Библия › Чарняўскі-17 › Ёны

Ёны

І было слова Госпада да Ёны, сына Амаці: «Устань ды ідзі ў Нініву, вялікі горад, і праракуй у ёй, бо злачыннасць яе дайшла да Мяне». Дык устаў Ёна, каб уцячы ў Тарсіс ад аблічча Госпада, і сышоў у Ёпэ, і знайшоў карабель, які плыў у Тарсіс, і заплаціў належную плату ды сеў у яго, каб плысці з імі ў Тарсіс ад аблічча Госпада. А Госпад кінуў на мора моцны вецер, і паднялася вялікая бура на моры, так што караблю пагражала разбіццё. Дык напалохаліся маракі, і кожны прызываў свайго бога, і кінулі яны ў мора ладунак, які быў на караблі, каб зрабіць яго лягчэйшым. А Ёна сышоў у нутро карабля, лёг і моцна заснуў. І прыйшоў да яго стырнавы, і сказаў яму: «Што ты спіш? Устань і прызывай Бога твайго, можа, Бог успомніць пра нас, і мы не папрападаем». І казалі маракі адзін другому: «Хадзем, кіньма жэрабя і даведаемся, чаму гэтае няшчасце прыйшло на нас». І кінулі жэрабя, і жэрабя выпала на Ёну. Дык спыталіся ў яго: «Скажы нам, з якой прычыны гэтае няшчасце напаткала нас? Чым ты займаешся і адкуль ты ідзеш? Якая зямля твая ды з якога ты народа?» І сказаў ён ім: «Я — гебрай, і баюся Госпада, Бога Нябеснага, Які стварыў мора і сухмень». Тады вялікі страх ахапіў людзей, і яны пыталіся ў яго: «Чаму ты гэта зрабіў?» Даведаліся бо людзі, што ён уцякаў ад аблічча Госпада, бо ён сам прызнаўся ім. І яны пыталіся ў яго: «Што маем зрабіць з табою, каб мора перастала бушаваць вакол нас?» Бо мора ўсё болей і болей хвалявалася. І сказаў ён ім: «Вазьміце мяне і кіньце ў мора, і мора перастане хвалявацца супраць вас; бо ведаю, што дзеля мяне паднялася гэтая бура супраць вас». І веславалі людзі гэтыя, каб вярнуцца да сухмені, але не маглі, бо мора падымалася супраць іх. Дык прызывалі яны Госпада і казалі: «О Госпадзе, просім Цябе, хай не загінем мы з прычыны душы гэтага чалавека, і не абцяжарвай нас крывёю нявіннаю, бо Ты, Госпадзе, як захочаш, так і зробіш». І ўзялі яны Ёну, і кінулі ў мора, і мора перастала шалець. І агарнуў людзей вялікі страх перад Госпадам, і складалі яны ахвяры Госпаду, і давалі прырачэнні.

І загадаў Госпад вялікай рыбе праглынуць Ёну, і быў Ёна ў нутры рыбы тры дні і тры ночы. І маліў Ёна Госпада, Бога свайго, з нутра рыбы, і казаў: «У бядзе сваёй клікаў я Госпада, і Ён адказаў мне; з нутра пекла прызываў я, і Ты выслухаў просьбу маю. Ты кінуў мяне ў глыбіню, у сэрца мора, і вір акружыў мяне; усе цячэнні Твае і ўсе хвалі Твае прайшлі нада мной. І я казаў: “Адкінуты я ад вачэй Тваіх, дык як мне ўбачыць зноў святыню Тваю святую?” Нахлынулі на мяне воды аж па горла, бяздонне ахутала мяне, марская трава абвіла галаву маю. Да падвалін гор я сышоў, зямныя запоры закрылі мяне навекі, але Ты, Госпадзе, Божа мой, вывеў з бездані жыццё маё. Калі зняможаная была душа ўва мне, успомніў я Госпада, і паплыла да Цябе малітва мая, у святыню Тваю святую. Тыя, якія пакланяюцца ідалам марным, пакідаюць Спагаднага свайго. Але я прынясу Табе ахвяру падзякі і, што абяцаў Табе, — споўню. Бо ў Госпада — збаўленне!» І Госпад даў загад рыбе, і яна выкінула Ёну на сухмень.

І зноў было слова Госпада да Ёны: «Устань, ідзі ў Нініву, вялікі горад, і абвяшчай ў ёй тое, што Я табе даручыў». І ўстаў Ёна, і накіраваўся ў Нініву па загадзе Госпада. А Нініва перад абліччам Бога была вялікім горадам, у абход на тры дні. Дык пачаў Ёна хадзіць па горадзе ў абход на адзін дзень, і прапаведаваў, і казаў: «Яшчэ сорак дзён, і Нініва будзе зруйнаваная». І паверылі нініўцы Богу, і абвясцілі пост, і апрануліся ў зрэбніцы, ад найбольшага да найменшага. І дайшла гэтая вестка да цара Нінівы, і ён устаў з пасада свайго, скінуў плашч свой з сябе ды апрануўся ў зрэбніцу і сеў у попел. І загадаў абвясціць і сказаць у Нініве ад імя цара і магнатаў яго: «Людзі і жывёла, быдла і статак хай не ядуць нічога, і не выпускаюцца на пашу, і не п’юць вады. Ды хай апрануцца ў зрэбніцы і людзі, і жывёла, і хай моцна клічуць да Бога, і хай кожны чалавек адвернецца ад ліхой дарогі сваёй і ад гвалту, што ёсць у руках яго. Хто ведае, можа, раздумаецца і пашкадуе Бог, і спыніцца абурэнне гневу Яго, і мы не загінем?» І ўбачыў Бог паводзіны іх, што адвярнуліся яны ад дарогі сваёй ліхой, і злітаваўся Бог дзеля кары, якую прадказаў быў, што ўчыніць ім, і не ўчыніў.

І грызла Ёну згрызота вялікая, і гневаўся ён. І маліўся ён да Госпада, і казаў: «Малю Цябе, Госпадзе, ці ж не такім было слова маё, калі быў я яшчэ ў зямлі сваёй? Дзеля таго вырашыў я ўцячы ў Тарсіс. Я ведаў, што Ты — Бог літасцівы і міласэрны, цярплівы і вельмі спагадны, і спачуваеш у няшчасці. Дык цяпер, Госпадзе, забяры, прашу, душу маю ад мяне, бо лепшая мне смерць, чым жыццё». А Госпад сказаў: «Ці ты думаеш, што справядліва гневаешся?» І выйшаў Ёна з горада, і сеў з усходняга боку горада, і зрабіў сабе зацяненне там, і сядзеў пад ім у засені, каб паглядзець, што станецца з горадам. І вырасціў Госпад Бог куст плюшчавы, і падняўся ён над Ёнаю, каб быць засенем над галавой яго і каб палегчыць яму засмучэнне яго. І ўсцешыўся Ёна радасцю вялікаю дзеля гэтага куста. І падрыхтаваў Бог чарвяка, калі назаўтра ўзышла зараніца, той падгрыз куст, і ён ссох. І калі сонца ўзышло, загадаў Бог усходняму гарачаму ветру, і сонца стала пячы галаву Ёнаву так, што той самлеў, і прасіў для душы сваёй, каб памерці, і казаў: «Лепш мне памерці, чым жыць». Дык сказаў Бог Ёну: «Ці справядліва ты гневаешся з прычыны гэтага плюшчавага куста?» І ён адказаў: «Вельмі гневаюся я, аж да смерці». І сказаў Госпад: «Табе шкада плюшчавага куста, над якім ты не працаваў і якога не гадаваў, які за адну ноч вырас і за адну ноч прапаў. Як жа Мне не пашкадаваць Нінівы, вялікага горада, дзе жыве больш за сто дваццаць тысяч чалавек, якія не адрозніваюць сваёй правай рукі ад левай, ды шматлікая жывёла?»


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.