Библия › Бокун › Ёны

Ёны

І было слова ГОСПАДА да Ёны, сына Амітая, кажучы: «Устань, ідзі ў Нініву, горад вялікі, і кажы супраць яго, бо ўзышло ліхоцьце іхняе перад аблічча Маё». І ўстаў Ёна, каб уцячы ў Таршыш ад аблічча ГОСПАДА, і зыйшоў у Яфу, і знайшоў карабель, які плыў у Таршыш; і даў плату, і зыйшоў на карабель, каб плыць з імі ў Таршыш ад аблічча ГОСПАДА. Але ГОСПАД пусьціў вялікі вецер на мора, і ўзьнялася вялікая бура на моры, і думалі, што карабель разаб’ецца. І напалохаліся маракі, і крычалі кожны да бога свайго, і выкінулі ў мора рэчы, што былі на караблі, каб быў лягчэйшым; а Ёна зыйшоў у сярэдзіну карабля, і лёг, і моцна заснуў. І наблізіўся да яго корнік, і сказаў яму: «Што табе, што ты сьпіш? Устань, кліч да Бога свайго, можа, узгадае Бог пра нас, і мы не загінем». І сказалі адзін аднаму: «Хадземце, кіньма жэрабя, і даведаемся, праз каго гэтае ліха [прыйшло] на нас». І кінулі жэрабя, і выпала жэрабя на Ёну. І сказалі яму: «Скажы нам, з якой прычыны гэтае ліха [прыйшло] на нас? Які занятак твой? Адкуль ты прыйшоў? З якога ты краю і з якога народу?» І ён сказаў ім: «Я — Гебрай, і я баюся ГОСПАДА, Бога нябёсаў, Які ўчыніў мора і сухазем’е». І спалохаліся тыя людзі страхам вялікім, і сказалі яму: «Чаму ты гэта зрабіў?», бо даведаліся тыя людзі, што ён уцякае ад аблічча ГОСПАДА, бо ён абвясьціў ім [гэта]. І сказалі яму: «Што нам зрабіць з табою, каб сьціхла мора?», бо мора ўсё больш бушавала. І ён сказаў ім: «Вазьміце мяне і кіньце ў мора, і супакоіцца мора, [якое] супраць вас, бо я ведаю, што з-за мяне гэтая бура вялікая супраць вас». І моцна веславалі тыя людзі, каб вярнуцца на сухую зямлю, і не маглі, бо мора больш і больш бушавала супраць іх. І клікалі яны да ГОСПАДА, і сказалі: «ГОСПАДЗЕ, молім Цябе, няхай не загінем мы за душу чалавека гэтага, і не ўскладай на нас кроў нявінную, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, як захочаш, так і зробіш». І яны паднялі Ёну, і кінулі яго ў мора, і перастала мора гневацца. І напалохаліся тыя людзі страхам вялікім перад ГОСПАДАМ, і складалі яны ахвяры ГОСПАДУ, і абяцалі абяцаньні.

І вызначыў ГОСПАД вялікую рыбу, каб праглынула Ёну, і быў Ёна ў нутры рыбы тры дні і тры ночы. І маліўся Ёна да ГОСПАДА, Бога свайго, з нутра рыбы, і сказаў: «Я клікаў да ГОСПАДА з нядолі маёй, і Ён адказаў мне; з нутра адхлані я загаласіў, і Ты пачуў голас мой. Ты кінуў мяне глыбока ў сэрца мораў, і вір акружыў мяне, усе плыні Твае і хвалі Твае прайшлі праз мяне. І я сказаў: “Я прагнаны ад вачэй Тваіх. Як я пагляджу яшчэ на сьвятую сьвятыню Тваю?” Нахлынулі воды на мяне аж да душы, глыбіня агарнула мяне навокал, травы марскія абвілі галаву маю. Да падвалінаў гор я зыйшоў, зямля заваламі сваімі замкнула мяне на вякі. Але Ты вывеў са зьнішчэньня жыцьцё маё, ГОСПАДЗЕ, Божа мой. Калі млела душа мая ў-ва мне, я ўзгадаў ГОСПАДА, і малітва мая прыйшла да Цябе, да сьвятой сьвятыні Тваёй. Тыя, што захоўваюць марнасьці манлівыя, адкідаюць міласэрнасьць ад сябе. Але я з голасам падзякі прынясу ахвяру Табе, споўню, што абяцаў. Збаўленьне ў ГОСПАДА». І сказаў ГОСПАД рыбе, і яна выкінула Ёну на сухазем’е.

І было слова ГОСПАДА да Ёны другі раз, кажучы: «Устань, ідзі ў Нініву, горад вялікі, і абвяшчай супраць яго тое, што Я сказаў табе». І ўстаў Ёна, і пайшоў у Нініву паводле слова ГОСПАДА; а Нініва была вялікім горадам у Бога, на тры дні дарогі ў абход. І пачаў ён хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці за адзін дзень, і клікаў, і казаў: «Яшчэ сорак дзён, і Нініва будзе зруйнаваная». І паверылі Нініўцы Богу, і абвясьцілі пост, і апрануліся ў зрэбніцу ад найбольшага з іх аж да найменшага з іх. Бо калі слова дайшло да валадара Нінівы, ён устаў з пасаду свайго, і скінуў з сябе адзеньне сваё, і апрануўся ў зрэбніцу, і сядзеў у попеле. І было абвешчана, і сказана ў Нініве паводле загаду валадара і магнатаў ягоных, кажучы: «Няхай ані чалавек, ані быдла, ані валы, ані авечкі нічога не паспытаюць, няхай ані пасьвяцца, ані п’юць вады, але няхай апрануцца ў зрэбніцу чалавек і быдла, і няхай клічуць голасна да Бога, і няхай кожны чалавек адвернецца ад злога шляху свайго і ад ліхадзейства, якое ў руках ягоных. Хто ведае, ці ня зьвернецца Бог [да нас], і ці не пашкадуе, і ці не адверне гнеў палючы Свой, каб мы не загінулі?» І ўбачыў Бог учынкі іхнія, што яны адвярнуліся ад злога шляху свайго, і пашкадаваў Бог пра ліха, пра якое сказаў, што ўчыніць ім, і не ўчыніў.

І моцна засмуціўся Ёна праз гэта, і загневаўся. І маліўся ён да ГОСПАДА, і казаў: «Прашу Цябе, ГОСПАДЗЕ, ці ня гэткае было слова маё, калі яшчэ я быў у зямлі сваёй? Дзеля гэтага я загадзя ўцёк у Таршыш, бо я ведаў, што Ты — Бог літасьцівы і спагадлівы, павольны да гневу і міласэрны, і шкадуеш [рабіць] зло. І цяпер, ГОСПАДЗЕ, прашу Цябе, вазьмі душу маю ад мяне, бо лепш мне памерці, чым жыць». І сказаў ГОСПАД: «Ці добра ты робіш, што гневаешся?» І выйшаў Ёна з гораду, і сеў з усходняга боку гораду, і зрабіў сабе там будан, і сеў пад ім у ценю, каб убачыць, што станецца ў горадзе. І вызначыў ГОСПАД Бог расьліну, і яна вырасла над Ёнаю, каб быць ценем яму над галавою, каб ён пазбавіўся засмучэньня свайго; і ўзрадаваўся Ёна радасьцю вялікай праз тую расьліну. І вызначыў Бог чарвяка, калі ўзыйшла зараніца раніцаю, і ён падтачыў расьліну, і яна ссохла. І сталася, калі ўзыйшло сонца, што Бог вызначыў гарачы ўсходні вецер, і сонца пякло галаву Ёне, ажно ён млеў, і зычыў душы сваёй памерці, і сказаў: «Лепш мне памерці, чым жыць». І сказаў Бог Ёне: «Ці добра, што так злуешся з-за расьліны?» І той сказаў: «Я раблю добра, што гневаюся аж да сьмерці». І сказаў ГОСПАД: «Ты шкадуеш расьліну, каля якой ты не працаваў і якую не расьціў, якая вырасла за ноч і загінула за ноч. А Я ці ня меў бы шкадаваць Нінівы, гэтага гораду вялікага, у якім больш як дванаццаць дзясяткаў тысячаў людзей, што ня могуць адрозьніць правай рукі сваёй ад левай, і шмат быдла?»


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.