Библия › Чарняўскі-12 › Да Піліпцаў

Ліст да Піліпцаў

Паўла і Цімафей, паслугачы Хрыста Ісуса, усім святым у Хрысце Ісусе, якія ёсць у Піліпах разам з епіскапамі і дыяканамі: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякую Богу майму, усякі раз успамінаючы вас, заўсёды ва ўсіх малітвах маіх за ўсіх вас з радасцю молячыся, дзеля вашага ўдзелу ў Евангеллі ад першага дня аж да цяпер, маючы пэўнасць, што Той, Які пачаў у вас добрую справу, давядзе аж да дня Хрыста Ісуса; як справядліва мне думаць пра вас усіх, бо маю вас у сэрцы, і ў путах маіх, і ў абароне, і ва ўмацаванні Евангелля, бо ўсе вы супольнікі радасці маёй. Сведка мне Бог, як сумую па вас усіх сэрцам Ісуса Хрыста. І аб тым малюся, каб любоў ваша ўсё больш і больш паглыблялася ў веданні і ўсякім адчуванні, каб пазнаваць вам лепшае, каб вы былі чыстымі і без заганы ў дзень Хрыстоў, поўныя пладоў справядлівасці, што праз Ісуса Хрыста на ўшанаванне і славу Бога. Хачу, браты, каб вы ведалі: тое, што вакол мяне, спрычынілася больш да поспеху Евангелля, бо путы мае ў Хрысце праславіліся ва ўсёй прэторыі і ва ўсіх іншых, і многія з братоў у Госпадзе, асмеленыя маімі кайданамі, яшчэ больш адважыліся без страху абвяшчаць слова. Адны, праўда, з зайздрасці і пярэчлівасці вясцяць Хрыста, іншыя ж — з добрай волі. Тыя, што з любові, — ведаючы, што я дзеля абароны Евангелля пастаўлены, тыя ж, што з зайздрасці, прапаведуюць Хрыста няшчыра, з намерам зрабіць мае путы яшчэ цяжэйшымі. Дык што? Ці так, ці гэтак: ці дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца; і я гэтаму рады, і буду радавацца, ведаючы, што гэта ўсё выйдзе мне на збаўленне праз вашы малітвы і з дапамогай Духа Ісуса Хрыста, паводле чакання і спадзявання майго, што я ні ў чым не пралічуся, але з усёй упэўненасцю, як заўсёды, гэтак і цяпер хай уславіцца Хрыстос у целе маім ці праз жыццё, ці праз смерць. Бо для мяне жыццё — гэта Хрыстос, і смерць — набытак. Але калі жыццё ў целе прыносіць плод у маёй дзейнасці, дык, што выбраць, не ведаю. Цягне мяне адно і другое: жадаю адысці і быць з Хрыстом, бо гэта шмат лепшае, але заставацца ў целе больш патрэбна для вас. І гэта напэўна ведаю, што застануся дзеля ўсіх вас на карысць вашу і на радасць веры, каб радасць ваша расла ў Ісусе Хрысце праз мяне, праз маё вяртанне да вас. Толькі жывіце дастойна Евангелля Хрыстова, каб, ці калі прыбуду і ўбачу вас, ці адсутны, пачуў пра вас, што вы стаіце ў адным Духу, аднадумна змагаючыся за веру Евангельскую і ні ў чым не палохаецеся супраціўнікаў, што ім стане прычынай загубы, вам жа — збаўлення, і гэта ад Бога. Вам бо дадзена дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго, такое самае змаганне маючы, якое бачылі ўва мне і як чуеце цяпер пра мяне.

І калі ёсць якое пацяшэнне ў Хрысце, калі ёсць якая патоля любові, калі ёсць якая супольнасць духа, калі ёсць спачуванне і міласэрнасць, напоўніце мяне радасцю, тое самае разумеючы, тую самую маючы любоў, аднадушныя і аднадумныя, нічога не робячы праз перакорлівасць ці праз пустую славу, але ў пакоры адны другіх за вышэйшых прымаючы, не аб сваім толькі клапоцячыся, але і аб іншых. Тое хай у вас думаецца, што і ў Хрысце Ісусе, Які, маючы постаць Божую, не лічыў Сваім здабыткам роўнасць з Богам, але прынізіў Самога Сябе, прымаючы постаць паслугача і стаўшыся на падобнасць людзей, і па знешнасці прызнаваны за чалавека; упакорыў Самога Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да смерці, і нават смерці крыжовай. Дзеля таго і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя, якое вышэй за ўсякае імя, каб прад імем Ісуса сагнулася кожнае калена на небе, на зямлі і пад зямлёй, і каб кожны язык вызнаваў: «Ісус Хрыстос ёсць Госпад!», на славу Бога Айца. Дык вось, дарагія мае, як заўжды былі вы паслухмянымі, не толькі ў маёй прысутнасці, але тым больш цяпер, калі я адсутнічаю, са страхам і трымценнем клапаціцеся пра сваё збаўленне. Бо з ласкавасці Сваёй Бог з’яўляецца ў вас прычынай і хацець, і дзейнічаць. Усё рабіце без наракання і хістання, каб вы былі без заганы і простымі, дзецьмі Божымі без віны паміж народа сапсаванага і крывадушнага, пасярод якога свеціце, як светачы ў свеце, трымаючыся слова жыцця на славу маю ў дзень Хрыстоў, што я не дарма бег і не дарма працаваў. Але калі я і ахвяруюся на ахвяру і паслугу вашай веры, цешуся і дзялюся радасцю з вамі ўсімі. З гэтага і вы цешцеся і дзяліцеся радасцю са мною. Маю надзею ў Госпадзе Ісусе, што ў хуткім часе прышлю да вас Цімафея, каб мог быць спакойны, даведаўшыся, што ў вас. Бо нікога не маю роўнага яму думкай, хто б так шчыра рупіўся пра вас. Бо ўсе аб сваім клапоцяцца, а не аб тым, што Ісуса Хрыста. Спрактыкаванасць яго ведаеце, бо, як сын бацьку, так ён мне служыў у дабравешчанні. Такога вось спадзяюся паслаць, як толькі даведаюся, што ў мяне. Упэўнены я таксама ў Госпадзе, што і сам неўзабаве прыбуду да вас. Палічыў я неабходным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і супольніка змагання майго, вашага ж пасланца і дапаможцу ў маёй патрэбе, бо ён тужыў па вас усіх і быў засмучаны, што вы чулі пра яго хваробу. Бо расхварэўся ён тут аж да смерці, але Бог пашкадаваў яго, і не толькі яго, але, па праўдзе, і мяне, каб я не меў смутку да смутку. Дык я паслаў яго хутчэй, каб, убачыўшы яго, ізноў вы цешыліся і каб я не сумаваў. Прыміце ж яго з усёй радасцю ў Госпадзе і майце яго ў пашане, бо ён для справы Хрыстовай блізкі быў смерці, не дбаючы пра жыццё сваё, каб выканаць тое, чаго вам не хапала ў служэнні мне.

Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое самае мне не цяжка, вам жа яно патрэбна. Зважайце на сабак, зважайце на ліхіх работнікаў, зважайце на абразанне! Бо мы ёсць абрэзаныя, якія духам служым Богу і хвалімся Ісусам Хрыстом, і не ў целе маем надзею, хоць я мог бы спадзявацца і на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык тым больш я: абрэзаны ў восьмы дзень, родам ізраэлец з пакалення Бэньяміна, гебрай з гебраяў, фарысей паводле закону, праз руплівасць пераследаваў Царкву, адносна справядлівасці, што паводле закону, — беззаганны. Але ўсё, што лічыў я здабыткам, тое дзеля Хрыста прызнаў я за марнасць. Ды ўсё лічу за марнасць дзеля вышэйшага пазнання Ісуса Хрыста, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за смецце, каб Хрыста здабыць і апынуцца ў Ім, маючы не маю справядлівасць, якая з закону, але тую, якая з веры ў Хрыста, якая ад Бога справядлівасць праз веру, каб пазнаць Яго, і магутнасць уваскрэсення Яго, і супольнасць пакут Яго, каб упадобніцца смерці Яго, каб такім чынам дасягнуць уваскрэсення з мёртвых. Не кажу так, што я ўжо дасягнуў або ўжо стаўся дасканалым; але імкнуся, каб здабыць, як здабыў мяне Хрыстос Ісус. Браты, я не лічу сябе дасягнуўшым; толькі вось, забываючыся пра тое, што ёсць за мною, парываючыся да таго, што перада мною, імкнуся да мэты, да ўзнагароды вышэйшага паклікання Божага ў Хрысце Ісусе. Дык, калі хто з нас дасканалы, мы думаем так; а калі што адчуваеце інакш, і гэта Бог вам выявіць; аднак чаго мы дасягнулі, так і будзем [думаць і паводле гэтага] жыць. Браты, будзьце паслядоўнікамі маімі і ўзірайцеся на тых, якія так жывуць, як вы маеце прыклад у нас. Многія ж, аб якіх я вам часта казаў, а цяпер вось і, плачучы, кажу, жывуць, як ворагі крыжа Хрыстова, лёсам іх будзе загуба, бо бог іх — жывот, слава іх — у ганьбе іх, яны думаюць аб зямным. Наша ж грамадзянства — у небе, адкуль таксама чакаем Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста, Які пераменіць цела прыніжэння нашага на падабенства цела славы Сваёй магутнасцю, якою ўсё нават падпарадкаваць Сабе можа.

Гэтак, браты мае найдаражэйшыя і вельмі пажаданыя, радасць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя. Эводыю прашу і Сынтыхею ўмольваю гэтаксама думаць у Госпадзе. Таксама і цябе прашу, сапраўдны супрацоўніку, дапамагай ім, бо яны са мною працавалі для Евангелля разам з Клементам і іншымі памочнікамі маімі, імёны якіх упісаны ў кнігу жыцця. Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды. Яшчэ раз кажу: радуйцеся! Ціхасць ваша хай будзе вядомай усім людзям. Госпад блізка. Не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і просьбе з падзякаю няхай адкрываюцца жаданні вашы перад Богам. І супакой Божы, які вышэй за ўсякае разуменне, хай сцеражэ сэрцы вашы і думкі вашы ў Хрысце Ісусе. Урэшце, браты, што толькі ёсць праўдзівае, што толькі сумленнае, што толькі справядлівае, што толькі чыстае, што толькі вартае любові, што толькі добрай славы, ці якая цнота, ці што пахвальнае, — тое майце на думцы. І тое рабіце, чаму вы ад мяне навучыліся, што атрымалі, што пачулі і што ўбачылі; і Бог супакою будзе з вамі. Дужа ўзрадаваўся я ў Госпадзе, што вы ўжо калісьці зноў пачалі думаць пра мяне, як раней думалі, але былі ў клопатах. Не кажу я гэтага з прычыны недахопу, бо я навучыўся задавольвацца тым, што ёсць. Умею прынізіцца, умею і ўзняцца; усяму і ва ўсім навучыўся: і наесціся, і галадаць; і мець дастатак, і нястачу. Усё магу ў [Хрысце], Які ўзмацняе мяне. Аднак жа добра вы зрабілі, успамагаючы бядзе маёй. Вы ж, піліпцы, ведаеце, што на пачатку Евангелля, калі я пакінуў Мацэдонію, ні адна з цэркваў, апрача вас, не ўзяла ўдзелу ў даванні і прыманні; вы і ў Тэсалоніку раз ці два прысылалі на мой ужытак. Не шукаю я дарункаў, але шукаю плода, які памнажаецца на вашу карысць. Я ўсё атрымаў і хапае мне ўсяго; я напоўніўся, атрымаўшы ад Эпафрадыта салодкі водар, які вы даслалі, ахвяру прыемную, мілую Богу. Хай жа Бог мой споўніць усякае ваша жаданне паводле багацця Свайго ў славе, у Хрысце Ісусе. Богу ж і Айцу нашаму слава на векі вечныя. Амін. Прывітайце кожнага святога ў Хрысце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною. Вітаюць вас усе святыя, а найбольш тыя, якія з дому цэзара. Ласка Госпада Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.