Павал, апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, — сьвятым, што ў Эфэсе, і верным у Хрысьце Ісусе: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславіў нас у Хрысьце ўсякім духоўным дабраслаўленьнем у нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім да стварэньня сьвету, каб быць нам сьвятымі і беззаганнымі перад Ім у любові, прадвызначыўшы нас на ўсынаўленьне Сабе праз Ісуса Хрыста з упадабаньня волі Сваёй, на пахвалу славы ласкі Сваёй, якой абдарыў нас ва Улюбёным, у Якім маем адкупленьне праз кроў Яго, адпушчэньне грахоў, паводле багацьця ласкі Яго, якую Ён шчодра зьявіў нам у-ва ўсякай мудрасьці і разуменьні, даўшы нам ведаць таямніцу волі Сваёй, паводле ўпадабаньня Свайго, што Ён раней пастанавіў у Сабе, дзеля ўпарадкаваньня поўні часоў, каб усё, што ў небе і што на зямлі, было пад галавою — Хрыстом. У Ім, у Якім і мы сталіся спадкаемцамі, былі мы прадвызначаныя на гэта паводле вызначэньня Таго, Хто ўсё зьдзяйсьняе паводле жаданьня волі Сваёй, каб быць нам на пахвалу славы Яго, нам, якія раней спадзяваліся на Хрыста. У Ім і вы, пачуўшы слова праўды, Эвангельле вашага збаўленьня, і паверыўшы ў Яго, запячатаныя абяцаным Духам Сьвятым, Які ёсьць зарука спадчыны нашае на выкупленьне ўдзелу, на пахвалу славы Яго. Дзеля гэтага і я, пачуўшы пра вашую веру ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых, няспынна дзякую за вас Богу, узгадваючы пра вас у малітвах маіх, каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця ў пазнаньні Яго, прасьветленыя вочы сэрца вашага, каб вы ўбачылі, якая ёсьць надзея пакліканьня Яго, і якое багацьце славы спадчыны Яго для сьвятых, і якая бязьмерная вялікасьць моцы Яго для нас, якія вераць праз дзеяньне ўладнай магутнасьці Яго, якою Ён дзейнічаў у Хрысьце, уваскрасіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе ў небе, вышэй за ўсякае начальства, і ўладу, і сілу, і панаваньне, і ўсякае імя, названае ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым, і ўсё Ён скарыў пад ногі Ягоныя і даў Яго за галаву над усім у Царкве, якая ёсьць Цела Ягонае, поўня Таго, Які ўсё ў-ва ўсім напаўняе.
І вас, мёртвых праз праступкі і грахі вашыя, у якіх вы некалі хадзілі паводле веку гэтага сьвету, па волі князя, які валадарыць у паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непакорнасьці, — між якімі і мы ўсе жылі некалі ў пажаданьнях цела нашага, выконваючы волю цела і думак, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя, — Бог, багаты міласэрнасьцю, праз вялікую любоў Сваю, якою палюбіў нас, і нас, мёртвых праз праступкі, ажывіў разам з Хрыстом, — ласкай [Божай] вы збаўленыя, — і ўваскрасіў, і пасадзіў у нябёсах у Хрысьце Ісусе, каб зьявіць у вяках, якія прыходзяць, бязьмернасьць багацьця ласкі Сваёй у ласкавасьці да нас у Хрысьце Ісусе. Бо ласкаю [Божай] вы збаўленыя праз веру; і гэта не ад вас — Божы дар: не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся. Бо мы — твор Ягоны, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы ў іх хадзілі. Дзеля гэтага памятайце, што вы, некалі пагане целам, называныя неабрэзанымі праз тых, якія завуцца абрэзанымі целам [абразаньнем], зробленым рукамі, што вы былі ў той час без Хрыста, адлучаныя ад грамадзянства Ізраіля і чужыя запаветам абяцаньня, ня маючы надзеі і бязбожнікі ў сьвеце. А цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі некалі далёка, сталіся блізкімі праз кроў Хрыста. Бо Ён — супакой наш, Які ўчыніў з абодвух адно і зруйнаваў загарадку, што стаяла пасярэдзіне, зьнішчыўшы варожасьць Целам Сваім, Закон прыказаньняў, які быў у пастановах, каб з двух стварыць у Сабе аднаго новага чалавека, прыносячы супакой, і ў адным целе пагадзіць абодвух з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасьць. І, прыйшоўшы, Ён дабравесьціў супакой вам, якія далёка і якія блізка, бо праз Яго абодва маем доступ да Айца ў адным Духу. Дык вы ўжо не чужынцы і ня прыхадні, але суграмадзяне сьвятым і хатнія ў Бога, збудаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста за кутні камень, на якім уся пабудова, разам змацаваная, расьце ў сьвятую бажніцу ў Госпадзе, на якім і вы разам будуецеся на жытло Божае Духам.
Дзеля гэтага вось я, Павал, — вязень Ісуса Хрыста за вас, паганаў. Як вы чулі пра распарадкаваньне ласкі Божае, дадзенае мне дзеля вас, што паводле адкрыцьця Ён аб’явіў мне таямніцу, (як я коратка напісаў вышэй, з чаго, чытаючы, можаце зразумець маё разуменьне таямніцы Хрыстовай), якая ў іншых пакаленьнях не была вядомая сынам чалавечым, як цяпер адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа, што і пагане ёсьць суспадчыньнікамі, і адным целам, і супольнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце праз Эвангельле, якога я стаўся служыцелем паводле дару ласкі Божае, дадзенае мне дзеяньнем сілы Яго. Мне, найменшаму з усіх сьвятых, дадзена ласка гэтая — сярод паганаў дабравесьціць пра недасьледнае багацьце Хрыстовае і зрабіць яўным для ўсіх, якое ёсьць распарадкаваньне таямніцы, што схаваная ад вякоў у Богу, Які стварыў усё праз Ісуса Хрыста, каб цяпер праз Царкву сталася вядомаю начальствам і ўладам у нябёсах разнастайная мудрасьць Божая, паводле адвечнага вызначэньня, якое Ён зрабіў у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым, у Якім маем адвагу і доступ з пэўнасьцю праз веру ў Яго. Таму прашу вас не журыцца з прычыны прыгнёту майго дзеля вас, бо гэта ёсьць слава вашая. Дзеля гэтага схіляю калені мае перад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста, ад Якога мае назоў усякае бацькоўства ў небе і на зямлі, каб Ён даў вам, паводле багацьця славы Сваёй, сілай умацавацца праз Духа Ягонага ва ўнутраным чалавеку, каб Хрыстос пасяліўся праз веру ў сэрцах вашых, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, здолелі сьцяміць разам з усімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, глыбіня і вышыня, і зразумець любоў Хрыстовую, якая вышэй за разуменьне, каб вам напоўніцца ўсёю поўняй Божаю. А Таму, Хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць нашмат больш за ўсё, пра што мы просім або разумеем, Яму слава ў Царкве ў Хрысьце Ісусе ў-ва ўсіх пакаленьнях на вякі вякоў. Амэн.
Дык я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць дастойна пакліканьня, якім вы пакліканыя, з усёй пакорай розуму і ціхасьцю, з доўгацярплівасьцю, церпячы адзін аднаго з любоўю, намагаючыся захаваць еднасьць духа ў саюзе супакою. Адно Цела і адзін Дух, як вы і пакліканыя да аднае надзеі вашага пакліканьня; Адзін Госпад, адна вера, адно хрышчэньне, Адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ў-ва ўсіх вас. А кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры дару Хрыстовага. Дзеля гэтага і кажа: «Узыйшоўшы на вышыню, паланіў палон і даў дары людзям». А «ўзыйшоў» што ёсьць, як ня тое, што ён спачатку зыходзіў у прадонныя месцы зямлі? Зыйшоўшы, Ён ёсьць і Той, Які ўзыйшоў вышэй за ўсе нябёсы, каб споўніць усё. І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля ўдасканальваньня сьвятых на справу служэньня, на будаваньне Цела Хрыстовага, пакуль усе дойдзем да еднасьці веры і пазнаньня Сына Божага, да мужа дасканалага, да меры ўзросту поўні Хрыстовае, каб мы не былі больш немаўлятамі, якіх хістае і захапляе ўсякі вецер вучэньня ў хітрыках чалавечых, у подступе хітрага падману, але каб, кажучы праўду ў любові, узрасталі ў-ва ўсім у Таго, Які ёсьць Галава, — Хрыстос, з Якога ўсё Цела, складзенае і злучанае ўсякімі вязямі дапамогі, праз дзейнасьць у сваю меру кожнага члена, расьце дзеля будаваньня самога сябе ў любові. Дык кажу гэта і сьведчу ў Госпадзе, каб вы больш не хадзілі, як іншыя народы ходзяць, у марнасьці розуму свайго, з зацемненым разуменьнем, адлучаныя ад жыцьця Божага праз няведаньне, якое ў іх праз скамяненьне сэрца іхняга. Яны, стаўшыся нячулымі, аддаліся бессаромнасьці, каб рабіць усякую нячыстасьць з хцівасьцю. Але вы ня гэтак пазналі Хрыста, калі чулі Яго і ў Ім навучыліся, — бо праўда ў Ісусе, — каб адкінуць вам ранейшы лад жыцьця старога чалавека, які зьнішчаецца ў манлівых пажаданьнях, а абнавіцца духам розуму вашага і апрануцца ў новага чалавека, які створаны паводле Бога ў праведнасьці і сьвятасьці праўды. Дзеля гэтага, адкінуўшы хлусьню, гаварыце кожны праўду бліжняму свайму, бо мы члены адзін аднаму. Гневайцеся, ды не грашыце: няхай сонца не заходзіць у гневе вашым; і не давайце месца д’яблу. Хто краў, няхай больш не крадзе, а лепш працуе, робячы добрае рукамі сваімі, каб меў што даць таму, хто мае патрэбу. Аніякае благое слова няхай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае дзеля збудаваньня ў веры, каб ласку давала тым, што слухаюць. І не засмучайце Сьвятога Духа Божага, Якім вы запячатаныя на дзень адкупленьня. Усякая горыч, і ярасьць, і гнеў, і крык, і блюзьнерствы няхай будуць аддаленыя ад вас разам з усім ліхім. Будзьце ж адзін да аднаго добрымі, спагадлівымі, прабачаючы адзін аднаму, як і Бог у Хрысьце прабачыў вам.
Дык будзьце пераймальнікамі Бога, як дзеці ўлюбёныя, і хадзіце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і выдаў Сябе за нас, як дар і ахвяру Богу, на водар салодкі. А распуста і ўсякая нячыстасьць або хцівасьць няхай і не называюцца ў вас, як і належыць сьвятым, ані агідныя і пустыя словы або жарты непрыстойныя, але лепш падзяка. Бо ведайце, што ніякі распусьнік, або нячысты, або хцівец, які зьяўляецца ідалапаклоньнікам, ня мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога. Няхай ніхто не падманвае вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў непакорнасьці. Дык ня будзьце супольнікамі іх. Вы былі некалі цемрай, а цяпер — сьвятло ў Госпадзе; хадзіце ж, як дзеці сьвятла, бо плод Духа ёсьць у-ва ўсякай добрасьці, і праведнасьці, і праўдзе. Выпрабоўвайце, што падабаецца Богу, і ня ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры, а лепш дакарайце. Бо пра тое, што робіцца імі патаемна, сорамна і гаварыць. Але ўсё, дакаранае сьвятлом, робіцца яўным, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло, таму сказана: «Устань, ты, які сьпіш, і ўваскрэсьні з мёртвых, і асьвеціць цябе Хрыстос». Дык глядзіце, хадзіце дакладна, не як бязглуздыя, але як мудрыя, выкупляючы час, бо дні злыя. Дзеля гэтага ня будзьце неразумнымі, але пазнавайце, якая ёсьць воля Госпада. І не ўпівайцеся віном, бо ў ім распуста, але напаўняйцеся Духам, гаворачы да сябе псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, сьпяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых, дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, падпарадкоўваючыся адзін аднаму ў страху Божым. Жанчыны, падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Госпаду, бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа — Збаўца цела. Але як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, гэтак і жонкі сваім мужам у-ва ўсім. Мужы, любіце жонак сваіх, як і Хрыстос палюбіў Царкву і выдаў Сябе за яе, каб асьвяціць яе, ачысьціўшы абмыцьцём водным у слове, каб паставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, ці заганы, ці чаго падобнага, але каб яна была сьвятая і беззаганная. Гэтак павінны мужы любіць сваіх жонак, як целы свае: хто любіць жонку сваю, самога сябе любіць. Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да цела свайго, але жывіць і грэе яго, як і Госпад Царкву. Бо мы — члены цела Яго, ад цела Яго і ад костак Яго. Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адным целам. Таямніца гэтая вялікая; а я кажу пра Хрыста і Царкву. Зрэшты, і вы, кожны па сабе, няхай любіць жонку сваю як сябе; а жонка няхай баіцца мужа.
Дзеці, слухайцеся бацькоў сваіх у Госпадзе, бо ў гэтым праведнасьць. «Шануй бацьку твайго і маці», — гэта першае прыказаньне з абяцаньнем: «каб было табе добра, і быў ты даўгалетнім на зямлі». І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у дысцыплінаваньні і напамінаньні Госпадавым. Слугі, слухайцеся гаспадароў паводле цела, са страхам і трымценьнем, у шчырасьці сэрца вашага, як Хрыста, не на вачах толькі паслугуючы, як тыя, што людзям дагаджаюць, але як слугі Хрыстовыя, якія выконваюць волю Божую ад душы, з зычлівасьцю служачы Госпаду, а ня людзям, ведаючы, што кожны, хто зробіць добрае, атрымае тое самае ад Госпада, ці ён нявольнік, ці вольны. І вы, гаспадары, тое самае рабіце ім, паслабляючы пагрозы, ведаючы, што і ў вас саміх Госпад ёсьць у небе, і ў Яго няма ўзіраньня на аблічча. Нарэшце, браты мае, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ва ўладзе магутнасьці Яго. Апраніцеся ў-ва ўсю зброю Божую, каб маглі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябла, бо нашая барацьба ня супраць крыві і цела, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць сусьветных дзяржаўцаў цемры гэтага веку, супраць духаў зласьлівасьці ў нябёсах. Дзеля гэтага вазьміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у дзень злы і, усё зрабіўшы, застацца стаяць. Дык станьце, падперазаўшы паясьніцу вашую праўдаю, і апрануўшы панцыр праведнасьці, і абуўшы ногі ў гатовасьць дабравесьціць супакой, і па-над усё ўзяўшы шчыт веры, якім зможаце затушыць усе распаленыя стрэлы злога. І шалом збаўленьня прыйміце, і меч Духа, які ёсьць слова Божае. Усякаю малітваю і просьбаю маліцеся ў-ва ўсякі час у Духу, і ў-ва ўсім гэтым чувайце з усёй настойлівасьцю і просьбамі за ўсіх сьвятых і за мяне, каб мне дадзена было слова, адчыніўшы вусны мае, адважна паведамляць таямніцу Эвангельля, дзеля якога я спаўняю пасольства ў ланцугах, каб у ім я гаварыў адважна, як і мушу гаварыць. А каб і вы ведалі пра мяне, што я раблю, усё вам паведаміць Тыхік, улюбёны брат і верны служыцель у Госпадзе, якога я і паслаў да вас дзеля гэтага самага, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя. Супакой братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста. Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў незьнішчальнасьці. Амэн
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023