Библия › Бокун › 2 Летапісаў
І ўмацаваўся Салямон, сын Давіда, на валадарстве сваім; і ГОСПАД, Бог ягоны [быў] з ім, і ўзьвялічыў яго высока. І сказаў Салямон усяму Ізраілю, начальнікам тысячаў і сотняў, і судзьдзям, і ўсім начальнікам у-ва ўсім Ізраілі, галовам [дамоў] бацькоў. І пайшлі Салямон і ўся царква з ім на ўзвышша, якое ў Гібэоне, бо там быў Божы Намёт Спатканьня, які паставіў Майсей, слуга ГОСПАДА, у пустыні. Каўчэг Божы перанёс Давід з Кірыят-Ярыму на [месца], якое Давід падрыхтаваў для яго, бо ён паставіў для яго намёт у Ерусаліме. А ахвярнік, які зрабіў Бэцалеэль, сын Урыі, сына Хура, застаўся там перад Сялібай ГОСПАДА; і шукалі яго Салямон і царква. І ўзыйшоў Салямон перад аблічча ГОСПАДА туды да ахвярніка мядзянага, які ў Намёце Спатканьня, і ахвяраваў на ім тысячу цэласпаленьняў. У тую ноч зьявіўся Бог Салямону і сказаў яму: «Прасі, што Мне даць табе». І сказаў Салямон Богу: «Ты зрабіў Давіду, бацьку майму, вялікую ласку і паставіў мяне валадарыць замест яго. Цяпер, ГОСПАДЗЕ Божа, няхай зьдзейсьніцца слова Тваё Давіду, бацьку майму, бо Ты паставіў мяне валадарыць над народам вялікім, як пыл зямлі. Дай мне цяпер мудрасьць і веданьне, каб я мог выходзіць і ўваходзіць перад народам гэтым, бо хто можа судзіць гэты народ Твой такі вялікі?» І сказаў Бог Салямону: «За тое, што было гэта ў сэрцы тваім, і ты не прасіў багацьця, маёмасьці, славы ці душы ворагаў тваіх, таксама не прасіў доўгіх дзён, але прасіў для сябе мудрасьці і веданьня, каб ты мог судзіць народ Мой, над якім Я паставіў цябе валадарыць, мудрасьць і веданьне дадзены табе, а багацьці, маёмасьць і славу Я дам табе, якіх ніводзін з валадароў ня меў перад табою і ня будзе мець ніякі пасьля цябе». І вярнуўся Салямон з узвышша, якое ў Гібэоне, у Ерусалім ад аблічча Намёту Спатканьня, і валадарыў у Ізраілі. І сабраў Салямон калясьніцы і вершнікаў, і было ў яго тысяча чатырыста калясьніцаў і дваццаць тысячаў вершнікаў, якіх ён разьмясьціў у гарадах калясьнічных і пры валадары ў Ерусаліме. І сабраў валадар срэбра і золата ў Ерусаліме, як камянёў, а кедраў так шмат, як сікамораў, якія ў Шэфэлі. І прыводзілі для Салямона коней з Эгіпту і з Куэ, бо купцы валадарскія куплялі паводле цаны [іхняй] у Куэ. І яны зыходзілі і прывозілі з Эгіпту калясьніцы за шэсьцьсот сыкляў срэбра і каня за сто пяцьдзясят [сыкляў]. І гэтак праз рукі іхнія прывозілі іх для ўсіх валадароў Хетаў і валадароў Араму.
І сказаў Салямон пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА і дом для валадарства свайго. І прызначыў Салямон семдзясят тысячаў чалавек насіць цяжары, і восемдзясят тысячаў каменяроў у гарах, і тры тысячы шэсьцьсот наглядчыкаў над імі. І паслаў Салямон да Хурама, валадара Тыру, кажучы: «Як ты дапамагаў Давіду, бацьку майму, і пасылаў яму кедры, каб ён пабудаваў дом, каб жыць у ім, так зрабі і мне. Вось, я будую Дом для імя ГОСПАДА, Бога майго, каб сьвяціць Яго і кадзіць перад абліччам Ягоным пахкае кадзіла, і каб заўсёды [былі там] хлябы пакладныя і цэласпаленьні раніцаю і ўвечары, у суботы і ў маладзік, і ва ўрачыстасьці ГОСПАДА, Бога нашага. Гэта на вякі ў Ізраілі. І Дом гэты, які я будую, вялікі, бо вялікі Бог наш, [большы] за ўсіх багоў. І ці стане ў каго сілы пабудаваць Дом для Яго, бо неба і нябёсы нябёсаў не зьмяшчаюць Яго? І хто я, каб мог пабудаваць Дом для Яго? Хіба толькі [магу] кадзіць перад абліччам Ягоным. І цяпер прышлі мне чалавека мудрага, каб працаваць з золатам і срэбрам, з медзьдзю, жалезам, пурпурам, кармазынам і блакітам, які ўмее выразаць рэзьбы, [каб працаваць] з мудрымі людзьмі, якія ў мяне ў Юдзе і ў Ерусаліме, якіх падрыхтаваў Давід, бацька мой. І пашлі мне дрэва кедровае, кіпарысавае і сандалавае з Лібану, бо я ведаю, што слугі твае ўмеюць сячы дрэвы ў Лібане. І вось, слугі мае [будуць] са слугамі тваімі, каб падрыхтаваць мне шмат дрэва, бо Дом, які я будую, [будзе] вялікі і цудоўны. І вось, для дрывасекаў, якія сякуць дрэвы, слугаў тваіх, я даў на ежу дваццаць тысячаў кораў пшаніцы, і дваццаць тысячаў кораў ячменю, і дваццаць тысячаў батаў віна, і дваццаць тысячаў батаў алею». І сказаў Хурам, валадар Тыру, у лісьце, і паслаў Салямону: «Палюбіў ГОСПАД народ Свой, і паставіў цябе за валадара над ім». І сказаў Хурам: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які ўчыніў неба і зямлю, Які даў Давіду валадару сына мудрага, які мае розум і веданьне, які пабудуе Дом ГОСПАДУ і дом для валадарства свайго. І цяпер я паслаў чалавека мудрага, які мае веданьне і ўменьні, Хурам-Абію, сына жанчыны з дачок Дана, і бацькі ягонага, чалавека з Тыру. Ён умее рабіць з золата, срэбра, медзі, жалеза, камяня, дрэва, пурпуру, блакіту, вісону і кармазыну; і выразаць усялякую разьбу, і майстраваць усялякае мастацтва, якое будзе дадзена яму [рабіць] з майстрамі тваімі і майстрамі пана майго Давіда, бацькі твайго. І цяпер пшаніцу, ячмень, алей і віно, пра якія гаварыў гаспадар мой, пашлі для слугаў тваіх. І мы будзем сячы дрэвы з Лібану, паводле ўсіх патрэбаў тваіх, і прыгонім іх табе плытамі па моры ў Яфу, і ты завязеш іх у Ерусалім». І палічыў Салямон усіх прыхадняў, якія ў зямлі Ізраіля, пасьля сьпісу, якім палічыў іх Давід, бацька ягоны, і знайшлося іх сто пяцьдзясят тры тысячы шэсьцьсот. І прызначыў ён з іх семдзясят тысячаў для нашэньня цяжараў, і восемдзясят тысячаў каменяроў у гарах, і тры тысячы шэсьцьсот наглядчыкаў над працамі народу гэтага.
І пачаў Салямон будаваць Дом ГОСПАДА ў Ерусаліме, на гары Морыя, дзе ГОСПАД зьявіўся Давіду, бацьку ягонаму, на месцы, якое падрыхтаваў Давід, на таку Арнана Евусэя. І пачаў ён будаваць у другі [дзень] другога месяца, у чацьвёртым годзе валадараньня свайго. І гэта падмурак, які заклаў Салямон для будаўніцтва Дому Божага: даўжыня — шэсьцьдзясят локцяў, і шырыня паводле меры старадаўняй дваццаць локцяў; і прысенак, які сьпераду, у даўжыню паводле шырыні Дому — дваццаць локцяў, а ў вышыню — сто дваццаць. І ашаляваў яго ўнутры чыстым золатам. І Дом вялікі накрыў дрэвам кіпарысавым, і ашаляваў шчырым золатам, і парабіў на ім пальмы і ланцужкі. І пакрыў Дом камянямі каштоўнымі дзеля аздабленьня; а золата — золата Парваімскае. І ашаляваў ён Дом, бэлькі, парогі, сьцены ягоныя і дзьверы ягоныя золатам; і выразаў херувімаў на сьценах. І пабудаваў дом для Сьвятога Сьвятых; даўжыня ягоная, паводле шырыні Дому — дваццаць локцяў, і шырыня ягоная — дваццаць локцяў; і ашаляваў яго шчырым золатам, на шэсьцьсот талентаў. А вага цьвікоў — пяцьдзясят сыкляў золата. І верхнія пакоі ашаляваў золатам. І зрабіў у доме Сьвятога Сьвятых двух херувімаў разьбярскай работы, і пакрыў іх золатам. Крылы херувімаў у даўжыню — дваццаць локцяў. Адно крыло ў пяць локцяў дакраналася сьцяны дому, а другое крыло ў пяць локцяў дакраналася да крыла другога херувіма; І крыло другога херувіма ў пяць локцяў дакраналася сьцяны дому, а другое крыло ў пяць локцяў дакраналася да крыла іншага херувіма. Крылы гэтых херувімаў былі расхінутыя на дваццаць локцяў; і яны стаялі на нагах сваіх, і абліччы іхнія — у бок Дому. І зрабіў завесу з блакіту, пурпуру, кармазыну і вісону, і выгафтаваў на ёй херувімаў. І зрабіў перад Домам два слупы, трыццаць пяць локцяў у вышыню, і галавіцу, якая на версе іх, — у пяць локцяў. І зрабіў ланцужкі, як у Давіры, і зьмясьціў на версе слупоў, і зрабіў сто яблыкаў гранатовых, і зьмясьціў на ланцужках. І паставіў слупы перад сьвятыняй, адзін з правага боку, другі — з левага, і назваў імя правага Яхін, а імя левага — Боаз.
І зрабіў ахвярнік мядзяны: дваццаць локцяў даўжыня ягоная, і дваццаць локцяў шырыня ягоная, і дзесяць локцяў вышыня ягоная. І зрабіў мора адліванае, дзесяць локцяў ад берагу яго да берагу яго, усё круглае, у вышыню пяць локцяў; і шнур у трыццаць локцяў атачаў яго наўкола. І пад ім падабенствы валоў стаялі наўкола з усіх бакоў; на дзесяць локцяў атачалі мора навокал два шэрагі валоў, адлітых пры адліваньні яго. Стаяла яно на дваццаці валах: тры зьвернутыя на поўнач, тры зьвернутыя на захад, тры зьвернутыя на поўдзень, тры зьвернутыя на ўсход, і мора на іх зьверху; а азадкі іхнія [зьвернуты] ў сярэдзіну. І таўшчыня ягоная — у далонь, і берагі ягоныя — як берагі келіха, як кветкі лілеі. Яно зьмяшчала і ўтрымлівала тры тысячы батаў. І зрабіў дзесяць мыцельнікаў, і паставіў пяць з правага боку і пяць — з левага, для абмываньня ў іх, бо падрыхтаванае на цэласпаленьне паласкалі ў іх; а мора — для сьвятароў, каб яны абмываліся ў ім. І зрабіў дзесяць залатых сьвечнікаў, паводле пастановы, і паставіў у сьвятыні, пяць — з правага боку і пяць — з левага. І зрабіў дзесяць сталоў, і паставіў у сьвятыні, пяць — з правага боку і пяць — з левага, і зрабіў сто місаў залатых. І зрабіў панадворак сьвятарскі, і вялікі панадворак, і дзьверы ў панадворак, і ашаляваў дзьверы медзьдзю. І паставіў мора з правага боку на ўсходзе, насупраць паўднёвага боку. І зрабіў Хурам гаршчкі, лапаткі і місы. І скончыў Хурам рабіць працу, якую ён рабіў для валадара Салямона ў Доме Божым: два слупы і кулі, і галавіцы на версе двух слупоў, і два сплеціва, каб накрыць дзьве круглыя галавіцы, якія на версе слупоў, і чатырыста яблыкаў гранатовых на двух сплецівах, два шэрагі яблыкаў гранатовых на кожным сплеціве, каб пакрыць дзьве круглыя галавіцы, якія на слупах. І падставы зрабіў, і мыцельнікі зрабіў на падставах, адно мора, і дванаццаць валоў пад ім. І гаршчкі, і лапаткі, і відэльцы, і ўсе начыньні зрабіў Хурам-Абія для валадара Салямона ў Доме ГОСПАДА, з зыркай медзі. У ваколіцах Ярдану адліваў іх валадар, у густой зямлі, паміж Сукотам і Цэрэдаю. І зрабіў Салямон усе начыньні гэтыя ў вялікім мностве, што не даведваліся вагі медзі. І зрабіў Салямон усе рэчы Дому Божага: і ахвярнік залаты, і сталы, і на іх хлябы пакладныя, і сьвечнікі, і лямпы для запальваньня іх паводле пастановы перад Давірам — са шчырага золата; і кветкі, і лямпы, і абцужкі залатыя, з найчысьцейшага золата, і нажніцы, і місы, і крапільніцы, і кадзільніцы са шчырага золата; і ўваход у Дом, унутраныя дзьверы ягоныя ў Сьвятое Сьвятых, і дзьверы Дому сьвятыні — з золата.
І скончана была ўся праца, якую рабіў Салямон для Дому Божага. І прынёс Салямон сьвятыя [рэчы] Давіда, бацькі свайго, і срэбра, і золата, і ўсе начыньні палажыў у скарбніцу Дому Божага. Тады паклікаў Салямон старшыняў Ізраіля і ўсіх галоваў плямёнаў, князёў [дамоў] бацькоў сыноў Ізраіля, у Ерусалім, каб перанесьці Каўчэг Запавету ГОСПАДА з гораду Давіда, значыць з Сыёну. І сабраліся да валадара ўсе людзі Ізраіля на сьвята, якое ў сёмы месяц. І прыйшлі ўсе старшыні Ізраіля; і ўзялі лявіты Каўчэг, і перанесьлі Каўчэг, і Намёт Спатканьня, і ўсе рэчы сьвятыя, якія ў Намёце, і панесьлі іх сьвятары і лявіты. І валадар Салямон і ўся грамада Ізраіля, якая сабралася пры ім перад Каўчэгам, ахвяроўвалі авечак і валоў, якіх нельга было палічыць і запісаць з прычыны мноства. І прынесьлі сьвятары Каўчэг Запавету ГОСПАДА на месца ягонае, у Давір Дому, у Сьвятое Сьвятых, пад крылы херувімаў. І былі херувімы з раскінутымі крыламі над месцам Каўчэгу, і херувімы ахіналі Каўчэг і насілы ягоныя. І тыя насілы былі доўгія, і канцы насілаў Каўчэгу былі відаць перад Давірам, але не было іх відаць звонку; і яны там да сёньняшняга дня. Нічога не было ў Каўчэгу, толькі дзьве табліцы, якія Майсей палажыў на Харэве, калі ГОСПАД заключыў запавет з сынамі Ізраіля, калі яны выйшлі з Эгіпту. І сталася, калі сьвятары выйшлі са сьвятыні, бо ўсе сьвятары, якія былі там, асьвяціліся, і не было патрэбы захоўваць чэргі. А лявіты сьпевакі, усе яны, Асаф, Гэман, Едутун, і сыны іхнія, і браты іхнія, апранутыя ў вісон, з цымбаламі, псалтырамі і гусьлямі стаялі на ўсход ад ахвярніка, і з імі сто дваццаць сьвятароў, якія трубілі ў трубы. І былі як адзін тыя, што трубілі, і тыя, што сьпявалі, даючы адзін голас на хвалу і праслаўленьне ГОСПАДА; і калі ўзьнёсься гук трубаў і цымбалаў, і музычных інструмэнтаў, і хвалілі ГОСПАДА, бо добры Ён, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная, тады Дом, Дом ГОСПАДА напоўніўся хмараю, і не маглі сьвятары стаяць і служыць перада хмараю, бо слава ГОСПАДА напоўніла Дом Божы.
Тады сказаў Салямон: «ГОСПАД сказаў, што Ён жыве ў імгле. А я пабудаваў Дом на пражываньне Табе і месца знаходжаньня Твайго на вякі». І павярнуў валадар аблічча сваё, і дабраславіў усю царкву Ізраіля, а ўся царква стаяла. І ён сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які гаварыў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, і выканаў [гэта] рукамі Сваімі, кажучы: “Ад дня, у які Я вывеў народ Мой з зямлі Эгіпецкай, Я ня выбраў гораду з усіх каленаў Ізраіля, каб пабудаваць дом, у якім было б імя Маё, і ня выбраў чалавека, які быў бы начальнікам народу Майго, Ізраіля, але Я выбраў Ерусалім, каб там было імя Маё, і выбраў Давіда, каб ён быў над народам Маім, Ізраілем”. І было на сэрцы ў Давіда, бацькі майго, пабудаваць Дом для ГОСПАДА, Бога Ізраіля. І ГОСПАД сказаў Давіду, бацьку майму: “Тое, што было на сэрцы тваім, каб пабудаваць Дом для імя Майго, добра ты зрабіў, што гэта ў сэрцы тваім. Толькі ты не пабудуеш Дом, але сын твой, які выйдзе са сьцёгнаў тваіх, ён пабудуе Дом для імя Майго”. І споўніў ГОСПАД слова Сваё, якое прамовіў, і я стаў на месца Давіда, бацькі майго, і сеў на пасадзе Ізраіля, як сказаў ГОСПАД, і пабудаваў Дом для імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля. І я паставіў там Каўчэг, у якім запавет ГОСПАДА, які заключыў Ён з сынамі Ізраіля». І стаў ён перад ахвярнікам ГОСПАДА насупраць усёй царквы Ізраіля, і выцягнуў рукі свае, бо Салямон зрабіў амбону мядзяную і паставіў яе сярод панадворку; даўжыня ейная пяць локцяў, і шырыня ейная пяць локцяў, і вышыня ейная тры локці. І ён стаў на ёй, і ўпаў на калені свае насупраць усёй царквы, і выцягнуў рукі свае да неба, і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля! Няма Бога, падобнага да Цябе, ані ў небе, ані на зямлі. Ты захоўваеш запавет і міласэрнасьць да слугаў Тваіх, якія ходзяць перад абліччам Тваім усім сэрцам сваім. Ты споўніў слузе Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты сказаў яму; што сказаў Ты вуснамі Тваімі, тое ў дзень гэты споўніў рукою Тваёй. І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, споўні слузе Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты сказаў яму, кажучы: “Ня будзе забраны ў цябе муж перад абліччам Маім, які сядзіць на пасадзе Ізраіля, калі толькі сыны твае будуць захоўваць шляхі свае, каб хадзіць паводле закону Майго так, як ты хадзіў перад абліччам Маім”. І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, няхай будзе зьдзейсьнена слова Тваё, якое Ты сказаў слузе Твайму Давіду. Бо, сапраўды, ці Бог будзе жыць з чалавекам на зямлі? Калі неба і нябёсы нябёсаў ня могуць агарнуць Цябе, тым менш [можа] Дом гэты, які я пабудаваў. Але ўзглянь на малітву слугі Твайго і на маленьне ягонае, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Пачуй кліканьне і малітву, якімі слуга Твой моліцца перад абліччам Тваім. Няхай будуць вочы Твае адчыненыя на Дом гэты ўдзень і ўначы, на месца, пра якое Ты сказаў, што імя Тваё пакладзеш там, каб чуць малітву, якою слуга Твой будзе маліцца на месцы гэтым. І Ты пачуй маленьні слугі Твайго і народу Твайго Ізраіля, якімі яны будуць маліцца на месцы гэтым, пачуй з месца знаходжаньня Твайго, з нябёсаў, пачуй і прабач! Калі саграшыць чалавек супраць бліжняга свайго, і будуць вымагаць ад яго прысягі, каб ён прысягнуў, і будзе адбывацца прысяга перад ахвярнікам Тваім у Доме гэтым, Ты пачуй з неба, і зрабі, і судзі слугаў Тваіх, зьвяртаючы бязбожнаму, каб прыйшоў шлях ягоны на галаву ягоную, і апраўдваючы праведнага, даючы яму паводле праведнасьці ягонай. Калі народ Твой Ізраіль будзе пабіты перад абліччам ворага, бо ён саграшыў перад Табою, і яны навернуцца, і будуць славіць імя Тваё, і будуць маліцца, і будуць прасіць перад абліччам Тваім у Доме гэтым, Ты пачуй з неба, і прабач грэх народу Твайго Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў ім і бацькам іхнім. Калі будзе замкнутае неба і ня будзе дажджу за тое, што яны саграшылі перад Табою, і будуць яны маліцца на месцы гэтым, і будуць славіць імя Тваё, і адвернуцца ад грахоў сваіх, бо Ты пакараў іх, Ты пачуй з неба і прабач грэх слугаў тваіх і народу Твайго Ізраіля, навучыўшы іх шляху добраму, па якім яны будуць ісьці, і пашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну. Калі будзе голад на зямлі, або будзе пошасьць, або будзе суша, або іржа, саранча або чэрві, або будуць прыгнятаць яго ворагі ягоныя ў зямлі, дзе брамы ягоныя, [або будзе] якая бяда ці якая хвароба, кожную малітву, кожнае маленьне, якое будзе ад нейкага чалавека альбо ад усяго народу Твайго Ізраіля, калі кожны з іх адчуе бяду сваю і гора сваё, і яны выцягнуць далоні свае да Дому гэтага, Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і прабач, і дай кожнаму паводле ўсіх шляхоў ягоных, бо Ты ведаеш сэрца ягонае, бо толькі Ты ў сэрцы Тваім ведаеш сэрцы сыноў чалавечых, каб яны баяліся Цябе і хадзілі шляхамі Тваімі ўсе дні, у якія жывуць яны на абліччы зямлі, якую Ты даў бацькам нашым. І таксама чужынец, які не з народу Твайго Ізраіля, калі ён прыйдзе з зямлі далёкай дзеля імя Твайго вялікага, і рукі Тваёй магутнай, і рамяна Твайго ўзьнятага, і прыйдзе, і будзе маліцца ў Доме гэтым, Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і зрабі ўсё, пра што будзе клікаць да Цябе чужынец, каб пазналі ўсе народы зямлі імя Тваё і каб баяліся Цябе, як народ Твой, Ізраіль, каб ведалі, што імя Тваё заклікаецца над Домам гэтым, які я пабудаваў. Калі выйдзе народ Твой на вайну супраць ворагаў сваіх шляхам, якім Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Табе ў накірунку гораду гэтага, які Ты абраў, і Дому, які я пабудаваў для імя Твайго, Ты пачуй з неба малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх. Калі яны саграшаць перад Табою, бо няма чалавека, які не саграшыў бы, і Ты загневаешся на іх, і аддасі іх ворагам, і яны возьмуць іх у няволю ў зямлю далёкую або блізкую, і калі яны схамянуцца ў сэрцы сваім у зямлі, у якую будуць палонены, і навернуцца, і будуць прасіць Цябе ў зямлі няволі сваёй, кажучы: “Мы саграшылі, правініліся і былі бязбожнікамі”, і навернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй у зямлі няволі сваёй, у якой яны палонены, і будуць маліцца ў накірунку зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, і гораду гэтага, які Ты абраў, і Дому, які я пабудаваў для імя Твайго, Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх, і прабач народу Твайму, які саграшыў перад Табою. Цяпер, Божа мой, няхай будуць вочы Твае адчыненыя і вушы Твае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым. І цяпер, ГОСПАДЗЕ Божа, стань на [месца] супачынку Твайго, Ты і Каўчэг моцы Тваёй. Сьвятары Твае, ГОСПАДЗЕ Божа, няхай апрануцца ў збаўленьне, і сьвятыя Твае няхай радуюцца добраму. ГОСПАДЗЕ Божа! Не адвярні аблічча ад памазанца Твайго, узгадай пра міласэрнасьць для Давіда, слугі Твайго».
Калі скончыў Салямон малітву, зыйшоў агонь з неба, і праглынуў цэласпаленьні і ахвяры, і слава ГОСПАДА напоўніла Дом. І не маглі сьвятары ўвайсьці ў Дом ГОСПАДА, бо слава ГОСПАДА напоўніла Дом ГОСПАДА. І ўсе сыны Ізраіля, бачачы, як зыйшоў агонь і слава ГОСПАДА на Дом, упалі абліччам на зямлю, на падлогу, і пакланіліся, і выслаўлялі ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная. І валадар і ўвесь народ ахвяравалі ахвяры перад абліччам ГОСПАДА. І ахвяраваў валадар Салямон як ахвяру дваццаць дзьве тысячы валоў і сто дваццаць тысячаў авечак, і асьвяцілі Дом Божы валадар і ўвесь народ. А сьвятары стаялі на варце сваёй, і лявіты з музычнымі інструмэнтамі ГОСПАДАВЫМІ, якія зрабіў валадар Давід для праслаўленьня ГОСПАДА, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная, бо Давід выхваляў [Бога] імі. І сьвятары трубілі перад імі, і ўвесь Ізраіль стаяў. І асьвяціў Салямон сярэдзіну панадворку, які перад Домам ГОСПАДА, бо там прынёс цэласпаленьні і тлушч ахвяраў мірных, бо ахвярнік мядзяны, які зрабіў Салямон, ня мог зьмясьціць цэласпаленьняў, і ахвяраў хлебных, і тлушчу. І зрабіў Салямон у той час сьвята на сем дзён, і ўвесь Ізраіль з ім, царква вельмі вялікая, [якая сабралася] ад уваходу ў Хамат аж да ракі Эгіпецкай. І зрабілі ў восьмы дзень урачысты сход, бо асьвячэньне ахвярніка рабілі сем дзён, і сьвяткавалі сем дзён. І ў дваццаць трэці дзень сёмага месяца адпусьціў [Салямон] народ у намёты іхнія, радасных і з добрым сэрцам дзеля дабра, якое зрабіў ГОСПАД Давіду, і Салямону, і Ізраілю, народу Свайму. І скончыў Салямон Дом ГОСПАДА і дом валадара; і ў-ва ўсім, што прыйшло ў сэрца Салямону зрабіць у Доме ГОСПАДА і ў доме сваім, ён меў посьпех. І зьявіўся ГОСПАД Салямону ўначы, і сказаў яму: «Я пачуў малітву тваю і выбраў Сабе месца гэтае на Дом для ахвяраваньня. Калі Я замкну неба і ня будзе дажджу, і калі загадаю саранчы жэрці зямлю, альбо спашлю пошасьць на народ Мой, і калі ўпакорыцца народ Мой, які завецца імем Маім, і будзе маліцца і шукаць аблічча Маё, і адвернуцца ад шляхоў сваіх ліхіх, Я пачую з неба і прабачу грахі іхнія, і аздараўлю зямлю іхнюю. Цяпер вочы Мае будуць адчыненыя і вушы Мае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым. І цяпер Я выбраў і асьвяціў Дом гэты, каб імя Маё было там на вякі; і вочы Мае і сэрца Маё будуць там усе дні. І цяпер, калі ты будзеш хадзіць перад абліччам Маім, як хадзіў Давід, бацька твой, і рабіць паводле ўсяго, што Я загадаў табе, і захоўваць пастановы Мае і суды Мае, Я ўмацую пасад валадарства твайго, як Я заключыў [запавет] з Давідам, бацькам тваім, кажучы: “Ня будзе забраны ў цябе муж, які пануе ў Ізраілі”. А калі вы адвернецеся і пакінеце пастановы Мае і прыказаньні Мае, якія Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць іншым багам, і будзеце пакланяцца ім, Я выкараню вас з зямлі Маёй, якую Я даў вам, і гэты Дом, які Я асьвяціў для імя Майго, Я адкіну ад аблічча Майго і аддам яго на прыказку і насьмешку для ўсіх народаў. І Дом гэты, які быў найвышэйшы, [будзе такі, што] ўсе, якія будуць праходзіць каля яго, аслупянеюць і скажуць: “За што зрабіў так ГОСПАД зямлі гэтай і Дому гэтаму?” І скажуць: “За тое, што яны пакінулі ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і ўхапіліся за багоў іншых, і пакланяліся ім, і служылі ім, за тое Ён навёў на іх усё гэтае ліха”».
І сталася па заканчэньні дваццатага году, калі Салямон пабудаваў Дом ГОСПАДА і дом свой, што тыя гарады, якія даў Салямону Хурам, забудаваў Салямон і пасяліў там сыноў Ізраіля. І пайшоў Салямон у Хамат-Цову, і перамог яе. І забудаваў ён Тадмор у пустыні, і ўсе гарады сьвірнаў, якія пабудаваў у Хамаце. І ён забудаваў Бэт-Харон верхні і Бэт-Харон ніжні, гарады ўмацаваныя, з мурамі, брамамі і заваламі, і Баалат, і ўсе гарады сьвірнаў, якія былі ў Салямона, і ўсе гарады калясьніцаў, і гарады вершнікаў, і ўсё, што надумаў Салямон пабудаваць у Ерусаліме, і на Лібане, і ў-ва ўсёй зямлі панаваньня свайго. Увесь народ, які застаўся з Хетаў, Амарэйцаў, Пэрэзэяў, Гівеяў, якія не з Ізраіля, з сыноў іхніх, якія засталіся пасьля іх у зямлі, якіх ня зьнішчылі сыны Ізраіля, зрабіў Салямон даньнікамі аж да сёньняшняга дня. А сыноў Ізраіля не зрабіў Салямон слугамі пры працы сваёй, бо яны [былі] людзьмі вайсковымі і начальнікамі выбранцоў, і начальнікамі над калясьніцамі ягонымі і вершнікамі ягонымі. І яны былі князямі-намесьнікамі, якія ў валадара Салямона, — дзьвесьце пяцьдзясят, якія мелі ўладу над народам. І перавёў Салямон дачку фараона з гораду Давіда ў дом, які пабудаваў для яе; бо ён казаў: «Ня будзе жыць жонка мая ў доме Давіда, валадара Ізраіля, бо ён сьвяты, бо ўвайшоў у яго Каўчэг ГОСПАДА». Тады Салямон узносіў цэласпаленьні для ГОСПАДА на ахвярніку ГОСПАДА, які ён пабудаваў перад прысенкам, і паводле парадку дня кожны ўзносіў [ахвяры] паводле прыказаньня Майсея ў суботы, у маладзік і на ўрачыстыя сьвяты, тройчы ў год: у сьвята Праснакоў, і ў сьвята Тыдняў, і ў сьвята Намётаў. І ўстанавіў ён паводле вызначэньня Давіда, бацькі свайго, чэргі сьвятароў для служэньня іхняга і лявітаў паводле абавязкаў іхніх, хваліць і паслугаваць пры сьвятарах, паводле парадку дня на кожны дзень, і прыдзьвернікаў паводле чаргі іхняй пры кожнай браме, бо такое прыказаньне Давіда, чалавека Божага. І не адыходзілі ад прыказаньня валадара адносна сьвятароў і лявітаў у-ва ўсякай справе і адносна скарбонкі. Гэтак была зроблена ўся праца Салямона ад дня закладаньня Дому ГОСПАДА аж да поўнага заканчэньня Дому ГОСПАДА. Тады пайшоў Салямон у Эцыён-Гэбэр і ў Элят, які на беразе мора, у зямлі Эдом. І прыслаў яму Хурам праз рукі слугаў сваіх караблі і слугаў, якія былі знаўцамі мора, і яны паплылі са слугамі Салямона ў Афір, і ўзялі адтуль чатырыста пяцьдзясят талентаў золата, і прывезьлі да валадара Салямона.
І валадарка Шэвы пачула пра славу Салямона, і прыйшла ў Ерусалім, каб выспрабаваць Салямона загадкамі, з вельмі вялікім багацьцем і з вярблюдамі, якія несьлі пахошчы і мноства золата і каштоўных камянёў. І прыйшла яна да Салямона, і размаўляла з ім пра ўсё, што было ў яе ў сэрцы. І растлумачыў Салямон ёй усе пытаньні ейныя, і не было нічога невядомага Салямону, што ён не патлумачыў ёй. І ўбачыла валадарка Шэвы мудрасьць Салямона і дом, які ён пабудаваў, і ежу на стале ягоным, і дамы слугаў ягоных, і паставу паслугачоў ягоных, і адзеньні іхнія; таксама чашнікаў ягоных і адзеньне іхняе, і сходы, па якіх ён узыходзіў у Дом ГОСПАДА, і была яна ў захапленьні. І сказала яна валадару: «Праўдзівае тое слова, якое я чула ў зямлі маёй пра справы твае і пра мудрасьць тваю. І я ня верыла словам пра іх, пакуль не прыйшла і ня ўбачыла вачыма сваімі. І вось, не распавялі мне нават паловы пра мноства мудрасьці тваёй. Ты пераўзыходзіш тыя весткі, якія я чула. Шчасьлівыя людзі твае, і шчасьлівыя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад абліччам тваім і слухаюць мудрасьць тваю! Няхай будзе дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог твой, Які меў ласку для цябе, каб даць табе пасад Свой як валадару ў ГОСПАДА, Бога твайго, паводле любові Бога твайго да Ізраіля, каб умацаваць яго на вякі, і Ён паставіў цябе як валадара над ім, каб чыніць суд і праведнасьць». І яна падаравала валадару сто дваццаць талентаў золата і вялікае мноства пахошчаў і камянёў каштоўных; і не было такіх пахошчаў, як тыя, што падаравала валадарка Шэвы валадару Салямону. І таксама слугі Хурама і слугі Салямона, якія прывозілі золата з Афіру, прывезьлі дрэва сандалавае і камяні каштоўныя. І зрабіў валадар з дрэва сандалавага сходы ў Доме ГОСПАДА і ў доме валадара, і гусьлі, і псалтыры для сьпевакоў. І ня бачна было падобнага да іх уперад у зямлі Юды. І валадар Салямон даў валадарцы Шэвы ўсё, што яна зажадала і што прасіла, апрача таго, што яна прывезла валадару. І яна выправілася [назад], і пайшла ў зямлю сваю, яна і слугі ейныя. А вагі золата, якое прыходзіла да Салямона за адзін год, было шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талентаў золата, акрамя таго, што прыносілі падарожнікі і купцы. І ўсе валадары Арабскія, і намесьнікі Краю прыносілі золата і срэбра Салямону. І зрабіў Салямон дзьвесьце вялікіх шчытоў з кутага золата, шэсьцьсот [сыкляў] золата ішло на адзін шчыт, і трыста шчытоў малых з кутага золата, трыста [сыкляў] золата ішло на адзін шчыт; і паставіў іх валадар у доме з лесу Лібанскага. І зрабіў валадар вялікі пасад з косьці слановай, і пацягнуў яго чыстым золатам, і шэсьць прыступак да пасаду, і падножжа з золата, прымацаванае да пасаду, і парэнчы паабапал месца сядзеньня, і два ільвы, якія стаяць каля парэнчаў. І дванаццаць ільвоў стаяла там на шасьці прыступках з аднаго і другога боку. Не было такога зроблена ў-ва ўсіх [іншых] валадарствах. І ўсе начыньні да піцьця ў валадара Салямона [былі] з золата, і ўсе начыньні ў доме з лесу Лібанскага [былі] з золата шчырага; нічога [не было] са срэбра. Яго ў дні Салямона мелі за нішто, бо караблі валадара хадзілі ў Таршыш са слугамі Хурама, і раз на тры гады прыходзілі караблі з Таршышу, і прывозілі золата і срэбра, косьць слановую і малпаў, і паваў. І перавышаў валадар Салямон усіх валадароў зямлі багацьцем і мудрасьцю. І ўсе валадары зямлі шукалі аблічча Салямона, каб паслухаць мудрасьць ягоную, якую ўлажыў Бог у сэрца ягонае. І прыносілі яны кожны дар свой, начыньні срэбныя, і начыньні залатыя, і адзеньне, і зброю, і пахошчы, і коней, і мулаў, [адпаведную] рэч з году ў год. І меў Салямон чатыры тысячы стайняў для коней і калясьніцаў і дванаццаць тысячаў коньнікаў, і памясьціў іх у гарадах калясьнічных і пры валадары ў Ерусаліме. І панаваў ён над усімі валадарамі ад ракі аж да зямлі Філістынскай і аж да межаў Эгіпту. І зрабіў валадар срэбра ў Ерусаліме як камяні, і кедры зрабіў як сікаморы, якіх мноства ў Шэфэлі. І прыводзілі для Салямона коней з Эгіпту і з усіх земляў. А рэшта дзеяньняў Салямона, першых і апошніх, вось, яны запісаныя ў дзеях Натана прарока, і ў прароцтве Ахіі з Шыло, і ў відзежах Іддо відушчага пра Ерабаама, сына Навата. І валадарыў Салямон у Ерусаліме над усім Ізраілем сорак гадоў. І супачыў ён з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда, бацькі ягонага. І валадарыў Рэхабаам, сын ягоны, замест яго.
І пайшоў Рэхабаам у Сыхем, бо ў Сыхем зыйшоўся ўвесь Ізраіль, каб паставіць яго за валадара. І сталася, што пачуў пра гэта Ерабаам, сын Навата, а ён быў у Эгіпце, куды ўцёк ад аблічча валадара Салямона, і вярнуўся Ерабаам з Эгіпту. І паслалі, і паклікалі яго; і прыйшоў Ерабаам і ўвесь Ізраіль, і прамовілі да Рэхабаама, кажучы: «Бацька твой зрабіў цяжкім ярмо нашае, а ты зрабі лягчэйшымі цяжкія работы бацькі свайго і ярмо ягонае цяжкае, якое ён узлажыў на нас, і мы будзем служыць табе». І ён сказаў ім: «Яшчэ тры дні і зноў вернецеся да мяне». І адыйшоў народ. І радзіўся валадар Рэхабаам са старшынямі [народу], якія стаялі перад абліччам Салямона, бацькі ягонага, за жыцьця ягонага, кажучы: «Якім словам вы парадзіце адказаць народу гэтаму?» І яны прамовілі да яго, кажучы: «Калі ты будзеш добры для народу гэтага, і будзеш зычлівым да іх, і прамовіш да іх словы добрыя, яны будуць для цябе слугамі ўсе дні». Але ён адкінуў раду старшыняў, якую яны радзілі яму, і радзіўся ў юнакоў, якія расьлі разам з ім, стоячы перад абліччам ягоным, і сказаў ім: «Што вы парадзіце, [якое] слова сказаць народу гэтаму, які прамовіў да мяне, кажучы: “Зрабі лягчэйшым ярмо, якое налажыў на нас бацька твой”?» І сказалі яму юнакі, якія расьлі разам з ім, кажучы: «Гэтак адкажы народу, які прамовіў да цябе, кажучы: “Бацька твой зрабіў цяжкім ярмо нашае, а ты дай палёгку нам”, гэтак адкажы ім: “Мезенец мой таўсьцейшы за сьцёгны бацькі майго. І цяпер, бацька мой налажыў на вас ярмо цяжкае, а я павялічу ярмо вашае; бацька мой караў вас пугамі, а я [буду караць] скарпіёнамі”». І прыйшоў Ерабаам і ўвесь народ да Рэхабаама на трэці дзень, як гаварыў валадар, кажучы: «Вярніцеся да мяне на трэці дзень». І валадар адказаў ім сувора, і адкінуў валадар Рэхабаам раду старшыняў [народу], і прамовіў да іх паводле рады юнакоў, кажучы: «Бацька мой зрабіў цяжкім ярмо вашае, а я дадам да яго; бацька мой караў вас пугамі, а я [буду караць] скарпіёнамі». І не паслухаў валадар народу, бо гэта было спрычынена Богам, каб ГОСПАД споўніў слова Сваё, якое прамовіў праз Ахію з Шыло да Ерабаама, сына Навата. І ўвесь Ізраіль убачыў, што валадар яго ня слухае, і адказаў народ валадару, кажучы: «Якая нашая частка ў Давідзе? Няма нам спадчыны з сынам Есэя! Па намётах сваіх, Ізраіль! Цяпер глядзі на дом свой, Давідзе!» І разыйшоўся ўвесь Ізраіль у намёты свае. І сыны Ізраіля жылі ў гарадах Юды, і валадарыў над імі Рэхабаам. І паслаў валадар Рэхабаам Гадарама, які [быў наглядчыкам] над данінаю, але сыны Ізраіля закідалі яго камянямі, і ён памёр. І валадар Рэхабаам пасьпяшаўся сесьці ў калясьніцу, каб уцячы ў Ерусалім. І адыйшоў Ізраіль ад дому Давіда аж па сёньняшні дзень.
І прыйшоў Рэхабаам у Ерусалім, і сабраў з дому Юды і Бэн’яміна сто восемдзясят тысячаў выбраных ваяроў, каб ваяваць з Ізраілем і вярнуць валадарства Рэхабааму. І было слова ГОСПАДА да Шэмаі, чалавека Божага, кажучы: «Скажы Рэхабааму, сыну Салямона, валадару Юды, і ўсяму Ізраілю ў Юдзе і Бэн’яміне, кажучы: “Гэтак кажа ГОСПАД. Не выходзьце і не ваюйце з братамі сваімі. Вярніцеся кожны ў дом свой, бо ад Мяне сталася рэч гэтая”». І яны паслухалі словаў ГОСПАДА, і вярнуліся з паходу на Ерабаама. І жыў Рэхабаам у Ерусаліме, і пабудаваў цьвярдыні ў гарадах Юды. І ён пабудаваў [іх] у Бэтлееме, Этаме, Тэкоа, Бэтцуры, Сахо, Адуляме, Гаце, Марэшы, Зіфе, Адараіме, Ляхішы, Азэцы, Цоры, Аялоне і Хеўроне, якія былі ў Юдзе і Бэн’яміне гарадамі ўмацаванымі. І ўмацаваў ён гэтыя крэпасьці, і даў ім начальнікаў, і склады харчоў, алею і віна, і ў-ва ўсіх гарадах злажыў шчыты і дзіды, і вельмі моцна іх умацаваў. І былі ў яго Юда і Бэн’ямін. І сьвятары і лявіты, якія [былі] ў-ва ўсёй зямлі Ізраіля, зьбіраліся да яго з усіх межаў сваіх; бо пакінулі Лявіты пашы свае і ўласнасьць сваю, і прыйшлі ў Юду і ў Ерусалім, бо Ерабаам і сыны ягоныя адсунулі іх ад сьвятарства ГОСПАДАВАГА, і прызначылі ў сябе сьвятароў для ўзгоркаў і для казлоў, і для быкоў, якіх ён зрабіў. А за імі з усіх каленаў Ізраіля тыя, што аддалі сэрцы свае, каб шукаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, прыходзілі ў Ерусалім, каб складаць ахвяры ГОСПАДУ, Богу бацькоў сваіх. І ўмацавалі яны валадарства Юды, і зрабілі за тры гады мацнейшым Рэхабаама, сына Салямона, бо хадзілі шляхам Давіда і Салямона гэтыя тры гады. І ўзяў сабе Рэхабаам за жонку Махалят, дачку Ерымота, сына Давіда, і Абігайль, дачку Эліява, сына Есэя. І яна нарадзіла яму сыноў: Еуша, Шэмарыю і Загама. А пасьля яе ён узяў Мааху, дачку Абсалома, і яна нарадзіла яму Абію, Аттая, Зізу і Шэляміта. І любіў Рэхабаам Мааху, дачку Абсалома, больш за ўсіх жонак сваіх і наложніцаў сваіх, бо ён узяў васямнаццаць жонак і шэсьцьдзясят наложніцаў, і нарадзіў дваццаць восем сыноў і шэсьцьдзясят дачок. І паставіў Рэхабаам Абію, сына Маахі, за начальніка над братамі ягонымі, каб паставіць яго за валадара. І ён дзейнічаў разумна, і разьмясьціў усіх сыноў па ўсіх землях Юды і Бэн’яміна, у-ва ўсіх гарадах умацаваных, і даў ім шмат харчоў, і пазнаходзіў [ім] шмат жонак.
І сталася, калі ўмацавалася валадарства Рэхабаама, і ён стаў дужым, пакінуў ён Закон ГОСПАДА, і ўвесь Ізраіль з ім. І сталася ў пятым годзе валадара Рэхабаама, што ўзыйшоў Шышак, валадар Эгіпту, на Ерусалім, бо яны былі няверныя ГОСПАДУ, з тысяча двумастамі калясьніцамі і шасьцюдзесяцьцю тысячамі вершнікаў; і не было ліку народу, які прыйшоў з ім з Эгіпту, — Лібійцам, Суккійцам і Кушанам. І ён здабыў гарады ўмацаваныя ў Юдзе, і прыйшоў да Ерусаліму. І Шэмая прарок прыйшоў да Рэхабаама і князёў Юды, якія сабраліся ў Ерусаліме, [уцякаючы] перад абліччам Шышака, і сказаў ім: «Гэта кажа ГОСПАД. Вы пакінулі Мяне, і таму Я пакіну вас у руцэ Шышака». І ўпакорыліся князі Ізраіля і валадар, і сказалі: «Праведны ГОСПАД!» І калі ўбачыў ГОСПАД, што яны ўпакорыліся, было слова ГОСПАДА да Шэмаі, кажучы: «Яны ўпакорыліся. Я ня выгублю іх і дам неўзабаве ратунак, і ня выльецца гнеў Мой на Ерусалім праз руку Шышака, бо яны будуць слугамі ягонымі і даведаюцца, што значыць Мне і служыць валадарствам зямным». І ўзыйшоў Шышак, валадар Эгіпту, на Ерусалім, і забраў скарбы Дому ГОСПАДА і скарбы дому валадара, і ён узяў усё, і забраў шчыты залатыя, якія зрабіў Салямон. І зрабіў валадар Рэхабаам замест іх шчыты мядзяныя, і аддаў іх у рукі начальніку ганцоў, якія сьцераглі ўваход у дом валадара. І было, што калі валадар уваходзіў у Дом ГОСПАДА, прыходзілі ганцы, і несьлі іх, а [потым] адносілі іх у камору ганцоў. І калі ён упакорыўся, тады адвярнуўся ад яго гнеў ГОСПАДА, і Ён ня зьнішчыў яго аж да загубленьня; і таксама ў Юдзе ішлі справы добра. І ўмацаваўся валадар Рэхабаам у Ерусаліме, і валадарыў; бо сорак адзін год было Рэхабааму, калі ён заваладарыў, і сямнаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які выбраў ГОСПАД з усіх каленаў Ізраіля, каб там было імя Ягонае. А імя маці ягонай — Наама Аманянка. І рабіў ён ліхоту, бо не падрыхтаваў сэрца свайго, каб шукаць ГОСПАДА. І дзеяньні Рэхабаама, першыя і апошнія, вось, яны запісаныя ў дзеях Шэмаі прарока і Іддо відушчага ў сьпісах радаводных. І [былі] войны ў Рэхабаама з Ерабаамам усе дні. І супачыў Рэхабаам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давіда. І заваладарыў Абія, сын ягоны, замест яго.
У васямнаццатым годзе валадара Ерабаама заваладарыў Абія над Юдаю. Тры гады ён валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай — Міхая, дачка Урыэля з Гівы. І была вайна паміж Абіям і Ерабаамам. І скіраваў Абія на вайну войска, ваяроў спраўных чатырыста тысячаў выбранцоў; а Ерабаам выйшаў супраць яго на вайну з васьмістамі тысячамі выбранцоў, ваяроў мужных. І стаў Абія на вяршыні гары Цэмараім, якая ў гарах Эфраіма, і сказаў: «Паслухайце мяне, Ерабаам і ўвесь Ізраіль! Ці ж вы ня ведаеце, што ГОСПАД, Бог Ізраіля, даў валадарства Давіду над Ізраілем на вякі, яму і сынам ягоным, як запавет солі? І паўстаў Ерабаам, сын Навата, слуга Салямона, сына Давіда, і збунтаваўся супраць гаспадара свайго. І сабраліся да яго людзі пустыя, сыны Бэліяла, і ўмацаваліся супраць Рэхабаама, сына Салямона. А Рэхабаам быў малады і слабы сэрцам, і ня вытрымаў перад абліччам іхнім. І цяпер вы кажаце, што вытрымаеце перад абліччам валадарства ГОСПАДА, [якое] ў руцэ сыноў Давіда, і вас вялікае мноства, і з вамі быкі залатыя, якіх Ерабаам зрабіў для вас як багоў. Ці ж ня вы выгналі сьвятароў ГОСПАДА, сыноў Аарона, і лявітаў, і нарабілі для сябе сьвятароў, як [робяць] народы земляў [гэтых]? Кожны, хто прыходзіць, каб напоўніць руку сваю, з цялём, маладым бычком і з сямёма баранамі, становіцца сьвятаром для таго, хто ня ёсьць Богам. А мы [маем] ГОСПАДА, Бога нашага, і мы не пакінулі Яго, і сьвятары, якія служаць ГОСПАДУ — сыны Аарона, і лявіты пры працы сваёй. І яны складаюць ГОСПАДУ цэласпаленьні кожную раніцу, і кожны вечар — пахкае кадзіла, і хлябы пакладныя — на стале чыстым, і сьвечнік залаты і лямпы ягоныя запальваюць кожны вечар, бо мы захоўваем загады ГОСПАДА, Бога нашага, а вы пакінулі Яго. І вось, з намі на чале Бог, і сьвятары Ягоныя, і трубы гучныя, каб трубіць супраць вас. Сыны Ізраіля, не ваюйце з ГОСПАДАМ, Богам бацькоў вашых, бо не пераможаце». І Ерабаам выправіў засаду, каб зайшла ззаду іх, і быў ён перад абліччам Юды, а засада — ззаду іх. І павярнуўся Юда, і вось, у іх бітва сьпераду і ззаду. І клікалі яны да ГОСПАДА, і сьвятары затрубілі ў трубы. І закрычалі людзі Юды. І сталася, калі закрычалі людзі Юды, Бог ударыў Ерабаама і ўсяго Ізраіля перад абліччам Абіі і Юды. І ўцяклі сыны Ізраіля перад абліччам Юды, і аддаў іх Бог у руку іхнюю. І ўдарылі іх Абія і народ ягоны паразаю вялікаю, і ўпала забітых у Ізраілі пяцьсот тысячаў мужоў выбраных. І былі ўпакораныя сыны Ізраіля ў той час, і былі ўмацаваныя сыны Юды, бо яны абапіраліся на ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх. І гнаўся Абія за Ерабаамам, і здабыў у яго гарады: Бэтэль і вёскі ягоныя, і Ешану і вёскі ейныя, і Эфрон і вёскі ягоныя. І не аднавіў ужо сілу Ерабаам у дні Абіі. І ўдарыў яго ГОСПАД, і ён памёр. І ўмацаваўся Абія, і ўзяў чатырнаццаць жонак, і нарадзіў дваццаць два сыны і шаснаццаць дачок. А рэшта дзеяньняў Абіі, і шляхі ягоныя, і словы ягоныя запісаныя ў гісторыі прарока Іддо.
І супачыў Абія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда. І заваладарыў Аса, сын ягоны, пасьля яго. У дні ягоныя была ў супакоі зямля дзесяць гадоў. І рабіў Аса добрае і слушнае ў вачах ГОСПАДА, Бога свайго. І прыбраў ён ахвярнікі чужых [багоў], і ўзгоркі, і разьбіў слупы, і пасьсякаў [сьвятыя] гаі. І сказаў да Юды, каб шукалі ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і выконвалі Закон і прыказаньні. І прыбраў ён у-ва ўсіх гарадах Юды ўзгоркі і выявы сонца. І было ў супакоі валадарства перад абліччам ягоным. І пабудаваў ён гарады ўмацаваныя ў Юдзе, бо была ў супакоі зямля, і не было ў яго вайны ў тыя гады, бо ГОСПАД даў яму супакой. І сказаў ён Юдзе: «Пабудуем гарады гэтыя, і аточым [іх] мурамі і вежамі, брамамі і заваламі, пакуль зямля наша перад абліччам нашым, бо мы шукалі ГОСПАДА, Бога нашага. Мы шукалі [Яго], і Ён даў нам супакой навокал». І яны будавалі, і мелі посьпех. І было ў Асы войска: тых, якія носяць вялікія шчыты і дзіды — трыста тысячаў, і з Бэн’яміна тых, якія носяць шчыты і нацягваюць лук — дзьвесьце восем тысячаў, усе яны — ваяры мужныя. І выйшаў на іх Зэрах Кушанін з войскам, [якое мела] тысячу тысячаў і трыста калясьніцаў, і дайшоў да Марэшы. І выйшаў Аса перад аблічча ягонае, і пашыхтаваліся на бітву ў даліне Цэфат каля Марэшы. І клікаў Аса да ГОСПАДА, Бога свайго, і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, няма [нікога], акрамя Цябе, каб дапамагчы шматлікаму, [або таму, хто] ня мае сілы. Дапамажы нам, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, бо мы на Цябе спадзяемся і ў імя Тваё мы выйшлі супраць мноства гэтага. ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог наш! Няхай ня спыніць Цябе чалавек». І пабіў ГОСПАД Кушанаў перад абліччам Асы і перад абліччам Юды, і ўцякалі Кушане. І гнаў іх Аса і народ, які быў з ім, аж да Герару, і падалі Кушане, ажно ў іх нікога не [засталося] жывога, бо яны былі зьнішчаныя перад абліччам ГОСПАДА і перад абліччам табару Ягонага. І панесьлі яны здабычы вялікае мноства. І пабілі яны ўсе гарады вакол Герару, бо напаў на іх жах перад ГОСПАДАМ; і рабавалі ўсе гарады, бо шмат здабычы было ў іх. І таксама намёты [пастухоў] статкаў яны зьнішчылі, і забралі мноства авечак і вярблюдаў, і вярнуліся ў Ерусалім.
Дух Божы быў на Азарыі, сыне Адэда. І выйшаў ён перад аблічча Асы, і сказаў яму: «Паслухайце мяне, Аса і ўвесь Юда і Бэн’ямін. ГОСПАД з вамі, калі вы будзеце з Ім; і калі будзеце шукаць Яго, Ён дасьць вам знайсьці Сябе; калі ж вы пакінеце Яго, Ён пакіне вас. І шмат дзён Ізраіль быў бяз Бога праўдзівага, і без сьвятара-вучыцеля, і без Закону. І зьвярнуліся яны ў прыгнёце сваім да ГОСПАДА, Бога Ізраіля, і шукалі Яго, і Ён даў ім знайсьці Сябе. А ў тыя часы не было супакою ані таму, хто выйшаў, ані таму, хто прыйшоў, бо вялікая трывога была ў-ва ўсіх жыхароў зямлі. І ваяваў народ супраць народу, і горад супраць гораду, таму што Бог бянтэжыў іх усякімі бядотамі. Але вы будзеце моцныя, і няхай ня слабнуць рукі вашыя, бо ёсьць нагарода за ўчынкі вашыя». І калі Аса пачуў словы гэтыя і прароцтва [сына] Абэда, прарока, ён умацаваўся і выкінуў брыдоту з усёй зямлі Юды, і з Бэн’яміна, і з гарадоў, якія ён здабыў на гары Эфраіма, і аднавіў ахвярнік ГОСПАДА, які перад прысенкам ГОСПАДА. І сабраў ён усяго Юду і Бэн’яміна, і тых, што жылі з імі з Эфраіма, з Манасы і з Сымона, бо мноства іх перайшло з Ізраіля, калі яны ўбачылі, што ГОСПАД, Бог ягоны, з ім. І сабраліся яны ў Ерусаліме ў трэці месяц пятнаццатага году валадараньня Асы. І ахвяравалі яны ГОСПАДУ ў той дзень са здабычы, якую прывялі, з валоў — сямсот і з авечак — сем тысячаў, і ўвайшлі ў запавет, каб шукаць ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, усім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй. І кожны, хто ня будзе шукаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, мае памерці, ад малога аж да вялікага і ад мужчыны аж да жанчыны. І прысягалі яны ГОСПАДУ голасам вялікім з гуканьнем, з гукам] трубаў і [гукам] рагоў. І радаваўся ўвесь Юда з прысягі гэтай, бо яны прысягалі ўсім сэрцам сваім, і ўсім жаданьнем сваім шукалі Яго, і Ён даў ім знайсьці Сябе. І даў ім ГОСПАД супакой навокал. І нават Мааху, маці Асы, валадар пазбавіў годнасьці валадарскай за тое, што яна зрабіла ідала Астарты. І пасек Аса ідала, і патоўк, і спаліў каля ручая Кедрон. Але ўзгоркі не былі зьнішчаныя ў Ізраілі, аднак сэрца Асы было цалкам [з Госпадам] усе дні ягоныя. І прынёс ён у Дом Божы рэчы пасьвячоныя бацькі свайго і рэчы пасьвячоныя свае — срэбра і золата, і посуд. І не было вайны да трыццаць пятага году валадараньня Асы.
У трыццаць шостым годзе валадараньня Асы пайшоў Бааша, валадар Ізраіля, супраць Юды, і пачаў будаваць Раму, каб не дазволіць выходзіць ад Асы, валадара Юды, ані прыходзіць. І вынес Аса срэбра і золата са скарбніцы Дому ГОСПАДА і дому валадара, і паслаў да Бэн-Гадада, валадара Сірыі, які жыў у Дамаску, кажучы: «Запавет [ёсьць] паміж мною і табою, паміж бацькам маім і бацькам тваім. Вось, я пасылаю табе срэбра і золата. Пайдзі, паруш запавет твой з Баашам, валадаром Ізраілю, і ён адступіцца ад мяне». І паслухаў Бэн-Гадад валадара Асу, і паслаў начальнікаў войска, якія ў яго, супраць гарадоў Ізраіля, і яны зруйнавалі Іён, Дан, Абэль-Маім і ўсе сьвірны [запасаў] у гарадах Нэфталі. І сталася, калі пачуў [пра гэта] Бааша, ён пакінуў будаваць Раму і спыніў працу сваю. І валадар Аса сабраў усяго Юду, і яны вынесьлі камяні з Рамы і дрэвы ейныя, якія ўжываў Бааша на будоўлю, і ён пабудаваў з іх Гіву і Міцпу. У той час прыйшоў Ханані, відушчы, да Асы, валадара Юды, і сказаў яму: «За тое, што ты абапіраўся на валадара Сірыі, а не абапіраўся на ГОСПАДА, Бога твайго, войска валадара Сірыі ўцякло з рукі тваёй. Ці не былі Кушане і Лібійцы войскам вялікім з калясьніцамі і вершнікамі вельмі шматлікімі? Але калі ты абапёрся на ГОСПАДА, Ён аддаў іх у руку тваю. Бо ГОСПАД вачыма Сваімі абыходзіць усю зямлю, каб умацоўваць тых, чыё сэрца цалкам з Ім. Дрэнна ты зрабіў. Бо цяпер будуць у цябе войны». І зазлаваўся Аса на відушчага, і кінуў яго ў вязьніцу, бо ён быў загневаны на яго з гэтай прычыны. І ўціскаў Аса [некаторых] з народу ў гэты час. І вось дзеяньні Асы, першыя і апошнія, і вось, яны запісаныя ў Кнізе валадароў Юды і Ізраілю. І захварэў Аса на ногі ў трыццаць дзявятым годзе валадараньня свайго, і хвароба ягоная была цяжкая, але нават у хваробе сваёй ён шукаў ня ГОСПАДА, але лекараў. І супачыў Аса з бацькамі сваімі, і памёр у сорак першым годзе валадараньня свайго. І пахавалі яго ў магіле ягонай, якую ён выкапаў сабе ў горадзе Давіда; і палажылі яго на ложку, які быў напоўнены пахошчамі і рознымі масьцямі, прыгатаванымі работай мяшальніка масьцяў, і спалілі іх для яго агнём вельмі вялікім.
І заваладарыў Язафат, сын ягоны, пасьля яго; і ён умацаваўся супраць Ізраіля. І паставіў ён войска ў-ва ўсіх гарадах Юды, і паставіў залогі ў зямлі Юды і ў гарадах Эфраіма, якія здабыў Аса, бацька ягоны. І быў ГОСПАД з Язафатам, бо ён хадзіў першымі шляхамі Давіда, бацькі свайго, і не шукаў Баалаў, бо ён шукаў Бога бацькі свайго, і хадзіў паводле прыказаньняў Ягоных, а не паводле ўчынкаў Ізраіля. І ўмацаваў ГОСПАД валадарства ў руцэ ягонай, і даваў увесь Юда дары Язафату, і было ў яго шмат багацьця і славы. І ўзьнялося сэрца ягонае на шляхах ГОСПАДА; і ён таксама прыбраў узгоркі і Астартаў у Юдзе. А ў трэці год валадараньня свайго ён паслаў князёў сваіх: Бэнхаіла, Абадыю, Захарыю, Натанаэля і Міхаю, каб яны вучылі ў гарадах Юды. І з імі лявітаў: Шэмаю, Нэтанію, Зэвадыю, Асаэля, Шэмірамота, Еганатана, Адонію, Товію і Тоў-Адонію, лявітаў, і з імі Элішаму і Егарама, сьвятароў. І яны вучылі ў Юдзе, і з імі [была] кніга Закону ГОСПАДА; і абыходзілі яны ўсе гарады Юды, і навучалі ў іх. І быў страх ГОСПАДА на ўсіх валадарствах земляў, якія навокал Юды, і не ваявалі з Язафатам. І ад Філістынцаў прыносілі Язафату дары і срэбра як даніну; таксама Арабы прыганялі да яго авечак, бараноў сем тысячаў сямсот і казлоў сем тысячаў сямсот. І ўзьвялічыўся Язафат надзвычайна, і пабудаваў ён у Юдзе крэпасьці і гарады сьвірнаў. Шмат было ў яго працаўнікоў у гарадах Юды, і людзей вайсковых, ваяроў мужных у Ерусаліме. І вось попіс іхні паводле дамоў бацькоў іхніх. У Юды князі тысячаў: Адна, князь, і з ім трыста тысячаў ваяроў мужных; і пры руцэ ягонай Егаханан, князь, і з ім дзьвесьце восемдзясят тысячаў; і пры руцэ ягонай Амасія, сын Зіхры, які прысьвяціў сябе ГОСПАДУ, і з ім дзьвесьце тысячаў ваяроў мужных. У Бэн’яміна: ваяр мужны Эліяда, і з ім узброеных лукам і шчытом дзьвесьце тысячаў; і пры руцэ ягонай Егазавад, і з ім сто восемдзясят тысячаў узброенага войска. Гэта тыя, якія служылі пры валадары, акрамя тых, якіх валадар паставіў у гарадах умацаваных у-ва ўсім Юдзе.
І было ў Язафата шмат багацьця і славы; і ён пасваячыўся з Ахавам. І пайшоў ён праз некалькі гадоў да Ахава ў Самарыю. І ахвяраваў Ахаў мноства авечак і валоў для яго і для людзей, што з ім, і намовіў яго ісьці на Рамот Гілеадзкі, І сказаў Ахаў, валадар Ізраіля, Язафату, валадару Юды: «Ці пойдзеш са мною на Рамот Гілеадзкі?» Той сказаў яму: «Як ты, так і я; як народ твой, так і народ мой; і я [буду] з табою на вайне». І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Спытайся сёньня слова ГОСПАДА». І сабраў валадар Ізраіля прарокаў чатырыста чалавек, і сказаў ім: «Ці ісьці нам на вайну на Рамот Гілеадзкі, ці стрымацца?» І яны сказалі: «Ідзі, і Бог аддасьць [яго] ў руку валадара». І сказаў Язафат: «Ці няма тут яшчэ прарока ГОСПАДА? І мы спытаемся ў яго». І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ёсьць адзін чалавек, каб праз яго спытацца ў ГОСПАДА; але я ненавіджу яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрае, але ўсе дні свае [прарочыць] ліхое. Гэта Міхей, сын Імлі». І сказаў Язафат: «Не кажы так, валадару». І паклікаў валадар Ізраіля аднаго эўнуха, і сказаў: «Прывядзі хутчэй Міхея, сына Імлі». А валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, сядзелі кожны на пасадзе сваім, апранутыя ў шаты валадарскія. І сядзелі яны каля ўваходу ў брамы Самарыі; і ўсе прарокі прарочылі перад імі. І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Кенааны, рогі жалезныя, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Імі будзеш бадаць Сірыйцаў, пакуль ня выгубіш іх”». І ўсе прарокі прарочылі, кажучы: «Ідзі на Рамот Гілеадзкі, і будзеш мець посьпех, і аддасьць ГОСПАД [яго] ў руку валадара». А пасланец, які пайшоў клікаць Міхея, прамовіў да яго, кажучы: «Вось, словы прарокаў аднолькава добрыя для валадара. І няхай слова тваё, прашу, будзе, як аднаго з іх, і ты гавары добрае». І сказаў Міхей: «Як жывы ГОСПАД! Што скажа мне Бог, тое я буду гаварыць». І прыйшоў ён да валадара, і сказаў яму валадар: «Міхею, ці ісьці нам на вайну на Рамот Гілеадзкі, ці стрымацца?» І той сказаў: «Ідзіце, і будзеце мець посьпех, і яны будуць аддадзены ў рукі вашыя». І сказаў яму валадар: «Колькі разоў я павінен прысягаю абавязваць цябе, каб ты гаварыў мне толькі праўду ў імя ГОСПАДА?» І ён сказаў: «Я бачыў увесь Ізраіль, расьцярушаны на гарах, як авечкі, у якіх няма пастуха. І сказаў ГОСПАД: “Няма ў іх гаспадара, няхай вернуцца кожны ў дом свой у супакоі”». І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ці не казаў я табе, што ён не прарочыць мне добрае, але толькі ліхое?» І сказаў [Міхей]: «Таму слухайце слова ГОСПАДА. Я бачыў ГОСПАДА, Які сядзеў на пасадзе Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла праваруч і леваруч Яго. І сказаў ГОСПАД: “Хто намовіць Ахава, валадара Ізраіля, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Гілеадзкім?” І казалі, і адзін казаў так, а другі казаў гэтак. І выступіў [адзін] дух, і стаў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: “Я намоўлю”. І сказаў яму ГОСПАД: “Як?” Той сказаў: “Я выйду і буду духам хлусьлівым у вуснах усіх прарокаў ягоных”. І сказаў [Госпад]: “Ты намовіш, і атрымаецца ў цябе; ідзі і зрабі гэтак”. І цяпер, вось, ГОСПАД даў духа хлусьлівага ў вусны прарокаў тваіх, і ГОСПАД прамовіў пра цябе ліхое». І наблізіўся Сэдэкія, сын Кенаана, і ўдарыў Міхея па шчацэ, і сказаў: «Якім гэта шляхам адыйшоў ад мяне Дух ГОСПАДА, каб гаварыць з табою?» І сказаў Міхей: «Вось, ты ўбачыш [гэта] ў той дзень, калі будзеш бегаць з пакою ў пакой, каб схавацца». І сказаў валадар Ізраіля: «Вазьміце Міхея, і завядзіце яго да Амона, начальніка гораду, і да Ёаша, сына валадарскага, і скажыце: “Гэта сказаў валадар. Пасадзіце яго ў вязьніцу і давайце яму хлеб скупа і ваду скупа, пакуль я вярнуся ў супакоі”». І сказаў Міхей: «Калі ты сапраўды вернешся ў супакоі, не прамаўляў ГОСПАД праз мяне». І сказаў: «Слухайце, усе людзі!» І пайшоў валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, на Рамот Гілеадзкі. І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Я пераапрануся і пайду ў бітву, а ты апрані шаты свае». І пераапрануўся валадар Ізраільскі, і яны пайшлі ў бітву. А валадар Сірыі загадаў начальнікам калясьніцаў сваіх, якія былі ў яго, кажучы: «Ня біцеся ані з малым, ані з вялікім, але толькі з валадаром Ізраіля». І сталася, што ўбачылі начальнікі калясьніцаў Язафата і сказалі: «Гэта валадар Ізраіля», — і атачылі яго, каб біцца з ім. І закрычаў Язафат, і ГОСПАД дапамог яму, і адвёў іх Бог ад яго. І сталася, што ўбачылі начальнікі калясьніцаў, што гэта не валадар Ізраіля, і павярнулі ад яго. І адзін чалавек ненарокам нацягнуў лук і трапіў у валадара Ізраіля паміж поясам і панцырам. І той сказаў возьніку: «Павярні руку тваю і вывязі мяне з табару, бо я паранены». І разгарэлася бітва ў той дзень, і валадар Ізраіля стаяў на калясьніцы супраць Сірыйцаў аж да вечара, і памёр у часе заходу сонца.
І вярнуўся Язафат, валадар Юды, у супакоі ў дом свой, у Ерусалім. І выйшаў перад аблічча ягонае Егу, сын Ханані, відушчы, і сказаў валадару Язафату: «Ці будзем дапамагаць бязбожніку і любіць тых, якія ненавідзяць ГОСПАДА? За гэта гнеў на табе ад аблічча ГОСПАДА. Аднак і рэч добрая знойдзена ў табе, бо ты зьнішчыў Астартаў у зямлі гэтай і падрыхтаваў сэрца сваё шукаць Бога». І жыў Язафат у Ерусаліме. І ён вярнуўся, і выходзіў да народу ад Бээр-Шэвы аж да гары Эфраіма, і навяртаў іх да ГОСПАДА, Бога бацькоў іхніх. І паставіў ён судзьдзяў у зямлі ў-ва ўсіх гарадах Юды, якія ўмацаваў, для кожнага гораду. І сказаў судзьдзям: «Глядзіце, што вы робіце; бо вы судзіце ня дзеля чалавека, але дзеля ГОСПАДА, і Ён з вамі ў справе суду. І цяпер, няхай страх перад ГОСПАДАМ будзе на вас. Зважайце на тое, бо няма беззаконьня ў ГОСПАДА, Бога нашага, ані зважаньня на аблічча, ані браньня хабараў». І таксама ў Ерусаліме паставіў Язафат [судзьдзяў] з лявітаў, са сьвятароў і з галоваў [дамоў] бацькоў Ізраіля для суду ГОСПАДА і для [вырашэньня] спрэчак. І яны вярнуліся ў Ерусалім. І загадаў ён ім, кажучы: «Гэтак будзеце рабіць у страху перад ГОСПАДАМ, верна і са шчырым сэрцам. І ў-ва ўсякай спрэчцы, якая прыйдзе да вас ад братоў вашых, што жывуць у гарадах сваіх, адносна крыві і крыві, адносна Закону і прыказаньня, адносна пастановаў і судоў, вы перасьцерагайце іх, каб яны не грашылі супраць ГОСПАДА і каб гнеў [Ягоны] не прыйшоў на вас і на братоў вашых. Гэтак рабіце і не саграшыце. І вось, Амарыя, сьвятар, [будзе] галавой над вамі ў кожнай справе ГОСПАДА, а Зэвадыя, сын Ізмаэля, правадыр дому Юды, [будзе] над усімі справамі валадара, а таксама лявіты [будуць] пісарамі перад абліччам вашым. Будзьце мужныя і рабіце. І няхай ГОСПАД будзе з добрым».
І сталася пасьля гэтага, прыйшлі сыны Мааву і сыны Амона, і з імі Мэуняне ваяваць з Язафатам. І прыйшлі, і паведамілі Язафату, кажучы: «Ідзе на цябе вялікае мноства з таго боку мора, з Сірыі, і вось, яны ў Хацацон-Тамары, гэта Эн-Геды». І спалохаўся Язафат, і зьвярнуў аблічча сваё, каб шукаць ГОСПАДА, і абвясьціў пост у-ва ўсім Юдзе. І сабраўся Юда шукаць ГОСПАДА, таксама з усіх гарадоў Юды прыйшлі шукаць ГОСПАДА. І стаў Язафат у царкве Юды і Ерусаліму ў Доме ГОСПАДА перад новым панадворкам, і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа бацькоў нашых! Ці ня Ты — Бог у небе? І Ты пануеш над усімі валадарствамі народаў, і ў руцэ Тваёй сіла і моц, і ніхто ня можа супрацівіцца Табе! Ці ня Ты, Божа наш, выгнаў жыхароў зямлі гэтай перад абліччам народу Твайго, Ізраіля, і аддаў яе насеньню Абрагама, сябра Твайго, на вякі? І яны пасяліліся ў ёй, і пабудавалі Табе ў ёй сьвятыню для імя Твайго, кажучы: “Калі прыйдзе на нас бяда: меч, пакараньне, пошасьць і голад, мы станем перад Домам гэтым і перад абліччам Тваім, бо імя Тваё ў Доме гэтым, і будзем клікаць да Цябе ў горы нашым, і Ты пачуеш, і выратуеш!” І цяпер, вось, сыны Амона, Мааву і [жыхары] гары Сэір, праз якіх Ты не дазволіў Ізраілю перайсьці, калі ён выходзіў з зямлі Эгіпецкай, і яны абмінулі іх, і ня зьнішчылі іх. І вось, яны плацяць нам тым, што прыйшлі выгнаць нас са спадчыны Тваёй, якую Ты даў нам як спадчыну. Божа наш! Ці Ты ня будзеш судзіць іх? Бо няма ў нас сілы супраць мноства гэтага, якое прыйшло на нас, і мы ня ведаем, што рабіць, але да Цябе вочы нашыя!» І ўвесь Юда стаяў перада абліччам ГОСПАДА, таксама дзеці іхнія, жонкі іхнія і сыны іхнія. І на Яхазіэля, сына Захарыі, сына Бэнаі, сына Еіэля, сына Маттаніі, лявіта з сыноў Асафа, зыйшоў Дух ГОСПАДА сярод царквы. І ён сказаў: «Слухайце, увесь Юда і жыхары Ерусаліму, і валадар Язафат! Гэта кажа вам ГОСПАД: “Ня бойцеся і не палохайцеся мноства гэтага вялікага, бо ня вашая вайна гэтая, але Божая. Заўтра зыйдзіце супраць іх. Вось, яны ўзыходзяць на ўзвышша Цыц, і вы знойдзеце іх на канцы даліны, перад пустыняй Еруэль. Ня вашая бітва гэтая! Вы станьце, стойце і глядзіце на збаўленьне ад ГОСПАДА для вас, Юда і Ерусалім!” Ня бойцеся і не палохайцеся. Заўтра выйдзіце перад аблічча іхняе, і ГОСПАД будзе з вамі». І пакланіўся Язафат абліччам да зямлі, і ўвесь Юда і жыхары Ерусаліму ўпалі перад абліччам ГОСПАДА, каб пакланіцца ГОСПАДУ. І ўсталі лявіты з сыноў Кегата і з сыноў Караха, каб хваліць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, голасам вялікім і ўзьнятым. І ўсталі яны рана раніцаю, і вырушылі ў пустыню Тэкоа. І калі яны выходзілі, устаў Язафат і сказаў: «Паслухайце мяне, Юда і жыхары Ерусаліму! Верце ў ГОСПАДА, Бога вашага, і будзеце непахісныя; верце прарокам Ягоным, і будзеце мець посьпех». І, радзіўся ён з народам, і паставіў сьпевакоў для ГОСПАДА, тых, якія хваляць у велічы сьвятасьці, каб яны ішлі перад узброенымі і казалі: «Выслаўляйце ГОСПАДА, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!» І ў той час, калі яны пачалі сьпевы і хвалу, ГОСПАД учыніў нязгоду ў сыноў Амона, Мааву і [жыхароў] гары Сэір, якія выйшлі супраць Юды, і яны былі пабітыя. І паўсталі сыны Амона і Мааву на жыхароў гары Сэір, каб выбіць і зьнішчыць; а калі скончылі з жыхарамі Сэіру, паўсталі адны на адных, каб зьнішчыць. І Юда прыйшоў да вартавой вежы ў пустыні, і зьвярнуўся да мноства гэтага, і вось, мёртвыя, якія ляжаць на зямлі, і няма ўратаванага. І прыйшоў Язафат і народ ягоны, каб зрабаваць здабычу іхнюю, і знайшлі ў іх мноства маёмасьці, і мёртвых, і начыньняў каштоўных, і набралі сабе [столькі], што не маглі несьці. І тры дні яны рабавалі здабычу, бо яе было шмат. А ў чацьвёрты дзень яны сабраліся ў даліне Бэраха, бо там яны дабраславілі ГОСПАДА. Дзеля гэтага назвалі імя месца таго даліна Бэраха аж да сёньня. І павярнуліся ўсе мужы Юды і Ерусаліму, і Язафат на чале іх, каб вярнуцца ў Ерусалім з радасьцю, бо ўзрадваў іх ГОСПАД [збаўленьнем] ад ворагаў іхніх. І прыйшлі яны ў Ерусалім з псалтырамі, гусьлямі і трубамі ў Дом ГОСПАДА. І быў страх Божы на ўсіх валадарствах зямлі гэтай, калі яны пачулі, што ГОСПАД ваяваў супраць ворагаў Ізраіля. І было ў супакоі валадарства Язафата, і даў яму Бог ягоны супакой навакол. І валадарыў Язафат над Юдам. Меў ён трыццаць пяць гадоў, калі заваладарыў, і валадарыў дваццаць пяць гадоў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Азува, дачка Шыльхі. І хадзіў ён шляхам бацькі свайго Асы, і не ўхіляўся з яго, робячы тое, што слушнае ў вачах ГОСПАДА. Толькі ўзгоркі не былі прыбраныя, і народ яшчэ не падрыхтаваў сэрца свайго [быць] пры Богу бацькоў сваіх. А рэшта дзеяньняў Язафата, першыя і апошнія, вось, яны запісаныя ў дзеях Егу, сына Ханані, якая далучана да Кнігі валадароў Ізраіля. А пасьля гэтага Язафат, валадар Юды, злучыўся з Ахазіем, валадаром Ізраіля, які дзейнічаў злачынна. І ён злучыўся з ім, каб будаваць караблі і хадзіць у Таршыш. І яны будавалі караблі ў Эцыён-Гэбэры. І прарочыў Эліэзэр, сын Дадавіі з Марэшы, пра Язафата, кажучы: «За тое, што ты злучыўся з Ахазіем, ГОСПАД зруйнуе працу тваю». І разьбіліся караблі, і не маглі ісьці ў Таршыш.
І супачыў Язафат з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда. І заваладарыў Егарам, сын ягоны, пасьля яго. І [былі] ў яго браты, сыны Язафата: Азарыя, Ехіэль, Захарыя, Азарыя, Міхаэль і Шэфатыя; усе яны — сыны Язафата, валадара Ізраіля. І даў ім бацька іхні вялікія дары, срэбра і золата, і каштоўныя рэчы, і гарады ўмацаваныя ў Юдзе. А валадараньне аддаў Егараму, бо ён першародны. І стаў Егарам на валадарства бацькі свайго, і ўмацаваўся, і забіў усіх братоў сваіх мячом, і таксама [некаторых] з князёў Ізраіля. Трыццаць два гады было Егараму, калі ён пачаў валадарыць, і восем гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. І хадзіў ён шляхам валадароў Ізраіля, як рабіў дом Ахава, бо дачка Ахава была жонкаю ягонай, і рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА. Але не хацеў ГОСПАД выгубіць дом Давіда дзеля запавету, які Ён заключаў з Давідам, і дзеля таго, што Ён абяцаў даць сьветач яму і сынам ягоным на ўсе дні. У дні ягоныя выйшаў Эдом з-пад рукі Юды, і яны паставілі над сабою валадара. І пайшоў Егарам з князямі сваімі, і ўсе калясьніцы ягоныя з ім, і сталася, што ён устаў уначы, і разьбіў Эдомцаў, якія атачалі яго, і начальнікаў калясьніцаў [іхніх]. Але выйшаў Эдом з-пад рукі Юды аж да дня гэтага. У той час выйшла таксама Лібна з-пад рукі ягонай, бо ён пакінуў ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх. Таксама ён рабіў узгоркі ў гарах Юды, і зрабіў распусьнікамі жыхароў Ерусаліму, і зьвёў Юду. І прыйшоў да яго ліст ад Ільлі прарока, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Давіда, бацькі твайго: “За тое, што ты не хадзіў шляхамі Язафата, бацькі твайго, ані шляхамі Асы, валадара Юды, а пайшоў шляхам валадароў Ізраіля і зрабіў распусьнікамі Юду і жыхароў Ерусаліму, як рабіў распусьнікамі [Ізраіля] дом Ахава; і братоў тваіх, дом бацькі твайго, якія былі лепшыя за цябе, ты забіў; вось, ударыць ГОСПАД плягай вялікай народ твой, і сыноў тваіх, і жонак тваіх, і ўсю маёмасьць тваю. А ты захварэеш моцна на хваробу нутра, аж будзе выходзіць [з цябе] нутро тваё з прычыны хваробы дзень пры дні”». І ўзбудзіў ГОСПАД на Егарама дух Філістынцаў і Арабаў, якія былі пад рукою Кушанаў, і яны пайшлі на Юду, і ўвайшлі ў яго, і захапілі ўсю маёмасьць, што была ў доме валадара, а таксама сыноў ягоных, і жонак ягоных; і не засталося ў яго сына, акрамя Егаахаза, найменшага з сыноў ягоных. І пасьля ўсяго гэтага ўдарыў ГОСПАД нутро ягонае хваробаю невылечнаю. І сталася так дзень пры дні, а пад канец другога году выйшла нутро ягонае з прычыны хваробы ягонай, і ён памёр у ліхой немачы; і народ ягоны не рабіў для яго [пахкіх паленьняў], як рабілі паленьне для бацькоў ягоных. Трыццаць два [гады] было яму, калі пачаў валадарыць, і ён валадарыў у Ерусаліме восем гадоў, і адыйшоў, і [ніхто] не шкадаваў. Пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не ў магілах валадарскіх.
І паставілі жыхары Ерусаліму за валадара пасьля яго Ахазію, найменшага сына ягонага, бо ўсіх старэйшых забіла дружына, якая прыходзіла з Арабамі на табар [Егарама]. І пачаў валадарыць Ахазія, сын Егарама, валадара Юды. Дваццаць два гады было Ахазіі, калі ён заваладарыў, і адзін год ён валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонае — Аталія, дачка Омры. Ён таксама хадзіў шляхамі дому Ахава, бо маці ягоная была дарадніцай ягонай у нягоднасьці. І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, як дом Ахава, бо яны былі дарадцамі ягонымі пасьля сьмерці бацькі ягонага на загубу яму. Таксама паводле рады іхняй ён выйшаў і пайшоў з Ярамам, сынам Ахава, валадаром Ізраілю, на вайну з Хазаэлем, валадаром Сірыі, у Рамот Гілеадзкі. І паранілі Сірыйцы Ярама, і вярнуўся ён у Ізраіль лячыцца ад ранаў, якія ён атрымаў у Раме, калі ваяваў з Хазаэлем, валадаром Сірыі. І Ахазія, сын Егарама, валадар Юды, прыйшоў убачыць Ярама, сына Ахава, у Ізраіль, бо той быў хворы. І ад Бога было на загубу Ахазіі, што ён прыйшоў да Ярама. І, прыйшоўшы, ён выйшаў з Ярамам супраць Егу, сына Німшы, якога памазаў ГОСПАД на выгубленьне дому Ахава. І сталася, калі Егу чыніў суд над домам Ахава, ён знайшоў князёў Юды і сыноў братоў Ахазіі, якія служылі Ахазіі, і забіў іх. І ён шукаў Ахазію, і схапілі яго, калі ён хаваўся ў Самарыі, і прывялі яго да Егу, і забілі яго, і пахавалі яго, бо казалі: «Ён — сын Язафата, які шукаў ГОСПАДА ўсім сэрцам сваім». І не было [нікога] ў доме Ахазіі, хто меў бы сілу валадарыць. І Аталія, маці Ахазіі, убачыўшы, што памёр сын ейны, устала і выгубіла ўсё насеньне валадарскае ў доме Юды. Але Егашават, дачка валадара, узяла Ёаша, сына Ахазіі, і выкрала яго спасярод забіваных сыноў валадарскіх, і завяла ў пакой спальны яго і карміцельку ягоную; і Егашават, дачка валадара Егарама, жонка Егаяды сьвятара, якая была сястрой Ахазіі, схавала [Ёаша] перад абліччам Аталіі, і тая не забіла яго. І быў ён у іх у Доме Божым хаваны шэсьць гадоў, а Аталія валадарыла ў зямлі [Юды].
А ў сёмы год умацаваўся Егаяда, і заключыў запавет з начальнікамі сотняў: Азарыяй, сынам Ерахама, Ізмаэлем, сынам Егаханана, Азарыяй, сынам Адэда, Маасэем, сынам Адая, Элішафатам, сынам Зіхры. І яны абыйшлі Юду, і сабралі лявітаў з усіх гарадоў Юды і галоваў [дамоў] бацькоў Ізраіля, і прыйшлі ў Ерусалім. І ўся царква заключыла запавет з валадаром у Доме ГОСПАДА. І [Егаяда] сказаў ім: «Вось, сын валадара мае валадарыць, як ГОСПАД сказаў пра сыноў Давіда. Гэтую рэч маеце рабіць: траціна з вас, якія прыходзяць у суботу, са сьвятароў і лявітаў, [будзе] прыдзьвернікамі пры парогах [Дому Божага], і траціна — у доме валадара, і траціна — пры браме Есод, а ўвесь народ [будзе] на панадворках Дому ГОСПАДА. І ніхто няхай не ўваходзіць у Дом ГОСПАДА, акрамя сьвятароў і лявітаў, якія служаць. Яны маюць увайсьці, бо яны — пасьвячоныя, а ўвесь народ няхай захоўвае загады ГОСПАДА. І няхай лявіты аточаць валадара вакол, кожны са зброяй сваёй у руцэ сваёй, і хто будзе ўваходзіць у Дом, няхай будзе забіты. І будзьце пры валадары, калі ён будзе ўваходзіць і выходзіць». І зрабілі лявіты і ўвесь Юда паводле ўсяго, што загадаў Егаяда сьвятар, і ўзялі кожны людзей сваіх, якія прыходзяць у суботу і якія адыходзяць у суботу, бо не адпусьціў Егаяда сьвятар чэргаў [лявітаў]. І раздаў Егаяда сьвятар начальнікам сотняў дзіды, тарчы і шчыты, якія [зрабіў] валадар Давід і якія [былі] ў Доме Божым, і паставіў увесь народ, і кожны меў зброю сваю ў руцэ сваёй, ад правага боку Дому аж да левага боку Дому, перад ахвярнікамі і каля Дому навокал валадара. І вывялі сына валадара, і ўлажылі на яго карону, і [далі яму Каўчэг] Сьведчаньня, і паставілі яго валадаром; і Егаяда і сыны ягоныя памазалі яго, і сказалі: «Няхай жыве валадар!» І пачула Аталія голас народу, які бегаў і славіў валадара, і выйшла да народу ў Дом ГОСПАДА. І ўбачыла яна, і вось, валадар стаіць на ўзвышэньні каля ўваходу, і начальнікі, і трубы пры валадары, і ўвесь народ зямлі радуецца, і трубіць у трубы, і сьпевакі з музычнымі інструмэнтамі кіруюць хвалою. І разьдзерла Аталія шаты свае, і закрычала: «Змова! Змова!» І вывеў Егаяда сьвятар начальнікаў сотняў, якія былі пастаўленыя над войскам, і сказаў ім: «Выведзіце яе з шэрагаў, а хто пойдзе за ёю, няхай будзе забіты мячом». Бо сьвятар сказаў: «Не забівайце яе ў Доме ГОСПАДА». І налажылі рукі на яе, і выйшла яна да ўваходу брамы конскай дому валадара, і там забілі яе. І Егаяда заключыў запавет паміж сабою і паміж усім народам і валадаром, каб яны былі народам ГОСПАДА. І ўвесь народ пайшоў да дому Баала, і зруйнаваў яго, і ахвярнікі ягоныя, і выявы ягоныя разьбілі, і забілі Маттана, сьвятара Баала, перад ахвярнікамі. І Егаяда перадаў урады ў Доме ГОСПАДА ў рукі сьвятароў і лявітаў, якіх Давід прызначыў у Доме ГОСПАДА ахвяраваць цэласпаленьні ГОСПАДУ, як напісана ў Законе Майсея, з радасьцю і сьпяваньнем, паводле пастановы Давіда. І паставіў ён прыдзьвернікаў каля брамаў Дому ГОСПАДА, каб не ўваходзіў ніхто нячысты. І ўзяў ён начальнікаў сотняў, магнатаў, і кіраўнікоў народу, і ўвесь народ зямлі, і вывялі валадара з Дому ГОСПАДА, і прайшлі праз браму найвышэйшую ў дом валадара, і пасадзілі валадара на пасадзе валадарскім. І радаваўся ўвесь народ зямлі, і горад быў у супакоі. А Аталію забілі мячом.
Сем гадоў было Ёашу, калі ён пачаў валадарыць, і сорак гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Цыбэя з Бээр-Шэвы. І рабіў Ёаш слушнае ў вачах ГОСПАДА ўсе дні Егаяды сьвятара. І ўзяў [Егаяда] для яго дзьве жонкі, і ён меў сыноў і дочак. І сталася пасьля гэтага, было ў сэрцы Ёаша аднавіць Дом ГОСПАДА. І сабраў ён сьвятароў і лявітаў, і сказаў ім: «Ідзіце ў гарады Юды, і зьбірайце з усяго Ізраіля срэбра на направу Дому Бога вашага год у год, і пасьпяшайцеся ў справе гэтай». Але не сьпяшаліся лявіты. І паклікаў валадар Егаяду, галаву [сьвятароў], і сказаў яму: «Чаму ты не вымагаў ад лявітаў, каб яны прыносілі з Юды і з Ерусаліму дары, [як загадаў] Майсей, слуга ГОСПАДА, і царква Ізраіля для Намёту Сьведчаньня?» Бо сыны Аталіі, гэтай бязбожніцы, уварваліся ў Дом ГОСПАДА і ўсе пасьвячоныя рэчы Дому ГОСПАДА аддалі Баалам. І сказаў валадар, і зрабілі адну скрыню, і паставілі яе ў браме Дому ГОСПАДА звонку. І абвясьцілі ў Юдзе і ў Ерусаліме, каб прыносілі ГОСПАДУ дары, [як загадаў] Майсей, слуга Божы, Ізраілю ў пустыні. І радаваліся ўсе князі і ўвесь народ, і прыносілі, і кідалі ў скрыню, аж пакуль напоўнілі. І было ў той час, што прыносілі скрыню рукамі лявітаў да ўраду валадарскага, і калі бачылі, што шмат срэбра, тады прыходзіў пісар валадарскі і прадстаўнік сьвятара найвышэйшага, і высыпалі са скрыні, і бралі яе, і адносілі яе зноў на месца сваё. Гэтак яны рабілі дзень пры дні, і сабралі шмат срэбра. І давалі яго валадар і Егаяда тым, якія рабілі працу абслугоўваньня Дому ГОСПАДА, і наймалі каменяроў і цесьляроў, каб аднаўляць Дом ГОСПАДА, а таксама майстроў жалеза і медзі, каб мацаваць Дом ГОСПАДА. І рабілі працаўнікі, і хутка ішла праца ў руках іхніх, і паставілі Дом ГОСПАДА на месцы ягоным, і ўмацавалі яго. І калі скончылі, прынесьлі рэшту срэбра перад аблічча валадара і Егаяды, і зрабілі начыньне для Дому ГОСПАДА, начыньне для служэньня і цэласпаленьня, і келіхі, і начыньне залатое і срэбнае. І прыносілі цэласпаленьні ў Доме ГОСПАДА заўсёды ў-ва ўсе дні Егаяды. І пастарэў Егаяда, і быў насычаны днямі, і памёр. Ён меў сто трыццаць гадоў, калі памёр. І пахавалі яго ў горадзе Давіда з валадарамі, бо ён рабіў добрае ў Ізраілі для Бога і для Дому Ягонага. А пасьля сьмерці Егаяды прыйшлі князі Юды, і пакланіліся валадару; тады валадар пачаў слухаць іх. І пакінулі яны Дом ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і служылі Астартам і ідалам, і прыйшоў гнеў [Божы] на Юду і на Ерусалім за гэтую правіну іхнюю. І Ён пасылаў да іх прарокаў, каб навярнуць іх да ГОСПАДА, і яны сьведчылі супраць іх, але яны не зважалі. І Дух Божы ахінуў Захарыю, сына Егаяды сьвятара, і ён стаў перад народам, і сказаў ім: «Гэта кажа Бог: “Чаму вы парушаеце прыказаньні ГОСПАДА? Ня будзеце мець посьпеху, бо вы пакінулі ГОСПАДА, і Ён пакінуў вас”». І яны змовіліся супраць яго, і закідалі камянямі паводле загаду валадара на панадворку Дому ГОСПАДА. І не ўзгадаў валадар Ёаш міласэрнасьць, якую Егаяда, бацька ягоны, зрабіў яму, і забіў сына ягонага. І, паміраючы, той сказаў: «Няхай убачыць ГОСПАД і адпомсьціць». І сталася напрыканцы году, выйшла супраць яго войска Сірыйскае, і прыйшлі ў Юду і Ерусалім, і выбілі ўсіх князёў народу спаміж народу, і ўсю здабычу сваю паслалі валадару Дамаску. Хоць войска Сірыйскае прыйшло ў малой колькасьці, але ГОСПАД даў сілу вельмі вялікую ў рукі іхнія, бо [Юда] пакінуў ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і яны ўчынілі суды над Ёашам. І калі адыйшлі ад яго, пакінуўшы яго ў шматлікіх хваробах, слугі ягоныя змовіліся супраць яго за кроў сыноў Егаяды сьвятара, і забілі яго на ложку ягоным, і ён памёр. І пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не пахавалі яго ў магіле валадарскай. А гэта тыя, якія змовіліся супраць яго: Завад, сын Шымэаты Аманянкі, і Егазавад, сын Шымрыт Мааўлянкі. А пра сыноў ягоных, і пра мноства цяжараў, [накладзеных] на яго, і пра направу Дому Божага, вось, гэта запісана ў гісторыі Кнігі валадароў. І пачаў валадарыць Амазія, сын ягоны, пасьля яго.
Дваццаць пяць гадоў было Амазіі, калі ён пачаў валадарыць, і дваццаць дзевяць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Егааддан з Ерусаліму. І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, але ня шчырым сэрцам. І сталася, калі ўмацавалася за ім валадарства, ён пазабіваў слугаў сваіх, якія забілі валадара, бацьку ягонага. Але сыноў іхніх не пазабіваў, бо напісана ў Законе, у кнізе Майсея, якому загадаў ГОСПАД, кажучы: «Не памруць бацькі за сыноў, і сыны не памруць за бацькоў, але кожны за грэх свой мае памерці». І сабраў Амазія Юду, і паставіў іх паводле дамоў бацькоў, паводле начальнікаў над тысячамі і паводле начальнікаў над сотнямі ў-ва ўсім Юдзе і Бэн’яміне; і палічыў іх ад веку дваццаці гадоў і вышэй, і знайшоў іх трыста тысячаў чалавек выбраных, якія выходзяць на вайну і трымаюць дзіду і шчыт. І наняў ён у Ізраілі сто тысячаў ваяроў мужных за сто талентаў срэбра. І чалавек Божы прыйшоў да яго, кажучы: «Валадару, няхай не ідзе з табою войска Ізраіля, бо няма ГОСПАДА з Ізраілем, з усімі сынамі Эфраіма. Але ты ідзі, рабі, будзь мужны ў бітве, бо можа зрабіць Бог, што ты спатыкнешся перад абліччам ворага, бо ёсьць моц у Бога, каб дапамагчы і каб прывесьці да спатыкненьня». І сказаў Амазія чалавеку Божаму: «А што рабіць з сотняй талентаў, якія я аддаў дружынам Ізраіля?» І сказаў чалавек Божы: «ГОСПАД можа даць табе больш за гэта». І аддзяліў Амазія тыя дружыны, якія прыйшлі да яго з Эфраіма, каб яны ішлі на месца сваё. І вельмі ўзгарэўся гнеў іхні на Юду, і яны вярнуліся на месца сваё, палаючы гневам. А Амазія ўмацаваўся, і павёў народ свой, і пайшоў у даліну Салёную, і пабіў сыноў Сэіру дзесяць тысячаў. І дзесяць тысячаў жывых узялі ў палон сыны Юды; і прывялі іх на вяршыню скалы, і скінулі іх з вяршыні скалы, і ўсе яны разьбіліся. А людзі з дружынаў, якіх Амазія вярнуў, каб яны не ішлі з ім на вайну, рассыпаліся па гарадах Юды, ад Самарыі аж да Бэт-Харону; і забілі там тры тысячы [чалавек], і нарабавалі здабычу вялікую. І сталася, калі Амазія вярнуўся, пабіўшы Эдомцаў, ён прынёс багоў сыноў Сэіру, і паставіў іх у сябе як багоў, і перад імі пакланіўся, і для іх кадзіў. І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на Амазію, і Ён паслаў да яго прарока, і той сказаў яму: «Дзеля чаго ты шукаеш багоў народу, якія ня выбавілі народу свайго ад рукі тваёй?» І сталася, калі ён прамаўляў, [валадар] сказаў: «Ці я паставіў цябе дарадцам валадара? Перастань, навошта я маю забіць цябе?» І перастаў прарок, і сказаў: «Я ведаю, што Бог пастанавіў загубіць цябе, бо ты зрабіў гэта і не паслухаў рады маёй». І радзіўся Амазія, валадар Юды, і паслаў да Ёаша, сына Егаахаза, сына Егу, валадара Ізраіля, кажучы: «Выходзь, паглядзім абліччы [адзін аднаго]». І паслаў Ёаш, валадар Ізраілю, да Амазіі, валадара Юды, кажучы: «Цёрн, які на Лібане, паслаў да кедра, які на Лібане, кажучы: “Аддай дачку тваю за жонку сыну майму”. Але праходзіў зьвер палявы, які на Лібане, і патаптаў цёрн гэты. Ты сказаў: “Вось, я пабіў Эдом”, і ўзьнялося сэрца тваё, каб ганарыцца. Цяпер сядзі ў доме тваім. Навошта табе выклікаць ліха, бо ўпадзеш ты, і Юда з табою». І не паслухаў Амазія, бо ад Бога [было] гэта, каб аддаць іх у рукі [Ёаша] за тое, што яны шукалі багоў Эдому. І выйшаў Ёаш, валадар Ізраіля, і яны ўбачылі абліччы [адзін аднаго], ён і Амазія, валадар Юды, у Бэт-Шэмэшы, які ў Юдзе. І быў пабіты Юда перад абліччам Ізраіля, і ўцяклі кожны ў намёт свой. І Амазію, валадара Юды, сына Ёаша, сына Егаахаза, схапіў Ёаш, валадар Ізраіля, у Бэт-Шэмэшы, і прывёў яго ў Ерусалім, і зрабіў вылом у муры Ерусаліму ад брамы Эфраіму аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў. І ўзяў ён усё золата і срэбра, і ўсе начыньні, якія былі ў Доме Божым у Абэд-Эдома, і скарбы дому валадара, і закладнікаў, і вярнуўся ў Самарыю. І жыў Амазія, сын Ёаша, валадар Юды, пасьля сьмерці Ёаша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля, пятнаццаць гадоў. А іншыя справы Амазіі, першыя і апошнія, запісаныя ў Кнізе валадароў Юды і Ізраіля. І пасьля таго часу, калі Амазія адыйшоў ад ГОСПАДА, зрабілі супраць яго змову ў Ерусаліме, і ён уцёк у Ляхіш. І паслалі за ім у Ляхіш, і забілі яго там. І прывезьлі яго коньмі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Юды.
І ўзяў увесь народ Юды Узію, а ён [меў] шаснаццаць гадоў, і паставілі яго за валадара пасьля Амазіі, бацькі ягонага. Ён пабудаваў Элят і вярнуў яго Юдзе, калі супачыў валадар з бацькамі сваімі. Шаснаццаць гадоў [меў] Узія, калі пачаў валадарыць, і пяцьдзясят два гады валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонай — Ехолія з Ерусаліму. І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Амазія, бацька ягоны. І шукаў ён Бога ў дні Захарыі, які разумеў відзежы Божыя; і ў тыя дні, калі ён шукаў ГОСПАДА, Бог даваў яму посьпех. І ён выйшаў, і ваяваў з Філістынцамі; і разбурыў муры Гату, муры Яўнэі, і муры Ашдоду; і пабудаваў гарады ў Ашдодзе і ў Філістынцаў. І дапамагаў яму Бог супраць Філістынцаў і супраць Арабаў, якія жылі ў Гур-Баале, і супраць Мэунянаў. І Аманяне давалі дары Узіі. І разыйшлася [вестка пра] імя ягонае аж да ўваходу ў Эгіпет, бо ўзмацніўся ён незвычайна. І пабудаваў Узія вежы ў Ерусаліме пры Браме Вуглавой, пры Браме Даліны і на рагу, і ўмацаваў іх. І пабудаваў ён вежы ў пустыні, і выкапаў шмат сажалак, бо ў яго было шмат статкаў, і ў Шэфэлі, і на раўніне, і [меў ён] земляробаў, і вінаградараў у гарах і на Кармэлю, бо ён быў аматарам земляробства. І было ў Узіі войска, якое выходзіла на вайну дружынамі, паводле ліку попісу іхняга, [зробленага] рукою Еіэля пісара і Маасэі наглядчыка, пад рукою Хананіі, [аднаго] з князёў валадара. Увесь лік галоваў [дамоў] бацькоў, ваяроў мужных — дзьве тысячы шэсьцьсот. І пад рукою іхняю здатных да войска — трыста сем тысячаў пяцьсот тых, якія ідуць на вайну з вайсковай мужнасьцю, на дапамогу валадару супраць ворага. І прыгатаваў для іх Узія, для ўсяго войска, шчыты, дзіды, шаломы, панцыры, лукі і камяні для пушчалак. І зрабіў ён у Ерусаліме махіны вайсковыя, вынаходліва прадуманыя, каб яны былі на вежах і на кутах дзеля страляньня стрэламі і камянямі вялікімі. І разыйшлося імя ягонае далёка, бо ён меў [праз гэта] цудоўную дапамогу і стаўся моцным. Але калі ён узмацніўся, заганарылася сэрца ягонае аж да загубы, і ён стаў няверным ГОСПАДУ, Богу свайму, і ўвайшоў ён у сьвятыню ГОСПАДА, каб кадзіць на ахвярніку каджэньня. І ўвайшоў за ім Азарыя сьвятар, і з ім восемдзясят сьвятароў ГОСПАДА, людзей мужных. І супрацівіліся яны Узіі валадару, і сказалі яму: «Не табе, Узія, кадзіць ГОСПАДУ, бо гэта для сьвятароў, сыноў Аарона, якія пасьвячоныя для каджэньня. Выйдзі са сьвятыні, бо ты стаў няверным, і ня будзе табе славы ў ГОСПАДА Бога». І загневаўся Узія, а ў руцэ ягонай [была] кадзільніца для каджэньня. І калі загневаўся ён на сьвятароў, праказа закрасавала на чале ягоным перад абліччам сьвятароў у Доме ГОСПАДА каля ахвярніка каджэньня. І павярнуўся да яго Азарыя, сьвятар найвышэйшы, і ўсе сьвятары, і вось, праказа на чале ягоным. І яны выпхнулі яго адтуль, і ён сам пасьпяшаўся выйсьці, бо наведаў яго ГОСПАД. І быў валадар Узія пракажоны аж да дня сьмерці сваёй, і жыў у асобным доме, як пракажоны, бо адлучаны быў ад Дому ГОСПАДА. І Ётам, сын ягоны, быў над домам валадарскім, судзячы народ зямлі. А іншыя дзеяньні Узіі, першыя і апошнія, запісаў Ісая, сын Амоса, прарок. І супачыў Узія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі на полі магілаў валадарскіх, бо казалі: “Ён пракажоны”. І пачаў валадарыць Ётам, сын ягоны, пасьля яго.
Дваццаць пяць гадоў [было] Ётаму, калі ён пачаў валадарыць, і шаснаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Еруша, дачка Цадока. І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Узія, бацька ягоны, толькі ён не ўваходзіў у сьвятыню ГОСПАДА, а народ яшчэ ліхадзейнічаў. Ён пабудаваў верхнюю браму Дому ГОСПАДА, і шмат пабудаваў на муры Афэла. І ён пабудаваў гарады на гары Юды, і ў лясах паставіў крэпасьці і вежы. І ён ваяваў з валадаром сыноў Амона, і перамог іх; і далі яму сыны Амона ў той год сто талентаў срэбра, і дзесяць тысячаў кораў пшаніцы, і ячменю дзесяць тысячаў [кораў]. Гэта давалі ізноў яму сыны Амона і на другі год, і на трэці. І стаў моцным Ётам, бо ён падрыхтаваў шляхі свае перад абліччам ГОСПАДА, Бога свайго. А іншыя дзеяньні Ётама, і ўсе войны ягоныя, і шляхі ягоныя запісаныя ў Кнізе валадароў Ізраіля і Юды. Дваццаць пяць гадоў [было] яму, калі пачаў валадарыць, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. І супачыў Ётам з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда. І пачаў валадарыць Ахаз, сын ягоны, пасьля яго.
Дваццаць гадоў [было] Ахазу, калі ён пачаў валадарыць, і шаснаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме; і не рабіў ён таго, што слушнае ў вачах ГОСПАДА, як Давід, бацька ягоны. І хадзіў ён шляхамі валадароў Ізраілю, і нават зрабіў літыя балваны Баалаў. І ён кадзіў у даліне Бэн-Гінном, і спаліў сыноў сваіх у агні паводле брыдотаў тых народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля. І ён складаў ахвяры, і кадзіў на ўзвышшах і на ўзгорках, і пад кожным дрэвам зялёным. І аддаў яго ГОСПАД, Бог ягоны, у рукі валадара Сірыі, і яны пабілі яго, і ўзялі ў яго ў палон шмат палонных, і завялі ў Дамаск. І таксама ў руку валадара Ізраіля ён быў аддадзены, і той ударыў яго паразай вялікаю. І забіў Пэках, сын Рэмаліі, у Юдзе сто дваццаць тысячаў за адзін дзень, а ўсе яны — людзі мужныя, бо яны пакінулі ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх. І забіў ён Зіхры, волата з Эфраіму, Маасэю, сына валадара, Азрыкама, кіраўніка дому, і Элькану, другога пасьля валадара. І ўзялі сыны Ізраіля ў палон у братоў сваіх дзьвесьце тысячаў жанчынаў, сыноў і дачок; і таксама шмат здабычы нарабавалі ў іх, і завезьлі здабычу ў Самарыю. І там быў прарок ГОСПАДА, імя ягонае — Адэд. І выйшаў ён перад аблічча войска, якое ўваходзіла ў Самарыю, і сказаў ім: «Вось, ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, у гневе на Юду аддаў іх у руку вашую, і вы забілі іх з лютасьцю, якая дайшла да неба. І цяпер вы думаеце мець сыноў Юды і Ерусаліму як слугаў і нявольнікаў. А ці самі вы ня маеце правіны перад ГОСПАДАМ, Богам вашым? І цяпер паслухайце мяне, і вярніце палонных, якіх вы ўзялі ў палон з братоў вашых; бо полымя гневу ГОСПАДА [прыйдзе] на вас». І ўсталі некаторыя з галоваў сыноў Эфраіма: Азарыя, сын Егаханана, Бэрэхія, сын Мэшылемота, Эхізкія, сын Шальлюма, і Амаса, сын Хадлая, насупраць тых, што вярталіся з вайны, і сказалі ім: «Ня ўводзьце сюды палонных, бо гэта будзе нам правіна перад ГОСПАДАМ, якую вы думаеце дадаць да грахоў нашых і да правінаў нашых. Бо вялікая правіна наша, і полымя гневу [Божага] над Ізраілем». І ўзброеныя пакінулі палонных і здабычу перад абліччам князёў і ўсёй царквы [Ізраіля]. І ўсталі мужы, якіх вызначылі па імёнах, і ўзялі палонных, і ўсіх голых з іх апранулі са здабычы, і апранулі іх, і абулі, і далі ім есьці, і далі ім піць, і памазалі [раны] іх, і пасадзілі на аслоў усіх кволых, і завялі іх у Ерыхон, горад пальмаў, да братоў іхніх, і вярнуліся ў Самарыю. У той час паслаў валадар Ахаз да валадароў Асірыі, каб яны дапамаглі яму. І зноў прыйшлі Эдомцы, і пабілі [шмат] у Юдзе, і ўзялі ў палон. А Філістынцы напалі на гарады Шэфэлі і Нэгеву Юдэйскага, і ўзялі Бэт-Шэмэш, Аялон і Гедэрот, Сахо і вёскі ейныя, Тымну і вёскі ейныя, Гімзо і вёскі ягоныя, і пасяліліся там, бо прынізіў ГОСПАД Юду з прычыны Ахаза, валадара Ізраіля, бо ён разкелзаў Юду і нявернасьцю стаў няверным ГОСПАДУ. І прыйшоў да яго Тыглят-Пільнэсэр, валадар Асірыі, і прыціснуў яго, а не ўмацаваў яго, бо Ахаз узяў частку [маёмасьці] Дому ГОСПАДА і дому валадарскага і князёў, і аддаў валадару Асірыі, але не [прынесла гэта] дапамогі яму. І ў часе ўціску свайго валадар Ахаз павялічваў нявернасьць ГОСПАДУ, і складаў ахвяры багам Дамаску, якія пабілі яго, і казаў: «Богі валадароў Сірыі дапамагаюць ім, і я буду складаць ахвяры ім, і яны дапамогуць мне». Але яны былі на спатыкненьне яму і ўсяму Ізраілю. І сабраў Ахаз начыньні Дому Божага, і пасек начыньні Дому Божага, і замкнуў дзьверы Дому ГОСПАДА, і зрабіў сабе ахвярнікі ў-ва ўсіх кутах Ерусаліму, і ў-ва ўсіх гарадах Юды зрабіў узвышшы, каб кадзіць іншым багам, і гнявіў ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх. А іншыя дзеяньні ягоныя і ўсе ўчынкі ягоныя, першыя і апошнія, вось, яны запісаныя ў Кнізе валадароў Юды і Ізраілю. І супачыў Ахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе, у Ерусаліме; але ня ўнесьлі яго ў магілы валадароў Ізраіля. І пачаў валадарыць Эзэкія, сын ягоны, пасьля яго.
Эзэкія пачаў валадарыць, [маючы] дваццаць пяць гадоў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонай — Абія, дачка Захарыі. І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Давід, бацька ягоны. Ён у першы год валадараньня свайго, у першы месяц адчыніў дзьверы Дому ГОСПАДА і ўмацаваў іх; і прывёў сьвятароў і лявітаў, і сабраў іх на ўсходняй плошчы, і сказаў ім: «Паслухайце мяне, лявіты! Цяпер асьвяціцеся [самі] і асьвяціце Дом ГОСПАДА, Бога бацькоў вашых, і выкіньце нячыстае са сьвятыні. Бо бацькі нашыя былі няверныя, і рабілі ліха ў вачах ГОСПАДА, Бога нашага, і пакінулі Яго, і адвярнулі абліччы свае ад Сялібы ГОСПАДА, і павярнуліся каркам; таксама замкнулі дзьверы прысенка, і згасілі лямпы, і не кадзілі каджэньняў, і не складалі цэласпаленьняў у сьвятыні для Бога Ізраіля. І быў гнеў ГОСПАДА на Юдзе і Ерусаліме, і ён аддаў іх на ганьбаваньне, на спусташэньне і на насьмешку, як вы бачыце вачыма вашымі. І вось, пападалі бацькі нашыя ад мяча, а сыны нашыя, і дочкі нашыя, і жонкі нашыя ў палоне за гэта. Цяпер у сэрцы маім — заключыць запавет з ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля, і Ён адверне ад нас полымя гневу Свайго. Сыны мае! Цяпер ня будзьце нядбайныя, бо вас выбраў ГОСПАД стаяць перад абліччам Ягоным, і быць Яму служыцелямі, і кадзіць Яму». І ўсталі лявіты: Махат, сын Амасая, і Ёэль, сын Азарыі, з сыноў Кегата; і з сыноў Мэрары: Кіш, сын Абадыі, і Азарыя, сын Егальлелеля; і з сыноў Гершона: Ёах, сын Зіммы, і Эдэн, сын Ёаха, і з сыноў Эліцафана: Шымты і Еіэль; і з сыноў Асафа: Захарыя і Маттанія; і з сыноў Гэмана: Ехіэль і Шымэй; і з сыноў Едутуна: Шэмая і Узіэль. І яны сабралі братоў сваіх, і асьвяціліся, і прыйшлі на загад валадара паводле слова ГОСПАДА, каб ачысьціць Дом ГОСПАДА. І ўвайшлі сьвятары ў сярэдзіну Дому ГОСПАДА, каб ачысьціць [яго], і вынесьлі ўсё нячыстае, што знайшлі ў сьвятыні ГОСПАДА, на панадворак Дому ГОСПАДА; а лявіты ўзялі [гэта], каб вынесьці навонкі да ручая Кедрон. І яны пачалі асьвячэньне ў першы дзень першага месяца, і ў восьмы дзень месяца ўвайшлі ў прысенак ГОСПАДА; і асьвячалі Дом ГОСПАДА восем дзён, і ў шаснаццаты дзень першага месяца скончылі. І ўвайшлі яны ў сярэдзіну [дому] да валадара Эзэкіі, і сказалі: «Мы ачысьцілі Дом ГОСПАДА, і ахвярнік цэласпаленьня, і ўсё начыньне ягонае, і стол [хлябоў] пакладных, і ўсё начыньне ягонае; і ўсе начыньні, якія закінуў валадар Ахаз [у час] валадараньня свайго ў нявернасьці сваёй, мы падрыхтавалі і асьвяцілі, і вось, яны перад ахвярнікам ГОСПАДА». І ўстаў рана валадар Эзэкія, і сабраў князёў гораду, і ўвайшоў у Дом ГОСПАДА. І прывялі сем бычкоў, і сем бараноў, і сем ягнятаў, і сем казлоў у ахвяру за грэх за валадарства і за Сьвятыню і за Юду; і ён сказаў сынам Аарона сьвятара скласьці цэласпаленьне на ахвярніку ГОСПАДА. І зарэзалі валоў, і ўзялі сьвятары кроў, і пакрапілі ахвярнік; і зарэзалі бараноў, і пакрапілі крывёй ахвярнік; і зарэзалі ягнятаў, і пакрапілі крывёй ахвярнік. І прывялі казлоў у ахвяру за грэх перад аблічча валадара і царквы, і яны ўсклалі рукі свае на іх. І зарэзалі іх сьвятары, і ачысьцілі крывёю іхняй ахвярнік на перамольваньне за грахі ўсяго Ізраіля; бо за ўвесь Ізраіль сказаў валадар [учыніць] цэласпаленьне і ахвяру за грэх. І паставіў ён лявітаў у Доме ГОСПАДА з цымбаламі, псалтырамі і гусьлямі паводле загаду Давіда і Гада, відушчага валадара, і Натана прарока, бо з рукі ГОСПАДА загад гэты [быў паведамлены] праз рукі прарокаў Ягоных. І сталі лявіты з музычнымі інструмэнтамі Давіда, і сьвятары — з трубамі. І сказаў Эзэкія скласьці цэласпаленьні на ахвярніку. І ў час, калі пачалося цэласпаленьне, пачаўся сьпеў ГОСПАДУ і [гук] трубаў і музычных інструмэнтаў Давіда, валадара Ізраіля. І ўся царква пакланялася, і сьпевакі сьпявалі, і ў трубы, трубячы, трубілі, пакуль ня скончылася цэласпаленьне. І калі скончылі цэласпаленьне, укленчылі валадар і ўсе, што былі з ім, і пакланіліся. І сказаў валадар Эзэкія і князі лявітам, каб яны хвалілі ГОСПАДА словамі Давіда і Асафа відушчага, і яны хвалілі з радасьцю, і кленчылі, і пакланяліся. І адказаў Эзэкія, і сказаў: «Цяпер вы напоўнілі рукі вашыя для ГОСПАДА. Падыйдзіце і прынясіце ахвяры і [дары] падзякі ў Дом ГОСПАДА». І ахвяроўвала царква ахвяры і [дары] падзякі, і ўсе, якія былі ахвотныя сэрцам, [прынесьлі] цэласпаленьні. І быў лік цэласпаленьняў, якія прынесла царква: семдзясят валоў, сто бараноў, дзьвесьце ягнятаў; усё гэта — на цэласпаленьне для ГОСПАДА. І для пасьвячэньня [прынесьлі] шэсьцьсот валоў і тры тысячы авечак. Толькі сьвятароў было мала, і яны не маглі абдзіраць скуру з усіх ахвяраў і цэласпаленьняў; і дапамагалі ім браты іхнія, лявіты, пакуль праца не была скончана і пакуль іншыя сьвятары не асьвяціліся; бо лявіты былі больш правыя сэрцам, каб асьвяціцца, чым сьвятары. І таксама цэласпаленьняў было шмат з тлушчам ахвяраў мірных, і з ахвярамі вадкімі для цэласпаленьня. Гэтак адноўлена было служэньне Дому ГОСПАДА. І радаваўся Эзэкія і ўвесь народ з таго, што Бог падрыхтаваў народ, бо неспадзявана сталася рэч гэтая.
І паслаў Эзэкія да ўсяго Ізраіля і Юды, і таксама напісаў лісты да Эфраіма і Манасы, каб яны прыйшлі ў Дом ГОСПАДА ў Ерусалім спраўляць Пасху для ГОСПАДА, Бога Ізраіля. І радзіліся валадар, і князі ягоныя, і ўся царква ў Ерусаліме, каб спраўляць Пасху ў другі месяц; бо не маглі справіць яе ў час свой, бо сьвятароў не асьвяцілася дастаткова, і народ не сабраўся ў Ерусаліме. І была гэтая рэч слушнай у вачах валадара і ў вачах усёй царквы. І яны пастанавілі абвясьціць слова ў-ва ўсім Ізраілі, ад Бээр-Шэвы аж да Дану, каб прыйшлі ў Ерусалім спраўляць Пасху для ГОСПАДА, Бога Ізраіля, бо ня часта спраўлялі [яе так], як напісана. І пайшлі ганцы з лістамі ад валадара і князёў ягоных па ўсім Ізраілі і Юдзе паводле загаду валадара, кажучы: «Сыны Ізраіля! Вярніцеся да ГОСПАДА, Бога Абрагама, Ісаака і Ізраіля, і Ён павернецца, каб выратаваць тых, якія ў вас засталіся ад рукі валадароў Асірыі. І ня будзьце, як бацькі вашыя і як браты вашыя, якія былі няверныя ГОСПАДУ, Богу бацькоў сваіх; і Ён аддаў іх на спусташэньне, як вы бачыце. Цяпер не рабіце цьвёрдымі каркі вашыя, як бацькі вашыя, дайце руку ГОСПАДУ, і прыходзьце ў сьвятыню Ягоную, якую Ён асьвяціў на вякі; і служыце ГОСПАДУ, Богу вашаму, і Ён адверне ад вас полымя гневу Свайго. Бо калі вы вернецеся да ГОСПАДА, тады браты вашыя і дзеці вашыя [знойдуць] ласку перад абліччам тых, якія забралі іх у палон, і вернуцца ў зямлю гэтую; бо літасьцівы і спагадлівы ГОСПАД, Бог ваш, і Ён не адверне аблічча ад вас, калі вы навернецеся да Яго». І праходзілі ганцы з горада ў горад па зямлі Эфраіма і Манасы і аж да Завулёна; і былі [тыя, якія] сьмяяліся і зьдзекваліся з іх. Толькі некаторыя з Асэра, Манасы і Завулёна ўпакорыліся і прыйшлі ў Ерусалім. Таксама ў Юдзе была рука Божая, што дала ім адно сэрца, каб выканаць загад валадара і князёў, паводле слова ГОСПАДА. І сабралася ў Ерусаліме мноства народу спраўляць Сьвята Праснакоў у другі месяц, царква вельмі шматлікая. І ўсталі, і павалілі ахвярнікі, якія [былі] ў Ерусаліме, і ўсе [ахвярнікі] каджэньня павалілі і кінулі ў ручай Кедрон. І зарэзалі пасхальнае [ягня] ў чатырнаццаты дзень другога месяца. А сьвятары і лявіты засароміліся, і асьвяціліся, і прынесьлі цэласпаленьні ў Доме ГОСПАДА, і сталі на месцах сваіх паводле пастановаў іхніх, паводле Закону Майсея, чалавека Божага. Сьвятары крапілі крывёй, [узяўшы] яе з рук лявітаў. А як у царкве шмат было такіх, якія не асьвяціліся, лявіты рэзалі пасхальных [ягнятаў] за кожнага нячыстага, каб асьвяціць [іх] для ГОСПАДА. А таму, што мноства народу, шмат з Эфраіма і Манасы, Ісахара і Завулёна не была ачысьціўшыся, і яны елі Пасху не паводле таго, што напісана, Эзэкія памаліўся за іх, кажучы: «ГОСПАД добры няхай даруе кожнаму, хто падрыхтаваў сэрца сваё шукаць Бога ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, хоць не [зрабіў] ачышчэньня сьвятога». І пачуў ГОСПАД Эзэкію, і аздаравіў народ. І сыны Ізраіля, якія былі ў Ерусаліме, спраўлялі Сьвята Праснакоў сем дзён з радасьцю вялікай; і хвалілі ГОСПАДА дзень пры дні лявіты і сьвятары з усёй моцай для [славы] ГОСПАДА. І прамовіў Эзэкія да сэрца ўсіх лявітаў, якія мелі добрае разуменьне ГОСПАДА. І елі ўвесь час [сьвяточны] сем дзён, ахвяруючы ахвяры мірныя і славячы ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх. І радзілася ўся царква, каб спраўляць [сьвята] наступныя сем дзён, і спраўлялі [сьвята] сем дзён з радасьцю; бо Эзэкія, валадар Юды, даў для царквы тысячу валоў і сем тысячаў авечак, а князі далі для царквы тысячу валоў і дзесяць тысячаў авечак; і шмат сьвятароў асьвяціліся. І радавалася ўся царква Юды, і сьвятары, і лявіты, і ўся царква, якая прыйшла з Ізраіля, і прыхадні, якія выйшлі з зямлі Ізраіля і жылі ў Юдзе. І была радасьць вялікая ў Ерусаліме, бо ад дзён Салямона, сына Давіда, валадара Ізраіля, не было такога ў Ерусаліме. І ўсталі сьвятары і лявіты, і дабраславілі народ, і быў пачуты голас іхні, і ўзыйшла малітва іхняя да Сялібы Ягонай сьвятой у небе.
І калі ўсё гэта скончылася, выйшаў увесь Ізраіль, які знаходзіўся [там], у гарады Юды, і пабілі слупы, і пасеклі астартаў, і разбурылі ўзвышшы і ахвярнікі ў-ва ўсім Юдзе і Бэн’яміне, у Эфраіме і Манасе, аж да канца. І вярнуліся ўсе сыны Ізраіля кожны да ўласнасьці сваёй, у горад свой. І прызначыў Эзэкія чэргі сьвятароў і лявітаў паводле чэргаў іхніх, кожнага паводле служэньня ягонага, сьвятароў і лявітаў для цэласпаленьняў і для ахвяраў мірных, каб паслугавалі, славілі і хвалілі ў брамах табараў ГОСПАДА. А частку валадара з маёмасьці ягонай [ён прызначыў] на цэласпаленьні, на цэласпаленьні раніцаю і ўвечары, і на цэласпаленьні ў суботы і ў маладзікі, і на ўрачыстыя сьвяты, як напісана ў Законе ГОСПАДА. І сказаў народу, які жыў у Ерусаліме, каб давалі частку для сьвятароў і лявітаў, каб яны ўмацаваліся ў Законе ГОСПАДА. І калі пашырылася слова гэтае, прынесьлі сыны Ізраіля пяршыны збожжа, і віна, і алею, і мёду, і ўсіх пладоў палявых; і прынесьлі яны шмат дзесяцінаў з усяго. І сыны Ізраіля і Юды, якія жылі ў гарадах Юды, таксама прынесьлі дзесяціну валоў і авечак, і дзесяціну рэчаў сьвятых, пасьвячоных ГОСПАДУ, Богу іхняму, і налажылі купы купаў. У трэці месяц пачалі класьці гэтыя купы, а ў сёмым месяцы скончылі. І прыйшлі Эзэкія і князі, і ўбачылі купы гэтыя, і дабраславілі ГОСПАДА і народ Ягоны, Ізраіля. І пытаўся Эзэкія сьвятароў і лявітаў пра купы гэтыя. І сказаў яму Азарыя, найвышэйшы сьвятар з дому Цадока, і сказаў: «Ад таго часу, калі пачалі прыносіць дары ў Дом ГОСПАДА, мы елі і насыціліся, і засталося мноства, бо дабраславіў ГОСПАД народ Свой; і тое, што засталося — гэтае мноства вялікае». І сказаў Эзэкія, каб падрыхтавалі каморы ў Доме ГОСПАДА, і падрыхтавалі [іх]. І верна перанесьлі [туды] дары, і дзесяціны, і рэчы сьвятыя; і над імі загадчыкам быў Кананія лявіт і Шымэй, брат ягоны, другім. А Ехіэль, Азазія, Нахат, Асагэль, Ерымот, Ёзавад, Эліэль, Ісмахія, Махат і Бэная [былі] наглядчыкамі пад рукою Кананіі і Шымэя, брата ягонага, паводле загаду валадара Эзэкіі і Азарыі, начальніка над Домам Божым. І Карэ, сын Імны, лявіт, прыдзьвернік з усходняга боку, [быў] над дарамі дабраахвотнымі для Бога, каб выдаваць [братам] дары ГОСПАДАВЫ і сьвятое сьвятых. І пад рукой ягонай [былі] Эдэн, Мін’ямін, Ешуа, Шэмая, Амарыя і Шэханія ў гарадах сьвятарскіх, каб верна раздаваць [належнае] братам сваім паводле чаргі, як вялікаму, так і малому, акрамя сьпісу іхняга, мужчын ад трох гадоў і вышэй, усім, хто ўваходзіць у Дом ГОСПАДА, на [выкананьне] слова дзень пры дні, на служэньне сваё паводле абавязкаў сваіх паводле чэргаў сваіх, і ўнесеным у сьпіс сьвятарам, паводле дому бацькоў іхніх, і лявітам ад дваццаці гадоў і вышэй паводле абавязкаў іхніх і паводле чэргаў іхніх, і ўнесеным у сьпіс з усімі дзецьмі іхнімі, жонкамі іхнімі, і сынамі іхнімі, і дочкамі іхнімі, з усёй царквой — усёй грамадзе, бо яны верна пасьвяціліся на сьвятое [служэньне]. А для сыноў Аарона, сьвятароў, [якія мелі] палі на пашах гарадоў іхніх, у-ва ўсіх гарадах [ён прызначыў] мужоў, якія названыя па імёнах, каб даваць часткі ўсім мужчынам сярод сьвятароў і ўсім лявітам, унесеным у сьпіс. І зрабіў гэтак Эзэкія ў-ва ўсім Юдзе, і рабіў ён тое, што добрае, слушнае і праўдзівае перад абліччам ГОСПАДА, Бога свайго. І ў-ва ўсёй працы, якую ён пачынаў, і ў служэнні Дому Божага, і ў [выкананьні] Закону і прыказаньняў, каб шукаць Бога свайго, ён рабіў з усяго сэрца свайго, і меў посьпех.
Пасьля падзеяў гэтых і праўды гэтай, прыйшоў Сэнахерыў, валадар Асірыі, і ўвайшоў у Юду, і паставіў [намёты] супраць гарадоў умацаваных, і гаварыў, што здабудзе іх для сябе. І ўбачыў Эзэкія, што прыйшоў Сэнахерыў, і аблічча ягонае, каб ваяваць супраць Ерусаліму. І радзіўся ён з князямі сваімі і з волатамі сваімі, каб спыніць ваду крыніцаў, якія звонку гораду; і яны дапамаглі яму. І сабралася шмат народу, і яны спынілі ўсе крыніцы і ручай, які цячэ пасярод зямлі, кажучы: «Навошта, прыйшоўшы, валадары Асірыі маюць знайсьці шмат вады?» І ўмацаваўся [Эзэкія], і адбудаваў увесь разбураны мур, і падняў яго да вежаў, і другі мур звонку, і ўмацаваў Міло ў горадзе Давіда, і зрабіў шмат зброі і шчытоў. І паставіў начальнікаў вайсковых над народам, і сабраў іх да сябе на плошчы каля брамы гораду, і прамовіў да сэрца іхняга, кажучы: «Будзьце цвёрдыя і мужныя, ня бойцеся і не палохайцеся аблічча валадара Асірыі і аблічча ўсяго мноства, якое з ім, бо [Той, Хто] з намі, большы, чым [тыя, хто] з ім. З ім рамяно цялеснае, а з намі ГОСПАД, Бог наш, каб дапамагаць нам і ваяваць у войнах нашых». І абаперся народ на словы Эзэкіі, валадара Юды. Пасьля гэтага Сэнахерыў, валадар Асірыі, паслаў слугаў сваіх у Ерусалім, а сам ён быў пад Ляхішам, і ўся сіла ягоная з ім, да Эзэкіі, валадара Юды, і да ўсяго Юды, які ў Ерусаліме, кажучы: «Гэта кажа Сэнахерыў, валадар Асірыі. На што вы спадзеяцёся і сядзіце ў аблозе ў Ерусаліме? Няхай не падманвае вас Эзэкія, каб аддаць вас на сьмерць ад голаду і смагі, кажучы: “ГОСПАД, Бог наш, выратуе нас ад рукі валадара Асірыі”. Ці ня ён, Эзэкія, прыбраў узгоркі Ягоныя і ахвярнікі Ягоныя і сказаў Юдзе і Ерусаліму, кажучы: “Перад адным ахвярнікам будзеце пакланяцца і на ім будзеце кадзіць”? Ці ж вы ня ведаеце, што зрабіў я і бацькі мае ўсім народам земляў гэтых? Ці сапраўды маглі богі народаў земляў гэтых выратаваць зямлю іхнюю ад рукі маёй? Хто з усіх багоў народаў гэтых, якіх зрабілі закляцьцем бацькі мае, змог выратаваць народ свой ад рукі маёй? Як жа зможа Бог ваш выратаваць вас ад рукі маёй? І цяпер, няхай не падманвае вас Эзэкія і не ашуквае вас такім чынам, і ня верце яму, бо ня мог ніводзін бог ніводнага народу і валадарства выратаваць народ свой ад рукі маёй і ад рукі бацькоў маіх. Таксама Бог ваш ня выратуе вас ад рукі маёй». І яшчэ прамаўлялі слугі ягоныя супраць ГОСПАДА Бога і супраць Эзэкіі, слугі Ягонага. І лісты пісаў [Сэнахерыў], каб зьневажаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, і гаварыў супраць Яго, кажучы: «Як богі народаў земляў гэтых ня выратавалі народаў сваіх ад рукі маёй, так Бог Эзэкіі ня выратуе народ Свой ад рукі маёй». І крычалі яны голасам вялікім па-юдэйску да народу Ерусаліму, які [быў] на мурах, каб настрашыць яго, і напалохаць яго, і здабыць горад. І гаварылі яны пра Бога Ерусаліму, як пра багоў народаў зямлі, выраб рук чалавечых. І маліўся пра гэта валадар Эзэкія і Ісая, сын Амоса, і крычалі да неба. І паслаў ГОСПАД анёла, і ён зьнішчыў мужных ваяроў, і правадыра, і табар валадара Асірыі. І ён вярнуўся з сорамам аблічча ў зямлю сваю. І ён прыйшоў у дом бога свайго, і тыя, што выйшлі з нутра ягонага, забілі там яго мячом. І выратаваў ГОСПАД Эзэкію і жыхароў Ерусаліму ад рукі Сэнахерыва, валадара Асірыі, і ад рукі ўсіх; і вёў іх паўсюль. І шмат [людзей] прыносіла дары ГОСПАДУ ў Ерусалім і каштоўныя рэчы Эзэкіі, валадару Юды. І ён пасьля гэтага ўзьвялічыўся ў вачах усіх народаў. У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна. І маліўся ён да ГОСПАДА; і Ён адказаў яму, і даў яму знак. Але не вярнуў Эзэкія [падзяку] паводле таго, што было зроблена яму, бо сэрца ягонае ўзганарылася. І быў гнеў [Божы] на яго, і на Юду, і на Ерусалім. І ўпакорыў Эзэкія ганарыстасьць сэрца свайго, ён і жыхары Ерусаліму, і не прыйшоў на іх гнеў ГОСПАДА ў дні Эзэкіі. І было ў Эзэкіі багацьця і славы вельмі шмат; і ён зрабіў сабе скарбніцу на срэбра і золата, і на камяні каштоўныя, і на пахошчы, і на шчыты, і на ўсялякія рэчы каштоўныя, і сьвірны на ўраджай збожжа, віна і алею, і хлявы для ўсякай скаціны, і загародкі для чародаў. І пабудаваў ён сабе гарады, і статкаў авечак і валоў [меў ён] мноства, бо даў яму Бог маёмасьць вельмі вялікую. І ён, Эзэкія, спыніў верхні выхад водаў Гіхону і правёў іх уніз да заходняга боку гораду Давіда. І меў посьпех Эзэкія ў-ва ўсіх справах сваіх. І толькі пры пасланцах князёў Бабілону, якіх яны паслалі да яго, каб даведацца пра цуд, які адбыўся ў зямлі [ягонай], Бог пакінуў яго, каб выспрабаваць яго, каб даведацца ўсё, што ў сэрцы ягоным. А іншыя дзеяньні Эзэкіі, і дабрадзейства ягонае, вось, яны запісаныя ў відзежах Ісаі, сына Амоса, прарока, у Кнізе валадароў Юды і Ізраілю. І супачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго вышэй магілаў сыноў Давіда, і ўшанавалі яго пасьля сьмерці ягонай увесь Юда і жыхары Ерусаліму. І пачаў валадарыць Манаса, сын ягоны, пасьля яго.
Дваццаць гадоў было Манасе, калі ён пачаў валадарыць, і пяцьдзясят гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА паводле ўсіх брыдотаў тых народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля. І ён ізноў пабудаваў узвышшы, якія панішчыў Эзэкія, бацька ягоны, і паставіў ахвярнікі Баалам, і зрабіў Астартаў, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў ім. І пабудаваў ён ахвярнік у Доме ГОСПАДА, пра які сказаў ГОСПАД: «У Ерусаліме будзе імя Маё на вякі»; і пабудаваў ён ахвярнік усяму войску нябеснаму на абодвух панадворках Дому ГОСПАДА. І ён праводзіў сыноў сваіх праз агонь у даліне Бэн-Гінном, і гадаў, і чараваў, і варажыў, і паставіў тых, якія выклікаюць мёртвых, і тых, якія выклікаюць духаў, і павялічваў учынкі ліхія ў вачах ГОСПАДА, каб гнявіць Яго. І паставіў ён выяву ідала, якую зрабіў, у Доме Божым, пра які казаў Бог Давіду і Салямону, сыну ягонаму: «У Доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я абраў з усіх каленаў Ізраіля, Я палажу імя Маё на вякі; і не дазволю, каб выступіла нага Ізраіля з зямлі гэтай, якую Я прызначыў бацькам вашым, калі толькі яны будуць захоўваць выкананьне ўсяго, што Я загадаў ім, увесь Закон, і пастановы, і суды, [дадзеныя] рукой Майсея». І зьвёў Манаса Юду і жыхароў Ерусаліму, каб рабілі горш за народы, якіх ГОСПАД выгубіў перад абліччам сыноў Ізраіля! І прамаўляў ГОСПАД да Манасы і народу ягонага, яле яны не зважалі. І прывёў ГОСПАД на іх начальнікаў войска валадара Асірыі; і яны схапілі Манасу гакамі, і закулі яго ў кайданы мядзяныя, і павялі яго ў Бабілон. І калі ён быў уцісканы, ён умольваў аблічча ГОСПАДА, Бога свайго, і скарыўся вельмі перад абліччам Бога бацькоў сваіх. І маліўся ён да Яго, і Ён даўся ўпрасіць, і пачуў маленьне ягонае, і вярнуў яго ў Ерусалім на валадарства ягонае. І даведаўся Манаса, што ГОСПАД, Ён [ёсьць] Бог. І пасьля гэтага ён пабудаваў мур вонкавы ў горадзе Давіда, на заходнім баку Гіхону ў даліне і пры ўваходзе ў браму Рыбную, і атачыў Афэл, і вельмі высока падняў яго. І паставіў начальнікаў войска ў-ва ўсіх гарадах умацаваных Юды. І выкінуў багоў чужых і выяву [ідала] з Дому ГОСПАДА, і ўсе ахвярнікі, якія пабудаваў на версе Дому ГОСПАДА і ў Ерусаліме, выкінуў іх навонкі, за горад. І пабудаваў ён ахвярнік ГОСПАДА, і ахвяраваў на ім ахвяры мірныя і ўдзячныя, і сказаў да Юды, каб яны служылі ГОСПАДУ, Богу Ізраіля. Але народ яшчэ складаў ахвяры на ўзвышшах, толькі [ўжо] ГОСПАДУ, Богу свайму. А іншыя дзеяньні Манасы, і малітва ягоная да Бога свайго, і словы відушчых, якія прамаўлялі да яго ў імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля, вось, яны ў летапісе валадароў Ізраіля. А малітва ягоная, і як [Бог] быў упрошаны ім, і ўвесь грэх ягоны, і нявернасьць ягоная, і месцы, на якіх ён пабудаваў узвышшы і паставіў Астартаў і балваноў перад скарэньнем сваім, вось, яны запісаныя ў Летапісе Хазая. І супачыў Манаса з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў доме ягоным. І пачаў валадарыць Амон, сын ягоны, пасьля яго. Дваццаць два гады было Амону, калі пачаў валадарыць, і ён валадарыў два гады ў Ерусаліме. І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, як рабіў Манаса, бацька ягоны, і ўсім балванам, якія зрабіў Манаса, бацька ягоны, ён складаў ахвяры і служыў ім. І ён не скарыўся перад абліччам ГОСПАДА, як скарыўся Манаса, бацька ягоны, але ён, Амон, памножыў правіны [свае]. І змовіліся супраць яго слугі ягоныя, і забілі яго ў доме ягоным. Але народ зямлі забіў усіх тых, якія змовіліся супраць валадара Амона; і народ зямлі паставіў Ёсію, сына ягонага, за валадара пасьля яго.
Восем гадоў было Ёсіі, калі ён пачаў валадарыць, і трыццаць адзін год ён валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхамі Давіда, бацькі свайго, і не адхіляўся ані ўправа, ані ўлева. А ў восьмым годзе валадараньня свайго, а ён быў яшчэ юнак, ён пачаў шукаць Бога Давіда, бацькі свайго, а ў дванаццатым годзе пачаў ачышчаць Юду і Ерусалім ад узвышшаў, і ад Астартаў, і ад ідалаў, і ад [ідалаў] літых. І разбурылі перад ім ахвярнікі Баалаў; і выявы сонца, якія былі па-над імі, ён парэзаў; і Астартаў, і ідалаў рэзьбленых і ідалаў літых ён скрышыў і сьцёр на пыл, і расьцярушыў на абліччы магілаў тых, якія складалі ім ахвяры; і косткі сьвятароў Баалаў ён спаліў на ахвярніках іхніх, і ачысьціў Юду і Ерусалім. І ў гарадах Манасы, Эфраіма і Сымона аж да Нэфталі, і ў спустошаных ваколіцах іхніх ён разьбіў ахвярнікі і Астартаў, і ідалаў рэзьбленых стоўк і сьцёр на пыл, і пасек усе выявы сонца ў-ва ўсёй зямлі Ізраіля; і вярнуўся ў Ерусалім. А ў васямнаццатым годзе валадараньня свайго, пасьля ачышчэньня зямлі і Дому [Божага], ён паслаў Шафана, сына Ацаліі, і Маасэю, начальніка гораду, і Ёаха, сына Ёахаза, канцлера, каб направіць Дом ГОСПАДА, Бога свайго. І прыйшлі яны да Хількіі, вялікага сьвятара, і аддалі срэбра, прынесенае ў Дом Божы, якое лявіты, што вартуюць парогі, сабралі з рук Манасы і Эфраіма і ўсёй рэшты Ізраіля, і ад усяго Юды і Бэн’яміна, і ад жыхароў Ерусаліму, і аддалі яго ў рукі тых, што рабілі працу, прызначаную для Дому ГОСПАДА, а тыя далі яго працаўнікам, якія рабілі ў Доме ГОСПАДА, каб направіць і ўмацаваць Дом [Божы]. І яны далі цесьлярам і будаўнікам на купляньне чэсаных камянёў і дрэва на кроквы і бэлькі, якія панішчылі валадары Юды. І людзі гэтыя рабілі працу сумленна; і былі прызначаныя над імі Яхат і Абадыя, лявіты з сыноў Мэрары, і Захарыя і Мэшулам з сыноў Кегата. І ўсе лявіты гэтыя зналіся на музычных інструмэнтах. І былі яны над тымі, якія носяць цяжары, і кіраўнікамі над тымі, якія рабілі працу пры ўсякім служэньні. І з лявітаў [былі] і пісары, і наглядчыкі, і прыдзьвернікі. І калі яны вымалі срэбра, прынесенае ў Дом ГОСПАДА, Хількія, сьвятар, знайшоў кнігу Закону ГОСПАДА, [дадзеную] праз рукі Майсея. І адказаў Хількія, і сказаў Шафану, пісару: «Я знайшоў кнігу Закону ў Доме ГОСПАДА». І Хількія аддаў кнігу Шафану. І прынёс Шафан кнігу валадару, і прынёс валадару слова, кажучы: «Усё, што даручана ў рукі слугаў тваіх, яны робяць»; І насыпалі срэбра, якое было знойдзенае ў Доме ГОСПАДА, і далі яго ў рукі кіраўнікоў [працы] і ў рукі тых, што робяць працу. І паведаміў Шафан пісар валадару, кажучы: «Кнігу даў мне Хількія сьвятар». І чытаў яе Шафан перад абліччам валадара. І сталася, калі пачуў валадар словы Закону, ён разьдзёр шаты свае. І загадаў валадар Хількіі, і Ахікаму, сыну Шафана, і Абдону, сыну Міхі, і Шафану пісару, і Асаі, слузе валадара, кажучы: «Ідзіце, спытайцеся ў ГОСПАДА пра мяне і пра тых, што засталіся ў Ізраілі і ў Юдзе, адносна словаў знойдзенай Кнігі гэтай. Бо вялікі гнеў ГОСПАДА, які выліты на нас за тое, што не захоўвалі бацькі нашыя слова ГОСПАДА, каб выконваць усё, што напісана ў Кнізе гэтай». І пайшоў Хількія і тыя, якіх [паслаў] валадар, да Хульды прарочыцы, жонкі Шальлюма, сына Хасры, вартаўніка шатаў, — а яна жыла ў новай частцы Ерусаліму, — і гаварылі з ёю пра гэта. І яна сказала ім: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Скажыце чалавеку, які паслаў вас да мяне: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я навяду ліха на месца гэтае і на жыхароў ягоных, усе праклёны, напісаныя ў Кнізе, якую чыталі перад абліччам валадара Юды. За тое, што яны пакінулі Мяне і кадзілі іншым багам, каб гнявіць Мяне ўсімі ўчынкамі рук сваіх, гнеў Мой выльецца на месца гэтае і ня згасне”. А валадару Юды, які паслаў вас спытацца ГОСПАДА, гэтак скажыце яму: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, пра словы, якія ты чуў. За тое, што зьмякчылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся перад абліччам Бога, калі пачуў словы Ягоныя пра месца гэтае і пра жыхароў ягоных, і ты ўпакорыўся перад абліччам Маім, і разьдзёр шаты свае, і плакаў перад абліччам Маім, Я таксама пачуў [цябе], кажа ГОСПАД. Вось, Я далучу цябе да бацькоў тваіх, і ты будзеш далучаны да магілы тваёй у супакоі, і вочы твае ня будуць бачыць усяго ліха, якое Я навяду на месца гэтае і на жыхароў ягоных”». І яны вярнуліся да валадара са словам. І паслаў валадар, і сабраў усіх старшыняў Юды і Ерусаліму. І ўвайшоў валадар у Дом ГОСПАДА, і ўсе мужы Юды, і жыхары Ерусаліму, і сьвятары, і лявіты, і ўвесь народ, ад вялікага аж да малога; і ён чытаў у вушы іхнія ўсе словы Кнігі Запавету, якая была знойдзена ў Доме ГОСПАДА. І стаў валадар на месцы сваім, і заключыў запавет перад абліччам ГОСПАДА, каб хадзіць за ГОСПАДАМ і захоўваць прыказаньні Ягоныя, і сьведчаньні Ягоныя, і пастановы Ягоныя ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй, каб выконваць словы запавету, запісаныя ў Кнізе гэтай. І ён схіліў усіх, што знаходзіліся ў Ерусаліме і ў Бэн’яміне, стаяць [у гэтым]. І жыхары Ерусаліму рабілі паводле запавету Бога, Бога бацькоў сваіх. І павыкідаў Ёсія ўсе брыдоты з усіх земляў сыноў Ізраіля, і схіліў усіх, што знаходзіліся ў Ізраілі, служыць ГОСПАДУ, Богу іхняму. У-ва ўсе дні ягоныя яны не адступалі ад ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх.
І справіў Ёсія ў Ерусаліме Пасху для ГОСПАДА, і зарэзалі пасхальнае [ягня] ў чатырнаццаты дзень першага месяца. І паставіў ён сьвятароў на пасады іхнія, і падбадзёрваў іх служыць у Доме ГОСПАДА. І ён сказаў лявітам, якія вучылі ўвесь Ізраіль і былі пасьвячоныя для ГОСПАДА: «Пастаўце Каўчэг Сьвяты ў Доме, які пабудаваў Салямон, сын Давіда, валадар Ізраіля. Ня будзе [ён] цяжарам на рамёнах вашых. Цяпер служыце ГОСПАДУ, Богу вашаму, і народу Ягонаму, Ізраілю. І рыхтуючыся, падрыхтуйцеся па дамах бацькоў сваіх, па чэргах сваіх, паводле напісанага Давідам, валадаром Ізраіля, і паводле напісанага Салямонам, сынам ягоным; і стойце ў сьвятыні паводле падзелаў дамоў бацькоў, паводле братоў сваіх, сыноў народу, і падзел гэты паводле дамоў бацькоў лявітаў. І зарэжце пасхальнае [ягня], і асьвяціцеся, і прыгатуйце яго для братоў сваіх, робячы [гэта] паводле слова ГОСПАДА, [дадзенага] праз рукі Майсея». І даў Ёсія для сыноў народу, для ўсіх, што былі там, авечак, ягнятаў і маладых козаў, усё на ахвяру пасхальную, лікам трыццаць тысячаў, і тры тысячы валоў. Гэта [ён даў] з маёмасьці валадара. І князі ягоныя давалі ахвотна народу, сьвятарам і лявітам. Хількія, Захарыя і Ехіэль, начальнікі ў Доме Божым, далі сьвятарам на ахвяру пасхальную дзьве тысячы шэсьцьсот [авечак] і трыста валоў. А Хананія, Шэмая і Натанаэль, браты ягоныя, і Хашавія, Еіэль і Ёзавад, начальнікі лявітаў, далі лявітам на ахвяру пасхальную пяць тысячаў [авечак] і пяцьсот валоў. І было падрыхтавана служэньне. І сталі сьвятары на месцы свае, і лявіты — чэргамі сваімі, паводле загаду валадара. І рэзалі пасхальнае [ягня], і крапілі сьвятары крывёю з рук сваіх, а лявіты зьдзіралі [скуры]. І яны адклалі цэласпаленьні, каб даць паводле падзелаў дамоў бацькоў сынам народу ахвяроўваць ГОСПАДУ, як напісана ў Кнізе Майсея. І гэтак сама зрабілі з валамі. І пяклі пасхальнае [ягня] на агні, паводле пастановы, а ахвяры сьвятыя варылі ў катлах, гаршчках і рондлях, і хутка несьлі ўсім сынам народу. А потым прыгатавалі сабе і сьвятарам, бо сьвятары, сыны Аарона, былі пры ахвяраваньні цэласпаленьняў і тлушчу аж да ночы, таму гатавалі лявіты сабе і сьвятарам, сынам Аарона. І сьпевакі, сыны Асафа, былі на месцах сваіх паводле загаду Давіда і Асафа, і Гэмана, і Едутуна, відушчага валадара, і прыдзьвернікі [стаялі] ў кожнай браме. Не было патрэбы адыходзіць ім ад служэньня свайго, бо браты іхнія, лявіты, прыгатавалі ім. Гэтак наладжана было ўсё служэньне ГОСПАДУ ў той дзень, каб справіць Пасху і ахвяраваць цэласпаленьні на ахвярніку ГОСПАДА паводле загаду валадара Ёсіі. І спраўлялі сыны Ізраіля, што былі [там], Пасху ў той час і Сьвята Праснакоў сем дзён. І не была спраўляна такая Пасха ў Ізраілі ад дзён Самуэля прарока, і з усіх валадароў Ізраіля ніводзін не спраўляў такой Пасхі, якую справіў Ёсія, і сьвятары, і лявіты і ўвесь Юда і Ізраіль, што [там] былі, і жыхары Ерусаліму. У васямнаццатым годзе валадараньня Ёсіі справілі гэтую Пасху. Пасьля ўсяго гэтага, калі падрыхтаваў Ёсія Дом [Божы], прыйшоў Нэхо, валадар Эгіпту, ваяваць супраць Кархемішу каля Эўфрату, і Ёсія выйшаў насустрач яму. І той паслаў да яго паслоў, кажучы: «Што мне і табе, валадар Юды? Ня супраць цябе я іду сёньня, але супраць дому, які ваюе са мною, і Бог сказаў мне пасьпяшацца. Адыйдзіся ад Бога, Які са мною, і Ён ня зьнішчыць цябе». Але Ёсія не адвярнуў аблічча свайго ад яго, бо вырашыў ваяваць з ім, і не паслухаў словаў Нэхо, [якія былі] з вуснаў Божых, і пайшоў на бітву ў даліне Мэгіддо. І стрэлілі лучнікі ў валадара Ёсію, і сказаў валадар слугам сваім: «Выведзіце мяне, бо я цяжка паранены». І зьнялі яго слугі ягоныя з калясьніцы, і пасадзілі яго ў іншы воз, які быў у яго, і завезьлі яго ў Ерусалім. І ён памёр, і быў пахаваны ў магілах бацькоў сваіх, і ўвесь Юда і Ерусалім плакалі па Ёсіі. І галасіў Ярэмія па Ёсіі, і ўсе сьпевакі і сьпявачкі апавядаюць пра Ёсію ў галашэньнях сваіх аж да сёньня, і ўвялі іх як звычай у Ізраілі, і вось яны запісаныя ў галашэньнях. А іншыя дзеяньні Ёсіі і дабрадзействы ягоныя, згодныя з напісаным у Законе ГОСПАДА, і дзеяньні ягоныя, першыя і апошнія, запісаныя ў Кнізе валадароў Ізраіля і Юды.
І ўзяў народ зямлі Егаахаза, сына Ёсіі, і паставілі яго за валадара ў Ерусаліме пасьля бацькі ягонага. Дваццаць тры гады было Егаахазу, калі ён пачаў валадарыць, і тры месяцы ён валадарыў у Ерусаліме. І скінуў [з пасаду] яго ў Ерусаліме валадар Эгіпту, і налажыў на зямлю кару ў сто талентаў срэбра і талент золата. І валадар Эгіпту паставіў за валадара над Юдам і Ерусалімам Эліякіма, брата ягонага, і зьмяніў імя ягонае на Егаякім, а Егаахаза, брата ягонага, узяў Нэхо і завёў яго ў Эгіпет. Дваццаць пяць гадоў было Егаякіму, калі ён пачаў валадарыць, і адзінаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, Бога свайго. Супраць яго прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілону, і закаваў яго ў кайданы мядзяныя, каб завесьці яго ў Бабілон. І начыньні Дому ГОСПАДА завёз Навухаданосар у Бабілон, і палажыў іх у палацы сваім у Бабілоне. А іншыя дзеяньні Егаякіма і брыдоты ягоныя, якія ён рабіў, і якія знойдзены ў яго, вось, яны запісаны ў Кнізе валадароў Ізраіля і Юды. І пачаў валадарыць Егаяхін, сын ягоны, пасьля яго. Восемь гадоў было Егаяхіну, калі ён пачаў валадарыць, і тры месяцы і дзесяць дзён ён валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА. І на наступны год паслаў валадар Навухаданосар, і прывёў яго ў Бабілон разам з каштоўным начыньнем Дому ГОСПАДА, і паставіў за валадара над Юдам і Ерусалімам Сэдэкію, брата ягонага. Дваццаць адзін год быў Сэдэкіі, калі ён пачаў валадарыць, і адзінаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, Бога свайго. Ён не ўпакорыўся перад абліччам Ярэміі прарока, [які гаварыў] з вуснаў ГОСПАДА. І таксама ён збунтаваўся супраць валадара Навухаданосар, які ўзяў з яго прысягу перад Богам, і зрабіў цьвёрдым карак свой, і закамяніў сэрца сваё, каб не навярнуцца да ГОСПАДА, Бога Ізраіля. Таксама ўсе начальнікі, сьвятары і народ памнажалі нявернасьць сваю паводле ўсіх брыдотаў народаў, і ганьбілі Дом ГОСПАДА, які Ён асьвяціў у Ерусаліме. І пасылаў ГОСПАД, Бог бацькоў іхніх, да іх пасланцоў Сваіх, рана ўстаючы і пасылаючы, бо меў Ён спагаду да народу Свайго і да Сялібы Сваёй. Але яны сьмяяліся з пасланцоў Божых, і грэбавалі словам Ягоным, і зьдзекваліся з прарокаў Ягоных, аж узьняўся гнеў ГОСПАДА на народ Ягоны, ажно не было лекаваньня. І Ён прывёў на іх валадара Халдэйскага, і той пазабіваў мячом юнакоў іхніх у Доме Сьвятыні іхняй, і не пашкадаваў ані юнака, ані дзяўчыны, ані старога, ані сівога, усё аддаў у рукі ягоныя. І ўсе начыньні Дому Божага, вялікія і малыя, і скарбы Дому ГОСПАДА, і скарбы валадара і князёў ягоных, усё завёз ён у Бабілон. І спалілі Дом Божы, і зруйнавалі муры Ерусаліму, і ўсе палацы ягоныя спалілі агнём, і ўсе каштоўныя рэчы ягоныя зьнішчылі. І перасяліў ён тых, якія засталіся ад мяча, у Бабілон, і былі яны слугамі ягонымі і сыноў ягоных аж да пачатку валадараньня валадарства Пэрсаў, каб споўнілася слова ГОСПАДА праз вусны Ярэміі: «Аж пакуль зямля не задаволіцца за суботы свае, усе дні спусташэньня ейнага будзе яна супачываць да сканчэньня сямідзесяці гадоў». А ў першы год Кіра, валадара Пэрсаў, каб споўнілася слова ГОСПАДА праз вусны Ярэміі, узрушыў ГОСПАД дух Кіра, валадара Пэрсаў, і ён абвясьціў у-ва ўсім валадарстве сваім, і таксама пісьмова, кажучы: «Гэта кажа Кір, валадар Пэрсаў. Усе валадарствы зямлі даў мне ГОСПАД, Бог нябесны. І Ён загадаў мне пабудаваць Яму Дом у Ерусаліме, які ў Юдэі. Хто ёсьць з вас з народу Ягонага, [няхай будзе] ГОСПАД, Бог ягоны, з ім, і няхай ён узыйдзе [ў Ерусалім]».
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023