у гэтай ласцы, якой мы служым у славу Самога Госпада і ў доказ нашай гатоўнасці, — высцерагаючыся, каб нас ніхто не папракнуў пры такім багацці, якое падносіцца намі ў нашым служэнні; бо мы прадбачліва клапоцімся пра тое, што ганарова не толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі. І мы паслалі з імі нашага брата, руплівасць якога мы ў многім шматразова выпрабавалі і які цяпер яшчэ руплівейшы з-за вялікай упэўненасці ў вас. Што да Ціта — ён мой таварыш і супрацоўнік для вас; а браты нашы — яны пасланцы цэркваў, слава Хрыстова. Дык перад абліччам цэркваў дайце ім доказ вашай любові і нашай пахвалы вамі.

Бо што да служэння святым мне залішне пісаць вам; бо я ведаю вашу гатоўнасць, якой хвалюся вамі перад македонцамі — што Ахаія падрыхтавана з мінулага года, і ваша рупнасць падахвоціла большасць з іх. Але я паслаў братоў, каб наша пахвала аб вас не аказалася пустою ў гэтым сэнсе, каб, як я казаў, вы былі падрыхтаванымі, каб, калі прыйдуць са мной македонцы і знойдуць вас непадрыхтаванымі, мы — не кажучы пра вас — не асароміліся ў гэтай упэўненасці. Дык я палічыў патрэбным папрасіць братоў, каб яны выйшлі да вас раней і загадзя падрыхтавалі ваша раней абяцанае дабраславенне, каб яно, такім чынам, было гатовае як дабраславенне, а не як вымаганне. Але вось што: хто скупа сее, той скупа і сажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне. Кожны, як вырашыў у сэрцы, няхай дае не з жалю або з прымусу; бо таго, хто радасна дае, любіць Бог. І Бог мае сілу памножыць усялякую ласку для вас, каб вы, маючы ва ўсім заўсёды ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсялякую добрую справу, як напісана: «Ён раскідаў; ён даў убогім; яго праведнасць застаецца навек». А Той, Хто дае насенне сейбіту і хлеб для яды, дасць вам насенне і прымножыць ваша насенне, і павялічыць плады вашай праведнасці. Ва ўсім вы ўзбагачаецеся дзеля ўсялякай шчодрасці, якая праз нас творыць падзяку Богу, таму што выкананне гэтага служэння не толькі папаўняе нястачу ў святых, але і багатае многімі падзякамі Богу. Бачачы сведчанне гэтага служэння, яны ўслаўляюць Бога за вашу пакорнасць вызнаванаму вамі Дабравесцю Хрыстову і за шчырую лучнасць з імі і з усімі, і, молячыся за вас, яны прагнуць да вас, з-за бязмернай ласкі Божай у вас. Падзяка Богу за Яго невымоўны дар!

Але сам я, Павел, прашу вас лагоднасцю і мяккасцю Хрыстовай — я, той, хто нясмелы між вас, але адважны з вамі ў адсутнасці, — прашу, каб мне, як буду між вамі, не давялося ўжыць тую цвёрдую адвагу, з якою я думаю выступіць супроць некаторых, што лічаць, быццам мы жывём паводле цела. Бо, хоць мы жывём у целе, мы не паводле цела ваюем; бо зброя нашага змагання не цялесная, а моцная Богам на зруйнаванне цвярдыняў; мы руйнуем задумы і ўсялякае высакамер’е, што паўстае супроць пазнання Бога, і палонім усялякую думку ў паслухмянасць Хрысту, і мы гатовы пакараць усякую непаслухмянасць, калі ваша паслухмянасць стане поўнаю. Глядзіце на тое, што перад вачыма. Калі хто ўпэўнены ў сабе, што ён Хрыстоў, няхай яшчэ раз сам па сабе разважыць, што як ён Хрыстоў, так і мы [Хрыстовы]. Бо нават калі я і трошкі болей пахвалюся нашаю ўладай, якую даў Госпад дзеля вашага збудавання, а не дзеля вашага разбурэння, я не буду пасаромлены. Кажу гэта, каб не здалося, быццам я запалохваю вас лістамі, таму што, хоць яго лісты, скажа хтосьці, важкія і моцныя, у асабістай прысутнасці ён слабы і слова яго мізэрнае. Такі няхай ведае, што якія мы ў слове лістоў, калі адсутнічаем, такія мы ва ўчынках, калі прысутнічаем. Бо мы не адважваемся залічаць сябе да тых ці параўноўваць сябе з тымі, хто сам сябе рэкамендуе; але яны, вымяраючы сябе сабою і параўноўваючы сябе з сабою, не разумеюць. А мы не будзем хваліцца праз меру, але ў межах, вызначаных нам Богам, каб дайсці і да вас. Бо мы не напружваем сябе, як быццам не дасягнулі вас, бо мы дайшлі і да вас у Дабравесці Хрыстовым. Мы не хвалімся без меры чужою працай, але спадзяёмся, што з узрастаннем вашай веры невымерна ўзвялічыцца ў вас наш удзел, каб дабравесціць між тых, хто па-за вашымі межамі, а не для таго, каб хваліцца гатовым у чужым удзеле. А той, хто хваліцца, няхай хваліцца Госпадам; бо не той годны, хто сам сабе выстаўляе, а той, каго ставіць Госпад.

О, каб вам пацярпець мяне, нават калі я трошкі неразумны! Але вы і церпіце мяне! Бо я руплюся аб вас Божай руплівасцю; бо я заручыў вас з адным мужам, каб прадставіць Хрысту чыстаю дзевай. Але баюся, як бы, як змей падмануў Еву сваёю хітрасцю, не былі папсаваны вашы думкі, адышоўшы ад прастаты і чысціні, якая ў Хрысце. Бо калі нехта прыходзіць і прапаведуе другога Ісуса, якога мы не прапаведавалі, ці калі вы атрымліваеце іншага духа, якога не атрымлівалі, ці іншае дабравесце, якога не прымалі, то вы яго выдатна церпіце. Бо думаю, што я ні ў чым не саступаю звышапосталам. Але нават калі я недасведчаны ў слове, — але не ў ведах; ды і ва ўсіх адносінах мы паказалі вам гэта ва ўсім. Ці грэх я зрабіў, прыніжаючы сябе, каб узвысіць вас, таму што дабравесціў задарма вам Дабравесце Божае? Я абіраў другія цэрквы, беручы плату для служэння вам, і калі быў у вас і апынуўся ў нястачы, я нікому не стаў цяжарам; бо нястачу маю папоўнілі браты, якія прыйшлі з Македоніі, і я ва ўсім стараўся не абцяжарваць вас, і буду старацца. Па праўдзе Хрыстовай ува мне скажу, што гэтай пахвалы ніхто ад мяне не адыме ў краінах Ахаіі. Чаму? Ці таму, што я не люблю вас? Бог ведае. Але што раблю, тое і буду рабіць, каб адсекчы зачэпку тым, хто шукае падставы, каб ў тым, чым яны хваляцца, яны аказаліся такімі ж, як і мы, Бо такія — ілжэапосталы, падступныя працаўнікі, якія прыкідваюцца Апосталамі Хрыстовымі. І нядзіўна: бо сам сатана прыкідваецца Анёлам святла. Дык нічога вялікага, што і служкі яго прыкідваюцца служкамі праведнасці; канец іх будзе паводле іх учынкаў. Зноў кажу: няхай не падумае хто, што я неразумны; а калі не так, прыміце мяне, нават калі б я быў неразумны, каб і мне крыху пахваліцца. Тое, што кажу, не паводле Госпада кажу, а як бы ў неразумнасці, у гэтай настойлівасці пахвалы. Калі многія хваляцца паводле цела, і я буду хваліцца. Бо вы, людзі мудрыя, ахвотна церпіце неразумных; бо вы церпіце, калі хто вас занявольвае, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто ўзносіцца, калі хто б’е вас у твар. На сорам кажу, як быццам мы былі слабыя. Але ў чым хто-небудзь іншы ні адважваўся — у неразумнасці кажу, — адважваюся ў тым і я. Яны — яўрэі? І я. Яны ізраільцяне? І я. Яны нашчадкі Аўраамавы? І я. Яны служкі Хрыстовы? Кажу як бы не ў сабе: я болей: куды болей у працы, куды болей у турмах, бязмерна пад ударамі, часта пры смерці. Ад іудзеяў пяць разоў я атрымліваў па сорак удараў без аднаго; тры разы быў біты палкамі, адзін раз каменаваны, тры разы разбіваўся карабель са мною, ноч і дзень правёў у марской глыбіні; часта ў падарожжах, у небяспеках на рэках, у небяспеках ад рабаўнікоў, у небяспеках ад землякоў, у небяспеках ад язычнікаў, у небяспеках у горадзе, у небяспеках у пустэльні, у небяспеках на моры, у небяспеках паміж ілжэбратамі; у працы і знямозе, часта ў недасыпанні, у голадзе і смазе, часта ў пастах, у холадзе і ў галізне; апрача таго, у мяне настаўніцтва штодня, турбота аб усіх цэрквах. Хто слабы, а я не слабы? Хто спакушаецца, а я сам не згараю? Калі трэба хваліцца, буду хваліцца маёю нямогласцю. Бог і Бацька [нашага] Госпада Ісуса [Хрыста], добраславёны навекі, ведае, што я не лгу. У Дамаску намеснік цара Гарэты пільнаваў горад дамаскійцаў, каб схапіць мяне, і я праз акно быў спушчаны ў кашы, праз мур, і ўцёк з ягоных рук.

Даводзіцца хваліцца, хоць у гэтым няма карысці, і я перайду да з’явенняў і адкрыццяў Гасподніх. Я ведаю чалавека ў Хрысце: чатырнаццаць гадоў таму назад (ці ў целе — не ведаю, ці па-за целам — не ведаю; Бог ведае) — такі чалавек быў узнесены да трэцяга неба. І ведаю такога чалавека (ці ў целе, ці па-за целам — не ведаю; Бог ведае), што быў узяты ў рай і чуў невымоўныя словы, якіх чалавеку нельга выказаць. Такім чалавекам буду хваліцца, а сабою хваліцца не буду, хіба толькі [сваімі] немачамі. Бо калі я захачу пахваліцца, то не буду неразумным, бо я скажу праўду; але я ўстрымліваюся, каб не падумаў хто пра мяне звыш таго, што бачыць і чуе ад мяне. І каб я не ўзвышаўся з-за незвычайнасці адкрыццяў, мне было дадзена джала ў целе, анёл сатаны, каб ён біў мяне, каб я не ўзвышаўся. Аб гэтым я тройчы прасіў Госпада, каб яно адстала ад мяне. І Ён сказаў мне: «Даволі для цябе Маёй ласкі: бо [Мая] сіла здзяйсняецца ў слабасці». Таму найбольш ахвотна я буду хваліцца сваімі слабасцямі, каб жыла ўва мне сіла Хрыстова. Таму я задаволены ў слабасцях, знявагах, нястачах, у ганеннях і ўцісках за Хрыста; бо калі я слабы, тады я дужы. Я зрабіўся неразумным, [хвалячыся], вы прымусілі мяне. Бо вы павінны былі мяне рэкамендаваць; бо я ні ў чым не ўступаю звышапосталам, хоць я і нішто. Ды вы і самі бачылі доказы майго служэння як Апостала ва ўсякай вытрываласці, у знаках, у цудах і сілах. Бо ў чым вы былі пастаўлены ў горшае становішча ў параўнанні з астатнімі цэрквамі, апрача таго, я не быў вам у цяжар? Даруйце мне гэтую несправядлівасць! Вось ужо трэці раз я гатовы прыйсці да вас, і я не буду вам у цяжар; бо я шукаю не вашага, а вас. Бо не дзеці павінны запасіць для бацькоў, а бацькі для дзяцей. Я ж вельмі ахвотна буду траціць і сябе растрачу за вашы душы. Калі я вас усё мацней люблю, то буду менш любімы вамі? Але няхай будзе так, я не абцяжарыў вас; але можа, калі б быў хітрым, я ўзяў бы вас падступствам. Хіба я праз каго-небудзь, каго я пасылаў да вас, шукаў ад вас карысці? Я прасіў Ціта і паслаў з ім брата. Ці меў Ціт ад вас выгаду? Ці не ў адным духу мы хадзілі? Ці не па адных слядах? Вы даўно ўжо думаеце, што мы перад вамі апраўдваемся. Мы гаворым перад Богам у Хрысце; і ўсё гэта, улюбёныя, для вашага домаўладкавання. Бо баюся я, як бы, прыйшоўшы, я не знайшоў вас не такімі, якімі хачу, і вы не знайшлі мяне не такім, якім хочаце; як бы не было разладу, зайздрасці, гневу, сварак, нагавораў, нашэптванняў, пыхлівасці, беспарадкаў, каб, калі я прыйду зноў, не прынізіў мяне мой Бог перад вамі, і не аплакваў бы я многіх, што саграшылі раней і не пакаяліся ў нечысціне, распусце і разбэшчанасці, якія яны ўчынілі.

Ужо трэці раз я іду да вас: пры вуснах двух сведак ці трох падцвердзіцца кожнае слова. Я казаў раней калі быў другі раз, і кажу8 загадзя цяпер, адсутнічаючы, тым, хто раней грашыў, і ўсім астатнім, што, калі я зноў прыйду, не злітуюся, калі вы шукаеце доказу, ці гаворыць ува мне Хрыстос, Які не слабы для вас, а дужы ў вас. бо Ён і ўкрыжаваны быў у слабасці, але жывы сілаю Божай. І мы таксама, хоць слабыя ў Ім, але будзем жыць разам з Ім сілаю Божай у вас. Выпрабоўвайце саміх сябе, ці ў веры вы; правярайце сябе. Ці вы не прызнаяце, што Ісус Хрыстос увас? Хіба толькі вы не такія, якімі павінны быць. Але я спадзяюся, вы даведаецеся, што мы тое, чым павінны быць. Мы ж молімся Богу, каб вы не зрабілі нічога благога, — не дзеля таго, каб мы паказалі сябе годнымі ў выпрабаванні, а каб вы самі рабілі дабро, хоць бы мы здаваліся і не тым, чым павінны быць. Бо мы не можам рабіць што-небудзь супроць праўды, а можам дзеля праўды. Бо мы радуемся, калі мы слабыя, а вы дужыя; аб гэтым мы і молімся: аб вашым удасканаленні. Дзеля таго я пішу гэта, у адсутнасці, каб у прысутнасці не давялося мне ўжыць суровасць паводле ўлады, якую Госпад мне даў на стварэнне, а не на руйнаванне. Урэшце, браты, радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайцеся, будзьце аднадумцамі, жывіце ў міры, і Бог любові і міру будзе з вамі. Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе святыя. Ласка Госпада [нашага] Ісуса Хрыста, і любоў Бога, і лучнасць Святога Духа няхай будзе з усімі вамі. [Амін].


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.