Пасьля сьмерці Егошуа пыталіся сыны Ізраіля ў ГОСПАДА, кажучы: «Хто з нас першы выступіць супраць Хананейцаў ваяваць з імі?» ГОСПАД адказаў ім: «Няхай выступіць Юда, бо Я аддаў зямлю гэтую ў рукі ягоныя». І сказаў Юда Сымону, брату свайму: «Увайдзі са мной у жэрабя маё і будзем разам ваяваць супраць Хананейцаў, а я ўвайду з табой у жэрабя тваё». І пайшоў з ім Сымон. І пайшоў Юда, і аддаў ГОСПАД у рукі іхнія Хананейцаў і Пэрэзэяў, і ў Бэзэку выбілі яны дзесяць тысячаў мужчын. У Бэзэку сустрэліся яны з Адоні-Бэзэкам і ваявалі з ім, і перамаглі Хананейцаў і Пэрэзэяў. І Адоні-Бэзэк уцёк, але яны дагналі яго, і схапілі, і адрэзалі вялікія пальцы на руках і нагах ягоных. І сказаў Адоні-Бэзэк: «Семдзясят валадароў з адрэзанымі вялікімі пальцамі на руках і нагах зьбіралі крошкі пад сталом маім. І як я рабіў, так і мне Бог адплаціў». І завялі яго ў Ерусалім, і там ён памёр. І ваявалі сыны Юды з Ерусалімам, і захапілі яго, і выбілі яго вострывам мяча, а горад спалілі агнём. Потым зыйшлі сыны Юды і ваявалі супраць Хананейцаў, якія жылі ў гарах, у Нэгеве і ў Шэфэлі. І пайшоў Юда супраць Хананейцаў, якія жылі ў Хеўроне, што раней называўся Кірыят-Арба, і пабіў Шэшая, Ахімана і Тальмая. Адтуль пайшоў ён супраць жыхароў Дэбіру, які раней называўся Кірыят-Сэфэр. І сказаў Халеў: «Хто нападзе на Кірыят-Сэфэр і здабудзе яго, таму дам за жонку Ахсу, дачку маю». І здабыў яго Атніэль, сын Кеназа, малодшага брата Халева, і Халеў аддаў яму за жонку Ахсу, дачку сваю. Калі яна прыйшла, ён намовіў яе, каб прасіла ў бацькі свайго поля. І калі яна зьлезла з асла, сказаў ёй Халеў: «Што табе?» А яна адказала: «Дай мне дабраславенства, бо даў ты мне зямлю Нэгеў. Дай мне крыніцы водаў». І даў ёй Халеў крыніцы верхнія і крыніцы нізавыя. Сыны Кенэя, цесьця Майсея, выйшлі з гораду Пальмаў з сынамі Юды ў пустыню Юды, якая на поўдзень ад Араду, і там абжыліся з народам. І пайшоў Юда з братам сваім Сымонам, і разам напалі яны на Хананейцаў, якія жылі ў Цэфаце, і аблажылі іх закляцьцем, і назвалі горад гэты Харма. І Юда здабыў Газу і ваколіцы ейныя, Ашкелён і ваколіцы ягоныя, Экрон і ваколіцы ягоныя. І ГОСПАД быў з Юдам, і ён захапіў горы, але ня мог выгнаць жыхароў даліны, бо мелі яны калясьніцы жалезныя. Халеву аддалі Хеўрон, як сказаў Майсей, і выгнаў ён адтуль трох сыноў Анака. А сыны Бэн’яміна ня выгналі з Ерусаліму жыхароў ягоных, Евусэяў; і жывуць Евусэі па сёньняшні дзень разам з сынамі Бэн’яміна ў Ерусаліме. Таксама дом Язэпа пайшоў ў Бэтэль, і ГОСПАД быў з імі. І дом Язэпа выведваў Бэтэль, што раней называўся Люз, і ўбачылі выведчыкі чалавека, які выходзіў з гораду, і сказалі яму: «Пакажы нам уваход у горад, і мы зьявім табе міласэрнасьць». І ён паказаў ім уваход у горад, яны выбілі горад вострывам мяча, а чалавека таго і ўсю сям’ю ягоную адпусьцілі. І чалавек той пайшоў у зямлю Хетаў, і заснаваў там горад, і назваў яго Люз, які гэтак называецца па сёньняшні дзень. А Манаса не здабыў Бет-Шэан і Таанах з ваколіцамі іхнімі, і жыхароў Дору, і Іблеаму, і Мэгіддо з ваколіцамі іхнімі, і засталіся Хананейцы жыць на гэтай зямлі. А калі Ізраільцяне ўмацаваліся, яны зрабілі Хананейцаў прыгоннымі, але іх ня выгналі. І Эфраім ня выгнаў Хананейцаў, што жылі ў Гезэры, і Хананейцы жылі сярод іх у Гезэры. І Завулён ня выгнаў жыхароў Кітрону і Нагалалу, і Хананейцы жылі між іх, і сталіся ў іх прыгоннымі. Асэр ня выгнаў жыхароў Акко, Сідону, Ахлябу, Ахзібу, Гэльбы, Афэка і Рэхову. І жыў Асэр сярод Хананейцаў, жыхароў той зямлі, бо ня выгнаў іх. Нэфталі ня выгнаў жыхароў Бэт-Шэмешу і Бэт-Анату, і жыў між Хананейцаў, жыхароў зямлі гэтай, і жыхары Бэт-Шэмешу і Бэт-Анату былі ў яго прыгоннымі. І выпхнулі Амарэйцы сыноў Дана ў горы, і не далі ім зыйсьці ў даліну. Амарэйцы жылі ў Гар-Хэрэсе, у Аялоне і ў Шаальбіме. І цяжэла над імі рука дому Язэпа, і яны былі ў яго прыгоннымі. А межы Амарэйцаў цягнуліся ад узвышша Акраббім і да Сэлі і вышэй.
І зыйшоў анёл ГОСПАДА з Гільгалу ў Бахім, і сказаў: «Я вывеў вас з Эгіпту і завёў вас у зямлю, якую Я запрысяг бацькам вашым, і сказаў: “Не парушу запавету Майго з вамі на вякі. Не заключайце запавет з жыхарамі зямлі гэтай, але разваліце ахвярнікі іхнія”. Але вы не захацелі паслухаць голасу Майго. Чаму вы гэтак зрабілі? І Я сказаў: “Ня буду выганяць іх перад абліччам вашым, каб былі яны вам цернем, а богі іхнія будуць для вас пасткаю”». Калі анёл ГОСПАДА прамаўляў словы гэтыя да ўсіх сыноў Ізраіля, яны ўзьнялі голас свой і заплакалі. І назвалі імя месцу гэтаму Бахім, і яны там склалі ахвяру ГОСПАДУ. І адпусьціў Егошуа народ, і пайшлі сыны Ізраіля, кожны ў спадчыну сваю, каб узяць на ўласнасьць зямлю. І служылі яны ГОСПАДУ ў-ва ўсе дні Егошуа і старшыняў, якія жылі пасьля Егошуа і бачылі ўсе вялікія дзеяньні ГОСПАДА, якія ўчыніў Ён для Ізраіля. І памёр Егошуа, сын Нуна, слуга ГОСПАДА, маючы сто дзесяць гадоў. І пахавалі яго ў межах спадчыны ягонай у Тымнат-Хэрэсе на гары Эфраіма, на поўнач ад гары Гааш. І калі ўсё тое пакаленьне адыйшло да бацькоў сваіх, паўстала іншае пакаленьне пасьля іх, якое ня ведала ГОСПАДА і таго, што Ён зрабіў для Ізраіля. І чынілі сыны Ізраіля ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і служылі Баалам. І пакінулі яны ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і пайшлі за багамі чужымі, за багамі народаў, якія жылі вакол іх, і пакланяліся ім, і гнявілі ГОСПАДА. І яны пакінулі ГОСПАДА, і служылі Баалу і Астарце. І разгневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і аддаў іх у рукі рабаўнікоў, якія зрабавалі ахвярнікі іхнія, і аддаў іх у рукі ворагаў, якія жылі вакол, і яны ўжо не маглі супрацівіцца ворагам сваім. І ў-ва ўсім, што яны рабілі, рука ГОСПАДА была ім на зло, як ГОСПАД казаў і як ГОСПАД прысягаў. І былі яны ў вялікім уціску. І паставіў ім ГОСПАД судзьдзяў, каб яны ратавалі іх ад рукі крыўдзіцеляў іхніх. Але яны і судзьдзяў сваіх ня слухалі, і паганіліся з багамі чужымі, і ім пакланяліся. Хутка збочвалі яны з дарогі, якою ішлі бацькі іхнія, якія слухалі прыказаньні ГОСПАДА. А яны рабілі насуперак. Калі ГОСПАД даваў ім судзьдзяў, ГОСПАД быў з судзьдзёю і ратаваў іх ад рук ворагаў іхніх у-ва ўсе дні судзьдзі, бо ГОСПАД літаваўся над імі, калі яны стагналі ад тых, што іх уціскалі і перасьледавалі. Калі ж паміраў судзьдзя, яны адварочваліся і дапускаліся горшых злачынстваў, чым бацькі іхнія, ідучы за багамі чужымі, служачы ім і пакланяючыся ім, не пакідалі яны ўчынкаў сваіх ліхіх і шляху свайго ліхога. І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на Ізраіля, і Ён сказаў: «За тое, што народ гэты парушыў запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі, і яны ня слухалі голас Мой, Я ня выганю перад абліччам іхнім народы, якіх пакінуў Егошуа, калі памёр, каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, ці будуць яны захоўваць шлях ГОСПАДА і хадзіць па ім, як захоўвалі бацькі іхнія, ці не?» І пакінуў ГОСПАД народы гэтыя, і ня выгнаў іх хутка, і не аддаў іх у рукі Егошуа.
Гэта народы, якія ГОСПАД пакінуў, каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, усіх, якія ня ведалі ўсіх войнаў з Хананейцамі, каб навучыліся наступныя пакаленьні сыноў Ізраіля змагацца з ворагамі, бо яны ня ведалі войнаў: пяць валадароў Філістынскіх, і ўсе Хананейцы, Сідонцы і Хівеі, што жылі ў гарах Лібану, ад гары Баал-Гермон аж да ўваходу ў Хамат. Засталіся яны, каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, ці будзе ён слухацца прыказаньняў ГОСПАДА, якія загадаў Ён бацькам іхнім праз Майсея. І сыны Ізраіля жылі паміж Хананейцаў, Хетаў, Амарэйцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў. І бралі яны за жонак дачок іхніх, і дочкі свае аддавалі сынам іхнім, і служылі багам іхнім. І чынілі сыны Ізраіля ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго, служачы Баалу і Астарце. І разгневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і аддаў іх у рукі Кушан-Рышатаіма, валадара Арам-Нагараіму, і служылі сыны Ізраіля яму восем гадоў. І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, і ГОСПАД паставіў ім збаўцу з сыноў Ізраіля, і выратаваў іх Атніэль, сын Кеназа, малодшы брат Халева. І быў на ім Дух ГОСПАДА, і судзіў ён Ізраіля. І ваяваў ён, і аддаў ГОСПАД у рукі ягоныя Кушан-Рышатаіма, валадара Арам-Нагараіму, і перамагла рука ягоная Кушан-Рышатаіма. І адпачывала зямля сорак гадоў. І памёр Атніэль, сын Кеназа. І сыны Ізраіля ізноў пачалі чыніць ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і Ён умацаваў супраць іх Эглона, валадара Мааву, за ліхоту, якой дапускаліся яны ў вачах ГОСПАДА. І далучыў Эглон да сябе сыноў Амона і сыноў Амалека, і пайшоў, і захапіў Ізраіль, і заняў горад Пальмаў. І сыны Ізраіля служылі Эглону, валадару Мааву, васемнаццаць гадоў. І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, і Ён даў ім збаўцу Эгуда, сына Гера, сына Бэн’яміна, які замест правай [карыстаўся левай] рукой. І сыны Ізраіля паслалі праз яго дары Эглону, валадару Мааву. Эгуд зрабіў сабе меч двусечны, даўжынёю ў локаць, і схаваў яго пад адзеньнем сваім на правым баку. І склаў ён падарункі Эглону, валадару Мааву. Эглон жа быў вельмі тоўсты. Калі [Эгуд] даў яму дары, адпусьціў людзей, якія іх прынесьлі, і, вярнуўшыся з Гільгалу, дзе былі ідалы, сказаў [валадару]: «Валадару, маю для цябе таемнае слова». Той загадаў маўчаць, і выйшлі ўсе, якія пры ім былі. Эгуд падыйшоў да яго; а той сядзеў у летнім пакоі, які займаў сам. Эгуд сказаў: «Слова ад Бога маю сказаць табе». Той падняўся з пасаду. Тады Эгуд выцягнуў левую руку, і схапіў меч на правым баку сваім, і пырнуў ім у жывот ягоны, і чарано ўвайшло ў нутро і засела ў тлушчы; і [Эгуд] ня выцягнуў меч з жывата ягонага, і пакінуў яго. І выйшаў Эгуд праз ганак, і замкнуў за сабою дзьверы пакоя на рыгель. І ён выйшаў, і прыйшлі слугі [валадара], і калі ўбачылі замкнутыя дзьверы пакоя, сказалі: «Напэўна, накрыў ногі свае ў летнім пакоі». І чакалі доўга, аж стрывожыліся, і ніхто не адчыняў дзьверы летняга пакою, і ўзялі ключы, і адчынілі, і вось, гаспадар іхні, які ляжаў на зямлі мёртвы. Пакуль яны чакалі, Эгуд уцёк, і прайшоўшы каля ідалаў, прыйшоў у Цэйрату. І прыйшоў, і затрубіў у рог на гары Эфраіма. І сыны Ізраіля зыйшлі з ім з гары, і ён ішоў на чале іх. І сказаў ён ім: «Хадземце за мною, бо ГОСПАД выдаў ворагаў вашых, Мааўлянаў, у рукі вашыя». Яны пайшлі за ім, і занялі броды на Ярдане, якімі пераходзяць у Мааў, і не дазволілі нікому перайсьці. І ў гэты час выбілі яны каля дзесяці тысячаў Мааўлянаў, а былі яны ўсе дужыя і моцныя. І ніводзін з іх ня ўцёк. І ўпакораныя былі ў той дзень Мааўляне рукою Ізраіля, і восемдзясят гадоў зямля жыла спакойна. Пасьля яго быў Шамгар, сын Аната. Ён пабіў Філістынцаў шэсьцьсот чалавек кіем для быдла. Ён таксама збавіў Ізраіля.
Пасьля сьмерці Эгуда сыны Ізраіля зноў пачалі рабіць ліхое ў вачах ГОСПАДА. І аддаў іх ГОСПАД у рукі Явіна, валадара Ханаану, які валадарыў у Хацоры. Начальнікам войска ягонага быў Сісэра, які жыў у Харашэт-Гагаіме. І клікалі сыны Ізраіля да ГОСПАДА, бо Явін меў дзевяцьсот калясьніцаў жалезных і дваццаць гадоў бязьлітасна ўціскаў сыноў Ізраіля. У гэты час судзіла Ізраіль Дэбора прарочыца, жонка Ляпідота. Яна сядзела пад пальмаю Дэборы паміж Рамаю і Бэтэлем на гары Эфраіма. І прыходзілі да яе сыны Ізраіля на суд. Яна паслала і паклікала Барака, сына Абінаама, з Кадэш-Нэфталі, і сказала яму: «Гэта загадаў ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Ідзі і вядзі войска на гару Табор, і вазьмі з сабою дзесяць тысячаў ваяроў з сыноў Нэфталі і з сыноў Завулёна. А Я прывяду да цябе да ручая Кішон Сісэру, начальніка войска Явіна, і калясьніцы ягоныя, і ўсё мноства ягонае, і аддам яго ў рукі твае”». І сказаў ёй Барак: «Калі ты пойдзеш са мною, і я пайду, а калі ня пойдзеш са мной, я не пайду». Яна сказала: «Я пайду з табою, але ў гэтай выправе ты не здабудзеш славы, бо ў рукі жынчыны аддасьць ГОСПАД Сісэру». І ўстала Дэбора, і пайшла з Баракам у Кадэш. А Барак сабраў сыноў Завулёна і Нэфталі ў Кадэшы, і вырушыў з дзесяцьцю тысячамі ваяроў, і пайшла з імі Дэбора. А Хэвэр Кенэянін аддзяліўся ад іншых сыноў Кенэя, братоў сваіх, сыноў Хавава, цесьця Майсея, і разлажыўся табарам каля дуба ў Цаананіме каля Кадэшу. І даведаўся Сісэра, што Барак, сын Абінаама, вырушыў на гару Табор. І сабраў Сісэра ўсе калясьніцы свае, дзевяцьсот калясьніцаў жалезных, і ўсе дружыны свае, якія меў, і загадаў ім прыйсьці з Харашэт-Гагаіму да ручая Кішон. І сказала Дэбора Бараку: «Устань, бо ў гэты дзень аддасьць ГОСПАД у рукі твае Сісэру. Сам ГОСПАД пойдзе перад табою». І зыйшоў Барак з гары Табор, і разам з ім дзесяць тысячаў ваяроў. Тады ГОСПАД навёў жах на Сісэру і на ўсе калясьніцы ягоныя, і на ўсё мноства войска ягонага перад вострывам мяча Барака. І сам Сісэра выскачыў з калясьніцы, і ўцякаў пешшу. А Барак гнаў калясьніцы і войска аж да Харашэт-Гагаіму. І ўсё войска Сісэры загінула ад вострыва мяча, і ніводзін не ацалеў. А Сісэра ўцякаў пешшу і прыбег да намёту Яэлі, жонкі Хэвэра Кенэяніна. Бо быў мір між Явінам, валадаром Хацору, і домам Хэвэра Кенэяніна. І Яэль выйшла з намёту на спатканьне Сісэры, і сказала яму: «Увайдзі да мяне, пане мой, увайдзі, ня бойся». Ён увайшоў у намёт яе, і яна накрыла яго кілімам. Ён сказаў ёй: «Дай мне, калі ласка, крыху вады, бо я вельмі засьмягшы». Яна адкрыла буклак з малаком і дала яму напіцца, а потым зноў накрыла яго. [Сісэра] сказаў ёй: «Пастой каля ўваходу ў намёт, і калі хто прыйдзе і будзе пытацца ў цябе: “Ці ёсьць тут хто?”, ты адкажы: “Нікога няма”». Тады Яэль, жонка Хэвэра, узяла калок ад намёту і молат, і ўвайшла ціха да яго, і прабіла яго скроні калком, і [Сісэра] ўткнуўся ў зямлю, а ён спаў ад зьнямогі, і памёр. І вось Барак, гонячыся за Сісэрам, надыйшоў. Яэль выйшла да яго і сказала: «Хадзем, я пакажу табе чалавека, якога ты шукаеш». Ён, калі ўвайшоў да яе, убачыў Сісэру, што ляжаў мёртвы, з калком у скронях. У той дзень прынізіў Бог Явіна, валадара Ханаану, перад абліччам сыноў Ізраіля. І мацнела рука сыноў Ізраіля, і цяжэла рука іхняя над Явінам, валадаром Ханаану, пакуль яны ня зьнішчылі Явіна, валадара Ханаану.
У той дзень засьпявалі Дэбора і Барак, сын Абінаама, кажучы: «Адпомшчаны Ізраіль, бо народ выступіў дабраахвотна! Дабраславіце ГОСПАДА! Слухайце, валадары, прыхіліце вушы, начальнікі. Я ГОСПАДУ буду сьпяваць, буду граць хвалу ГОСПАДУ, Богу Ізраіля! ГОСПАДЗЕ, калі Ты выходзіў з Сэіру, калі Ты выходзіў з ваколіцаў Эдому, тады трэслася зямля, і неба плакала, і хмары лілі [кроплі] вады. Горы таялі перад абліччам ГОСПАДА з Сынаю, перад абліччам ГОСПАДА, Бога Ізраіля. У дні Шамгара, сына Аната, у дні Яэлі апусьцелі дарогі; а тыя, што хадзілі па іх, абыходзілі іх сьцежкамі бочнымі. Зьніклі мужныя ў Ізраілі, іх ня стала, пакуль не паўстала я, Дэбора, і паднялася як маці ў Ізраілі. Выбралі яны сабе багоў новых, і тады [прыйшла] вайна ў брамы, але не відаць ані шчыта, ані дзіды ў сарака тысячаў Ізраіля. Сэрца маё [зьвяртаецца] да князёў Ізраіля, якія дабраахвотна ахвяраваліся за народ, дабраславіце ГОСПАДА! Вы, што едзеце на асьліцах белых, і вы, што сядзіце на кілімах і вы, што ідзіцё дарогамі, сьпявайце! Галасы тых, якія дзеляць [здабычу] пры вадапоях, няхай расказваюць пра праведнасьць ГОСПАДА, пра праведнасьць магуцьця Яго ў Ізраілі; тады зьбярэцца народ ГОСПАДА каля брамаў. Устань, устань, Дэбора! Устань, устань і засьпявай сьпеў! Устань, Барак, вазьмі палонных тваіх, сын Абінаама! Тады запануе рэшта правадыроў народу; ГОСПАД зыйдзе сярод волатаў. Ад Эфраіма прыйшлі князі ў даліну, за ім Бэн’ямін з народам сваім. Ад Махіра князі прыйшлі, і ад Завулёна [прыйшлі] тыя, што трымаюць скіпетр. Князі Ісахара былі з Дэбораю; і Ісахар разам з Баракам пасланы быў у даліну. А ў ваколіцах Рубэна вялікая нарада. Чаму ты сядзіш паміж аборамі, каб слухаць мэканьне статку? У ваколіцах Рубэна вялікая нарада. Гілеад адпачывае за Ярданам, а Дан як вандроўнік узыйшоў на караблі. Асэр жыве на беразе мора і пры затоках сваіх застаўся. Завулён ахвяраваў душу сваю на сьмерць, а Нэфталі — у гарыстых мясцовасьцях. Прыйшлі валадары і ваявалі, ваявалі валадары Ханаану ў Таанаху каля водаў Мэгіддо, але здабычы срэбра не атрымалі! З неба змагаліся зоркі, з шляхоў сваіх супраць Сісэры ваявалі. Ручай Кішон панёс іх, ручай старадаўні, ручай Кішон; трымайся моцна, душа мая. Тады гучаў тупат капытоў коней, калі імчалі дужыя іхнія. “Праклінайце Мэроз, — сказаў анёл ГОСПАДА, — праклінайце праклёнам жыхароў ягоных, бо не прыйшлі яны на дапамогу ГОСПАДУ, на дапамогу ГОСПАДУ з волатамі [сваімі]”. Няхай будзе дабраслаўлёная між жанчынамі Яэль, жонка Хэвэра Кенэяніна, няхай будзе яна дабраслаўлёная між жанчынамі ў намётах! Таму, хто прасіў вады, яна дала малака, і ў куфлі князёў прынесла яму малако. Левай рукой узяла калок, а правай — кавальскі молат. І ўдарыла Сісэру, і прабіла галаву яму, скроні яго разьбіла. Каля ног яе ён зваліўся, упаў і ляжаў, каля ног яе ўпаў, паваліўся. Дзе ўпаў, там і ляжаў забіты. Праз акно глядзіць маці Сісэры і галосіць праз ваконныя краты: “Чаму марудзіць калясьніца ягоная вярнуцца? Чаму не сьпяшаецца грукат калясьніцаў ягоных?” Разумнейшыя з жанчынаў ейных адказваюць ёй, і сама сабе паўтарае яна словы іхнія: “Дык жа зьбіраюць здабычу і разьдзяляюць па паланянцы ці па дзьве кожнаму ваяру, а шаты каляровыя — для Сісэры, шаты каляровыя, гафтаваныя, а на шыю той, [якая дзеліць] здабычу — каляровыя хусткі”. Няхай гэтак, ГОСПАДЗЕ, зьнікнуць усе ворагі Твае! А тыя, што любяць Цябе, няхай ясьнеюць як сонца, якое ўзыходзіць!» І зямля жыла ў супакоі сорак гадоў.
І сыны Ізраіля чынілі зло ў вачах ГОСПАДА, і ГОСПАД аддаў іх на сем гадоў у рукі Мадыянцаў. І рука Мадыянцаў цяжэла над Ізраілем. І сыны Ізраіля [ад страху] перад Мадыянцамі парабілі сабе сховішчы і пячоры ў гарах і ўмацаваныя месцы. Калі Ізраільцяне сеялі, прыходзілі Мадыянцы, і Амалек, і сыны Усходу, і хадзілі сярод іх, і раскладаліся ў іх табарам, і нішчылі плады зямлі аж да Газы, не пакідаючы для Ізраіля ніякіх сродкаў для жыцьця: ані авечак, ані валоў, ані аслоў. Яны прыходзілі разам са статкамі сваімі і намётамі сваімі, і прыходзілі як мноства саранчы. І іх, і вярблюдаў іхніх нельга было палічыць. І хадзілі яны па зямлі Ізраіля, каб пустошыць яе. Вельмі зьбяднеў Ізраіль ад Мадыянцаў. І клікалі сыны Ізраіля да ГОСПАДА. І клікалі сыны Ізраіля да ГОСПАДА з прычыны Мадыянцаў, і ГОСПАД паслаў да сыноў Ізраіля прарока, і ён сказаў ім: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я вывеў вас з Эгіпту, вывеў вас з дому няволі, і вызваліў вас з рук Эгіпцянаў і з рук усіх прыгнятальнікаў вашых, і выгнаў іх перад абліччам вашым, і аддаў вам зямлю іхнюю. І Я вам сказаў: "Я — ГОСПАД, Бог ваш, ня бойцеся багоў Амарэйцаў, на зямлі якіх вы жывеце". Але вы ня слухалі голас Мой”» І прыйшоў анёл ГОСПАДА, і сеў пад дубам у Офры, якая [належала] Ёашу з [роду] Абіезэра. Гідэон, сын ягоны, малаціў у тоўчні збожжа, каб схаваць [яго] ад Мадыянцаў. І зьявіўся яму анёл ГОСПАДА, і сказаў яму: «ГОСПАД з табою, ваяр мужны!» Гідэон сказаў яму: «Прабач, гаспадару мой, калі ГОСПАД з намі, адкуль прыйшло ўсё гэта? Дзе ўсе цуды Ягоныя, пра якія расказвалі нам бацькі нашыя, кажучы: “З Эгіпту вывеў нас ГОСПАД”. А цяпер пакінуў нас ГОСПАД і аддаў нас у рукі Мадыянцаў». І зьвярнуўся да яго ГОСПАД, і сказаў: «Ідзі з гэтай сілаю тваёй і збаў Ізраіля з рукі Мадыянцаў. Я пасылаю цябе». І адказаў [Гідэон]: «Госпадзе! Якім чынам я вызвалю Ізраіля? Род мой найбяднейшы ў [калене] Манасы, а я — апошні ў доме бацькі майго». І ГОСПАД сказаў яму: «Я буду з табою, і ты паб’еш Мадыянцаў як аднаго чалавека». І адказаў ён Яму: «Калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, дай мне нейкі знак, што гэта Ты гаворыш са мною. Не адыходзься адгэтуль, пакуль я прыйду да Цябе і прынясу ахвяру маю, і складу яе Табе». І [Госпад] сказаў: «Пачакаю, пакуль вернешся». І Гідэон пайшоў, і падрыхтаваў казьляня і праснакоў з эфы мукі, і мяса палажыў у кош, а страву — у гаршчок, і прынёс гэта ўсё пад дуб, і ахвяраваў Яму. І сказаў яму анёл Божы: «Вазьмі мяса і праснакі, і палажы іх на скале гэтай, а страву вылі наверх». І ён зрабіў гэта. І анёл ГОСПАДА працягнуў канец кія, які [трымаў] у руцэ Сваёй, і дакрануўся ім да мяса і праснакоў, і выйшаў агонь са скалы, і спаліў мяса і праснакі. І анёл ГОСПАДА зьнік з вачэй ягоных. І ўбачыў Гідэон, што гэта быў анёл ГОСПАДА, і сказаў Гідэон: «Гора мне, Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, бо я бачыў анёла ГОСПАДА тварам у твар!» І сказаў яму ГОСПАД: «Супакой табе, ня бойся, не памрэш!» І пабудаваў там Гідэон ахвярнік ГОСПАДУ і назваў яго: “Ягвэ-Шалом”. Аж па сёньняшні дзень [ахвярнік] гэты ў Офры Абіезэравай. У тую ноч сказаў ГОСПАД [Гідэону]: «Вазьмі бычка са [статку] бацькі твайго і другога бычка, сямігадовага, і развалі ахвярнік Баала, які ў бацькі твайго, і сьсячы сьвятое дрэва, якое каля [ахвярніка], і пастаў ахвярнік ГОСПАДУ, Богу твайму, на версе гэтай скалы ў адпаведны спосаб. І вазьмі другога бычка, і складзі цэласпаленьне на дровах са сьвятога дрэва, якое сьсячэш». І ўзяў Гідэон дзесяць чалавек слугаў сваіх, і зрабіў, як прамовіў яму ГОСПАД. Але баяўся ён дому бацькі свайго і жыхароў таго гораду, і не зрабіў гэтага ўдзень, але зрабіў уначы. І раніцаю ўсталі людзі таго гораду, і вось, развалены ахвярнік Баала і сьсечанае сьвятое дрэва, якое пры ім, і другі бычок складзены ў ахвяру цэласпаленьня на пабудаваным ахвярніку. І казалі яны адзін аднаму: «Хто гэта зрабіў?» І шукалі, і даведваліся, і сказалі: «Гідэон, сын Ёаша, зрабіў гэта». І людзі гораду таго сказалі Ёашу: «Выведзі сына твайго, і няхай ён памрэ, бо ён разваліў ахвярнік Баала і сьсек сьвятое дрэва, якое пры ім». А Ёаш сказаў усім, што стаялі каля яго: «Ці ж вы хочаце бараніць Баала і дапамагаць яму? Хто будзе заступацца за Баала, будзе забіты да раніцы. Калі ён — бог, няхай сам заступаецца за сябе супраць таго, хто разваліў ахвярнік ягоны». З таго дня Гідэона назвалі Еруббаал, кажучы: «Няхай Баал змагаецца з ім, бо ён разваліў ахвярнік ягоны». А ўсе Мадыянцы, Амалек і сыны Усходу сабраліся разам і пераправіліся [праз Ярдан], і разлажыліся табарам у лагчыне Езрээль. І Дух ГОСПАДА ахапіў Гідэона, і ён затрубіў у рог, і сабраў пры сабе [дом] Абіезэра. І паслаў ён пасланцоў да ўсяго Манасы, і яны сабралася пры ім, і паслаў пасланцоў да Асэра, Завулёна і Нэфталі, і яны пайшлі, каб з ім злучыцца. І сказаў Гідэон Богу: «Калі сапраўды хочаш выратаваць Ізраіля рукою маёй, як Ты прамовіў, вось, я расьцялю на таку стрыжаную воўну. Калі раса будзе толькі на воўне, а на ўсёй зямлі будзе суха, я буду ведаць, што рукою маёй Ты вызваліш Ізраіль, як Ты прамовіў». І так сталася. І ён устаў раніцаю, і сьціснуў воўну, і выціснуў поўны куфаль вады. І сказаў Гідэон Богу: «Ня гневайся на мяне, калі яшчэ раз прамоўлю да Цябе. Дазволь яшчэ раз выпрабаваць праз воўну. Няхай [раніцаю] будзе сухой толькі воўна, а кругом на зямлі будзе росна». І зрабіў гэта Бог уначы, і толькі воўна засталася сухой, а ўся зямля была роснай.
І ўстаў раніцаю Еруббаал або Гідэон, і ўвесь народ, які з ім, і разлажыліся табарам каля крыніцы Харод. А табар Мадыянцаў быў на поўнач ад яго, каля ўзгорка Морэ, у лагчыне. І сказаў ГОСПАД Гідэону: «Залішне народу пры табе, каб у рукі ягоныя Я выдаў Мадыянцаў, бо Ізраіль можа ўзьвялічваць сябе, кажучы: “Рука мая вызваліла мяне”. І цяпер скажы ў вушы народу, кажучы: “Хто баіцца і палахлівы, той няхай вернецца і зыйдзе з гары Гілеад”». І вярнулася з народу дваццаць дзьве тысячы, а засталося дзесяць тысячаў. І сказаў ГОСПАД да Гідэона: «Яшчэ зашмат народу. Завядзі яго да вады, і Я выспрабую яго. Пра каго табе скажу, каб ішоў з табою, той няхай пойдзе, а каму ісьці забараню, той няхай ня пойдзе». І зыйшоў народ да вады, і сказаў ГОСПАД Гідэону: «Хто языком сваім будзе хлёбаць ваду, як сабакі хлёбаюць, тых пастаў асобна, а тых, якія ўкленчыўшы на калені свае будуць піць ваду, [асобна]». І тых, якія хлёбалі ваду рукой, [падносячы] да вуснаў, было трыста чалавек. А ўсе астатнія пілі ўкленчыўшы. І сказаў ГОСПАД Гідэону: «Трыма сотнямі людзей, якія хлёбалі ваду, Я збаўлю вас, і аддам Мадыянцаў у руку тваю, а ўвесь народ няхай ідзе, кожны на месца сваё». І ўзяў народ ежу ў руку сваю і трубы. І ўсім іншым загадаў [Гідэон] вярнуцца ў намёты свае, а тых трыста чалавек затрымаў пры сабе. Табар жа Мадыянцаў быў пад ім у лагчыне. У тую ноч ГОСПАД сказаў яму: «Устань і ідзі ў табар, бо Я аддаю яго ў рукі твае. Калі баішся ісьці адзін, няхай ідзе з табою ў табар Пура, слуга твой. Калі ты пачуеш, што яны гавораць, тады ўмацуюцца рукі твае, і ты пойдзеш на табар [ворагаў]». І зыйшоў ён і слуга ягоны Пура да самых вартаўнікоў табару. А Мадыянцы, Амалек і ўсе сыны Усходу разьмясьціліся ў лагчыне, шматлікія, як саранча. І вярблюдаў іхніх было бяз ліку, як пяску, які на беразе мора. І прыйшоў [туды] Гідэон, і вось, чалавек расказваў сон бліжняму свайму і казаў: «Я меў сон. І вось, бохан хлеба ячменнага прыкаціўся да табару Мадыянцаў, і калі дакаціўся да намёту, ударыў у яго і перавярнуў яго, і намёт разваліўся». І адказаў бліжні ягоны, кажучы: «Гэта нішто іншае, як меч Гідэона, сына Ёаша, Ізраільцяніна. Аддаў Бог у рукі ягоныя Мадыянцаў і ўвесь табар іхні». Калі Гідэон пачуў аповед пра сон і тлумачэньне ягонае, пакланіўся [Богу] і вярнуўся ў табар Ізраіля, і сказаў: «Устаньце! Бо ГОСПАД аддаў у рукі вашыя табар Мадыянцаў». І падзяліў ён трыста чалавек на тры аддзелы, і даў кожнаму з іх трубы і пустыя збаны, і паходні ўнутры збаноў. І сказаў ім: «Глядзіце на мяне, і рабіце тое самае, што я. Калі я дайду да табару, што я буду рабіць, тое і вы рабіце. Калі я затрублю ў рог, і вы трубіце ў рогі кругом табару і крычыце: “[Меч] ГОСПАДА і Гідэона!”» І дайшоў Гідэон і сто мужчынаў, якія былі з ім, да самага табару на пачатку сярэдняй начной варты, калі толькі паставілі вартаўнікоў. І затрубілі яны ў рогі, і пабілі збаны, якія [былі] ў руках іхніх. І затрубілі ў рогі тры аддзелы, і пабілі збаны, і ўзялі ў левую руку паходні, а ў правую — рогі, каб імі трубіць, і крычалі: «Меч ГОСПАДА і Гідэона!» І стаяў кожны на месцы сваім вакол табару, а ў-ва ўсім табары пачалі бегаць і крычаць, і кінуліся ўцякаць. І калі тыя трыста чалавек трубілі ў рогі, скіраваў ГОСПАД меч аднаго на другога ў-ва ўсім табары. І табар уцёк аж да Бэт-Гашыты ў кірунку Царэтану і Абэль-Мэхолы каля Табаты. І сабраліся Ізраільцяне з [каленаў] Нэфталі і Асэра і з усяго [калена] Манасы, і гналіся за Мадыянцамі. І Гідэон паслаў пасланцоў на ўсе горы Эфраіма, кажучы: «Выходзьце супраць Мадыянцаў і перахапіце ў іх [броды] праз воды Ярдану аж да Бэт-Бары». І сабраліся ўсе сыны Эфраіма, і заступілі броды на Ярдане аж да Бэт-Бары. І захапілі яны двух князёў Мадыянскіх, Арэба і Зээба, і забілі Арэба ў Цур-Арэбе, а Зээба забілі ў Экэб-Зээбе. І гналіся за Мадыянцамі, а галовы Арэба і Зээба прынесьлі Гідэону за Ярдан.
І сказалі Гідэону сыны Эфраіма: «Што гэта такое, што не захацеў ты браць нас ваяваць супраць Мадыянцаў?» І моцна з ім спрачаліся. А ён ім сказаў: «Ці зрабіў я што такое, што вы зрабілі? Ці ня лепшы апошні збор вінаграду ў Эфраіма, чым першы ў Абіезэра? У рукі вашыя аддаў Бог князёў Мадыянскіх Арэба і Зээба. Што болей мог я зрабіць у параўнаньні з вамі?» Калі ён сказаў словы гэтыя, супакоілася ў іх абурэньне супраць яго. І прыйшоў Гідэон да Ярдану, і перайшоў яго з трымастамі ваярамі, якія з ім былі. А былі яны змучаныя, перасьледуючы ворагаў. І сказаў Гідэон жыхарам Сукоту: «Дайце, калі ласка, людзям маім хлеба, бо яны вельмі стаміліся, а я перасьледую Зэбаха і Цальмуну, валадароў Мадыянскіх». А князі Сукоту адказалі: «Ці ўжо рукі Зэбаха і Цальмуны ў руках тваіх, каб мелі мы даваць хлеб войску твайму?» І сказаў Гідэон: «Калі выдасьць ГОСПАД Зэбаха і Цальмуну ў рукі мае, я буду малаціць целы вашыя цернем пустынным і асотам». І пайшоў адтуль у Пэнуэль, і падобна прасіў жыхароў той мясцовасьці. І тыя яму адказалі, як жыхары Сукоту. І таксама ім ён сказаў: «Калі вярнуся ў супакоі, развалю вежу вашую». А Зэбах і Цальмуна адпачывалі ў Каркоры з усім войскам сваім, каля пятнаццаці тысячаў ваяроў, якія засталіся з усіх дружынаў сыноў Усходу. А тых, што згінулі, было сто дваццаць тысячаў чалавек, якія валодалі мячом. І Гідэон пайшоў шляхам жыхароў намётаў на ўсход ад Набаху і Ёгбэгі, і напаў на табар ворагаў, якія пачуваліся ў бясьпецы. Зэбах і Цальмуна ўцяклі, але Гідэон дагнаў іх і схапіў абодвух валадароў Мадыяну, Зэбаха і Цальмуну, а ўсё войска іхняе разьбіў. І варочаўся Гідэон, сын Ёаша, з вайны праз Маале-Га-Хэрэс. І схапіў ён юнака з жыхароў Сукоту, і спытаў у яго пра князёў і старшыняў Сукоту. І той напісаў яму [імёны] сямідзесяці сямі чалавек. І прыйшоў ён да жыхароў Сукоту, і сказаў ім: «Вось Зэбах і Цальмуна, дзеля якіх вы абражалі мяне, кажучы: “Ці ж рука Зэбаха і Цальмуна ўжо ў руках тваіх, каб даваць хлеб ваярам тваім, што зьняможаны?”» І схапіў ён старшыняў гораду, і, узяўшы церні пустынныя і асот, пакараў імі жыхароў Сукоту. Таксама вежу Пэнуэля разваліў і выбіў жыхароў гораду таго. І сказаў Зэбаху і Цальмуне: «Што гэта за людзі былі, якіх вы забілі каля Табору?» Яны адказалі: «Яны былі падобныя да цябе, і кожны з іх меў выгляд сыноў валадара». Ён ім сказаў: «Гэта былі браты мае, сыны маці маёй. Як жывы ГОСПАД! Калі б вы іх захавалі, я вас не забіў бы!» І даў ён загад Етэру, першароднаму свайму: «Устань і забі іх!» Але ён ня выцягнуў мяча, бо баяўся, бо быў яшчэ малы. І сказалі Зэбах і Цальмуна: «Ты сам устань і забі нас, бо які чалавек, такая і сіла ягоная». І ўстаў Гідэон, і забіў Зэбаха і Цальмуна, і забраў паўмесяцы, што віселі на шыях вярблюдаў іхніх. І сказалі Ізраільцяне Гідэону: «Валадар над намі ты, і сын твой, і ўнук твой, бо ты вызваліў нас з рук Мадыянцаў». І сказаў ён ім: «Ня буду я валадарыць над вамі, і ня будзе валадарыць над вамі сын мой, але будзе валадарыць над вамі ГОСПАД». І гаварыў ім: «Адну толькі маю просьбу да вас: дайце мне кожны па колцу са здабычы вашай». Бо звычайна залатыя колцы насілі [забітыя], бо былі Ізмаэльцы. Яны адказалі: «Вельмі ахвотна дамо». І расклалі плашч на зямлі, і кожны са здабычы сваёй палажыў залатое колца. І вага прынесеных залатых колцаў была тысяча семсот сыкляў золата, ня лічачы паўмесяцаў, колцаў і пурпуровых шатаў, якія насілі валадары Мадыянскія, таксама ня лічачы ланцужкоў, што віселі на шыях вярблюдаў іхніх. З іх зрабіў Гідэон эфод і паставіў яго на радзіме сваёй, у Офры. І ўвесь Ізраіль чужаложыў там з ім, і сталася гэта для Гідэона і сям’і ягонай загубай. І ўпакорыліся Мадыянцы перад сынамі Ізраіля, і не паднялі яны болей галавы, і зямля сорак гадоў адпачывала, калі жыў Гідэон. І Еруббаал, сын Ёаша, пайшоў, і жыў у доме сваім. Гідэон меў семдзясят сыноў, што выйшлі з паясьніцы ягонай, бо меў шмат жонак. Адна з наложніцаў ягоных, што жыла ў Сыхеме, нарадзіла яму сына, якому дадзена імя Абімэлех. Праз нейкі час Гідэон, сын Ёаша, памёр у добрай старасьці, і быў пахаваны ў магіле Ёаша, бацькі свайго, у Офры Абіезэравай. Пасьля сьмерці Гідэона зноў сыны Ізраіля адвярнуліся ад ГОСПАДА і паганіліся з Баалам, і паставілі Баал-Бэрыта за бога сабе. І забыліся сыны Ізраіля пра ГОСПАДА, Бога свайго, Які вызваліў іх з рукі ўсіх ворагаў іхніх навакол. І не зьявілі яны спагаднасьці для сям’і Еруббала, ці Гідэона, нягледзячы на тое, што столькі дабра зрабіў ён для Ізраіля.
Абімэлех, сын Еруббаала, пайшоў у Сыхем да братоў маці сваёй і сказаў ім і ўсім сваякам з дому маці сваёй, кажучы: «Скажыце ўсім людзям у Сыхеме: “Што вам лепш: каб панавалі над вамі ўсе семдзясят сыноў Еруббаала, ці каб панаваў над вамі адзін чалавек?” І майце на ўвазе, што я — костка з косткі вашай і цела з цела вашага». І браты маці ягонай расказвалі пра яго ўсім людзям у Сыхеме ў такі спосаб, і сэрцы іхнія прыхіліліся да Абімэлеха, бо яны казалі: «Гэта брат наш!» І далі яму семдзясят сыкляў срэбра з дому Баал-Бэрыта, і Абімэлех наняў за іх прайдзісьветаў і людзей бадзяжных, якія пайшлі за ім. І вярнуўся ён у дом бацькі свайго ў Офры, і на адным камяні забіў братоў сваіх, сыноў Еруббаала, семдзясят чалавек. Пакінуў толькі Ётама, наймалодшага сына Еруббаала, бо ён быў схаваўшыся. І сабраліся ўсе мужчыны з Сыхему і ўвесь Бэт-Міло, і пайшлі, і паставілі Абімэлеха валадаром каля дуба, які стаяў блізка Сыхему. Калі паведамілі пра гэта Ётаму, ён пайшоў і стаў на вяршыні гары Гарызім, і ўзвысіў голас свой, і сказаў: «Слухайце мяне, людзі Сыхему, і няхай пачуе вас Бог. Сабраліся дрэвы, каб выбраць сабе валадара, і сказалі яны аліўцы: “Валадар над намі”. Яна адказала: “Ці ж магу я выракчыся алею свайго, якім ганарацца богі і людзі, каб пайсьці хістацца па-над дрэвамі?” І сказалі дрэвы дрэву фігаваму: “Хадзі і будзь валадаром над намі”. Адказала ім дрэва фігавае: “Ці ж маю я выракчыся салодкасьці сваёй і адборнага плоду свайго, каб пайсьці хістацца па-над дрэвамі?” І сказалі дрэвы вінаграду: “Хадзі і будзь валадаром над намі”. Вінаград ім адказаў: “Ці ж маю я выракчыся соку свайго, які весяліць багоў і людзей, каб пайсьці хістацца па-над дрэвамі?” Тады сказалі ўсе дрэвы цярніне: “Хадзі і будзь валадаром над намі!” Адказала цярніна дрэвам: “Калі сапраўды хочаце мяне памазаць на валадара, тады хадзіце і адпачніце ў ценю маім! А калі не, вось, агонь выйдзе з цярніны і спаліць кедры Лібанскія”. І цяпер, калі справядліва і бяз грэху вы паставілі над сабой валадаром Абімэлеха, і калі добра абыйшліся з Еруббаалам і з домам ягоным, і аднагарадзіліся адпаведна дабрадзействамі таму, які ваяваў за вас і жыцьцё сваё выстаўляў за вас на небясьпеку, каб выратаваць вас з рук Мадыянцаў, а вы сёньня паўсталі супраць дому бацькі майго і забілі сыноў ягоных семдзясят чалавек на адным камяні, і выбралі сабе валадаром над жыхарамі Сыхему Абімэлеха, сына служкі ягонай, бо ён — брат ваш, дык калі справядліва і без памылкі ўчынілі вы з Еруббаалам і домам ягоным сёньня, цешцеся з Абімэлеха, і няхай ён цешыцца з вас. Калі ж крывадушна зрабілі, няхай агонь выйдзе з Абімэлеха і спаліць жыхароў Сыхему і Бэт-Міло, і няхай выйдзе агонь з жыхароў Сыхему і Бэт-Міло і спаліць Абімэлеха!» Калі гэта Ётам сказаў, ён уцёк і адыйшоў у Бэра, і жыў там, баючыся брата свайго Абімэлеха. І валадарыў над Ізраілем Абімэлех тры гады. І спаслаў на Абімэлеха Бог духа ліхога між ім і жыхарамі Сыхему, якія збунтаваліся супраць яго, каб такім чынам споўнілася помста за забойства сямідзесяці сыноў Еруббаала, і кроў іхняя павярнулася на Абімэлеха, брата іхняга, які забіў іх, і на жыхароў Сыхему, якія яму дапамагалі. І вось, жыхары Сыхему зрабілі засаду на яго на вяршыні гары, і нападалі на кожнага, хто праходзіў тою дарогаю. І паведамлена было пра гэта Абімэлеху. Тады Гаал, сын Эбэда, прыйшоў з братамі сваімі ў Сыхем, і жыхары Сыхему паверылі яму. І выйшлі яны ў поле, і рвалі вінаград, і выціскалі яго, і сьвяткавалі. І ўвайшлі яны ў сьвятыню бога свайго, там елі, і пілі, і пракліналі Абімэлеха. І казаў Гаал, сын Эбэда: «Хто такі Абімэлех, і хто такі Сыхем, каб мелі мы служыць яму? Ці ж ён не сын Еруббаала, а Зэбул — урадовец ягоны? Лепш служыце людзям Гамора, бацькі Сыхема. Навошта мы будзем служыць [Абімэлеху]? Калі б хто аддаў гэты народ пад руку маю, я прагнаў бы Абімэлеха і сказаў бы яму: “Зьбяры войска сваё і ідзі адсюль!”» І Зэбул, начальнік гораду, чуючы гаворку Гаала, сына Эбэда, вельмі раззлаваўся, і паслаў таемна пасланцоў да Абімэлеха, кажучы: «Вось, Гаал, сын Эбэда, і браты ягоныя прыйшлі ў Сыхем і збунтавалі народ супраць цябе. Дык устань уначы ты і народ твой, і зрабіце засаду ў полі. А раніцаю, калі сонца ўзыйдзе, падрыхтуйся і нападзі на горад. І калі ён і народ, які з ім, выйдзе супраць цябе, зробіш з ім тое, што зможа рука твая». І ўстаў Абімэлех і народ ягоны ўначы, і ў чатырох месцах зрабілі засаду супраць Сыхему. Калі Гаал, сын Эбэда, выйшаў і стаў у браме гораду, выйшаў таксама і Абімэлех і ўсё войска з ім з засады. Гаал убачыў войска і зьвярнуўся да Зэбула: «Вось, нейкія людзі зыходзяць з вяршыні гары». Адказаў яму Зэбул: «Гэта цень гары, а табе здаецца, што людзі». Зноў Гаал сказаў: «Вось, нейкія людзі зыходзяць з вяршыні, а адзін аддзел ідзе дарогаю ад Элон-Мэанэніму». І сказаў яму Зэбул: «Дзе ж цяпер вусны твае, якія казалі: “Хто такі Абімэлех, каб мелі мы яму служыць?” Ці ж гэта ня той народ, якім ты пагарджаеш? Ідзі і ваюй супраць яго». І пайшоў Гаал на чале жыхароў Сыхему, і ваяваў супраць Абімэлеха. І гнаў яго Абімэлех, і ён уцякаў, і загінула мноства з боку [Гаала] ў дарозе да брамы гораду. І Абімэлех вярнуўся ў Аруму, а Гаала і братоў ягоных Зэбул выгнаў, і забараніў ім жыць у Сыхеме. І назаўтра выйшаў народ у поле, і было пра гэта паведамлена Абімэлеху. І ён сабраў войска сваё, падзяліў на тры дружыны, і зрабіў засаду ў полі, і, бачачы, што народ выходзіць з гораду, напаў і пабіў іх. У час, калі Абімэлех і дружына ягоная напалі і сталі пад брамай гораду, дзьве другія дружыны напалі на ўсіх тых, якія былі ў полі, і пабілі іх. І Абімэлех увесь той дзень аблягаў горад, і здабыў яго, і выбіў людзей ягоных, і пасьля зьнішчэньня яго пасыпаў яго сольлю. Калі гэта пачулі тыя, што былі ў вежы Сыхемскай, зыйшлі ў сутарэньні дому Баал-Бэрыта. Абімэлех, пачуўшы, што ўсе князі Сыхемскія схаваліся там, з усім народам сваім падняўся на гару Цальмон, і ўзяў сякеру, і адсек сук ад дрэва, і ўзлажыў на плячо, і загадаў народу, які быў з ім: «Што я раблю, і вы рабіце». І яны, хутка насекшы гальля з дрэваў, пайшлі за ім, і заклалі сутарэньні, а пасьля падпалілі. І ад агню і дыму ўсе людзі пагінулі, а было каля тысячы мужчынаў і жанчынаў, усе жыхары Сыхему. Адтуль пайшоў Абімэлех на Тэбэц, і аблягаў Тэбэц, і здабыў яго. А ў сярэдзіне гораду была моцная вежа, у якой схаваліся ўсе мужчыны і жанчыны, усе жыхары гораду, і, моцна замкнуўшы браму, узыйшлі на верх той вежы. Абімэлех падыйшоў пад самую вежу і пачаў яе здабываць. І калі падыйшоў да брамы вежы, жадаючы падлажыць пад яе агонь, нейкая жанчына кінула яму на галаву камень і разьбіла чэрап. Тады ён паклікаў збраяносца свайго і сказаў яму: «Дастань меч твой і забі мяне, каб не казалі, што я забіты жанчынаю». І ўдарыў яго юнак мячом, і ён памёр. Пасьля сьмерці ягонай усе мужчыны Ізраіля, бачачы гэта, вярнуліся ў пасяленьні свае. Так Бог вярнуў Абімэлеху за зло, якое ён зрабіў бацьку свайму, забіваючы семдзясят братоў сваіх. Таксама жыхарам Сыхему было вернута за ўсё, што яны зрабілі, і на іх прыйшоў праклён Ётама, сына Еруббаала.
Пасьля Абімэлеха на вызваленьне Ізраіля паўстаў Тола, сын Пуа, сына Додо, чалавек з калена Ісахара. Жыў ён у Шаміры на гары Эфраіма. Ён судзіў Ізраіля дваццаць тры гады, і памёр, і пахаваны быў у Шаміры. Пасьля яго быў Яір з Гілеаду, які судзіў Ізраіля дваццаць два гады. Меў ён трыццаць сыноў, якія езьдзілі на трыццаці аслах і мелі трыццаць гарадоў, якія па сёньняшні дзень называюцца Хавот-Яір; яны ў зямлі Гілеад. І памёр Яір, і пахавалі яго ў Камоне. А сыны Ізраіля чынілі ліхоту ў вачах ГОСПАДА. І служылі яны Баалам і Астартам, багам Араму, Сідону і Мааву, і багам сыноў Амона, і багам Філістынцаў, і пакінулі яны ГОСПАДА, і не пакланяліся Яму. І разгневаўся на іх ГОСПАД, і аддаў іх у рукі Філістынцаў і ў рукі сыноў Амона. І яны васямнаццаць гадоў перасьледавалі і ўціскалі сыноў Ізраіля, якія жылі за Ярданам у зямлі Амарэйцаў у Гілеадзе. Сыны Амона пераходзілі таксама Ярдан ваяваць супраць Юды і Бэн’яміна, і ўсяго дому Эфраіма. І быў Ізраіль у вялікім уціску. І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, і казалі: «Саграшылі мы перад Табою, бо пакінулі Бога нашага, і служылі Баалу». І сказаў ім ГОСПАД: «Калі Эгіпцяне, Амарэйцы, сыны Амона і Філістынцы, Сідонцы, Амалек і Мадыян уціскалі вас, а вы клікалі Мяне, ці ж Я не ратаваў вас з рук іхніх? А вы ўсё роўна пакідалі Мяне і пакланяліся багам чужым. Таму ня буду ратаваць вас болей. Ідзіце і клічце багоў, якіх вы выбралі, няхай яны вас ратуюць у час гора!» І казалі сыны Ізраіля ГОСПАДУ: «Саграшылі мы. Зрабі з намі, што добра ў вачах Тваіх, толькі цяпер выратуй нас!» І выкінулі яны спаміж сябе багоў чужых, якіх мелі, і служылі ГОСПАДУ, і Ён пашкадаваў Ізраіля ў горы ягоным. У той час сыны Амона сабраліся і разлажыліся табарам у Гілеадзе. А насупраць у Міцпе сабраліся сыны Ізраіля, і там разлажыліся табарам. І гаварылі народ і князі Гілеадзкія адзін аднаму: «Хто першы пачне ваяваць супраць сыноў Амона, той будзе правадыром для ўсіх жыхароў Гілеаду».
А Ефтах Гілеадзец быў мужным ваяром. Быў ён сын распусьніцы, а бацькам ягоным быў Гілеад. Гілеад меў жонку, ад якой меў сыноў, якія, калі вырасьлі, выгналі Ефтаха, кажучы: «Ня можаш быць спадкаемцам у доме бацькі нашага, бо ты нарадзіўся з другой жанчыны». І ён уцёк ад іх, і жыў у зямлі Тоб, і сабраліся пры ім людзі бадзяжныя, і выходзілі з ім. У тыя дні сыны Амона ваявалі супраць Ізраіля. У час вайны Амона з Ізраілем прыйшлі старшыні Гілеадзкія ўзяць у дапамогу сабе Ефтаха з зямлі Тоб. І сказалі яны Ефтаху: «Хадзі і будзь нам правадыром, і будзем ваяваць супраць сыноў Амона». Ён ім адказаў: «Ці ж вы не зьненавідзелі мяне і ня выкінулі мяне з дому бацькі майго? А цяпер прыходзіце да мяне, калі бяда вас прыціснула». І адказалі яму князі Гілеаду: «Вось з гэтай прычыны і прыйшлі мы да цябе, каб ты пайшоў з намі, і ваяваў супраць сыноў Амона, і будзеш правадыром усіх, што жывуць у Гілеадзе». І сказаў Ефтах старшыням Гілеадзкім: «Калі вы клічаце мяне, каб я ваяваў за вас супраць сыноў Амона, і калі аддасьць іх ГОСПАД у рукі мае, я буду начальнікам вашым». І сказалі старшыні Гілеадзкія Ефтаху: «ГОСПАД, Які чуе гэта, будзе пасярэднікам і сьведкам, што споўнім слова тваё». І пайшоў Ефтах з князямі Гілеаду, і ўвесь народ зрабіў яго правадыром сваім. І ўсе гэтыя словы свае сказаў Ефтах перад ГОСПАДАМ у Міцпе. І паслаў Ефтах пасланцоў да валадара сыноў Амона, каб яны сказалі ім ад яго: «Што табе і мне, што ты прыйшоў ваяваць супраць мяне?» Валадар сыноў Амона ім адказаў: «Бо Ізраіль забраў зямлю маю, калі выйшаў з Эгіпту, ад Арнону аж да Ябоку і Ярдану. Вярні мне яе цяпер без вайны». І зноў выправіў Ефтах пасланцоў да валадара Амону і сказаў: «Гэта кажа Ефтах. Не забраў Ізраіль ані зямлі Мааву, ані зямлі сыноў Амона. Але калі Ізраіль выходзіў з Эгіпту, ён вандраваў праз пустыню аж да Мора Чырвонага, і потым прыйшоў у Кадэш. І паслалі яны пасланцоў да валадара Эдому, кажучы: “Дазволь, каб прайшлі мы праз зямлю тваю”. Але ён не згадзіўся на просьбу нашу. Паслалі таксама і да валадара Мааву, але і ён не захацеў прапусьціць. І заставаўся Ізраіль у Кадэшы. І, абыходзячы праз пустыню, абыйшоў кругом зямлю Эдому і зямлю Мааву і, прыйшоўшы на ўсход ад зямлі Мааву, разлажыўся табарам за Арнонам, не ўваходзячы ў зямлю Мааву, бо Арнон ёсьць мяжой Мааву. І паслаў Ізраіль пасланцоў да Сыгона, валадара Амарэйцаў, валадара Хешбону, і сказаў яму: “Дазволь перайсьці нам праз зямлю тваю да месца свайго”. Але Сыгон не згадзіўся прапусьціць Ізраіля праз межы свае. Ён сабраў увесь народ свой, і выступіў супраць Ізраіля ў Ягцы, і ваяваў з ім. Але аддаў ГОСПАД у рукі Ізраіля яго і ўсё войска ягонае. Ізраіль перамог яго і завалодаў усёй зямлёй Амарэйцаў, жыхароў краіны гэтай, усімі межамі іхнімі ад Арнону да Ябоку, і ад пустыні аж да Ярдану. ГОСПАД, Бог Ізраіля, выгнаў Амарэйцаў перад народам Сваім, Ізраілем, а ты цяпер хочаш захапіць зямлю ягоную? Ці ня ўсё тое, што даў табе бог твой Камош на ўласнасьць, табе належыць? А што ГОСПАД, Бог наш, даў нам, мы маем на ўласнасьць. Ці ты лепшы за Балака, сына Цыпора, валадара Мааву? Ці ж сварыўся ён з Ізраілем і ці ваяваў супраць яго? Ізраіль жыве ў Хешбоне і ў ваколіцах ягоных, і ў Араэры і ў ваколіцах ягоных, і ў-ва ўсіх гарадах каля Арнону ўжо трыста гадоў. Чаму ў той час вы ня выгналі іх? Дык ня я грашу адносна цябе, але ты супраць мяне несправядліва выходзіш з вайною. Няхай ГОСПАД рассудзіць сёньня справу між сынамі Ізраіля і сынамі Амона!» Але валадар сыноў Амона не захацеў прыняць слова Ефтаха, якія ён пераказаў праз пасланцоў. І Дух ГОСПАДА быў на Ефтаху, і ён прайшоў Гілеад і Манасу, і прыйшоў у Міцпу ў Гілеадзе, а адтуль — да сыноў Амона. І склаў ён шлюбаваньне ГОСПАДУ: «Калі Ты аддасі сыноў Амона ў рукі мае, калі я буду вяртацца з мірам ад сыноў Амона, што выйдзе першым з брамы дому на спатканьне мне, тое я складу ў цэласпаленьне ГОСПАДУ». І пайшоў Ефтах супраць сыноў Амона ваяваць з імі, і аддаў ГОСПАД іх у рукі ягоныя. І разьбіў ён іх на абшары ад Араэру аж да мясцовасьцяў Мініт, а гэта дваццаць гарадоў, і далей аж да Абэль-Кераміму. І параза іхняя была вялікая. І былі ўпакораныя сыны Амона перад абліччам сыноў Ізраіля. І вярнуўся Ефтах у Міцпу ў дом свой, і выйшла насустрач яму дачка ягоная, скачучы пры гуках бубнаў. А Ефтах ня меў апроч яе дзяцей. І ён убачыў яе, і разьдзёр адзеньне сваё, і сказаў: «Ах, дачка мая! Ты зламала мяне! Ты ў ліку тых, якія нешчасьлівяць мяне! Адчыніў я вусны мае ГОСПАДУ і не магу выракчыся гэтага». Яна яму адказала: «Тата мой, калі ты адкрыў вусны твае перад ГОСПАДАМ, зрабі мне, што ты шлюбаваў, дзеля дадзенай табе ГОСПАДАМ перамогі над ворагамі тваімі, сынамі Амона». І гаварыла яна бацьку: «Толькі аднаго прашу. Дазволь мне на працягу двух месяцаў з сяброўкамі маімі абыйсьці горы кругом і аплакаць дзявоцтва маё». І ён адказаў ёй: «Ідзі!» І адпусьціў яе на два месяцы. І пайшла яна з сяброўкамі, і аплаквала дзявоцтва сваё ў гарах. І праз два месяцы яна вярнулася да бацькі свайго. І ўчыніў ён з ёй, як шлюбаваў, і яна не пазнала мужа. Адсюль узяўся звычай у Ізраіля, што кожны год сыходзіліся на чатыры дні дочкі Ізраіля, каб аплакваць дачку Ефтаха Гілеадца.
І вось, сабраліся мужчыны Эфраіма, і прыйшлі ў Цафан, і сказалі Ефтаху: «Чаму пайшоў ты ваяваць з сынамі Амона і не паклікаў нас, каб мы ішлі з табой? За гэта мы спалім дом твой разам з табою». І сказаў ім Ефтах: «Я і народ мой мелі вялікае змаганьне з сынамі Амона. І я клікаў вас на дапамогу, але вы ня збавілі мяне ад рукі іхняй. І ўбачыў я, што няма збаўцы, і палажыў душу маю на далоні мае, і пайшоў на сыноў Амона, і выдаў іх ГОСПАД у рукі мае. Чаму сёньня вы падымаецеся ваяваць супраць мяне?» І Ефтах сабраў да сябе ўсіх мужчынаў Гілеаду, і ваяваў супраць Эфраіма. І пабілі ваяры Гілеадзкія Эфраіма, бо той казаў: «Вы — уцекачы з Эфраіма. Гілеад жыве пасярод Эфраіма і Манасы». І занялі Гілеадцы броды на Ярдане, якімі Эфраімцы маглі вярнуцца. І калі казалі ўцекачы Эфраімцы: «Дазвольце мне прайсьці», Гілеадцы казалі яму: «Ці ты Эфраімец?» Калі той казаў: «Не», казалі яму: «Скажы: “Шыболет”». І той казваў: «Сіболет», бо ня мог правільна вымавіць. І бралі яго, і забівалі каля броду на Ярдане. Гэтак загінула ў той час у Эфраіма сорак дзьве тысячы. І Ефтах судзіў Ізраіля шэсьць гадоў, і памёр, і быў пахаваны ў горадзе сваім у Гілеадзе. Пасьля яго судзіў Ізраіля Ібцан з Бэтлеему. Ён меў трыццаць сыноў і трыццаць дочак, і пааддаваў іх замуж за межы свае, а адтуль прывёў трыццаць жонак для сыноў сваіх. Ён судзіў Ізраіля сем гадоў. І памёр Ібцан, і быў пахаваны ў Бэтлееме. Пасьля яго судзіў Ізраіля Элон Завулёнец, і судзіў ён Ізраіля дзесяць гадоў. І памёр Элон, і быў пахаваны ў Аялоне ў зямлі Завулёна. Пасьля яго судзіў Ізраіля Абдон, сын Гілеля з Піратону. Ён меў сорак сыноў і трыццаць унукаў, якія езьдзілі на сямідзесяці маладых аслах. Судзіў ён Ізраіля восем гадоў. І памёр Абдон, сын Гілеля з Піратону, і пахаваны быў у Піратоне, у зямлі Эфраіма на гары Амалека.
Сыны Ізраіля зноў пачалі рабіць ліхоту ў вачах ГОСПАДА. І ГОСПАД аддаў іх на сорак гадоў у рукі Філістынцаў. У Цоры быў нейкі чалавек з пакаленьня Дана на імя Маноах, які меў жонку няплодную. І зьявіўся анёл ГОСПАДА той жанчыне, і сказаў: «Хоць ты няплодная і бязьдзетная, але зачнеш і народзіш сына. Сьцеражыся, ня пі ані віна, ані сікеры, і нічога нячыстага ня еш, бо зачнеш і народзіш сына, галавы якога не кранецца лязо. Ён будзе назірам Божым ад улоньня маці. Ён пачне выратоўваць Ізраіль з рук Філістынцаў». Яна прыйшла да мужа і сказала яму: «Чалавек Божы прыходзіў да мяне, аблічча якога было як анёла ГОСПАДА, поўнае велічы. Не пытала я яго, адкуль ён, і не назваў ён мне імя свайго. Ён сказаў мне: “Неўзабаве зачнеш і народзіш сына. Сьцеражыся, ня пі ані віна, ані сікеры, і нічога нячыстага ня еш, бо хлопец будзе назірам Божым ад улоньня маці аж да дня сьмерці сваёй”». І маліўся Маноах да ГОСПАДА, і казаў: «Прашу Цябе, Госпадзе, няхай чалавек Божы, якога Ты паслаў, прыйдзе зноў і навучыць нас, што мы павінны рабіць з юнаком, які мае нарадзіцца?» І выслухаў ГОСПАД, што прасіў Маноах, і зьявіўся зноў анёл Божы жанчыне, якая сядзела ў полі, а мужа ейнага, Маноаха, не было разам з ёю. І пасьпяшалася яна, і прыбегла да мужа свайго, і паведаміла яму: «Вось, зьявіўся мне той чалавек, які тады быў прыйшоўшы да мяне». Ён устаў і пайшоў за жонкай сваёй, і падыйшоў да чалавека таго, і сказаў яму: «Ці ты той, які размаўляў з жонкай маёй?» А ён сказаў: «Я». І сказаў яму Маноах: «Калі споўніцца слова тваё, як нам сябе паводзіць з хлопцам і што маем рабіць?» І сказаў Маноаху анёл ГОСПАДА: «Няхай усяго таго, што я сказаў жонцы тваёй, яна сьцеражэцца. Няхай ня есьць нічога, што з вінаграду паходзіць, няхай ня п’е ані віна, ані сікеры, няхай нічога ня есьць нячыстага, але няхай тое, што я загадаў, выконвае». І сказаў Маноах анёлу ГОСПАДА: «Дазволь затрымаць цябе, пакуль прыгатуем страву для цябе з казьляняці». Анёл ГОСПАДА адказаў яму: «Калі ты мяне затрымаеш, я ня буду есьці хлеба твайго. А калі хочаш падрыхтаваць цэласпаленьне, ахвяруй яго ГОСПАДУ». Бо Маноах ня ведаў, што гэта анёл ГОСПАДА. Маноах спытаўся ў анёла: «Якое імя тваё, і калі слова тваё споўніцца, як ушанаваць цябе?» Анёл сказаў яму: «Навошта ты пытаешся пра імя маё, яно таямнічае». І прынёс Маноах казьляня і ахвяру хлебную, і паклаў на скале, ахвяруючы ГОСПАДУ, Які творыць цуды. І глядзелі на гэта Маноах і жонка ягоная. І калі полымя паднялося з ахвярніка ў неба, таксама анёл ГОСПАДА падняўся ў полымі. Калі гэта ўбачылі Маноах і жонка ягоная, упалі на абліччы свае на зямлю. І ўжо болей ня бачылі яны анёла ГОСПАДА. І зразумеў Маноах, што гэта анёл ГОСПАДА, і сказаў жонцы сваёй: «Хіба мы памром, бо мы бачылі Бога». І сказала яму жонка: «Калі б ГОСПАД хацеў нас забіць, Ён не прыняў бы з рук нашых цэласпаленьня і ахвяры хлебнай, і ня даў бы бачыць нам усяго гэтага, і не сказаў бы нам усіх словаў гэтых». І нарадзіла яна сына, і назвала яго імем Самсон. І хлопец рос, і дабраслаўляў яго ГОСПАД. І Дух ГОСПАДА пачаў зыходзіць на яго ў табары Дана між Цораю і Эштаолам.
І зыйшоў Самсон у Тымну, і ўбачыў там жанчыну з дачок Філістынскіх. І вярнуўся, і паведаміў бацьку свайму і маці: «У Тымне бачыў я жанчыну з дачок Філістынскіх. Цяпер вазьміце мне яе за жонку». Бацька і маці сказалі яму: «Ці ж няма жынчыны між дачок братоў тваіх і ў-ва ўсім народзе маім, што захацеў ты ўзяць сабе жонку ў Філістынцаў неабрэзаных?» Сказаў Самсон бацьку свайму: «Вазьмі яе мне, бо ўпадабалі яе вочы мае». Бацькі ж яго ня ведалі, што гэта справа ГОСПАДА і што Ён шукае прычыны выступіць супраць Філістынцаў, бо ў той час Філістынцы панавалі над Ізраілем. І пайшоў Самсон з бацькам і маці ў Тымну. І калі падыходзілі яны да вінаграднікаў гораду, выскачыў малады леў і стаў насупраць яго. І зыйшоў тады на Самсона Дух ГОСПАДА, і ён разьдзёр маладого ільва як казьляня, бо нічога ня меў у руках. Але бацьку і маці не сказаў, што зрабіў. І ён прыйшоў, і размаўляў з жанчынай, якую ўпадабалі вочы ягоныя. Праз нейкі час, калі ён вяртаўся, каб забраць яе, калі зыйшоў у бок, убачыў парэшткі ільва, і рой пчолаў на целеягоным, і плястар мёду. І ўзяў яго ў рукі, і еў мёд у дарозе. І вярнуўся да бацькі і маці, і даў ім частку, і яны пакаштавалі. Але не хацеў ім казаць, што мёд узяў з цела ільва. І бацька ягоны пайшоў да той жынчыны, і справіў там Самсон банкет, які звычайна спраўляюць нарачоныя. А калі там убачылі яго, далі яму трыццаць вясельных сяброў, якія былі пры ім. І зьвярнуўся да іх Самсон: «Загадаю я вам загадку. Калі разгадаеце мне яе за сем дзён банкету, я дам вам трыццаць шатаў ільняных і трыццаць зьменаў вопратак. А калі ня зможаце разгадаць, вы дасьцё мне трыццаць шатаў ільняных і трыццаць зьменаў вопратак». Яны адказалі яму: «Загадвай загадку сваю, а мы будзем слухаць». І ён сказаў ім: «З таго, хто есьць, выйшла тое, што [можна] зьесьці, а з дужага выйшла слодыч». І тры дні не маглі яны адгадаць загадкі. Калі надыйшоў чацьвёрты дзень, сказалі яны жонцы Самсона: «Угавары мужа твайго, каб ён разгадаў нам загадку, а іначай спалім цябе і дом бацькі твайго. Ці вы на тое запрасілі нас сюды, каб абрабаваць нас?» І плакала жонка Самсона перад ім, і казала: «Ненавідзіш ты мяне і не кахаеш, і таму загадкі, якую загадаў сынам народу майго, ня хочаш мне разгадаць». А ён сказаў: «Нават бацьку свайму і маці я не разгадаў бы яе. А як магу табе выявіць?» І яна плакала перад ім сем тых дзён, калі спраўлялі банкет. У сёмы дзень нарэшце разгадаў ёй, бо яна вельмі дакучала яму. А яна як найхутчэй перадала гэта сынам народу свайго. І яны ў сёмы дзень перад заходам сонца сказалі яму: «Што саладзейшае за мёд, і хто дужэйшы за льва». Ён жа ім сказаў: «Калі б вы не аралі ялаўкай маёй, не разгадалі б загадкі маёй». І зыйшоў на яго Дух ГОСПАДА, і ён пайшоў у Ашкелён, і забіў там трыццаць чалавек, зьняў з іх адзеньне і аддаў тым, якія разгадалі загадку. І, разгневаны вельмі, вярнуўся ў дом бацькі свайго. А жонка Самсона выйшла за вясельнага сябра ягонага, які быў пры ім.
Праз нейкі час, калі настаў дзень жніва пшаніцы, Самсон наведаў жонку сваю і прынёс ёй казьляня. Калі хацеў увайсьці да яе, бацька ейны забараніў яму, кажучы: «Думаў я, што ты ненавідзіш яе, і таму аддаў яе сябру твайму. Але яна мае малодшую сястру, прыгажэйшую за яе. Няхай яна будзе табе за жонку». І сказаў ім Самсон: «У такім выпадку ня буду вінаваты адносна Філістынцаў, калі буду ім рабіць шкоду». І пайшоў Самсон, і налавіў трыста лісаў, і ўзяў паходні, і прывязаў хвост да хваста, а пасярэдзіне, між двума хвастамі, прычапіў па адной паходні. І запаліў паходні, і пусьціў іх на збожжа Філістынскае, і спаліў ім снапы і няжатае збожжа, і сады вінаградныя, і сады аліўкавыя. І пыталіся Філістынцы: «Хто гэта зрабіў?» Ім адказалі: «Гэта Самсон, зяць аднаго чалавека з Тымны, бо ён забраў у яго жонку і аддаў яе сябру ягонаму». І пайшлі Філістынцы, і спалілі жанчыну і бацьку яе. А Самсон сказаў ім: «Калі вы так робіце, дык я не супачыну, пакуль не адпомшчу вам». І прынёс ім вялікае зьнішчэньне, перабіваючы сьцёгны і лыткі. І пайшоў, і жыў у пячоры ў скале ў Этаме. І пайшлі Філістынцы ў зямлю Юды, і разлажыліся там табарам, і да Лехі даходзілі войскі іхнія. І сказалі ім людзі з пакаленьня Юды: «Чаму вы выйшлі супраць нас?» Яны адказалі: «Прыйшлі мы, каб злавіць Самсона і адплаціць яму за тое, што ён нам зрабіў». І тры тысячы мужчынаў з пакаленьня Юды пайшлі на вяршыню гары ў Этаме, і сказалі Самсону: «Ці ты ня ведаеш, што Філістынцы пануюць над намі? Што ты нарабіў нам?» Ён ім сказаў: «Як яны зрабілі мне, так і я ім зрабіў». І сказалі яму: «Прыйшлі мы зьвязаць цябе і выдаць у рукі Філістынцаў». І сказаў ім Самсон: «Прысягніце мне, што мяне не заб’ецё». Яны сказалі: «Не заб’ём, але зьвязанага выдадзім цябе ім». І зьвязалі яго дзьвюма новымі вяроўкамі, і зьвялі са скалы. І так прыйшоў ён у Леху, і Філістынцы з крыкам выйшлі яму насустрач. І Дух ГОСПАДА зыйшоў на яго, і вяроўкі, якімі былі зьвязаныя рукі ягоныя, зрабіліся як перагарэўшы лён, і путы распаўзьліся і пападалі з рук ягоных. І ён знайшоў сьвежю сківіцу асьліную, і схапіў яе рукою сваёй, і забіў ёю тысячу чалавек. І сказаў Самсон: «Сківіцаю асьлінай я гару іх наваліў! Сківіцаю асьлінай тысячу чалавек я забіў!» А калі перастаў гаварыць, кінуў сківіцу і назваў тое месца Рамат-Лехі. І адчуў вялікую смагу, і клікаў да ГОСПАДА, і сказаў: «Ты рукою слугі Твайго ўчыніў вялікае збаўленьне і перамогу, а цяпер прыйдзецца мне памерці ад смагі і патрапіць у рукі неабрэзаных». І Бог адкрыў скалу ў Лехі, і выцекла адтуль вада. І ён напіўся вады, і набраўся сілы, і акрыяў. Таму тую крыніцу назвалі Эн-Гаккорэ, і яна ў Лехі да сёньняшняга дня. І быў ён судзьдзёю Ізраіля ў дні Філістынцаў дваццаць гадоў.
І пайшоў Самсон у Газу, і ўбачыў там распусьніцу, і прыйшоў да яе. Калі паведамілі жыхарам Газы, што Самсон увайшоў у горад, яны акружылі яго і зрабілі засаду на яго ў браме гораду. І ўсю ноч яны сядзелі ціха, каб, калі настане раніца, забіць яго. А Самсон спаў да паўночы, а калі ўстаў, схапіў вароты гарадзкой брамы разам з засаўкамі ейнымі, вырваў іх і палажыў сабе на плечы, і занёс на вяршыню гары, якая насупраць Хеўрону. Пасьля гэтага Самсон закахаўся ў жанчыну, якая жыла ў лагчыне Сарэк і называлася Даліла. І прыйшлі да яе валадары Філістынцаў, і сказалі: «Ашукай яго і даведайся, адкуль сіла ягоная вялікая і як нам перамагчы яго, і зьвязаць яго, і ўпакорыць яго. Калі гэта зробіш, дамо табе за гэта тысячу і сто срэбнікаў кожны». І сказала Даліла Самсону: «Скажы мне, калі ласка, адкуль у цябе бярэцца такая сілавялікая і чым можна зьвязаць цябе, каб упакорыць цябе?» Самсон сказаў ёй: «Калі зьвязаць мяне сямю сырымі шнурамі, якія яшчэ ня сушаныя, я зраблюся бясьсільным і стану, як іншыя людзі». І прынесьлі ёй валадары Філістынцаў сем сырых шнуроў, якія былі ня сушаныя, і яна зьвязала імі яго. А яны схаваліся ў другім пакоі, і яна крыкнула: «Філістынцы над табою, Самсон!» І ён паразрываў шнуры як нітку зрэбную, апаленую агнём. І не даведалася яна, у чым сіла ягоная. І сказала Даліла Самсону: «Падмануў ты мяне і схлусіў мне. Прынамсі цяпер скажы мне, чым ты павінен быць зьвязаны». Ён сказаў ёй: «Калі буду зьвязаны дзевяцьцю вяроўкамі, якія не былі ва ўжытку, буду слабы, як іншыя людзі». І ўзяла Даліла новыя вяроўкі, і зьвязала яго, і крыкнула: «Філістынцы над табой, Самсон!» А ў другім пакоі была схаваўшыся засада, але ён разарваў вяроўкі на руках сваіх як ніткі. І сказала Даліла Самсону: «Дакуль ты будзеш падманваць мяне і фальшыва гаварыць? Скажы, чым цябе трэба зьвязаць?» Самсон адказаў ёй: «Калі ты ўпляцеш сем косаў галавы маёй у тканіну». І яна прыбіла [косы ягоныя] да калоды, і крыкнула яму: «Філістынцы над табою, Самсон!» І ён устаў зо сну, і вырваў цьвікі разам з тканінаю. І сказала Даліла: «Як жа можаш ты казаць, што кахаеш мяне, калі душа твая не са мною? Тры разы схлусіў ты мне і не хацеў сказаць, у чым сіла твая вялікая». І калі яна так штодзень дакучала і мучыла ўсьцяж яго, душа ягоная самлела аж да сьмерці і зьнемагла. І адкрыў ён усё сэрца сваё, і сказаў ёй: «Ніколі галавы маёй не дакраналася лязо, бо я — назір Божы ад улоньня маці маёй. Калі абгаліць мне [галаву], адыйдзе ад мяне сіла мая, і я стануся слабы, як іншыя людзі». І ўбачыла Даліла, што ён адкрыў ёй усё сэрца сваё, і паслала па валадароў Філістынцаў, кажучы: «Прыйдзіце яшчэ раз, бо адкрыў ён цяпер мне ўсё сэрца сваё». Яны прыйшлі, узяўшы срэбра, якое ёй абяцалі. І яна ўсьпіла яго на каленях сваіх, і паклікала чалавека, і загадала яму абгаліць сем косаў галавы ягонай, і ён стаў слабець, і адыйшла ад яго сіла ягоная. І сказала яна: «Філістынцы над табой, Самсон!» Ён абудзіўся зо сну свайго і падумаў у душы сваёй: «Пайду як раней і вызвалюся», ня ведаючы, што ГОСПАД адыйшоў ад яго. І схапілі яго Філістынцы, і адразу выкалалі яму вочы, і завялі ў Газу, дзе, прыкуты двума ланцугамі мядзянымі, мусіў ён малоць зерне ў вязьніцы. Тым часам раней зголеныя валасы сталі ў яго адрастаць. А валадары Філістынцаў сабраліся ўсе, каб скласьці ахвяру богу свайму Дагону і павесяліцца. Яны казалі: «Бог наш аддаў у рукі нашыя ворага нашага, Самсона». І народ, бачачы яго, хваліў бога свайго і казаў: «Аддаў бог наш у рукі нашыя ворага нашага, які нішчыў зямлю нашую і многіх з нас забіў». І калі яны ўзьвесяліліся, запатрабавалі паклікаць Самсона, каб ён іх забаўляў. І ён, прыведзены з вязьніцы, мусіў забаўляць іх. І паставілі яго стаяць паміж слупамі. І сказаў Самсон юнаку, які трымаў яго за руку: «Пусьці мяне, каб мог я дакрануцца слупоў, на якія абапіраецца дом, каб да іх прыхіліцца». А дом той быў поўны мужчынаў і жанчынаў, бо былі там усе князі Філістынскія, а на даху было каля трох тысячаў мужчынаў і жанчынаў, якія глядзелі на Самсона, калі той забаўляў іх. І Самсон усклікнуў да ГОСПАДА, кажучы: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, узгадай пра мяне і вярні мне хоць у гэты раз даўнейшую сілу маю, каб я мог адпомсьціць Філістынцам за двое вачэй маіх!» І Самсон узяўся за два слупы сярэднія, на якіх стаяў дом, і абапёрся на іх, на адзін правай рукой, а на другі — левай рукой. І сказаў Самсон: «Няхай памрэ душа мая разам з Філістынцамі!» І страсянуў ён моцна слупы, і ўпаў дом на ўсіх князёў, і на ўсіх іншых, якія там былі. І тых, якіх ён тады забіў, сам гінучы, было болей, чым тых, якіх ён пазабіваў у час усяго жыцьця свайго. І прыйшлі браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага, каб забраць яго. І вярнуліся, і пахавалі яго паміж Цораю і Эштаолам у магіле бацькі ягонага, Маноаха. А судзіў ён Ізраіль дваццаць гадоў.
У гарах Эфраіма быў нейкі чалавек на імя Міха. І ён сказаў маці сваёй: «Тысяча і сто срэбнікаў, якія ў цябе ўкрадзеныя і дзеля якіх ты праклінала і казала, каб я чуў, яны ў мяне, гэта я іх узяў». Яна яму сказала: «Няхай ГОСПАД дабраславіць сына майго!» І вярнуў ён іх маці сваёй, якая сказала яму: «Гэтае срэбра я прысьвяціла ГОСПАДУ, з рукі маёй прызначана яно для сына майго, каб з яго зрабілі [ідала] рэзьбленага і літага з мэталю. А цяпер я аддаю яго табе». Але ён зьвярнуў тыя срэбнікі маці сваёй. І маці ягоная ўзяла дзьвесьце срэбнікаў, і дала іх залатару, каб зрабіў з іх ідала рэзьбленага і літага з мэталю, які быў пасьля ў доме Міхі. І ён меў у сябе бажніцу, і зрабіў эфод і тэрафімаў, і пасьвяціў аднаго з сыноў сваіх, каб быў ён у яго сьвятаром. У тыя дні не было валадара ў Ізраілі, і кожны рабіў тое, што было слушным у вачах ягоных. Быў адзін юнак у Бэтлееме Юдэйскім у пакаленьні Юды, а быў ён лявіт і жыў там як прыхадзень. І чалавек той пакінуў горад Бэтлеем Юдэйскі, і пайшоў вандраваць дзе прыдзецца. І вандруючы, дайшоў ён аж да гары Эфраіма ў дом Міхі. І Міха сказаў яму: «Адкуль ты паходзіш?» Ён сказаў яму: «Я — лявіт з Бэтлеему Юдэйскага, і шукаю месца, дзе абжыцца». І сказаў яму Міха: «Застанься ў мяне, і будзь мне бацькам і сьвятаром, а я дам табе штогод дзесяць срэбнікаў, патрэбнае адзеньне і ежу». І спадабалася таму лявіту жыць у чалавека таго, і ён стаўся яму як адзін з сыноў ягоных. І Міха пасьвяціў таго лявіта, і меў таго юнака як сьвятара, і ён жыў у доме Міхі. І сказаў Міха: «Цяпер я ведаю, што ГОСПАД будзе рабіць мне добрае, бо я маю лявіта сьвятаром».
У той час не было валадара ў Ізраілі, а калена Дана шукала сабе зямлі ў спадчыну, бо аж да гэтага дня не была выдзелена ім спадчына сярод каленаў Ізраіля. І выправілі сыны Дана з межаў пакаленьня свайго пяць чалавек, людзей мужных, з Цоры і Эштаолу, каб выведалі зямлю і пільна разгледзелі яе. І сказалі ім: «Ідзіце і выведайце зямлю гэтую». І прыйшлі яны аж на гару Эфраіма, аж да дому Міхі, і там заначавалі. Калі яны былі блізка дому Міхі, пазналі яны голас юнака лявіта і, зыйшоўшы там з дарогі, спыталіся ў яго: «Хто цябе сюды прывёў? Што ты тут робіш? Што тут у цябе?» Ён сказаў ім: «Гэта і гэта зрабіў для мяне Міха, і за плату наняў мяне, каб я быў яму сьвятаром». І прасілі яны яго: «Спытайся ў Бога, каб мы маглі ведаць, ці дарога, якую мы выбралі, будзе мець посьпех». І ён сказаў ім: «Ідзіце ў супакоі. ГОСПАДУ даспадобы дарога вашая, і падарожжа, у якое вы выбраліся». І пайшлі тыя пяць чалавек, і прыбылі ў Ляіш, і ўбачылі народ, які жыве без аніякага страху па звычаю Сідонцаў, у бясьпецы і ў супакоі, бо не было нікога, хто нападаў бы на зямлю іхнюю. І Сідонцы былі ад іх далёка, і ня мелі яны ніякіх справаў з Асурам. І прыйшлі яны да братоў сваіх у Цору і Эштаол, а тыя спыталіся ў іх: «Што вы [скажаце]?» Яны сказалі: «Устаньце і пойдзем супраць іх. Бо мы бачылі зямлю вельмі багатую і ўраджайную. Чаго вы сядзіце? Не марудзьце, пойдзем і здабудзем зямлю гэтую. Пойдзем да людзей, [якія жывуць] у бясьпецы, і ў зямлю прасторную. І дасьць Бог у рукі нашыя месца, дзе няма ніякай нястачы ўсяго, што ёсьць на зямлі». І вырушылі адтуль з пакаленьня Дана з Цоры і Эштаолу шэсьцьсот чалавек, узброеных да бою. Яны пайшлі і разлажыліся табарам у Кірыят-Ярыме ў Юдэі. І тое месца з таго дня называюць Табар Дана, і знаходзіцца яно на захад ад Кірыят-Ярыму. Адтуль пайшлі яны на гару Эфраіма і прыйшлі ў дом Міхі. І пяць чалавек, якія раней пасланыя былі для выведкі зямлі Ляіш, сказалі братам сваім: «Ці ведаеце, што ў дамах гэтых ёсьць эфод і тэрафімы, рэзьблены [ідал] і [ідал], выліты з мэталю? І цяпер ведаеце, што рабіць». І зьвярнулі туды, і ўвайшлі ў дом юнака лявіта, у дом Міхі, і прывіталі яго [словамі] мірнымі. А шэсьцьсот чалавек, якія былі ўзброеныя, стаялі перад брамай; былі гэта сыны Дана. І тыя пяцёра, што былі раней пасланыя выведаць зямлю, узялі рэзьбленую [выяву], эфод, тэрафіма і літога [ідала]. А сьвятар стаяў перад брамай, і побач сталі шэсьцьсот чалавек узброеных. І яны ўвайшлі ў дом Міхі, і ўзялі рэзьбленую [выяву], эфод, тэрафіма і літога [ідала]. І сказаў ім сьвятар: «Што вы робіце?» А яны яму сказалі: «Маўчы! Палажы палец на вусны свае і хадзі з намі, каб мелі мы ў табе і бацьку, і сьвятара. Як табе лепей, быць сьвятаром у доме аднаго чалавека, ці быць сьвятаром калена і роду Ізраіля?» І ўзрадаваўся сьвятар, і ўзяў эфод, тэрафімаў, а таксама рэзьбленага [ідала], і пайшоў з народам гэтым. І яны вярнуліся, і пайшлі далей, а перад сабой пусьцілі ісьці дзяцей, жывёлу і ўсю маёмасьць сваю. Калі яны былі ўжо далёка ад дому Міхі, мужчыны, якія жылі ў ваколіцах каля Міхі, сабраліся і дагналі сыноў Дана, і ззаду за імі паднялі крык. Тыя павярнуліся і сказалі да Міхі: «Што табе? Чаго крычыш?» Ён сказаў: «Бога майго, якога я зрабіў сабе, вы забралі, і сьвятара, і ўсё, што маю, і яшчэ кажаце: “Што табе?”» І сказалі яму сыны Дана: «Каб больш ня чулі мы голасу твайго за сабою, каб людзі нашыя са злосьці ня кінуліся на цябе. Забірай душу тваю і душы дому твайго». І сыны Дана пайшлі дарогаю сваёй, а Міха, бачачы, што яны мацнейшыя за яго, вярнуўся ў дом свой. А тыя шэсьцьсот чалавек узялі тое, што зрабіў Міха, і сьвятара ягонага, і прыйшлі ў Ляіш, да народу, [які жыве] ў супакоі і бясьпецы, і забілі яго вострывам мяча, а горад спалілі агнём. І ніхто ня мог ім дапамагчы, бо яны далёка жылі ад Сідону і ня мелі ніякіх справаў з Асурам. Гэты горад быў у лагчыне ў Бэт-Рэхове, і [сыны Дана] адбудавалі яго нанова, і жылі ў ім. І назвалі горад гэты Дан, ад імя Дана, бацькі свайго, народжанага Ізраілем. Раней гэты горад называўся Ляіш. Сыны Дана паставілі сабе рэзьбленага ідала, а Ёнатан, сын Гершома, сына Майсея, і сыны ягоныя былі сьвятарамі ў пакаленьні Дана аж да дня выгнаньня [ў няволю] зямлі гэтай. І рэзьблены [ідал], якога зрабіў Міха, заставаўся ў іх увесь час, калі Дом Божы быў у Шыло.
У тыя дні не было валадара ў Ізраілі. І быў нейкі лявіт, які як прыхадзень [жыў] на ўзбоччы гары Эфраіма. І меў ён наложніцу з Бэтлеему Юдэйскага. Яна з ім пасварылася і вярнулася да бацькі свайго ў Бэтлеем, і заставалася ў яго чатыры месяцы. І пайшоў за ёю муж ейны, хочучы прамовіць да сэрца ейнага і вярнуць яе да сябе. І меў ён з сабой слугу і двух аслоў. Яна прыняла яго і завяла ў дом бацькі свайго. Калі бацька яе ўбачыў [зяця], узрадаваўся і выйшаў яму на спатканьне. І затрымаў яго там, і заставаўся зяць у доме цесьця тры дні, балюючы з ім па-сяброўску і выпіваючы. У чацьвёрты дзень, калі ён устаў раніцай і меўся ісьці, цесьць сказаў яму: «Падсілкуйся хлебам, умацуйся, а потым пойдзеш у дарогу». І зноў сядзелі яны разам абодва, елі і пілі. І бацька той жанчыны сказаў зяцю свайму: «Прашу цябе, таксама сёньня пабудзь тут, і няхай радуецца сэрца тваё». Але ён устаў і зьбіраўся ісьці, і ўсё адно цесьць затрымаў яго ў сябе яшчэ на адну ноч. Калі настала раніца, на пяты дзень, лявіт зьбіраўся ў дарогу, але цесьць зноў сказаў яму: «Прашу цябе, умацуй сэрца сваё». І марудзілі да канца дня, і абодва частаваліся разам. І ўстаў той чалавек, каб разам з жонкай сваёй і слугою варочацца, але цесьць, бацька жанчыны, стаў угаворваць яго: «Падумай, дзень ужо хіліцца на вечар. Застаньцеся ў мяне сёньня. Пераначуйце тут, і няхай будзе добра на сэрцы тваім, а заўтра раніцаю вырушыце ў дарогу, каб вярнуцца ў дом свой». Але зяць не паддаўся намовам ягоным, і адразу выбраўся ў дарогу, і прыйшоў у Евус, значыць у Ерусалім, і [былі] ў яго два аслы асядланыя, і наложніца з ім. Ужо былі яны каля Евусу, і вечарэла. І сказаў слуга гаспадару свайму: «Хадзем, завернем у горад Евусэяў і затрымаемся там». І адказаў яму гаспадар: «Не, ня пойдзем у горад чужынцаў, бо яны не з сыноў Ізраіля, але пройдзем аж у Гіву». І сказаў слузе свайму: «Хадзем, дабярэмся да нейкай мясцовасьці ў Гіве або ў Раме, і там затрымаемся». І мінулі яны Евус, і працягвалі пачатую дарогу. І зайшло ім сонца каля Гівы, што належыць да Бэн’яміна. І завярнуліся яны туды, каб там пераначаваць. Але калі туды заехалі і сядзелі на плошчы гораду, ніхто не хацеў прыняць іх на ноч. У той дзень адзін стары вяртаўся ўвечары з працы сваёй у полі. Ён быў з гары Эфраіма і як прыхадзень жыў у Гіве. А ў тым горадзе людзі былі з сыноў Бэн’яміна. І падняў ён вочы свае, і ўбачыў падарожнага чалавека, які сядзеў на плошчы гораду, і спытаўся ў яго той стары: «Адкуль ты і куды ідзеш?» Той адказаў яму: «Мы ідзем з Бэтлеему Юдэйскага аж на ўзбоччы гары Эфраіма, адкуль былі пайшоўшы ў Бэтлеем Юдэйскі. І цяпер вяртаемся да Дому ГОСПАДА, але ніхто ня хоча прыняць нас у дом. Маем салому, папас для аслоў нашых, хлеб і віно для мяне, для служкі тваёй і для юнака гэтага, які са слугою тваім. Нічога не патрабуем». І сказаў стары: «Супакой табе! Я дам табе ўсё, што патрэбна, толькі не начуй на плошчы». І завёў яго ў дом свой, даў мяшанку аслам, і памылі ногі свае, і елі, і пілі. Калі яны ўзьвесялілі сэрца сваё, вось, мужчыны гораду таго, сыны Бэліяла, акружылі дом старога, і пачалі грукаць у дзьверы, крычучы: «Выведзі нам мужчыну, які зайшоў у дом твой, мы хочам пазнаць яго». І выйшаўшы да іх стары, і сказаў: «Не рабіце, браты, гэтага ліха, бо прыйшоў да мяне чалавек у госьці, не рабіце гэтай ганьбы. Маю дачку дзяўчыну, а гэты чалавек мае наложніцу; выведу іх да вас, і вы рабіце з імі, што добра ў вачах вашых, а чалавеку гэтаму не рабіце ганьбы». Але людзі тыя і слухаць яго не хацелі. І ўзяў той чалавек наложніцу сваю, і вывеў яе да іх, і яны пазналі яе, і гвалтавалі яе ўсю ноч аж да раніцы. І прыйшла жанчына тая на сьвітаньні, і ўпала каля ўваходу ў дом, дзе быў гаспадар ейны, і там [ляжала] да сьвятла [дня]. Раніцаю ўстаў гаспадар ейны і адчыніў дзьверы дому, каб далей ісьці ў дарогу. І вось, наложніца ягоная ляжыць перад уваходам, і рукі ейныя на парозе. Ён сказаў ёй: «Уставай, пойдзем». Але яна нічога не адказала. І ён узяў яе, і палажыў на асла, і вярнуўся ў дом свой. І прыйшоў у дом свой, і схапіў нож, і пасек цела наложніцы сваёй на дванаццаць частак, і разаслаў у-ва ўсе межы Ізраіля. І ўсе бачылі гэта, і казалі: «Ніколі гэтага не было і не было бачана нічога падобнага ад дня, у які сыны Ізраіля выйшлі з Эгіпту аж да сёньняшняга дня! Зьвярніце ўвагу на гэта і скажыце, што рабіць».
І выйшлі ўсе сыны Ізраіля, і як адзін чалавек сабралася грамада ад Дану аж да Бээр-Шэвы разам з зямлёй Гілеад да ГОСПАДА ў Міцпу. І сабраліся правадыры ўсяго народу і ўсе калены Ізраіля на супольны сход народу Божага, а [было] іх чатырыста тысячаў пешых ваяроў, узброеных мячом. І пачулі сыны Бэн’яміна, што сабраліся сыны Ізраіля ў Міцпе. І пыталіся сыны Ізраіля [ў лявіта], як гэтае злачынства адбылося. І лявіт, муж замучанай жанчыны, адказаў: «Прыйшоў я з наложніцай маёй у Гіву, што [належыць] да Бэн’яміна, каб пераночць. І гаспадары Гівы паўсталі супраць мяне, і ўначы атачылі дом, хочучы мяне забіць, а наложніцу маю гвалтавалі, і яна памерла. І я ўзяў наложніцу маю, і пасек яе на часткі, і паслаў у-ва ўсе межы спадчыны Ізраіля, бо яны ўчынілі ганебнае і агіднае ў Ізраілі. І цяпер вы ўсе, сыны Ізраіля, дайце слова і раду [ў гэтай справе]?» І паўстаў увесь народ як адзін чалавек, кажучы: «Ніхто з нас ня пойдзе ў намёт свой, і ніхто ня пойдзе ў дом свой! Але супольна выступім супраць Гівы паводле жэрабя. І з кожнага калена Ізраіля выбярэм дзесяць чалавек са ста, і сто — з тысячы, і тысячу — з дзесяці тысячаў. Яны будуць рупіцца пра харчы для войска, якое выправіцца зрабіць з Гівай Бэн’ямінавай адпаведна ганьбы, якую яны ўчынілі ў Ізраілі». І зыйшоўся ўвесь Ізраіль супраць гораду таго, усе разам, як адзін чалавек. І паслалі калены Ізраіля людзей да ўсяго калена Бэн’яміна, кажучы: «Што за ліхота адбываецца сярод вас! Выдайце цяпер тых людзей, сыноў Бэліяла, з Гівы, і мы заб’ем іх і вынішчым зло з Ізраіля». Але сыны Бэн’яміна не хацелі слухаць голас братоў сваіх, сыноў Ізраіля. І сабраліся сыны Бэн’яміна з усіх гарадоў у Гіву, каб ваяваць супраць сыноў Ізраіля. У той дзень налічана было сыноў Бэн’яміна, што прыйшлі з іншых гарадоў і ўзброеных мячом, дваццаць шэсьць тысячаў, апрача жыхароў Гівы, з якіх было налічана семсот выбранцоў. У-ва ўсім гэтым войску было семсот выбранцоў, якія не карысталіся правай рукой і якія кідалі з пушчалкі камянём так, што воласа не міналі. А ваяроў Ізраіля без [сыноў] Бэн’яміна, налічвалася чатырыста тысячаў узброеных мячом і здольных да бою. І паўсталі яны, і пайшлі ў Бэтэль, і пыталіся ў Бога. І казалі сыны Ізраіля: «Хто першым з нас пойдзе ў бой супраць сыноў Бэн’яміна?» І ГОСПАД ім сказаў: «Юда [пойдзе] першы». На сьвітаньні вырушылі сыны Ізраіля і разлажыліся табарам насупраць Гівы. І сталі ў шыхт сыны Ізраіля супраць Бэн’яміна, і пачалі ваяваць сыны Ізраіля супраць Гівы. Але ў той дзень сыны Бэн’яміна выйшлі з Гівы і забілі спасярод сыноў Ізраіля дваццаць дзьве тысячы чалавек. І сыны Ізраіля набраліся мужнасьці, і ў тым самым месцы, дзе раней ваявалі, падрыхтаваліся да бою. І пайшлі сыны Ізраіля [ў Бэтэль], і плакалі перад ГОСПАДАМ аж да вечара, і пыталіся ў ГОСПАДА, кажучы: «Ці маем мы далей ваяваць з сынамі Бэн’яміна, братамі нашымі?» І ГОСПАД сказаў: «Ваюйце супраць іх». І на другі дзень сыны Ізраіля пайшлі на сыноў Бэн’яміна. І сыны Бэн’яміна выйшлі з Гівы, і ў другі дзень забілі васямнаццаць тысячаў спасярод сыноў Ізраіля, узброеных мячом. І ўсе сыны Ізраіля, і ўвесь народ пайшлі ў Бэтэль, і прыйшлі, і плакалі, і сядзелі перад абліччам ГОСПАДА, і посьцілі ў той дзень аж да вечара, і складалі ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя перад абліччам ГОСПАДА. І пыталіся сыны Ізраіля ў ГОСПАДА. А ў тыя дні быў там Каўчэг Запавету Божага. І стаў тады Пінхас, сын Элеазара, сына Аарона, кажучы: «Ці павінны мы яшчэ ісьці ваяваць супраць сыноў Бэн’яміна, братоў нашых, ці не?» І ГОСПАД сказаў: «Ідзіце ваяваць, бо Я заўтра аддам іх у рукі вашыя». І сыны Ізраіля паставілі кругом Гівы засады. На трэці дзень пайшлі сыны Ізраіля супраць сыноў Бэн’яміна і, падобна як першы раз, сталі ў шыхт насупраць Гівы. І сыны Бэн’яміна выступілі супраць народу, і адыйшліся ад гораду, і пачалі як раней забіваць ваяроў на дарогах, з якіх адна ідзе ў Бэтэль, а другая — у Гіву, і на палях, і [загінула] каля трыццаці ваяроў. І казалі сыны Бэн’яміна: «Як і ў першы раз, будуць яны пераможаныя», а сыны Ізраіля казалі: «Уцякайма, каб адвесьці іх ад гораду на тыя дарогі». І ўсе ваяры Ізраіля, устаўшы з месца свайго, сталі ў шыхт у Баал-Тамар. І засады выйшлі са сховаў на раўніне Гівы. І выйшлі супраць Гівы дзесяць тысячаў выбранцоў з усяго Ізраіля, і пачалася цяжкая бітва. А [сыны Бэн’яміна] не разумелі, што чакае іх параза. І пабіў ГОСПАД Бэн’яміна перад абліччам Ізраіля, і выбілі ў той дзень сыны Ізраіля ў Бэн’яміна дваццаць пяць тысячаў сто чалавек, узброеных мячом. І сыны Бэн’яміна ўбачылі, што яны пераможаныя. А сыны Ізраіля далі ім прастору ўцякаць, бо давяралі засадзе, якая хавалася каля Гівы. У той час выступілі тыя, што хаваліся ў засадзе, і напалі на Гіву, і ўварваліся ў горад, і пазабівалі вострывам мяча ўсіх у горадзе. А сыны Ізраіля былі дамовіўшыся з тымі, якія былі ў засадзе, што мелі з гораду выпусьціць дым як знак. І сыны Ізраіля пачалі ўцякаць у часе бою, а [сыны] Бэн’яміна забілі з сыноў Ізраіля каля трыццаці чалавек, і казалі: «Перамагаючы, пераможам іх, як у папярэднім баі». А з гораду стаў падымацца слуп дыму. І сыны Бэн’яміна павярнуліся, і вось, полымя з гораду падымаецца ў неба. І сыны Ізраіля павярнуліся, а ваяры Бэн’яміна стрывожыліся, бо бачылі, што прыйшла да іх бяда. І пачалі яны ўцякаць перад сынамі Ізраіля дарогай у бок пустыні, але войска дагнала іх. І тыя, што выйшлі з гораду, забівалі іх пасярод сябе. І атачылі яны з усіх бакоў Бэн’яміна, і гналі іх без адпачынку, і забівалі іх ад Гівы на захад. І палегла ў Бэн’яміна васямнаццаць тысячаў чалавек, усе ваяры мужныя. З тых, якія ўцякалі ў бок пустыні да скалы Рымон, забілі на дарогах пяць тысячаў чалавек, і гналі іх да Гідому, дзе забілі каля дзьвюх тысячаў. І ўсіх Бэн’ямінцаў палегла ў той дзень дваццаць пяць тысячаў мужчынаў, узброеных мячом, усе ваяры мужныя. А тыя шэсьцьсот чалавек, што засталіся, уцяклі да скалы Рымон, і заставаліся на скале Рымон чатыры месяцы. А сыны Ізраіля вярнуліся да сыноў Бэн’яміна, і выбілі вострывам мяча, ад мужчынаў аж да быдла і да ўсяго, што знайшлі. Таксама ўсе гарады і мясцовасьці іхнія спалілі агнём.
І ў Міцпе сыны Ізраіля злажылі прысягу: «Ніхто з нас ня дасьць дачкі сваёй [сынам] Бэн’яміна за жонку». І пайшоў народ у Бэтэль, і перад абліччам Бога былі аж да вечара, галосячы і плачучы плачам вялікім. І казалі: «Чаму, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, сталася, што ў народзе Тваім сёньня ня стала ў Ізраіля аднаго калена?» І назаўтра, устаўшы на сьвітаньні, паставілі ахвярнік і склалі на ім ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя. І сказалі сыны Ізраіля: «Хто з усіх каленаў Ізраіля не прыйшоў на супольны сход перад ГОСПАДАМ?» Бо зьвязаліся яны ўрачыстаю прысягаю, што сьмерцю памрэ той, хто ня прыйдзе ў Міцпу да ГОСПАДА. І сыны Ізраіля шкадавалі дзеля брата свайго Бэн’яміна, і казалі: «Ня стала сёньня аднаго калена ў Ізраілі. Што мы зробім, каб тыя, што засталіся, [мелі] жонак? Бо ўсе мы прысягалі перад ГОСПАДАМ, што не дамо ім за жонак дочак нашых». І сказалі яны: «Якое з усіх каленаў Ізраіля не прыйшло да ГОСПАДА ў Міцпу?» І вось з Ябэш Гілеадзкага ніхто не прыйшоў на супольны сход у табар. І народ быў пералічаны, і вось, нікога не было з жыхароў Ябэшу Гілеадзкага. І грамада паслала туды дванаццаць тысячаў ваяроў мужных, і загадала ім: «Ідзіце і забіце жыхароў Ябэшу Гілеадзкага вострывам мяча, і жанчын, і дзяцей іхніх. І вось што зробіце: усіх мужчынаў і жанчынаў, якія пазналі мужа, пазабівайце». І знайшлі яны сярод жыхароў Ябэшу чатырыста дзяўчат, якія не пазналі мужа, і прывялі іх у табар у Шыло ў зямлі Ханаан. І грамада паслала да сыноў Бэн’яміна, якія былі на скале Рымон, каб аб’явіць ім мір. І вярнуліся сыны Бэн’яміна ў той час, і далі ім жонак з дачок Ябэшу Гілеадзкага, але не хапіла для іх усіх. І народ вельмі моцна шкадаваў дзеля Бэн’яміна, што ГОСПАД зрабіў вылом у каленах Ізраіля. І сказалі старшыні грамады: «Што зробім з рэштаю, якія не атрымалі жонак? Бо ўсе жанчыны ў Бэн’яміна загінулі». І сказалі яны: «Спадчынная зямля застаецца ацалелым [сынам] Бэн’яміна, каб не прапала адно калена ў Ізраілі. Дачок сваіх мы ня можам ім даць, бо мы зьвязаныя прысягаю, бо прысягнулі сыны Ізраіля: “Пракляты, хто дасьць жонку Бэн’яміну!”» І сказалі: «Кожны год бывае сьвята ГОСПАДА ў Шыло, які на поўнач ад Бэтэлю, а на захад ад дарогі, што ідзе з Бэтэлю ў Сыхем, і на поўдзень ад Лебоны». І загадалі яны сынам Бэн’яміна, кажучы: «Ідзіце і схавайцеся ў вінаградніках. Калі ўбачыце дзяўчатаў з Шыло, якія выйшлі ў карагодах танчыць, выходзьце з вінаграднікаў і хапайце іх, кожны сабе жонку спасярод дочак Шыло, і вядзіце ў зямлю Бэн’яміна. Калі ж бацькі іхнія або браты прыйдуць да нас жаліцца, мы скажам ім: “Пашкадуйце іх, бо не здабылі мы ім жонак на вайне, а вы таксама, калі б ім далі, саграшылі б”». І сыны Бэн’яміна зрабілі так, і ўзялі жонак паводле ліку свайго, з тых, якія танчылі. І вярнуліся яны ў спадчыну сваю, і адбудавалі гарады свае, і жылі ў іх. І сыны Ізраіля вярнуліся адтуль кожны да калена свайго і да сям’і сваёй, і пайшлі кожны ў спадчыну сваю. У тыя дні не было валадара ў Ізраілі, і кожны рабіў тое, што было слушна ў вачах ягоных.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023