Библия › Клышка › Да Ціту

Ціту

Павел, раб Божы і Апостал Ісуса Хрыста паводле веры выбраных Божых і спазнання ісціны, якая згодна з набожнасцю, у надзеі вечнага жыцця, якое Бог, што не можа лгаць, абяцаў перад вечнымі часамі, а ў свой час аб’явіў Сваё Слова ў пропаведзі, якая была даручана мне паводле загаду нашага Збаўцы Бога, — Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: Ласка [, міласць] і мір ад Бога Бацькі і [Госпада] Ісуса Хрыста, нашага Збаўцы. Дзеля гэтага я пакінуў цябе на Крыце, каб ты ўпарадкаваў, што засталося неўпарадкаванае, і паставіў у кожным горадзе старэйшын, як я табе загадаў: калі хто беззаганны, муж адной жонкі, мае дзяцей, якія веруюць, не абвінавачваюцца ў распусце ці ў непаслухмянасці. Бо епіскап павінен быць беззаганны, як Божы домакіраўнік, не самазадаволены, не гняўлівы, не прагавіты да віна, не задзірлівы, не хцівы, а гасцінны, дабралюбны, разумны, справядлівы, набожны, устрыманы, які трымаецца вернага слова, згоднага з вучэннем, каб ён быў моцны і пераконваць у здаровым вучэнні і выкрываць тых, што выступаюць супроць. Бо ёсць многа непакорлівых, пустасловаў і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных, якім трэба заціскаць рот, тым, якія разбураюць цэлыя дамы, вучачы таму, чаму не след, дзеля ганебнай карыслівасці. Адзін з іх саміх, іх уласны прарок, сказаў: «Крыцяне заўсёды лгуны, лютыя звяры, лянівыя абжоры». Сведчанне гэта праўдзівае. З гэтай прычыны выкрывай іх рэзка, каб яны былі здаровыя ў веры, не слухалі іудзейскія байкі і запаведзі людзей, што адварочваюцца ад ісціны. Усё чыстае для чыстых; а для апаганеных і бязверных няма нічога чыстага, у іх апаганены і розум, і сумленне. Яны сцвярджаюць, што ведаюць Бога, а сваімі ўчынкамі выракаюцца Яго, з’яўляючыся гнюснымі і непаслухмянымі і ні на які добры ўчынак няздатнымі.

Ты ж кажы тое, што належыць казаць здароваму вучэнню: каб старыя мужчыны былі цвярозыя, паважныя, разважлівыя, здаровыя ў веры, любові, вытрываласці; каб старыя жанчыны таксама былі добрапрыстойныя ў сваіх паводзінах, не пляткарылі, не надужывалі віна, вучылі добраму, каб маладых жанчын яны навучалі любіць мужоў, любіць дзяцей, быць разважнымі, чыстымі, працавітымі ў доме, добрымі, паслухмянымі сваім мужам, каб не зневажалася слова Божае. Маладзёнаў таксама навучай быць разважнымі, сам паказваючы ва ўсім узор добрых учынкаў, у настаўніцтве несапсаванасць, сур’ёзнасць, слова здаровае, беззаганнае, каб той, хто працівіцца, быў пасаромлены, не маючы сказаць пра нас нічога благога. Рабоў пераконвай падпарадкоўвацца сваім гаспадарам ва ўсім, дагаджаць, не пярэчыць, не красці, а выяўляць усю добрую вернасць, каб яны ўпрыгожвалі вучэнне нашага Збаўцы Бога ва ўсім. Бо з’явілася ласка Божая, якая нясе выратаванне ўсім людзям, якая навучае нас, каб мы, выракшыся бязбожнасці і свецкіх пажадлівасцей, жылі разважна, праведна і набожна ў цяперашнім веку, чакаючы дабраславёнай надзеі — з’яўлення славы нашага вялікага Бога і Збаўцы Ісуса Хрыста, Які аддаў Сябе за нас, каб выкупіць нас ад усялякага беззаконня і ачысціць Сабе як народ асаблівы, як рупліўца добрых учынкаў. Гэта кажы, заахвочвай і выкрывай з усёй уладаю. Няхай ніхто не пагарджае табой.

Напамінай ім, каб яны падпарадкоўваліся начальствам [і] ўладам; былі паслухмяныя, гатовыя да кожнага добрага ўчынку, нікога не зневажалі, былі несварлівыя; добразычлівыя, выяўляючы ўсялякую лагоднасць да ўсіх людзей. Бо і мы некалі былі неразумныя, непаслухмяныя, уведзеныя ў зман, былі рабамі розных пажадлівасцей і асалод; жылі ў злосці і зайздрасці, былі агідныя, ненавідзелі адзін аднаго. Але калі з’явілася дабрыня і чалавекалюбства нашага Збаўцы Бога, — то не за ўчынкі праведнасці, якія мы зрабілі, але паводле Сваёй міласэрнасці Ён уратаваў нас — праз абмыванне адраджэння і абнаўлення Святога Духа, Якога Ён багата выліў на нас праз Ісуса Хрыста, нашага Збаўцы, каб мы, апраўданыя Яго ласкаю, сталі спадкаемцамі паводле надзеі вечнага жыцця. Слушнае гэтае слова, і я хачу, каб ты настойліва сцвярджаў гэта, каб тыя, хто ўвераваў у Бога, рупіліся займацца добрымі ўчынкамі; гэта добра і карысна людзям. А неразумных спрэчак, радаводаў, сварак і спрэчак аб законе пазбягай; бо яны бескарысныя і марныя. Ад ератыка пасля аднаго і другога павучання ўхіляйся, ведаючы, што такі чалавек разбэсціўся і грашыць, асудзіўшы сябе самога. Калі прышлю да цябе Артэмаса ці Тыхіка, пастарайся прыйсці да мяне ў Нікапаль; бо там я вырашыў перазімаваць. Дзіну законніка, і Апалоса парупся выправіць у дарогу так, каб у іх ні ў чым не было нястачы. І няхай нашы таксама вучацца апярэджваць у добрых учынках дзеля неабходных патрэб, каб не быць ім бясплоднымі. Вітаюць цябе ўсе, хто са мною. Вітай усіх, хто любіць нас у веры. Ласка Божая няхай будзе з усімі вамі. [Амін].


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.