Библия › Міцкевіч › Лукаша

Паводле Лукаша

Так як іншыя браліся ўкладаць аповесьці пра добра вядомыя між намі падзеі, І як пераказалі нам тыя, якія ад самага пачатку былі вачавідцамі й служыцелямі Слова, Гэтак і я прызволіў сабе, добра разьведаўшы ўсё ад пачатку, папарадку апісаць табе, высокадастойны Тэафіле, Каб уверыўся ты ў праўдзівасьць таго вучэньня, у якім быў настаўлены.

Быў у дні Ірада, караля Юдэйскага, сьвячэньнік з чаргі Авіевай, на імя Захары, і жана яго з дочак Ааронавых, а імя ёй — Альжбета. Былі-ж яны абое праведныя прад Богам, беззаганна трымаючыся прыказаньня і законаў Гасподніх. І ня было ў іх дзіцяці, бо Альжбета была няплодная, і абое былі ўжо паджылыя ў гадох сваіх. Аднойчы, калі ён у парадку чаргі свае служыў прад Богам, Выпала яму, паводля ўкладу сьвятарскага, ўвайсьці ў Сьвятыню Гасподнюю кадзіць. А ўся маса народу ў часе каджэньня малілася вонках. І сталася: зьявіўся яму ангел Божы, стоячы з правага боку кадзільнага ахвярніка. Захары, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго. Ангел-жа сказаў яму: — ня бойся, Захары, бо выслухана малітва твая, і жана твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя — Ян. І будзе табе радасьць і ўцеха, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня яго. Бо ён вялікі будзе прад Госпадам, ня будзе піць віна й пітва крэпкага, і напоўніцца Духам Сьвятым яшчэ ў улоньні маці свае. І многіх сыноў Ізраілевых прыверне да Госпада Бога іх. І пярэйдзе перад Ім у духу й сіле Ільлі, каб прывярнуць сэрцы бацькоў да дзецей, а нявернікаў да мудрасьці праведнікаў, каб паставіць прад Госпадам народ прыгатаваны. І сказаў Захары ангелу: — пачым я пазнаю гэта? бо я ўжо стары, і жана мая ў гадох паджылых. Ангел у адказ сказаў яму: — я Габрыель, прад Богам пастаўлены, і пасланы гаварыць з табою й абвесьціць табе гэтую дабравесьць. Вось-жа ты анямееш, і ня будзеш магчы гаварыць аж да дня, у якім гэта станецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў часе сваім. Тымчасам народ чакаў Захарыя й дзівіўся, што ён марудзіць у храме. Калі-ж ён выйшаў, то ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў прывід у храме; а ён толькі паказваў на мігі, і астаўся нямым. А калі скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой.

Па тых-жа днёх зачала Альжбета, жана ягоная, і таілася пяць месяцаў і гаварыла: — Так учыніў мне Гаспад у дні гэтыя, калі ўважыў на мяне, каб зьняць з мяне ганьбу між людзьмі.

На шостым-жа месяцы пасланы быў ангел Гаўрыель ад Бога ў места Галілейскае, званае Назарэт; Да Дзевы, заручанай з мужам, на імя Язэп, з дому Давыдавага, а імя Дзевы — Марыя. І ўвайшоўшы да яе, ангел прамовіў: — радуйся, добрадарная! Гаспад з табою! дабраславёная ты між жанчын. Яна-ж, убачыўшы яго, затрывожылася ад слоў ягоных і разважала: што-б значыла прывітаньне гэткае? І сказаў ёй Ангел: — ня бойся, Марыя, вось здабыла ты ласку ў Бога. І ты зачнеш у ўлоньні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус. Ён будзе вялікім і Сынам Найвышэйшага назавецца; і дасьць Яму Гаспад Бог пасад Давыда, айца Ягонага. І ўладарыць будзе над домам Якуба навек, і Ўладарству Яго ня будзе канца. Марыя-ж сказала Ангелу: — як-жа гэта станецца, калі я мужа ня знаю? І Ангел у адказ сказаў ёй: — Дух Сьвяты найдзе на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе, таму й народжанае Сьвятое Сынам Божым назавецца. Вось і Альжбета, сваячка твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і гэта ўжо шосты месяц у яе. Бо-ж у Бога не зьняважыцца ніводнае слова. Тады Марыя сказала: — я слуга Гаспада, няхай станецца мне подля слова твайго; і адыйшоў ад яе Ангел.

І вось, у дні тыя, Марыя, ўстаўшы, сьпешна пайшла ў горную краіну, у места Юдава. І ўвайшла ў дом Захарыя й вітала Альжбету. І сталася: калі пачула Альжбета вітаньне Марыіна, узыгралася дзіцятка ў улоньні яе; і пранялася Альжбета Духам Сьвятым. І ўсклікнула моцным голасам, прамовіўшы: — дабраславёна ты між жанчын, і дабраславёны плод улоньня твайго! І скуль-жа мне гэта, што маці Госпада майго прыйшла да мяне? Бо калі голас вітаньня твайго дайшоў да слыху майго, радасна ўзыграла дзіцятка ў улоньні маім. І шчасьлівая ты, што паверыла, бо збудзецца сказанае ад Госпада. І прамовіла Марыя: — вялічае душа мая Госпада, І ўзрадаваўся дух мой у Богу Спасе маім. Бо ўзглянуў Ён на пакорнасьць слугі Свае, і ад дзён гэтых уласкавёнай будуць зваць мяне ўсе роды. Бо велікае ўчыніў мне Моцны, і Сьвятое Імя Яго.

І міласьць Яго з роду ў род для тых, хто баяцца Яго. Выявіў магутнасьць рукі Сваей, расьвеяў пагардлівых у помыслах сэрцаў іхных; Пазьнімаў уладных з прастолаў і ўзьняў пакорных; Надзяліў галодных дабром, і багацеяў зьвёў да спусьцізны. Успаняў Ізраіля, слугу Свайго, памянуўшы міласэрдзем Сваім; Як прамоўляў айцам нашым — Абрагаму й патомству ягонаму на векі.

Прабыла-ж Марыя з ёю каля трох месяцаў ды вярнулася ў дом свой.

Альжбете-ж настаў час радзіць, і яна нарадзіла сына. І дачуліся суседзі й сваякі яе, што абдарыў яе Гаспад міласьцю Сваею, і радаваліся з ёю. І вось надыйшоў восьмы дзень, калі прыйшлі абрэзаць дзіцятка, і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага — Захары. Але маці запярэчыла, сказаўшы: — не, няхай названы будзе Ян. І сказалі ёй: — няма-ж нікога ў родзе тваім, хто-б зваўся імём гэтым. Тады на мігі пыталіся ў бацькі яго, як-бы ён хацеў назваць яго. Ён-жа зажадаў дошчачку й напісаў: Ян — імя яму; усе-ж задзівіліся. І ўраз-жа расчыніліся вусны ягоныя й разьвязаўся язык, і ён пачаў гаварыць, праслаўляючы Бога. І праняў страх ўсіх суседзяў, і расказвалі пра ўсё гэта па ўсей горнай краіне Юдэйскай. Усе, хто чулі гэтае, прынялі ўсё да сэрца свайго й гаварылі: — што-ж будзе з дзіцяці гэтага? і рука Гасподняя была з ім. Захары-ж, бацька яго, напоўніўся Духам Сьвятым і прарочыў, прамаўляючы: — Сьвятаслаўлен Гаспад Бог Ізраілеў, Ён адведаў і ўчыніў выбаўленьне народу Свайму.

І ўзьняў голас збавеньня нашага ў доме Давыда, слугі Свайго; Як абвесьціў вуснамі былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх: Збавеньне ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх ненавісьнікаў нашых; Праявіць міласьць да бацькоў нашых і ўспамяне Сьвяты Запавет Свой. Прырачэньнем, якое даў айцу нашаму Абрагаму, абдарыць нас; Каб выбаўленыя з рукі ворагаў нашых, Мы бяз боязьні служылі Яму ў сьвятасьці й праўдзе прад Ім праз усе дні жыцьця нашага.

І ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага назавешся, бо прадстанеш прад абліччам Госпада прыгатаваць шляхі Яму.

Падаць людзям сваім сьведамасьць збаўленьня праз адпушчэньне грахоў іхных. Праз міласэрную літасьць Бога нашага, у якой адведаў нас Усход з вышыняў, Прасьвяціць тых, хто ў цемры й змроку сьмяротным, накіраваць ногі нашыя на дарогу згоды.

Дзіця-ж узрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустынях аж да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.

Дзеялася ў дні тыя: выйшаў ад кесара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэтае сьпісаньне было першае з часу гаспадараньня Кірынея ў Сірыі. І пайшлі запісвацца ўсе, кажны ў сваё места. Пайшоў і Язэп з Галілеі, з места Назарэту ў Юдэі, у места Давыдава, званае Бэтлеэм, бо ён быў з Дому й роду Давыдавага; Каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім жаною, якая была цяжарнай. І сталася: як яны былі там, надыйшоў дзень, у які прышла пара ёй радзіць. І парадзіла Сына Свайго Першароднага, і спавіла Яго, і палажыла Яго ў ясьлях, бо нястала ім месца ў гасподзе. У той-жа ваколіцы былі на полі пастухі, якія на варте ночнай сьцераглі статак свой. І вось Ангел Гасподні стануў прад імі, і слава Гасподняя азарыла іх; яны-ж праняліся вылікім страхам. І сказаў ім Ангел: — ня бойцеся! я абвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям. Бо сёньня нарадзіўся вам у месьце Давыдавым Збавіцель, Хто ёсьць Хрыстос Гаспад. І вось вам знак: вы знойдзеце Дзіцятка ў пялёнках, паложанае ў ясьлях. І раптам зьявілася з Ангелам шматлікае ваяцтва нябеснае, славячы Бога й прамаўляючы: — Слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, а ў людзях дабраволеньне. Калі-ж ангелы адыйшлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: — пойдзем да Бэтлеэму й паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Госпад. І яны ў сьпеху пайшлі, і знайшлі Марыю й Язэпа, і Дзіцятка, паложанае ў ясьлях. А, ўбачыўшы, зразумелі й расказалі пра тое, што было ім абвешчана пра Дзіцятка. А ўсе, слухаючы, дзівіліся з таго, што расказвалі ім пастухі. Марыя-ж захавала ўсе тыя словы, пакладаючы ў сэрцы сваім.

І пастухі вярнуліся, услаўляючы і ўсхваляючы Бога за ўсё тое, што чулі й бачылі, як і сказана ім было.

І калі споўнілася восем дзён дзеля абрэзаньня Яго, далі Яму імя Ісус, нарачонае праз Ангела яшчэ да зачацьця Яго ў улоньні маці.

А калі споўніліся дні ачышчэньня яе, паводля закону Майсеевага, прынясьлі Яго ў Ерусалім, каб паставіць прад Госпадам; Як сказана ў законе Гасподнім: каб усякае дзіця мужчынскага полу, якое разрывае ложасну, Госпаду пасьвячана было. І каб прынясьці ў ахвяру, згодна закону Гасподняга, пару галубкоў, ці двое галубянят.

І быў тады ў Ерусаліме чалавек на імя Сымеон. Быў ён муж праведны й дабрачэсны, чакаў уцяшэньня Ізраілевага; і Дух Сьвяты быў на ім. Было яму абяцана Духам Сьвятым, што не пабачыць ён сьмерці, дакуль не пабачыць Хрыста Гасподняга. І вось, кіраваны натхненьнем Духа Сьвятога, ён прыйшоў у храм; і калі бацькі прынясьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім вымаганы законам уклад, Ён узяў Яго на рукі, сьвятаславіў Бога й прамовіў: — Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Уладыка, подля слова Твайго ў супакой; Бо абачылі вочы мае збавеньне Тваё, Якое Ты прыгатаваў прад воблікам усіх народаў — Сьвет для прасьвятленьня няверных, і славу народу Твайго Ізраіля.

І Язэп і Маці Яго дзівіліся з усяго сказанага пра Яго. Сымеон-жа дабрасловіў іх і сказаў Марыі, Маці Ягонай — вось ляжыць прызначаны на ўпадак і на ўздым многіх у Ізраэлі, і на знак прараканьня. І Табе Самой душу меч праніжа, бо выявяцца помыслы многіх сэрцаў. Таксама была тут Ганна прарочыца, дачка Фануіла, з роду Асіравага, была яна ў глыбокай старасьці, пражыўшы з мужам сем гадоў ад дзявоцтва свайго;

Удава гадоў васьмідзесяці чатырох, яна не адыйходзіла ад храму, у посьце й малітве трымалася прад Богам і дзень і ноч. І яна, у той час прыйшоўшы, праслаўляла Госпада й гаварыла пра Яго ўсім, хто чакаў выбаўленьня ў Ерусаліме. І калі яны выканалі ўсё, подля закону Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у сваё места Назарэт. Дзіцятка-ж расло і ўмацоўвалася духам, і поўнілася мудрасьцю; і ласка Божая была на Ім.

Бацькі-ж Ягоныя кажны год хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі. І калі Ён быў дванаццаці летнім, прышлі яны, як звычайна, ў Ерусалім на сьвята. І калі кончыліся дні сьвята, і яны варачаліся, юнак Ісус застаўся ў Ерусаліме; і не заўважылі гэтага Язэп і Маці Ягоная. Бо думалі, што Ён ідзе з іншымі; прайшоўшы-ж дзённую дарогу, сталі шукаць Яго між сваякоў і знаёмых; І не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго. Па трох днёх знайшлі Яго ў храме; Ён сядзеў сярод вучыцялёў, слухаючы іх і пытаючы іх. Усе, хто слухалі Яго, дзівіліся з розуму й адказаў Яго. І яны задзівіліся, ўбачыўшы Яго; і сказала Яму Маці Ягоная: Сыне, што Ты зрабіў з намі? вось, айцец Твой і я з вялікім жалем шукалі Цябе. Ён-жа сказаў ім: нашто вам было шукаць Мяне? хіба-ж вы ня ведалі, што Мне прызначана быць у тым, што належыць да Айца Майго? Але яны не зразумелі выказаных Яго словаў. І Ён пайшоў з імі й прыйшоў да Назарэту, і быў у паслушэнстве ім; і Маці Ягоная захавала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім. Ісус-жа ўзрастаў у мудрасьці й сталасьці ды ў ласцы прад Богам і людзьмі.

У пятнаццатае лета панаваньня Тыберыя цэзара, калі Пілат Понтыцкі гаспадарыў у Юдэі, Ірад быў чацьвертаўладнікам у Галілеі, Піліп — брат ягоны — чацьвертаўладнікам у Ітурэі й Траханіцкай краіне, а Лізані — чацьвертаўладнікам у Авілінеі; Пры архісьвятарах Ганьне й Кайяфе, быў голас Божы да Яна, сына Захарыя ў пустыні. І ён прайходзіў па ўсіх ваколіцах Йарданскіх, абвяшчаючы хрышчэньне пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў. Як напісана ў кнізе слоў прароцтва Ісайі прарока: — голас усклікаючага ў пустыні: прыгатуйце шлях Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму. Усякі дол няхай выпаўніцца і ўсякая гара й пагорак няхай зьнізяцца, крывізны выпрастаюцца і ўхабы згладзяцца. І ўбачыць усякае цела збавеньне Божае. І гаварыў людзям, калі прыйходзілі хрысьціцца да яго: — параджэньне гадаўя? хто паказаў вам уцякаць ад надыходзячага гневу? Утварэце плён годны пакаяньня, і не пачынайце гаварыць сабе: — маем айца Абрагама; бо кажу вам — з камяньня гэтага Бог можа ўзьняць дзяцей Абрагаму. Ужо й сякера пры карані дрэваў паложана: усякае дрэва, якое ня прыносіць добраго плёну, будзе сьсечана і ў агонь укінена. І пыталі людзі ў яго: што-ж нам рабіць? Ён-жа ў адказ ім казаў: — хто мае дзьве адзежыны, падзяліся з тым, хто ня мае; і хто мае ежу, няхай робіць таксама. Прыйшлі й мытнікі хрысьціца й сказалі яму: — вучыцель! што нам рабіць? Ён-жа сказаў ім: — нічога больш таго, што вам вызначана. Пыталіся ў яго таксама й войны, кажучы: — а мы? што мы маем рабіць? і сказаў ім: — нікога не абірайце, нікога не абмаўляйце, і задавальняйцеся сваею заплатаю. Народу-ж, які быў тады ў надзеі, і ўсе думалі ў сэрцах сваіх пра Яна — ці ня Хрыстос ён, — Ян адказаў, гаворачы да усіх: — я вас хрышчу вадою, але йдзе Мацнейшы за мяне, у Яко я недастойны разьвязаць рамень абутку Ягонага; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём; Веялка Яго ў руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё й зьбярэ пшаніцу ў сьвіран Свою, мякіну-ж спаліць агнём незгасальным. І шмат чаго іншага навучальнага дабравесьціў людзям.

Ірад-жа чацьвертаўладнікам, якому Ян дакараў за Ірадыяду, жонку брата свайго, і за ўсё, што Ірад учыніў ліхое, Прылажыў да ўсяго іншага й тое, што замкнуў Яна ў вязьніцу. Было-ж, калі хрысьціўся ўвесь народ, і Ісус таксама хрысьціўся й маліўся, — разчынілася неба; І Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цялесным выглядзе, як голуб, і быў голас з неба, прамаўляючы: Ты Сын Мой улюбены, у Табе Маё дабраволеньне.

Сам-жа Ісус, калі пачынаў Сваё служэньне, быў у веку лет трыццацёх, і быў, як думалі: сын Язэпаў, Іліеў; Матфатаў, Левіін, Мелхіеў, Йанаеў, Язэпаў; Маттафіеў, Амосаў, Навумаў, Эсьлімаў, Наггеяў; Маафаў, Маттафіеў, Сэміеў, Язэпаў, Юдаў; Йананаў, Рысаеў, Зарававеляў, Саляфіілаў, Нірыеў; Мэлхіеў, Аддзіеў, Касамаў, Элмадамаў, Іраў; Йасіеў, Эліезэраў, Йарымаў, Матфатаў, Левіеў; Сымеонаў, Юдаў, Язэпаў, Йананаў, Эліякімаў; Мелеаеў, Майнанаў, Маттафаеў, Нафанаў, Давыдаў; Йессееў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонаў; Амінадаваў, Арамаў, Йарамаў, Эсромаў, Фарэсаў, Юдаў; Якубаў, Ісакаў, Абрагамаў, Фаранаў, Нахораў; Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, Эвераў, Саланаў; Кайнанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Ноеў, Ламехаў; Мафусалаў, Янохаў, Йарэдаў, Малеляілаў, Кайнанаў; Эносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.

Ісус, у поўні Духа Сьвятога, вярнуўся з Йардану, і быў ведзены Духам у пустыню; І праз сорак дзён быў спакушаны праз шатана, і нічога ня еў у тыя дні, а калі кончыліся дні тыя, адчуў голад. Тады д'ябал сказаў Яму: — калі Ты Сын Божы, скажы каменю гэтаму, каб стаўся хлебам. Ісус-жа ў адказ сказаў яму: — напісана, што ня хлебам адзіным жыў будзе чалавек, але ўсякім словам Божым. І ўзьвёў Яго д'ябал на высокую гару, і ўраз паказаў Яму ўсе гаспадарствы сьвету. І сказаў Яму д'ябал: — аддам Табе ўладу над усімі імі й славу іхную, бо яны мне адданыя, і каму я хачу, таму я даю. Вось калі Ты паклонішся мне — усё Тваё будзе. Ісус у адказ сказаў яму: — адступіся ад Мяне, шатане, бо напісана: Госпаду Богу Твайму пакланяйся й Яму Адзінаму служы. І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў на высокім прысьценку храму ды сказаў Яму: — калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз. Бо напісана: — ангелам Сваім запавядаў за Цябе, ахаваць Цябе. І на руках панясуць Цябе, каб не спаткнуўся на камені нагою Тваею. Ісус-жа ў адказ сказаў яму: — сказана ёсць, — не спакушай Госпада Бога Твайго. І закончыўшы ўсё спакушаньні, д'ябал адыйшоў ад Яго да часу. І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею; і разыйшлася вестка пра Яго па ўсёй краіне. І Ён навучаў у сынагогах іхных, і ўсе ўслаўлялі Яго.

І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і, подля звычаю Свайго, увайшоў у дзень сыботні ў сынагогу, і стаў да чытаньня. Падалі Яму кнігу Ісайі прарока; і, разгарнуўшы яе, знайшоў месца, дзе было напісана: — Дух Гасподні на Мне, і Ён памазаў Мяне — дабравесьціць паслаў Мяне, ацаляць струджаных сэрцам, абвяшчаць зьняволеным адпушченьне, сьляпым празрэньне, даць вызваленьне прыгнобленым; Абвяшчаць лета Гасподняе прыемнае. І, загарнуўшы кнігу, аддаў прыслужніку й сеў; вочы-ж усіх у сынагозе былі скіраваныя да Яго. Тады пачаў гаварыць ім: — цяпер споўнілася Пісаньне гэтае прад вашым слыхам. І ўсе засьветчылі гэта Яму. І дзівіліся ўсе з ласкавасьці словаў, якія выйходзілі з вуснаў Ягоных; і казалі: — ці не Язэпаў гэта сын? Ён-жа сказаў ім: — вы, пэўна скажаце Мне прымаўку — лекару! ацалі Самога Сябе; зрабі тут, на бацькаўшчыне Тваёй, тое, што мы чулі было ў Капэрнауме. І прамовіў: — па праўдзе кажу вам, ніякі прарок ня прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй. І праўду кажу вам: многа ўдавіцаў было ў дні Ільлі, калі замкнёнае было неба праз тры гады й шэсьць месяцаў, і стаўся вялікі голад па ўсёй зямлі; І да ніводнай з іх ня быў пасланы Ільля, а толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую. І многа таксама было пракажоных у Ізраэлі за прарока Елісея, і ніводзін з іх ня быў ачышчаны, апрача Нэемана Сірыйца. Пачуўшы гэта, усе ў сынагозе разьярыліся злосьцю. І ўстаўшы, выгналі Яго з места й павялі на верх гары, на якой стаяла іхнае места, каб скінуць Яго; Але Ён, прайшоўшы сярод іх, адыйшоў.

І прыйшоў у Капернаум, места Галілейскае, і там навучаў іх па сыботах. І вельмі дзівіліся з навукі Яго, бо ўладная была мова Ягоная. Быў-жа ў сынагозе чалавек, які меў нячыстага духа шатанскага; і закрычаў ён моцным голасам, сказаўшы: — пакінь! што Табе да нас, Ісус Назаранін? прыйшоў Ты загубіць нас? ведаю Цябе, Хто Ты — Сьвяты Божы. Але Ісус загразіў яму, сказаўшы: — змоўкні й выйдзі з яго! і злыдух, паваліўшы яго пасярод сынагогі, выйшаў з яго, нічога яму не пашкодзіўшы. І агарнуў усіх вялікі страх; і разважалі між сабою: што гэта за слова такое, што з уладаю й сілай загадвае нячыстым духам, і яны выйходзяць?

І разыйшлася мова пра Яго па ўсіх ваколічных мясцох. Выйшаўшы з сынагогі Ён увайшоў у дом Сымона; цешча-ж Сымонава была ў вялікай гарачцы, і прасілі Яго за яе. Стаўшы над ею, Ён забараніў гарачцы, і пакінула яе; яна ўраз устала й прыслугоўвала ім. На захадзе сонца ўсе, якія мелі хворых рознымі нядугамі, прыводзілі іх да Яго; і Ён, пакладаючы на кажнага з іх рукі, аздараўляў іх. Выйходзілі таксама й злыдухі з многіх, лемянтуючы й вымаўлыючы: — Ты Хрыстос, Сын Божы; але Ён забараняў і не даваў ім гаварыць, што яны ведаюць Хрыста Самога. Калі-ж настаў дзень, Ён выйшаўшы з дому, пайшоў у пустыннае месца; а народ шукаў Яго і, прыйшоўшы да Яго, задзержваў Яго, каб не адыйходзіў ад іх. Але Ён сказаў ім: — Я павінен і іншым местам дабравесьціць пра Ўладарства Божае, бо на тое Я пасланы. І прапаведваў у сынагогах Галілейскіх.

Было-ж тое, калі народ націскаўся да Яго, каб паслухаць Слова Божае, Ён стаяў пры возеры Генісарэцкім; І ўбачыў Ён дзьве лодкі, якія стаялі на возеры, а рыбакі, выйшаўшы з іх, вымывалі сеці. Увайшоўшы ў адну з тых лодак, якая была Сыманава, Ён прасіў яго адплысьці крыху ад берагу, і, сеўшы, навучыў народ з лодкі. Калі-ж перастаў навучаць, сказаў Сымону: — адплыві на глыбіню, і закіньце сеці свае для лову. Сыман-жа сказаў Яму ў адказ: — Вучыцель! цэлую ноч мы працавалі й нічога не злавілі, але на слова Тваё закіну сець. І калі гэтае зрабілі, загарнулі такое мноства рыбы, што нават сець іх прарывалася. І падалі знак сябрам, якія былі на другой лодцы, каб падыйшлі памагчы ім; і прыйшлі й напоўнілі абедзьве лодкі, аж яны сталі асаджвацца ў ваду. Бачачы гэтае, Сыман-Пётра прыпаў да кален Ісусавых, кажучы: — адыйдзіся ад мяне, Госпадзе, бо я чалавек грэшны. Бо жах ахапіў яго і ўсіх, хто быў з ім, ад такога мноства злоўленай рыбы. Таксама й Якуба й Яна, сыноў Заведэевых, якія былі супольнікамі Сымана; і прамовіў да Сымона Ісус: — ня бойся, з гэтага часу будзеш лавіць чалавекаў. І яны, выцягнуўшы на бераг абедзьве лодкі, пакінулі ўсё й пайшлі сьледам за Ім.

І было-ж, калі Ісус быў у адным месьце, вось чалавек увесь у струпох ад праказы, убачыўшы Ісуса, упаў прад Ім на аблічча сваё й прасіў Яго, кажучы: — Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць. І, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго й сказаў: — хачу, ачысьціся; і ўраз праказа зыйшла з яго. І загадаў яму нікому не расказваць, але сказаў: — ідзі пакажыся сьвятару й прынясі ахвяру за ачышчэньне твае, як запавядаў Майсей, у сьветчаньне ім. Але тымбалей пашыралася мова пра Яго, і зьбіраліся вялікія грамады людзей, слухаць і вылечвацца ад Яго з нядугаў сваіх. Ён-жа адыйходзіў у пустынныя мясцы і маліўся.

Было-ж аднаго дня, калі Ён навучаў, і сядзелі там фарысеі й законавучыцелі, якія прыйшлі з местаў Галілейскіх, Юдэйскіх і з Ерусаліму, і сіла Гасподняя выяўлялася ў ацаленьні нядужных. І вось прынясьлі людзі на пасьцелі спараліжаванага чалавека, і стараліся ўнесьці яго ў дом і палажыць прад Ісусам. Але, не знайшоўшы праходу праз натоўп людзей, узьлезьлі на верх будыніны й праз стрэху спусьцілі яго з пасьцельлю ў сярэдзіну прад Ісуса. Ён-жы, бачачы веру іхную, сказаў: — чалавеча, адпушчаюцца табе грахі твае. Фарысеі-ж і кніжнікі разважалі ў сабе: — хто Ён такі, што гэтак блюзьнерыць? хто-ж можа адпушчаць грахі? — толькі Сам Бог. Ісус, разумеючы помыслы іхныя, сказаў ім у адказ: — што вы разважаеце ў сэрцах вашых? Што лепш сказаць: — адпушчаюцца табе грахі твае, ці сказаць — устань і йдзі? Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, — і сказаў Ён спараліжаванаму: — табе кажу — устань, вазьмі пасьцель тваю і йдзі ў дом твой. І той зараз-жа ўстаў, сабраў пасьцель, на якой ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога. І вялікае падзіўленьне абняло ўсіх, і славілі Бога; а, пранятыя страхам, гаварылі: — цудоўныя дзеі бачылі мы сёньня.

Пасьля гэтага Ісус, выйшаўшы, ўбачыў мытніка на імя Левій, які сядзеў на месцы мытнага збору, і кажа яму: — ідзі за Мною. І той, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім. І прыгатаваў для Яго Левій у доме сваім вялікі пачастунак, і было там шмат мытнікаў і іншых, якія сядзелі з імі. Фарысеі й кніжнікі наракалі на іх, кажучы вучням Ягоным: чаму вы ясьце й п'яце з мытнікамі й грэшнікамі? Ісус-жа сказаў ім у адказ: — не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя. І ня прыйшоў Я клікаць да пакаяньня праведнікаў, але грэшнікаў.

Яны-ж сказалі Яму: — чаму вучні Янавы посьцяць часта й маляцца, а таксама й фарысейскія, а Твае ядуць і п'юць? І Ён сказаў ім: ці можаце змусіць сыноў бяседы вясельнае пасьціць, пакуль з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі адыймецца ад іх жаніх, і тады будуць пасьціць у дні тыя. Да гэтага сказаў ім прыпавесьць: — ніхто не прыстаўляе латкі з новае адзежыны да адзежыны старое; бо йначай, і новую падзярэ, і да старога не падойдзе новае. І ніхто ня ўлівае віна новага ў мяхі старыя; бо іначай, маладое віно парве мяхі, і само выцеча, і мяхі зьнішчацца. Але новае віно трэба ўліваць у мяхі новыя, тады захаваецца й адно й другое. І ніхто, піўшы старое віно, не захоча зараз-жа новага, бо кажа — старое лепшае.

Сталася-ж у сыботу, па другім дні Пасхі; здарылася Яму прайходзіць палямі паміж збожжа, і вучні Ягоныя зрывалі каласы, і, расьціраючы іх рукамі, елі зярняты. І некаторыя з фарысеяў гаварылі ім: — чаму вы робіце тое, чаго не належыць рабіць у сыботу? Ісус-жа ў адказ сказаў ім: — хіба-ж вы ня чыталі, што ўчыніў Давыд, калі згаладаўся сам і тыя, якія з ім былі? Як увайшоў у дом Божы, узяў хлябы прынясеньня, якіх не належала есьці нікому, апрача ерэяў, і еў і даваў тым, хто з ім быў? І сказаў ім: — Сын Чалавечы: ёсьць гаспадаром і сыботы. Было-ж і ў другую сыботу, калі Ён увайшоў у сынагогу й навучаў; і быў там чалавек, у якога правая рука была ўсохшы. Кніжнікі-ж і фарысеі назіралі, ці ня будзе ацаляць у сыботу, каб знайсьці абвінавачаньне супроць Яго. Але Ён, ведаючы іхныя помыслы, сказаў сухарукаму чалавеку: — устань ды выйдзі на сярэдзіну; і той устаў і выйшаў. Тады сказаў ім Ісус: — спытаюся Я ў вас, што належыць рабіць у сыботу, дабро тварыць ці зло? выбавіць душу ці загубіць? яны маўчалі. І паглядзеўшы на ўсіх навокал, сказаў таму чалавеку: — выцягні руку тваю, і ён зрабіў гэтак, і стала рука яго здаровая, як і другая.

Яны-ж шалелі ад злосьці й гаварылі адзін аднаму, што-б ім учыніць Ісусу. І сталася ў дні тыя, узыйшоў Ён на гару памаліцца, і прабыў усю ноч на малітве Божай. Калі-ж настаў дзень, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі. Сымана, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якуба й Яна, Піліпа й Баўтрамея; Мацьвея й Фаму, Якуба Алфеевага й Сымана, называнага Зілотам; Юду Якубавага й Юду Іскарыёта, які стаўся здраднікам.

І зыйшоўшы з імі ўніз, Ён стаў на месцы роўным, і грамада вучняў Яго, і вялікае мноства народу з усяе Юдэі й Ерусаліма, і з узьбярэжжа краін Тырскай і Сідонскай; Якія папрыйходзілі паслухаць Яго й пазбавіцца ад нядугаў сваіх, таксама й тыя, якія цярпелі ад нячыстых духаў. І ўсе з грамады народу жадалі дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыйходзіла сіла й аздараўляла ўсіх.

І Ён узьвёў вочы Свае на вучняў Сваіх і прамаўляў: шчасьлівыя ўбогія духам, бо вашае ёсьць Уладарства Божае. Шчасьлівыя згаладалыя цяпер, бо задаволіцеся, шчасьлівыя, заплаканыя цяпер, бо будзеце сьмяяцца. Шчасьлівыя будзеце, калі зьненавідзяць вас людзі, і калі адлучаць вас і будуць зьневажаць, і зганьбяць імя вашае, як нягоднае, дзеля Сына Чалавечага. Узрадуйцеся ў той дзень і ўзвесялецеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.

Але гора вам багатым, бо вы ўжо атрымалі пацеху вашую. Гора вам перасычаным цяпер, бо будзеце галадаць; гора вам, хто сьмяецца цяпер, бо сьлёзна заплачаце. Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добрае, бо тое самае ўчынялі фальшывым прарокам айцы іхныя. Але кажу вам усім, хто слухае: любеце ворагаў вашых, тварэце дабро ненавісьнікам вашым. Дабраўслаўце тых, хто выклінае вас і малецеся за тых, хто вас крыўдзіць. І хто цябе ўдарыць па шчацэ, настаў і другую; і хто здымае з цябе верхняе адзеньне, не перашкаджай зняць і сарочку. Кажнаму, хто просіць у цябе — дай, і хто бярэ ад цябе — ня сысквай.

І як жадаеце ад людзей, каб яны абыйходзіліся з вамі, так і вы абыйходзьцеся з людзьмі. І калі любіце тых, якія любяць вас, якая ў тым вашая заслуга? бо й грэшнікі любяць тых, хто іх любіць. І калі дабрадзейнічаеце вашым дабрадзеям, якая ў тым вашая заслуга? бо й грэшнікі робяць таксама. І калі пазычаеце тым, ад каго чакаеце звароту пазычанага, якая вашая заслуга? бо й грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб вярнуць усё спаўна. Але вы любеце ворагаў вашых, і дабрадзейнічайце й пазычайце, нічога не жадаючы; і будзе вам узнагарода вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры, і для нягодных і для злых. Дык будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш Міласэрны ёсьць.

Ня судзеце, і ня будзеце суджаныя; не ганьбуйце, і ня будзеце зганьбаванымі; даруйце, — і вам даруюць. Давайце, — і будзе вам дадзена: меру добрую, утаптаную, утрэсеную й з вярхом адсыплюць вам у спажытак ваш; бо якою мераю мераеце, такою й вам адмерыцца. Сказаў таксама ім прыпавесьць: — ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? ці не ўпадуць абодва ў яму? Вучань ня бывае вышэйшы за свайго вучыцеля; але, калі ўдасканаліцца, кажны будзе як вучыцель яго. І што ты ўглядаешся на шчэпку ў воку брата твайго, а палена ў воку тваім не адчуваеш. Альбо, як скажаш брату твайму: — браце! дай, я выйму шчэпку з вока твайго, калі палена ў воку тваім ня бачыш; крывадушнік! выймі перш палена з вока твайго, тады пабачыш, як выняць шчэпку з вока брата твайго. Няма-ж дрэва добрага, якое-б давала ліхі плён, і няма дрэва ліхога, якое-б давала плён добры. Бо ўсякае дрэва пазнаецца па плёне яго; і ня зьбіраюць з цярніны фігаў, а з шыпшыньніку вінаграду. Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а ліхі чалавек з ліхога скарбу сэрца свайго выносіць ліхое; бо ад паўнаты сэрца прамаўляюць вусны ягоныя.

Пашто вы завяце Мяне, Госпадзе, Госпадзе, а ня выконваеце таго, што гавару вам? Кажны, хто прыйходзіць да Мяне й слухае словы Мае й выконвае іх, скажу вам, да каго падобны. Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, раскапаўшы глыбока, залажыў фундамант на камені; і калі найшла паводка, і вада налягла на дом, то не парушыла яго, бо быў ён закладзены на камені. А хто слухае й ня выконвае, той падобны да чалавека, які збудаваў дом свой на зямлі без падмурку; і калі налягла на яго вада, ураз-жа заваліўся; і вялікае было разбурэньне яго.

Калі-ж скончыў усе мовы Свае да народу, які слухаў Яго, то ўвайшоў у Капернаум. Быў там у аднаго сотніка хворы, ужо пры сьмерці, слуга, які быў любы яму. Пачуўшы пра Ісуса, сотнік паслаў да Яго старшыняў юдэйскіх, прасіць Яго, каб прыйшоў ацаліць слугу ягонага. І яны, прыйшоўшы да Ісуса, моцна прасілі Яго, кажучы: — ён дастойны, каб Ты зрабіў яму гэта. Бо ён любіць народ наш, і пабудаваў нам сынагогу. Ісус пайшоў з імі; і калі Ён быў ужо недалёка ад дома, паслаў да Яго сотнік прыяцеляў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзе, бо недастойны я, каб Ты ўвайшоў пад стрэху маю; Дзеля таго й сябе самога ня лічыў я дастойным прыйсьці да Цябе, але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой. Бо і я падуладны чалавек, але, маю й падуладных мне воінаў, і кажу аднаму — пайдзі! — і ён ідзе, і другому — прыйдзі! — і прыйходзіць, і слузе майму — зрабі тое! — і робіць. Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся й, абярнуўшыся да народу, які йшоў за Ім, сказаў: — папраўдзе кажу вам, і ў Ізраілі не знайшоў Я такой веры. Пасланцы-ж, вярнуўшыся дадому, засталі слугу, які быў хворы, у добрым здароўі.

І сталася потым: ішоў Ён у места называнае Наін, і з Ім ішлі вучні Ягоныя й мноства народу. Калі-ж зблізіліся да мястовае брамы, вось выносяць нябожніка, адзінага сына ў маці, а яна была ўдавою; і многа народу йшло з ёю з места. Убачыўшы яе, Гаспод зьміласэрдзіўся над ёю й сказаў: — ня плач. І, падышоўшы, дакрануўся да насілак, і насільшчыкі спыніліся, і Ён сказаў: — юнача, табе кажу ўстань! І нябожчык устаў, сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус маці ягонай. Праняў-жа ўсіх страх, і славілі Бога, кажучы: — вялікі прарок паўстаў між намі, і Бог наведаў народ Свой.

І разыйшлося слова гэтае пра Яго па ўсёй Юдэі й па ўсім навакольлі. І паведамілі Яна вучні ягоныя пра ўсё гэтае. Паклікаўшы двух вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Ісуса спытацца: — ці Ты Той, Хто павінен прыйсьці, ці чакаць нам іншага? І, прыйшоўшы да Ісуса, яны сказалі: — Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе спытацца: ці Ты Той, Хто павінен прыйсьці, ці іншага чакаць нам? У той-жа час Ён шматлікіх ацаліў ад нядугаў і цярпеньняў, і злых духаў, і многім сьляпым вярнуў зрок. І ў адказ Ісус сказаў ім: — ідзеце, паведайце Яну, што вы бачылі й чулі: сьляпыя празраюць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія стаюцца чуткімі, мёртвыя ўваскрасаюць, ўбогія дабравесьцяць. І шчасьлівы той, хто не зьняверыцца ўва Мне. Калі-ж вучні Янавыя адайшлі пачаў гаварыць народу пра Яна: — чаго вы хадзілі глядзець у пустыню? ці трысьцінку, ветрам калыханую? Дык каго глядзець хадзілі вы? ці чалавека адзетага ў мяккія адзеньні? але тыя, якія пышна адзяюцца й жывуць у раскошы, знайходзяцца ў палацах каралеўскіх. Дык каго глядзець хадзілі вы? ці прарока? так, кажу вам, і больш за прарока. Гэта ёсць той пра каго напісана: — вось Я пасылаю ангела Майго прад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою. І кажу вам: з народжаных жанчынамі няма большага прарока за Яна Хрысьціцеля; але меншы у Ўладарстве Божым больш за яго. І, выслухаўшы Яго, увесь народ і мытнікі ўславілі праўду Божую, хрысьцячыся хрышчэньнем Янавым. Фарысеі-ж і законьнікі зьняважылі волю Божую для іх, і ня хрысьціліся ў яго.

І сказаў Гаспод: — да каго прыраўнаю людзей роду гэтага, і да каго яны падобныя. Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку й пераклікаюцца між сабою, кажучы: — мы гралі вам на пішчалках, а вы не танцавалі! — а мы жалобу сьпявалі і вы ня плакалі. Вось прыйшоў Ян Хрысьціцель, — ні хлеба ня есьць, ні віна ня п'е, — і кажаце: ён мае злыдуха. Прыйшоў Сын Чалавечы — есьць і п'е, — і кажаце: гэты чалавек абжора й п'яніца — сябра мытнікаў і грэшнікаў. І апраўдана мудрасьць праз усіх дзецей яе.

Аднойчы адзін з фарысеяў запрасіў Яго на пачастунак; і Ён, увайшоўшы, прысеў пры стале. І вось адна жанчына з таго места, якая была грэшніцай, дачуўшыся, што Ён супачывае ў доме фарысея, прынясла алябастравы слоік міра. І стануўшы ззаду у ногах Ягоных і, плачучы, пачала абліваць сьлязьмі ногі Яго й выціраць валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Яго й намашчвала мірам. Бачачы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, разважаў сам у сабе: калі-б Ён быў прарок, то пэўна ведаў-бы, хто й якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца. Ісус, адазваўшыся да яго, сказаў: — Сыман! Я маю нешта сказаць табе; ён кажа: — скажы, Вучыцель. Ісус сказаў: — нехта пазычыў двом грошы — аднаму пяцьсот дынараў, а другому пяцьдзясят. І калі яны ня мелі чым аддаць, дараваў абодвум; скажы-ж, каторы з іх больш узьлюбіць яго. Сыман адказаў: — думаю той, катораму больш дараваў; і Ён сказаў яму: — разважыў ты добра. І зьвярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сыману: — бачыш ты гэтую жанчыну? Я ўвайшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў, а яна сьлязьмі абліла ногі Мне, і валасамі галавы сваей ацерла; Ты цалунку Мне ня даў, а яна, ўсьцяж не перастае цалаваць ногі Мае; Ты галавы Мае не памазаў алеем, а яна мірам намасьціла ногі Мае. Дзеля таго кажу табе: даруюцца многія грахі яе за тое, што ўзьлюбіла многа; а каму мала даруецца, той мала любіць. Ёй-жа сказаў: — адпушчаюцца грахі табе. Тыя-ж, якія былі разам з Ім за сталом, пачалі разважаць у сабе: — Хто Ён гэткі, што й грахі адпушчае? Ён-жа сказаў жанчыне: — вера твая выбавіла цябе; ідзі ў супакоі.

Было-ж пасьля таго, — прайходзіў Ён праз месты й селы, прапаведваючы й дабравесьцячы Ўладарства Божае, і з Ім дванаццацёх. І некаторыя жанчыны, якіх Ён ацаліў ад злыдухаў і нядугаў: Марыя, званая Магдаленай, вызваленая ад сямі нячыстых; І Йанна, жана Хузы, домаправіцеля Ірадавага, і Сузанна й шмат іншых, якія прыслугоўвалі Яму сваімі пажыткамі.

Калі-ж сабралася вялікая грамада народу, і людзі з усёх местаў зыйходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прыпавесьцяй.

Выйшаў сяўбіт сеяць насеньне сваё; і калі ён сеяў, некаторае ўпала скрай дарогі й патаптана было, і птушкі нябесныя падзяўблі яго. Іншае трапіла на камяністы грунт і, узыйшоўшы, засохла, бо не ставала вільгаці. Іншае-ж упала між цярніны, і вырасла цярніна й заглушыла яго. Каторае-ж упала ў добрую зямлю, узыйшоўшы, урадзіла ў стокроць; і сказаўшы гэтае, усклікнуў: — хто мае вушы слухаць, няхай пачуе! Вучні-ж Ягоныя пыталіся ў Яго, кажучы: — што азначае прыпавесьць гэтая? І Ён сказаў ім: — вам дадзена пазнаць тайніцы Ўладарства Божага, а іншым у прыпавесьцях, якія, глядзячы, ня бачаць, і слухаючы не разумеюць. Вось што азначае прыпавесць гэтая: насеньне — гэта Слова Божае. І каторае пры дарозе, — гэта тыя, якія слухаюць, але потым прыйходзіць д'ябал і выносіць слова з іхняга сэрца, каб не паверыўшы, ня былі збавёныя. А што на камені, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, прыймаюць яго з радасьцяй, але ня маюць грунту пад сабою, і вераць часова, а ў час спакусы адпадаюць. А што ўпала ў цярніну, гэта тыя, якія слухаюць, але адыйшоўшы, заглушаюцца жыцьцёвымі турботамі, багацьцем і ўцехамі, і ня прыносяць плёну. Каторае-ж упала на добры грунт, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, захоўваюць яго ў добрым і чыстым сэрцы, і прыносяць плён у цярплівасьці; сказаўшы гэтае, усклікнуў: — хто мае вушы слухаць, няхай пачуе.

Ніхто-ж, запаліўшы сьвечку, не прыкрывае яе пасудзінаю, ці ня ставіць яе пад ложак, але ставіць на падсьвечнік, каб уваходзячы бачылі сьвятло. Бо няма нічога тайнага, каб ня выявілася, ані сукрытага, каб ня выкрылася й ня стала ведамым. Дзеля таго, уважайце, як слухаеце: бо хто мае, таму дададзена будзе, а хто ня мае, у таго адыймецца й тое, што думае мець. І прышлі да Яго Маці й браты Яго, але не маглі падыйсьці да Яго з-за народу. Тады паведамілі Яго, кажучы: — Маці Твая й браты Твае стаяць на дварэ — хочуць бачыць Цябе. Але Ён у адказ сказаў ім: — Маці Мая й браты Мае — гэта тыя, якія слухаюць Слова Божае й выпаўняюць яго.

І сталася аднаго дня: увайшоў Ён у лодку з вучнямі Сваімі, і сказаў ім: пераплывём на той бок возера; і паплылі. І калі яны плылі, Ён заснуў, а на возеры ўсхадзілася бура, іх залівала хвалямі, і яны былі ў небясьпецы. Тады, падыйшоўшы, пабудзілі Яго, кажучы: Вучыцелю, Вучыцелю! загібаем; Ён-жа, устаўшы, забараніў ветру й хвалям водным — і ўсё ўляглося, і стала ціша. Тады сказаў ім: — дзе вера вашая? яны-ж у страху й падзіўленьні гаварылі адзін аднаму: — Хто ж Ён, калі й ветрам і вадзе загадвае.

І прыплылі ў краіну Гадарынскую, што насупраць Галілеі. Калі Ён выйшаў з лодкі на бераг, спаткаў Яго адзін чалавек з места, які праз доўгі час апанаваны быў злыдухам, і хадзіў не адзеўшыся, і жыў ня ў доме, але ў грабоўцах. Убачыўшы Ісуса, ён закрычаў, упаў прад Ім, і гучным голасам сказаў: — што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Найвышэйшага? малю Цябе, ня муч мяне. Бо Ісус загадаў злыдуху выйсьці з гэтага чалавека, таму што праздоўгі час мучыў яго; і яго вязалі ланцугамі й накладалі кайданы, але ён разрываў ланцугі, і нячысты гнаў яго ў пустыні. І папытаў у яго Ісус: — як тваё імя? ён-жа адказаў — Легіён, бо шмат злыдухаў увайшло ў яго. І прасілі Ісуса, каб не загадаў ім ісьці ў прадоньне. Тут-жа на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіней, і злыдухі прасілі Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх; і Ён дазволіў. Тады злыдухі выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіньні, і рынуўся увесь гурт з кручы ў возера й затануў. Пастухі пабачыўшы, што сталася, разбегліся й расказалі ў месьце й сёлах. І павыйходзілі людзі пабачыць, што здарылася; і прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалавека, з якога выйшлі злыдухі; ён сядзеў ля ног Ісусавых, адзеты, і пры сваім розуме, — і яны жахнуліся. Тыя-ж, якія бачылі, расказалі ім, як быў ацалены апанаваны злыдухам. І прасіў Яго ўвесь народ тэй Гадарынскай ваколіцы адыйсьці ад іх, бо яны былі ахоплены вялікім страхам; Ён увайшоў у лодку й вярнуўся. А чалавек, з якога выйшлі нячыстыя, прасіў Яго, каб астацца з Ім; але Ісус адпусьціў яго, кажучы: — Вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе Бог; ён пайшоў і абвяшчаў па ўсім месьце, што стварыў яму Ісус.

І сталася, калі вярнуўся Ісус, народ вітаў Яго, бо ўсе чакалі Яго. І вось прыйшоў чалавек, на імя Іаір, — быў-жа ён начальнікам сынагогі — і ўпаўшы да ног Ісусавых, прасіў Яго ўвайсьці ў дом да яго. Бо ў яго была адзіная дачка, дванаццацілетняя, і была яна пры сьмерці; калі-ж Ён ішоў, народ ціснуўся да Яго. І вось жанчына, якая з дванаццацёх гадоў цярпела ад крывяцечы й аддала на лекараў усю маёмасьць сваю, і ад ніводнага не дастала вылячэньня, Падышоўшы ззаду, дакранулася да краю адзеньня Ягонага, і зараз-жа цеча крывяцеча ў яе спынілася. І сказаў Ісус: — хто дакрануўся да Мяне? калі-ж усе адмаўляліся, сказаў Пётра ды іншыя з ім: Вучыцель! народ акружае й націскае на Цябе, — і Ты гаварыш, хто дакрануўся да Мяне? Але Ісус сказаў: — нехта дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў, як зыйшла ад Мяне сіла. І жанчына, абачыўшы, што яна ня ўтоіцца, у трывозе падыйшла, і ўпаўшы прад Ім, абвесьціла прад усімі народам, з якой прычыны дакранулася да Яго і як ураз-жа аздаравела. Ён-жа сказаў ёй: — бадзёрся, дачка! вера твая выбавіла цябе. І калі Ён яшчэ гаварыў гэтае, прыйходзіць хтось з дому начальніка сынагогі й кажа яму: — дачка твая памерла, ня турбуй Вучыцеля. Але Ісус, пачуўшы гэта, сказаў яму: — ня бойся, толькі вер, і збавёная будзе. Прыйшоўшы-ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому, апрача Пятра, Яна й Якуба, і бацькі й маці юначкі. Усе плакалі й галасілі па ёй; але Ён сказаў: — ня плачце, яна не памерла, але сьпіць. І сьмяяліся з Яго ў зьнявазе, бо ведалі, што памерла. Ён-жа, выслаўшы ўсіх вонкі, узяў яе за руку і ўсклікнуў, прамоўвіўшы: дзяўчынка, ўстань. І вярнуўся дух яе і ўраз-жа ўстала, і Ён вялеў даць ёй есьці. І ў вялікім подзіве былі бацькі яе; Ён-жа сказаў ім не гаварыць, што сталася.

Прызваўшы-ж дванаццацёх, даў ім сілу і ўладу над усімі злыдухамі й на лекаваньне хворых. І паслаў іх абвяшчаць Уладарства Божае й ацаляць нядужных. І сказаў ім: — нічога не бярэце ў дарогу: ані кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, ані дзьвёх адзежын ня майце. І ў які дом увойдзеце, там аставайцеся, і адтуль выходзьце. А калі вас дзе ня прыймуць, то выйходзячы з места таго, атрасеце й пыл з ног вашых, у сьветчаньне на іх. І, выйшаўшы, яны прайходзілі з паселішча ў паселішча, абвяшчаючы Евангельле і ўсюды творачы ацаленьні.

Ірад-жа чацьвертаўладнік, дачуўшыся пра ўсё, што дзеялася праз Яго, быў зьбянтэжаны; бо некаторыя гаварылі, што гэта Ян устаў з мёртвых; Іншыя-ж, — што зьявіўся Ільля, а іншыя, што адзін з даўнейшых прарокаў устаў. І сказаў Ірад: — Яну я сьняў галаву, дык хто-ж Гэты, пра Якога чую такое? і стараўся пабачыць Яго. Апосталы-ж, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны стварылі; і Ён, узяўшы іх з Сабою, аддаліўся самотна ў пустыннае мясца, недалёка ад места Віфсаіды. Але народ, дачуўшыся, пайшоў за Ім; і Ён прыняў іх, і гаварыў ім пра Уладарства Божае, а патрабуючых ацаленьня аздараўляў.

Дзень-жа пачаў схіляцца да вечара. І прыступілі да Яго дванаццацёх, кажучы Яму: — адпусьці народ, каб пайшоўшы ў сёлы й пасёлкі навакольныя, знайшлі сабе начлег і ежу, бо мы тут у пустынным мясцы. Але Ён сказаў ім: — вы самі дайце ім есьці; яны сказалі: няма ў нас нічога больш, як толькі пяць хлябін і дзьве рыбы; хіба-ж не пайці нам купіць ежы для гэтых людзей? Было-ж там блізу пяцёх тысяч чалавек, тады сказаў Ён вучням Сваім: — рассадзеце іх радамі па пяцьдзясят. І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх. І ўзяўшы пяць хлябоў і абедзьве рыбы, Ён, узглянуўшы на неба, дабрасловіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі народу. І елі ўсе і здаволіліся, і назьбіралі астачы кускоў дванаццаць корабаў.

Было-ж аднойчы, калі Ён маліўся насамоце, і вучні былі з Ім, і спытаўся ў іх, кажучы: — за каго ўважаюць Мяне людзі? Яны-ж у адказ сказалі: — за Яна Хрысьціцеля, а іншыя — за Ільлю, іншыя гавораць, што адзін з прарокаў старадаўных уваскрос. Ён-жа спытаўся ў іх: — за каго-ж вы ўважаеце Мяне; і ў адказ Пётра: — за Хрыста Божага. І Ён цьвёрда заказаў ім нікому пра гэта не гаварыць, Кажучы, што Сыну Чалавечаму належыць многа адцярпець і быць здраджанаму праз старшыняў і архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і ў трэйці дзень уваскроснуць.

Да ўсіх-жа сказаў: — калі хто хоча йсьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе і возьме крыж свой ды йдзе за Мною. Бо калі хто хоча душу сваю зьберачы, загубіць яе, а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той зьберажэ яе. І што за карысьці чалавеку здабыць увесь сьвет, сябе-ж самога загубіць, ці пашкодзіць сабе? Бо хто пасаромеецца Мяне й слоў Маіх, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Айца й сьвятых ангелаў. Кажу-ж вам праўдзіва: некаторыя з тых, якія тут стаяць, не зазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Уладарства Божага.

Дзеелася-ж дзён праз восем пасьля слоў гэтых: узяўшы Пятра, Яна й Якуба, узыйшоў на гару памаліцца. І сталася: калі маліўся, выгляд аблічча ў Ягонага зьмяніўся, і адзеньне Ягонае сьвяцілася белізною. І два мужы размаўлялі з Ім, а былі яны — Майсей і Ільля. Зьявіўшыся ў славе, яны гаварылі пра адыход Ягоны, які меўся стацца ў Ерусаліме. Пётра й тыя, хто былі з ім, былі абцяжаныя сном; абудзіўшыся, яны абачылі вялічнасць Ягоную, і двух мужоў, якія стаялі з Ім. І калі яны адыйходзілі ад Яго, сказаў Пётра Ісусу: — Вучыцель! добра нам тут быць; паставім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну й адну Ільлі, — ня ведаючы, што кажа. Калі-ж ён яшчэ гаварыў, наплыло воблака й агарнула іх; і перапужаліся яны, калі тыя ўвайшлі ў воблака. І быў з воблака голас, прамаўляючы: — гэта Сын Мой Улюбёны, Яго слухайце. І калі пачуўся той голас, Ісус застаўся адзін; і яны змоўчалі, і нікому нічога не гаварылі ў тыя дні пра тое, што бачылі.

Сталася-ж у наступны дзень, калі яны зыйходзілі з гары, сустрэла Яго вялікая грамада народу. І вось чалавек з грамады ўсклікнуў, кажучы: — Вучыцель! малю Цябе, узглянь на сына майго, бо ён у мяне адзіны. І вось дух хапае яго й кідае, і ён раптам крычыць і курчыцца й пеніць, і ледзьве адыйходзіць ад яго, намучыўшы яго. Я прасіў вучняў Тваіх, каб выгналі яго, і не змаглі. Ісус-жа ў адказ прамовіў: — о, родзе няверны й разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? прывядзі Мне сына твайго сюды. Калі-ж той яшчэ йшоў, нячысты кінуў яго й трос; але Ісус забараніў нячыстаму й ацаліў юнака, і аддаў яго бацьку ягонаму. І дзівіліся ўсе велічы Божай. Калі-ж усе дзіваваліся з усяго таго, што тварыў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім: — Улажэце ў вушы вашыя словы гэтыя: Сын Чалавечы мае быць выданы ў рукі чалавечыя. Але яны не зразумелі слова гэтага, яно было закрытае для іх, і яны ня ўцямілі яго; а папытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся. Узнікла-ж у іх думка, хто-б з іх быў вялікшы? Ісус-жа, ведаючы помыслы сэрцаў іхных, узяў дзіця, паставіў яго прад Сабою; І сказаў ім: — хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прыймае, а хто прыме Мяне, той прыймае Таго, Хто паслаў Мяне; і хто з вас меншы за ўсіх, той будзе вялікшы.

Тады Ян, азваўшыся, сказаў: — Вучыцель! бачылі мы некага, хто імём Тваім выганяў злыдухаў, і забаранілі яму, бо ён ня йдзе за намі. І сказаў яму Ісус: не забараняйце, бо хто ня супроць вас, той за вас.

І сталася, калі надыйходзілі дні выданьня Яго, аблічча Ягонае выказвала ўпэўненасьць іці ў Ерусалім. І паслаў вястуноў перад абліччам Сваім; і яны, пайшоўшы, ўвайшлі ў мястэчка Самаранскае, каб выканаць прыгатову для Яго. Але там не прынялі Яго, бо выгляд Ягоны быў, як падарожніка да Ерусаліму. Абачыўшы-ж гэтае, вучні Ягоныя, Якуб і Ян, сказалі: — Госпадзе! ці хочаш, мы выпрасім агонь з нябёсаў, каб знішчыў іх. Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім, кажучы: — ня ведаеце, у якім духу вы ёсьць. Бо Сын Чалавечы ня прыйшоў губіць душы чалавечыя, але выбаўляць; і пайшлі ў іншае паселішча.

І было-ж, калі былі яны ў дарозе, хтось адзін сказаў Яму: — Госпадзе! пайду за Табою, куды-б Ты ні йшоў. І сказаў яму Ісус: — лісы маюць норы, птушкі нябесныя гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае дзе галаву прыкланіць. Другому-ж сказаў: — ідзі сьледам за Мною; і той адказаў: — Госпадзе! дазволь мне перш пайці пахаваць айца майго. Але Ісус сказаў яму: — пакінь умершым хаваць сваіх нябожчыкаў, а ты йдзі ды абвяшчай Дзяржаву Божую. Яшчэ іншы сказаў: — я пайду за Табою, Госпадзе! але перш дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі. Ісус-жа сказаў яму: — той, хто палажыўшы руку сваю на арадла, азіраецца назад, — недастойны да Уладарства Божага.

Пасьля гэтага паставіў Госпад і іншых семдзясят, і паслаў іх па двух прад Абліччам Сваім у кажнае места й паселішча, куды Сам меўся ісьці. І сказаў ім: — жніва вялікае, а работнікаў мала, дык малеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніва Сваё. Ідзеце; вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярэце ніякіх ношаў: ні сумкі, ні кашалька, ні абутку, і ні з кім у дарозе ня вітайцеся. У які дом зойдзеце, найперш гаварэце: мір дому гэтаму. І калі там будзе сын міру, супачыне на ім мір ваш; а калі-ж не, да вас вернецца. У тым-жа доме заставайцеся, ешце й пеце, што ў іх ёсьць, бо работнік дастойны ўзнагароды свае; не пераходзьце з дому ў дом. І калі прыйдзеце ў якое места, і прымуць вас, ешце, што дадуць вам. І ацаляйце нядужных, якія ёсьць там, і кажэце ім: набліжаецца да вас Уладарства Божае. У каторае-ж места прыйдзеце, і ня прымуць вас, выходзячы з вуліц яго гаварэце: — І пыл, які асеў на нас ад места вашага, атрасаем вам; аднак-жа ведайце, што Уладарства Божае недалёка ад вас. Кажу вам, што лепш будзе Садому ў дзень той, ніж месту гэткаму. Гора табе, Харазіне, гора табе, Віфсаіда! бо калі-б у Тыры й Сідоне дзеяліся цуды, якія твораны ў вас, то даўно яны, налажыўшы на сябе валасяніцу й попел, пакаяліся-б. Але Тыру й Сідону лягчэй будзе ў дзень судны, ніж вам. І ты, Капернауме, да неба ўзьнесшыся, да пекла ніспадзеш.

Хто слухае вас — Мяне слухае, а хто вас адракаецца — Мяне адракаецца, а выракаючыся Мяне, выракаецца й Таго, Хто паслаў Мяне. І вярнуліся семдзесят у радасьці, кажучы: — Госпадзе, нават і дэманы падаюцца нам за імя Тваё. Ён-жа сказаў ім: — Я бачыў шатана, які, як маланка, спадаў з неба.

Вось даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў й на ўсю сілу варожую, і ні што не пашкодзіць вам; Аднак-жа, ня радуйцеся таму, што духі вам пакараюцца, а радуйцеся таму, што іменьні вашыя запісаны ў нябёсах. І ў той час узрадаваўся Ісус у Духу Сьвятым і сказаў: — Я слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба й зямлі, што Ты закрыў гэтае прад мудрацамі й наўчонымі й адкрыў для малых; так, Войча, бо гэткае было Тваё дабраволеньне.

І, зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў: — усё Мне перадаў Айцец Мой, і ніхто ня ведае, Хто ёсьць Сын, апрача Айца, і ніхто ня ведае, Хто ёсьць Айцец, апрача Сына, і каму Сын хоча адкрыць. І сказаў вучням асобна: — шчасьлівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце. Бо кажу вам, што многія прарокі й каралі хацелі-б бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.

І вось законьнік адзін устаў і, спакусьліва да Яго, сказаў: — Вучыцель! што маю рабіць, каб насьледаваць жыцьцё вечнае. Ён-жа сказаў яму: — а ў законе што напісана? як чытаеш? І той у адказ сказаў: — узьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваею, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і бліжняга твайго, як самога сябе. Ісус сказаў яму: добра ты адказаў, гэтак рабі й будзеш жыць. Але ён, хочучы выпраўдаць сябе, сказаў Ісусу: — а хто мой бліжні? І ў адказ яму Ісус сказаў: — адзін чалавек ішоў з Ерусаліму ў Ерыхон ды натрапіў на разбойнікаў; яны зьнялі адзеньне яго, паранілі й пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога. Выпадкова йшоў тэй дарогаю сьвятар і, убачыўшы яго, прамінуў. Таксама й лявіт быў на тым месцы й, падышоўшы, глянуў і пайшоў міма. Самаранін-жа нехта, падарожнік адзін, найшоў на яго, і ўбачыўшы, зьміласэрдзіўся. І падышоўшы, перавязаў яму раны, паліўшы алеем і віном, пасадзіў яго на свайго асла, прывёз яго да заезду, і даглядаў яго. А на другі дзень, ад'яжджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару заезду й сказаў яму: — даглядай яго, і калі затраціш што больш, я аддам табе, вярнуўшыся. Хто-ж з тых трох, на думку тваю, бліжні таму, хто папаўся разбойнікам? І той адказаў: — каторы, зьлітаваўся над ім; Ісус-жа сказаў яму: — ідзі й ты рабі гэтак.

Было-ж у часе падарожжа іхнага; прыйшоў Ён у паселішча адно; тут жанчына, на імя Марта, прыняла Яго ў дом свой. У яе была сястра Марыя, яна села ў ногах Ісусавых і слухала слова Ягонае. Марта-ж клапацілася над добрым пачастункам і, падыйшоўшы, сказала: — Госпадзе! ці Табе не абыйходзіць, што сястра мая пакінула мяне адну паслугоўваць? скажы ёй, каб памагла мне. І сказаў Ісус ёй у адказ: Марта! Марта! ты турбуешся й клапоцішся пра многае; Адно-ж толькі патрэбна; і Марыя выбрала лепшую частку, якая не адыймецца ад яе.

І было-ж гэта, калі Ён маліўся ў пэўным месцы, і калі кончыў, адзін з вучняў Яго сказаў Яму: — Госпадзе! навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх. І Ён сказаў ім: — калі моліцеся, гаварэце: — Войча наш Нябесны! Сьвяціся Імя Тваё, прыйдзі Ўладарства Тваё, і станься воля Твая, як на небе, так і на зямлі; Хлеба надзённага сёньня нам дай; І адпусьці нам нашыя віны, як і мы адпушчаем правінным прад намі, і не ўвядзі нас у спакусу, але збаві нас ад златворнага. І прамовіў да іх: — калі-б хто з вас меў прыяцеля й пайшоў-бы да яго апоўначы й сказаў яму: — дружа! пазыч мне тры хлябы; Бо прыяцель мой з дарогі зайшоў да мяне, і ня маю чаго пасуліць яму; А той у адказ сказаў-бы яму з хаты: — ня турбуй мяне; ужо дзьверы замкнёныя, і дзеці ў пасьцелі пры мне, — і не магу ўстаць і даць табе. Кажу вам: — калі ня ўстане й ня дасьць яму з прыязьні, то з настойлівасьці ягонай устане й дасьць яму, колькі просіць.

І Я вам кажу: — прасеце — і дасца вам, шукайце — і знойдзеце, стукайце — і адчыніцца вам. Бо ўсякі, хто просіць, — атрымлівае, хто шукае — знаходзіць, хто стукае — адчыняць яму.

І хто з вас бацькоў, калі сын папросіць у яго хлеба, дасьць яму камень? ці папросіць рыбы, а дасьць яму зьмяю замест рыбы? Або, калі папросіць яйка, дасьць яму скарпіёна. Вось-жа, калі вы, самі благія, умееце даяньні добрыя даваць дзецям вашым, тым балей Айцец ваш Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, хто ў Яго просіць.

Было-ж, аднойчы выгнаў Ён злыдуха, які быў нямы; і калі злыдух выйшаў, нямы стаў гаварыць; і падзіўляўся народ. Некаторыя-ж з іх гаварылі: — Ён выганяе злыдухаў сілаю Вэльзевула, князя шатанскага. А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго знаменьня з неба. Ён-жа, ведаючы помыслы іхныя, сказаў ім: — усякае гаспадарства, разьдзяліўшыся само ў сабе, апусьцее, і дом, разьдзяліўшыся, упадзе. Калі-ж і шатан разьдзеліцца сам у сабе, як устоіць уладарства яго? вы-ж кажаце, што я сілаю Вэльзевула выганяю злыдухаў. І калі Я сілаю Вэльзевула выганяю злыдухаў, то сыны вашыя чыёю сілаю выганяюць іх? дзеля таго-ж яны будуць судзьдзямі вам. І калі Я Божым пальцам выганяю злыдухаў, то пэўна, надыйшло да вас Уладарства Божае. Калі дужы, узброены сьцеражэ дом свой, тады ў бясьпечнасьці маёмасьць яго. Калі-ж дужэйшы за яго нападзе й пераможа яго, тады забярэ ўсю зброю яго, на якую той надзею пакладаў, і раздасьць здабытак яго. Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто са Мною ня зьбірае, той раскідае.

Калі нячысты дух выйдзе з чалавека й вандруе па бязводных мясцох, шукаючы супакою, і не знайходзіць, — тады кажа: — вярнуся ў дом свой які пакінуў. І, прыйшоўшы, знайходзіць яго вымеценым і прыбраным. Тады йдзе й бярэ з сабою сем іншых духаў, горшых за сябе, і ўвайходзяць ды жывуць там; і бывае для чалавека таго апошняе горшае за першае.

І калі Ён гаварыў гэтае, жанчына некая, узвысіўшы голас з народу, сказала Яму: — шчасьлівае ўлоньне, што Цябе насіла, і грудзі, што Цябе кармілі. Ён-жа сказаў: — шчасьлівыя й тыя, якія слухаюць Слова Божае й захоўваюць яго.

Калі-ж пачала зьбірацца грамада народу, Ён пачаў гаварыць: — род гэты — род пракудны: ён шукае знаменьня, але знаменьня ня дасца яму, апрача знаменьня Йоны прарока. Бо як Йона быў знаменьнем для Ніневіцян, так будзе Сын Чалавечы для роду гэтага. Каралева Паўднёвая ўстане на суд з людзьмі роду гэтага й засудзіць іх; бо яна прыйходзіла з крайсьвету паслухаць мудрасьці Салямонавае; і вось тут большае за Салямона. Мужы Ніневійскія ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навучаньня Йонавага; і вось тут большае за Йону. Ніхто, запаліўшы сьвяцільнік, ня ставіць яго ў сукрыцьце, ані пад пасудзіну, але на падстаўцы, каб тым, хто ўвайходзіць, відзён быў сьвет.

Сьветач цела твайго — вока тваё; калі вока твае будзе простае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае; калі-ж вока тваё крывое будзе, то ўсё цела тваё зацьмянае будзе. Дык уважай, каб тваё ўласнае сьвятло ня было цемраю. А калі ўсё цела тваё сьветлае, бяз ніводнае цёмнае плямы, то будзе яно зьзяць, нібы сьветач яснасьці асьвячае цябе. Калі Ён гаварыў, фарысей некі запрасіў Яго на абед да сябе; і Ён прыйшоў і супачыў за сталом. Фарысей-жа зьдзівіўся, пабачыўшы, што Ён не памыў рук перад абедам. Але Госпад сказаў яму: — вось вы фарысеі, ачышчаеце звонку кубкі й міскі, а нутро вашае поўнае драпежнасьці й злосьці. Неразумныя! ці ня Той, Хто стварыў вонкавае, старыў і нутраное? Давайце лепш ахвяру з таго, што маеце, тады ўсе будзе для вас чыстае.

Але гора вам фарысеям, што даеце дзесяціну з мяты, руты і ўсякай гародніны, а не зважаеце на суд і любоў Божую; гэтае належала рабіць і таго не занядбаць. Гора вам фарысеям, што любіце першыя месцы ў сынагогах ды вітаньні на рынках. Гора вам, кніжнікі й фарысеі крывадушнікі, таму што вы як гробы закрытыя, і людзі ходзяць над імі й не заўважаюць. У адказ на гэта законьнік некі сказаў Яму: — Вучыцель! кажучы гэтае, Ты й нас зьневажаеш. Ён-жа сказаў: — і вам, законьнікам, гора, што накладаеце на людзей тяжары празьмерныя, а самі й пальцам не дакранаецеся да цяжараў тых.

Гора вам, што будуеце надгробкі прарокам, бацькі-ж вашыя пабівалі іх; Гэтым вы сьветчыце пра ўчынкі бацькоў вашых і згаджаецеся з імі, бо яны забівалі прарокаў, а вы будуеце ім грабніцы. Дзеля таго й прамудрасьць Божая гаворыць: — пашлю да іх прарокаў і апосталаў, яны-ж адных заб'юць, а іншых прагоняць. І зышчацца ад роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету; ад крыві Авэля да крыві Захарыя, забітага між ахвярнікам і храмам; запраўды кажу вам, зышчацца ад роду гэтага. Гора вам законьнікам, што вы ўзялі ключ пазнаваньня: самі не ўвайшлі й тым, хто хацеў увайсьці, перашкодзілі. Калі-ж Ён прамаўляў гэтае да іх, кніжнікі й фарысеі пачалі прыставаць да Яго з рознымі пытаньнямі, вымагаючы адказаў; Каб пачуць з вуснаў Ягоных штось магчымае да абвінавачаньня Яго.

Тымчасам, калі зыйшлася вялікая грамада народу, што аж сьціскалі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць перад усім да вучняў Сваіх: — сьцеражэцеся закваскі фарысейскай, бо то ёсьць крывадушнасьць.

Няма-ж нічога сукрытага, каб ня выкрылася, і нічога тайнага, што-б ня стала ведамым. Бо што вы гаварылі ў поцемку, будзе гаварыцца пры сьвятле; і што гаварылі на вуха ў хаце, тое будзе абвешчана на стрэхах. Кажу-ж вам, прыяцелям Маім: — ня бойцеся тых, якія забіваюць цела, і потым нічога ня могуць зрабіць. Але, скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, можа ўкінуць у пекла; так, кажу вам, таго бойцеся. Ці-ж ня пяць вераб'ёў прадаюцца за два грошы? і ніводзін з іх не забыты ў Бога. А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны; дык ня бойцеся, — вы даражэйшыя за шматлікіх птушак.

І кажу вам: кажнага, хто прызнае Мяне прад людзьмі, прызнае й Сын Чалавечы прад ангеламі Божымі. А хто адрачэцца ад Мяне прад людзьмі, ад таго адракуцца прад ангеламі Божымі. І ўсякаму, хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, даравана будзе, а хто будзе блюзьніць супраць Духа Сьвятога, даравана ня будзе. Калі-ж прывядуць вас у сынагогі, да начальства і ўладаў, ня турбуйцеся як і што адказваць, ці што гаварыць. Дух Сьвяты навучыць вас у тую часіну, што трэба гаварыць.

І сказаў Яму адзін з народу: — Вучыцель! скажы брату майму, каб ён падзяліў са мной спадчыну. Ён-жа сказаў чалавеку таму: — чалавеча! хто Мяне паставіў за судзьдзю ці падзельніка вашага! Да гэтага сказаў ім: — глядзеце, сьцеражэцеся прачавітасьці на багацьце, бо жыцьцё чалавека не залежыць ад збыткаў маемасьці яго.

І сказаў ім прыпавесьць: — у аднаго багатага чалавека буйна ўрадзіла ніва. І ён разважаў у сабе: — што мне рабіць? некуды мне злажыць свой ураджай. І сказаў: — вось што зраблю, разьбяру гумны мае й пабудую большыя, і злажу туды ўвесь хлеб мой і ўсё дабро мае. І скажу душы маёй: — душа мая! шмат дабра ляжыць у табе на доўгія годы; не клапаціся, еж, пі, весяліся! Але Бог сказаў яму: — неразумны! у гэтую-ж ноч душу тваю адбяруць ад цябе; каму-ж застанецца тое, што ты надбаў? Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе, а ня ў Бога багацее. І прамовіў да вучняў Сваіх: дзеля гэтага кажу вам: не клапацецеся пра душу вашую, што вам есьці, ні пра цела, у што адзецца. Душа большая за ежу, і цела за адзежу. Паглядзеце на крумкачоў: яны ня сеюць, ні жнуць, няма ў іх сховаў, ні гумнаў, а Бог выжыўляе іх; ці-ж ня шмат вартасьнейшыя вы за птушак? Ды хто з вас, клапоцячыся, можа дадаць сабе росту хоць-бы на локаць? Дык калі й найменшага зрабіць ня можаце, нашто клапоціцеся пра іншае? Гляньце на лілеі, як яны растуць, — не працуюць, ні прадуць, але кажу вам што й Салямон у ўсёй славе сваёй ня ўбіраўся так, як кажная з іх. Калі-ж траву палявую, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінута ў печ, Бог гэтак убірае, то тымбалей вас, малаверы. Дык не праймайцеся тым, што вам есьці й што піць і ня ўзвышайцеся. Бо ўсяго гэтага шукаюць народы сьвету гэтага; Айцец-жа ваш ведае, чаго патрабуеце. Найперш шукайце Уладарства Божага, а ўсё іншае будзе дададзена вам.

Ня бойся, малая грамада; бо дабраволеў Айцец ваш даць вам Уладарства. Прадавайце маемасьці вашыя й давайце ахвяры шчырыя; рыхтуйце сабе скарніцы нетрухлеючыя, скарбы нятленныя ў нябёсах, куды зладзеі не пралазяць, і дзе моль не зьядае. Бо дзе скарб ваш, там будзе й сэрца вашае. Няхай будудь паясьніцы вашыя апяразаныя, і сьвяцільнікі запаленыя. І вы падобныя да людзей, якія чакаюць павароту гаспадара свайго з вясельля, каб, калі прыйдзе й пастукае, хутка адчыніць яму. Шчасьлівы слугі тыя, якіх гаспадар, прыйшоўшы, знойдзе на старожы; папраўдзе, кажу вам, ён апяражацца й пасадзіць іх, і падыйходзячы, паслужыць ім. І калі прыйдзе ў другую варту, ці ў трэйцюю варту прыйдзе й застане іх гэтак, — шчасьлівыя слугі тыя. Ведаеце-ж тое, што калі-б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, ён-бы вартаваў і ня даў-бы злодзею падкапацца пад дом ягоны. Будзьце-ж і вы гатовыя, бо ў гадзіне неспадзяванай для вас прыйдзе Сын Чалавечы.

Тады сказаў Яму Пётра: — Госпадзе! ці да нас гаварыш гэтую прыпавесьць, ці да ўсіх? І сказаў Госпад: — хто-ж верны й разважны аканом, якога гаспадар паставіў над чэлядзю сваею раздаваць ім меру пажытку ў свой час? Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар, прыйшоўшы, застане пры гэткім выкананьні; Запраўды, кажу вам, што над усёй маемасьцяй сваей паставіць яго. Калі-ж слуга той скажа ў сэрцы сваім: — спозьніцца прыйсьці гаспадар мой, і пачне біць чаляднікаў і галядніц, есьці, піць і ўпівацца; Прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, якой ня ведае, і аддзеліць яго, і лёс яму з нявернымі паложыць. Слуга-ж той, які ведаў волю гаспадара свайго, і ня выканаў, не зрабіў подля волі ягонай, будзе моцна біты.

А каторы з няведы сваей учыніў вартае пакараньня, будзе біты менш. І ад кажнага, каму дадзена шмат, будзе шмат і вымагацца ад яго; і каму шмат даручана, з таго больш і зышчацца.

Агонь прыйшоў Я скінуць на зямлю, і як хацеў-бы, каб ён ужо успыхнуў. Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца, і як Я тамлюся, пакуль гэта споўніцца. Ці думаеце вы, што Я прыйшоў мір прынясбці на зямлю? не, кажу вам, але разьдзяленьне. Бо ад сёньня пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца; трое будуць супроць двух, і двое супроць трох. Бацька будзе супроць сына, а сын супроць бацькі; маці супроць дачкі, а дачка супроць маці; сьвякроў супроць нявесткі свае, а нявестка супроць сьвякрові свае. Прамовіў-жа й да народу: — калі вы пабачыце хмару, якая ўстае з захаду, тады кажаце — дождж будзе, і бывае гэтак. І калі павес паўднёвы вецер, кажаце — будзе гарачыня, і так бывае. Крывадушнікі! воблік зямлі й неба распазнаваць умееце, як-жа часу гэтага не пазнаеце? Чаму-ж вы й самі па сабе ня судзеце праўдзіва, што мае стацца. Калі ты йдзеш з супраціўнікам сваім да начальства, пастарайся пазбыцца яго ў дарозе, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў-бы цябе кату, а кат ня пасадзіў цябе ў вязніцу. Кажу-ж табе: — ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга шэлягу.

У гэты час прыйшлі хтось й расказалі Яму пра галілеян, якіх кроў Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнымі. Ісус у адказ сказаў ім: — ці вы думаеце, што гэтыя галілеяне, якія адцярпелі гэткія мукі, былі найбольш грашныя з усіх галілеян? Не, кажу вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Ці тыя васемнаццаць, на якіх упала Сілаамская вежа ды забіла іх, вы думаеце, былі больш вінныя за ўсіх жыхароў у Ерусаліме? Не, гавару вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. І сказаў ім гэткую прыпавесьць: — нехта меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу, і прыйшоў шукаць на ёй плоду й не знайшоў. І сказаў вінаградару: — вось трэйцяе лета прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы й не знайходжу; сьсячы яе, бо надарма зямлю займае. Але той у адказ сказаў яму: — гаспадару! пакінь яе й на гэтае лета, пакуль акапаю накокал яе й аблажу гноем. Можа яна дасьць плод, калі-ж не, то ў наступнае лета пасячэш яе.

Было-ж, калі навучаў Ён у аднэй з сынагогаў у сыботу. І была там жанчына, якая праз васемнаццаць лет мела духа немачы, і была скурчаная й не магла разагнуцца. Ісус, угледзеўшы яе, падклікаў і сказаў ёй: — жанчына! вызваляешся ты ад нядугу твайго. І узлажыў на яе рукі; і ўраз разагнулася, і стала славіць Бога. Тады начальнік сынагогі, узлаваны, што Ісус ацаліў у сыботу, зьвярнуўшыся да народу, сказаў: — шэсьць дзён ёсьць вызначана да працы, дык у тыя дні й прыходзьце ацаляцца, а ня ў дзень сыботні. І сказаў яму Госпад у адказ: — Крывадушнік! ці-ж не адвязвае кажны з вас свайго вала ці асла ад ясьляў у сыботу і ці не вядзе яго паіць? Гэтую-ж дачку Абрагама, якую зьвязаў шатан вось ужо васемнаццаць лет, ці-ж не належала вызваліць яе ад путаў гэтых у дзень сыботні? І калі гаварыў Ён гэта, засаромеліся ўсе супраціўнікі Ягоныя; а ўвесь народ радаваўся з усіх слаўных дзеяньняў Ягоных.

Ён-жа гаварыў: — да чаго падобнае Уладарства Божае, і да чаго прыпадобню Яго. Яно падобнае да зярняці гарчычнага, якое чалавек, узяўшы, пасадзіў у садзе сваім; і вырасла, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галінах яго. Яшчэ сказаў: — Да чаго прыпадобню Уладарства Божае? Яно падобнае да рашчыны, якую жанчына ўзяўла й палажыла ў тры меркі мукі, пакуль усё закісьне. І прайходзіў праз месты й паселішчы, навучаючы, і кіруючы шлях Свой да Ерусаліму. І вось адзін хтось кажа Яму: — Госпадзе! няўжо мала будзе збавеных? Ён-жа сказаў ім: — старайцеся ўвайсьці праз цесную браму; бо кажу вам, — многія будуць шукаць уваходу, ды ня будуць здольныя ўвайсьці. Калі Ўладар дому ўвойдзе й зачыніць дзьверы, вы, стоячы зворку, пачняце стукаць у дзьверы й гаварыць: — Госпадзе, Госпадзе! адчыні нам; але Ён скажа вам у адказ: — ня ведаю вас, адкуль вы. Тады станеце гаварыць: — мы елі й пілі прад Табою, і на вуліцах нашых Ты навучаў. Але Ён скажа: — гавару вам, ня ведаю вас, адкуль вы; адыйдзеце ад Мяне ўсе, спраўцы беззаконьня. Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісака й Якуба і ўсіх прарокаў у Каралеўстве Божым; вас-жа прагоняць вон. І прыйдуць з Усходу й Захаду, з Паўначы й Паўдня, і засядуць у Каралеўстве Божым.

І вось, ёсьць апошнія, якія стануцца першымі, і ёсьць першыя, якія стануцца апошнімі.

У той-жа дзень падыйшлі некаторыя з фарысеяў, кажучы Яму: — выйдзі ды сыйдзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе. І сказаў ім: — ідзеце й скажэце лісу таму: вось я выганяю злыдухаў і твару ацаленьні, сёньня й заўтра, а на трэйці дзень буду канчаць. Тымчасам, трэба Мне йсьці сёньня й заўтра й пазаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам. Ерусаліме, Ерусаліме! што забіваеш прарокаў і каменьнямі пабіваеш пасланых да цябе; колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, і вы не захацелі. Вось пакідаецца вам дом ваш пустым; кажу-ж вам, — ня ўбачыце вы Мяне пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: — дабраславёны, Хто йдзе ў імя Гасподняе.

Здарылася Яму ўвайсьці ў сыботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысейскіх пасілкавацца хлебам; тыя-ж цікавалі за Ім. І вось чалавек адзін, які меў вадзянку, стануў прад Ім. Ісус, азваўшыся да законьнікаў і фарысеяў, сказаў: — ці дазваляецца аздараўляць у сыботы? Яны маўчалі; Ён-жа, дакрануўшыся, ацаліў яго й адправіў. Тады, азваўшыся да іх, сказаў: калі ў каго з вас асёл ці вол уваліцца ў калодзеж, ці ня выцягне яго зараз-жа ў дзень сыботні. І не маглі нічога адказаць Яму на гэта. А заўважаўшы, як запрошаныя выбіралі першыя месцы, сказаў ім прыповесьць. Калі хто цябе пакліча на вясельле, не садзіся на першае месца, каб часам не зьявіўся хто з запрошаных паважнейшы за цябе; І каб той, хто запрасіў цябе й яго, падыйшоўшы, не сказаў бы табе: — дай месца яму, — і тады з сорамам давядзецца табе займаць апошняе месца. Але калі пазваны будзеш, прыйшоўшы, сядзь на апошняе месца, каб той, хто запрасіў цябе, падышоўшы, сказаў табе: — дружа перасядзь вышэй! тады будзе табе чэсць прад тымі, хто сядзеў побач з табою. Бо ўсякі, хто павышае сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, павышаны будзе.

Сказаў-жа й таму, хто запрасіў Яго: калі выдаеш абед ці вячэру, ня кліч прыяцеляў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў, ані багатых суседзяў, бо й яны могуць паклікаць цябе, і ты атрымаеш аддачу. Але, калі спраўляеш пачастунак, пакліч убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых; І шчасьлівы будзеш, што яны ня будуць мець чым табе аддаць, аддасца-ж табе пры ўваскрасеньні праведнікаў. Пачуўшы гэтае, адзін з тых, якія сядзелі за сталом разам з Ім, сказаў: — шчаслівы той, хто будзе на пачастунку ў Валадарстве Божым.

І Ён-жа сказаў яму: — чалавек адзін справіў вялікую вячэру й запрасіў многіх. І калі прыйшоў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць зазваным: — прыходзьце, ужо ўсё гатова. І пачалі ўсе, як адзін, адмаўляцца; першы сказаў яму: — я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці агледзець яе, — прашу цябе, выбач мне. Другі сказаў: — я купіў пяць пар валоў ды йду выпрабоўваць іх; прашу цябе, прабач мне. Трэйці сказаў: — я ажаніўся, і дзеля гэтага не магу прыйсьці. Вярнуўшыся, слуга той пераказаў усё гэта гаспадару свайму; тады гаспадар дому, угневаны, сказаў слузе свайму: — ідзі хутчэй па вуліцах і вулачках места й прывядзі сюды ўбогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых. І сказаў слуга: — гаспадару! зроблена, як ты казаў, і яшчэ ёсьць месцы. Тады гаспадар сказаў слузе свайму: — прайдзі па дарогах і каля агарожаў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой. Бо, кажу вам: ніводзін з тых мужоў зазваных не пакаштуе вячэры мае: бо многа званых, але мала выбраных.

І шлі-ж за Ім вялікія грамады народу. І, абярнуўшыся да іх, сказаў: — калі хто прыйходзіць да Мяне й не адвернецца ад айца свайго й маці свае, і ад жаны й дзяцей, й братоў і сёстраў, а яшчэ й ад жыцьця свайго, той ня можа быць Маім вучнем. І хто не нясе крыжа свайго і йдзе за Мною, ня можа быць Маім вучнем. Хто-ж бо з вас, задумаўшы збудаваць вежу, ня сеў-бы перш аблічыць, ці мае за што закончыць збудаваньне яе? Каб, калі заложыць фундамант, а ня здоме закончыць, людзі не сьмяяліся-б з яго; Кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць, ды ня мае чым канчаць. Або які князь, зьбіраючыся ваяваць з іншым князем, ці ня сядзе перш і не парадзіцца, ці зможа ён з дзесяцьма тысячамі супроцьставіцца таму, хто йдзе на яго з дваццацьма тысячамі? Бо, іначай, калі той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру. Гэтак і кажны з вас: хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем. Соль — добрая рэч, але калі соль страціць моц, чым паправіш яе? Ні ў зямлю ні ў гной не надаецца — вон выкідаюць яе. Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.

Прыхіляліся да Яго ўсе мытнікі й грэшнікі, каб паслухаць Яго. Фарысеі-ж і кніжнікі абгаворвалі Яго, кажучы: — Ён прыймае грэшнікаў і есьць з імі. І сказаў ім Ісус гэткую прыпавесьць: Ці-ж каторы чалавек з вас, маючы сто авец і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяцьдзясят дзевяць у пустыні й ня пойдзе шукаць загінутую, пакуль ня знойдзе яе? А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасьцю. І прыйшоўшы дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: — пацешцеся са мною — я знайшоў маю загінутую авечку. Кажу-ж вам: гэтак у небе — больш радасьці будзе з аднаго пакаянага грэшніка, ніж з дзевяцьдзесят дзевяцёх праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў пакаяньні. Ці якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запаліць сьвятла й ня стане вымятаць сваю хату, рупна шукаючы, пакуль ня знойдзе? І знайшоўшы, скліча прыяцеляк сваіх і суседак, і скажа: — цешцеся са мною, бо я знайшла драхму загубленую. Гэтак, кажу вам, — бывае радасьць у ангелаў Божых з аднаго грэшніка пакаянага.

Яшчэ сказаў: — у аднаго чалавека былі два сыны. І сказаў малодшы з іх айцу: — войча! дай мне належную частку маемасьці; і айцец падзяліў ім маемасьць. Па колькіх днёх малодшы сын, забраўшы ўсё сваё, адыйшоў у дальнюю краіну, і там жывучы распусна, растраціў усю маемасьць сваю. Калі-ж пражыў усё, настаў вялікі голад у краіне тэй, і ён пачаў гібець. І пайшоўшы, прыстаў да аднаго жыхара тэй краіны, які паслаў яго на сваё поле пасьвіць сьвіньні. І ён рады быў-бы пад'есьці карнявіцы, што елі сьвіньні, але й гэтага не давалі яму. І, прыйшоўшы да сябе, сказаў: — колькі наймітаў у айца майго збыткуюцца хлебам, а я тут дайходжу з голаду! Устану й пайду да айца майго й скажу яму: войча! зграшыў я прад небам і прад табою; І ўжо недастойны называцца сынам тваім, але прымі мяне за аднаго з наймітаў тваіх. І ўстаўшы, пайшоў да айца свайго; яшчэ здалёк убачыў яго айцец і зьлітаваўся над ім, і падбегшы, паў на шыю яму й цалаваў яго. Сын-жа сказаў яму: — войча! зграшыў я прад небам і прад табою, і ўжо недастойны называцца сынам тваім. Але айцец сказаў слугам сваім: — прынясеце хутчэй найлепшае адзеньне й адзеньце яго, і дайце персьцень на руку яго й абутак на ногі; І прывядзеце кормнага падцёлка й забеце, будзем есьці й весяліцца. Бо сын мой гэты быў умершы й ажыў, быў загінуты й знайшоўся; і пачалі весяліцца. Старэйшы-ж сын ягоны быў на полі, і ён варачаўся й падыйходзіў дадому, пачуў сьпевы й скокі. Тады, падклікаўшы аднаго слугу, спытаўся, што гэта такое. Той-жа сказаў яму: — брат твой прыйшоў, і айцец твой забіў кормнага падцёлка, бо спаткаў яго здаровым. І ён узлаваўся й не хацеў увайсьці; айцец-жа, выйшаўшы, клікаў яго. Але ён у адказ айцу сказаў: вось, я колькі гадоў служу табе, і ніколі не пярэчыў прыказаньням тваім; але ты ніколі й казьляняці ня даў мне, каб павесяліцца з сябрамі маімі. А калі гэты сын твой прыйшоў, распусьціўшы маемасьць тваю з блудніцамі, ты забіў для яго кормнага падцёлка. Айцец-жа сказаў яму: — сыне! ты заўсёды пры мне, і ўсё маё тваім будзе. А з таго трэба цешыцца й радавацца, што гэты брат твой быў умершы й ажыў, быў загінуў і знайшоўся.

Прамовіў таксама й да вучняў Сваіх: — быў адзін багаты чалавек, які меў аканома, і той абгавораны быў прад гаспадарам, што растрачвае маемасьць яго. І прызваўшы яго, сказаў яму: — што гэта я чую пра цябе? здай разьлік з твайго справаваньня, бо ты ня можаш надалей аставацца управіцелем. Тады аканом стаў разважаць сам сабе: — што мне рабіць? бо гаспадар адыймае ад мяне кіраваньне гаспадарствам; капаць я не магу, жабраваць саромеюся. Але — ведаю, што зраблю, каб, калі адстаўлены буду ад кіравецтва, прынялі мяне ў дамы свае. І, заклікаўшы паасобку вінных гаспадару сваіму, сказаў першаму: — колькі вінен гаспадару майму? Той-жа сказаў: — сто мерак алею; і сказаў яму: — вазьмі сваю расьпіску й садзіся хутчэй напішы — пяцьдзясят. Потым сказаў другому: — а ты колькі вінен? — і той адказаў: — сто мерак пшаніцы; і яму сказаў: — вазьмі расьпіску тваю й напішы — восемдзесят. І пахваліў гаспадар управіцеля нявернага, што асьцярожна ўчыніў, бо сыны сьвету гэтага ў родзе сваім больш кемныя за сыноў сьвятла. І Я кажу вам: — здабывайце сабе прыяцеляў з багацьця нясправядлівасьці, каб яны, калі будзеце спанявераны, прынялі вас у сялібы вечныя.

Хто верны ў найменшым, той і ў большым верны, і хто ў малым несправядлівы, той несправядлівы і ў вялікім. Для таго, калі вы ў несправядлівым багацьці ня былі вернымі, хто даверыць вам праўдзівае? І калі ў чужым ня былі вернымі, хто дасьць вам вашае? Ніякі слуга ня можа служыць двум гаспадарам, бо альбо аднаго зьненавідзіць, а другога любіць, альбо аднаму будзе служыць, а другога занядбае; ня можаце служыць Богу й мамоне. Чулі ўсё гэтае й срэбралюбцы фарысеі й сьмяяліся з Яго. І Ён сказаў ім: вы выстаўляецеся праведнікамі прад людзьмі, Бог-жа ведае сэрцы вашыя; бо што ў людзей узьнёслае, тое прад Богам агідлівае.

Закон і прарокі да Яна; з таго часу абвяшчаецца Уладарства Божае, і кажны з натугаю ўвайходзіць у яго. Але хутчэй неба й зямля прамянуць, ніж хоць адна рыса з Закону выпадзе. Усякі, хто пакідае жану сваю і жэніцца з іншай — блудадзее, і хто жэніцца з пакіненай мужам, — чыніць блудадзеяньне.

Быў адзін багаты чалавек; адзяваўся ён у парфіру і віссон, і кажны дзень банкетаваў раскошна. І быў адзін жабрак, на імя Лазар, які ляжаў ля варот яго, увесь у струпох. І рад быў пажывіцца крошкамі ад стала багача; і сабакі прыходзілі й лізалі раны ягоныя. І сталася: памёр убогі, і ангелы аднесьлі яго ў аселішча Абрагамава; памёр і багач, і пахавалі яго. І апынуўшыся ў пекле, у вялікіх муках ён узьняў вочы свае, і убачыў здалёк Абрагама й Лазара ля яго. І, усклікнуўшы, ён прамовіў: — войча, Абрагаме! зьмілуйся нада мною й пашлі Лазара, няхай абмочыць канец пальца свайго й асьвежыць язык мой, бо я мучуся ў полымі гэтым. Абрагам-жа сказаў: — сыне! прыпомні, колькі ўжыў ты дабра за жыцьця твайга, а Лазар — благоцьця; цяпер-жа ён цешыцца, а ты пакутуеш. Датаго-ж між намі й вамі паложана вялікая бездань, і калі-б хто хацеў перайсьці з гэтага боку да вас, то ня могуць; таксама й адтуль да нас не перайходзяць. Тады сказаў ён: — дык малю цябе, войча, пашлі яго ў дом айца майго; Бо я маю пяць братоў, няхай пасьветчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае месца мучэньня. Абрагам сказаў яму: — у іх ёсьць Майсей і прарокі, няхай слухаюць іх. Ён-жа сказаў: — не, войча Абрагаме! але калі хто з умершых прыйдзе да іх, то пакаюцца. Тады Абрагам сказаў яму: — калі Майсея й прарокаў ня слухаюць, то хоць-бы хто й з памершых устаў — не павераць.

І сказаў Ён вучням Сваім: — немагчыма, каб ня прыйшлі спакусы, але гора таму, праз каго яны прыходзяць. Лепш было-б яму, калі-б завешаны быў жарнавы камень на шыю ягоную і ўкінуты быў у мора, ніж ён меў-бы спакусіць аднаго з малых гэтых.

Аглядайцеся й на сябе; калі згрэшыць супроць цябе брат твой, вымаві яму, і калі пакаецца, даруй яму. І хоць-бы сем раз на дзень правініўся прад табою, і сем раз на дзень зьвернуўся да цябе, кажучы — каюся, — даруй яму.

І сказалі Апосталы Госпаду: — прыспор нам веры. Госпад-жа сказаў: — калі-б вы мелі веру хоць з гарчычнае зерне й сказалі смакоўніцы гэтай — вырвіся й перасадзіся ў мора, — то яна паслухала-б вас. А хто з вас, маючы слугу — аратага ці пастуха, — калі ён вернецца з поля, скажа яму: — ідзі хутчэй сядай за стол? А ці ня скажа яму: — прыгатуй мне вячэру й, падперазаўшыся, паслугуй мне, пакуль буду есьці й піць, а потым еж і пі сам. І ці будзе ён дзякаваць слузе таму, які выканаў загаданае яму? ня думаю. Гэтак і вы: калі споўніце ўсё сказанае вам, гаварэце: — мы слугі нязначныя, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць.

Было-ж тое, калі йдучы да Ерусаліму Ён прайходзіў між Самарыяй і Галілеяй. І калі ўвайходзіў у адну сялібу, спаткалі Яго дзесяць пракажоных, якія спыніліся здаля; І моцным голасам усклінулі: — Ісусе, Вучыцелю, зьлітуйся над намі! Ён-жа, убачыўшы іх, сказаў: — ідзеце пакажэцеся сьвятарам; і сталася, калі яны йшлі, сталі чыстымі. Адзін-жа з іх, абачыўшы, што ацалены, вярнуўся, голасна славячы Бога. І паўшы ніц да ног Ягоных, дзякаваў Яму, — то быў самаранін. І сказаў Ісус, пытаючы: — ці-ж ня дзесяць ачысьціліся? а дзе дзевяць? Ніхто з іх не патурбавайся аддаць хвалу Богу, апрача вось аднаго — чужаземца. Яму-ж сказаў: — устань, ідзі; вера твая выбавіла цябе.

Калі-ж фарысеі спыталіся: — калі прыйдзе Уладарства Божае? — адказаў ім: — ня прыйдзе Уладарства Божае відавочна. І ня скажуць: — вось, яно тут, ці — вось там; бо Уладарства Божае ўнутры ў вас ёсьць. Вучням-жа сказаў: — прыйдуць дні, калі захочаце абачыць Сына Чалавечага хоць у адзін каторы дзень, і ня ўбачыце. І скажуць вам: — вось, тут, ці — вось там; не хадзеце й ня слухайце іх. Бо як маланка, бліснуўшы ў небе, асьвячае ўсе паднябесьсе, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой. Але перш належыць Яму тяжка адцярпець і быць здражанаму родам гэтым.

І як сталася ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага. Елі й пілі, жаніліся й замуж ішлі аж да дня, калі Ной увайшоў у карабель, і прыйшоў патоп і загубіў усіх. Таксама, як сталася ў дні Лота: елі й пілі, куплялі й прадавалі, садзілі й будавалі. Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садому, лінуў з неба агонь з серкаю й выгубіў усіх. Так будзе ў той дзень, калі прыйдзе Сын Чалавечы. У той дзень, хто будзе на стрэсе, а рэчы ягоныя ў доме, няхай ня злазіць узяць іх; і хто будзе на полі, няхай не варачаецца назад. Успамінайце жану Лотаву. Хто будзе старацца захаваць жыццё, загубіць яго, а хто-б загубіў яго, ажывіць яго. Кажу вам: у тую ноч, калі будзе двое на аднэй пасьцелі, — аднаго возьмуць, другі застанецца; Дзьве будуць малоць разам, — адна возьмецца, а другая пакінецца. І калі двое будуць на полі, — адзін узяты будзе, а другі пакінены. Тады, адазваўшыся, сказалі Яму: — дзе Госпадзе? Ён-жа адказаў ім: — дзе будзе цела, там і арлы зьбяруцца.

Сказаў таксама ім і прыпавесьць, што заўсёды трэба маліцца й не падаць духова. Кажучы: быў судзьдзя адзін у пэўным месьце, Бога не баяўся, людзей не саромеўся. У тым-жа месьце была адна ўдава якая прыйходзіла да яго й гаварыла: — абарані мяне ад супраціўніка майго. Але ён доўгі час не згаджаўся; а потым сказаў сам сабе: — хоць я Бога не баюся й людзей не саромеюся, Але калі гэтая ўдава не дае мне супакою, то абараню яе, каб яна не дакучала мне. І сказаў Госпад: — чуеце, што гаворыць судзьдзя няправедны? А ці не абароніць Бог выбраных Сваіх, якія галосяць да Яго й дзень і ноч, і будзе адкладаць іх просьбу? Кажу вам, што хутка падасьць ім успамогу. Аднак, Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?

Сказаў-жа таксама прыпавесьць і тым, якія ўдавалі з сабе праведнікаў, а іншых паніжалі: Двое людзей ўвайшлі ў храм памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стоячы, гэтак маліўся сам у сабе: — Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: зьдзірцы, крыўдзіцелі, чужаложцы, ці вось як гэты мытнік. Пашчу двойчы ў тыдні, даю дзесяціну з таго, што прыдбаю. А мытнік, стануўшы здалёк, не пасьмеў і вачэй узьняць да неба, але, б'ючы сябе ў грудзі, гаварыў: — Божа! міласьцівы будзь да мяне грэшнага. Кажу вам: гэты адыйшоў у дом свой апраўданы больш за таго; бо ўсякі, хто ўзносіцца, паніжаны будзе, а хто сябе паніжае, павышаны будзе.

Прыносілі да Яго й дзяцей, каб дакрануўся да іх; вучні-ж, бачачы гэтае, забаранялі ім. І, паклікаўшы іх, Ісус сказаў: — пусьцеце дзяцей прыйходзіць да Мяне й не забараняйце ім, бо іх есьць Уладарства Божае. Папраўдзе кажу вам: хто ня прыйме Уладарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў Яго.

І спытаўся ў Яго адзін начальнік, кажучы: — Вычыцель добры! што мне зрабіць, каб унасьледаваць жыцьцё вечнае? Ісус сказаў яму: — чаму ты называеш Мяне добрым? ніхто-ж ня добры, як толькі адзін Бог. Ведаеш запаветы: не забівай, ня чужалож, ня сьветчы фальшыва, шануй айца твайго й маці тваю. Ён-жа сказаў: — усяго гэтага я трымаюся ад юнацтва свайго. Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў яму: — аднаго яшчэ табе бракуе, — усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь ды йдзі ўсьлед за Мною. Ён-жа, пачуўшы гэтае, зажурыўся, бо быў вельмі багаты. Ісус, ведаючы, чаго ён зажурыўся, сказаў: — як цяжка увайсьці багатаму да Уладарства Божага! Лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголчына, як багатаму ўвайсьці у Ўладарства Божае!

Тыя-ж, якія чулі гэта, сказалі: — хто-ж можа быць збавёны? Ён-жа сказаў: — тое, што немагчыма для людзей, магчымае для Бога.

Пётра-ж сказаў: — вось мы пакінулі ўсё й пайшлі за Табою. І Ён сказаў ім: — папраўдзе кажу вам, — няма нікога, хто-б пакінуў дом, ці бацькоў, ці братоў і сёстраў, ці жану й дзяцей, дзеля Уладарства Божага, І не атрымаў-бы шмат больш у гэтым часе, а ў век прышлы — жыцьця вечнага.

Адазваўшы-ж дванаццацёх вучняў Сваіх, прамовіў да іх: — вось ўвайходзім у Ерусалім, і збудзецца ўсё, што напісалі прарокі пра Сына Чалавечага. Бо прададуць Яго няверным, і назьдзекуюцца з Яго, і зьняважаць Яго, і аплююць Яго. І, пабіўшы, усьмерцяць Яго, і на трэйці дзень уваскросне. Але яны нічога з гэтага не зразумелі, бо закрытае ад іх было слова гэтае, і яны ня цянілі сказанага.

І было-ж, калі збліжаўся да Ерыхону, адзін сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы. І пачуўшы, што міма яго прайходзяць народ, спытаўся, што гэта ёсьць? Яму сказалі, што Ісус Назаранін прайходзіць. Тады ён голасна ўсклікнуў: — Ісусе, Сыне Давыдаў, зьмілуйся нада мною. Пярэднія з грамады забаранялі яму, каб маўчаў, але ён яшчэ мацней галосіў: — Сыне Давыдаў! зьмілуйся нада мною. Ісус, запыніўшыся, сказаў прывясьці яго да Сябе; калі-ж той сьляпы зблізіўся да Яго, спытаўся ў яго; Кажучы, што хочаш каб учыніў табе? ён-жа адказаў: — Госпадзе! каб мне бачыць. І сказаў яму Ісус: — Глядзі! вера твая ўспамагла табе. І ён ураз-жа стаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога; і ўвесь народ, абачыўшы гэта, узьнёс хвалу Богу.

І прайходзячы па дарозе ўвайшоў у Ерыхон. І вось чалавек, на імя Закхей, старшы над мытнікамі й багаты, — Хацеў пабачыць Ісуса, Хто Ён ёсьць, і ня мог за народам, бо быў малы ростам. Тады, забегшы наперад, узьлез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо тудою меўся праходзіць. Ісус-жа, прыйшоўшы на гэтае месца, ўзглянуў і ўбачыу яго й сказаў яму: — Закхей, хутчэй зьлезь, бо сёньня мне трэба затрымацца ў цябе ў доме тваім. І ён хутка зьлез, і прыняў Яго ў радасьці. Усе-ж, бачачы гэтае, пачалі наракаць, кажучы, што да грэшніка ўвайшоў з прывітаньнем. Закхей-жа, стануўшы прад Госпадам, сказаў: — Госпадзе! палавіну дабра свайго я аддам убогім, і калі каго чым скрыўдзіў, вярну чацьвярыцаю. Ісус сказаў яму: — сёньня прыйшло збавеньне дому гэтаму, бо й ён сын Абрагама. А Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці й выбавіць загінутае.

Калі яны слухалі гэтае, сказаў ім яшчэ й прыпавесьць, бо быў Ён недалёка ад Ерусаліму, і ўсе думалі, што хутка ўжо павінна аб'явіцца Уладарства Божае. Дзеля гэтага сказаў: чалавек адзін высокага роду адыйходзіў у дальні край прыняць на сябе уладарства й вярнуцца. Прызваўшы дзесяць слугаў сваіх, даў ім дзесяць мін срэбра й сказаў ім: пускайце іх у рух, пакуль не вярнуся. Але грамадзяне ненавідзелі яго, і паслалі ўсьлед за ім пасланцоў, кажучы: — ня хочам, каб ён уладарыў над намі. І сталася, калі вярнуўся, прыняўшы уладарства, загадаў паклікаць да сябе слугаў тых, якім даў срэбра, каб даведацца, хто што прыдбаў. І прыйшоў першы й сказаў: — гаспадару! міна твая прынясла дзесяць мінаў. І сказаў яму: — добра, добры слуга; таму што ў малым быў мне верным, вазьмі пад сваю ўладу дзесяць местаў. Прыйшоў і другі й сказаў: — гаспадару! міна твая прынясла пяць мін. І яму сказаў: вазьмі й ты пад сваю ўладу пяць местаў. Прыйшоў трэйці й сказаў: — гаспадару! вось твая міна, якую я схаваў, увязаўшы ў хусьціну. Бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго ня клаў, і жнеш, чаго ня сеяў. Гаспадар сказаў яму: — вуснамі тваімі буду судзіць цябе, ліхі слуга; калі ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня сеяў, — Чаму ты не аддаў срэбра майго ў банк, каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам? І сказаў былым там: — вазьмеце ў яго міну й дайце таму, хто мае дзесяць мінау. І сказалі яму: — гаспадару! ён-жа мае дзесяць мінаў. Але, кажу вам: — ўсякаму, хто мае, дададзена будзе, а хто ня мае, ў таго адыймецца й тое, што й мог-бы мець. А тых ворагаў маіх, якія не хацелі, каб я быў уладца над імі, прывядзеце сюды й зьбеце прада мною. І сказаўшы гэтае, Ён пайшоў далей, ідучы да Ерусаліму.

І калі наблізіліся да Віфагіі й Віфаніі, што пры гары, называнай Аліўнаю, Ён паслаў двух вучняў Сваіх, — Сказаўшы: ідзеце проста наперад у сялібу; увайшоўшы ў яе знайдзеце асьлё прывязанае, на якое ніхто з людзей ніколі не садзіўся, адвяжэце яго й прывядзеце. А калі хто ў вас папытае: — нашто адвязваеце? — скажэце яму так: яно патрэбнае Госпаду. Пасланыя пайшлі й знайшлі, як і сказаў Ён ім. Калі-ж яны адвязвалі асьлё, гаспадары яго сказалі ім: — нашто адвязваеце асьлё? Яны-ж адказвалі: — яно патрэбнае Госпаду. І прывялі яго да Ісуса, і накінуўшы вопраткі свае на асьлё, пасадзілі на яго Ісуса. Калі-ж Ён ехаў, пасьцілалі адзеньне сваё па дарозе.

Калі-ж Ён ужо наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў Ягоных у радасьці пачалі галосна ўслаўляць Госпада за ўсе цуды, якія яны бачылі, — Прамаўляючы: — Дабраславёны Валадар, Хто йдзе ў імя Гасподняе! мір на небе, і слава ў вышынях. А некаторыя фарысеі спасярод народу сказалі Яму: — Вучыцель! забарані вучням Тваім. Але Ён сказаў ім у адказ: — кажу вам, што калі яны змоўкнуць, то каменьні загалосяць.

І калі падыйшоў да места, то, гледзячы на яго, заплакаў па ім І прамовіў: — о, каб пазнаў і ты хоць у гэты дзень твой, што служыць да супакою твайго! але гэта цяпер сукрыта ад вачэй тваіх. Бо настануць для цябе дні, калі ворагі твае абложаць цябе акопамі, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль. І зруйнуюць цябе, і паб'юць дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе каменя на камені, за тое, што не пазнаў ты часу наведаньня твайго.

І, ўвайшоўшы ў храм, пачаў выганяць як тых, хто прадаваў, так і тых, хто купляў, — Кажучы ім: — напісана, — дом Мой — дом для малітвы, а вы зрабілі яго лагвом разбойнікаў. І навучаў штодзень у храме; а першасьвятары й кніжнікі й старшыні народныя шукалі спасобу, каб загубіць Яго. І не маглі нічога ўчыніць Яму, бо ўвесь народ быў пры Ім, слухаючы словы Ягоныя.

І было ў адзін з дзён тых, калі Ён навучаў людзей у храме й дабравесьціў, падыйшлі архісьвятары й кніжнікі з старэйшынямі; І пыталі ў Яго, кажучы: — скажы нам, якою ўладаю Ты гэтае творыш, ці хто даў Табе гэтую ўладу? Ён-жа, адказваючы ім, сказаў: — Я таксама скажу вам адно пытаньне, і адкажэце Мне: Хрышчэньне Янава з неба было, ці ад людзей? Яны-ж, падумалі сабе, разважаючы: — калі скажам — з неба, — скажа — чаму не паверылі яму. А калі скажам — ад людзей, то людзі паб'юць нас каменьнямі, бо яны перакананы, што Ян — прарок. І яны адказалі: — ня ведаем адкуль. Ісус сказаў ім: — і Я не скажу вам, якою ўладаю гэтае твару.

І пачаў гаварыць да народу гэткую прыпавесьць. Чалавек адзін засадзіў вінаграднік, і здаўшы яго вінадзелам, адлучыўся на доўгі час. У сваю-ж пору паслаў да вінаградараў слугу свайго, каб яны далі яму частку плёну з вінаградніку; але вінаградары, пабіўшы яго, адаслалі з нічым. Тады ён паслаў другога слугу, але яны й таго пабілі й назьдзекаваліся й адаслалі з нічым. Яшчэ паслаў трэйцяга слугу, але й таго, акалечыўшы, выгналі. І сказаў гаспадар вінаградніку: — што мне зрабіць? пашлю сына майго ўлюбёнага, можа, пабачыўшы яго, паўстыдаюцца. Але вінаградары, убачыўшы яго, разважалі між сабою, кажучы: — гэта спадкаемца; пойдзем, заб'ём яго, і спадчына яго будзе нашая. І вывеўшы яго з вінаградніку, забілі. Што-ж ўчыніць ім гаспадар вінаградніку? Прыйдзе й выгубіць вінаградараў тых, а вінаграднік здасьць іншым; тыя-ж, хто слухалі Яго, сказалі: — няхай ня станецца. Ён-жа, глянуўшы на іх, прамовіў: — а што азначае пісаньне гэтае? — Камень, збракованы будаўнічымі, той стаўся галавою вугла. Кажны, хто ўпадзе на той камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, таго разтрушчыць.

І памыкаліся архісьвятары й кніжнікі ў той час налажыць на Яго рукі, але баяліся народу; самі-ж зразумелі, што на іх сказаў Ён прыпавесьць гэтую. І выглядаючы зручнага моманту, падаслалі віжоў падступных, якія удаючы сябе праведнікамі, падлавілі-б Яго на якім-небудзь слове, каб выдаць Яго старшыням і ўладзе правіцеля. І тыя спыталіся ў Яго, кажучы: — Вучыцель! мы ведаем, што Ты справядліва гаворыш і навучаеш і ня ўзіраешся на асобы, але праўдзіва на шлях Божы настаўляеш. Ці належыцца нам даваць падатак кесару, ці не? Ён-жа, ведаючы іхную падступнасьць, сказаў ім: — што вы Мяне спакушаеце? Пакажэце Мне дынары: чыё на ім аблічча й чый подпіс? — яны сказалі: — кесаравы. І Ён сказаў ім: — дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу. І не маглі падлавіць Яго на слове прад народам, і задзівіўшыся з адказу Ягонага, замоўклі.

Тады падыйшлі некія ад садукеяў, якія ня вераць у ўваскрасеньне, і спыталіся ў Яго, кажучы: — Вучыцель! Майсей напісаў нам: калі-б у каго памёр жанаты брат бязьдзетным, то брат яго няхай возьме жану яго й адродзіць патомства брату свайму. Было-ж сем братоў; і першы, узяў жану, і памёр бязьдзетным. Тады ўзяў яе другі, і той памёр бязьдетным. І трэйці узяў яе, і таксама ўсе сем бралі, і паўміралі, не пакінуўшы патомства. Пасьля-ж ўсіх памерла й жана. Дык пры ўваскрасеньні каторага з іх яна будзе жаною, бо-ж усе сем мелі яе за жонку. І сказаў ім Ісус: сыны сьвету гэтага жэняцца й замуж ідуць. Тыя-ж, якія будуць дастойнымі прыждаць таго сьвету і ўваскрасеньня мертвых, ні жэняцца, ані замуж ня йдуць. І памераць больш ня могуць, бо яны ўжо роўныя ангелам, і ўжо сталіся сынамі Божымі, стаўшыся сынамі ўваскрасеньня. І Майсей паказаў пры купіне, калі назваў Госпада Богам Абрагама, і Богам Ісака, і Богам Якуба. Бог-жа ня ёсьць Богам мертвых, але жывых, бо ў Яго ўсе жывуць. І некаторыя з кніжнікаў сказалі на гэта: — Вучыцель! добра Ты сказаў. І больш не адважваліся пытаць у Яго пра што-колечы; Ён-жа сказаў ім: — Як гэта кажуць, што Хрыстос Сын Давыдаў? А сам Давыд у кнізе псальмаў гаворыць: — сказаў Госпад Госпаду майму: «сядзі праваруч ад Мяне, Дакуль палажу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх». Вось-жа, Давыд Госпадам называе Яго; як-жа Ён сын яму? І голасна прад усім народам прамовіў да вучняў Сваіх: — Сьцяражэцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у даўгім адзеньні, і любяць вітаньні на рынках і першыя месцы ў сынагогах і пяршэнствы на банкетах. Яны аб'ядаюць домы ўдавіцаў і аблыжна падоўгу моляцца; гэтыя прыймуць тымцяжэйшае асуджэньне.

І наглядаючы ў храме, убачыў, як багацеі кідалі ў скарбонку пашмат дароў. І ўбачыў адну бедную ўдавіцу, якая ўкінула туды дзьве лепты. І сказаў: папраўдзе кажу вам, што гэтая бедная ўдавіца ўкінула больш за ўсіх. Бо ўсе тыя ад збытку свайго клалі ахвяру Богу, яна-ж з беднасьці свае палажыла ўсё, што мела да пражытку свайго. І калі некаторыя гаварылі пра сьвятыню, што ўпрыгожана яна дарагімі каменьнямі і дарамі, Ён сказаў: — Настануць дні, калі з усяго таго, што вы бачыце, не застанецца каменя на камені, якія ня былі-б разбураны. І пыталіся ў Яго, кажучы: — Вычыцелю! калі-ж гэта будзе, і якая азнака таго, калі гэта павінна стацца?

Ён-жа сказаў: будзьце асьцярожнымі, каб ня ўпалі ў блуд, бо шматлікія прыйдуць пад імём Маім, кажучы — гэта Я, — і што — час ужо блізкі, — не хадзеце сьледам за імі. Калі-ж пачуеце пра войны і забурэньні, не жахайцеся, бо гэта павінна стацца перш, але не адразу канец.

Тады сказаў ім: — паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства. І пройдуць мясцамі вялікія землятрусы, і будуць галадоўлі і паморкі і жахлівыя зьявы; і будуць вялікія знаменьні з неба.

А перад усім гэтым наложаць на вас рукі свае, і будуць гнобіць вас, выдаючы ў сынагогі і вязьніцы, і павядуць да каралеў і ўладцаў за імя Маё. Прыдасца-ж гэта для дзеля сьвядоцтва вам. Дык палажэце сабе на сэрца не абдумоўваць загадзя, што адказваць. Бо Я дам вам у вусны выслаўленьні і мудрасьць, якой ня змогуць супярэчыць і супрацівіцца ўсе супраціўнікі вашыя. Выдаваць-жа будуць вас і бацькі, і браты, і сваякі, і сябры, і некаторых з вас усьмерцяць. І зьненавідзяць вас усе за імя Маё. Але і волас з галавы вашае не загіне. Цярпеньнем вашым ухаваеце душы вашыя.

Калі-ж убачыце Ерусалім абложаны войскам, то ведайце, што надыйходзіць спусташэнне яго. Тагды, хто у Юдэі, няхай бягуць у горы, а хто ў месьце, няхай выйходзіць з яго. Бо тыя дні помсты, каб збылося напісанае. Гора-ж цяжарным і карміцелькам грудзьмі ў дні тыя, бо вялікае будзе прыгнечаньне на зямлі, і гнеў на народ гэты. І падуць ад вастрыя мяча, і забраныя будуць у няволю да ўсіх народаў; і Ерусалім будзе тратаваны нявернікамі, пакуль ня скончацца часы няверных.

І будуць знаменьні на сонцы, і месяцы і зорках, а на зямлі скруха між народаў і роспач ад нечаканага ўсхваляваньня і рокату морскага. І людзі будуць упадаць у зьнямогу ад страху і чаканьня няшчасьця сусьветнага, бо сілы нябесныя ўзрушацца. Тады ўбачаць Сына Чалавечага, ідучы на воблаках з сілаю і славаю вялікаю. Калі-ж стане гэта збывацца, схамянецеся, і ўзьнімеце галовы вашыя, бо збліжаецца адкупленьне вашае.

І сказаў ім прыпавесьць: — глядзеце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы. Калі яны ўжо распускаюцца, то пабачыўшы, самі ведаеце, што ужо блізка лета. Гэтак і вы: калі пабачыце пачатак падзеяў тых, ведайце, што збліжаецца Уладарства Божае. Запраўды, кажу вам: ня пройдзе род гэты, як усё тое станецца. Неба й зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.

Трымайцеся-ж уважна, каб сэрцы вашыя не абцяжаліся аб'яданьнем і п'янствам ды жыцьцёвымі турботамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзяванна. Бо як сеткаю спадзе ён на ўсіх, якія жывуць на абліччы зямлі. Дык чувайцеся усячасна і малецеся, каб быць годнымі ўсьцерагчыся ад усіх бедаў, што маюць прыйсьці, і каб стануць прад Сынам Чалавечым.

У дзень Ён навучаў у храме; калі-ж надыйходзіла ноч, Ён, выйходзячы, ішоў на гору, званаю Аліўная. А ўвесь народ зранку прыйходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.

Набліжалася сьвята Прэсьнікаў, званае Пасха. Ахісьвятары і кніжнікі выглядалі, як-бы загубіць Яго, бо прад народам баяліся. І ўвайшоў шатан у Юду, званага Іскарыёт, аднаго з ліку дванаццацёх. І той пайшоў і змаўляўся з архісьвятарамі і начальнікамі, каб выдаць Яго ім. Яны-ж узрадаваліся і абяцалі даць яму срэбнікаў. І ён згадзіўся і шукаў зручнага моманту, каб выдаць Яго ім не пры народзе.

І вось надыйшоў дзень Прэсьнікаў у які належала ахвяроўваць Пасху. І паслаў Ісус Пятра і Яна, сказаўшы: — пайдзеце і прыгатуйце нам Пасху да спажываньня. Яны-ж сказалі Яму: — дзе хочаш, каб мы прыгатавалі? Ён-жа сказаў ім: — вось як будзеце ўвайходзець у места, напаткаецца вам чалавек, які будзе нясьці збан вады; ідзце за ім у дом, у які ён увойдзе. І скажэце гаспадару дому: — Вучыцель гаворыць да цябе: дзе гаспода, у якой-бы Мне спажыць Пасху з вучнямі Маімі. І ён пакажа вам сьвятліцу прасторную, прыбраную; там і прыгатуйце. І яны пайшлі і знайшлі, як і казаў ім, і прыгатавалі Пасху. І як надыйшоў час, сеў за стол, і дванаццаць апосталаз з Ім. І прамовіў да іх: — вялікім жаданьнем Маім была спажываць гэтую Пасху з вамі, перш чым прыняць пакуту. Бо, кажу вам, што ад гэтага часу ня буду спажываць яе, пакуль ня споўніцца у Ўладарстве Божым. І, узяўшы чашу узьнёс падзяку і сказаў: — вазьмеце яе і разьдзялеце між сабою. Бо, кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Ўладарства Божае. І, узяўшы хлеб, узьнёс падзяку, і паламаўшы, падау ім, кажучы: — гэта ёсьць Цела Мае, за вас аддаванае; гэтае рабеце на ўспамін Мяне. Таксама і чашу пасьля вячэры ўзяў, кажучы: — гэтая чаша — новы запавет у кпыві Маёй, якая за вас праліваецца. А то-ж, вось рука таго, хто прадае Мяне, са мною за сталом. Але Сын Чалавечы йдзе, як гэта прызначана было; аднак-жа, гора чалавеку таму, праз якога Ён прадаецца. І яны пачалі дапытвацца спаміж самых, хто-б гэта з іх мог учыніць такое? Пачалася-ж і спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым. Ён-жа сказаў ім: — Ўладары народаў камандуюць імі, і, ўладарачы імі, дабрадзеямі завуцца. З вамі-ж ня гэтак, але большы з вас няхай станецца найменшым, а старшы, як слуга. Бо хто большы? ці той, хто за сталом, ці той, хто прыслугоўвае? ці-ж ня той, хто за сталом? Я-ж пасярод вас, як паслужнік. Але вы тыя, якія ператрывалі пры Мне ў выпрабаваньнях Маіх. І Я запавядаю вам уладарства, як запавядаў Мне Айцец Мой. Каб вы елі і пілі за сталом Маім у Ўладарстве Маім і селі на пасадах судзіць дванаццаць кален Ізраілевых. І сказаў-жа Госпад: Сымане, Сымане! вось шатан пажадаў вас, каб прасяваць, як пшаніцу. Але Я маліўся за цябе, каб не аслабла вера твая; і ты некалі, прывярнуўшыся, умацуй братоў тваіх. Ён-жа адказаў Яму: — Госпадзе! з Табою я гатоў ісьці і ў вязьніцу і на сьмерць. Ён-жа сказаў яму: — кажу табе Пётра, не прапяе яшчэ певень сёньня, як ты тройчы адрачэшся, кажучы, што ня ведаеш Мяне. І сказаў ім: — калі Я пасылаў вас без кашалька і бяз торбы і без сандаляў, ці мелі вы ў чым недахоп? яны-ж адказалі: ні ў чым. Тады сказаў ім: — цяпер-жа, хто мае кашалёк, няхай возьме, таксама і торбу; а каторы ня мае, няхай прадасьць адзежыну сваю і купіць меч. Бо, кажу вам, што павінна выпаўніцца на Мне тое, што напісана: «і да злачынцаў прылічаны», бо тое, што пра Мяне, да выканчэньня дайходзіць. Яны-ж сказалі: — Госпадзе! вось тут два мячы; Ён сказаў ім: — даволі.

І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліўную; за Ім пайшлі вучні Ягоныя. Прыйшоўшы на месца, сказаў ім: — малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. А Сам аддаліўся ад іх на пошыб каменя і, укленчыўшы, маліўся; Прамаўляючы: Ойча, калі-б воля Твая, пранясі чашу гэтую па-за Мною, але не Мая, а Твая воля няхай станецца.

Зьявіўся-ж Яму ангел з неба і ўзмацоўваў Яго. І ўпаўшы ў сьмяротную агонію найшчырэй маліўся; і быў пот Яго, як кропкі крыві, сплываючы на зямлю. І ўстаўшы з малітвы і прыйшоўшы да вучняў, застаў іх соннымі ад смутку. І прамоўвіў да іх: — чаму вы сьпіцё? устаньце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, паказалася грамада народу, а наперадзе йшоў адзін з дванаццацёх названы Юда; і падыйшоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго, бо гэткі знак даў ім: — каго пацалую, Той ёсьць. Ісус-жа сказаў яму: — Юда! ці пацалункам выдаеш Сына Чалавечага? Тыя-ж, якія былі пры Ім, бачачы, да чаго ўсё схіляецца, сказалі Яму: — Госпадзе! ці ня ўдарыць нам мечам. І адзін з іх ударыў архісьвятаровага слугу і адсек яму правае вуха. Але Ісус, адазваўшыся, сказаў: — пакіньце з гэтым, і дакрануўшыся да вуха таго, ацаліў яго. І сказаў Ісус прыйшоўшым па Яго архісьвятарам, начальнікам сынагогаў і старшыням: — нібы на разбойніка выйшлі вы з мячамі і з кіямі. Кажны дзень быў Я з вамі ў сьвятыні, і вы ня выцягвалі рук на Мяне; але цяпер ваш час, і ўлада цемры. І ўзяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом архісьвятара; Петра-ж усьлед ішоў здалёк. Калі-ж разлажылі агонь пасярод двора і паселі навокал, сеў і Пётра між імі. І вось адна служанка, якая сядзела пры агні, і ўглядаючыся ў яго, сказала: — і гэты таксама быў з Ім. Ён-жа адрокся ад Яго, сказаўшы: — жанчына! я ня знаю Яго. Неўзабаве іншы, убачыўшы яго, сказаў: — і ты з іх; Петра-ж сказаў: — чалавеча! ды не! А праз гадзіну часу яшчэ хтось упэўнена сказаў: — запраўды і гэты быу з Ім, бо ён-жа і галілянін. Але Пётра сказаў: — чалавеча! ня ведаю, што ты гаворыш; і яшчэ ня скончыў гаварыць, як прапяяў певень. І, абярнуўшыся, Госпад узглянуў на Пятра; тады ўспомніў Пётра слова Гасподняе, сказанае яму: — перш чым прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаў вон і горка заплакаў. Людзі-ж, якія дзяржалі Ісуса, зьдзекаваліся з Яго і білі Яго. І закрыўшы Яго, білі Яго па твары і пыталіся ў Яго, кажучы: — спраракуй, хто Цябе ўдарыў. І шмат іншых зьнявагаў і крыўдаў кідалі на Яго. А калі настаў дзень, зыйшліся старшыні народныя, і архісьвятары і кніжнікі, і прывялі Яго ў свой сынедрыён. І сказалі: — калі Ты Хрыстос, скажы нам. Ён-жа сказаў ім: — калі вам скажу, не паверыце; А калі папытаю і вас, не адкажаце Мне і не адпусьціце Мяне. Але ад гэтага часу Сын Чалавечы сядзе праваруч Сілы Божае. І сказалі ўсе: — дык Ты Сын Божы? — Ён адказаў ім: — вы самі кажаце, што Я. Яны-ж сказалі: — якое яшчэ сьвядоцтва патрэбна нам? бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных.

І зрушыўшыся, усею грамадою павялі Яго да Пілата. І пачалі Яго абвінавачваць, кажучы: мы дазналі, што гэты чалавек бунтуе народ, забараняе даваць падатак кесару, называючы Сябе Хрыстом каралём. Пілат-жа спытаўся ў Яго: — ці Ты кароль Юдэйскі? і Ён у адказ сказаў яму: — ты кажаш гэта. І сказаў Пілат архісьвятарам і народу: — я не знайходжу ніякае віны ў гэтым Чалавеку. Яны-ж наставалі, кажучы: — Ён бунтуе народ, навучаючы па усёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж да гэтага месца. Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: — ці гэты Чалавек Галілеянін? І калі даведаўся, што Ён з ваколіцы, падлеглай Іраду, адаслаў Яго да Ірада, які на той час быў таксама ў Ерусаліме. Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо ад даўжэйшага часу меў жаданьне пабачыць Яго, бо шмат чуў пра Яго і спадзяваўся, што Ён учыніць прад ім некі цуд. І шмат пытаньняў даваў Яму, але Ён нічога не адказваў яму. Архісьвятары-ж і кніжнікі, стоячы пры гэтым, заўзята абвінавачвалі Яго. Ірад з воінамі сваімі, зьняважыўшы Яго і накпіўшы, і надзеўшы на Яго сьветлае адзеньне, адправіў Яго да Пілата. І з таго дня Ірад з Пілатам сталіся прыяцелямі, бо раней былі яны варожыя адзін аднаму. Пілат-жа склікаў архісьвятароў і начальнікаў і народ. І прамовіў да іх: — вы прывялі да мяне гэтага Чалавека, як бунтаўніка народу; і вось я, пытаючы Яго прад вамі, ніякае віны ў Ім не знайшоў у тым, у чым вы Яго вінаваціце. Таксама і Ірад, да якога я пасылаў Яго, — і вось нічога ня знойдзена ў Ім, за што-б заслугоўваў на сьмерць. Вось-жа, укараўшы Яго, звольню. Яму-ж належала, дзеля сьвята, адпусьціць ім аднаго вязьня. Але ўвесь народ стаў крычаць: вазьмі Яго, а нам адпусьці Вараўву. Той-жа быў пасаджаны ў вязьніцу за бунт у месьце і забойства. Пілат зноў прамовіў да іх, хочучы адпусьціць Ісуса. Але яны ўзьнялі голас, крычучы: — укрыжуй Яго, укрыжуй Яго! І ён у трэйці раз зьвярнуўся да іх: — якое-ж зло ўчыніў Ён? нічога-ж павіннага сьмерці я не знайшоў у Ім; і вось, укараўшы Яго, адпушчу. Але яны ўсьтяж моцным крыкам дамагаліся, каб Ён быў укрыжаваны; і перамог крык іхны і архісьвятароў. І Пілат прысудзіў паводля іхнага дамаганьня. І звольніў ім пасаджанага ў вязьніцу за бунт і забойства, каго яны прасілі, а Ісуса выдаў на іхную волю. І як павялі Яго, то захапілі каго-сь Сымана Кірынейца, які йшоў з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам. Ішло-ж усьлед за Ім вялікае мноства народу, і жанчыны плакалі і галасілі па Ім. Ісус-жа, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: — дочкі Ерусалімскія! ня плачце па Мне, валей плачце па сабе і па дзецях вашых. Бо надыйходзяць дні, калі будуць гаварыць: — шчасьлівыя няплодныя, і ўлоньні, якія не раджаді, і грудзі, якія не кармілі. Тады скажуць горам — падзеце на нас! — і узгоркам — паркрыйце нас. Бо калі з зялёным дрэвам гэтае твораць, то з сухім што будзе?

Вялі-ж з Ім на сьмерць і двух ліхадзеяў. І калі прыйшлі на месца, званае Чараповішча, там укрыжавалі Яго і двух разбойнікаў, аднаго з правага боку, а другога з левага. Ісус-жа прамовіў: — Ойча! даруй ім, бо ня ведаюць, што твораць. І дзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабе. Народ-жа стаяў, дзівуючыся; насьмяхаліся разам з імі і начальнікі, кажучы: — іншых выбаўляў, няхай-жа выбавіць Сябе Самога, калі Ён Хрыстос, выбранец Божы. Таксама і воіны зьдзекаваліся з Яго, падыйходзячы і падносячы Яму воцат. І гаварылі: — калі Ты кароль Юдэйскі, выбаві Сябе Самога. Быў-жа над Ім і напіс, пісьмом грэцкім, рымскім і юдэйскім: «Гэты ёсьць кароль Юдэйскі».

Адзін з укрыжаваных злачынцаў стаў дакараць Яму, кажучы: — калі Ты Хрыстос, выбаві Сябе і нас. Другі-ж сунімаў яго і гаварыў: — ці ты не баішся Бога, калі і сам засуджаны на тое-ж. І мы засуджаны справядліва, бо належнае за ўчынкі нашыя дасталі; Ён-жа нічога злога не зрабіў. І прамовіў да Ісуса: — памяні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Ўладарства Сваё. І сказаў яму Ісус: — папраўдзе кажу табе: — сёння-ж будзеш са Мною ў раі.

Было-ж блізу шостай гадзіны, і цемра агарнула ўсю зямлю да гадзіны дзявятай. І сонца зацьмілася, і завеса ў храме разьдзерлася папалам. І, усклікнуўшы моцным голасам, Ісус прамовіў: — Ойча, ў рукі Твае аддаю Дух Мой, — і гэта прамовіўшы, сканаў. Сотнік-жа, абачыўшы, што зьдзеялася, узьнёс хвалу Богу, сказаўшы: — запраўды Чалавек гэты Праведнікам быў. І ўсе людзі, які прыйшлі з цікавасьці, пабачыўшы, што сталася, вяртаючыся, білі сябе ў грудзе. Стаялі-ж і ўсе знаёмыя Ягоныя здалёк, і жоны, спадарожніцы Яго з Галілеі, гледзячы на ўсё гэтае.

І вось чалаввек на імя Язэп, раднік, муж добры і справядлівы; Родам з Юдэйскага места Арымафеі, які не згаджаўся з за судам і паступаваньнем сынедрыёну, і сам чакаў Уладарства Божага, — Прыйшоў да Пілата і прасіў Цела Ісусавага. І зьняўшы Яго, авінуў плашчаніцаю і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале, дзе яшчэ ніхто ня быў паложаны. Быў-жа дзень той — Пятніца дзень прыгатовы — і надыйходзіла сыбота. Сьледам за ім ішлі жанчыны, якія прыйшлі з ім з Галілеі, і агледзелі гроб, і як паложана было Цела Ягонае. І, вярнуўшыся, прыгатавалі духмянасьці і масьці, а ў сыботу супачывалі, як было запавядана.

У першы-ж дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя духмянасьці, яны прыйшлі да гробу, і з імі і некаторыя іншыя. І ўбачылі камень адвалены ад гробу. А увайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса. Калі-ж яны ў падзіўленьні ня цямілі, што сталася, вось два мужы ў зіхатлівым адзеньні сталі прад імі. І калі яны ў страху нахілілі абліччы свае да зямлі, прамовілі ім: — што вы шукаеце жывога між памершымі? Яго няма тут, Ён уваскрос; успомніце, як Ён гаварыў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, — Кажучы, што Сыну Чалавечаму прызначана выданым быць у рукі людзей грэшных, і быць укрыжаванаму і на трэйці дзень уваскроснуць. І успомнілі яны словы Ягоныя. Тады, вярнуўшыся ад гробу, апавесьцілі ўсё гэта адзінаццацём і ўсім іншым. Былі-ж эта — Марыя Магдалена і Йанна, і Марыя Якубава, а з імі іншыя, якія гаварылі апосталам пра ўсё тое. Але тым паказаліся словы іхныя трызьненьнем, і не паверылі ім. Пётра-ж, устаўшы, пабег да гробу, і нахіліўшыся, убачыў толькі ляжачыя пялёны, і пайшоў назад, дзівуючыся з таго, што сталася.

У той-жа дзень двое з іх ішлі ў паселішча Эммаус, адлегкае ад Ерусаліму на шэсьцьдзясят стадыяў. І размаўлялі між сабою пра падзеі, якія адбыліся. І сталася, калі яны разважалі, распытваючы адзін аднаго, Сам Ісус, зблізіўшыся, пайшоў з імі. Але вочы іхныя былі заслоненыя, каб не маглі пазнаць Яго. І Ён сказаў ім: — пра што гэта вы ідучы разважалі між сабою, і чаму засмучоныя? І адзін з іх, на імя Кляопа, у адказ Яму сказаў: — няўжо ты, адзін з прыбылых у Ерусалім, ня ведаеш, што ў ім сталася ў гэтыя дні? І кажа ім: — а што? — і яны расказалі Яму, што сталася з Ісусам Назаранінам, вялікім прарокам, магутным у чыне і слове прад Богам і прад усімі людзьмі. Як прадалі Яго архісьвятары і начальнікі нашыя асуджэньню на сьмерць, і ўкрыжавалі Яго. Мы-ж спадзяваліся, што Ён Той, Хто павінен выбавіць Ізраіля; а па-за гэтым, вось ужо трэйці дзень, як тое сталася. А прытым некаторыя жанчыны нашыя ўстрывожылі нас; яны былі ля гробу на сьвітаньні. І не знайшлі Цела Ягонага; а прыйшоўшы гаварылі, што бачылі яву Ангелаў, якія сказалі, што Ён жывы. Хадзілі-ж некаторыя нашыя да гробу і знайшлі так, як і жанчыны гаварылі; але Яго ня бачылі. Тады Ён сказаў ім: — о, бязмысныя і тупыя сэрцам, каб паверыць усяму таму, што гаварылі прарокі! Ці-ж ня гэтак належала адцярпець Хрысту і ўвайсьці у Славу Сваю? І пачаўшы ад Майсея, і з усіх прарокаў выясьняў ім усё сказанае ў Пісаньні. Калі-ж яны зблізіліся да таго паселішча, у якое ішлі, Ён намерваўся йсьці далей. Але яны ўстрымлівалі Яго, кажучы: — застанься з намі, бо ўжо вечарэе, дзень на зыходзе; і Ён увайшоў з імі супачыць. І сталася, калі быў за сталом з імі, узяў хлеб, дабрасловіў, пераламаў і даў ім. Тады адкрыліся вочы іхныя, і пазналі Яго, але Ён стаўся нявідомы для іх. Яны-ж пачалі гаварыць адзін аднаму: — ці-ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў з намі ў дарозе, і калі выясьняў Пісаньне. І, устаўшы, у тую-ж часіну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі сабраных разам адзінццацёх ды іншых, каторыя былі з імі. І расказвалі, што Госпад запраўды ўстаў і зьявіўся Сыману. Тады і яны расказалі, што здарылася ім у дарозе, і як пазналі Яго пры паламаньні хлеба.

Калі-ж яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стануў сярод іх і сказаў ім: — Мір вам! Яны, сумеўшыся, у страху думалі, што бачаць духа. І сказаў ім: — чаго сумляваецеся? і чаму такія помыслы ўвайходзяць у сэрцы вашыя? Глядзеце на рукі і ногі Мае — гэта Я Сам; дакранайцеся да Мяне і разгледзьце: дух-жа цела і касьцей ня мае, а Я, бачыце, маю. І сказаўшы гэта, паказаў ім пукі і ногі. Калі-ж з радасьці яшчэ ня верылі і дзівіліся, сказаў ім: — ці маеце тут чаго-небудзь да яды? Яны падалі Яму частку печанае рыбы і сотавага мёду. І ўзяўшы, еў перад імі. І сказаў ім: — вось тое, пра што Я гаварыў вам, як быў яшчэ з вамі: што павінна споўніцца ўсё напісанае пра Мяне ў законе Майсеевым, і ў прарокаў і ў псальмах. Тады адкрыў ім розум дзеля ўразуменьня Пісаньня. І сказаў ім: — гэтак напісана і гэтак належала адцярпець Хрысту і ўваскроснуць з мертвых на трэйці дзень. Пакаяньне-ж і адпушчэньне грахоў мае быць абвешчана ў Імя Яго ўсім народам, пачаўшы з Ерусаліму. Вы-ж самі сьветкі гэтаму. Вось Я пашлю абяцаньне Айца Майго на вас; вы-ж аставайцеся у месьце Ерусаліме, дакуль ня будзеце ахіненыя сілаю з узвыш. І вывеў іх з места да Віфаніі, і ўзьняўшы рукі Свае, дабрасловіў іх. І сталася, як дабрасловіў іх, стаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба. Яны пакланіліся Яму і вярнуліся ў Ерусалім у вялікай радасьці. І былі заўсёды ў храме, услаўляючы і сьвятасловячы Бога. Амін.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.