Библия › Міцкевіч › Мацьвея

Паводле Мацьвея

Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давыдава, Сына Абрагамава. Абрагам спарадзіў Ісаака; Ісаак спарадзіў Якуба. Якуб-жа спарадзіў Юду і братоў яго. Юда спарадзіў Фарэса і Зара ад Фамары; Фарэс спарадзіў Эсрома, Эсром-жа спарадзіў Арама; Арам спарадзіў Амінадава, Амінадаў спарадзіў Наассона; Наассон-жа спарадзіў Салмона; Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы, Ваоз спарадзіў Авіда ад Руфы; Авід-жа спарадзіў Ессэя, Ессэй спарадзіў Давыда караля, Давыд кароль спарадзіў Саламона ад былой Урыевай; Саламон спарадзіў Раваама, Раваам спарадзіў Авію, Авія-жа спарадзіў Асу; Аса спарадзіў Йазапата, Йазапат спарадзіў Йарама, Йарам-жа спарадзіў Озію. Озія спарадзіў Йафама, Йафам спарадзіў Ахаза, Ахаз-жа спарадзіў Езэкію. Езэкія спарадзіў Манасію, Манасія спарадзіў Амона, Амон-жа спарадзіў Йасію. Йасія спарадзіў Якіма, Якім спарадзіў Ехонію і братоў яго, ў перасяленьні Вавілонскім. Па перасяленьні-ж Вавілонскім Ехонія спарадзіў Салафііля, Салафііль-жа спарадзіў Зарававеля. Зарававель спарадзіў Авіуда, Авіуд спарадзіў Эліакіма, Эліакім-жа спарадзіў Азора. Азор спарадзіў Садока, Садок спарадзіў Ахіма, Ахім-жа спарадзіў Эліуда. Эліуд спарадзіў Элеазора, Элеазор спарадзіў Матфана, Матфан-жа спарадзіў Якуба. Якуб спарадзіў Язэпа, мужа Марыінага, з яе-ж нарадзіўся Ісус, названы Хрыстос. Усіх жа родаў ад Абрагама да Давыда чатырнаццаць, і ад Давыда да перасяленьня Вавілонскага чатырнаццаць, і ад перасяленьня Вавілонскага да Хрыста чатырнаццаць родаў.

Нараджэньне Ісуса Хрыста сталася гэтак. Калі Марыя, Маці Ягоная, была заручана зь Язэпам, яшчэ перад шлюбным сужыцьцём выявілася, што Яна ўжо мае ў сабе зароджанае ад Духа Сьвятога. Язэп-жа, чалавек праведны, не хацеў зьнеслаўляць Яе, але хацеў тайком адпусьціць Яе. Але, як толькі ён так падумаў, вось Ангел Гасподні зьявіўся яму ў сьне і сказаў: — Язэпе, Сыне Давыдаў, ня бойся прыняць Марыю, жану тваю, бо зараджэньне ў Ёй сталася ад Духа Сьвятога. Народзіць-жа Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён выбавіць людзей Сваіх ад грахоў іхных. А сталася-ж усё гэта, каб збылося сказанае ад Госпада праз прарока, які кажа: — Вось Дзева прыйме ў улоньне і народзіць Сына, і наракуць Яму імя Эммануіл — гэта азначае: з намі Бог. Устаўшы ад сну, Язэп учыніў так, як загадаў яму Ангел — і прыняў жану сваю. І не пазнаваў Яе, ажно нарадзіла Сына, і ён да Яму імя — Ісус.

Калі-ж Ісус нарадзіўся ў Бэтлеэме Юдэйскім у днёх караля Ірада, вось прыйшлі мудрацы з усходу ў Ерусалім і кажуць: Дзе ёсьць народжаны кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зьвязду Ягоную на ўсходзе, і прыйшлі пакланіцца Яму. Пачуўшы гэтае, кароль Ірад занепакоіўся, а з ім і ўвесь Ерусалім. І склікаўшы першасьвятароў і кніжнікаў народных, выпытваў у іх: дзе прызначана нарадзіцца Хрысту? Яны-ж сказалі яму: — У Бэтлеэме Юдэйскім, бо гэтак напісана ў прарока: І ты, Бэтлеэме, зямля Юдава, нічым ня меншу ў падуладнасьцях Юдавых, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які зьберажэ народ мой Ізраэльскі. Тады Ірад, тайком прызваўшы мудрацоў, выведаў ў іх час зьяўленьня зьвязды. І, пасылаючы іх у Бэтлеэм, сказаў: — пайдзеце дакладна разьведайце пра Дзяцёнка, і, калі знойдзеце, паведамеце мне, каб і я мог пайсьці пакланіцца Яму. Яны-ж, выслухаўшы караля, адыйшлі; і вось зьвязда, якую бачылі яны на Ўсходзе, ішла перад імі, аж пакуль, дайшоўшы, запынілася над месцам, дзе было Дзіцятка. Угледзеўшы-ж зорку яны ўзрадаваліся радасьцю надзвычайнаю. І, увайшоўшы ў будыніну, убачылі Дзіцятка з Марыяй, Маці Ягонаю, і, паўшы ніц, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынясьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну. Атрымаўшы-ж у сьне перасьцярогу не варачацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю.

Калі-ж яны адыйшлі, вось Ангел Гасподні зьяўляецца ў сьне Язэпу і кажа: — устань, вазьмі Дзіцятка і Маці Ягоную і бяжы ў Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго. Ён устаў, узяў Дзіцятка і Маці Ягоную і ўначы пайшоў у Егіпет. І быў там да сьмерці Ірада, каб збылося сказанае ад Госпада праз прарока, які гаворыць: — з Егіпту паклікаў Я Сына Майго. Тады Ірад, зазнаўшы зьнявагі ад мудрацоў, разьярыўся гневам, і паслаў выбіць у Бэтлеэме і ўсіх ваколіцах яго ўсіх дзяцей ад двух гадоў і ніжэй, по-для часу, выведанага ад мудрацоў. Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які гаворыць: — голас у Раме чуцён, плач, галашэньне і лямант вялікі: Рахіль плача па дзецях і ня хоча суцешыцца, бо няма ўжо іх. — Калі-ж Ірад памёр, вось Ангел Гасподні ў сьне зьяўляецца Язэпу у Егіпце і кажа: — устань, вазьмі Дзіцятка і Маці Ягоную ды ідзі ў зямлю Ізраілеву, бо зьмерлі тыя, якія шукалі душы Дзіцяці. Ён устаўшы, узяў Дзіцятка і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву. А, дачуўшыся, што ў Юдэі ўладарыць Архелай, на месцы бацькі свайго Ірада, пабаяўся туды ісьці; атрымаўшы-ж вестку ў сьне, пайшоў у краіну Галілейскую. І, прыйшоўшы, пасяліўся ў месьце, званым Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў — Ён Назарэем назавецца.

У тыя-ж дні прыходзіць Ян Хрысціцель, і павучае ў пустыні Юдэйскай. Прамаўляючы: — пакайцеся, бо наблізілася Ўладарства Нябеснае. Бо гэта ёсьць Той, пра Каго вяшчаў прарок Ісайя, прамаўляючы: голас поклічу ў пустыні — прыгатуйце шлях Госпаду, прастуйце сьцежкі Яго. Сам-жа Ян меў адзеньне з вярблюжага воласу, і скураны пояс на паясьніцы сваёй; ядою-ж яму служылі акрыды і дзікі мёд. Тады выходзілі да яго — Ерусалім, і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Йарданскія; І хрысціліся ад яго ў Йардане, выспаведваючы грахі свае. Калі-ж ён убачыў шматлікіх фарысеяў і садукеяў, якія йшлі да яго хрысціцца, сказаў ім: — параджэньне гадаўя! Хто падказаў вам уцякаць ад будучага гневу? Учынеце-ж плён, дастойны пакаяньня. І ня важцеся гаварыць самі ў сабе — маем айца Абрагама; — бо кажу вам, што Бог можа з каменьняў гэтых узьняць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера пры карэньні дрэва ляжыць; бо ўсякае дрэва, якое не дае добрага плёну, высякаецца і кідаюць ў агонь. Я хрышчу вас вадою ў пакаяньне, але йдзе па мне мацнейшы за мяне; я-ж недастойны несьці абутак Ягоны; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём.

Веялка Яго ў руцэ Ягонай; і Ён ачысьціць гумно сваё і зьбярэ пшаніцу сваю ў сьвіран, а мякіну спаліць агнём незгасальным.

Тады прыйходзіць Ісус з Галілеі на Йардан да Яна, хрысьціцца ад яго. Ян-жа ўстрымліваў Яго, кажучы: — Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а ці-ж Табе прыйходзіць да мяне. Але Ісус прамовіў яму ў адказ: — пакінь цяпер, бо гэтак належыць нам выканаць усякую праўду. Тады Ян дапускае Яго. І, ахрысьціўшыся, Ісус зараз-жа выйшаў з вады, і — вось адчыніліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які зайходзіў як голуб і спускаўся на Яго. І вось голас з небёсаў, прамаўляючы: — гэта Сын Мой Улюбёны, у Ім Маё Дабраволеньне.

Тады Ісус ведзены быў Духам у пустыню на спакусы ад д’ябла. І, прапасьціўшы сорак дзён і сорак ночаў, нарэшце адчуў голад. І прыступіў да Яго спакусьнік і сказаў: — калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні сталіся хлябамі. — Ён-жа ў адказ сказаў: — напісана ёсць: ня хлебам адзіным жыў будзе чалавек, але ўсякім словам, што выйходзіць з вуснаў Божых. Потым бярэ Яго д’ябал у сьвятое места і пастаўляе Яго на крыле храму. І кажа Яму: — калі ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: Ангелам Сваім запавядаў пра Табе ахаваць Цябе; і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся на камені нагою Тваею. Ісус-жа сказаў яму: — напісана таксама: не спакушай Госпада Бога Твайго. І ізноў бярэ яго д’ябал на гару вельмі высокую і паказвае Яму ўсе гаспадарствы сьвету і славу іхную. І кажа Яму: — усё гэта дам Табе, калі, паўшы, паклонішся мне. Тады сказаў яму Ісус: — адыйдзі ад Мяне, шатане, бо напісана — Госпаду Богу пакланяйся, і Яму Адзінаму служы. Тады пакінуў Яго д’ябал, і вось Ангелы, прыступіўшы, служылі Яму.

Калі Ісус дачуўся, што Ян зьняволены, то адыйшоў у Галілею. І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернаўме, на ўзмор’і ў межах Завулонавых і Нэўфалімавых. Каб збылося сказанае праз прарока Ісайю, які гаварыць: — Зямля Завулонава і зямля Нэўфалімава, па дарозе прыморскай за Йарданам — Галілея паганская. Народ, у цемры бытуючы, убачыў сьвятло вялікае, і тым, якія аселі ў краіне цемры мяртвячае, азарыла сьвятло. З таго часу Ісус пачаў навучаць і прамауляць: — пакайцеся, бо наблізілася Ўладарства Нябеснае.

Прайходзячы-ж каля мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў — Сымона, званага Пятром, і Андрэя, брата яго; яны зацягвалі сеткі ў мора, бо былі яны рыбаловамі. І кажа ім: — ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў. Яны зараз жа пакінуўшы сеці пайшлі за Ім. Адыйшоўшы-ж адтуль, убачыў іншых двух братоў: Якуба Заведэева і Яна, брата яго, у лодцы з айцом іхным Заведэем, яны папраўлялі сеці свае, і паклікаў іх. Яны зараз-жа, пакінуўшы лодку і айца свайго, пайшлі за Ім. І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхных абвяшчаючы Евангельле Ўладарства, і ацаляючы ад усякіх нядугаў, і ад усякай немачнасьці ў людзей.

І разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй Сірыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужных з рознымі хворасьцямі, і церпячых ад усякіх прыпадкаў, і апанаваных злыдухам, і лунатыкаў, і спараліжаваных, і Ён ацаляў іх.

І за Ім ішло мноства народу з Галілеі, і з Дзесяціградзьдзя, і з Ерусаліму, і з Юдэі, і з-за Йардану.

Убачыўшы грамады народу, Ён узыйшоў на гару, і калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя. І, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, прамаўляючы: Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Ўладарства Нябеснае. Шчасьлівыя заплаканыя, бо яны ўсьцешацца. Шчасьлівыя лагодныя, бо яны ўнасьледуюць землю. Шчасьлівыя спрагненыя і смаглыя праўды, бо яны задаволяцца. Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны памілаваны будуць. Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога абачаць. Шчасьлівыя міратворцы, бо яны Сынамі Божымі названыя будуць. Шчасьлівыя сьціганыя за праўду, бо іх ёсьць Ўладарства Нябеснае. Шчасьлівыя — вы, калі будзеце зганьбеныя, загнаныя і злосна абалганыя з-за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода вашая вялікая ў нябёсах; гэтак-жа гналі і прарокаў, якія былі перад вамі.

Вы — соль зямлі; калі-ж соль страціць солкасьць, чым яе адсоліце? Нічога ня будзе вартая, толькі высыпаць вон, і патаптаная будзе людзьмі. Вы — сьвятло сьвету; ня можа быць схаванае места, калі стаіць на гары. І ня ставяць запаленага сьвяцільніка пад пасудзіну, але на падстаўцы, каб сьвяціла ўсім, хто ў доме. Няхай-жа гэтак сьвеціць сьвятло ваша прад людзьмі, каб пабачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага Нябеснага. Ня думайце, што прыйшоў Я зьняважыць закон і прарокаў; ня зьняважыць прыйшоў Я, але выканаць. Бо папраўдзе кажу вам: пакуль не праміне неба й зямля, ніводная йота, ніводная рыса ня здымецца з закону, пакуль ня споўніцца ўсё. Калі-ж нехта парушыць хоць адзін з гэтых найменшых запаветаў і гэтак навучыць людзей, той у Ўладарстве Нябесным названы будзе найменшым; каторы-ж выканае і навучыць, той вялікім будзе названы у Ўладарстве Нябесным.

Бо, кажу вам: калі праведнасьць вашая не ўзьнімецца над кніжнікаў і фарысеяў, — ня ўвойдзіце у Ўладарства Нябеснае. Вы чулі, што гаворана было даўнейшым — не забівай, а хто заб’е, падлягае суду. А Я кажу вам: кажны, хто злуецца на брата свайго на дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму — брыда, — падлягае сынедрыёну; а хто скажа — вар’ят, — падлягае гэене агнявой. Вось-жа, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка і там успомнішь, што брат твой нешта мае супраць цябе, — Пакінь дар твой прад ахвярнікам і вярніся, пагадзіся перш з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, ахвяруй дар твой. Хутчэй пагаджайся з супраціўнікам тваім, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў-бы цябе слузе, і ня ўкінулі-б цябе ў цямніцу. Запраўды, кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга шэлягу.

Вы чулі, што гаворана было даўнейшым — не блудадзейнічай. Я-ж кажу вам: кажны, хто глядзіць на жанчыну з жаданьнем яе, ужо блудадзейнічаў з ею ў сэрцы сваім. Калі-ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: валей табе страціць адзін сустаў цела твайго, ніж усё цела тваё будзе ўрынута ў агонь пякельны. І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: валей табе страціць адзін сустаў цела твайго, ніж усё цела тваё будзе ўрынута ў пекла. Таксама было сказана: калі хто разводзіцца з жаною сваю, няхай дасьць ёй адпускны ліст. Я-ж кажу вам: кажны, хто разводзіцца з жаною сваею, апрача віны блудедзеяньня, той даводзіць яе да блудадзеяньня, і хто з разводкаю ажэніцца, той блудадзейнічае.

Яшчэ чулі вы, што было сказана даўнейшым, не не кляніся і лжіва, але выпаўняй прад Богам кляцьбу тваю. А Я кажу вам: Не кляніся аніяк: ані небам, бо яно пасад Божы; ані зямлёю, бо яна падножжа ног Ягоных; ані Ерусалімам, бо ён — месца вялікага Караля. І галавою тваю не кляніся, бо ня можаш ніводнага воласу зрабіць белым ці чорным. Але няхай будзе слова вашае: — так-так, не-не; а што па-за гэтым, тое ад зласьлівага. Вы чулі, што было сказана: — вока за вока, зуб за зуб. Я-ж кажу вам: Не станавецеся ўсупраціў злому, але калі хто ўдарыць цябе у правую шчаку, павярні да яго і другую. А хто хоча судзіцца з табой і забраць тваю вопратку, адпусьці яму і сарочку. І калі хто змушае цябе ісьці з ім адзін прагон, ідзі з ім два.

Хто просіць у цябе — дай; і хто хоча пазычыць — не адварачайся. Вы чулі, як гаворыцца: — любі бліжняга твайго й ненавідзь ворага твайго. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, ласкавы будзьце да тых, хто кляне вас, дабрадзейнымі будзьце да ненавісьнікаў вашых і малецеся за крыўдзіцеляў і гнабіцеляў вашых; Каб сталіся вы сынамі Айца вашага Нябеснага, бо Ён воліць сонцу свайму ўсходзіць і над добрымі й над благімі, і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. Бо, калі вы любіце тых, якія вас любяць, якую ўзнагароду маеце? Ці-ж ня тое робяць і мытнікі? І, калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае творыце? Ці-ж ня робяць гэтак і нявернікі? Гэтак будзьце-ж і вы дасканалымі, як Айцец ваш Нябесны дасканалым ёсць.

Высьцерагайцеся даваць ахвяры вашыя перад людзьмі, каб яны гэта бачылі; бо гэтак ня будзеце мець узнагароды ад Айца вашага Нябеснага. Дзля таго, калі даеш ахвяру, не разгалошвай перад сабою, як гэта робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб хвалілі іх людзі; запраўды кажу вам: яны ўжо атрымліваюць узнагароду сваю. Ты-ж, калі прыносіш ахвяру, няхай левая твая рука ня ведае, што робіць правая. Каб ахвяра твая была ў тайне, і Айцец твой, бачыўшы тайнае, узнагародзіць цябе наяве. І калі молісься, ня будзь, як крывадушнікі, якія любяць у сынагогах і на скрыжаваньні вуліц, стоячы, маліцца, каб паказацца людзям; папраўдзе кажу вам — яны ўжо дастаюць узнагароду сваю. Ты-ж, калі молісься, увайдзі ў пакой свой, і, зачыніўшы за сабою дзьверы, памаліся Айцу твайму, які ў тайне, і Айцец твой, бачачы тайнае, узнагародзіць цябе наяве. А молячыся, не гавары лішняга, як пагане. Бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць; не прыпадабняйцеся да іх, — ведае Айцец ваш вашыя патрэбы, перш, чым вы папросіце ў Яго. Малецеся-ж гэтак: Ойча наш Нябесны! Сьвяціся імя Тваё; Прыйдзі Ўладарства Тваё; і станься воля Твая, як у небе, так і на зямлі. (Хлеба надзённага) сёньня нам дай. І адпусьці нам нашыя віны, як і мы адпушчаем правінным прад намі. І не ўвядзі нас у спакусу, але збаві нас ад златворнага. Бо Тваё ёсць Уладарства, і сіла, і слава на векі; амін.

Калі-ж вы адпушчаеце людзям правіны іхныя, адпусьцець і вам Айцец ваш Нябесны. Калі-ж ня адпушчаеце людзямі правінаў іхных, то і Айцец ваш Нябесны не адпусьціць вам правінаў вашых. І калі посьціце, не станавецеся панырымі, як крывадушнікі, якія наводзяць сум на абліччы свае, каб паказацца людзям, што яны ў посьце; папраўдзе кажу вам: яны ўжо дастаюць узнагароду сваю. Ты-ж, калі посьціш, намасьці галаву тваю і ўмый аблічча тваё; Каб не прад людзьмі паказацца посьнікам, але прад Айцом тваім, Хто ў таемнасьці ёсьць; і Айцец твой, бачачы ў таемнасьці, узнагародзіць цябе ў наяунасьці. Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе іржа і моль зьнішчаюць, і дзе зладзеі падкопваюцца і крадуць. Але зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні іржа не зьнішчаюць, і дзе зладзеі не падкопваюцца і не крадуць. Бо, дзе скраб ваш, там будзе і сэрца вашае.

Сьветачам целу ёсьць вока; калі вока тваё будзе простае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае. Калі-ж вока тваё крывое будзе, то ўсё цела тваё зацьмянае будзе; калі-ж сьвятло, што ў табе: цемра, то якова-ж сама цемра? Ніхто ня можа служыць двум гаспадаром: бо аднаго палюбіць, а другога зьненавідзіць, альбо катораму пачне спрыяць, а іншага занядбае; ня можаце служыць Богу і мамоне. Дзеля таго кажу вам: не праймайцеся душою вашею, што вам есьці і што піць, ні пра цела вашае, у што адзецца; ці-ж душа не важнейшая за ежу, а цела за адзежу? Узгляньце на птушкі нябесныя: яны ні сеюць, ані жнуць, ані зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны корміць іх; ці-ж вы ня шмат лепшыя за іх? І хто-ж з вас турботаю сваёю можа дадаць да росту свайго хоць адзін локаць? І пра адзеньне чаго клапоціцеся; гляньце на палявыя лілеі, як яны растуць: не працуюць, ані прадуць. Але, кажу вам, што і Саламон пры ўсёй славе сваёй не ўбіраўся так, як кажная з іх. Калі-ж зяло палевое, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінена ў печ, Бог так адзяе, то ці-ж не балей таго вас, малаверы?

Дык не клапацецеся, разважаючы: што нас есьці і што піць, ці ў што адзецца? Бо ўсяго гэтага шукаюць і нявернікі; Айцец-жа ваш Нябесны ведае пра ўсе вашыя патрэбы. Шукайце-ж перш Уладарства Божага і Праўды Ягонае, а ўсё іншае прыложыцца вам.

Дык ня турбуйцеся пра заўтрашняе, бо заўтрашняе само за сябе будзе турбавацца; досыць на кажны дзень клопату свайго.

Ня судзеце, каб ня былі суджаны. Бо якім судом судзіце, такім і вас будуць судзіць, і якою меркаю мераеце, такою адмераюць і вам. І што ты ўглядаежся на шчэпку ў воку брата твайго, а палена ў сваім воку не адчуваеш? Або, як скажаш брату свайму: — дай я выйму шчэпку з вока твайго, а вось у тваім воку палена. Крывадушнік! Выкінь перш палена з вока твайго, а тады пабачыш, як дастаць шчэпку з вока брата твайго. Не давайце сьвятога псом, і ня кідайце пэрлаў сваіх перад сьвіньнямі, каб не патапталі іх нагамі сваімі ды, абярнуўшыся, не разарвалі вас.

Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце і знойдзеце, стукайце, і адчыняць вам. Бо кажны, хто просіць — атрымоўвае; і хто шукае — знайходзіць, і хто стукае, таму адчыняюць.

Або, ці ёсьць між вамі такі чалавек, у каго сын папрасіў-бы хлеба, а ён даў-бы яму камень? А калі папрасіў-бы рыбы, даў-бы яму зьмяю? От-жа, калі вы, самі благія, умееце абдорваць добрым дзяцей вашых, тым болей Айцец ваш Нябесны абдорыць добрым тых, хто просіць у Яго.

Гэтак да ўсяго: як вы хочаце, каб з вамі людзі абыходзіліся, так так абыйходзьцеся і вы з імі, бо ў гэтым закон і прарокі. Увайходзьце праз вузкія вароты, бо шырокія вароты, і шырокі той шлях, што вядуць да загібелі, і шматлікія прайходзяць імі. Як-жа вузкія вароты і цесны шлях, якія вядуць у жыцьцё, і мала такіх, якія знайходзяць іх.

Сьцеражэцеся ілжывых прарокаў, якія прыйходзяць да вас у авечай скуры, нутро-ж у іх — ваўкоў драпежных. Па плёнах іхных пазнаеце іх; ці-ж зьбіраюць зь цярніны вінаград, ці з рапаку смоквы? Гэтак, усякае дрэва добрае дае плёны добрыя; благое-ж дрэва дае плёны благія. Ня можа добрае дрэва выдаць ліхія плёны, як ня можа дрэнная дрэва выдаць плёны добрыя. Усякае дрэва, якое не выдае добрага плёну, высякаюць і кідаюць у агонь. Дык па плёнах іхных пазнаеце іх.

Ня ўсякі, хто кажа мне — Госпадзе, Госпадзе! — увойдзе ў Уладарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго Нябеснага.

Многія скажуць Мне ў той дзень: — Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя прарочылі мы? І ці не Тваім імем выганялі злыдухаў, і ці не Тваім імем шмат цудаў тварылі? І тады скажу ім: — Я ніколі ня знаў вас, адступецеся ад Мяне, спраўцы беззаконьня.

Вось-жа, кажнага, хто слухае словы Мае гэтыя і выпаўняе іх, прыпадобню да чалавека мудрага, які збудаваў дом свой на камені. І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і ўсхадзіліся вятры, і наляглі на дом той, і ён не заваліўся, бо пастаўлены быў на камені. Усякі-ж той, хто слухае словы Мае і не выпаўняе іх, прыпадабніцца да чалавека бесталковага, які пабудаваў дом свой на пяску. І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і ўсхадзіліся вятры, і наваліліся на дом той, і ён заваліўся, і вялікая была руіна яго. І калі кончыў Ісус гэтыя словы, народ дзіваваўся з навукі Ягонае. Бо вучыў іх, як Уладарны, і ня так, як кніжнікі і фарысеі.

Калі-ж Ён зыйшоў з гары, усьлед за Ім ішло мноства народу. І вось падыйшоў адзін, заразны праказаю і, кланяючыся Яму, прамовіў: — Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць. Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: — хачу, будзь чыстым. І ў той-жа час ён ачысьціўся ад праказы. І сказаў яму Ісус: — глядзі, нікому не кажы, але пайдзі пакажыся сьвячэньніку, і прынясі дар, як запавядаў у законе Майсей, у засьветчаньне ім.

Калі-ж увайшоў Ён у Капэрнаум, падыйшоў да Яго сотнік, молячы Яго; І кажучы: — Госпадзе! слуга мой ляжыць дома спараліжаваны і цяжка пакутуе. Ісус кажа яму: — Я прыйду і ацалю яго. Сотнік-жа ў адказ сказаў: — Госпадзе! недастойны я таго, каб увайшоў Ты пад страху маю, але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой. Бо і я чалавек падначалены, і пад сабою маю ваякаў; і кажу аднаму — пайдзі, і ён ідзе, і другому — прыйдзі, і прыходзіць, і слузе майму — зрабі гэта — і ён робіць. Пачуўшы гэтае, Ісус задзівіўся і сказаў спадарожнікам Сваім: — папраўдзе кажу вам: і ў Ізраілю не знайшоў Я гэткаі веры. Кажу-ж вам, што многія прыйдуць з Усходу і Захаду і засядуць з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Ўладарстве Нябесным. А сыны ўладарства вычыаныя будуць у цьму прадонную; там будзе плач і скрыгат зубоў. І сказаў Ісус сотніку: — ідзі, і па веры тваёй няхай станецца табе; і ачуняў слуга яго ў тую-ж гадзіну.

Прыйшоўшы ў дом Пятроў, Ісус убачыў цёшчу Пятровую, якая ляжала ў гарачцы. І дакрануўся да рукі яе, і гарачка пакінула яе; яна ўстала і паслугоўвала Яму. Пазьней, увечары, прыводзілі да Яго шматлікіх апанаваных злыдухам, і Ён выгнаў злыдухаў словам і ацаліў усіх надужных. Каб збылося сказанае праз прарока Ісайю, які гаворыць: — Ён узяў на Сябе немачы нашыя, і панёс нядугі нашыя. Калі Ісус пабачыў мноства народу вакол Сябе і воліў (вучням Сваім) адплысьці на другі бок. Тады адзін кніжнік, падыйшоўшы, сказаў Яму: — Вучыцель! пайду за Табою, куды-б Ты ні йшоў. Ісус кажа яму: — лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае дзе прытуліць галаву. Іншы-ж, адзін з вучняў Ягоных, сказаў Яму: — Госпадзе! дазволь мне перш пайсьці пахаваць айца майго. Але Ісус сказаў яму: — ідзі за Мною і прызнач мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў.

І калі Ён увайшоў у лодку, за Ім пайшлі вучні Ягоныя.

І вось усхадзілася вялікая бура на моры, аж хвалі пачалі заліваць лодку; Ён-жа спаў. І, падыйшоўшы, вучні Ягоныя пабудзілі Яго, кажучы: — Госпадзе, ухавай нас — загібаем! І кажа ім: — чаго такія баязьліўцы, малаверы? Тады ўстаў, забараніў вятром і мору, і сталася вялікая ціша. А людзі дзівіліся і гаварылі: Хто-ж ёсьць Ён, што ветры і мора паслушныя Яму?

І калі Ён прыбыў на другі бераг, у краіну Гергесінскую, насустрач Яму выйшлі з магілаў двое апанаванных злыдухам, такія лютыя, што ніхто не адважваўся хадзіць той дарогай. І вось яны закрычалі, кажучы: — што маем мы да Цябе, Сыне Божы? Прыйшоў Ты сюды перадчасна мучыць нас?. Воддаль-жа ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней. І злыдухі прасілі Яго, кажучы: — калі выганіш нас, дык пашлі нас у чараду сьвіньней. І сказаў ім: — ідзеце; яны, выйшаўшы, пайшлі ў стада сьвиное; і вось, увесь гурт сьвіньней рынуўся з крутога берагу ў мора, і затануў у вадзе. Пастухі-ж зьбеглі, і, прыйшоўшы ў места, расказалі пра ўсё, і пра тых, апанаваных злыдухамі. І вось ўсё места выйшла насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб адыйшоў за межы іхныя.

І ўвайшоўшы ў лодку, Ён пераплыў назад і прыйшоў у места Сваё.

І вось прынясьлі да Яго спараліжаванага, паложанага на пасьцелі; Ісус, бачачы веру іхную, сказаў спараліжаванаму: — крапіся, сыне! адпушчаюцца табе грахі твае. Некаторыя-ж кніжнікі разважалі самі ў сабе: — Ён блюзьнерыць. Ісус, ведаючы помыслы іхныя, сказаў: — навошта затаілі злыя мысьлі ў сэрцах вашых? Бо што лягчэй сказаць: — адпускаюцца табе грахі твае, — ці сказаць: устань ды хадзі? Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, — і сказаў спараліжаванаму: — устань, вазьмі пасьцель тваю і йдзі ў дом твой. І той устаў, узяў пасьцель сваю і пайшоў у дом свой. Народ-жа, бачыўшы гэтае, дзівіўся і славіў Бога, што даў такую сілу чалавекам.

Прайходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, званага Мацьвей, які сядзеў на месцы збору мытнага; і кажа яму: — ідзі за Мною; і ён устаў, і пайшоў сьледам за Ім. І калі Ісус сядзеў за сталом у доме, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і селі за стол з Ім і вучнямі Ягонымі. Убачыўшы гэтае, фарысеі сказалі вучням Яго: — чаму Вучыцель ваш есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі? Ісус-жа, пачуўшы, сказаў ім: — не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. Пайдзеце-ж навучэцеся, што значыць — міласьці хачу, а не ахвяры; ня прыйшоў бо Я прызываць праведнікаў, але грэшнікаў да пакаяньня.

Тады прыступілі да Яго вучні Янавы, і кажуць: — чаму мы і фарысеі посьцім шмат, а Твае вучні ня посьцяць? І сказаў ім Ісус: — ці-ж могуць сумаваць сыны бяседы шлюбнае, пакуль з імі жаніх? Але настануць дні, калі адыймецца ад іх жаніх, і тады будуць пасьціць. Ніхто-ж не прыстаўляе латкі з тканіны суравое да старое адзежыны, бо новапрышытае аддзярэцца, і дзіра будзе яшчэ большая. Таксама не ўліваюць віна новага ў мяхі старыя, бо мяхі прарываюцца, і віно выцякае, і мяхі зьнішчацца; але новае віно ўліваецца ў мяхі новыя — і захоўваецца і адно і другое.

Калі Ён гаварыў да іх гэтае, вось начальнік адзін падыйшоў і, кланяючыся Яму, прамовіў: — дачка мая цяпер умірае, але прыйдзі, узлажы на яе руку Тваю, і яна жывой будзе. І ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя. І вось, жанчына, хворая на крывяцечу ўжо дванаццаць гадоў, падыйшла ззаду і дакранулася да краю адзеньня Ягонага. Бо яна думала сабе: — як толькі дакрануся да адзеньня Яго — ачуняю. Ісус-жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: — мацуйся, дачка, вера твая выбавіла цябе; і жанчына стала здаровай з тэй часіны. І калі Ісус прыйшоў у дом начальніка і ўбачыў жалейнікаў і народ у гаманеівай жалобе, Ён сказаў ім: — адыйдзецеся, дзяўчына не памерла, але сьпіць; і сьмяяліся з Яго. Калі-ж народ адправілі, Ён увайшоў, узяў яе за руку — і дзяўчынка ўстала. І разыйшлася чутка пра гэта па ўсёй краіне той.

Калі Ісус адыходзіў адтуль, за Ім ішлі два сьляпыя і голасна ўсклікалі: — зьмілуйся над намі, Ісусе, Сыне Давыдаў! Калі-ж увайшоў Ён у дом, сьляпыя падыйшлі да Яго, і кажа ім Ісус: — ці верыце вы, што Я магу гэта зрабіць вам? яны-ж кажуць Яму: — так, Госпадзе. Тады дакрануўся да вачэй іхных і сказаў: — па веры вашай няхай станецца вам. І адчыніліся вочы іхныя; Ісус-жа цьвёрда прыгаварыў ім: — глядзеце, каб ніхто не даведаўся. А яны, выйшаўшы, разьнесьлі славу пра Яго па усёй краіне. Калі-ж тыя выйходзілі, прывялі да Яго чалавека нямога, які меў злога духа. І калі злы дух выгнаны быў, загаварыў нямы; і народ дзівіўся, кажучы: — ніколі не бывала гэткага ў Ізраілі. А фарысеі гаварылі: — Ён выганяе злыдухаў сілаю князя шатанскага. І хадзіў Ісус па ўсіх местах і вёсках, навучаючы ў сынагогах іхных, абвяшчаючы Евангельле Уладарства і ацаляючы ўсякія нядугі і ўсякія немачнасьці ў людзей.

І гледзячы на грамады людзей, зьлітаваўся над імі, бо былі яны разгубленыя і бязрадныя, як авечкі без пастуха. Тады сказаў вучням Сваім: — жніва вялікае, а працаўнікоў мала. Дык малеце Гаспадара жніва, каб паслаў працаўнікоў на жніва Сваё.

І прыклікаўшы дванаццацёх вучняў Сваіх, даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лекаваць усякі нядуг і ўсякую хвор.

Імёны-ж дванаццацёх апосталаў гэткія: першы Сымон, званы Пятром, і Андрэй, брат яго; Якуб Завядзеяў і Ян, брат яго; Піліп і Баўтарамей, Хама і Мацьвей мытнік, Якуб Алфеяў і Ляўвей, званы Фадзеем; Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і прадаў Яго.

Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: — у дарогу да нявернікаў не выбірайцеся, і ў месты Самаранскія не заходзьце. Валей ідзеце да загінуўшых авец дому Ізраілевага. А праходзячы абьяшчайце, што наблізілася Ўладарства Нябеснае. Хворых ацаляйце, пракажоных ачышчайце, памершых уваскрашайце, злыдухаў выганяйце — дарма дасталі, дарма давайце.

Не бярэце золата, ані срэбра, ані медзі ў паясы вашыя; Ні сумкі ў дарогу, ні дзьвёх рызаў, ні сандаляў, ні кія; годзен бо працаўнік пражываньня свайго. І калі ў якое места ці аселішча прыйдзеце, даведвайцеся, хто ў ім дастойны, там і аставайцеся, пакуль ня выйдзеце. А ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: мір дому гэтаму. І калі дом будзе дастойны, мір ваш зыйдзе на яго; калі-ж ня будзе дастойны, мір ваш да вас вернецца. А калі хто ня прыме вас ці не паслухае словаў вашых, то, выйходзячы з дому ці места таго, атрасеце пыл з ног вашых. Запраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, ніж месту таму.

Вось я пасылаю вас, як авец сярод ваўкоў, будзьце-ж мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы. Сьцеражэцеся людзей, бо аддаваць будуць вас у судзілішчы, і ў сынагогах сваіх будуць пабіваць вас. І павядуць вас да начальнікаў і ўладароў з-за Мяне, дзеля сьветчаньня ім і паганам. Калі-ж выдадуць вас, ня турбуйцеся, што і як гаварыць на той час дасца вам, што прамовіць. Бо ня вы будзеце прамоўляць, але Дух Айца Вашага прамовіць праз вас. Выдасьць-жа брат брата на сьмерць, і бацька дзіця сваё, і дзеці паўстануць на бацькоў і ўсьмерцяць іх. І будзеце зьненавіджаны ўсімі за імя Маё. Але, хто выцерпіць да канца, той збавёны будзе.

Калі-ж будуць гнаць вас у адным месьце, бяжэце ў іншае; запраўды, кажу вам: не абойдзеце яшчэ местаў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы. Ня стаць вучню над надвучыцелем сваім, ці слузе над гаспадаром сваім. Досыць вучню дараўнацца да вучыцеля свайго, а слузе — да гаспадара свайго; калі гаспадара дому вельзэвулам абазвалі, то ці-ж не балей таго хатніх ягоных? Але, ня бойцеся іх: нічога-ж няма сукрытага, каб ня выкрылася, ні тайнага, каб ня выявілася. Што кажу вам упоцемку, гаварэце пры сьвятле; і што на вуха чуеце, абвяшчайце на дахах. І ня бойцеся тых, якія забіваюць цела, а душы ня могуць забіць, але гарэй бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у пекле. Ці-ж не прадаюць дзьве птушынкі за медзяка? І ніводная з іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага. У вас-жа і валасы на галаве палічаны. Дык ня бойцеся, — вы вартасьнейшыя за шмат птушынаў.

Вось жа, кожнага, хто прызнае Мяне прад людзьмі, прызнаю і Я яго прад Айцом Маім Нябесным. А хто адрачэцца ад Мяне прад людзьмі, адракуся і Я яго прад Айцом Маім Нябесным.

Ня думайце, што Я прыйшоў спаслаць супакой на зямлю; не супакой прынясьці прыйшоў Я, але меч. Бо прыйшоў Я разлучыць чалавека з бацькам яго, і дачку з маткаю як, і нявестку з сьвякрывёю яе. І ворагі чалавеку хатнія яго. Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, недастойны Мяне, і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне — недастойны Мяне. І хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе ўсьлед за Мною — недастойны Мяне.

Хто зьберагае душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, зьберажэ яе. Хто прыймае вас, прыймае Мяне, а хто прыймае Мяне, прыймае і Таго, Хто паслаў Мяне. Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастае ўзнагароду прарочую; і хто прыймае праведніка ў імя праведніка, дастае ўзнагароду праведніка. І хто напоіць аднаго з гэтых малых толькі чарай сьцюдзёнай вады ў імя вучня, — праўдзіва кажу вам, ня страціць узнагароды свае.

І было-ж, — калі скончыў Ісус настаўленьні дванаццацём вучняў Сваіх, пайшоў адтуль навучаць і вешчаваць у местах іхных. Ян-жа, дачуўшыся ў вязьніцы пра дзеяньні Ісуса, паслаў двух вучняў сваіх; Каб сказаць: — ці Ты Той, Хто павінен прыйсьці, ці чакаць нам іншага? І сказаў ім Ісус у адказ: пайдзеце, скажэце Яну, што вы чуеце і бачыце. Сьляпыя празраюць, і кульгавыя ходзяць; пракажоныя ачышчаюцца, і глухія чуюць, памершыя ўваскрасаюць і ўбогія дабравесьцяць. І шчасьлівы той, хто не зблазьніцца ўва Мне. Калі-ж яны пайшлі, Ісус пачаў гаварыць народу пра Яна: чаго глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці трысьціну, ветрам хіляную? Дык што глядзець хадзілі вы? ці чалавека у мяккае адзеньне ўбранага? але адзетыя ў мяккае адзеньне ў палацах царскіх знаходзяцца. Але чаго глядзець хадзілі вы? прарока? так, кажу вам, і больш, за прарока. Бо ён той, пра каго напісана: — вось Я пасылаю ангела Майго прад абліччам Тваім, які прыгатуе шлях Твой прад Табою. Папраўдзе кажу вам: з народжаных ад жанчын не паўставаў вялікшы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Уладарстве Нябесным, вялікшы за яго. Ад дзён-жа Яна Хрысьціцеля і дагэтуль Уладарства Нябеснае сілаю цярпеньня здабываецца і моцныя ў наважанасьці здабываюць яго. Бо ўсе прарокі і закон прараклі да Яна. І, калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, каму належыць прыйсьці. Хто мае вушы слухаць, няхай чуе.

Да каго-ж прыпадобню род гэты? Падобен ён да дзяцей, якія пасеўшы на рынку, пераклікаюцца між сабою. Прамаўляючы: мы вам на пішчалках гралі, а вы не танцавалі, — а мы вам жалобу сьпявалі, і вы ня плакалі. Бо вось прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е, і кажуць — ён злыдня мае. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е, і яны кажуць, — ядун і вінасмок, сябра мытнікаў і грэшнікаў; і апраўдана мудрасьць праз дзяцей яе.

Тады пачаў Ісус дакараць гарадам, у якіх найбольш дзеялася цудаў Ягоных, за тое, што не пакаяліся.

Гора табе, Харазіне, гора табе, Віфсаіда! Бо, калі-б у Тыры і Сідоне дзеяліся цуды, якія зьдзеяліся ў вас, то даўно-б яны ў валасяніцы і ў попеле пакаяліся. Але кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сідону ў дзень судны, ніж вам. І ты, Капэрнауме, да неба ўзьняўшыся, да пекла ўпадзеш; бо калі-б у Садоме былі цуды, якія ў табе створаныя, то ён стаяў-бы да сёнешняга дня. Але, кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, ніж табе. У той час, гаворачы далей, Ісус прамовіў: — слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўкрыў гэта ад прамудрых і разумных і адкрыў тое малым. Так, Войча, бо такое было Тваё Дабраволеньне.

Усё Мне перадаў Айцец Мой, і ніхто ня знае Сына, апрача Айца, і Айца ніхто ня знае, апрача Сына, і каму Сын адкрыць захоча. Прыйдзеце да Мяне ўсе струджаныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьмеце ношу Маю на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорнага сэрца, і знойдзеце супакой душам вашым, бо ноша Мая добрая, і цяжар Мой лёгкі.

У тым жа часе праходзіў Ісус паміж у сыботу праз засемнымі, і вучні Ягоныя, згаладаўшыся, пачалі зрываць каласы і есьці. Фарысеі-ж, угледзеўшы гэта, сказалі Яму: вось вучні Твае робяць, чаго не павінны рабіць у сыботу. Ён-жа сказаў ім: хіба-ж вы ня чыталі, што ўчыніў Давыд, калі быў згаладаны сам і тыя, хто быў з ім? Як ён, увайшоўшы ў дом Божы, еў хлябы прынясеньня, якіх не належала есьці ні яму, ні тым, якія былі з ім, а толькі адным сьвятаром? Альбо, ці ня чыталі вы ў законе, што ў сыботу сьвятары ў храме парушаюць сыботу, аднак-жа ня ёсць віннымі? Але, кажу вам, што тут ёсьць Адзін большы за храм. І калі-б вы ведалі, што значыць — міласьці хачу, а не ахвяры — то не асудзілі-б бязьвінных. Бо Сын Чалавечы ёсьць гаспадаром і сыботы.

І, адыйшоўшы адтуль, увайшоў у іхную сынагогу. Быў-жа там чалавек сухарукі; і спыталіся ў Ісуса, каб знайсьці віну на Ім, ці можна ацаляць у сыботы? Ён-жа сказаў ім: — хто з вас, маючы адну авечку, каб яна ў сыботу ўваліца ў яму, ня вазьме яе і ня выцягне? На колікі-ж чалавек вартасьнейшы за авечку! дык дабро тварыць і ў сыботу можна. Тады кажа чалавеку таму: — выцягні руку тваю; той вытягнуў, — і стала яна здаровая, як і другая.

Фарысеі-ж, выйшаўшы, вялі змову супраць Яго, як-бы загубіць Яго, але Ісус, ведаючы гэта, адыйшоў адтуль.

І пайшло за Ім мноства народу, і ацаліў іх усіх. І забараніў ім выяўляць Яго.

Каб збылося сказанае праз прарока Ісайю, які гаварыць: — Вось Юнак Мой, Якога я выбраў, Улюбёны Мой, Яму-ж дабраволіць душа Мая; палажу Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд. Не запярэчыць ня ўзьніме голасу Свайго, і ніхто не пачуе на вуліцы голасу Яго. Трысьціны надламанай не пераломіць, і лёну тлеючага не загасіць, пакуль не давядзе суду да перамогі. І на імя Яго будуць надзейныя народы.

Тады прывялі да Яго апанаванага злыдухам сьляпога і нямога, і ацаліў яго: гэтак, што сьляпы і нямы стаў і бачыць і гаварыць. І падзіўляліся ўсе людзі, гаворачы: — ці ня гэта Хрыстос, Сын Давыдаў? Фарысеі-ж, пачуўшы гэта, сказалі: — Ён выганяе злыдухаў няйначай, сілаю Вэльзевула, князя шатанскага. Але Ісус, ведаючы помыслы іх, сказаў ім: — усякае гаспадарства, разьдзяліўшыся само ў сабе, разваліцца; і ўсякае места ці дом, разьдзяліўшыся сам у сабе, ня ўстоіць. І калі шатан шатана выганяе, то ён падзяліўся сам у сабе; як-жа можа ўстаяць уладарства яго? І калі Я сілаю Вэльзевула выганяю злыдухаў, то чыёю сілаю выганяюць сыны вашыя? дзеля таго яны будуць вам судзьдзямі? А калі Я сілай Духа Божага выганяю злыдухаў, то пэўна дайшло да вас Уладарства Божае. Або, як можа хто увайсьці ў дом асілка і абрабаваць дабро яго, калі перш ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом яго. Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто ня зьбірае са Мною, той растрачвае.

Дзеля таго кажу вам: усякі грэх і зьнявага адпусьцяцца чалавекам, але блюзьнерства на Духа Сьвятога не адпусьціцца чалавекам. І калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, даруецца яму, а калі хто скажа супраць Духа Сьвятога, не даруецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым. Або прызнайце дрэва добрым, і плод яго добрым, альбо прызнайце дрэва дрэнным, і плод яго дрэнным, бо па плодзе пазнаецца дрэва. Параджэньне гадаўя! як вы можаце гаварыць добрае, калі самі злыя? бо ад паўніні сэрца прамаўляюць вусны. Добры чалавек з добрае скарбніцы выносіць добрае, а паганы чалавек з дрэннае скарбніцы свае выносіць ліхое. Кажу-ж вам, што за ўсякае пустаслоўе, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны. Бо паводле слоў сваіх апраўданы будзеш, і паводле слоў сваіх асуджаны будзеш.

Тады некаторыя з кніжнікаў і фарысеяў, пытаючыся, сказалі: Вучыцель! хочацца нам знаменьне ад Цябе пабачыць. Ён-жа ў адказ сказаў ім: — род златворны і чужаложны знаменьня шукае, але знаменьне яму ня будзе дадзена, апрача знаменьня Йоны прарока. Бо, як Йона быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. Мужы Ніневійскія паўстануць на суд з родам гэтым, і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навучэньня Йонінага; і вось тут большае за Йону. Каралева паўднёвая паўстане на суд з родам гэтым і засудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямонавае; і вось тут большае за Салямона. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, сноўдаецца па сухазем’і, шукаючы супакою, і не знаходзіць. Тады кажа — вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў; і прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, падмеценым і прыбраным. Тады йдзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, больш лютых за сябе, і яны ўвайходзяць і жывуць там; і становіцца чалавеку таму апошняе горшым за першае; так будзе і роду гэтаму златворнаму.

Калі-ж Ён яшчэ гаварыў да народу, Маці Яго і браты Яго стаялі вонках, чакаючы, каб пагаварыць з Ім. І нехта сказаў Яму: — вось Маці Твая і браты Твае стаяць вонках, хочуць гаварыць з Табою. Ён-жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму сказаў: — хто Маці Мая? хто браты Мае? І, паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: — вось Маці Мая, і браты Мае; Бо хто будзе выпаўняць волю Айца Майго Нябеснага, той брат Мой, і сястра, і маці.

У той-жа дзень Ісус, выйшаўшы з дому, сеў пры моры. І зыйшлося да Яго мноства народу; тады Ён увайшоў у лодку і сеў, а ўся грамада народу стаяла на беразе. І шмат гаварыў ім прыпавесьцямі, кажучы:

Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі ён сеяў, некаторае насеньне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі яго. Іншае ўпала на грунт камяністы, дзе было мала зямлі, і незабавам узыйшло, бо зямля была няглыбокая. Калі-ж засьвяціла сонца, завяла, і ня меўшы караня, засохла. Іншае ўпала ў цярніну, і цярніна разросшыся, заглушыла яго. Каторае-ж упала ў добрую зямлю, дало плён: адно ў стакроць, іншае ў шэсьцьдзесят, іншае ў трыццаць. Хто мае вушы слухаць, няхай чуе.

І падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: — чаму гаворыш да іх прыпавесьцямі? Ён-жа ў адказ сказаў ім: — дзеля таго, што вам дадзена разумець тайны Уладарства Нябеснага, ім-жа ня дадзена. Бо хто мае, таму дадасца і прыспорыцца, а хто ня мае, у таго адыймецца і тое, што мае. Дзеля таго гавару ім прыпавесьцямі, што яны гледзячы ня бачаць і слухаючы ня чуюць, і не разумеюць. І збываецца над імі прароцтва Ісаі, які кажа: — слухам пачуеце і не зразумееце, і, зрокам глядзець будзеце, і ня ўбачыце. Бо агрубела сэрца людзей гэтых, — і вушыма цяжка чуюць, і вочы зажмурылі, каб нічога ня бачыць вачама і не пачуць вушама ды не ўразумець сэрцам і не навярнуцца, каб Я ацаліў іх. Вашыя-ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы вашыя, што чуюць. Папраўдзе кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць, што вы бачылі, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі. Вы-ж выслухайце прыпавесьць пра сейбіта. Да ўсякага, хто слухае слова пра Ўладарства і не разумее яго, прыйходзіць златворца і выхоплівае пасеянае ў сэрцы яго; вось гэта азначае пасеянае пры дарозе. А пасеянае на камяністым грунце азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасьцю прыймае яго, Але ня мае карэньня ў сабе і нясталы: калі надыйходзяць турботы альбо ганеньне за слова, зараз-жа адступаецца. Пасеянае ў цярніне азначае таго, хто чуе слова, але клопаты веку гэтага і зманлівасьць багацьця заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным. Пасеянае-ж у добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, і гэткі прыносіць плён і выдае: — адзін стакроць, іншы шэсьцьдзесят, а іншы трыццаць.

Іншую прыпавесьць падаў ім, кажучы: Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім. Калі людзі спалі, прыйшоў вораг яго і ўсеяў дурна'ян між пшанцай, і адыйшоў. А калі ўзрасла рунь і закаласіла, тады зьявіўся і дурна'ян. Тады слугі гаспадара, прыйшоўшы, сказалі яму: — гаспадару! ці-ж ня добрае насеньне сеяў ты на полі сваім? скуль-жа ўзяўся дурнап'ян? Ён-жа сказаў ім: — вораг учыніў гэта, і сказалі яму слугі: — калі хочаш, пойдзем, выпалем яго. Але Ён сказаў ім: не, Каб, вырываючы пустазельле, не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расьці абаім разам аж да жніва; а ў часе жніва скажу жнацом: — зьбярце перш дурнап'ян і зьвяжэце яго ў пукі, каб спаліць яго, а пшаніцу зьбярэце ў гумно маё.

Іншую прыпавесьць падаў ім, кажучы: "Уладарства Нябеснае падобна да зярняці гарчычнага, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім. Яно меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырасьце, то большае за ўсякую палявую расьліну, і становіцца як дрэва, і птушкі нябесныя хаваюцца ў ветках яго". Яшчэ іншую прыпавесьць сказаў Ён ім: Уладарства Нябеснае падобна да закісі, якую жанчына ўзяла і палажыла ў тры меркі мукі, пакуль не закісла ўсё. Усё гэта Ісус гаварыў народу прыпавесьцямі, а бяз прыпавесьцяў нічога не гаварыў ім. Каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць: — адчыню ў прыпавесьцях вусны Мае, выражу сукрытае ад стварэньня сьвету.

Тады, адпусьціўшы народ, Ісус увайшоў у дом. І прыступілі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: — растлумач нам прыпавесьць пра пустазельле. Ён-жа ў адказ сказаў ім: — сейбіт добрага насеньня — Сын Чалавечы. А поле — гэта сьвет; добрае насеньне — гэта сыны Ўладарства; а пустазельле — сыны златворнага. Вораг, які насеяў іх — гэта злыдух; жніва — гэта сканчэньне веку, а жанцы — ангелы. От-жа, як зьбіраюць пустазельле і агнём спальваюць, так будзе пры сканчэньні веку гэтага. Пашле Сын Чалавечы ангелаў Сваіх, і зьбяруць у Ўладарстве Ягоным усё спакуты і стваральнікаў беззаконьня. І ўрынуць іх у печ агнявую, там будзе плач і скрыгат зубоў. Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца, у Ўладарстве Айца іх; хто мае вушы слухаць, няхай пачуе.

Яшчэ падобнае Уладарства Нябеснае да скарбу, схаванаму ў полі, і той, хто знайшоў яго, утаіў, і з радасьці ад гэтага, ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое. Яшчэ падобнае Уладарства Нябеснае да чалавека-купца, які шукае прыгожых пэрлаў, І знайшоўшы адну дарагую пэрліну, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе. Яшчэ падобнае Ўладарства Нябеснае да невада, зацягненага ў мора, які зачэрпаў рознага сорту рыбы. І калі ён напоўніўся, выцягнулі яго на бераг і, сеўшы, добрае адабралі ў судзьдзё, а благое выкінулі вон. Гэтак будзе пры сканчэньні веку: сыйдуць ангелы і вылучаць злых спасярод праведных. І ўкінуць іх у печ агністую — там будзе плач і скрыгат зубоў". І кажа ім Ісус: — ці зразумелі вы ўсё гэта? кажуць Яму: так, Госпадзе! Ён-жа сказаў ім: — дзеля гэтага ўсякі кніжнік, які які быў навучаны пра Ўладарства Нябеснага, падобны да гаспадара дому, які выносіць з свае кладоўкі і новае і старое.

І было-ж, калі Ісус скончыў прыпавесьці гэтыя, адыйшоў адтуль. І прыйшоўшы на бацькаўшчыну сваю, навучаў іх у сынагогах іхных, і дзівіліся яны і гаварылі: — адкуль у Яго мудрасьць такая і сілы? Ці-ж ня цесьляў Ён сын? Ці-ж ня Маці Яго завецца Марыя, і браты Яго — Якуб і Йосія, і Сыман і Юда? І сёстры Яго ці-ж ня ўсе між намі? скуль-жа ў Яго ўсё гэта? І блазнавалі над Ім, Ісус-жа сказаў ім: — ня бывае прарока без павагі, хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім. І не стварыў там шмат цудаў дзеля няверніцтва іхнага.

У той час Ірад чацьвертаўладнік, пачуўшы пра Ісуса, Сказаў сваім службоўцам: — гэта Ян Хрысьціцель; ён уваскрос з мертвых, і таму цуды дзеюцца праз яго. Бо Ірад схапіў Яна, зьвязаў яго і пасадзіў у вязьніцу за Ірадыяду, жонку Піліпа, брата свайго. Ян-жа гаварыў яму: не ў законе табе мець яе. І хацеў забіць яго, але баяўся народу, бо яго ўважалі за прарока. Калі-ж быў дзень народзін Ірада, дачка Ірадыяды танцавала сярод іх, і дагадзіла Іраду. Ён, пакляўшыся, абяцаў ёй даць, чаго-б яна ні папрасіла. Яна-ж, падвучаная маткаю сваею, сказала: — дай мне тут на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля. І засмуціўся кароль, але з увагі на кляцьбу і на гасьцей сваіх, загадаў даць ёй. І паслаўшы, сьцяў галаву Яна ў вязьніцы. І прынясьлі галаву яго на талерцы і далі дзяўчыне, а яна занесла маці сваёй. Вучні-ж ягоныя, прышоўны, ўзялі цела яго і пахавалі яго ды пайшлі паведамілі Ісуса. Пачуўшы гэтае, Ісус аддаліўся адтуль на лодцы адзінотна ў месца бязьлюднае; народ-жа, дачуўшыся, пайшоў за Ім з местаў пехатою.

І, выйшаўшы, Ісус убачыў грамады народу; і зьлітаваўся над імі, і ацаліў нядужных іхных. Калі-ж настаў вечар, прыступілі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: — месца тут пустыннае, а пара ўжо позьняя, — адпусьці народ, каб пайшлі ў аселішчы купіць сабе ежы. Ісус-жа сказаў ім: — не патрабуюць яны ісьці, вы дайце ім есьці. Яны-ж кажуць Яму: — ня маем мы, у нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы. І Ён сказаў: — прынясеце Мне іх сюды. Тады сказаў народу супачыць на траве; і ўзяўшы пяць хлябоў і аебдзьве рыбы, узглянуў на неба, дабрасловіў і, паламаўшы, даў вучням хлябы, а вучні — народу. І елі ўсе да задаволеньня, і назьбіралі астачы дванаццаць карабоў поўных. А ела-ж блізу пяці тысяч мужчын, апрача жанчын і дзяцей.

І зараз-жа сказаў Ісус вучням Сваім увайсьці ў лодку і плысьці перш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьціць народ.

І, адпусьціўшы народ, узыйшоў на гару памаліцца на самоце, і да позьняга вечара аставаўся там адзін. А лодка была ўжо пасярод мора, падбіваны хвалямі, бо вецер быў супраціўны. У чацьвертую старожу ночы, Ісус пайшоў да іх, ідучы па моры. Вучні-ж Ягоныя, убачыўшы хадзячага па моры, сумеліся і гаварылі, што гэта здань, і ад страху закрычалі. Ісус адразу-ж адазваўся да іх, кажучы: — бадзёрцеся, гэта Я, ня бойцеся. Тады Пётра сказаў Яму ў адказ: Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе. І Ён сказаў: — прыйдзі, — і выйшаўшы з лодкі, Пётра пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Ісуса. Але, гледзячы на моцны вецер, спужаўся і стаў тануць ды загаласіў, прамовіўшы: — Госпадзе! уратуй мяне. Ісус ураз-жа працягнуў руку, падтрымаў яго і кажа яму: — малаверны, чаму-ж ты сумляваўся? І калі яны ўвайшлі ў лодку, вецер сьціх. А тыя, якія былі ў лодцы, падыйшоўшы пакланіліся Яму і сказалі: — запраўды, Ты — Сын Божы. І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Гэнісарэцкую.

Жыхары той мясцовасьці, як толькі пазналі Яго, апавесьцілі па усей краіне той, і прынесьлі да Яго ўсіх хворых. І ўпрашалі Яго каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся ацаленыя былі.

Тагды прыйходзяць да Ісуса з Ерусаліму кніжнікі і фарысеі і кажуць: — Чаму вучні Твае пераступаюць пераданьні старэйшых: ня мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб? Ён-жа ў адказ сказаў ім: — чаму-ж і вы пераступаеце запавет Божы дзеля пераданьня свайго? Бог запавядаў: — шануй айца твайго і маці тваю, і — хто надругаецца над айцом ці маці, няхай сьмерцяй памрэ. Вы-ж кажаце: — хто скажа айцу свайму, ці маці: — Богу ахвяравана тое, чым-бы ты ад мяне мог карыстацца. — Тады ўжо той можа і не ўшаноўваць айца свайго, ці маці свае; і зьняважылі запавет Божы пераданьнем сваім. Аблыжнікі! добра праракаваў пра вас Ісайя, кажучы: — Збліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі, і языком шануюць Мяне, сэрца-ж іхнае далёка стала ад Мяне. Але дарма ўшаноўваюць Мяне, пашыраючы навукі і запаветы чалавечыя. І, пазваўшы да Сябе народ, сказаў ім: — слухайце і разумейце. Ня тое, што ў вусны ўвайходзіць, апаганьвае чалавека, але тое, што з вуснаў выйходзіць, апаганьвае чалавека.

Тады вучні Ягоныя, падыйшоўшы, сказалі Яму: — ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, абразіліся. Ён-жа ў адказ сказаў: — усякая расьліна, якой Айцец Мой Нябесны не насаджаў, выкаранена будзе. Пакіньце іх, яны сьляпыя правадыры сьляпых, а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ў яму ўпадуць. Пётра-ж, азваўшыся, сказаў Яму: — растлумач нам прыпавесьць гэтую. І сказаў Ісус: — ці-ж і вы ня маеце розуму? Ці-ж не разумееце, што ўсё прынятае ў вусны ў жывот прайходзіць ды вон выкідаецца. А што з вуснаў, тое з сэрца выходзіць, і гэта апаганьвае чалавека. Бо з сэрца выходзяць злыя помыслы, забойствы, чужаложствы, блудадзеяньні, зладзействы, аблыжніцтвы, блюзьнерствы. Гэта апаганьвае чалавека, а есьці з нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека.

І выйшаўшы адтуль, Ісус адыўшоў у землі Тырскія і Сідонскія.

І вось жанчына хананеянка, выйшаўшы з тых аколіц, галасіла да Яго: — зьмілуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давыдаў: дачка мая цяжка мучыцца ад нячыстага. Ён-жа не адказаў ёй ні слова; і вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: — адпусьці яе, бо галосіць усьлед за намі. Ён-жа ў адказ сказаў: — Я пасланы толькі за загінутых авечак дому Ізраілевага. Але яна, падыйшоўшы, кланялася Яму і гаварыла: — Госпадзе! памажы мне. Ён-жа ў адказ сказаў: — нядобра адыймаць хлеб у дзяцей ды кідаць шчанятам. Яна-ж сказала: — так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія спадаюць ад стала гаспадароў. Тады, ў адказ, Ісус сказаў ёй: — о, жанчына! вялікая вера твая, няхай будзе табе подле жаданьня твайго; і ацалілася дачка яе ад тэй часіны.

Адыйшоўшы адтуль, Ісус прыйшоў да мора Галілейскага, і ўзыйшоўшы на гару, сеў там. І надыйшло да Яго мноства народу, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і палажылі іх да ног Ісусавых, і Ён ацаліў іх. І дзіваваўся народ, пабачыўшы, што нямыя сталі гаварыць, какалечаныя сталі здавовымі, кульгавыя пачалі хадзіць і сьляпыя — бачыць, і славілі Бога Ізраілевага.

Ісус-жа, падазваўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада мне народу, што ўжо тры дні прабылі пры Мне, і ня маюць чаго есьці; адпусьціць-жа іх галодных ня хачу, каб не аслабелі ў дарозе. І кажуць Яму вучні Яго: — скуль-жа нам у пустыні узяць гэтулькі хлеба, каб накарміць гэткую грамаду? Ісус гаворыць ім: — колькі маеце хлебаў? яны-ж сказалі — сем і крыху рыбак. Тады загадаў народу прылегчы на зямлі. І ўзяўшы сем хлябоў і рыбу ды ўзьнёсшы хвалу, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні — народу. І елі ўсе, і пад'елі, і набралі астачы сем поўных карабоў. Было-ж усіх ядуноў — чатыры тысячы мужчын, апрача жанчын і дзяцей. І адпусьціўшы народ, увайшоў у лодку і прыбыў ў аколіцы Магеданскія.

І прыступілі да Яго фарысеі і садукеі ды спакусьліва прасілі Яго паказаць ім знаменьні з неба. Ён-жа ў адказ сказаў ім: — увечары вы кажаце — будзе пагода, бо неба чырвеніцца. А раніцай кажаце: Сёньня непагадзь, бо неба багрыцца і захмурваецца. Крывадухі! воблік неба распазнаць умееце, а знаменьняў часу пазнаць ня можаце. Род ілжывы і чужаложны знаменьняў шукае, але знаменьне ня дасца яму, апрача знаменьня Йоны прарока; і пакінуўшы іх, адыйшоў. Калі перабраліся на другі бок мора, вучні Яго забыліся ўзяць хлебы.

Ісус-жа сказаў ім: — глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарысейскай і садукейскай.

І яны думалі сабе, разважаючы: — гэта значыць, што мы хлябоў не ўзялі. Але Ісус, ведаючы гэта, сказаў ім: — што разважаеце ў сабе, малаверныя, што хлебоў не ўзялі? Ці яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысячаў, і колькі карабоў назьбіралі? Альбо пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі карабоў назьбіралі? Як-жа не разумееце, што не пра хлеб гаварыў Я вам — сьцеражэцеся закісі фарысейскай і садукейскай. Тагды яны зразумелі, што казаў ім сьцерагчыся ня закісі хлебнай, але навукі фарысейскай і садукейскай.

Прыйшоўшы ў землі Кесарыі Піліпавае, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх: — за каго людзі прызнаюць Мяне, Сына Чалавечага? Яны сказалі: — адны за Яна Хрысьціцеля, іншыя за Ільлю, а яшчэ іншыя за Ерамію, альбо за аднаго з прарокаў. Кажа ім Ісус: — а вы за Каго Мяне прызнаеце? І, адказваючы, Сымон Пётра сказаў: — ты Хрыстос, Сын Бога Жывога. Ісус прамовіў яму ў адказ: — шчасьлівы ты, Сымоне, сын Йонін, бо ня цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой Нябесны. І Я кажу табе: Ты Пётра — камень, і на гэтым камені пастаўлю Царкву Маю, і моц пякельная не адолее яе.

І дам табе ключы Ўладарства Нябеснага, і што зьвязаш на зямлі, будзе зьвязана ў нябёсах, і што разьвяжаш на зямлі, будзе разьвязана і ў нябёсах.

Тады Ісус забараніў вучням Сваім гаварыць, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос. З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Яму належыць іці ў Ерусалім і штам пацярпець ад старэйшын і архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскроснуць. Пётра-ж, адазваўшы Яго, стаў угаворваць Яго, кажучы: — зьмілуйся над Сабой, Госпадзе, няхай ня станецца гэтага з Табою. Ён-жа, абярнуўшыся, сказаў Пятру: — адыйдзі ад Мяне, шатане! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра Божае, але пра чалавечае.

Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча йсьці за Мною, адрачыся самога сябе і возьмі крыж свой ды йдзі сьледам за Мною.

Бо хто хоча душу сваю зьберагчы, загубіць яе, а хто карысьць чалавека, калі-б ён здабыў увесь сьвет, а душу сваю зьвярэдзіў? або які выкуп дасьць чалавек за душу сваю? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі, і тады ўздасьць кажнаму подля ўчынкаў яго. Папраўдзе кажу вам: ёсьць некаторыя з тых, якія тут стаяць, што не зазнаюць сьмерці, як ужо ўбачаць Сына Чалавечага, калі прыйдзе ў Уладарстве Сваім.

Пасьля шасьцёх дзён узяў Ісус Пятра, Якуба і Яна, брата яго, і ўзьвёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся прад імі, і зазьзяла аблічча Ягонае, як сонца, адзеньне-ж Яго сталася белаю, як сьвятло. І вось зьявіліся ім Майсей і Ільля, размаўляючы з Ім. І Пётра, азваўшыся да Ісуса, сказаў: — Госпадзе! Добра нам тут быць, калі хочаш, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і адну Ільлі. Калі ён яшчэ гаварыў, вось воблака сьветлае ахінула іх, і голас з воблака прамаўляючы: — Гэта Сын Мой Улюблены, у Ім Маё Дабраваленьне, Яго слухайце. І пачуўшы, вучні ўпалі ніцма і моцна перастрашыліся. Але Ісус, падыйшоўшы, дакрануўся да іх і сказаў: — устаньце і ня бойцеся. Узьняўшы-ж вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, апрача аднаго Ісуса. І калі зыйходзілі з гары, Ісус засьцярог іх, кажучы: — Нікому не гаварэце пра гэтае відзеньне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскросьне з мёртвых.

І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: — чаму кніжнікі гавораць, што Ільлі першаму належыць прыйсьці. Ісус-жа ў адказ сказаў ім: — так, Ільля павінны прыйсьці перш і ўладзіць усё. Але кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго і ўчынілі з ім, як хацелі; гэтак і Сын Чалавечы пацярпіць ад іх. Тады вучні зразумелі, што пра Яна Хрысьціцеля гаварыў ім.

І калі яны падыйшлі да народу, падышоў да Яго чалавек, і падаючы прад Ім на калені, гаварыў: — Госпадзе! зьлітуйся над сынам маім: ён у маладзіку упадае ў шал, і цяжка пакутуе, бо часта кідаецца ў агонь, і часта ў ваду. Я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і не маглі яго ацаліць. Ісус-жа, адказваючы, сказаў: — о, родзе няверны і распусны! дакуль буду з вамі, дакуль буду цярпець вас? прывядзеце яго да Мяне сюды. І забараніў яму Ісус, і выйшаў злыдух з юнака, і юнак стаў здароў у той-жа час.

Тады вучні, падыйшоўшы да Ісуса на самоце, сказалі: — чаму мы не змаглі выгнаць яго? І адказаў ім Ісус: — з-за нявер’я вашага; бо, запраўды кажу вам: — калі будзеце мець веру хоць з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: — перайдзі адсюль туды, — яна пярэйдзе, і нічога ня будзе немагчымага для вас. Гэты-ж род ня выйходзіць і начай, як толькі малітваю і постом. У час быцьця іх у Галілеі Ісус сказаў ім: — Сын Чалавечы праданы будзе ў рукі чалавечыя. І заб’юць Яго і на трэйці дзень уваскросьне; і яны моцна засмуціліся.

Калі-ж прыйшлі яны у Капэрнаум, то падыйшлі да Пятра зборшчыкі дыдрахмаў і сказалі яму: — ці ня дасьць ваш Вучыцель дыдрахмы? І ён сказаў: так, і калі ўвайшоў у дом, Ісус папярэдзіў яго, кажучы: — як табе думаецца, Сымоне, уладары зямныя з каго бяруць дадіну ці падатак: з сваіх сыноў ці з чужых? Пётра сказаў Яму: — з чужых. Ісус-жа сказаў: — значыць, сыны вольныя. Але, каб нам іх ня зьняважыць, пайдзі на мора, закінь вуду, і першую злоўленую рыбу вазьмі, і адчыніўшы ёй рот, знойдзеш статыр; вазьмі яе і аддай ім за Мяне і за сябе.

У той час падыйшлі да Ісуса вучні Ягоныя, кажучы: — хто ёсьць большы у Ўладарстве Нябесным? Ісус, паклікаўшы дзіця, паставіў яго сярод іх. І сказаў: — папраўдзе кажу вам, калі не навернецеся і ня станеце, як дзеці, ня ўвойдзеце у Ўладарства Нябеснае. Вось-жа, хто зьнізіцца, як гэтае дзіцятка, той большы ёсьць у Ўладарстве Нябесным. І хто прыйме адно з гэткіх малых у Імя Маё, той Мяне прыймае. А хто-б зьняверыў адно з гэтых малых, верных Мне, лепш было-б яму, каб завесілі жарновы камень на шыю яго і затапілі ў глыбіні морскай. Гора сьвету ад спакусаў, бо хоць мусяць прыходзіць спакусы, але гора таму чалавеку, праз якого спакусы прыходзяць. Калі-ж рука твая ці нага твая спакушае цябе, адсячы іх і адкінь ад сябе: валей табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі ці без нагі, чым з дзьвюма рукамі і дзьвюма нагамі быць укінутым у агонь вечны. І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: валей табе з адным вокам увайсьці ў жыцьцё, ніж з двама вачыма быць укіненым у агонь пякельны.

Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых, бо, кажу вам, Ангелы іх у нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага. Бо Сын Чалавечы прыйшоў адшукаць і выбавіць загінуўшае.

Як вам думаецца? калі-б нехта меў сто авец, і адна з іх заблукалася: ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзевяць у горах, і ці ня пойдзе шукаць заблуканую? І калі ўдасца яму адшукаць яе, то, запраўды кажу вам, ён узрадуецца ёй больш, ніж дзевяцьдзесят дзевяцём незаблуканым. Гэтак, няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых. Калі-ж згрэшыць супроць цябе брат твой, пайдзі і вымаві яму між табою і ім адным; калі паслухае цябе, то ты здабыў брата твайго. Калі-ж не паслухае цябе, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сьветак пацьвердзілася ўсякае слова. Калі-ж і іх не паслухае, то скажы царкве, а калі і царквы не паслухае, няхай будзе ён табе як паганін і мытнік.

Запраўды кажу вам: усё, што зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана і ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана і ў небе. Таксама праўдзіва кажу вам: калі двое з вас згодныя будуць ў тым, чаго хочуць прасіць, то ўсё, чаго папросяць, дадзена будзе ім ад Айца Майго Нябеснага. Бо калі двое ці трое злучацца ў імя Маё, там і Я пасярод іх.

Тады Пётра прыступіў да Яго і сказаў: Госпадзе! колькі разоў дараваць брату майму, калі ён згрэшыць супраць мяне? ці да сямёх разоў? Ісус кажа яму: — не кажу табе да сямёх, але да сямёх па семдзесят разоў.

Дзеля таго Ўладарства Нябеснае падобна да ўладара, які захацеў разлічыцца з слугамі сваімі. Калі-ж ён стаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысяч талентаў. І калі ён ня меў чым аддаць, то гаспадар ягоны загадаў прадаць і яго, і жану, і дзяцей іхных, і ўсё, што меў, і заплаціць. Тады слуга той упаў прад ім і, кланяючыся яму, прасіў: гаспадару, пачакай мне, і ўсё табе аддам. Зьлітаваўся гаспадар слугі таго, адпусьціў яго, і дараваў яму доўг. Слуга-ж той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з сяброў сваіх, які быў вінен яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, стаў душыць, кажучы: — аддай мне, што вінен. Тады сябра яго ўпаў да ног ягоных і прасіў яго, кажучы: — пачакай мне, і ўсё аддам табе. Але той не захацеў і пайшоў пасадзіў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўг. Сябры-ж яго, пабачыўшы, што здарылася, моцна засмуціліся і прыйшлі, расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася. Тады гаспадар ягоны паклікае яго і кажа яму: — слуга нягодны! увесь доўг той дараваў я табе, бо ты ўпрасіў мяне. Ці-ж не належала і табе зьмілавацца над сябрам тваім, як і я зьмілаваўся над табою? І ўгнявіўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго на катавальнікам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны ўчыніць вам, калі кажны з вас ад сэрца свайго не адпусьціць брату свайму правінаў ягоных.

І было-ж, калі кончыў Ісус гэтыя словы, тады выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія на другі бок Йордану. За Ім ішло многа людзей, і ацаліў іх там.

І прыступілі да Яго фарысеі ды, спакушаючы Яго, гаварылі Яму: — ці вольна чалавеку з якой небудзь прычыны разводзіцца з жаною сваёю. Ён-жа ў адказ сказаў ім: — ці вы ня чыталі, што Стварыцель напачатку стварыў іх, як мужчыну і жанчыну. І сказаў: — дзеля таго пакіне чалавек айца свайго і маці і злучыцца з жаною сваёю, і будуць двое ў адно цела. Гэтак, яны ўжо ня двое, але адно цела, от-жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае. Яны кажуць Яму: — як-жа Майсей запавядаў даваць разводны ліст і адпусьціць яе? Ён-жа сказаў ім: — Майсей дзеля жорсткасьці сэрцаў вашых дазволіў вам пакідаць жоны вашыя, а на пачатку гэтак ня было. Але кажу вам: хто разьвядзецца з жаною сваёю, апрача прычыны блудадзеяньня, і ажэніцца з іншаю, той блудадзейнічае, і хто ажэніцца з разьведзенай — блудадзейнічае. Кажуць Яму вучні Ягоныя: — калі гэтакі абавязак у чалавека да жаны, то лепш не жаніцца. Ён-жа сказаў ім: — ня ўсім дасяжнае разуменьне слоў гэтых, але каму дадзена. Бо ёсьць лягчаныя, якія з улоньня маці радзіліся такімі, і ёсьць лягчаныя ад людзей, і ёсьць лягчаныя, якія самі сябе ачысьцілі дзеля Ўладарства Нябеснага; можа гэта дайходзіць, няхай успрыйме.

Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён узлажыў на іх рукі і памаліўся; вучні-ж забаранялі ім. Але Ісус сказаў ім: — пусьцеце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо гэткіх ёсьць Уладарства Нябеснае. І ўзлажыўшы на іх рукі, адыйшоў адтуль.

І вось адзін нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: Вучыцель добры! што дабрае зрабіць мне, каб мець жыцьцё вечнае? Ён-жа сказаў яму: — чаму ты завеш Мяне добрым? ніхто ня добры, апрача Аднаго — Бога; калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, трымайся запаветаў. І той кажа — якіх? Ісус-жа сказаў: — не забівай, не блудадзейнічай, не крадзі, ня сьветчы фальшыва. Шануй айца і маці і любі бліжняга твайго, як самога сябе. Кажа Яму юнак: — усяго гэтага я трымаюся ад юнацтва майго, чаго яшчэ мне нестае? Ісус кажа яму: — калі хочаш быць дасканалым, пайдзі, прадай маёмасьць тваю і раздай бедным і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь ды йдзі за Мною. І юнак, пачуўшы гэтае слова, адыйшоў у засмучэньні, бо меў вялікую маёмасьць. Ісус-жа сказаў вучням Сваім: — запраўды, кажу вам, цяжка ўвайсьці багатаму у Ўладарства Нябеснае. І яшчэ кажу вам: — лягчэй вярблюду прайсьці праз ігольчына вушка, чым багатам ўвайсьці у Ўладарства Нябеснае. Пачуўшы гэтае, вучні Ягоныя моцна зьдзівілся йі гаварылі: — хто-ж тады можа быць збавёны? Узглянуўшы на іх, Ісус сказаў: — у людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма.

Тады Пётра, адазваўшыся, сказаў Яму: — вось мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою, што-ж будзе нам? Ісус-жа сказаў ім: — запраўды, кажу вам, што вы, пайшоўшы за Мною, у будучым жыцьці, калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе славы Сваёй, сядзеце таксама на дванаццацёх пасадах судзіць дваннаццаць родаў Ізраілевых. І кажны, хто пакінуў дом, ці братоў і сёстраў, ці айца, ці маці, ці жану, ці дзяцей, ці землі дзеля Імя Майго, — атрымае стокроць і здабудзе жыцьцё вечнае. І шмат хто з першых стануцца апошнімі, апошнія-ж першымі.

Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека-гаспадара, які раньнім ранкам выйшаў наняць работнікаў у вінаграднік свой. І ўмовіўшыся з імі па дынару на дзень, паслаў іх у вінаграднік свой. І выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў іншых, якія бяз дзела стаялі на рынку. І тым сказаў: — ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што будзе належаць, дам вам; яны пайшлі. І зноў выйшаў каля гадзіны шостай і дзявятай і зрабіў таксама. І яшчэ выйшаў каля адзінаццатай гадзіны, і знайшоў іншых, якія стаялі без занятку, і кажа ім: — чаго стаіцё тут увесь дзень без работы? Яны кажуць яму, бо ніхто нас не наняў; і ён сказаў ім: — ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што будзе належаць, дастанеце. Калі-ж надыйшоў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў аканому свайму — пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы ад апошняга і да першага. І тыя, якія прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынару. Прыйшоўшыя першымі думалі, што яны дастануць больш, але і яны дасталі па дынару. І, узяўшы сталі наракаць на гаспадара дому. І гаварылі: — гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты прыраўняў іх да нас, мы-ж перанесьлі цяжар дня і сьпёку. Ён-жа ў адказ сказаў аднаму з іх: — дружа! я ня крыўджу цябе; ці-ж не за дынар ты ўмовіўся са мною? Вазьмі сваё і йдзі; Я-ж хачу даць і гэтаму апошняму, што і табе. Ці-ж я ня волен у сваім рабіць з сваім, як хачу? ці вока тваё зайздроснае, што я добры? Гэтак, апошнія будуць першымі, а першыя апошнімі, бо шмат званых, але мала выбраных.

І падыйходзячы да Ерусаліму, Ісус у дарозе адклікаў дванаццацьцёх вучняў асобна і сказаў ім: Вось увайходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выданы будзе першасьвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць. І выдадуць Яго нявернікам на зьдзекі, на пабоі і на ўкрыжаваньне; і на трэйці дзень уваскросьне. Тады падыйшла да Яго маці сыноў Заведэевых з сынамі сваімі і, кланяючыся, нечага прасіла ў Яго. Ён-жа сказаў ёй: — чаго хочаш? — і яна кажа Яму: — скажы, каб гэтыя абодва сыны мае селі адзін з правага боку ў Цябе, а другі з левага. Ісус у адказ прамовіў: — ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я буду піць, ці хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? яны кажуць Яму — можам. І кажа ім: — чару маю піць будзеце, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, хрысьціцца будзеце, але сесьці з правага боку і з левага ў Мяне ня Мне даваць, але каму прызначана ад Айца Майго. Пачуўшы гэтае, іншыя дзесяць узлаваліся на абодвых братоў. Ісус-жа, паклікаўшы іх да Сябе, сказаў: — вы ведаеце, што князі народаў уладараць імі, і вяльможы пануюць над імі. Але між вамі няхай ня будзе гэтак; але, хто хоча між вамі быць большым, няхай будзе вам паслужнік. І хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вам як нявольнік. Так і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў каб Яму служылі, але каб паслужыць і палажыць душу Сваю за адкупленьне многіх.

І калі яны выйходзілі яны з Ерыхону, сьледам за Ім ішло мноства народу. І вось двое сьляпых, якія сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус прайходзіць мінаючы іх, пачалі крычаць: — Госпадзе, Сыне Давыдаў, зьмілуйся над намі! Народ-жа заграждаў ім, каб маўчалі, але яны яшчэ мацней сталі крычаць: — Госпадзе, Сыне Давыдаў, зьмілуйся над намі! Ісус, запыніўшыся, падклікаў іх і сказаў: — чаго хочаце ад Мяне, каб ўчыніў вам? Яны-ж кажуць Яму: — Госпадзе, каб адчыніліся вочы нашыя. Ісус, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхных, і ўраз празрэлі вочы іхныя, і яны пайшлі за Ісусам.

І калі набліжаліся да Ерусаліму і ўвайходзілі ў Віфагію пры гары Аліўнай, тады паслаў Ісус двух вучняў, кажучы ім: — Ідзеце ў аселішча, што проста перад вамі, і зараз-жа знойдзеце асьліцу прывязаную і асілянё з ёю; адвязаўшы, прывядзеце іх да Мяне. І калі хто скажа вам штось, адкажэце, што Госпад іх патрабуе, — і ўраз-жа пашле іх. Асталася ўсё гэта, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць: — скажэце дачцы Сыёнавай: вось Кароль твой ідзе да цябе, лагодны, седзячы на асьліцы і асьляці, сыне пад’ярэмнай. Вучні, пайшоўшы зрабілі так, як загадаў ім Ісус. Прывялі асьліцу і асьлянё, і паклалі на іх адзеньне сваё, і Ён сеў паверх іх. Грамады народу пасьцілалі адзеньні свае па дарозе, а іншыя зразалі веткі дрэў і пасьцілалі імі дарогу. Грамады народу, што йшло перад Ім і за Ім, ідучы ўсклікалі: — Гасанна Сыну Давыдаву! Дабраславёны, Хто йдзе ў імя Гасподняе, гасанна ў вышынях. І калі ўвайшоў Ён у Ерусалім, усе места ўзрушылася, і гаварылі: — хто-ж гэта?. Народ-жа адказаў: — гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага.

Ісус-жа, увайшоўшы у храм Божы, выгнаў усіх тых, якія таргавалі і куплялі ў храме, і абярнуў сталы мяняльнікаў і седлішчы гандляроў галубамі. І сказаў ім: — напісана ёсьць — Дом Мой домам малітвы назавецца — а вы зрабілі яго прытонам зладзейскім. І прыступілі да Яго ў храме сьляпыя і кульгавыя, і Ён ацаліў іх.

Першасьвятары і кніжнікі, гледзячы на цуды, якія Ён стварыў, і на дзяцей, якія ўсклікалі ў храме — Гасанна Сыну Давыдаву, — узбурыліся. І сказалі Яму: — ці чуеш, што яны гавораць? Ісус-жа кажа ім: — так, хіба вы ніколі ня чыталі — з вуснаў дзяцёнкаў і сысункоў Ты ўчыніў хвалу.

І пакнінуўшы іх, адыйшоў вонкі з места, да Віфанію і там застаўся нанач. А нараніцы, варачаючыся да места, адчуў голад. І угледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падыйшоў да яе, і нічога не знайшоўшы на ёй, апрача толькі лісьця, кажа да яе: — няхай-жа ніколі ня будзе на табе плоду давеку, і смакоўніца зараз-жа засохла. Абачыўшы гэтае, вучні дзіваваліся і гаварылі: — як гэта ў той-жа час засохла смакоўніца.

Ісус-жа ў адказ сказаў ім: — запраўды, кажу вам: калі будзеце мець веру бяз сумліву, дык ня толькі падобнае да смакоўнічага створыце, але каб і гары гэтай сказалі: — узьніміся і кінься ў мора, тое станецца. І ўсё, чаго папросіце ў малітве з вераю, дастанеце.

І калі прыйшоў Ён у храм і навучаў, прыступілі да Яго першасьвятары і старшыні народныя, кажучы: — якою ўладаю Ты гэта чыніш, і хто Табе даў гэткую ўладу? У адказ ім Ісус сказаў: — Я таксама хачу паставіць вам адно пытанне, і калі вы Мне адкажаце, то і Я вам скажу, якою ўладаю гэта ўчыняю. Хрышчэньне Янава адкуль было, з неба ці ад людзей? яны-ж разважылі ў сабе: — Калі скажам: — з неба, Ён скажа нам: — чаму-ж вы не паверылі яму. А калі скажам — ад людзей, боязна прад народам, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока. І ў адказ Ісусу сказалі: — ня ведаем, тады і Ён сказаў ім: — не скажу і Я вам, якою ўладаю гэта ўчыняю.

А як вам выдаецца? чалавек некі меў двух сыноў; і падыйшоўшы да першага, сказаў: — сыне, ідзі сёньня працаваць у вінаградніку маім. Ён-жа у адказ сказаў — не хачу; але потым, раскаяўшыся, пайшоў. І падайшоўшы да другога, ён сказаў тое-ж; гэты у адказ: — я іду, гаспадару, і не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю айца? Кажуць Яму: — першы. Ісус гаворыць ім: — папраўдзе кажу вам, што мытнікі і блудніцы йдуць наперадзе вас у Уладарства Божае. Бо прыйшоў да вас Ян Хрысьціцель шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму; а мытнікі і блудніцы паверылі яму; вы-ж і бачыўшы гэтае, не пакаяліся потым, каб паверыць яму.

Іншую прыпавесьць слухайце. Чалавек некі, гаспадар дому, насадзіў вінаграднік, абвёў яго агарожай, выкапаў у ім таўчэльню, збудаваў вежу і, здаўшы яго вінаградарам, адышоў. Калі-ж надышоў час плёнаў, ён паслаў слугаў сваіх узяць плёны свае. Вінары, схапіўшы слугаў яго, аднаго пабілі, другога забілі, іншага скаменавалі. Зноў паслаў ён іншых, больш, як першы раз, і з імі зрабілі тое самае. Урэшце паслаў ён да іх сына свайго, кажучы, пасаромяцца сына майго. Але вінары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: — гэта спадкаемца, пойдзем заб'ём яго і заўладаем спадчынай ягонай. І ўзяўшы яго, вывелі вон з вінаградніку і забілі. Вось-жа, калі прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінарамі? Кажуць Яму: — злыдняў гэтых аддасьць на ліхую сьмерць, а вінаграднік аддасьць іншым вінарам, якія будуць аддаваць яму плёны ў свой час. Ісус кажа ім: — няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісаньні: камень, адкінуты будаўнічымі, той самы стаў галавою вугла; ад Госпада сталася гэта, і ёсьць дзіўна ў вачох нашых.

Дзеля гэтага кажу вам, што адыймецца ад вас Уладарства Божае, і дадзена будзе народу, які прыносіць плёны яго.

І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, таго разатрэ. І пачуўшы прыпавесьці Ягоныя, першасьвятары і фарысеі зразумелі, што гаворыць пра іх. І стараліся схапіць Яго, але пабаяліся народу, бо Яго ўважалі за прарока.

І, адказваючы, Ісус зноў гаварыў ім прыпавесьцямі, кажучы: — Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека ўладара, які справіў вясельле сыну свайму. І паслаў слугаў сваіх клікаць запрошаных на вясельле; і не хацелі прыйсьці. Зноў паслаў іншых слугаў, наказваючы: скажэце запрошаным, — вось я прыгатаваў абед мой, валы мае і кормнікі забітыя, і ўсё гатова, прыходзьце на вясельле. Але яны, зьняважыўшы гэта, пайшлі: хто на поле свае, хто да гандлю свайго. Іншыя-ж, схапіўшы слугаў яго, назьдзекаваліся і забілі іх. Пачуўшы тое, уладар угнявіўся, і паслаў войскі свае, зьнішчыў забойцаў тых і спаліў места іхнае. Тады кажа ён слугам сваім: — вясельная пачостка гатовая, але званыя не былі дастойнымі. Дык пайдзеце на ростані, і ўсіх, каго сустрэнеце, клічце на вясельле. І слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі: і благіх і добрых, — і на вясельлі было поўна гасьцей. Уладар, прыйшоўшы паглядзець гасьцей, убачыў там чалавека адзетага не ў вясельнае адзеньне. І кажа яму: — дружа, як ты ўвайшоў сюды не ў вясельным убраньні? той-жа маўчаў. Тады сказаў уладар слугам: — зьвяжэце яму рукі і ногі і вазьмеце ўкіньце яго у цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатаньне зубоў. Бо шмат пазваных, але мала выбраных.

Тады фарысеі пайшлі і радзіліся, як-бы падлавіць Яго на словах. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з гірадыянамі, кажучы: — Вучыцель, мы ведаем, што Ты справядлівы, і праўдзіва настаўляеш на шлях Божы ды ня дбаеш дагаджаць каму-небудзь, бо ня ўзіраешся на асобу людзкую. Дык скажы нам, як ты думаеш? ці дабрагодна даваць падатак кесару, ці не? Але Ісус, ведаючы іхны здрадзецкі подступ, сказаў: — што спакушаеце Мяне, двудушнікі? Пакажэце мне падатковую залатоўку; яны прынясьлі Яму дынар. І кажа ім: — чый гэта тут воблік і напіс? Кажуць Яму — цэсаравы; тады кажа ім: — дык аддайце цэсарава цэсару, а Божае Богу. — Пачуўшы гэтае, яны задзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышліся.

У той-жа дзень падыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і пыталіся ў Яго, гаворачы: — Вучыцель! Майсей сказаў: — калі хто памрэ, ня меўшы дзяцей, то брат яго няхай возьме жану ягоную і адродзіць плямя брату свайму. Было-ж у нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр, і, ня маючы патомства, пакінуў жану сваю браты свайму. Таксама і другі і трэйці аж да сёмага. Пасьля ўсіх памерла і жана. Дык пры ўваскрасеньні каторага з іх сямёх будзе яна жаною? бо ўсе мелі яе. Адказваючы ім, Ісус сказаў: — мыляецеся, ня ведаючы Пісаньня, ані моцы Божае. Бо пры ўваскрасеньні ня жэняцца, ані замуж ня йдуць, але бытуюць у небе, як анёлы Божыя. А пра ўваскрасеньне, ці-ж не чыталі вы сказанага вам ад Бога: — Я Бог Абрагама, і Бог Ісака, і Бог Якуба; Бог ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых. І слухаючы, народ дзіваваўся з навукі Ягонае.

Фарысеі, дачуўшыся, як Ён асароміў садукеяў, зыйшліся разам. І адзін з іх, законьнік вучоны, спакусьліва папытаў у Яго, кажучы: — Вучыцель! які найбольшы запавет ў законе? Ісус-жа сказаў яму: — Узьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім. Гэта ёсьць першы і найбольшы запавет. Другі-ж, падобны да яго: узьлюбі бліжняга твайго, як самога сябе. На гэтых двух запаветах грунтуецца ўвесь закон і прарокі. Калі-ж былі зыйшоўшыся фарысеі, Ісус спытаўся ў іх, кажучы: — што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён Сын? — кажуць Яму, Давыдаў. І кажа ім: — як-жа Давыд у натхненьні заве Яго Госпадам, калі кажа: — Сказаў Госпад Госпаду Майму: сядзі праваруч Мяне, дакуль не палажу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх. Калі-ж Давыд называе Яго Госпадам, як-жа Ён сын яму? І ніхто ня мог адказаць Яму ані слова, і з таго дня ніхто ўжо не адважваўся больш даваць Яму пытаньні.

Тады Ісус прамовіў да народу і да вучняў Сваіх, кажучы: на Майсеевым пасадзе заселі кніжнікі і фарысеі. Вось-жа, уважайце на ўсё, што яны кажуць вам, і выконвайце, але не рабеце подля ўчынкаў іхных, бо яны гавораць, а ня выконваюць. Бо яны навязваюць ношы цяжкія і прыгнятальныя, і ўскладаюць на плечы людзкія, а самі пальцам крануць іх ня хочуць. Усе-ж учынкі свае яны свае яны ладзяць дзеля таго.ю каб бачылі іх людзі; павялічваюць слоўныя скарбонкі свае і пашыраюць полы вопраткі свае. І любяць першыя месцы на банкетах і першыя лавы ў сынагогах. І вітаньні на рынкавых пляцох і вялічаньні ад людзей: вучыцель, вучыцель! А вы не называйцеся вучыцелямі, бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос, а вы ўсе — браты. І айцом сабе нікога не называйце на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Хто ў небе ёсьць. І не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос. Большы з вас няхай будзе вам слугою. Бо хто ўзвышаецца, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, павышаны будзе.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі, што зачыняеце Ўладарства Нябеснае прад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тых, каторыя хучуць увайсьці, не дапускаеце. Гора вам, кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі, што аб'ядаеце домы ўдавіцаў і няшчыра доўга моліцеся; за гэта цяжэйшы прысуд дастанеце. Гора вам, кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі, што праходзіце мора і сушу, каб навярнуць хоць аднаго, і калі здабудзеце, робіце яго сынам пекла, удвая горшым за вас. Гора вам, правадыры сьляпыя, калі кажаце: — хто паклянецца царквою — гэта нічога, а хто паклянецца золатам царкоўным, — ёсьць правінны. Збуялыя і сьляпыя! што-ж большае, золата ці царква, якім асьвячае золата? Таксама: — калі хто паклянецца ахвярнікам, гэта — нічога, але калі паклянецца ахвяраю, якая на ім, — то правінны. Збуялыя і сьляпыя! што-ж большае, ахвяра ці ахвярнік, які асьвячае ахвяру? Але-ж той, хто паклянецца ахвярнікам, клянецца і ім і ўсім тым, што на ім. І калі хто паклянецца царквою, то клянецца ёю і Тым, Хто прабывае ў ёй. А хто клянецца небам, клянецца Прастолам Божым і Тым, Хто пасядае на ім.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі, што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, а зьневажаеце найважнейшае ў законе: суд, міласьць і веру; гэтае належала выконваць і таго не пакідаць. Правадыры сьляпыя, што камара адцэджваеце, а вярблюда глытаеце. Гора вам, кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі, што ачышчаеце звонку кубкі і міскі звонку, а ўсярэдзіне поўныя дзярлівасьці і нячыстоты. Фарысей сьляпы! ачысьць перш нутро кубка і місы, каб чыстымі сталіся і звонку. Гора вам, кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі, што прыпадабняецеся да гробаў пабяляных, якія звонку выдаюцца прыгожымі, а ўсяродку поўныя трупяных касьцей і ўсякага бруду. Гэтак і вы: звонку паказваецеся людзям справядлівымі, а нутро поўнае крывадушнасьці і беззаконьня.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі, што будуеце грабніцы прарокам і ўпрыгожваеце памятнікі праведнікам. І кажаце: калі-б мы былі ў дні айцоў нашых, то ня былі-б супольнікамі ў праліцьці крыві прарокаў. Гэтым вы самі супраць сябе сьветчыце, што вы сыны тых, якія пабівалі прарокаў. Дапоўняйце-ж меру айцоў вашых. Гады, пароджаньне гадаўя! Як унікнеце вы асуджэньня у геену? Дзеля гэтага Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; вы-ж адных заб'яце і укрыжуеце, іншых будзеце пабіваць у сынагогах вашых і гнаць будзеце з места да места. Няхай падзеля вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захара, сына Варахііна, якога вы забілі між царквою і алтаром. Папраўдзе, кажу вам, што ўсё гэта прыйдзе на род гэты. Ерусалім, Ерусалім, пабіўшы прарокаў і каменяваўшы пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крыльлі, і вы не захацелі. І вось пакідаецца дом ваш парожны. Бо кажу Я вам: ня будзеце бачыць Мяне ад сёньня, дакуль ня ўсклікнеце: — Дабраславёны, Хто йдзе ў Імя Гасподняе.

І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад храму і падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будыніны сьвятыні. Ісус-жа ў адказ сказаў ім: — бачыце ўсё гэта? запраўды, кажу вам, не застанецца тут каменя на камені — усё будзе разбурана. Калі-ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, прыступілі да Яго вучні Ягоныя насамоце, кажучы: — скажы нам, калі гэта станецца, і якія адзнакі Твайго прыйсьця і сканчэньня веку? Ісус сказаў ім у адказ: — сьцеражэцеся, каб хто ня зьвёў вас. Бо шматлікія прыйдуць пад імем Маім і будуць гаварыць: — Я Хрыстос, — і шматлікіх зьвядуць. Таксама дачуецеся пра войны і пагалоскі пра войны; глядзеце, ня трывожцеся, бо належыць усяму таму быць; але гэта яшчэ не канец. Бо паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства, і будуць галадоўлі, паморы і землятрусы мясцамі. Але гэта ўсё — пачатак скрухі. Тады будуць выдаваць вас на пакуту, і забіваць вас, і будзеце ў нянавісьці сярод усіх народаў за імя Маё. І тады спакусяцца шматлікія, і адзін аднаго будуць выдаваць, і ненавідзець адзін аднаго. І шмат фальшывых прарокаў паўстане і спакусяць многіх. І ад пашырэньня беззаконьня выгасьне любоў.

Хто-ж выцерпіць да канца, збавёны будзе.

І абвешчана будзе гэтае Евангельле Ўладарства па ўсім сьвеце дзеля сьветчаньня ўсім народам, і тады прыйдзе канец. Вось-жа, калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую гаварыў прарок Даніель, якая паўстане на сьвятым месцы (хто чытае, няхай разумее). — Тады, хто ў Юдэі, няхай бяжыць у горы. А хто на страсе, няхай не зыходзіць узяць штось з дому свайго. І хто на полі, няхай не варачаецца назад узяць адзеньне сваё. Гора-ж цяжарным і карміцелькам грудзьмі у дні тыя. Дык малецеся, каб не давялося вам уцякаць узімку ці ў сыботу. Бо тады будзе скруха вялікая, якой не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе. І калі-б не скараціліся дні тыя, то не ўратавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні. Тады, калі хто скажа вам: — вось тут Хрыстос, ці там — ня верце. Бо падстануць ілжывыя Хрысты і фальшывыя прарокі ды пакажуць вялікія знаменьні і цуды, каб зманіць, калі магчыма, і выбраных. Вось Я наўперад сказаў вам. Дык калі скажуць вам: — вось Ён у пустыні — ня выходзьце; — вось Ён схаваны ў доме — ня верце.

Бо як маланка зыходзіць з усходу і сьвеціць аж да заходу, так будзе прыйсьце Сына Чалавечага. Бо калі дзе будзе труп, там зьбяруцца і арлы.

І зараз-жа па скрусе дзён тых сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоры з неба спадуць, і сілы нябесныя зрушацца. Тады зьявіцца знаменьне Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе плямёны зямныя, і ўгледзяць Сына Чалавечага, ідучы на воблаках нябесных з сілаю і славаю вялікаю. І пашле ангелаў сваіх з гучным голасам трубным, і зьбяруць выбраных Яго ад чатырох вятроў, ад аднаго краю нябёс да краю іх. Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галінкі яе распускаюцца і выпускаюць лісьце, то ведаеце, што блізка ўжо лета. Гэтак і вы: калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што ўжо блізка, пры дзьвярах.

Запраўды, кажу вам: не праміне род гэты, як усё гэта станецца. Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.

Пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ані ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзіны. Але як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага. Бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і замуж выходзілі, да таго дня, як ўвайшоў Ной у карабель. І ня ведалі, пакуль ня прыйшоў патоп і ня зьнішчыў усіх; так будзе і ў прыход Сына Чалавечага. Тады, калі на полі будуць двое, адзін бярэцца, а другі пакідаецца. Будуць дзьве пры жарнах малоць — адна бярэцца, а другая пакідаецца.

Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе. Ведама-ж вам, што калі-б гаспадар дому ведаў, у якую старожу прыйдзе злодзей, то ня спаў-бы і ня даў-бы падкапацца пад дом свой. Дзеля таго і будзьце гатовы, бо ў неспадзяваную для вас гадзіну прыйдзе Сын Чалавечы.

Хто-ж верны і разумны слуга, якога гаспадар паставіў у дамоўстве сваім, выдаваць ежу ім у сваім часе. Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар дому, прыйшоўшы, застане робячы добра. Папараўдзе кажу вам, над усёй маёмасьцяй сваёй паставіць яго.

Калі-ж благі слуга скажа ў сэрцы сваім: — марудзіць прыйсці гаспадар мой; і пачне біць сяброў сваіх ды есьці і піць з п’яніцамі — Дык прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня думае. І адлучыць яго, і прыдзеліць яму лёс разам з крывадушнікамі, там будзе плач і скрыгат зубоў.

Тады Уладарства Нябеснае прыпадобніцца да дзесяцёх дзеваў, якія, узяўшы сьвяцільнікі свае, выйшлі на сустрэчу маладому. Пяць з іх было разумных, а пяць недарэкіх. Недарэкія, узяўшы сьвяцільнікі свае, не ўзялі з сабою алею. Разумныя-ж узялі і алею ў пасудзінах да сьвяцільнікау сваіх. А як малады замарудзіў, то задрамалі ўсе і спалі. Апоўночы пачуўся моцны голас: — вось малады йдзе! выходзьце на спатканьне яго. Тады ўсталі ўсе дзевы і паправілі сьвяцільнікі свае. Няўдалыя-ж сказалі мудрым: — дайце нам вашага алею, бо сьвяцільнікі нашыя гаснуць. Але мудрыя адказалі: — каб не забракла і нам і вам, пайдзеце лепш да гандляроў і купеце сабе. Калі-ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і прыгатаваныя ўвайшлі з ім на вясельную бяседу, і дзьверы былі зачынены. Потым прыйходзяць і іншыя дзевы і кажуць: — гаспадару, гаспадару, адчыні нам. Ён-жа сказаў ім у адказ: — запраўды, кажу вам, ня знаю я вас. Дык бадзёрцеся, бо ня ведаеце ні дня ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.

Падобна-ж, як чалавек, які, ад’яжджаючы, паклікаў слугаў сваіх і здаў ім маёмасьць сваю. І аднаму даў пяць талянтаў, іншаму два, іншаму адзін, кажнаму паводле яго здольнасьцяў, і зараз-жа ад'ехаў. Той, які дастаў пяць талянтаў, пусьціў іх у рух і прыдбаў яшчэ пяць талянтаў. Таксама і той, які дастаў два, прыдбаў яшчэ два. Той-жа, які дастаў адін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра гаспадара свайго. Па доўгім часе вярнуўся гаспадар слугаў тых і запатрабаваў у іх разьліку. І падыйшоў першы, які дастаў пяць талянтаў і прынёс другія пяць талянтаў, кажучы: — гаспадару, пяць талянтаў ты мне даў, вось яшчэ пяць талянтаў я здабыў іх. Гаспадар ягоны сказаў яму: — добра, добры і верны слуга! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго. Падыйшоў таксама і той, які дастаў два талянты, і сказаў: — гаспадару! два талянты даў ты мне, вось другія талянты я прыдбаыў імі. Сказаў яму гаспадар ягоны: — добра, слуга добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Падыйшоў і той, які дастаў адзін талянт, і сказаў: — гаспадару, я ведаў, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў. Дык, пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі, вось маеш тваё. Гаспадар яго сказаў яму ў адказ: — злы слуга і лянівы, ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў. Дзеля таго надлежала табе аддаць срэбра маё гандлярам, і я, вярнуўшыся, узяў-бы сваё з прыбыткам. Дык вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў. Бо ўсякаму, хто мае, дадасца і прыспорыцца, а хто ня мае, адыймецца і тое, што хацеў-бы мець. А нягоднага слугу ўкіньце ў процьму вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў; гэта сказаўшы, ўсклікнуў: хто мае вушы, няхай пачуе.

Калі-ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя ангелы з Ім, тады сядзе на Прастоле славы свае. І зьбяруцца прад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад іншых, як пастыр аддзяляе авец ад казлоў. І паставіць авец па правай руцэ, а казлоў па левай. Тады скажа Ўладар тым, якія справаго боку ў Яго: — прыйдзеце дабраславёныя Айца Майго, насьледуйце Ўладарства, прыгатаванае вам ад ставрэньня сьвету. Бо Я быў галодны, і вы накармілі Мяне, Я меў смагу, і вы напаілі Мяне, быў падарожным, і вы прынялі Мяне. Быў нагі, і вы адзелі Мяне, быў хворы, і вы адведалі Мяне, быу ў вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне. Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: — Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці засмаглым і напаілі. Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці нагім і адзелі? Калі мы бачылі Цябе хворым, ці ў вязьніцы і прыйшлі да Цябе? І ў адказ Уладар скажа ім: — папраўдзе кажу вам: — тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых меншых братоў Маіх, Мне зрабілі. Тады скажа і тым, якія налева ад Яго: — ідзеце ад Мяне, праклятыя, ў агонь вечны, прыгатаваны д’яблу і ангелам яго. Бо Я быў згаладалы, і вы не далі Мне есьці; хацеў піць, і вы не падалі Мяне. Быў падарожным, і не прынялі Мяне; быў нагі, і не адзелі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і не наведалі Мяне. Тады і тыя скажуць Яму ў адказ: — Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галодным, ці смагнучым, ці падарожнікам, ці нагім, або хворым, або ў вязьніцы, і не паслужылі Табе? Тагды адкажа ім, прамоўвіўшы: — папраўдзе кажу вам: калі вы не зрабілі гэтага ніводнаму з гэтых меншых, то не зрабілі і Мне. І пойдуць гэтыя на мýку вечную, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.

І дзеялася, калі Ісус кончыў усе гэтыя словы, то сказаў вучням Сваім: Ведайце, што за два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы выданы будзе на ўкрыжаваньне.

Тагды зыйшліся архісьвятары, кніжнікі і старшыні народныя на падворак архісьвятара, званага Кайяфа. І ўмовіліся схапіць Ісуса хітрасьцяй і забіць. Але гаварылі — толькіне ў сьвята, каб ня сталася забурэньне ў народзе.

Калі-ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона запракажонага, — Падыйшла да Яго жанчына, нясучы алябастравы слоічак дарагога мірра, і паліла на галаву Яго, калі сядзеў за сталом. Пабачыўшы гэтае, вучні Ягоныя сталі пасуджаць, гаворачы: — нашто гэткае марнаваньне? Можна-ж было-б прадаць гэтае мірра за добрую цану і даць убогім. Але Ісус, ведаючы гэта, сказаў ім: — нашто пасуджаеце жанчыну? яна добры ўчынак зрабіла для Мяне. Бо ўбогіх вы заўсёды маеце каля сябе, Мяне-ж не заўсёды маеце. Узьліўшы міра гэтае на цела Маё, яна прыгатавала Мяне на пахаваньне. Папраўдзе кажу вам: дзе толькі будзе абвяшчацца гэтае Евангельле па ўсім сьвеце, сказана будзе пра тое, што яна ўчыніла, на ўспамін пра яе. Тады адзін з дванаццацёх, званы Юда Іскарыёт, пайшоў да архісьвятароў, і сказаў : — што воліце даць мне, і я выдам Яго вам? яны вызначылі яму трыццаць сярэбранікаў. І з таго часу ён пачаў шукаць зручнага моманту, каб выдаць Яго.

У першы-ж дзень прэсьнічны падыйшлі вучні Ісусавы і сказалі Яму: — дзе хочаш, каб прыгатавалі Табе спажываць Пасху? Ён-жа сказаў: — ідзеце у места да аднаго таго і скажэце яму: — Вучыцель кажа: час Мой блізкі; у цябе спраўлю Пасху з вучнямі Маімі. Вучні зрабілі, як сказаў ім Ісус, і прыгатавалі Пасху. Калі-ж настаў вечар, Ён заняў застольле з дванаццацьма вучнямі.

І калі яны елі, сказаў: — запраўды, кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне. І, моцна засмуціўшыся, яны пачалі, кажны паасобку, гаварыць: — ці ня я, Госпадзе? Ён-жа ў адказ сказаў: — той, хто апусьціў са Мною руку ў пасудзіну, ён прадасьць Мяне. Сын-жа Чалавечы йдзе, як пра Яго напісана, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы прадаецца; лепш было-б яму, каб не радзіўся чалавек той. Тады адазваўся і Юда, які выдаваў Яго, сказаў: — ці ня я, Раўві? Ісус кажа яму: — ты сказаў. І калі яны елі, Ісус узяў хлеб і, дабрасловіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: — вазьмеце і ежце: гэта ёсьць Цела Маё. І ўзяўшы чашу, узьнёс хвалу і падаў ім, кажучы: — пеце з яе ўсе; Бо гэта ёсьць кроў Мая новага запавету, праліваная за многіх на адпушчэньне грахоў. І кажу вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі віно новае у Ўладарстве Айца Майго. І прапяяўшы, пайшлі на гару Аліўную. Тады сказаў ім Ісус: — усе вы зблазнуецеся прада Мною ў гэтую ноч, як пра гэта напісана: зьвераджу пастыра, і рассыплюцца авечкі стада. Па уваскрасеньні-ж Маім апярэджу вас у Галілеі. Пётра-ж, адазваўшыся, кажа Яму: — хоць-бы ўсе адцураліся Цябе, я не адступлюся ніколі. І сказаў яму Ісус: — папраўдзе кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым прапяе певень, тройчы адрачэсься ад Мяне. Пётра-ж кажа Яму: — а хоць-бы давялося мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе; гэтак гаварылі і ўсе вучні. Тады ідзе з імі Ісус на месца, званае Гефсыманія і кажа вучням: — пасядзеце тут, пакуль Я пайду памалюся там. І, узяўшы з Сабою Пятра і абодвух сыноў Завядэевых, упаў у скруху і вялікі жаль. І тады кажа ім Ісус: — душа Мая тужыць сьмяротна; пабудзьце тут і чувайце пры Мне. І адыйшоўшыся крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і прамаўляў: — Ойча Мой! калі магчыма, няхай пройдзе па-за Мной чаша гэтая, але-ж ня як Я хачу, а як Ты.

І прыйшоўшы да вучняў, знайходзіць іх соннымі; і кажа Пятру: — ці-ж так не маглі вы аднае гадзіны пацярпець са Мною? Бадзёрцеся і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу, бо дух бадзёры, цела-ж нядужнае. І ізноў, адыйшоўшыся другі раз, маліўся, прамаўляючы: — Войча Мой, калі ня можа чаша гэтая амінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, няхай будзе воля Твая. І прыйшоўшы, зноў знаходзіць іх соннымі, бо былі ў іх вочы ацяжалыя. І пакінуўшы іх, зноў адыйшоўся і трэйці раз маліўся тымі самымі словамі. Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: — вы ўсё яшчэ сьпіцё і спачываеце; вось надыйшоў час, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў. Устаньце, пойдзем; вось, набліжаецца той, хто прадае Мяне. І калі Ён яшчэ гаварыў, вось Юда, адзін з дванаццацёх, падыйшоў, а з ім вялікая грамада з мячамі і кіямі, ад архісьвятароў і старшыняў народных. Прадажнік-жа Ягоны даў ім знак, сказаўшы: — Каго я пацалую, гэта ёсьць той — бярэце Яго. І зараз-жа, падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: — радуйся, Раўві! і пацалаваў. Ісус-жа сказаў яму: — дружа! для чаго ты прыйшоў рабі тое; тады падыйшоўшыя налажылі на Яго рукі і ўзялі Яго. І вось адзін з тых, якія былі з Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы слугу архісьвятаровага, адсек яму вуха. Тады сказаў яму Ісус: — вярні меч свой на месца яго, бо ўсе, хто ўзьнімае меч, ад мяча загінуць. Ці-ж думаецца табе, што Я не магу цяпер умаліць Айца Майго, каб прыслаў Мне больш дванаццаці легіёнаў ангелаў? Дык як-жа споўняцца Пісаньні, што гэтак мае стацца? І ў той час Ісус гаварыў да народу: — нібы на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кіямі ўзяць Мяне; кажны дзень сядзеў Я з вамі у сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне. Усё-ж гэта сталася, каб збыліся пісаньні прарокаў; тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, разьбегліся. Тыя-ж, якія узялі Ісуса, павялі Яго да Кайяфы архісьвятара, дзе былі сабраўшыся кніжнікі і старшыні. А Пётра йшоў сьледам за Ім здаля да падворку архісьвятаровага; і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў разам з слугамі, каб бачыць канец. Архісьвятары і старшыні ды ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьветчаньня на Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць. І не знайходзілі; і хоць шмат ілжывых сьветак прыходзіла, не знайшлі; нарэшце прыйшлі двух ілжывых сьветкі, і сказалі: — Ён гаварыў: магу зруйнаваць храм Божы і ў тры дні адтварыць яго. І, ўстаўшы, архісьвятар сказаў Яму: — што-ж нічога не адказваеш, што яны супраць Цябе сьветчаць? Але Ісус маўчаў; тады азваўшыся, архісьвятар кажа Яму: — заклінаю Цябе Богам Жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы? Ісус кажа яму: — ты сказаў, датаго-ж кажу вам: ад гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, пасаджанага праваруч сілы ідучы на воблаках нябесных. Тады архісьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: — Ён блюзьніць; нашто яшчэ нам сьветкі, вось цяпер вы чулі Яго блюзьнерства. Як вам здаецца? яны-ж сказалі ў адказ: — павінен сьмерці. Тады заплявалі аблічча Яго і зьдзекліва таўклі Яго; іншыя-ж білі Яго па шчоках, кажучы: — спраракуй нам, Хрысьце, хто Цябе ўдарыў. Пётра-ж сядзеў вонках на падворку; і падыйшла да Яго адна служніца, кажучы: — і ты быў з Ісусам Галілейскім? Ён-жа адрокся прад усімі, сказаўшы: — ня ведаю, што ты гаворыш. Калі-ж Ён выходзіў за вароты, убачыла яго другая, і кажа да тых, хто быў там: — і гэты быў з Ісусам Назарэем. І ён зноў адрокся, клянучыся, што ня ведае Гэтага Чалавека. Крыху счакаўшы, падыйшлі былыя там і сказалі Пятру: — напэўна і ты з іх, бо мова твая выдае цябе. Тады ён пачаў клясьціся і бажыцца, што ня ведае Гэтага Чалавека; і ў гэты момант запяяў певень. І ўспомніў Пётра словы, якія сказаў яму Ісус: — перш чым запяе певень, тройчы адрачэсься ад Мяне; і выйшаў вон і горка заплакаў.

Калі-ж настала раніца, усе архісьвятары і старшыні народныя раду ўчынілі супраць Ісуса, каб выдаць Яго на сьмерць. І зьвязаўшы Яго, павялі і перадалі Яго Понтыю Пілату, правіцелю.

Тады Юда, які прадаў Яго, пабачыўшы, што Ён засуджаны, раскаяўшыся, вярнуў трыццаць срэбранікаў архісьвятаром і старшыням; Сказаўшы: — саграшыў я, прадаўшы кроў нявінную; яны-ж сказалі яму: — што нам да таго, глядзі сам. І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён выйшаў, і пайшоў удушыўся. Архісьвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: — не ў законе будзе класьці іх у скарбонку, бо гэта цана крыві. І зрабіўшы нараду, купілі за іх ганчарова поле для пахаваньня чужаземцаў. Таму і завецца поле тое «Полем Крыві» і дагэтуль. Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: — «І ўзялі трыццаць срэбранікаў — цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраіля. І далі іх за зямлю ганчара, як сказаў мне Госпад». Ісус-жа стануў прад правіцелем; і спытаўся ў Яго правіцель, кажучы: — ці Ты Кароль Юдэйскі? Ісус сказаў яму: — ты кажаш. І калі абвінавачвалі Яго архісьвятары і старшыні, Ён нічога не адказаў. Тады кажа Яму Пілат: — ці-ж ня чуеш, колькі на Цябе сьветчаць? І не адказаў яму на ніводнае слова, з чаго правіцель быў моцна зьдзіўлены. На сьвята-ж Пасхі правіцель меў звычай адпускаць народу аднаго вязьня, якога людзі пажадаюць. На той час быў у іх вядомы астрожнік, званы Вараўва. І вось, калі яны зыйшліся, Пілат сказаў ім: — каго з двух хочаце адпусьціць вам, Вараўву, ці Ісуса, званага Хрыстом? Бо ведаў, што выдалі Яго праз зайздрасьць. Тымчасам, калі сядзеў ён на судзейскім пасадзе, жонка ягоная паслала сказаць яму: — не рабі нічога Праведніку таму, бо я сёньня ў сьне шмат цярпела дзеля Яго. Але архісьвятары падгаварылі народ прасіць Вараўву, а Ісуса на загубу. І калі правіцель спытаўся ў іх, каго з двух хочаце каб адпусьціў вам? — яны сказалі — Вараўву. Пілат прамовіў да іх: — што-ж тады я зраблю з Ісусам, названым Хрыстос? і сказалі ўсе: — няхай будзе ўкрыжаваны. Правіцель сказаў ім: — якое-ж зло ўчыніў Ён? але яны яшчэ мацней крычалі: — няхай будзе ўкрыжаваны! Пілат, абачыўшы, што нічога не памагае, а толькі мацней узьнімаецца забурэньне, узяў вады, умыў рукі прад народам, сказаушы: — не павінен я ў крыві праведніка гэтага — самі абачыце. І ў адказ увесь народ крычаў: — кроў Яго на нас і на дзецях нашых. Тады адпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, зьбічаванага, выдаў ім на ўкрыжаваньне.

Тады воіны правіцеля, узяўшы Ісуса ад судзілішча, склікалі на Яго поўную кагорту войска. І, разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго баграніцу. І, сплёўшы вянок з церні, узлажылі Яму на галаву і, далі трысьціну ў правую руку Ягоную, істановячыся прад Ім на калені, насьміхаліся з Яго, кажучы: — радуйся, Кароль Юдэйскі. І плявалі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве Яго. А калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго баграніцу, і адзелі Яго ў адзеньне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне. Выходзячы-ж, яны спаткалі чалавека кірынейца, на імя Сымон, — гэтага прымусілі нясьці крыж Ягоны.

І прыйшлі на месца, званае Галгофа, што значыць Чараповішча. І давалі Яму піць воцат, зьмешаны з жоўцяй, але, пакаштаваўшы, не хацеў піць. Укрыжаваўшы-ж Яго дзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабе. І, пасеўшы, сьцераглі Яго там. І прыставілі над галавою Яго надпіс віны Ягонае: — Гэта ёсьць Ісус, Кароль Юдэйскі. Тады ўкрыжавалі пры Ім двух разбойнікаў, аднаго з правага боку, а другога з левага.

Людзі-ж, праходзячы паўз Яго, глуміліся над Ім, ківаючы галовамі сваімі, і кажучы: — храмы руйнуеш і ў тры дні адбудоўваеш, — выбавіся Сам; калі Ты Сын Божы, зыйдзі з крыжа. Таксама і архісьвятары з кніжнікамі і старшынямі, і фарысеямі зьдзекліва гаварылі: — Іншых выбаўляў, а Сам Сябе ня можа выбавіць; калі Ён Кароль Ізраіля, няхай цяпер зыйдзе з крыжа, і ўверым ў Яго. Спадзяваўся на Бога, няхай-жа цяпер выбавіць Яго, калі Ён угоднік Яго, бо Ён казаў: Я Сын Божы. Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя з Ім, глуміліся над Ім. Ад шостае-ж гадзіны цемра стала па усёй зямлі да гадзіны дзявятай. А дзявятай гадзіне Ісус усклікнуў моцным голасам, прамовіўшы: — Ілі, Ілі, лімá савахвані! — гэта значыць: Божа Мой, Божа Мой! чаму пакінуў Мяне? Некаторыя з тых, якія стаялі там, пачуўшы гэта, гаварылі: — Ільлю кліча Ён. І ўраз пабег адзін з іх, і ўзяўшы губку, амачыў яе ў воцат і, насадзіўшы на трасьціну, даваў Яму піць. А іншыя гаварылі: — пачакай, паглядзім, ці прыйдзе Ільля выбавіць Яго. Ісус-жа зноў, усклікнуўшы моцным голасам, выпусьціў дух. І вось заслона ў храме разадралася надвое ад верху да долу, і зямля здрыганулася, і скалы патрэскаліся, і гробы адчыніліся, і многія целы супачыўшых сьвятых уваскросьлі, і выйшаўшы з гробаў па Уваскрасеньні Ягоным, увайшлі ў сьвяты горад, і паказаліся шматлікім. Сотнік-жа і ўсе, якія з Ім сьцераглі Ісуса, гледзячы на землятрус і на ўсё, што сталася, моцна перапужаліся і гаварылі: — запраўды Ён быў Сын Божы.

Былі там і наглядалі здалёк многія жанчыны, якія йшлі зь Ісусам з Галілеі і прыслугоўвалі Яму. Між імі былі Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Йосіі і маці сыноў Завядэевых.

Калі-ж настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арымафеі, на ймя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса. Ён прыйшоў да Пілата і прасіў Цела Ісуса; тады Пілат загадаў аддаць Цела. І узяўшы Цела, Язэп авінуў Яго чыстаю плашчаніцаю; І палажыў Яго ў новым сваім гробе, які ён высек у скале, і, прываліўшы вялікі камень да дзьвярэй гробу, адыйшоў. Была-ж там Марыя Магдалена і другая Марыя; яны сядзелі насупраць гробу.

А назаўтра па пятніцы раніцою архісьвятары і фарысеі зыйшліся да Пілата. І сказалі: — гаспадару! мы прыпомнілі, што падманшчык той, як быў яшчэ пры жыцьці, сказаў: — па трох днёх уваскросну. Дык закажы ахоўваць гроб да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу — уваскрос з мёртвых, і будзе апошні падман горшы за першыя. Пілат-жа сказаў: — маеце варту, ідзеце і вартуйце, як знаеце. Яны пайшлі, абставілі гробе вартаю, і прылажылі да каменя пячаць.

Па сыбоце, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і іншая Марыя паглядзець гроб. І вось стаўся землятрус вялікі; бо Ангел Гасподні зыйшоў з нябёсаў і, прыступіўшы, адваліў камень ад дзьвярэй гробу і сядзеў на ім. А воблік яго сьвяціўся маланкаю, і адзеньне яго белае, як сьнег. І ад страху прад ім жахнулася варта, і сталася як няжывая. Ангел, зьвярнуўшыся да жанчын, прамовіў: — ня бойцеся вы; ведаю, што шукаеце Ісуса укрыжаванага. Яго няма тут: Ён уваскрос, як і казаў; хадзеце, паглядзеце месца, дзе ляжаў Госпад. І пайдзеце хутчэй, скажэце вучням Яго, што Ён уваскрос з мёртвых, і апярэдзіць вас у Галілеі, там Яго ўбачыце; гэта апавяшчаю вам. І выйшаўшы борзда з гробу, яны ў страху і радасьці пабеглі апавясьціць вучням Ягоным. Калі-ж яны ішлі апавяшчаць вучням Яго, вось Ісус сустрэў іх і прамовіў: — радуйцеся! — яны-ж, прыступіўшы, абнялі ногі Яго і пакланіліся Яму. Тады кажа ім Ісус: — ня бойцеся; ідзеце, апавясьцеце братом Маім, каб ішлі ў Галілею; там яны ўбачаць Мяне. Калі-ж яны ішлі, некаторыя з вартаўнікоў пабеглі да места і абвясьцілі архісьвятаром усё, што сталася. І тыя, сабраўшыся з народнымі старшынямі і зрабіўшы змову, далі воінам шмат грошай; Кажучы: — скажэце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і ўкралі Яго, калі мы паснулі. І калі правіцель даведаецца пра гэта, мы яго ўгаворым, і вас ад небясьпекі асьцерагом. Яны-ж, узяўшы срэбранікі, зрабілі так, як былі навучаны былі; і разьняслося слова гэтае між юдэямі аж па сёньнешні дзень.

Адзінаццаць-жа вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды сказаў ім Ісус. І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; некаторыя-ж сумняваліся. І зблізіўшыся да іх, Ісус сказаў ім: — Дадзена Мне ўсякая ўлада ў небе і на зямлі. Дык ідзеце навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у Імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. І навучайце іх выпаўняць усё, што Я запавядаў вам; і вось Я з вамі праз усе дні да сканчэньня веку. Амін.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.