Библия › БКБПЦ › 1 Пятра

1-е Пасланне Пятра

Пётр, Апостал Іісуса Хрыста, — перасяле́нцам, рассе́яным ў По́нце, Гала́тыі, Кападакíі, Асíі і Віфíніі, абра́ным паводле прадве́дання Бога Айца праз асвячэ́нне Ду́хам для паслушэ́нства і акрапле́ння Крывёю Іісуса Хрыста́: благада́ць і мір вам няхай прымно́жацца. Благаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста́, Які па вялíкай Сваёй мíласці адрадзíў нас праз уваскрасе́нне з мёртвых Іісуса Хрыста да надзе́і жыво́й, да спа́дчыны нятле́ннай, чы́стай, неўвяда́льнай, захава́най на нябёсах для вас, якія сілаю Божаю праз веру зберага́ецеся для спасе́ння, гато́вага адкры́цца ў час апошні. Гэтаму ра́дуйцеся, крыху́ цяпер, калі трэба, пасмуткава́ўшы ад розных спаку́саў, каб вы́прабаваная вера ваша стала кашто́ўнейшай за золата, якое гíне, хоць і ў агні выпрабо́ўваецца, на пахвалу́, і паша́ну, і славу ў час яўле́ння Іісуса Хрыста́, Якога вы, не ба́чыўшы, лю́біце, у Якога, цяпер не ба́чачы, ве́руеце і ліку́еце радасцю невымо́ўнаю і сла́ўнаю, дасяга́ючы вы́ніку веры вашай — спасе́ння душ; гэтага спасе́ння і даты́чыліся по́шукі і дасле́даванні прарокаў, якія прадка́звалі прызна́чаную вам благада́ць, дасле́дуючы, на каторы і на які час ука́зваў Дух Хрыстоў, Які быў у іх і Які прадвяшча́ў паку́ты Хрыстовы і пасля іх — славу; ім адкры́та было́, што не ім самім, а нам служы́ла тое, што цяпер прапаве́дана вам праз дабраве́снікаў Ду́хам Святы́м, пасла́ным з неба, да чаго жада́юць прынíкнуць Ангелы. Таму, падпераза́ўшы паяснíцы ро́зуму вашага, захо́ўваючы цвяро́засць, ца́лкам ускладзíце спадзява́нне на благада́ць, якая да́дзена будзе вам у час яўле́ння Іісуса Хрыста́. Як паслухмя́ныя дзеці, не кіру́йцеся ране́йшымі пажа́днасцямі, якія былí з-за няве́дання вашага, але па пры́кладу Святога, Які паклíкаў вас, і са́мі будзьце святы́мі ва ўсіх учы́нках, бо напíсана: «бу́дзьце святы́мі, таму што Я святы́». І калі вы Айцом называ́еце Таго, Які непрадузя́та су́дзіць кожнага па спра́вах, то са стра́хам право́дзьце час пражыва́ння вашага на чужы́не, ве́даючы, што не тле́нным серабро́м ці зо́латам вы былí вы́куплены з ма́рнага жыцця́ вашага, перада́дзенага ад айцоў, а кашто́ўнай Крывёю Хрыста́, як а́гнца беззага́ннага і чы́стага, прадвы́значанага яшчэ да стварэ́ння свету, але я́ўленага ў апошні час дзе́ля вас, тых, што ўве́равалі праз Яго ў Бога, Які ўваскрасíў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб вы ме́лі веру вашу і надзе́ю на Бога. Ачы́сціўшы ду́шы вашы паслушэ́нствам íсціне праз Духа для браталю́бства некрываду́шнага, ад чы́стага сэ́рца адзін аднаго любíце заўсёды, бу́дучы адро́джанымі не з тле́ннага се́мені, а з нятле́ннага, праз слова Божае жыво́е, якое застае́цца наве́кі. Бо ўсякая плоць — як трава, і ўсякая слава чалавечая — як кве́цень на траве: засоо́хла трава — і кве́цень яе апа́ла; але слова Гасподняе застае́цца наве́кі. Гэта і ёсць тое слова, якое прапаве́дана вам.

Дык вось, адкла́ўшы ўся́кую зло́бу, і ўся́кую хíтрасць, і крываду́шнасць, і за́йздрасць і ўсякае зласло́ўе, як нованаро́джаныя немаўля́ты, пра́гніце чы́стага духоўнага малака, каб ад яго вы ўзраслí для спасе́ння; калі вы ўжо зве́далі, што добры Гасподзь. Прыступа́ючы да Яго, ка́меня жывога, людзьмí адкíнутага, але Богам абра́нага, кашто́ўнага, і самі, як жывы́я камянí, буду́йце з сябе дом духоўны, свяшчэ́нства свято́е, каб прыно́сіць духоўныя ахвя́ры, прые́мныя Богу праз Іісуса Хрыста́. Таму што ска́зана ў Пісанні: «вось, Я кладу́ на Сіёне ка́мень краевуго́льны, абра́ны, кашто́ўны, і той, хто ве́руе ў Яго, не будзе пасаро́млены». Дык вось, для вас, ве́руючых, гэта кашто́ўнасць, а для няве́руючых — ка́мень, які адкíнулі будаўнікí, той самы стаў галаво́ю вугла́, ка́мень спатыкне́ння і скала́ спаку́сы, яны спатыка́юцца, не павіну́ючыся слову, на што яны і пакíнуты. Але вы — род вы́браны, ца́рскае свяшчэ́нства, народ святы́, людзі, прыдба́ныя, каб абвяшча́ць даскана́ласць Таго, Хто паклíкаў вас з цемры ў цудо́ўнае Сваё святло; калíсьці не наро́д, а цяпер наро́д Божы; калісьці непамíлаваныя, а цяпер памíлаваныя. Узлю́бленыя! прашу вас як пры́шлых і перасяле́нцаў устры́млівацца ад пло́цкіх пажа́днасцей, якія ваю́юць су́праць душы́, паво́дзьце сябе добра сярод язы́чнікаў, каб яны за тое, за што абгаво́рваюць вас, як злачы́нцаў, уба́чыўшы добрыя спра́вы вашы, прасла́вілі Бога ў дзень наве́дання. Дык вось, будзьце пако́рнымі ўся́кай чалаве́чай ула́дзе дзе́ля Госпада: ці то цару́, як уладару́ вярхо́ўнаму, ці то правíцелям, як праз яго пасла́ным для пакара́ння злачы́нцаў і для пахвалы́ тым, хто робіць дабро, — бо такая воля Божая, каб мы, ро́бячы дабро, прымуша́лі маўча́ць не́вуцтва неразу́мных людзе́й, — як свабодныя, але не як тыя, хто выкарысто́ўвае свабоду, каб прыхава́ць зло, а як рабы́ Божыя. Усіх паважа́йце, братоў любíце, Бога бо́йцеся, цара шану́йце. Слу́гі, з усякім стра́хам падпарадко́ўвайцеся гаспадара́м, не толькі добрым і лаго́дным, але і суро́вым. Бо гэта благада́ць, калі хто свядо́ма дзе́ля Бога, це́рпіць бе́ды, паку́туючы несправядлíва. Бо якая пахвала́, калі трыва́еце вы, як вас б’юць за правíны́ Але калі ро́бячы дабро і паку́туючы, трыва́еце вы, то гэта благада́ць перад Богам, бо на тое вы былí паклíканы; таму што і Хрыстос прыня́ў паку́ты за нас, пакінуўшы нам пры́клад, каб мы ішлі па сляда́х Яго: Ён граху́ не ўчыніў, і не было падма́ну ў ву́снах Яго; калі Яго ліхасло́вілі, Ён не ліхасло́віў у адказ; паку́туючы, Ён не пагража́ў, а пакіда́ў усё Суддзí Пра́веднаму; Ён грахí нашы Сам узня́ў Це́лам Сваім на дрэ́ва, каб мы, пазба́віўшыся ад грахоў, пачалí жыць пра́ведна: ра́намі Яго вы ацалíліся. Бо вы былí, як аве́чкі аблу́дныя, але вярну́ліся цяпер да Пастыра і Ахава́льніка душ вашых.

Таксама і вы, жонкі, падпарадко́ўвайцеся сваім мужа́м, каб тыя з іх, што не скара́юцца перад словам, праз паво́дзіны жо́нак здабы́ты былí без слова, калі ўба́чаць чы́стае, богабая́знае жыццё ваша. Няхай упрыго́жанне ваша будзе не зне́шняе: заплята́нне валасоў, аздабле́нне ў золата ці нашэ́нне ўбораў, а патае́мны сэ́рца чалавек у нятле́ннасці лаго́днага і маўклíвага ду́ху, што ма́е вялікую ва́ртасць перад Богам. Бо так не́калі і святы́я жанчы́ны, якія ўсклада́лі надзе́ю на Бога, упрыго́жвалі сябе, падпарадко́ўваючыся сваім мужа́м; гэтак Са́рра слухалася Аўраама, называ́ючы яго спадаро́м; і вы — дзеці яе, калі ро́біце дабро і не паддаяце́ся нія́каму стра́ху. Таксама і вы, мужы́, абыхо́дзьцеся разу́мна з жонкамі як са слабе́йшым полам жано́чым, ака́зваючы ім паша́ну як сунасле́дніцам благада́тнага жыцця́, каб не было́ перашко́ды малітвам вашым. Урэ́шце, будзьце ўсе аднаду́мнымі, спага́длівымі, браталю́бнымі, міласэ́рнымі, добразычлíвымі, пакорнаму́дрымі; не плацíце злом за зло альбо знява́гай за знява́гу, а наадваро́т, благаслаўля́йце, ве́даючы, што на тое вы паклíканы, каб унасле́даваць благаславе́нне. Бо хто лю́біць жыццё і хоча ўба́чыць добрыя дні, той няхай стры́млівае язык свой ад зла і ву́сны свае ад кава́рных слоў, няхай ухіля́ецца ад зла і ро́біць дабро, няхай шука́е мíру і імкне́цца да яго, бо вочы Госпада зве́рнуты да пра́ведных, і ву́шы Яго — да малітвы іх, аблíчча ж Гасподняе су́праць тых, хто ро́біць зло, каб знíшчыць іх з зямлі. І хто зро́біць вам зло, калі вы бу́дзеце пабо́рнікамі дабра́? А калі і паку́туеце за праўду, то блажэ́нныя вы; устрашэ́ння ж іхняга не пало́хайцеся і не жаха́йцеся. Госпада Бога свяцíце ў сэ́рцах вашых; будзьце заўсёды гатовы кожнаму, хто патрабу́е ад вас абгрунтава́ння вашай надзе́і, даць адказ з лаго́днасцю і богабая́знасцю; майце сумле́нне добрае, каб тым, за што абгаво́рваюць вас, як злачы́нцаў, былі пасаро́млены тыя, хто зневажа́е ваша добрае жыццё ў Хрысце́. Бо лепш ро́бячы добро паку́таваць, калі на тое воля Божая, чым ро́бячы зло; таму што і Хрыстос, каб прыве́сці нас да Бога, адно́йчы прыня́ў паку́ты за грахí нашы, пра́ведны за няпра́ведных, памёршы пло́ццю, але ажы́ўшы ду́хам, у якім Ён, сышо́ўшы, прапаве́даваў і тым, што былí ў цямнíцы, ду́хам, якія не скары́ліся не́калі, калі чака́ла іх доўгацярплíвасць Божая, у дні Ноя, пры будаўнíцтве каўчэ́га, у якім нямногія, гэта зна́чыць восем чалавек, былí вы́ратаваны ад вады́. Так і нас цяпер падобнае гэтаму вобразу хрышчэ́нне — не цяле́снага бру́ду змыва́нне, а просьба да Бога аб добрым сумле́нні — спаса́е праз уваскрасе́нне Іісуса Хрыста, Які, узышо́ўшы на неба, знахо́дзіцца правару́ч Бога, і Яму падпарадкава́ны Ангелы, і ўла́ды, і сілы.

Дык вось, пако́лькі Хрыстос паку́таваў за нас пло́ццю, то і вы гэтаю са́маю ду́мкаю ўзбро́йцеся; бо хто паку́туе пло́ццю, той перастае́ грашы́ць, каб ужо не па чалаве́чых пажа́днасцях, а па волі Божай пражы́ць у плоці той час, які заста́ўся. Бо дастатко́ва таго, што вы ў мінулы час жыцця́ здзяйсня́лі волю язычнікаў, жывучы́ у распу́сце, пажа́днасцях (мужаложстве, скаталожстве, помыслах), п’янстве, гулянках, папойках і ў мярзотных ідаласлужэ́ннях; таму яны і здзіўля́юцца, што вы не бежыце́ з імі на гэты разгу́л разбэ́шчанасці, і зневажа́юць вас; яны даду́ць адказ Таму, Хто неўзаба́ве ма́е судзíць жывы́х і мёртвых. Бо дзе́ля гэтага і мёртвым было́ да́дзена дабраве́сце, каб яны, бу́дучы асу́джаны як людзі ў плоці, жылí па Богу ду́хам. Але наблíзіўся кане́ц усяму. Таму будзьце разва́жлівымі і пíльнымі ў малітвах. А перш за ўсё ма́йце шчы́рую любоў адзін да аднаго́, бо любоў пакрыва́е мноства грахоў; будзьце гасцíннымі адзін да аднаго без нарака́ння; кожны служы́це адзін аднаму тым да́рам, які ён атрыма́ў, як добрыя домаўпра́ўнікі разнаста́йнай благада́ці Божай. Калі хто гаворыць, няхай гаворыць як словы Божыя; калі хто слу́жыць, няхай слу́жыць па сіле, якую дае́ Бог, каб ва ўсім праслаўля́ўся Бог праз Іісуса Хрыста, Якому слава і ўла́да на ве́кі вякоў. Амінь. Узлю́бленыя! агню́, які сярод вас і які для выпрабава́ння вам да́дзены, не здзіўля́йцеся, бы́ццам адбыва́ецца з вамі нешта дзíўнае; але паколькі вы ўдзе́льнічаеце ў Хрыстовых паку́тах, ра́дуйцеся, каб і ў час яўле́ння славы Яго вы ра́даваліся і лікава́лі. Калі га́ньбяць вас за імя́ Хрыстова, то блажэ́нныя вы, бо Дух славы, Дух Божы спачыва́е на вас: імі Ён зневажа́ецца, а вамі праслаўля́ецца. Абы́ толькі не паку́таваў хто з вас як забо́йца, ці зло́дзей, ці злачы́нец, ці як той, хто ўме́шваецца ў чужо́е; калі ж як Хрысція́нін, то няхай не саро́меецца, а няхай праслаўля́е Бога за такую до́лю. Бо пара́ пача́цца суду́ з дому Божага; і калі спярша́ з нас пачне́цца, то які канец тым, хто не скара́ецца Дабраве́сцю Божаму́ І калі пра́ведны ледзь спаса́ецца, то бязбо́жны і грэ́шны дзе апыне́цца́ Дык вось, тыя, што паку́туюць па волі Божай, няхай Яму, як вернаму Ствары́целю, ду́шы свае аддаду́ць, ро́бячы дабро.

Па́стыраў вашых прашу я, супа́стыр і све́дка паку́т Хрыстовых, і саўдзе́льнік славы, якая ма́е адкры́цца: па́свіце ста́да Божае, якое ў вас, дагляда́ючы яго не па прыму́су, а добраахво́тна і богаўго́дна, не з-за агíднай кары́слівасці, а самаадда́на, і не пану́ючы над набы́ткам Божым, а даючы́ пры́клад ста́ду; і калі я́віцца Пастыранача́льнік, вы атрыма́еце неўвяда́льны вяне́ц сла́вы. Таксама і вы, мало́дшыя, падпарадко́ўвайцеся па́стырам; і ўсе, слу́хаючыся адзін аднаго́, апранíцеся ў пакорнаму́драсць, таму што Бог ганарлíвым працíвіцца, а пако́рлівым дае́ благада́ць. Дык вось, скары́цеся пад моцную руку́ Божую, каб Ён вас узня́ў у нале́жны час; усе кло́паты вашы ўскладзíце на Яго, бо Ён дба́е пра вас. Бу́дзьце цвяро́зымі, пíльнымі, таму што працíўнік ваш дыя́вал ходзіць, як рыклíвы леў, шука́ючы, каго праглыну́ць; супрацьста́ньце яму цвёрдаю вераю, ве́даючы, што такія ж паку́ты зно́сяць і браты́ вашы ў свеце. Бог жа ўсякае благада́ці, Які паклíкаў вас у ве́чную сла́ву Сваю ў Хрысце́ Іісусе, няхай Сам, пасля́ нядо́ўгіх вашых паку́т, удаскана́ліць вас, няхай сцве́рдзіць, няхай умацу́е, няхай зробіць непахíснымі. Яму слава і ўла́да на ве́кі вякоў. Амінь. Гэта ко́ратка напісаў я вам, праз Сілуа́на, ве́рнага, як мярку́ю, бра́та, каб перакана́ць і засве́дчыць, што гэта íсцінная благада́ць Божая, у якой вы стаіце́. Віта́е вас абра́ная, як і вы, Царква ў Вавілоне і Марк, сын мой. Віта́йце адзін аднаго́ пацалу́нкам любо́ві. Мір вам усім у Хрысце́ Іісусе. Амінь.


Біблейская камісія БПЦ
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.