Библия › Чарняўскі-17 › Лукі
Паколькі многія ўжо спрабавалі скласці аповед пра падзеі, якія ў нас адбыліся, як пераказалі нам тыя, што ад пачатку самі бачылі і былі паслугачамі Слова, таксама і я, старанна разгледзеўшы ўсё ад пачатку, рашыўся па парадку апісаць табе, годны Тэафіле, каб ты ўсведаміў непарушнасць слоў, у якіх ты быў навучаны. У дні Ірада, цара Юдэі, жыў адзін святар на імя Захарыя, з Абіявай чаргі. Ён меў жонку, з дачок Ааронавых, імя яе Лізавета. Яны абое былі справядлівымі перад Богам, беззаганна спаўняючы ўсе пастановы і прыказанні Госпадавы. Ды не мелі дзіця, бо Лізавета была няплоднай, а абое былі ўжо на схіле дзён сваіх. І сталася, калі ён адбываў службу святарскую перад Богам у сваёй чарзе, па жэрабі, як была традыцыя ў святароў, выпала яму ўвайсці ў святыню Госпадаву для каджэння, а ўсё мноства народа ў час каджэння малілася звонку. І з’явіўся перад ім Анёл Госпадаў, стоячы па правым баку ахвярніка каджэння, дык Захарыя стрывожыўся, бачачы [гэта], ды [вялікі] страх ахапіў яго. Тады Анёл прамовіў да яго: «Не бойся, Захарыя, бо пачута маленне тваё, вось жа, жонка твая Лізавета народзіць табе сына, і назавеш яго Янам. Ды будзе табе радасць і пацеха, ды многія будуць радавацца з яго нараджэння. Ён будзе вялікім на віду Госпада, і не будзе піць віна і сіцэры, ды яшчэ ад улоння маці сваёй будзе напоўнены Духам Святым, і многіх сыноў Ізраэля наверне да Госпада, Бога іх. І пройдзе перад Ім у духу і магутнасці Іллі, каб звярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, а непаслухмяных — да мудрасці справядлівых, каб падгатаваць Госпаду народ падрыхтаваны». І сказаў Захарыя Анёлу: «З чаго я магу гэта ведаць? Бо я стары, і жонка мая на схіле дзён сваіх». І, адказваючы, сказаў яму Анёл: «Я — Габрыэль, што стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і абвясціць табе гэтую радасную вестку. І вось, ты будзеш нямым ды не будзеш магчы гаварыць аж да дня, у які гэта здзейсніцца, таму што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час». І народ чакаў Захарыю, і дзівіліся, што ён так доўга марудзіць у святыні. Выйшаўшы, ён не мог да іх прамаўляць, дык пазналі, што ён бачыў з’яву ў святыні. А ён падаваў ім знакі і заставаўся нямым. І сталася, калі скончыліся дні службы яго, ён вярнуўся ў дом свой. А праз некалькі дзён жонка яго, Лізавета, пачала дзіця; і пяць месяцаў хавалася, кажучы: «Гэта ўчыніў мне Госпад у дні, у якія зірнуў на мяне, каб зняць ганьбу маю сярод людзей». А ў шосты месяц быў пасланы Богам Анёл Габрыэль у горад у Галілеі, званы Назарэт, да Дзевы, заручанай мужу, які меў імя Язэп, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Увайшоўшы да Яе, Анёл прывітаў: «Радуйся, ласкі поўная, дабраславёная Ты між жанчынамі, Госпад з Табою». А Яна стрывожылася словам яго і думала, што гэта за прывітанне такое? І гаворыць Ёй Анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Бога. І вось, пачнеш ва ўлонні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус. Ён будзе вялікім і Сынам Узвышняга будзе названы, і дасць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Яго; і будзе Ён валадарыць над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца». Марыя ж сказала Анёлу: «Як гэта можа стацца, калі Я мужа не спазнала?» І, адказваючы, Анёл сказаў Ёй: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Узвышняга агарне Цябе. Таму, што з Цябе народзіцца, Святое, назавецца Сынам Божым. І вось сваячка Твая, Лізавета, і яна пачала дзіця ў старасці сваёй, і ўжо шосты месяц у той, якую завуць няплоднай, бо ў Бога не бывае немагчымым ніводнае слова». Марыя ж сказала: «Вось жа, Я — служка Госпадава, хай Мне станецца паводле твайго слова». І Анёл адышоў ад Яе. У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла паспешліва ў горы, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Лізавету. І, калі Лізавета пачула прывітанне Марыі, зварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і Дух Святы напоўніў Лізавету, і ўсклікнула яна моцным голасам, кажучы: «Дабраславёная Ты між жанчынамі, і дабраславёны Плод улоння Твайго. А скуль жа мне гэта, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне? Вось, як толькі загучаў голас прывітання Твайго ў вушах маіх, зварухнулася з радасцю дзіцятка ў маім улонні. І шчасная Тая, што ўверыла, бо споўніцца сказанае Ёй ад Госпада». І сказала Марыя: «Узвялічвае душа Мая Госпада, і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збаўцы Маім, бо зірнуў Ён на пакорлівасць служкі Сваёй. Вось, адгэтуль шчаснай называць Мяне будуць усе роды, бо зрабіў Мне вялікае Магутны, і святое імя Яго, і міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне тым, што баяцца Яго. Выявіў магутнасць рукі Сваёй, разагнаў пыхлівых у намеры сэрца свайго, спіхнуў моцных з пасадаў і ўзвысіў пакорлівых; галодных насыціў даброццем, а багацеяў адправіў ні з чым. Прытуліў Ізраэля, слугу Свайго, памятаючы на міласэрнасць, як прадказаў бацькам нашым, Абрагаму і нашчадкам яго навечна». Ды заставалася з ёю Марыя каля трох месяцаў, і вярнулася ў Свой дом. А Лізавеце настаў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына. Яе суседзі і сваякі, пачуўшы, што ўзвялічыў Госпад у ёй Сваю міласэрнасць, радаваліся разам з ёю. І сталася: у восьмы дзень сабраліся яны абрэзаць хлопчыка ды назваць яго імем бацькі яго, Захарыем. І, адказваючы, маці яго сказала: «Ніякім чынам, але будзе названы Ян». І сказалі ёй: «У родзе тваім няма нікога, хто б называўся гэтым імем». Дык пыталі на мігі ў бацькі яго, як ён хацеў бы назваць яго. А той запатрабаваў дошчачку і напісаў словамі: «Ян імя яго». Дык здзівіліся ўсе. А ў гэты момант раскрыліся вусны яго ды развязаўся язык яго і стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога. Дык ахапіў страх усіх іх суседзяў, і па ўсіх гарах Юдэі разнесліся словы пра ўсё гэта. А ўсе, што пра гэта пачулі, разважалі ў сэрцы сваім, кажучы: «Кім жа будзе гэта дзіця?» Бо рука Госпадава была з ім. І Захарыя, бацька яго, напоўнены Духам Святым, праракаваў кажучы: «Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, бо наведаў і адкупіў народ Свой, і падняў рог збаўлення нашага ў доме Давіда, паслугача Свайго, як прадказаў вуснамі святых прарокаў Сваіх, якія жылі ад пачатку вякоў, збаўленне ад ворагаў нашых ды з рук тых, што ненавідзяць нас; каб учыніць міласэрнасць бацькам нашым і ўспомніць святы запавет Свой, і прысягу, якую даў Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам, каб без страху, свабодныя ад рук ворагаў нашых, служылі Яму ў святасці і справядлівасці перад Ім ва ўсе дні жыцця нашага. І ты, дзіця, названы будзеш прарокам Узвышняга, бо пойдзеш перад абліччам Госпада, рыхтаваць дарогі Яму, каб даць народу Яго навуку збаўлення ў адпушчэнні грахоў іх праз міласэрнасць бязмежную Бога нашага, у якой Усход наведаў нас, сыходзячы з вышыняў, каб асвяціць тых, што сядзяць у поцемках і ў засені смерці, каб накіраваць ногі нашы на шлях супакою». А дзіця расло і ўзмацоўвалася духам, і заставалася ў пустыні аж да дня свайго з’яўлення перад Ізраэлем.
І сталася ў тыя дні: выйшаў загад ад цэзара Аўгуста, каб перапісаць увесь свет. Гэты перапіс быў першы і зроблены за гаспадараннем Квірына ў Сірыі. І ішлі ўсе запісацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у Давідаў горад, які называўся Бэтлехэм, таму што быў з дому і роду Давідава, каб запісацца разам з Марыяй, заручанай яму жонкаю, Якая была цяжарная. І сталася, калі там былі, прыйшоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына Свайго першароднага, і спавіла Яго ў пялёнкі, і паклала Яго ў яслі, бо не было для іх месца ў заездзе. У той ваколіцы былі пастухі на полі, якія пільнавалі і вартавалі ўночы пры сваім статку. І паўстаў перад імі Анёл Госпадаў, і слава Госпада асвяціла іх, і яны вельмі спалохаліся. І сказаў ім Анёл: «Не бойцеся, вось, абвяшчаю вам радасць вялікую, якая будзе ўсім людзям: сёння нарадзіўся вам Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпад, у горадзе Давіда. Такі вось вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае ў пялёнкі і пакладзенае ў яслях». Ды раптам з Анёлам з’явілася мноства войска нябеснага, славячы Бога і кажучы: «Слава на вышынях Богу, і на зямлі супакой, людзям — добрая воля!» І сталася, як анёлы ўзняліся ад іх на неба, пастухі казалі адзін аднаму: «Хадземце ў Бэтлехэм і пабачым, што там сталася, пра што паведаміў нам Госпад». І пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю, і Язэпа, і Дзіця, што было пакладзена ў яслях. А ўбачыўшы, паведамілі пра слова, якое ім было сказана пра Дзіця гэтае. І ўсе, што чулі, дзівіліся таму, што ім расказалі пастухі. Марыя ж захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў сэрцы Сваім. І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана. І, калі мінула восем дзён, калі належала абрэзаць Дзіця, назвалі Яго імем Ісус, якое было Яму дадзена Анёлам, перш чым Ён быў пачаты ва ўлонні. І, калі споўніліся дні ачышчэння Яе па законе Майсея, прынеслі Яго ў Ерузалім, каб прадставіць Госпаду, як напісана ў законе Госпада: «Кожнае дзіця мужчынскага полу, што раскрывае ўлонне, будзе пасвячона Госпаду», ды каб скласці ахвяру паводле таго, што сказана ў законе Госпада: пару туркавак або два галубы. І вось, у той час быў у Ерузаліме чалавек, на імя Сімяон, і быў ён справядлівы, і баяўся Бога, і чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы быў на ім. Ён атрымаў абяцанне ад Духа Святога, што не пабачыць смерці, пакуль перш не ўбачыць Хрыста Госпадава. І, ведзены Духам, ён пайшоў у святыню. І, калі бацькі прынеслі Дзіцятка Ісуса ў святыню, каб выканаць закон адносна Яго, ён узяў Яго на рукі свае, і дабраславіў Бога, і сказаў: «Цяпер па слове Тваім, Госпадзе, адпускаеш паслугача Твайго ў супакоі, бо вочы мае бачылі збаўленне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад абліччам усіх народаў; святло для прасвятлення паганаў і славу народа Твайго, Ізраэля». Язэп жа і Маці Яго дзівіліся таму, што аб Ім казалі. І дабраславіў іх Сімяон, кажучы Марыі, Маці Яго: «Вось, Ён пастаўлены на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі ды на знак, якому будуць працівіцца, і Тваю ўласную душу праб’е меч, каб выявіліся намеры многіх сэрцаў». Там жа была і прарочыца Ганна, дачка Фануэля, з пакалення Асэрава. Яна была на схіле дзён сваіх, ад дзявоцтва свайго з мужам жыла сем гадоў, і была ўдавой васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не пакідала святыні, служачы там Богу днём і ўночы ў постах і маленнях. Яна, вось, прыйшоўшы ў тую пару, славіла Госпада і расказвала аб Ім усім, якія чакалі адкуплення ў Ерузаліме. І, калі споўнілі ўсё паводле закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у Назарэт, горад свой. А Дзіця расло і ўмацоўвалася Духам, поўнае мудрасці, ды ласка Божая была на Ім. І хадзілі бацькі Яго штогод у Ерузалім на ўрачыстасць Пасхі. І, калі Ён меў ужо дванаццаць гадоў, пайшлі яны, як звычайна, на свята, і, калі, па заканчэнні святочных дзён, вярталіся, хлопчык Ісус застаўся ў Ерузаліме, і не заўважылі гэтага Язэп і Маці Яго. Думаючы, што Ісус ідзе сярод іншых, прайшлі дзень дарогі і шукалі Яго паміж сваякоў і знаёмых, і, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго. І сталася, што па трох днях знайшлі Яго ў святыні, і Ён сядзеў паміж настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх. Усе, хто Яго слухалі, дзівіліся з розуму і адказаў Яго. І, убачыўшы Яго, здзівіліся. І Маці Яго сказала Яму: «Сынок, чаму так нам зрабіў? Вось жа, бацька Твой і Я, пакутуючы, шукалі Цябе». А Ён гаворыць ім: «Навошта Мяне шукалі? Няўжо не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?» Але яны не зразумелі гэтых слоў, якія ім сказаў. І пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І Маці Яго захавала ўсе словы гэтыя ў Сваім сэрцы. А Ісус сталеў мудрасцю, і гадамі, і ласкаю ў Бога і ў людзей.
На пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцкі Пілат кіраваў у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам Галілеі, а брат яго Піліп — тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай краіны, а Лісанія — тэтрархам Абіліны, пры першасвятарах Анну і Каяфу было слова Бога да Яна, сына Захарыі, у пустыні. І прайшоў ён усю зямлю вакол Ярдана, прапаведуючы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў, як напісана ў кнізе прамоў Ісаі прарока, які гаворыць: «Голас лямантуючага ў пустыні: “Рыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму. Хай усякая яма будзе засыпана, і кожная гара і ўзгорак хай будуць паніжаны, і крывізны хай стануць роўнымі, а церні — гладкімі дарогамі, і ўбачыць усякая плоць збаўленне Бога”». І натоўпам, што прыходзілі да яго атрымаць хрост, гаварыў: «Змяінае племя, хто паказаў вам, што пазбегнеце будучага гневу? Чыніце належныя плады навяртання, і перастаньце хваліцца між сабой: “Маем бацьку Абрагама”; бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў падняць сыноў Абрагаму. Ужо, вось, сякера прыстаўлена да карэнняў дрэў, кожнае дрэва, што не дае добрага плода, будзе ссечана і кінута ў агонь». Дык пыталіся ў яго натоўпы: «Што тады маем рабіць?» Адказваючы, ён гаварыў ім: «Хто мае дзве вопраткі, хай дасць таму, хто не мае. І хто мае ежу, хай зробіць падобна». Прыходзілі таксама мытнікі, каб атрымаць хрост, і яны сказалі яму: «Вучыцелю, што мы маем рабіць?» А ён ім сказаў: «Нічога не патрабуйце больш таго, што вам прызначана». Пыталіся ў яго таксама жаўнеры, кажучы: «А што мы маем рабіць?» А ён ім казаў: «Нікога не біце, не нагаворвайце і будзьце задаволены сваёю платаю». А калі народ сумняваўся ды ўсе ў душы пачыналі разважаць пра Яна, ці ён часам не Хрыстос, Ян адказваў, кажучы ўсім: «Я хрышчу вас вадою. Але ідзе дужэйшы за мяне, Катораму я не варты развязаць рамень Яго пасталоў. Ён будзе вас хрысціць Духам Святым і агнём. Ён трымае ў руцэ Сваёй веялку і ачысціць ток Свой, ды збярэ пшаніцу ў свіран Свой, а салому спаліць у агні незгасальным». Многаму таксама іншаму навучаючы, абвяшчаў народу добрую вестку. Але Ірад, тэтрарх, які дакараўся Янам дзеля Ірадыяды, жонкі брата яго, ды дзеля іншых ліхіх учынкаў, якія ўчыніў Ірад, дадаў да ўсяго і тое, што пасадзіў Яна ў вязніцу. І сталася, калі ўвесь народ хрысціўся і Ісус быў ахрышчаны і маліўся, адкрылася неба, і Дух Святы цялесна ў выглядзе голуба сышоў на Ісуса. І азваўся голас з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, у Табе Маё ўпадабанне». Ісус меў каля трыццаці гадоў, калі пачынаў Сваё служэнне, і быў, як лічылася, сынам Язэпа, сынам Гэлі, сынам Матата, сынам Леві, сынам Мэльха, сынам Яная, сынам Язэпа, сынам Мататыі, сынам Амоса, сынам Навума, сынам Эслі, сынам Нагі, сынам Маата, сынам Мататыі, сынам Сямэя, сынам Язэха, сынам Ёды, сынам Ёана, сынам Рэсы, сынам Зарабабэля, сынам Салатыэля, сынам Нэра, сынам Мэльха, сынам Адзі, сынам Касама, сынам Эльмадама, сынам Гэра, сынам Ешуа, сынам Эліязэра, сынам Ярыма, сынам Матата, сынам Леві, сынам Сімяона, сынам Юды, сынам Язэпа, сынам Ёны, сынам Эліякіма, сынам Мэлея, сынам Мэны, сынам Матата, сынам Натана, сынам Давіда, сынам Ясэя, сынам Абэда, сынам Баоза, сынам Салмона, сынам Наасона, сынам Амінадаба, сынам Адміна, сынам Арні, сынам Эсрома, сынам Пэрэса, сынам Юды, сынам Якуба, сынам Ізаака, сынам Абрагама, сынам Тэраха, сынам Нахора, сынам Сэруга, сынам Рагава, сынам Пэлега, сынам Гебэра, сынам Салы, сынам Кайнана, сынам Арпаксада, сынам Сэма, сынам Ноя, сынам Ламэха, сынам Мэтусалаха, сынам Гэноха, сынам Ярэда, сынам Малаліэля, сынам Кайнана, сынам Эноса, сынам Сэта, сынам Адама, сынам Бога.
Ісус, поўны Духа Святога, вярнуўся ад Ярдана і быў Духам заведзены ў пустыню на сорак дзён, і быў спакушаны д’яблам. Ды не еў у тыя дні анічога, а калі яны скончыліся, захацеў есці. І сказаў Яму д’ябал: «Калі Ты — Сын Божы, дык скажы гэтаму каменю, каб ён стаўся хлебам». І адказвае яму Ісус: «Напісана: “Не хлебам адзіным жыве чалавек, але ўсякім словам Божым”». Затым падняў Яго д’ябал на высокую гару і паказаў Яму ўсе царствы свету ў адзін момант, і гаворыць Яму д’ябал: «Дам Табе ўсю ўладу над гэтым сусветам і яго славу, бо мне гэта дадзена, і я, каму хачу, таму даю яе. Дык калі Ты паклонішся перада мной, усё будзе Тваё». І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Адыдзі ад Мяне, шатан, бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, будзеш пакланяцца ды Яму аднаму служыць будзеш”». Затым завёў Яго ў Ерузалім, і паставіў Яго на версе святыні, і сказаў Яму: «Калі Ты — Сын Божы, дык кінься адгэтуль ўніз. Бо напісана: “Загадаў Ён анёлам Сваім наконт Цябе, каб сцераглі Цябе”, ды: “На руках будуць насіць Цябе, каб не ўдарыўся аб камень нагою Сваёю”». Адказаў яму Ісус: «Сказана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”». І, скончыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябал адступіўся ад Яго да часу. І ў магутнасці Духа вярнуўся Ісус у Галілею, і чутка пра Яго разышлася па ўсёй краіне. І Ісус навучаў у сінагогах іх, і ўзвялічваўся ўсімі. І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і, па Сваім звычаі, у суботу ўвайшоў у сінагогу і падняўся чытаць. І падалі Яму кнігу прарока Ісаі. І, калі разгарнуў кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана: «Дух Госпада на Мне; таму Госпад Мяне намасціў, каб нёс добрую вестку ўбогім, паслаў Мяне лячыць раны зламаным сэрцам, прадказваць палонным свабоду, сляпым — відушчасць, а вязням — вызваленне, вясціць год спагадлівасці Госпада». І пасля таго, як закрыў кнігу, аддаў прыслужніку і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі звернуты на Яго. Ён пачаў тады казаць ім: «Сёння споўніліся толькі што вамі чутыя словы Пісання». Усе давалі Яму сведчанне і дзівіліся словам ласкі, што выходзілі з вуснаў Яго, і казалі: «Ці ж гэта не сын Язэпаў?» А Ён гаворыць ім: «Хіба скажаце Мне гэту прымаўку: “Лекар, вылечы Самога Сябе. Учыні і тут, у бацькаўшчыне Сваёй, тое, што, чулі мы, учыніў Ты ў Кафарнаўме”». І гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам, што ніводзін прарок не прымаецца ў сваёй бацькаўшчыне. Праўдзіва кажу вам: многа ўдоў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было замкнёна на тры гады і шэсць месяцаў ды быў вялікі голад на ўсёй зямлі; і да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, адно да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідонскай. Таксама было многа пракажоных у Ізраэлі ў час Элісея прарока, але ніводзін з іх не быў ачышчаны, адно Нааман з Сірыі». Чуючы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся злосцю, і паўскоквалі, і выгналі Яго за горад, ды ўзвялі Яго на верх гары, на якой стаяў горад іх, каб скінуць Яго. Але Ён, прайшоўшы між імі, адышоў. І сышоў у Кафарнаўм, горад галілейскі, і навучаў іх па суботах. І дзівіліся з навукі Яго, бо з уладай былі словы Яго. І быў у сінагозе чалавек, апанаваны духам дэмана нячыстага. І закрычаў ён моцным голасам: «Пакінь, што Табе да нас, Ісус з Назарэта? Ты прыйшоў губіць нас? Ведаю Цябе, Хто Ты ёсць, Святы Божы». Але Ісус забараніў яму, кажучы: «Замаўчы ды выйдзі з яго». І дэман, кінуўшы яго на сярэдзіну, выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму. І ахапіў жах усіх; і разважалі разам між сабою, кажучы: «Што гэта за слова, што мае ўладу і магутнасць загадваць духам нячыстым, і тыя выходзяць?» І так чутка аб Ім разыходзілася ў кожнае месца краіны. Выйшаўшы з сінагогі, пайшоў Ён у дом Сімона. А цешча Сімона была ў вялікай гарачцы, дык прасілі Яго за яе. І, стаўшы пры ёй, забараніў Ён гарачцы, і яна пакінула яе; і яна зараз жа, падняўшыся, паслугавала ім. А калі зайшло сонца, усе, што мелі хворых на ўсякія немачы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, ускладаючы рукі на кожнага, аздараўляў іх. З многіх выходзілі таксама дэманы, якія крычалі і казалі: «Ты — Хрыстос, Сын Божы». І, забараняючы ім, не дазваляў гаварыць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос. А калі настаў дзень, Ён, выйшаўшы, аддаліўся на пустыннае месца; і народ шукаў Яго і прыйшоў да Яго, і стараліся затрымаць, каб не адыходзіў ад іх. Але Ён гаворыць ім: «Трэба, каб Я і іншым гарадам абвяшчаў добрую вестку пра Валадарства Божае, бо Я дзеля гэтага пасланы». І далей навучаў у сінагогах Галілеі.
І сталася, калі натоўп ціснуўся да Яго слухаць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генезарэт, убачыў дзве лодкі, што стаялі пры беразе возера; рыбакі з іх выйшлі і паласкалі сеткі. Дык, увайшоўшы ў адну лодку, што была Сімонава, папрасіў, каб адплылі крыху ад берага. І, седзячы, навучаў людзей з лодкі. А як скончыў прамаўляць, сказаў Сімону: «Паплыві на глыбіню ды закіньце сеткі вашы на лоўлю». А Сімон, адказваючы Яму, сказаў: «Настаўнік, мы, усю ноч працуючы, нічога не злавілі. Аднак на Тваё слова закіну сетку». А калі гэта зрабілі, злавілі так многа рыбы, што іх сетка рвалася. Дык далі знак таварышам, якія былі ў другой лодцы, каб яны прыйшлі і дапамаглі ім. Дык прыйшлі і запоўнілі абедзве лодкі так, што ледзь не танулі. Калі ўбачыў гэта Сімон Пётра, паў да кален Ісуса, кажучы: «Адыдзі ад мяне, бо я — чалавек грэшны, Госпадзе». Бо ад такога налову рыбы, што яны злавілі, яго ды ўсіх, што з ім былі, ахапіў жах. Таксама і Якуба, і Яна, сыноў Зебядзеевых, таварышаў Сімона. І гаворыць Ісус Сімону: «Не бойся, адгэтуль ужо людзей лавіць будзеш». І, выцягнуўшы лодкі на бераг, пакінулі ўсё, і пайшлі за Ім. І здарылася, калі Ісус быў у адным горадзе, і вось, прыйшоў адзін чалавек цалкам пракажоны; ён, убачыўшы Ісуса, упаў на твар і прасіў Яго, кажучы: «Госпадзе, калі хочаш, можаш мяне ачысціць». І Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны». І зараз жа праказа сышла з яго. І загадаў яму, каб нікому пра гэта не гаварыў, але сказаў: «Ідзі, пакажыся святару і ахвяруй за сваё ачышчэнне, як загадаў Майсей на сведчанне ім». Але разыходзіліся весткі аб Ім тым больш, і збіраліся вялікія натоўпы людзей, каб паслухаць Яго ды быць аздароўленымі ў Яго ад сваіх немачаў. Але Ён аддаляўся ў пустыні і маліўся. І сталася: аднаго дня Ён навучаў; і сядзелі фарысеі і заканазнаўцы, што прыйшлі з усіх пасяленняў Галілеі, і Юдэі, і Ерузаліма. І магутнасць Госпадава была ў Яго на аздараўленне. І вось, мужчыны прынеслі чалавека, які быў спаралізаваны, на ложку і стараліся ўнесці яго і пакласці перад Ісусам. І, не знайшоўшы, з якога боку паднесці яго з-за натоўпу, узышлі на дах і праз сталяванне спусцілі яго на ложку на сярэдзіну перад Ісусам. І Ён, бачачы іх веру, сказаў яму: «Чалавеча, даруюцца табе грахі твае». І пачалі разважаць кніжнікі і фарысеі, кажучы: «Хто Ён, што блюзніць? Хто можа грахі дараваць, апрача аднаго Бога?» А Ісус пранік іх разважанні і сказаў, адказваючы ім: «Што вы думаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй сказаць: “Даруюцца табе грахі твае”, або: “Устань і хадзі?” Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — гаворыць спаралізаванаму: “Кажу табе, падыміся, вазьмі ложак свой ды ідзі да дому свайго”». І ён, зараз падняўшыся на віду ўсіх, узяў, на чым ляжаў, і пайшоў да дому свайго, славячы Бога. Дык усіх ахапіў жах, і славілі Бога, і былі поўныя страху, кажучы: «Бачылі мы сёння дзівосы». І пасля гэтага выйшаў Ён, і ўбачыў мытніка на імя Леві, які сядзеў пры мыце, і гаворыць яму: «Ідзі за Мною!» І ён, пакінуўшы ўсё, падняўшыся, пайшоў за Ім. Затым справіў Яму Леві вялікі банкет у доме сваім, і было вялікае мноства мытнікаў і іншых, якія ўзлягалі з імі. Дык наракалі фарысеі і кніжнікі на вучняў Яго, кажучы: «Чаму гэта вы з мытнікамі і грэшнікамі ясце і п’яце?» І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але немачныя. Не прыйшоў Я клікаць справядлівых, але грэшнікаў да навяртання». Але яны сказалі Яму: «Янавы вучні часта посцяць і моляцца, падобна і фарысейскія, а Твае ядуць і п’юць». І Ісус гаворыць ім: «Ці ж можаце змушаць посціць вясельнікаў, пакуль жаніх з імі? Прыйдуць, аднак, дні, калі забраны будзе ад іх жаніх, тады посціць яны будуць у тыя дні». Казаў ім яшчэ прыпавесць: «Ніхто латы з адзення новага не прышывае да старога адзення, бо і новае раздзярэ, ды лата з новага не надаецца да старога. Ніхто таксама новага віна не лье ў старыя мяхі, бо новае віно разрывае мяхі, і само разальецца, і мяхі прападуць. Але віно новае трэба ўліваць у новыя мяхі, тады адно і другое зберагаецца. Ды ніхто, п’ючы старое, не хоча адразу новага, бо кажа: “Старое лепшае”».
І сталася ў суботу, першую па другім дні Пасхі, калі праходзіў Ён праз пшанічнае поле, вучні Яго зрывалі каласы, расціралі зярняты рукамі ды елі. Некаторыя фарысеі сказалі: «Што гэта робіце, чаго нельга рабіць у суботу?» І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі? Як увайшоў у дом Божы, і сам браў хлябы пакладныя, і еў, ды даў тым, што з ім былі, хоць не належыць іх есці нікому, толькі святарам». І казаў ім: «Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы». У іншую суботу здарылася таксама, што Ісус увайшоў у сінагогу і навучаў. І быў там чалавек, які меў сухую правую руку. А кніжнікі і фарысеі сачылі за Ім, ці будзе ў шабат аздараўляць, каб знайсці прычыну абвінаваціць Яго. Але Ён ведаў думкі іх і гаворыць чалавеку, які меў сухую руку: «Падыміся і стань на сярэдзіне». І ён, падняўшыся, устаў. Тады гаворыць ім Ісус: «Пытаюся вас, ці можна ў суботу добра рабіць, ці блага, жыццё ўратаваць ці загубіць?» І, азірнуўшы навокал ўсіх, сказаў яму: «Выцягні руку тваю!» І ён выцягнуў, і сталася здаровай рука яго як другая. А яны прыйшлі ў шал і радзіліся між сабой, што зрабіць з Ісусам. І сталася ў тыя дні, пайшоў Ён на гару маліцца ды правёў усю ноч у малітве к Богу. І, калі настаў дзень, Ён паклікаў вучняў Сваіх ды выбраў паміж іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі: Сімона, якога пераназваў Пётрам, і Андрэя, брата яго, Якуба і Яна, Піліпа і Баўтрамея, Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеева, і Сімона, якога завуць Зэлотам, Юду Якубава ды Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам. І, выйшаўшы з імі, затрымаўся на роўным месцы разам з натоўпам Сваіх вучняў ды з вялікім мноствам людзей з усёй Юдэі і Ерузаліма, з узбярэжжа Тыра і Сідона, што прыйшлі, каб паслухаць Яго і быць аздароўленымі ад сваіх хваробаў; і тымі, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і былі аздароўлены. І ўвесь натоўп людзей стараўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго выходзіла магутнасць ды аздараўляла ўсіх. І Ён, узвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: «Шчасныя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае. Шчасныя, што цяпер галадаеце, бо будзеце насычаны. Шчасныя, што цяпер плачаце, бо будзеце смяяцца. Шчасныя вы будзеце, калі вас людзі будуць мець у нянавісці і калі вас адпіхнуць, і праклінаць вас будуць, і знеслаўляць імя ваша як ліхое з-за Сына Чалавечага. Радуйцеся ў той дзень і скачыце ад радасці, бо ўзнагарода ваша шчодрая на небе; бо так рабілі прарокам бацькі іх. Але гора вам, багацеі, бо маеце суцяшэнне ваша. Гора вам, што цяпер насычаны, бо будзеце галодныя. Гора вам, што цяпер смеяцеся, бо будзеце сумаваць і плакаць. Гора вам, калі аб вас добра гаварыць будуць усе людзі, бо так фальшывым прарокам рабілі бацькі іх. Але кажу вам, тым, хто слухае: любіце непрыяцеляў вашых, добра рабіце тым, што вас ненавідзяць, дабраслаўляйце тых, што вас праклінаюць, і маліцеся за тых, што вас ачарняюць. А хто б цябе ўдарыў у шчаку, падстаў яму і другую; і таму, хто забірае тваю вопратку, не забараняй узяць і туніку. Кожнаму, хто цябе просіць, дай, і ад таго, хто забірае нешта тваё, не патрабуй назад. І, як вы хочаце, каб вам людзі рабілі, так і вы ім рабіце. І, калі любіце тых, што вас любяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, якія іх любяць. І, калі вы робіце дабро тым, што вам дабро робяць, якая ж вам падзяка? Бо нават грэшнікі так робяць. І, калі пазычаеце тым, ад якіх спадзеяцеся звароту, дык якая ж вам падзяка? Бо і грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб вярнулі ім столькі ж. Вы ж любіце непрыяцеляў вашых і добра ім рабіце, і давайце пазыку, нічога назад не спадзеючыся; і ўзнагарода ваша будзе вялікай, і вы будзеце сынамі Узвышняга, бо Ён спагадны і да няўдзячных і благіх. Будзьце ж міласэрныя, як і ваш Айцец міласэрны. Не судзіце, і не будзеце асуджаны; не абвінавачвайце, і не будзеце абвінавачаны. Даруйце, і вам даруюць. Давайце, і будзе вам дадзена: меркай добрай, поўнай, патрэсенай і з верхам дадуць вам на ўлонне ваша, бо такой самай меркай, што вы мераеце, будзе вам адмерана». І сказаў ім для параўнання: «Ці можа сляпы весці сляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму? Вучань не большы за настаўніка: але, навучаны ўсяму, будзе, як настаўнік яго. Чаму бачыш сцяблінку ў воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку не бачыш? Або як можаш казаць брату твайму: “Дазволь, браток, выняць сцяблінку з вока твайго”, а бервяна, што ў тваім воку, не бачыш? Крывадушнік, вынь перш бервяно з твайго вока, а тады пабачыш, як выняць сцяблінку з вока брата твайго. І няма ані дрэва добрага, каб радзіла благія плады, ані благога дрэва, каб радзіла добрыя плады. Бо кожнае дрэва пазнаецца па сваім плодзе. Таксама не збіраюць фігаў з церняў або вінаграду з ажыны. Добры чалавек дабывае з добрай скарбонкі сэрца свайго дабро, а благі чалавек з ліхой скарбонкі сэрца свайго дабывае ліхоцце: бо ад перапоўненасці сэрца гавораць яго вусны. Чаму прызываеце Мяне: “Госпадзе, Госпадзе!”, — і не выконваеце таго, што кажу? Кожны, хто прыходзіць да Мяне, і слухае словы Мае, і выконвае іх, пакажу вам, да каго ён падобны: Ён падобны да чалавека, які збудаваў дом, і ўкапаўся глыбока, і паклаў падмурак на скале; а калі нахлынула паводка, ударыла рака ў той дом і не змагла яго зварухнуць, бо ён быў пабудаваны на скале. А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў свой дом на зямлі без падмурка, на які націснула рака — і зараз паваліўся, і разбурэнне дома таго было вялікае».
А калі напоўніў Ён Сваімі словамі вушы людзей, што слухалі Яго, накіраваўся ў Кафарнаўм. А ў аднаго сотніка быў паслугач, які быў яму вельмі дарагі, моцна хворы і пры смерці. І, калі пачуў ён пра Ісуса, паслаў да Яго старэйшын юдэйскіх, просячы Яго, каб прыйшоў і аздаравіў паслугача яго. Калі яны прыйшлі да Ісуса, пераканаўча прасілі Яго, кажучы: «Варты ён, каб гэта яму зрабіў, бо ён любіць наш народ, і пабудаваў нам сінагогу». Дык Ісус пайшоў з імі. А калі ўжо быў недалёка ад дома, паслаў сотнік сяброў сказаць Яму: «Госпадзе, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, бо лічу, што і сам я не варты прыйсці да Цябе; але скажы слова, і паздаравее паслугач мой. Бо і я — чалавек, пастаўлены пры ўладзе, маю пад сабой жаўнераў і кажу аднаму: “Ідзі”, і ён ідзе, а другому: “Прыйдзі”, і ён прыходзіць, і паслугачу свайму: “Рабі гэта”, і ён робіць». Ісус, пачуўшы гэта, падзівіўся на яго ды, звярнуўшыся да тых, што ішлі за Ім у натоўпе, сказаў: «Кажу вам, не знайшоў я такой веры ў Ізраэлі!» І тыя, што былі адпраўлены дамоў, калі вярнуліся, знайшлі слугу здаровым. І сталася пасля: адышоў у горад, які называецца Наін, і з Ім ішлі многія вучні Яго ды вялікі натоўп людзей. А калі падыходзіў да брамы горада, якраз выносілі нябожчыка, адзінага сына маці сваёй, якая была ўдавой, ды мноства людзей з горада з ёю. Калі ўбачыў яе Госпад, пашкадаваў яе ды сказаў ёй: «Не плач!» І падышоў і дакрануўся да труны; а тыя, што неслі, спыніліся. І гаворыць: «Юнача, кажу табе, устань!» І сеў той, які быў мёртвы, і пачаў гаварыць, і аддаў яго маці яго. Дык усіх ахапіў страх і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» ды: «Бог наведаў народ Свой». І разнесліся словы гэтыя пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсім наваколлі. І паведамілі Яну яго вучні пра ўсё гэта. Дык Ян паклікаў двух сваіх вучняў і паслаў іх да Ісуса, кажучы: «Ці Ты — Той, Які мае прыйсці, ці нам чакаць другога?» Як толькі яны прыйшлі да Яго, сказалі: «Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: “Ці Ты — Той, Які мае прыйсці, ці нам чакаць другога?”» А ў гэты час Ісус аздаравіў многіх ад хвароб, і ад пакут, і ад ліхіх духаў ды многім сляпым даў зрок. І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ідзіце і абвясціце Яну тое, што вы бачылі і чулі: сляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогя дабравесцяць; і шчасныя тыя, што з Мяне не згоршацца». І, калі адышліся пасланцы Яна, пачаў Ён казаць пра Яна да народа: «Што вы выйшлі глядзець у пустыню? Ці трысціну, якую вецер калыша? Ды што выйшлі пабачыць? Мо чалавека, што апрануты ў мяккія шаты? Вось, тыя, што ў багатых шатах ды ў раскошы, у дамах царскіх жывуць. Дык што вы выйшлі пабачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока. Ён той, аб кім напісана: “Вось жа, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табою”. Бо кажу вам: паміж народжаных жанчынамі няма прарока большага за Яна Хрысціцеля, але найменшы ў Валадарстве Божым большы за яго». І ўвесь народ, які Яго чуў, і мытнікі славілі справядлівасць Божую, хрысцячыся хростам Янавым. Фарысеі ж і заканазнаўцы адкінулі волю Божую аб сабе і не прынялі хросту ад яго. Тады Госпад сказаў: «З кім мог бы параўнаць Я гэтае пакаленне людзей і да каго яны падобны? Яны падобны да дзяцей, што сядзяць на рынку і кажуць адны да адных: “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі, спявалі сумныя песні, а вы не плакалі”. Прыйшоў Ян Хрысціцель, які хлеба не еў і віна не піў, — і вы кажаце: “Дэмана мае”. Прыйшоў Сын Чалавечы, Які есць і п’е, і вы кажаце: “Вось чалавек, абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў”. І апраўдана мудрасць усімі яе сынамі». Адзін фарысей запрасіў Яго да сябе паесці разам з ім; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, узлёг. І вось, адна жанчына, што была ў горадзе грэшніцай, як даведалася, што Ён узлягае пры стале ў доме фарысея, прынесла алябастравую пасудзіну алейку, ды, стаўшы ззаду каля ног Яго, пачала, плачучы, слязамі абліваць ногі Яго і абцірала валасамі сваёй галавы, ды цалавала ногі Яго і намашчала іх алейкам. Бачачы гэта, фарысей, што запрасіў Яго, падумаў, кажучы ў душы сваёй: «Каб Ён быў прарокам, ведаў бы, што гэта за жанчына, якая датыкаецца да Яго, бо яна — грэшніца». І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Сімоне, маю табе нешта сказаць». А ён гаворыць: «Настаўнік, кажы». «Нейкі пазычальнік меў двух даўжнікоў: адзін быў яму пяцьсот дынараў вінаваты, а другі — пяцьдзесят. Але як не мелі з чаго аддаць, дараваў ім абодвум. Дык скажы, які з іх больш удзячны яму?» Сімон, адказваючы, сказаў: «Думаю, што той, якому болей дараваў». А Ён сказаў яму: «Добра ты рассудзіў». І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сімону: «Бачыш гэтую жанчыну? Увайшоў Я ў дом твой, і ты не падаў Мне вады на ногі; а яна слязамі абмыла ногі Мае і валасамі сваімі абцёрла. Ты Мне пацалунку не даў; а яна, як Я ўвайшоў, не перастае цалаваць ногі Мае. Не намасціў ты галавы Маёй; а яна ногі Мае намасціла алейкам. Дзеля таго кажу табе: адпускаюцца многія грахі ёй, бо многа ўзлюбіла. А каму менш адпускаецца, той менш і любіць». Сказаў затым ёй: «Адпускаюцца грахі твае». І тыя, што ўзлягалі разам з Ім, сталі гаварыць між сабой: «Хто Ён, што нават грахі адпускае?» Затым сказаў Ісус жанчыне: «Вера твая збавіла цябе, ідзі ў супакоі».
І сталася потым: хадзіў Ён па гарадах і вёсках, навучаючы і несучы Добрую Вестку аб Божым Валадарстве, і былі з Ім дванаццаць і некалькі жанчын, якіх Ён вылечыў ад ліхіх духаў і ад немачаў: Марыя, якую звалі Магдаленай, з якой выйшла сем дэманаў, Ёана, жонка Хузы, пракуратара Ірадава, і Зузана, і многа іншых, якія служылі Яму з маёмасці сваёй. А калі сабраўся вялікі натоўп ды з розных гарадоў спяшаліся да Яго, Ён сказаў у параўнанне: «Выйшаў сейбіт сеяць зерне сваё. І, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было стаптана, ды птушкі нябесныя падзяўблі яго. А другое ўпала на камень і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці. Трэцяе ўпала паміж церняў, і церні, вырасшы, заглушылі яго. Чацвёртае ўпала на добрую зямлю і, калі вырасла, дало плод у сто разоў большы». Гэта кажучы, усклікваў: «Хто мае вушы слухаць, хай слухае». Вучні Яго пыталіся затым ў Яго, што значыць гэтая прыпавесць. Ён ім сказаў: «Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Божага, а іншым яны праз прыпавесці, хоць, гледзячы, яны не бачаць і, слухаючы, не разумеюць. А гэта такое параўнанне: зерне — гэта Слова Божае. А што пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, ды пасля прыходзіць д’ябал і вырывае слова з сэрца іх, каб, не паверыўшы, не былі збаўлены. А што на камені — гэта тыя, што слухаюць ды з радасцю прымаюць слова; але не маюць кораня і вераць да часу, і ў час згаршэння адпадаюць. Каторае ж упала паміж церняў — гэта тыя, што слухаюць; але, ідучы, клопатамі, і багаццем, і раскошаю жыцця заглушаюцца і не прыносяць плода. А што ў добрай зямлі — гэта тыя, што, добрым і шчырым сэрцам слухаючы слова, берагуць яго ды прыносяць плады ў цярплівасці. Ніхто, запаліўшы свечку, не ставіць яе пад пасудзіну або пад ложак, але ставіць на падсвечніку, каб бачылі святло тыя, што ўваходзяць. Бо няма нічога схаванага, што не было б выяўлена, ані таемнага, што б не спазналася і не выйшла на яву. Глядзіце ж, як вы слухаеце. Бо хто мае, будзе яму дададзена, а хто не мае, у таго нават тое, што, яму здаецца, ён мае, будзе аднята». Тады прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі падысці з-за натоўпу людзей. І паведамілі Яму: «Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы Цябе пабачыць». А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выконваюць яго». І сталася аднаго дня, што Ісус з вучнямі Сваімі ўвайшоў у лодку і гаворыць ім: «Пераправімся праз возера». І паплылі. І, калі яны плылі, заснуў. І наляцеў моцны вецер на возера, і хвалі залівалі іх, так што апынуліся ў небяспецы. І, падышоўшы, абудзілі Яго, кажучы: «Вучыцель, Вучыцель, мы гінем!» Дык Ён устаў і забараніў ветру і хваляванню вады, і яны супакоіліся, і настала ціша. І сказаў ім: «Дзе ваша вера?» Яны ж, напалоханыя, былі здзіўлены, кажучы адзін аднаму: «Хто ж Ён, што вятрам і вадзе загадвае, і яны Яго слухаюць?» Затым паплылі яны ў краіну Гадарынскую, што насупраць Галілеі. І, калі выйшаў Ён на бераг, сустрэў Яго чалавек нейкі з горада, апанаваны дэманамі; і ўжо доўгі час не надзяваў ён вопраткі і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах. І, як убачыў ён Ісуса, упаў перад Ім, ускрычаўшы, і моцным голасам сказаў: «Што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Узвышняга? Малю Цябе, каб мяне не мучыў». Бо Ісус загадаў нячыстаму духу, каб ён выйшаў з чалавека. А той ужо ад даўнейшага часу валодаў ім, і звязвалі яго ланцугамі і трымалі ў путах; і, парваўшы ланцугі, быў ён гнаны дэманам у пустыню. Дык запытаўся ў яго Ісус, кажучы: «Якое тваё імя?» А ён сказаў: «Легіён», бо многа дэманаў увайшло ў яго. І прасілі Яго, каб не загадваў ім ісці ў бездань. А там на гары пасвіўся вялікі статак свінняў. Дык прасіліся ў Яго, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім. І тады выйшлі дэманы з чалавека і ўвайшлі ў свінняў, і статак рынуўся са стромы ў возера, і патануў. Бачачы, што здарылася, пастухі ўцяклі і расказалі пра гэта ў горадзе і ў вёсках. Дык выйшлі паглядзець, што сталася, і прыйшлі да Ісуса, і ўбачылі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзіць апрануты і ў здаровым розуме ля ног Ісуса, і апанаваў іх страх. А тыя, што бачылі, расказалі ім, як быў уратаваны той, што цярпеў пакуту ад дэмана. І ўвесь шматлікі народ краіны Гадарынскай прасіў Яго, каб Ён пакінуў іх, бо былі ахоплены вялікім страхам. І Ісус, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся. А той чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб застацца пры Ім. Але Ісус адправіў яго, кажучы: «Вярніся ў дом твой і расказвай, што ўчыніў табе Бог». І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, што Ісус учыніў яму. Калі Ісус вярнуўся, пераняў Яго натоўп людзей, бо ўсе Яго чакалі. І вось, прыйшоў чалавек, на імя Яір, ён быў начальнік сінагогі, і паў да ног Ісуса, просячы Яго, каб увайшоў у дом яго, бо была ў яго дачка адзіная, гадоў каля дванаццаці, і яна памірала. І калі Ісус ішоў, народ націскаў на Яго. І адна жанчына, што была дванаццаць гадоў крывацечнай, выдала на лекараў усю сваю маёмасць, і ніхто яе не аздаравіў, яна падышла ззаду і дакранулася да краю шаты Яго, і ў той жа час спынілася цячэнне крыві ў яе. І гаворыць Ісус: «Хто дакрануўся да Мяне?» А калі ўсе адмаўляліся, Пётра і быўшыя з ім сказалі: «Вучыцель, людзі націскаюць на Цябе і штурхаюць, а Ты кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”». Ісус жа сказаў: «Нехта дакрануўся да Мяне, бо ведаю, што магутнасць выйшла з Мяне». А жанчына, бачачы, што яна не ўтаілася, падышла ў трымценні і пала перад Ім, і перад усім народам прызналася Яму, чаму дакранулася да Яго і як адразу паздаравела. А Ісус сказаў ёй: «Мацуйся, дачка, вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі». Калі Ён яшчэ гаварыў, хтосьці прыйшоў з дома начальніка сінагогі, кажучы яму: «Дачка твая памерла, не турбуй Вучыцеля». Але Ісус, пачуўшы гэтае слова, адказаў яму: «Не бойся, толькі вер, і будзе яна збаўлена». І, калі Ісус прыбыў у дом, не дазволіў нікому ўвайсці, адно Пётры, Яну і Якубу разам з бацькам і маці дзяўчынкі. А ўсе плакалі і галасілі па ёй. А Ён сказаў: «Не плачце, бо яна не памерла, але спіць». Дык смяяліся з Яго, ведаючы, што яна памерла. А Ён, узяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: «Дзяўчынка, устань!» І вярнуўся ў яе дух, і яна зараз устала; і Ён загадаў даць ёй есці. І здзівіліся яе бацькі; Ён жа загадаў, каб нікому не гаварылі аб тым, што сталася.
Склікаўшы дванаццаць вучняў, Ісус даў ім уладу і магутнасць над усімі дэманамі і каб яны аздараўлялі ад хвароб, і паслаў іх прапаведаваць Валадарства Божае і аздараўляць хворых, і сказаў ім: «Не бярыце нічога ў дарогу: ані кія, ані торбы, ані хлеба, ані грошай, ані дзвюх вопратак. Ды ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выходзьце ў дарогу. І, калі б дзе вас не прынялі, выходзячы з таго горада, пыл абтрасіце з ног вашых на сведчанне супраць іх». Дык яны, выйшаўшы, абыходзілі вёскі, несучы Добрую Вестку і аздараўляючы ўсюды. А тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што адбывалася, і не ведаў, што аб гэтым думаць, бо адны казалі: «Ян уваскрос з мёртвых», другія: «Ілля з’явіўся», а трэція: «Адзін з даўнейшых прарокаў уваскрос». І гаворыць Ірад: «Яну я адсёк галаву; хто ж тады Той, аб Якім я чую такое?» І стараўся пабачыць Яго. Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму пра ўсё, што зрабілі. Дык, узяўшы іх з Сабою, адышоў у пустыннае месца каля горада, які называўся Бэтсайда. Калі пра гэта даведаліся натоўпы, пайшлі за Ім. І Ён прыняў іх, і прамаўляў ім аб Валадарстве Божым, а тых, што мелі патрэбу ў лячэнні, аздараўляў. А дзень пачаў сыходзіць, і, падышоўшы да Яго, дванаццаць сказалі Яму: «Адпусці людзей, каб пайшлі ў пасяленні і вёскі, што навокал, і знайшлі, што паесці, бо тут мы ў пустынным месцы». А Ён гаворыць ім: «Вы дайце ім есці». А яны сказалі: «Мы не маем нічога, толькі пяць хлябоў і дзве рыбы, хіба толькі пойдзем і купім ежы на ўвесь гэты натоўп». Бо было іх каля пяці тысяч мужчын. Дык гаворыць Ісус Сваім вучням: «Зрабіце, каб яны паселі радамі па пяцьдзесят». І яны зрабілі так, і рассадзілі ўсіх. А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, зірнуў на неба, і дабраславіў іх, і паламаў, і даваў вучням Сваім, каб яны раздалі людзям. І елі ўсе, і наеліся; і сабрана было таго, што засталося ў іх, дванаццаць кашоў кавалкаў. І сталася, калі Ён адзін маліўся, а з Ім былі вучні, спытаўся Ён у іх, кажучы: «За каго лічаць Мяне людзі?» А яны, адказваючы, сказалі: «За Яна Хрысціцеля, другія — за Іллю, а іншыя кажуць: “Адзін з даўнейшых прарокаў уваскрос”». І сказаў Ён ім: «А вы за каго Мяне лічыце?» Адказваючы, сказаў Пётра: «За Хрыста Божага». Ён, аднак, забараніўшы ім, загадаў, каб нікому гэтага не казалі, кажучы: «Трэба, каб Сын Чалавечы шмат цярпеў і быў адкінуты старэйшынамі, і першасвятарамі, і кніжнікамі, і каб быў забіты, і на трэці дзень уваскрос». А ўсім казаў: «Калі хто хоча ісці за Мной, хай адрачэцца ад самога сябе, і возьме крыж свой штодзённы, і ідзе следам за Мною. А хто б хацеў душу сваю ўратаваць, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю за Мяне, выратуе яе. Бо што за карысць чалавеку, калі б увесь свет здабыў, але сябе загубіў або сабе шкоду зрабіў? Бо калі хто пасаромеецца Мяне і слоў Маіх, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Айца, і святых анёлаў. Сапраўды кажу вам: некаторыя з тых, што тут стаяць, не спазнаюць смерці, перш чым не пабачаць Валадарства Божага». І сталася: [амаль] праз восем дзён пасля гэтых слоў Ён узяў з Сабой Пётру, і Яна, і Якуба і ўзышоў на гару, каб памаліцца. І сталася, калі маліўся, выгляд аблічча Яго перамяніўся, і адзенне Яго зрабілася бліскуча-белым. І вось, два мужы гаварылі з Ім, а гэта былі Майсей і Ілля, якія, з’явіўшыся ў славе, гаварылі аб Яго зыходзе, які належала Яму здзейсніць ў Ерузаліме. Пётра ж і тыя, што з ім, былі змораны сном. А абудзіўшыся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі з Ім. І сталася, калі яны адыходзілі ад Яго, Пётра гаворыць Ісусу: «Вучыцель, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Іллі адну», не ведаючы, што гаварыў. А калі ён гэта гаварыў, з’явілася воблака і засланіла іх; і спалохаліся яны, калі ўвайшлі у гэтае воблака. І пачуўся голас з воблака, які казаў: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце». І калі голас сціх, Ісус застаўся адзін. І яны маўчалі, і нікому не расказвалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі. І сталася на наступны дзень, калі сыходзілі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп. І вось, адзін чалавек з натоўпу закрычаў, кажучы: «Настаўнік, малю Цябе, глянь на майго сына, бо ён у мяне адзін. І вось жа, дух хапае яго, і ён раптоўна крычыць, ды кідае яго з пенай, і ледзь адступае ад яго, катуючы яго. І я прасіў вучняў Тваіх, каб яны выгналі яго, але не змаглі». Тады Ісус, адказваючы, сказаў: «О род няверны і пераваротны, дакуль буду сярод вас ды буду вас цярпець? Прывядзі сына твайго сюды». А калі падыходзіў, таргануў яго дэман і кінуў яго. Але Ісус забараніў духу нячыстаму і аздаравіў юнака, і аддаў яго бацьку яго. Таму ўсе дзівіліся з магутнасці Бога. А калі ўсе дзівіліся ўсяму, што зрабіў Ісус, сказаў вучням Сваім: «Укладзіце вы ў вушы свае гэтыя словы: Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей». Але яны не разумелі гэтага слова, бо было закрыта перад імі, каб не маглі ўцяміць яго, а баяліся запытацца ў Яго аб гэтым слове. З’явілася ж у іх думка, хто з іх большы. А Ісус, ведаючы думкі сэрца іх, узяўшы дзіця, паставіў яго каля Сябе і гаворыць ім: «Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае, бо хто Мяне прыме, прымае Таго, Хто Мяне паслаў. Бо хто найменшы сярод вас усіх, той ёсць большы». Адказваючы, Ян сказаў: «Вучыцель, мы бачылі, як нехта ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць з намі». І гаворыць яму Ісус: «Не забараняйце, бо хто не супраць нас, той за нас». І сталася, калі набліжаліся дні зыходу Яго, Ён звярнуў аблічча Сваё, каб ісці ў Ерузалім, і паслаў перад Сабой вестуноў. І, пакрочыўшы, яны ўвайшлі ў паселішча самарыцянскае, каб прыгатаваць для Яго. Але не прынялі Яго, бо меў выгляд таго, хто ідзе ў Ерузалім. Калі ўбачылі гэта вучні Яго, Якуб і Ян, то сказалі: «Госпадзе, хочаш, мы скажам, каб сышоў агонь з неба і спаліў іх, як і Ілія зрабіў?» Але Ён, павярнуўшыся, забараніў ім, і сказаў: «Не ведаеце, якога вы духа: бо Сын Чалавечы не прыйшоў душы людзей загубіць, але ўратаваць». І пайшлі ў другое сяленне. І сталася, калі яны ішлі дарогаю, нехта сказаў Яму: «Госпадзе, пайду за Табой, куды толькі пойдзеш». І гаворыць яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе б галаву прыхіліць». А іншаму гаворыць: «Ідзі за Мной!» А той сказаў: «Госпадзе, дазволь мне перш пайсці і пахаваць бацьку майго». Але Ісус сказаў яму: «Пакінь, хай мёртвыя хаваюць сваіх мёртвых, а ты ідзі абвяшчай Валадарства Божае». А іншы гаворыць: «Пайду за Табой, Госпадзе, але дазволь мне перш развітацца з тымі, хто ў мяне дома». Але Ісус гаворыць яму: «Ніхто не прыдатны для Валадарства Божага, хто ўскладае руку сваю на плуг і азіраецца назад».
Пасля гэтага Госпад вызначыў іншых семдзесят і паслаў іх перад абліччам Сваім па двое ў кожны горад і месца, куды Сам меўся пайсці. І казаў ім: «Сапраўды жніво вялікае, працаўнікоў мала. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў працаўнікоў на жніво Сваё. Ідзіце; вось, Я пасылаю вас, як ягнят пасярод ваўкоў. Не насіце з сабою ані капшука, ані торбы, ані пасталоў ды нікога ў дарозе не вітайце. У які дом увойдзеце, перш скажыце: “Супакой гэтаму дому”. І, калі будзе там сын супакою, застанецца на ім супакой ваш; а калі не, вернецца да вас. У тым жа доме заставайцеся, ешце і піце, што ёсць у ім: бо працаўнік варты платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. І ў які горад увойдзеце і прымуць вас, ешце, што вам пададуць, і аздараўляйце хворых, што ў ім, ды кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”. А калі ў які горад увойдзеце і не прымуць вас, выходзячы на вуліцы іх, кажыце: “Нават і пыл, што прыліп нам да ног з вашага горада, абтрасаем мы на вас; а ўсё ж такі ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”. Кажу вам, што лягчэй будзе Садому ў той дзень, чым гораду таму. Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсайда! Бо калі б у Тыры і Сідоне гэтыя цуды адбываліся, што ў вас, яны б ужо даўно, у зрэбніцы і попеле седзячы, пакаяліся. Аднак лягчэй будзе Тыру і Сідону на судзе, чым вам. І ты, Кафарнаўм, хіба ты аж да неба ўзнёсся? Дык у пекла будзеш укінуты! Хто вас слухае, Мяне слухае; і хто вамі пагарджае, Мною пагарджае; а хто Мною пагарджае, пагарджае Тым, Хто Мяне паслаў». Затым з радасцю вярнуліся семдзесят, кажучы: «Госпадзе, нават дэманы паддаюцца нам у імя Тваё!» І гаворыць ім: «Я бачыў шатана, што падаў з неба, як маланка. Вось жа, Я даў вам уладу таптаць змеяў і скарпіёнаў ды ўсю варожую сілу; і нішто вам не будзе шкодзіць. Аднак не з таго весяліцеся, што духі вам паддаюцца, але з таго радуйцеся, што імёны вашы запісаны на нябёсах». У той час узрадаваўся Ісус у Духу і сказаў: «Слаўлю Цябе, Ойча, Госпад неба і зямлі, што закрыў гэта перад мудрымі і прадбачлівымі і адкрыў гэта малым; так, Ойча, бо так спадабалася Табе. Усё дадзена Мне Айцом Маім; і ніхто не ведае, Хто ёсць Сын, толькі Айцец, і Хто ёсць Айцец, толькі Сын ды каму Сын хацеў бы адкрыць». І, звярнуўшыся да вучняў Сваіх, сказаў: «Шчасныя вочы, якія бачаць, што вы бачыце. Бо кажу вам: многія прарокі і цары хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і не бачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не чулі». І вось, адзін заканазнаўца ўстаў, выпрабоўваючы Яго і кажучы: «Настаўнік, што маю рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?» А Ісус сказаў яму: «Што напісана ў законе? Як чытаеш?» Той, адказваючы, сказаў: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцай тваёй, і ўсім розумам тваім, і блізкага твайго, як сябе самога». Ісус сказаў яму: «Добра ты адказаў; рабі гэтак — і будзеш жыць». Той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: «А хто мой блізкі?» Працягваючы, Ісус сказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузаліма ў Ерыхон і трапіў да разбойнікаў, якія раздзеўшы яго і пабіўшы, адышлі, пакінуўшы ледзь жывога. Здарылася, што гэтаю дарогай праходзіў нейкі святар і, паглядзеўшы на яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, калі быў недалёка ад таго месца і бачыў яго, прамінуў яго. А самарыцянін нейкі, праходзячы гэтай дарогай каля яго і ўбачыўшы яго, праявіў міласэрнасць, ды, падышоўшы, абвязаў раны яго, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы на сваю жывёліну, завёз у заезд, і даглядаў яго. А назаўтра дастаў два дынары і даў гаспадару заезду і гаворыць яму: “Апякуйся над ім, а калі больш выдасі, я, як вярнуся, дадам табе”. Хто з гэтых трох, здаецца табе, быў блізкім таму, хто трапіў да разбойнікаў?» Ён сказаў: «Той, хто аказаў яму міласэрнасць». І сказаў яму Ісус: «Ідзі і ты рабі падобна». Калі ж яны ішлі, Ён зайшоў у адно сяленне, і адна жанчына на імя Марта прыняла Яго. І была ў яе сястра на імя Марыя, якая нават села ля ног Ісуса і слухала Яго слова. Марта ж завіхалася старанна ў многіх паслугах, потым спынілася і гаворыць: «Госпадзе, хіба няма Табе справы, што сястра пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы ёй, каб яна мне дапамагла». І, адказваючы, сказаў ёй Ісус: «Марта, Марта, пра многае ты рупішся і клапоцішся, а адно толькі патрэбна; Марыя выбрала найлепшую долю, якая не будзе аднята ў яе».
І сталася, калі быў Ён у нейкім месцы, молячыся, як скончыў, сказаў Яму адзін з вучняў Яго: «Госпадзе, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў». А Ён гаворыць ім: «Калі моліцеся, кажыце: “Ойча наш, Які ў нябёсах, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё. Станься воля Твая як у нябесах, так і на зямлі! Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння. І даруй нам грахі нашы, як і мы даруем кожнаму нам вінаватаму, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога”». Затым гаворыць ім: «Хто з вас будзе мець прыяцеля, і пойдзе да яго апоўначы, і скажа яму: “Прыяцелю, пазыч мне тры хлябы, бо прыбыў да мяне мой прыяцель з дарогі і не маю чым яго прыняць”; а той знутры адкажа, кажучы: “Не дакучай мне; дзверы ўжо замкнёны, і дзеці мае са мной у ложку, не магу ўстаць і даць табе”. Кажу вам: нават калі не падымецца і не дасць яму дзеля таго, што з’яўляецца яго прыяцелем, дык дзеля яго дакучлівасці ўстане і дасць, колькі яму трэба. Дык і Я вам кажу: прасіце — і будзе вам дадзена; шукайце — і знойдзеце; стукайце — і будзе вам адчынена. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і таму, хто стукае, будзе адчынена. І калі ў кагосьці з вас, як у бацькі, сын папросіць хлеба, ці падасць яму камень, калі папросіць рыбу, ці ж замест рыбы дасць яму змяю? Або калі папросіць яйка, ці ж дасць яму скарпіёна? Таму, калі вы, хоць і благія, умееце даваць дзецям вашым добрыя дары, дык наколькі ж больш Айцец з неба дасць Духа Святога тым, хто просіць Яго». І раз выгнаў Ён дэмана, і быў ён нямы; і сталася, калі дэман выйшаў, нямы пачаў гаварыць. І дзівіліся людзі. А некаторыя з іх казалі: «Моцаю Бэльзебула, князя дэманаў, Ён выганяе дэманаў». А іншыя, выпрабоўваючы Яго, патрабавалі ад Яго знака з неба. Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Кожнае царства, падзеленае ў самім сабе, не выстаіць, і дом на дом упадзе. А калі і шатан падзелены ў самім сабе, дык як утрымаецца царства яго? Бо вы кажаце, што Я праз Бэльзебула выганяю дэманаў. А калі Я праз Бэльзебула выганяю дэманаў, дык сыны вашы праз каго выганяюць? Таму яны будуць суддзямі вашымі. Але калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, значыць прыйшло да вас Валадарства Божае. Калі ўзброены асілак ахоўвае дом свой, дык у бяспецы тое, што ён мае. А калі дужэйшы ад яго прыйдзе і пераможа яго, дык забярэ ўсю яго зброю, на якую спадзяваўся, і здабычу яго падзеліць. Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мною, той раскідае. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, бадзяецца па бязводных мясцінах, шукаючы спачынку, і, не знаходзячы яго, кажа: “Вярнуся ў дом свой, адкуль выйшаў”. І, калі прыходзіць, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным. Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых за сябе, ды, увайшоўшы, яны пасяляюцца там, і апошнее робіцца таму чалавеку горшае за першае». І сталася, калі Ён гэтак навучаў, адна жанчына з натоўпу, узвысіўшы голас, сказала Яму: «Шчаснае ўлонне, якое вынасіла Цябе, ды грудзі, якія выкармілі Цябе». А Ён сказаў: «Тым болей шчасныя тыя, што слухаюць слова Божае ды захоўваюць яго». А калі сабраліся людзі, пачаў казаць: «Род гэты ёсць род нягодны; шукае знака, і знак не будзе дадзены яму, толькі знак Ёны прарока. Бо як Ёна быў знакам для нініўцаў, так Сын Чалавечы будзе знакам для роду гэтага. Царыца з поўдня падчас суда паўстане разам з людзьмі гэтага пакалення ды асудзіць іх, бо яна прыбыла з канца зямлі паслухаць мудрасці Саламона, а вось, тут большы за Саламона. Мужы з Нінівы стануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны на заклік Ёны навярнуліся, а вось, тут большы за Ёну. І ніхто, запаліўшы свечкі, не ставіць у сховішча або пад пасудзіну, але на падсвечніку, каб бачылі святло яе ўсе тыя, што ўваходзяць. Светач цела — вока. Дык калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе светлае; а калі вока тваё будзе нягодным, дык і ўсё цела тваё цёмным будзе. Дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не сталася цемрай. Калі ж усё цела тваё светлым будзе, не маючы ані часткі зацемненай, дык усё будзе светлым, быццам свяцільнік у ззянні сваім асвятляе цябе». І, калі Ён гаварыў, адзін фарысей запрасіў, каб Ён паабедаў у яго; і, увайшоўшы, Ён узлёг. Але фарысей здзівіўся, бачачы, што Ісус не памыў рукі перад абедам. І гаворыць Госпад яму: «Цяпер вы, фарысеі, абмываеце тое, што звонку чары і місы, але тое, што ўнутры вас, — поўнае сквапнасці і беззаконня. Неразумныя! Ці ж Той, Хто стварыў знешняе, не стварыў таксама нутра? Лепш давайце людзям міласціну з таго, што ўнутры, і вось, усё будзе вам чыстым. Але гора вам, фарысеі, што даяце дзесяціну з мяты, і руты, і з усякай гародніны, а не звяртаеце ўвагі на справядлівасць і любоў Бога. Трэба і гэта выканаць, і таго не забываць. Гора вам, фарысеі, што любіце першыя лаўкі ў сінагозе і прывітанні на рынку. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо вы, як магілы, якіх не відаць, і людзі, ходзячы па іх, не ведаюць». Адзін з заканазнаўцаў, адказваючы, гаворыць Яму: «Настаўнік, так гаворачы, Ты нас зневажаеш». А Ён гаворыць: «І вам, заканазнаўцы, гора, бо вы накладаеце на людзей цяжары невыносныя, а самі нават пальцам вашым не кранаеце грузу. Гора вам, што будуеце магілы прарокам, а вашы бацькі пазабівалі іх. Сапраўды, вы сведчыце і згаджаецеся з учынкамі бацькоў вашых, бо яны іх пазабівалі, а вы [ім магілы] будуеце. Дзеля таго і мудрасць Божая сказала: “Пашлю да іх прарокаў і Апосталаў, і з іх адных пазабіваюць, а другіх пераследаваць будуць, каб спагнана была кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэння свету, з роду гэтага, пачынаючы ад крыві Абэля аж да крыві Захарыі, які загінуў між ахвярнікам і святыняй”. Канешне скажу вам: будзе спагнана з роду гэтага. Гора вам, заканазнаўцы, што вы ўзялі ключ разумення! І самі не ўвайшлі, і тым, што ўваходзілі, перашкодзілі». І, калі Ён казаў ім гэта, фарысеі і кніжнікі пачалі гвалтоўна наступаць на Яго і закідваць пытаннямі пра многае, падпільноўваючы Яго і шукаючы, каб падлавіць у чым-небудзь з Яго вуснаў, каб абвінаваціць Яго.
Калі сабраўся велізарны натоўп кругом Яго, так што адны на адных націскалі, пачаў спярша Ён гаварыць да вучняў Сваіх: «Сцеражыцеся кіслі фарысейскай, якая ёсць крывадушнасць. Бо няма анічога скрытага, што не было б выяўлена, ані таксама тайнага, чаго б не ўведалі. Бо што вы гаварылі ў цемры, пачуецца ў святле, ды што ў вуха гаварылі ў пакоях, будзе абвешчана на дахах. Кажу ж вам, сябрам Маім: не бойцеся тых, што забіваюць цела і пасля гэтага нічога болей не могуць зрабіць. А Я перасцерагаю вас, Каго баяцца: бойцеся Таго, Хто па забіцці мае ўладу ўкінуць у пекла. Так, кажу вам: Яго бойцеся. Ці ж не прадаюць пяць вераб’ёў за два асарыі? Але ні адзін з іх не забыты перад Богам. Але і валасы на галаве вашай усе палічаны. Таму не бойцеся: вы ж важнейшыя за мноства вераб’ёў. Кажу ж вам: кожны, хто прызнае Мяне перад людзьмі, таго і Сын Чалавечы прызнае перад анёламі Божымі; а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, таго і Ён адкіне перад анёламі Божымі. І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе даравана; але хто б блюзніў на Духа Святога, не будзе таму даравана. А калі вас павядуць у сінагогі, і да начальства, і да ўладаў, не турбуйцеся, як і што маеце адказаць ці што гаварыць, бо Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што вам трэба казаць». Нехта з натоўпу гаворыць Яму: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай». Але Ён сказаў яму: «Чалавеча, хто ж паставіў Мяне суддзёй і размеркавальнікам над вамі?» Ды сказаў ім: «Зважайце і высцерагайцеся ўсякай хцівасці, бо, калі хто і мае дастатак, яго жыццё не ў тым, што мае». І сказаў ім прыпавесць, кажучы: «Поле аднаго багацея дало шчодры ўраджай. Дык ён разважаў у сваёй душы, кажучы: “Што мне зрабіць, бо не маю дзе падзець свайго ўраджаю?” Ды сказаў: “Вось што зраблю: развалю свае свірны, і пабудую большыя, і туды збяру ўсе плады мае і даброцце маё, і скажу душы маёй: “Душа, маеш многа даброццяў, назапашаных на шмат гадоў; адпачывай, еш, пі, весяліся”. Але Бог сказаў яму: “Бязглузды! У гэтую ноч запатрабуюць душу тваю ад цябе, а тое, што прыгатаваў, чыё будзе?” Так бывае з тым, хто для сябе збірае скарбы, а перад Богам не багаты». І сказаў вучням Сваім: «Дзеля таго кажу вам: не турбуйцеся дзеля душы вашай, што будзеце есці, ані дзеля цела, што на яго ўздзенеце. Бо душа важнейшая за ежу, і цела — за адзенне. Паглядзіце на груганоў, якія ані сеюць, ані жнуць, і няма ў іх ані камор, ані свірнаў, і Бог іх корміць; наколькі ж вы больш вартыя за птушак. Ды хто з вас сваім клопатам можа дадаць хоць адзін локаць да свайго росту? Калі вы нават і найменшай рэчы не можаце, дык чаму пра іншыя турбуецеся? Прыгледзьцеся да лілей, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць; але кажу Я вам: нават Саламон ва ўсёй сваёй славе не быў так апрануты, як адна з іх. Дык калі траву, што сёння на полі, а заўтра ў печ кінута, Бог так апранае, дык куды больш вас, малаверы. Таму вы не шукайце, што будзеце есці або што будзеце піць, і не турбуйцеся. Бо гэтага ўсяго народы свету шукаюць; ваш жа Айцец ведае, што гэта патрэбна вам. Дык перш шукайце Валадарства Божага, і гэта ўсё вам прыкладзецца. Не бойся, малы статак, бо даспадобы было Айцу вашаму даць вам Валадарства. Прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Спраўце сабе капшукі, што не нішчэюць, скарб бязмежны ў нябёсах, куды злодзей не набліжаецца і дзе моль не з’ядае; бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша. Хай паясніцы вашы будуць падперазаныя і светачы запалены ў руках вашых, а вы самі падобны да людзей, што чакаюць гаспадара свайго, калі ён вернецца з вяселля, каб, калі надыдзе і пастукае, адразу адчыніць яму. Шчасныя тыя слугі, якіх гаспадар прыйдзе і знойдзе, што яны не спяць. Сапраўды кажу вам: ён падпярэжацца, і скажа ім узлегчы за сталом, ды, абыходзячы, будзе паслугаваць ім. І, ці ён прыйдзе ў другую варту, ці ў трэцюю варту прыйдзе і такімі іх знойдзе, шчасныя тыя слугі. А гэта ведайце, што, калі б гаспадар дома ведаў, у які час злодзей прыйдзе, чакаў бы яго і не дазволіў бы яму падкапацца ў дом свой. Так і вы будзьце гатовы, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую вы не спадзеяцеся». Затым гаворыць Яму Пётра: «Госпадзе, ці нам гаворыш гэта для параўнання, ці, можа, усім?» І сказаў Госпад: «Хто, думаеш, ёсць верны і разумны аканом, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі, каб даваў ім у час меру пшаніцы? Шчасны той слуга, калі гаспадар прыйдзе і знойдзе, што ён так робіць. Сапраўды кажу вам: над усім, чым валодае, паставіць ён яго. А калі той слуга скажа ў сэрцы сваім: “Гаспадар мой марудзіць з прыходам”, ды пачне біць паслугачоў і паслугачак, есці, піць ды напівацца, прыйдзе гаспадар паслугача таго ў дзень, у які не спадзяецца, і ў час, якога не ведае, і адлучыць яго, ды прызначыць яго долю разам з нявернымі. Той жа паслугач, які ведаў волю гаспадара свайго, але не прыгатаваўся і не рабіў паводле волі яго, будзе строга пакараны. А той, які не ведаў і рабіў вартае кары, будзе пакараны меней. Ад кожнага, каму болей дадзена, болей спытаюць, і ад таго, каму многа даручана, болей патрабаваць будуць. Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і чаго хачу? Каб ён ужо гарэў! Я маю быць хростам ахрышчаны, і як жа Я пакутую, пакуль гэта не споўніцца! Ці ж думаеце, што Я прыйшоў супакой прынесці на зямлю? Не, кажу вам, але раздзяленне. Адсюль вось будуць пяцёра ў адным доме падзеленыя: трое супраць двух, а двое супраць трох. Раздзеляцца бацька з сынам, а сын з бацькам, маці з дачкой, а дачка з маці, свякроў з нявесткай сваёй, а нявестка з свекроўю сваёй». Далей прамаўляў і да людзей: «Калі вы бачыце хмару, што падымаецца з захаду, зараз кажаце: “Набліжаецца навальніца”, і так стаецца. А калі вецер дзьме з поўдня, кажаце: “Будзе спякота”, і так стаецца. Крывадушнікі, аблічча зямлі і неба ўмееце распазнаць, чаму ж гэтага часу не ўмееце распазнаць? Дык чаму самі сябе не судзіце па справядлівасці? Калі ідзеш з супраціўнікам тваім да начальніка, дык па дарозе старайся вызваліцца ад яго, каб ён не павёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў бы цябе кату, а кат не кінуў бы цябе ў вязніцу. Кажу табе, не выйдзеш адтуль, пакуль не разлічышся да апошняга аса».
У гэты самы час прыйшлі некаторыя, паведаміўшы Яму пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ці вы думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі, чым іншыя галілейцы, што так пацярпелі? Не, кажу вам, але, калі вы не навернецеся, усе падобна пагінеце. Або тыя васемнаццаць, на якіх упала вежа ў Сіло і забіла іх; вы думаеце, што яны былі больш вінаватымі, чым усе людзі, што жывуць у Ерузаліме? Не, кажу вам, але, калі не навернецеся, усе вы падобна пагінеце». Затым казаў ім гэтую прыпавесць: «Нехта меў дрэва фігавае, пасаджанае ў яго вінаградніку, і раз прыйшоў шукаць пладоў на ім і не знайшоў. Дык сказаў вінаградару: “Вось, ужо тры гады, як я прыходжу, шукаючы плода на гэтым дрэве фігавым, і не знаходжу. Выкарчуй яго. Нашто ж тады зямлю займае?” А той, адказваючы, гаворыць яму: “Гаспадару, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем, можа, стане даваць плод, а калі не, то выкарчуеш яго”». І навучаў Ён у адной сінагозе ў суботу. І вось, адна жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы, была сагнутая і не магла ніяк глянуць уверх. Калі ўбачыў яе Ісус, паклікаў ды гаворыць ёй: «Жанчына, вызвалена ты ад сваёй немачы», і ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася і славіла Бога. Тады начальнік сінагогі, абураны, што Ісус аздараўляў у суботу, казаў, звяртаючыся да людзей: «Ёсць шэсць дзён, у якія належыць працаваць, дык у тыя дні прыходзьце і аздараўляйцеся, а не ў дзень суботы». А Госпад адказаў і сказаў яму: «Крывадушнікі, ці ж кожны з вас у суботу не адвязвае вала свайго або асла ад ясляў ды не вядзе напаіць? А ці ж гэтае дачкі Абрагама, якая шатанам звязана вось ужо васемнаццаць гадоў, не належала вызваліць з гэтых путаў у суботу?» Калі гэта казаў, засаромеліся ўсе Яго супраціўнікі, а ўвесь народ цешыўся з усіх слаўных дзеяў Яго. Дык далей казаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і да чаго прыпадобню яго? Падобна яно да гарчычнага зярняці, якое, узяўшы, чалавек пасеяў у сваім агародзе; вырасла яно, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя гняздзіліся на яго галінах». І зноў гаварыў: «З чым параўнаю Валадарства Божае? Яно падобна да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меркі мукі, пакуль не ўкісла ўсё». І хадзіў, навучаючы па гарадах і вёсках, накіроўваючы шлях у Ерузалім. І хтосьці гаворыць Яму: «Госпадзе, ці мала тых, што будуць збаўлены?» А Ён сказаў ім: «Намагайцеся ўвайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць імкнуцца ўвайсці і не змогуць. Бо калі ўстане Гаспадар дома і замкне дзверы, будзеце стаяць вонкі і стукацца ў дзверы, кажучы: “Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам”; і Ён, адказваючы, скажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы”. Тады пачнеце гаварыць: “Мы елі і пілі з Табою, і навучаў Ты на нашых вуліцах”; але Ён скажа: “ Кажу вам, не ведаю вас, адкуль вы. Адыдзіцеся ад Мяне ўсе, што чыніце беззаконне”. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ізаака, ды Якуба, ды ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а саміх сябе вон выкінутых. Ды прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і ўзлягуць у Валадарстве Божым. І вось, ёсць апошнія, якія стануць першымі, і першыя, якія стануць апошнімі». У той самы час падышлі да Яго некалькі фарысеяў, кажучы Яму: «Выходзь і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць». Ён гаворыць ім: «Ідзіце і скажыце таму лісу: “Вось, Я выганяю дэманаў і ўчыняю аздараўленні сёння і заўтра, а на трэці дзень скончу”. Аднак трэба, каб Я хадзіў сёння, і заўтра, і надалей, бо не бывае, каб прарок гінуў па-за Ерузалімам. Ерузалім, Ерузалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасланы, колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, але вы не захацелі. Вось, застанецца вам дом ваш пусты”. Сапраўды кажу вам: “Не ўбачыце Мяне, аж пакуль не надыдзе час, калі скажаце: “Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада”».
І сталася, калі Ісус у суботу ўвайшоў у дом аднаго з начальнікаў фарысейскіх паесці хлеба, яны сачылі за Ім. І вось, быў перад Ім нейкі хворы на вадзянку чалавек. І, звярнуўшыся, запытаў Ісус заканазнаўцаў і фарысеяў, кажучы: «Ці належыць аздараўляць у суботу, ці не?» Але яны маўчалі. Тады Ён, дакрануўшыся, аздаравіў яго і адпусціў. І сказаў ім: «Калі ў каго-небудзь з вас асёл або вол уваліцца ў студню, ці не зараз выцягне яго ў дзень суботы?» І не маглі яны на гэта адказаць Яму. І расказваў Ён запрошаным прыпавесць, прыглядаючыся, як яны выбіралі першыя месцы, кажучы ім: «Калі будзеш запрошаны кім-небудзь на вяселле, не ўзлягай на першым месцы, каб часам не быў запрошаны больш шаноўны за цябе, бо тады той, хто цябе і яго запрасіў, прыйшоўшы, скажа табе: “Саступі яму месца”, і тады ты з сорамам зоймеш апошняе месца. Дык калі ты будзеш пакліканы, ідзі і сядзь на апошнім месцы, каб, калі надыдзе той, хто цябе запрасіў, сказаў табе: “Прыяцель, сядзь вышэй”; тады будзе табе пашана перад банкетуючымі з табою. Бо кожны, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны». Потым гаварыў і таму, хто Яго запрасіў: «Калі спраўляеш абед або вячэру, не запрашай сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў, ані багатых суседзяў, каб яны часам цябе не запрасілі ў адказ і каб не было табе адплаты. Але, калі спраўляеш банкет, пакліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых — і шчасны будзеш, бо тыя, што запрошаны, не маюць чым адплаціць табе. Адплачана табе будзе пры ўваскрашэнні справядлівых». І, калі пачуў гэта, адзін з гасцей сказаў Яму: «Шчасны той, хто будзе есці хлеб у Валадарстве Божым!» Сказаў яму: «Адзін чалавек справіў вялікую вячэру і паклікаў многа гасцей; і паслаў свайго слугу ў пару вячэры сказаць запрошаным: “Прыходзьце, бо ўжо ўсё прыгатавана”. І пачалі ўсе адразу прасіць прабачэння. Першы сказаў яму: “Купіў я поле і маю патрэбу пайсці і агледзець яго; прашу цябе, прабач мне”. А другі сказаў: “Купіў я пяць пар валоў і іду іх праверыць; прашу цябе, прабач мне”. А трэці сказаў: “Я ажаніўся, і з-за таго не магу прыйсці”. І, вярнуўшыся, паслугач расказаў гэта гаспадару свайму. Тады ўгнеўлены гаспадар дома сказаў паслугачу свайму: “Ідзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, і калек, і кульгавых, і сляпых”. І гаворыць паслугач: “Гаспадару, усё зроблена, як загадаў ты, але яшчэ ёсць месца”. І гаворыць гаспадар слузе: “Выйдзі на дарогі і да заплоццяў і пераканай увайсці, каб дом мой напоўніўся. Кажу вам, што ніводзін з тых людзей, што былі пакліканы, не пакаштуе маёй вячэры”». І хадзілі з Ім вялікія натоўпы, і, павярнуўшыся да іх, Ён сказаў: «Калі хто прыходзіць да Мяне, і не мае ў нянавісці бацьку свайго, і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, а пры тым і душу сваю, не можа быць вучнем Маім. І хто ідзе за Мной і не нясе крыжа свайго, не можа быць вучнем Маім. Бо хто з вас, жадаючы збудаваць вежу, не сядзе перш і не палічыць патрэбных выдаткаў, ці мае чым яе дакончыць? Каб, калі закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, якія гэта бачаць, не сталі смяяцца з яго, кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць”. Або які цар, збіраючыся ісці на вайну супраць другога цара, не сядзе перш і не абдумае, ці мог бы ён з дзесяццю тысячамі пайсці супраць таго, які ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? Інакш, калі той яшчэ далёка, адправіўшы пасланніка, просіць яго, каб былі ў міры. Так, вось, кожны з вас, хто не зрачэцца ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем. Соль добрая, але, калі яна страціць сілу, чым яе пасаліць? Не прыдатная яна ані ў зямлю, ані ў гной, але вон яе выкінуць. Хто мае вушы слухаць, няхай слухае».
Прыходзілі да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. І наракалі фарысеі і кніжнікі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі». І распавядае ім тады для параўнання, кажучы: «Ці ёсць між вамі чалавек, які мае сто авечак, і, калі б згубіў адну з іх, ці ж ён не пакідае дзевяноста дзевяць у пустыні і ці не ідзе за той, што прапала, пакуль яе не знойдзе? І, калі яе знойдзе, кладзе сабе на плечы і цешыцца. І, прыйшоўшы, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Павіншуйце мяне, бо я адшукаў авечку маю, якая была прапаўшая”. Кажу вам: такая будзе радасць на небе дзеля аднаго грэшніка, што навяртаецца; большая, чым дзеля дзевяноста дзевяці справядлівых, якім не патрэбна навяртанне. Або жанчына, якая мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, ці не паліць свечкі і ці не мяце ў хаце ды не шукае рупліва, аж пакуль не знойдзе? А калі знойдзе, склікае сябровак і суседак, кажучы: “Павіншуйце мяне, бо я знайшла драхму, якую згубіла”. Так кажу вам: будзе радасць сярод анёлаў Божых дзеля аднаго грэшніка, што навяртаецца». І гаворыць далей: «Адзін чалавек меў двух сыноў. І маладзейшы з іх сказаў бацьку: “Айцец, дай мне частку маёмасці, што мне належыць”. І той раздзяліў між імі маёмасць. І праз некалькі дзён маладзейшы сын, забраўшы ўсё, выправіўся ў далёкую краіну і прамантачыў там сваю маёмасць, жывучы распусна. І, калі растраціў усё, настаў вялікі голад у той краіне, ды і сам ён пачаў галадаць. Дык пайшоў і прымкнуў да аднаго з грамадзян той краіны, і той паслаў яго на сваё поле пасвіць свінняў. І ён рады быў напоўніць жывот свой стручкамі, якія елі свінні, але ніхто яму не даваў. І, разважыўшы гэта, сказаў: “Колькі парабкаў у бацькі майго ўдосталь маюць хлеба, а я тут з голаду паміраю. Устану і пайду да бацькі майго ды скажу яму: “Айцец, зграшыў я перад небам і перад табой, і ўжо не варты называцца тваім сынам; учыні мяне адным з парабкаў сваіх”. І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго. А калі ён быў яшчэ далёка, бацька яго ўбачыў яго і, узрушаны міласэрнасцю, пабегшы, кінуўся на шыю яго і цалаваў яго. Сын жа сказаў яму: “Айцец, я зграшыў перад небам і перад табой; і ўжо не варты называцца сынам тваім”. І сказаў бацька слугам сваім: “Хутка прынясіце найлепшыя шаты і ўздзеньце на яго, і дайце яму пярсцёнак на палец яго і пасталы на ногі, і прывядзіце кормнае цяля, забіце і будзем есці і весяліцца, бо сын мой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца. А старэйшы сын яго быў на полі і, калі вяртаўся і падыходзіў да дому, пачуў музыку і скокі, і паклікаў аднаго паслугача ды спытаўся, што гэта здарылася. А той сказаў яму: “Брат твой прыйшоў, дык бацька твой забіў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровага”. Абурыўся ён тады і не хацеў заходзіць. А бацька яго выйшаў і пачаў прасіць яго. А ён, адказваючы, сказаў бацьку: “Я, вось, столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, а ты мне ніколі не даў казляняці, каб я павесяліўся з сябрамі сваімі. А пасля таго як вярнуўся гэты сын твой, што прамантачыў з распусніцамі маёмасць тваю, дык забіў ты яму кормнае цяля”. А ён сказаў яму: “Сыне, ты заўсёды са мной, і ўсё, што маё — тваё. Трэба ж аднак радавацца і весяліцца, бо брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”».
І прамаўляў Ён да вучняў Сваіх: «Быў адзін багаты чалавек, які меў аканома, і зняславілі таго перад гаспадаром, што распускае яго дабро. І пазваў ён яго, і гаворыць яму: “Што гэта я чую пра цябе? Здай справаздачу аканомства твайго, бо ўжо не можаш быць аканомам”. І гаворыць пра сябе аканом: “Што мне рабіць, раз гаспадар мой адбірае ад мяне аканомства? Капаць не магу, а жабраваць саромеюся. Ведаю, што мне рабіць, каб, калі буду адсунуты ад аканомства, прынялі мяне ў дамы свае”. Склікаўшы тады паасобку даўжнікоў гаспадара свайго, казаў першаму: “Колькі вінаваты ты гаспадару майму?” Той сказаў: “Сто бочак алею”. Дык сказаў яму: “Вазьмі распіску тваю, сядзь хутка, напішы пяцьдзясят”. Потым сказаў другому: “А ты колькі вінаваты?” Той гаворыць: “Сто мер пшаніцы”. І гаворыць яму: “Вазьмі распіску тваю ды напішы восемдзясят”. Дык пахваліў гаспадар аканома нягоднага, што разумна зрабіў. Бо сыны гэтага веку разумнейшыя ў сваім родзе за сыноў святла. І Я вам кажу: здабывайце сабе сяброў багаццем нягодным, каб, калі яго не стане, прынялі вас у вечныя сялібы. Хто верны ў малым, і ў вялікім верны. А хто ў малым нягодны, і ў вялікім нягодны. Дык калі вы ў нягоднай мамоне не былі вернымі, хто вам даверыць сапраўднае? І калі вы ў чужым не былі вернымі, дык хто вам дасць ваша? Ніводзін паслугач не можа двум гаспадарам служыць: або аднаго будзе ненавідзець, а другога будзе любіць, або аднаму будзе адданы, а другім будзе пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне». А гэта ўсё слухалі і фарысеі, якія былі хцівымі, і кпілі з Яго. Дык гаворыць ім: «Вы ўважаецеся за справядлівых перад людзьмі; але Бог ведае сэрцы вашы, бо што для людзей з’яўляецца высокім, тое ў Бога — агіда. Закон і прарокі былі аж да Яна; а адгэтуль весціцца Валадарства Божае, і кожны дзеля яго сілу прымяняе. Але лягчэй небу і зямлі прамінуць, чым адна крэска з закона знікне. Кожны, хто кідае жонку сваю і бярэ іншую, чужаложыць; і хто кінутую мужам за жонку бярэ, чужаложыць. Жыў адзін багаты чалавек, і апранаўся ў пурпур і вісон ды штодзённа бліскуча баляваў. І быў нейкі жабрак імем Лазар які ляжаў увесь у больках каля яго брамы і прагнуў заспакоіць голад крошкамі, што спадалі са стала багацея; толькі сабакі прыходзілі і лізалі болькі яго. І сталася, што жабрак памёр, і анёлы занеслі яго на ўлонне Абрагама; памёр таксама багацей і быў пахаваны. І ў пекле быў ён у пакутах, узводзячы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і на ўлонні яго Лазара. І, закрычаўшы, сказаў: “Ойча Абрагаме, злітуйся нада мной і пашлі Лазара, хай умочыць у вадзе канец пальца свайго і змочыць язык мой, бо мучуся ў полымі гэтым”. І сказаў Абрагам: “Сыне, прыпомні, як ты ў жыцці сваім карыстаўся даброццямі тваімі, а Лазар гэтак жа благаццём; ён цяпер тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. Да ўсяго гэтага паміж намі і вамі прорва вялікая, каб тыя, што хочуць адсюль да вас перайсці, не маглі, ані адтуль да нас перабрацца”. Дык гаворыць: “Малю цябе, ойча, каб паслаў яго ў дом бацькі майго, — бо маю пяць братоў, — каб засведчыў ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты”. Кажа яму Абрагам: “Маюць Майсея і прарокаў; хай слухаюць іх”. Але ён сказаў: “Не, ойча Абрагам, але калі хто з памерлых пойдзе да іх, навернуцца”. А ён гаворыць яму: “Калі не слухаюць Майсея і прарокаў, дык, каб і хто з мёртвых паўстаў, не павераць”».
І гаворыць Ён вучням Сваім: «Немагчыма, каб не прыйшлі згаршэнні, але гора таму, праз каго яны прыходзяць. Лепш было б яму, каб павесіць яму жоран млынавы на шыю ды ўкінуць у мора, чым бы ён згоршыў аднаго з малых гэтых. Сачыце за сабой! Калі брат твой зграшыў супраць цябе, дакары яго і, калі навернецца, даруй яму. І, калі б сем разоў на дзень зграшыў адносна цябе і сем разоў на дзень звярнуўся да цябе, кажучы: “Каюся за гэта”, — даруй яму». І сказалі Апосталы Госпаду: «Павяліч нам веру». А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру як зярнятка гарчычнае, дык сказалі б гэтаму дрэву морвы: “Вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора”, і яно паслухала б вас. А хто з вас, маючы паслугача аратага або пастуха, калі ён вернецца з поля, скажа яму: “Ідзі хутчэй за стол”? І ці не скажа: “Прыгатуй мне вячэру і падперажыся ды паслугуй мне, пакуль буду есці і піць, а потым ты будзеш есці і піць”? Ці ён дзякуе слузе таму, што ён зрабіў тое, што яму загадана? Не думаю. Так і вы, калі споўнілі ўсё, што вам загадана, кажыце: “Паслугачы мы нічога не вартыя; што павінны былі зрабіць, зрабілі”». І сталася, калі ішоў Ён у Ерузалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй. І калі ўваходзіў Ён у адно паселішча, перанялі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія сталі здалёк і крычалі яны ўголас, кажучы: «Ісусе, Вучыцель, памілуй нас!» Ён, як убачыў іх, сказаў: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». І сталася, што, калі яны ішлі, ачысціліся. Адзін жа з іх, як агледзеўся, што стаў здаровы, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога, і паў на твар ля ног Яго, дзякуючы Яму; а быў ён самарыцянін. І, адказваючы, Ісус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? І дзе ж дзевяць? Не знайшоўся з іх ніхто, хто б вярнуўся, каб аддаць хвалу Богу, акрамя гэтага чужынца?» І гаворыць яму: «Устань, ідзі: вера твая выратавала цябе». І, запытаны фарысеямі, калі надыдзе Валадарства Божае, адказваючы, сказаў ім: «Валадарства Божае не прыйдзе відавочна і не скажуць: “Вось тут” або: “Там”; вось жа Валадарства Божае ўнутры вас ёсць». І гаворыць вучням: «Прыйдуць дні, калі вы будзеце прагнуць бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага і не ўбачыце. І скажуць вам: “Вось, тут”, “Вось, там”; не ідзіце і не шукайце. Бо, як маланка, ззяючы з-пад неба, асвятляе тое, што пад небам, такім будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой. Але трэба, каб Ён перш многа перацярпеў ды быў адкінуты гэтым пакаленнем. І як сталася ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага: елі і пілі, жаніліся і замуж выдавалі аж да дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і выгубіў усіх. Падобна, як сталася ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі; аж у дзень, калі Лот выйшаў з Садома, паліліся з неба дажджом агонь ды серка і выгубілі ўсіх. Так будзе ў дзень, калі Сын Чалавечы аб’явіцца. У той дзень, хто будзе на даху, а прылады яго дома, хай не сыходзіць, каб іх забраць; і хто на полі, хай таксама не вяртаецца. Памятайце пра жонку Лота. Калі б хто стараўся душу сваю зберагчы, загубіць яе, а хто загубіць яе, той ажывіць яе. Кажу вам: у тую ноч будуць удвух на адным ложку: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты; і дзве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінута. І ўдвух будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты». Адказваючы Яму, яны кажуць: «Дзе, Госпадзе?» А Ён сказаў ім: «Дзе будзе цела, там збяруцца і арлы».
Таксама расказваў ім прыпавесць аб тым, што заўсёды трэба маліцца і не ўкідацца ў роспач, кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, што Бога не баяўся і не саромеўся людзей. Была ў гэтым горадзе ўдава і прыйшла да яго, кажучы: “Абарані мяне ад майго супраціўніка”. А ён не хацеў доўгі час, а пасля таго сказаў сам у сабе: “Хоць я Бога не баюся і чалавека не шаную, аднак, паколькі надакучыла мне гэтая ўдава, абараню яе, каб ізноў, прыйшоўшы, не надакучала мне”». Дык гаворыць Госпад: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя; а ці ж Бог не возьмецца бараніць выбраннікаў Сваіх, якія днём і ўночы прызываюць Яго да сябе, ды ці будзе мець абыякавасць да іх? Кажу вам: хутка ўчыніць ім абарону. Але, прыйшоўшы, Сын Чалавечы ці знойдзе веру на зямлі?» Некаторым, якія былі ўпэўнены ў сабе, што яны справядлівыя, а іншымі пагарджалі, сказаў Ён таксама такую прыпавесць: «Два чалавекі ўвайшлі ў святыню, каб памаліцца: адзін — фарысей, а другі — мытнік. Фарысей, стоячы, так маліўся ў сабе: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, несправядлівыя, чужаложнікі або як гэты мытнік. Пошчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю”. А мытнік, стоячы здалёку, не адважваўся нават падняць вочы ў неба, але біў сябе ў грудзі, кажучы: “Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнага”. Кажу вам: гэты вярнуўся дамоў больш апраўданым, чым той: бо кожны, хто ўзвышаецца, будзе прыніжаны, а хто прыніжаецца, будзе ўзвышаны». Прыносілі да Яго таксама дзетак, каб дакрануўся да іх; бачачы гэта, вучні забаранялі ім. Але Ісус, паклікаўшы іх да Сябе, сказаў: «Дазваляйце дзецям прыходзіць да Мяне і не ўзбараняйце ім; бо такіх ёсць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага як дзіця, не ўвойдзе ў яго». І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: «Вучыцель добры, што маю рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?» А Ісус яму сказаў: «Чаму Мяне завеш добрым? Ніхто не добры, адзін толькі Бог. Ведаеш прыказанні: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, паважай бацьку твайго і маці тваю?» А ён гаворыць: «Я гэта ўсё выконваў ад маленства майго». Пачуўшы гэта, Ісус гаворыць яму: «Яшчэ аднаго табе не хапае: прадай усё тое, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, ідзі за Мной». Той жа, пачуўшы гэта, засмуціўся, бо быў вельмі багаты. Ісус, бачачы, што ён зрабіўся сумным, сказаў: «Як цяжка тым, што маюць багацце, увайсці ў Валадарства Божае! Бо лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае». Дык сказалі тыя, што слухалі: «Хто ж можа быць тады збаўлены?» Ён жа сказаў: «Што немагчыма ў людзей, тое магчыма ў Бога». Гаворыць Пётра: «Вось жа, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой». Ён сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто б пакінуў дом, або жонку, або братоў, або бацькоў, або дзяцей дзеля Валадарства Божага, каб не атрымаў многа больш у гэты час, а ў веку будучым — жыццё вечнае». І ўзяў Ён з Сабой дванаццаць, і гаворыць ім: «Вось, ідзём у Ерузалім, і здзейсніцца ўсё, што напісана прарокамі пра Сына Чалавечага: бо будзе выдадзены паганам і высмеяны, і зняважаны ды апляваны, і, пасля таго, як убічуюць, заб’юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсне». Але яны з гэтага нічога не зразумелі; і гэтае слова было схавана ад іх, і не разумелі, што гаварылася. І сталася, калі Ён падыходзіў да Ерыхона, нейкі сляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы. І, калі ён пачуў, што міма праходзіць натоўп, спытаўся, што гэта такое. І сказалі яму: «Ісус Назарэй праходзіць». Дык пачаў крычаць, кажучы: «Ісус, Сын Давідаў, злітуйся нада мной!» А тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў; але ён тым мацней крычаў: «Сыне Давідаў, злітуйся нада мной!» Спыніўшыся, Ісус загадаў прывесці яго да Сябе. І, калі ён падышоў, спытаўся ў яго кажучы: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» А ён сказаў: «Госпадзе, каб я бачыў». Сказаў яму Ісус: «Праглянь! Вера твая збавіла цябе». І зараз стаў бачыць, ды ішоў за Ісусам, славячы Бога. І ўвесь народ, як убачыў гэта, аддаў хвалу Богу.
І, прыбыўшы ў Ерыхон, Ісус праходзіў праз горад. І вось, чалавек імем Захэй, ён быў начальнікам мытнікаў і чалавекам багатым. Ён шукаў пабачыць Ісуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, бо быў малога росту. Дык, забегшы наперад, узлез на дрэва сікаморы, каб убачыць Яго, бо там меў Ён праходзіць. І, калі Ісус прыйшоў на тое месца, глянуўшы ўверх убачыў яго ды сказаў: «Захэй, злазь хутчэй, бо сёння належыць мне быць у тваім доме». Дык ён злез паспешна і прыняў Яго з радасцю. І ўсе, як убачылі гэта, пачалі наракаць, кажучы: «Да грэшніка пайшоў у госці». Захэй жа, стоячы, сказаў Госпаду: «Госпадзе, вось, палову маёмасці сваёй раздам убогім, а калі каго пакрыўдзіў, аддам у чатыры разы больш». Гаворыць яму Ісус: «Сёння сталася гэтаму дому збаўленне, бо і ён ёсць сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было прапаўшым». Калі яны гэта слухалі, у дадатак расказаў для параўнання, бо Ён быў блізка да Ерузаліма, і яны думалі, што ўжо хутка аб’явіцца Валадарства Божае. Дык расказваў: «Адзін знатны чалавек выправіўся ў далёкую краіну атрымаць сабе царства і вярнуцца. Дык, пазваўшы дзесяць сваіх паслугачоў, даў ім дзесяць мін ды гаворыць ім: “Гандлюйце, пакуль не вярнуся”. А грамадзяне яго ненавідзелі яго, і выправілі за ім пасланнікаў, кажучы: “Не хочам, каб ён валадарыў над намі”. І сталася, калі ён вярнуўся, атрымаўшы царства, то загадаў паклікаць да сябе тых паслугачоў, якім даў грошы, каб даведацца, колькі з іх кожны набыў. І прыйшоў першы, кажучы: “Гаспадару, міна твая здабыла дзесяць мін”. І гаворыць яму: “Добра, паслугач добры; за тое, што ў малым быў ты верны, май уладу над дзесяццю гарадамі”. Затым прыйшоў другі, кажучы: “Гаспадару, міна твая стварыла пяць мін”. І гаворыць яму: “І ты будзь над пяццю гарадамі”. І трэці прыйшоў, кажучы: “Гаспадару, вось твая міна, якую я захоўваў, закруціўшы ў хустку, бо баяўся цябе, што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго не паклаў, ды жнеш, чаго не пасеяў”. Кажа яму: “Па словах тваіх суджу цябе, нягодны паслугач! Ведаў ты, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго не паклаў, ды жну, чаго не пасеяў. Чаму ж ты грошай маіх не аддаў мяняльшчыкам, каб, прыйшоўшы, я запатрабаваў іх з прыбыткам?” І сказаў прысутным: “Забярыце ад яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мін”. І сказалі яму: “Гаспадару, ён жа мае дзесяць мін!” Дык кажу вам: “Кожнаму, хто мае, будзе дададзена і памножыцца, а у таго, хто не мае, і тое, што мае, будзе аднята. А тых ворагаў маіх, што мяне не хацелі, каб над імі валадарыў, прывядзіце сюды ды забіце перада мною”». І, гэта сказаўшы, пакрочыў Ён далей, падыходзячы да Ерузаліма. І сталася, калі набліжаўся Ён да Бэтфагэ і Бэтаніі, да гары, якая завецца Аліўнай, Ён паслаў двух вучняў Сваіх, кажучы: «Ідзіце ў вёску, што насупраць, і, увайшоўшы ў яе, знойдзеце прывязанае асляня, на якім яшчэ ніхто з людзей не сядзеў; адвяжыце яго і прывядзіце. І калі ў вас хто спытаецца: “Чаму адвязваеце?”, скажаце яму так: “Госпад яго патрабуе”. Дык пайшлі тады пасланыя ды знайшлі, як сказаў ім Ён. Калі яны адвязвалі, гаспадары яго сказалі ім: “Чаму адвязваеце асляня?” Яны сказалі: “Госпад яго патрабуе”». І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы на асляня адзенне сваё, пасадзілі на яго Ісуса. А калі ехаў Ён, пасцілалі адзенне сваё на дарозе. І, калі набліжаліся да спуску з гары Аліўнай, пачалі ўсе натоўпы вучняў радасна хваліць Бога моцным голасам за ўсе цуды, якія бачылі, кажучы: «Дабраславёны Валадар, Які прыходзіць у імя Госпада! Супакой на небе і хвала на вышынях!» Пасярод натоўпу некаторыя з фарысеяў казалі Яму: «Вучыцель, дакары вучняў Тваіх». І, адказваючы, Ён сказаў ім: «Кажу вам: калі яны замоўкнуць, камяні крычаць будуць». І, калі Ісус наблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў аб ім, кажучы: «Калі б спазнаў і ты ў гэты твой дзень, што дзеля супакою твайго! Але цяпер закрыта гэта ад вачэй тваіх. Бо прыйдуць на цябе дні, і акружаць цябе ворагі твае валам, і аблягуць цябе ды сціснуць цябе зусюль, і паваляць цябе на зямлю і дзяцей тваіх, якія ў табе, ды не пакінуць у табе каменя на камені, бо ты не пазнаў часу адведзінаў тваіх». І, увайшоўшы ў святыню, пачаў выганяць тых, што прадавалі і куплялі, кажучы ім: «Напісана: “І будзе дом Мой домам малітвы”. А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў». Ды штодзень навучаў у святыні. А першасвятары, і кніжнікі, і начальнікі народа шукалі, як бы Яго забіць, але не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ быў у захапленні, слухаючы Яго.
І сталася ў адзін з тых дзён, калі Ён навучаў народ у святыні ды нёс добрую вестку, сабраліся першасвятары і кніжнікі разам са старэйшынамі і гавораць, кажучы Яму: «Скажы нам: якой уладай Ты гэта робіш, або Хто Табе даў такую ўладу?» А Ён, адказваючы, сказаў ім: «І Я ў вас спытаюся адно слова. Адкажыце мне: хрост Янаў з неба быў ці ад людзей?» А яны разважалі, кажучы між сабой: «Калі скажам: “З неба”, скажа нам: “Дык чаму ж вы тады яму не паверылі?” А калі скажам: “Ад людзей”, увесь народ укамянуе нас, бо перакананы, што Ян — гэта прарок». І адказалі, што не ведаюць адкуль. І Ісус гаворыць ім: «Я таксама не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю». Затым пачаў распавядаць Ісус людзям для параўнання: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік і наняў у яго вінаградараў, а сам аддаліўся на доўгі час. І ў свой час паслаў да вінаградараў паслугача, каб аддалі яму частку пладоў вінаградніку; але вінаградары, збіўшы яго, адпусцілі ні з чым. Дык зноў паслаў другога паслугача; але і яго, збіўшы і зняважыўшы, адаслалі ні з чым. Нарэшце паслаў трэцяга; яны ж і гэтага, зраніўшы, прагналі. Дык сказаў гаспадар вінаградніку: “Што рабіць? Пашлю сына майго ўлюбёнага; можа, яго ўбачыўшы, ушануюць”. Але калі яго ўбачылі вінаградары, разважалі між сабой, кажучы: “Ён спадкаемец. Заб’ем яго, каб нашай стала спадчына!” І, выгнаўшы яго з вінаградніку, забілі. Дык што ж тады зробіць ім гаспадар вінаградніку? Прыйдзе і заб’е гэтых вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым». Тыя, што чулі гэта, сказалі: «О, каб гэтак не было!» Ён жа, гледзячы на іх, гаворыць: «Што значыць тады тое, што напісана: “Камень, што адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла”? Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго сатрэ». І шукалі кніжнікі і першасвятары, як накласці на Яго рукі ў тую гадзіну, але баяліся народа; бо зразумелі, што гэтую прыпавесць гаварыў пра іх. І, каб сачыць за Ім, падаслалі яны шпіёнаў, якія выдавалі сябе за справядлівых, каб падлавіць Яго на словах і такім чынам выдаць Яго начальству і ўладзе намесніка. І спыталіся Яго, кажучы: «Настаўнік, ведаем, што справядліва кажаш і вучыш, і не аглядаешся на асобы людзей, але шляху Божаму праўдзіва навучаеш. Ці належыць нам плаціць падатак цэзару, ці не?» Ісус, пранікаючы іх подступ, сказаў ім: «Што вы Мяне спакушаеце? Пакажыце мне дынар. Чыя на ім выява, і чый надпіс?» І сказалі Яму: «Цэзара». І Ён гаворыць ім: «Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу». І не маглі падлавіць Яго на слове ў прысутнасці людзей, і, здзівіўшыся адказу Яго, змоўклі. Падышлі таксама некаторыя з садукеяў, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і спыталіся ў Яго, кажучы: «Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі б чый брат, маючы жонку, памёр і быў бы ён без сыноў, хай брат яго возьме жонку яго і хай адродзіць нашчадка брату свайму. Дык было сем братоў: і першы ўзяў жонку і памёр без сыноў, і наступны ўзяў гэтую жонку, і памёр бяздзетны, і трэці ўзяў яе; і падобным чынам ўсе сямёра памерлі, не пакінуўшы сыноў. Па ўсіх памерла і жанчына. Дык пры ўваскрэсенні каторага з іх будзе яна жонкай? Бо сямёра мелі яе за жонку.» І гаворыць ім Ісус у адказ: «Сыны гэтага веку жэняцца і замуж выходзяць; тыя ж, што прызнаны дастойнымі таго веку і ўваскрэсення з мёртвых, замуж не выходзяць ды не жэняцца. Яны ўжо памерці не могуць: бо яны роўныя анёлам і ёсць сыны Божыя, ёсць сыны ўваскрэсення. А што мёртвыя ўваскрэснуць, дык ужо Майсей паказаў каля куста ажыны, калі ён называе Госпада: “Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”. Бог не ёсць Бог мёртвых, але жывых: бо ў Яго ўсе жывыя». А некаторыя з кніжнікаў, адказваючы, казалі: «Настаўнік, добра Ты сказаў». І ўжо больш не адважыліся Яго пра што-колечы пытацца. Затым Ён сказаў ім: «Як жа кажуць, што Хрыстос ёсць Сын Давіда, калі сам Давід у Кнізе псальмаў кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”. Калі Давід называе Яго Госпадам, дык як жа тады Ён — Сын яго?» А калі Яго ўвесь народ слухаў, сказаў вучням Сваім: «Высцерагайцеся кніжнікаў, што жадаюць хадзіць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынку, і першыя лаўкі ў сінагозе, і першыя месцы на банкетах, якія аб’ядаюць дамы ўдоў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшае пакаранне».
І, зірнуўшы, Ён убачыў багатых, што кідалі ахвяры свае ў скарбонку, убачыў таксама адну бедную ўдаву, як кідала два дробныя грошыкі, і сказаў: «Сапраўды кажу вам: гэтая ўдава ўкінула болей, чым усе іншыя. Бо ўсе з лішкаў сваіх клалі ў дары Богу, а яна з недастатку свайго ўкінула ўсё ўтрыманне сваё, якое мела». І, калі некаторыя гаварылі пра святыню, што прыгожымі каменнямі і дарамі аздоблена, Ён сказаў: «Надыдуць дні, у якія з усяго, што бачыце, не застанецца каменя на камені, які б не быў зруйнаваны». Дык спыталіся ў Яго, кажучы: «Вучыцель, калі ж гэта будзе і што будзе за знак, калі гэта станецца?» Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі; бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: “Гэта Я” або “Час наблізіўся”. Дык не ідзіце за імі. А калі пачуеце пра войны і замяшанні, не злякайцеся, бо трэба, каб гэта здарылася перш, але яшчэ не зараз канец». Далей казаў ім: «Паўстане народ на народ і царства на царства, і будуць вялікія землятрусы, і месцамі голад і пошасці, і будуць страхі, ды знакі вялікія з неба. Але перад тым усім ускладуць на вас рукі свае, будуць пераследаваць і выдаваць у сінагогі і ў вязніцы, і будуць вас цягаць да цароў і намеснікаў за імя Маё; а станецца гэта вам дзеля сведчання. Пакладзіце тады ў сэрцах вашых загадзя не думаць, як вам адказваць; бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не змогуць ні пярэчыць, ні супрацьстаць усе праціўнікі вашы. А выдаваць вас будуць і бацькі, і браты, і сваякі, і сябры, і аддадуць на смерць некаторых з вас, і будуць вас усе ненавідзець за імя Маё. Але нават волас з галавы вашай не прападзе. Праз цярплівасць вашу завалодаеце душамі вашымі. А калі ўбачыце, што Ерузалім войскам акружаны, тады ведайце, што наблізілася спусташэнне яго. Тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы, і якія ў самім горадзе, няхай выходзяць, а тыя, што ў ваколіцах, хай не ўваходзяць у яго. Бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё, што напісана. Гора ж цяжарным і тым, хто корміць грудзьмі у тыя дні! Бо будзе прыгнёт вялікі на зямлі і гнеў на гэты народ, і будуць падаць ад вострага меча, і пагоняць іх, схапіўшы, у няволю да ўсіх народаў, і Ерузалім будзе таптаны паганамі, аж пакуль не споўняцца часы паганаў. І будуць знакі на сонцы, і на месяцы, і на зорках, ды на зямлі нядоля народаў з-за тлуму, ды пошум мора і навальніц. Людзі будуць пруцянець ад страху і чакання таго, што настане ва ўсім свеце, бо сілы нябесныя пахіснуцца. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыйдзе на аблоках з магутнасцю і славаю вялікай. А калі гэта дзеяцца пачне, разгінайцеся і падымайце галовы вашы, бо набліжаецца адкупленне ваша». І сказаў ім для параўнання: «Паглядзіце на дрэва фігавае ды на ўсе дрэвы. Калі яны ўжо пускаюць лісты, то, бачачы гэта, вы і самі ведаеце, што ўжо блізка лета. Так і вы, як убачыце, што ўсё гэта дзеецца, ведайце, што ўжо блізка Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленне гэтае, як усё гэта споўніцца. Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць. Сцеражыцеся, каб не абцяжарылі сэрцы вашы абжорствам і п’янствам ды клопатамі гэтага жыцця, і каб дзень той не прыйшоў да вас знянацку; бо ён як сетка спадзе на ўсіх, што сядзяць на абліччы ўсёй зямлі. Дык чувайце, молячыся ўвесь час, каб змаглі пазбегнуць ўсяго гэтага, што мае прыйсці, ды стаць перад Сынам Чалавечым». І навучаў днямі ў святыні, а нанач, выходзячы, спыняўся на гары, якую называюць Аліўнай. І ўвесь народ ад раніцы збіраўся да Яго ў святыню слухаць Яго.
Набліжалася ж свята Праснакоў, якое называецца Пасхай. І першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы забіць Яго, але баяліся людзей. Шатан жа ўвайшоў у Юду, якога празывалі Іскарыётам, аднаго з дванаццаці; і ён выйшаў і дамовіўся з першасвятарамі і начальнікамі, як выдаць ім Ісуса. Яны ж узрадаваліся і вырашылі даць яму грошы. І паабяцаў ён ім, ды шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім не пры людзях. І надышоў дзень праснакоў, у які належала ахвяраваць Пасху. І паслаў Ісус Пётру і Яна, кажучы: «Ідзіце і прыгатуйце нам Пасху, каб мы з’елі». А яны сказалі Яму: «Дзе хочаш, каб прыгатавалі?» І Ён сказаў ім: «Вось, калі вы будзеце ўваходзіць у горад, сустрэнецца вам чалавек, што будзе несці збан вады; ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе. Ды скажыце гаспадару дома: “Вучыцель кажа табе: “Дзе пакой, у якім Я з вучнямі Маімі мог бы з’есці пасху?” Ён вам пакажа вялікую святліцу засланую, там прыгатуйце». Пайшоўшы, знайшлі ўсё, як Ён сказаў ім, і прыгатавалі пасху. А калі надышла гадзіна, узлег Ён і дванаццаць Апосталаў з Ім. І гаворыць ім: «Жаданнем вялікім жадаў Я з’есці гэтую пасху з вамі перш, чым буду цярпець. Бо кажу вам: не буду ўжо яе есці, пакуль не споўніцца яна ў Валадарстве Божым». І, узяўшы келіх, склаў падзяку і сказаў: «Бярыце яго і падзяліце між сабой. Бо кажу вам: адсюль не буду піць з плода вінаграду, пакуль не прыйдзе Валадарства Божае». І, узяўшы хлеб, склаў падзяку, і паламаў, і даў ім, кажучы: «Гэта Цела Маё, каторае за вас даецца. Гэта рабіце ў Маю памяць». Падобна і келіх [узяў] па вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць Новы Запавет у Крыві Маёй, якая за вас праліваецца. Аднак вось рука таго, хто выдае Мяне, разам з Маёю на стале. Сын Чалавечы, праўда, адыходзіць паводле таго, як вызначана; аднак гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца». І яны пачалі пытацца адзін аднаго, хто з іх той, які збіраецца гэта ўчыніць. І сталася спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым. Але Ён сказаў ім: «Цары народаў валадараць над імі, і тыя, хто над імі маюць уладу, завуцца дабрадзеямі. Але вы не так: і хто ў вас большы, хай будзе як меншы, і правадыр — як паслугач. Бо хто большы: ці той, хто ўзлягае, ці той, хто паслугуе? Ці не той, хто сядзіць пры стале? Я, аднак, пасярод вас як той, што паслугуе. Вы ж ёсць тыя, што вытрывалі пры Мне ў выпрабаваннях Маіх. Я вам пераказваю Валадарства, як Мне пераказаў Айцец Мой, каб вы елі і пілі пры стале Маім у Валадарстве Маім, і сядзелі на пасадах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля». [І сказаў Госпад:] «Сімоне, Сімоне! Вось шатан дабіваўся вас, каб пасеяць, як пшаніцу; але Я маліўся за цябе, каб не заняпала вера твая. І ты, з часам навярнуўшыся, умацоўвай братоў тваіх». Той жа сказаў Яму: «Госпадзе, я гатовы з Табой ісці ў вязніцу і на смерць». Але Ён сказаў: «Кажу табе, Пётра, не запяе певень сёння, як тройчы зрачэшся, што ведаеш Мяне». І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас без капшука і без торбы і пасталоў, ці ж вам не хапала чаго?» І яны сказалі: «Анічога». Сказаў ім тады: «А цяпер хто мае капшук, хай возьме, таксама і торбу, а хто не мае, хай прадасць туніку сваю і купіць меч. Бо кажу вам: мусіць споўніцца на Мне тое, што напісана: “І да злачынцаў быў залічаны”. Бо тое, што адносіцца да Мяне, спаўняецца». А яны сказалі: «Госпадзе, вось тут два мечы». І Ён сказаў ім: «Хопіць». І, выйшаўшы, Ісус па звычаю накіраваўся на гару Аліўную, а за Ім пайшлі і вучні Яго. І, калі прыбыў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не ўвайшлі ў спакушэнне». І Сам аддаліўся, адышоўшы ад іх, як кінуць камень, ды, упаўшы на калені, маліўся, кажучы: «Ойча, калі хочаш, пранясі гэты келіх міма Мяне! Аднак не Мая воля, але Твая хай станецца». І з’явіўся Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго. А Ён, будучы ў агоніі, тым даўжэй маліўся. І стаўся пот Яго, як кроплі крыві, што сцякае на зямлю. І, калі падняўся ад малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што яны спяць ад смутку. І гаворыць ім: «Чаму спіце? Падымайцеся і маліцеся, каб не ўвайшлі ў спакушэнне». Калі яшчэ Ён гэта гаварыў, вось, натоўп, і наперадзе яго адзін з дванаццаці, які называўся Юда, і ён наблізіўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго. А Ісус сказаў яму: «Юда, пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?» А тыя, што вакол Яго былі, бачачы, што мае адбыцца, сказалі: «Госпадзе, ці не ўдарыць нам мечам?» Ды адзін з іх ударыў паслугача першасвятара і адсёк яму правае вуха. А Ісус, адказваючы, гаворыць: «Спыніцеся, хопіць!» і, дакрануўшыся да вуха яго, аздаравіў яго. Затым сказаў Ісус тым, што прыйшлі па Яго, першасвятарам, і кіраўнікам святыні, і старэйшынам: «Як на разбойніка выйшлі вы з мечамі і кіямі? Калі штодзень знаходзіўся Я з вамі ў святыні, не паднялі вы на Мяне рук; але цяпер ваш час і ўлада цемры». І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара. Пётра ж ішоў за імі здалёк. А калі распалілі вогнішча пасярод двара і заселі вакол агню, сядзеў між іх і Пётра. І, калі ўбачыла нейкая служка, што ён сядзіць пры святле, і ўгледзелася ў яго, сказала: «І гэты быў з Ім». А ён зрокся Яго, кажучы: «Жанчына, я не ведаю Яго!» А праз кароткі час, убачыўшы яго, нехта іншы сказаў: «І ты з іх». Пётра ж гаворыць: «О чалавеча, гэта не я». А калі прайшло каля гадзіны часу, нехта іншы настойваў, кажучы: «Сапраўды, і гэты быў з Ім, бо і ён галілеец». І гаворыць Пётра: «Чалавеча, не ведаю, што ты кажаш». І зараз, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень. І Госпад, павярнуўшыся, глянуў на Пётру; і Пётра ўспомніў слова Госпада, як яму прадказаў: «Перш, чым запяе певень, тройчы зрачэшся Мяне». І, выйшаўшы вон, Пётра горка заплакаў. А мужы, якія трымалі Ісуса, здзекаваліся з Яго і білі, і закрылі Яму твар, і пыталіся ў Яго, кажучы: «Праракуй, хто ўдарыў Цябе?» Ды многа іншых блюзненняў гаварылі на Яго. А калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народа, і першасвятары, і кніжнікі і прывялі Яго ў свой сінедрыён, кажучы: «Калі Ты — Хрыстос, дык скажы нам». А Ён гаворыць ім: «Калі скажу вам, не паверыце Мне, а калі спытаюся, не адкажаце Мне і не вызваліце. Але адгэтуль будзе Сын Чалавечы сядзець праваруч Магутнасці Бога». Дык сказалі яны ўсе: «Дык Ты — Сын Божы?» Ён гаворыць ім: «Вы самі кажаце, што гэта Я». Дык яны сказалі: «Якая нам яшчэ патрэба ў сведчанні? Бо мы самі чулі з вуснаў Яго».
І, калі ўзнялася ўсё мноства іх, павялі Яго да Пілата. І пачалі Яго вінаваціць, кажучы: «Мы выявілі, што Ён бунтуе наш народ, і забараняе плаціць падатак цэзару, і называе сябе Хрыстом Царом». Дык спытаўся ў Яго Пілат, кажучы: «Ты — Цар Юдэйскі?» А Ісус, адказваючы, гаворыць: «Ты кажаш». І гаворыць Пілат першасвятарам і народу: «Я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку». Але яны настойвалі, кажучы: «Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж дасюль». А Пілат, чуючы гэта, спытаўся, ці Гэты Чалавек галілеец, і, калі даведаўся, што Ён з уладанняў Ірадавых, адаслаў Яго да Ірада, які сам быў тымі днямі ў Ерузаліме. Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся: бо ад даўняга часу прагнуў убачыць Яго, бо многа пра Яго чуў і спадзяваўся ўбачыць, што Ім будзе зроблены які-небудзь знак. І задаваў Яму многа пытанняў, але Ён яму нічога не адказаў. А першасвятары і кніжнікі стаялі там, вінавацячы Яго. Тады Ірад выказаў Яму пагарду разам з жаўнерамі сваімі і пасмяяўся, апрануўшы Яго ў белыя шаты, і адправіў да Пілата. І сталіся ў той дзень Ірад і Пілат сябрамі, бо перад тым варагавалі між сабой. А Пілат, пазваўшы першасвятароў, начальнікаў і народ, сказаў ім: «Вы выдалі мне Гэтага Чалавека, быццам Ён бунтуе народ, і вось, я, распытваючы ў вашай прысутнасці, не знайшоў у Гэтым Чалавеку ніякай віны ў тым, у чым вы вінаваціце Яго; таксама і Ірад, бо адаслаў Яго да вас. І вось, не даведзена Яму нічога, вартага смерці. Таму, пакараўшы, я адпушчу Яго». А яму трэба было дзеля свята адпусціць ім аднаго з вязняў. Дык увесь натоўп закрычаў: «Забі Яго, а адпусці нам Барабу», а той быў кінуты ў вязніцу за паўстанне ў горадзе і забойства. Затым паўторна прамовіў Пілат да іх, хочучы адпусціць Ісуса, але яны крычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!» Ён трэці раз сказаў ім: «Што Ён зрабіў благога? Не знайшоў я ў Ім нічога, вартага смерці; дык пакараю Яго і адпушчу». Ды яны настойвалі, патрабуючы з крыкам, каб быў укрыжаваны, і перамагаў гармідар іх і першасвятароў. Тады Пілат прысудзіў выканаць іх просьбу: адпусціў ім таго, хто за бунт і за забойства быў кінуты ў вязніцу, якога дамагаліся, а Ісуса выдаў на іх волю. І, калі вялі Яго, спынілі нейкага Сімона з Цырэны, які ішоў з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс яго за Ісусам. Ішоў за Ім вялікі натоўп людзей і жанчыны, якія плакалі і галасілі. Ісус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: «Дочкі ерузалімскія, не плачце дзеля Мяне, але дзеля сябе саміх плачце ды дзеля дзяцей вашых, бо, вось, надыходзяць дні, калі будуць казаць: “Шчасныя няплодныя і ўлонні, што не нарадзілі, ды грудзі, якія не кармілі”. Тады стануць казаць гарам: “Валіцеся на нас”, і ўзгоркам: “Схавайце нас”, бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, што станецца з сухім?» Вялі з Ім таксама іншых двух злачынцаў, каб забіць іх. І, калі прыйшлі на месца, якое называецца Чараповае, там укрыжавалі Яго і разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч Яго. Ісус жа казаў: «Ойча, даруй ім, бо не ведаюць, што робяць». І, дзелячы адзенне Яго, кідалі жэрабя. І народ стаяў, прыглядаючыся. Кпілі з Яго і начальнікі, кажучы: «Іншых ратаваў, хай і Сябе выратуе, калі Ён — Хрыстос, выбраннік Божы». Таксама і жаўнеры здзекаваліся з Яго, падыходзячы і падаючы Яму воцат, і кажучы: «Калі Ты — Цар Юдэйскі, уратуй Сябе!» І быў над Ім надпіс напісаны грэцкімі, рымскімі і гебрайскімі літарамі: «Гэта Цар Юдэйскі». А адзін з разбойнікаў, што былі ўкрыжаваны, блюзніў супраць Яго, кажучы: «Няўжо Ты, не Хрыстос? Уратуй Самога Сябе і нас!» А другі, адказваючы, сунімаў яго, кажучы: «Ты і Бога не баішся, хоць церпіш тую самую кару. І мы ж справядліва, бо атрымліваем вартае ўчыненага! А Ён нічога благога не зрабіў». І казаў Ісусу: «Госпадзе, узгадай мяне, калі прыйдзеш у Тваё Валадарства». І сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі». І было блізу шостай гадзіны, і цемра сталася па ўсёй зямлі аж да дзявятай гадзіны, і сонца знікла, і заслона святыні разадралася пасярэдзіне. І, усклікаючы моцным голасам, Ісус гаворыць: «Ойча, у рукі Твае перадаю Дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў. Сотнік, бачачы, што сталася, уславіў Бога, кажучы: «Гэты Чалавек быў сапраўды Справядлівы». І ўвесь натоўп тых, што сабраліся на гэтае відовішча і бачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі. А здалёк стаялі ўсе знаёмыя Яго і жанчыны, што ішлі следам за Ім ад Галілеі, гледзячы на гэта. І вось, чалавек, імем Язэп, які быў членам рады, чалавек добры і справядлівы, — ён не прымаў ўдзел у радзе іх і учынках, — з Арыматэі, горада юдэйскага, які і сам чакаў Валадарства Божага, ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса, і, зняўшы Яго, загарнуў Яго ў плашчаніцу і паклаў Яго ў магільне, высечанай у скале, у якой яшчэ ніхто не быў пакладзены. І быў гэта дзень прыгатавання, і надыходзіла субота. Падышлі таксама жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і ўбачылі магілу і як пакладзена было цела Яго, і, вярнуўшыся, прыгатавалі духмянасці і алеек, і нічога не рабілі ў суботу паводле прыказання.
А ў першы дзень тыдня на самым досвітку пайшлі яны і некаторыя з імі да магілы, несучы тыя духмянасці, што прыгатавалі. І ўбачылі, што камень адвалены ад магілы, і, увайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Ісуса. І сталася, калі былі збянтэжаны гэтым, вось, паўсталі перад імі двое мужоў у бліскучых шатах. І, калі яны спалохаліся і схілілі твары свае да зямлі, сказалі ім: «Чаму шукаеце жывога сярод мёртвых? Няма Яго тут, Ён уваскрос. Прыпомніце, як вам гаварыў, калі яшчэ быў у Галілеі, кажучы: “Трэба Сыну Чалавечаму быць выдадзеным у рукі грэшных людзей, і быць укрыжаваным, і на трэці дзень уваскрэснуць”». І яны прыпомнілі гэтыя словы Яго і, вярнуўшыся ад магілы, паведамілі гэта ўсё адзінаццаці ды ўсім іншым. Былі ж гэта Марыя Магдалена, і Ёана, і Марыя Якубава, ды іншыя з імі, якія расказалі пра гэта Апосталам. І словы іх здаліся ім недарэчнасцю, і не паверылі ім. Пётра ж, падняўшыся, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі адну плашчаніцу, што ляжала; і адышоў да сваіх, здзіўлены тым, што сталася. І вось, у той самы дзень двое з іх ішлі ў вёску, што ў шасцідзясяці стадыях ад Ерузаліма, з назваю Эмаус, і гаварылі між сабой аб усім, што адбылося. І сталася, калі яны гутарылі і адзін аднаго пыталіся, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў з імі; а вочы іх былі зацемнены, так што не пазналі Яго. І гаворыць ім: «Што гэта за размова, якую ведзяце між сабою, ідучы? І чаму вы сумныя?» І, адказваючы, адзін з іх, імя якому Кляопа, сказаў Яму: «Ці ж ты адзін з падарожнікаў у Ерузалім і не ведаеш, што ў ім гэтымі днямі адбылося?» Ён жа сказаў ім: «Што?» І яны сказалі Яму: «Наконт Ісуса з Назарэта, Які быў Прарокам, магутным у справе і ў слове перад Богам і перад усім народам, і як выдалі Яго першасвятары і кіраўнікі нашы на пакаранне смерцю і ўкрыжавалі Яго. А мы спадзяваліся, што Ён меў адкупіць Ізраэля; і цяпер па ўсім гэтым ужо сёння трэці дзень, як гэта сталася. Але і жанчыны некаторыя з нашых, што былі пры магіле на світанні, збянтэжылі нас, і, не знайшоўшы цела Яго, прыйшлі, кажучы, што нават бачылі з’явенне анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы. Пайшлі таксама да магілы некаторыя з нашых, і тое самае знайшлі, як расказалі жанчыны, але Яго Самога не бачылі». І Ён сказаў ім: «О неразважлівыя і марудлівыя сэрцам, каб уверыць ва ўсё, што казалі прарокі. Ці не гэта трэба было, каб Хрыстос цярпеў і ўвайшоў у славу Сваю?» І, пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, тлумачыў ім ва ўсіх Пісаннях, што было пра Яго. І так падышлі да селішча, да якога ішлі, і Ён зрабіў выгляд, быццам хацеў ісці далей. Але яны стрымалі Яго, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе і дзень сышоў». І ўвайшоў Ён у дом каб застацца з імі. І сталася, калі ўзлёг з імі за сталом, узяў хлеб, і дабраславіў, і ламаў, і падаваў ім. І адкрыліся вочы іх, і пазналі Яго; але Ён стаў нябачны для іх. І сказалі яны адзін аднаму: «Ці ж сэрцы нашы не гарэлі ў нас, калі размаўляў з намі ў дарозе і адкрыў нам Пісанне?» І, падняўшыся ў тую ж гадзіну, вярнуліся ў Ерузалім, і знайшлі там адзінаццаць, што сабраліся разам, ды тых, што з імі былі, кажучых: «Госпад праўдзіва ўваскрос і паказаўся Сімону». А яны пачалі расказваць, што сталася ў дарозе і як пазналі Яго пры ламанні хлеба. А калі яны гэта расказвалі, Ён Сам стаў пасярод іх і кажа ім: «Супакой вам». А яны, устрывожаныя і напалоханыя, думалі, што духа бачаць. І сказаў Ён ім: «Чаго вы ўстрывожыліся ды чаму ўсякія думкі ўзнікаюць у вашых сэрцах? Агледзьце рукі Мае і ногі Мае, што гэта Я Сам! Дакраніцеся да Мяне і глядзіце, бо дух не мае цела, ані касцей, што, як бачыце, Я маю». І, калі гэта сказаў, паказаў ім рукі і ногі. А калі яны яшчэ не верылі з радасці і дзівіліся, сказаў ім: «Ці маеце што есці?» І яны падалі Яму частку сухой рыбы і пчаліных сотаў з мёдам. І, узяўшы, еў у прысутнасці іх. І сказаў ім: «Ці ж не такія былі словы, якія Я гаварыў вам, калі быў яшчэ з вамі, што трэба было споўніцца ўсяму, што напісана было пра Мяне ў законе Майсея, і ў прарокаў, і ў псальмах». Тады адкрыў ім розум, каб зразумелі Пісанні. Ды сказаў ім: «Так было напісана і так належала Хрысту цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень, і каб у імя Яго прапаведавалася пакаянне дзеля даравання грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузаліма. І вы — сведкі гэтага. І вось, Я спашлю на вас абяцанае ад Айца Майго; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерузаліме, аж будзеце абдараваны моцай з вышыні». Затым вывеў іх вонкі ў Бэтанію і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх. І сталася, калі дабраславіў іх, аддзяліўся ад іх і падняўся ў неба. І яны пакланіліся Яму, і з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалім, і былі заўсёды ў святыні, хвалячы і дабраслаўляючы Бога. Амін.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017