Библия › Надсан › Псалтыр

Псалтыр

Шчасьлівы муж, што не ішоў за радай нязбожных, і на шляху грэшнікаў не стаяў, і ў таварыстве распусьнікаў не сядзеў. Але ў законе Гасподнім воля яго, і аб законе Яго ён будзе разважаць дзень і ноч. І будзе ён як дрэва, ля вытокаў водаў пасаджанае, што дасьць плод у свой час і лісьце якога не ападзе; ва ўсім, што ён робіць, будзе шчасьціць яму. Ня гэтак нязбожныя, ня гэтак, але яны быццам пыл, які вецер зьмятае з твару зямлі. Таму не ўстаяць нязбожныя на судзе, ані грэшнікі на радзе праведных. Бо Госпад ведае шлях праведных, а шлях нязбожных згіне.

Чаму замітусіліся народы і людзі задумалі марнае? Уладары зямлі паўсталі, і князі сабраліся разам на Госпада і на Яго памазаньніка: «Разарвем іх путы і скінем з сябе ярмо іх!» Той, хто жыве ў небе, пасьмяецца з іх, і Госпад пасароміць іх. Тады загаворыць да іх у гневе сваім і ў абурэньні сваім устрывожыць іх. А я пастаўлены Ім уладаром над Сыёнам, гарой сьвятой Яго, абвяшчаць пастанову Гасподнюю. Госпад сказаў мне: «Ты сын Мой, сёньня Я нарадзіў цябе. Прасі ў Мяне, і дам табе як спадчыну тваю народы і канцы зямлі ў валоданьне тваё. Жалезным жазлом будзеш пасьвіць іх і, быццам гліняны посуд, скрышыш іх». Дык цяпер зразумейце, уладары, навучыцеся, усе, што судзіце зямлю! Служыце Госпаду са страхам і слаўце Яго з трапятаньнем. Прыміце навуку, каб часам не разгневаўся Госпад, і згінеце, сышоўшы з праўдзівай дарогі, калі хутка загарыцца гнеў Яго. Шчасьлівыя ўсе, што на Яго спадзяюцца.

Псалом Давіда, калі той уцякаў ад Абсалёма, сына свайго. Госпадзе, што так размножыліся тыя, што прыгнятаюць мяне? Многа тых, што паўстаюць на мяне; многа тых, што кажуць душы маёй: «Няма яму збаўленьня ў Богу яго». Але Ты, Госпадзе, — заступнік мой, слава мая, і Ты той, хто ўздымае галаву маю. Голасам маім я клікаў Бога, і Ён пачуў мяне з гары сьвятой сваёй. Вось я заснуў і спаў; устаў, бо Госпад сьцеражэ мяне. Не збаюся безьлічы людзей, што з усіх бакоў на мяне наступаюць. Устань, Госпадзе, збаў мяне, Божа мой! Бо Ты паразіў усіх, што без прычыны варагуюць супраць мяне; зубы грэшнікаў Ты скрышыў. Ад Госпада збаўленьне і на людзях Тваіх — блаславеньне Тваё.

Кіраўніку хору. На струнных прыладах. Песьня Давіда. Калі я клікаў, Бог праведнасьці маёй пачуў мяне. У бядзе Ты вывеў мяне на прасьцяг. Зьмілуйся нада мною і выслухай малітву маю. Сыны людзкія, дакуль будзеце цяжкасардэчнымі? Чаму любіце пустое і шукаеце няпраўду? Дык ведайце, што дзіву годным учыніў Госпад праведніка свайго; Госпад пачуе мяне, калі буду клікаць Яго. Гневайцеся — і не грашыце; што кажаце ў вашых сэрцах, у тым кайцеся на пасьцелях вашых! Прынясіце ахвяру праведнасьці і спадзявайцеся на Госпада. Многія кажуць: «Хто нам пакажа дабро?» Зьзяньне твару Твайго, Госпадзе, стала яўным для нас. Ты даў радасьць сэрцу майму, у той час як яны напоўніліся плодам сваёй пшаніцы, віна і алею. Я лягу спаць у супакоі і засну, бо адзін Ты, Госпадзе, даў мне жыць у надзеі.

Кіраўніку хору. На духавых прыладах. Псалом Давіда. Да словаў маіх прыслухайся, Госпадзе, зразумей крык мой; будзь уважлівы да голасу маленьня майго, Уладару мой і Божа мой! Бо да Цябе, Госпадзе, памалюся. На досьвітку пачуй голас мой, на досьвітку стану перад Табою і буду назіраць. Бо Ты не такі Бог, што жадае беззаконьня: нягоднік не паселіцца пры Табе, дый беззаконныя не ўстаяць перад Тваімі вачыма. Ты неўзьлюбіў усіх, што чыняць беззаконьне; Ты зьнішчыш усіх, што кажуць няпраўду: Госпад цураецца мужа крыві і няшчырага. Я ж з вялікай ласкі Тваёй увайду ў дом Твой, пакланюся сьвятому храму Твайму ў страху перад Табою. Госпадзе, у справядлівасьці Тваёй вядзі мяне, дзеля ворагаў маіх выраўнуй шлях мой перад Табою. Бо ў вуснах іх няма праўды, сэрца іх пустое, горла іх — магіла адкрытая, языкамі сваімі лісьлівілі. Судзі іх, Божа, хай абернуцца ў нішто намеры іх, дзеля безьлічы бясчынстваў іх адкінь іх, бо яны засмуцілі Цябе, Госпадзе. І хай узрадуюцца ўсе, што спадзяюцца на Цябе: яны будуць цешыцца давеку, і Ты паселісься сярод іх. І хваліцца будуць Табою ўсе, што любяць імя Тваё. Бо Ты, Госпадзе, блаславіш праведніка: быццам шчытом спагады Ты вянчаў нас.

На канец, у песьнях, на актаву, псалом Давіда. Не дакарай мяне, Госпадзе, у гневе Тваім і не карай мяне ў Тваім абурэньні. Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, бо я нямоглы; ацалі мяне, бо затрымцелі косьці мае і душа мая вельмі ўстрывожылася: Ты ж, Госпадзе, — дакуль? Павярніся, Госпадзе, выратуй душу маю, у міласэрнасьці Тваёй збаў мяне; бо няма, хто б у сьмерці памятаў пра Цябе; і хто ў апраметнай хваліць Цябе будзе? Зьнямогся я ад стогну майго, штоночы абмываць буду ложак мой, буду абліваць сьлязьмі пасьцель маю. Усхвалявалася ад гневу вока маё, састарэў я між усіх ворагаў маіх. Адступіце ад мяне, усе, што чыніце беззаконьне, бо Госпад пачуў голас плачу майго! Госпад пачуў просьбу маю, Госпад прыняў малітву маю. Хай сумеюцца і ўстрывожацца ўсе ворагі мае, хай чым хутчэй павернуцца назад і вельмі асаромяцца.

Псалом Давіда, што сьпяваў Госпаду з прычыны справы Хуса, сына Яменеевага. Госпадзе, Божа мой, на Цябе ўсклаў я надзею: ратуй мяне ад усіх, што перасьледуюць мяне, і збаў мяне, каб часам хто, як леў, не схапіў душу маю, калі ня стане нікога, хто вызваліў бы, ані хто ўратаваў бы мяне. Госпадзе, Божа мой, калі я што зрабіў, калі ёсьць няправеднасьць у руках маіх, калі я адплаціў злом тым, што чыняць мне зло, то хай зьняможаны паду ад ворагаў маіх, хай вораг перасьледуе душу маю і схопіць яе, хай жыцьцё маё затопча ў зямлю, а славу маю аберне ў пыл. Устань, Госпадзе, у гневе Тваім, узьнясіся над межамі ворагаў Тваіх. Уздыміся, Госпадзе, Божа мой, згодна з запаветам, які Ты ўстанавіў, і збор людзей стане вакол Цябе, а Ты над імі ўзыдзі на вышыню! Госпад будзе судзіць народы. Судзі мяне, Госпадзе, паводле праведнасьці маёй і нявіннасьці маёй, што ўва мне. Хай сунімецца злосьць грэшнікаў, а праведніка павядзеш Ты, Божа, што выпрабоўваеш сэрцы і нутро. Праўдзівая дапамога мая ад Бога, які ратуе праведных сэрцам. Бог — судзьдзя справядлівы, і магутны, і доўгацярплівы, Ён не палае гневам штодня. Калі не навернецеся, Ён пачысьціць меч свой; Ён нацягнуў лук свой, і падрыхтаваў яго, і нарыхтаваў у ім прыладу сьмерці, стрэлы свае вогненнымі зрабіў. Вось чалавек занядужаў няправеднасьцю, зацяжараў злосьцю і нарадзіў беззаконьне. Капаў ён роў, выкапаў яго і сам упадзе ў яму, якую выкапаў. Злосьць яго на галаву яго абернецца, а няправеднасьць яго спадзе на цемя яму. Буду дзякаваць Госпаду за Яго справядлівасьць, буду апяваць імя Госпада Усявышняга.

Кіраўніку хору. Пры вінапрэсе. Псалом Давіда. Госпадзе, Госпад наш, якое дзівоснае імя Тваё па ўсёй зямлі! Бо велічнасьць Твая ўзьнялася вышэй за нябёсы. З вуснаў дзяцей і немаўлятаў Ты ўчыніў сабе хвалу дзеля ворагаў Тваіх, каб зьнішчыць ворага і мсьціўца. Бо як гляну на неба, твор рук Тваіх, на месяц і зоркі, якія Ты заснаваў, — дык што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што Ты яго наведваеш? Ты зрабіў яго мала меншым за анёлаў, славаю і пашанаю вянчаў яго і паставіў яго над творамі рук Тваіх, усё паклаў пад ногі яму: авечкі і валы ўсе, дый яшчэ зьвяры палявыя, птушкі нябесныя і рыбы ў моры, што рухаюцца па марскіх шляхах. Госпадзе, Госпад наш, якое дзівоснае імя Тваё па ўсёй зямлі!

Кіраўніку хору. Пра таямніцы сына. Псалом Давіда. Буду дзякаваць Табе, Госпадзе, ад усяго сэрца майго, апавядаць пра ўсе цуды Твае. Буду радавацца і цешыцца ў Табе, буду апяваць імя Тваё, Усявышні. Калі вораг мой паверне назад, яны зьнямогуцца і згінуць ад аблічча Твайго. Бо Ты вырашыў суд мой і справу маю, Ты сеў на пасадзе, Судзьдзя справядлівы. Ты прыгразіў народам — і згінуў бязбожны, імя яго Ты сьцёр на век і на век веку. У ворага зброі зусім ня стала, і Ты зруйнаваў да канца месты яго; згінула памяць пра яго з шумам. А Госпад павек прабывае. Ён падрыхтаваў для суду пасад свой і будзе судзіць сьвет справядліва, будзе судзіць народы ў праведнасьці. І стаў Госпад прытулкам для ўбогага, памочнікам у патрэбе, у бядзе. Дык хай спадзяюцца на Цябе тыя, што ведаюць імя Тваё, бо Ты, Госпадзе, не пакінуў тых, што шукаюць Цябе. Сьпявайце Госпаду, які жыве на Сыёне, абвяшчайце сярод народаў учынкі Яго, бо Той, хто спаганяе кроў іх, прыгадаў іх, не забыў просьбы ўбогіх. Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, глянь на паніжэньне маё ад ворагаў маіх — Ты, што ўздымаеш мяне ад брамаў сьмерці, каб мне абвяшчаць усю хвалу Тваю ў брамах дачкі Сыёну і цешыцца з Твайго збаўленьня. Пагане трапілі пад зьнішчэньне, якое рыхтавалі: у тую пастку, якую схавалі, ублыталася нага іх. Госпада пазнаюць праз суды, якія Ён чыніць; а грэшнік заблытаўся ва ўчынках рук сваіх. Хай грэшнікі зыдуць у апраметную — усе народы, што Бога забылі. Бо не назаўсёды будзе забыты бедны, цярплівасьць убогіх ня згіне да канца. Устань, Госпадзе, хай не дужэе чалавек, хай стануць народы на суд перад Табою. Пастаў, Госпадзе, заканадаўца над імі: хай ведаюць народы, што яны — людзі. Чаму Ты, Госпадзе, стаў здалёку, раўнадушна глядзіш у добры час, у бядзе? Калі бязбожны пышыцца, беднаму горача. Хай заблытаюцца яны ў хітрыках, якія задумалі, бо яны хваляць грэшніка за пажадлівасьць душы яго, а нягодніка шчасьлівым завуць. Разгневаў грэшнік Госпада, у бязьмежнай злосьці сваёй ён не шукае, ня мае Бога перад сабою. Шляхі яго згубныя ў кожным часе, далёкія ад яго суды Твае, ён хоча завалодаць усімі ворагамі сваімі, бо ён сказаў у сэрцы сваім: «Не пахіснуся, з роду ў род не зазнаю бяды». Вусны яго поўныя праклёну, і горычы, і маны; пад языком у яго бяда і пакуты. Сядзіць з багатымі ў засадзе потайкам, каб загубіць нявіннага, вочы яго сочаць за бедным. Сочыць, затаіўшыся, быццам леў у логаве сваім, робіць засаду, каб беднага схапіць; схопіць беднага, уцягнуўшы яго ў сеці свае, уціхамірыць яго, нахіліцца і прыпадзе, завалодаўшы бедным. Бо сказаў у сэрцы сваім: «Забыў Бог, адвярнуў твар свой, каб ня бачыць нічога». Устань, Госпадзе, Божа, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца. Чаму бязбожны разгнявіў Бога? Бо сказаў у сэрцы сваім: «Не спагоніць». Ты бачыш, бо зважаеш на боль і гнеў, каб ім быць аддадзенымі ў рукі Твае: Табе пакінуты бедны, будзь памочнікам для сіраты. Скрышы плячо грэшніку і нягодніку так, што будуць шукаць грэх яго і ня знойдуць. Госпад — Уладар на век і на век вякоў: згіньце, пагане, з зямлі Яго! Жаданьне ўбогіх выслухаў Госпад: вуха Тваё пачула гатовасьць сэрца іх чыніць суд сіраце і прыгнечанаму, каб больш ня ўзносіўся чалавек на зямлі.

Кіраўніку хору. Псалом Давіда. На Госпада спадзяваўся я, як жа вы кажаце душы маёй: «Ляці, быццам птушка, у горы»? Бо вось грэшнікі нацягнулі лук, нарыхтавалі стрэлы ў калчане, каб упоцемку страляць у праведных сэрцам. Бо што ты зрабіў, яны разбурылі; а праведнік што ўчыніў? Госпад у сьвятым храме сваім, Госпад — на небе пасад Яго. Вочы Яго глядзяць на ўбогага, зрэнкі Яго выпрабоўваюць сыноў людзкіх. Госпад выпрабоўвае праведнага і нязбожнага, а хто любіць няправеднасьць, ненавідзіць душу сваю. Ён пралье дажджом на грэшнікаў сеці; агонь, і сера, і бурны вецер — частка чашы іх. Бо Госпад справядлівы і палюбіў праўду. Твар Яго бачыць праведнасьць.

Кіраўніку хору. На актаву. Псалом Давіда. Ратуй мяне, Госпадзе, бо ня стала праведнага, бо праўды паменшала сярод сыноў людзкіх. Марнае казаў кожны бліжняму свайму: падступнымі вуснамі і сэрцам прамаўляў крывадушным. Госпад загубіць усе здрадлівыя вусны і высакамоўны язык тых, што казалі: «Язык наш узьвялічым, вусны нашыя пры нас: хто наш госпад?» «Дзеля пакутаў убогіх і стогну бедных, вось, устану, — кажа Госпад — яўлюся ім збаўленьнем, адкрыта буду казаць пра яго». Словы Гасподнія — словы чыстыя, срэбра, выпрабаванае агнём, праверанае на адсутнасьць зямлі, сем разоў ачышчанае. Ты, Госпадзе, усьцеражэш нас і захаваеш нас ад гэтага роду давеку. Бязбожныя ходзяць навокал; з вышыні Тваёй Ты вельмі дбаеш пра сыноў людзкіх.

Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Дакуль, Госпадзе, будзеш забывацца зусім пра мяне? Дакуль будзеш адвяртаць ад мяне твар Твой? Як доўга буду складаць задумы ў душы маёй, удзень і ўночы боль у сэрцы маім? Дакуль вораг мой будзе ўзносіцца нада мною? Глянь на мяне, выслухай мяне, Госпадзе, Божа мой; прасьвятлі мае вочы, каб мне не заснуць на сьмерць, каб вораг мой не казаў: «Я адужаў яго». Тыя, што перасьледуюць мяне, будуць цешыцца, калі я пахіснуся. Я ж спадзяваўся на міласьць Тваю; сэрца маё ўзрадуецца збаўленьнем Тваім.Буду апяваць Госпада, які дабро мне ўчыніў, буду сьпяваць імю Госпада Усявышняга.

Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Сказаў неразумны ў сэрцы сваім: «Няма Бога». Сапсаваліся і апаганіліся ўчынкамі сваімі, няма, хто рабіў бы дабро, няма ні аднаго. Госпад нахіліўся з неба да сыноў людзкіх, каб убачыць, ці ёсьць, хто разумее або шукае Бога. Усе ўхіліліся, разам сталі нягоднымі, няма, хто рабіў бы дабро, няма ні аднаго. Ці ня прыйдуць да розуму ўсе, што чыняць беззаконьне, што паглынаюць мой народ, быццам хлеб, Госпада ня клічуць? Вось яны ўстрывожыліся ад страху, дзе страху не было, бо Госпад у родзе праведным. Вы высьмеялі думку ўбогага, што Госпад — надзея яго. Хто дасьць з Сыёну збаўленьне Ізраілю? Калі Госпад верне з палону людзей сваіх, узрадуецца Якуб і ўсьцешыцца Ізраіль.

Псалом Давіда. Госпадзе, хто будзе прабываць у Тваім жыльлі і хто паселіцца на гары сьвятой Тваёй? Той, хто паводзіць сябе беззаганна і чыніць справядлівасьць, гаворыць праўду ў сэрцы сваім; хто не хітрыў языком сваім, ані рабіў зла бліжняму свайму і суседзяў сваіх ня ганьбіў. Нягоднік як нішто перад ім, а тых, што баяцца Госпада, ён хваліць. Ён той, хто дае слова бліжняму свайму і не адракаецца. Ён той, хто не даваў грошай сваіх на ліхву і не прымаў подкупу супраць бязьвінных. Хто так робіць, не пахісьнецца давеку.

Песьня Давіда. Сьцеражы мяне, Госпадзе, бо я на Цябе ўсклаў надзею. Я сказаў Госпаду: «Ты — Госпад мой, у дабры маім ня маеш патрэбы». Сьвятым, што на зямлі Яго, дзівосна явіў Госпад усе жаданьні свае сярод іх. Памножыліся, а потым паскорыліся немачы іх. Ня буду склікаць крывавыя зборы іх і не прыгадаю імёнаў іх вуснамі маімі. Госпад — частка спадчыны маёй і чашы маёй: Ты той, хто вяртае мне спадчыну маю. Межавыя шнуры праляглі для мяне праз выдатныя мясьціны, таму вось спадчына мая самая лепшая для мяне. Буду бласлаўляць Госпада, які даў мне разуменьне: аж да самай ночы нутро маё навучала мяне. Я бачыў Госпада заўжды перад сабою, бо Ён праваруч мяне, каб мне не пахіснуцца. Дзеля гэтага ўсьцешылася сэрца маё, узрадаваўся язык мой, а цела маё будзе спачываць у надзеі, бо Ты не пакінеш душы маёй у апраметнай і не дасі праведнаму Твайму бачыць тленнасьць. Ты даў мне пазнаць сьцежкі жыцьця; напоўніў мяне радасьцю прысутнасьці Тваёй: раскошы ў правай руцэ Тваёй да канца.

Малітва Давіда. Выслухай, Госпадзе, праўду маю, уваж просьбу маю, нахілі вуха да малітвы маёй ня з вуснаў лісьлівых. Ад твару Твайго хай выйдзе суд мой, вочы мае хай убачаць праведнасьць. Ты дасьледаваў сэрца маё, наведаў уночы, выпрабаваў мяне як агнём, і не знайшлося ўва мне няправеднасьці. Каб вусны мае не гаварылі пра справы людзкія, я, згодна са словамі вуснаў Тваіх, трымаўся цьвёрдых шляхоў. Умацуй мае крокі на сьцежках Тваіх, каб не пахіснуцца нагам маім. Я клікаў, каб Ты, Божа, пачуў мяне: нахілі вуха Тваё да мяне і выслухай словы мае. Пакажы Тваю дзівосную міласьць — Ты, які ратуеш тых, што спадзяюцца на Цябе, ад тых, што супраціўляюцца правіцы Тваёй. Сьцеражы мяне як зрэнку вока: Ты пакрыеш мяне покрывам крылаў Тваіх ад твару бязбожных, што нападаюць на мяне. Ворагі мае атачылі душу маю, яны замкнуліся ў тлушчы сваім, вусны іх ганарыста гаварылі. Цяпер тыя, што напалі на мяне, абступілі мяне, вочы свае скіравалі, каб кінуць мяне вобзем; яны сачылі за мною, як леў, гатовы да ловаў, і як ільвяня, што жыве ў схованцы. Устань, Госпадзе, апярэдзь іх і павалі іх, вызвалі душу маю ад бязбожных, меч Твой — ад ворагаў рукі Тваёй. Госпадзе, тых нешматлікіх, аддзялі іх за жыцьцё іх. Страўнік іх напоўніўся са сховішчаў Тваіх; яны здаволіліся сьвінінаю і рэшткі пакінулі маленькім сваім. А я ў праведнасьці яўлюся перад тварам Тваім, здаволюся, калі мне явіцца слава Твая.

Кіраўніку хору. Песьня слугі Гасподняга Давіда, што пяяў Госпаду ў дзень, калі Госпад вызваліў яго з рук ворагаў ягоных і з рук Саўла. Буду любіць Цябе, Госпадзе, сіла мая! Госпад умацаваньне маё, і прытулак мой, і Збаўца мой. Бог мой — памочнік мой, на Яго спадзявацца буду: Ён мой абаронца, рог збаўленьня майго, заступнік мой! Праслаўляючы, буду клікаць Госпада і вызвалюся ад ворагаў маіх. Болі сьмерці пранялі мяне, і струмені беззаконьня ўстрывожылі мяне, аблыталі мяне пакуты пякельныя, і сеці сьмерці мяне апярэдзілі. І ў маім горы я паклікаў Госпада, усклікнуў да Бога майго. Ён пачуў голас мой з храма сьвятога свайго, і мой крык перад Ім дойдзе да вушэй Яго. І вось захісталася і задрыжэла зямля, і асновы гораў затрымцелі і ўскалыхнуліся, бо Бог разгневаўся на іх. Дым узьняўся ад гневу Яго, і разгарэўся ад аблічча Яго агонь; вуглі загарэліся ад Яго. І нахіліў нябёсы, і сышоў, і цемра пад нагамі Яго; і ўзышоў на хэрувімаў, і паляцеў, паляцеў на крылах ветру. І зрабіў цемру покрывам сабе; вакол Яго — селішча Яго, цёмная вада ў хмарах нябесных. Ад зьзяньня перад Ім разышліся хмары, град і распаленае вугольле. І загрымеў Госпад з неба, Усявышні даў голас свой; пусьціў стрэлы і разагнаў іх, зачасьціў маланкамі і зьбянтэжыў іх. І зьявіліся крыніцы водныя, і адкрыліся асновы сусьвету ад пагрозы Тваёй, Госпадзе, ад подыху духу гневу Твайго. Зыслаў дапамогу з вышыні і ўзяў мяне, выцягнуў мяне з вялікай вады. Ён вызваліць мяне ад моцных ворагаў маіх і ад тых, што ненавідзяць мяне, бо яны сталі дужэйшымі за мяне. Яны апярэдзілі мяне ў дзень бяды маёй, але Госпад стаў мне падпораю і вывеў мяне на прасьцяг. Ён выбавіць мяне, бо ўпадабаў мяне. І адплаціць мне Госпад за праведнасьць маю, за чысьціню рук маіх адплаціць мне, бо я захаваў шляхі Гасподнія і не зграшыў супраць Бога майго. Бо ўсе суды Яго перада мною, і ўставы Яго не былі мне далёкімі. І буду беззаганным перад Ім, і высьцерагацца буду беззаконьня майго. І Госпад адплаціць мне за праведнасьць маю, і за чысьціню рук маіх перад вачыма Яго. З праведным будзеш праведны, з чалавекам бязьвінным будзеш бязьвінны, з абраным абраны будзеш, а з упартым паступіш паводле ўпартасьці яго. Бо Ты выбавіш людзей пакорлівых, а вочы пыхлівых упакорыш. Бо Ты, Госпадзе, Божа мой, запаліш сьветач мой, зробіш сьветлай цемру маю. Бо Табою я вызвалюся ад спакусы, і з Богам маім прайду праз сьцяну. Бог мой — беззаганны шлях Яго; словы Гасподнія выпрабаваныя агнём. Ён абаронца ўсіх, што спадзяюцца на Яго. Бо хто бог, апроч Госпада? І хто бог, апроч Бога нашага? Ён Бог, які падпярэзаў мяне сілаю і ўчыніў беззаганным шлях мой; Ён той, хто ўмацоўвае ногі мае, як аленя, і ставіць мяне на вышынях; хто прывучае рукі мае да бою, а плечы мае зрабіў быццам лук масяжны. І Ты даў мне бясьпечнасьць Твайго збаўленьня, і правая рука Твая падтрымала мяне, і навука Твая цалкам выправіла мяне, і тая ж Твая навука наставіць мяне на розум. Ты пашырыў крокі мае пада мною, і ногі мае не саслаблі. Паганюся за ворагамі маімі, і даганю іх, і не вярнуся, пакуль ня згінуць. Прыцісну іх, і яны ня змогуць устаяць, падуць пад ногі мае. І Ты падперазаў мяне сілаю да бою, і кінуў пад ногі мне ўсіх, што паўстаюць супраць мяне; і ворагаў маіх павярнуў сьпінаю да мяне, і вынішчыў тых, што ненавідзяць мяне. Яны ўзьнялі крык, але не было каму ратаваць, клікалі Госпада, але Ён ня чуў іх. І я раздраблю іх, як пыл насупраць ветру, як балота на дарогах растапчу іх. Выбаў мяне ад закалотаў людзкіх. Ты паставіш мяне галавою народаў. Людзі, якіх ня ведаў, служылі мне: пачуўшы краем вуха, яны пакарыліся мне; сыны чужынцаў лісьлівілі мне; сыны чужынцаў састарэлі і сышлі, кульгаючы, са сьцежак сваіх. Жыве Госпад, і блаславёны Бог, і хай будзе блаславёны Бог збаўленьня майго, Бог, які дае за мяне адплату і пакарыў мне народы; які выбаўляе мяне ад злосных ворагаў. Ты ўзвысіш мяне над тымі, што паўстаюць на мяне, з рук няправеднага вызваліш мяне. Таму, Госпадзе, буду праслаўляць Цябе між народамі і буду апяваць імя Тваё — Цябе, што павялічваеш збаўленьне караля Твайго і чыніш міласьць памазаньніку Твайму Давіду і семю яго давеку.

Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Нябёсы расказваюць пра славу Божую, і пра твор рук Яго абвяшчае нябесны прасьцяг. Дзень дню кажа слова, і ноч ночы вестку перадае. Няма моваў, ні словаў, на якіх ня чутныя галасы іх. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх і аж да краёў сьвету словы іх. Вось Ён паставіў шацёр свой на сонцы, і яно, быццам жаніх, выходзіць са сьвятліцы сваёй, як волат, цешыцца, прабягаючы свой шлях. Ад краю неба выхад яго і бег яго да краю неба, і ніхто не схаваецца ад сьпёкі яго. Закон Гасподні беззаганны, навяртае душы; сьведчаньне Гасподняе вернае, навучае дзетак; пастановы Гасподнія правыя, яны радуюць сэрца; загад Гасподні сьветлы, прасьвятляе вочы; страх Гасподні чысты, прабывае давеку; суды Гасподнія праўдзівыя, усе яны разам справядлівыя: яны больш пажаданыя за золата і каштоўныя камяні, больш салодкія за мёд і соты. Таму слуга Твой захоўвае іх: вялікая аддзяка ў іх захоўваньні. Хто ўразумее правіны свае? Ад таемных маіх ачысьці мяне і ад чужых захавай слугу Твайго: як ня будуць яны панаваць нада мною, буду тады беззаганны і ад вялікага граху ачышчуся. І словы вуснаў маіх, і парывы сэрца майго будуць заўжды даспадобы Табе, Госпадзе, памочнік мой і Збаўца мой.

Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Хай пачуе цябе Госпад у дзень суму, хай імя Бога Якубавага будзе табе абаронаю. Хай пашле табе дапамогу са сьвятыні і падтрымае цябе з Сыёну. Хай прыгадае кожную ахвяру тваю, і цэлапаленьне тваё хай будзе тлустым. Хай Госпад дасьць табе паводле жаданьня сэрца твайго і зьдзейсьніць усе задумы твае. Будзем цешыцца з твайго збаўленьня і імем Бога нашага будзем хваліцца. Хай Госпад споўніць усе просьбы твае. Цяпер пазнаў я, што Госпад збавіў памазаньніка свайго; Ён пачуе яго з неба сьвятога свайго: збаўленьне ў сіле правіцы Яго. Адны калясьніцамі, іншыя коньмі, а мы імем Госпада Бога нашага будзем хваліцца. Яны спатыкнуліся і ўпалі, а мы ўсталі і выпрасталіся! Госпадзе, збаў уладара і выслухай нас у дзень, калі будзем клікаць Цябе!

Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Госпадзе, сілаю Тваёю будзе цешыцца ўладар і з Тваёй дапамогі будзе вельмі рады. Ты даў яму, чаго жадала сэрца яго, і не адмовіў просьбе вуснаў яго. Бо Ты апярэдзіў яго ласкавым блаславеньнем, вянец з каштоўных камянёў усклаў на галаву яго. Ён прасіў жыцьця ў Цябе, і Ты даў яму даўгату дзён на век вякоў. Вялікая слава яго ў збаўленьні Тваім, славу і велічнасьць Ты ўскладзеш на яго. Бо Ты дасі яму блаславеньне на век вякоў, усьцешыш яго радасьцю прысутнасьці Тваёй. Бо ўладар спадзяецца на Госпада і, дзякуючы ласцы Усявышняга, не пахісьнецца. Хай рука Твая знойдзецца на ўсіх ворагах Тваіх, і правая рука Твая хай знойдзе ўсіх, што ненавідзяць Цябе. У час наведаньня Твайго Ты ўчыніш іх, быццам распаленую печ: Госпад у гневе сваім устрывожыць іх, і агонь праглыне іх. Плод іх з зямлі выгубіш і насеньне іх спасярод сыноў людзкіх, бо яны ўзвалілі зло на Цябе, задумалі справы, якіх ня здолеюць выканаць; бо Ты павернеш іх за хрыбет тварам да астаткаў Тваіх. Устань, Госпадзе, у сіле Тваёй: будзем апяваць і ў песьнях славіць магутнасьць Тваю.

Кіраўніку хору. На досьвітку. Псалом Давіда. Божа, Божа мой, пачуй мяне, чаму Ты мяне пакінуў? Далёка ад збаўленьня майго словы грэхападзеньняў маіх. Божа мой, я буду клікаць удзень, і Ты не пачуеш, і ўночы — і гэта не бяздумнасьць для мяне. Ты ж у сьвятыні прабываеш, Хвала Ізраіля! На Цябе спадзяваліся айцы нашыя: спадзяваліся, і Ты выратаваў іх; клікалі Цябе і былі збаўленыя; на Цябе спадзяваліся і не былі пасаромленыя. Я ж — чарвяк, а не чалавек, прадмет кпінаў сярод людзей і ў пагардзе ў народзе. Насьміхаліся з мяне ўсе, што бачылі мяне, гаварылі вуснамі, ківалі галовамі: «Спадзяваўся на Госпада, дык хай Ён збавіць яго, хай выратуе, калі любіць яго». Бо Ты мяне вывеў з улоньня, ад грудзей маці маёй Ты надзея мая. Ад улоньня я адданы Табе, ад нутра маці маёй Ты Бог мой. Не адыходзь ад мяне, бо пакуты блізка, бо няма нікога, хто дапамог бы. Многія цяляты акружылі мяне, укормленыя быкі мяне абступілі. Разявілі на мяне свае пашчы, быццам леў, што хапае і рыкае. Разьліўся я, як вада, і рассыпаліся ўсе косьці мае, сэрца маё стала, быццам воск, што мякчэе ў нутры маім. Як аскепак, высахла сіла мая, язык мой да горла майго прыліп, і Ты зьвёў мяне ў пыл сьмяротны. Бо многія сабакі акружылі мяне, зграя злачынцаў абступіла мяне; яны прабілі рукі і ногі мае; усе косьці мае палічылі, а самі прыглядаліся і насьміхаліся з мяне. Падзялілі між сабою вопратку маю і аб адзеньні маім кідалі жэрабя. Ты ж, Госпадзе, не аддаляй дапамогі Тваёй ад мяне: сьпяшайся мне на ратунак. Выратуй ад мяча душу маю і ад сабачай лапы адзіную маю; выбаў мяне ад пашчы льва і ад рогаў аднарогаў пакорнасьць маю. Абвяшчу братам маім імя Тваё, сярод сходу буду ў песьнях славіць Цябе. Вы, што баіцеся Госпада, хваліце Яго! Усё семя Якуба, слаўце Яго! Хай усё семя Ізраіля баіцца Яго, бо Ён не пагардзіў малітвай убогага, і не разгневаўся, і не адвярнуў твару свайго ад мяне, і, калі я клікаў Яго, пачуў мяне. Ад Цябе пахвала мая: на вялікім сходзе буду дзякаваць Табе. Споўню абяцаньні мае перад тымі, што баяцца Яго. Бедныя будуць есьці і насыцяцца, і будуць хваліць Госпада тыя, што шукаюць Яго: сэрцы іх жыць будуць на вякі вечныя. Успомняць і навернуцца да Госпада ўсе канцы зямлі, і паклоняцца Яму ўсе плямёны людзкія, бо Гасподняе валадарства, і Ён пануе над народамі. Усе сытыя на зямлі елі і пакланіліся. Перад Ім падуць ніц усе, што зыходзяць у зямлю, і душа мая жыве для Яго. І семя маё будзе служыць Яму. Будзе вядомы Госпаду прышлы род, і абвесьцяць справядлівасьць Яго народу, што мае нарадзіцца, што яго Госпад стварыў.

Псалом Давіда. Госпад пасе мяне, і ні ў чым ня буду мець нястачы: на зялёнай пашы — там Ён пасяліў мяне, ля ціхай вады ўзгадаваў мяне, навярнуў душу маю, накіраваў мяне на правыя сьцежкі дзеля імя свайго. І калі нават пайду ў цені сьмерці, не збаюся зла, бо Ты са мною. Жазло Тваё і посах Твой — яны мяне суцешылі. Ты нарыхтаваў стол для мяне насуперак тым, што перасьледуюць мяне, алеем памазаў галаву маю; і чаша Твая, што напойвае мяне, якая выдатная яна! І міласьць Твая будзе ісьці сьледам за мною праз усе дні жыцьця майго, і пасялюся ў доме Гасподнім на доўгія дні.

Псалом Давіда: у першы дзень тыдня. Гасподняя зямля і ўсё, што яе напаўняе, сусьвет і ўсе, што жывуць у ім. Ён на морах заснаваў яго і ўмацаваў яго на рэках. Хто ўзыдзе на гару Гасподнюю і хто стане на месцы сьвятым Яго? Той, у каго рукі бязьвінныя і сэрца чыстае, хто не дарма атрымаў душу сваю і не прысягаў няшчыра бліжняму свайму. Той атрымае блаславеньне ад Госпада і міласьць ад Бога, Збаўцы свайго. Такі род тых, што шукаюць Яго, шукаюць аблічча Бога Якубавага. Падыміце, князі, брамы вашыя; і падыміцеся, брамы вечныя, і ўвойдзе кароль славы! Хто ж той кароль славы? Госпад магутны і моцны, Госпад дужы ў баі. Падыміце, князі, брамы вашыя; і падыміцеся, брамы вечныя, і ўвойдзе кароль славы. Хто ж той кароль славы? Госпад сіл, Ён — кароль славы!

Псалом Давіда. Да Цябе, Госпадзе, я ўзьняў душу маю; Божа мой, на Цябе я ўсклаў надзею: хай не пасаромеюся давеку, і хай не насьміхаюцца з мяне ворагі мае. Бо ўсе, што спадзяюцца на Цябе, не зазнаюць сораму: хай будуць пасаромленыя тыя, што чыняць дарэмна беззаконьне. Дай мне, Госпадзе, пазнаць шляхі Твае, навучы мяне сьцежак Тваіх. Накіруй мяне на праўду Тваю і навучы мяне, бо Ты — Бог, Збаўца мой, і я на Цябе спадзяваўся ўвесь дзень. Прыгадай спагадлівасьць Тваю, Госпадзе, і міласьці Твае, бо яны спрадвечныя. Не прыгадай грахоў маёй маладосьці і несьвядомасьці маёй. У міласэрнасьці Тваёй, Госпадзе, успомні мяне дзеля дабрыні Тваёй. Госпад добры і справядлівы, таму павучае тых, што сыходзяць з дарогі. Ён будзе кіраваць пакорнымі ў судах іх, навучыць лагодных шляхоў сваіх. Усе шляхі Гасподнія — міласьць і праўда для тых, што шукаюць запаветаў Яго і сьведчаньняў Яго. Дзеля імя Твайго, Госпадзе, ачысьці мой грэх, бо ён вялікі. Хто той чалавек, што баіцца Госпада? Ён дасьць яму закон на шляху, які той абраў. Душа яго ў дабры прабываць будзе, а семя яго атрымае ў спадчыну зямлю. Госпад — умацаваньне тых, што баяцца Яго, і запавет Ягоны явіць гэта ім. Вочы мае заўсёды зьвернутыя да Госпада, бо Ён выцягне з сеці ногі мае. Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною, бо я адзінокі і ўбогі. Памножыліся пакуты сэрца майго: з нядолі маёй выведзі мяне. Глянь на пакорнасьць маю і зьнямогу маю і адпусьці ўсе грахі мае. Глянь на ворагаў маіх, бо яны размножыліся і лютай нянавісьцю ўзьненавідзелі мяне. Сьцеражы душу маю і выратуй мяне: хай ня будзе мне сорамна, што спадзяваўся на Цябе. Бязьвінныя і праведныя сышліся са мною, бо я на Цябе, Госпадзе, спадзяваўся. Выбаў, Божа, Ізраіля ад усіх пакутаў яго.

Псалом Давіда. Судзі мяне, Госпадзе, бо я ў незласьлівасьці маёй хадзіў і, усклаўшы надзею на Госпада, не саслабну. Выпрабуй мяне, Госпадзе, правер мяне, распалі нутро маё і сэрца маё. Бо міласэрнасьць Твая перад маімі вачыма, і я ўпадабаў праўду Тваю. Не сядзеў я на марнаслоўным сходзе і з парушальнікамі закону не пайду. Я ўзьненавідзеў зборышча злыдняў і з бязбожнымі ня сяду. Памыю між нявіннымі рукі мае і абыду вакол ахвярнік Твой, Госпадзе, каб пачуць голас хвалы і расказаць пра ўсе цуды Твае. Госпадзе, я палюбіў красу дому Твайго і месца прабываньня славы Тваёй. Не загубі душы маёй з бязбожнымі і жыцьця майго з людзьмі крыві, у чыіх руках беззаконьні: правая рука іх поўная хабараў. Я ж хадзіў у незласьлівасьці маёй: збаў мяне і зьмілуйся нада мною. Нага мая стаіць на правым шляху: на зборах буду бласлаўляць Цябе, Госпадзе.

Псалом Давіда перад памазаньнем. Госпад — сьвятло маё і Збаўца мой: каго мне баяцца? Госпад — ахоўнік жыцьця майго: ад каго мне быць у жаху? Калі набліжаліся да мяне злачынцы, каб зьесьці цела маё, — прыгнятальнікі мае і ворагі мае — яны зьнемагліся і ўпалі. Таму, калі выстраіцца полк супраць мяне, сэрца маё не збаіцца; калі пойдуць на мяне з вайною, на тое самае спадзяюся. Аднаго прасіў я ў Госпада, таго буду шукаць: каб мне жыць у доме Гасподнім праз усе дні жыцьця майго, каб сузіраць красу Гасподнюю і наведваць храм Яго. Бо ў дзень бяды маёй Ён схаваў мяне ў шатры сваім, даў прытулак у тайным месцы жыльля свайго, на скале паставіў мяне. І вось цяпер Ён узьняў галаву маю на ворагаў маіх. Я абышоў вакол і прынёс ахвяру хвалы ў шатры Яго. Буду апяваць і праслаўляць Госпада. Пачуй, Госпадзе, голас мой, якім я клікаў; зьмілуйся нада мною і выслухай мяне. Сэрца маё сказала Табе: «Госпада шукаць буду». Твар мой шукаў Цябе; твар Твой, Госпадзе, буду шукаць. Не адвяртай твару Твайго ад мяне і не ўхіляйся ў гневе ад слугі Твайго. Будзь мне памочнікам, не адкінь мяне і не пакінь мяне, Божа, Збаўца мой. Бо бацька мой і маці мая пакінулі мяне, а Госпад мяне прыняў. Закон дай мне, Госпадзе, на шляху Тваім і накіруй на простую сьцежку з увагі на ворагаў маіх. Не аддай мяне на волю тых, што перасьледуюць мяне, бо няправедныя сьведкі паўсталі супраць мяне і няпраўда схлусіла сама сабе. Веру, што ўбачу даброты Госпада на зямлі жывых. Спадзявайся на Госпада: будзь мужны, і хай мацнее сэрца тваё, і ўскладай надзею на Госпада.

Псалом Давіда. Цябе, Госпадзе, буду клікаць: Божа мой, не адмоўчвайся ад мяне: бо будзеш адмоўчвацца ад мяне, і я стану падобным да тых, што сыходзяць у магілу. Пачуй голас малітвы маёй, калі малюся Табе, калі ўздымаю рукі мае да храма сьвятога Твайго. Не далучы мяне да грэшнікаў і не загубі мяне з тымі, што чыняць беззаконьне, што гавораць пра супакой з бліжнімі сваімі, а ў сэрцах іх злосьць. Дай ім, Госпадзе, паводле ўчынкаў іх і паводле няшчырасьці намераў іх. Паводле ўчынкаў рук іх дай ім, аддай ім тое, што заслужылі. Таму, што яны не зважалі на справы Гасподнія і на творы рук Яго, Ты зруйнуеш іх і не адбудуеш. Блаславёны Госпад, бо Ён пачуў голас малітвы маёй. Госпад — памочнік мой і ахоўнік мой: на Яго спадзявалася сэрца маё, і Ён дапамог мне, і расьцьвіло цела маё, і я ахвотна буду славіць Яго. Госпад — сіла народу свайго і ахоўнік збаўленьня памазаньніка свайго. Збаў людзей Тваіх, і блаславі набытак Твой, і пасі іх, і ўзвысь іх на вякі.

Псалом Давіда пры заканчэньні скініі. Прынясіце Госпаду, сыны Божыя, прынясіце Госпаду бараноў маладых, прынясіце Госпаду славу і пашану! Прынясіце Госпаду славу імю Яго, пакланіцеся Госпаду на двары сьвятым Яго. Голас Госпада над водамі! Бог славы загрымеў, Госпад над водамі многімі! Голас Госпада магутны, голас Госпада велічны! Голас Госпада, які кедры ламае: і зломіць Госпад кедры Лібану, і скрышыць Ён іх, як цялятка лібанскае; а любы Яго — як сын аднарога. Голас Госпада, які крэсіць полымя агню, голас Госпада, які трасе пустыню: Госпад страсяне пустыню Кадыйскую. Голас Госпада, які дае моц аленям і агаляе дубровы; а ў храме Яго кожны гаворыць пра славу. Госпад засяляе патоп, і засядзе Госпад, як Уладар, давеку. Госпад сілу людзям сваім дасьць, Госпад блаславіць людзей сваіх супакоем.

Псалом Давіда. Песьня пры пасьвячэньні дому Давіда. Буду ўзьвялічваць Цябе, Госпадзе, бо Ты ўзьняў мяне і ня даў ворагам маім пацяшацца з мяне. Госпадзе, Божа мой, я клікаў Цябе, і Ты ацаліў мяне. Ты, Госпадзе, вывеў душу маю з апраметнай, выратаваў мяне ад тых, што сыходзяць у магілу. Сьпявайце Госпаду, сьвятыя Яго, і аддайце хвалу памяці сьвятасьці Яго, бо лютасьць у гневе Яго, а жыцьцё ў добрай волі Яго. Увечары плач настане, а радасьць раніцай. А я сказаў у дастатку маім: «Не пахіснуся давеку». Госпадзе, з волі Тваёй Ты даў сілу красе маёй; Ты адвярнуў твар Твой, і я сумеўся. Цябе, Госпадзе, буду клікаць, буду маліцца Богу майму. Якая карысьць з маёй крыві, калі я сыду ў тленнасьць? Ці ж будзе прах славіць Цябе або абвяшчаць праўду Тваю? Госпад пачуў мяне і зьмілаваўся нада мною. Госпад стаў мне памочнікам. Ты перамяніў мой плач на радасьць мне, разарваў маё зрэб’е і падперазаў мяне весялосьцю, каб слава мая апявала Цябе і каб мне не тужыць. Госпадзе, Божа мой, буду дзякаваць Табе давеку!

Кіраўніку хору. Песьня Давіда ў час трывогі. На Цябе, Госпадзе, я ўсклаў надзею, хай не пасаромеюся давеку: вызвалі мяне ў праведнасьці Тваёй і ратуй мяне. Нахілі вуха Тваё да мяне, сьпяшайся выратаваць мяне, будзь мне Богам абаронцам і домам прытулку, каб збавіць мяне. Бо Ты — сіла мая і прытулак мой, і дзеля імя Твайго павядзеш і захаваеш мяне. Ты выведзеш мяне з той сеці, якую ўпотай паставілі на мяне, бо Ты, Госпадзе, — мой абаронца. У рукі Твае аддам дух мой: Ты, Госпадзе, Божа праўды, вызваліў мяне. Ты ўзьненавідзеў тых, што дарэмна трымаюцца марнасьцяў: а я спадзяваўся на Госпада. Буду радавацца і цешыцца міласьцю Тваёю, бо Ты глянуў на пакорнасьць маю, выбавіў ад бяды душу маю і не пакінуў мяне ў руках ворага, паставіў на месцы прасторным ногі мае. Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, бо я ў бядзе. У гневе ўсхвалявалася вока маё, душа мая і нутро маё. Бо змарнела ў пакутах жыцьцё маё і гады мае — у стогнах. Зьнемаглася ад суму сіла мая, і косьці мае ўстрывожыліся. Я стаў агідаю для ўсіх ворагаў маіх, а найбольш для суседзяў, страхоцьцем для знаёмых маіх: тыя, што бачылі мяне вонкі, уцякалі ад мяне. Яны забылі мяне ў сэрцы, быццам памерлага: я стаў як выкінуты посуд. Бо я чуў злосныя словы многіх, што жылі навокал: сабраўшыся разам супраць мяне, яны намерваліся ўзяць душу маю. А я, Госпадзе, на Цябе спадзяваўся; я сказаў: «Ты — Бог мой!» У руках Тваіх лёс мой: выбаў мяне ад рукі ворагаў маіх і ад тых, што перасьледуюць мяне. Яві твар Твой слугу Твайму, збаў мяне ў міласэрнасьці Тваёй. Хай не пасаромеюся, што клікаў Цябе, Госпадзе. Хай бязбожныя пакрыюцца сорамам і сыдуць у апраметную. Хай анямеюць хлусьлівыя вусны, што зьняважліва і пыхліва гавораць беззаконнае на праведнага. Якая вялікая, Госпадзе, сіла дабрыні Тваёй, якую Ты зьбярог для тых, што баяцца Цябе, і якую Ты прыгатаваў на вачах сыноў людзкіх тым, што на Цябе спадзяюцца! Ты схаваеш іх у тайніку твару Твайго ад закалоту людзкога, у шатры захаваеш іх ад языкоў сварлівых. Блаславёны Госпад, які явіў дзівосную міласьць сваю ў абарончым месьце. Я ж у зьбянтэжанасьці сваёй сказаў: «Адкінуты я ад вачэй Тваіх!» Але Ты, Госпадзе, пачуў голас малітвы маёй, калі я клікаў Цябе. Любіце Госпада, усе праведныя Яго, бо Госпад вымагае праўду і аддае па заслугах тым, што праяўляюць бязьмерную пыху. Будзьце мужнымі — і хай мацнее сэрца вашае — усе вы, што спадзеяцеся на Госпада!

Псалом Давіда навучальны. Шчасьлівыя тыя, каму адпушчаныя правіны і чые грахі пакрытыя. Шчасьлівы чалавек, якому Госпад граху не залічыць і ў чыіх вуснах няма падману. Бо я змоўк, косьці мае састарэлі ад крыку майго ўвесь дзень. Бо дзень і ноч ляжала цяжарам на мне рука Твая. Я цярпеў пакуты, калі церне пранізала мяне. Я прызнаў грэх мой і не схаваў беззаконьня майго. Я сказаў: «Вызнаю Госпаду беззаконьне маё», — і Ты дараваў бязбожнасьць сэрца майго. За тое да Цябе памоліцца кожны праведнік у час патрэбы: тады, нават пры навале вялікіх водаў, яны не наблізяцца да яго. Ты мой прытулак у бядзе, што мяне напаткала: радасьць мая, выбаў мяне ад тых, што атачылі мяне! «Навучу цябе і настаўлю цябе на той шлях, па якім пойдзеш, скірую вочы Мае на цябе». Дык ня будзьце, як конь і мул, што ня маюць розуму: аброцьцю і цуглямі сьцягваеш сківіцы іх, калі яны не ідуць блізка да цябе. Шмат бедаў у грэшніка, але міласьць агорне таго, хто спадзяецца на Госпада. Весяліцеся ў Госпадзе і радуйцеся, праведнікі: сьвяткуйце, усе чыстага сэрца!

Псалом Давіда. Радуйцеся, праведныя, у Госпадзе: праведным належыць пахвала. Слаўце Госпада на гусьлях, на дзесяціструнным псалтыры грайце Яму. Засьпявайце Яму новую песьню, грайце Яму стройна, усклікаючы, бо слова Гасподняе правае і ўсе ўчынкі Яго годныя веры. Госпад любіць міласэрнасьць і суд. Міласьці Гасподняй поўная зямля. Словам Гасподнім умацаваліся нябёсы і подыхам вуснаў Яго — уся сіла іх. Ён, быццам мех, зьбірае марскія воды, у сховішчах трымае бездані. Хай уся зямля баіцца Госпада, хай трымцяць перад Ім усе, што жывуць на сьвеце, бо Ён сказаў, і яны ўзьніклі; Ён загадаў, і былі створаныя. Госпад разбурае намеры народаў, адмяняе задумы людзей і адкідае намеры князёў. А воля Гасподняя трывае вечна, задумы сэрца Яго — з пакаленьня ў пакаленьне. Шчасьлівы народ, у якога Госпад — Бог яго, людзі, якіх Ён выбраў спадчынай сабе. Госпад з неба глянуў, Ён убачыў усіх сыноў людзкіх; з гатовага жыльля свайго глянуў на ўсіх жыхароў зямлі Той, хто сэрцы іх паасобку стварыў і хто разумее ўсе ўчынкі іх. Не ўратуецца ўладар вялікай сілаю, і ня збавіцца волат веліччу магутнасьці сваёй. Ненадзейны конь для ратунку, і вялікай сілаю сваёю ня збавіцца ён. А вочы Госпада на тых, што баяцца Яго, што спадзяюцца на Яго міласьць, каб выратаваць ад сьмерці душы іх і даць ім спажыву ў час голаду. Душа наша чакае Госпада, бо Ён наш памочнік і абаронца, бо ў Ім узрадуецца сэрца наша, і мы ўсклалі надзею на імя сьвятое Яго. Хай міласьць Твая, Госпадзе, будзе на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе!

Псалом Давіда, калі ён прыкінуўся неразумным перад Абімэлехам, і той адпусьціў яго, і ён адышоў. Увесь час бласлаўляць буду Госпада: хвала Яго заўжды на вуснах маіх. Госпадам будзе хваліцца душа мая: хай пачуюць лагодныя і ўзрадуюцца. Узьвялічвайце Госпада са мною, і будзем разам узносіць імя Яго. Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне, і ад усіх бедаў выратаваў мяне. Прыступіце да Яго і прасьвятліцеся, і твары вашыя ня будуць пасаромленыя. Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад пачуў яго, і ад усіх бедаў выбавіў яго. Анёл Гасподні стане вакол тых, што баяцца Яго, і выратуе іх. Пакаштуйце і ўбачыце, што Госпад добры: шчасьлівы чалавек, які на Яго спадзяецца. Бойцеся Госпада, усе сьвятыя Яго, бо тыя, што Яго баяцца, ня церпяць нястачы. Багатыя зьбяднелі і згаладаліся, а тыя, што шукаюць Госпада, ня будуць пазбаўленыя ніякага дабра. Хадзіце, дзеткі, паслухайце мяне: страху Гасподняму навучу вас. Хто той чалавек, што жадае жыцьця і што рады бачыць шчасьлівыя дні? Устрымай ад злога язык твой і вусны твае, каб не казаць хітрасьцяў. Ухіляйся ад злога і чыні дабро, шукай супакою і імкніся да яго. Вочы Госпада спачываюць на праведных, і вушы Яго чуюць малітву іх. А твар Госпада на тых, што чыняць благое, каб вынішчыць памяць пра іх на зямлі. Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх, і ад усіх бедаў іх выратаваў іх. Блізкі Госпад да скрушлівых сэрцам, пакорных духам Ён выбаўляе. Шмат бедаў у праведнікаў, і ад усіх іх ратуе іх Госпад. Ён сьцеражэ ўсе косьці іх: ніводная з іх ня скрышыцца. Сьмерць грэшнікаў лютая, і грашаць тыя, што ненавідзяць праведніка. Госпад вызваліць душы слугаў сваіх, і не памыляцца ўсе тыя, што на Яго спадзяюцца.

Псалом Давіда. Судзі, Госпадзе, тых, што крыўдзяць мяне, паразі тых, што ваююць супраць мяне. Вазьмі зброю і шчыт і ўстань мне на дапамогу. Выцягні меч і перакрый дарогу тым, што гоняцца за мною; скажы душы маёй: «Я збаўленьне тваё». Хай сумеюцца і засаромеюцца тыя, што шукаюць душы маёй; хай павернуць назад і зьбянтэжацца тыя, што надумваюць зло супраць мяне. Хай будуць як пыл перад тварам ветру, і анёл Гасподні хай паразіць іх. Хай дарога іх будзе цёмная і коўзкая, і анёл Гасподні хай гоніць іх, бо яны без прычыны паставілі ўпотай сець сваю мне на загубу, дарэмна ганьбілі душу маю. Хай сець, пра якую ня ведае, прыйдзе на яго і пастка, якую ўпотай паставіў, зловіць яго; і хай сам упадзе ў яе. А душа мая ўзрадуецца ў Госпадзе, усьцешыцца збаўленьнем Яго. Усе косьці мае скажуць: «Госпадзе, хто падобны да Цябе? Ты ратуеш беднага ад рукі больш дужых за яго і беднага і ўбогага ад рабаўнікоў яго». Няправедныя сьведкі, устаўшы супраць мяне, дапытвалі мяне пра тое, чаго ня ведаў. За дабро адплацілі мне злом і спусташэньнем душы маёй. А я, калі яны дакучалі мне, адзяваўся ў зрэб’е і ўпакорваў постам душу маю, і малітва мая вернецца ў нутро маё. Як бліжняму, як брату нашаму, так я дагаджаў ім; як той, што плача і сумуе, так я ўпакорваўся. А яны пацяшаліся з мяне і, змовіўшыся, зьбіраліся біць мяне, а я ня ведаў; разышліся і не апамяталіся. Спакушалі мяне, пагардліва насьміхаліся з мяне, скрыгаталі на мяне зубамі сваімі. Госпадзе, як доўга будзеш глядзець? Выбаў душу маю ад злосьці іх, ад ільвоў адзіную маю! На вялікім сходзе буду дзякаваць Табе, сярод шматлікага народу буду славіць Цябе. Хай не пацяшаюцца з мяне тыя, што варагуюць няправедна супраць мяне, што ненавідзяць мяне без прычыны і моргаюць вачыма. Бо яны мне гаварылі пра мір, а ў злосьці задумалі здраду. Раскрывалі супраць мяне вусны свае, казалі: «Так, так! Мы бачылі на свае вочы!» Ты бачыў, Госпадзе, дык не змаўчы! Госпадзе, не аддаляйся ад мяне! Устань, Госпадзе, і ўваж суд мой, справу маю, Госпадзе мой і Божа мой! Судзі мяне, Госпадзе, у справядлівасьці Тваёй: Госпадзе, Божа мой, хай не пацяшаюцца з мяне; хай ня скажуць у сэрцах сваіх: «Добра, добра душы нашай»; і хай ня скажуць: «Мы яго праглынулі». Хай сумеюцца і засаромеюцца разам тыя, што цешацца з маіх няшчасьцяў; хай пакрыюцца сорамам і ганьбаю ўсе, што шмат нагаворваюць на мяне. Хай усьцешацца і ўзрадуюцца тыя, што жадаюць мне справядлівасьці, і хай тыя, што жадаюць супакою слугу Яго, кажуць заўсёды: «Хай узьвялічыцца Госпад!» А язык мой будзе разважаць пра справядлівасьць Тваю, увесь дзень — пра хвалу Тваю.

Кіраўніку хору. Слугі Гасподняга Давіда. Беззаконьнік кажа сам сабе — можна грашыць: няма страху Божага перад вачыма яго, бо ён схітрыў перад сабою, быццам знайшоў беззаконьне сваё і ўзьненавідзеў яго. Словы вуснаў яго — беззаконьне і хітрасьць: ён не хацеў зразумець патрэбы рабіць дабро, разважаў пра беззаконьне на пасьцелі сваёй, стаяў на кожным нядобрым шляху, ня грэбаваў злом. Госпадзе, міласэрнасьць Твая на небе, а праўда Твая — аж да хмараў. Справядлівасьць Твая — як горы Божыя; суды Твае — бездань вялікая; Ты, Госпадзе, выратуеш людзей і жывёлу. Як памножыў Ты міласьць Тваю, Божа! А сыны людзкія на покрыва крылаў Тваіх спадзявацца будуць. Яны натоляцца дастаткам дому Твайго, і Ты напоіш іх ручаём слодычаў Тваіх. Бо ў Табе крыніца жыцьця, і ў сьвятле Тваім убачым сьвятло. Прадоўж міласьць Тваю для тых, што пазналі Цябе, і справядлівасьць Тваю для праведных сэрцам. Хай нага ганарлівасьці не падыдзе да мяне, і рука грэшніка хай не пахісьне мяне. Вось упалі ўсе, што чынілі беззаконьне: іх выкінулі, і яны ня змогуць устаць.

Псалом Давіда. Не пераймай злыдняў і не зайздросьць тым, што чыняць беззаконьне: бо яны, як трава, хутка ссохнуць і, як зельле, хутка ападуць. Спадзявайся на Госпада, і рабі дабро, і засяляй зямлю, і будзеш ускормлены багацьцем яе. Знайдзі асалоду ў Госпадзе, і Ён дасьць табе, чаго жадае сэрца тваё. Адкрый Госпаду шлях твой і спадзявайся на Яго, і Ён зробіць, і выведзе, быццам сьвятло, праведнасьць тваю, і суд твой — як поўдзень. Будзь паслухмяны Госпаду і малі Яго; не зайздросьць, каму шчасьціць на шляху яго, чалавеку, што чыніць беззаконьне. Устрымайся ад гневу і пакінь злосьць, не зайздросьць так, каб чыніць зло, бо тыя, што чыняць зло, будуць вынішчаныя, а тыя, што спадзяюцца на Госпада, атрымаюць у спадчыну зямлю. Вось яшчэ крыху, і ня стане грэшніка, і будзеш шукаць месца яго, і ня знойдзеш. А лагодныя атрымаюць у спадчыну зямлю і будуць насалоджвацца поўняю супакою. Грэшнік будзе сачыць за праведнікам і скрыгатаць зубамі сваімі на яго. Але Госпад пасьмяецца з яго, бо бачыць наперад, што прыйдзе дзень яго. Грэшнікі дасталі меч, нацягнулі лук свой, каб паваліць беднага і ўбогага, каб умярцьвіць праведных сэрцам. Меч іх хай увойдзе ў сэрцы іх, і хай паламаюцца лукі іх. Лепш малы дастатак праведніка, як вялікае багацьце грэшнікаў, бо плечы грэшнікаў будуць скрышаныя, а праведных Госпад падтрымае. Госпад ведае шлях беззаганных, і спадчына іх будзе трываць давеку: у час бяды яны не зазнаюць сораму, а ў галодныя дні насыцяцца. Бо грэшнікі згінуць; і ворагі Госпада ў час, калі іх праслаўлялі і ўзьвялічвалі, счэзьлі, зьніклі як дым. Грэшнік пазычае і не аддае, а праведнік літуецца і дае; бо тыя, што бласлаўляюць Яго, атрымаюць у спадчыну зямлю, а тыя, што праклінаюць Яго, будуць выгубленыя. Госпадам крокі чалавека выпрамляюцца, і шлях Яго вельмі пажаданы яму: калі ўпадзе, не разаб’ецца, бо Госпад трымае яго за руку. Я быў малады і ўжо састарэў, але ня бачыў, каб праведнік быў пакінуты і каб яго нашчадкі прасілі хлеба. Увесь дзень праведнік праяўляе міласьць і пазычае, і род яго будзе блаславёны. Ухіляйся ад благога, і чыні дабро, і жыві век вякоў, бо Госпад любіць суд і не пакіне праведных сваіх: яны захаваюцца навекі. А беззаконныя будуць выгнаныя і род бязбожных вынішчаны. А праведнікі атрымаюць у спадчыну зямлю і будуць жыць на ёй давеку. Вусны праведнага будуць казаць мудрасьць, язык яго абвесьціць прысуд. Закон Бога яго ў сэрцы яго, і ногі яго не спатыкнуцца. Грэшнік сочыць за праведнікам і намагаецца ўмярцьвіць яго, але Госпад не пакіне яго ў руках яго [грэшніка] і не асудзіць яго, калі будзе судзіць яго. Спадзявайся на Госпада, трымайся шляху Яго, і Ён узьніме цябе, каб табе атрымаць у спадчыну зямлю; ты ўбачыш, як гінуць грэшнікі. Я бачыў пыхлівага беззаконьніка, які трымаў сябе высока, быццам кедр лібанскі; і прайшоў я міма, і вось яго ня стала; і шукаў яго, і месца яго не знайшоў. Захавай незласьлівасьць, назірай за праведнасьцю, бо ёсьць будучыня для чалавека мірнага. А ўсе беззаконьнікі будуць разам вынішчаныя, астаткі нязбожных згінуць. А збаўленьне праведнікаў ад Госпада, і Ён іх абаронца ў час бяды. І Госпад дапаможа ім, і вызваліць іх, і ад грэшнікаў выратуе, і збавіць іх, бо яны на Яго спадзяваліся.

Псалом Давіда, на ўспамін пра суботу. Госпадзе, у абурэньні Тваім не судзі мяне і ў гневе Тваім не карай мяне. Бо стрэлы Твае працялі мяне, і Ты паклаў на мяне руку Тваю. Няма здаровага месца на целе маім з прычыны гневу Твайго, няма супакою касьцям маім з прычыны грахоў маіх. Бо беззаконьні мае перавысілі галаву маю, быццам важкі груз, абцяжарылі мяне. Пратухлі і загнілі раны мае з-за нярозуму майго. Я згібеў і сагнуўся зусім, увесь дзень сумны хадзіў. Бо сьцёгны мае напоўніліся глумам, і няма здаровага месца на целе маім. Я быў прыгноблены і паніжаны надзвычайна, роў ад стогну сэрца майго. Госпадзе, перад Табою ўсё маё жаданьне, і стогн мой ад Цябе ня ўтоены. Сэрца маё ўстрывожылася, сіла мая пакінула мяне, а сьвятло вачэй маіх — і яго ня стала ўва мне. Сябры мае і бліжнія мае наблізіліся і сталі перада мною, а найбліжэйшыя мае сталі здалёку. І тыя, што шукалі душы маёй, цясьніліся, а тыя, што жадалі мне зла, гаварылі марнае і ўвесь дзень абмяркоўвалі подступы. А я, быццам глухі, ня чуў і, як нямы, не расчыняў вуснаў маіх. І стаў я як чалавек, які ня чуе і ня мае апраўданьняў у вуснах сваіх. Бо на Цябе, Госпадзе, спадзяваўся я: Ты, Госпадзе, Божа мой, пачуеш мяне. Бо я сказаў: «Хай не пацяшаюцца з мяне ворагі мае»; а яны, калі пахіснуліся ногі мае, шматсловілі на мяне. Бо я на раны гатовы, і боль мой заўсёды перада мною. Бо я аб’яўлю віну маю і буду сумаваць з-за граху майго. А ворагі мае жывуць і сталі дужэйшымі за мяне; і стала многа тых, што без прычыны ненавідзяць мяне. Тыя, што плацяць мне злом за дабро, узьвялі паклёп на мяне, бо я ішоў сьледам за дабрынёю. Не пакідай мяне, Госпадзе, Божа мой, не аддаляйся ад мяне. Сьпяшайся на дапамогу мне, Госпадзе збаўленьня майго!

Кіраўніку хору, Ідуфуму. Псалом Давіда. Я сказаў: «Буду зважаць на шляхі мае, каб не зграшыць языком маім». Я паставіў ахову вуснам маім, калі грэшнік стаў перада мною. Анямеў я, і ўпакорыўся, і нават пра добрае маўчаў, і боль мой аднавіўся. Сэрца маё ўва мне сагрэлася, і ў думках маіх агонь запалаў, і я сказаў языком маім: «Дай мне, Госпадзе, пазнаць мой канец і лік дзён маіх — які ён, — каб я ведаў, колькі мне засталося». Вось Ты адмераў пядзямі дні мае, і істота мая як нішто перад Табою: насамрэч марнасьць усё, кожны жывы чалавек. Сапраўды, чалавек ходзіць, як прывід, дарэмна мітусіцца, зьбірае скарбы і ня ведае, для каго зьбірае іх. І цяпер хто мой чаканы? Ці ня Госпад? І істота мая ад Цябе ёсьць. Выбаў мяне ад усіх беззаконьняў маіх: Ты аддаў мяне бяздумнаму на зьдзек. Я анямеў і вуснаў маіх не раскрываў, бо гэта Ты так учыніў. Адхілі ад мяне ўдары Твае, бо гіну ад моцы рукі Тваёй. Дакорамі за правіны Ты выпраўляў чалавека і скрышыў, быццам павуціньне, душу яго. Насамрэч дарэмна мітусіцца кожны чалавек. Пачуй, Госпадзе, малітву маю і просьбу маю, зьвярні ўвагу на сьлёзы мае; не маўчы, бо я прыхадзень у Цябе і паломнік, як і ўсе бацькі мае. Дай палёгку мне, каб я адпачыў перш, як мне адысьці, і ўжо ня будзе мяне.

Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Цярпліва чакаў я Госпада, і Ён пачуў мяне, і выслухаў малітву маю, і выцягнуў мяне з ямы пакутаў і з багністай твані, і паставіў на скале ногі мае, і ўмацаваў мае крокі; і ўклаў у вусны мае новую песьню, песьню хвалы Богу нашаму: убачаць гэта многія, і збаяцца, і будуць спадзявацца на Госпада. Шчасьлівы муж, чыя надзея — імя Госпада, і які не ўзіраўся на марнасьці і зманлівыя недарэчнасьці. Шмат цудоўных справаў Тваіх, Госпадзе, Божа мой, Ты ўчыніў, і ў задумах Тваіх няма падобнага да Цябе; я заяўляў і казаў: яны размножыліся бяз меры! Ахвяры і прынашэньня не захацеў Ты, а цела падрыхтаваў мне; цэлапаленьняў і ахвяраў за грэх Ты не вымагаў. Тады сказаў я: «Вось прыходжу, у загалоўку кнігі напісана пра мяне: спаўняць волю Тваю і закон Твой, Божа мой, жадаў я ў нутры сэрца майго». Я апавяшчаў справядлівасьць на сходзе вялікім, дык вось вуснам маім не забараню: Госпадзе, Ты ведаеш. Справядлівасьць Тваю я не хаваў у сэрцы маім, я гаварыў пра праўду Тваю і збаўленьне Тваё. Я не ўтаіў міласьці Тваёй і праўды Тваёй перад вялікім сходам. Ты ж, Госпадзе, не аддаляй міласьцяў Тваіх ад мяне: ласка Твая і праўда Твая хай заўсёды ахоўваюць мяне. Бо вось атачылі мяне няшчасьці, якім няма ліку, авалодалі мною беззаконьні мае, і я ня меў сілы глядзець; размножылася іх больш як валасоў на галаве маёй, і сэрца маё панікла ўва мяне. Акажы ласку, Госпадзе, ратуй мяне! Госпадзе, сьпяшайся мне на дапамогу! Хай засаромеюцца, а разам і зьбянтэжацца тыя, што шукаюць душы маёй, каб загубіць яе. Хай адступяць назад і сумеюцца тыя, што жадаюць мне зла. Хай імгненна асоромяцца тыя, што кажуць мне: «Добра, добра яму так». Хай радуюцца і цешацца Табою ўсе, што шукаюць Цябе, Госпадзе, і хай тыя, каму любае збаўленьне Тваё, заўжды кажуць: «Хай узьвялічыцца Госпад!» А я бедны і ўбогі: Госпад парупіцца пра мяне. Ты мой памочнік і абаронца: Божа мой, не пазьніся!

Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Шчасьлівы той, хто думае пра беднага і ўбогага: у ліхі дзень Госпад выратуе яго. Хай Госпад сьцеражэ яго і захавае яго пры жыцьці, хай дасьць яму шчасьце на зямлі і не аддасьць яго ў рукі ворагаў яго. Хай Госпад дапаможа яму на пасьцелі пакутаў яго: усю пасьцель яго Ты зьмяніў у час хваробы яго. Я сказаў: «Госпадзе, зьмілуйся нада мною, ацалі душу маю, бо я зграшыў перад Табою». Ворагі мае казалі благое мне: «Калі ж ён памрэ і згіне імя яго?» І калі хто прыходзіў пабачыць, гаварыў пустое, сэрца яго зьбірала беззаконьні сабе; выходзіў вонкі і гаварыў тое самае. Супраць мяне шапталі ўсе ворагі мае, надумвалі злое супраць мяне, злачыннае слова склалі на мяне: «Мусіць той, хто сьпіць, ужо больш ня ўстане?» І нават чалавек, з якім я быў у міры, на якога я спадзяваўся, які еў хлеб мой, — і той падняў пяту сваю на мяне. Але Ты, Госпадзе, зьмілуйся нада мною і ўздымі мяне, і я адплачу ім. Па тым пазнаў я, што Ты ўпадабаў мяне, што вораг мой ня будзе пацяшацца з мяне. А мяне за маю незласьлівасьць Ты падтрымаў і ўмацаваў перад Табою давеку. Блаславёны Госпад Бог Ізраіля адвеку і назаўсёды! Хай так станецца, хай так станецца!

Кіраўніку хору. Навука. Сыном Карэевым. Як тужыць алень па водных крыніцах, так душа мая імкнецца да Цябе, Божа. Душа мая сасьмягла па Богу жывым: калі ж прыйду і яўлюся перад абліччам Бога? Сьлёзы мае сталі для мяне хлебам удзень і ўночы, калі мне штодня казалі: «Дзе Бог твой?» Я прыгадаў гэта і выліў душу маю перад сабою, што вось пайду да месца дзівоснай сядзібы, да дому Божага, з голасам радасьці і падзякі пад гоман сьвяточнай грамады. Чаму ты сумная, душа мая, чаму трывожыш мяне? Спадзявайся на Бога, бо я буду дзякаваць Яму: Ён — збаўленьне аблічча майго і Бог мой. Душа мая ўстрывожылася ўва мне, дзеля гэтага я прыгадаю Цябе з зямлі Ярданскай і Гэрмонскай, з малой гары. Бездань кліча бездань пад грымоты Тваіх вадаспадаў: усе Твае плыні і хвалі хлынулі на мяне. Удзень Госпад пашле міласьць сваю, а ўночы песьня Яму ад мяне, малітва да Бога жыцьця майго. Скажу Богу: «Ты мой заступнік: чаму Ты забыў мяне? Чаму хаджу сумны ў той час, як вораг прыгнятае мяне?» Крышачы косьці мае, мучыцелі мае ганьбілі мяне, кожны дзень казалі мне: «Дзе Бог твой?» Чаму ты сумная, душа мая, чаму трывожыш мяне? Спадзявайся на Бога, бо я буду дзякаваць Яму: Ён збаўленьне аблічча майго і Бог мой.

Псалом Давіда. Судзі мяне, Божа, і рассудзі справу маю супраць народу нязбожнага; ад чалавека нягоднага і крывадушнага ратуй мяне. Бо Ты, Божа, моц мая: чаму Ты мяне адкінуў? І чаму хаджу я з сумным тварам, у той час як вораг мой націскае? Пашлі сьвятло Тваё і праўду Тваю: яны вялі мяне і прывялі да гары сьвятой Тваёй і да сядзібаў Тваіх. І я прыйду да ахвярніка Божага, да Бога, які весяліць маладосьць маю; буду на гусьлях праслаўляць Цябе, Божа, Божа мой! Чаму ты сумная, душа мая, чаму трывожыш мяне? Спадзявайся на Бога, бо я буду дзякаваць Яму: Ён збаўленьне аблічча майго і Бог мой.

Кіраўніку хору. Навука. Сыном Карэевым. Можа, мы чулі на свае вушы, і бацькі нашыя расказалі нам пра справу, якую Ты зьдзейсьніў у дні іх, у даўніну. Рука Твая выгубіла паганаў, і Ты насадзіў іх; Ты паразіў народы і выгнаў іх. Бо не набылі яны зямлю мячом сваім, і ня ўласнае плячо выратавала іх, але Твая правіца, і Тваё плячо, і сьвятло твару Твайго, бо Ты іх упадабаў. Ты сам мой Уладар і мой Бог, які даруе перамогі Якубу. З Табою забадаем ворагаў нашых і імем Тваім зьнішчым тых, што паўстаюць на нас. Бо не на лук мой спадзявацца буду, і меч мой ня выратуе мяне: бо гэта Ты выратаваў нас ад тых, што прыгняталі нас, і пасароміў тых, што ненавідзяць нас. Богам будзем хваліцца ўвесь дзень і імю Твайму будзем дзякаваць давеку. Але цяпер Ты нас адкінуў і пасароміў; і ня выйдзеш больш, Божа, з нашымі сіламі. Ты павярнуў нас назад перад ворагамі нашымі, і тыя, што ненавідзяць нас, рабавалі сабе. Ты аддаў нас, як авечак, на спажыву і параскідаў нас сярод паганаў. Прадаў Ты свой народ за бесцан, і няшмат было ў выкліках іх. Ты выставіў нас на сьмех нашым суседзям, на зьдзек і пагарду тым, што вакол нас. Ты выставіў нас на ганьбаваньне сярод паганаў, на ківаньне галовамі сярод людзей. Сорам мой увесь дзень перада мною, і зьбянтэжанасьць твару майго пакрыла мяне ад голасу таго, хто зьневажае і ўзводзіць паклёп, ад твару ворага і прыгнятальніка. Усё гэта прыйшло на нас, але мы не забылі Цябе і не парушылі запавету Твайго, і сэрца наша не павярнулася назад: а Ты адхіліў сьцежкі нашыя ад Твайго шляху. Бо Ты ўпакорыў нас на месцы злыбеды, і цень сьмерці пакрыў нас. Калі мы забылі імя Бога нашага і працягнулі рукі да бога чужога, то ці не пакарае нас Бог? Ён жа тайніцы сэрца ведае. Але ж дзеля Цябе нас штодня аддаюць на сьмерць, глядзяць на нас, як на авечак на зарэз. Прачніся: чаму сьпіш, Госпадзе? Устань і не адкінь нас зусім! Чаму адвяртаеш твар Твой, забываесься на наша гора і прыгнёт? Бо душа наша панізілася да пылу, жывот наш прыліп да зямлі. Устань, Госпадзе, дапамажы нам і вызвалі нас дзеля імя Твайго!

Кіраўніку хору. Навука. Сыном Карэевым. Песьня пра любага. Сэрца маё праліло добрае слова: кажу пра мае справы ўладару; язык мой — пяро скарапісца. Красой ты больш прыгожы за сыноў людзкіх, ласка пацякла з вуснаў тваіх: дзеля гэтага Бог блаславіў цябе на вякі. Падперажы меч твой да боку твайго, сільны, у дабрыні тваёй і красе тваёй, і напружся, і пасьпявай, і пануй дзеля праўды, лагоды і справядлівасьці, і правая рука твая дзівосна павядзе цябе. Вострыя стрэлы твае, сільны, — народы скорацца перад табою, — стрэлы ў сэрца ворагаў уладара. Пасад Твой, Божа, на век вякоў; жазло валадарства Твайго — жазло праведнасьці. Ты палюбіў справядлівасьць і ўзьненавідзеў беззаконьне: дзеля гэтага памазаў цябе Бог, твой Бог, алеем радасьці больш, чым саўдзельнікаў тваіх. Сьмірна, і алоэ, і касія ад вопраткі тваёй і ад харомаў з слановай косьці цешаць цябе. Дочкі каралеўскія ў пашане ў цябе. Каралева стала па правай руцэ тваёй, у вопратку золатам прашытую апранутая, упрыгожаная. Слухай, дачка, глянь, і нахілі вуха тваё, і забудзь народ твой і дом бацькі твайго, і ўладар пажадае красы тваёй, бо ён — госпад твой; і паклоняцца яму дочкі Тыру з дарамі. На твар твой маліцца будуць багатыя народу. Уся слава дачкі каралеўскай у ёй самой: яна апранутая ў вопратку з залатымі махрамі, упрыгожаная. Прывядуць да ўладара дзеваў усьлед за ёю, дружак яе прывядуць табе. Сярод радасьці і вясельля прывядуць іх і ўвядуць у каралеўскія харомы. Замест бацькоў тваіх сталі сыны твае: паставіш іх князямі па ўсёй зямлі. Зраблю памятным імя тваё ўва ўсіх пакаленьнях; дзеля гэтага будуць цябе славіць народы на век і на век вякоў.

Кіраўніку хору. Сыном Карэевым. Песьня. Бог наш прытулак і сіла, памочнік у бедах, якія нас вельмі апанавалі. Таму не збаімся, калі зямля затрымціць і горы пераставяцца ў бездані марскія. Зашумелі і забушавалі воды іх, горы захісталіся сілаю Яго. Плыні ракі весяляць места Божае: Усявышні асьвяціў жыльлё сваё. Бог пасярод яго, і яно не пахісьнецца: дапаможа яму Бог рана досьвета. Сумеліся народы, захісталіся валадарствы: Госпад падáў голас свой, зямля зварухнулася. Госпад сіл з намі, Бог Якуба — заступнік наш! Прыйдзіце і падзівіцеся на ўчынкі Госпада, цуды, якія Ён учыніў на зямлі. Спыняючы войны да канцоў зямлі, Ён скрышыць лук, зломіць зброю, шчыты агнём спаліць. «Супакойцеся і ведайце, што Я — Бог. Буду ўзьвялічаны між народамі, узьвялічаны на зямлі». Госпад сіл з намі, Бог Якуба — заступнік наш!

Кіраўніку хору. Сыном Карэевым. Усе народы, пляскайце ў далоні, усклікніце Богу радасным голасам. Бо Госпад — усявышні, страшны, Ён Уладар вялікі над усёй зямлёй. Ён скарыў нам народы і плямёны паклаў нам пад ногі; Ён выбраў спадчыну сваю для нас — красу Якуба, якую ўпадабаў. Бог узышоў пад воклікі, Госпад — пад гучаньне трубаў. Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце; сьпявайце Уладару нашаму, сьпявайце, бо Бог — Уладар усёй зямлі: сьпявайце ўдумліва! Бог пануе над народамі, Бог сядзіць на сьвятым пасадзе сваім. Уладары народаў сабраліся разам з Богам Абрагама, бо дужыя зямлі — Божыя, яны вельмі ўзвысіліся.

Псалом. Сыном Карэевым. Другога дня тыдня. Вялікі Госпад і вельмі праслаўлены ў месьце Бога нашага, на гары сьвятой Яго. Добра ўкаранёныя на радасьць усёй зямлі горы Сыёнскія, паўночныя схілы іх — горад уладара вялікага. У харомах яго Бог вядомы як той, хто ахоўвае яго. Бо вось уладары зямлі сабраліся, сышліся разам; убачыўшы, яны зьдзівіліся, сумеліся, усхваляваліся; дрыготкі ахапілі іх там, болі, быццам парадзіху. Бурным ветрам Ты скрышыш караблі тарсійскія. Што чулі мы, тое і ўбачылі ў месьце Госпада сілаў, у горадзе Бога нашага: Бог заснаваў яго павек. Мы ўспрынялі міласьць Тваю, Божа, сярод народу Твайго. Як імя Тваё, Божа, так і хвала Твая — да канцоў зямлі. Правая рука Твая поўная справядлівасьці. Хай цешыцца гара Сыён, і хай дочкі Юды радуюцца з судоў Тваіх, Госпадзе. Абыдзіце Сыён і абдыміце яго, расказвайце пра яго на вежах яго, ускладзіце сэрцы вашыя на магутнасьць яго і разгледзьце харомы яго, каб расказаць наступнаму пакаленьню. Бо Ён Бог наш на век і на век вякоў: Ён будзе нам пастырам давеку.

Кіраўніку хору. Сыном Карэевым. Псалом. Паслухайце гэта, усе народы, прыхіліце вуха, усе, што жывяце на сьвеце: і земнародныя, і сыны чалавечыя, разам багаты і ўбогі. Вусны мае будуць казаць мудрасьць, а роздум сэрца майго — розум. Нахілю да прыповесьцяў вуха маё, пад гукі гусьляў дам разгадку маю. Чаго мне баяцца ў дзень бяды, калі абступіць мяне беззаконьне крокаў маіх — тыя, што спадзяюцца на сваю сілу і хваляцца вялікім багацьцем сваім? Брат ня вызваліць: ці ж можа вызваліць чалавек? Ён ня дасьць Богу выкупу за сябе і цаны за вызваленьне душы сваёй, нават калі б увесь век цяжка працаваў; і хоць будзе жыць да канца і ня ўбачыць тленнасьці, ён будзе бачыць, як мудрыя паміраюць. Аднолькава згінуць неразважны і неразумны і пакінуць багацьці свае чужым; і магілы іх — дамы іх давеку, жыльлё іх з роду ў род, хоць надавалі яны імёны свае землям сваім. І чалавек, які, будучы ў пашане, не разумее гэтага, падобны да неразумных жывёлаў, ён як адзін з іх. Сам шлях іх — пастка для іх, хоць пасьля хваліць яго будуць вуснамі сваімі. Паклалі іх у апраметнай, як авечак, сьмерць будзе пасьвіць іх, а праведнікі хутка будуць панаваць над імі; і ня стане для іх дапамогі ў апраметнай: яны адкінутыя ад славы сваёй. Але Бог выбавіць душу маю з рукі апраметнай, калі прыме мяне. Ня бойся, калі чалавек багацее, калі слава дому яго павялічваецца, бо, калі памрэ, ня возьме нічога, і слава яго ня сыдзе разам з ім. Бо хоць пры жыцьці душа яго будзе шчасьлівая і ён будзе дзякаваць Табе, бо Ты быў добры для яго, — ён усё роўна пойдзе да роду продкаў сваіх і давеку ня ўбачыць сьвятла. А чалавек, які, будучы ў пашане, не разумее гэтага, падобны да неразумных жывёлаў, ён як адзін з іх.

Псалом Асафа. Бог багоў, Госпад прамовіў і паклікаў зямлю ад усходу сонца да захаду. З Сыёну зьзяе пышнасьць красы Яго. Бог бачна прыйдзе, Бог наш, і не змаўчыць: перад Ім агонь разгарыцца, а вакол Яго бура вялікая. Ён пакліча неба з вышыні і зямлю судзіць народ свой. Зьбярыце Яму праведнікаў Яго, што прынялі запавет Яго пры ахвярах, і нябёсы абвесьцяць справядлівасьць Яго, бо Бог — судзьдзя. «Слухай, народзе мой, Я буду гаварыць да цябе, Ізраілю, і засьведчу табе: Я — Бог, твой Бог. Не за ахвяры твае буду дакараць цябе: цэлапаленьні твае заўжды перада Мною. Не прыму цялятаў з дому твайго, ні казьлятаў ад статкаў тваіх, бо Мае ўсе зьвяры лясныя, жывёлы ў горах і валы. Ведаю ўсіх птушак нябесных, і краса палёў Мая. Калі згаладаюся, не скажу табе, бо Мой сусьвет і ўсё, што яго напаўняе. Ці ж буду есьці мяса валоў або піць кроў казлоў? Прынясі Богу ахвяру хвалы, і споўні твае абяцаньні Усявышняму, і пакліч Мяне ў дзень бяды, і Я выбаўлю цябе, а ты ўславіш Мяне». А грэшніку сказаў Бог: «Што ты расказваеш пра Мае пастановы і маеш запавет Мой на вуснах тваіх, а сам узьненавідзеў навучаньне і адкінуў назад словы Мае? Калі бачыў злодзея, ты бег разам з ім і з чужаложнікамі быў заадно. Вусны твае былі поўныя злосьці, язык твой сплятаў падман. Ты, седзячы, гаварыў супраць брата твайго і сыну маці тваёй даваў дрэнны прыклад. Такое ты чыніў, а Я маўчаў: ты меркаваў няправедна, што буду падобны да цябе. Я буду дакараць цябе і пастаўлю грахі твае перад тварам тваім». Зразумейце гэта ўсе, што забываеце Бога, каб Ён часам ня выхапіў вас, — і ня будзе каму ратаваць. Ахвяра хвалы праславіць Мяне, і вось гэта шлях, якім яўлю яму збаўленьне Маё.

Кіраўніку хору. Псалом Давіда, калі прыйшоў да яго прарок Натан, пасьля таго, як Давід сышоўся з Баршэбай. Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх загладзь беззаконьне маё. Асабліва абмый мяне ад беззаконьня майго і ад граху майго ачысьці мяне. Бо беззаконьне маё я ведаю і грэх мой заўжды перада мною. Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў, так што Ты апраўданы ў словах Тваіх і пераможаш, калі давядзецца судзіцца Табе. Вось, я быў зачаты ў беззаконьнях, і ў грахах нарадзіла мяне маці мая. Але Ты, які палюбіў праўду, паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй. Акропіш мяне гісопам, і стану чысты, абмыеш мяне, і стану бялейшы за сьнег. Дасі мне пачуць радасьць і вясельле, узрадуюцца ўпакораныя косьці. Адвярні твар Твой ад грахоў маіх і загладзь усе беззаконьні мае. Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім. Не адкінь мяне ад Твайго аблічча і духу Твайго сьвятога не адымі ад мяне. Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня і духам уладарным умацуй мяне. Буду навучаць беззаконьнікаў шляхоў Тваіх, і бязбожныя навернуцца да Цябе. Вызвалі мяне ад крыві пралітай, Божа, Божа майго збаўленьня: язык мой будзе радасна славіць Тваю справядлівасьць. Адчыніш вусны мае, Госпадзе, і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю. Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: цэлапаленьні Табе не даспадобы. Ахвяра Богу — дух скрушлівы: сэрцам скрушлівым і пакорным Бог не пагардзіць. Ашчасьліў, Госпадзе, у спагадлівасьці Тваёй Сыён, і хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя. Тады глянеш прыхільна на правую ахвяру, прынашэньне і цэлапаленьне: тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.

Кіраўніку хору. Навука Давіда пасьля таго, як прыйшоў Дойк Ідумэйскі і данёс Саўлу, сказаўшы, што Давід прыйшоў у дом Абімэлеха. Чаго ты, дужы, хвалісься ў злосьці беззаконьнем? Увесь дзень язык твой прыдумваў няправеднае: быццам вострай брытвай, ты чыніў падман. Ты палюбіў зло больш за дабро, няправеднасьць больш, як казаць праўду. Палюбіў ты ўсе згубныя словы, мову няшчырую. Таму Бог зьнішчыць цябе да канца, вырве і выселіць цябе з твайго жыльля і корань твой — з зямлі жывых. Праведнікі ўбачаць, і збаяцца, і пасьмяюцца з яго, і скажуць: «Вось чалавек, які ня ўзяў Бога сабе памочнікам, а спадзяваўся на мноства багацьця свайго і ўмацоўваўся ў марнасьці сваёй». А я, быццам пладавітае дрэўца аліўнае ў доме Божым, спадзяваўся на Божую міласьць на век і на век вякоў. Буду дзякаваць Табе давеку за тое, што Ты ўчыніў, і спадзявацца на імя Тваё, бо яно добрае ў вачах сьвятых Тваіх.

Кіраўніку хору. На духавых прыладах. Навука Давіда. Сказаў неразумны ў сэрцы сваім: «Няма Бога». Сапсаваліся і зьнікчэмнелі ў беззаконьнях, няма нікога, хто рабіў бы дабро. Бог глянуў з неба на сыноў людзкіх, каб бачыць, ці ёсьць, хто разумее або шукае Бога. Усе ўхіліліся, усе разам нягоднымі сталі, няма, хто рабіў бы дабро, няма ні аднаго. Ці ж не схамянуцца ўсе, што чыняць беззаконьне, што зьядаюць мой народ, быццам ядуць хлеб? Госпада яны ня клікалі. Вось яны затрэсьліся ад страху там, дзе страху не было, бо Бог параскідаў косьці тых, што людзям дагаджалі: яны пакрыліся сорамам, бо Бог пагардзіў імі. Хто дасьць з Сыёну збаўленьне Ізраілю? Калі Госпад верне з палону народ свой, узрадуецца Якуб, усьцешыцца Ізраіль.

Кіраўніку хору. Навука Давіда ў песьнях, калі прыйшлі Зіфэі і сказалі Саўлу: ці ня ў нас хаваецца Давід? Божа, імем Тваім збаў мяне і сілаю Тваёю судзі мяне. Выслухай, Божа, малітву маю, пачуй словы вуснаў маіх. Бо чужынцы паўсталі супраць мяне, і дужыя шукалі душы маёй, і ня мелі Бога перад сабою. Але вось Бог памагае мне, і Госпад — заступнік душы маёй. Ён паверне зло на ворагаў маіх: у праўдзе Тваёй вынішчы іх! Ахвотна прынясу ахвяру Табе і буду дзякаваць імю Твайму, Госпадзе, бо яно добрае. Бо Ты выбавіў мяне ад усякага ўціску, і вока маё глянула з пагардай на ворагаў маіх.

Кіраўніку хору. Навука Давіда ў песьнях. Пачуй, Божа, малітву маю і не пагардзі просьбаю маёю; будзь уважлівы да мяне і выслухай мяне. Зажурыўся я ў марнаслоўі маім і ўстрывожыўся ад голасу ворага і ад уціску грэшніка. Бо яны ўзвалілі на мяне беззаконьне і ў злосьці напалі на мяне. Сэрца маё ўва мне ўстрывожылася, і боязь сьмерці пала на мяне. Страх і трапятаньне прыйшлі на мяне, і цемра пакрыла мяне. І сказаў я: «Хто дасьць мне крылы, як у голуба, і палячу, і супачыну». Вось я ўцёк далёка і пасяліўся ў пустыні, чакаў Бога, які выратуе мяне ад маладушнасьці і ад буры. Скінь іх, Госпадзе, і разьдзялі языкі іх, бо я бачыў беззаконьне і разлад у горадзе. Дзень і ноч будуць яны хадзіць вакол яго па мурах яго, а ўнутры яго беззаконьне, гвалт і няправеднасьць, і ліхва, і падман не зыходзяць з плошчаў яго. Бо калі б мяне зьневажаў вораг, я сьцярпеў бы; і калі б той, хто ненавідзіць мяне, пышыўся перада мною, я схаваўся б ад яго. Але ты, чалавеча аднадумны, праваднік мой і знаёмы мой, які рабіў салодкім мне супольнае застольле: у згодзе мы хадзілі ў дом Божы! Хай прыйдзе сьмерць на іх і хай зыдуць жывымі ў апраметную, бо злачыннасьць пануе сярод іх у дамах іх. Я клікаў Бога, і Госпад пачуў мяне. Увечары, раніцай і апоўдні буду казаць і абвяшчаць, і Ён пачуе мой голас. Ён вызваліць душу маю ў супакоі ад тых, што набліжаюцца да мяне, бо многа іх было вакол мяне. Бог пачуе, і Той, што існуе вечна, упакорыць іх. Бо няма для іх перамены, таму што не збаяліся Бога. Ён працягнуў руку сваю для адплаты: яны апаганілі запавет Яго. Разьбегліся ад гневу аблічча Яго, і сэрца іх да горла наблізілася: словы Яго былі мякчэйшыя за алей, а насамрэч яны — стрэлы. Ускінь клопат твой на Госпада, і Ён падтрымае цябе, павек не дазволіць праведніку пахіснуцца. А іх Ты, Божа, зьвядзеш у гібельную яму: людзі лютыя і крывадушныя не дажывуць да паловы дзён сваіх. А я, Госпадзе, буду спадзявацца на Цябе.

Кіраўніку хору. Пра людзей, аддаленых ад сьвятых, памятная песьня Давіда, калі паланілі яго чужынцы ў Гэфі. Зьмілуйся нада мною, Божа, бо патаптаў мяне чалавек, увесь дзень, нападаючы, прыцясьняў мяне. Ворагі мае тапталі мяне ўвесь дзень ад сьвітанку, бо многа тых, што нападаюць на мяне. Яны збаяцца, а я буду спадзявацца на Цябе! У Богу ўслаўлю словы мае; на Бога спадзяваўся я ўвесь дзень, не збаюся, што зробіць мне цела. Увесь дзень яны грэбавалі словамі маімі, усе задумы іх былі супраць мяне на зло. Яны паселяцца побач і схаваюцца, будуць сачыць за маімі крокамі, рабіць засаду на душу маю. Ты ж ні за што не ратуй іх: у гневе выгубі гэтых людзей, Божа! Я распавёў Табе пра жыцьцё маё, Ты паклаў сьлёзы мае перад Табою згодна з абяцаньнем Тваім. Ворагі мае павернуць назад у дзень, калі я паклічу Цябе: вось я пазнаў, што Ты Бог мой. У Богу ўслаўлю слова, у Госпадзе ўслаўлю сказ. На Бога спадзяваўся я, не збаюся, што зробіць мне чалавек. На мне, Божа, абяцаньні, якія споўню дзеля хвалы Тваёй, бо Ты выбавіў душу маю ад сьмерці і ногі мае ад спатыкненьня. Буду даспадобы Госпаду ў сьвятле жывых.

Кіраўніку хору. «Не загубі». Песьня Давіда, калі ён уцёк ад Саўла ў пячору. Зьмілуйся нада мною, Божа, зьмілуйся нада мною, бо Табе даверылася душа мая, і на цень крылаў Тваіх спадзявацца буду, пакуль не міне беззаконьне. Буду клікаць Бога Усявышняга, Бога, які дабро мне чыніў. Ён паслаў з неба дапамогу і выратаваў мяне, аддаў на ганьбу тых, што тапталі мяне. Бог паслаў міласьць сваю і праўду сваю і выратаваў душу маю спасярод ільвянятаў. Я лёг спаць устрывожаны. Сыны людзкія: зубы іх — дзіды і стрэлы, а язык — востры меч. Узьнясіся над нябёсамі, Божа, і над усёй зямлёй — слава Твая! Яны нарыхтавалі сеці для ног маіх і прыціснулі душу маю; выкапалі дол перада мною і самі ўпалі ў яго. Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё: буду сьпяваць і граць у славе маёй. Устань, слава мая, устаньце, ліра і гусьлі! Я ўстану рана. Буду дзякаваць Табе, Госпадзе, сярод людзей; буду апяваць Цябе сярод народаў, бо ўзьвялічылася міласьць Твая да нябёсаў і праўда Твая — да хмараў. Узьнясіся над нябёсамі, Божа, і над усёй зямлёй — слава Твая!

Кіраўніку хору. «Не загубі». Памятная песьня Давіда. Калі сапраўды справядлівае кажаце, сыны людзкія, дык судзіце праведна. Бо вось у сэрцы вы чыніце беззаконьне на зямлі, рукі вашыя сплятаюць няправеднасьць. Ад улоньня грэшнікі сышлі з дарогі, ад нутра маці зблудзілі, казалі няпраўду. Лютасьць іх падобная да зьмяінай, быццам глухое гадзюкі, што затуляе вушы свае, не зважае на голас заклінальнікаў, ні на атруту, прыгатаваную знахарам. Бог скрышыў зубы іх у пашчах іх, Госпад зламаў сківіцы львоў! Зьнікнуць яны, як вада мімацечная; Ён нацягне свой лук, аж яны зьнямогуцца. Як растоплены воск, счэзнуць: агонь спадзе на іх, і ня ўбачаць сонца. Перш, як ім адчуць церне ажыны, як жывых — як бывае ў гневе — праглыне іх. Усьцешыцца праведнік, калі ўбачыць пакараньне бязбожнага, памые рукі свае ў крыві грэшніка. І скажа чалавек: «Калі сапраўды карысна быць праведным, дык сапраўды ёсьць Бог, які судзіць іх на зямлі!»

Кіраўніку хору. «Не загубі». Памятная песьня Давіда, калі Саўл паслаў сьцерагчы ягоны дом і забіць яго. Выбаў мяне ад ворагаў маіх, Божа, і ад тых, што паўстаюць на мяне, ратуй мяне. Вызвалі мяне ад тых, што чыняць беззаконьне, і ад мужоў крыві збаў мяне. Бо вось яны ўпалявалі душу маю; дужыя напалі на мяне не за грэх мой, Госпадзе, і не за правіны мае. Я бег беззаганна і проста: устань насустрач мне і глянь. І Ты, Госпадзе, Божа сілаў, Божа Ізраіля, май на ўвазе наведаць усе народы, ня будзь міласьцівы да ўсіх, што чыняць беззаконьне. Увечары вернуцца яны, і будуць галодныя, як сабака, і абыдуць кругом места. Вось яны будуць бурчаць вуснамі сваімі, а ў вуснах іх меч, бо хто чуў? Але Ты, Госпадзе, пасьмяесься з іх, Ты пасароміш усе народы. Сілу маю ў Табе захаваю, бо Ты, Божа, заступнік мой. Бог мой, міласьць Яго апярэдзіць мяне: Бог мой пакажа мне яе на ворагах маіх. Не забівай іх, каб не забылі закону Твайго: разгані і ўпакор іх сілаю Тваёю, Госпадзе, заступнік мой. Грэх вуснаў іх — словы языка іх, дык хай заблытаюцца ў пыхлівасьці сваёй; і з-за праклёнаў і хлусьні стане ім вядомы канец — канец у гневе, — і ня стане іх. І пазнаюць яны, што Бог уладарыць над Якубам, над канцамі зямлі. Увечары вернуцца яны, і будуць галодныя, як сабака, і абыдуць навокал места. Яны разыдуцца есьці, а як не насыцяцца, будуць наракаць. А я буду сьпяваць пра сілу Тваю і зранку абвяшчаць Тваю міласэрнасьць, бо Ты стаў мне заступнікам і прытулкам у дзень бяды маёй. Ты мой памочнік, буду апяваць Цябе, бо Ты, Божа, заступнік мой, Бог мой, міласьць мая.

Кіраўніку хору. Пра тых, што маюць перамяніцца. Памятная песьня і навука Давіда, калі спаліў Сырыю мэзапатамскую і Сырыю Цованскую і калі Іааў, вярнуўшыся, разьбіў у даліне Соль дваццаць тысяч ідумэяў. Божа, Ты адкінуў нас і зруйнаваў нас, разгневаўся, але і памілаваў нас. Ты страсянуў зямлёю і раскалоў яе: загаі яе трэшчыны, бо яна захісталася. Ты явіў жорсткасьць народу Твайму, напаіў нас віном зьбянтэжанасьці. Ты даў знак тым, што баяцца Цябе, каб уцякалі ад лука. Каб любыя Твае маглі ўратавацца, збаў іх правай рукой Тваёй і выслухай мяне. Бог прамовіў у сьвятыні сваёй: «Усьцешуся, і разьдзялю Сіхэм, і даліну палатак разьмеру. Мой Галаад і мой Манасія, Ахрэм — моц галавы маёй, Юда — скіпетар мой. Мааб — посуд надзеі маёй; на Ідумэю працягну абутак мой; іншапляменьнікі скарыліся Мне». Хто ўвядзе мяне ва ўмацаваны горад? Або хто давядзе мяне да Ідумэі? Ці ня Ты, Божа, які нас адкінуў? Ці ня выйдзеш, Божа, з нашымі сіламі? Дай нам дапамогу ў бядзе, бо марны людзкі ратунак. У Богу створым сілу, і Ён зьвядзе ў нішто тых, што перасьледуюць нас.

Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Выслухай, Божа, просьбу маю, уваж малітву маю! Ад канцоў зямлі я клікаў Цябе, калі зажурылася сэрца маё: Ты ўзьняў мяне на скалу, быў мне правадніком, бо Ты стаў надзеяй маёй, стаўпом сілы перад абліччам ворага. Навек пасялюся ў жыльлі Тваім, схаваюся пад покрывам крылаў Тваіх. Бо Ты, Божа, выслухаў малітвы мае, даў спадчыну тым, што баяцца імя Твайго. Ты дадасі дні да дзён уладара, гады яго да дзён пакаленьня і пакаленьня. Ён будзе навек прабываць перад Богам: хто зможа зьведаць міласьць і праўду Яго? Дык вось буду апяваць імя Тваё павек веку, каб мне спаўняць з дня на дзень абяцаньні мае.

Кіраўніку хору Ідыфума. Псалом Давіда. Ці ж ня Богу скарыцца душа мая? Бо ад Яго збаўленьне маё: бо Ён Бог мой і Збаўца мой, заступнік мой, і я больш не пахіснуся. Як доўга будзеце налягáць на чалавека? Вы ўсе валіце яго, быццам пахілую сьцяну або расхістаны плот. Яны яшчэ задумалі пазбавіць мяне годнасьці маёй, бегалі прагныя, вуснамі сваімі бласлаўлялі, а ў сэрцы сваім пракліналі. Ты ж, душа мая, Богу скарыся, бо на Яго спадзяваньне маё, бо Ён Бог мой і Збаўца мой, заступнік мой, і я не зварухнуся. У Богу ратунак мой і слава мая: Ён Бог, які мне дапамагае, і надзея мая на Бога. Спадзявайцеся на Яго, уся грамада людзей! Вылівайце сэрцы вашыя перад Ім, бо Бог — наш памочнік. А сыны людзкія марныя, сыны людзкія хлусяць, каб на вазе ашукаць, усе яны аднолькавыя ў марнасьці сваёй. Не спадзявайцеся на няправеднасьць і ня майце ахвоты да рабункаў; калі багацьце прыцякае, не прывязвайце сэрца да яго. Бог сказаў адзін раз, дзьве гэтыя рэчы я чуў: што сіла ў Бога і Твая, Госпадзе, міласьць, бо Ты аддаеш кожнаму паводле ўчынкаў яго.

Псалом Давіда, калі ён быў у пустэльні Ідумэйскай. Божа, Божа мой, да Цябе досьвета малюся. Душа мая прагне Цябе: як часта тужыць па Табе цела маё ў зямлі пустой, і непраходнай, і бязводнай! Вось я ў сьвятыні явіўся Табе, каб убачыць сілу Тваю і славу Тваю. Бо міласьць Твая лепшая за жыцьцё: вусны мае будуць славіць Цябе. Дык вось буду бласлаўляць Цябе праз жыцьцё маё, у імя Тваё буду ўздымаць рукі мае. Быццам тлушчам і аліваю хай напоўніцца душа мая, і голасам, поўным радасьці, будуць хваліць Цябе вусны мае. Калі прыгадваў я Цябе на пасьцелі маёй, то да раніцы разважаў пра Цябе, бо Ты стаў мне памочнікам, і пад покрывам крылаў Тваіх буду цешыцца. Душа мая стала ўшчыльную за Табою, правая рука Твая падтрымала мяне. А яны дарэмна шукалі душу маю: сыдуць яны ў прадоньні зямлі, будуць аддадзеныя пад меч, стануць здабычаю лісаў! А ўладар будзе радавацца ў Богу; праславіцца кожны, хто Ім клянецца, бо перакрыліся вусны тых, што кажуць няправеднае.

Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Божа, пачуй голас мой, калі я малюся Табе, ад страху перад ворагам вызвалі душу маю. Захавай мяне ад зборышча злачынцаў, ад мноства тых, што чыняць няправеднасьць, што навастрылі, як меч, языкі свае, напялі лук свой на дрэнную справу, каб употай страляць у беззаганнага: яны стрэляць у яго зьнянацку і не збаяцца. Яны ўмацаваліся ў злым намеры, змовіліся ўпотай паставіць пасткі, сказалі: хто ўбачыць? Вышуквалі беззаконьне, зьнясіліліся, вышукваючы пільна: падыдзе такі чалавек, а сэрца ў яго глыбока. Але вось узьнімецца Бог. Як стрэлы немаўлятаў сталі ўдары іх. І зьнемагліся супраць Яго языкі іх. Усе, хто іх бачыў, сумеліся, і страх праняў кожнага чалавека. І яны абвяшчалі дзеяньні Божыя і спазналі творы Яго. Узрадуецца праведнік у Госпадзе і будзе спадзявацца на Яго, і праславяцца ўсе праведнага сэрца.

Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Песьня. Табе, Божа, належыцца гімн у Сыёне, і Табе дадуць абяцаньне ў Ерусаліме. Выслухай малітву маю: усякае цела прыйдзе да Цябе. Словы беззаконных асілілі нас, Ты ж ачысьці бясчынствы нашыя. Шчасьлівы той, каго Ты выбраў і прыняў: ён будзе жыць у харомах Тваіх. Мы напоўнімся дабротамі дому Твайго: сьвяты храм Твой, дзівосны ў справядлівасьці. Выслухай нас, Божа, Збаўца наш, надзея ўсіх канцоў зямлі і тых, што далёка на моры, — Ты, што, падпярэзаны магутнасьцю, утвараеш горы сілаю Тваёю, утаймоўваеш глыбіню мора, шум хваляў яго! Народы сумеюцца, і ад знакаў Тваіх устрывожацца тыя, што жывуць на межах. Зыходы раніцы і вечару Ты ўзьвесяліш. Ты наведаў зямлю і напаіў яе, напоўніў яе багацьцем: рака Божая напоўнілася водамі. Ты прыгатаваў ім спажыву, бо такі вось спосаб прыгатаваньня яе: напаі дажджом яе барозны, павяліч яе ўраджай — кроплям яго яна, зарунеўшы, узрадуецца; паблаславіш вянец году дабрыні Тваёй, і палі Твае напоўняцца дабром. Расьцьвіце краса пустыні, і ўзгоркі падпярэжуцца радасьцю. Бараны атараў авечых апрануцца ў воўну, а нізіны пакрыюцца збажыною. Усе будуць усклікаць і нават пяяць песьні хвалы.

Кіраўніку хору. Песьня ўстаньня. Усклікніце Госпаду, уся зямля, сьпявайце імю Яго, аддайце славу хвале Яго! Скажыце Богу: «Якія страшныя дзеяньні Твае! Дзеля велічы магутнасьці Тваёй лісьлівіць Табе будуць ворагі Твае». Уся зямля хай паклоніцца Табе і пяе Табе, хай пяе імю Твайму, Усявышні! Прыйдзіце і гляньце на ўчынкі Божыя: страшны Ён у пастановах сваіх пра сыноў людзкіх. Ён перамяняе мора ў сушу: яны пяройдуць праз раку нагамі. Там будзем радавацца ў Тым, хто ў магутнасьці сваёй пануе над векам. Вочы Яго глядзяць на народы: хай ня пышацца ў сабе тыя, што засмучаюць Яго. Блаславіце, народы, Бога нашага, і зрабіце чутным голас хвалы Таму, хто пры жыцьці душу маю трымае і не дае спатыкнуцца нагам маім. Бо Ты, Божа, выпрабаваў нас, ачысьціў нас агнём, як ачышчаюць срэбра: Ты завёў нас у пастку, усклаў няшчасьці на нашыя плечы, пасадзіў людзей на нашыя галовы. Мы прайшлі праз агонь і ваду, і Ты вывеў нас да супакою. Увайду ў дом Твой з цэлапаленьнямі і споўню перад Табою абяцаньні мае, што выказалі губы мае і прамовілі вусны мае ў горы маім. Прынясу Табе тлустыя цэлапаленьні з кадзілам і баранамі; валоў з казламі прынясу Табе. Прыйдзіце, паслухайце ўсе вы, што баіцеся Бога, і я раскажу вам, што ўчыніў Ён для душы маёй. Я клікаў Яго вуснамі маімі і ўзьвялічваў Яго языком маім. Калі б я ўбачыў у сэрцы маім няпраўду, дык хай Госпад ня выслухае мяне. Але Бог выслухаў мяне, пачуў голас малітвы маёй. Блаславёны Бог, які не адхіліў малітвы маёй і міласьці сваёй ад мяне.

На канец, між песьнямі, псалом. Песьня. Божа, будзь ласкавы для нас і блаславі нас, яві нам сьветлым твар Твой і зьмілуйся над намі, каб нам пазнаць на зямлі шлях Твой, сярод усіх народаў збаўленьне Тваё. Хай дзякуюць Табе людзі, Божа, хай дзякуюць Табе ўсе людзі! Хай узрадуюцца і ўсьцешацца народы, бо Ты судзіш людзей справядліва і кіруеш народамі на зямлі. Хай дзякуюць Табе людзі, Божа, хай дзякуюць Табе ўсе людзі! Зямля дала плён свой: хай Бог, наш Бог блаславіць нас! Хай Бог блаславіць нас, і хай баяцца Яго ўсе канцы зямлі.

На канец, псалом Давіда. Песьня. Хай устане Бог, і разьбягуцца ворагі Яго, і ўцякуць ад твару Яго ненавісьнікі Яго. Хай зьнікнуць так, як зьнікае дым; як тае воск ад агню, так хай згінуць грэшнікі ад твару Божага, а праведнікі хай узрадуюцца, хай цешацца перад Богам, хай поўняцца радасьцю. Сьпявайце Богу, сьпявайце, граючы, імю Яго, зрабіце дарогу Таму, хто ўзыходзіць на захад — Госпад імя Яго, — і радуйцеся перад Ім. Сумеюцца ўсе ад аблічча Яго, айца сіротаў і судзьдзі ўдоваў: такі вось Бог на сьвятым месцы сваім. Бог пасяляе самотных у дом, мужна выводзіць тых, што ў аковах, таксама зьнявераных, тых, што жывуць у магілах. Божа, калі Ты ішоў перад народам Тваім, калі Ты ішоў праз пустыню, зямля трымцела, нябёсы раставалі перад тварам Бога Сынайскага, перад тварам Бога Ізраіля. Шчодры дождж Ты, Божа, пашлеш набытку Твайму: ён зьнямогся, але Ты ўмацаваў яго. Жывёлы Твае жывуць у ім: у дабрыні Тваёй, Божа, Ты ўсё падрыхтаваў для ўбогага. Госпад дасьць слова тым, што дабравесьцяць з сілаю вялікаю. Кароль сілаў любага народу дзеля красы дому разьдзеліць здабычу. Калі будзеце спачываць сярод вашых удзелаў, будзеце як галубка, крылы якой пасрэбраныя і грудзі ў зьзяньні золата. Калі Нябесны разьмесьціць каралёў па гэтай зямлі, яны зьбялеюць, як сьнег на Салмоне. Гара Божая, гара ўрадлівая, гара стромкая, гара ўрадлівая! Чаму, стромкія горы, зайздросьціце гары, якую Бог упадабаў сабе на жыльлё? Бо Госпад будзе жыць там давеку. Калясьніцаў Божых дзясяткі тысяч, тысячы радасных: Госпад сярод іх на Сынаі, у сьвятыні. Ты ўзышоў на вышыню, паланіў палон, прыняў дары ў людзях, каб і сярод непакорных пасяліцца. Блаславёны Госпад Бог, блаславёны Госпад дзень у дзень: Бог збаўленьня нашага будзе нам спрыяць, Бог наш — Бог, які збаўляе; і Гасподнія, Гасподнія брамы сьмерці. Пэўна Бог скрышыць галовы ворагаў сваіх, валасатае цемя тых, што ходзяць у беззаконьнях сваіх. Госпад сказаў: «Я выведу з Васана; выведу з марской глыбіні, каб нага твая і язык сабак тваіх памачыліся ў крыві ворагаў тваіх». Бачнымі былі паходы Твае, Божа, — паходы Бога майго і Уладара, — у сьвятыні. Сьпераду ішлі князі побач са сьпевакамі, сярод дзеваў, што білі ў бубны: «На сходах блаславіце Бога, Госпада, вы, што з роду Ізраіля!» Там Бэньямін наймалодшы ў захапленьні; князі Юды, старэйшыя іх; князі Забулёнскія, князі Нэфталімскія. Загадай, Божа, сілаю Тваёю; умацуй, Божа, тое, што ўчыніў для нас. Ад храма Твайго ў Ерусаліме каралі прынясуць Табе дары. Папракні зьвяроў у трысьнягу — зборышча валоў сярод цялят народаў, — каб не затрымлівалі выпрабоўваных срэбрам. Разгані народы, што прагнуць вайны. Прыйдуць паслы з Ягіпту; Этыёпія працягне руку сваю да Бога. Сьпявайце Богу, зямныя валадарствы, слаўце ў песьнях Госпада, які крочыць на ўсход па небе нябёсаў: вось Ён загрыміць магутным голасам! Аддайце славу Богу: веліч Яго над Ізраілем, а сіла Яго на хмарах. Дзівосны Бог у сьвятыні сваёй, Бог Ізраіля: Ён дасьць сілу і моц народу свайму. Блаславёны Бог!

Кіраўніку хору. Пра тых, што маюць перамяніцца. Псалом Давіда. Ратуй мяне, Божа, бо воды дайшлі да душы маёй. Я заграз у глыбокай твані, і няма на чым стаць; увайшоў у глыбіні марскія, і бура затапіла мяне. Я зьнямогся ад крыку, горла маё ахрыпла, вочы саслаблі, выглядаючы Бога майго. Тых, што ненавідзяць мяне без прычыны, размножылася больш, як валасоў на галаве маёй. Дужымі сталі ворагі мае, што несправядліва перасьледуюць мяне: я аддаў тое, чаго ня браў. Божа, Ты пазнаў нярозум мой, і правіны мае не схаваныя ад Цябе. Хай не пасаромеюцца з-за мяне тыя, што спадзяюцца на Цябе, Госпадзе, Госпадзе сілаў; і хай не бянтэжацца з-за мяне тыя, што шукаюць Цябе, Божа Ізраіля! Бо дзеля Цябе я цярпеў зьнявагі, сорам пакрыў твар мой. Я стаў чужым для братоў маіх і чужынцам для сыноў маці маёй. Бо рупнасьць пра дом Твой зьядала мяне і зьнявагі тых, што зьневажаюць Цябе, пáлі на мяне. І ўпакорыў я постам душу маю, і гэта стала мне ў ганьбу. За вопратку я ўзяў сабе зрэб’е, і стаў я для іх пагалоскай. Супраць мяне пляткарылі тыя, што сядзяць у браме, і пра мяне пяялі песьні тыя, што п’юць віно. А я, Госпадзе, з малітваю маёй да Цябе: час спрыяльны, Божа! У велічы міласэрнасьці Тваёй выслухай мяне ў праўдзе збаўленьня Твайго. Выратуй мяне з твані, каб я не заграз: хай выбаўлюся ад тых, што ненавідзяць мяне, і ад водных глыбіняў. Хай не затопіць мяне навала вады, хай бездань не праглыне мяне; і хай калодзезь не зачыніць нада мною вуснаў сваіх. Выслухай мяне, Госпадзе, бо ласкавая міласьць Твая; у велічы міласэрнасьці Тваёй глянь на мяне. Не адвяртай твару Твайго ад слугі Твайго, бо я прыгноблены: хутка пачуй мяне. Прыслухайся да душы маёй і выратуй яе; дзеля ворагаў маіх збаў мяне. Бо Ты ведаеш ганьбу маю, мой сорам і маю няславу; перад Табою ўсе тыя, што прыгнятаюць мяне. Зьнявагі дачакалася душа мая і няшчасьця; і чакаў я, каб хто мне паспагадаў, і не было; і хто б мяне суцешыў — і не знайшоў. І далі мне есьці жоўць, а калі сьмягнуў, напаілі мяне воцатам. Хай стол іх стане пасткаю для іх, і адплатаю, і спакусаю. Хай вочы іх зацьмяцца, каб ня бачылі; і сагні назаўсёды хрыбет іх. Вылі на іх абурэньне Тваё, і лютасьць гневу Твайго хай абдыме іх. Хай дом іх стане пусты, і хай ня будзе нікога, хто жыў бы ў палатках іх, бо яны перасьледавалі таго, каго Ты паразіў, і павялічвалі боль ад ранаў маіх. Да беззаконьня іх дадай беззаконьне, і хай ня ўвойдуць яны ў праўду Тваю. Хай выкрасьляць іх з кнігі жывых і з праведнымі хай не запішуць. Я бедны і спакутаваны: збаўленьне Тваё, Божа, хай падтрымае мяне. Буду хваліць песьняю імя Бога майго, усхваленьнем узьвялічу Яго. І гэта будзе Богу больш прыемна, чым цяля маладое, у якога растуць рогі і капыты. Хай убачаць гэта ўбогія і ўзрадуюцца: шукайце Бога, і будзе жыць душа ваша. Бо Госпад выслухаў убогіх і не пагардзіў вязьнямі сваімі. Хай хваляць Яго неба і зямля, мора і ўсё, што рухаецца ў ім. Бо Госпад збавіць Сыён, і збудуюцца месты юдэйскія, і паселяцца там, і атрымаюць яго ў спадчыну; і семя слугаў Тваіх будзе мець яго; і тыя, што любяць імя Тваё, будуць у ім жыць.

Кіраўніку хору. Псалом Давіда на ўспамін аб збаўленьні. Божа, просьбу маю аб дапамозе ўваж; Госпадзе, пасьпяшы з дапамогаю мне. Хай асаромяцца і зьбянтэжацца тыя, што шукаюць душы маёй; хай павернуць назад і сумеюцца тыя, што жадаюць мне зла; хай зараз павернуць назад з сорамам тыя, што кажуць мне: «Добра, добра яму так». Хай радуюцца і цешацца ў Табе ўсе, што шукаюць Цябе, Божа; і хай тыя, што любяць збаўленьне Тваё, кажуць заўсёды: «Хай узьвялічыцца Госпад!» А я бедны і ўбогі: Божа, дапамажы мне. Ты мой памочнік і Збаўца: Госпадзе, не пазьніся!

Псалом Давіда, сыном Янадававым і першым палоненым. На Цябе, Госпадзе, я ўсклаў надзею, хай не пасаромеюся давеку. У справядлівасьці Тваёй уратуй мяне і вызвалі мяне, нахілі вуха Тваё да мяне і збаў мяне. Будзь мне Богам заступнікам і месцам умацаваным, каб збавіць мяне, бо Ты цьвярдыня мая і прытулак мой. Божа мой, выбаў мяне ад рукі грэшніка, ад рукі беззаконьніка і крыўдзіцеля, бо Ты, Госпадзе, спадзяваньне маё: Ты, Госпадзе, надзея мая з маладосьці маёй! На Цябе абапёрся я ад улоньня, ад нутра маці маёй Ты мой апякун: пра Цябе хвалебная песьня мая ўвесь час. Я стаў нейкім дзівам для многіх, але Ты крэпкі памочнік мой. Хай мае вусны напоўняцца хвалою, каб мне апяваць славу Тваю, увесь дзень — веліч Тваю. Не адкінь мяне ў час старасьці, не пакінь мяне, калі пачне зьнікаць сіла мая. Бо ворагі мае казалі мне, і тыя, што сачылі за душой маёй, раіліся між сабою, кажучы: «Бог пакінуў яго, даганяйце і хапайце яго, бо няма, хто ратаваў бы яго». Божа мой, не аддаляйся ад мяне; Божа мой, сьпяшайся мне на дапамогу! Хай сумеюцца і згінуць тыя, што ўзводзяць паклёп на душу маю; хай пакрыюцца сорамам і ганьбаю тыя, што жадаюць мне зла. А я буду заўжды спадзявацца на Цябе і памнажаць над усё хвалу Тваю. Вусны мае будуць абвяшчаць Тваю справядлівасьць, увесь дзень — збаўленьне Тваё, хоць я не спазнаў кніжнай навукі. Увайду ў сіле Гасподняй; прыгадаю, Госпадзе, праведнасьць Цябе адзінага. Ты, Божа, навучаў мяне ў маладосьці маёй, і я дагэтуль апавядаю пра цуды Твае. І да старасьці, і да веку пажылага, Божа мой, не пакідай мяне, пакуль не зраблю вядомай усяму наступнаму пакаленьню моц пляча Твайго, магутнасьць Тваю і справядлівасьць Тваю аж да найвышэйшых велічных рэчаў, якія Ты стварыў. Хто, Божа, падобны да Цябе? Якія вялікія і лютыя беды явіў Ты мне! Але, павярнуўшыся, Ты ажывіў мяне і з прадоньня зямлі зноў вывеў мяне. Ты памножыў на мне веліч Тваю, і, павярнуўшыся, суцешыў мяне, і зноў вывеў мяне з прадоньня зямлі. І таму буду дзякаваць Табе, на музычнай прыладзе буду славіць праўду Тваю, Божа; на гусьлях буду апяваць Цябе, Сьвяты Ізраіля. Вусны мае ўзрадуюцца, калі буду сьпяваць Табе, і душа мая, якую Ты вызваліў. Таксама і язык мой будзе ўвесь дзень разважаць аб Тваёй справядлівасьці, калі сумеюцца і асаромяцца тыя, што жадаюць мне зла.

Пра Саламона. Псалом Давіда. Божа, суд Твой дай каралю і справядлівасьць Тваю сыну караля, каб судзіць Твой народ справядліва і ўбогіх Тваіх разважліва. Хай горы прынясуць людзям Тваім супакой, а ўзгоркі — справядлівасьць. Ён будзе чыніць суд бедным народу, збавіць сыноў убогіх і ўпакорыць паклёпніка. І будзе прабываць разам з сонцам і раней за месяц, праз пакаленьні пакаленьняў. Сыдзе, быццам дождж на руно і як кропля, што падае на зямлю. У дні яго зазьзяе справядлівасьць і поўня супакою, аж пакуль не адымецца месяц. І панаваць будзе ад мора да мора, ад рэк да канцоў зямлі. Перад ім падуць ніцма этыёпы, і ворагі яго пыл лізаць будуць. Каралі тарсійскія і астравы прынясуць дары, каралí Арабіі і Сабы з дарамі прыйдуць. І паклоняцца яму ўсе ўладары зямлі, і ўсе народы будуць служыць яму. Бо ён ад уціску магутнага вызваліў беднага і ўбогага, у якога ня стала памочніка. Ён пашкадуе беднага і ўбогага і душы бедных выратуе; ад ліхвярства і несправядлівасьці выбавіць душы іх, і імя яго будзе пачэсным сярод іх. І будзе жыць, і дадуць яму ад золата арабскага, і будуць маліцца ўвесь час за яго, увесь дзень будуць бласлаўляць яго. Будзе ён умацаваньнем на зямлі, на вяршалінах гор; плод яго вышэй за Лібан уздымецца, і тыя, што з горада, расьцьвітуць, як трава зямная. Будзе імя яго блаславёнае давеку: імя яго трываць будзе даўжэй за сонца. Усе плямёны зямлі будуць блаславёныя ў ім, усе народы будуць называць яго шчасьлівым. Блаславёны Госпад, Бог Ізраіля, адзіны, хто творыць цуды! І блаславёнае ўсяхвальнае імя Яго давеку і на век вякоў. І напоўніцца славаю Яго ўся зямля. Хай так станецца, хай так станецца!

Псалом Асафа. Які добры Бог для Ізраіля, для праведных сэрцам! А мае ногі мала не спатыкнуліся, ледзь не пасьлізнуліся ступні мае. Бо я пазайздросьціў беззаконьнікам, гледзячы на спакой грэшнікаў: бо няма шкадаваньня ў сьмерці іх, і яны стойкія ў выпрабаваньні іх; не для іх клопаты людзкія, і яны не нясуць пакараньня, як іншыя людзі. Дзеля гэтага пыха апанавала іх, яны апрануліся ў няправеднасьць і бязбожнасьць. Як з тлушчу, выйдзе няправеднасьць іх, за нахілам сэрца пайшлі яны. Думалі і гаварылі яны благое, няправеднае гаварылі высакамерна; вусны свае ўзьнялі да неба, а язык іх хадзіў па зямлі. Дзеля гэтага народ мой павернецца туды, і дні поўныя дастатку будуць у іх. І казалі яны: «Як Бог даведаецца? І ці ёсьць розум ва Усявышняга?» Вось гэтыя людзі — грэшнікі, а жывуць у дастатку, навек захавалі багацьце сваё. І сказаў я: «Ці ж дарэмна захаваў я праведным сэрца маё і абмываў у нявіннасьці рукі мае?» І я мучыўся ўвесь дзень, і ад ранку дакараў сябе. Калі б я сказаў: «Буду разважаць так, як яны», я зламаў бы саюз з родам сыноў Тваіх. І я намагаўся спазнаць гэта: цяжкасьці чакаюць мяне, пакуль увайду ў сьвятыню Божую і зразумею канец іх. Сапраўды, за хітрасьці іх Ты прызначыў ім злое, Ты скінуў іх, калі яны ўзьняліся. Як жа яны прыйшлі ў запусьценьне! Раптам счэзьлі, згінулі за свае бясчынствы! Як сон таго, хто ўстаў, так Ты, Госпадзе, за нішто палічыш вобраз іх у месьце Тваім. Бо вось сэрца маё загарэлася, і нутро маё зьмянілася, і я, пагарджаны і неразумны, стаў як жывёла перад Табою. Але я заўсёды з Табою: Ты ўзяў мяне за правую руку, радаю Тваёю вёў мяне і са славаю прыняў мяне. Што для мяне ёсьць на небе? І, апроч Цябе, чаго на зямлі жадаць мне? Зьнемагліся сэрца маё і цела маё, Божа сэрца майго і частка мая, Божа, давеку! Бо вось згінуць тыя, што ад Цябе аддаляюцца: Ты зьнішчыў кожнага, хто праз распусту адышоў ад Цябе. А мне добра прыхінуцца да Бога, ускласьці на Госпада надзею маю, каб у брамах дачкі Сыёну рабіць вядомай усю хвалу Тваю.

Навука Асафа. Чаму Ты, Божа, зусім нас адкінуў? Загарэўся гнеў Твой на авечак паствы Тваёй. Прыгадай грамаду Тваю, якую Ты прыдбаў спачатку, выкупіў жазло набытку Твайго, тую гару Сыён, на якой Ты пасяліўся. Падымі рукі Твае на зазнайства іх да канца: колькі зла ўчыніў вораг у сьвятыні Тваёй! А тыя, што ненавідзяць Цябе, выхваляліся сярод сьвята Твайго, паставілі сьцягі свае, як знакі, — і ні на што не зважалі — пры выхадзе высока; быццам у лясным гушчары, яны вырубілі ўсе брамы яе, сякерай і молатам разьбілі яе, спалілі агнём сьвятыню Тваю да зямлі, апаганілі месца, дзе жыве імя Тваё. Сказалі разам сваякі іх у сэрцы сваім: «Хадзем, адменім усе сьвяты Гасподнія на зямлі!» Сьцягоў нашых мы ня бачылі, няма ўжо прарока, і нас Ён больш ведаць ня будзе. Дакуль, Божа, вораг будзе зьневажаць? Ці ж праціўнік да канца будзе раздражняць імя Тваё? Чаму адхіляеш руку Тваю і правіцу Тваю ад сярэдзіны лона Твайго ўвесь час? Але Бог — Уладар наш спаконвеку, Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі. Ты ўсталяваў мора сілаю сваёю, скрышыў галовы зьмеяў у вадзе. Ты раздрабіў галаву зьмяі, даў яе на спажыву людзям этыёпскім. Ты разарваў крыніцы і струмені, Ты высушыў паўнаводныя рэкі. Твой дзень і Твая ноч. Ты стварыў сонца і месяц. Ты вызначыў усе межы зямлі, лета і вясну ўстанавіў Ты. Прыгадай вось гэта: вораг зьняважыў Госпада, і бяздумны народ зьняславіў імя Тваё. Не аддай зьвярам душу, што праслаўляе Цябе, не забудзь душаў убогіх Тваіх да канца. Глянь на запавет Твой, бо змрочныя месцы зямлі сталі поўнымі дамоў беззаконьня. Хай упакораны і пасаромлены ня будуць адкінутыя; бедны і ўбогі будуць хваліць імя Тваё. Устань, Божа, судзі справу Тваю, прыгадай ганьбаваньне Цябе ад бяздумнага ўвесь дзень. Не забудзь голасу тых, што моляць Цябе: пыхлівасьць тых, што ненавідзяць Цябе, увесь час узрастае.

Кіраўніку хору. «Не загубі». Псалом. Песьні Асафа. Будзем дзякаваць Табе, Божа, будзем дзякаваць Табе і будзем клікаць імя Тваё. Раскажу пра ўсе цуды Твае. «Калі прызначу час, буду судзіць справядліва. Разьмякла зямля і ўсе, што жывуць на ёй: Я ўмацаваў стаўпы яе. Я сказаў беззаконьнікам: не чыніце беззаконьня! А грэшнікам: не ўзвышайце рога!» Не ўздымайце ўгору рога вашага і не гаварыце няпраўды на Бога! Бо ні з усходу, ні з захаду, ні з пустынных гораў прыйдзе судзьдзя. Бо Бог — судзьдзя: аднаго паніжае, другога ўзвышае. Бо ў руцэ Госпада чаша, поўная моцнага віна прыпраўленага. І Ён нахіляе яе то ў адзін бок, то ў другі; а гушча яго не выпаражняецца: будуць піць яе ўсе грэшнікі зямлі. А я буду цешыцца давеку, буду апяваць Бога Якуба. І ўсе рогі грэшнікаў скрышу, а рогі праведніка ўздымуцца ўгору.

Кіраўніку хору. Псалом Асафа. Песьня пра асырыйца. Бог вядомы ў Юдэі, у Ізраілі вялікае імя Яго. І было ў супакоі месца Яго і жыльлё Яго на Сыёне: там Ён скрышыў сілы лукаў, шчыт, і меч, і бітву. Дзівосна зьзяеш Ты з гораў вячыстых. Сумеліся ўсе неразумныя сэрцам, заснулі сном сваім, і ўсе мужы не знайшлі нічога з багацьця ў руках сваіх. Ад пагрозы Тваёй, Божа Якуба, паніклі вершнікі на конях. Страшны Ты, і хто ўстаіць супраць Цябе? Адтуль гнеў Твой. З неба Ты даў пачуць прысуд: зямля спалохалася і змоўкла, калі Бог устаў на суд, каб збавіць усіх пакорлівых на зямлі. Бо запаветная думка людзкая праславіць Цябе, і памяць пра думку будзе сьвятам у Твой гонар. Памаліцеся і аддайце належнае Госпаду Богу нашаму! Усе, што навокал Яго, хай прынясуць дары Страшнаму і таму, хто адымае дух у князёў, — Страшнаму сярод уладароў зямлі.

Кіраўніку хору Ідыфума. Псалом Асафа. Голасам маім я ўсклікнуў да Госпада, голасам маім — да Бога, і Ён пачуў мяне. Я шукаў Бога ў дзень смутку майго — рукамі маімі ўначы перад Ім — і не ашукваў сябе: адмовілася ад суцяшэньня душа мая. Прыгадваў я Бога і цешыўся; пачынаў разважаць, і маладушнічаў дух мой. Апярэджвалі начныя старожы вочы мае, я быў устрывожаны і не гаварыў. Я думаў пра даўнія дні, і ўспамінаў старыя гады, і намагаўся зразумець; разважаў уначы ў сэрцы маім, і дух мой пытаўся: «Ці ж Госпад адкіне навекі і ня будзе больш спагадаць? Ці назаўсёды спыніць міласьць сваю? Ці ўжо споўніў слова, дадзенае з пакаленьня ў пакаленьне? Ці ж Бог забудзецца пра міласэрнасьць? Або ў гневе ўстрымае міласьць сваю?» І я сказаў: «Цяпер я пачаў разумець: гэта зьмена правіцы Усявышняга». Я прыгадаў учынкі Госпада; насамрэч прыгадаю цуды Твае ад пачатку, і буду разважаць аб усіх учынках Тваіх, і апавядаць пра дзеяньні Твае. Божа, у сьвятасьці дарога Твая! Які бог роўны веліччу Богу нашаму? Ты — Бог, які чыніш цуды, сярод народаў явіў Ты сілу Тваю. Ты выбавіў плячом Тваім народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа. Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі і спалохаліся, ускалыхнуліся бездані. Вялікі шум вады, хмары далі голас свой, бо паляцелі стрэлы Твае. Голас грому Твайго навокал, маланкі Твае асьвятлілі сусьвет, захісталася і затрэслася зямля. Праз мора шляхі Твае, і сьцежкі Твае праз вялікія воды, і нязьведанымі застануцца сьляды Твае. Як авечкі, Ты вёў народ Твой рукою Майсея і Аарона.

Навука Асафа. Зважайце, людзі мае, на мой закон; прыхіліце вуха вашае да словаў вуснаў маіх. У прыповесьцях адкрыю вусны мае, аб’яўлю загадкі ад пачатку дзён, што чулі мы і што ўведалі, і што айцы нашыя расказалі нам. Не былі яны схаваныя ад дзяцей іх у другім пакаленьні ў аповедах пра хвалу Гасподнюю, і магутнасьць Яго, і пра цуды Яго, якія Ён учыніў. Бо Ён паставіў сьведчаньне ў Якубе, і ў Ізраілю ўстанавіў закон, і загадаў айцам нашым зрабіць іх вядомымі сынам сваім, каб ведала прышлае пакаленьне — сыны, што маюць нарадзіцца, — і каб усталі і расказалі гэта сынам сваім; каб ускладалі надзею сваю на Бога, і не забывалі дзеяў Божых, і шукалі Яго запаветаў; каб не былі яны, як бацькі іх: пакаленьнем непакорным, пакаленьнем, што выклікае гнеў, што не захавала праведным сэрца сваё і чый дух ня быў верны Богу. Сыны Ахрэма, што нацягвалі лукі і стралялі, павярнулі назад у дзень бітвы. Не захавалі яны запавету Божага, і ў законе Яго не захацелі хадзіць, і забыліся пра дабрадзействы Яго і пра цуды Яго, якія Ён ім явіў, — цуды, якія Ён чыніў перад бацькамі іх у зямлі Ягіпецкай, на полі Танаос. Ён разьдзяліў мора, і перавёў іх, і паставіў воды, як мех. І вёў іх удзень хмараю, а праз усю ноч — зьзяньнем агню. Расьсек скалу ў пустыні, і напаіў іх, быццам з вялікае бездані, і здабыў ваду са скалы, і вывеў воды ракою. А яны далей працягвалі грашыць супраць Яго, гнявілі Найвышэйшага ў пустыні бязводнай. І спакушалі Бога ў сваіх сэрцах, прасілі спажывы для душаў сваіх. І гаварылі супраць Бога, і казалі: «Ці ж ня можа Бог прыгатаваць стол у пустыні? Калі Ён ударыў скалу і палілася вада, пацяклі струмені, то ці ня можа Ён даць і хлеб або нарыхтаваць стол людзям сваім?» Таму Госпад пачуў гэта і абурыўся, і агонь загарэўся супраць Якуба, і гнеў зышоў на Ізраіля, бо не паверылі Богу і не спадзяваліся на Яго збаўленьне. І загадаў Ён хмарам з вышыняў, і адчыніў дзьверы неба, і паслаў ім, быццам дождж, манну на спажыву, хлеб нябесны даў ім. Чалавек еў хлеб анёльскі: удосталь ежы паслаў ім. Ён адвёў з неба вецер паўдзённы, і вецер з захаду навёў сілаю сваёю; і наслаў на іх, быццам пыл, мяса і, як пясок марскі, птушак крылатых. І пáдалі яны сярод стану іх, вакол іх палатак. І елі яны ўдосталь, і насыціліся, і Ён споўніў жаданьні іх. Яны не былі пазбаўленыя жаданьня свайго. Але яшчэ ежа была ў вуснах іх, як гнеў Божы сышоў на іх, і пазабіваў многіх сярод іх, і абраных Ізраіля зрынуў. Пры ўсім гэтым яны далей грашылі і ня верылі цудам Яго. І праміналі марна дні іх і гады іх у клопатах. Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і навярталіся, і трывалі ў малітве да Бога, і прыгадвалі, што Бог — памочнік іх, і Бог Усявышні — Збаўца іх. І палюбілі Яго вуснамі сваімі, а языком сваім хлусілі Яму. Сэрца іх не было шчырым перад Ім, і яны не захавалі вернасьці запавету Яго. Але Ён міласэрны: Ён ачысьціць грахі іх, і не загубіць іх, і часта будзе адвяртаць свой гнеў, і ня дасьць разгарэцца поўні свайго абурэньня. Ён памятаў, што яны — цела, подых ветру, што выходзіць і не вяртаецца. Колькі разоў яны засмучалі Яго ў пустыні і гнявілі Яго на бязводнай зямлі! І навярталіся, і зноў спакушалі Бога, і гнявілі Сьвятога Ізраіля. Ня памяталі яны рукі Яго ў дзень, калі Ён вызваліў іх з рукі прыгнятальніка, калі явіў знакі свае ў Ягіпце і цуды свае на полі Танаос і перамяніў у кроў рэкі іх і ручаі іх, каб не пілі; наслаў на іх аваднёў, і яны кусалі іх, і жабаў ім на загубу; ураджай іх аддаў вусеням, а плод працы іх — саранчы; вінаград іх выбіў градам, а смакоўніцы памарозіў; жывёлу іх аддаў граду, а дастаткі іх — агню; паслаў на іх лютасьць гневу свайго, абурэньне, і гнеў, і пакуты — пасланьне праз паганых вестуноў. Ён даў волю гневу свайму, не захаваў ад сьмерці душаў іх і жывёлу іх аддаў сьмерці. І забіў кожнага першароднага ў зямлі Ягіпецкай, першыя плады высілкаў іх у сялібах Хама. І ўзьняў народ свой, як авечкі і, як статак, вёў іх па пустыні. Вёў іх у надзеі, і яны не баяліся, а мора пакрыла ворагаў іх. І прывёў іх на гару сьвятасьці сваёй, на гару, якую набыла правіца Яго, і прагнаў ад твару іх народы, і жэрабем разьдзяліў іх спадчыну, а ў палатках іх пасяліў пакаленьні Ізраіля. А яны спакушалі, і гнявілі Бога Найвышэйшага, і не захоўвалі Яго запаветаў. І адвярталіся, і адракаліся, як і айцы іх, назад вярталіся, як крывы лук. І засмучалі Яго сваімі ўзгоркамі, і раздражнялі ідаламі сваімі. Бог пачуў, і глянуў з пагардай, і загарэўся гневам на Ізраіля; і адкінуў скінію Сілаамскую, шацёр, дзе жыў сярод людзей, і аддаў у няволю сілу іх, красу іх у рукі ворагаў. І аддаў пад меч народ свой, і разгневаўся на набытак свой. Юнакоў іх паглынуў агонь, а дзевам іх было не да жалобы. Сьвятары іх палі ад мяча, а ўдовы іх застануцца неаплаканымі. І Госпад устаў, быццам ад сну, як волат, разагрэты віном. І ўдарыў ззаду ворагаў сваіх, пакрыў іх вечным сорамам. І адкінуў палатку Язэпа, і калена Ахрэма ня выбраў. А выбраў калена Юды, гару Сыён, якую ўпадабаў. І збудаваў сьвятыню сваю, як жытло аднарога, заснаваў яе на зямлі давеку. І выбраў Давіда, слугу свайго, узяў яго ад статкаў авечак; ад дойных авечак узяў яго, каб пасьвіў Якуба, слугу Яго, і Ізраіля, Яго набытак. І ён пасьвіў іх у лагоднасьці сэрца свайго і вёў іх умелымі рукамі сваімі.

Псалом Асафа. Божа, чужынцы прыйшлі ў набытак Твой, апаганілі сьвяты храм Твой, складам гародніны зрабілі Ерусалім. Трупы слугаў Тваіх аддалі на спажыву птушкам нябесным, зьвярам зямным — целы сьвятых Тваіх. Пралілі кроў іх, як ваду, вакол Ерусаліму, і не было каму пахаваць іх. Мы сталі ганьбаю для нашых суседзяў, прадметам пагарды і насьмешак для тых, што вакол нас. Як доўга, Госпадзе, будзеш усё гневацца? Як доўга зайздрасьць Твая будзе палаць, як агонь? Вылі гнеў Твой на народы, якія не пазналі Цябе, на валадарствы, якія ня клікалі імя Твайго, бо яны зьелі Якуба і спустошылі месца яго. Не прыгадай даўніх беззаконьняў нашых: хай хутка апярэдзяць нас міласьці Твае, Госпадзе, бо мы вельмі зьбяднелі. Дапамажы нам, Божа, Збаўца наш, дзеля хвалы імя Твайго, збаў нас і ачысьці грахі нашыя дзеля імя Твайго, каб часам чужынцы не казалі: «Дзе Бог іх?» І хай на вачах нашых стане вядомаю сярод народаў помста за пралітую кроў слугаў Тваіх. Хай стогн вязьняў дойдзе да Цябе; сілаю пляча Твайго захавай бясьпечнымі сыноў памардаваных. Аддай у сем разоў суседзям нашым у нутро іх зьнявагу, якою яны Цябе, Госпадзе, зьняважылі. А мы, людзі Твае і авечкі паствы Тваёй, будзем славіць Цябе давеку, з роду ў род абвяшчаць будзем хвалу Тваю.

Кіраўніку хору. Пра тых, што маюць перамяніцца. Псалом Асафа. Ты, што пасеш Ізраіля, слухай; што вядзеш, быццам авечак, Язэпа, што сядзіш на хэрувімах, зьявіся перад Ахрэмам, і Бэньямінам, і Манасіем, уздымі магутнасьць Тваю і прыйдзі збавіць нас. Вярні нас, Божа, і яві нам зьзяньне твару Твайго — і збавімся. Госпадзе, Божа сілаў, як доўга будзеш гневацца на малітву слугаў Тваіх, карміць нас сьлёзным хлебам і паіць нас у меру сьлязамі? Ты паставіў нас наперакор суседзям нашым, і нашыя ворагі насьміхаліся з нас. Госпадзе, Божа сілаў, вярні нас і дай зазьзяць твару Твайму — і збавімся. З Ягіпту Ты перасадзіў вінаград, прагнаў народы, насадзіў яго. Ты падрыхтаваў дарогу перад ім і насадзіў карані яго, і ён напоўніў зямлю. Цень яго пакрыў горы, а галіны яго — кедры Божыя; распасьцёр ён галіны свае да мора і да рэк парасткі свае. Чаму Ты разбурыў яго агароджу, і ўсе, што праходзяць дарогаю, абрываюць яго? Дзік з лесу падкапаў яго, і адзінец дзікі абгрыз яго. Павярніся, Божа сілаў, і зірні з неба, і глянь, і наведай вінаграднік гэты, і захавай тое, што насадзіла правіца Твая; глянь і на сына чалавечага, якога Ты ўмацаваў для сябе. Ён спалены агнём і разрыты: згінуць яны ад пагрозы твару Твайго! Хай рука Твая будзе над мужам Тваёй правіцы і над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў для сябе. А мы не адступім ад Цябе: ажыві нас, і будзем клікаць імя Тваё. Госпадзе, Божа сілаў, вярні нас і яві нам зьзяньне твару Твайго — і збавімся.

Кіраўніку хору. На Гэфскіх прыладах. Псалом Асафа. Радуйцеся Богу, памочніку нашаму, усклікніце Богу Якуба; вазьміце псалом і дайце бубен, псалтыр мілагучны з гусьлямі; затрубіце ў трубу парою маладзіковаю, у радасны дзень вашага сьвята, бо такі наказ Ізраілю і загад Бога Якубавага. Ён устанавіў гэта як сьведчаньне Язэпу, калі той выходзіў з зямлі Ягіпецкай і пачуў мову, якое ня ведаў. Ён вызваліў плечы яго ад цяжараў: рукі яго пры кашах працавалі. «У бядзе ты паклікаў Мяне, і Я цябе выратаваў; у цемры навальніцы Я пачуў цябе, ля водаў нараканьня выпрабоўваў цябе. Слухай, народзе мой, Я буду сьведчыць табе, Ізраіль, калі ты толькі паслухаеш Мяне! Ня будзе ў цябе новага бога, і чужому богу ня будзеш пакланяцца, бо Я — Госпад, Бог твой, які вывеў цябе з Ягіпецкай зямлі: адчыні вусны твае, і Я іх напоўню». Але народ Мой не паслухаў Майго голасу і Ізраіль не зважаў на Мяне; і Я пакінуў іх ісьці за нахіламі сэрцаў іх: хай ідуць згодна са сваімі намерамі. Калі б народ Мой паслухаў Мяне, калі б Ізраіль пайшоў Маімі шляхамі, Я лёгка ўпакорыў бы ворагаў іх і паклаў руку Маю на тых, што іх прыгнятаюць. Ворагі Госпада лісьлівілі Яму, а іх час будзе трываць давеку. І Ён карміў іх адборнай пшаніцаю і насычаў мёдам са скалы.

Псалом Асафа. Бог стаў на сходзе багоў, сярод багоў будзе правіць суд. «Як доўга будзеце судзіць несправядліва і спрыяць грэшнікам? Чыніце суд сіраце і беднаму, апраўдвайце пакорнага і ўбогага; ратуйце бедака і ўбогага і вызваляйце яго з рукі грэшніка!» Ня ўведалі яны, не зразумелі, у цемры блукаюць; хістаюцца ўсе асновы зямлі. Я сказаў: «Вы — багі, і ўсе вы — сыны Найвышэйшага; але вы, як людзі, паміраеце і, як кожны з князёў, пáдаеце». Устань, Божа, судзі зямлю, бо Ты займееш спадчыну ўва ўсіх народах!

Песьня. Псалом Асафа. Божа, хто будзе падобны да Цябе? Не маўчы і не глядзі спакойна, Божа! Бо вось ворагі Твае зашумелі і тыя, што Цябе ненавідзяць, узьнялі галаву; супраць народу Твайго задумалі благое і ўчынілі нараду супраць сьвятых Тваіх. Сказалі: «Хадзіце, вынішчым іх з-паміж народаў, і хай не застанецца згадкі пра імя Ізраіля!» Бо разам аднадушна раіліся, супраць Цябе ўчынілі змову селішчы ідумэяў і ізмаэлітаў, маабіты і агараны, Гэвал, Аммон і Амалек, чужынцы з жыхарамі Тыру, і нават Асур прыйшоў з імі: яны сталі дапамогаю для сыноў Лота. Зрабі ім тое, што Мадыяму і Сісару, што Явіну ля патоку Кісон, якія былі зьнішчаныя ў Аэндоры, сталі гноем зямлі. Пакладзі князёў іх, як Арыва і Зіва, як Забэя і Салмана, усіх князёў іх, што казалі: «Возьмем у спадчыну сабе сьвятыню Божую». Божа мой, пакладзі іх як кола, як трысьціну супраць ветру: як агонь, што паліць лес, і як полымя, што паглынае горы, так Ты будзеш гнаць іх бураю Тваёю і гневам Тваім учыніш перапалох сярод іх. Пакрый твары іх ганьбаю, і яны будуць шукаць імя Твайго, Госпадзе. Хай засаромеюцца і сумеюцца на век вякоў, хай асаромяцца і згінуць. Хай пазнаюць, што імя Табе — Госпад: Ты адзіны Найвышэйшы на ўсёй зямлі.

Кіраўніку хору. На Гэфскіх прыладах (на тачылах). Псалом. Сыном Карэевым. Якія любыя сялібы Твае, Госпадзе сілаў! Душа мая зьнемагае і тужыць па дварах Гасподніх, сэрца маё і цела маё ўзрадаваліся ў Богу жывым. Бо і верабей знайшоў сабе жыльлё, і туркаўка гняздо сабе, дзе пакласьці птушанятаў сваіх, — алтары Твае, Госпадзе сілаў, Уладару мой і Божа мой. Шчасьлівыя тыя, што жывуць у доме Тваім, павек вякоў будуць яны славіць Цябе. Шчасьлівы муж, якому дапамога яго ёсьць у Цябе: у сэрцы сваім ён наважыўся на ўзыход далінаю плачу да месца, якое Бог прызначыў, бо за гэта Заканадавец дасьць блаславеньне. Пойдуць яны ад сілы да сілы, Бог багоў явіцца ў Сыёне. Госпадзе, Божа сілаў, выслухай малітву маю, пачуй, Божа Якуба! Заступнік наш, Божа, азірніся і глянь на твар памазаньніка Твайго! Сапраўды, адзін дзень у дварах Тваіх лепшы за тысячы; жадаю лепш быць нязначным у доме Бога майго, як жыць у палатках грэшнікаў. Бо Госпад любіць міласьць і праўду, Бог дае ласку і славу. Госпад не пазбавіць дабротаў тых, што ў нявіннасьці ходзяць. Госпадзе, Божа сілаў, шчасьлівы чалавек, які на Цябе спадзяецца.

Кіраўніку хору. Псалом. Сыном Карэевым. Ты, Госпадзе, явіў спагаду зямлі Тваёй, адмяніў палон Якуба. Ты адпусьціў беззаконьні людзям Тваім, пакрыў усе грахі іх. Ты спыніў увесь гнеў Твой, суняў лютасьць гневу Твайго. Вярні нас, Божа збаўленьня нашага, і адвярні абурэньне Тваё ад нас! Ці ж будзеш вечна гневацца на нас? І ці будзеш працягваць гнеў Твой з пакаленьня ў пакаленьне? Божа, Ты, павярнуўшыся, ажывіш нас, і народ Твой узрадуецца ў Табе. Яві нам, Госпадзе, міласьць Тваю і дай нам Тваё збаўленьне. Паслухаю, што скажа мне Госпад Бог, бо Ён будзе казаць пра мір людзям сваім і сьвятым сваім, і тым, што павяртаюць сэрца да Яго. Сапраўды, блізкае збаўленьне Яго для тых, што баяцца Яго, каб слава пасялілася на нашай зямлі. Міласэрнасьць і праўда сустрэліся, справядлівасьць і супакой абняліся. Праўда з зямлі прарасла, і справядлівасьць прыхілілася з неба. Бо Госпад явіць дабрыню і зямля наша дасьць плён свой. Справядлівасьць пойдзе перад Ім і паставіць на дарогу крокі Яго.

Малітва Давіда. Нахілі, Госпадзе, вуха Тваё і выслухай мяне, бо я бедны і ўбогі. Сьцеражы душу маю, бо я праведны. Збаў, Божа мой, слугу Твайго, які спадзяецца на Цябе. Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, бо Цябе клічу ўвесь дзень. Разьвесялі душу слугі Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, я ўзьняў душу маю. Бо Ты, Госпадзе, ласкавы, і лагодны, і шматміласэрны для ўсіх, што клічуць Цябе. Пачуй, Госпадзе, малітву маю і будзь уважлівы да голасу просьбы маёй. У дзень журбы маёй я клікаў Цябе, бо Ты выслухоўваў мяне. Няма між багоў падобнага да Цябе, Госпадзе, і няма паводле ўчынкаў Тваіх. Усе народы, якія Ты стварыў, прыйдуць, і паклоняцца Табе, Госпадзе, і ўславяць імя Тваё, бо Ты вялікі і творыш цуды, Ты — Бог адзіны. Вядзі мяне, Госпадзе, шляхам Тваім, і я буду хадзіць у праўдзе Тваёй: хай сэрца маё ўзрадуецца боязьзю імя Твайго. Буду дзякаваць Табе, Госпадзе, Божа мой, ад усяго сэрца майго і буду славіць імя Тваё давеку, бо міласэрнасьць Твая да мяне вялікая і Ты ўзьняў душу маю з бездані апраметнай. Божа, беззаконныя паўсталі супраць мяне, і зборышча дужых шукала душы маёй, і яны ня мелі Цябе перад сабою. А Ты, Госпадзе, Божа мой, спагадлівы і міласьцівы, доўгацярплівы, шматміласэрны і праўдзівы. Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною; дай сілу Тваю слугу Твайму і збаў сына слугі Тваёй. Учыні са мною знак на дабро: хай убачаць тыя, што ненавідзяць мяне, і засаромеюцца, бо Ты, Госпадзе, дапамог мне і суцешыў мяне.

Сыном Карэевым. Псалом. Песьня. Асновы яго на горах сьвятых: Госпад любіць брамы Сыёну больш за ўсе сялібы Якуба. Слаўнае казалі пра цябе, места Божае! Прыгадаю Рагаб і Бабілён тым, што ведаюць мяне; а вось іншапляменьнікі, і Тыр, і народ этыёпскі: яны нарадзіліся там. «Маці Сыён» — скажа чалавек, і чалавек нарадзіўся ў ім, і сам Усявышні заснаваў яго. У сьпісе народаў і князёў Госпад пакажа тых, што былі ў ім. Бо жыльлё ўсіх радасных у табе.

Песьня. Псалом. Сыном Карэевым. Кіраўніку хору. На мэлёдыю Махалет. Навука Емана ізраільцяніна. Госпадзе, Божа збаўленьня майго, я клікаў удзень і ўночы перад Табою: хай дойдзе да Цябе малітва мая, нахілі вуха Тваё да просьбы маёй. Бо душа мая напоўнілася злыбедамі, і жыцьцё маё да апраметнай наблізілася. Я быў залічаны да тых, што зыходзяць у магілу, стаў быццам чалавек бездапаможны, жывы сярод памерлых, што, як параненыя, ляжаць у магіле, пра якіх Ты ўжо ня памятаеш і якія адкінутыя ад рукі Тваёй. Паклалі мяне ў рове глыбокім, у цемры і цені сьмерці. На мне замацаваўся гнеў Твой, і Ты навёў на мяне ўсе хвалі Твае. Ты аддаліў ад мяне знаёмых маіх: яны палічылі мяне агідай для сябе; мяне выдалі, і я апынуўся бяз выйсьця. Вочы мае зьнемагліся ад гора: Цябе, Госпадзе, увесь дзень клікаў, да Цябе працягваў рукі мае. Ці ж для памерлых будзеш чыніш цуды? Або лекары ўздымуць іх, і яны аддадуць хвалу Табе? Ці раскажа хто пра міласэрнасьць Тваю ў магіле і пра праўду Тваю ў месцы гібелі? Хіба ж цуды Твае стануць вядомымі ў цемры і праведнасьць Твая — у зямлі забыцьця? А я, Госпадзе, клікаў Цябе, і зранку малітва мая апярэдзіць Цябе. Чаму, Госпадзе, адкідаеш малітву маю, адвяртаеш твар Твой ад мяне? Бедны я і ў цяжкасьцях ад маладосьці маёй; узьняўшыся, я зноў упакорыўся і зьняверыўся. Нада мною прайшоў гнеў Твой, пагрозы Твае ўстрывожылі мяне: яны атачылі мяне, як вада, увесь дзень усе разам мяне абступалі. Ты аддаліў ад мяне сябра і блізкага ды знаёмых маіх ад пакутаў маіх.

Павучальная песьня Ефаму ізраільцяніну. Вавек буду сьпяваць пра міласьці Твае, Госпадзе, вуснамі маімі буду абвяшчаць праўду Тваю з пакаленьня ў пакаленьне. Бо Ты сказаў: «Навек заснаваная будзе міласьць. У небе ўмацуецца праўда твая. Я склаў запавет з выбранымі Маімі, кляўся Я Давіду, слугу Майму: навек захаваю семя тваё, пасад твой умацую з пакаленьня ў пакаленьне». Нябёсы праславяць цуды Твае, Госпадзе, і праўду Тваю — на сходзе сьвятых. Бо хто на хмарах зраўняецца з Госпадам? І хто сярод сыноў Божых прыпадобніцца да Госпада? Бог, праслаўлены ў радзе сьвятых, вялікі і грозны для ўсіх, што вакол Яго. Госпадзе, Божа сілаў, хто падобны да Цябе? Магутны Ты, Госпадзе, і праўда Твая навокал Цябе. Ты пануеш над сілаю мора, сунімаеш бушаваньне хваляў яго. Быццам параненага, так Ты ўпакорыў пыхлівага; плячом магутнасьці Тваёй Ты разагнаў ворагаў Тваіх. Твае нябёсы і Твая зямля; Ты ўмацаваў сусьвет і ўсё, што яго напаўняе. Ты стварыў поўнач і мора; Табор і Гермон у імі Тваім узрадуюцца. Магутнае плячо Тваё: хай мацнее рука Твая і хай уздымецца правіца Твая. Справядлівасьць і суд — аснова пасаду Твайго; міласьць і праўда пойдуць перад абліччам Тваім. Шчасьлівы народ, які ўмее радасна ўсклікаць: у сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе, яны хадзіць будуць, і імем Тваім будуць цешыцца ўвесь дзень, і справядлівасьцю Тваёю ўзвысяцца. Бо Ты — пахвала сілы іх, і Тваёй добрай воляю ўздымецца рог наш. Бо дапамога — ад Госпада і ад Сьвятога Ізраіля, Уладара нашага. У свой час Ты гаварыў сынам Тваім у відзежах і сказаў: «Я аказаў дапамогу дужаму, узьняў абраньніка з народу Майго. Я знайшоў Давіда, слугу Майго, сьвятым алеем памазаў яго. І вось рука Мая дапаможа яму, і плячо Маё ўмацуе яго. Вораг ня зможа нічога супраць яго, і сын беззаконьня больш не пашкодзіць яму. І разаб’ю ворагаў яго перад абліччам яго, і змушу да ўцёкаў тых, што ненавідзяць яго. Праўда Мая і міласьць Мая з ім, і Маім імем рог яго ўзьнясецца. Я пакладу руку яго на мора і правіцу яго — на рэкі. Ён будзе клікаць Мяне: Ты Айцец мой, Бог мой і заступнік збаўленьня майго. І Я пастаўлю яго першародным, вышэйшым за ўладароў зямлі. Захаваю для яго міласьць Маю давеку і запавет Мой — верны яму. І пастаўлю на век вякоў семя яго і пасад яго — як дні неба. Калі ж сыны яго пакінуць мой закон і ня будуць хадзіць згодна з Маімі прыказаньнямі, калі апаганяць пастановы Мае і не захаваюць запаветаў Маіх, жазлом наведаю беззаконьні іх і ўдарамі — правіны іх, але міласьці Маёй не адыму ад іх, і не адракуся ад праўды Маёй, і не апаганю запавету Майго, і не забяру назад таго, што выйшла з вуснаў Маіх. Раз кляўся Я сьвятасьцю Маёю: ці ж Давіду скажу няпраўду? Семя яго павек будзе трываць, і пасад яго быццам сонца перада Мною і як месяц, што створаны навекі і сьведка на небе верны». Але вось Ты адкінуў і палічыў за нішто, скінуў памазаньніка Твайго, парушыў саюз са слугою Тваім, паваліў на зямлю сьвятыню яго. Ты зруйнаваў усе агароджы яго, страх што зрабіў з умацаваньнямі яго: рабавалі яго ўсе, што праходзілі дарогаю, ён стаў прадметам кпінаў для суседзяў сваіх. Ты ўзьняў правіцу прыгнятальнікаў яго, усьцешыў усіх ворагаў яго. Ты адхіліў дапамогу сваю ад мяча яго і не падтрымаў яго ў бітве. Ты адмовіў яму ў ачышчэньні, зрынуў пасад яго на зямлю. Ты скараціў дні панаваньня яго, пакрыў яго сорамам. Як доўга, Госпадзе, будзеш усё адвяртацца, як доўга будзе гнеў Твой гарэць, як агонь? Прыгадай, якая сутнасьць істоты маёй: ці ж дарэмна стварыў Ты ўсіх сыноў людзкіх? Хто той чалавек, што будзе жыць і ня ўбачыць сьмерці, што ўратуе душу сваю з рукі апраметнай? Дзе, Госпадзе, Твае даўнія міласьці, якімі Ты кляўся Давіду ў праўдзе Тваёй? Прыгадай, Госпадзе, зьнявагу слугаў Тваіх, якую я захаваў у нутры маім, ад многіх народаў, якою зьневажалі ворагі Твае, Госпадзе, якою зьнеслаўлялі заслугу памазаньніка Твайго. Хай будзе блаславёны Госпад давеку! Хай так станецца! Хай так станецца!

Малітва Майсея, чалавека Божага. Госпадзе, Ты стаў нам прыстанішчам з роду ў род. Перш як паўсталі горы, і былі створаныя зямля і сусьвет, і ад веку і да веку Ты ёсьць. Не аддай чалавека на паніжэньне; Ты ж сказаў: «Навярніцеся, сыны чалавечыя!» Бо тысяча гадоў у вачах Тваіх, быццам дзень учарашні, што прамінуў, і як варта начная. Марныя будуць гады іх. Раніца іх праміне, як трава: зранку закрасуе і адцьвіце, вечарам ападзе, завяне і ссохне. Бо мы змарнелі ад гневу Твайго і ад абурэньня Твайго сумеліся. Ты паклаў беззаконьні нашыя перад Табою, век наш — у сьвятле твару Твайго. Бо ўсе дні нашыя прамінулі, і ад гневу Твайго мы гінем: гады нашыя снуюцца, быццам павуціньне. Дні веку нашага — усяго семдзесят гадоў, а калі ў сілах — восемдзесят гадоў, і большасьць іх цяжкасьці і турботы: бо вось слабасьць прыйшла на нас — і гэта нам будзе навукаю. Хто ведае сілу гневу Твайго і ў страху перад Табою можа зьмераць лютасьць Тваю? Дык вось дай мне пазнаць правіцу Тваю і навучы сэрца кіравацца мудрасьці. Павярніся, Госпадзе! Як доўга яшчэ? Суцеш слугаў Тваіх! Мы напоўніліся зранку міласьцю Тваёю, і ўсьцешыліся, і ўзрадаваліся. Будзем цешыцца праз усе дні жыцьця нашага за дні, калі Ты нас упакорыў, за гады, калі мы бачылі злое! І глянь на слугаў Тваіх і на творы Твае, і будзь правадніком для сыноў іх. І хай будзе сьветласьць Госпада Бога нашага на нас; і накіруй нам на дабро працу рук нашых, накіруй на дабро працу рук нашых.

Хвалебная песьня Давіда. Той, хто жыве з дапамогай Усявышняга, пад покрывам Бога нябеснага паселіцца; скажа Госпаду: «Ты мой заступнік, прытулак мой, Бог мой, і на Яго спадзявацца буду». Бо Ён выбавіць цябе ад сецяў лаўца і ад злоснага слова. Ён пакрые цябе плячамі сваімі, і пад крыламі Яго будзеш жыць бясьпечна. Праўда Яго, як панцыр, ахіне цябе. Не збаісься жаху начнога, ні стралы, што ляціць удзень, ні страху, што ходзіць поцемкам; ні напасьці і беса паўдзённага. Тысяча падзе побач цябе і дзесяць тысяч праваруч цябе, але да цябе не наблізіцца. Ты толькі глянеш вачыма тваімі — і ўбачыш адплату грэшнікам. Бо ты сказаў: «Ты, Госпадзе — надзея мая». Усявышняга ты выбраў сабе за прытулак. Бяда не сустрэне цябе, і пошасьць не наблізіцца да жыльля твайго, бо Ён загадае анёлам сваім пра цябе сьцерагчы цябе на ўсіх шляхах тваіх. На руках панясуць цябе, каб не спатыкнуцца аб камень назе тваёй. На асьпіда і базыліска наступіш і патопчаш ільва і зьмяю. «Таму, што ён усклаў надзею на Мяне, Я выбаўлю яго і абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё. Будзе клікаць Мяне, і Я пачую яго; буду з ім у дзень суму, выбаўлю яго і ўслаўлю яго. Даўгатою дзён насычу яго і дам яму ўбачыць збаўленьне Маё».

Псалом песьні ў дзень суботні. Добра ёсьць дзякаваць Госпаду і сьпяваць хвалу імю Твайму, Усявышні, абвяшчаць раніцай міласэрнасьць Тваю і праўду Тваю ўначы на дзесяціструннай арфе, з песьняю, на гусьлях. Бо Ты, Госпадзе, узрадаваў мяне тварэньнем Тваім, і я буду цешыцца з твораў рук Тваіх. Якія велічныя творы Твае, Госпадзе! Задумы Твае вельмі глыбокія: чалавек безразважны не пазнае іх, а неразумны не зразумее. Калі грэшнікі, быццам трава, паўзыходзілі і зьявіліся ўсе, што чыняць беззаконьне, дык на тое, каб быць зьнішчанымі на век вякоў. Ты ж, Госпадзе, — найвышэйшы давеку. Бо вось ворагі Твае, Госпадзе, вось ворагі Твае згінуць, і разьбягуцца ўсе, што чыняць беззаконьне. І ўзьнясецца, як у аднарога, рог мой, і старасьць мая будзе сытая алеем. І вока маё глянула на ворагаў маіх, а пра злыдняў, што паўсталі супраць мяне, пачуе вуха маё. Праведнік, як пальма, зацьвіце, як кедр, што ў Лібане, разрасьцецца. Пасаджаныя ў доме Гасподнім, яны расьцьвітуць на дварах Бога нашага. Яны і ў глыбокай старасьці размножацца і будуць жыць у дастатку, каб сьведчыць, што Госпад Бог наш праведны і няма няправеднасьці ў Ім.

У дзень перадсуботні, калі была населеная зямля. Пахвальная песьня Давіда. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу; апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся; бо Ён умацаваў сусьвет, што не пахісьнецца. Пасад Твой гатовы здаўна: спакон веку Ты ёсьць. Узьнялі рэкі, Госпадзе, узьнялі рэкі галасы свае. Уздымуць рэкі грывы свае ад галасоў вод вялікіх. Дзівосныя высокія хвалі марскія; дзівосны Госпад на вышынях. Сьведчаньні Твае цалкам годныя веры: дому Твайму, Госпадзе, належыць сьвятасьць на доўгія дні.

Псалом Давіда ў чацьверты дзень тыдня. Бог помсты, Госпад, Бог помсты аб’явіўся. Узьніміся, Ты, што судзіш зямлю, дай пыхлівым адплату! Як доўга грэшнікі, Госпадзе, як доўга грэшнікі будуць выхваляцца, гаварыць і казаць няправеднае, як доўга будуць гаварыць усе тыя, што чыняць беззаконьне? Яны ўнізілі народ Твой, Госпадзе, і апаганілі набытак Твой, удаву і сірату ўмярцьвілі і прыхадня забілі. І казалі: «Госпад ня ўбачыць і не дазнаецца Бог Якуба». Апамятайцеся, бяздумныя сярод людзей, і вы, неразумныя, калі зразумееце? Ці ж Той, хто стварыў вуха, ня чуе? Або Той, хто вока стварыў, ня бачыць? Ці ж не папракне Той, хто настаўляе народы, хто вучыць чалавека розуму? Госпад ведае думкі людзей, што яны марныя. Шчасьлівы чалавек, якога Ты, Госпадзе, наставіш і закону Твайго навучыш яго, каб даць яму супачыць ад лютых дзён, пакуль выкапаюць грэшніку яму. Бо Госпад не адкіне народу свайго і не пакіне свайго набытку, пакуль у суд ня вернецца справядлівасьць і ўсе праведныя сэрцам, што прытрымліваюцца яе. Хто ўстане для мяне супраць злыдняў? Або хто стане са мною супраць тых, што чыняць беззаконьне? Калі б Госпад не дапамог мне, хутка душа мая была б у апраметнай. Калі я казаў: «Нага мая пахіснулася», міласьць Твая, Госпадзе, дапамагала мне. Госпадзе, пры мностве пакутаў маіх у сэрцы маім суцяшэньні Твае радавалі душу маю. Хай ня будзе побач з Табою пасаду беззаконьня, што чыніць перашкоду наказу Твайму. Яны будуць паляваць на душу праведніка і асудзяць нявінную кроў. Але Госпад стаў мне прыстанішчам і мой Бог — памочнікам надзеі маёй. І Госпад дасьць ім адплату за беззаконьне іх, за злосьць іх выгубіць іх Госпад Бог.

Хвалебная песьня Давіда. Прыйдзіце, узрадуемся Госпаду, усклікнем Богу, Збаўцу нашаму. Станем з удзячнасьцю перад абліччам Яго і ў псалмах усклікнем Яму. Бо Госпад — Бог вялікі і Уладар магутны над усёй зямлёй; бо ў руцэ Яго ўсе канцы зямлі і вышыні гор належаць Яму; бо Ягонае мора, і Ён стварыў яго, і сушы рукі Яго далі выгляд. Прыйдзіце, паклонімся, і прыпадзем да Яго, і заплачам перад Госпадам, які нас стварыў; бо Ён Бог наш, а мы людзі статку Яго, авечкі рукі Яго. «Цяпер, калі пачуеце голас Яго, не рабіце цьвёрдымі сэрцы вашыя, як было ў час гневу, у дзень спакусы ў пустыні, дзе айцы вашыя спакушалі Мяне, выпрабоўвалі Мяне і бачылі Мае дзеяньні. Сорак гадоў Я быў гнеўны на гэты род і сказаў: яны заўсёды блудзяць сэрцам, шляхоў Маіх не пазналі; дык Я пакляўся ў гневе Маім: яны ня ўвойдуць да спачынку Майго».

Хвалебная песьня Давіда, калі будаваўся дом пасьля палону. Сьпявайце Госпаду новую песьню; сьпявай Госпаду, уся зямля! Сьпявайце Госпаду, блаславіце імя Яго, абвяшчайце дзень у дзень збаўленьне Яго; расказвайце сярод народаў пра славу Яго, сярод усіх людзей — пра дзівосныя ўчынкі Яго! Бо вялікі Госпад і вельмі праслаўлены, больш страшны за ўсіх багоў; бо ўсе багі паганаў — дэманы, а Госпад нябёсы стварыў. Хвала і краса перад Ім, сьвятасьць і веліч у сьвятыні Яго. Прынясіце Госпаду, сем’і народаў, прынясіце Госпаду славу і пашану; прынясіце Госпаду хвалу імю Яго, вазьміце ахвяры і ўваходзьце ў двары Яго; пакланіцеся Госпаду ў двары сьвятым Яго: хай ускалыхнецца ад аблічча Яго ўся зямля! Скажыце між народаў: «Госпад пануе!» — бо Ён умацаваў сусьвет, што не пахісьнецца. Ён будзе судзіць народы справядліва. Хай радуюцца нябёсы, хай цешыцца зямля; хай захвалюецца мора і ўсё, што напаўняе яго. Усьцешацца палі і ўсё, што на іх; усе дрэвы дубровы тады ўзрадуюцца ад аблічча Госпада, бо вось Ён ідзе, ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет справядліва і людзей — згодна з праўдаю сваёю.

Псалом Давіда, калі парадкавалі ягоную зямлю. Госпад пануе: хай радуецца зямля, хай цешацца астравы шматлікія. Хмара і цемра вакол Яго, справядлівасьць і суд — аснова пасаду Яго. Агонь пойдзе перад Ім і спаліць навокал ворагаў Яго. Маланкі Яго асьвятлілі сусьвет, зямля ўбачыла і захісталася. Горы расталі, быццам воск, ад твару Госпада, ад твару Госпада ўсёй зямлі. Нябёсы абвясьцілі справядлівасьць Яго, і ўсе людзі ўбачылі славу Яго. Хай асаромяцца ўсе, што пакланяюцца балванам і хваляцца ідаламі сваімі. Пакланіцеся Яму, усе анёлы Яго! Сыён пачуў і ўзрадаваўся, і дочкі Юды ўсьцешыліся з судоў Тваіх, Госпадзе. Бо Ты — Госпад Усявышні над усёй зямлёю, Ты вельмі ўзвышаесься над усімі багамі. Вы, што любіце Госпада, ненавідзьце зло! Госпад ахоўвае душы праведных сваіх, з рукі грэшнікаў вызваліць іх. Сьвятло зазьзяла для праведніка і радасьць для праведных сэрцам. Радуйцеся, праведныя, у Госпадзе і праслаўляйце памяць сьвятасьці Яго!

Псалом Давіда. Сьпявайце Госпаду новую песьню, бо Госпад дзівоснае ўчыніў: правая рука Яго і сьвятое плячо Яго далі Яму перамогу. Госпад зрабіў вядомым збаўленьне сваё, перад народамі адкрыў сваю справядлівасьць. Ён прыгадаў міласьць сваю Якубу і праўду сваю дому Ізраіля. Усе канцы зямлі ўбачылі збаўленьне Бога нашага. Усклікніце Богу — уся зямля — сьпявайце, і радуйцеся, і грайце! Грайце Госпаду на гусьлях, на гусьлях пад сьпеў псалма; на трубах каваных і пад гукі трубаў з рога радасна сьвяткуйце перад Уладаром Госпадам! Хай захвалюецца мора і ўсё, што напаўняе яго, сусьвет і ўсе, што жывуць у ім. Рэкі заплёскаюць разам рукамі, узрадуюцца горы, бо Ён ідзе судзіць зямлю: Ён будзе судзіць сьвет у справядлівасьці і народы ў праведнасьці.

Псалом Давіда. Госпад пануе: хай злуюцца народы! Ён сядзіць на хэрувімах: хай ускалыхнецца зямля! Госпад на Сыёне вялікі і высокі над усімі людзьмі. Хай дзякуюць імю Твайму вялікаму, бо яно страшнае і сьвятое. А гонар уладара — любіць суд. Ты ўмацаваў праведнасьць, учыніў суд і справядлівасьць у Якубе. Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу ног Яго, бо Ён сьвяты! Майсей і Аарон сярод сьвятароў Яго, і Самуіл сярод тых, што клічуць імя Яго. Яны клікалі Госпада, і Ён выслухоўваў іх. У воблачным стаўпе Ён прамаўляў да іх, а яны захоўвалі сьведчаньні Яго і наказы Яго, якія Ён ім даў. Госпадзе, Божа наш, Ты выслухоўваў іх; Ты, Божа, быў міласьцівы для іх і аддаваў належнае за ўсе ўчынкі іх. Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся ў бок гары сьвятой Яго, бо Госпад Бог наш сьвяты!

Псалом Давіда. Усклікніце Госпаду — уся зямля! Служыце Госпаду з радасьцю, выйдзіце вясёлыя перад Ім. Ведайце, што Госпад — Ён ёсьць Бог наш: Ён стварыў нас, а ня мы; мы ж народ Яго і авечкі статку Яго. Увайдзіце ў брамы Яго з падзякаю, у двары Яго з песьнямі. Дзякуйце Яму, слаўце імя Яго! Бо Госпад добры: міласэрнасьць Яго навекі і праўда Яго з роду ў род.

Псалом Давіда. Буду пяяць Табе, Госпадзе, пра міласьць і суд. Буду граць на гусьлях і разважаць пра шлях беззаганны; калі ж прыйдзеш да мяне? Я хадзіў у нявіннасьці сэрца майго сярод дому майго; ня меў я перад маімі вачыма рэчы супрацьзаконнай; я ўзьненавідзеў тых, што парушаюць закон. Сэрца распуснае да мяне не прыстала; благога чалавека, што ўхіляўся ад мяне, я ня ведаў. Я прагнаў таго, хто патаемна ўзводзіў паклёп на бліжняга свайго; я ня еў разам з тым, у каго пыхлівае вока і ненасытнае сэрца. Вочы мае на верных зямлі, каб ім жыць са мною. Хто ішоў дарогай беззаганнай, той мне служыў. Ня жыў у доме маім ганарысты; хто гаварыў няпраўду, ня меў посьпеху ў вачах маіх. Зранку я выбіваў усіх грэшнікаў зямлі, каб вынішчыць з места Гасподняга ўсіх, што чыняць беззаконьне.

Малітва ўбогага, які ў сваёй журбе моліцца Госпаду. Госпадзе, пачуй малітву маю, і хай крык мой дойдзе да Цябе. Не адвяртай твару Твайго ад мяне ў дзень, калі буду прыгнечаны; нахілі вуха Тваё да мяне: у дзень, калі буду клікаць Цябе, выслухай мяне хутка! Бо дні мае счэзьлі, як дым, і прасохлі, як хвораст, косьці мае. Я пакрыўся ржой, як трава, і высахла сэрца маё, бо я забыў есьці хлеб мой. Ад голасу стогну майго прыліпла косьць мая да цела майго. Я стаў падобны да пэлікана ў пустыні, быў быццам сава на руінах. Я ня спаў і стаў як самотны верабей на страсе. Увесь дзень ворагі мае зьневажалі мяне і тыя, што хвалілі, кляліся мною. Бо я еў попел, як хлеб, і напой мой мяшаў са сьлязамі з прычыны гневу Твайго і абурэньня Твайго, бо Ты, узьняўшы, кінуў мяне. Дні мае, быццам цень, прамінулі, і я, як трава, высах. Ты ж, Госпадзе, прабываеш давеку, і памяць Твая з роду ў род. Устань і зьлітуйся з Сыёну, бо ўжо час зьлітавацца з яго, бо насьпела пара; бо слугі Твае ўпадабалі камяні яго і шкада ім пылу яго. І збаяцца народы імя Твайго, Госпадзе, і ўсе ўладары зямлі — хвалы Тваёй. Бо Госпад збудуе Сыён і зьявіцца ў славе сваёй. Ён глянуў прыхільна на малітву пакорных і не пагардзіў просьбаю іх. Хай гэта будзе напісана для прышлага пакаленьня, і народ, які мае паўстаць, будзе хваліць Госпада. Бо Госпад нахіліўся з вышыні сьвятога месца свайго, з неба на зямлю глянуў, каб пачуць стогн палонных, вызваліць сыноў забітых, каб яны абвясьцілі імя Госпада на Сыёне і хвалу Яго ў Ерусаліме, калі зьбяруцца разам народы і ўладары, каб служыць Госпаду. Адказаў ён Яму на шляху сілы сваёй: «Дай мне пазнаць, як мала засталося дзён маіх: у палове дзён маіх не забяры мяне. Твае гады трываюць з пакаленьня ў пакаленьне». Спачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы — твор рук Тваіх; яны прамінуць, а Ты застаесься; і ўсе яны, быццам вопратка, састарэюць, і Ты згорнеш іх, як покрыва, і яны зьменяцца, Ты ж усё той самы, і гадáм Тваім няма канца. Сыны слугаў Тваіх паселяцца, і павек умацуецца семя іх.

Псалом Давіда. Блаславі, душа мая, Госпада і ўсё нутро маё — імя сьвятое Яго. Блаславі, душа мая, Госпада і не забывай усіх дабрадзействаў Яго: Ён ачышчае ўсе беззаконьні твае і ацаляе ўсе немачы твае; Ён вызваляе ад тленнасьці жыцьцё тваё, ласкаю і міласэрнасьцю вянчае цябе; Ён напаўняе дабротамі жаданьне тваё: абновіцца, як у арла, маладосьць твая. Госпад чыніць міласьці і суд усім пакрыўджаным. Ён даў пазнаць Майсею шляхі свае, сынам Ізраіля — жаданьні свае. Шчодры і міласьцівы Госпад, доўгацярплівы і шматміласэрны. Ня будзе Ён гневацца да канца і ня будзе крыўдаваць давеку. Не паводле грахоў нашых учыніў Ён нам і не паводле правінаў нашых адплаціў Ён нам. Бо як высока неба ад зямлі, так моцна явіў Госпад міласьць сваю тым, што баяцца Яго. Як далёка ўсход ад захаду, так аддаліў Ён ад нас беззаконьні нашыя. Як бацька мілуе сыноў, так Госпад явіў міласьць сваю тым, што баяцца Яго. Ён ведае нашу прыроду, Ён памятае, што мы — пыл. Чалавек — як трава дні яго: зацьвіце ён, як кветка ў полі, але вось выйшаў дух яго, і ня стане яго, і ўжо месца свайго не пазнае. А міласьць Госпада ад веку і да веку на тых, што баяцца Яго; і справядлівасьць Яго на сынах сыноў тых, што захоўваюць саюз Яго і памятаюць Яго запаветы, каб выконваць іх. Госпад на небе ўстанавіў пасад свой, і валадарства Яго над усім пануе. Блаславіце Госпада, усе анёлы Яго, моцныя сілаю, што выконваеце загады Яго, слухаючы голасу слоў Яго. Блаславіце Госпада, усе сілы Яго, слугі Яго, што спаўняеце волю Яго. Блаславіце Госпада, усе творы Яго на кожным месцы Яго валадарства. Блаславі, душа мая, Госпада!

Псалом Давіда. Блаславі, душа мая, Госпада: Госпадзе, Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў! Ты апрануўся ў хвалу і веліч, ахутаўся сьвятлом, быццам плашчом, расьцягнуў неба, быццам шацёр, высокія харомы свае пакрываеш водамі, робіш хмары калясьніцаю сабе, ходзіш на крылах ветру. Ты робіш вятры пасланцамі сваімі і слугамі сваімі — полымя агню. Ты ўмацаваў зямлю на асновах яе: не пахісьнецца павек вякоў. Бездань, быццам вопратка, покрыва яе. Воды над гарамі стануць: ад пагрозы Тваёй яны назад пададуцца, ад грому голасу Твайго задрыжаць. Узыходзяць яны на горы і зыходзяць у даліны, у месцы, якія Ты ім назначыў; Ты ўстанавіў межы, якіх ім не перайсьці і не вярнуцца, каб пакрыць зямлю. Пасылаеш крыніцы ў яры: пацякуць воды між гораў; будуць піць з іх усе зьвяры палявыя, аслы дзікія смагу сваю гасіць будуць. Каля іх птушкі нябесныя будуць мець гнёзды свае: між скалаў будзе чутны сьпеў іх. З высокіх харомаў Тваіх навадняеш горы: зямля напоўніцца плодам твораў Тваіх. Ты вырошчваеш траву для жывёлы, зельле на пажытак чалавеку, каб вырасьціць хлеб з зямлі, і віно, што весяліць сэрца чалавека; каб твар яго зьзяў ад алею, а хлеб хай сэрца чалавека ўмацоўвае. Насыцяцца дрэвы нізінныя — кедры лібанскія, што Ты іх насадзіў. Там птушкі будуць мець гнёзды свае, бусьлінае жыльлё ўзвысіцца над імі. Горы высокія для дзікіх козаў, шчыліны скалаў — сховішча для грызуноў. Ты стварыў месяц, каб паказваў поры; сонца ведае час захаду свайго. Ты навёў цемру, і настала ноч, падчас якое выходзяць усе зьвяры лясныя. Львяняты рыкаюць, шукаючы здабычы, просячы ў Бога спажывы сабе. Узыдзе сонца, і яны зьбяруцца і лягуць у логавах сваіх. Выйдзе чалавек да справаў сваіх і да работы сваёй да вечара. Якія велічныя творы Твае, Госпадзе, Ты ўсё мудра стварыў! Зямля поўная стварэньняў Тваіх. Вось мора вялікае і прасторнае: у ім безьліч стварэньняў, зьвяроў вялікіх і малых. Караблі плаваюць там і вуж гэты, якога Ты стварыў на пацеху сабе. Усе яны чакаюць Цябе, каб Ты даў ім спажыву ў свой час. Ты ім дасі, і яны падбяруць; расчыніш руку Тваю, і ўсе напоўняцца дабром. Калі ж Ты адвернеш твар Твой ад іх, яны ўстрывожацца; адымеш дух ад іх, і яны згібеюць, і ў пыл зноў вернуцца. Пашлеш дух Твой, і яны ажывуць, і Ты абновіш твар зямлі. Няхай слава Гасподняя трывае давеку, хай Госпад цешыцца з твораў сваіх. Ён гляне на зямлю, і змушае яе трымцець, дакранецца да гораў, і яны задымяць. Праз усё жыцьцё маё буду сьпяваць Госпаду, буду пяяць Богу майму, пакуль жыву. Хай даспадобы будуць Яму разважаньні мае, а я буду радавацца ў Госпадзе. Няхай счэзнуць грэшнікі з зямлі і няхай ня будзе больш нягоднікаў. Блаславі, душа мая, Госпада!

Алілуя! Дзякуйце Госпаду і клічце імя Яго, абвяшчайце сярод народаў дзеі Яго! Сьпявайце Яму і грайце на гусьлях Яму, расказвайце пра ўсе цуды Яго! Хваліцеся сьвятым імем Яго: хай узрадуецца сэрца тых, што шукаюць Госпада! Шукайце Госпада і дужэйце, заўжды шукайце аблічча Яго! Прыгадайце дзівосныя дзеі Яго, якія Ён учыніў, цуды Яго і суды вуснаў Яго. Семя Абрагама — слугі Яго; сыны Якуба — абраньнікі Яго. Ён — Госпад Бог наш, па ўсёй зямлі суды Яго. Ён вечна памятае пра свой запавет — слова, якое даў для тысячы пакаленьняў, якое завяшчаў Абрагаму, — і пра клятву сваю Ісааку. І Ён паставіў яе, як закон для Якуба і як вечны запавет для Ізраіля, кажучы: «Дам табе зямлю Ханаанскую, удзел вашай спадчыны», калі яны былі яшчэ нешматлікімі, нязначнымі і прыхаднямі ў ёй. І пераходзілі яны ад народу да народу і ад каралеўства да іншага народу. Не дазваляў чалавеку крыўдзіць іх і караў каралёў за іх: «Не кранайце Маіх памазаньнікаў і не рабіце крыўды Маім прарокам!» І навёў на зямлю голад, зьнішчыў кожную сьцяблінку хлеба. Паслаў перад імі чалавека: прадалі ў няволю Язэпа. Закавалі ў кайданы ногі яго, у жалеза ўвайшла душа яго, пакуль не прыйшло слова Яго: слова Гасподняе распаліла яго. Кароль паслаў і вызваліў яго, князь народу — і выпусьціў яго; паставіў яго гаспадаром дому свайго, распарадчыкам над усёй маёмасьцю сваёю, каб ён настаўляў вяльможаў яго паводле волі сваёй і старэйшых яго навучаў мудрасьці. І ўвайшоў Ізраіль у Ягіпет, Якуб пасяліўся на зямлі Хама. І Ён вельмі размножыў народ свой, і зрабіў яго дужэйшым за ворагаў яго. І перамяніў сэрца іх, каб узьненавідзелі народ Яго і крывадушна паступілі са слугамі Яго. Паслаў Майсея, слугу свайго, і Аарона, якога выбраў сабе. І ўклаў у іх словы знакаў сваіх і цудаў сваіх у краіне Хама. Наслаў цемру, і стала цёмна, бо яны супрацівіліся слову Яго. Перамяніў воды іх у кроў і вымарыў рыбу іх. Зямля іх нарадзіла жабаў унутры харомаў каралёў іх. Загадаў, і зьявіліся авадні і машкара ва ўсіх межах іх. Паслаў, як дажджы, для іх град, агонь зьнішчальны на зямлю іх; і пабіў вінаград іх, смакоўніцы іх, і паламаў усякае дрэва ў межах іх. Сказаў, і наляцела саранча і вусені, якім не было ліку, і зьелі яны ўсю траву ў краіне іх, і плады зямлі іх паелі. І пабіў усё першароднае на зямлі іх, пачатак усіх высілкаў іх. І вывеў іх са срэбрам і золатам, і не было нядужага ў каленах іх. Усьцешыўся Ягіпет з іхняга выхаду, бо страх перад імі агарнуў яго. Ён распасьцёр хмару, як покрыва ім, і агонь, каб сьвяціў ім уночы. Прасілі яны, і наляцелі перапёлкі, і хлебам нябесным насыціў іх. Раскалоў скалу, і пацяклі воды, рэкі пацяклі на бязводзьдзі. Бо Ён прыгадаў сьвятое слова сваё Абрагаму, слугу свайму, і вывеў у радасьці народ свой і ў весялосьці абраньнікаў сваіх. І даў ім землі паганаў, і яны завалодалі пладамі працы іх, каб захоўваць Яго пастановы і навучацца закону Яго.

Алілуя! Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо павек міласэрнасьць Яго. Хто выкажа магутнасьць Госпада, зробіць чутнай усю хвалу Яго? Шчасьлівыя тыя, што захоўваюць суд і чыняць справядлівасьць увесь час. Успомні нас, Госпадзе, у спагадлівасьці да народу Твайго, наведай нас збаўленьнем Тваім, каб нам бачыць дабрабыт абраньнікаў Тваіх, цешыцца радасьцю народу Твайго, хваліцца разам з набыткам Тваім. Зграшылі мы і нашыя айцы, правініліся, чынілі няправеднае. Айцы нашыя ў Ягіпце не зразумелі цудаў Тваіх, ня памяталі мноства міласьцяў Тваіх і збунтаваліся, калі ўваходзілі ў Чырвонае мора. А Ён выратаваў іх дзеля імя свайго, каб зрабіць вядомай магутнасьць сваю. І папракнуў Чырвонае мора, і яно высахла, і Ён перавёў іх праз бездань, быццам праз пустыню; і выратаваў іх ад рукі ненавісьніка, і выбавіў іх ад рукі ворагаў; вада пакрыла прыгнятальнікаў іх, ніводзін з іх не застаўся. І паверылі словам Яго, і песьняй уславілі хвалу Яго. Але неўзабаве забылі дзеяньні Яго, не чакалі рады Яго. І загарэліся пажадлівасьцю ў пустыні, і спакушалі Бога на бязводзьдзі. І даў Ён ім тое, чаго прасілі, і паслаў удосталь для душы іх. І разгневалі яны Майсея ў стане і Аарона, сьвятога Гасподняга. Расступілася зямля, і праглынула Датана, і пакрыла зборышча Авірона; і загарэўся агонь на зборышчы іх, і полымя спаліла грэшнікаў. І зрабілі цяля ў Харыве, і пакланяліся ідалу; і памянялі славу сваю на падабенства цяляці, што есьць траву. І забылі Бога, які выратаваў іх, які ўчыніў вялікае ў Ягіпце, дзіву годнае на зямлі Хама і страшнае ў Чырвоным моры. І сказаў, што выгубіў бы іх, калі б Майсей, абраньнік Яго, ня стаў перад Ім у расколіне, каб адвярнуць гнеў Яго, каб Ён іх не загубіў. І за нішто мелі яны зямлю жаданую, не далі веры слову Яго. І наракалі ў сваіх палатках, ня слухалі голасу Госпада. І Ён падняў руку сваю на іх, каб паваліць іх у пустыні, кінуць род іх між паганаў і параскідаць іх па краінах. І прысталі яны да Баальпагора, і елі ад ахвяраў мёртвым. І разгневалі Яго сваімі паводзінамі, і стаў вялікі мор сярод іх. І ўстаў Фінэес, і ўміласьцівіў Яго, і пошасьць спынілася, і гэта было залічана яму за праведнасьць з роду ў род давеку. І разгневалі Яго каля водаў супярэчаньня, і праз іх дазнаў гора Майсей, бо яны раздражнілі дух яго і з вуснаў яго зьляцела неабачлівае слова. Яны ня вынішчылі народаў, пра якіх казаў ім Госпад, і зьмяшаліся з паганамі, і навучыліся звычаяў іх, і служылі балванам іх, і гэта стала пасткаю для іх. І прыносілі ў ахвяру дэманам сыноў і дачок сваіх, і пралілі нявінную кроў, кроў сыноў і дачок сваіх, якіх прыносілі ў ахвяру ідалам ханаанскім. І прасякла зямля крывёю, і апаганілася ўчынкамі іх, і яны разбэсьціліся ў паводзінах сваіх. І загарэўся Госпад гневам на свой народ, і прыкрым стаў Яму набытак Яго. І Ён аддаў іх у рукі ворагаў, і тыя, што ненавідзелі іх, запанавалі над імі. І ворагі іхнія прыгняталі іх, і пад рукамі іх яны ўпакорыліся. Шмат разоў Ён вызваляў іх, але яны гнявілі Яго сваёй упартасьцю і цярпелі прыніжэньне з-за беззаконьняў сваіх. І ўбачыў Госпад, як яны мучыліся, калі пачуў мальбу іх. І прыгадаў запавет свой, і пашкадаваў іх у вялікай сваёй міласэрнасьці, і выклікаў спагаду да іх ва ўсіх тых, што іх паланілі. Ратуй нас, Госпадзе, Божа наш, зьбяры нас з-паміж народаў, каб нам праслаўляць сьвятое імя Тваё і хваліцца славаю Тваёю! Блаславёны Госпад, Бог Ізраіля, ад веку і да веку! І ўвесь народ скажа: «Хай так станецца, хай так станецца!»

Алілуя! Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо павек міласэрнасьць Яго! — хай скажуць вызваленыя Госпадам, каго Ён вызваліў з рукі ворага і сабраў з усіх краінаў: з усходу і захаду, з поўначы і ад мора. Яны блукалі па пустыні, па бязводзьдзі, не знаходзілі дарогі да населенага места. Цярпелі яны голад і смагу, душа іх млела ў іх. І ў горы сваім яны ўсклікнулі да Бога, і Ён выбавіў іх ад бедаў іх і вывёў іх на просты шлях, каб ім ісьці да населенага места. Хай дзякуюць Госпаду за міласэрнасьць Яго і за цуды Яго для сыноў людзкіх, бо Ён задаволіў спрагнёную — і напоўніў дабротамі згаладалую — душу тых, што сядзелі ў цемры і цені сьмерці, скаваныя горам і жалезам, бо яны супрацівіліся словам Божым і радаю Найвышэйшага пагардзілі. І скарылася ў бядзе сэрца іх: яны зьнемагліся, і не было нікога, хто дапамог бы ім. І ў горы сваім яны ўсклікнулі да Бога, і Ён выбавіў іх ад бедаў іх, і вывеў іх з цемры і ценю сьмерці, і разьбіў кайданы іх. Хай дзякуюць Госпаду за міласэрнасьць Яго і за цуды Яго для сыноў людзкіх, бо Ён разьбіў медныя брамы і скрышыў жалезныя замкі, забраў іх са шляху беззаконьня, бо з-за беззаконьняў сваіх яны прыйшлі ў заняпад. Усякай страваю брыдзілася душа іх, і яны наблізіліся да брамы сьмерці. І ў горы сваім яны ўсклікнулі да Бога, і Ён выбавіў іх ад бедаў іх, паслаў слова сваё, і ацаліў іх, і ўратаваў іх ад загубы. Хай дзякуюць Госпаду за міласэрнасьць Яго і за цуды Яго для сыноў людзкіх, і хай прынясуць Яму ахвяру хвалы, і абвесьцяць з радасьцю ўчынкі Яго. Тыя, што на караблях плаваюць па моры, занятыя працаю на вялікіх водах, бачылі ўчынкі Госпада і цуды Яго ў глыбіні. Ён сказаў, і ўзьняўся буйны вецер, і падняліся хвалі яго. Узьнімаюцца яны да небёсаў, спускаюцца ў бездані. Душа іх млела ў злой прыгодзе. Устрывожыліся яны, захісталіся, быццам п’яныя, і счэзла ўся мудрасьць іх. І ў горы сваім яны ўсклікнулі да Бога, і Ён выбавіў іх ад бедаў іх. І загадаў буры, і настаў лёгкі ветрык, і змоўклі хвалі яе. І ўсьцешыліся, што суцішыліся хвалі, і Ён прывёў іх да жаданай ім прыстані. Хай дзякуюць Госпаду за міласэрнасьць Яго і за цуды Яго для сыноў людзкіх; хай узьвялічваюць Яго на народным сходзе і на пасяджэньні старэйшых хай праслаўляюць Яго. Ён перамяніў рэкі ў пустыню і струмені водныя ў сушу, зямлю ўраджайную ў салоную з-за злосьці тых, што жывуць у ёй. Пустыню перамяніў Ён у водныя азярыны, а бязводную зямлю ў водныя вытокі. І пасяліў там згаладалых, і заснавалі яны месты, каб жыць у іх. І засеялі нівы, і насадзілі вінаграднікі, і зьбіралі багаты ўраджай. І блаславіў іх, і яны вельмі размножыліся; і жывёлаў іх Ён ня зьменшыў. І зноў стала іх мала, і яны заняпалі ад націску злыбедаў і цярпеньняў. Паніжэньне вылілася на князёў іх, і Ён пакінуў іх блукаць па месцы непраходным і па бездарожжы. І дапамог гаротнаму ў бядзе, і размножыў род яго, як авечак. Убачаць гэта праведныя і ўзрадуюцца, і ўсякае беззаконьне затуліць вусны свае. Хто той мудры, які захавае гэта і зразумее міласьці Гасподнія?

Песьня. Псалом Давіда. Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё: буду апяваць і ўсхваляць у славе маёй. Устаньце, ліра і гусьлі! Я ўстану рана! Буду дзякаваць Табе, Госпадзе, сярод людзей, буду пяяць Табе сярод народаў. Бо вялікая, вышэй за нябёсы, міласьць Твая і праўда Твая — да хмараў. Узьнясіся над нябёсамі, Божа, і над усёй зямлёй — хвала Твая! Каб любыя Твае маглі знайсьці ратунак, збаў іх праваю рукою Тваёю і выслухай мяне. Бог прамовіў у сьвятыні сваёй: «Узьнясуся, і разьдзялю Сіхэм, і даліну палатак разьмеру. Мой Галаад, Мой Манасія, а Ахрэм — падпора галавы Маёй, Юда — кароль Мой, Мааб — посуд надзеі Маёй, на Ідумэю працягну абутак Мой, іншапляменьнікі скарыліся Мне». Хто ўвядзе мяне ва ўмацаваны горад? Або хто давядзе мяне да Ідумэі? Ці ня Ты, Божа, які адкінуў нас? І ці ня выйдзеш, Божа, з нашымі сіламі? Дай нам дапамогу ў бядзе, бо марны ратунак людзкі. У Богу явім сілу, і Ён зьвядзе ў нішто ворагаў нашых.

Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Божа, не замоўчвай усхваленьня майго! Бо вось вусны грэшніка і вусны хітрага раскрыліся супраць мяне, гаварылі на мяне языком хлусьлівым, і атачылі мяне словамі нянавісьці, і напалі на мяне без прычыны. Замест таго каб любіць мяне, яны ўзьвялі паклёп на мяне — а я маліўся. І плацілі мне злом за дабро і нянавісьцю за любоў маю. Пастаў над ім грэшніка, і хай д’ябал стане праваруч яго. Калі стане судзіцца, хай будзе асуджаны і грэхам хай будзе малітва яго. Хай дні яго будуць кароткія, а годнасьць яго хай зойме іншы. Хай сыны яго стануць сіротамі, а жонка яго ўдавою. Хай дзеці яго туляюцца бяздомныя і жабруюць, хай выганяць іх з дамоў іх. Хай ліхвяр спагоніць з яго ўсё, што ён мае, і хай чужыя абрабуюць дабытак яго. Хай ня мае ён заступніка, хай ня будзе міласэрнага для сіротаў яго. Хай будуць выгубленыя дзеці яго, хай згіне імя яго ў адным пакаленьні. Хай прыгадаецца перад Госпадам беззаконьне бацькоў яго, і грэх маці яго хай ня будзе загладжаны: хай будуць яны заўсёды перад Госпадам; і хай згіне з зямлі памяць пра іх за тое, што ён забываўся чыніць міласьць і перасьледаваў чалавека беднага, і ўбогага, і чалавека з параненым сэрцам, каб умярцьвіць яго. І палюбіў ён праклён, дык ён спадзе на яго; і не захацеў блаславеньня, дык яно адымецца ад яго. І апрануўся ён у праклён, як у вопратку, і праклён увайшоў у нутро яго, быццам вада і як алей у косьці яго. Хай будзе ён яму вопраткай, у якую адзяецца, і поясам, якім заўсёды падпярэзваецца. Такая доля чакае тых, што ўзводзяць паклёп на мяне перад Госпадам і гавораць дрэннае супраць душы маёй. А Ты, Госпадзе, Госпадзе, паступі са мною міласьціва дзеля імя Твайго, бо добрая міласьць Твая. Ратуй мяне, бо я бедны і ўбогі і сэрца маё ўстрывожылася ўва мне. Я гіну, як цень на схіле дня; страсаюць мяне, быццам саранчу. Калені мае саслаблі ад посту, і без алею цела маё зьмянілася. І стаў я для іх сьмяхоцьцем: бачылі яны мяне, ківалі галовамі. Дапамажы мне, Госпадзе, Божа мой, і збаў мяне ў міласэрнасьці Тваёй: хай ведаюць, што гэта Твая рука і што Ты, Госпадзе, учыніў гэта. Будуць яны праклінаць, а Ты блаславі: хай засаромеюцца тыя, што паўстаюць на мяне, а слуга Твой хай узрадуецца. Хай тыя, што ўзводзяць паклёп на мяне, апрануцца ў ганьбу, хай пакрыюцца сорамам сваім, быццам накідкай. Я буду на ўвесь голас дзякаваць Госпаду вуснамі маімі і сярод мноства людзей буду ўсхваляць Яго, бо Ён стаў праваруч убогага, каб ратаваць ад напасьнікаў душу маю.

Псалом Давіда. Сказаў Госпад Госпаду майму: «Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх». Госпад пашле табе жазло сілы з Сыёну, і будзеш панаваць сярод ворагаў тваіх. З табою ўлада ў дзень сілы тваёй у зьзяньні сьвятых тваіх; з улоньня перад заранкай Я нарадзіў цябе. Кляўся Госпад і не адрачэцца: «Ты — сьвятар давеку паводле ўставу Малхісадэка». Госпад па правай руцэ тваёй скрышыў уладароў у дзень гневу свайго. Ён будзе судзіць народы, згрувасьціць трупы, скрышыць галовы многіх на зямлі. З ручая будзе піць дарогаю, таму падыме галаву.

Алілуя! Буду дзякаваць Табе, Госпадзе, ад усяго сэрца майго ў радзе праведных і на сходзе. Вялікія справы Гасподнія, завершаныя згодна з усімі пажаданьнямі Яго. Хвала і велічнасьць — справа Яго, і справядлівасьць Яго трывае на век вякоў. Памятнымі ўчыніў Ён цуды свае; Госпад міласэрны і ласкавы: Ён даў спажыву тым, што баяцца Яго, будзе павек памятаць пра свой запавет. Ён явіў сілу ўчынкаў сваіх народу свайму, каб даць яму спадчыну паганаў. Справа рук Яго — праўда і суд; верныя ўсе Яго прыказаньні, устаноўленыя на вякі вякоў, заснаваныя на праўдзе і справядлівасьці. Ён паслаў вызваленьне народу свайму, навек запавет свой устанавіў; сьвятое і страшнае імя Яго. Пачатак мудрасьці — страх Гасподні: добра разумеюць гэта ўсе, што так робяць. Хвала Яго трывае на век вякоў.

Алілуя! Шчасьлівы муж, які баіцца Госпада, ён знойдзе вялікую асалоду ў запаветах Яго: семя яго будзе моцным на зямлі, род праведных будзе блаславёны. Слава і багацьце ў доме яго, і справядлівасьць яго трываць будзе на век вякоў. Быццам сьвятло ў цемры, ён зазьзяў для праведных, — міласэрны, шчодры і справядлівы. Добры той чалавек, які шкадуе і пазычае: ён разважліва ўладкоўвае справы свае, так што не пахісьнецца павек. У вечнай памяці будзе праведнік, благое весткі ён не збаіцца, сэрца яго гатовае даверыцца Богу. Сэрца яго стойкае: не збаіцца, аж пакуль ня гляне з пагардай на ворагаў сваіх. Ён раздаў, даў убогім: праведнасьць яго будзе трываць давеку; рог яго ўздымецца ў славе. Грэшнік убачыць і напоўніцца злосьцю, заскрыгоча зубамі сваімі і змарнее; жаданьне грэшніка згіне.

Алілуя! Хваліце, слугі, Госпада, хваліце імя Гасподняе. Хай будзе імя Гасподняе блаславёнае цяпер і давеку. Ад усходу сонца да захаду хай гучыць хвала імю Гасподняму. Высокі над усімі народамі Госпад, вышэй за нябёсы слава Яго. Хто як Госпад Бог наш? Ён той, хто жыве на вышынях і бачыць малое ў небе і на зямлі, падымае з зямлі беднага і з гною ўзносіць убогага, каб пасадзіць яго з князямі, князямі народу свайго; Ён той, хто пасяляе ў дом няплодную, як маці, што любуецца дзеткамі сваімі.

Алілуя! Калі Ізраіль выйшаў з Ягіпту, дом Якуба з-паміж народу чужога, Юдэя стала сьвятыняй яго, Ізраіль — яго ўдзелам. Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад; горы заскакалі, як бараны, а ўзгоркі — быццам ягняты. Што з табой, мора, што ты ўцякло, і з табой, Ярдан, што пацёк назад? Што з вамі, горы, што заскакалі як бараны, а ўзгоркі — быццам ягняты? Ад твару Госпада ўскалыхнулася зямля, ад твару Бога Якубавага, які перамяняе скалу ў азёры, поўныя вады, а крэмень — у водныя крыніцы. Ня нам, Госпадзе, ня нам, але імю Твайму дай славу ў міласэрнасьці Тваёй і праўдзе Тваёй, хай ніколі ня скажуць пагане: «Дзе Бог іх?» А Бог наш на небе і на зямлі: усё, што захацеў, стварыў Ён. Ідалы паганаў — срэбра і золата, творы рук людзкіх: вусны маюць і не загавораць; вочы маюць і ня ўбачаць; вушы маюць і не пачуюць; нос маюць і не адчуюць паху; рукі маюць і не дакрануцца; ногі маюць і ня пройдуцца; не займеюць голасу ў горле сваім. Хай стануць падобнымі да іх тыя, што іх робяць, і ўсе, што спадзяюцца на іх. Дом Ізраіля спадзяваўся на Госпада: Ён іх памочнік і абаронца. Дом Аарона спадзяваўся на Госпада: Ён іх памочнік і абаронца. Усе, што баяцца Госпада, спадзяваліся на Госпада: Ён іх памочнік і абаронца. Госпад, згадаўшы пра нас, блаславіў нас: Ён блаславіў дом Ізраіля, блаславіў дом Аарона, блаславіў тых, што баяцца Госпада, — малых разам з вялікімі. Хай Госпад памножыць блаславеньне на вас, на вас і на сынах вашых. Блаславёныя вы ў Госпадзе, які стварыў неба і зямлю. Неба нябёсаў — Госпаду, а зямлю даў Ён сынам людзкім. Ня мёртвыя будуць хваліць Цябе, Госпадзе, і ня тыя ўсе, што зыходзяць у апраметную, але мы, жывыя, будзем бласлаўляць Госпада цяпер і давеку.

Алілуя! Расчуліўся я, бо Госпад пачуе голас малітвы маёй, бо Ён нахіліў вуха сваё да мяне, і я буду клікаць Яго ў мае дні (жыцьця). Болі сьмерці пранялі мяне, пагрозы пекла знайшлі мяне, гора і боль знайшоў я, і я паклікаў імя Гасподняе: «О Госпадзе, вызвалі душу маю!» Госпад літасьцівы і праведны, Бог наш міласэрны. Госпад ахоўвае маленькіх; я быў прыгнечаны, і Ён падтрымаў мяне. Вярніся, душа мая, да твайго супакою, бо Госпад добрае табе ўчыніў, бо Ён выбавіў душу маю ад сьмерці, вочы мае ад сьлёзаў і ногі мае ад спатыкненьня. Буду даспадобы Госпаду ў краіне жывых.

Алілуя! Я паверыў, таму загаварыў: я ж быў вельмі прыніжаны. І сказаў я ў няўцямнасьці маёй: «Кожны чалавек хлус». Што дам Госпаду ўзамен за ўсё, што Ён даў мне? Чашу збаўленьня прыму і буду клікаць імя Гасподняе. Выканаю мае абяцаньні Госпаду перад усім народам Яго. Пачэсная перад Госпадам сьмерць сьвятых Яго. О Госпадзе, я слуга Твой, я слуга Твой і сын служкі Тваёй: Ты разарваў мае путы. Прынясу Табе ахвяру хвалы і буду клікаць у імя Гасподняе. Выканаю мае абяцаньні Госпаду перад усім народам Яго, у дварах дому Гасподняга, пасярод цябе, Ерусаліме.

Алілуя! валіце Госпада, усе народы, слаўце Яго, усе людзі, бо міласэрнасьць Яго ўмацавалася над намі і праўда Гасподняя трывае давеку.

Алілуя! Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Яго давеку. Хай скажа дом Ізраіля, што Ён добры, што міласэрнасьць Яго давеку. Хай скажа дом Аарона, што Ён добры, што міласэрнасьць Яго давеку. Хай скажуць усе, што баяцца Госпада, што Ён добры, што міласэрнасьць Яго давеку. З гора паклікаў я Госпада, і Ён пачуў мяне, і вывеў мяне на прасьцяг. Госпад мне памочнік, і не збаюся, што зробіць мне чалавек. Госпад мне памочнік, і я гляну з пагардай на ворагаў маіх. Лепш верыць Госпаду, як давяраць чалавеку. Лепш спадзявацца на Госпада, як спадзявацца на князёў. Абступілі мяне ўсе народы, але імем Гасподнім я адагнаў іх. Абступілі мяне навокал, але імем Гасподнім я адагнаў іх. Абступілі мяне, быццам пчолы соты, і загарэліся, як агонь у церні, але імем Гасподнім я адагнаў іх. Мяне штурханулі, я ледзь ня ўпаў, але Госпад падтрымаў мяне. Госпад — мая сіла і песьня, Ён стаў мне збаўленьнем. Голас радасьці і збаўленьня ў сялібах праведных: правая рука Госпада явіла сілу. Правая рука Госпада ўзьняла мяне, правая рука Госпада явіла сілу. Не памру, але буду жыць і абвяшчаць учынкі Госпада. Строга пакараў мяне Госпад, але на сьмерць не аддаў. Адчыніце мне браму праведнасьці: увайшоўшы праз яе, буду славіць Госпада. Вось брама Гасподняя: праведнікі ўвойдуць праз яе. Буду дзякаваць Табе, бо Ты пачуў мяне і стаў маім збаўленьнем. Камень, які адкінулі будаўнікі, стаў вуглавым каменем: ад Госпада гэта і дзіўнае ў нашых вачах. Вось дзень, што Госпад стварыў: усцешымся і ўзрадуемся ў ім. О Госпадзе, ратуй; О Госпадзе, паспрыяй! Блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе! Мы блаславілі вас з дому Гасподняга. Бог — Госпад, і Ён явіўся нам: спраўляйце сьвята з вянкамі аж да рагоў ахвярніка! Ты Бог мой, і я буду дзякаваць Табе; Ты Бог мой, і я буду ўзьвялічваць Цябе; буду дзякаваць Табе, бо Ты пачуў мяне і стаў мне збаўленьнем. Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Яго давеку.

Алілуя! Шчасьлівыя беззаганныя ў дарозе, што ходзяць у законе Гасподнім. Шчасьлівыя тыя, што дасьледуюць сьведчаньні Яго, усім сэрцам яны будуць шукаць Яго. Бо тыя, што ня чыняць беззаконьня, хадзілі шляхамі Яго. Ты загадаў пільна захоўваць прыказаньні Твае. О, каб шляхі мае былі скіраваныя на захаваньне пастановаў Тваіх! Тады не зазнаю сораму, калі буду зважаць на ўсе прыказаньні Твае. Буду дзякаваць Табе ў правасьці сэрца майго, калі пазнаю суды Тваёй праведнасьці. Буду захоўваць пастановы Твае: не пакідай мяне ніколі. Як юнаку трымаць правым шлях свой? Захоўваючы слова Тваё. Усім сэрцам маім я шукаў Цябе: не адкінь мяне ад Тваіх прыказаньняў. У сэрцы маім я захаваў Твае павучаньні, каб не зграшыць перад Табою. Блаславёны Ты, Госпадзе: навучы мяне Тваіх пастановаў. Вуснамі маімі я абвясьціў усе суды вуснаў Тваіх. Я насалоджваўся на шляху сьведчаньняў Тваіх, быццам усімі багацьцямі. Буду разважаць над прыказаньнямі Тваімі і спазнаваць шляхі Твае. Буду навучацца пастановаў Тваіх, словаў Тваіх не забуду. Дай належнае слугу Твайму: ажыві мяне, і буду захоўваць словы Твае. Адкрый вочы мае, і я спасьцігну цудоўныя рэчы з закону Твайго. Я прыхадзень на зямлі, не хавай ад мяне прыказаньняў Тваіх. Душа мая зьнемагала, жадаючы ўвесь час судоў Тваіх. Ты папракнуў пыхлівых: праклятыя тыя, што ўхіляюцца ад прыказаньняў Тваіх. Адымі ад мяне ганьбу і пагарду, бо я шукаў сьведчаньняў Тваіх. Бо вось князі сядзелі і гаварылі супраць мяне, а слуга Твой разважаў аб пастановах Тваіх. Бо вось сьведчаньні Твае — для мяне навука; і дарадчыкі мае — пастановы Твае. Душа мая прыліпла да зямлі: ажыві мяне згодна са словам Тваім. Я абвясьціў шляхі мае, і Ты выслухаў мяне: навучы мяне пастановаў Тваіх. Дай мне зразумець шлях пастановаў Тваіх, і буду разважаць аб цудах Тваіх. Душа мая задрамала ад нуды: умацуй мяне ў словах Тваіх. Адхілі ад мяне шлях няправедны і законам Тваім памілуй мяне. Я ўпадабаў шлях праўды і не забыў судоў Тваіх. Я прыліп да сьведчаньняў Тваіх, Госпадзе: не пасаром мяне. Я пабег шляхам прыказаньняў Тваіх, калі Ты пашырыў сэрца маё. Пастаў мне законам шлях пастановаў Тваіх, Госпадзе, і я буду шукаць яго заўсёды. Настаў мяне на розум, і я буду вывучаць закон Твой і ўсім сэрцам захоўваць яго. Вядзі мяне сьцежкаю прыказаньняў Тваіх, бо я пажадаў яе. Схілі сэрца маё да сьведчаньняў Тваіх, а не да карысьлівасьці. Адвярні вочы мае, каб ня бачылі марнасьці: ажыві мяне на шляху Тваім. Пастаў слова Тваё слугу Твайму на страх перад Табою. Адымі маю ганьбу, якой баюся, бо суды Твае добрыя. Вось я зажадаў прыказаньняў Тваіх: у праведнасьці Тваёй ажыві мяне. І хай прыйдзе да мяне, Госпадзе, міласьць Твая, збаўленьне Тваё паводле слова Твайго. І дам адказ тым, што ганьбяць мяне, бо я спадзяваўся на словы Твае. І не адымі зусім ад вуснаў маіх слова праўды, бо я ўсклаў надзею на суды Твае. І буду захоўваць закон Твой заўсёды і на вякі вечныя. І хадзіў я свабодна, бо шукаў прыказаньняў Тваіх. І гаварыў я пра Твае сьведчаньні перад уладарамі, і не саромеўся. І разважаў я над прыказаньнямі Тваімі, якія вельмі палюбіў. І ўзьняў я рукі мае да прыказаньняў Тваіх, якія палюбіў, і разважаў аб пастановах Тваіх. Прыгадай словы Твае да слугі Твайго, якімі Ты абнадзеіў мяне. Гэта суцешыла мяне ў паніжэньні маім, бо слова Тваё ажывіла мяне. Пыхлівыя чынілі беззаконьне бясконца, але я ад закону Твайго не ўхіліўся. Я прыгадаў, Госпадзе, Твае адвечныя суды і суцешыўся. Роспач агарнула мяне за грэшнікаў, што пакінулі закон Твой. Твае ўставы сталі мне песьняю на месцы майго блуканьня. Я прыгадаў уночы імя Тваё, Госпадзе, і захаваў закон Твой. Гэта сталася мне, бо я пільна шукаў Тваіх пастановаў. «Частка мая Ты, Госпадзе», — сказаў я, каб захаваць Твой закон. Ад усяго сэрца памаліўся я перад абліччам Тваім: зьмілуйся нада мною згодна са словам Тваім. Я абдумаў шляхі Твае і скіраваў мае крокі да сьведчаньняў Тваіх. Я быў гатовы і не баяўся захоўваць Твае пастановы. Сеці грэшных аблуталі мяне, але я закону Твайго не забыў. Уставáў я апоўначы, каб дзякаваць Табе за суды справядлівасьці Тваёй. Я саўдзельнік усіх, што баяцца Цябе і захоўваюць прыказаньні Твае. Зямля поўная міласьці Тваёй, Госпадзе: навучы мяне пастановаў Тваіх. Добрае ўчыніў Ты са слугою Тваім, Госпадзе, паводле слова Твайго. Навучы мяне дабрыні, і ведам, і розуму, бо я паверыў Тваім прыказаньням. Перш як быць упакораным, я грашыў, таму цяпер захоўваю слова Тваё. Добры Ты, Госпадзе: у дабрыні Тваёй навучы мяне пастановаў Тваіх. Павялічылася няправеднасьць пыхлівых супраць мяне: а я ад усяго сэрца майго буду дасьледаваць прыказаньні Твае. Сэрца іх, як малако, асырэла, а я разважаў аб законе Тваім. Добра мне, што Ты скарыў мяне, каб я мог спазнаць пастановы Твае. Закон вуснаў Тваіх для мяне лепшы за тысячы золата і срэбра. Рукі Твае стварылі мяне і далі мне выгляд: дай мне разуменьне, і я буду навучацца прыказаньняў Тваіх. Тыя, што баяцца Цябе, убачаць мяне і ўсьцешацца, бо я ўсклаў надзею на словы Твае. Я зразумеў, Госпадзе, што суды Твае справядлівыя і што Ты слушна ўпакорыў мяне. Хай міласьць Твая стане суцяшэньнем для мяне, згодна са словам Тваім слугу Твайму. Хай спагада Твая прыйдзе на мяне, і буду жыць, бо закон Твой — навука для мяне. Хай асаромяцца пыхлівыя, бо яны няслушна чынілі беззаконьне супраць мяне, а я буду разважаць над прыказаньнямі Тваімі. Хай навернуць мяне тыя, што баяцца Цябе і ведаюць сьведчаньні Твае. Хай сэрца маё будзе беззаганным у законах Тваіх, каб мне не асароміцца. Душа мая млее па збаўленьні Тваім: я ўсклаў надзею на словы Твае. Вочы мае млелі за словам Тваім, кажучы: «Калі ж суцешыш мяне?» Бо вось я стаў, як мех [зморшчаны] на марозе, але пастановаў Тваіх не забыў. Колькі дзён у слугі Твайго? Калі ж учыніш мне суд над тымі, што перасьледуюць мяне? Беззаконныя расказвалі мне пра задумы свае, але не як у законе Тваім, Госпадзе. Усе прыказаньні Твае — праўда. Перасьледавалі мяне несправядліва: дапамажы мне. Мала не загубілі мяне на зямлі, але я не пакінуў прыказаньняў Тваіх. У міласэрнасьці Тваёй ажыві мяне, і я буду захоўваць сьведчаньні вуснаў Тваіх. Слова Тваё, Госпадзе, павек прабывае ў небе. Праўда Твая трывае з пакаленьня ў пакаленьне: Ты заснаваў зямлю, і яна стаіць. Тваім загадам трывае дзень, бо ўсё служыць Табе. Калі б закон Твой ня быў для мяне навукаю, я згінуў бы ў паніжэньні маім. Давеку не забуду пастановаў Тваіх, бо імі Ты мяне ажывіў. Я — Твой: збаў мяне, бо я шукаў пастановаў Тваіх. Грэшнікі чакалі мяне, каб мяне загубіць: я зразумеў сьведчаньні Твае. Я бачыў мяжу кожнай дасканаласьці: Тваё ж прыказаньне вельмі шырокае. Як палюбіў я закон Твой, Госпадзе! Увесь дзень ён — навука для мяне. Тваім прыказаньнем Ты зрабіў мяне мудрэйшым за ворагаў маіх, і яно стала маім давеку. Я разумеў больш за ўсіх настаўнікаў маіх, бо разважаў над Тваімі сьведчаньнямі. Я разумеў больш за старых, бо шукаў Тваіх прыказаньняў. Я ўстрымаў ногі мае ад кожнага благога шляху, каб захаваць словы Твае. Не ўхіліўся я ад судоў Тваіх, бо Ты даў мне закон. Якія салодкія для паднябеньня майго словы Твае: лепшыя яны за мёд для вуснаў маіх! Ад прыказаньняў Тваіх навучыўся я розуму, таму я ўзьненавідзеў кожны няправедны шлях. Закон Твой — сьветач для ног маіх і сьвятло на шляхах маіх. Я пакляўся і пастанавіў захоўваць суды справядлівасьці Тваёй. Я вельмі прыгнечаны: ажыві мяне, Госпадзе, згодна са словам Тваім. Прымі ласкава, Госпадзе, дабравольныя ахвяры вуснаў маіх і навучы мяне судоў Тваіх. Душа мая заўсёды ў руках Тваіх, і закону Твайго я не забыў. Грэшнікі паставілі пастку на мяне, але я не адхіліўся ад прыказаньняў Тваіх. Я атрымаў у спадчыну сьведчаньні Твае навек, бо яны — радасьць сэрца майго. Я нахіліў сэрца маё, каб павек спаўняць пастановы Твае дзеля аддзякі. Я ўзьненавідзеў законапарушальнікаў, а закон Твой палюбіў. Ты мой памочнік і мой заступнік, я ўсклаў надзею на словы Твае. Адыдзіце ад мяне вы, што чыніце зло, і я буду дасьледаваць прыказаньні Бога майго. Падтрымай мяне згодна са словам Тваім, і ажыві мяне, і не пасаром мяне ў спадзяваньні маім. Памажы мне, і я збаўлюся, і буду ўвесь час навучацца пастановаў Тваіх. Ты пагардзіў тымі, што адступаюць ад пастановаў Тваіх, бо думка іх няправедная. Я лічыў парушальнікамі ўсіх грэшнікаў зямлі, таму я палюбіў сьведчаньні Твае. Прыбі маё цела да страху Твайго, бо я баюся судоў Тваіх. Я чыніў суд і справядлівасьць: не аддай мяне тым, што крыўдзяць мяне. Прымі слугу Твайго на дабро, каб пыхлівыя ня ўзводзілі паклёп на мяне. Вочы мае саслаблі ў чаканьні збаўленьня Твайго і слова справядлівасьці Тваёй. Учыні са слугой Тваім паводле міласэрнасьці Тваёй і навучы мяне Тваіх пастановаў. Я слуга Твой, настаў мяне на розум, і я спазнаю сьведчаньні Твае. Час Госпаду дзейнічаць: яны зламалі закон Твой. Дзеля гэтага я палюбіў прыказаньні Твае больш за золата і тапазы. Дзеля гэтага я паступаў згодна з усімі Тваімі прыказаньнямі і кожны няправедны шлях узьненавідзеў. Годныя подзіву сьведчаньні Твае: таму душа мая дасьледуе іх. Паясьненьне словаў Тваіх прасьветліць і наставіць на розум маленькіх. Я адкрыў вусны мае і ўздыхнуў, бо прагнуў прыказаньняў Тваіх. Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною, як робіш з тымі, што любяць імя Тваё. Накіруй мае крокі паводле словаў Тваіх: хай ніякае беззаконьне не валодае мною. Выбаў мяне ад намоваў людзкіх, і я захаваю Твае прыказаньні. Дай зазьзяць твару Твайму слугу Твайму і навучы мяне Тваіх пастановаў. Струмені сьлёз пралілі вочы мае, бо я не захаваў закону Твайго. Справядлівы Ты, Госпадзе, і праведныя суды Твае. Ты даручыў справядлівасьці і дасканалай праўдзе быць сьведкамі Тваімі. Руплівасьць аб Табе зьнясіліла мяне, бо ворагі мае забыліся на словы Твае. Слова Тваё добра выпрабаванае агнём, і слуга Твой палюбіў яго. Малады я і пагарджаны, але не забыў пастановаў Тваіх. Справядлівасьць Твая — справядлівасьць павек, і закон Твой — праўда. Сум і гора абступілі мяне: прыказаньні Твае — навука для мяне. Сьведчаньні Твае — справядлівасьць навекі: дай мне разуменьне іх, і буду жыць. Я клікаў ад усяго сэрца майго: выслухай мяне, Госпадзе, буду шукаць пастановаў Тваіх. Я клікаў Цябе: збаў мяне, і буду захоўваць сьведчаньні Твае. Я апярэдзіў сьвітанак і клікаў, спадзяваўся на словы Твае. Вочы мае апярэдзілі раніцу, каб разважаць над словамі Тваімі. У міласэрнасьці Тваёй пачуй голас мой, Госпадзе, ажыві мяне згодна з судом Тваім. Тыя, што беззаконна перасьледуюць мяне, наблізіліся да мяне, а ад закону Твайго адышлі. Блізка Ты, Госпадзе, і ўсе шляхі Твае — праўда. Ад пачатку я ведаў з сьведчаньняў Тваіх, што Ты іх устанавіў навекі. Глянь на ўпакораньне маё і ратуй мяне, бо я не забыў закону Твайго. Судзі справу маю і вызвалі мяне; ажыві мяне дзеля слова Твайго. Далёкае збаўленьне ад грэшнікаў, бо не шукалі яны пастановаў Тваіх. Шматлікія міласьці Твае, Госпадзе: ажыві мяне згодна з судом Тваім. Шмат тых, што нападаюць на мяне і перасьледуюць мяне, але ад сьведчаньняў Тваіх я не ўхіліўся. Бачыў я бяздумных і засмуціўся, бо яны словаў Тваіх не захавалі. Глянь, як я палюбіў прыказаньні Твае, Госпадзе!У міласэрнасьці Тваёй ажыві мяне. Пачатак словаў Тваіх — праўда, і вечныя ўсе законы Тваёй справядлівасьці. Князі перасьледавалі мяне без прычыны, а сэрца маё збаялася словаў Тваіх. Буду цешыцца са словаў Тваіх, як той, хто знайшоў вялікую здабычу. Несправядлівасьць ненавісная і агідная мне, а закон Твой я палюбіў. Сем разоў у дзень я хваліў Цябе за Твае справядлівыя суды. Супакой глыбокі тым, што любяць закон Твой: яны не спатыкнуцца. Я чакаў збаўленьня Твайго, Госпадзе, і палюбіў Твае прыказаньні. Душа мая захавала сьведчаньні Твае і моцна палюбіла іх. Я захаваў прыказаньні Твае і сьведчаньні Твае, бо ўсе шляхі мае перад Табою, Госпадзе. Хай малітва мая наблізіцца да Цябе, Госпадзе: дай мне разуменьне згодна са словам Тваім. Хай просьба мая дойдзе да Цябе, Госпадзе: выратуй мяне згодна са словам Тваім. Вусны мае запяюць песьню хвалы, калі Ты навучыш мяне Тваіх пастановаў. Язык мой будзе абвяшчаць словы Твае, бо ўсе прыказаньні Твае справядлівыя. Хай рука Твая стане мне на збаўленьне, бо я выбраў прыказаньні Твае. Я прагнуў збаўленьня Твайго, Госпадзе, і закон Твой — навука для мяне. Душа мая будзе жыць і хваліць Цябе, а суды Твае дапамогуць мне. Згубіўся я, быццам заблудная авечка: адшукай слугу Твайго, бо я не забыў прыказаньняў Тваіх.

Песьня ўзыходжаньняў. Да Госпада, калі мне было цяжка, я ўсклікнуў, і Ён выслухаў мяне. Госпадзе, выбаў душу маю ад вуснаў няправедных і ад языка няшчырага. Што дадуць табе або што прыкладуць табе, няшчыры языку? Вострыя стрэлы магутнага са спусташальнымі вуглямі. Гора мне, што маё жыцьцё прадоўжылася, я пасяліўся сярод палатак Кідарскіх. Доўга была прыхаднем душа мая; я быў мірны з тымі, што ненавідзяць мір: калі я загаварыў да іх, яны без прычыны напалі на мяне.

Песьня ўзыходжаньняў. Я ўзьняў вочы мае да гораў, адкуль прыйдзе дапамога мая. Дапамога мая ад Госпада, які стварыў неба і зямлю. Ня дай пахіснуцца назе тваёй, і хай не задрэмле Той, хто ахоўвае цябе. Дык вось, не задрэмле і не засьне Той, хто ахоўвае Ізраіля. Госпад захавае цябе, Госпад — покрыва тваё па правай руцэ тваёй: сонца не прыпячэ цябе ўдзень, а месяц не пашкодзіць уночы. Госпад захавае цябе ад усяго благога, захавае Госпад душу тваю. Госпад будзе ахоўваць тваё прыйсьце і твой выхад цяпер і давеку.

Песьня ўзыходжаньняў. Усьцешыўся я, калі мне сказалі: «Пойдзем у дом Гасподні». Ногі нашыя стаялі ў дварах тваіх, Ерусаліме. Ерусалім, збудаваны як горад суцэльны. Бо туды ўзыходзілі калены, калены Гасподнія, на сьведчаньне Ізраілю, каб дзякаваць імю Гасподняму. Бо там пастаўленыя пасады судовыя, пасады ў доме Давідавым. Прасіце супакою для Ерусаліму, і хай будзе дастатак для тых, што любяць цябе. Хай жа будзе супакой у сіле тваёй і дастатак у мурах тваіх. З увагі на братоў маіх і блізкіх маіх я гаварыў пра мір адносна цябе. З увагі на дом Госпада Бога нашага я жадаў дабра табе.

Песьня ўзыходжаньняў. Я ўзьняў вочы мае да Цябе, які жывеш у небе. Вось, як вочы слугаў узіраюцца на рукі гаспадароў сваіх і як вочы служанкі — на рукі гаспадыні сваёй, так вочы нашыя зьвернутыя да Госпада Бога нашага, аж пакуль Ён паспагадае нам. Зьмілуйся над намі, Госпадзе, зьмілуйся над намі, бо мы перапоўненыя зьнявагай. Душа наша бязьмерна поўная насьмешак багатых і пагарды пыхлівых.

Песьня ўзыходжаньняў. Калі б ня тое, што Госпад быў з намі — хай жа скажа Ізраіль, — калі б ня тое, што Госпад быў з намі, калі на нас паўставалі людзі, яны напэўна жывымі праглынулі б нас; калі злосьць іх загарэлася на нас, то напэўна вада затапіла б нас. Сапраўды, цераз паток перайшла душа наша: сапраўды, душа наша перайшла цераз імклівую ваду. Блаславёны Госпад, што не аддаў нас на здабычу ў зубы іх. Душа наша, быццам верабей, вырвалася з сеці лаўцоў: сець разарвалася і мы вызваліліся. Помач наша ў імі Госпада, які стварыў неба і зямлю.

Песьня ўзыходжаньняў. Тыя, што ўсклалі надзею на Госпада, як гара Сыён: не пахісьнецца давеку той, хто жыве ў Ерусаліме. Горы навокал яго, і Госпад навокал народу свайго цяпер і давеку. Бо Госпад не пакіне жазла грэшнікаў над лёсам праведных, каб праведнікі не працягвалі рук сваіх да беззаконьняў. Госпадзе, будзь добрым для добрых і праведных сэрцам. А схільных да хітрыкаў Госпад адвядзе разам з тымі, што чыняць беззаконьне. Мір Ізраілю.

Песьня ўзыходжаньняў. Калі Госпад вяртаў палон(ных) Сыёну, як усьцешаныя мы былі! Тады вусны нашыя былі поўныя весялосьці, а язык наш — радасьці. Тады казалі сярод народаў: «Вялікае ўчыніў з імі Госпад!» Вялікае ўчыніў з намі Госпад: мы ўзрадаваліся. Госпадзе, павярні наш палон, як ручаі, на поўдзень! Тыя, што сеюць са сьлязьмі, жаць будуць у радасьці. Выходзячы, яны ішлі і плакалі, кідаючы зерне сваё; вяртаючыся, будуць ісьці радасныя, несучы снапы свае.

Песьня ўзыходжаньняў. Калі ня Госпад збудуе дом, дарэмна стараліся будаўнікі; калі ня Госпад будзе сьцерагчы места, дарэмна ня спаў вартаўнік. Дарэмна ўставаць рана вам, што спажываеце хлеб журбы: лёгшы, уставайце пасьля таго, як Госпад дасьць сон любым сваім. Вось спадчына ад Госпада — сыны, узнагарода — плод улоньня. Як стрэлы ў руцэ дужага, так сыны выгнаньнікаў. Шчасьлівы той, хто споўніць праз іх жаданьне сваё: не асаромяцца, калі будуць гаварыць з ворагамі сваімі ў браме.

Песьня ўзыходжаньняў. Шчасьлівыя ўсе, што баяцца Госпада, што ходзяць шляхамі Яго. Плады працы рук тваіх спажываць будзеш: шчасьлівы ты, і добра табе будзе. Жонка твая быццам пладавіты куст вінаградны ў зацішшы дому твайго; сыны твае як аліўныя парасткі вакол стала твайго. Так будзе блаславёны той, хто баіцца Госпада. Хай блаславіць цябе Госпад з Сыёну і дасьць, каб ты бачыў дабрабыт Ерусаліму праз усе дні жыцьця твайго; і каб ты бачыў сыноў тваіх сыноў. Мір Ізраілю!

Песьня ўзыходжаньняў. Шмат разоў з маладосьці маёй усчыналі вайну са мною — хай скажа цяпер Ізраіль, — шмат разоў з маладосьці маёй усчыналі вайну са мною, але не адолелі мяне. На сьпіне маёй шчыравалі грэшнікі, працягвалі чыніць беззаконьні свае. Справядлівы Госпад сьцяў шыі грэшнікаў. Хай сумеюцца і павернуць назад усе, што ненавідзяць Сыён, хай стануць як трава на стрэхах, што засыхае перш, як вырвуць яе, якою жнец не напоўніць жмені сваёй, ані той, хто вяжа снапы — бярэмя свайго, і тыя, што праходзяць міма, ня скажуць: «Блаславеньне Гасподняе на вас! Мы блаславілі вас у імя Гасподняе».

Песьня ўзыходжаньняў. З глыбіняў клікаў я Цябе, Госпадзе: Госпадзе, пачуй голас мой! Хай вушы Твае будуць уважлівыя да голасу маленьня майго. Калі беззаконьні заўважаць будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто ўстаіць? Бо ў Цябе ачышчэньне ёсьць. Дзеля імя Твайго я чакаў Цябе, Госпадзе: душа мая чакала слова Твайго, душа мая спадзявалася на Госпада. Ад ранішняй старожы да ночы, ад ранішняй старожы хай спадзяецца Ізраіль на Госпада. Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго вызваленьне, і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.

Песьня ўзыходжаньняў. Сэрца маё, Госпадзе, не ўзвышалася, вочы мае не глядзелі пыхліва, і не ўваходзіў я ў вялікія і дзіўныя, завысокія для мяне справы. Калі я ня быў сьціплы ў думках, але ўзвышаў душу маю, то, падобна як дзіцятку, адлучанаму ад малака маці сваёй, так Ты адплаціш душы маёй. Хай спадзяецца Ізраіль на Госпада цяпер і давеку.

Песьня ўзыходжаньняў. Прыгадай, Госпадзе, Давіда і ўсю лагоднасьць яго, як ён кляўся Госпаду, прысягаў Богу Якуба: «Не ўвайду да памяшканьня дому майго, не ўзыду на пасьцель ложа майго, ня дам сну вачам маім, і дрымоты павекам маім, і спачыну скроням маім, пакуль не знайду месца Госпаду, памяшканьня Богу Якуба!» Вось мы чулі пра Яго ў Эўфраце, знайшлі Яго на лясных раўнінах; увойдзем у памяшканьні Яго, паклонімся месцу, дзе стаялі ногі Яго. Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і ківот сьвятасьці Тваёй. Сьвятары Твае апрануцца ў справядлівасьць, і сьвятыя Твае ўзрадуюцца. З увагі на Давіда, слугу Твайго, не адхіляй твару памазаньніка Твайго. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адступіцца ад яе: «Ад плоду ўлоньня твайго пасаджу на пасадзе тваім. Калі сыны твае захаваюць саюз Мой і гэтыя сьведчаньні Мае, якіх Я іх навучу, дык і іх сыны будуць сядзець на пасадзе тваім давеку». Бо Госпад выбраў Сыён, пажадаў мець яго сабе за сялібу: «Вось дзе Мой спачынак на век вякоў, тут пасялюся, бо Я ўпадабаў яго; дабыткі яго шчодра пабласлаўлю, бедных яго насычу хлебам; сьвятароў яго апрану ў збаўленьне, і сьвятыя яго радасьцю ўзрадуюцца. Там Я ўздыму рог Давіду: Я падрыхтаваў сьветач памазаньніку Майму, ворагаў яго пакрыю сорамам, а на ім закрасуе сьвятасьць Мая».

Песьня ўзыходжаньняў. Дык вось што лепш або што мілей, як калі браты жывуць разам? Гэта як алей духмяны на галаве, што сплывае на бараду, бараду Аарона, сплывае на край вопраткі яго; як раса Гэрмону, што сыходзіць на горы Сыёнскія — бо там Госпад наканаваў блаславеньне, жыцьцё давеку.

Песьня ўзыходжаньняў. Дык вось блаславіце Госпада, усе слугі Гасподнія, што стаіце ў доме Гасподнім, у дварах Бога нашага. Па начах уздымайце рукі вашыя да сьвятыняў і бласлаўляйце Госпада. Хай блаславіць цябе з Сыёну Госпад, які стварыў неба і зямлю.

Алілуя! Хваліце імя Гасподняе, хваліце, слугі, Госпада, вы, што стаіце ў доме Гасподнім, у дварах дому Бога нашага. Хваліце Госпада, бо Госпад добры; сьпявайце імю Яго, бо гэта гожа; бо Госпад абраў сабе Якуба, Ізраіля абраў на ўласнасьць сабе; бо я ўведаў, што Госпад вялікі і што Госпад наш вышэйшы за ўсіх багоў. Госпад стварыў усё, што схацеў, у небе і на зямлі, у моры і ўва ўсіх безданях. Гэта Ён, які ўздымае хмары ад канцоў зямлі, у дождж маланкі чыніць; выводзіць вятры са сховішчаў сваіх; які паразіў першынцаў ягіпецкіх ад чалавека да жывёлы. Ён паслаў знакі і цуды пасярод цябе, Ягіпет, супраць фараона і ўсіх слугаў яго. Гэта Ён, які пабіў шмат народаў і пазабіваў моцных каралёў — Сыгона, караля амарэйскага, і Ога, караля васанскага, і ўсе каралеўствы хананейскія — і даў зямлю іх у спадчыну, у спадчыну Ізраілю, народу свайму. Госпадзе, імя Тваё давеку і памяць пра Цябе ў родзе і родзе. Бо Госпад будзе судзіць народ свой і ў слугах сваіх суцешыцца. Ідалы паганаў — срэбра і золата, творы рук чалавечых: вусны маюць і не загавораць; вочы маюць і не пабачаць; вушы маюць і не пачуюць; і няма дыханьня ў вуснах іх. Хай стануць падобнымі да іх тыя, што іх робяць, і ўсе, што спадзяюцца на іх. Дом Ізраіля, блаславіце Госпада! Дом Аарона, блаславіце Госпада! Дом Левія, блаславіце Госпада! Вы, што баіцеся Госпада, блаславіце Госпада! Блаславёны Госпад ад Сыёну, што жыве ў Ерусаліме!

Алілуя! Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо павек міласэрнасьць Яго; дзякуйце Богу багоў, бо павек міласэрнасьць Яго. Дзякуйце Уладару ўладароў, бо павек міласэрнасьць Яго; дзякуйце адзінаму, хто чыніць вялікія цуды, бо павек міласэрнасьць Яго; хто розумам нябёсы стварыў, бо павек міласэрнасьць Яго, умацаваў зямлю на водах, бо павек міласэрнасьць Яго; стварыў сьветачы вялікія, бо павек міласэрнасьць Яго: сонца, каб кіравала днём, бо павек міласэрнасьць Яго, месяц і зоркі, каб кіравалі ноччу, бо павек міласэрнасьць Яго; хто паразіў Ягіпет з першароднымі іх, бо павек міласэрнасьць Яго, і вывеў Ізраіля з-пасярод іх, бо павек міласэрнасьць Яго, рукою моцнаю і плячом высокім, бо павек міласэрнасьць Яго; разьдзяліў Чырвонае мора, бо павек міласэрнасьць Яго, і перавёў Ізраіля пасярод яго, бо павек міласэрнасьць Яго, і ўкінуў фараона і войска яго ў Чырвонае мора, бо павек міласэрнасьць Яго; перавёў народ свой праз пустыню, бо павек міласэрнасьць Яго; паразіў каралёў вялікіх, бо павек міласэрнасьць Яго, і пазабіваў каралёў моцных, бо павек міласэрнасьць Яго: Сіхона, караля амарэйскага, бо павек міласэрнасьць Яго, і Ога, караля васанскага, бо павек міласэрнасьць Яго; і аддаў зямлю іх у спадчыну, бо павек міласэрнасьць Яго, у спадчыну Ізраілю, слугу свайму, бо павек міласэрнасьць Яго. Бо Госпад прыгадаў нас у нашым паніжэньні, бо павек міласэрнасьць Яго, і выбавіў нас ад ворагаў нашых, бо павек міласэрнасьць Яго. Ён дае спажыву кожнаму целу, бо павек міласэрнасьць Яго. Дзякуйце Богу нябеснаму, бо павек міласэрнасьць Яго.

Псалом Давіда. Ярэмы. Над рэкамі Бабілёну, там сядзелі мы і плакалі, калі ўспаміналі Сыён. На вербах пасярод яго павесілі мы гусьлі свае; бо там тыя, што нас паланілі, пыталі нас пра словы песьняў, а тыя, што нас вялі — пра гімн: «Засьпявайце нам з песьняў Сыёнскіх». Як нам сьпяваць песьню Гасподнюю на чужой зямлі? Калі забуду цябе, Ерусалім, хай будзе забытая правіца мая! Хай язык мой прысохне да паднябеньня майго, калі ня буду памятаць пра цябе, калі не пастаўлю Ерусалім на пачатку радасьці маёй. Прыгадай, Госпадзе, дзень Ерусаліму сынам Эдомскім, якія казалі: «Спусташайце, спусташайце яго да асноваў!» Дачка бабілёнская, паганая! Блаславёны той, хто адплаціць табе за тое, што ты ўчыніла нам. Блаславёны той, хто возьме і разаб’е аб камень дзетак тваіх.

Псалом Давіда, Агея і Захара. Буду дзякаваць Табе, Госпадзе, ад усяго сэрца майго і перад анёламі буду апяваць Цябе, бо Ты выслухаў усе словы вуснаў маіх; пакланюся пачэснаму храму Твайму і буду дзякаваць імю Твайму за міласьць Тваю і праўду Тваю, бо Ты над усё ўзьвялічыў сьвятое імя Тваё. У дзень, калі буду клікаць Цябе, хутка выслухай мяне: Ты надзеліш мяне ў душы маёй сілаю Тваёю. Хай усе ўладары зямныя дзякуюць Табе, Госпадзе, бо яны пачулі ўсе словы вуснаў Тваіх, і хай пяюць на шляхах Гасподніх, бо вялікая слава Гасподняя. Бо высокі Госпад, а сьціплае бачыць і высокае пазнае здалёку. Калі пайду сярод пакутаў, Ты ажывіш мяне. На гнеў ворагаў маіх Ты працягнуў руку Тваю, і правая рука Твая выратавала мяне. Госпад адплаціць за мяне. Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, давеку: не пагардзі творамі рук Тваіх.

Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Божа, Ты мяне выпрабаваў і пазнаў мяне. Ты пазнаў, калі я сядаю і калі ўстаю; думкі мае Ты зразумеў здалёку. Ты выведаў сьцежку маю і шлях мой і ўсе дарогі мае прадбачыў. Бо няма няшчырасьці на языку маім. Вось Ты, Госпадзе, пазнаў усё — апошняе і старадаўняе. Ты стварыў мяне і паклаў на мяне руку сваю. Твая веда зьдзіўляе мяне: яна цяжкая, я ня ў змозе спасьцігнуць яе. Куды пайду ад духу Твайго і куды ўцяку ад твару Твайго? Калі ўзыду на неба, Ты там; у апраметную спушчуся, і там Ты прысутны. Калі зранку вазьму крылы мае і пасялюся на краі мора — і там рука Твая павядзе мяне і правіца Твая падтрымае мяне. І сказаў я: «Можа, цемра схавае мяне?» Але і ноч — сьвятло ў раскошы маёй, бо і цемра ня цёмная ў Цябе, і ноч стане сьветлай, як дзень: як цемра яе, так і сьвятло яе. Бо Ты, Госпадзе, заўладаў нутром маім, ад улоньня маці маёй Ты дапамагаў мне. Буду славіць Цябе, бо Ты дзівосны бяз меры, творы Твае годныя подзіву, і душа мая добра ведае гэта. Не схаваная ад Цябе косьць мая, якую Ты патаемна стварыў, і існасьць мая ў нетрах зямлі. Недасканалым бачылі мяне вочы Твае, і ў кнізе Тваёй будуць запісаныя ўсе, пазначаныя дні, калі будуць утвораныя, а ніхто з іх яшчэ не існаваў. Вельмі пачэснымі для мяне сталі прыяцелі Твае, Божа: добра ўмацавалася ўлада іх. Палічу іх, і стане іх больш, як пяску. Я ўстаў і дасюль яшчэ з Табою. О, калі б Ты, Божа, паразіў бязбожных! Мужы крыві, адыдзіце ад мяне, бо вы дзёрзкія ў задумах вашых! Але дарэмна будуць яны браць месты Твае! Ці ж не ўзьненавідзеў я, Госпадзе, тых, што ненавідзяць Цябе? І ці не змарнеў я праз ворагаў Тваіх? Я ўзьненавідзеў іх нянавісьцю вялікай, яны сталі мне ворагамі. Выпрабуй мяне, Божа, і пазнай сэрца маё; выпрабуй мяне і пазнай сьцежкі мае; і глянь, ці ёсьць шлях беззаконьня ўва мне, і накіруй мяне на шлях вечны.

Кіраўніку хору. Псалом Давіда. Ратуй мяне, Госпадзе, ад чалавека паганага, выбаў мяне ад мужа няправеднага, якія задумалі благое ў сэрцах, увесь дзень рыхтаваліся да бою; навастрылі, як гадзюкі, языкі свае: атрута зьмяіная ў вуснах іх. Ад рукі грэшніка захавай мяне, Госпадзе, выбаў мяне ад людзей няправедных, што задумалі падставіць нагу мне. Пыхлівыя схавалі сець на мяне і расьцягнулі шнуры — пасткі для ног маіх; пры дарозе паставілі цянёты на мяне. Я сказаў Госпаду: «Ты Бог мой; пачуй, Госпадзе, голас малітвы маёй». Госпадзе, Госпадзе, сіла збаўленьня майго, у дзень бою Ты засланіў галаву маю. Не перадай мяне, Госпадзе, супраць жаданьня майго грэшніку; яны змовіліся супраць мяне: не пакінь мяне, каб яны не заважнічалі. Галоўнае пра акружэньне іх: злосьць вуснаў іх пакрые іх, распалены вугаль спадзе на іх, і Ты зьвергнеш іх у пакутах іх, і не ўстаяць. Чалавек пустаслоўны ня будзе мець посьпеху на зямлі: няшчасьці аж да загубы будуць перасьледаваць чалавека няправеднага. Я ўведаў, што Госпад учыніць суд бедным і справядлівасьць убогім. Праведнікі несумненна будуць дзякаваць імю Твайму, і правыя паселяцца перад абліччам Тваім.

Псалом Давіда. Госпадзе, я клікаў Цябе: выслухай мяне; будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе. Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, быццам кадзіла, і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх. Пастаў, Госпадзе, варту вуснам маім і дзьверы для аховы губ маіх. Ня дай ухіліцца сэрцу майму да злачынных словаў для апраўданьня ў грахах з людзьмі, якія чыняць беззаконьне, і каб мне ня быць заадно з выбранымі іх. Праведнік будзе па-добраму навучаць і дакараць мяне, але алей грэшніка хай не намасьціць галавы маёй; дый малітва мая хай ня будзе даспадобы ім. Судзьдзі іх былі праглынутыя каля скалы; яны пачуюць словы мае, бо яны лагодныя. Як глыба зямлі раздрабляецца на зямлі, так косьці іх параскіданыя па апраметнай. Бо да Цябе, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя вочы мае; на Цябе спадзяюся: не адымі душы маёй. Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, ад пасткі тых, што чыняць беззаконьне. Грэшнікі ўпадуць у сець сваю; я адзін застаюся, пакуль не перайду.

Навука Давіда, калі быў у пячоры і маліўся. Голасам маім я клікаў Госпада, голасам маім я Госпаду маліўся. Мальбу маю вылью перад Ім, пра гора маё Яму раскажу. Калі дух мой зьнемагаў ува мне, Ты і тады ведаў сьцежкі мае. На той дарозе, па якой я ішоў, схавалі пастку на мяне. Глядзеў я ўправа і ўглядаўся, і не было нікога, хто ведаў бы мяне; надзея на ўцёкі пакінула мяне, і ня стала нікога, хто парупіўся б аб душы маёй. Да Цябе, Госпадзе, я ўсклікнуў і сказаў: «Ты надзея мая, мой удзел на зямлі жывых! Уваж малітву маю, бо я вельмі падупаў. Вызвалі мяне ад тых, што перасьледуюць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне. Выведзі з вязьніцы душу маю, каб мне дзякаваць імю Твайму. Праведнікі будуць чакаць мяне, пакуль аддзячыш мне».

Псалом Давіда, калі ягоны сын перасьледаваў яго. Госпадзе, пачуй малітву маю, у праўдзе Тваёй уваж просьбу маю, выслухай мяне ў Тваёй справядлівасьці. І не ўступай у суд са слугой Тваім, бо ніхто з жывых не апраўдаецца перад Табою. Бо вораг перасьледаваў душу маю, жыцьцё маё панізіў да зямлі, у цемры пасяліў мяне, як памерлых адвеку. І ўпаў ува мне дух мой, сэрца маё ўва мне ўстрывожылася. Я прыгадаў даўнія дні, разважаў пра ўсе дзеі Твае і над творамі рук Тваіх задумваўся. Да Цябе ўзьняў я рукі мае: душа мая быццам бязводная зямля перад Табою. Выслухай мяне хутка, Госпадзе, бо дух мой зьнямогся; не адвяртай твару Твайго ад мяне, бо стану падобны да тых, што зыходзяць у магілу. Дай мне зранку адчуць міласьць Тваю, бо я на Цябе ўсклаў надзею; пакажы мне, Госпадзе, шлях, па якім ісьці, бо да Цябе я ўзьняў душу маю. Выбаў мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх, бо да Цябе я ўцёк. Навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой. Твой добры дух павядзе мяне па роўнай зямлі. Дзеля імя Твайго, Госпадзе, Ты ажывіш мяне; у справядлівасьці Тваёй выведзеш з бяды душу маю. У міласэрнасьці Тваёй зьнішчыш ворагаў маіх і выгубіш усіх, што прыгнятаюць душу маю, бо я слуга Твой.

Псалом Давіда пра Галіята. Блаславёны Госпад Бог мой, які прывучае рукі мае да бою, а пальцы мае да вайны. Ён — мая міласьць і мой прытулак, мой заступнік і Збаўца мой, мой абаронца, і на Яго я ўсклаў надзею. Ён той, хто аддае мой народ мне пад уладу. Госпадзе, што ёсьць чалавек, што Ты даў яму пазнаць Цябе, або сын чалавечы, што Ты думаеш пра яго? Чалавек да марнасьці падобны: дні яго, як цень, прамінаюць. Госпадзе, нахілі нябёсы і зыдзі, дакраніся да гораў, і яны задымяць. Блісьнеш маланкаю — і разгоніш іх; пусьціш стрэлы Твае — і ўстрывожыш іх. Працягні руку Тваю з вышыні, збаў мяне і выратуй мяне ад водаў вялікіх, ад рукі сыноў чужынцаў, вусны якіх гаварылі пустое, а правая рука якіх — рука няправеднасьці. Песьню новую засьпяваю Табе, Божа, на дзесяціструнным псалтыры зайграю Табе, які даеш уладарам перамогу і ратуеш Давіда, слугу Твайго, ад лютага мяча. Вызвалі мяне і выратуй мяне ад рукі сыноў чужынцаў, вусны якіх гаварылі марнае, а правая рука якіх — рука няправеднасьці. Сыны іх быццам саджанцы, што іх насадзілі маладымі; дочкі іх прыбраныя, падобна як храм упрыгожаныя; гумны іх поўныя ад краю да краю; авечкі іх шматплодныя, множацца на выганах іх; укормленыя валы іх; няма паваленай загарадзі, ні пераходу, ні крыку на плошчах іх. Шчасьлівым завуць народ, у якога так ёсьць; насамрэч шчасьлівы народ, у якога Госпад — Бог яго.

Хвала Давіда. Буду ўзьвялічваць Цябе, Божа мой, Уладару мой, і буду бласлаўляць імя Тваё вечна і на век вякоў. Кожны дзень буду бласлаўляць Цябе і славіць імя Тваё на век і на век вякоў. Вялікі Госпад і вельмі праслаўлены, і няма межы велічы Яго. Пакаленьне за пакаленьнем будуць славіць творы Твае і магутнасьць Тваю абвяшчаць. Будуць яны казаць пра пышнасьць славы сьвятасьці Тваёй і пра цуды Твае расказваць; і скажуць пра моц страшных учынкаў Тваіх, і ведамай зробяць веліч Тваю, прыгадаюць мноства доказаў дабрыні Тваёй, справядлівасьці Тваёй узрадуюцца. Госпад спагадлівы і ласкавы, доўгацярплівы і шматміласэрны. Госпад добры для ўсіх, і спагада Яго на ўсіх творах Яго. Хай усе творы Твае, Госпадзе, славяць Цябе, і сьвятыя Твае хай бласлаўляюць Цябе. Будуць яны казаць пра славу Твайго валадарства і апавядаць пра магутнасьць Тваю, каб зрабіць вядомай сынам людзкім сілу Тваю і хвалу велічы Твайго валадарства. Валадарства Тваё — валадарства ўсіх вякоў, і панаваньне Тваё ва ўсякім родзе і родзе. Госпад верны ва ўсіх словах сваіх і сьвяты ва ўсіх творах сваіх. Госпад падтрымлівае ўсіх, што падаюць, і падымае ўсіх паваленых. Вочы ўсіх да Цябе зьвяртаюцца з надзеяю, і Ты даеш ім страву ў свой час, адкрываеш руку Тваю і напаўняеш усё жывое задавальненьнем. Госпад справядлівы на ўсіх шляхах сваіх і сьвяты ва ўсіх учынках сваіх. Госпад блізкі да тых, што клічуць Яго — да ўсіх, што клічуць Яго шчыра. Ён споўніць жаданьне тых, што баяцца Яго, і выслухае малітву іх, і збавіць іх. Госпад ахоўвае ўсіх, што любяць Яго, а ўсіх грэшнікаў выгубіць. Вусны мае будуць абвяшчаць хвалу Гасподнюю, і ўсякае цела хай бласлаўляе імя сьвятое Яго на век і на век вякоў.

Алілуя! Агея і Захара. Хвалі, душа мая, Госпада. Праз усё жыцьцё маё буду хваліць Госпада, буду пяяць Богу майму, пакуль існую. Не спадзявайцеся на князёў, на сыноў людзкіх, у якіх няма ратунку: выйдзе дух яго, і ён вернецца ў зямлю сваю; у той дзень згінуць усе задумы яго. Шчасьлівы той, каму Бог Якуба — памочнік яго: надзея яго на Госпада, Бога яго, які стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх; які захоўвае праўду давеку, чыніць суд пакрыўджаным, дае хлеб галодным. Госпад вызваляе палонных, Госпад прасьвятляе сьляпых, Госпад падымае пахілых, Госпад любіць праведнікаў. Госпад ахоўвае прыхадняў, прыгорне сірату і ўдаву, а шлях грэшных разбурыць. Госпад будзе панаваць давеку, Бог твой, Сыёне, з роду ў род.

Алілуя! Агея і Захара. Хваліце Госпада, бо добрая рэч псалмасьпеў: хай усхваленьне будзе салодкім Богу нашаму. Госпад, які будуе Ерусалім, зьбярэ і расьцярушаных Ізраіля. Ён той, хто лечыць разьбітых сэрцам і перавязвае раны іх; Ён той, хто вядзе лік мноству зорак, дае кожнай імя сваё. Вялікі Госпад наш, і вялікая сіла Яго, і няма меры розуму Яго. Госпад узьнімае лагодных, а грэшнікаў прыніжае да зямлі. Пачніце падзякаю Госпаду, зайграйце на гусьлях Богу нашаму, які пакрывае неба хмарамі, рыхтуе дождж для зямлі, вырошчвае траву ў горах і збожжа на ўжытак людзям; які дае жывёле спажыву іх і птушанятам воранаў, што клічуць Яго. Ня сілаю каня любуецца Ён і ня хуткія ногі мужа Яму даспадобы: Госпад спрыяе тым, што баяцца Яго, і ўсім, што спадзяюцца на міласэрнасьць Яго.

Алілуя! Агея і Захара. Хвалі, Ерусаліме, Госпада; слаў Бога твайго, Сыёне, бо Ён умацаваў засаўкі брамаў тваіх, блаславіў у табе сыноў тваіх. Ён той, хто дае супакой межам тваім і корміць цябе цестам пшанічным. Ён той, хто пасылае слова сваё на зямлю: хутка разыходзіцца слова Яго. Ён той, хто дае сьнег, быццам воўну, рассыпае імглу, як попел, кідае, быццам кускі, ільдзінкі свае: хто ўстаіць перад холадам Яго? Пашле слова сваё і растопіць іх: падзьме вецер Яго, і пацякуць воды. Ён той, хто пасылае слова сваё Якубу, пастановы свае і прысуды — Ізраілю. Ён не ўчыніў так ніякаму іншаму народу і не аб’явіў ім судоў сваіх.

Алілуя! Агея і Захара. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях. Хваліце Яго, усе анёлы Яго, хваліце Яго, усе сілы Яго. Хваліце Яго, сонца і месяц, хваліце Яго, усе зоркі і сьвятло. Хваліце Яго, нябёсы нябёсаў і воды, што над нябёсамі. Хай усе хваляць імя Гасподняе, бо Ён сказаў, і яны сталіся, Ён загадаў, і прыйшлі да быцьця; паставіў іх на век і на век вякоў: даў наказ, і ён не праміне. Хваліце Госпада ад зямлі, зьмеі і ўсе бездані, агонь, град, сьнег, лёд, бурны вецер, што спаўняеце слова Яго; горы і ўсе ўзгоркі, дрэвы пладаносныя і ўсе кедры; зьвяры і ўсе жывёлы, паўзуны і птушкі крылатыя. Уладары зямныя і ўсе народы, князі і ўсе судзьдзі на зямлі, юнакі і дзевы, старыя з маладымі хай славяць імя Гасподняе, бо імя Яго адзінага праславілася: хвала Яго на зямлі і ў небе, і Ён уздыме рог народу свайго. Хвалебная песьня для ўсіх сьвятых Яго, сыноў Ізраіля, людзей, што набліжаюцца да Яго.

Алілуя! Сьпявайце Госпаду новую песьню: хвала Яго хай гучыць на зборах сьвятых. Хай радуецца Ізраіль у Тым, хто стварыў яго, і сыны Сыёну хай цешацца Уладаром сваім; хай хваляць імя Яго карагодамі, хай пяюць Яму пад гукі бубнаў і гусьляў! Бо Госпад спагадае народу свайму і ўзвышае лагодных збаўленьнем. Усхваляцца сьвятыя ў славе, і ўзрадуюцца на ложах сваіх: узьвялічваньне Бога на вуснах іх, і мячы двусечныя ў руках іх, каб учыніць адплату паганам і пакараньне народам, зьвязаць уладароў іх путамі, а вяльможаў іх кайданамі жалезнымі, каб споўніць над імі прысуд напісаны. Гонар гэты будзе ўсім сьвятым Яго.

Алілуя! Хваліце Бога ў сьвятыні Яго; хваліце Яго ў непахіснасьці сілы Яго. Хваліце Яго за магутнасьць Яго, хваліце Яго за бязьмежную веліч Яго. Хваліце Яго граньнем рога, хваліце Яго на ліры і гусьлях. Хваліце Яго гукам бубна і карагодам, хваліце яго на струнах і жалейцы. Хваліце яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада!

Гэты псалом не ўвайшоў у склад Псалтыра. Давід напісаў яго, калі перамог Галіята. Я быў найменшым між братоў маіх і наймалодшым у доме бацькі майго. Я пасьвіў авечкі бацькі майго. Рукі мае змайстравалі арган і пальцы мае наладзілі псалтыр. Хто скажа (пра мяне) Госпаду майму? Сам Госпад, Ён сам чуе. Ён паслаў вестуна свайго, і ўзяў мяне ад авечак бацькі майго, і памазаў мяне алеем памазаньня свайго. Браты мае прыгожыя і вялікія, але не знайшлі ласкі ў Госпада. Я выйшаў насустрач іншапляменьніку, і ён закляў мяне ідаламі сваімі. Але я, вырваўшы ў яго меч, працяў яго і зьняў ганьбу з сыноў Ізраіля.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.