Библия › Станкевіча › Ёны
І было слова СПАДАРОВА Ёну Амітаёнку, кажучы: «Устань, пайдзі да Ніневы, места вялікага, і гукай да яго, што ўзышло ліха іхнае перад відам Маім».
І ўстаў Ёна, каб уцячы да Таршышу ад віду СПАДАРОВАГА, і зышоў да Яфы, і знашоў караб, што плыў да Таршышу; і даў плату, і зышоў да карабля, каб прыплыць ізь імі да Таршышу ад віду СПАДАРОВАГА. Але СПАДАР пусьціў вялікі вецер на мора, і ўзьнялася вялікая бура на мору, і думалі, што караб разаб’ецца. І зьлякаліся маравікі, і крычэлі кажны да свайго бога, і выкінулі ў мора рэчы, што былі ў караблю, каб палягчыць сабе гэтым; а Ёна зышоў на далоўе боку карабля, і лёг, і моцна заснуў. І дабліжыўся да яго начэльнік карабля, і сказаў яму: «Што табе, што ты так моцна сьпіш? устань, гукай да Бога свайго, можа ўспомне тый Бог праз нас, і мы не загінем». І сказалі адзін аднаму: «Пайдзіма, і кіньма на жэрабя, і даведаемся пераз каго гэта вялікае ліха на нас». І кінулі на жэрабя, і пала жэрабя на Ёну. І сказалі яму: «Скажы ж нам, чаму, з чые прычыны сталася гэтае вялікае ліха? які твой занятак? і скуль прышоў? і што за край твой? зь якога народу ты?» І сказаў ім: «Гэбрэй я, і СПАДАРА, Бога нябёснага, я баюся, Каторы ўчыніў моры й сушу». І зьлякаліся тыя людзі лякам вялікім, і сказалі яму: «Што гэта ты зрабіў?» бо ведалі тыя людзі, што ад віду СПАДАРОВАГА ён уцякаў, бо прызнаўся ім. І сказалі яму: «Што нам зрабіць із табою, каб сьціхла мора нам?» бо мора ўсе болей узбуралася. І сказаў ім: «Падыйміце мяне й кіньце мяне ў мора, — і змоўкне мора вам; бо ведаю я, што за мяне гэта вялікая бура на вас». І моцна веславалі тыя людзі, каб зьвярнуцца на сушу, і не маглі, бо мора болей а болей узбуралася ля іх. І гукалі да СПАДАРА, і сказалі: «Молім Цябе, СПАДАРУ, дай хай не загінем за душу гэтага чалавека, і не ўскладай на нас кроў нявінную, бо ты, СПАДАРУ, як захоця зробіш». І паднялі Ёну, і кінулі яго ў мора, і перастала мора гневацца. І баяліся тыя людзі страхам вялікім СПАДАРА, і абракалі аброк СПАДАРУ, і абяцалі абятніцы.
І прыгатаваў СПАДАР вялікую рыбу, каб глынула Ёну, і быў Ёна ў нутру рыбы тры дні і тры ночы. І маліўся Ёна СПАДАРУ, Богу свайму, з нутра рыбы, І сказаў: «Я гукаў да СПАДАРА, бо цесна імне, і Ён адказаў імне; із жывата шэолю я загаласіў — Ты пачуў голас мой. Ты кінуў мяне глыбака ў сэрца мораў, і патопа акружыла мяне; усі твае хвалі а валы прайшлі над імною. І сказаў я: "Я прагнаны ад аччу Тваіх, пагляджу яшчэ, адылі, на сьвяты палац Твой". Воды акружылі мяне аж да душы, глыбіня агарнула мяне навокал, морскія травы абвілі галаву маю. Да подаў гор зышоў я, зямля заваламі сваімі навокал мяне на векі; Ты, адылі, вывеў зь ямы жыцьцё маё, СПАДАРУ, Божа мой. Як млела душа мая ў імне, я ўспомнеў СПАДАРА, і малітва мая прышла да Цябе, да сьвятога палацу Твайго. Тыя, што заховуюць манлівыя марнасьці, адкідаюць міласэрдзе ад сябе. Але я голасам падзякі абраку Табе; споўню, што абяцаў. Спасеньне ў СПАДАРА».
І СПАДАР казаў рыбе, і яна вырыгала Ёну на сушу.
І было слова СПАДАРОВА да Ёны ўдругава, кажучы: «Устань, ідзі да Ніневы, гэнага вялікага места, і кажы казань, каторую Я казаў тэ». Дык устаў Ёна і пайшоў да Ніневы подле слова СПАДАРОВАГА; Нінева ж была вялікае места ў Бога, трох дзён дарогі. І пачаў ён хадзіць па месьце, колькі льга прайсьці за адзін дзень, і гукаў, і казаў: «Яшчэ сорак дзён, і Нінева будзе абурана».
І паверылі Нінявяне Богу, і агаласілі пост, і адзеліся ў зрэбніну, ад вырослага зь іх аж да малога зь іх. Бо слова дасьпела да караля Ніневы, і ён устаў з пасаду свайго, і ськінуў ізь сябе адзецьце сваё, і пакрыўся зрэбнінаю, і сядзеў у попеле. І агалошана, і сказана ў Ніневе з расказаньня каралёвага а вялікіх ягоных, кажучы: «Няхай ані людзіна, ані жывёла, ані буйны статак, ані драбны статак нічога не паспытаюцца, няхай ня пасьвяцца ані п’юць вады, Але няхай пакрыюцца зрэб’ям чалавек і жывёла і гукаюць да Бога голасна, і няхай кажная людзіна адвернецца ад благое дарогі свае і ад ўсілства, што ў руках іхных. Хто ведае, ці не абернецца Бог і не пажалее, і не адвернецца ад палкага гневу свайго, каб мы не загінулі?» І Бог бачыў учынкі іхныя, што яны адвярнуліся ад благое дарогі свае, і Бог пажалеў ліха, каторае казаў, што маніўся ўчыніць ім, і ня ўчыніў.
І зьнемарасьціла Ёну гэта, як вялікае ліха, ён зазлаваўся. І маліўся СПАДАРУ, і казаў: «Прашу Цябе, СПАДАРУ, ці ня гэта было слова маё, як яшчэ я быў у краю сваім? Затым я загадзя ўцёк ад Цябе да Таршышу, бо я ведаў, што Ты Бог ласкучынюшчы а спагадлівы, памальны да гневу а найміласарнейшы, і жалееш ліха. І цяпер, СПАДАРУ, вазьмі, малю Цябе, душу маю ад мяне, бо валей імне памерці, чымся жыць». І сказаў СПАДАР: «Ці добра ты робіш, што злуешся?»
І Ёна вышаў зь места, і сеў на ўсходняй старане места, і зрабіў сабе таму буду, і сеў пад ёй у сьценю, аж пакуль абача, што станецца ў месьце. І прыгатаваў СПАДАР Бог гарбуз, і яго выгнала над Ёнаю, каб быць сьценям яму над галавою, каб ён спабыўся немарасьці свае; і цешыўся Ёна з тога гарбуза вялікаю пацехаю.
І прыгатаваў Бог чарвяка, як узышла зара нараніцы, і ён падтачыў гарбуз, і ён ссох. І сталася, як ўзышло сонца, што Бог прыгатаваў гарачы ўсходні вецер, і сонца пякло галаву Ёне, ажно ён скволеў, і зычыў душы сваёй памерці, і сказаў: «Валей імне памерці, чымся жыць».
І сказаў Бог Ёне: «Ці добра, што так злуешся за гарбуз?» І сказаў: «Я раблю добра, злосна імне аж да сьмерці». І сказаў СПАДАР: «Ты жалееш гарбуза, над каторым ты не гарапашнічаў ані расьціў, каторы вырас за ноч і загінуў за ноч; а Я ня меў бы жалець Ніневы, гэтага вялікага места, у каторым болей як двананцаць дзесяткоў тысячаў людзёў, што ня могуць адрозьніць правіцы ад лявіцы, і шмат статку?»