Библия › Пятроўскi › Руты

Кніга Руты

У тым часе, калі кіравалі судзьдзі, здарыўся голад на зямлі. І пайшоў адзін чалавек зь Віфлеему Юдэйскага са сваею жонкаю і двумя сынамі сваімі жыць у краіну Моабіцкую. Імя чалавека таго Элімэлех, імя жонкі ягонае Наэма, а імя двух выноў ягоных Махлён і Хілеон; яны былі Эфрацянамі зь Віфлеему Юдэйскага. І прыйшлі яны ў краіну Моабіцкую і засталіся тамака. І памёр Элімэлех, муж Наэмы, і засталася яна, з двума сынамі сваімі. Яны пабралі сабе жанок з Моабіцянак, — імя аднае Орфа, а імя другой — Рут, і жылі тамака каля дзесяці гадоў. Але пасьля абодва сыны яе, Махлён і Хілеон, памерлі, і засталася тая жанчына пасьля абодвых сыноў сваіх і пасьля мужа свайго. І сабралася яна са сваімі нявесткамі і пайшла назад з краіны Моабіцкае, бо пачула ў краіне Моабіцкай, што Бог наведаў народ Свой і даў яму хлеб. І выйшла яна з таго месца, дзе жыла, і абедзьве нявесткі яе зь ёю. Калі яны ішлі па дарозе, вяртаючыся у Юдэйскую зямлю, Наэма сказала дзьвум нявесткам сваім: пайдзеце, вярнецеся кажная ў хату маці свае; няхай Госпад учыніць з вамі міласэрдзьдзе, як вы абыходзіліся з памершымі і са мною! Няхай дасьць вам Госпад, каб вы знайшлі схоў кажная ў хаце мужа свайго! І пацалавала іх. Але яны ўзьнялі лямант і плакалі, І сказалі: не, мы з табою вернемся да народу твайго. А Наэма сказала: вярнецеся, дочкі мае; нашто вам ісьці са мною? Ці-ж ёсьць яшчэ ў чэраве маём сыны, якія былі-б вам мужамі? Вярнецеся, дочкі мае, пайдзеце, бо я ўжо старая, каб выйсьці замуж; але, каб я і сказала: Ёсьць яшчэ мне спадзея, і нават, калі-б я гэтую ноч была з мужам і нават радзіла сыноў, — Дык ці-ж можна вам чакаць, пакуль вырасьлі-б яны? Ці-ж можна вам дзелягэтага чакаць і ня выходзіць замуж? Не, дочкі мае! Бо літасьць мая большая, чымся вашая, бо рука Госпадава супроць мяне. Яны ўзьнялі лямант, і зноў пачалі плакаць. І Орфа пацалавала на разьвітаньне сваю сьвякроў, а Рут засталася зь ёю. /Наэма/ сказала /да Руты/: вось швагерка твая вярнулася да народу свайго і да багоў сваіх; вяртайся-ж і ты сьледам за ёю. Але Рут сказала: ня змушай мяне пакінуць цябе і вярнуцца ад цябе. Але куды ты пойдзеш, туды і я пайду, і дзе ты жыць будзеш, тамака і я буду жыць. Народ твой будзе маім народам, і твой Бог — маім Богам; І дзе ты памрэш, тамака і я памру і пахавана буду; гэтак няхай мне учыніць Госпад і гэта няхай дасьць мне, але толькі сьмерць адна разлучыць мяне з табою. /Наэма/ бачучы, што яна цьвёрда пастанавіла ісьці зь ёю, перастала намаўляць яе. І ішлі абедзьве, аж пакуль ня прыйшлі ў Віфлеем. Калі прыйшлі яны ў Віфлеем, дык усё места ўзварушылася празь іх, і казалі: ці гэта Наэма? Яна сказала ім: не называйце мяне Наэмаю (Прыемная), называйце мяне Мараю (Горкая), бо Ўсемагутны наслаў на мяне вялікае гора. Я выйшла адсюль з дабыткам, а вярнуў мяне Госпад з пустымі рукамі. Нашто называць мяне Наэмаю, калі Госпад змусіў мяне цярпець, а Ўсемагутны наслаў на мяне няшчасьце? І вярнулася Наэма, і зь ёю нявестка яе Рут Моабіцянка, якая прыйшла з краіны Моабіцкае і прыйшлі яны ў Віфлеем на пачатку ячменнага жніва.

У Наэмы быў сваяк па мужу яе, чалавек вельмі заможны, з роду Элімэлехавага, імя ягонае Бооз. І сказала Рут Моабіцянка, Наэме: я пайду на поле і буду зьбіраць калосьсе па сьлядох таго, у каго знайду ласку. Яна сказла ёй: ідзі, дачка мая. Яна пайшла, і прыйшоўшы, зьбірала на полі калосьсе з-заду жанцоў. І здарылася, што тая частка поля належыла да Бооза, што быў з роду Элімэлехавага. І вось, Бооз прыйшоў зь Віфлеему і сказаў жанцом: Госпад з вамі! Яны адказалі яму: няхай багаславіць цябе Госпад! І сказаў Бооз да найміта, што даглядаў каля жанцоў: чыя гэтая маладая жанчына? Найміт, што даглядаў каля жанцоў, сказаў, кажучы: гэтая маладая жанчына — Моабіцянка, што прыйшла з Наэмаю з краіны Моабіцкае; Яна сказала: дазволь мне, калі ласка, зьбіраць паміж снапамі з-заду жанцоў калосьсе; і прыйшла яна, і знаходзіцца тутака з самае раніцы аж дагэтуль; яна мала бывае дома. І сказаў Бооз да Руты: паслухай, дачка мая, не хадзі зьбіраць на другое поле, і не пераходзь адгэтуль, але будзь тутака з маімі дзяўчатамі; Няхай у вачох тваіх будзе гэтае поле, дзе яны жнуць, і хадзі за імі; вось я загадаў слугам маім не чапаць цябе; калі захочаш піць, дык ідзі да пасудзіны і пі, адкуль чэрпаюць слугі мае. Яна ўпала на твар свой і пакланілася да зямлі, і сказала яму: чым я зыскала ласку ў вачох тваіх, што ты прыймаеш мяне, хоць я і чужынка? Бооз, адказваючы, з, сказаў ёй: мне расказалі пра ўсё, што учыніла ты для свае сьвякроўі пасьля сьмерці мужа твайго, што ты пакінула твайго бацьку і маці тваю і зямлю, дзе ты радзілася і прыйшла да, народу, якога ты ня ведала ані ўчора, ані пазаўчора; Няхай-жа адплаціць Госпад за гэтую справу тваю, і няхай будзе табе поўная ўзнагарода ад Госпада, Бога Ізраілевага, да Якогаты прыйшла, каб супакоіцца пад Ягонымі крыльлямі! Яна сказала: няхай-жа і я знайду ласку ў вачох тваіх, гаспадару мой! Ты пацешыў мяне і гаварыў паводля сэрца служаньніцы твае, тымчасам як я ня варта ні адной із служаньніц тваіх. І сказаў ёй Бооз: як будзе час абеду, прыйдзі сюды і еж хлеб і мачай кусох твой у воцат. І яна села каля жанцоў. Ён падаў ёй хлеба; яна ела, наелася, і яшчэ засталося. І ўстала яна, каб зьбіраць. Бооз даў загад слугам сваім, сказаўшы: няхай зьбірае яна і паміж снапамі, і ня крыўдзьце яе; Дый ад снапоў адкідайце ёй і пакідайце, няхай яна зьбірае для ежы, і ня гневайцёся на яе. Гэтак зьбірала яна на полі да вечару і вымалаціла ўсё, што сабрала, і выйшла каля эфы ячменю. Узяўшы гэта, пайшла яна ў места, і сьвякроў яе ўбачыла што яна назьбірала. І дастала яна і дала ёй тое, што пакінула, наеўшыся сама. І сказала ёй сьвякроў яе: дзе ты зьбірала сягоньня і дзе працавала? Няхай будзе багаслаўлены той, што прыняў цябе! Рут сказала сваёй сьвякроўі ў каго яна працавала, кажучы: чалавек той, у якога я сягоньня працавала, называецца Бооз. І сказала Наэма нявестцы сваёй: багаслаўлены ён праз Госпада за тое, што не пазбавіў ласкі свае ані жывых, ані памершых! І сказала, ёй Наэма: чалавек гэты блізкі да нас; ён з нашых сваякоў. Рут Моабіцянка сказала: ён нават сказаў мне: будзь з маімі служаньніцамі, пакуль ня кончаць яны жніва майго. І сказала Наэма нявестцы сваёй Рут: добра, дачка мая, што ты будзеш хадзіць са служаньніцамі яго, і ня будуць крыўдзіць цябе на другім полі. Гэтак была яна са служаньніцамі Боозавымі і зьбірала калосьсе, пакуль ня кончылася жніва ячменю і жніва пшаніцы, і жыла ў сьвякроўі сваёй.

І сказала ёй Наэма, сьвякроў яе: дачка мая, ці не пашукаць табе прыстаньня, каб табе было добра? Вось Бооз, са служаньніцамі якога ты была, сваяк наш; вось ён у гэтую ноч вее на таку ячмень. Памыйся, памажся, ды апрані на сябе /прыгожыя/ вопраткі твае і пайдзі на ток, але не паказвайся яму, пакуль ня кончыць есьці ды піць. Калі-ж ён ляжа спаць, запамятай тое месца, дзе ён ляжа; тады прыйдзеш і пасьцелеш у нагах ягоных і ляжаш; тады ён скажа табе, што табе рабіць. Рут сказала ёй: зраблю ўсё, што ты сказала мне. І пайшла на ток і ўчыніла ўсё гэтак, як загадала ёй сьвякроў яе. Бооз наеўся і напіўся, і разьвесяліў сэрца сваё, і пайшоў і лёг спаць пад стогам. І яна прыйшла ціхінька і паслала ў нагах ягоных і лягла. І апоўначы садрыгнуўся ён, і вось бачыць у нагах ягоных ляжыць жанчына. І сказаў ён: хто ты? Яна сказала: я Рут, твая служаньніца, распасьцяры крыло тваё на служаньніцу тваю, бо ты сваяк. Бооз сказаў: багаслаўлена ты ад Госпада Бога, дачка мая! Гэты апошні твой добры ўчынак зрабіла ты яшчэ ляпей за папярэдні, што ты не пайшла шукаць маладых людзей, ні бедных, ні багатых. І гэтак, дачка мая, ня бойся, я зраблю табе ўсё, што ты сказала, бо каля кажнае брамы народу майго ведаюць, што ты жанчына добрая. Хоць і праўда, што я сваяк, але ёсьць яшчэ сваяк бліжэйшы за мяне. Пераначуй гэтую ноч: заўтра-ж, калі ён прыйме цябе, дык добра, няхай прыйме; а, калі ён не захоча прыняць цябе, дык я прыйму; жыве Госпад! Сьпі да раніцы. І спала яна ў нагах ягоных да раніцы, і ўстала раней, чымся маглі яны распазнаць адзін другога. І сказаў Бооз: няхай ня ведаюць, што жанчына прыходзіла на ток, І сказаў ён: падай верхнюю вопратку, што на табе, і патрымай яе. Яна трымала, і ён адмерыў ёй шэсьць мерак ячменю і паддаў ёй на плечы, і пайшоў у места. А яна прыйшла да свякроўі свае. Тая сказала ёй: што, дачка мая? Яна расказала ёй усё, што ўчыніў ёй чалавек той. І сказала ёй: гэтыя шэсьць мерак ячменю ён даў мне і сказаў мне: ня ідзі да сьвякроў і свае з пустымі рукамі. Тая сказала: пачакай, дачка мая, пакуль не даведаешся, чым кончыцца гэтая справа; бо чалавек гэты ня супыніцца, ня кончыўшы сягоньня гэтае справы.

Бооз выйшаў да брамы і тамака сядзеў. І вось ідзе празь яго сваяк, аб якім гаварыў Бооз. І сказаў яму /Бооз/: зайдзі сюды і сядзь тутака. Той зайшоў і сеў. Узяў Бооз дзесяць чалавек із старшынь места і сказаў: сядзьце тутака. І яны селі. І сказаў Бооз да сваяка: Наэма, якая вярнулася з краіны Моабіцкае, прадае частку поля, якая належыць да брата нашага Элімэлеха. Я пастанавіў давесьці да твайго ведама і сказаць: купі пры тых, што сядзяць тутака, і пры старшынях народу майго; калі хочаш выкупіць, выкупі; а калі ня хочаш выкупіць, скажы мне, і я буду ведаць; бо апрача цябе няма каму выкупіць, а па табе я. Той сказаў: я выкуплю. Бооз сказаў: калі ты выкўпіш поле ў Наэмы, дык ты павінен выкупіць і ў Рут Моабіцянкі, жонкі памершага, і павінен узяць яе сабе за жонку, каб узбудзіць імя памершага ў спадчыне яго. І сказаў той сваяк: не магу я ўзяць яе сабе, каб ня страціць спадчыны свае. Прыймі ты яе, бо я не магу прыняць. Раней быў гэткі звычай у Ізраілю пры выкупе і пры абмене для пацьверджаньня якой-небудзь справы: адзін здымаў бот свой і даваў другому /што пераймаў права сваяка/, і гэта было сьветчаньнем у Ізраілю. І сказаў той сваяк Боозу: купі сабе і зьняў бот свой /і даў яму/. І сказаў Бооз старшыням і ўсяму народу: вы цяпер сьветкі, што я купляю ў Наэмы ўсё, што было Элімэлехавае і Хілеонавае, і Махлёнавае. Да гэтага яшчэ бяру сабе за жонку Рут Моабіцянку, жонку Махлёнавую, каб узбудзіць імя памершага ў спадчыне яго, і каб ня шчэзла імя памершага паміж братамі яго і каля брамы ягонага аселішча: вы сягоньня сьветкі гэтага. І сказаў увесь народ, што быў каля брамы, і старшыні, мы сьветкі. Няхай учыніць Госпад жонку, якая ўваходзіць у хату тваю, як Рахіль і як Лію, якія абедзьве ўладзілі дом Ізраілеў. Прыдбай багацьце ў Эфраце, і няхай славіцца імя тваё ў Віфлееме. І няхай будзе дом твой, як дом Фарэса, якога радзіла Тамар для Юды, ад таго семя, якое дасьць табе Госпад ад гэтае маладое жанчыны. І ўзяў Бооз Рут, і яна сталася ягонаю жонкаю. І ўвайшоў ён да яе, і Госпад даў ёй цяжарнасьць, і яна радзіла сына. І казалі жанчыны да Наэмы: багаслаўлены Госпад, што Ён не пакінуў цябе цяперака без нашчадка. І няхай імя ягонае будзе слаўнае ў Ізраілю, Ён будзе табе радасьцю і жывіцелем у старасьці тваёй бо яго радзіла твая нявестка, якая любіць цябе, якая лепшая для цябе, чымся сем сыноў. І ўзяла Наэма дзіця гэтае, і насіла яго на рукох сваіх, і была яму за няньку. Суседкі-ж далі яму імя і казалі: у Наэмы радзіўся сын, і далі імя яму: Обід. Ён бацька Эссэя, бацькі Давідавага. А вось род Фарэса: Фарэс радзіў Эсрона, Эсрон радзіў Раму; Рама радзіў Амінадаба. Амінадаб радзіў Наасона, а Наасон радзіў Салмона; Салмон радзіў Бооза; Бооз радзіў Обіда; Обід радзіў Эссэя; Эссей радзіў Давіда.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.