Библия › Клышка › 1-ы да Фесаланікійцаў
Павел, Сілуан, і Цімафей — царкве фесаланікійцаў у Богу Бацьку і Госпадзе Ісусе Хрысце: Ласка вам і мір [ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста]. Заўсёды дзякуем Богу за ўсіх вас, успамінаючы вас у нашых малітвах. Несупынна ўспамінаючы вашу дзейную веру, і працу любові, і вытрываласць надзеі на нашага Госпада Ісуса Хрыста перад нашым Богам і Бацькам; ведаючы, браты, улюбёныя Богам, ваша абранне; бо наша дабравесце прыйшло да вас не толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Святым Духу, і ў вялікім засведчанні, як вы і ведаеце, якія мы былі між вас, дзеля вас. І вы сталі пераймальнікамі нас і Госпада, прыняўшы слова ў вялікім уціску з радасцю Святога Духа, так што вы зрабіліся ўзорам для ўсіх, хто верыць, у Македоніі і ў Ахаіі. Бо ад вас прагучала слова Гасподняе не толькі ў Македоніі і Ахаіі, але і ва ўсякім месцы разышлася ваша вера ў Бога, дык мы не маем патрэбы што-небудзь казаць. Бо яны самі абвяшчаюць пра нас, які ўваход мы мелі да вас, і як вы павярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць жывому і праўдзіваму Богу і чакаць з нябёсаў Яго Сына, Якога Ён уваскрэсіў з мёртвых, Ісуса, Які выбаўляе нас ад будучага гневу.
Бо вы самі ведаеце, браты: наш уваход да вас — быў не дарэмны; а раней мы перацярпеўшы пакуты і здзекі ў Філіпах, як вы і ведаеце, адважыліся ў нашым Богу прапаведаць вам Дабравесце Божае ў вялікім змаганні. Бо наша навучанне не было ні з памылковасці, і ні з нечысціні, і ні з ашуканства; а як мы выпрабаваны Богам, каб нам было даручана Дабравесце, так мы і кажам, не людзям дагаджаючы, а Богу, які выпрабоўвае нашы сэрцы. Бо ніколі не было ў нас перад вамі слоў ліслівасці, як вы ведаеце, і ні ўтоенай хцівасці — Бог сведка. І хвалы ад людзей мы не шукалі, ні ад вас, ні ад іншых, хоць маглі б мець вагу як Апосталы Хрыстовы. Але мы зрабіліся мяккімі1 між вас, якіх будзе саграваць карміліца, як сваіх дзяцей, так мы ў сваім памкненні да вас уважаем за добрае перадаць вам не толькі Дабравесце Божае, але і нашы душы, бо вы сталіся для нас улюбёнымі. Бо вы памятаеце, браты, нашу працу і намаганне: уначы і ўдзень працуючы, каб не абцяжарыць каго з вас, мы прапаведавалі вам Дабравесце Божае. Вы сведкі і Бог, як мы свята, справядліва і беззаганна вялі сябе з вамі, тымі, хто верыць, таксама, як вы ведаеце, якія мы былі з кожным з вас, як бацька са сваімі дзецьмі, навучаючы, і падбадзёрваючы, і сведчачы, каб вы жылі годна Бога, Які заклікаў вас у Сваё Царства і славу. А таму і мы несупынна дзякуем Богу, што, атрымаўшы слова Божае, пачутае ад нас, вы прынялі яго не як слова чалавечае, а як яно сапраўды ёсць, як слова Божае, якое і дзейнічае ў вас — тых, хто верыць. Бо вы, браты, зрабіліся пераймальнікамі цэркваў Божых, якія ў Іудзеі ў Хрысце Ісусе, бо і вы перацярпелі ад уласных супляменнікаў тое самае, што і яны ад іудзеяў, якія і Госпада Ісуса і прарокаў забілі і нас выгналі; і Богу яны не дагаджаюць і ўсім людзям супроцьстаяць, перашкаджаючы нам казаць язычнікам, каб тыя былі выратаваны, так што заўсёды папаўняюць свае грахі. Але ў канцы набліжаецца на іх гнеў. Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час прысутнасцю, а не сэрцам, тым з большым жаданнем імкнуліся пабачыць вашы абліччы. Таму мы хацелі прыйсці да вас — я, Павел, і раз, і два, аднак перашкодзіў нам сатана. Бо хто ёсць наша надзея, ці радасць, ці вянок пахвалы — ці не вы ж — перад нашым Госпадам Ісусам [Хрыстом] у Яго прышэсці? Бо вы — наша хвала і радасць.
Таму калі мы ўжо не маглі ўтрымацца, то ўважылі за добрае застацца ў Афінах адны і паслалі Цімафея, нашага брата і Божага супрацоўніка ў дабравешчанні Хрыстовым, каб умацаваць вас і натхніць дзеля вашай веры, каб ніхто не пахіснуўся ў гэтых бедах, бо вы самі ведаеце, што на гэта мы прызначаны. Бо нават, калі мы былі ў вас, мы загадзя казалі вам, што нам прыйдзецца зазнаць уціск, як і сталася, і вы ведаеце. Таму калі я ўжо не мог цярпець, я паслаў даведацца пра ваш веру: як бы не спакусіў вас спакуснік і наша праца не аказалася марнаю. Але цяпер да нас прыйшоў ад вас Цімафей і прынёс нам добрую вестку пра вашу веру і любоў, і што вы заўсёды маеце добры ўспамін пра нас, прагнучы ўбачыць нас, таксама як і мы вас. Таму мы пры ўсёй нашай патрэбе і бедах суцешыліся вамі, браты, праз вашу веру. Бо цяпер мы жывём, калі вы стаіце ў Госпадзе. Бо якую падзяку мы можам узнесці Богу за вас за ўсю радасць, якою мы радуемся, з-за вас перад нашым Богам. Уначы і ўдзень вельмі ўзмоцнена молячы, каб пабачыць ваша аблічча і дапоўніць тое, чаго нестае вашай веры. Няхай жа Сам Бог і наш Бацька і наш Госпад Ісус зробіць простаю нашу дарогу да вас. А вам няхай дасць Госпад узрасці і ўшчодрыцца ў любові адзін да аднаго і да ўсіх, гэтак жа як і мы маем да вас, каб умацаваць вашы сэрцы беззаганнымі ў святасці перад Богам і нашым Бацькам у прышэсце нашага Госпада Ісуса [Хрыста] з усімі Яго святымі, [амін].
І на астатку, браты, просім вас і молім у Госпадзе Ісусе, каб вы, як і перанялі ад нас тое, як вам трэба жыць і дагаджаць Богу, — як вы і сапраўды жывяце, — каб вы ўшчодрыліся яшчэ больш. Бо вы ведаеце, якія наказы мы далі ад Госпада Ісуса. Бо гэта воля Божая — ваша асвячэнне: каб вам ўстрымлівацца ад распусты; каб кожны з вас умеў валодаць уласным целам у асвячэнні і годнасці; а не ў запале пажадлівасці, як язычнікі, што не ведаюць Бога; каб ніхто не пераступаў межаў і не ашукваў у гэтай справе свайго брата, бо Госпад — спагоніць за ўсё гэта, як мы і раней казалі вам і засведчылі. Бог жа нас заклікаў не да нячыстасці, а да асвячэння. Таму той, хто гэта адкідае, не чалавека адкідае, а Бога, Які і дае нам Свайго Святога Духа. Аб браталюбстве ж — дык вы не маеце патрэбы, каб мне пісаць вам, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго; бо вы і робіце гэта з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Але мы просім вас, браты, ушчодрыцца яшчэ больш і рупліва імкнуцца, каб жыць ціха, і рабіць сваё, і працаваць сваімі ўласнымі рукамі, як мы і загадвалі вам, каб вы жылі добрапрыстойна перад тымі, хто звонку, і ні ў чым не мелі патрэбы. Але мы не хочам2, каб вы, браты, былі ў няведанні пра памерлых3, каб вы не журыліся, як і астатнія, што не маюць надзеі. Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрэс, то гэтак і тых, хто ў Ісусе заснуў, Бог прывядзе з Ім. Бо гэта мы вам кажам словам Гасподнім, што мы, жывыя, якія засталіся да прышэсця Гасподняга, ні ў якім разе не апярэдзім заснулых; бо Сам Госпад пры ўладарным воклічы, пры голасе Архангела і пры трубе Божай зыдзе з неба і мёртвыя ў Хрысце ўваскрэснуць першымі. Тады мы, жывыя, якія засталіся, разам з імі будзем узятыя ў воблаках для сустрэчы з Госпадам у паветры; і так мы заўсёды будзем з Госпадам. Так што суцяшайце адзін аднаго гэтымі словамі.
А да часоў і тэрмінаў, браты, — вы не маеце патрэбы, каб вам пісаць; бо вы самі вельмі добра ведаеце, што як злодзей уначы — так прыходзіць дзень Гасподні. Калі будуць казаць: «Мір і бяспека», тады прыйдзе на іх раптоўнае знішчэнне, гэтак жа як родавыя мукі — на цяжарную, яны не ўцякуць! Але вы, браты, не ў цемры, каб дзень заспеў вас, як злодзей. Бо вы ўсе сыны святла і сыны дня. Мы не належым ні ночы, ні цемры. Дык не будзем спаць, як астатнія, а будзем чуйнымі і будзем цвярозымі. Бо тыя, што спяць, спяць уначы, і тыя, што напіваюцца, п’яныя ўначы. Але як мы належым дню, то будзем цвярозыя, апранутыя ў панцыр веры і любові і ў шлем — надзею выратавання. Таму што Бог нас прызначыў не на гнеў, а на атрыманне выратавання праз нашага Госпада Ісуса Хрыста, Які памёр за нас, каб мы — ці чуваем, ці спім — жылі разам з Ім. Таму навучайце адзін аднаго і будуйце адзін аднаго, як вы і робіце. І просім вас, браты, паважаць тых, хто працуе між вас, і вядзе вас ў Госпадзе, і навучае вас. І асабліва высока шанаваць іх любові за іх працу. Жывіце ў міры між сабою. І молім вас, браты: настаўляйце бясчынных, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівыя да ўсіх. Глядзіце, каб ніхто нікому не плаціў злом за зло, а заўсёды імкніцеся рабіць дабро і адзін аднаму, і ўсім. Заўсёды радуйцеся, безупынна маліцеся, ва ўсім дзякуйце: бо гэта воля Божая ў Хрысце Ісусе для вас. Духа не гасіце; прароцтвамі не пагарджайце. Але ўсё правярайце. Добрага цвёрда трымайцеся; ад усялякага роду зла ўстрымлівайцеся. І Сам Бог міру няхай асвяціць вас поўнасцю, і ваш дух, і душа, і цела няхай захаваецца ў цэласці беззаганна ў прышэсце нашага Госпада Ісуса Хрыста. Верны Той, Які заклікае вас, Які і зробіць гэта. Браты! Маліцеся і аб нас. Вітайце ўсіх братоў святым пацалункам. Заклінаю вас Госпадам, каб гэты ліст быў прачытаны ўсім [святым] братам. Ласка нашага Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе з вамі. [Амін.]
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014