Библия › Чарняўскі-17 › Эзэкіэля
І здарылася гэта ў трыццаты год, у пяты дзень чацвёртага месяца, калі я знаходзіўся сярод палонных ля ракі Кэбар, што адкрыліся нябёсы і бачыў я з’яву Божую. У пяты дзень месяца, а гэта быў пяты год ад перасялення цара Ёахіна, Госпад прамовіў да святара Эзэкіэля, сына Буза, у зямлі халдэяў ля ракі Кэбар; і супачыла на ім там рука Госпада. І я паглядзеў: і вось, віхор дзьмуў з поўначы, і велізарная хмара, і агонь палымнеючы, ды бляск кругом яго, і з сярэдзіны яго — штосьці накшталт злітка золата са срэбрам, — гэта значыць з сярэдзіны агню; і ў сярэдзіне яго — штосьці накшталт чатырох істот жывых; і мелі яны такі выгляд: быў у іх выгляд чалавека. Кожная з іх мела па чатыры твары і па чатыры крылы; ногі іх былі прамыя, а ступні ног іх былі падобныя да ступняў ног цяляці, і блішчалі яны, як медзь ззяючая. І пад крыламі мелі яны рукі чалавечыя па чатырох баках. Твары ж і крылы былі ва ўсіх чатырох: крылы іх прылягалі адны да другіх; яны не адварочваліся, калі ішлі; але кожная істота ішла проста перад сабою. Падабенства ж твараў іх: кожная з чатырох істот мела з правага боку аблічча чалавека і выгляд ільва, а з левага боку кожная з чатырох мела выгляд вала і выгляд арла. І крылы іх былі скіраваныя ўгару; два крылы прылягалі адно да аднаго, і два закрывалі целы іх. І кожная ішла напрасткі: ішлі туды, куды іх вяло імкненне духу, і, ідучы, не адварочваліся. І ў сярэдзіне між тымі істотамі жывымі — штосьці накшталт вугалёў, падобных да паходняў, што рухаюцца між тымі істотамі жывымі; і агонь кідаў яркі бляск, ды з агню ўздымаліся маланкі. І істоты жывыя ішлі і вярталіся назад, накшталт маланкі, што бліскае. І калі прыгледзеўся я да тых істот жывых, то пры кожнай з тых істот жывых знаходзілася на зямлі адно кола. І выгляд тых колаў, і выраб іх — накшталт хрызаліта, і ўсе чатыры мелі аднолькавы выгляд; і здавалася, што былі яны зроблены так, што адно кола было ў другім. Маглі яны хадзіць у чатырох напрамках; і, калі ішлі, не адварочваліся. А абады іх былі велізарныя і жахлівага выгляду; і абады іх былі поўныя вачэй вакол усіх чатырох. А калі гэтыя істоты жывыя рухаліся, таксама і колы іх рухаліся разам з імі; і калі істоты падымаліся з зямлі, падымаліся таксама і колы. Куды кіраваў іх дух, каб ісці, туды ішлі, і колы адначасова падымаліся, ідучы за імі; бо дух жывых істот знаходзіўся ў колах. Калі рухаліся гэтыя істоты, рухаліся і колы, і калі спыняліся, таксама і колы затрымліваліся; і калі яны падымаліся з зямлі, і колы падымаліся таксама, і колы ішлі за імі, бо дух жывых істот знаходзіўся ў колах. І над галовамі гэтых істот жывых было штосьці накшталт цвярдыні нябеснай, быццам крышталь ірдзеючы, раскінуты над іх галовамі ўгары. А пад цвярдыняй былі паднятыя крылы іх, адно каля аднаго; і кожная жывая істота пакрывала сваё цела двума крыламі. І калі яны ішлі, чуў я шум крылаў, як шум многіх водаў, як голас Усемагутнага: калі яны ішлі, быў водгук аглушальны, як шум лагера ваеннага; і калі яны спыняліся, крылы мелі апушчаныя. Бо калі чуўся голас над цвярдыняй нябеснай, якая была над іх галовамі, яны спыняліся і крылы мелі апушчаныя. І над цвярдыняю нябеснаю, якая ўзвышалася над іх галовамі, было штосьці, што мела выгляд каменя сапфіравага, накшталт пасада; і на ім быццам постаць чалавека зверху. І ўбачыў я штосьці накшталт злітка золата са срэбрам, які выглядаў, як агонь кругом яго, пачынаючы ад таго, што выглядала, як сцёгны, і вышэй; і ўніз ад таго, што выглядала, як сцёгны, убачыў я штосьці, як агонь, які ззяе вакол яго. Як з’яўленне вясёлкі на воблаку ў дажджлівы дзень, такі быў той бляск наўкола.
Гэтае бачанне падобнае да славы Госпада. І ўбачыў яго, і ўпаў на твар мой, ды пачуў я голас Таго, Хто гаварыў. І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, стань на ногі твае, і Я буду гаварыць да цябе». І ўвайшоў у мяне дух, калі Ён да мяне гаварыў, і паставіў мяне на ногі мае, і я пачуў, як Ён да мяне прамаўляў і сказаў: «Сын чалавечы, Я пасылаю цябе да сыноў Ізраэля, да народа адступнікаў, што адвярнуліся ад Мяне; яны і бацькі іх выступаюць супраць Мяне аж да сённяшняга дня. І гэта людзі з тварамі без сораму і закамянелымі сэрцамі; Я пасылаю цябе да іх, і ты скажаш ім: “Гэта кажа Госпад Бог”. А ці паслухаюць яны цябе, ці пагардзяць, — бо гэта народ упорысты, — аднак будуць ведаць, што прарок ёсць між імі. Такім чынам, ты, сын чалавечы, не бойся іх, ані палохайся слоў іх, нават калі вакол цябе будуць чартапалох і церне, ды калі ты апынешся сярод скарпіёнаў. Не бойся іх слоў і не бойся іх твараў, бо гэта народ упорысты. Такім чынам, ты будзеш казаць ім словы Мае, — ці будуць яны слухаць, ці пагардзяць, бо яны ўпорыстыя. А ты, сын чалавечы, слухай, што Я табе скажу, і не будзь упорысты, як гэты народ бунтоўны; адчыні вусны свае і з’еж, што Я табе даю». І паглядзеў я: і вось, выцягнулася рука да мяне, у якой быў скрутак кнігі. І разгарнуў Ён яго перада мною; а быў ён спісаны з аднаго і другога боку, і былі ў ім запісаны нараканні, і галашэнні, і бедаванні.
І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, з’еж усё, што атрымаеш, з’еж гэты скрутак і ідзі прамаўляць да ізраэльцаў». І адкрыў я вусны свае, і Ён даў мне з’есці той скрутак, кажучы мне: «Сын чалавечы, хай чэрава тваё наесца, і хай напоўніцца нутро тваё гэтым скруткам, які Я табе даю». Ды я з’еў яго, і стаў ён у вуснах маіх салодкі, як мёд. І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, ідзі да дому Ізраэля і гавары ім словамі Маімі. Бо пасланы ты не да народа з цяжкай і незразумелай мовай, якіх не мог бы ты зразумець, але да дому Ізраэля; і не да многіх народаў з незразумелай і невядомай мовай, размоў якіх не можаш ты зразумець; і каб да тых ты быў пасланы, яны слухалі б цябе. Аднак дом Ізраэля не захоча цябе слухаць, бо Мяне не хочуць слухаць; бо ўвесь дом Ізраэля мае цвёрды лоб і закамянелае сэрца. Вось, даў я табе твар дужэйшы, чым іх твары, і чало тваё цвярдзейшае, чым чало іх; даў я табе твар, як дыямент, і цвярдзейшы за крэмень, не бойся іх і не палохайся твару іх, бо яны — упорысты народ». І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, усе словы Мае, якія сказаў Я табе, вазьмі ў сэрца сваё і слухай вушамі сваімі. Ды ідзі ўвайдзі да перасяленцаў, да дзяцей народа твайго, і прамаўляй да іх, і кажы ім: “Гэта кажа Госпад Бог”, — ці будуць слухаць, ці пагардзяць». І схапіў мяне дух, і пачуў я за сабой водгук страсення вялікага, калі слава Госпада падымалася з месца, на якім прабывала; і пачуў я гук крылаў істот жывых, якія біліся адно аб адно, і водгук колаў, якія каціліся за жывымі істотамі, і водгук страсення вялікага. А дух падняў мяне і забраў мяне; і пайшоў я, раздражнёны, у абурэнні духу майго: бо цяжкая рука Госпада супачывала на мне. І прыйшоў я да перасяленцаў у Тэль-Абіб, да тых, якія пражывалі над ракою Кэбар, і сеў, дзе яны сядзелі, і застаўся там, уражаны, на сем дзён між імі. А калі мінула сем дзён, прамовіў да мяне Госпад, кажучы: «Сын чалавечы, Я паставіў цябе вартаўніком над пакаленнямі Ізраэля; і пачуеш ты слова з вуснаў Маіх, і папярэдзіш іх у Маё імя. Калі Я скажу бязбожніку: “Смерцю памрэш”, а ты яго не перасцеражэш і не прамовіш да яго, каб адвесці яго ад яго бязбожнай дарогі і захаваць яму жыццё, бязбожнік той памрэ з прычыны правіннасці сваёй, а Я цябе зраблю адказным за яго кроў. Калі ж перасцеражэш бязбожніка і ён не адвернецца ад сваёй дарогі ліхой, то памрэ ён менавіта ў злачыннасці сваёй, а ты вызваліш душу сваю. Але калі і справядлівы адступіцца ад сваёй справядлівасці, дапусціцца злачыннасці, то Я перашкоджу яму; ён памрэ, бо ты не перасцярог яго: ён памрэ ў сваім граху; справядлівасць, якую ён рабіў, не будзе яму залічана; цябе, аднак, зраблю адказным за яго кроў. Калі, аднак, перасцеражэш справядлівага, каб справядлівы не грашыў, і калі ён не дапусціцца граху, то, напэўна, застанецца пры жыцці, бо перасцярог ты яго і вызваліў сваю душу». І супачыла на мне рука Госпада, і Ён сказаў мне: «Устань, ідзі на поле, і там Я буду з табою гаварыць». Ды я ўстаў і пайшоў на поле, і вось, там была слава Госпада, такая, як слава, якую я ўбачыў над ракою Кэбар; і я ўпаў на твар свой. Увайшоў у мяне дух, і паставіў мяне на ногі мае; і размаўляў Ён са мною, кажучы мне: «Ідзі і зачыніся ў сваім доме. І ты, сын чалавечы, вось, будуць ускладзены на цябе вяроўкі і ты будзеш звязаны імі так, што не зможаш пайсці ў іх; і Я зраблю, што язык твой прыстане да паднябення твайго, і будзеш ты нямы, і як быццам не будзеш іх больш дакараць, бо яны народ упорысты. Калі ж Я буду гаварыць да цябе, адкрыю табе вусны і скажаш ім: “Гэта кажа Госпад Бог” Хто хоча слухаць, хай слухае, а хто пагарджае, той хай пагарджае, бо гэта народ упорысты.
І ты, сын чалавечы, вазьмі сабе таблічку гліняную, і пакладзі яе перад сабою, і намалюй на ёй горад Ерузалім. І пастаў на ёй аблогу супраць яго, і пабудуй вежы, і насып вал, і пастаў супраць яго лагер, і пастаў тараны кругом. І вазьмі сабе патэльню жалезную, і пастаў яе на мур жалезны між сабою і горадам; і павярні твар свой да яе, і трапіць ён у аблогу, і ты акружыш яго: гэта будзе знак для дому Ізраэля. І ляж на левы бок свой, і ўскладзі правіннасці дому Ізраэля на яго; столькі дзён будзеш прымаць правіннасць іх, колькі будзеш на ім ляжаць. Я ж даў табе гады правіннасці іх у ліку трохсот дзевяноста дзён, і будзеш несці правіннасць дому Ізраэля. І калі гэта скончыш, ляжаш тады на правы бок свой і будзеш прымаць правіннасць дому Юды сорак дзён; Я залічаю табе адзін дзень за кожны паасобны год. І на аблогу Ерузаліма звернеш аблічча сваё, і хай аголенае будзе плячо тваё, ды будзеш прарочыць супраць яго. Вось, Я накладаю на цябе путы, і так доўга не павернешся з аднаго боку твайго на другі, пакуль не будуць скончаны дні тваёй аблогі. І вазьмі сабе пшаніцы, і ячменю, і бобу, і сачавіцы, і проса, і жытняй мукі ды ўсё ўкладзі ў адну пасудзіну і прыгатуй сабе з гэтага хлеб на столькі дзён, колькі будзеш ляжаць на сваім баку — трыста дзевяноста дзён будзеш ты есці яго. А твая ежа, якую будзеш есці, будзе важыць дваццаць сікляў на дзень; раз на дзень будзеш яе есці. Ваду таксама ашчадна будзеш піць: будзеш піць на дзень адну шостую гіна. І будзеш гэта есці, як хлеб ячменны; і будзеш пячы гэта на вачах іх на кале чалавечым». І дадаў Госпад: «Гэтак будуць есці ізраэльцы сваю нячыстую ежу сярод паганаў, да якіх Я выкіну іх». І я сказаў: «О Госпадзе, Божа, вось, душа мая не апаганеная, і ад маленства свайго аж да гэтае пары не еў я ані падліны, ані раздзёртага дзікімі звярамі, і нячыстае мяса не ўвайшло ў мае вусны». І Ён мне сказаў: «Вось, даю табе валовы гной замест калу чалавечага, і на ім гатуй хлеб свой». І сказаў мне: «Сын чалавечы, вось, Я зламлю падпору хлеба ў Ерузаліме, так што, поўныя гора, будуць яны есці хлеб па вазе і са страхам будуць піць ваду, дакладна адмераную, каб, церпячы нястачу хлеба і вады, яны з жахам глядзелі адзін на аднаго, і змарнелі ў правіннасцях сваіх.
І ты, сын чалавечы, вазьмі сабе востры меч, які згольвае валасы, і скарыстай яго, і агалі сабе ім галаву і бараду, і вазьмі сабе сікль за вагу, і падзялі аголеныя валасы. Адну частку іх спаліш у агні ў цэнтры горада, калі скончацца дні аблогі; і возьмеш другую частку, і пасячэш яе мечам вакол яго; а трэцюю частку раскідаеш з ветрам, і на іх Я выцягну меч. І вазьмі з іх малую толькі частку, і закруці ў крысо свайго плашча; і возьмеш яшчэ з іх крышку, і кінеш у агонь, і спаліш іх агнём; і выйдзе з гэтага агонь. І скажаш ты да ўсяго дому Ізраэля: “Гэта кажа Госпад Бог: “Вось Ерузалім! Памясціў Я яго між паганамі, і ён акружаны чужымі краінамі. І пагардзіў ён Маімі законамі з большаю бязбожнасцю, чым пагане, ды Маімі прыказаннямі — больш, чым землі, якія яго акружаюць: бо адкінулі ізраэльцы законы Мае і не хадзілі паводле Маіх прыказанняў”. Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што вы больш бунтоўныя, чым пагане, што вас акружаюць, і не хадзілі паводле Маіх прыказанняў і законаў Маіх не выконвалі, і не трымаліся законаў народаў, што вас акружаюць, — дзеля таго вось што кажа Госпад Бог, — Вось, Я іду супраць цябе Сам, і Я на вачах паганаў зраблю над табою суд, і з прычыны ўсіх тваіх агіднасцей зраблю з табою тое, чаго ніколі не рабіў і ўжо ніколі не зраблю. Таму бацькі будуць есці сыноў пасярод цябе, і сыны будуць есці сваіх бацькоў, і выканаю над табою прысуд, і ўсе твае рэшткі рассею на ўсе вятры. Дзеля таго, жыву Я, — кажа Госпад Бог, — за тое, сапраўды, што ты святыню Маю апаганіў усімі тваімі брыдотамі ды ўсімі тваімі агіднасцямі, Я таксама прыніжу цябе, і не пашкадуе вока Маё, і не злітуюся. Адна трэцяя частка твая памрэ ад пошасці і загіне пасярод цябе ад голаду; і адна трэцяя частка твая ўпадзе ад меча ў ваколіцах тваіх; а адну трэцюю частку тваю Я раскідаю на ўсе вятры і выцягну меч на іх. І супакоіцца абурэнне Маё, і супакою на іх лютасць Маю, і спыню гнеў; і даведаюцца яны, што Я, Госпад, прамовіў гэта ў руплівасці Маёй, калі вылью гнеў Мой на іх. І зраблю з цябе пустыню і ганьбу сярод народаў, што цябе акружаюць, на віду кожнага, хто праходзіць міма, і ты станеш ганьбай і пасмешышчам, перасцярогай і страхам для народаў, што цябе акружаюць, калі споўню Я суды на цябе ў абурэнні, і ў лютасці, і ў пакараннях гневу. Я, Госпад, сказаў гэта. Калі пашлю супраць вас стрэлы голаду, каб нішчыць вас, і калі іх пашлю для вашай загубы, то памножу між вамі голад, і зламаю для вас апору ў хлебе; і пашлю на вас голад і дзікіх звяроў, і яны асірацяць цябе, і пошасць і кроў пройдуць праз цябе, і ўзвяду на цябе меч”. Я, Госпад, сказаў гэта».
І прамовіў да мяне Госпад, кажучы: «Сын чалавечы, звярні аблічча сваё на горы Ізраэля, і праракуй супраць іх, і кажы: “Горы Ізраэльскія, паслухайце слова Госпада Бога. Вось што кажа Госпад Бог гарам і ўзгоркам, ярам і лугам: “Вось, Я навяду на вас меч і знішчу вашы ўзгоркі, і знішчу ахвярнікі вашы, і паразбіваюцца капішчы вашы, і кіну Я забітых вашых перад ідаламі вашымі. І трупы сыноў Ізраэля Я пакладу перад абліччам ідалаў вашых, і косці вашы Я раскідаю вакол ахвярнікаў вашых; дзе б вы толькі ні жылі, гарады будуць бязлюднымі і ўзгоркі будуць знішчанымі, так што ахвярнікі вашы будуць апаганеныя і зруйнаваныя, і ідалы вашы будуць паразбіваныя і панішчаныя, і капішчы вашы будуць паламаныя, і згінуць усе справы вашы. І сярод вас будуць падаць забітыя, і даведаецеся, што Я — Госпад. І Я пакіну вам пры жыцці тых, якія ўсцерагуцца меча сярод паганаў, калі расцярушу вас сярод чужых земляў; і вызваленыя вашы будуць памятаць пра Мяне сярод плямёнаў, куды прывялі іх, палонных, бо Я скрышу іх сэрца распуснае і адыходзячае ад Мяне ды вочы іх, што распуснічаюць з ідаламі іх; і не будуць яны падабацца самім сабе дзеля злачыннасці, якой дапусціліся ва ўсіх агіднасцях сваіх; і даведаюцца тады, што Я — Госпад, што не дарма Я іх перасцерагаў, што ўзвяду на іх гэтае няшчасце”». Гэта кажа Госпад Бог, гэта яшчэ прароку: «Бі рукою тваёю і тупай нагою тваёю і кажы: “Гора дзеля ўсякіх ліхіх агіднасцей дому Ізраэля, бо будуць падаць яны ад меча, голаду і заразы! Той, хто далёка, — памрэ ад заразы; а той, хто блізка, — загіне ад меча, і той, хто застанецца і будзе ў аблозе, памрэ ад голаду; і так заспакою гнеў Мой на іх”. І даведаецеся, што Я — Госпад, калі іх забітыя будуць паміж ідалаў іх, кругом ахвярнікаў іх, на кожным узгорку высокім, на ўсіх узвышшах горных, і пад кожным дрэвам густалістым, і пад кожным зялёным дубам, на месцы, дзе складалі вы духмяныя каджэнні ўсім ідалам сваім. І Я выцягну руку Маю супраць іх, і перамяню край гэты ў зямлю пустынную і дзікую, пачаўшы ад пустыні аж да Рэблы — усюды, дзе пражываюць, — і даведаюцца, што Я — Госпад”».
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «І ты, сын чалавечы, кажы: гэта вось кажа Госпад, Бог зямлі Ізраэля: “Канец прыходзіць, канец для чатырох канцоў свету; цяпер прыходзіць канец на цябе, і Я пашлю абурэнне Маё супраць цябе, і асуджу цябе паводле шляхоў тваіх ды залічу табе ўсе агіднасці твае. І не пашкадуе вока Маё цябе, і не злітуюся, але ўскладу адказнасць на цябе за шляхі твае, і твае агіднасці застануцца ў цябе, і даведаецеся, што Я — Госпад”. Гэта кажа Госпад Бог: “Вось, надыходзіць смутак за смуткам. Прыходзіць канец, прыходзіць канец; прачнуўся ён супраць цябе, вось, ён надыходзіць. Надышла на цябе няшчасная доля, о жыхар зямлі; надышоў час, блізкі дзень гора, і няма радасці на ўзгорках. Цяпер Я вылью паблізу Мой гнеў на цябе ды супакою Маё абурэнне на табе, і асуджу цябе паводле шляхоў тваіх, і ўскладу на цябе ўсе злачынствы твае; вока Маё не пашкадуе, і не злітуюся, але паводле тваіх шляхоў атрымаеш адплату, і твае агіднасці будуць пасярод цябе, і вы даведаецеся, што Я — Госпад, Які карае. Вось той дзень, вось, ён прыходзіць; выйшла няшчасная доля, расцвіла несправядлівасць, запанавала пыха; падняўся гвалт, каб стаць кіем бязбожнасці: нічога ад іх не застанецца, ані з іх гоману, і не будзе супакою сярод іх. Прыходзіць час, набліжаецца дзень: хто купляе — хай не цешыцца, і хто прадае — хай не сумуе, бо надыходзіць гнеў на ўсё багацце яго. Бо хто прадае, да таго, што прадаў, не вернецца, нават калі застанецца пры жыцці. Бо бачанне над усім багаццем яго не спыніцца, і ніхто дзеля сваёй правіннасці не зможа захаваць жыццё. Трубіце ў трубы, падрыхтуйце ўсё, але няма нікога, хто б ішоў ваяваць; бо гнеў Мой на ўсё багацце яго. Меч звонку, пошасць і голад у сярэдзіне; хто апынецца на полі — загіне ад меча, а хто ў горадзе — таго голад і пошасць загубяць. І тыя з іх, якія ўцякуць — уратуюцца, і стануць на гарах, як быццам галубы з далін, будуць стагнаць кожны дзеля сваёй злачыннасці. Усе рукі памлеюць ды ўсе калені задрыжаць, як вада. І апрануцца ў рыззё, і апануе іх страх; і на ўсіх тварах з’явіцца сорам, і на ўсіх галовах іх — лысіна. Срэбра сваё яны выкінуць на вуліцу, і золата іх стане смеццем; іх срэбра і золата не зможа вызваліць іх у дзень абурэння Госпада: голаду свайго ім не заспакояць, ані не запоўняць сваё нутро, бо яно было для іх прычынай злачыннасці. і аздабленне сябе каштоўнасцямі напоўніла іх пыхлівасцю, і з іх зрабілі яны выявы агіднасцей сваіх і ідалаў; таму даў Я ім гэта на нячыстасць. І аддам гэта ў рукі чужынцаў на рабунак і мясцовым бязбожнікам на рабаванне, і яны апаганяць гэта. Ды адвярну ад іх аблічча Маё, і Мой скарб схаваны яны спустошаць; і ўварвуцца да яго рабаўнікі, і яго апаганяць, і зробяць з яго ланцугі; бо зямля поўная крывавых прысудаў і горад поўны злачыннасці. І Я прывяду найгоршыя з плямёнаў, і зоймуць яны дамы іх; і спыню пыхлівасць магнатаў, і зоймуць яны святыні іх. Калі надыдзе небяспека, будуць яны шукаць ратунку, і не знойдуць. Бяда за бядою нахлыне, і чутка за чуткаю; і будуць вымагаць бачанне ад прарока, і загіне закон ад святара і рада ад старэйшын. Цар будзе хадзіць у жалобе, і князь перапоўніцца страхам, і рукі народа гэтай зямлі будуць дрыжаць. Я зраблю ім паводле іх шляхоў і паводле іх судоў судзіць іх буду, і даведаюцца, што Я — Госпад”».
І сталася, што шостага года, пятага дня шостага месяца сядзеў я ў сваім доме, і старэйшыны Юды сядзелі перада мной, і супачыла там на мне рука Госпада Бога, і ўбачыў я: і вось, была там істота, падобная выглядам да чалавека; ад таго, што выглядала падобным на яго сцёгны, унізе быў агонь, і ўгару ад таго, што выглядала падобным на сцёгны, было штосьці, што нагадвала бляск злітка золата са срэбрам. Выцягнуў Ён штосьці, быццам руку, і схапіў мяне за валасы на галаве маёй; і дух падняў мяне ўгару між зямлёй і небам, і ў Божых бачаннях завёў у Ерузалім у прысенак брамы ўнутранай, размешчанай на паўночным баку, там, дзе знаходзіўся ідал зайздрасці. І вось, была там слава Бога Ізраэля, такая, як у бачанні, што я бачыў на полі; і сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, падымі свае вочы на поўнач!» І падняў я вочы свае на поўнач, і вось, на поўнач ад брамы ахвярніка знаходзіўся ля ўваходу той ідал зайздрасці. І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, ці бачыш, што яны робяць, страшныя агіднасці, якія робіць тут дом Ізраэля, каб Мяне змусіць аддаліцца ад Маёй святыні. І калі лепш прыгледзішся, убачыш агіднасці яшчэ горшыя». І завёў мяне да ўваходу ў панадворак, і я прыгледзеўся, і вось, там была адна дзірка ў муры. І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, прабі мур гэты!» І калі я прабіў мур, з’явіўся адзін праход. І Ён сказаў мне: «Увайдзі і паглядзі на тыя найгоршыя агіднасці, якія яны тут робяць!» І я ўвайшоў, і паглядзеў, і вось, усякія выявы звяроў зямных і брыдкіх істот ды ўсе ідалы дому Ізраэля былі намаляваныя ўсюды кругом на сцяне. І семдзесят мужоў пасярод старэйшын дому Ізраэля стаялі між імі, і Язанія, сын Сафана, стаяў; стаялі яны перад малюнкамі, і ў руцэ ў кожнага была свая кадзільніца, і пах ад курэння ўзносіўся да воблакаў. І сказаў Ён мне: «Ці бачыш, сын чалавечы, што робіць патаемна кожны са старэйшын дому Ізраэля ў сваім спальным пакоі? Яны бо кажуць: “Госпад нас не бачыць, Госпад пакінуў нашу зямлю”». І сказаў Ён мне: «Убачыш яшчэ горшыя агіднасці, якія яны робяць». І завёў Ён мяне ў прысенак брамы святыні Госпада, які знаходзіўся на паўночным баку, і вось, сядзелі там жанчыны і плакалі па Тамузе. І сказаў Ён мне: «Ці бачыш, сын чалавечы? Убачыш агіднасці яшчэ горшыя за гэтыя». І завёў Ён мяне на ўнутраны панадворак дома Госпада, і вось, ля ўваходу ў святыню Госпада, між уваходам і ахвярнікам, знаходзілася каля дваццаці пяці мужчын, павернутых спіной да святыні Госпада і тварамі на ўсход, і яны пакланяліся ўсходу сонца. І сказаў Ён мне: «Ці бачыш, сын чалавечы, гэта? Ці не досыць дому Юды чыніць гэтыя агіднасці, якія яны тут робяць? Напаўняюць бо яны зямлю гэтую злачыннасцю і зноў Мяне зневажаюць, і вось, падносяць яны галінку да свайго носа. Такім чынам, і Я буду дзейнічаць у абурэнні: вока Маё не пашкадуе, і не злітуюся, і калі будуць прызываць Мяне з крыкам, Я іх не выслухаю».
І я пачуў, як закрычаў Ён моцным голасам, кажучы: «Наблізіліся выпрабаванні да горада, і хай кожны мае ў руцэ сваёй зброю». І вось, прыбыло шэсць мужоў дарогай ад Верхняе брамы, што глядзіць на поўнач, і кожны са зброяй у сваёй руцэ; між імі таксама быў адзін чалавек, апрануты ў ільняныя шаты і з пісарскай прыладай на сцёгнах сваіх; і ўвайшлі яны, і затрымаліся перад ахвярнікам медным. І слава Бога Ізраэля паднялася з-над херубінам, на якім знаходзілася, да парога дома; і, паклікаўшы чалавека, апранутага ў ільняныя шаты, які меў пісарскую прыладу на сцёгнах сваіх, Госпад сказаў яму: «Прайдзі праз сярэдзіну горада, праз сярэдзіну Ерузаліма, і напішы “таў” на лбах мужчын, якія ўздыхаюць і бядуюць дзеля ўсіх агіднасцей, што ў ім адбываюцца». І да іншых сказаў так, што я пачуў: «Ідзіце за ім па горадзе і забівайце; хай вока ваша не шкадуе, ані не спачувайце: старога, юнака, і дзяўчыну, і немаўля, і жанчын забівайце ўшчэнт; не дакранайцеся, аднак, да ніводнага чалавека, на якім убачыце “таў”. І пачынайце ад Маёй святыні». І пачалі яны ад тых старцаў, якія стаялі перад домам. Потым сказаў Ён ім: «Апаганьце таксама дом, панадворкі яго закідайце трупамі! Выходзьце». І выйшлі яны ды забівалі тых, хто быў у горадзе. І калі забойства скончылася, я застаўся сам, і ўпаў на твар свой, і так маліўся ўголас: «О Божа, Госпадзе! Ці хочаш такім чынам вынішчыць усю рэшту Ізраэля, выліваючы Сваё абурэнне на Ерузалім?» І сказаў Ён мне: «Злачыннасць дому Ізраэля і Юды занадта вялікая; і зямля напоўнілася крывёю, і горад напоўніўся несправядлівасцю. Кажуць бо яны: “Госпад пакінуў гэтую зямлю. Госпад не бачыць”. Дык і Маё вока не пашкадуе, і не злітуюся: адказнасць за іх паводзіны Я ўскладу на іх галовы». І вось той чалавек, які быў апрануты ў ільняныя шаты, з пісарскай прыладай на сцёгнах сваіх, паведаміў у адказ: «Я зрабіў, як Ты загадаў мне».
І ўбачыў я, і вось, над цвярдыняй, раскінутай над галовамі херубінаў, было штосьці, быццам сапфір; штосьці, з выгляду падобнае да пасада, з’явілася над імі. І Ён сказаў чалавеку, які быў апрануты ў ільняныя шаты, і прамовіў: «Увайдзі паміж колаў пад херубінамі, і напоўні свае далоні вугалямі агню з месца між херубінамі, і раскінь іх па горадзе». Ды ўвайшоў туды на маіх вачах. А херубіны стаялі на правым баку дома, калі той чалавек туды ўваходзіў, і воблака запоўніла ўнутраны панадворак. І слава Госпада паднялася з-над херубінаў да парога святыні, і святыня напоўнілася воблакам, і панадворак напоўніўся бляскам хвалы Госпада. І быў чутны шум крылаў херубінаў аж на вонкавым панадворку, падобны да голасу Бога Усемагутнага, калі Ён прамаўляе. І калі таму чалавеку, які быў апрануты ў ільняныя шаты, даў Ён такі загад, кажучы: «Вазьмі агонь спаміж колаў, спаміж херубінаў», — той пайшоў і стаў побач з колам; і адзін з херубінаў выцягнуў руку ў напрамку агню, што быў між херубінамі, і, узяўшы яго, паклаў на далоні чалавека, які быў апрануты ў ільняныя шаты; той узяў агонь і выйшаў. І пад крыламі херубінаў з’явілася нешта накшталт рук чалавечых, і я ўбачыў, і вось, побач з херубінамі чатыры колы: па адным коле побач з кожным херубінам, выгляд жа тых колаў — нібы выгляд каменя хрызаліта. І выглядалі яны так, як быццам кожнае з чатырох мела аднолькавую форму, як быццам адно кола знаходзілася ў другім. І калі ішлі ў чатырох сваіх напрамках, то ішлі і не адварочваліся, калі ішлі, але да таго месца, куды вяло іх кола, што было першым, ішлі і іншыя, і не адварочваліся, калі ішлі. І ўсё іх цела, і плечы, і рукі, і крылы, і колы ва ўсіх чатырох былі запоўнены кругом вачамі; і, як пачуў я, колам гэтым была дадзена назва «галгал». А кожная істота мела па чатыры абліччы: першае аблічча было аблічча херубіна, і другое аблічча — аблічча чалавека, і трэцяе — аблічча льва, і чацвёртае — аблічча арла. І падняліся херубіны: была гэта тая самая істота, якую бачыў я над ракой Кэбар. І калі херубіны ішлі, ішлі побач херубіны і пры іх колы, і калі херубіны падымалі крылы свае, каб падняцца з зямлі, колы не адварочваліся, але і самі былі побач з імі. Калі херубіны затрымліваліся, таксама і яны затрымліваліся, і калі падымаліся, то падымаліся таксама і яны разам з імі; бо быў у іх дух істоты жывой. І адышла слава Госпада ад парога святыні, і затрымалася над херубінамі; і херубіны, падняўшы крылы свае, падняліся з зямлі на маіх вачах, і, калі яны падняліся, колы таксама вырушылі; і затрымаліся ля ўваходу ўсходняй брамы святыні Госпада, і слава Бога Ізраэля супачывала над імі ўгары. Была гэта тая самая істота жывая, якую я ўбачыў пад Богам Ізраэля над ракою Кэбар, і даведаўся я, што гэта былі херубіны. Кожны з іх меў па чатыры абліччы і кожны — па чатыры крылы, і пад крыламі іх — штосьці накшталт рук чалавечых; і выгляд іх твараў быў падобны да тых самых твараў, якія бачыў я над ракою Кэбар. І кожны ішоў проста перад сабою.
І падняў мяне дух, і занёс мяне да ўсходняй брамы святыні Госпада, звернутай на ўсход сонца; і вось, ля ўваходу ў браму знаходзілася дваццаць пяць мужоў, і сярод іх убачыў я Язанію, сына Азура, і Пэлцію, сына Банаі, кіраўнікоў народа. І сказаў мне Госпад: «Сын чалавечы, вось мужы, у думках якіх злачыннасць і якія ў гэтым горадзе распаўсюджваюць найгоршыя парады, гаворачы: “Ці не даўно пабудаваны дамы? Вось кацёл, а мы — мяса”. Дзеля таго праракуй супраць іх, праракуй, сын чалавечы!» І ў той час авалодаў мною Дух Госпада і сказаў мне: «Гавары: гэта кажа Госпад: “Такім спосабам кажаце вы, дом Ізраэля, і Я ведаю намеры сэрца вашага. Вельмі многіх вы забілі ў гэтым горадзе, і вуліцы яго напоўнілі забітымі”. Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Вашы забітыя, якіх вы паклалі ў сярэдзіне яго, — гэта мяса, і горад — кацёл, і Я выведу вас з сярэдзіны яго”. “Баіцеся меча, і Я ўзвяду на вас меч, — кажа Госпад Бог. І Я выганю вас з яго сярэдзіны, і аддам вас у рукі чужынцам, і правяду суд над вамі. Вы будзеце падаць ад меча, і буду судзіць вас у межах Ізраэля, і даведаецеся, што Я — Госпад. Ён не будзе для вас катлом, і вы не будзеце ў ім мясам; у межах Ізраэля буду судзіць вас; і даведаецеся, што Я — Госпад, бо не жылі вы паводле прыказанняў Маіх і законаў Маіх не спаўнялі, але спаўнялі законы тых народаў, якія вас акружаюць навокал”». І сталася, калі я толькі скончыў праракаваць, памёр Пэлція, сын Банаі; дык упаў я на твар мой, крычучы ўголас гэтыя словы: «О Госпадзе, Божа! Ты знішчаеш рэшту Ізраэля!» І прамовіў да мяне Госпад, кажучы: «Сын чалавечы, браты твае, браты твае, людзі блізкія твае і ўвесь дом Ізраэля, — усе, каму сказалі жыхары Ерузаліма: “Далёка вы ад Госпада, зямля гэтая дадзена нам ва ўласнасць”». Таму гэта кажа Госпад Бог: «Таму што Я выгнаў іх да народаў і рассыпаў іх па зямлі, буду для іх святыняй невялікай ў тых землях, у якія прыбылі». Дзеля таго гавары: «Гэта кажа Госпад Бог: “Я збяру вас з народаў, і пазбіраю з тых земляў, у якія вы былі выгнаны, ды дам вам зямлю Ізраэля. І вернуцца яны туды, і выкараняць з яе ўсе злачынствы і агіднасці яе. І дам ім другое сэрца ды духа новага дам у нутро іх; і выкіну сэрца скамянелае з цела іх, і дам ім сэрца цялеснае, каб хадзілі паводле прыказанняў Маіх і закон Мой захоўвалі і спаўнялі яго, і будуць Мне народам, а Я буду іх Богам. А чыё сэрца схіляецца да ідалаў і агіднасцей сваіх, на тыя галовы пакладу Я адказнасць за іх учынкі”, — кажа Госпад Бог». І херубіны ўзнялі свае крылы, і адначасова з імі пайшлі колы, а слава Бога Ізраэля супачывала на іх угары; І адышла слава Госпада з межаў горада, і затрымалася на гары, што на ўсход ад горада. І дух падняў мяне, і прынёс у бачанні ў Божым духу да перасяленцаў у зямлю Халдэйскую; і спынілася ў мяне бачанне, якое я меў. І расказаў я перасяленцам усе справы Госпада, якія Ён мне дазволіў бачыць.
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Сын чалавечы, ты жывеш сярод народа ўпорыстага, які мае вочы, каб бачыць, і не бачыць, і мае вушы, каб чуць, і не чуе, бо гэта народ упорысты. Такім чынам, ты, сын чалавечы, прыгатуй сабе рэчы на дарогу перасялення, і ўдзень на іх вачах перасяліся; выйдзі ж з месца твайго прабывання да іншага месца на вачах іх; можа, гэта зразумеюць, бо гэта народ упорысты. І вынесі вонкі свае клункі, як клункі перасяленца, удзень на іх вачах; а сам выйдзі ўвечары на іх вачах, як выходзіць перасяленец. На іх вачах зрабі сабе дзірку ў муры і выйдзі праз яе; на іх вачах ускладзі клунак на плечы, выйдзі, калі звечарэе: закрый твар свой, каб не бачыў ты зямлі, бо Я стаўлю цябе знакам для дому Ізраэля». І я зрабіў так, як мне загадаў Госпад: свае клункі вынес удзень, як клункі перасяленца, вечарам зрабіў сабе рукою дзірку ў муры; і выйшаў у прыцемках, на іх вачах несучы клункі на плячах. І прамовіў да мяне Госпад раніцаю гэтыя словы: «Сын чалавечы, ці дом Ізраэля, дом упорысты, не спытаўся ў цябе: “Што ты робіш?” Скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Гэты цяжар над кіраўніком, які ў Ерузаліме, і над усім домам Ізраэля, што там знаходзіцца”. Скажы: “Я для вас ёсць знак. Як я зрабіў, так і з імі станецца: хай яны пойдуць на перасяленне і ў няволю! І кіраўнік, які знаходзіцца сярод вас, хай ускладзе ў поцемках на плечы клункі і выйдзе; хай зробяць дзірку, каб мог прайсці праз яе; і хай закрые ён твар свой, каб вокам не бачыць зямлі”. І Я пастаўлю сетку Маю на яго, і трапіць ён у пастку Маю; і завяду яго ў Бабілон, зямлю халдэяў, і яе ён не ўбачыць, і там памрэ. І ўсіх, якія навокал яго, дапамогу яго і войска яго, Я разганю на ўсе вятры; і выцягну на іх меч. І даведаюцца, што Я — Госпад, калі іх раскідаю сярод народаў ды рассыплю іх па зямлі. І некаторых з іх ухаваю ад меча, і голаду, і заразы, каб расказвалі пра ўсе злачынствы іх сярод народаў, дзе апынуцца, і даведаюцца, што Я — Госпад». І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, з трывогаю будзеш есці хлеб свой, але і ваду сваю будзеш піць з неспакоем і смуткам. І скажаш народу зямлі: гэта кажа Госпад Бог да тых, якія жывуць у Ерузаліме, у зямлі Ізраэля: “Хлеб свой будуць яны есці ў смутку, і будуць піць ваду сваю ў трывозе, бо зямля іх стане пустэчай і будзе пазбаўлена дастатку свайго дзеля беззаконня ўсіх, што жывуць на ёй; і населеныя зараз гарады апусцеюць, і зямля стане пустыняй, і даведаецеся, што Я — Госпад”». І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Сын чалавечы, што за прыказку маеце ў зямлі Ізраэля, калі гаворыце: “Дні мінаюць, і ўсякае бачанне гіне”? Дзеля таго скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Я зраблю, што гэтай прыказцы будзе канец, і не будзе больш яе паўтараць народ у Ізраэлі”, і скажы ім, што набліжаюцца дні, і кожнае слова бачання здзейсніцца. “Бо не будзе ўжо больш сярод пакаленняў Ізраэля ніводнага фальшывага бачання ані падманнага прароцтва, бо Я, Госпад, буду гаварыць; усякае слова, што Я скажу, станецца напэўна: не прадоўжыцца яно даўжэй, але ў дні вашы, дом упорысты, Я скажу слова і выканаю яго!” — кажа Госпад Бог». І прамовіў Госпад да мяне, кажучы: «Сын чалавечы, вось, ізраэльцы кажуць: “Бачанне, якое ён мае, прарочыць пра дні далёкія і часы пазнейшыя. Ён праракуе для далёкай будучыні”; таму скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Ужо ніводнае Маё слова не будзе адтэрмінавана; слова, якое скажу, здзейсніцца”, — кажа Госпад Бог».
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Сын чалавечы, праракуй супраць прарокаў Ізраэля, праракуй і кажы тым, якія праракуюць ад сябе: “Слухайце слова Госпада. Гэта кажа Госпад Бог: “Гора неразумным прарокам, якія ходзяць за сваім духам, а нічога не бачаць! Як лісы сярод руінаў, такімі сталі твае прарокі, Ізраэль! Не ўзышлі вы ў выламы і не пабудавалі мур вакол дому Ізраэля, каб стаяць у баі ў дзень Госпадаў. Яны бачаць рэчы пустыя і праракуюць ілжыва, кажучы: “Кажа Госпад”, а Госпад не пасылаў іх; і яны чакаюць здзяйснення слова. Ці не мелі вы бачанне падманнае і ці не вясцілі вы прароцтва фальшывае, калі кажаце: “Кажа Госпад”, хаця Я не казаў гэтага? Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што вы прадказвалі падманнае і мелі фальшывае бачанне, вось, таму Я супраць вас, — кажа Госпад Бог, — і рука Мая будзе на прароках, якія бачаць рэчы падманныя і прадказваюць хлусліва: не будуць яны належаць да супольнасці народа Майго, і не будуць упісаныя ў лік пакаленняў Ізраэля, і не ўвойдуць у зямлю Ізраэля, і даведаецеся, што Я — Госпад Бог. За тое, што яны ўводзілі ў зман народ Мой, кажучы: “Супакой”, і гэта не супакой; і ён будаваў мур, а гэтыя тынкавалі яго. Скажы тым, якія яго тынкуюць, што разваліцца ён; бо пойдзе дождж праліўны, і пашлю Я град, што абрушыцца зверху, і раптоўны разбуральны вецер. І вось, мур развалены; ці вам не скажуць: “Дзе той тынк, якім вы тынкавалі?”» Таму вось што кажа Госпад Бог: «І Я прывяду дух непагоды дзеля лютасці Маёй, і будзе праліўны дождж дзеля Майго абурэння, ды град дзеля гневу, каб усё знішчыць; і Я выверну той мур, які вы атынкавалі, і зраўняю яго з зямлёй, і пакажацца яго падмурак, і ён заваліцца, а вы на ім загінеце. Тады даведаецеся, што Я — Госпад. Я вылью гнеў Мой на мур і на тых, якія яго атынкавалі, і скажу вам: “Няма мура і няма тых, што яго атынкавалі, прарокаў Ізраэля, якія прарочаць пра Ерузалім і бачаць дзеля яго бачанне міру, і няма міру”, — кажа Госпад Бог». І ты, сын чалавечы, звярні сваё аблічча на дачок народа свайго, якія ад свайго сэрца праракуюць, і ты праракуй супраць іх, і кажы: «Гэта кажа Госпад Бог: “Гора тым, што шыюць стужкі на ўсе перагібы рукі і робяць хусткі ўсякага кшталту на галаву, каб лавіць душы. Няўжо вы ловіце душы народа Майго і свае душы хочаце зберагчы пры жыцці? І вы знеслаўляеце Мяне перад Маім народам за жменю ячменю і кавалак хлеба, забіваючы душы, якія не павінны памерці, і ашчаджаючы душы, якія не павінны жыць, калі падманваеце Мой народ, які верыць хлусні”». Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: «Вось, Я выступлю супраць стужак, якімі вы ловіце душы, як птушак, і пазрываю іх з рук вашых; і душы, якія вы захапілі, выпушчу на волю, як птушак, і паразрываю Я вашы хусткі, і вызвалю народ Мой з рук вашых, і больш не будзе ён здабычай у руках вашых, і даведаецеся, што Я — Госпад. За тое, што падманам засмуцілі вы сэрца справядлівага, якога Я не засмуціў, і ўмацавалі рукі бязбожніка, каб не сыходзіў ён са сваёй ліхой дарогі ды жыў, не будзеце больш мець бачанняў падманных, і Я вызвалю народ Мой з рук вашых, і даведаецеся, што Я — Госпад».
І прыйшлі да мяне некаторыя са старэйшын Ізраэля, і селі перада мною. І Госпад прамовіў да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, гэтыя людзі ўвялі ў сэрцы свае ідалаў сваіх і паставілі перад абліччам сваім спакусу злачыннасці сваёй; ці ж маю Я адказаць ім, калі спыталі яны? Дзеля таго размаўляй з імі і кажы ім: “Гэта кажа Госпад Бог: “Кожнаму з дому Ізраэля, які ўвядзе сваіх ідалаў у сэрца сваё і паставіць спакусу злачыннасці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока, пытаючы Мяне праз яго, Я — Госпад, Сам адкажу яму адпаведна да ліку ідалаў яго, каб захапіць дом Ізраэля ў сэрцы яго, у якім адышлі ад Мяне з прычыны ўсіх сваіх ідалаў”. Дзеля таго скажы дому Ізраэля: “Гэта кажа Госпад Бог: “Адвярніцеся і адыдзіце ад сваіх ідалаў, ды ад усіх сваіх агіднасцей адвярніце абліччы вашы”. Бо Я, Госпад, Сам дам адказ кожнаму спаміж ізраэльцаў і чужынцаў, пражываючых у Ізраэлі, калі хто адвернецца ад Мяне, і ўвядзе ў сэрца сваё ідалаў сваіх, і паставіць перад абліччам сваім спакусу злачыннасці сваёй, і прыйдзе да прарока, каб праз яго спытаць Мяне; і Я звярну аблічча Маё супраць таго чалавека, і зраблю яго знакам і прыказкай, і выключу яго з Майго народа, і даведаецеся, што Я — Госпад. І калі прарок памыліцца і прамовіць слова, Я, Госпад, падману таго прарока, і выцягну руку Сваю супраць яго, і знішчу яго спаміж народа Майго Ізраэля. І возьмуць адказнасць яны за сваю правіннасць: правіннасць прарока будзе такая ж, як і правіннасць таго, хто яго пытаў, каб дом Ізраэля не адыходзіў больш ад Мяне і не апаганьваўся ніякімі сваімі грахамі, але каб былі яны Маім народам, і Я каб быў іх Богам”, — кажа Госпад Бог». І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Сын чалавечы, калі якая зямля зграшыць супраць Мяне, каб крывадушнічаць, крывадушнічаючы, Я выцягну руку Маю супраць яе, і зламлю падпору хлеба яе, і спашлю на яе голад, і вынішчу на ёй чалавека і жывёлу; і калі будуць там тры чалавекі гэтыя: Ной, Даніэль і Ёў, дык толькі яны, дзеля справядлівасці сваёй, вызваляць душы свае, — кажа Госпад Бог. Бо калі на гэтую зямлю нашлю Я найгоршых звяроў, каб абязлюдзіць яе і зрабіць з яе пустыню, дзе ніхто, акрамя дзікіх звяроў, не зможа праходзіць, і калі ў ёй будуць гэтыя тры чалавекі, — жыву Я, — кажа Госпад Бог, — яны не вызваляць ані сыноў, ані дачок, але толькі яны самі вызваляцца, а зямля стане пустыняю. Або калі на зямлю гэтую Я ўзвяду меч і калі скажу мечу: “Ідзі праз гэтую зямлю”, і знішчу Я на ёй людзей і звяроў, і тыя тры чалавекі застануцца ў ёй, — жыву Я, — кажа Госпад Бог, — не вызваляць яны ані сыноў, ані дачок, а вызваляцца толькі яны самі. Або калі на гэтую зямлю Я напушчу заразу і ў крыві вылью гнеў Мой на яе, каб выгубіць адтуль людзей і жывёлу, і калі Ной, Даніэль і Ёў будуць у ёй, — жыву Я, — кажа Госпад Бог, — ані сыноў, ані дачок не вызваляць яны, але самі дзеля сваёй справядлівасці вызваляць свае душы. Бо, вось, так кажа Госпад Бог: “Калі бо на Ерузалім Я напушчу чатыры Свае страшныя бяды: меч, і голад, і дзікіх звяроў, і пошасць, каб у ім вынішчыць людзей і жывёлу, аднак застанецца ў ім збаўленне для тых, хто выведзе сыноў і дачок: вось, прыйдуць яны да вас, і ўбачыце вы іх паводзіны і іх учынкі, і суцешыцеся пасля няшчасцяў, што навёў Я на Ерузалім, і пасля ўсяго, што Я на яго навёў. І яны суцешаць вас, калі ўбачыце іх паводзіны ды іх учынкі, і пераканаецеся, што не без падстаў зрабіў Я ўсё, што Я яму зрабіў,” — кажа Госпад Бог».
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Сын чалавечы, ці ж дрэва вінаграднае лазы ёсць лепшае за якое-небудзь дрэва лазовае, што знаходзіцца паміж дрэў у лесе? Ці ж возьмецца з яго драўніна, каб зрабіць нейкую рэч або каб зрабіць з яго калок, каб на ім павесіць нейкі посуд? Вось, кідаецца яно ў агонь на спаленне, абодва яго канцы спальвае агонь, і сярэдзіна яго прыпаленая; ці будзе прыдатнае яно яшчэ на нешта? Калі было яно яшчэ некранутае, было яно прыдатным да апрацоўкі; тым меней, калі агонь яго спаліць і знішчыць, нічога ад яго не застанецца для апрацоўкі. Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Падобна, як з дрэвам вінаграднае лазы, якое знаходзіцца паміж дрэў у лесе, якое Я ўкінуў у агонь на спаленне, так зраблю з жыхарамі Ерузаліма. І аблічча Маё Я звярну супраць іх: з агню яны выйшлі, і агонь іх загубіць. І даведаецеся, што Я — Госпад, калі аблічча Маё звярну супраць іх, і аддам зямлю на непраходнасць і пустыню, бо былі яны крывадушнікамі”, — кажа Госпад Бог».
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, паведамі Ерузаліму пра яго агіднасці і скажы: гэта кажа Госпад Бог да Ерузаліма: “Паходжанне тваё і нараджэнне тваё — з зямлі Ханаан, бацька твой — амарэй, і маці твая — хетэйка. І калі ты нарадзілася, у дзень народзінаў тваіх не абрэзалі табе пупавіны, і не абмылі цябе ў вадзе, каб цябе ачысціць, і не нацёрлі цябе соллю, і не спавілі цябе ў пялюшкі. Не пашкадавала цябе нічыё вока, каб зрабіць для цябе адно з гэтага з літасці да цябе, але ў дзень твайго нараджэння выкінулі цябе на паверхню зямлі з абыякавасцю да душы тваёй. А праходзячы каля цябе, Я ўбачыў, што ты трапечашся ў крыві сваёй, і сказаў Я табе, калі была ты ў крыві сваёй: “Жыві! Кажу табе: жыві ў крыві сваёй”. Вырасціў Я цябе, як парастак палявы, і вырасла, і стала дарослай, і прыйшла ты ў свет жаночы: грудзі твае набылі форму, і валасы твае сталі густымі; але была ты голая ды поўная сораму. І прайшоў Я каля цябе, і ўбачыў цябе; і вось, твой час, і час кахаючых. І расцягнуў Я плашч Свой над табою, і закрыў твой сорам; і звязаўся з табою прысягай, і ўвайшоў з табою ў запавет, — кажа Госпад Бог, — і стала ты Маёю. І Я абмыў цябе вадою, і абцёр з цябе кроў тваю, і памазаў цябе алеем; і апрануў цябе ў рознакаляровыя шаты, і абуў цябе ў чаравікі з сіняй скуры, і падперазаў цябе вісонам, і пакрыў цябе ядвабам. І Я ўпрыгожыў цябе ўпрыгажэннем, і ўсклаў бранзалеты на рукі твае і каралі — на шыю тваю, і даў кольца над вусны твае, і завушніцы ў вушы твае, і вянок аздобны на галаву тваю. І ўбраная была ты ў золата і срэбра, і апранутая ў вісон і ядваб і ў рознакаляровыя шаты. Ела ты найчысцейшую муку, і мёд, і алей, і зрабілася вельмі прыгожай, і дасягнула годнасці царскай. І ўславілася імя тваё між народамі дзеля тваёй прыгажосці, бо была ты дасканалай дзеля ўпрыгажэння Майго, якое Я ўсклаў на цябе, — кажа Госпад Бог. І, маючы надзею на сваю прыгажосць, скарыстала славу сваю дзеля распусты, і распуснічала ты з кожным праходзячым, хто сустрэўся, і назбірала ты сваіх шатаў, і зрабіла сабе ўзгоркі ў розныя колеры, і займалася распустаю на іх, якой не было раней і не будзе. І ўзяла ты рэчы ўпрыгажэння твайго з Майго золата і з Майго срэбра, якія Я даў табе, і зрабіла сабе выявы мужчынскія, і з імі займалася распустай. І ўзяла ты свае рознакаляровыя шаты, і накрыла іх, і таксама Мой алей і Маё кадзіла пакладала перад імі. І хлеб Мой, які Я даў табе, муку, і алей, і мёд, якімі Я выкарміў цябе, ты ўсклала перад імі на мілы пах, і гэта адбылося, — кажа Госпад Бог. І ўзяла сыноў сваіх і дачок сваіх, якіх нарадзіла Мне, і ўсклала ў ахвяру ім на знішчэнне. Ці ж малая распуснасць твая? Усклала ты ў ахвяру дзяцей Маіх, і аддала іх, ахвяруючы ім. І па ўсіх агіднасцях сваіх і распуснасці забылася ты на дні маладосці сваёй, калі была ты голай і поўнай сораму і трапяталася ў крыві сваёй. І сталася пасля ўсіх злачынстваў тваіх — гора, гора табе! — кажа Госпад Бог, — і пабудавала ты сабе палаткі чужаложства, і зрабіла сабе ўзгоркі на кожнай вуліцы; на кожным скрыжаванні дарог пабудавала ты сабе сваё ўзнятае месца, і апаганіла сваю прыгажосць, і расхінала ногі свае з кожным праходзячым ды памнажала сваю чужаложнасць. І чужаложыла ты са сваімі суседзямі, егіпцянамі высокімі, і павялічвала разбэшчанасць сваю, каб гнявіць Мяне. Вось, Я выцягнуў руку Маю супраць цябе, і зменшыў ежу табе, і выдаў цябе ў рукі ненавідзячым цябе, дочкам філістынскім, якія саромеюцца дзеля распусты тваёй. І распуснічала ты з сынамі асірыйцаў, бо яшчэ не была задаволена; і пасля таго, як займалася распустай, так і гэтым не задаволілася. І павялічыла ты распуснасць сваю аж да купецкага краю халдэяў, і гэтым не задаволілася. Як ачышчу Я сэрца тваё, — кажа Госпад Бог, — калі дапускалася ты ўсіх гэтых учынкаў бессаромнай жанчыны і распусніцы? Бо распуснічала ты на скрыжаванні кожнай дарогі, рабіла сабе ўзгоркі на кожнай плошчы; і не стала, як блудніца, каб браць плату за распусту, але як жанчына-чужаложніца замест свайго мужа прымае іншых. Усім распусніцам даецца плата, а ты ўсім сваім палюбоўнікам давала плату і дарыла ім падарункі, каб прыходзілі да цябе зусюль і распуснічалі з табою. І сталася ў цябе адваротна звычаю гэтых жанчын у распусце тваёй, і ніхто не гнаўся за табою, гэта ты давала плату, а табе ніхто не аднагароджваў, сталася ў цябе наадварот. Дзеля таго, распусніца, слухай слова Госпада!”» Вось што кажа Госпад Бог: «За тое, што былі растрачаны грошы твае і за тое, што аголены быў твой сорам у распусце тваёй з тваімі палюбоўнікамі і з усімі тваімі агіднымі ідаламі, і за кроў тваіх сыноў, якіх ты аддала ім, таму, вось, Я збяру ўсіх тваіх палюбоўнікаў, якім ты спагадвала, ды ўсіх тых, каго ты любіла, з усімі, каго ненавідзела; і збяру іх з усіх бакоў супраць цябе, і адкрыю сорам твой перад імі, і ўбачаць яны ўсю тваю агіднасць. І Я буду судзіць цябе, як судзяцца чужаложніцы і забойцы, і выдам цябе ў кроў абурэння і руплівасці. І аддам цябе ў іх рукі, і яны зруйнуюць твае палаткі распусты, і разбураць твае ўзгоркі, і распрануць цябе з тваіх шатаў, і забяруць пасудзіны ўбрання твайго, і пакінуць цябе голаю і поўнаю сораму. І склічуць супраць цябе сход, і ўкамянуюць цябе, і мечамі сваімі пасякуць цябе на часткі. І дамы твае спаляць агнём, і здзейсняць на цябе прысуды на вачах вельмі многіх жанчын; і Я спыню тваю распуснасць, ды ўжо больш ты не будзеш даваць падарункаў за распусту. І заспакою Я Мой гнеў на цябе ды адвяду лютасць Маю ад цябе; і супакоюся, і ўжо болей не буду гневацца. За тое, што ты забылася на дні маладосці сваёй і ўсімі ўчынкамі давяла Мяне да гневу, Я ў сваю чаргу абярну шляхі твае на галаву тваю, — кажа Госпад Бог, — і не зрабіў Я паводле злачынстваў тваіх ва ўсіх тваіх агіднасцях. Вось, кожны, хто гаворыць народу прыказаку пра цябе, скарыстае яе, кажучы: “Якая маці, такая і дачка яе”. Сапраўды, ты — дачка сваёй маці, якая пагрэбавала сваім мужам і сваімі дзецьмі; і ты — сястра сваіх сясцёр, якія пагрэбавалі сваімі мужамі і сваімі дзецьмі. Маці ваша была хетэйка, а бацька ваш — амарэй. І тваёй старэйшай сястрой была Самарыя, пражываючая налева ад цябе разам са сваімі дочкамі; а тваёй малодшай сястрой была Садом разам са сваімі дочкамі, што жыла направа ад цябе. Але ты не хадзіла шляхамі іх, ані рабіла паводле злачынстваў іх; як быццам гэтага было мала, ты рабіла горшыя злачынствы, чым яны, ва ўсіх шляхах тваіх. Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — твая сястра Садом разам са сваімі дочкамі не рабіла так, як ты рабіла са сваімі дочкамі. Вось, такая была правіннасць сястры тваёй Садом: адзначаліся яна і дочкі яе пыхаю, ненасытнасцю і гультайствам; і не падтрымлівалі яны руку беднага і нешчаслівага, і ўбіліся ў пыху, і дапусціліся агіднасцей адносна Мяне, і Я адкінуў іх, як ты гэта бачыла. І Самарыя не дапусцілася і паловы грахоў тваіх, а ты перасягнула іх сваімі злачынствамі і апраўдала сваіх сясцёр усімі агіднасцямі, якіх дапусцілася. Дык ты таксама нясі ганьбу сваю, ты, якая апраўдала сваіх сясцёр сваімі грахамі, горшымі за іх; былі бо яны табою апраўданыя. Дык і ты засаромейся і нясі сваю ганьбу, ты, якая апраўдала сваіх сясцёр. І я адмяню іх долю, долю Садом і яе дачок, а таксама долю Самарыі і яе дачок; і тваю долю адмяню сярод іх, каб несла ты ганьбу сваю ды была асаромленая з прычыны ўсяго таго, чаго дапусцілася, прыносячы ім суцяшэнне. І твая сястра Садом, і яе дочкі вернуцца да першага стану свайго, і Самарыя са сваімі дочкамі вернецца да свайго папярэдняга стану, і ты, і дочкі твае вернецеся да папярэдняга стану вашага. Ці ж у днях тваёй пыхі не было гаворкі ў вуснах тваіх пра сястру тваю Садом, перш чым ганьба твая не была адкрытая? Падобна як яна, так і ты цяпер стала пасмешышчам для дачок Сірыі і для ўсіх, хто кругом цябе жыве, для дачок філістынскіх, якія пагарджаюць табою. Ты адкажаш за свае злачынствы і ганьбу,— кажа Госпад». Вось што кажа Госпад Бог: «І зраблю Я з табою так, як зрабіла ты, якая адцуралася ад прысягі, каб разарваць запавет. І Я ўспомню запавет, які заключыў з табою ў дні маладосці тваёй, ды пастаўлю з табою запавет вечны. І ты ўзгадаеш на дарогі свае і засаромеешся, калі прымеш сясцёр тваіх, як старэйшых, так і малодшых за цябе, і дам іх табе за дочак, але не паводле заключанага з табой запавету. І аднаўлю Я Мой запавет з табой, і ты даведаешся, што Я — Госпад, каб памятаць і саромецца, ды каб з-за свайго сораму не адкрываць больш вуснаў сваіх тады, калі прабачу табе ўсё, што ты зрабіла», — кажа Госпад Бог.
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Сын чалавечы, прыдумай загадку і раскажы прыпавесць дому Ізраэльскаму і скажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вялікі арол з велізарнымі крыламі з доўгімі пёрамі, пакрыты рознакаляровым пер’ем, прыляцеў у Лібан і сарваў вершаліну кедра; адарваў найвышэйшую галінку яго, і занёс яе ў зямлю Ханаан, і паклаў яе ў горадзе гандлёвым. І ўзяў насенне з той зямлі, і пасадзіў яго на зямлі ўрадлівай, над шчодрымі водамі, як вярбу, пасадзіў яго, каб расло і разрасталася яно ў буйны вінаград, невялікі ў вышыню, каб галіны яго паварочваліся да яго і карані яго былі пад ім. Такім чынам, стаўся вінаградны куст, і прынёс плады на галінках, і выпусціў парасткі. І быў другі арол вялікі, з вялікімі крыламі і доўгімі пёрамі; і вось, вінаград той, як быццам пасылаючы да яго свае карані, да яго выцягнуў свае галіны, каб навадніць яго шчадрэй, чым грады, на якіх быў пасаджаны. На зямлі добрай, над шчодрымі водамі быў ён пасаджаны, каб пускаць галіны і прыносіць плады ды стаць вялікім вінаградам”. Скажы: гэта кажа Госпад Бог: “Ці пашчасціць яму? Ці не вырвуць яго каранёў? Ці не пазрываюць яго плады? Ці не звянуць усе яго свежыя парасткі? Ці не засохне ён? І не патрэбна будзе ані моцнае рукі, ані вялікага народа, каб вырваць яго з каранямі. Вось, ён пасаджаны; ці пашчасціць яму? Ці не ссохне ён, калі кране яго гарачы вецер, ці не ссохне на зямлі, на якой выпускаў парасткі свае?”» І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Кажы народу ўпорыстаму: “Ці вы не ведаеце, што гэта значыць?” Скажы: “Вось, прыбыў цар Бабілона ў Ерузалім, схапіў цара і князёў яго, і завёў іх да сябе, у Бабілон; і ўзяў аднаго з нашчадкаў царскіх, і заключыў з ім запавет, і прысягаю звязаў яго, але і магнатаў перасяліў з зямлі, каб было царства пакорным, не паўставала, але захоўвала запавет яго і было яму верным. Ён адступіўся ад яго і паслаў пасланцоў у Егіпет, каб даў яму той коней і многа войска. Ці пашчасціць яму, ці выратуецца той, хто зрабіў гэтак? І ці ўхаваецца той, хто парушыў запавет?”» «Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — на месцы цара, які паставіў яго царом, той, што зламаў прысягу і парушыў запавет, які ён меў з ім, у Бабілоне памрэ. І не дапаможа яму фараон вялікім войскам і шматлікім народам у баі, калі насыплюць вал і пабудуюць умацаванні, каб загубіць мноства людзей. Ён бо зламаў прысягу, каб парушыць запавет, і вось, прыклаў руку сваю, і паколькі ён усё гэта зрабіў, таму не ўцячэ». Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: «Жыву Я, за тое, што адкінуў Маю прысягу і парушыў Мой запавет, адказнасць ускладу на яго галаву і закіну на яго сетку Маю, і будзе злоўлены ў пастку Маю, і прывяду яго ў Бабілон, і асуджу яго там за крывадушнасць, якою ён крывадушнічаў адносна Мяне. І ўсе выбранцы яго з усяго войска яго загінуць ад меча; а астатнія будуць раскіданы на ўсе вятры, і даведаецеся, што Я, Госпад, сказаў». Гэта кажа Госпад Бог: «І Я вазьму вершаліну вялікага кедра і пасаджу; з маладых верхніх парасткаў яго выламлю галінку і пасаджу яе на высокай і стромкай гары. На высокай гары Ізраэля пасаджу яе; і яна пусціць галіны, і дасць плод, і стане кедрам высокім; і абжывуцца пад ім усялякія птушкі, ды ўсё крылатае будзе гнездавацца ў засені яго галін. І ўсе дрэвы той мясцовасці даведаюцца, што Я — Госпад, Які панізіў дрэва высокае, і ўзвысіў дрэва нізкае, і высушыў дрэва зялёнае, і зазеляніў дрэва ссохлае. Я — Госпад, сказаў і здзейсніў».
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Чаму ў вас у народзе паўтараеце між сабою гэтую прыказку ў зямлі Ізраэля, кажучы: “Бацькі з’елі няспелы вінаград, а аскома — на зубах у дзяцей”? Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — не паўтарайце больш гэтае прыказкі ў Ізраэлі. Вось, усе душы Мае: як душа бацькі, так і душа сына Мая; душа, што зграшыла, памрэ. І чалавек, калі ён справядлівы, спаўняе закон і справядлівасць, не есць на ўзгорках і вачэй сваіх не падымае на ідалаў дому Ізраэля, і не ганьбіць жонку блізкага, і не набліжаецца да жонкі ў час яе нячыстасці, і не крыўдзіць нікога, вяртае закладзенае даўжніку, не рабуе, падае хлеб свой галоднаму і голага апранае ў вопратку, не займаецца ліхвярствам і не вымагае працэнтаў, беражэ руку сваю ад несправядлівасці, справядліва вырашае паміж чалавекам і чалавекам, захоўвае Мае прыказанні і пільнуе Мае законы, каб рабіць праўду, — такі чалавек справядлівы і жыць будзе, — кажа Госпад Бог. А калі ён народзіць сына ліхога, які пралівае кроў і які вінаваты ў адным з гэтых злачынстваў, якіх сам ніколі не рабіў, які есць на ўзгорках і які ганьбіць жонку свайго блізкага, крыўдзіць беднага і ўбогага, рабуе, не аддае закладзенага, і падымае вочы свае на ідалаў, і дапускаецца агіднасці, займаецца ліхвярствам і вымагае працэнтаў, — ці ж такі будзе жыць? Не, не будзе. Дапускаўся бо ўсіх гэтых злачынстваў, таму ён напэўна памрэ; кроў яго спадзе на яго самога. Калі бо хто народзіць сына, які бачыў усе грахі бацькі свайго, якіх ён дапусціўся, збаяўся і не рабіў падобнага да гэтага, не еў на ўзгорках, і не падымаў вачэй сваіх на ідалаў дому Ізраэля, і не ганьбіў жонкі блізкага свайго, і не крыўдзіў чалавека, закладзенага не затрымліваў і не рабаваў, даваў хлеб свой галоднаму, і голага апранаў у вопратку, адварочваў руку сваю ад крыўды, не займаўся ліхвярствам і не патрабаваў працэнтаў, спаўняў законы Мае і выконваў Мае прыказанні, — такі не памрэ дзеля злачыннасці бацькі свайго, але будзе жыць. Бацька яго, бо строіў падкопы і рабаваў, і рабіў злое ў сваім народзе, вось, ён памрэ дзеля сваёй злачыннасці. І вы кажаце: “Чаму сын не адказвае за правіны бацькі?” Дык жа сын спаўняў закон і справядлівасць, захоўваў усе Мае прыказанні і выконваў іх, таму павінен жыць. Душа, якая грашыць, памрэ; сын хай не адказвае за правіннасць бацькі, ані бацька — за правіннасць сына. Справядлівасць справядлівага будзе яму залічана, і бязбожнасць бязбожніка на яго спадзе. Калі ж бязбожнік адвернецца ад усіх сваіх грахоў, якіх дапусціўся, і будзе захоўваць усе прыказанні Мае і спаўняць закон і справядлівасць, будзе жыць, не памрэ. Усе злачыннасці яго, якіх дапусціўся, не будуць яму залічаны; у справядлівасці сваёй, якую робіць, жыць будзе. Ці ж воля Мая, каб загінуў бязбожнік, — кажа Госпад Бог, — і не тая, каб адвярнуўся ад дарогі сваёй ліхой і жыў? Калі ж справядлівы адвернецца ад справядлівасці сваёй і будзе рабіць несправядлівасць паводле ўсіх агіднасцей, якіх звычайна дапускаецца бязбожнік, ці ж такі будзе жыць? Уся справядлівасць яго, якую чыніў, не будзе залічана яму; у крывадушнасці, якой крывадушнічаў, і ў граху сваім, якім грашыў, — у іх памрэ. І вы кажаце: “Несправядлівая дарога Госпада”. Дык слухайце, дом Ізраэля! Ці ж Мая дарога не ёсць справядлівая, і ці не болей вашы дарогі ёсць несправядлівыя? Калі бо справядлівы адвернецца ад справядлівасці сваёй і будзе рабіць несправядлівасць, то памрэ; памрэ дзеля грахоў, якія чыніў. І калі грэшнік адвернецца ад грахоўнасці сваёй, якой дапусціўся, і будзе спаўняць закон і справядлівасць, ён захавае душу сваю пры жыцці; бо адумаўшыся і адвярнуўшыся ад усіх злачыннасцей сваіх, якіх дапусціўся, будзе жыць, не памрэ. І дом Ізраэля кажа: “Несправядлівая дарога Госпада”. Ці ж дарогі Мае несправядлівыя, доме Ізраэля, і ці не болей вашы дарогі несправядлівыя? Таму, дом Ізраэля, буду судзіць кожнага паводле яго шляхоў, — кажа Госпад Бог. — Навярніцеся і пакайцеся ва ўсіх сваіх грахах, і не будзе ў вас спакусы для злачыннасці. Адкіньце ад сябе ўсе грахі свае, у якіх жылі, і стварыце сабе новае сэрца і новы дух. І навошта мелі б вы паміраць, дом Ізраэля? Бо Я не хачу смерці грэшніка, — кажа Госпад Бог. — Навяртайцеся і жывіце!
І ты галасі над князямі Ізраэля, і скажы: “Якой жа львіцай між ільвамі была твая маці? Яна ляжала паміж ільвянятамі, сваіх малых гадавала. І выгадавала адно з ільвянятак сваіх; і стаў ён ільвом, і навучыўся хапаць здабычу, і пажыраў людзей. І супраць яго склікалі народы, патрапіў ён у іх яму; і павялі яго на ланцугу ў зямлю Егіпецкую. Калі ўбачыла яна, што дарма чакае і што прапала надзея яе, узяла іншага з ільвянятак сваіх, выгадавала яго львом. Бегаў ён між ільвамі, стаў ільвом, і навучыўся хапаць здабычу, і пажыраў людзей; і нападаў ён на іх палацы, і нішчыў гарады іх. І аслупянела зямля і ўсё насельніцтва яе ад голасу рыку яго. Ды сабраліся супраць яго народы адусюль з наваколляў, і расцягнулі на яго сетку сваю, і патрапіў ён у іх яму. І на ланцугу запхнулі яго ў клетку, і завялі яго да цара Бабілона; той замкнуў яго ў вязніцы, каб не чуўся больш голас яго на гарах ізраэльскіх. Маці твая падобная да вінаграду, пасаджанага над вадою. Выраслі плады яго і галіны яго дзеля мнагаводдзя; і пусціў ён моцныя галіны, прыдатныя на скіпетры царскія, і ўзвысіўся ён аж да хмар у вышыні сваёй, і з’явіўся ў мностве лістоты сваёй. І ў гневе вырваны быў ён і кінуты на зямлю, і вецер гарачы высушыў плады яго; была паламана і ссушана галіна моцы яго, агонь з’еў яе. І цяпер перасаджаная яна ў пустыню, на зямлю бязлюдную і сухую. І выбіўся агонь з галіны яго, і плады яго з’еў; і не было ўжо ў яго галін дужых, скіпетра валадарання. Вось жальба, і будзе яна галашэннем”».
І сталася сёмага года, пятага месяца, дзесятага дня таго ж месяца прыбылі некаторыя са старэйшын Ізраэля, каб парадзіцца з Госпадам, ды селі яны перада мною. І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, кажы старэйшынам Ізраэля і скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Ці вы прыйшлі запытацца ў Мяне? Жыву Я, не адкажу вам”, — кажа Госпад Бог. Ці ж будзеш судзіць іх, ці будзеш судзіць, сын чалавечы? Пакажы ім агіднасці бацькоў іх. І скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “У той дзень, калі Я выбраў Ізраэль і падняў руку Маю, прысягаючы нашчадкам дому Якуба, і з’явіўся ім у зямлі Егіпецкай ды падняў руку Маю, прысягаючы на іх карысць і кажучы: “Я — Госпад, ваш Бог”, у той дзень Я падняў руку Маю да іх, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай у зямлю, якую ім выбраў, якая ацякала малаком і мёдам, якая вылучаецца пасярод усіх земляў”. І сказаў Я ім: “Хай кожны выкіне агіднасці з вачэй сваіх, і не апаганьвайцеся ідаламі егіпецкімі; Я — Госпад, Бог ваш”. І ўзбунтаваліся яны, і не захацелі Мяне слухаць; не адкінуў ніхто агіднасці з вачэй сваіх, і не пакінулі ідалаў егіпецкіх. І вырашыў Я выліць гнеў Свой на іх ды спагнаць абурэнне Сваё на іх у зямлі Егіпта. І зрабіў Я дзеля імя Майго, каб не было яно зняважана на вачах паганаў, сярод якіх знаходзіліся і сярод якіх Я з’явіўся ім, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай. І Я вывеў іх з зямлі Егіпецкай, і завёў у пустыню, і даў ім прыказанні Мае, і аб’явіў ім законы Мае, каб, спаўняючы іх, чалавек жыў сярод іх. Акрамя таго, даў ім і суботы Мае, каб былі знакам паміж Мною і імі і каб ведалі, што Я — Госпад, Які іх асвячае. І дом Ізраэля ўзбунтаваўся супраць Мяне ў пустыні: не жылі яны паводле прыказанняў Маіх і законы Мае адкінулі, спаўняючы якія, чалавек жыць імі будзе, і суботы Мае надта апаганілі. Дык Я сказаў, што вылью абурэнне Маё на іх у пустыні і іх знішчу. І зрабіў Я паводле імя Майго, каб не было яно зняважана перад народамі, з якіх Я вывеў іх на вачах іх. Але падняў Я таксама руку Сваю супраць іх у пустыні, каб не ўводзіць іх у зямлю, якую Я даў ім, якая ацякае малаком і мёдам, выбранніцу з усіх земляў; бо адкінулі яны законы Мае, і не спаўнялі прыказанняў Маіх, і суботы Мае апаганілі, бо ішло за ідаламі сваімі сэрца іх. І пашкадавала вока Маё іх, каб не вынішчыць іх; і не выгубіў Я іх у пустыні. Сказаў жа Я сынам іх у пустыні: “Не хадзіце паводле пастаноў бацькоў вашых, і не пільнуйце іх загады, ды не апаганьвайцеся ідаламі іх. Я — Госпад, Бог ваш. Жывіце паводле прыказанняў Маіх і законы Мае пільнуйце і выконвайце іх, і святкуйце суботы Мае, каб былі яны знакам паміж Мной і вамі і каб ведалі вы, што Я — Госпад, Бог ваш”. І супрацівіліся Мне тыя сыны; не жылі паводле прыказанняў Маіх і не захоўвалі законы Мае, каб спаўняць іх, — калі іх спаўняе чалавек, то ён жыве імі, — і апаганілі суботы Мае. І Я вырашыў, што вылью абурэнне Маё на іх і ўчыню гнеў Мой над імі ў пустыні. Але адвярнуў Я руку Сваю і вырашыў дзеля імя Майго, каб не зневажаць яго на віду народаў, ад якіх Я вывеў іх на вачах іх. Ізноў падняў Я руку Маю на іх у пустыні, каб разагнаць іх паміж народаў і раскінуць па чужых землях, за тое, што законы Мае не спаўнялі, і пагардзілі Маімі прыказаннямі, і суботы Мае апаганілі, і на ідалаў бацькоў сваіх яны падымалі вочы. Дзеля таго Я і даў ім законы нядобрыя, і пастановы, паводле якіх не маглі жыць; і Я апаганіў іх ахвярамі іх, калі яны ахвяроўвалі ўсё, што першароднае, каб абудзіць у іх страх ды каб даведаліся, што Я — Госпад». Дзеля таго кажы, сын чалавечы, дому Ізраэльскаму, і кажы ім: «Гэта кажа Госпад Бог: “Яшчэ і тым зняважылі Мяне бацькі вашы, калі выракліся яны Мяне, пагарджаючы Мною, і калі Я ўвёў іх у зямлю, над якою Я ўзняў руку Маю, каб даць яе ім, убачылі яны кожны ўзгорак высокі і кожнае густалістае дрэва, і ўсклалі там свае ахвяры, і выклікалі гнеў там ахвярамі сваімі; і там ускладалі свае пахкія ахвяры, і ўчынялі ўзліванні свае”. І Я казаў ім: “Што ёсць той узгорак, на які вы ўзыходзіце?” І называюць яго “ўзгоркам” аж па сённяшні дзень». Таму скажы дому Ізраэля: «Вось што кажа Госпад Бог: “Канешне, шляхам бацькоў вашых вы апаганьваеце сябе, і распуснічаеце з іх ідаламі, і пры ўскладанні дароў вашых, калі праводзіце сыноў вашых праз агонь, вы апаганьваецеся з усімі ідаламі вашымі аж па сённяшні дзень, ды Я адкажу вам, дом Ізраэля? Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — не дазволю, каб вы ў Мяне шукалі парады. І тое, што вам на думку прыходзіць, не станецца ніколі, калі вы кажаце: “Будзем, як народы і як плямёны з іншых земляў, служыць дрэву і каменю”. “Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — Я буду валадарыць над вамі моцнай рукою і плячом узнятым, ды са страшным абурэннем. І выведу вас спаміж народаў, і збяру вас з земляў, у якіх вы былі параскіданы; моцнай рукой і ўзнятым плячом, і са страшным абурэннем. І прывяду вас у пустыню тых народаў, і буду вас судзіць там да твару тварам. Падобна як судзіў Я вашых бацькоў у пустыні зямлі Егіпецкай, так і вас судзіць буду, — кажа Госпад Бог, — і правяду вас пад палкай Маёю, і правяду вас у путах запавету. І аддзялю ад вас парушальнікаў і бязбожнікаў, і выведу іх з зямлі, дзе пражываюць, і ў зямлю Ізраэля не ўвойдуць яны, і даведаецеся вы, што Я — Госпад”. Ды вось, дом Ізраэля, гэта кажа Госпад Бог: “Хай кожны ідзе за сваімі ідаламі і служыць ім. Але потым ці не будзеце слухаць Мяне і ці ўжо болей не будзеце апаганьваць Маё святое імя вашымі ахвярамі і вашымі ідаламі? Бо на святой гары Маёй, на высокай гары Ізраэльскай, — кажа Госпад Бог, — там увесь дом Ізраэля будзе Мне служыць: усе, — кажу, — што на зямлі, на якой будуць Мне спагадныя; і там буду шукаць вашых ахвяр і першых дароў вашых ва ўсіх асвячэннях вашых. Прыму вас, як мілы пах, калі выведу вас пасярод чужых народаў і збяру вас з тых земляў, у якіх вы былі параскіданыя, і асвячуся ў вас перад вачамі гэтых народаў. І будзеце ведаць, што Я — Госпад, калі прывяду вас у зямлю Ізраэльскую, у зямлю, за якую падняў Я руку Сваю, каб даць яе бацькам вашым. І ўзгадаеце там шляхі вашы ды ўсе злачынствы вашы, якімі вы апаганіліся, і самі адчуеце гідкасць да сябе, калі падумаеце аб усіх вашых ліхотах, якіх дапусціліся. І даведаецеся, што Я — Госпад, калі спагадаю Вам дзеля Майго імя, не дзеля вашых ліхіх шляхоў ды вашых найгоршых злачынстваў, дом Ізраэля”, — кажа Госпад Бог». І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, звярні аблічча сваё на поўдзень і яшчэ крыху больш на поўдзень, і праракуй супраць лесу зямлі Нагэб. І скажы лесу Нагэба: “Слухай слова Госпада. Вось што кажа Госпад Бог: “Вось, распалю ў цябе агонь ды згарыць у цябе кожнае зялёнае дрэва і кожнае дрэва сухое; полымя пажару будзе нязгасным і згарыць у ім усё, пачынаючы ад поўдня аж да поўначы. І кожнае цела ўбачыць, што Я, Госпад, запаліў яго і яно не згасне”». І сказаў я: «О Госпадзе Божа! Яны кажуць пра мяне: “Ці ён не прыпавесці расказвае?”»
І сказаў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, звярні аблічча сваё на Ерузалім і яшчэ — на святыя месцы і праракуй супраць зямлі Ізраэльскай. І скажы зямлі Ізраэльскай: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, і выцягну меч Свой з ножан яго, і заб’ю ў цябе справядлівага і бязбожніка. Дзеля таго, што Я заб’ю ў цябе спавядлівага і бязбожніка, таму выйдзе меч Мой з ножан яго на ўсё жывое ад поўдня аж да поўначы, каб усе даведаліся, што Я — Госпад; выцягнуў меч Мой з ножан яго, і ён да іх ужо не вернецца”». І ты, сын чалавечы, стагні, як быццам маеш сцёгны паламаныя, і ў горычы стагні на іх вачах. І калі скажуць табе: “Чаму стогнеш?” — адкажы: “Дзеля весткі, бо прыйшла яна”; і самлее кожнае сэрца, ды ўсе рукі аслабеюць, і ўсякі дух згасне, і калені захістаюцца, як вада; вось, яна прыйшла і спраўджваецца, — кажа Госпад Бог». І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, праракуй і кажы: гэта кажа Госпад Бог! Гавары: “Меч, меч завостраны і таксама бліскучы; завостраны, каб забіваць ахвяры, адшліфаваны, каб блішчаць”. Хіба будзем радавацца? Скіпетр сына Майго пагарджае кожным дрэвам. І дадзены ён, каб сціраць у парашок, каб узяць яго рукою. Меч гэты завостраны і бліскучы, каб быў ён у руцэ забіваючага. Крычы і галасі, сын чалавечы, бо ён накіраваны супраць народа Майго, супраць усіх князёў Ізраэля, якія выведзены на меч разам з Маім народам. Таму ўдар сябе ў сцягно, бо выпрабаванне надышло. “І што, калі ён пагарджае скіпетрам? Такі не ўстаіць”, — кажа Госпад Бог. Дык ты, сын чалавечы, праракуй і ўдар рукой аб руку. І хай меч падвоіцца ды хай патроіцца меч забітых: гэта меч вялікага забівання, меч вялікі, які акружае іх, каб сэрца млела і каб памнажаліся ахвяры. Ва ўсіх брамах іх Я ўчыніў забойства мечам: ах, мечы, завостраныя і вычышчаныя, як бліскавіца, гатовая, каб забіваць! “Навострывайся, хадзі направа і налева, куды толькі лязо тваё скіравана”. Таксама і Я буду біць рукой аб руку, і заспакою гнеў Мой. Я, Госпад, сказаў гэта». І сказаў Госпад да мяне гэтыя словы: «І ты, сын чалавечы, намалюй дзве дарогі, па якіх пойдзе меч цара Бабілонскага: абедзве будуць выходзіць з аднае зямлі; і пастаў дарожны знак, пастаў на пачатку дарогі, накіраванай у горад. Выяві дарогу, па якой пойдзе меч у Рабу сыноў Амона, і да Юды, і ў Ерузалім надта ўмацаваны. Бо цар Бабілона стаіць на раздарожжы, на пачатку абедзвюх дарог; каб запытацца прароцтва, ён кідае стрэлы, пытае тэрафіма і раіцца з печанню. У яго правай руцэ прароцтва пра Ерузалім: каб паставіў ён тараны, каб адчыніў вусны дзеля забойства, каб падняў крык баявы, каб паставіў тараны супраць брам, каб насыпаў вал, каб збудаваў вежы. І ў іх вачах гэтае прадказанне як быццам падманнае; і найсвяцейшымі прысягамі прысягалі яны, а ён прыгадае, аднак, правіннасць іх, каб захапіць яго. Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што прыпомнілі вы сабе сваю злачыннасць і вашы правіны сталі яўнымі і вашы грахі праз усе вашы паводзіны сталі відавочнымі; таму, — кажу Я, — з уласнай віны будзеце злоўленыя. А ты, нягодны бязбожнік, кіраўнік Ізраэля, якога дзень набліжаецца з апошняй тваёй злачыннасцю, — гэта кажа Госпад Бог: — Здымі кідар, скінь карону; бо ўсё гэта мінула. Што было малое, будзе павышана, і што высокае — паніжана. Руіны, руіны, руіны зраблю з яго; і гэтага не здарыцца, пакуль не прыйдзе той, якому належыць суд і якому Я аддам яго”. І ты, сын чалавечы, праракуй і кажы: гэта кажа Госпад Бог да аманіцян і адносна іх знявагі; і кажы: “Меч, меч быў вынуты з ножан для забівання, завостраны для вынішчэння і блішчыць”. Каб, калі табе з’яўляюцца пустыя бачанні і прарочаць падманныя прадказанні, апусціць меч і на цябе, як на каркі бязбожных злачынцаў, якіх дзень прыходзіць з апошняй іх злачыннасцю. Схавай яго ў ножны яго. У месцы, дзе ты быў створаны, у зямлі, дзе ты нарадзіўся, буду цябе судзіць. І вылью на цябе Свой гнеў, распалю супраць цябе лютасць абурэння Свайго; і аддам цябе ў рукі дзікіх людзей і рабаўнікоў. Ты будзеш пажывай для агню, кроў твая пацячэ пасярод зямлі; не пакінеш па сабе ўспаміну — бо Я, Госпад, сказаў гэта».
І сказаў Госпад да мяне гэтыя словы: «І ты, сын чалавечы, ці хочаш судзіць? Ці хочаш выдаць прысуд крываваму гораду? І пакажы яму ўсе агіднасці яго, і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “О горад, што пралівае ўласную кроў, каб гэтым наблізіць час свой, і што паставіў у сябе ідалаў, каб апаганіцца. Сваёй крывёю, што ты праліў, ты правініўся; і ідаламі сваімі, якіх паставіў, ты апаганіўся; і ты наблізіў дні свае і дайшоў да часу сваіх гадоў. Таму Я зраблю цябе ганьбай перад народамі ды пасмяяннем на віду ўсіх земляў. Суседзі і тыя, што жывуць далёка ад цябе, будуць смяяцца з цябе, горада, слаўнага нячыстасцю, поўнага звадак. Вось, кіраўнікі Ізраэля, кожны сваім чынам, у цябе пралівае кроў. У цябе бацька і маці ў знявазе, у цябе пакрыўджаны чужынец, у цябе ў прыгнёце сірата і ўдава. Святыні Мае ты зняважыў і зняславіў суботы Мае. У цябе былі паклёпнікі, каб праліваць кроў, і ў цябе елі яны на ўзгорках; і пасярод цябе дапусціліся злачынстваў. Сорам бацькі адкрылі ў цябе, у цябе зняважылі жанчыну ў пару нячыстасці яе; і адзін дапусціўся агіднасці з жонкаю блізкага свайго, і другі апаганіўся распустай з нявесткай сваёй; брат згвалтаваў сястру сваю, дачку бацькі свайго, у цябе. У цябе прынялі падарункі, каб праліваць кроў, ты ўзяў працэнты і займаешся ліхвярствам, і дзеля карысці ўзвёў паклёп на блізкіх сваіх, і пра Мяне забыўся”, — кажа Госпад Бог. “Вось, Я ўдарыў у далоні Мае дзеля набытку несправядлівага твайго, які ты сабраў, ды з прычыны крыві, якая ў цябе пралілася. Ці вытрымае тваё сэрца або ці будуць рукі твае настолькі дужыя ў тыя дні, калі Я вазьмуся за цябе? Я, Госпад, сказаў гэта і зраблю; і рассыплю цябе паміж народамі чужымі, і расцярушу цябе па чужых землях, і прыму з цябе тваю нячыстасць. І Я вазьму цябе як уласнасць на вачах паганаў, і ты даведаешся, што Я — Госпад”». І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, дом Ізраэля стаў для Мяне, як жужаль; усе яны — медзь, і срэбра, і жалеза, і свінец у печы; сталі яны жужалем». Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: «За тое, што ўсе вы сталі жужалем, вось за гэта Я збяру вас у сярэдзіне Ерузаліма, падобна як кладзецца разам у печы срэбра, і медзь, і жалеза, і свінец, і волава, каб распаліць у ёй агонь і расплавіць іх, так і вас Я збяру ў абурэнні Маім і лютасці Маёй, і пакладу вас і растаплю, і збяру вас, і распалю супраць вас агонь абурэння Майго, і вы будзеце растопленыя ў сярэдзіне яго. Падобна, як срэбра плавіцца ў сярэдзіне печы, так і вы будзеце расплаўленыя ў сярэдзіне яго: і даведаецеся, што Я, Госпад, выліў на вас гнеў Свой». І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, скажы яму: “Ты — зямля, на якую не ўпаў дождж, ані лівень у дзень абурэння, князі якой у яе сярэдзіне, як ільвы рыкаючыя, што расхапілі здабычу; яны пажралі душы, сабралі багацці і каштоўнасці, павялічылі лік удоў яе сярод яе. Святары яе парушылі законы Мае і апаганілі Мае святыні, не адрознівалі яны паміж святым і неасвячоным, і не навучыліся адрозніваць чыстае і нячыстае, і на суботы Мае закрылі вочы свае, і сярод іх Я меў знявагу. Князі яе сярод яе, як ваўкі, што раздзіраюць здабычу; яны разліваюць кроў, забіваюць людзей, каб атрымаць карысць несправядлівую. А прарокі яе пакрылі для іх усё тынкам, абвяшчаючы прадказанні падманныя і абвяшчаючы ім прароцтвы фальшывыя, кажучы: “Гэта кажа Госпад Бог”, калі Госпад не гаварыў. Людзі гэтае зямлі чынілі гвалт і рабунак; крыўдзілі ўбогага і беднага, і беззаконна здзекаваліся з чужынца. І шукаў Я паміж іх чалавека, які паставіў бы мур і стаў бы ў праломе перада Мною, каб бараніць гэтую зямлю і перашкодзіць Мне ў знішчэнні яе, але не знайшоў такога. І выліў Я на іх гнеў Мой, у агні Майго абурэння вынішчыў іх, на галовы іх скінуў віну за іх учынкі”, — кажа Госпад Бог».
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Сын чалавечы! Былі дзве жанчыны, дочкі адной маці, і распуснічалі яны ў Егіпце, ад маладосці займаліся распустай; там ціскалі іх саскі і закраналі грудзі дзявоцтва іх. А імёны іх: старэйшай — Агола, і сястры яе — Агаліба; і сталі яны Маімі, і нарадзілі сыноў і дачок; і імёны іх: Агола — Самарыя, а Агаліба — Ерузалім. Такім чынам, Агола, адступаючы ад Мяне, распуснічала; і загарэлася любоўю да сваіх палюбоўнікаў асірыйцаў: да ваяроў, апранутых у гіяцынт, да кіраўнікоў і намеснікаў, да ўсіх прывабных юнакоў, да вершнікаў на конях. І ўсім пасярод абраных асірыйцаў аддавала яна свае распусныя пяшчоты; і апаганілася ўсімі ідаламі ўсіх тых, што распалілі пажадлівасць яе. Акрамя таго, не спыніла яна свайго чужаложства з Егіптам, бо і там спалі з ёй у маладосці яе, і ціскалі саскі дзявоцтва яе, і распуснічалі з ёю. Дзеля таго Я аддаў яе ў рукі палюбоўнікаў яе, у рукі асірыйцаў, да якіх гарэла яна пажадлівасцю; яны адкрылі сорам яе, забралі сыноў яе і дачок і яе самую забілі мечам; і стала яна ганьбаю для жанчын, бо здзейснілі над ёю прысуд. Хоць бачыла гэта сястра яе Агаліба, але загарэлася яна пажадлівасцю і чужаложствам сваім яшчэ большым, чым распуснасць сястры яе. Загарэлася пажадлівасцю да асірыйцаў: магнатаў і намеснікаў, ваяроў, багата апранутых, да коннікаў, што ездзілі вярхом на конях, да ўсіх прывабных юнакоў. І ўбачыў Я, што яна апаганілася і што абедзве ідуць тою самаю дарогай. І калі ўбачыла на сцяне намаляваных мужчын, маляваныя фарбай выявы халдэяў, падперазаных вакол сцёгнаў паясамі, і тыяры, надзетыя на іх галовах, — усіх з выгляду мужных ваяроў, падобных да бабілонцаў, родам з зямлі Халдэйскай, дык загарэлася пажадлівасцю да іх толькі дзеля выяў, якія бачылі яе вочы, ды выправіла пасланцоў да іх, у зямлю Халдэйскую. І калі прыйшлі да яе бабілонцы на ложак чужаложны, апаганілі яны яе распуснасцю сваёю, і калі яе апаганілі, душа яе адвярнулася ад іх. Калі выявіла яна свае ўчынкі распусныя ды адкрыла сорам свой, тады душа Мая адвярнулася ад яе, як адвярнулася душа Мая ад сястры яе. Памножыла ж яна сваю распуснасць, калі ўспомніла дні маладосці сваёй, калі чужаложыла ў зямлі Егіпецкай, і загарэлася пажадлівасцю да сваіх палюбоўнікаў, у якіх цела, як цела ў аслоў, і ў якіх жаданне, як жаданне ў коней. Ды зажадала ты злачынства маладосці сваёй, калі ў Егіпце ціскалі саскі твае і чапалі грудзі дзявоцтва твайго. Дзеля таго, Агаліба, вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я падніму супраць цябе палюбоўнікаў тваіх, ад якіх адвярнулася душа твая; і збяру іх супраць цябе з усіх бакоў, бабілонцаў і ўсіх халдэяў, з Пакода, Шуа і Куэ, а з імі ўсіх асірыйцаў, прывабных юнакоў, кіраўнікоў і намеснікаў усіх, магутных ваяроў і слаўных мужоў усіх, якія гатовы сесці на коней. І нахлынуць на цябе на вазах жалезных і калясніцах і з вялікімі дружынамі; зусюль падымуцца супраць цябе ў панцырах, са шчытамі і шлемамі, і дам ім судзіць цябе паводле судоў іх. І звярну супраць цябе Маю лютасць, так што люта будуць з табою абыходзіцца: адрэжуць табе нос і вушы твае, а тое, што ад цябе застанецца, упадзе ад меча; яны забяруць у цябе сыноў тваіх і дачок тваіх, і рэшту цябе знішчыць агонь. І здымуць яны з цябе адзенне тваё, і забяруць пасудзіны славы тваёй; і выдалю Я злачынства тваё ад цябе і чужаложства тваё з зямлі Егіпецкай, і ўжо больш не падымеш на іх вачэй тваіх ды не ўзгадаеш пра Егіпет”. Бо гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я аддам цябе ў рукі тых, каго ненавідзіш, у рукі тых, ад каго адвярнулася душа твая, і з нянавісцю будуць яны абыходзіцца з табою, і забяруць усе плады працы тваёй, і пакінуць цябе голай і поўнай сораму, і выявіцца сорам распусты тваёй, злачынства і твая распуснасць. Гэта зрабілі яны з табою, бо чужаложыла ты з чужымі народамі, сярод якіх апаганілася іх ідаламі. Пайшла ты шляхам сястры сваёй, і яе келіх Я дам у тваю руку”. Гэта кажа Госпад Бог: “Будзеш ты піць келіх сястры сваёй, глыбокі і шырокі, будзеш ты ў пасмяянне і ганьбаванне, бо вельмі многа змяшчаецца ў ім. Напоўнішся ты ап’яненнем і болем, келіхам жалобы і смутку, келіхам сястры тваёй, Самарыі, і вып’еш яго, і вып’еш аж да дна ды яшчэ на кавалкі разаб’еш і грудзі свае скалечыш, бо Я сказаў гэта”, — кажа Госпад Бог. Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што ты забылася пра Мяне і кінула Мяне за плечы свае, ты нясі таксама сваё злачынства і чужаложнасць сваю”». І сказаў мне Госпад: «Сын чалавечы, ці не маеш судзіць Аголу і Агалібу? Выяві, такім чынам, ім іх злачынствы. Бо яны чужаложылі, і кроў на іх руках, і распуснічалі яны з ідаламі сваімі; а таксама сыноў сваіх, якіх для Мяне нарадзілі, прынеслі ім на пажыранне. Але і гэта Мне яны зрабілі: святыню Маю апаганілі ў той дзень, а таксама зняважылі Мае суботы. І калі ахвяроўвалі яны сваіх сыноў ідалам сваім і ў той самы дзень прыходзілі ў святыню Маю, каб апаганіць яе, вось так рабілі яны ў сярэдзіне дома Майго. І нават паслалі па мужчын, што прыходзілі здалёк, да якіх пасланец быў адпраўлены; такім чынам, яны зараз жа прыйшлі. “Дзеля іх ты выкупалася, падвяла сурмою вочы свае і адзелася ў жаночыя аздобы; і села на найпрыгажэйшым ложку, і перад табою быў застаўлены стол, ты паклала на ім Маё кадзіла і Мае духмянасці”. І гучалі ў яе разгульныя галасы, і да мужчын мноства людзей далучаліся, якіх прыводзілі з пустыні; і ўсклалі яны ім на рукі бранзалеты, а на галовы іх — раскошныя тыяры. І Я так сказаў аб той, што знішчыла сябе ў чужаложстве: “Цяпер яна таксама будзе распуснічаць у распуснасці сваёй”. І прыйшлі да яе, як да чужаложніцы; так прыходзілі да Аголы і Агалібы, жанчын распусных. Такім чынам, людзі справядлівыя: будуць яны судзіць іх так, як судзяць чужаложніц і забойцаў, бо яны чужаложнічалі, і кроў на руках іх. Бо вось што кажа Госпад Бог: “Прывядзі супраць іх сход і выдай іх на гора і на рабунак; і сход гэты ўкамянуе іх, і пасячэ іх мечамі на кавалкі; заб’е іх сыноў і дачок і дамы іх спаліць агнём. І ачышчу Я зямлю ад злачынства, і ўсе жанчыны атрымаюць перасцярогу, каб не рабіць паводле злачынства вашага; і пакладуць яны на вас ваша злачынства, і будзеце несці грахі сваіх ідалаў, і даведаецеся, што Я — Госпад Бог”».
І сталася: на дзевяты год, у дзесяты месяц, дзесятага дня таго месяца прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Сын чалавечы, напішы сабе дату сённяшнюю, калі цар Бабілона акурат у гэты дзень напаў на Ерузалім. І раскажы за прыказку гэтаму бунтаўнічаму народу прыпавесць, і скажы яму: гэта кажа Госпад Бог: “Прыстаў кацёл да агню; прыстаў і налі ў яго вады. Кінь у яго кавалкі мяса, усе лепшыя кавалкі: кумпяк і лапатку, напоўні яго найлепшымі косткамі, выберы на гэта найлепшы статак. Падкладзі таксама бярэмя дроў пад яго; хай кавалкі мяса ў ім закіпяць, і хай косткі яго ў ім разварацца”. Акрамя таго, гэта кажа Госпад Бог: “Гора гораду крываваму, катлу, іржа якога на ім, і ржа яго не сыходзіць з яго. Павыкідай з яго кавалак за кавалкам яго, і жэрабя на яго не выпадзе. Бо кроў, якую ён праліў, ёсць у ім, ён праліў яе на найчысцейшай скале; не праліў яе на зямлю, каб магла яна пакрыцца пылам; каб распаліць гнеў Мой і адпомсціць помстаю, Я разліў яго кроў на найчысцейшай скале, каб не была яна прыкрыта”. Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Гора гораду крываваму, з якога Я раскладу вялікае вогнішча. Назбірай дроў, распалі агонь, звары мяса аж да гатоўнасці і вылі поліўку, і хай косткі згараць. Пастаў таксама гэты кацёл пусты на вугалі, каб напалілася медзь яго і загарэлася, і каб унутры яго растапілася яго нячыстасць ды каб знікла ржа яго. Зроблена гэта з вялікай цяжкасцю, і тоўсты слой іржы яго не сыдзе з яго нават у агні”. Нячыстасць твая — жахлівая, бо Я захацеў ачысціць цябе, і ты не ачысціўся ад бруду твайго; але не будзеш ачышчаны, пакуль не супакою Я гнеў Мой супраць цябе. Я, Госпад, вырашыў: “Слова Маё споўніцца, і Я выканаю яго: не буду мець літасці, ані пашкадую, ані памілую. Асуджу цябе паводле тваіх паводзін і паводле тваіх ліхіх учынкаў”, — кажа Госпад». І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, вось, забіраю ад цябе ў пакуце радасць вачэй тваіх, і не галасі, і не плач, і хай не цякуць твае слёзы. Уздыхай маўчком, не бяры жалобы па памерлым, завяжы турбан свой вакол галавы, і абуй абутак твой на ногі свае, і не закрывай вусны барадою, і не еж хлеба жалобы». І сказаў я да народа свайго раніцаю, і ўвечары памерла жонка мая; і зрабіў я назаўтра так, як мне загадана. І народ казаў мне: «Ці не вытлумачыш нам, што значыць для нас тое, што робіш?» І сказаў я ім: «Прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: “Скажы дому Ізраэля: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я апаганю маю святыню, гонар моцы вашай, і радасць вачэй вашых, і тугу душы вашай. Сыны вашы і дочкі вашы, якіх вы пакінулі, ад меча загінуць. І вы так зробіце, як я зрабіў: вусны не будзеце закрываць барадою і не будзеце есці хлеба жалобы, будзеце мець турбаны на галовах вашых і абутак на нагах, не будзеце наракаць, ані плакаць, а будзеце сохнуць дзеля злачыннасцей вашых ды будзеце стагнаць кожны перад братам сваім. І Эзэкіэль будзе вам знакам: усё, што ён зрабіў, будзеце і вы рабіць, калі гэта надыдзе, і даведаецеся, што Я — Госпад Бог”. І ты, сын чалавечы, вось, у дзень, у які Я вазьму ад іх сілу іх, і радасць велічы, і раскошу вачэй іх, і тугу душ іх, сыноў і дачок іх; у той дзень, калі прыйдзе да цябе ўцякач, каб паведаміць тваім вушам, у той дзень, — кажу, — адкрыюцца вусны твае перад уцекачом; і ты будзеш казаць і не будзеш больш маўчаць, і ты будзеш для іх знакам, і даведаюцца, што Я — Госпад”».
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Сын чалавечы, звярні твар свой да аманіцян і праракуй супраць іх, і кажы аманіцянам: “Слухайце слова Госпада Бога. Гэта кажа Госпад Бог: “За тое, што ты крычаў “Ага”! на Маю святыню, бо яна была апаганена, і на зямлю Ізраэля, бо яна была спустошана, і на дом Юды, бо ён пайшоў у няволю, — таму Я аддам цябе сынам Усходу ва ўласнасць, і яны раскінуць лагер свой у цябе, і паставяць у цябе палаткі свае: яны будуць есці збожжа тваё ды піць малако тваё. І Я аддам Рабу на пашу вярблюдам, і аманіцян — на логавішча для статкаў, і даведаецеся, што Я — Госпад Бог”. Гэта кажа Госпад Бог: “За тое, што ты пляскаў рукамі і тупаў нагамі, і ўсцешыўся ад усяе душы з зямлі Ізраэля, вось таму Я выцягну Маю руку супраць цябе, і аддам цябе на рабунак народам, і выкарчую цябе паміж народаў, і вынішчу цябе пасярод земляў, і загублю, і даведаешся, што Я — Госпад!” Гэта кажа Госпад Бог: “Дзеля таго, што Мааб і Сэір казалі: “Вось жа, дом Юды — такі самы, як усе іншыя народы,” — вось таму Я адкрыю бок Мааба, пазбаўляючы яго гарадоў, гарадоў яго, — кажу Я, — ад межаў яго, ад аздобы зямлі гэтай: ад Бэт-Есімота, ад Баал-Мэона і Карыятаіма; аддам іх разам з аманіцянамі ў спадчыну сынам Усходу, каб аб аманіцянах не было больш успаміну між народамі. І Я ўчыню суд Маабу, і даведаюцца, што Я — Госпад”». Вось што кажа Госпад Бог: «За тое, што Ідумея ўчыніла помсту, каб адпомсціць дому Юды, і, правініўшыся, зграшыла ды абрушыла на іх помсту, — дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: Я выцягну руку Маю супраць Ідумеі, ды вынішчу ў ёй людзей і жывёлу, і ператвару яе ў пустыню — ад Тэмана аж да Дэдана загінуць ад меча. Я адпомшчу Ідумэі праз руку народа Майго Ізраэля, і зробяць яны з Эдомам паводле гневу Майго і абурэння Майго, і адчуюць яны помсту маю», — кажа Госпад Бог. Вось што кажа Госпад Бог: «За тое, што філістынцы адпомсцілі і адпомсцілі ад усяе душы, забіваючы і павялічваючы спрадвечную нянавісць, дзеля гэтага вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я выцягну руку Маю супраць філістынцаў, і выкарчую херэтаў, і знішчу астаткі зямлі прыморскай; Я выканаю над імі вялікую помсту, удараючы ў абурэнні, і даведаюцца, што Я — Госпад, калі Я даканаю на іх помсту Маю”».
І сталася: адзінаццатага года, у першы дзень месяца прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Сын чалавечы, дзеля таго што Тыр сказаў Ерузаліму: “Ага”, была разбітая брама народаў; яна звярнулася да мяне, яна была багатая, а зараз спустошаная, таму вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, Тыр, і зраблю, што пойдуць супраць цябе народы шматлікія, як накатвае мора хвалямі; разваляць муры Тыра, і вывернуць яго вежы, і Я вымету з яго пыл яго ды зраблю з яго найчысцейшую скалу. Ён стане на моры месцам сушэння сетак, бо Я сказаў — кажа Госпад, — і будзе ён на рабунак народам. Таксама дочкі яго, што жывуць на зямлі, загінуць ад меча, і даведаюцца, што Я — Госпад”. Вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я навяду на Тыр Набукаданосара, цара Бабілона, з поўначы, цара цароў з конямі, і калясніцамі, і вершнікамі, і з войскам, і з мноствам народа. Дачок тваіх, якія жывуць на зямлі, заб’е ён мечам, ды акружыць цябе ўмацаваннямі, і паставіць вакол вал, і шчыт паставіць супраць цябе, асадныя павеці з таранамі наставіць супраць тваіх муроў і разваліць твае вежы зброяй сваёю. Ад многіх коней яго пакрые цябе іх пыл, ад грукату яго коннікаў, і колаў, і калясніц дрыжаць будуць твае муры, калі ўваходзіць будзе ў брамы твае, як пры ўваходзе ў здабыты горад. Капытамі сваіх коней будзе таптаць ён усе вуліцы твае, народ твой мечам пазабівае, і наймагутнейшыя твае калоны паваляцца на зямлю. Будуць знішчаны багацці твае, парабаваны будуць тавары твае, і разваляць яны муры твае, і дамы твае багатыя разбураць, і камяні твае, і дрэвы твае, і пыл твой кінуць у сярэдзіну водаў. І спыню Я голас тваіх песняў, і гук цытраў тваіх не будзе чутны, і зраблю Я з цябе найчысцейшую скалу; будзеш ты месцам сушэння сетак і не адбудуешся больш, бо Я сказаў гэта”, — кажа Госпад Бог. Вось што кажа Госпад Бог Тыру: “Ці ад гуку знішчэння твайго і стогнаў тваіх забітых, калі знішчаны будуць яны сярод цябе, не задрыжаць астравы? І ўсе князі мора сыдуць з пасадаў сваіх, і скінуць плашчы свае, здымуць шаты свае разнастайныя і апрануцца ў страх, сядуць на зямлі і, ашаломленыя, будуць дрыжаць без перапынку і трэсціся будуць з-за цябе. І яны будуць галасіць дзеля цябе ды скажуць табе: “О, як жа ты прапаў, морам заліты, слаўны горад, які быў волатам на моры, ты з тваімі жыхарамі, якіх баяліся ўсе!” Цяпер будуць дрыжаць караблі ў дзень тваёй загубы, і астравы на моры ўстрывожацца з-за твайго канца”. Вось так кажа Госпад Бог: “Калі Я зраблю цябе горадам спустошаным, як гарады, у якіх ніхто не жыве, і калі навяду на цябе вялікую бездань, і воды вялікія цябе накрыюць, сцягну цябе з тымі, хто сыходзіць у магілу, да людзей даўніх часоў, і памяшчу цябе ў глыбінях зямлі, як руіны, навечна, з тымі, якія сыходзяць у магілу, так, каб больш не жыў ты ды больш не паўстаў у зямлі жывых. Я ператвару цябе ў нікчэмнасць, і ты перастанеш існаваць, і будуць шукаць цябе, і ніколі не знойдуць навек”, — кажа Госпад Бог».
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Такім чынам, ты, сын чалавечы, галасі дзеля Тыра і скажы Тыру, што жыве ля ўваходу ў мора і гандлюе з народамі на астравах многіх: гэта кажа Госпад Бог: “О Тыр, ты сказаў: “Я дасканала прыгожы!” У сэрцы мора твае межы; будаўнікі збудавалі цябе, выканалі прыгажосць тваю. З ялін сэнірскіх пабудавалі табе ўсе сцены; ўзялі кедры з Лібана, каб мачту паставіць табе; з дубоў басанскіх зрабілі вёслы табе, і лаўкі твае зрабілі з косці слановай, і з кіпарысаў з астравоў кітымскіх. З тканага рознакаляровага вісону з Егіпта зрабілі табе ветразь, каб быў на мачце, гіяцынт і чырвоны пурпур з астравоў Элісы былі табе накрыццём. Жыхары Сідона і Арадыя служылі табе веслярамі; мудрацы твае, Тыр, сталі для цябе маракамі. Старэйшыны з Гібла і спрактыкаваныя майстры яго былі ў цябе, каб папраўляць пашкоджанні твае. Усе караблі марскія і маракі іх наведалі цябе, каб гандляваць з табою. Жыхары Персіі, і Луда, і Пута былі ў войску тваім, ваярамі тваімі. Шчыты і шлемы яны павесілі ў цябе, яны прынеслі табе славу. Сыны Арадыя і войска тваё былі кругом на мурах тваіх, і гамадыйцы былі на вежах тваіх. Павесілі яны свае шчыты вакол на тваіх мурах, дадаючы прыгажосці табе. Тарсіс гандляваў з табой дзеля мноства ўсякага багацця; срэбра і жалеза, свінец і волава далі табе за тавары твае. Яван, Тубал і Масок вялі гандаль з табой, абменьвалі ў цябе нявольнікаў і вырабы з медзі. З Бэт-Тагармы прыводзілі да цябе на абмен на плошчу тваю коней, і вершнікаў, і мулаў; сыны Роды вялі гандаль з табою; незлічоныя астравы гандлявалі з табою: за плату давалі табе біўні слановыя і дрэва эбенавае. Эдом вёў з табою гандаль з прычыны тваіх многіх вырабаў: давалі табе за тавары карбункулы, пурпур і рознакаляровыя тканіны, і вісон, і чырвоныя каралы, і рубіны. Юда і зямля Ізраэля гандлявалі з табой: давалі табе на абмен першую пшаніцу, смалу, і мёд, і алей, і бальзам. Дамаск гандляваў з табой дзеля шматлікасці тваіх вырабаў, дзеля мноства твайго багацця: віно з Гэльбона, і воўну з Сагара, і віно з Узала давалі табе на абмен; за твае вырабы давалі табе вырабы з жалеза, цынамон і трыснёг як тавары абмену. Дэдан даваў табе дыванкі для сёдлаў. Арабія і ўсе князі Кедара куплялі ў цябе; яны давалі табе авечак, і бараноў, і казлоў. Купцы з Сабы і Рэгмы гандлявалі з табой: давалі табе на абмен усе найлепшыя духмянасці, і ўсялякія каштоўныя камяні, і золата. Харан, і Хенэ, і Эдэн гандлявалі з табою; купцы з Сабы, Асура і Хэльмада гандлявалі з табой. Гандлявалі яны з табой багатымі шатамі, плашчамі з гіяцынту, і ўзорыстымі тканінамі, і рознакаляровымі тканінамі, якія былі абкручаны вяроўкамі і пакладзены ў кедравыя скрыні. Караблі з Тарсіса, кіраўнікі твае, прывозілі да цябе тавары; і стаў ты багаты і дужа слаўны ў сэрцы мора. Весляры твае завялі цябе ў вялікія воды, паўднёвы вецер зламаў цябе ў сэрцы мора. Багацце тваё, і скарбы твае, і шматлікія тавары твае, маракі твае і твае стырнавыя, майстры твае і пакупнікі твае, таксама ўсе ваяры твае, якія ёсць у цябе, і ўсё войска тваё, якое ёсць у цябе, патонуць у глыбіні мора ў дзень твайго падзення. На моцны крык тваіх стырнавых задрыжаць узбярэжжы марскія і ўсе весляры пасыходзяць са сваіх караблёў: маракі і ўсе стырнавыя марскія стануць на сушы і загалосяць дзеля цябе ўголас, і будуць лямантаваць горка, і пасыплюць галовы свае попелам, і качацца будуць у пыле. І дзеля цябе паголяць яны лысіну, і апрануць жалобныя шаты, і будуць плакаць па табе ў горычы, наракаючы вельмі горка; і загалосяць па табе шчыра душы, спяваючы песню жалобную, і аплачуць цябе: “Хто ж быў, як Тыр, які змоўк у сэрцы мора!” Калі тавары твае ішлі з-за мора, карміў ты шмат народаў! Дзеля мноства багаццяў тваіх і тваіх тавараў узбагаціў ты цароў зямлі. Цяпер ты разбіты морам у глыбінях водаў. Твае багацці ды ўсе твае жыхары, якія былі ў цябе, патанулі. Усе жыхары астравоў дзівяцца з цябе, цары іх праняты страхам, дужа трывожацца; купцы з розных народаў асвістваюць цябе. Стаў ты страхоццем для іх, і не будзе навекі цябе”».
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, скажы валадару Тыра: гэта кажа Госпад Бог: “Таму што сэрца тваё стала пыхлівым і ты сказаў: “Я — Бог, і я сяджу на Божым пасадзе ў сэрцы мораў!”, хаця ты толькі чалавек, і не бог, хоць розум свой хацеў мець роўным Божаму розуму. Вось, ты мудрэйшы за Даніэля, ніякая таямніца не схавана ад цябе, дзеля сваёй мудрасці і разважлівасці здабыў ты сабе багацці і назбіраў золата і срэбра ў скарбоўнях сваіх; дзеля сваёй вялікай мудрасці ды дзеля сваіх здольнасцей купецкіх павялічыў ты сваю маёмасць, і сэрца тваё стала пыхлівым з прычыны багаццяў тваіх”. Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што ты свой розум хацеў лічыць роўным Божаму розуму, таму, вось, Я ўзвяду на цябе чужынцаў, найгоршых паміж народаў, і яны вынуць мечы свае супраць прыгажосці мудрасці тваёй і збэсцяць бляск твой. Зацягнуць цябе ў яму, і памрэш ты раптоўнай смерцю ў сэрцы мора. Ці будзеш яшчэ гаварыць: “Я — Бог!” на віду тых, што забіваць будуць цябе, хаця ты толькі чалавек, а не Бог, у руцэ забойцаў тваіх. Ты памрэш смерцю неабрэзаных ад рукі чужынцаў, бо Я сказаў гэта”, — кажа Госпад Бог». І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Сын чалавечы, бядуй над царом Тыра і скажы яму: гэта кажа Госпад Бог: “Быў ты адбіткам дасканаласці, поўны мудрасці і вялікай прыгажосці; ты жыў у раскошы раю Божага, пакрывалі цябе ўсякія каштоўныя камяні; сардый, тапаз і яшма, хрызаліт і онікс, і берыл, і сапфір, і карбункул, і смарагд, і золата чаканнага гатунку былі ў цябе; у дзень нараджэння твайго былі яны прыгатаваны. Паставіў Я цябе з херубінам ахінутым, апекуном тваім, на святой гары Божай ты знаходзіўся, хадзіў ты між бліскучых камянёў, дасканалы ў шляхах сваіх ад дня нараджэння твайго, аж пакуль не знайшлася ў цябе злачыннасць. З пашырэннем гандлю твайго напоўнілася нутро тваё злачыннасцю і зграшыў ты. І скінуў Я цябе з гары Божай, і прагнаў цябе херубін апякун паміж бліскучых камянёў. Надзьмулася сэрца тваё дзеля прыгажосці тваёй; згубіў ты мудрасць тваю дзеля бляску твайго: кінуў Я цябе на зямлю, на віду цароў выставіў цябе, каб бачылі цябе. Мноствам правіннасцей сваіх і несправядлівасцю гандлю свайго апаганіў ты святыні свае; дык Я выведу агонь з нутра твайго, які з’есць цябе, і зраблю цябе попелам на зямлі ў прысутнасці ўсіх, хто бачыць цябе. Усе з народаў, якія бачаць цябе, здзівяцца дзеля цябе, бо стаў ты страхоццем, і не будзе цябе вечна”». І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, звярні аблічча сваё на Сідон і праракуй супраць яго, і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, Сідоне, і хачу, каб хвалілі Мяне ў цябе, ды няхай ведаюць, што Я — Госпад, калі буду рабіць у ім суды і буду ў ім асвячоны. І нашлю на яго пошасць і кроў на вуліцы яго, і будуць падаць пасярод яго забітыя ад меча, што паўстае з усіх бакоў, і даведаюцца, што Я — Госпад. І больш не будзе для дому Ізраэля пакуты і церня, што нясе гора адусюль з боку тых, якія акружаюць яго, і будуць ведаць, што Я — Госпад Бог”. Гэта кажа Госпад Бог: “Калі Я збяру дом Ізраэля паміж паганаў, сярод якіх былі яны параскіданыя, у іх Я ўслаўлюся на віду ўсіх плямёнаў, і будуць жыць яны на сваёй зямлі, якую даў Я слузе Майму Якубу; і будуць у ёй жыць спакойна, і будуць будаваць дамы, і будуць садзіць вінаграднікі; і будуць жыць бяспечна ў той час, калі над усімі ворагамі іх вакол Я буду праводзіць суд, і даведаюцца, што Я — Госпад, Бог іх”».
У дзясятым годзе, дзясятым месяцы, у дванаццаты дзень месяца прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Сын чалавечы, звярні аблічча сваё на фараона, цара Егіпта, і праракуй супраць яго і супраць усяго Егіпта. Прамаўляй і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, фараон, цар Егіпецкі, вялікі кракадзіл, што ляжыш сярод рэк сваіх, і ты кажаш: “Мая гэта рака — я яе зрабіў сваёю!” І Я ўкладу ў пашчу тваю крукі, і пасклейваю рыб тваіх рэк лускою тваёй, і выцягну цябе з тваіх рэк, і ўсіх тваіх рыб, што прыліпнуць да тваёй лускі. Ды выкіну цябе ў пустыню і разам усіх рыб рэк тваіх. І падзеш ты на паверхню зямлі, ніхто цябе не падыме і не пахавае. Звярам палявым і птушкам паднебным аддаў Я цябе на пажыранне. І ўсе жыхары Егіпта даведаюцца, што Я — Госпад, бо ты быў апорай з чароту для дому Ізраэля; калі яны схапілі цябе рукою, ты зламаўся і пакалечыў ім усю руку, і калі абаперліся на цябе, ты зламаўся і пакалечыў усе іх сцёгны”. Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я ўзвяду на цябе меч і вынішчу з цябе людзей і звяроў; і зямля Егіпецкая стане пустыняй і месцам бязлюдным, і даведаюцца яны, што Я — Госпад. За тое, што ты сказаў: “Мая рака, і я яе зрабіў”, — дзеля таго вось прыйду Я да цябе і да тваіх рэк ды зраблю з зямлі Егіпецкай пустыню, мечам расцерушу зямлю ад Магдола аж да Сіэна і аж да межаў Куша. Не пяройдзе па ёй нага чалавечая, ані ступіць праз яе нага звера, і не будзе яна абжытая сорак гадоў; і Я зраблю з зямлі Егіпецкай пустыню паміж земляў пустынных; і гарады яе будуць пустымі паміж бязлюдных гарадоў сорак гадоў, і егіпцян Я расцярушу паміж народаў і раскідаю іх па землях”. Так бо вось кажа Госпад Бог: “Пад канец тых сарака гадоў Я збяру егіпцян паміж народаў, у якіх яны былі параскіданы, і адмяню долю Егіпта, і збяру іх у зямлі Патрос, у зямлі іх паходжання; і ўтвораць яны там царства сціплае. У параўнанні з іншымі царствамі будзе яно самае слабое, і ніколі не падымецца яно над іншымі народамі; і зменшу іх лік, каб больш не панавалі над народамі. І не будзе больш яно надзеяй дому Ізраэля, будзе ім нагадваць несправядлівасць таго часу, калі яны звярталіся да іх, і даведаюцца яны, што Я — Госпад Бог”». І ў дваццаць сёмым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, Набукаданосар, цар Бабілона, даў свайму войску цяжкую працу супраць Тыра; кожная галава палысела, і кожнае плячо стамілася, і ні ён, ані яго войска не атрымалі ад Тыра ўзнагароды за цяжкую працу, якую выканалі супраць яго. Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я даю Набукаданосару, цару Бабілона, зямлю Егіпецкую, каб забраў багацці яе, і захапіў здабычу яе, і ўзяў здабычу яе, каб была ў яго войска ўзнагарода, — як плата яму, за якую ён ваяваў супраць яго. Даю Я яму зямлю Егіпецкую дзеля таго, што для Мяне яны працавалі”, — кажа Госпад Бог. У той дзень Я зраблю, што вырасце рог дому Ізраэля, і табе дазволю, каб сярод іх адчыніў ты вусны, і хай ведаюць, што Я — Госпад».
І Госпад прамовіў да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, праракуй і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Бядуйце дзеля таго дня! Бо блізкі дзень, і набліжаецца дзень Госпада, дзень хмары; будзе час для плямёнаў. І меч прыйдзе на Егіпет, і страх запануе ў Кушы, калі ў Егіпце будуць падаць забітыя, калі забяруць багацце яго і калі будуць развалены яго падмуркі. Куш, і Пут, і Луд, і ўвесь просты народ, і Куб ды сыны зямлі запавету разам з імі загінуць ад меча”. Гэта кажа Госпад Бог: “І ўпадуць падпоры Егіпта, і ўпадзе гонар яго магутнасці; ад Магдола аж да Сіэна будуць падаць ад меча ў ім, — кажа Госпад Бог. — І між краёў спустошаных будзе ён спустошаны, і гарады яго будуць між гарадоў зруйнаваных; і даведаюцца яны, што Я — Госпад, калі Я нашлю агонь на Егіпет, і ўсе яго паплечнікі будуць знішчаны. У той дзень выйдуць ад Мяне пасланцы на караблях, каб патаптаць дзёрзкасць Куша, і трывога падымецца сярод іх у той дзень Егіпта, бо ён надыдзе”. Гэта кажа Госпад Бог: “Рукой Набукаданосара, цара Бабілона, Я зраблю канец багаццю Егіпта. Ён і яго народ з ім, наймужнейшыя між народаў, прыйдуць, каб нішчыць гэтую зямлю; і вынуць яны мечы свае супраць Егіпта, і напоўняць зямлю забітымі. І высушу Я рэчышчы, і аддам зямлю ў рукі найгоршых людзей, і спустошу зямлю з усім, што ў ёй ёсць, рукою чужынцаў. Я, Госпад, сказаў гэта”. Гэта кажа Госпад Бог: “І Я знішчу выявы і выдалю ідалаў з Мемфіса, і валадара не будзе ўжо ў зямлі Егіпецкай, і навяду Я страх на зямлю Егіпта. І спустошу зямлю Патрос, і пушчу агонь на Танею, і ўчыню суды над Но. І Я вылью гнеў Свой на Сін, крэпасць Егіпецкую, і вынішчу шматлюддзе ў Но. І Я выпушчу агонь на Егіпет; быццам парадзіха, будзе цярпець боль Сін, і ў Но адкрыецца вылам, і на Мемфіс нападуць ворагі ўдзень. Юнакі з Геліяполіса і Бубаста будуць падаць ад меча, і гарады гэтыя пойдуць у няволю. І ў Тапнэсе сцямнее дзень, калі Я зламлю там скіпетры Егіпта, і спыніцца ў ім пыхлівасць сілы яго; чорная хмара ахутае яго, а дочкі яго пойдуць у няволю. І Я здзейсню суды ў Егіпце, і будуць ведаць, што Я — Госпад”». І ў адзінаццатым годзе, у першым месяцы, у сёмы дзень прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, я зламаў руку фараона, цара Егіпта, і вось, яна не падвязаная, каб ён, атрымаўшы сілу, мог трымаць меч. Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я выступаю супраць фараона, цара Егіпецкага, і аслаблю яму руку здаровую, але зламаную і меч выкіну з рукі яго, і Я расцерушу егіпцян паміж народаў, і раскідаю іх па землях. І ўмацую я рукі цара Бабілона, і дам яму ў руку меч Свой; і зламлю Я рукі фараона, і будзе ён стагнаць стогнамі перад ім, як паранены. І Я ўмацую рукі цара Бабілона і рукі фараона аслаблю; і даведаюцца, што Я — Госпад, калі Свой меч Я ўкладу ў руку цара Бабілона і ён выцягне яго супраць зямлі Егіпецкай. І Я расцярушу егіпцянў паміж народаў, і раскідаю іх па землях, і даведаюцца яны, што Я — Госпад”».
І ў адзінаццатым годзе, у трэцім месяцы, у першы дзень месяца прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, скажы фараону, цару Егіпецкаму, ды ўсяму мноству яго: “Да каго падобным стаў ты ў сваёй вялікасці? Вось, Асур, як кедр у Лібане, прыгожы галінамі, і густы лісцем, і гонкі вышынёю, і між хмар паднялася яго верхаліна; воды вырасцілі яго, бяздонне ўзняло яго, рэчкі яго абцякалі кругом яго карані, ды ручаіны свае накіраваў да ўсіх дрэў палявых. Таму вышынёй перарос ён усе дрэвы палявыя, і павялічыліся яго галіны, і паднялося галлё яго дзеля мноства вады. І калі пашырыў ён цень свой, на галінах яго парабілі гнёзды ўсе птушкі паднебныя, і пад яго галінамі нарадзіліся ўсе звяры палявыя, і ў засені яго жыло ўсё мноства народаў. І быў ён вельмі прыгожы ў сваёй вялікасці і ў раскідзістасці галін сваіх, бо корань яго быў блізка да шчодрых водаў. Кедры ў раі Бога не былі роўныя яму; елкі не маглі параўнацца з галінамі яго, і платаны не маглі параўнацца з галінамі яго; ніводнае дрэва ў раі Бога не было падобным да яго і прыгажосці яго. Я аздобіў яго багаццем і шчодрасцю зелені, і зайздросцілі яму ўсе дрэвы Эдэна, якія былі ў раі Бога”. Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што ён так высока вырас, і верхавіну сваю падняў аж да хмар, і сэрца яго ўбілася ў пыху з прычыны сваёй вялікасці, дзеля таго Я аддам яго ў рукі магутнага кіраўніка народаў, каб, учыняючы, учыніў яму: адпаведна яго бязбожнасці знішчыў Я яго. І чужынцы, найгоршыя з народаў, ссякуць яго; і кінуць яго на горы, і на ўсе лагчыны пападаюць яго галіны, і дрэвы яго паламаюцца ва ўсіх ямах зямлі, і з-пад засені яго паадступаюцца ўсе народы зямлі і пакінуць яго. На руінах яго будуць жыць усе птушкі паднебныя і між яго галінамі — усе звяры палявыя, каб ніводнае дрэва над водамі не падымалася ў вышыні сваёй і не падымала сваёй верхавіны пад хмары, і каб нішто, што бярэ сваю моц з вады, не стаяла ля іх у сваёй вышыні, бо ўсе яны аддадзены смерці ў краіне падземнай, сярод людзей, сярод тых, хто сыходзіць у магілу”. Гэта кажа Госпад Бог: “У дзень, у які ён сышоў да памерлых, учыніў Я стагнанне, зачыніў над ім бездань, і стрымаў рэкі яго, і затрымаў воды вялікія; дзеля яго Я засмуціў Лібан ды ўсе палявыя дрэвы былі ўстрывожаны. Грукатам яго падзення Я ўстрывожыў народы, калі ўвёў яго ў пекла з тымі, што сыходзілі ў магілу; і ўсцешыліся ў падземнай краіне ўсе дрэвы Эдэнскія, прыгожыя і пышныя дрэвы Лібана, усе, што шчодра арашаюцца водамі. Бо і яны сышлі з ім у апраметную да забітых мечам і паплечнікаў яго, што сядзелі ў засені яго між народамі. Да якога дрэва Эдэнскага падобны ты, слаўны і высокі? І вось, кінуты ты з дрэвамі Эдэнскімі ў краіну падземную; між неабрэзаных ляжыш, з тымі, што загінулі ад меча. Гэта фараон і ўсё мноства яго,” — кажа Госпад Бог».
У адзінаццатым годзе, у дванаццатым месяцы, у першы дзень месяца прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, галасі над фараонам, царом Егіпецкім, ды скажы яму: “Леў сярод народаў, прапаў ты, а быў ты, як кракадзіл на моры; пускаў ты бурбалкі ў рэках сваіх, і муціў ваду сваімі лапамі, ды рабіў мутнымі рэкі іх”. Гэта кажа Госпад Бог: “Я расцягну над табою сетку Маю пры сходзе многіх народаў, і выцягнуць цябе Маёй сеткаю, і Я кіну цябе на сушу, выкіну цябе на паверхню палёў, і зраблю, што на табе абжывуцца ўсе птушкі паднебныя і звяры дзікія табою пажывяцца; і цела тваё раскідаю па гарах, і запоўню лагчыны ўсяе зямлі тваім гноем. І зямлю напаю смуродам тваёй крыві аж па горы, і запоўняцца табою ямы; і калі будзеш чэзнуць, Я закрыю нябёсы і зацямню зоркі іх: сонца закрыю хмараю, і месяц не дасць свайго бляску; усе светачы на небе Я дзеля цябе зацямню ды навяду цемру на тваю зямлю, — кажа Госпад Бог. — І Я занепакою сэрца многіх народаў, калі ўчыню знішчэнне тваё сярод народаў, на землях, якіх не ведаеш. І многія народы Я ўстрывожу дзеля цябе, і цары іх спалохаюцца дзеля цябе, калі пачне меч Мой уздымацца перад іх вачамі, і кожны будзе безупынна дрыжаць у страху аб жыцці сваім у дзень твайго падзення”. Бо вось гэтак кажа Госпад: “Прыйдзе на цябе меч цара Бабілона, Я разаб’ю мечамі мужных тваё мноства: яны належаць да найстрашнейшых сярод усіх народаў, і зломяць яны пыху Егіпта, і прападзе ўсё мноства яго. І Я знішчу ўсю жывёлу яго, якая жыла над многімі водамі, і не патрывожыць іх больш нага чалавечая, ані капыт жывёлы не занепакоіць іх; тады цалкам ачышчу іх воды, і рэкі іх, як алей, правяду Я, — кажа Госпад Бог. Калі Я перамяню зямлю Егіпецкую ў пустыню, а зямля будзе пазбаўлена багацця свайго, калі заб’ю ўсіх жыхароў яе, тады даведаюцца, што Я — Госпад. Вось, лямант, і будуць ім лямантаваць; будуць ім галасіць дочкі народаў; будуць ім плакаць дзеля Егіпта і дзеля ўсяго мноства яго будуць галасіць”, — кажа Госпад Бог». І сталася ў дванаццатым годзе, у першым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, бядуй над людзьмі Егіпта і звядзі яго ў глыбіні падземныя, яго і дачок вялікіх народаў, з тымі, хто сыходзіць у магілу. За каго ты лепшы? Сыдзі і супачні з неабрэзанымі. Палягуць яны сярод забітых мечам; аддадзены мечу; сцягнулі яны яго і ўсе яго народы. Хай скажуць пра яго ў сярэдзіне апраметнай наймагутнейшыя з магутных, калі разам са сваімі паплечнікамі сышлі яны ў магілу: “Маўчаць неабрэзаныя, забітыя мечам!” Там Асірыя і ўсе яе дружыны, кругом яе труны яе — гэта ўсё забітыя, што паляглі ад меча; іх труны былі змешчаны ў найглыбейшай рацэ, і яго дружыны сталі вакол яго труны; усе пазабіваныя паляглі ад меча — тыя, што палохалі калісьці краіну жывых. Там Элам і ўсё мноства яго — кругом яго труны; гэта ўсё пазабіваныя, што паляглі ад меча, якія сышлі неабрэзаныя да падземнай краіны, гэта тыя, што сеялі калісьці страх у зямлі жывых, і ганьбу сваю яны панеслі з тымі, што сышлі ў магілу. Паміж забітымі прыгатавалі яму ложак, паміж ўсяго яго мноства, кругом яго — труны яго, усе яны неабрэзаныя і забітыя мечам; пасеялі бо яны страх свой на зямлі жывых і панеслі ганьбу сваю з тымі, што сыходзяць у магілу, размясціліся яны сярод забітых. Там — Масок, Тубал і ўсё яго мноства вакол яго — магілы яго, усе яны неабрэзаныя і мечам пазабіваныя, бо страх свой пасеялі ў зямлі жывых; і ляжаць яны не пры ваярах, якія загінулі ў даўні час і ў сваёй зброі баявой сышлі ў апраметную, і паклалі мечы свае пад галовы свае, і былі шчыты іх — на костках іх, бо былі яны страхам для ваяроў у зямлі жывых. Такім чынам, ты будзеш знішчаны сярод неабрэзаных і будзеш ляжаць сярод пазабіваных мечам. Там — Ідумея, цары яе і ўсе князі яе, якія, хоць і мелі вялікую сілу, былі пакладзены між пазабіванымі мечам і якія ляжаць з неабрэзанымі і з тымі, што сышлі ў магілу. Там усе валадары поўначы і ўсе сідонцы, якія сышлі разам з пазабіванымі ў страху сваім, асаромленыя ў адвазе сваёй; ляжаць яны, неабрэзаныя, з мечам пазабіванымі, і панеслі яны сваю ганьбу з тымі, што сыходзяць у магілу. Убачыць іх фараон і цешыцца будзе са сваім мноствам. Фараон і ўсё яго войска ляжа ад меча, — кажа Госпад Бог, — бо страх Свой пасеяў Я ў зямлі жывых; і кінуць яго сярод неабрэзаных, забітых мечам, фараона і ўсё яго мноства, — кажа Госпад Бог».
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, гавары да сваіх землякоў і скажы ім: “Калі на нейкую зямлю Я навяду меч, і жыхары яе выберуць сярод сябе якога чалавека і паставяць яго сабе вартаўніком, і ён убачыць, што меч прыходзіць на зямлю, і ў трубу затрубіць, і перасцеражэ народ, але нехта, хоць чуе гук трубы, не ўсцеражэцца, і меч надыдзе і заб’е яго, то кроў яго будзе на галаве яго; гук трубы ён пачуў і не ўсцярогся; дык хай кроў яго будзе на ім самім. Калі, аднак, перасцярогу прыме, то збавіць сваю душу. Калі, аднак, вартаўнік убачыць, што прыходзіць меч, і не патрубіць у трубу, і народ не ўсцеражэцца, ды прыйдзе меч і заб’е кагосьці з іх, дык гэты апошні быў забраны ў сваёй злачыннасці, але кроў яго ўскладу Я на вартаўніка”. Цябе ж, сын чалавечы, вызначыў Я на вартаўніка для дому Ізраэля. Дык ты, чуючы з вуснаў Маіх перасцярогу, перасцеражэш іх у Маё імя. Калі Я бязбожніку скажу: “Бязбожнік, ты смерцю памрэш”, а ты нічога не скажаш, каб адвесці бязбожніка ад яго дарогі, то сам бязбожнік памрэ ў сваёй злачыннасці, але адказнасць за яго кроў Я ўскладу на руку тваю. Калі, аднак, перасцеражэш ты бязбожніка, каб адступіў ад сваіх дарог, і ён не адвернецца ад сваёй дарогі, ён сам памрэ ў злачыннасці сваёй, але ты вызваліў душу сваю. Такім чынам, ты, сын чалавечы, кажы дому Ізраэля: “Вы, прамаўляючы, кажаце так: “Правіннасці нашы і грахі нашы ляжаць на нас, і мы дзеля іх марнеем; дык як зможам жыць?” Скажы ім: “Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — не хачу смерці бязбожніка, але каб адвярнуўся бязбожнік ад дарогі сваёй і жыў. Адвярніцеся, адвярніцеся ад дарог сваіх найгоршых; і чаму маеце прападаць, дом Ізраэля?”» Такім чынам, ты, сын чалавечы, скажы землякам сваім: «Справядлівасць справядлівага не ўратуе яго, калі ён зграшыць, бязбожнасць бязбожніка не загубіць яго, калі ён адвернецца ад сваёй бязбожнасці, і справядлівы не зможа застацца пры жыцці і ў справядлівасці сваёй, калі ён зграшыць. Нават калі скажу справядліваму: “Напэўна будзеш жыць”, і ён, упэўнены ў сваёй справядлівасці, дапусціцца злачыннасці, то ўжо не будзе памяці пра ўсю яго справядлівасць, ды дзеля злачыннасці, якой дапусціўся, мусіць ён у ёй памерці. А калі я скажу бязбожніку: “Смерцю памрэш”, а ён адвернецца ад граху свайго і пачне пільнаваць закон і справядлівасць: аддасць заклад гэты бязбожнік і зверне, што нарабаваў, будзе жыць паводле законаў, што дае яму жыццё, не будзе дапускацца ніякае ліхоты, то, напэўна, застанецца ён пры жыцці і не памрэ; ніводзін з дапушчаных ім грахоў не будзе яму залічаны: хадзіў ён паводле закону і справядлівасці, дык застанецца пры жыцці. І кажуць твае землякі: “Несправядлівая дарога Госпада”, і іх дарога несправядлівая. Калі бо справядлівы адвернецца ад справядлівасці сваёй і будзе дапускацца злачыннасцей, то памрэ ў іх; і калі бязбожнік адвернецца ад сваёй бязбожнасці і будзе пільнаваць закон і справядлівасць, дзякуючы гэтаму будзе жыць. І вы кажаце: “Несправядлівая дарога Госпада”. Я буду судзіць кожнага з вас, дом Ізраэля, паводле ўчынкаў яго». І сталася ў адзінаццатым годзе ад перасялення нашага, у дзесятым месяцы, у пяты дзень гэтага месяца, прыбыў да мяне ўцякач з Ерузаліма з весткаю: «Горад захоплены». А супачыла на мне рука Госпада вечарам перад прыбыццём уцекача; і адкрыў Ён мне вусны, перш чым той прыйшоў да мяне раніцай, і калі мае вусны адкрыліся, не быў я ўжо нямы. І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Сын чалавечы, жыхары гэтых руін у зямлі Ізраэльскай кажуць, прамаўляючы: “Абрагам быў адзін і атрымаў ва ўласнасць зямлю, нас жа многа, нам дадзена была зямля ў спадчыну”. Дзеля таго скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Вы ясце з крывёй, і падымаеце вочы свае на сваіх ідалаў, і праліваеце кроў, і вы хацелі б валодаць зямлёю ў спадчыну? Вы паўсталі з мечамі вашымі, дапусціліся агіднасцей, і кожны з вас апаганіў жонку блізкага свайго, і вы будзеце валодаць зямлёю ў спадчыну?” Гэта скажы ім: вось што кажа Госпад Бог: “Жыву Я, тыя, што ў руінах жывуць, загінуць ад меча, і тыя, хто жыве на полі, тых аддам дзікім звярам на здабычу, а тыя, хто жыве ў крэпасцях ды ў пячорах, памруць ад заразы. І зраблю Я зямлю пустыняй і пустэчаю, і яе пыха і вялікасць скончацца, і горы Ізраэля будуць бязлюдныя, так што ніхто там не будзе хадзіць; ды даведаюцца, што Я — Госпад, калі Я зраблю зямлю пустыняй і пустэчаю дзеля ўсіх агіднасцей іх, якіх яны дапусціліся”. І ты, сын чалавечы! Сыны народа твайго, якія гавораць пра цябе пры мурах і брамах дамоў і гавораць адзін да аднаго, кожны да брата свайго, кажучы: “Хадзіце і паслухайце, што гэта за слова, якое выходзіць ад Госпада”, і прыходзяць да цябе, як быццам на сход народа, і сядзіць перад табою народ Мой; і слухаюць яны словы твае, і не выконваюць іх, бо робяць яны тое, што прыемнае ў вуснах іх, і сэрца іх цягнецца да прагавітасці іх. І ты для іх — як песня пра каханне, бо яна спяваецца прыгожым голасам і з прыемным гукам струн, і слухаюць яны словы твае, і не выконваюць іх. І калі споўніцца тое, што прадказана — а яно ўжо прыходзіць, — тады даведаюцца, што прарок быў між імі».
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, праракуй пра пастыраў Ізраэля, праракуй і кажы пастырам: гэта кажа Госпад Бог: “Гора пастырам Ізраэля, якія пасвілі самі сябе! Ці ж пастыры не павінны пасвіць статак? Вы пілі малако, і апраналіся ў воўну, і забівалі, што тлустае, аднак статак авечак не пасвілі: што слабое было — не ўзмацнілі, і што хворае — не аздаравілі; што было скалечанае — не перавязалі, і што выгнана было — не прывялі назад, і згубленага не шукалі, і абыходзіліся з тым, што дужае, з гвалтам. Ды рассыпаліся авечкі Мае, бо не мелі пастыра; і сталі здабычаю ўсіх дзікіх палявых звяроў, і разбегліся. Блукалі статкі Мае на ўсіх гарах і на кожным высокім узгорку, і па ўсёй паверхні зямлі разбегліся статкі Мае; і ніхто пра іх не пытаўся, ніхто іх не шукаў”. Дзеля таго вы, пастыры, слухайце слова Госпада: “Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — за тое, што статак Мой стаў рабункам і авечкі Мае сталі здабычай дзікім палявым звярам, бо не мелі пастыра, бо пастыры Мае не шукалі статак Мой, але пасвілі пастыры саміх сябе і статка Майго не пасвілі”, дзеля таго вы, пастыры, слухайце слова Госпада. Вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я Сам супраць пастыраў. З рукі іх Я запатрабую статак Мой і спыню іх, каб яны болей не пасвілі статка і каб больш тыя пастыры не пасвілі саміх сябе; і Я вызвалю статак Мой з іх пашчы, і не будзе ён больш служыць ім на жыраванне”. Бо вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я Сам буду шукаць Маіх авечак і буду наведваць іх. Як аглядае пастух статак свой у дзень, калі знаходзіцца сярод рассыпаных авечак сваіх, так Я наведаю авечак Маіх ды вызвалю іх з усіх месцаў, у якія былі яны рассыпаны ў дзень хмарны і туманны. І выведу іх з народаў, і збяру іх з земляў, і вярну іх у зямлю Сваю, і буду пасвіць іх на гарах Ізраэля, па лагчынах і па ўсіх абжытых месцах зямлі. Буду пасвіць іх на самых сакавітых пашах, і пашы іх будуць на высокіх гарах Ізраэля; там будуць адпачываць на зялёных травах і на сакавітых пашах будуць пасвіцца на гарах Ізраэля. Я буду пасвіць авечак Маіх, і Я дазволю ім адпачыць, — кажа Госпад Бог. Што было згублена — знайду, і што было выгнана — прывяду, і што было скалечана — перавяжу, і што было хворае — вылечу, і тлустае і моцнае знішчу. Буду пасвіць іх справядліва”. Да вас жа, статак Мой, вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я буду судзіць авечак, бараноў і казлоў. Ці ж мала вам было добрай пашы на выпасы? Чаму ж і астатнія вашы пашы вы павытоптвалі нагамі сваімі і чаму калі пілі вы найчысцейшую ваду, то астатнюю каламуцілі вашымі нагамі? І авечкі Мае мусілі пасвіцца на тых месцах, якія вытаптаны былі вашымі нагамі, і піць тое, што забрудзілі вашы ногі”. Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог да іх: “Вось, Я Сам буду судзіць між авечкай сытай і худою; дзеля таго, што вы ўсіх слабых жывёл адпіхвалі бакамі і плячамі ды піхалі іх сваімі рагамі, пакуль не рассыпаліся яны звонку, Я збаўлю Мой статак, і больш не будзе ён здабычай, і буду судзіць між авечкай і авечкай. Вось, Я пастаўлю для іх аднаго пастыра, паслугача Майго Давіда, які будзе іх пасвіць; ён будзе іх пасвіць, і ён будзе ім пастырам. А Я, Госпад, буду для іх Богам, і паслугач мой Давід будзе князем сярод іх. Я, Госпад, сказаў гэта. Ды заключу з імі запавет міру, і дзікіх звяроў найгоршых вынішчу з зямлі, і будуць яны пражываць спакойна ў пустыні і адпачываць у лясах; і дабраслаўлю іх, і землі вакол узвышша Майго, і буду пасылаць дождж у свой час: гэта будзе дождж дабраславенства. І палявое дрэва будзе даваць плады свае, і зямля радзіць будзе, і будуць яны жыць спакойна ў сваёй зямлі, і даведаюцца, што Я — Госпад, калі скрышу кайданы іх і вырву іх з рукі прыгнятальнікаў іх. І не будуць яны больш здабычай народаў, ані дзікія звяры зямлі не будуць іх пажыраць, але будуць яны жыць спакойна і без аніякага страху. І вырашчу ім парастак слаўны, і не будуць яны болей гінуць з голаду на зямлі, ды не будуць болей зносіць знявагі народаў; І зразумеюць, што Я — Госпад Бог з імі, і яны — народ Мой, дом Ізраэля”, — кажа Госпад Бог. “А вы — статак Мой, статак пашы Маёй, і Я Госпад, Бог ваш”, — кажа Госпад Бог».
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, звярні аблічча тваё супраць гары Сэір і праракуй супраць яе і кажы ёй: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, я супраць цябе, гара Сэір; і Я выцягну руку Маю супраць цябе і зраблю з цябе пустыню і пустэчу. Гарады твае зраблю руінамі, і станеш ты пустыняй, і даведаешся, што Я — Госпад. За тое, што меў ты вечную варожасць і аддаў сыноў Ізраэля пад меч у час смутку іх, у час страшнай кары, дзеля таго, жыву Я, — кажа Госпад Бог, — Я аддам цябе ў кроў, і кроў будзе пераследаваць цябе, і паколькі ты крыві не ўзненавідзеў, кроў пераследаваць цябе будзе. І гару Сэір Я ператвару ў пустыню і пустэчу, ды вынішчу на ёй усё жывое, і ўзгоркі яе Я напоўню трупамі забітых, на ўзвышшах тваіх, і ў лагчынах тваіх, і ва ўсіх рэках тваіх будуць падаць пазабіваныя мечам. Я зраблю цябе вечнай пустыняй, і гарады твае будуць неабжытыя, і даведаецеся, што Я — Госпад. За тое, што ты сказаў: “Абодва народы і абедзве зямлі будуць мае, і я вазьму іх ва ўласнасць”, — хоць там быў Госпад, дзеля таго, жыву Я, — кажа Госпад Бог, — Я зраблю табе паводле гневу твайго і паводле зайздрасці тваёй, якую выказаў ты, маючы нянавісць да іх, і Я стану вядомым сярод іх, калі буду судзіць цябе. Ды зразумееш ты, што Я, Госпад, пачуў усе твае знявагі, якія ты казаў супраць гор Ізраэля, кажучы: “Яны спустошаны, аддадзены нам на ежу!” І ўзвысіліся вы адносна Мяне вуснамі сваімі, і пракрычалі вы словы свае супраць Мяне; і Я пачуў гэта”. Вось што кажа Госпад Бог: “На радасць усёй зямлі Я ператвару цябе ў пустыню; як цешыўся ты з прычыны таго, што спадчына дому Ізраэля была спустошана, гэтак Я зраблю і з табой: пустыняй станеш, гара Сэір і ўся Ідумея, і даведаюцца, што Я — Госпад”.
А ты, сын чалавечы, праракуй пра горы Ізраэля і кажы: “Горы Ізраэля, слухайце слова Госпада. гэта кажа Госпад Бог. За тое, што вораг сказаў пра вас: “Ага, спрадвечныя ўзгорышчы дадзены нам ва ўласнасць”; дзеля таго праракуй і кажы: гэта кажа Госпад Бог. Дзеля таго, што вас спустошылі і вытапталі вас кругом, каб вы сталі ўласнасцю іншых народаў, каб сталі вы прыказкай і кпінамі для людзей; дзеля таго, горы Ізраэля, слухайце слова Госпада Бога. Вось што кажа Госпад Бог гарам і ўзгоркам, ручаям і лагчынам, апусцелым руінам і пакінутым гарадам, якія сталі бязлюднымі і сталі пасмяяннем для астатніх навакольных народаў; дзеля таго гэта кажа Госпад Бог: “У агні абурэння Майго гаварыў Я супраць астатніх народаў і супраць усёй Ідумеі, якія дзялілі Маю зямлю сабе ў спадчыну з радасцю, і ад усяго сэрца, і з ліхой душою, каб пашы яе былі ім на здабычу”. Дзеля таго праракуй аб зямлі Ізраэля і гавары да гор і ўзгоркаў, ручаёў і лагчын: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я гаварыў у руплівасці і абурэнні Маім, бо вы знеслі знявагу з боку народаў”; таму так кажа Госпад Бог: “Я падымаю руку Маю: акружаючыя вас народы будуць зносіць ад вас знявагу; а вы, горы Ізраэля, выпускаць будзеце свае галіны і даваць свае плады народу Майму Ізраэльскаму, бо ён хутка вернецца. Бо вось, Я прыйду да вас і звярнуся да вас, і будуць вас абрабляць і засяваць; і павялічу ў вас людзей, увесь дом Ізраэля, і гарады будуць абжытыя, і руіны адбудаваныя. І Я памножу ў вас людзей і жывёлу, і яны будуць павялічвацца і расці; і зраблю, што будзеце вы абжытыя так, як у мінулым, і Я буду абдорваць вас дабротамі больш, чым вы мелі дагэтуль, і вы зразумееце, што Я — Госпад. І прывяду на вас людзей, Мой народ Ізраэля, ды яны завалодаюць вамі як спадчынаю, і вы маеце стаць іх уласнасцю ды ўжо не будзеце пазбаўляць іх дзяцей”. Гэта кажа Госпад Бог. Дзеля таго, што гавораць пра вас: “Ты пажыральнік людзей і адбіраеш патомства ў народа твайго”; дзеля таго ты больш не будзеш з’ядаць людзей і адбіраць патомства ў народа твайго, — кажа Госпад Бог. — І ты ў будучыні не будзеш ужо слухаць знявагу паганаў, і больш ніколі не будзеш цярпець ганьбу ад народаў, і не будзеш больш адбіраць патомства ў твайго народа, — кажа Госпад Бог». І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: «Сын чалавечы, дом Ізраэля жыў на сваёй зямлі, і ён апаганіў яе сваімі паводзінамі і сваімі ўчынкамі; паводзіны іх адносна Мяне былі, як нячыстасць месячная жанчыны. І выліў Я на іх Маё абурэнне дзеля крыві, якую вылілі яны на зямлю, і ідаламі сваімі яе апаганілі. І Я раскідаў іх паміж народаў, ды расцярушыліся яны па землях; Я асудзіў іх па паводзінах іх і па ўчынках іх. І апынуліся яны ў паганаў, да якіх прыйшлі, і зняважылі яны святое імя Маё, калі аб іх казалі: “Гэта народ Госпадаў, і мусілі яны выселіцца з Яго”. І Я захаваў святое імя Маё, якое зняважыў дом Ізраэля сярод паганаў, да якіх прыйшоў. Дзеля таго скажы дому Ізраэля: гэта кажа Госпад Бог: “Не дзеля вас Я зраблю гэта, доме Ізраэля, але дзеля святога імя Майго, якое зняважылі вы сярод паганаў, да якіх папрыходзілі. Я асвячу вялікае імя Маё, якое было зняважана вамі паміж народаў, якое зняважылі вы паміж іх, дык пазнаюць яны, што Я — Госпад”, — кажа Госпад Бог, — калі Я выяўлю святасць Маю адносна вас перад іх вачамі. Я бо збяру вас пасярод народаў, і збяру вас з усіх земляў, і прывяду вас у вашу зямлю; і пакраплю вас чыстаю вадой, каб сталі вы чыстымі ад усіх вашых агіднасцей ды ачышчу вас ад усіх вашых ідалаў. І дам вам сэрца новае, і дух новы ўдыхну ў ваша нутро, і забяру з цела вашага сэрца каменнае і дам вам сэрца цялеснае; і ўдыхну ў вас Дух Мой і зраблю, каб вы жылі паводле прыказанняў Маіх ды бераглі законы Мае і выконвалі іх. І будзеце жыць у зямлі, якую Я даў бацькам вашым, ды будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам. І Я вызвалю вас ад усякай нячыстасці вашай, і вырашчу збожжа, і павялічу яго, і голаду на вас не спашлю. І Я памножу плады на дрэвах і ў палях, каб не цярпелі вы больш сярод плямёнаў ганьбы голаду. І ўзгадаеце вы шляхі вашы найгоршыя, і благія паводзіны, і абрыднуць вам правіннасці вашы і злачынствы вашы. Засаромейцеся і пачырванейце дзеля вашага жыцця, дом Ізраэля”. Вось што кажа Госпад Бог: “У дзень, калі ачышчу вас ад усіх вашых правін, і засялю зноў гарады, і руіны адбудую, і спустошаная зямля зноў будзе абрабляцца, якая калісьці была спустошаная на вачах кожнага падарожнага; будуць казаць: “Гэтая спустошаная зямля стала, як сад Эдэнскі, і гарады, спустошаныя, і знішчаныя, і зруйнаваныя, цяпер умацаваныя і населеныя”. І пагане — усе, што пакінуты былі навокал вас, — даведаюцца, што Я, Госпад, тое, што зруйнавана, — зноў адбудаваў; а тое, што пакінута, — зноў засяліў; Я — Госпад, сказаў і зрабіў”. Гэта кажа Госпад Бог: “Яшчэ і аб гэтым папросіць Мяне дом Ізраэля, каб зрабіў Я ім: Я памножу іх, як статак людзей, як святы статак, як статак Ерузаліма ў дні святаў яго; так гарады спустошаныя стануць поўныя статкаў людскіх, і даведаюцца, што Я — Госпад”».
Супачыла на мне рука Госпада, і вывеў Ён мяне ў духу Госпада, і паставіў мяне сярод даліны, якая была поўная костак. І абвёў Ён мяне па іх вакол: а вось, было іх на паверхні даліны вельмі многа, і былі яны дужа сухія. І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, як лічыш, ці косткі гэтыя вернуцца зноў да жыцця?» А я сказаў: «Госпадзе Божа, Ты ведаеш». І сказаў Ён мне: «Праракуй над гэтымі косткамі і кажы ім: “Сухія косткі, слухайце слова Госпада!” Вось што кажа Госпад Бог гэтым косткам: “Вось, Я ўвяду ў вас дух, і будзеце жыць, і звяжу вас жыламі, і зраблю, што абрасцеце вы целам, ды абцягну вас скурай, і дам вам дух, і будзеце жыць, і зразумееце, што Я — Госпад”». І я праракаваў, як Ён мне загадаў. А калі я праракаваў, падняўся шум, і вось, грукат; і косткі набліжаліся да костак: кожная да сустава свайго. І ўбачыў я, і вось, на костках з’явіліся жылы і цела, і на іх была нацягнута скура, але духа яны яшчэ не мелі. І сказаў Ён мне: «Праракуй да духа; праракуй, сын чалавечы, і кажы духу: вось што кажа Госпад Бог: “Ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, і дыхні на гэтых забітых, каб ажылі”». І я праракаваў, як загадаў Ён мне, і ўвайшоў у іх дух; і ажылі, і сталі на ногі свае, — войска дужа вялікае. І сказаў Ён мне: «Сыне чалавечы, косткі гэтыя — гэта ўвесь дом Ізраэля. Яны кажуць: “Высахлі косткі нашы, і прапала надзея наша, і загінулі мы”. Дзеля таго праракуй і кажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я адкрыю вашы магілы і выведу вас з магіл вашых, народ Мой, і ўвяду вас у зямлю Ізраэля; і зразумееце вы, што Я — Госпад, калі Я адкрыю магілы вашы ды выведу вас з магіл вашых, народ Мой. І дам Я вам Духа Майго, і вы ажывяце, і завяду вас у зямлю вашу, і будзеце ведаць, што Я — Госпад. Я сказаў і спаўняю”, — кажа Госпад Бог». І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «І ты, сын чалавечы, вазьмі сабе кавалак дрэва і напішы на ім: “Юдэі і ізраэльцам, яе сябрам”. І вазьмі другі кавалак дрэва і напішы на ім: “Язэпу, дрэву Эфраіма, і ўсяму дому Ізраэля, яго сябрам”. І злучы іх сабе адно з адным, у адзін кавалак дрэва; і ў руцэ тваёй будуць яны адзіным цэлым. А калі ў цябе будуць пытацца твае землякі, кажучы: “Ці не скажаш ты нам, што праз гэта маеш на думцы?” скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я вазьму дрэва Язэпа, што ў руцэ Эфраіма, і пакаленні Ізраэля, пакаленні, якія злучаны з ім, ды прыкладу іх разам да дрэва Юды, ды зраблю іх адным дрэвам, і ў руцэ Маёй яны будуць адным”. А кавалкі дрэва, на якіх будзеш пісаць, будуць перад іх вачамі ў тваёй руцэ. І скажы ім: вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я вазьму ізраэльцаў пасярод народаў, да якіх яны пайшлі, і збяру іх з усіх бакоў, і ўвяду іх у Сваю зямлю, і зраблю іх адным народам у зямлі, у гарах Ізраэля; і адзін цар будзе над усімі валадарыць, ды ўжо не будуць яны ўтвараць два народы, і ўжо не будуць падзеленыя на два царствы. І не будуць яны апаганьвацца сваімі ідаламі, і агіднасцямі сваімі, і ўсякімі злачыннасцямі сваімі, і Я вызвалю іх ад усякай іх нявернасці, якой яны зграшылі, і ачышчу іх, і будуць Маім народам, і Я буду іх Богам. І паслугач Мой, Давід, будзе царом над імі, ды ўсе яны будуць мець аднаго пастыра; жыць будуць паводле Маіх законаў, і прыказанні Мае берагчы будуць, і будуць выконваць іх. І будуць жыць на зямлі, якую даў Я слузе Майму, Якубу, на якой жылі бацькі іх; і на ёй жыць будуць яны і сыны іх, і сыны сыноў іх аж у вечнасць, і Давід, паслугач Мой, будзе іх валадаром навек. І заключу з імі запавет міру, будзе гэта вечны запавет з імі; і ўмацую іх, і памножу; і Мая святыня будзе сярод іх назаўсёды, і будзе месцапрабыванне Маё між імі, і Я буду іх Богам, і яны будуць Маім народам; і пагане даведаюцца, што Я — Госпад, Які асвячае Ізраэль, калі Мая святыня будзе сярод іх назаўсёды”».
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: «Сын чалавечы, звярні аблічча сваё супраць Гога ў зямлі Магог, вялікага князя зямлі Масок і Тубал, і праракуй супраць яго, і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, Гога, вялікага князя зямлі Масок і Тубал. і Я завярну цябе, і акілзаю цябе, і выведу цябе і ўсё войска тваё, коней і коннікаў, усіх цалкам апранутых, вялікую дружыну з вялікімі і малымі шчытамі, узброеных мечамі. Сярод іх персы, Куш і Пут, усе ўзброеныя шчытамі і шлемамі, Гамэр і ўсё яго войска, жыхары Бэт-Тагармы з далёкай Поўначы ды ўсё войска іх, і многія народы з табой. Узбройвайся і будзь гатовы, ты і ўсе твае дружыны, якія кругом цябе сабраліся, і будзь Мне на варту. Па многіх днях атрымаеш загад; пры канцы гадоў прыбудзеш у зямлю, якая ацалела ад меча, была яна сабрана паміж многіх народаў на гарах Ізраэля, што доўга былі пакінутымі: яна была выведзена з пасярод народаў, ды жывуць яны ўсе на ёй спакойна. Ты, аднак, нахлынеш, як бура, і прыйдзеш, як хмара, каб пакрыць зямлю, — ты, і ўсё войска тваё, ды многія народы з табою”». Гэта кажа Госпад Бог: «У той дзень паўстануць думкі ў тваім сэрцы і задумаеш ты надта ліхі намер, і скажаш: “Нападу на зямлю неўмацаваную, пайду супраць людзей спакойных, дзе ўсе жывуць бяспечна; усе яны не маюць муроў, засавак і брам няма ў іх, каб рабаваць і браць здабычу, каб руку сваю пакласці на руіны, зноў абжытыя, а таксама на народ, які сабраўся з паганаў, які набыў жывёлу і маёмасць і жыве ў сярэдзіне зямлі. Саба, і Дэдан, і гандляры з Тарсіса, і ўсе яго кіраўнікі будуць казаць табе: “Ці ты прыйшоў рабаваць? Ці сабраў сваё войска, каб рабаваць, каб забіраць срэбра і золата, каб уводзіць жывёлу і маёмасць і каб набраць вялікую здабычу?”» Дзеля таго праракуй, сын чалавечы, і кажы Гогу: гэта кажа Госпад Бог: “Ці не ў той дзень, калі Мой народ Ізраэльскі будзе жыць бяспечна, ты нахлынеш? І ты прыйдзеш з краю свайго, з далёкай Поўначы, ты і многія народы з табой, усе на конях, вялікая дружына і магутнае войска. І нахлынеш супраць Майго народа Ізраэльскага, як хмара, каб запоўніць зямлю. Гэта адбудзецца пры канцы дзён, і Я прывяду цябе ў Маю зямлю на тое, каб пазналі Мяне пагане, калі на тваім прыкладзе, о Гог, Я асвячуся перад іх вачамі”. Гэта кажа Госпад Бог: “Такім чынам, ты той, аб якім у даўніх часах сказаў Я праз Сваіх паслугачоў, прарокаў Ізраэля, якія прадказвалі ў тыя дні, што прывяду цябе на іх”. “І ў гэты дзень, калі Гог прыбудзе ў зямлю Ізраэля, — кажа Госпад Бог, — гнеў Мой узгарыцца ў абурэнні Маім. Ды ў руплівасці Маёй, у полымі гневу Майго Я кажу гэта: у гэты дзень прыйдзе вялікі землятрус на зямлю Ізраэля, і перада Мной будуць дрыжаць рыбы марскія і птушкі ў паветры, і звяры палявыя, і ўсякі паўзун, які рухаецца па зямлі, ды ўсе людзі, якія на паверхні зямлі; і горы палопаюцца, і скалы заваляцца, і ўсе муры ўпадуць на зямлю”. “І паклічу супраць яго меч ва ўсіх гарах Маіх, — кажа Госпад Бог, — меч кожнага звернецца супраць брата. І буду судзіць яго пошасцю, і крывёй, і праліўным дажджом, і градам, як камяні; агонь і маланку спашлю на яго, і на яго войска, і на многія народы, якія з ім, і ўзвялічу Сябе, і асвячуся, і стану вядомым перад вачамі многіх народаў, і даведаюцца яны, што Я — Госпад”.
Ты ж, сын чалавечы, праракуй супраць Гога і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, Гога, вялікага князя зямлі Масок і Тубал; і Я павярну цябе, і прывяду цябе, і прыцягну з далёкай Поўначы ды завяду цябе на горы Ізраэля. І зламаю твой лук у левай руцэ тваёй, і выкіну стрэлы твае з правай рукі тваёй. На гарах Ізраэля ўпадзеш ты, і ўсе твае дружыны, і народы, якія з табою; драпежным птушкам усякага роду і дзікім звярам палявым на жыраванне аддаю Я цябе: падзеш ты на адкрытым полі, бо Я гэта сказаў, — кажа Госпад Бог. І спашлю Я агонь на Магога і на тых, хто бяспечна жыве на астравах, і пазнаюць яны, што Я — Госпад. І імя Маё святое зраблю вядомым сярод народа Майго Ізраэля і не дазволю зневажаць імя Маё святое ў будучыні, і пагане пазнаюць, што Я — Госпад, Святы Ізраэлеў. Вось, прыходзіць і спаўняецца! — кажа Госпад Бог, — гэта той дзень, аб якім сказаў Я. І выйдуць жыхары з гарадоў Ізраэля, і распаляць агонь, і спаляць зброю, маленькія і вялікія шчыты, і лукі, і стрэлы, і булавы, і дзіды, і сем гадоў агнём паліць гэта будуць. І не будуць яны прыносіць дроў з палёў, ані высякаць з лясоў, бо зброю будуць паліць у агні, і будуць рабаваць тых, якія іх рабавалі, і будуць браць здабычу з тых, якія з іх бралі здабычу, — кажа Госпад Бог. І станецца, што ў той дзень Я вызначу Гогу слаўнае месца — магілу ў Ізраэлі, даліну Абарым на ўсход ад Мора, якая перапыняе дарогу для тых, хто праходзіць міма, і там пахаваюць яны Гога і ўсё яго войска, і назавуць яе далінаю Войска Гога. І хаваць іх будуць ізраэльцы, каб ачысціць зямлю за сем месяцаў; а яго пахавае ўвесь народ зямлі, і ў іх праславіцца дзень, у які Я буду ўслаўлены, — кажа Госпад Бог. І яны вызначаць людзей, якія мусяць пастаянна ісці па зямлі і хаваць тых, якія засталіся на паверхні зямлі, каб яе ачысціць; а як пройдзе сем месяцаў, пачнуць яны шукаць і будуць яны хадзіць па зямлі, абыходзячы яе; і калі ўбачаць яны костку людскую, дык паставяць ля яе знак, аж пакуль не пахаваюць яе грабары ў даліне Войска Гога. Таксама назва горада будзе Амона, і ачысцяць яны зямлю”. А ты, сын чалавечы, — гэта кажа Госпад Бог, — кажы птушкам усякага роду і ўсім дзікім звярам палявым: “Збірайцеся, спяшайцеся, прыходзьце з усіх бакоў да Маёй ахвяры, якую Я ахвярую вам, вялікую ахвяру на гарах Ізраэля; каб елі вы мяса і пілі кроў! Цела ваяроў будзеце есці і кроў магнатаў зямлі будзеце піць; усе бараны, ягняты, і казлы, і быкі — жывёла тлустая з Басана; і спажываць будзеце тлушч дасыта, і кроў будзеце піць, аж будзеце п’яныя ад ахвяры, якую Я ахвярую для вас. І пры Маім стале насыціцеся канём і запражным калясніцы, волатам і ўсякім ваяром”, — кажа Госпад Бог. І пакладу Маю славу сярод паганаў, ды ўсе пагане ўбачаць Мой суд, які правяду, і таксама руку Маю, якую на іх пакладу. І даведаецца дом Ізраэля, што Я — Госпад, іх Бог адгэтуль і назаўсёды, І пагане зразумеюць, што ізраэльцы дзеля сваёй правіннасці былі захоплены, бо адышлі ад Мяне, і Я аблічча Маё схаваў ад іх і аддаў іх у рукі іх ворагаў, і пападалі яны ўсе ад меча. Я зрабіў з імі паводле іх нячыстасці і паводле іх злачынстваў, і аблічча Маё схаваў ад іх. Дзеля гэтага вось што кажа Госпад Бог: “Цяпер Я змяню долю Якуба, і пашкадую ўвесь дом Ізраэля, і прыму руплівасць пра Сваё святое імя. І будуць несці яны сваю ганьбу і ўсю нявернасць, якой дапусціліся адносна Мяне, калі жылі бяспечна на зямлі Сваёй, і ніхто не будзе іх непакоіць. І пасярод народаў выведу іх, і забяру іх з земляў іх ворагаў, і асвячуся сярод іх на віду многіх паганаў, і зразумеюць яны, што Я — Госпад, іх Бог, бо перасялю іх ад паганаў, збяру іх зноў у Сваёй зямлі, і не пакіну там аніводнага з іх. І больш не схаваю аблічча Майго ад іх, бо вылью Дух Мой на дом Ізраэля”, — кажа Госпад Бог».
У дваццаць пятым годзе нашага перасялення, на пачатку года, у дзесяты дзень месяца, у чатырнаццатым годзе пасля зруйнавання горада, у той самы дзень супачыла рука Госпада на мне і завёў Ён мяне сюды. У Божых бачаннях прывёў Ён мяне ў зямлю Ізраэля і паставіў мяне на вельмі высокай гары, на якой было штосьці накшталт пабудовы нейкага горада на поўдзень. І завёў Ён мяне туды, і вось, з’явіўся чалавек, які меў выгляд як бы [ён] з медзі; і меў ён у руцэ сваёй вяроўку з ільну, і ў другой руцэ — прут вымяральны, а стаяў ён пры браме. І сказаў мне той чалавек: «Сын чалавечы, паглядзі вачамі сваімі, і паслухай вушамі сваімі, і сэрцам сваім зважай на ўсё, што я буду табе паказваць, бо прыведзены ты сюды на тое, каб было табе гэта паказана; паведамі дому Ізраэля пра ўсё, што ўбачыш». І вось, мур звонку вакол дома, з усіх яго бакоў, і ў руцэ чалавека вымяральны прут даўжынёй у шэсць локцяў, лічачы па локці і адной далоні; і змераў ён шырыню пабудовы адным прутом, і вышыню таксама адным прутом. І прыйшоў ён да брамы, звернутай на ўсход, і ўзышоў па прыступках яе, і змерыў парог брамы адным прутом у шырыню і пакой адным прутом у даўжыню і адным прутом у шырыню, і паміж пакояў было пяць локцяў, і парог брамы з боку прысенкаў брамы ўнутры — адным прутом. І змераў ён прысенкі брамы — восем локцяў, і вушак яе — два локці; а прысенкі брамы былі ўнутры. Затым пакоі брамы ў напрамку ўсходнім: тры з гэтага боку і тры з таго боку, і ўсе тры аднаго памеру, і аднаго памеру вушакі з абодвух бакоў. І змераў шырыню ўваходу праз браму — дзесяць локцяў, і глыбіня брамы — трынаццаць локцяў, і перад пакоямі была перагародка ў адзін локаць з аднаго і з другога боку; а пакоі мелі шэсць локцяў з аднаго і другога боку. Потым змераў ён браму ад даху пакоя аж да даху яго з супрацьлеглага боку, шырыня была дваццаць пяць локцяў ад дзвярэй да дзвярэй. Змераў таксама прысенкі — дваццаць локцяў. Навокал брамы быў двор з усіх бакоў. І ад уваходу ў браму аж да прысенкаў брамы ўнутры было пяцьдзесят локцяў. І вокны з устаўленымі рамамі былі наўкола ў пакоях і пры вушаках з усіх бакоў; ды таксама былі вокны наўкола прысенкаў унутры, і перад вушакамі былі аздабленні ў выглядзе пальмаў. І завёў ён мяне на знешні панадворак, і вось, былі на панадворку пакоі, і падлога, выкладзеная кругом каменем; трыццаць пакояў было на падлозе кругом; і падлога знаходзілася з боку ад брамы адпаведна да глыбіні брамы; была гэта ніжняя падлога. І змераў ён шырыню ад знешняга боку брамы ніжняй аж да пярэдняга боку ўнутранай брамы звонку — сто локцяў. Таксама браму, якая была звернута на поўнач, на знешні панадворак, ён змераў: як у даўжыню, так і ў шырыню; і мелі яе пакоі тры локці з аднаго боку і тры — з другога; і яе вушакі, і яе прысенкі былі адпаведныя памеру першай брамы: пяцьдзесят локцяў — яе даўжыні і дваццаць пяць локцяў — яе шырыні. І вокны яе прысенкаў разам з аздабленнем у выглядзе пальмаў былі адпаведна памеру брамы, якая была звернута на ўсход; і ўваходам у яе былі сем прыступак, і ўнутры — прысенкі. І насупраць брамы паўночнай была брама ўнутранага панадворка, як пры браме ўсходняй; і ён змераў ад брамы аж да брамы: сто локцяў. І завёў ён мяне на поўдзень, і вось, была там брама, звернутая на поўдзень; і змераў ён яе вушакі і яе прысенкі паводле папярэдніх памераў. І мела яна прысенкі кругом і вокны, як астатнія вокны; пяцьдзесят локцяў была яна даўжынёю і дваццаць пяць — шырынёю. І ўваходзілі ў яе па сямі прыступках, і яе прысенкі былі ўнутры; і мела яна пальмы разной работы на вушаках сваіх з абодвух бакоў. І была брама на ўнутраным панадворку, звернутая на поўдзень; і змераў ён у напрамку паўднёвым ад брамы аж да брамы — сто локцяў. І завёў ён мяне на ўнутраны панадворак пры браме паўднёвай і змераў браму паводле папярэдніх памераў; пакоі, і вушакі яе, і прысенкі яе мелі тыя ж самыя памеры; і мела яна вокны кругом, як і прысенкі. Пяцьдзесят локцяў мела даўжыні і дваццаць пяць локцяў шырыні. Прысенкі былі вакол даўжынёю ў пяцьдзесят локцяў і шырынёю ў пяць локцяў. І яе прысенкі былі пры знешнім панадворку; і на яе вушаках былі пальмы, і ўваходзілі ў яе па васьмі прыступках. І завёў ён мяне на знешні панадворак на ўсходнім баку, і змераў браму; і мела яна тыя самыя памеры; яе пакоі, і вушакі яе, і прысенкі яе мелі тыя ж самыя памеры; і вокны мела яна, гэтак жа, як і прысенкі, навокал. У даўжыню мела яна пяцьдзесят локцяў і ў шырыню — дваццаць пяць локцяў. І прысенкі яе знаходзіліся пры знешнім панадворку, і разной работы пальмы былі на яе вушаках з аднаго і другога боку, і ўваход у яе меў восем прыступак. І прывёў ён мяне да брамы паўночнай, і змераў паводле папярэдніх памераў пакоі яе і прысенкі яе; і мела яна вокны кругом. Пяцьдзесят локцяў была даўжыня яе і дваццаць пяць локцяў шырыня. І яе прысенкі вялі да знешняга панадворка, і аздабленні ў выглядзе пальмаў былі на яе вушаках з аднаго і другога боку, і ўваход у яе меў восем прыступак. І была там камора, уваход у якую быў у прысенках брамы; там будуць мыць ахвяры цэласпалення. І ў прысенках брамы былі два сталы з аднаго і два сталы з другога боку для забівання на іх ахвяр цэласпалення, і ахвяр за грэх, і ахвяр аднагараджэння. І на знешнім баку прысенкаў, пры ўваходзе ў браму паўночную, былі два сталы; і з другога боку прысенкаў пры браме былі таксама два сталы. Чатыры сталы тут і чатыры сталы там па баках брамы: было восем сталоў, на якіх будуць забіваць ахвяры. А чатыры сталы на ахвяры цэласпалення былі зроблены з чатырохвугольных камянёў, даўжынёю ў паўтара локця і шырынёю ў паўтара локця, і вышынёю ў адзін локаць; і крукі на шырыню далоні былі прыроблены да сцен памяшкання кругом, на іх будуць класці прылады да забівання ахвяр цэласпаленняў і іншых ахвяр, а на сталы — мяса ахвяры. І звонку ўнутранай брамы былі два пакоі на ўнутраным панадворку; адзін быў з боку брамы паўночнай, і пярэдні бок яго накіраваны на поўдзень, і адзін з боку брамы паўднёвай, і пярэдні бок яго накіраваны на поўнач. І сказаў ён мне: «Гэта пакой, які накіраваны на поўдзень; ён будзе прызначаны для святароў, якія будуць несці варту пры святыні. А пакой, які накіраваны на поўнач, будзе прызначаны для святароў, якія будуць спаўняць службу пры ахвярніку: гэта сыны Садока, якія з сыноў Левія маюць права набліжацца да Госпада, каб Яму служыць». І змераў ён панадворак — квадрат у сто локцяў даўжыні і сто локцяў шырыні. Ахвярнік стаяў перад святыняй. І ўвёў мяне ў прысенкі святыні, і змераў вушакі прысенкаў: пяць локцяў з аднаго і пяць локцяў з другога боку, і брама была шырынёю ў чатырнаццаць локцяў, і бакі брамы мелі тры локці з аднаго боку і тры локці з другога; а даўжыня прысенкаў была дваццаць локцяў, і шырыня — дванаццаць локцяў, і ўваходзілі ў іх па дзесяці прыступках, і слупы былі на вушаках, адзін з аднаго, другі ж — з другога боку.
І ўвёў ён мяне ў святыню, і змераў вушакі: шэсць локцяў шырыні з аднаго і шэсць локцяў шырыні з другога боку. І шырыня дзвярэй была дзесяць локцяў, і бакі брамы — пяць локцяў з аднаго і пяць локцяў з другога боку; і змераў яе даўжыню — сорак локцяў, і шырыню — дваццаць локцяў. І ўвайшоў у сярэдзіну, і змераў на вушаку брамы — два локці, і браму — шэсць локцяў, ды шырыню бакоў брамы — сем локцяў з аднаго і сем локцяў з другога боку. І змераў яе даўжыню — дваццаць локцяў, і шырыню — дваццаць локцяў з пярэдняга боку святыні. І сказаў ён мне: «Гэта святое з святых». І змераў ён мур святыні — шэсць локцяў, і шырыню прыбудовы — чатыры локці з усіх бакоў кругом святыні; і бакавыя пакоі, пакой за пакоем у тры рады. І былі выступы ў муры дома перад бакавымі пакоямі навокал, маючы служыць за падпоры, бо ў сцяне святыні не было падпор, і пакоі бакавыя пашыраліся ўгары, бо дом быў пабудаваны кругам аж да верху вакол дома; дзеля таго шырыня дома ўверсе была большай, і з ніжняга паверха праз сярэдні на верхні падымаліся. І ўбачыў я вакол святыні ўзвышэнне, падмуркі прыбудовы мелі ў вышыню цэлы прут, гэта значыць шэсць локцяў. І шырыня знешняга мура прыбудовы мела пяць локцяў. І паміж пакоямі, прыбудаванымі да святыні, было пустое месца, і паміж пакоямі шырыня была ў дваццаць локцяў вакол дома. І брамы будынка, які прымыкаў да пустога месца, глядзелі: адна брама на поўнач, і другая брама на поўдзень; і шырыня мура пустога месца была пяць локцяў вакол. І будынак, што знаходзіўся перад адгароджанай прасторай і ў напрамку дарогі, што вядзе да мора, меў шырыню ў семдзесят локцяў; мур жа будынка меў шырыню пяць локцяў кругом і даўжыня яго — дзевяноста локцяў. І змераў ён даўжыню дома — сто локцяў, і адгароджаная прастора, і будынак разам з яго мурамі мелі даўжыню сто локцяў; а шырыня пярэдняга боку дома з агароджанай прасторай на ўсходзе — сто локцяў. І змераў ён даўжыню будынка перад адгароджанай прасторай з задняга боку з яго мурамі з аднаго і другога боку — сто локцяў. Галоўны будынак, і ўнутраная частка храма, і прысенкі звонку былі паабіваныя дрэвам, і аблямаваныя вокны, і трайныя аздабленні кругом насупраць парога былі пакрытыя дрэвам навокал, і ад зямлі аж да вокнаў — вокны ж маглі зачыняцца — аж да верху брамы; і аж да ўнутранай часткі дома звонку, а таксама на ўсіх сценах кругом, унутры і звонку, былі зроблены адпаведна памеру выявы херубінаў, і пальмаў, і па адной пальме між двума херубінамі; і кожны херубін меў два твары, адзін твар чалавечы, звернуты ў бок пальмы з аднаго боку, і аблічча льва, звернутае ў бок пальмы з другога боку: так было зроблена па ўсім доме кругом. Ад зямлі аж да верху брамы былі выразаны херубіны і пальмы. На сцяне святыні — чатырохкутныя вушакі пры дзвярах; і перад святыняй — штосьці, што выглядала як ахвярнік з дрэва, вышынёю ў тры локці і ў два локці даўжынёй, і рогі яго, і падножжы яго, і сцены яго былі з дрэва. І сказаў ён мне: «Гэта — стол, які стаіць перад Госпадам». І святыня мела двое дзвярэй, і свяцілішча мела двое дзвярэй. Дзверы мелі падвоі рухомыя аж да сцяны, і другія дзверы мелі падвоі. І на дзвярах святыні былі выразаны херубіны і выявы пальмаў, зроблены яны былі так, як на сценах; і дах з дрэва быў перад прысенкам звонку, і аблямаваныя вокны, і штосьці накшталт пальмаў было з аднаго і другога боку на бакавых сценах прысенкаў у пакоях, што прымыкаюць да дома.
І вывеў ён мяне на панадворак знешні на паўночным баку ды завёў мяне ў залу, якая знаходзілася насупраць адгароджанага месца і насупраць будынка з паўночнага боку. Даўжыня яе была сто локцяў з паўночнага боку, і шырыня — пяцьдзесят локцяў. Насупраць дваццаці локцяў панадворка ўнутранага і таксама насупраць падлогі, каменем выкладзенай, на панадворку знешнім падымаліся адзін за адным тры паверхі. І перад заламі быў праход шырынёй у дзесяць локцяў, які быў звернуты ўнутр, даўжынёй у сто локцяў; і дзверы іх знаходзіліся на паўночным баку. Верхнія пакоі былі вузейшыя за ніжнія і сярэднія пакоі будынка, бо паверхі займалі іх прастору. Былі бо яны трохпавярховыя і не мелі калон такіх, як калоны на панадворках; таму, такім чынам, будынак падымаўся ад зямлі па паверхах: ад ніжніх і ад сярэдніх. І мур, што ішоў звонку адносна залаў, быў у напрамку знешняга панадворка насупраць залаў, меў даўжыню ў пяцьдзесят локцяў, бо даўжыня залаў знешняга панадворка была пяцьдзесят локцяў, а тых, што перад імі, — цалкам была сто локцяў. І ніжэй тых залаў быў уваход ад усходу, калі ісці да іх ад знешняга панадворка. І ў верхняй частцы мура панадворка ў напрамку паўднёвым перад адгароджаным месцам і перад будынкам былі таксама залы, і быў перад імі праход, падобны да залаў, што былі на паўночным баку; паводле даўжыні іх і шырыні іх — такія ўсе іх выхады, і ўладкаванні, і брамы іх. І ля брам залаў, якія былі на паўднёвым баку, — брама ў верхняй частцы праходу, які быў праходам перад ахоўным мурам для тых, хто ўваходзіць праз усходні бок. І сказаў ён мне: «Залы паўночныя і залы паўднёвыя, што знаходзяцца перад месцам адгароджаным, — гэта святыя залы, дзе святары, якія маюць права набліжацца да Госпада, маюць есці найсвяцейшыя дары: там маюць яны складаць найсвяцейшыя дары, і ахвяру з ежы, і ахвяры за грэх і за злачынства, бо месца гэта — святое. А калі святары ўваходзяць, то не павінны яны выходзіць са свяцілішча на знешні панадворак, але павінны там скінуць свае шаты, у якіх спраўляюць сваю службу, бо яны святыя; і маюць ускласці на сябе адзенне іншае, і тады толькі ісці да месца, прызначанага для народа». І калі скончыў ён мераць унутраную прастору дома, то павёў мяне ў напрамку брамы, звернутай на ўсход, і змераў яе там навокал з усіх бакоў. А змераў прутом вымяральным з усходняга боку — пяцьсот прутоў паводле прута вымяральнага навокал. І змераў з паўночнага боку — пяцьсот прутоў пры дапамозе прута вымяральнага навокал. І змераў з паўднёвага боку пяцьсот прутоў пры дапамозе вымяральнага прута навокал. І павярнуўся, і змераў заходні бок — пяцьсот прутоў пры дапамозе вымяральнага прута. Змераў яго на чатыры бакі; кругом яго з усіх бакоў быў мур, даўжынёю ў пяцьсот локцяў і шырынёю ў пяцьсот локцяў, каб аддзяліць свяцілішча ад несвятога месца.
І павёў ён мяне да брамы, накіраванай на ўсход, і вось, слава Бога Ізраэля прыходзіла з усходу, і голас Яго — быццам гук многіх водаў, і зямля свяцілася ад Яго велічы. І ўбачыў я бачанне, роўнае таму, якое бачыў я тады, калі прыйшоў, каб знішчыць горад, і з’ява была падобная да той, якую бачыў я над ракой Кэбар, і я ўпаў на твар свой. І веліч Госпада ўвайшла ў святыню праз браму, што была накіраваная на ўсход. І падняў мяне дух, і занёс мяне на ўнутраны панадворак, і вось, дом быў поўны славы Госпада. І пачуў я, як нехта гаварыў да мяне з боку святыні, а тым часам той чалавек стаяў яшчэ пры мне, і сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, гэта месца пасада Майго і месца слядоў ног Маіх, дзе Я буду вечна жыць сярод ізраэльцаў; ужо дом Ізраэля не апаганіць Майго святога імя — ані ён сам, ані цары яго — распустай сваёю і трупамі сваіх цароў у смерці іх, якія свой парог памясцілі побач з Маім парогам і свае вушакі побач з Маімі вушакамі, і сцяна была паміж Мною і імі, і апаганілі яны імя Маё святое агіднасцямі, якіх дапусціліся; дзеля таго Я вынішчыў іх у гневе Маім. Такім чынам, цяпер будуць яны трымаць далёка ад Мяне сваю нявернасць і трупы сваіх цароў, і Я буду жыць сярод іх заўсёды. А ты, сын чалавечы, пакажы дому Ізраэля святыню, і хай засаромеюцца яны з-за правіннасцей сваіх і змераць будынак. І калі яны засаромеюцца з прычыны ўсяго, што зрабілі, намалюй ім дом і яго ўладкаванне, выхады і ўваходы ды ўвесь выгляд яго і ўсе правілы яго, ды паведамі ім усе яго законы, і запішы іх перад іх вачамі, каб захавалі ўвесь выгляд яго і яго пастановы і каб спаўнялі іх. Гэта ёсць закон дома на вяршыні гары: увесь абшар вакол яго — гэта святое з святых; такім чынам, гэта — закон дома». А вось такія памеры ахвярніка ў локцях, лічачы локаць па адным локці і адной далоні; паглыбленне для яго было вышынёю ў локаць і шырынёю ў локаць; і яго абрамаванне на краі яго кругом было ў далонь. А такая была вышыня ахвярніка: ад паглыблення ў зямлі аж да ніжняга выступа — два локці, і шырыня — адзін локаць; і ад меншага выступа аж да большага выступа — чатыры локці, і шырыня — адзін локаць. А вогнішча на ахвяры было на чатыры локці, і з вогнішча тырчалі ўніз чатыры рогі. І вогнішча на ахвяры было даўжынёю ў дванаццаць локцяў пры шырыні ў дванаццаць локцяў, чатырохкутнае, з бакамі роўнымі. І выступ быў даўжынёю ў чатырнаццаць локцяў і ў чатырнаццаць локцяў шырыні па чатырох вуглах яго; і абрамаванне кругом яго было на палову локця, і паглыбленне для яго — адзін локаць кругом; а прыступкі яго былі скіраваныя на ўсход. І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, гэта кажа Госпад Бог: “Вось пастановы адносна ахвярніка: тады, калі ён будзе пабудаваны; каб на ім ускладаць цэласпаленні ды каб акрапляць яго крывёй, дасі святарам левітам з роду Садока, якія маюць права набліжацца да Мяне, — кажа Госпад Бог, — каб служыць Мне, маладое цяля як ахвяру за грэх. І возьмеш з яго крыві, пакропіш ёю чатыры рогі яго, поруч чатыры вуглы выступу і абрамаванне кругом, і ачысціш ахвярнік, дакончваючы на ім перамольванне. І возьмеш цяля, якое будзе ахвяравана за грэх, і спаліш яго на прызначаным месцы дома па-за свяцілішчам. І на другі дзень ахвяруеш казла з казінага статка, без заганы, як ахвяру за грэх, і ачысцяць ахвярнік так, як ачысцілі пры ахвяраванні маладога цяляці. І калі скончыш яго ачышчэнне, ахвяруеш маладое цяля са статка, без заганы, а таксама барана са статка, без заганы; і ахвяруеш іх перад абліччам Госпада, а святары кінуць на іх соль і ахвяруюць іх Госпаду як ахвяру цэласпалення. Сем дзён штодзень будуць ахвяроўваць казла як ахвяру за грэх, і ахвяруеш цяля маладое са статка і барана са статка — жывёлу без заганы. Сем дзён хай перамаленнем ачышчаюць ахвярнік ад грахоў, і хай ачышчаюць яго і асвячаюць яго. А па тых днях, восьмага дня і пазней, святары будуць ускладаць на ахвярніку вашы ахвяры цэласпалення і мірныя ахвяры, і Я буду для вас спагадны”, — кажа Госпад Бог».
І завёў мяне да знешняй часткі свяцілішча, скіраванай на ўсход, і была яна замкнутай; і сказаў мне Госпад: «Брама гэтая хай будзе замкнутая; хай не адчыняецца, і ніводзін чалавек хай не пройдзе ёю, бо Госпад, Бог Ізраэля, увайшоў праз яе, і хай будзе яна замкнутая. Валадар, паколькі ён валадар, можа ў ёй сядзець, каб спажываць хлеб на віду Госпада; уваходзіць павінен ён праз прысенкі пры браме і той самай дарогай выходзіць». І завёў мяне ў напрамку паўночнай брамы да пярэдняга боку дома, і я глянуў, і вось, слава Госпада напоўніла дом Госпада, і я ўпаў на твар мой. І сказаў мне Госпад: «Сын чалавечы, схілі сэрца сваё, і глядзі вачамі сваімі, і слухай вушамі сваімі ўсё, што Я табе скажу адносна ўсіх пастаноў дома Госпада і адносна ўсіх законаў яго; схілі сэрца сваё на ўваход у храм і ўсе выхады свяцілішча і скажы бунтаўнічаму адносна Мяне дому Ізраэля: вось што кажа Госпад Бог: “Хопіць ужо ўсіх вашых агіднасцей, дом Ізраэля, бо вы ўвялі чужынцаў неабрэзаных сэрцам і неабрэзаных на целе, каб былі яны ў святыні Маёй, і апаганьвалі дом Мой, калі ў ахвяры вы ўскладалі хлеб Мой, тлушч і кроў; і ўсімі агіднасцямі сваімі вы парушылі Мой запавет, і не споўнілі службы пры свяцілішчах Маіх, і паставілі іх служыць Мне ў Маім свяцілішчы”. Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Ніводзін чужынец, неабрэзаны сэрцам і неабрэзаны на целе, не можа ўваходзіць у Маю святыню, ніводзін чужынец, які жыве сярод ізраэльцаў. Але левіты, якія далёка адыдуць ад Мяне ў памылцы сыноў Ізраэля, якія пайшлі ад Мяне за ідаламі сваімі, панясуць кару за сваю правіннасць, і яны будуць служыць у Маім свяцілішчы як вартаўнікі пры брамах дома і як паслугачы дома: яны будуць забіваць ахвяры на цэласпаленні і ахвяры для людзей, ды будуць стаяць перад імі як паслугачы іх. За тое, што яны служылі ім перад іх ідаламі і сталі для дому Ізраэля перашкодай з-за граху, таму падняў Я руку Сваю супраць іх, — кажа Госпад Бог, — мусяць яны адпакутаваць за сваю правіннасць. І не будуць яны набліжацца да Мяне, каб Мне служыць як святары, і не будуць дакранацца да ўсіх святых рэчаў Маіх, да найсвяцейшага, але будуць несці сваю ганьбу і пакутаваць за свае агіднасці, якіх дапусціліся. І Я прызначаю іх да спаўнення ўсякай службы пры доме і да ўсяго, што трэба будзе зрабіць у ім. А святары левіты, сыны Садока, якія захавалі службы пры Маім свяцілішчы, калі ізраэльцы адышлі ад Мяне, яны будуць набліжацца да Мяне, каб служыць Мне і стаяць на віду Маім, каб ахвяроўваць Мне тлушч і кроў”, — кажа Госпад Бог. Яны маюць уваходзіць у святыню Маю, і яны маюць набліжацца да стала Майго, каб служыць Мне і пільнаваць службу Маю. І калі ўвойдуць яны ў брамы ўнутранага панадворка, яны апрануць ільняныя шаты; і хай не апранаюць на сябе нічога з воўны, калі спаўняюць службу пры брамах унутранага панадворка і ў доме. Ільняныя павязкі хай будуць на іх галовах, і льняныя порткі хай будуць на клубах іх, і не павінны яны падпярэзвацца, каб не пацець. І калі будуць выходзіць на знешні панадворак да людзей, то павіннны зняць з сябе сваё адзенне, у якім спаўнялі службу, і пакласці яго ў пакоях святых, і апрануць на сябе іншыя шаты, і не асвячаць людзей у сваіх шатах. А галавы сваёй яны галіць не будуць і не будуць адпускаць доўгіх валасоў, але будуць стрыгчы валасы свае. І ніводзін святар не будзе піць віна, калі мае ўваходзіць на ўнутраны панадворак. І не будуць яны жаніцца з удовамі або пакінутымі, але толькі з дзяўчынамі з нашчадкаў дому Ізраэля; аднак могуць жаніцца і з удавой мужа святара. І маюць яны павучаць народ Мой аб розніцы між тым, што святое, і тым, што несвятое, а таксама аб розніцы між тым, што нячыстае, і тым, што чыстае. І калі будзе справа спрэчная, маюць яны засядаць у судзе і развязваць справы паводле законаў Маіх; маюць пільнаваць законы Мае і пастановы Мае ва ўсіх урачыстасцях Маіх ды святкаваць суботы Мае. І не будуць набліжацца яны да трупаў, каб не апаганіцца, толькі дзеля бацькі, і маці, і сына, і дачкі, і брата, і сястры, якая мужа не мела: могуць яны занячысціцца адносна іх. І пасля яго ачышчэння хай палічаць яму яшчэ сем дзён, і ў дзень уваходу свайго ў свяцілішча, на ўнутраны панадворак, каб служыць Мне ў свяцілішчы, хай ускладзе ён ахвяру за грэх свой, — кажа Госпад Бог. І не будуць яны мець спадчыны: Я — іх спадчына; і не дасцё ім нічога ва ўласнасць у Ізраэлі, бо Я — іх уласнасць. Будуць есці яны ахвяры з ежы, і ахвяры за грэх, і ахвяры за злачынства, і ўсё, на што ў Ізраэлі пакладзена клятва, мае да іх належаць; і пяршыні з усяго першароднага, ды кожны дар паміж усіх вашых святых дароў мае належаць да святароў; і пяршыні з вашай мукі маеце даваць святару, каб дабраславенне ўсклаў ён на ваш дом. Святары не павінны есці ані падліны, ані таго, што раздзёртае дзікім зверам, ці гэта з птушак, ці з жывёлы.
І калі будзеце дзяліць зямлю жэрабем, выдзеліце Госпаду святую ахвяру з зямлі даўжынёю ў дваццаць пяць тысяч прутоў і шырынёю ў дваццаць тысяч прутоў; мае гэта быць ва ўсім сваім абсягу вакол абшар святы; з гэтага да святыні будзе належаць чатырохкутнік пяцьсот на пяцьсот прутоў навокал, і на пяцьдзесят локцяў вакол будуць пашы яго. І з гэтага абсягу адмераеш абшар даўжынёю дваццаць пяць тысяч прутоў і шырынёй у дзесяць тысяч прутоў, і на гэтым абшары будзе святыня, месца найсвяцейшае. Гэта мае быць асвячоная частка зямлі для святароў, спаўняючых службу пры святыні, якія прыходзяць на служэнне Госпаду; і будзе гэта месца ім на дамы і на пашы для жывёлы. А абшар даўжынёй у дваццаць пяць тысяч прутоў і шырынёй у дзесяць тысяч прутоў будзе належаць левітам, якія спаўняюць службу пры доме; гэта месца мае быць іх уласнасцю разам з гарадамі на пражыванне. І ва ўласнасць гораду дасцё абшар шырынёй у пяць тысяч прутоў і даўжынёй у дваццаць пяць тысяч прутоў, адпаведна да святой ахвяры; гэта мае належаць да ўсяго дому Ізраэля. Таксама кіраўніку маеце выдзеліць абшар па абодвух баках святой ахвяры і ўласнасці горада ўздоўж святой ахвяры і ўласнасці горада з боку мора аж да мора і з боку ўсходняга на ўсход, даўжынёй жа адпаведнай паасобным часткам пакаленняў, ад мяжы заходняй да мяжы ўсходняй зямлі. Гэта зямля будзе яму ва ўласнасць у Ізраэлі, і валадары Мае не пакрыўдзяць ужо народ Мой; але пакінуць зямлю для дому Ізраэля паводле яго пакаленняў». Вось што кажа Госпад Бог: «Хопіць вам, валадары Ізраэля; кіньце гвалт і прыгнёт і спаганяйце закон і справядлівасць! Перастаньце абдзіраць народ Мой! — кажа Госпад Бог. Хай у вас будзе справядлівая вага, і справядлівая эфа, і справядлівы бат; эфа і бат няхай будуць аднолькавай меры, каб бат меў дзесятую частку гамера і эфа мела дзесятую частку гамера. Сікль жа мае мець дваццаць гер; пяць сікляў хай будзе пяць, і дзесяць сікляў хай будзе дзесяць, і пяцьдзесят хай будзе вам міна. Гэта ёсць ахвяра, якую будзеце ахвяроўваць: шостую частку эфы з гамера пшаніцы і шостую частку эфы з гамера ячменю. Таксама вызначана колькасць алею: бат — гэта мера для алею; павінны вы прынесці дзесятую частку бата з кора: дзесяць батаў утвараюць гамер, бо дзесяць батаў напаўняюць кор. І адна авечка са статка ў дзвесце авечак з сакавітых пашаў Ізраэля як падатак, і на ахвяру з ежы, і на ахвяру прымірэння для ачышчэння для іх, — кажа Госпад Бог. Увесь народ зямлі павінен гэтыя дары даваць на рукі валадара Ізраэля; і кіраўнік мае рупіцца пра цэласпаленні, і ахвяры з ежы, і ўзліванні ў святочныя дні, маладзікі, суботы ды ва ўсе ўрачыстасці народа Ізраэльскага: ён мае прыносіць ахвяру за грэх, і ахвяру з ежы, і цэласпаленні, і ахвяры прымірэння, каб ачысціць дом Ізраэля». Вось што кажа Госпад Бог: «У першы месяц, у першы дзень месяца возьмеш са статка маладое цяля без заганы і ачысціш свяцілішча. І святар хай возьме з крыві ахвяры за грэх і пакропіць ёй на вушакі дома, і на чатыры рогі падножжа ахвярніка, на дзверы брамы ўнутранага панадворку. І падобна будзеш рабіць у сёмы дзень першага месяца за кожнага, хто быў у няведанні або зграшыў, — і так ачысціце святыню. У першы месяц, чатырнаццатага дня месяца, будзеце святкаваць Пасху; сем дзён будзеце есці толькі праснакі. І валадар павінен у той дзень як ахвяру за грэх за сябе і за ўвесь народ зямлі ахвяраваць маладое цяля; і на працягу сямі дзён мусіць ён як цэласпаленне ахвяраваць для Госпада сем маладых цялят, і сем бараноў, жывёлу без заганы, сем дзён кожны дзень, а як ахвяру за грэх кожны дзень казла з казлінага статка; і як ахвяру з ежы мусіць ён ускласці па адной эфе да маладога цяляці і па эфе да барана, і гін алею на кожную эфу. У сёмы месяц, у пятнаццаты дзень таго ж месяца з нагоды свята будзе ён ахвяроўваць, аб чым вышэй было казана, на працягу сямі дзён, як ахвяру за грэх, так і цэласпаленне, і ахвяру з ежы, і з алею».
Вось што кажа Госпад Бог: «Брама ўнутранага панадворка, звернутая на ўсход, будзе замкнутая шэсць дзён тыдня, у якія працуюць, а ў дзень суботні будзе адкрытая, але і ў дзень маладзіка павінна быць адкрытая; і валадар павінен прыйсці звонку праз прысенкі брамы і стаць каля вушака брамы, і святары мусяць скласці яго цэласпаленне і яго ахвяры прымірэння, і ён сам павінен маліцца на парозе брамы і выйсці; брама ж павінна быць не замкнутая аж да вечара. І народ зямлі павінен у прысенках брамы гэтае пакланяцца Госпаду ў дні суботы і ў час маладзіка. Ахвяру ж цэласпалення гэтую валадар хай складае для Госпада: у дзень суботы — шэсць ягнят без заганы і аднаго барана без заганы, і ахвяру з ежы з адной эфы на барана, а ахвяру з ежы на авечку — колькі дасць рука яго, і гін алею на кожную эфу; а на дзень маладзіка мае гэта быць адно маладое цяля са статка, без заганы, і шэсць авечак, і адзін баран, — усе без заганы, і адну эфу на маладое цяля, таксама адну эфу на барана мусіць ён ускласці як ахвяру з ежы, а на авечак — колькі дасць рука яго, і адзін гін алею на кожную эфу. І калі жадае прыйсці валадар, павінен ён увайсці праз прысенкі брамы і выйсці зноў той жа самай дарогай. І калі народ зямлі ў час урачыстасці з’яўляецца перад Госпадам, то той, хто ўваходзіць праз паўночную браму, каб пакланіцца, мусіць выйсці праз паўднёвую браму, а хто ўваходзіць праз паўднёвую браму, мусіць выйсці праз паўночную браму: ніхто не павінен вяртацца той жа самай брамай, праз якую ўвайшоў, але мусіць выйсці праз супрацьлеглую. А валадар мусіць быць пасярод іх: калі яны прыходзяць, мусіць і ён прыйсці, а калі ідуць, мусіць і ён ісці. І ў час святаў і ўрачыстасцей хай будзе ахвяра з ежы на эфу з маладога цяляці і на эфу з барана; а на кожную з авечак хай будзе ахвяра з ежы, колькі дасць рука яго, і гін алею на кожную эфу. А калі валадар учыніць добраахвотную ахвяру цэласпалення ці добраахвотную ахвяру прымірэння для Госпада, то хай адкрыюць яму браму, якая выходзіць на ўсход, і хай складзе ён сваё цэласпаленне і свае ахвяры прымірэння так, як гэта звычайна робіць у суботу, і хай выйдзе, ды хай замкнуць браму па яго адыходзе. І кожны дзень ты мусіш для Госпада ахвяраваць аднагадовае ягня без заганы як цэласпаленне; мусіш яго прыносіць кожную раніцу. І як ахвяру з ежы павінен ты, акрамя таго, кожную раніцу ўскладаць адну шостую эфы і адну трэцюю гіна алею, каб акрапіць найчысцейшую муку; ахвяра з ежы для Госпада хай будзе заўсёды законнай і вечнай. Трэба кожную раніцу ўскладаць авечку, і ахвяру з ежы, і алей як ахвяру вечную». Гэта кажа Госпад Бог: «Калі валадар хоча штосьці падараваць аднаму са сваіх сыноў са сваёй спадчыны, то павінна гэта належаць яго сынам; і мае яно быць іх спадчыннай уласнасцю. Калі ж ён хоча штосьці завяшчаць са сваёй уласнасці аднаму з паслугачоў сваіх, то мусіць гэта належаць яму аж да года яго вызвалення, — і мае вярнуцца да валадара; толькі тая ўласнасць, што ён дасць сваім сынам, мае ім належаць. І валадару нельга забраць нічога з уласнасці народа, абдзіраючы яго гвалтам з яго ўласнасці, але са сваёй уласнасці можа ён даць спадчыну сваім сынам, каб ніхто з Майго народа не быў пазбаўлены сваёй уласнасці». І правёў ён мяне праз уваход, што быў з боку брамы, у святыя пакоі, прызначаныя святарам, што былі на паўночным баку, і там было месца ў самым далёкім рагу з заходняга боку; і сказаў мне ён: «Гэта месца, дзе святары будуць гатаваць ахвяры за злачынства і за грэх, дзе будуць пячы ахвяру з ежы, каб не мусілі іх выносіць на знешні панадворак, асвячаючы гэтым народ». І завёў ён мяне на знешні панадворак і абвёў мяне каля чатырох рагоў панадворка, і вось, у кожным рагу панадворка былі малыя панадворкі. У чатырох рагах панадворка былі закрытыя малыя панадворкі, даўжынёю ў сорак локцяў і шырынёю ў трыццаць локцяў: усе чатыры мелі той жа самы памер. І кругом стаяў мур, які агібаў чатыры малыя панадворкі, і пад мурамі вакол былі размешчаны вогнішчы. І сказаў ён мне: «Гэта дамы на гатаванне, дзе паслугачы дома Госпада маюць варыць ахвяры народа».
І завёў ён мяне назад да брамы дома, і вось, выцякала вада з-пад парога дома на ўсход, бо пярэдні бок дома быў накіраваны на ўсход, а вада выцякала з-пад правага боку храма на поўдзень ад ахвярніка. І вывеў ён мяне праз паўночную браму, і на двор павёў мяне, да знешняй брамы, накіраванай на ўсход; і вось, вада выцякала з-пад правага боку. Калі пайшоў чалавек у напрамку ўсходнім, ён меў у сваёй руцэ вымяральны прут, адмераў ім тысячу локцяў і правёў мяне праз ваду, і вада даставала аж да шчыкалатак. І зноў адмераў тысячу локцяў і правёў мяне праз ваду, і вада даставала аж да каленяў. І адмераў ён тысячу локцяў, і перавёў мяне праз ваду, якая даставала аж да клубоў. І адмераў ён яшчэ тысячу локцяў; быў там струмень, праз які не змог я перайсці, бо вада была заглыбокая, была гэта вада да плавання; рака, праз якую нельга было перайсці. І сказаў ён мне: «Ці ўбачыў ты гэта, сын чалавечы?» — і павёў мяне, і накіраваў да берага ракі. І калі я павярнуўся, вось, з абодвух бакоў на беразе ракі было вельмі многа дрэў; і ён сказаў мне: «Вада гэта, якая цячэ на абшар усходні і сыходзіць да зямлі Арабы, упадае ў мора, у салёныя воды, і воды тыя становяцца здаровымі; і ўсе істоты жывыя, якія варушацца, куды толькі рака прыходзіць, будуць жыць, і будзе даволі многа рыбы, бо пасля таго, як дацякуць туды тыя воды, і будзе аздароўлена, і будзе жыць усё, да чаго дацячэ рака. І будуць над імі стаяць рыбакі, пачынаючы ад Эн-Гадзі аж да Эн-Галіма, будзе гэта месца на прасушванне сетак; будуць там шматлікія віды рыбы, роўныя рыбам з Вялікага мора, у незлічонай колькасці. Але балоты яго і затокі не будуць аздароўлены, бо яны будуць аддадзены на саляныя капальні. І па берагах ракі з абодвух бакоў маюць расці ўсякага роду дрэвы пладовыя; лісце іх не ападзе, і плады іх не звянуць: кожны месяц будуць яны радзіць новыя плады, бо іх вада выходзіць са свяцілішча, і іх плады будуць на ежу, і лісце іх — на лекі». Вось што кажа Госпад Бог: «Гэта мяжа, у якой будзеце валодаць зямлёю паміж дванаццаццю пакаленнямі Ізраэля, бо Язэп мае двайную частку, а вы будзеце валодаць ёю кожны па роўнай частцы, як яго браты; над ёю падняў Я руку Маю, каб даць вашым бацькам; ды зямля гэтая будзе вам як спадчына. А гэта мяжа зямлі: на поўнач ад Вялікага мора ў напрамку Гэталона аж да ўваходу ў Эмат, Сэдаду, Бэрот, Сабарым, што знаходзяцца між межамі Дамаска і мяжой Эмата аж да Асарэнона, што знаходзіцца ля мяжы Аўрана. Дык будзе мяжа ад мора аж да Асарэнона, калі абшары каля Дамаска і абшары каля Эмата застаюцца на поўначы; гэта частка паўночная. Вось мяжа ўсходняя: ідзе яна з месца паміж Аўранам і Дамаскам, і між Галаадам і зямлёй Ізраэля, Ярдан мае быць мяжой аж да мора Усходняга, каля Тамара; гэта мяжа ўсходняя. А мяжа паўднёвая — паўднёвыя землі ад Тамара аж да водаў Мэрыбы каля Кадэса і ўздоўж ракі аж да Вялікага мора; гэта частка паўднёвая ў бок поўдня. І мяжа марская: Вялікае мора ўтварае мяжу аж да таго месца, дзе насупраць знаходзіцца Эмат; гэта мяжа марская. І зямлю гэтую падзеліце між сабой на пакаленні Ізраэля. І падзеліце яе на спадчыну для вас і для чужынцаў, якія прыйшлі да вас і якія нарадзілі сыноў сярод вас; і будуць яны вам за народжаных сярод сыноў Ізраэля: разам з вамі сярод пакаленняў Ізраэля будуць дзяліць спадчыну; а ў тым пакаленні, у якім будзе жыць чужынец, там дасцё яму спадчыну», — кажа Госпад Бог.
«І вось імёны пакаленняў: у межах поўначы, ідучы ў напрамку Гэталона да ўваходу ў Эмат, Асарэнон — межы Дамаска да поўначы каля Эмата — будзе ад усходу аж да мора, атрымае Дан адну частку ва ўласнасць. І каля мяжы Дана, ад усходу аж да мора, атрымае Асэр адну частку ва ўласнасць. І каля мяжы Асэра, ад усходу аж да мора, атрымае Нэфталі адну частку ва ўласнасць. І каля мяжы Нэфталі, ад усходу аж да мора, атрымае Манаса адну частку ва ўласнасць. І каля мяжы Манасы, ад усходу аж да мора, атрымае Эфраім адну частку ва ўласнасць. І каля мяжы Эфраіма, ад усходу аж да мора, атрымае Рубэн адну частку ва ўласнасць. І каля мяжы Рубэна, ад усходу аж да мора, атрымае Юда адну частку ва ўласнасць. І каля мяжы Юды, ад усходу аж да мора, мае быць частка аддзеленая, шырынёю ў дваццаць пяць тысяч прутоў і даўжынёю — як усе часткі, ад усходу аж да мора, і пасярэдзіне яе будзе знаходзіцца святыня. Частка, якую вы аддзеліце для Госпада, будзе даўжынёю ў дваццаць пяць тысяч прутоў і шырынёю ў дваццаць тысяч прутоў. Святая ж частка належаць будзе ім, святарам: на поўнач дваццаць пяць тысяч прутоў, і да мора шырынёю дзесяць тысяч прутоў, і на ўсход шырынёю дзесяць тысяч прутоў, і на поўдзень даўжынёю ў дваццаць пяць тысяч прутоў; і святыня Госпада будзе пасярэдзіне яе. Будзе яна пасвячоным святарам, нашчадкам Садока, якія спаўнялі Мае службы і не блукалі, калі блукалі ізраэльцы, як блукалі левіты. І належаць ім будзе частка з асаблівай часткі зямлі, з святога з святых, каля мяжы левітаў; але і левітам падобна мае належаць частка адпаведная межам святароў, даўжынёю ў дваццаць пяць тысяч прутоў і шырынёю ў дзесяць тысяч прутоў, цалкам даўжынёю ў дваццаць пяць тысяч і шырынёю ў дваццаць тысяч прутоў; і не будуць яны магчы з яе нічога прадаць, ані замяніць, ані не будуць магчы перанесці гэтую частку зямлі, бо была яна пасвячона Госпаду. А пяць тысяч прутоў, якія яшчэ застаюцца з шырыні ў дваццаць пяць тысяч прутоў, не будуць святыя, а будуць служыць гораду як месца на жыллё і на пашы, і горад будзе пасярэдзіне [гэтай тэрыторыі]. І вось яго памеры: на бок паўночны — чатыры тысячы пяцьсот прутоў; і на бок паўднёвы — чатыры тысячы пяцьсот прутоў, і на бок усходні — чатыры тысячы пяцьсот прутоў, і на бок заходні — чатыры тысячы пяцьсот прутоў. А горад будзе мець пашы на дзвесце пяцьдзесят прутоў на поўнач, і на дзвесце пяцьдзесят прутоў на поўдзень, і на дзвесце пяцьдзесят прутоў на ўсход, і на дзвесце пяцьдзесят прутоў да мора. Тое ж, што застанецца на даўжыню ля святой часткі, будзе на дзесяць тысяч прутоў на ўсход і дзесяць тысяч прутоў на захад, будзе яно ля святой часткі, і будуць плады яго на хлеб тым, хто служыць гораду. А будуць працаваць работнікі горада з усіх пакаленняў ізраэльскіх. Уся частка будзе мець дваццаць пяць тысяч прутоў даўжыні на дваццаць пяць тысяч шырыні; вазьміце святую частку разам з уласнасцю горада. А рэшта мае належаць валадару з абодвух бакоў святой часткі і ўласнасці горада, уздоўж тых дваццаці пяці тысяч прутоў часткі аж да мяжы ўсходняй, але і з абшару да мора ўздоўж тых дваццаці пяці тысяч прутоў аж да мяжы мора, адпаведна часткам пакаленняў: гэта будзе належаць валадару. І святая частка і свяцілішча святыні будуць пасярэдзіне яе, яна будзе аддзеленая ад уласнасці левітаў і ўласнасці горада сярод частак, што належаць валадару: паміж мяжою Юды і мяжою Бэньяміна будзе знаходзіцца ўласнасць валадара. І рэшце пакаленняў, ад усходу аж да захаду: Бэньяміну — адна частка. І каля мяжы Бэньяміна, ад усходу аж да захаду, адна частка Сімяону. І каля мяжы Сімяона, ад усходу аж да захаду, адна частка Ісахару. І каля мяжы Ісахара, ад усходу аж да захаду, адна частка Забулону. І каля мяжы Забулона, ад усходу аж да мора, адна частка Гаду. І каля мяжы Гада, з боку паўднёвага, на поўдзень будзе ісці мяжа ад Тамара аж да водаў Мэрыбы каля Кадэса і ўздоўж ракі аж да Вялікага мора. Гэта вось зямля, якую вы падзеліце жэрабем між пакаленнямі Ізраэля, і гэтыя вось часткі іх, — кажа Госпад Бог. І вось выхад з горада: з паўночнага боку, памер якога будзе чатыры тысячы пяцьсот прутоў, брамы горада будуць названыя паводле імёнаў пакаленняў Ізраэля: тры брамы з паўночнага боку: адна брама Рубэна, адна брама Юды, адна брама Левія. І з усходняга боку на адлегласці чатырох тысяч пяцісот прутоў тры брамы: адна брама Язэпа, адна брама Бэньяміна, адна брама Дана. І з паўднёвага боку, памер якога будзе чатыры тысячы пяцьсот прутоў, тры брамы: адна брама Сімяона, адна брама Ісахара, адна брама Забулона. І з заходняга боку, на адлегласці чатырох тысяч пяцісот прутоў, тры брамы: адна брама Гада, адна брама Асэра, адна брама Нэфталі. Наўкола горад мае васемнаццаць тысяч прутоў, і назва горада будзе з таго дня: “Госпад ёсць там!”»
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017