Библия › Каталіцкі › 3 Яна

3-е пасланне Яна

Прывітанне

Старэйшына — умілаванаму Гаю, якога я люблю ў праўдзе.

Умілаваны, малюся, каб ты быў здаровы і каб ва ўсім шчасціла табе, як шчасціць тваёй душы. Я вельмі ўзрадаваўся, калі прыйшлі браты і засведчылі пра тваю праўду і што ты паступаеш па праўдзе. Для мяне няма большай радасці, як чуць, што мае дзеці жывуць у праўдзе.

Пахвала Гая

Умілаваны, ты паступаеш згодна з вераю ў тым, што робіш для братоў і чужаземцаў. Яны засведчылі перад Касцёлам пра тваю любоў. Калі адправіш іх па-Божаму, добра зробіш. Бо дзеля імя Хрыстовага яны пайшлі, нічога не беручы ад язычнікаў. Таму мы павінны прымаць такіх людзей, каб стаць супрацоўнікамі праўды.

Заклік да еднасці і здзяйснення дабра

Я напісаў ужо Касцёлу, але Дыятрэф, што любіць першынство сярод іх, не прымае нас. Таму, калі прыйду, узгадаю яго ўчынкі, якія робіць, зласловячы нас. Не задавольваючыся гэтым, і сам не прымае братоў, і забараняе тым, хто хоча прымаць, ды выганяе іх з Касцёла.

Умілаваны, не наследуй зло, але дабро. Хто чыніць дабро, той ад Бога, а хто чыніць зло, той не бачыў Бога.

Пра Дэметрыя ўсе сведчаць, нават сама праўда. І мы сведчым, а ты ведаеш, што сведчанне нашае праўдзівае.

Заканчэнне

Пра многае меў напісаць табе, але не хацеў пісаць атрамантам і пяром, бо спадзяюся хутка ўбачыць цябе і паразмаўляць з табою.

Спакой табе. Вітаюць цябе сябры. І ты прывітай сяброў пайменна.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.