Библия › Станкевіча › Да Ціта
Паўла, нявольнік Божы й апостал Ісуса Хрыста, подле веры абраных Божых і супоўнага знацьця праўды, каторая подле набожнасьці, У надзеі жыцьця вечнага, Каторае Бог, што ня можа маніць, абяцаў перад вякамі часу, А ў сваім часе зьявіў Слова Свае ў вагалашэньню, каторае даверана імне подле расказаньня Спаса нашага Бога, Ціту, праўдзіваму дзяцяці подле супольнае веры: ласка а супакой ад Бога Айца а Хрыста Ісуса, Спаса нашага. Дзеля таго я пакінуў цябе ў Крыце, каб ты мог балей упарадкаваць, што засталося неўпарадкаванае, і прызначыў старшых у кажным месьце, як я расказаў табе: Калі хто беззаганны, муж аднае жонкі, мае дзеці верныя, не вінаваныя ў бязулстве або ў непакоры. Бо нагляднік мае быць беззаганны, як вернік Божы, не самадыйны, не гняўлівы, не адданы віну, ня бітун, не прагавіты на несправядлівыя прыбыткі, Але гасьцінны, любячы дабро, разумны, справядлівы, сьвяты, уздзержлівы, Каторы дзяржыцца вернага слова, як быў наўчаны, каб быў дуж захочаваць а навучаць здарова, пераконаваць праціўнікаў. Бо ё шмат і непакорных, пустамлёнаў і ашуканцаў, асабліва з абразаньня, Каторым надабе зачыніць рот, каторыя пераварачаюць цзлыя дамы, вучачы рэчаў дзеля нягоднага прыбытку, каторых ня надабе вучыць. Адзін ізь іх, собскі прарока іхны, сказаў: «Крытанцы заўсёды манюкі, благія дзікія зьвяры, жарлівыя, ляныя». Сьветчаньне гэта праўдзівае, затым гань іх стродка, каб яны былі здаровыя ў веры, Не ўважалі на жыдоўскія байкі і расказаньні людзёў, што перакручуюць праўду. Усе чыстае чыстым; а забрудзяненым а няверным нічога няма чыстага, але розум і сумленьне іхнае забрудзяненыя. Яны вызнаюць, што знаюць Бога, але ўчынкамі выпіраюцца, будучы гідкія а непаслухменыя а няздольныя да ніякага добрага ўчынку.
А ты кажы тое, што годзіцца да здаровае навукі: Каб старыя былі цьвярозыя, зважныя, разумныя, здаровыя ў веры, у міласьці, у вытрываласьці; Каб старыя жанкі таксама былі набожнага паступку, не абмоўцы або не падняволеныя шмат якому віну, вучыцелкі дабра; Каб маглі вучыць маладзіцы любіць мужоў сваіх і дзеці свае, Быць разумнымі, чыстымі, хатнімі работніцамі, добрымі, пакорнымі сваім собскім мужом, каб Слова Божае ня было блявузґана. Таксама захочуй маладзёнаў быць разумнымі. У вусім паказуй самога сябе зразаю добрых учынкаў, у навуццы чысьціню, зважнасьць, непапсавальнасьць, Слова здаровае, бязупічнае, каб праціўнік быў засаромлены, ня маючы нічога сказаць праз нас благога. Нявольнікі маюць быць падданымі гаспадаром сваім у вусім, добра гадзіць, не перачыць, Не сабечыць, але ў вусім выказаваць добрую вернасьць, каб яны ў вусім прыбіралі навуку Спаса нашага Бога. Бо зьявілася ласка Божая, што спасае ўсіх людзёў, Што вуча нас, каб мы, адрокшыся нязбожнасьці і сьвецкіх жадлівасьцяў, жылі разумна а справядліва а набожна ў цяперашнім веку, Чакаючы дабраславёнае надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Спаса Ісуса Хрыста, Каторы даў Сябе за нас, каб выкупіць нас ад усяго бяспраўя і ачысьціць Сабе люд собскі, рупатлівы да добрых учынкаў. Гэта кажы і захочуй і гань з усёй уладаю. Няхай ніхто ня мае цябе ўлегцы.
Дамяняй ім, каб былі падданыя начэльнікам а ўладзе, каб былі паслухменыя, гатовыя да кажнага добрага ўчынку, На нікога не вярнулі, ня былі звадлівыя, былі рахманыя, выказуючы ўсялякую лагоднасьць да ўсіх людзёў. Бо й мы былі калісь неразумныя, непаслухменыя, зьведзеныя, служачыя жадлівасьцям і розным прыемнасьцям, жывучы ў злосьці а завідасьці, ненавіджаныя, ненавідзячыя адны адных. Але як зьявілася добрасьць а любосьць да людзёў Спаса нашага, Бога, Ён спас нас ня з учынкаў справядлівасьці, учыненых намі, але подле міласэрдзя Свайго абмыцьцём адраджэньня й аднаўленьня Духам Сьвятым, Каторага выліў на нас багата перазь Ісуса Хрыста, Спаса нашага, Каб, будучы апраўленыя ласкаю, мы сталі спадкаемцамі подле надзеі вечнага жыцьця. Слова гэта вернае, і я зычу, каб ты ў гэтым быў упорысты, каб тыя, што ўверылі ў Бога, рупіліся быць улеглівымі ў добрыя ўчынкі. Гэта добра й карысна людзём. Дурных жа пытаньняў а радаводаў а сьпярэчак а звадаў праз Закон сьцеражыся, бо яны бескарысныя й пустыя. Ад гэрэтыка, па першым і другім дамяненьню, здаляйся, Ведаючы, што такі папсаваўшыся й грэша, будучы сам сабою засуджаны. Як прышлю да цябе Арцёма альбо Тыхіка, пабарзьдзі прыйсьці да мяне да Цікаполю, бо я пастанавіў зімаваць там. Зіну праўніка а Аполоса парупся выправіць так, каб у іх ні ў чым ня бьгло нястачы. Хай і нашы вучацца займацца добрымі справамі дзеля канечных патрэбаў, каб ня былі бясплодныя. Усі, што з імною, здароваюць цябе. Паздаровай тых, што любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі.