Библия › Чарняўскі-17 › 2 Пятра

2-i ліст Пётры

Сімон Пётра, паслугач і Апостал Ісуса Хрыста, тым, што ў справядлівасці Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста атрымалі з намі аднолькава дарагую веру: ласка вам і супакой хай памножацца праз пазнанне Бога і Ісуса, Госпада нашага. Паколькі ўсё нам — ад Боскае магутнасці Яго, падараванай для жыцця і пабожнасці праз пазнанне Таго, Хто паклікаў нас Сваёю славай і дабрадзейнасцю, праз якія падараваў Ён нам дарагія і вялікія абяцанні, каб праз іх сталіся вы ўдзельнікамі Божае прыроды, усцярогшыся псавання ад пажадлівасці, якая ў свеце, то менавіта дзеля гэтага старайцеся з усіх сіл, каб у сваёй веры паказаць дабрадзейнасць сваю, а ў дабрадзейнасці веданне, а ў веданні паўстрыманасць, а ў паўстрыманасці цярплівасць, а ў цярплівасці пабожнасць, а ў пабожнасці браталюбства, а ў браталюбстве любоў. Калі гэта ў вас жыве і памнажаецца, то яно не пакіне вас пустымі і бясплоднымі ў пазнанні Госпада нашага Ісуса Хрыста. А ў каго гэтага няма, той сляпы і блізарукі, які забыўся аб ачышчэнні ад ранейшых сваіх грахоў. Дык тым больш, браты, старайцеся ўгрунтаваць сваё пакліканне і выбранне. Гэтак бо робячы, ніколі не спатыкнецеся. Бо гэтак яшчэ шырэй адчыніцца вам уваход у вечнае Валадарства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Таму я буду вам заўсёды прыгадваць гэта, хоць вы ведаеце і ўмацаваны ў цяперашняй праўдзе. Я лічу за справядлівасць, пакуль знаходжуся ў гэтай цялеснай палатцы, падбадзёрыць вас напамінам, бо ведаю, што хутка пакіну гэтую палатку маю, як Госпад наш Ісус Хрыстос вызначыў мне. Буду прыкладаць намаганні, каб вы заўсёды і па маім адыходзе пра гэта ўспаміналі. Бо мы вясцілі вам магутнасць і прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста, не ідучы следам за прыдуманымі казкамі, але як сведкі, што бачылі Яго веліч. Бо атрымаў Ён ад Бога Айца гонар і славу, калі вось такім чынам прагучаў да Яго голас ад велічнай славы: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім Я маю ўпадабанне». І мы чулі, як гэты голас зыходзіў з неба, калі мы з Ім разам былі на святой гары. Прытым мы маем найпэўнейшае прарочае слова, і вы добра робіце, трымаючыся яго, як светача, які свеціць у цёмным месцы аж пакуль развіднее, і зорка ранняя ўзыдзе ў сэрцах вашых. Гэта перш за ўсе майце на ўвазе, што ніводнае прароцтва Пісання нельга вытлумачыць самавольна. Бо не паводле волі чалавечай было калісьці абвешчана прароцтва, але прамовілі яго святыя людзі Божыя, кіраваныя Духам Святым.

Былі ж у народзе і фальшывыя прарокі, як і ў вас бываюць настаўнікі-ашуканцы, якія ўцягваюць у згубныя герэзіі і, адцураўшыся Таго Валадара, Які іх адкупіў, рыхтуюць самі сабе скорую загубу. І многія пойдуць слядамі іх распусты, і дарога праўды з-за іх знеслаўляцца будзе. І яны ў хцівасці будуць лавіць вас ілжывымі словамі, але прысуд на іх даўно гатовы, і згуба іх не дрэмле. Бо калі зграшыўшых анёлаў Бог не пашкадаваў, але, звязаўшы путамі пякельнай цемры, аддаў захаваць на суд; і калі не пашкадаваў першага свету, а ўхаваў толькі васьмярых з Ноем, прапаведнікам справядлівасці, наводзячы патоп на бязбожны свет; таксама гарады Садом і Гамору, ператварыўшы ў попел, асудзіў на згубу, даючы прыклад кары для тых, што будуць бязбожнымі ў будучыні, і выратаваў справядлівага Лота, прыгнятаемага распуснымі паводзінамі нягоднікаў, — бо гэты справядлівы, пражываючы сярод іх, з дня на дзень пакутваў сваёй справядлівай душою ад іх бязбожных учынкаў, каторыя бачыў і аб каторых чуў, — дык ведае Госпад, як пабожных выратаваць ад спакушэння, а несправядлівых захаваць на пакаранне ў дзень суда, а перад усім тых, што ідуць за целам у нячыстай пажадлівасці і пагарджаюць начальствам; нахабнікаў, пыхліўцаў, што не баяцца блюзніць на вышэйшых, у той час як анёлы, большыя за іх сілай і магутнасцю, не выносяць перад Госпадам зневажальнага суду. Яны, як неразумныя жывёлы, што прызначаны з натуры сваёй на злаўленне і знішчэнне, блюзняць на тое, чаго не разумеюць, ды ў псаванні сваім будуць знішчаны, яны атрымаюць плату за несправядлівасць. За асалоду ўважаюць штодзённую раскошу; сараматнікі і агіднікі, асалоду знаходзяць у распуснасці сваёй, банкетуючы з вамі. Вочы іх поўныя чужаложства і няспыннага граху, зводзяць яны душы хісткія; сэрцы іх апанаваны хцівасцю, яны — дзеці праклёну; сышоўшы з простага шляху, заблукалі ды пайшлі дарогай Балаама Басорава, які ўзлюбіў плату за несправядлівасць, але быў выкрыты ў сваім беззаконні: пад’ярэмная жывёла, нямая, прамовіўшы чалавечым голасам, стрымала неразумнасць прарока. Яны — крыніцы без вады, воблакі, бураю гнаныя, якія чакае туман цемры на векі. Пыхліва і марна гаворачы, яны прывабліваюць да пажадлівасці цялеснай і распусты тых, хто ледзь уцёк ад жывучых у аблудзе; абяцаюць ім свабоду, а самі — нявольнікі псавання; бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік. Бо калі, пазбегнуўшы брыдот свету праз пазнанне Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста, але зноў заблытаўшыся ў іх, імі перамагаюцца, дык апошняе зрабілася ім горшым за першае. Лепш было б ім дарогі справядлівасці не ведаць, чым, пазнаўшы, адвярнуцца назад ад дадзенага ім святога прыказання. Споўнілася бо на іх тое, аб чым слушна кажа прыказка: «Сабака вярнуўся да сваіх рыготаў, а свіння памытая — да качання ў брудзе».

Умілаваныя, гэта ўжо другі ліст пішу да вас; у іх стараюся ажывіць ваш чысты розум напамінам, каб вы памяталі тыя словы, якія прадказаны былі святымі прарокамі, і прыказанне Госпада і Збаўцы, перададзенае Апосталамі. Перад усім ведайце, што ў апошнія дні з’явяцца паклёпнікі з кпінамі, якія будуць хадзіць адпаведна сваёй пажадлівасці і будуць пытацца: «Дзе ж абяцанне Яго прыходу?», кажучы: «Бо з таго часу, як бацькі паснулі, усё так застаецца, як ад пачатку стварэння». Бо не ведаюць яны, тыя, якія так думаюць, што неба было здаўна і што зямля з вады і праз ваду словам Божым паўстала, ад чаго тады той свет загінуў, затоплены вадою. А цяперашнія нябёсы і зямля тым самым словам утрымліваныя агню, захаваны на дзень суда і згубы бязбожных людзей. Няхай для вас, умілаваныя, не будзе таямніцай тое, што адзін дзень у Госпада як тысяча гадоў і тысяча гадоў — як адзін дзень. Не марудзіць Госпад з абяцаннем, як некаторым здаецца, што марудзіць, але Ён цярплівы ў адносінах да нас і не хоча нічыёй загубы, але хоча ўсіх давесці да навяртання. Як злодзей уначы прыйдзе дзень Госпадаў, у які нябёсы з шумам вялікім прамінуцца, стыхіі, распаленыя, знікнуць, а зямля і ўсе справы на ёй згараць. Калі ўсё гэта мае так разбурыцца, дык якімі павінны вы быць у святым жыцці і пабожнасці, калі чакаеце і прыспешваеце прыход дня Божага, у які нябёсы, палымнеючы, знікнуць і стыхіі ў паланні агню рассыплюцца. Аднак, паводле абяцання Яго, мы чакаем новых нябёсаў і новай зямлі, на якіх жыве справядлівасць. Дзеля таго, умілаваныя, чакаючы гэтага, старайцеся быць без заганы і спракуды, каб Ён застаў вас у супакоі. І доўгацярплівасць Госпада нашага лічыце за збаўленне, як і наш умілаваны брат Паўла паводле дадзенай яму мудрасці напісаў вам, як аб гэтым гаворыць ён ва ўсіх лістах, у якіх ёсць штосьці цяжкае для разумення, што людзі невукі і няўстойлівыя выкрыўляюць, як і іншыя Пісанні, на ўласную згубу. Дык вы, умілаваныя, аб гэтым папярэджаныя, сцеражыцеся, каб не даць сябе звесці ў аблуду нягоднікаў і не адпасці ад свайго ўмацавання. Дык узрастайце ў ласцы і пазнанні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму хвала і цяпер, і ў дзень вечнасці. Амін.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.