Библия › Чарняўскі-17 › 2 да Тэсалонцаў

2-i ліст да Тэсалонцаў

Паўла, і Сіліван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу, Айцу нашым, і Госпадзе Ісусе Хрысце: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякаваць павінны мы заўсёды Богу за вас, браты, як і належыць, бо вера ваша вельмі ўзрастае ды ўзаемная любоў між вамі ўзмацняецца, так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля вашай цярплівасці і веры ва ўсіх пераследаваннях вашых і прыгнётах, якія пераносіце, на доказ справядлівага суда Божага, каб былі вартымі Валадарства Божага, дзеля якога і церпіце. Бо справядліва ёсць у Бога адгадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць, і вам, якія прыгнёт пераносіце, даць супачынак з намі ў час аб’яўлення з неба Госпада нашага Ісуса з анёламі магутнасці Яго, у полымі агню, несучы адплату тым, што не ведаюць Бога і не слухаюць Евангелля Госпада нашага Ісуса Хрыста. Яны атрымаюць пакаранне вечнай пагібеллю ад аблічча Госпада і славы магутнасці Яго, калі Ён прыйдзе праславіцца ў Сваіх святых ды ў той дзень задзівіць усіх, якія паверылі, бо вы паверылі нашаму сведчанню ў гэты дзень. Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас годнымі Свайго паклікання і напоўніў вас моцай ва ўсякім жаданні добрага і ўчынках веры, каб праславілася ў вас імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, і вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

Просім, вось, вас, браты, праз прыйсце Госпада нашага Ісуса Хрыста і наша спатканне з Ім, каб вы не хісталіся паспешна розумам і не палохаліся ці то ад духа, ці то праз слова, ці то праз ліст, нібы ад нас, што быццам надыходзіць дзень Хрыстовы. Няхай ніхто вас не зводзіць ніякім чынам, бо [дзень гэты не прыйдзе], пакуль не прыйдзе перш адступленне ды пакуль не з’явіцца чалавек беззаконня, сын загубы, які працівіцца і ўзвышаецца па-над усім, што называецца Богам або што ўшаноўваецца святыняю, так, што ён засядзе ў святыні Божай як Бог, выдаючы сябе за Бога. Ці ж не памятаеце, што, калі я яшчэ прабываў у вас, вам аб гэтым казаў? І ведаеце цяпер, што яго трымае ад з’яўлення ў свой час. Таямніца нягоднасці ўжо дзейнічае; але толькі абмежавана да таго часу, пакуль будзе сярод той, хто трымае цяпер. Тады і аб’явіцца той бязбожнік, якога Госпад Ісус заб’е духам вуснаў Сваіх і знішчыць яго магутнасцю прыходу Свайго, таго, прыход якога намаганнем шатана [будзе] з усёю сілаю, і знакамі, і ўяўнымі цудамі, і з усякім нягодным ашуканствам для тых, якім ісці на загубу, бо яны не прынялі любові праўды, каб збавіцца. І дзеля таго пашле ім Бог дзеянні подступу, каб верылі падману. Так будуць асуджаны ўсе, што не ўверылі праўдзе, а ўзлюбілі беззаконне. Нам жа належыць заўжды дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Госпадам браты, бо ад пачатку, праз асвячэнне Духа і веру праўды Бог вас выбраў на збаўленне, да якога паклікаў вас праз Евангелле наша на атрыманне славы Госпада нашага Ісуса Хрыста. Дык вось, браты, стойце і трымайцеся перададзенага ад нас вучэння, якому навучыліся ці то праз словы, ці то праз лісты нашы. Хай жа Сам Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог, Айцец наш, Які ўзлюбіў нас і даў вечнае суцяшэнне і добрую надзею ў ласцы, суцешыць сэрцы вашы і ўмацуе вас ва ўсякай добрай дзейнасці і слове.

Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас, і каб мы ўсцерагліся ад людзей крывадушных і ліхіх, бо вера ёсць не ва ўсіх. Але верны Госпад, Які і ўмацуе вас і ўсцеражэ ад ліхога. Мы маем упэўненасць наконт вас у Госпадзе, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы загадваем вам. Хай жа Госпад накіруе сэрцы вашы да любові Божай і цярплівасці Хрыстовай. Загадваем жа вам, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб высцерагаліся вы ўсякага брата, які жыве нягодна і не паводле пераданаму, што вы атрымалі ад нас. Бо самі ведаеце, як належыць пераймаць нас, бо мы не жылі паміж вас нягодна ды дарма чужога хлеба не елі, але ў рабоце і стоме, уночы і днём працуючы, нікому з вас не былі цяжарам. Не дзеля таго, што не мелі мы ўлады, але каб з сябе даць вам прыклад для наследавання нам. Дык, калі мы былі ў вас, гэта вам загадвалі: хто не хоча працаваць, хай і не есць. Бо чуем мы, што ёсць некаторыя між вамі, што нягодна жывуць, нічога не робяць, а толькі мітусяцца. Такім, вось, што так жывуць, загадваем і заклікаем, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб, спакойна працуючы, елі свой уласны хлеб. Вы ж, браты, не падайце духам, робячы дабро. Калі хто часам не паслухае слова нашага з ліста гэтага, такога майце на прыкмеце ды не сябруйце з такім, каб быў асаромлены. Але не ўважайце яго за ворага, а ўшчувайце як брата. Сам жа Госпад супакою няхай дасць вам супакой заўсёды ўсякім спосабам. Госпад з усімі вамі. Прывітанне маёю рукою, Паўлавай, што ёсць знак у кожным лісце; так я пішу. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.