Библия › Каталіцкі › Да Рымлянаў

Пасланне да Рымлянаў

УСТУП

Прывітанне

Павел, слуга Езуса Хрыста, пакліканы апостал, выбраны дзеля абвяшчэння Евангелля Бога, якое перад гэтым было абяцана праз Яго прарокаў у святых Пісаннях, пра Ягонага Сына, які целам паходзіў з роду Давіда і адкрыўся як Божы Сын у моцы, паводле Духа святасці, праз уваскрасенне з мёртвых, пра Езуса Хрыста, Пана нашага, праз якога мы атрымалі ласку і апостальства, каб у імя Ягонае зрабіць паслухмянымі веры ўсе народы, сярод якіх і вы, пакліканыя Езусам Хрыстом. Усім, хто знаходзіцца ў Рыме, умілаваным Бога, пакліканым святым: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.

Падзяка і малітва

Найперш дзякую Богу майму праз Езуса Хрыста за ўсіх вас, бо вашая вера абвяшчаецца па ўсім свеце. Маім сведкам ёсць Бог, якому служу ў маім духу праз Евангелле Ягонага Сына, што я пастаянна ўспамінаю пра вас. Кожную хвіліну ў сваіх малітвах прашу, каб мне — калі будзе на гэта Божая воля — пашчасціла калі-небудзь прыйсці да вас. Прагну пабачыць вас, каб пераказаць вам духоўны дар дзеля вашага ўмацавання, але больш, каб парадавацца разам з вамі дзеля ўзаемнага суцяшэння праз супольную веру, вашую і маю. Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што я шмат разоў збіраўся прыйсці да вас, каб які-небудзь плён сабраць і ў вас, як і сярод іншых народаў, але аж дагэтуль меў перашкоды. Я даўжнік грэкаў і чужаземцаў, мудрых і неразумных. Таму таксама вельмі прагну і вам, жыхарам Рыма, абвяшчаць Евангелле.

ЗБАЎЛЕННЕ ПРАЗ ВЕРУ
Моц Евангелля

Я не саромеюся Евангелля, бо гэта моц Божая для збаўлення кожнага, хто верыць, спярша юдэя, а потым і грэка. Бо ў ім адкрываецца Божая справядлівасць з веры для веры, як напісана: «Праведны жыць будзе вераю».

Язычнікі і Божы гнеў

Гнеў жа Божы аб’яўляецца з неба супраць усялякай бязбожнасці і несправядлівасці людзей, якія стрымліваюць праўду несправядлівасцю. Бо тое, што можна ведаць пра Бога, відавочнае сярод іх, таму што Бог адкрыў ім. Ад стварэння свету Яго нябачныя рысы — адвечная Яго моц і Боскасць — бачныя ў заўважальных чынах, таму няма ім апраўдання. Яны ж, пазнаўшы Бога, не як Бога праслаўлялі Яго і дзякавалі Яму, але сталі нікчэмнымі ў сваіх разважаннях, і зацямнілася іх неразумнае сэрца. Называючы сябе мудрымі, яны сталі неразумнымі і славу нятленнага Бога замянілі на вобраз тленнага чалавека, птушак, чатырохногіх і паўзуноў.

Таму і аддаў іх Бог праз пажадлівасць іхніх сэрцаў нячыстасці, каб яны самі зняславілі свае целы. Яны замянілі праўду Божую на фальш і пачалі пакланяцца і служыць стварэнню, а не Стварыцелю, які благаслаўлёны навекі. Амэн.

Таму выдаў іх Бог ганебным страсцям. Іх жанчыны змянілі згоднае з натурай жыццё на тое, што супраць натуры. Таксама і мужчыны, пакідаючы натуральнае сужыццё з жанчынай, запалалі пажадлівасцю адзін да аднаго. Мужчыны з мужчынамі чынячы нягоднае, самі на сябе наклікалі належную кару за вычварэнне. А паколькі не палічылі патрэбным мець пазнанне Бога, выдаў іх Бог няздольнаму розуму, каб чынілі неадпаведнае. Яны поўныя ўсялякай несправядлівасці, нягоднасці, прагнасці, злосці, напоўненыя зайздрасцю, забойствам, спрэчкай, подступам, зласлівасцю, абмовай. Яны паклёпнікі, ненавіснікі Бога, крыўдзіцелі, пыхлівыя, самахвалы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам, неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любові, бязлітасныя. Яны ведаюць наказ Бога, што той, хто так чыніць, варты смерці, аднак не толькі самі так робяць, але і згаджаюцца з тымі, хто так робіць.

Юдэі і Божы гнеў

Няма прабачэння табе, кожны чалавеча, які асуджаеш. Бо ў чым асуджаеш іншага, у тым сябе асуджаеш, таму што, асуджаючы, робіш тое самае. А мы ведаем, што суд Божы справядлівы над тымі, хто так робіць. Няўжо ты думаеш, чалавеча, які асуджаеш тых, хто так робіць, хоць і сам робіш тое самае, уцячы ад Божага суда? А можа пагарджаеш багаццем Божай дабрыні, лагоднасці і доўгацярплівасці, не разумеючы, што дабрыня Божая вядзе цябе да пакаяння? За тваю жорсткасць і няздольнае да пакаяння сэрца ты сам сабе збіраеш гнеў на дзень гневу і аб’яўлення справядлівага суда Бога, які аддасць кожнаму паводле ягоных учынкаў: тым, хто з цярплівасцю ў добрай справе шукае славы, пашаны і нятленнасці, — вечнае жыццё, а тым, хто працівіцца і не слухаецца праўды, але слухаецца несправядлівасці, — гнеў і абурэнне. Нядоля і ўціск спаткае кожнага чалавека, які чыніць зло: спачатку юдэя, а пасля і грэка. А хвала, пашана і спакой — кожнага, хто чыніць дабро: спачатку юдэя, а пасля і грэка. Таму што Бог не зважае на асобу!

Нягледзячы на Закон

Тыя, што, не маючы Закону, зграшылі, без Закону і загінуць, а тыя, што ў Законе зграшылі, праз Закон будуць асуджаны. Бо не тыя, што слухаюць Закон, справядлівыя перад Богам, але тыя, што выконваюць, будуць апраўданыя. Калі язычнікі, не маючы Закону, па прыродзе робяць законнае, то, не маючы Закону, яны самі сабе закон. Яны паказваюць, што Закон упісаны ў іх сэрцы, аб чым сведчыць іхняе сумленне ды думкі, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна адну ў дзень, калі Бог будзе судзіць тайныя ўчынкі людзей паводле майго дабравесця праз Езуса Хрыста.

Калі ты завешся юдэем і супакойваеш сябе Законам, хвалішся Богам і ведаеш Яго волю, умееш распазнаваць найважнейшае, навучаны дзякуючы Закону, калі перакананы, што ты правадыр сляпых, святло для тых, хто ў цемры, выхавацель неразумных, настаўнік малых, які мае ў Законе прыклад пазнання і праўды, то ці ж, навучаючы другога, не вучыш самога сябе? Навучаючы не красці, крадзеш? Кажучы, не чужалож, чужаложыш? Маючы агіду да ідалаў, чыніш святатацтва? Хвалішся Законам, а, парушаючы Закон, зневажаеш Бога? Як напісана: «Праз вас імя Божае зневажаецца сярод язычнікаў».

Нягледзячы на абразанне

Абразанне карысна, калі выконваеш Закон. Калі ты парушаеш Закон, то тваё абразанне сталася неабразаннем. Таму, калі неабрэзаны выконвае наказы Закону, то ці не залічыцца яму яго неабразанне за абразанне? І неабрэзаны, выконваючы Закон, ці не асудзіць цябе, бо ты нягледзячы на літару Закону і абразанне парушаеш Закон? Таму што не той юдэй, хто такі знешне, і не тое абразанне, якое знешне на целе, але хто ўнутры юдэй і абразанне мае ў сэрцы паводле духа, а не паводле літары. Такі мае пахвалу не ад людзей, але ад Бога.

Нягледзячы на Божыя абяцанні

У чым жа перавага юдэяў, ці якая карысць ад абразання?

Вялікая ва ўсіх адносінах. Перадусім у тым, што ім давераны словы Бога.

Бо калі некаторыя і сталіся нявернымі, то ці іхняе нявер’е знішчыць Божую вернасць?

Канешне, не! Бог праўдзівы, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Каб ты апраўдаўся ў словах Тваіх і перамог, калі будзеш асуджаны».

Калі ж нашая несправядлівасць адкрывае Божую справядлівасць, дык што скажам? Ці ж Бог, — кажучы па-чалавечы, — несправядлівы, калі гневаецца?

Канешне, не! Бо як жа можа Бог асудзіць свет?

Калі ж праўда Бога праз мой падман узрастае на Яго славу, за што ж яшчэ мяне судзяць, як грэшніка? І ці не рабіць нам дрэннае, каб вышла дабро, як некаторыя абгаворваюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Такіх чакае справядлівы прысуд.

Усе пад грахом

Дык што ж? Ці маем перавагу? Зусім не, бо мы ўжо сцвердзілі, што і юдэі, і грэкі — усе пад грахом, як напісана:

«Няма ніводнага справядлівага,

няма разумнага, няма таго, хто шукаў бы Бога.

Усе заблукалі, усе разам сталі нягоднымі; няма таго, хто рабіў бы дабро, няма ніводнага.

Горла іх — адчыненая магіла. Языкамі сваімі гавораць падступна. Яд змяіны на іхніх вуснах;

поўныя праклёну і злосці іх вусны.

Іх ногі хуткія да праліцця крыві,

знішчэнне і мучэнне на шляхах іхніх;

яны не пазналі дарогі спакою.

Няма Божай боязі перад іх вачыма».

Мы ж ведаем, што тое, што кажа Закон, адносіцца да тых, хто пад Законам, каб кожныя вусны былі закрытыя і каб увесь свет прызнаў віну перад Богам, бо справамі Закону не апраўдаецца перад Ім ніякае цела, таму што праз Закон пазнаецца грэх.

ЗБАЎЛЕННЕ Ў ХРЫСЦЕ

Аб’яўленне Божай справядлівасці

Цяпер незалежна ад Закону выявілася Божая справядлівасць, пра якую сведчаць Закон і Прарокі. Справядлівасць Божая ўдзяляецца праз веру ў Езуса Хрыста ўсім веруючым без розніцы. Бо ўсе зграшылі і пазбаўлены Божай славы, але атрымліваюць апраўданне дарма, паводле Ягонай ласкі, праз адкупленне ў Езусе Хрысце. Яго ўстанавіў Бог як уміласціўленне ў Ягонай крыві праз веру, каб паказаць сваю справядлівасць у адпушчэнні грахоў, учыненых раней, у час цярплівасці Божай, каб выявіць сваю справядлівасць ў цяперашні час, бо Ён справядлівы і апраўдвае таго, хто верыць у Езуса.

Роля веры

Дык дзе ж пахвальба? Адкінута. Якім законам? Учынкаў? Не, але законам веры. Бо мы лічым, што чалавек апраўдваецца праз веру незалежна ад учынкаў Закону. Ці ж Бог ёсць толькі юдэяў, а язычнікаў не? Так, і язычнікаў, таму што адзін ёсць Бог, які апраўдвае абрэзанага з веры і неабрэзанага праз веру. Дык ці Закон лічым непатрэбным з прычыны веры? Канешне, не! Наадварот, умацоўваем Закон.

Прыклад Абрагама

Што, скажам, знайшоў Абрагам, наш праайцец, паводле цела? Калі Абрагам апраўдаўся ўчынкамі, то мае чым хваліцца, але не перад Богам. Бо што кажа Пісанне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць». Плата працаўніку залічваецца не з ласкі, але з абавязку. А таму, хто не працуе, але верыць у таго, хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца як справядлівасць. Так і Давід называе шчаслівым чалавека, якому Бог залічвае справядлівасць незалежна ад учынкаў:

«Шчаслівыя, каму беззаконне дараванае і чые грахі закрытыя; шчаслівы чалавек, якому Пан не залічыць граху».

Апраўданне незалежна ад абразання

Ці гэтае шчасце датычыць абрэзаных, ці таксама неабрэзаных? Мы кажам, што «Абрагаму вера залічана як справядлівасць». Калі залічана? Пасля абразання ці да абразання? Не пасля абразання, але да абразання. І знак абразання ён атрымаў, як пячаць справядлівасці праз веру, якую меў у неабразанні, так што ён стаўся айцом усіх веруючых у неабразанні, каб таксама ім была залічана справядлівасць, і айцом абрэзаных, якія не толькі прынялі абразанне, але таксама ідуць па слядах веры айца нашага Абрагама, якую ён меў да абразання.

Апраўданне незалежна ад Закону

Абяцанне Абрагаму і ягонаму патомству, што ён будзе спадкаемцам свету, было дадзена не праз Закон, але праз справядлівасць веры. Калі спадкаемцы тыя, што з Закону, то вера не мае значэння, і непатрэбнае абяцанне. Бо Закон наклікае гнеў, а дзе няма Закону, няма і злачынства. Таму абяцанне — з веры, каб было справай ласкі, каб мела моц для ўсяго патомства. Не толькі для тых, хто абапіраецца на Закон, але і для тых, хто трымаецца веры Абрагама, які ёсць айцом усіх нас. Як напісана: «Я паставіў цябе айцом многіх народаў», — перад абліччам Бога, якому ён паверыў як таму, хто ажыўляе памерлых і кліча няіснае да існавання. Ён насуперак надзеі паверыў з надзеяй, што стане айцом многіх народаў, паводле сказанага: «Такім будзе патомства тваё». І не аслаб у веры, хоць лічыў сваё амаль стогадовае цела ўжо змярцвелым і ўлонне Сары мёртвым. Не засумняваўся ў абяцанні Божым, але ўмацаваўся ў веры, аддаючы хвалу Богу і будучы цалкам упэўненым, што Бог мае моц выканаць абяцанае. Таму гэта і залічана яму як справядлівасць.

Прыклад веры для хрысціянаў

Не толькі дзеля яго аднаго напісана, што залічана яму, але таксама дзеля нас, бо залічыцца і нам, якія вераць у таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, Пана нашага, які быў выдадзены за правіны нашыя і ўваскрос дзеля нашага апраўдання.

Апраўданне — гарантыя збаўлення

Апраўданыя паводле веры, мы маем мір з Богам праз Пана нашага Езуса Хрыста, праз якога, дзякуючы веры, мы атрымалі доступ да той ласкі, у якой трываем, і мы ганарымся надзеяй на славу Божую. І не толькі гэтым, але ганарымся таксама ўціскам, ведаючы, што ўціск нараджае цярплівасць, цярплівасць — вытрываласць, вытрываласць — надзею, а надзея не асароміць, таму што любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам.

Хрыстус, калі мы былі яшчэ слабымі, у вызначаны час памёр за бязбожных. Бо наўрад ці нехта памрэ за справядлівага. Можа, за добрага чалавека нехта і адважыцца памерці. Бог даказвае сваю любоў да нас тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі. Тым больш цяпер, апраўданыя Яго крывёю, мы будзем збаўленыя праз Яго ад гневу! Бо калі мы, будучы непрыяцелямі, паядналіся з Богам праз смерць Яго Сына, то, паяднаўшыся, мы тым больш збавімся праз Яго жыццё. І не толькі гэта, але таксама ганарымся ў Богу праз Пана нашага Езуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер паяднанне.

Адам і Езус Хрыстус

Як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет і праз грэх — смерць, так і смерць перайшла на ўсіх людзей, таму што ўсе зграшылі. Бо і перад Законам грэх быў у свеце, але грэх не залічваецца, калі няма Закону. Аднак смерць валадарыла ад Адама аж да Майсея нават над тымі, хто не зграшыў падобна граху Адама, які ёсць правобразам будучага.

Але з дарам ласкі не так, як з упадкам. Бо калі з-за ўпадку аднаго памерлі многія, то нашмат больш ласкі Божай і дару аднаго чалавека, Езуса Хрыста, сышло на многіх. І гэты дар не з прычыны аднаго, які зграшыў, бо калі прысуд быў вынесены за адзін упадак, то ласка прынесла апраўданне за многія ўпадкі. Калі з-за ўпадку аднаго смерць запанавала праз аднаго, то нашмат больш тыя, якія атрымалі шчодрую ласку і дар справядлівасці, будуць валадарыць у жыцці дзякуючы аднаму — Езусу Хрысту.

Як упадак аднаго прынёс усім людзям асуджэнне, так і справядлівасць аднаго прынесла жыцця дайнае апраўданне ўсім людзям. Бо як праз непаслухмянасць аднаго чалавека многія сталі грэшнікамі, так і праз паслухмянасць аднаго многія стануць справядлівымі.

Закон жа ўвайшоў, каб памножыўся грэх. А дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка; каб, як грэх запанаваў з прычыны смерці, так і ласка запанавала праз справядлівасць дзеля жыцця вечнага праз Езуса Хрыста, Пана нашага.

Ахрышчаныя жывуць у Хрысце

Што ж скажам? Ці маем заставацца ў граху, каб памножылася ласка?

Канешне, не! Мы, якія памерлі для граху, як жа будзем жыць у ім? Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? Дык вось, праз хрост мы пахаваныя разам з Ім у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці. Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення, ведаючы, што былы наш чалавек укрыжаваны з Ім для таго, каб было знішчана грэшнае цела, каб нам не быць ужо нявольнікамі граху; бо той, хто памёр, вызваліўся ад граху. Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, які ўваскрос, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады. Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве для Бога. Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе.

Няхай грэх не пануе ў вашым смяротным целе, каб вам не служыць яму ў яго пажадлівасці, і не аддавайце члены вашыя граху, як зброю несправядлівасці, але аддайце сябе Богу як тыя, хто ажыў з мёртвых; і члены вашыя аддайце Богу, як зброю справядлівасці. Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад Законам, але пад ласкаю.

Служэнне справядлівасці

Дык што ж? Будзем грашыць, бо мы не пад Законам, а пад ласкаю? Канешне, не! Няўжо вы не ведаеце, што каму вы аддаецеся ў няволю дзеля паслухмянасці і каго слухаеце, таго вы і нявольнікі: або граху дзеля смерці, або паслухмянасці дзеля справядлівасці? Дзякуй Богу, што вы, будучы раней нявольнікамі граху, ад сэрца паслухаліся таго вучэння, якое было вам перададзена. А вызваліўшыся ад граху, вы сталі слугамі справядлівасці.

Кажу як чалавек з прычыны слабасці вашага цела. Як аддавалі вы члены вашыя на служэнне нячыстасці і беззаконню для беззаконня, так цяпер аддайце члены вашыя на служэнне справядлівасці для святасці. Калі вы былі нявольнікамі граху, вы былі свабоднымі ад справядлівасці. Якія ж плады мелі вы тады, што цяпер саромеецеся іх? Канцом жа іхнім ёсць смерць! Але цяпер, вызваліўшыся ад граху і стаўшы слугамі Бога, маеце плод ваш для святасці, а ў канцы — жыццё вечнае! Бо расплата за грэх — смерць, а дар Бога — жыццё вечнае ў Хрысце Езусе, Пану нашым.

Хрысціянаў не абавязвае Закон Майсея

Ці ж не ведаеце, браты, — бо кажу тым, хто ведае Закон, — што Закон мае ўладу над чалавекам, пакуль той жыве? Замужняя жанчына звязана Законам з жывым мужам. Калі муж памрэ, яна вольная ад мужа паводле Закону. Таму, калі жыве муж, а яна будзе жонкай другога, то будзе названа чужаложніцай. Калі ж памрэ муж, яна вольная ад гэтага Закону і не будзе чужаложніцай, выйшаўшы замуж за другога мужчыну. Гэтак і вы, браты мае, памерлі для Закону праз цела Хрыста, каб належаць другому, які ўстаў з мёртвых, каб прыносіць плод Богу. Бо, калі мы былі ў целе, тады грахоўныя страсці праз Закон дзейнічалі ў нашых членах, каб даваць плод смерці. Цяпер жа, памерлыя для Закону, якім былі звязаны, мы вызваліліся ад яго, каб служыць у новым духу, а не паводле старой літары.

Грэх і Закон

Што ж скажам? Закон — грэх? Канешне, не! Але я не пазнаў бы граху, калі б не Закон, бо я не ведаў бы і пажадлівасці, калі б Закон не гаварыў: «Не пажадай». Але грэх, пазнаны праз запаведзь, выклікаў ува мне ўсякую пажадлівасць, бо без Закону грэх мёртвы. Я жыў калісьці без Закону, але, калі прыйшла запаведзь, дык грэх ажыў, а я памёр. І я ўбачыў, што запаведзь, дадзеная для жыцця, прывяла мяне да смерці. Грэх, выкарыстоўваючы магчымасць праз запаведзь, звёў мяне і забіў ёю. Таму закон святы, і запаведзь святая, і справядлівая, і добрая. Дык няўжо добрае стала для мяне смерцю? Канешне, не! Але грэх, каб стацца грахом, карыстаючыся добрым, прынёс мне смерць, каб грэх праз запаведзь выявіў сваю згубную моц.

Унутраная барацьба

Ведаем, што Закон — духоўны, а я — цялесны, падлеглы граху. Я не разумею, што раблю, бо не тое раблю, што хачу, але тое раблю, што ненавіджу. Калі ж я раблю тое, чаго не хачу, то прызнаю, што Закон добры. Цяпер ужо не я раблю тое, але грэх, які жыве ўва мне. Ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць, у маім целе, добрае. Бо жаданне ёсць ува мне, але зрабіць добрае не знаходжу як! Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю. Калі ж раблю не тое, што хачу, ужо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне. Тады я заўважаю, што, калі хачу рабіць дабро, ляжыць перада мною зло. Паводле духоўнага чалавека, знаходжу задавальненне ў Законе Божым, але ў маіх членах бачу іншы закон, што змагаецца з законам майго розуму і робіць мяне нявольнікам закону граху, які ў маіх членах.

Няшчасны я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага цела смерці? Дзякую Богу праз Езуса Хрыста, нашага Пана! Значыць я сам розумам служу Закону Божаму, а целам — закону граху.

Жыццё ў Духу

Няма цяпер ніякага асуджэння тым, хто ў Хрысце Езусе, бо закон Духа жыцця ў Езусе Хрысце вызваліў цябе ад закону граху і смерці. Закон быў бяссільны, бо быў аслаблены целам. Таму Бог, паслаўшы свайго Сына ў постаці грэшнага цела, з-за граху асудзіў грэх у целе, каб апраўданне Закону споўнілася ў нас, якія жывуць не паводле цела, але паступаюць паводле Духа.

Бо тыя, хто жыве паводле цела, думаюць аб цялесным. А тыя, хто паводле Духа, — аб духоўным. Памкненні ж цела — смерць, а памкненні Духа — жыццё і спакой. Памкненні цела — непрыяцелі Бога, бо не пакараюцца Божаму закону, ды і не могуць. Тыя ж, хто жыве паводле цела, не могуць падабацца Богу.

Вы ж не ў целе, але ў Духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто не мае Хрыстовага Духа, той не належыць Яму. Калі ж у вас Хрыстус, то хоць цела мёртвае з-за граху, аднак Дух дае жыццё дзякуючы апраўданню. Калі ж Дух таго, хто ўваскрасіў Езуса, жыве ў вас, то той, хто ўваскрасіў Хрыста, ажывіць і вашыя смяротныя целы Духам сваім, які ёсць у вас.

Сыны Божыя праз Духа

Таму, браты, мы не даўжнікі цела, каб жыць паводле цела. Бо калі жывяце паводле цела, то памрэце; а калі забіваеце Духам цялесныя ўчынкі, будзеце жыць. Таму што ўсе, каго вядзе Дух Божы, — гэта Сыны Божыя. Вы ж не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: «Абба, Ойча!» Гэты самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя. А калі дзеці, то і спадкаемцы. Спадкаемцы Божыя, спадкаемцы разам з Хрыстом, калі толькі мы церпім разам з Ім, каб разам з Ім і ўславіцца. Думаю, што цярпенні цяперашняга часу нягодныя той славы, якая павінна выявіцца ў нас.

Прызначаныя для хвалы

Стварэнне ж з надзеяй чакае адкрыцця сыноў Божых, бо стварэнне падпарадкавалася марнасці не добраахвотна, але праз таго, хто падпарадкаваў яго, у надзеі, што і само стварэнне вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых. Мы ж ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і нараджае ў пакутах ажно да цяперашняга часу. І не толькі яно, але і мы самі, якія маем пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, адкуплення цела нашага. Мы збаўленыя праз надзею. А надзея, калі яна бачная, не ёсць надзеяй. Бо, калі хто бачыць, навошта яму яшчэ спадзявацца? Але калі спадзяёмся на тое, чаго не бачым, тады чакаем цярпліва.

Таксама і Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі. Той жа, хто даследуе сэрцы, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за святых па волі Божай.

План збаўлення

Мы ведаем таксама, што ўсё служыць на карысць тым, хто любіць Бога і хто пакліканы па Яго пастанове. Бо, каго Ён наперад пазнаў, таго і прызначыў быць падобным да вобраза свайго Сына, каб Ён быў першародным між многімі братамі. Каго ж прызначыў, таго і паклікаў, а каго паклікаў, таго і апраўдаў; а каго апраўдаў, таго і ўславіў.

Гімн Божай любові

Што ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас? Той, які не пашкадаваў свайго Сына, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа не дасць нам разам з Ім таксама ўсяго? Хто будзе абвінавачваць выбраных Богам? Ці ж Бог, які апраўдвае? Хто будзе асуджаць іх? Ці ж Хрыстус, які памёр, а нават больш за тое, уваскрос, знаходзіцца праваруч Бога і заступаецца за нас?

Хто адлучыць нас ад любові Хрыста? Няшчасце ці прыгнёт, пераслед ці голад, галеча ці небяспека, ці меч? Як напісана:

«За цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі, прызначанымі на зарэз».

Але над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз таго, хто палюбіў нас. Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым.

Прывілеі Ізраэля

Я кажу праўду ў Хрысце, не хлушу, і пацвярджае маё сумленне ў Духу Святым, што смутак мой вялікі і няспынна пакутуе маё сэрца. Бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста замест маіх братоў, родных мне паводле цела, ізраэльцянаў, якім належыць усынаўленне, і хвала, і запаветы, і ўстанаўленне законаў, і Божае служэнне, і абяцанні. Да іх належаць айцы, і з іх паводле цела — Хрыстус, Бог над усімі, благаслаўлёны навекі. Амэн.

Ізраэль паводле цела і паводле духа

Гэта не азначае, што слова Божае не збылося. Бо не ўсе тыя, што ад Ізраэля, — Ізраэль, і не ўсе, што паходзяць ад Абрагама, яго дзеці, але ад Ісаака будзе тваё патомства. Гэта значыць, што не цялесныя дзеці з’яўляюцца дзецьмі Божымі, але дзеці абяцання лічацца патомствам. А слова абяцання такое: «У той жа час прыйду, і ў Сары будзе сын». І не толькі яна, але і Рэбэка зачала ад Ісаака, айца нашага. Калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага ці дрэннага (каб пастанова Божая заставалася ў выбранні, не з учынкаў, але ад таго, хто кліча), сказана было ёй: «Старэйшы будзе ў няволі ў малодшага», як і напісана: «Якуба я палюбіў, а Эзава ўзненавідзеў».

Свабода і міласэрнасць Бога

Што ж скажам? Няўжо няпраўда ў Бога? Канешне, не! Бо Ён кажа Майсею: «Памілую таго, каго памілую, і злітуюся над тым, над кім літуюся».

Таму не ад таго, хто жадае, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога, які мае міласэрнасць. Бо Пісанне кажа фараону: «Дзеля таго Я і ўстанавіў цябе, каб паказаць на табе Маю сілу, і каб Маё імя было абвешчана па ўсёй зямлі». Таму літуецца над кім хоча, і каго хоча, робіць жорсткім.

Ты скажаш мне: «За што ж яшчэ вінаваціць? Хто стане супраць Яго волі?» Чалавеча, сапраўды, хто ты, што спрачаешся з Богам? Ці скажа зробленае таму, хто зрабіў: «Чаму ты мяне гэтак зрабіў?» Ці не мае ўлады ганчар над глінаю, каб з таго ж месіва зрабіць адно начынне для пачэснага ўжытку, а другое — для непачэснага? Калі Бог, хочучы паказаць гнеў і выявіць сваю магутнасць, з вялікай доўгацярплівасцю бярог начынні гневу, што падаваліся на загубу, каб даць пазнаць багацце сваёй славы над начыннямі міласэрнасці, якія Ён раней падрыхтаваў для славы, таксама перад намі, якіх паклікаў не толькі з юдэяў, але і з язычнікаў? Як і праз Осію кажа:

«Не Мой народ назаву Маім народам, і нялюбую — умілаванай.

І станецца, што на месцы, дзе было сказана ім: “Вы не Мой народ”, сынамі Бога Жывога яны будуць названыя».

А Ісая ўсклікае да Ізраэля: «Хоць бы лічба сыноў Ізраэля была як марскі пясок, толькі рэшта будзе збаўлена. Бо канчаткова і хутка здзейсніць Пан сваё слова на зямлі».

І, як прарочыў Ісая:

«Калі б Пан Магуццяў не пакінуў нам патомства, то мы былі б, як Садома, і падобнымі сталіся б да Гаморы».

Ізраэль і Евангелле

Што ж скажам? Што язычнікі, якія не шукалі справядлівасці, атрымалі справядлівасць дзякуючы веры. А Ізраэль, шукаючы Закону справядлівасці, не дасягнуў яго. Чаму? Бо шукалі не з веры, а з учынкаў. І спатыкнуліся аб камень спатыкнення, як напісана:

«Вось кладу на Сіёне камень спатыкнення і камень спакусы; але кожны, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».

Браты, у сваім сэрцы я жадаю для іх збаўлення і аб гэтым малюся да Бога. Бо сведчу пра іх, што яны маюць Божую руплівасць, але не паводле пазнання. Не разумеючы Божай справядлівасці і шукаючы ўласнай справядлівасці, яны не падпарадкаваліся справядлівасці Божай. Вяршыняй жа Закону ёсць Хрыстус дзеля апраўдання кожнага, хто верыць.

Паўсюднасць збаўлення

Майсей піша аб справядлівасці, якая з Закону, што чалавек, выканаўшы яго, будзе праз яго жыць. А справядлівасць з веры так кажа: «Не кажы ў сэрцы сваім: хто ўзыдзе на неба?», каб Хрыста прывесці, або: «Хто сыдзе ў адхлань?», каб Хрыста ўзняць з мёртвых. Але што кажа? «Блізка да цябе слова, на вуснах тваіх і ў сэрцы тваім». Гэта значыць, слова веры, якое прапаведуем. Таму, калі ты вуснамі сваімі будзеш вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго, будзеш збаўлены. Бо сэрцам вераць для апраўдання, а вуснамі вызнаюць для збаўлення. Пісанне ж кажа:

«Кожны, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».

І няма розніцы паміж юдэем і грэкам, бо той самы Пан ва ўсіх, шчодры для ўсіх, хто Яго кліча. І кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены.

Як жа будуць заклікаць таго, у каго не паверылі? Як будуць верыць у таго, каго не пачулі? Як будуць слухаць, калі няма каму абвяшчаць? І як будуць абвяшчаць, калі не будуць пасланыя? Як напісана:

«Якія прыгожыя ногі тых, хто абвяшчае дабро».

Але не ўсе падпарадкаваліся Евангеллю. Бо Ісая кажа:

«Пане, хто паверыў пачутаму ад нас?»

Таму вера — ад пачутага, а пачутае — праз слова Хрыста.

Але я кажу: хіба не пачулі яны? Наадварот.
Па ўсёй зямлі разышоўся іхні голас, і словы іхнія — да краёў свету.

Але кажу: ці ж Ізраэль не пазнаў? Ужо Майсей кажа:

«Я абуджу ў вас руплівасць праз таго, хто не ёсць народам, разгневаю вас праз народ неразумны».

А Ісая адважыўся ды кажа: «Мяне знайшлі тыя, хто не шукаў, аб’явіўся Я тым, хто не пытаўся пра Мяне».

Ізраэлю кажа: «Увесь дзень Я працягваў рукі Мае да народу непаслухмянага і ўпартага».

Рэшта Ізраэля

Таму пытаюся: няўжо Бог адкінуў свой народ? Канешне, не! Бо і я ізраэльцянін, з патомства Абрагама, з роду Бэньяміна. Не адкінуў Бог народ свой, які пазнаў раней. Ці ж не ведаеце, што пра Іллю кажа Пісанне? Як ён абвінавачваў перад Богам Ізраэль: «Пане, прарокаў Тваіх пазабівалі, ахвярнікі Твае зруйнавалі. Застаўся я адзін, а яны палююць на маё жыццё».

Але што адказвае яму Бог?

«Я пакінуў сабе сем тысяч чалавек, што не схілілі калені перад Баалам».

Вось так і цяпер, паводле выбару ласкі, захавалася рэшта. А калі праз ласку, то не праз учынкі, інакш ласка не была б ужо ласкай.

І што? Чаго Ізраэль шукаў, таго не дасягнуў. Выбраныя дасягнулі, астатнія заўпарціліся, як напісана:

«Даў ім Бог духа здранцвення: вочы, якімі не бачаць, і вушы, якімі не чуюць, ажно па сённяшні дзень».

І Давід кажа:

«Няхай будзе іх стол пасткаю і сілом, спакусай і адплатаю ім.

Няхай зацьмяцца вочы іх, каб не бачыць,
і хрыбет іх няхай будзе сагнуты назаўсёды!»

Збаўленне язычнікаў і аднова Ізраэля

Таму кажу: няўжо яны спатыкнуліся, каб упасці? Канешне, не! Але ад іх падзення прыйшло збаўленне язычнікам, каб абудзіць у іх руплівасць. Калі ж падзенне іхняе — гэта багацце для свету, а іхняе прыніжэнне — багацце для язычнікаў, то наколькі ж большая іх паўната!

Я кажу вам, язычнікам: як Апостал язычнікаў я праслаўляю сваё служэнне, каб абудзіць руплівасць сярод сваіх суайчыннікаў і каб прывесці да збаўлення некаторых з іх. Бо калі адкідванне іх — гэта прымірэнне для свету, то што ж тады іх прыняцце, калі не паўстанне з мёртвых да жыцця? Калі рошчына святая, то і цеста; і калі корань святы, то і галлё. Калі ж некаторыя з галін адламаліся, а ты, будучы дзікай аліўкай, прышчапіўся замест іх і жывішся ад аліўкавага кораня, то не выхваляйся перад галінамі. Калі выхваляешся, то памятай, што не ты трымаеш корань, але корань цябе.

Можа скажаш: «Галіны адламаліся, каб я быў прышчэплены». Добра. Яны адламаліся з прычыны бязвер’я, а ты трымаешся дзякуючы веры. Не ўзвышайся, але бойся. Калі Бог прыродных галін не пашкадаваў, то і цябе не пашкадуе.

Убач дабрыню і суровасць Божую: суровасць да адпаўшых, а дабрыню Божую да цябе, калі будзеш трываць у гэтай дабрыні. Інакш і ты будзеш адрэзаны. Яны ж, калі не застануцца ў бязвер’і, будуць прышчэпленыя, бо мае Бог моц ізноў прышчапіць іх! Калі ты адрэзаны ад натуральнай для цябе дзікай аліўкі і насуперак прыродзе прышчэплены да добрай аліўкі, тым больш тыя, прыродныя, будуць прышчэпленыя да сваёй аліўкі. Не хачу пакінуць вас, браты, у няведанні гэтай таямніцы, каб вы не лічылі сябе мудрымі, таму што ўпартасць ахапіла Ізраэль часткова, пакуль не ўвойдзе паўната язычнікаў. І так увесь Ізраэль збавіцца, як напісана:

«Прыйдзе з Сіёна Вызваліцель і адверне бязбожнасць ад Якуба.

Гэта запавет Мой з імі, калі забяру грахі іхнія».

Паводле Евангелля — яны ворагі праз вас; а паводле выбрання — умілаваныя з прычыны айцоў. Бо дары і пакліканне Божае нязменныя! Як і вы некалі былі непаслухмяныя Богу, а цяпер памілаваны праз іхнюю непаслухмянасць, гэтак і яны цяпер непаслухмяныя, каб праз змілаванне над вамі і яны былі памілаваныя. Бог замкнуў усіх у непаслухмянасць, каб усіх памілаваць!

Гімн Божай мудрасці

О глыбіня багацця і мудрасці, і пазнання Бога! Якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Ягоныя!

Бо хто спазнаў розум Пана? Або хто быў дарадцам Ягоным? Або хто даў Яму раней, каб атрымаць адплату?

Бо з Яго і праз Яго, і для Яго ўсё. Яму хвала навекі. Амэн.

НАСТАЎЛЕННІ

Пакланенне ў духу

Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу як выраз вашага разумнага служэння. І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае.

Пакора і харызмы

Дзякуючы дадзенай мне ласцы, я кажу кожнаму, хто ёсць сярод вас, каб не думалі пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвалі сябе цвяроза, паводле веры, удзеленай кожнаму Богам. Бо як у адным целе маем шмат членаў, і не ўсе яны выконваюць тыя самыя функцыі, так і мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены. Паводле дадзенай ласкі мы маем розныя дары. Калі дар прароцтва, павінны прарочыць згодна з вераю. Калі служэнне — служыць; калі настаўніцтва — навучаць; калі заахвочванне — заахвочваць; калі размеркаванне — раздаваць у прастаце; калі кіраванне — кіраваць старанна; калі міласэрнасць, то павінны чыніць гэта з радасцю.

Абавязак любові

Любоў няхай будзе некрывадушнай. Майце агіду да зла, гарніцеся да дабра; любіце адзін аднаго братняю любоўю, апярэджвайце адзін аднаго ў ветлівасці, у руплівасці будзьце нястомныя, духам палымнейце, служыце Пану. Цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве — трывалыя; падтрымлівайце святых; дбайце пра гасціннасць. Благаслаўляйце тых, хто пераследуе вас, благаслаўляйце, а не праклінайце! Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача. Будзьце аднамысныя паміж сабою; не мудруйце празмерна, але наследуйце пакорных. Не лічыце сябе мудрымі.

Нікому не адплачвайце злом за зло, але дбайце аб добрым перад усімі людзьмі. Са свайго боку, калі магчыма, жывіце ў спакоі з усімі людзьмі. Не помсціце за сябе, умілаваныя, але дайце месца Божаму гневу, бо напісана: «Мне помста, Я аддам», — кажа Пан. Але, калі вораг твой галодны, накармі Яго; калі прагне, напаі яго, бо так робячы, збярэш яму на галаву гарачае вуголле. Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.

Паслухмянасць свецкай уладзе

Кожны чалавек няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам. Бо няма ўлады, якая не была б ад Бога. Існуючая ўлада ўстаноўлена Богам. Таму той, хто супраціўляецца ўладзе, супраціўляецца Божай пастанове, а тыя, хто супраціўляецца, самі на сябе наклічуць прысуд. Бо кіраўнікі страшныя не для добрых спраў, але для дрэнных. Хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і атрымаеш пахвалу ад яе, бо яна на служэнні ў Бога дзеля твайго дабра. Калі ж робіш зло, бойся, бо не надарма яна носіць меч. Гэта слуга Бога, і спасылае гнеў на таго, хто робіць зло. Таму трэба падпарадкоўвацца не толькі з увагі на гнеў, але і з прычыны сумлення. Дзеля гэтага вы і падаткі плаціце, бо тыя, хто няспынна выконвае гэтыя абавязкі, на служэнні ў Бога. Аддавайце кожнаму тое, што яму належыць: каму падатак — падатак; каму мыта — мыта; каму боязь — боязь; каму пашану — пашану.

Любоў ёсць выкананнем Закону

Нікому нічога не будзьце павінныя, апроч узаемнай любові, бо той, хто любіць бліжняга, выканаў Закон. Таму што запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не пажадай ды ўсе іншыя змяшчаюцца ў гэтай адной: любі бліжняга твайго, як самога сябе. Любоў не чыніць бліжняму зла; любоў ёсць выкананнем Закону.

Хрысціянін — дзіця святла

Вы ведаеце, што настала ўжо пара, каб вы абудзіліся са сну, бо цяпер збаўленне бліжэй да нас, чым тады, калі мы паверылі. Ноч мінула, і наблізіўся дзень. Таму адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла. Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці, але апраніцеся ў Пана Езуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажадлівасці.

Злітаванне над слабымі ў веры

Слабога ў веры прымайце не дзеля спрэчак аб поглядах. Бо хтосьці верыць, што можна есці ўсё, а слабы есць гародніну. Хто есць, няхай не дакарае таго, хто не есць. І хто не есць, няхай не асуджае таго, хто есць, бо яго прыняў Бог. Хто ты, што судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром ён стаіць або падае. І будзе стаяць, бо мае Бог моц паставіць яго.

Хтосьці адрознівае дзень ад дня, а для кагосьці кожны дзень аднолькавы. Няхай кожны застанецца пры сваім меркаванні. Хто адрознівае дні, робіць гэта для Пана. І хто есць, для Пана есць, бо дзякуе Богу. І хто не есць, для Пана не есць ды дзякуе Богу. Ніхто з нас не жыве для сябе, і ніхто не памірае для сябе. Бо калі жывём, то жывём для Пана, калі ж паміраем — для Пана паміраем. Таму ці жывём, ці паміраем, мы належым Пану. Бо дзеля гэтага Хрыстус і памёр, і ажыў, каб панаваць і над памерлымі, і над жывымі.

А ты чаму асуджаеш свайго брата? І чаму пагарджаеш сваім братам? Усе мы станем перад судовым пасадам Бога. Бо напісана:

«Паколькі Я жыву, — кажа Пан, — перада Мною схіліцца кожнае калена, і кожны язык будзе вызнаваць Бога».

Так кожны з нас адкажа за сябе перад Богам. Не будзем жа больш судзіць адзін аднаго, але глядзіце лепш, каб не даваць брату прычыны для спатыкнення ці спакусы.

Не будзь згаршэннем для брата

Я ведаю і перакананы ў Пану Езусе, што нішто само па сабе не з’яўляецца нячыстым, але становіцца нячыстым для таго, хто лічыць што-небудзь нячыстым. Калі ж твой брат сумуе праз страву, то ты ўжо жывеш не паводле любові. Не губі сваёй страваю таго, за каго памёр Хрыстус! Таму няхай не зневажаецца вашае дабро! Бо Валадарства Божае — гэта не ежа і піццё, але справядлівасць, спакой і радасць у Духу Святым. Хто ў гэтым служыць Хрысту, той падабаецца Богу і ў пашане ў людзей. Таму будзем шукаць таго, што служыць спакою і ўзаемнаму збудаванню. Дзеля ежы не знішчай справы Божай! Усё чыстае, але становіцца кепскім, калі чалавек, які есць, прычыняецца да чыйгосьці спатыкнення. Добра не есці мяса, не піць віна і не рабіць таго, што прычыняецца да спатыкнення твайго брата.

Веру, якую маеш, май для сябе перад Богам. Шчаслівы, хто не асуджае сябе ў тым, што прымае. Хто ж, спажываючы, сумняваецца, асуджае сябе, бо паступае нязгодна з верай, а ўсё, што не паводле веры, — грэх.

Абавязак моцных у веры

Мы, моцныя, павінны насіць немачы слабых, а не дагаджаць самім сабе. Кожны з нас няхай дагаджае бліжняму дзеля дабра і збудавання. Бо і Хрыстус не дагаджаў сабе, але, як напісана: «Знявагі тых, хто зневажае цябе, упалі на мяне». А што напісана было раней, напісана дзеля нашага навучання, каб мы праз цярплівасць і суцяшэнне з Пісання мелі надзею. А Бог цярплівасці і суцяшэння няхай учыніць вас аднадумцамі паміж сабою паводле Езуса Хрыста, каб вы аднадушна, аднымі вуснамі праслаўлялі Бога і Айца Пана нашага Езуса Хрыста.

Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас дзеля хвалы Божай. Бо кажу, што Хрыстус стаўся слугою абразання дзеля праўды Божай, каб пацвердзіць абяцанні, дадзеныя айцам, каб язычнікі маглі праслаўляць Бога за міласэрнасць, як напісана:

«За гэта буду славіць Цябе сярод язычнікаў і спяваць імені Твайму».

І яшчэ кажа:

«Узвесяліцеся, язычнікі, з народам Яго».

А таксама:

«Хваліце Пана, усе язычнікі, і слаўце Яго, усе народы».

Ісая таксама кажа:

«З’явіцца корань Есэя і ўстане, каб валадарыць над народамі; на Яго будуць спадзявацца язычнікі».

Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй.

ЗАКАНЧЭННЕ

Місія Паўла

Я сам упэўнены ў вас, браты мае, што і вы поўныя дабрыні, напоўненыя ўсялякім пазнаннем і можаце настаўляць адзін аднаго. Я ж напісаў вам крыху смялей, нібы нагадваючы вам пра дадзеную мне ад Бога ласку, дзякуючы якой я магу быць слугою Езуса Хрыста для язычнікаў і выконваць святарскае служэнне для Божага Евангелля, каб гэтае прынашэнне язычнікаў, асвячанае Духам Святым, было годна прынятае. Таму я магу ганарыцца ў Езусе Хрысце перад Богам. Бо не адважуся сказаць нешта, чаго Хрыстус праз мяне не ўчыніў дзеля паслухмянасці язычнікаў, словам і ўчынкам, сілаю знакаў і цудаў, сілаю Духа Божага. Так што Евангелле Хрыста пашырана мною ад Ерузалема і навокал аж да Ілірыі. Таму я стараўся абвяшчаць Евангелле там, дзе яшчэ не было вядома імя Хрыста, каб не будаваць на чужым падмурку, але як напісана:

«Каму не абвяшчалася пра Яго, убачаць; і тыя, хто не чуў, зразумеюць».

Намер Паўла наведаць Рым

Таму многае мне перашкаджала прыйсці да вас. Цяпер жа нішто ўжо не затрымлівае мяне ў гэтых ваколіцах. Я, даўно жадаючы прыйсці да вас, як толькі накіруюся ў Іспанію, спадзяюся, праходзячы, пабачыцца з вамі, і вы праведзяце мяне туды, як толькі крыху нарадуюся вамі.

Цяпер жа я збіраюся ў Ерузалем служыць святым, бо Македонія і Ахая пастанавілі выказаць лучнасць са святымі ў Ерузалеме, якія церпяць нястачу. Так пастанавілі, бо вінаватыя ім. Калі ж язычнікі сталі саўдзельнікамі ў іх духоўных дабротах, то павінны паслужыць ім таксама і ў матэрыяльных. Выканаўшы гэтае і даставіўшы ім пад пячаццю гэты плод, пайду праз вас у Іспанію. Ведаю, што, калі прыйду да вас, то прыйду ў поўні благаслаўлення Хрыстовага. Малю вас, браты, праз Пана нашага Езуса Хрыста і праз любоў Духа, дапамагаць мне малітвамі за мяне да Бога, каб уратавацца мне ад няверных у Юдэі, і каб служэнне маё ў Ерузалеме было добра прынята святымі, каб мне паводле Божай волі ў радасці прыйсці да вас і адпачыць з вамі. А Бог спакою няхай будзе з усімі вамі. Амэн.

Прывітанні

Даручаю вам Фебу, сястру нашу, якая служыць Касцёлу ў Кенхрах. Прыміце яе ў Пану, як належыць святым, і забяспечце яе тым, чаго яна магла б патрабаваць ад вас, бо і яна была апякункай многіх ды і мяне самога.

Прывітайце Прысцылу і Аквілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысце Езусе, якія рызыкавалі сабой дзеля мяне, якім не толькі я дзякую, але і ўсе Касцёлы язычнікаў. Прывітайце таксама Касцёл, які збіраецца ў іх доме. Прывітайце ўмілаванага майго Эпэнэта, які першым адкрыў Азію для Хрыста. Прывітайце Марыю, якая шмат працавала для вас. Прывітайце Андроніка і Юнія, родных маіх і сувязняў маіх, якія вылучаюцца між Апосталаў і былі ў Хрысце раней за мяне. Прывітайце Ампліята, умілаванага майго ў Пану. Прывітайце Урбана, супрацоўніка нашага ў Хрысце, і Стахія, умілаванага майго. Прывітайце Апэлеса, выпрабаванага ў Хрысце. Прывітайце тых, хто з дому Арыстобуля. Прывітайце Ірадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, хто з дому Нарцыза, якія належаць Пану. Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць у Пану. Прывітайце ўмілаваную Персіду, якая шмат папрацавала ў Пану. Прывітайце Руфа, выбранага ў Пану, ды маці яго і маю. Прывітайце Асінкрыта, Флегонта, Гермеса, Патроба, Гермаса ды іншых з імі братоў. Прывітайце Філялёга і Юлію, Нэрэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх з імі святых. Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе Касцёлы Хрыста.

Перасцярога перад фальшывымі настаўнікамі

Прашу вас, браты, сцеражыцеся тых, хто сее падзелы і спакусы насуперак вучэнню, якому вы навучаныя. Ухіляйцеся ад іх. Бо такія служаць не Пану нашаму Хрысту, а свайму чэраву, і мілай гаворкай ды красамоўствам зводзяць сэрцы прастадушных.

Вашая паслухмянасць вядома ўсім, таму радуюся за вас. Хачу, каб вы былі мудрыя ў добрым і незаплямленыя злом. А Бог спакою неўзабаве скрышыць сатану пад вашымі нагамі.
Ласка Пана нашага Езуса Хрыста няхай будзе з вамі.

Апошнія прывітанні Паўлавых паплечнікаў

Вітае вас Цімафей, супрацоўнік мой, ды Луцый, Язон і Сасіпатар, сваякі мае. Вітаю вас у Пану і я, Тэрцый, які напісаў гэтае пасланне. Вітае вас Гай, які прымае мяне, і ўвесь Касцёл. Вітае вас Эраст, гарадскі скарбнік, і брат Кварт. [отсутсвует]

Гімн хвалы або даксалогія

Таму, хто можа ўмацаваць вас паводле майго дабравесця і прапаведавання Езуса Хрыста, паводле аб’яўлення таямніцы, якую замоўчвалі вякамі, але якая выявілася цяпер праз прароцкія пісанні паводле наказу адвечнага Бога, якая абвешчана ўсім народам дзеля паслухмянасці веры, адзінаму мудраму Богу, праз Езуса Хрыста, хвала навекі. Амэн.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.