Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Выхад 1 Выхад 1 раздзел

1 І вось імёны сыноў Ізраіля, якія прыйшлі ў Эгіпет з Якубам, увайшлі кожны з домам сваім:
2 Рубэн, Сымон, Левій і Юда,
3 Ісахар, Завулён і Бэн’ямін,
4 Дан і Нэфталі, Гад і Асэр.
5 І ўсіх душаў, якія выйшлі з паясьніцы Якуба, было семдзясят, а Язэп быў у Эгіпце.
6 І памёр Язэп, і ўсе браты ягоныя, і ўсё пакаленьне тое.
7 І сыны Ізраіля пладзіліся, і нараджаліся, і памнажаліся, і ставаліся вельмі-вельмі магутнымі, і напоўнілася імі зямля.
8 І паўстаў новы валадар у Эгіпце, які ня ведаў Язэпа.
9 І сказаў ён народу свайму: «Вось, народ сыноў Ізраіля больш шматлікі і мацнейшы за нас.
10 Давайце мудра ўчынім адносна яго, каб ён не памнажаўся; бо як здарыцца вайна, ён злучыцца з ворагамі нашымі, і будзе ваяваць з намі, і выйдзе з зямлі гэтай».
11 І ён паставіў над ім наглядчыкаў працаў, каб уціскалі яго цяжкімі працамі. І пабудаваў [Ізраіль] на склады фараону гарады Пітом і Рамсэс.
12 І колькі ўціскалі яго, ён памнажаўся і пашыраўся. І [Эгіпцяне] трывожыліся з прычыны сыноў Ізраіля.
13 І зьняволілі Эгіпцяне сыноў Ізраіля, і ўціскалі,
14 і рабілі горкім жыцьцё іхняе цяжкаю працаю з глінаю і цэглаю, і ўсякаю працаю ў полі, і ўсякімі працамі зьневалялі іх і ўціскалі.
15 І сказаў валадар Эгіпту павітухам гебрайскім, якіх адной імя было Шыфра, а імя другой — Пуа,
16 і сказаў: «Калі будзеце пры радзінах у Гебраек, глядзіце на радзільны ложак: калі будзе сын, дык забіце яго, а калі дачка, няхай застанецца жывая».
17 Але павітухі баяліся Бога, і не рабілі так, як загадаў ім валадар Эгіпту, і пакідалі хлопцаў жывымі.
18 І паклікаў валадар Эгіпту павітухаў, і сказаў ім: «Чаму вы робіце гэта, чаму пакідаеце хлопцаў жывымі?»
19 І сказалі павітухі фараону: «Жанчыны гебрайскія не такія, як эгіпецкія; яны здаровыя, і яны нараджаюць перш, чым прыйдзе да іх павітуха».
20 І спагадаў Бог павітухам; і народ памнажаўся і вельмі мацнеў.
21 І сталася, [за тое], што павітухі баяліся Бога, Ён збудаваў ім дамы.
22 І загадаў фараон усяму народу свайму, кажучы: «Кожнага сына, які народзіцца [ў Гебраяў], кідайце ў раку; а кожную дачку пакідайце жывую».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Выхад, 1 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.