Библия › Чарняўскі-17 › Да Гебраяў

Ліст да Гебраяў

Многа разоў і многімі спосабамі прамаўляў здаўна Бог да бацькоў нашых праз прарокаў. У апошнія ж гэтыя дні прамовіў Ён да нас праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, праз Якога стварыў і вякі. Ён — ззянне славы і вобраз Яго істоты, Які трымае ўсё словам магутнасці Сваёй і, здзейсніўшы праз Сябе ачышчэнне грахоў нашых, сядзіць праваруч велічы на вышынях, настолькі вышэйшы за анёлаў, наколькі вышэйшае ад іх дастаў у спадчыне імя. Бо каму з анёлаў сказаў Ён калісьці: «Ты — Сын Мой, Я Цябе сёння спарадзіў»? Або зноў: «Я буду Яму Айцом, а Ён будзе Мне Сынам»? І зноў жа, калі ўводзіць Першароднага ў свет, кажа: «І будуць пакланяцца Яму ўсе Божыя анёлы». А да анёлаў вось што кажа: «Ён творыць анёламі Сваімі духаў і паслугачамі Сваімі полымя агню». А да Сына: «Пасад Твой, Божа, на векі вечныя, і жазло справядлівасці — жазло валадарства Твайго. Узлюбіў Ты справядлівасць і ўзненавідзеў беззаконне, таму намасціў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасці больш за супольнікаў Тваіх». І: «Госпадзе, напачатку заснаваў Ты зямлю, і неба — стварэнне рук Тваіх. Яны загінуць, а Ты застанешся, і ўсе яны, як вопратка, састарэюць, і, як шаты, скруціш іх, і яны пераменяцца. А Ты Той самы, і гады Твае не скончацца». Да каго ж з анёлаў сказаў Ён калісьці: «Сядзь праваруч Мяне, аж дакуль не пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае»? Ці ж не ўсе яны ёсць паслугуючыя духі, пасланыя на паслугу тым, якія атрымаюць у спадчыну збаўленне?

Таму неабходна нам пільна сачыць за тым, што мы чулі, каб часам не сысці з дарогі. Бо калі праз анёлаў абвешчанае слова мела такую моц, што ўсякае злачынства і непаслухмянасць атрымлівалі справядлівую адплату, то якім чынам мы зможам ухіліцца, калі занядбаем гэткае збаўленне, якое спачатку было абвешчана Госпадам, а ў нас умацавана было тымі, што чулі ад Яго за пацвярджэннем Божым знакамі, і цудамі, і ўсякімі магутнасцямі, і дарамі Духа Святога па Яго волі. Не анёлам бо падуладніў Бог будучы свет, пра які мы гаворым. Засведчыў жа хтосьці ў нейкім месцы, кажучы: «Што ж ёсць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты адведваеш яго? Мала панізіў Ты яго за анёлаў, славаю і пашанаю ўвянчаў яго, і паставіў яго па-над творамі рук Тваіх, і ўсё Ты кінуў пад ногі яго». Калі ж усё падуладніў Яму, то нічога не засталося непадуладным Яму. Цяпер жа бачым, што яшчэ не ўсё падуладнена Яму. Вось у Тым, Які быў мала паніжаны за анёлаў, бачым Ісуса, замучанага смерцю, вянчанага славай і пашанай, каб з ласкі Божай за ўсіх спазнаў смерць. Бо належала, каб Той, для Якога ўсё і праз Якога ўсё, Таго, Які шмат сыноў прывёў у славу, Правадыра іх збаўлення, удасканаліў праз цярпенне. Бо Той, Хто ўсвячае, і тыя, якія ўсвячаюцца, ад Аднаго ўсе. Дзеля таго Ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы: «Абвяшчу імя Тваё Маім братам, пасярод святыні буду славіць Цябе». І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». Ды яшчэ: «Вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог». Дык калі дзеці сталіся супольнікамі ў целе і крыві, і Ён таксама стаўся супольнікам іх, каб смерцю знішчыць таго, які мае ўладу смерці, гэта значыць д’ябла, і каб вызваліць тых, што праз страх смерці на ўсё жыццё былі аддадзены ў няволю. Бо не анёлаў Ён прымае, але семя Абрагама прымае. Дзеля гэтага Ён павінен быў ва ўсім упадобніцца братам, каб стацца міласэрным і верным Першасвятаром у Бога, каб ачысціць грахі народа, бо таму, што Ён Сам быў спакушаны і цярпеў, можа тым, якія спакушаны, дапамагчы.

Дык вось, браты святыя, удзельнікі нябеснага паклікання, пазнайце Пасланца і Першасвятара вызнання нашага, Ісуса Хрыста, бо Ён верны Таму, Хто Яго паставіў, як і Майсей, ва ўсім доме Яго. Бо Ён прызнаны дастойным славы большае за Майсея, як большую славу мае ў параўнанні з домам той, хто яго збудаваў. Кожны дом, вядома, кімсьці пабудаваны, а вось Той, Хто ўсё стварыў, ёсць Бог. І Майсей, вядома, верны быў ва ўсім доме Яго, як паслугач, на сведчанне таго, што павінна было быць сказаным. Хрыстос жа — як Сын у доме Сваім. Дом жа Яго — мы, калі захаваем цвёрдую веру і ўслаўленне надзеі аж да канца. Таму вось што кажа Дух Святы: «О, каб вам сёння паслухаць голас Яго, не закамяняйце сэрцаў вашых, як у час узбунтавання, як у дзень спакушэння ў пустыні, дзе спакушалі Мяне бацькі вашы; выпрабоўвалі Мяне, хоць і бачылі справы Мае на працягу сарака гадоў. Таму вось разгневаўся Я на гэтае пакаленне і сказаў: яны народ заблуканых сэрцам; не пазналі яны шляхоў Маіх. Дык пакляўся Я ў гневе Маім: не ўвойдуць яны ў супачынак Мой». Глядзіце, браты, каб не было між вамі выпадкам ліхога сэрца няверуючага, што адступіцца ад Бога жывога, але заахвочвайце самі сябе штодня, пакуль трывае гэтае «сёння», каб не зацвярдзеў хто з вас праз падман граху. Бо мы сталіся супольнікамі Хрыста, калі толькі пачатак існавання аж да канца цвёрда захаваем, дакуль гаворыцца: «О, каб вам сёння паслухаць голас Яго, не закамяняйце сэрцаў вашых, як у час узбунтавання». Хто ж гэта тыя, хто, слухаючы, абураліся? Ці не ўсе, што выйшлі з Егіпта праз Майсея? На каго ж гневаўся Ён на працягу сарака гадоў? Ці не на тых, што зграшылі, чые косці параскіданы па пустыні? А каму ж гэта пакляўся, што не ўвойдуць у супачынак Яго, калі не тым, што не пакарыліся? І бачым, што не змаглі ўвайсці з-за нявер’я.

Будзем высцерагацца тады таго, каб, калі яшчэ трывае абяцанне ўвайсці ў Яго супачынак, не аказаўся хто з вас спазніўшымся. Бо і нам абвешчана добрая вестка, таксама як і тым, але не дало карысці ім чутае слова, бо не спалучана было яно з вераю тых, якія чулі. А мы, якія паверылі, уваходзім у супачынак, бо Ён сказаў: «Як пакляўся Я ў гневе Маім: не ўвойдуць яны ў супачынак Мой», хоць справы Яго былі скончаны ад заснавання свету. Бо Ён сказаў у нейкім месцы пра сёмы дзень так: «І супачыў Бог у сёмы дзень ад усіх спраў Сваіх». І вось яшчэ, зноў: «Не ўвойдуць яны ў супачынак Мой». Дык вось застаецца, што ўвойдуць у яго некаторыя, а тыя, якім была раней абвешчана добрая вестка, не ўвайшлі з прычыны непаслухмянасці. Ды зноў вызначае Ён нейкі дзень, «сёння», кажучы праз Давіда па некаторым часе, як і перад гэтым было сказана: «Сёння, калі пачуеце голас Яго, не рабіце цвёрдымі сэрцаў вашых». Калі б Ісус [Навін] увёў іх у супачынак, дык не было б сказана пра іншае пасля гэтага дня. Дык пакідаецца святкаванне шабату для народа Божага. Бо хто ўвайшоў у супачынак Яго, таксама супачне ад працы сваёй, як і Бог ад Сваёй. Дык будзем старацца ўвайсці ў супачынак гэты, каб хто-небудзь не трапіў у той самы прыклад непаслухмянасці. Бо жывое слова Божае і дзейснае, і вастрэйшае ад усякага меча двусечнага, і пранікае ажно да раздзялення душы і духа, суставаў і мозга касцей, і судзіць думкі і намеры сэрца. І няма тварэння, схаванага ад Яго, усё вачам Яго аголена і адкрыта, і мы перад Ім адкажам. Маючы, вось, Першасвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Ісуса, Сына Божага, будзем трымацца вызнання. Бо мы маем не такога першасвятара, які б не мог нам спачуваць у нашых немачах, але падобным чынам спакушанага ва ўсім, апроч граху. Хадзем жа тады з даверам да пасада ласкі, каб атрымаць міласэрнасць і знайсці ласку на спрыяльную дапамогу.

Бо ўсякі першасвятар, з людзей абраны, для людзей ставіцца ў тым, што Божае, каб складаў дары і ахвяры за грахі, каб мог спачуваць тым, што не ведаюць і заблукалі, бо ён і сам абложаны нядужасцю, дзеля яе ён павінен нейкім чынам як за народ, так і за сябе самога складаць ахвяры за грахі. Ніхто сам сабе не возьме гэтай пашаны, але той, хто пакліканы Богам, як Аарон. Так і Хрыстос не Сам Сябе ўславіў, каб стацца Першасвятаром, але Той, Які сказаў Яму: «Ты — Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе», як у іншым [месцы] Ён кажа: «Ты — Святар навекі на ўзор Мэльхісэдэха». Ён у дні цела Свайго моцным голасам і са слязамі прыносіў малітвы і просьбы Таму, Які мог збавіць Яго ад смерці, і выслуханы быў дзеля Сваёй богаадданасці. І вось, хоць быў Сынам, навучыўся з таго, што перацярпеў, паслухмянасці і, выканаўшы [ўсё], стаўся для ўсіх паслухмяных Яму прычынай збаўлення вечнага, названы Богам Першасвятаром на ўзор Мэльхісэдэха. Пра Яго многа нам трэба было б гаварыць, але цяжка выказаць гэта, бо сталіся вы няздольнымі слухаць. Адносна часу вы павінны б быць настаўнікамі, а вось, вы зноў патрабуеце, каб хто вас вучыў пачаткам слоў Божых, і вы такія, што вам малако належыцца, а не цвёрдая страва. Кожны з вас, хто корміцца малаком, несвядомы ў слове справядлівасці, бо ён — дзіцятка. Для дарослых жа цвёрдая страва, для тых, хто праз ужыванне маюць спрактыкаваныя пачуцці, каб разабрацца, што добрае, а што благое.

Дзеля таго, пакінуўшы пачаткі слова Хрыстова, пяройдзем да спраў больш дасканалых, не беручыся зноў закладваць падмуркі адносна навяртання ад мёртвых учынкаў і адносна веры ў Бога, навукі аб хросце, а таксама ўскладанні рук, уваскрэсенні мёртвых і вечным судзе. І гэта зробім, калі Бог дазволіць. Бо немагчыма, каб тыя, што ўжо раз былі асвечаны, што таксама пакаштавалі дару нябеснага ды сталіся ўдзельнікамі Духа Святога, якія пакаштавалі добрага Божага слова і магутнасць будучага веку ды адпалі, крыжуючы зноў у саміх сабе Сына Божага і зневажаючы Яго, маглі быць адноўлены да навяртання. Бо зямля, што напойваецца частым дажджом і родзіць расліны на карысць тым, якія апрацоўваюць яе, атрымлівае дабраславенне ад Бога. А калі родзіць церні і пустазелле, дык яна непрыдатная і блізкая да праклёну, і канец яе — спаленне. Спадзяёмся адносна вас, найдаражэйшыя, што вы лепшыя і трымаецеся збаўлення, хоць мы і гаворым гэтак. Бо Бог справядлівы і не забудзе ўчынкаў вашых і працу любові, якую выказалі вы дзеля імя Яго, вы, якія паслугавалі і паслугуеце святым. Жадаем, каб кожны з вас выявіў такую ж руплівасць ва ўдасканаленні надзеі аж да канца, каб не сталіся вы лянівымі, але сапраўднымі паслядоўнікамі тых, якія вераю і доўгацярплівасцю бяруць у спадчыну абяцанне. Бо Бог, даючы абяцанне Абрагаму, не маючы нікога вышэйшага, каб мог ім прысягнуць, прысягнуў Самім Сабою, сапраўды кажучы: «Дабраслаўляючы, дабраслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу цябе». І так, доўгі час чакаючы, атрымаў абяцанае. Бо людзі вышэйшым ад сябе прысягаюць, і кожная спрэчка між імі канчаецца прысягаю на сцвярджэнне. Дзеля таго і Бог, хочучы для спадкаемцаў абяцання больш выявіць непарушнасць Свайго намеру, скарыстаўся прысягай, каб праз дзве нязменныя рэчы, у якіх немагчыма, каб Бог казаў няпраўду, мелі мы моцную ўцеху, мы, што збягаемся, каб узяць дадзеную нам надзею, якую маем як якар душы, бяспечны і пэўны, які пранікае ва ўнутранае аж за заслону, куды за нас як папярэднік увайшоў Ісус, на ўзор Мэльхісэдэха стаўшыся Першасвятаром навек.

Гэты вось Мэльхісэдэх, цар Салема, святар Бога Найвышэйшага, выйшаў насустрач Абрагаму, які вяртаўся пасля разгрому цароў, і дабраславіў яго. Яму таксама даў Абрагам дзесяціну з усяго. Імя яго абазначае, па-першае, цар справядлівасці, а потым і цар Салема, што значыць: цар Супакою. Без бацькі, без маці, без радаводу, без пачатку дзён і не маючы канца жыцця, ён упадобніўся Сыну Божаму і застаецца святаром навекі. Дык бачыце, які вялікі той, каму патрыярх Абрагам даў дзесяціну са здабычы. Вось, і тыя з сыноў Левія, што атрымліваюць святарства, маюць наказ браць дзесяціны з народа паводле закону, значыць ад братоў сваіх, хоць і яны выводзяцца са сцёгнаў Абрагама. Той жа не залічаўся да іх роду, узяў, аднак, дзесяціну ад Абрагама і таго, які меў абяцанне, дабраславіў. Без ніякай супярэчнасці, тое, што меншае, дабраслаўляецца большым. І тут людзі смяротныя бяруць дзесяціны, а там Той, Хто мае сведчанне, што жыве. І, калі можна так сказаць, таксама і Леві, які бярэ дзесяціны, аддаў дзесяціну праз Абрагама, бо ён яшчэ быў у сцёгнах бацькі, калі Мэльхісэдэх выйшаў яму насустрач. Калі б дасканаласць дасягальнай была праз святарства левітаў, бо народ атрымаў закон ад яго, то нашто было ўстанаўляць яшчэ іншага святара на ўзор Мэльхісэдэха, а не на ўзор Аарона называцца? Бо са зменай святарства павінен змяніцца і закон. Той, пра Якога тут гаворыцца, паходзіць з іншага пакалення, з якога ніхто не служыў пры ахвярніку. Ведама ж, што з Юды паходзіць наш Госпад, а Майсей нічога не казаў аб святарах з гэтага пакалення. Дык гэта яшчэ больш выразным становіцца, калі на ўзор Мэльхісэдэха выступае іншы святар, які не паводле закону цялеснага прыказання стаўся такім, але паводле магутнасці нязменнага жыцця. Бо прыводзіцца сведчанне: «Ты — Святар навекі на ўзор Мэльхісэдэха». Такім чынам касуецца папярэдняе прыказанне дзеля яго кволасці і некарыснасці. Бо нічога не давёў той закон да дасканаласці, але быў уступам лепшай надзеі, праз якую набліжаемся да Бога. Тым больш, што сталася гэта не без прысягі, бо тыя станавіліся святарамі без прысягі, а Гэты — з прысягаю Таго, Які сказаў Яму: «Прысягнуў Госпад і не пашкадуе: Ты — Святар навекі на ўзор Мэльхісэдэха». Вось чаму Ісус стаў Паручыцелем лепшага запавету. І тых многа станавіліся святарамі паводле запавету, таму што смерць не дазваляла трываць аднаму; Гэты праз тое, што трывае вечна, мае святарства непераходзячае. Дзеля таго і збаўляць можа Ён заўсёды тых, якія прыступаюць праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб за іх заступацца. Такога, вось, належала мець нам Першасвятара, святога, нявіннага, беззаганнага, аддзеленага ад грэшнікаў і ўзвышанага па-над неба, Які не мае патрэбы, як першасвятары, складаць штодзень ахвяры перш за свае злачынствы, а пасля — за злачынствы народа, бо гэта Ён зрабіў раз назаўсёды, складаючы Самога Сябе. Бо закон стаўляе першасвятарамі людзей кволых, слова ж прысягі, што пасля закону, — Сына, дасканалага навекі.

Галоўнае ж, аб чым гаворыцца, ёсць тое, што мы маем такога Першасвятара, Які сеў праваруч пасада Велічы ў небе, Служыцеля святыні і праўдзівай палаткі, якую паставіў Госпад, а не чалавек. Кожны святар ставіцца, каб складаць дары і ахвяры, таму трэба было, каб і Гэты меў нешта для ахвяры. Калі б Ён заставаўся на зямлі, то не быў бы святаром, таму што ёсць тут святары, што складаюць дары паводле закону. Яны служаць вобразу і ценю нябеснага, як сказана было Майсею, калі меў паставіць палатку: «Глядзі, — вось, кажа, — зрабі ўсё паводле ўзору, які быў табе паказаны на гары». Цяпер, вось, Ён атрымаў лепшае служэнне настолькі, наколькі стаўся Пасярэднікам лепшага запавету, які ўгрунтаваны на лепшых абяцаннях. Бо калі б той першы быў без заганы, то не трэба было б шукаць на яго месца другога. Бо, ушчуваючы іх, кажа: «Вось жа настануць дні, кажа Госпад, і Я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет, не паводле запавету, які Я зрабіў з іх бацькамі ў дзень, у які ўзяў руку іх, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай, бо яны не вытрывалі ў Маім запавеце, і Я занядбаў іх, — кажа Госпад. Вось жа, запавет, які Я дам дому Ізраэля пасля тых дзён, — кажа Госпад, — даўшы законы Мае у іх думкі, ды ў сэрцы іх упішу іх і буду ім Богам, і яны будуць Мне народам. І ніхто не будзе вучыць блізкага свайго, ані брата свайго, кажучы: “Пазнай Госпада!” Бо ўсе Мяне пазнаюць ад найменшага з іх аж да найбольшага. Бо міласэрным буду да іх няправеднасцей і не ўспомню больш пра іх грахі». Кажучы пра «новы», першы прызнаў Ён старым. А тое, што старое і марнее, тое блізкае да знішчэння.

Меў, праўда, і першы запавет пастановы служэння, і святыню зямную. Была гэта палатка пастаўлена першай, у якой, называнай святым, знаходзіўся свечнік, стол і хлябы пакладныя. А за другой заслонай палатка, якая звалася святое з святых, у якой быў залаты кадзільнік і каўчэг запавету, абкладзены з кожнага боку золатам, у якім была залатая пасудзіна з маннай і кій Аарона, які расцвіў, ды табліцы запавету, а зверху над каўчэгам былі херубіны славы, ацяняючы перамольню. Аб гэтым падрабязна няма патрэбы цяпер гаварыць. Так вось было ўсё прыгатавана, і ў першую палатку заўсёды ўваходзяць святары, адпраўляючы служэнне святое. Да другой жа толькі раз у год адзін першасвятар, ды не без крыві, якую складаў у ахвяру за сябе і за грахі няведання свайго народа. Гэтым паказвае Дух Святы, што яшчэ не адкрыта дарога да святога месца, пакуль стаіць ранейшая палатка. Гэта сімвал цяперашняга часу, калі складаюцца разам дары і ахвяры, якія не могуць зрабіць дасканалым паводле сумлення таго, які служыць, і адносіцца яно толькі да ежы, пітва, усякіх абмыванняў, і пастаноў [для] цела, вызначаных да часу выпраўлення. Але Хрыстос, з’явіўшыся як Першасвятар будучых даброццяў, праз вышэйшую і дасканалейшую і не рукой, значыць не на гэтым свеце, створаную палатку, і не праз кроў казлоў і быкоў, але праз уласную кроў увайшоў раз і назаўсёды ў святое, здабыўшы вечнае адкупленне. Бо калі кроў казлоў і валоў разам з попелам цяліцы, калі пакрапіць імі, усвячае нячыстых, даючы ачышчэнне цела, дык тым больш кроў Хрыста, Які ахвяраваў Самога Сябе Богу праз Вечнага Духа, ачысціць сумленне наша ад мёртвых учынкаў, каб служыць Богу жывому. Вось таму Ён ёсць Пасярэднік Новага Запавету, каб праз смерць адкупіць злачынствы, дапушчаныя пры першым запавеце, і каб пакліканыя да вечнай спадчыны даступіліся да абяцанага. Бо там, дзе ёсць запавет, там павінна прыйсці смерць завяшчальніка. Запавет толькі пасля мёртвых правамоцны; ён не мае моцы, пакуль жыве той, хто яго склаў. Таму і першы быў зацверджаны не без крыві. Калі ўжо Майсей абвясціў усяму народу кожнае прыказанне паводле закону, узяў кроў казлоў і быкоў з вадой, воўнай чырвонай і гізопам і пакрапіў як саму кнігу закону, так і ўвесь народ, кажучы: «Гэта кроў запавету, які Бог паклаў вам». Падобным спосабам пакрапіў крывёй таксама і палатку, і ўсё начынне служэння. І амаль усё паводле закону крывёй ачышчаецца, і без праліцця крыві няма даравання. Значыць, неабходна было, каб вобразы рэчаў нябесных такім спосабам былі ачышчаны, а самыя рэчы нябесныя патрабавалі шмат дасканалейшых, чым тыя, ахвяр. Хрыстос жа ўвайшоў не ў святыню, пастаўленую рукамі, якая была падабенствам сапраўднай, але ў самае неба, каб цяпер з’явіцца перад абліччам Бога за нас, ды не па тое, каб меў часта ахвяроўвацца, як першасвятар, які штогод уваходзіць у святое святых з чужой крывёю, інакш цярпеў бы там многа разоў ад заснавання свету. Ён жа раз аб’явіўся ў гэты час перад канцом свету дзеля знішчэння граху праз ахвяраванне Самога Сябе. І, як устаноўлена людзям, раз памерці, а пасля — суд, так і Хрыстос адзін раз быў ахвяраваны дзеля знішчэння грахоў многіх, а другі раз з’явіцца не дзеля граху да тых, што Яго чакаюць, на збаўленне.

Бо закон, маючы цень будучых даброццяў, а не саму выяву рэчаў, аднымі і тымі самымі ахвярамі, штогод без перастанку складанымі, ніколі не можа ўдасканаліць тых, што прыходзяць. Інакш перасталі б іх складаць, таму што служыцелі, раз ачышчаныя, не мелі б ужо аніякага ўсведамлення грахоў. Аднак у іх прыпамінанне грахоў штогод усё ж застаецца. Бо немагчыма крывёй валоў і казлоў зняць грахі. Таму, прыходзячы на свет, кажа Хрыстос: «Ахвяры і прынашэння не захацеў Ты, але цела Мне прыгатаваў. Цэласпаленні і ахвяры за грэх не спадабаліся Табе. Тады сказаў Я: вось, іду, на пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць, Божа, волю Тваю». Сказаўшы раней: «Ахвяр і прынашэнняў, цэласпаленняў і ахвяр за грэх не захацеў Ты, і не спадабаліся яны Табе», хоць і складаюцца паводле закону, потым сказаў: «Вось, іду, каб выканаць волю Тваю, Божа». Касуе першую, каб устанавіць другую. На моцы той волі асвечаны мы назаўсёды праз ахвяру цела Ісуса Хрыста. І кожны святар штодзень служыць і часта складае тыя самыя ахвяры, якія ніяк не могуць зняць грахоў. Ён жа, склаўшы адну ахвяру за грахі, навек сядзіць праваруч Бога, чакаючы, аж дакуль непрыяцелі Яго будуць пакладзены пад ногі Яго. Вось, Ён адной ахвяраю ўдасканаліў на векі тых, якія асвечаны. Сведчыць нам аб гэтым і Дух Святы, бо пасля таго Ён сказаў: «Вось якім будзе запавет, які Я размяшчу ў іх сэрцах і ў думках іх упішу іх, ды грахоў і беззаконняў іх ужо ўспамінаць не буду». А дзе дараванне гэтых, там ужо больш не трэба ахвяры за грэх. Дык, маючы тады, браты, пэўнасць увайсці ў святое праз кроў Ісуса, Які праклаў нам шлях новы і жывы праз заслону, гэта значыць цела Сваё, і вялікага Першасвятара над домам Бога, прыступайма са шчырым сэрцам, у паўнаце веры, крапленнем ачысціўшы сэрцы ад усякай свядомасці ліхой і з абмытым чыстаю вадою целам. Трымаймася непарушна вызнання надзеі, бо верны ёсць Той, Які даў абяцанне; і зважайма адзін на аднаго, заклікаючы да любові і да добрых учынкаў. Не прапускайма нашых супольных сходаў, як сталася звычкай некаторых, але суцяшаймася, і тым больш, чым больш вы бачыце надыходзячы дзень гэты. Бо калі мы самахоць грашым, прыняўшы пазнанне праўды, дык не застаецца ўжо ахвяры за грэх, але толькі нейкае страшнае чаканне суда і жар агню, які павінен будзе пажэрці супраціўнікаў. Хто адкінуў закон Майсея, таго без ніякай міласэрнасці караюць смерцю пры двух або трох сведках. Падумайце самі, наколькі ж страшнейшых кар варты той, які Сына Божага патаптаў, ці кроў запавету, якой быў асвечаны, за звычайную лічыў і Духа ласкі зняважыў? Бо мы ведаем Таго, Хто сказаў: «Мне помста, і Я дам адплату», — кажа Госпад, — або зноў: «Сам Госпад будзе судзіць Свой народ». Страшна трапіць у рукі Бога жывога. Прыпомніце мінулыя дні, у якія вы, асвечаныя, перанеслі вялікую навалу пакут, іншы раз самі стаўшыся відовішчамі зняваг і цярпенняў або іншы раз быўшы сучаснікамі тых, што падобнае перажывалі. Бо спачувалі кайданам маім, і з радасцю прынялі вы рабунак вашай маёмасці, ведаючы, што маеце [ў небе] багацце лепшае, трывалае. Дык не пакідайце мужнасці вашай, якая мае вялікую ўзнагароду. Цярплівасць жа вам патрэбна, каб, спаўняючы волю Божую, атрымаць абяцанае. Яшчэ вось крыху, крыху і прыйдзе Той, Які павінен прыйсці, і не замарудзіць. Бо “справядлівы з веры жыве; калі б хто хістаўся, не спагадная да таго душа Мая”. Мы ж не з’яўляемся адступнікамі на загубу, але веруючымі на збаўленне душы.

Вера — гэта здзяйсненне чаканага і пэўнасць у рэчах, якіх не бачым. Дзякуючы ёй продкі атрымалі сведчанне. Праз веру пазнаём, што словам Божым наладжаны вякі і што з нябачнага паўстала бачнае. Праз веру Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сведчанне, што ён справядлівы. Бо Бог засведчыў пра яго дары, і праз яе нават памерлы гаворыць. Праз веру Гэнох перанесены быў, каб не бачыў смерці, і не знайшлі яго, бо перасяліў яго Бог; бо перад перанясеннем сваім атрымаў сведчанне, што ён мілы Богу. А без веры немагчыма падабацца Богу. Бо трэба верыць, шукаючы Бога, што Ён ёсць і шукаючым Яго дае ўзнагароду. Праз веру атрымаў Ной аб’яўленне аб тым, што яшчэ было нябачным, і богабаязна пабудаваў каўчэг на выратаванне сям’і сваёй. Праз яе асудзіў ён свет і стаўся спадкаемцам справядлівасці праз веру. Праз веру пакліканы Абрагам паслухаўся пайсці ў месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не ведаючы, куды ідзе. Праз веру асеў ён у зямлі абяцанай, як у чужой, у палатках пражываючы з Ізаакам і Якубам, са спадкаемцамі таго ж самага абяцання. Бо спадзяваўся на горад, які мае моцныя падмуркі, будаўнічы якога і творца — Бог. Праз веру і сама Сара, бясплодная, нягледзячы на ўзрост, атрымала моц на пачацце нашчадка і нарадзіла, бо паверыла, што верны Той, Які даў абяцанне. Дзеля таго і ад аднаго, прытым амярцвелага, нарадзілася шмат, як зорак на небе і як пяску незлічонага на беразе мора. Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы таго, што ім было абяцана, толькі здалёк аглядаючы яго, вітаючы і вызнаючы, што на зямлі яны толькі вандроўнікі і госці. Бо якія так кажуць, паказваюць, што шукаюць бацькаўшчыны. Калі ж бы тую ўспаміналі, з якой выйшлі, знайшлі б час у яе вярнуцца. Але яны тужаць па лепшай, гэта значыць па нябеснай. Вось таму Бог не саромеецца называць Сябе іх Богам, бо падрыхтаваў ім горад. Праз веру прынёс Абрагам Ізаака, калі выпрабоўваўся, і адзінага сына склаў у ахвяру той, які атрымаў абяцанне і якому было сказана: «Ад Ізаака будуць называцца твае нашчадкі». Верыў жа ён, што і мёртвага можа Бог уваскрасіць; таму і атрымаў яго ў вобраз. Праз веру ў будучыню дабраславіў Ізаак Якуба і Эзава. Праз веру Якуб, паміраючы, дабраславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся перад верхам кія свайго. Праз веру Язэп, паміраючы, нагадваў аб выхадзе сыноў Ізраэля і даў даручэнне адносна сваіх касцей. Праз веру Майсей быў укрываны бацькамі сваімі на працягу трох месяцаў ад свайго нараджэння, бо бачылі, што прыгожае дзіцятка, і не спалохаліся загаду фараона. Вырасшы, Майсей праз веру адмовіўся называцца сынам дачкі фараона, лепш выбіраючы быць пераследаваным разам з народам Божым, чым мець часовую прыемнасць граху. Бо лічыў за большае багацце знявагі Хрыстовы, чым скарбы егіпецкія, бо глядзеў на ўзнагароду. Праз веру пакінуў ён Егіпет, не збаяўшыся злосці царскай; вытрываў, як быццам бачачы Нябачнага. Праз веру справіў Пасху і апырскванне крывёй, каб знішчальнік першынцаў не крануў іх. Праз веру перайшлі яны Чырвонае мора, як быццам па сухой зямлі; калі ж спрабавалі гэта зрабіць егіпцяне, былі патоплены. Праз веру паразвальваліся муры Ерыхона, калі абыходзілі іх вакол сем дзён. Праз веру блудніца Рахаб не загінула разам з няверуючымі, бо ў супакоі прыняла выведчыкаў. Ды што яшчэ маю сказаць? Не хапіла б часу расказваць пра Гедэона, Барака, Самсона, Яфтаха, Давіда, Самуэля і прарокаў, якія вераю перамагалі царствы, аказвалі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам, тушылі полымя агню, усцерагаліся смерці ад меча, ачуньвалі ад немачы, былі стойкімі ў баях, змушаючы ўцякаць дружыны ворагаў; жонкі атрымлівалі сваіх памерлых уваскрослымі. Іншыя былі замучаны, не прыняўшы вызвалення, каб атрымаць лепшае ўваскрэсенне; іншыя ж нацярпеліся здзекаў і біцця ды яшчэ кайданоў ды астрогу, каменавалі іх, перапілоўвалі і катавалі, гінулі яны ад меча, туляліся ў авечых і казліных скурах, жылі ў горы, нястачах і прыгнёце. Не варты быў іх свет, а блукалі [яны] па пустынях, па гарах, у пячорах і шчылінах зямлі. І ўсе гэтыя, атрымаўшы сведчанне праз веру, не атрымалі абяцанага, дзеля таго, што Бог прадбачыў для нас нешта лепшае, каб яны не без нас дасягнулі дасканаласці.

Дзеля таго і мы, маючы вакол сябе такое мноства сведкаў, адкінуўшы ўсякі цяжар і грэх, што акручвае нас, будзем цярпліва бегчы ў вызначаным нам змаганні, гледзячы на пачынальніка і завяршыцеля веры, Ісуса, Які замест радасці, што была перад Ім, перанёс крыж, не дбаючы пра ганьбу, і сеў праваруч пасада Божага. Разважце тады пра Таго, Які з боку грэшнікаў перанёс такую страшную варожасць адносна Сябе, каб і вы не аслабелі, калі ў вас сілы душы не стане. Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць граху, і забыліся аб перасцярозе, якую вам, як сынам, дае: «Сыне мой, не грэбуй карай Госпада, не падай духам, калі Ён цябе дакарае; Бо каго Госпад любіць, таго і карае, ды б’е кожнага сына, якога прымае». Калі вы церпіце кары, дык Бог абыходзіцца з вамі як з сынамі. Які ж гэта быў бы сын, каб яго бацька не караў? Але калі вы застанецеся без кары, супольнікамі якой сталі ўсе, то гэта значыць, што не сыны вы, а байструкі. Адсюль, калі мы мелі бацькоў цела нашага, якія нас каралі, і шанавалі іх, дык ці не шмат больш павінны мы падпарадкоўвацца Айцу духаў і жыць? І тыя навучалі нас, як ім здавалася, на кароткі час, Той жа робіць для дабра нашага, каб зрабіць нас супольнікамі Яго святасці. Усякае пакаранне цяпер падаецца не радасцю, а сумам, але пасля навучаным праз яго дасць мірны плод справядлівасці. Дзеля таго «зрабіце дужымі рукі аслабелыя і калені самлелыя», і «проста рабіце крокі нагамі вашымі, каб хто кульгавы не спрывіліў нагу, а лепш паздаравеў». Імкніцеся да міру з усімі і ўсвячайцеся, бо без гэтага ніхто не ўбачыць Бога. Пільнуйцеся, каб не згубіў хто ласкі Божай, каб які горкі корань, вырасшы ўверх, не зрабіў шкоды, і праз гэта каб не спракудзіліся многія, каб не стаў хто распуснікам або бязбожнікам, як той Эзаў, які за адну страву выракся свайго першародства. Бо ведаеце, што пасля, жадаючы ўспадкаеміць дабраславенне, быў адхілены, і не знайшоў месца навяртання, хоць і шукаў яго са слязамі. Бо вы прыступіліся не да гары дакранальнай і палаючага агню, і цемры ды змроку і буры, і гуку трубы, і гоману слоў, ад якога чуўшыя прасіліся, каб не гаварылася больш да іх слова. Бо не вытрымалі таго, што ім загадана было: «Нават калі жывёла дакранецца да гары, будзе ўкаменавана, або забіта стралою». І так страшным было тое, што бачылі, што Майсей сказаў: «Перапалоханы я і ў трымценні». Але вы прыступіліся да гары Сіёна і горада Бога жывога, нябеснага Ерузаліма і безлічы анёлаў, да зграмаджэння і да Царквы першародных, якія запісаны ў небе, і да Бога, Суддзі ўсіх, і да духаў справядлівых, што дасягнулі дасканаласці, і да Пасярэдніка Новага Запавету, Ісуса, да крыві акраплення, што лепш за кроў Абэля прамаўляе. Глядзіце, не адвярніцеся ад Гаворачага. Бо калі тыя не ўцяклі ад кары, адвярнуўшыся ад таго, які гаварыў на зямлі, то тым больш мы, калі адвернемся ад Таго, Які да нас з нябёсаў гаворыць. Голас Яго страсянуў тады зямлю, а цяпер абвяшчае, кажучы: «Яшчэ раз страсяну і ўстрасу не толькі зямлю, але і неба». Што кажа «яшчэ раз», дык абвяшчае змяненне расхістанага як створанага, каб заставалася непахіснае. Дык вось, прымаючы валадарства непарушнае, будзьма мець ласку, праз якую, падабаючыся Богу, будзем служыць Яму з багабойнасцю і страхам. Бо Бог наш — гэта агонь паглынаючы.

Няхай трывае між вамі братняя любоў. Не забывайцеся пра гасціннасць, бо дзякуючы ёй некаторыя, не ведаючы, анёлам аказалі гасціннасць. Памятайце пра вязняў, як быццам і вы разам з імі былі зняволенымі, і пра тых, што ў бедах і хваробах, бо і вы самі маеце цела. Няхай ва ўсіх будзе ў пашане шлюб і ложак беззаганны, бо распуснікаў і чужаложнікаў судзіць будзе Бог. Хай будуць норавы без сквапнасці; будзьце задаволены тым, што маеце. Бо Ён сказаў: «Не адхінуся ад цябе і не пакіну цябе». Так што адважна мы кажам: «Госпад — Успаможца мой, не збаюся, бо што зробіць мне чалавек?» Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам слова Божае і, бачачы вынікі іх жыцця, будзьце [іх] пераймальнікамі ў веры. Ісус Хрыстос Той самы ўчора, сёння і навекі. Не дайцеся звесціся рознымі чужымі вучэннямі. Найлепш бо мацаваць сэрца ласкаю, а не ежаю, якая не дапамагла тым, што пайшлі за ёю. Маем ахвярнік, з якога не маюць права есці тыя, якія паслугуюць у палатцы. Бо целы тых жывёлін, кроў якіх за грэх прыносіцца першасвятаром у святое, паляцца за лагерам. Таму і Ісус, каб усвяціць народ Сваёй Крывёю, быў замучаны за брамаю. Дык выйдзем жа і мы да Яго за лагер, пераносячы разам з Ім зганьбаванне, бо не маем тут трывалага горада, але шукаем будучага. Дык праз Яго заўсёды будзем складаць ахвяру хвалы Богу, гэта значыць плод вуснаў, што праслаўляюць Яго імя. Не забудзьцеся пра дабрадзейнасць і супольнасць, бо такія ахвяры мілыя Богу. Слухайце настаўнікаў вашых і падпарадкоўвайцеся ім, бо яны чуваюць над душамі вашымі, як абавязаныя даць справаздачу. Дык няхай яны гэта з радасцю выконваюць, а не са стогнамі, бо гэта не на карысць вам. Маліцеся за нас, бо мы ўпэўнены ў тым, што маем добрае сумленне, жадаючы ва ўсім рабіць добра. Асабліва прашу вас зрабіць так, каб чым хутчэй быў я вернуты вам. Бог жа супакою, Які ўваскрасіў з мёртвых вялікага Пастыра авечак у Крыві вечнага запавету, Госпада нашага Ісуса, хай удасканаліць вас ва ўсякай справе добрай, каб спаўнялі вы Яго волю, выконваючы ў нас, што Яму падабаецца, праз Ісуса Хрыста, Якому слава на векі вечныя. Амін. Прашу ж вас, браты, прыміце слова заахвочвання, бо толькі трохі напісаў я вам. Ведайце, што брат наш Цімафей выпушчаны; з ім разам, калі хутка прыбудзе, пабачу вас. Прывітайце ўсіх вашых настаўнікаў і ўсіх святых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі. Ласка з вамі ўсімі. Амін.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.