Библия › Клышка › Дзеянні

Дзеянні

Першую кнігу я склаў, о Тэофіле, пра ўсё, што Ісус пачаў рабіць і чаму вучыць аж да таго дня, калі Ён быў узнесены, даўшы праз Святога Духа наказы Апосталам, якіх Ён выбраў; якім Ён і паказаў Сябе жывым, пасля Сваіх пакутаў, многімі бясспрэчнымі доказамі, на працягу сарака дзён з’яўляючыся ім і кажучы пра Царства Божае. І, сабраўшы іх, Ён загадаў ім не адлучацца ад Іерусаліма, а чакаць абяцанага Бацькам: Пра што вы чулі ад Мяне, бо Іаан хрысціў вадою, вы ж праз некалькі гэтых дзён будзеце ахрышчаны Святым Духам. Дык тыя, што зышліся, пыталіся ў Яго, кажучы: Госпадзе, ці не ў гэты час Ты ўзнаўляеш царства Ізраілю? Ён жа сказаў ім: Не вам ведаць часы ці абставіны, якія Бацька вызначыў Сваёю ўладаю, але вы атрымаеце сілу, калі Святы Дух зыдзе на вас, і вы будзеце Маімі сведкамі і ў Іерусаліме, і ва ўсёй Іудзеі, і ў Самарыі, і аж да краю зямлі. І, сказаўшы гэта, калі яны яшчэ бачылі Яго, Ён быў узняты, і воблака забрала Яго ад іх вачэй. І калі яны пільна ўглядаліся ў неба, як Ён узыходзіў, і вось, сталі пры іх у белых шатах два чалавекі, якія і сказалі: Мужы галілейскія, што вы стаіце, углядаючыся ў неба? Гэты Ісус, узнесены ад вас у неба, прыйдзе гэтак жа, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў у неба. Тады яны вярнуліся ў Іерусалім з гары, якая называецца Элеон і знаходзіцца паблізу Іерусаліма, адлеглая на суботні дзень хады1. І калі яны ўвайшлі, то падняліся ў верхні пакой, дзе яны жылі: Пётр, Іаан, Іякаў2 і Андрэй, Філіп і Фама, Варфаламей і Матфей, Іякаў, сын Алфееў, Сіман Зілот і Іуда, брат Іякаваў. Усе яны аднадушна шчыравалі ў малітве [і прашэнні] разам з жанчынамі і з Марыям3, Ісусавай маці, і [з] Яго братамі. І ў гэтыя дні Пётр, стаўшы пасярэдзіне братоў4, сказаў, (а была грамада людзей разам каля ста дваццаці): Мужы браты, належала спраўдзіцца Пісанню, у якім Святы Дух наперад сказаў вуснамі Давідавымі пра Іуду, які зрабіўся павадыром для тых, хто схапіў Ісуса, бо ён быў залічаны да нас і атрымаў жэрабя гэтага служэння. Дык ён набыў поле платаю за няправеднасць і, упаўшы ўніз галавою, лопнуў пасярэдзіне, і вываліся ўсе яго вантробы. І гэта стала вядома ўсім жыхарам Іерусаліма, так што поле тое названа на іх уласнай гаворцы Акелдамах, гэта значыць «поле крыві». Бо напісана ў кнізе Псалмоў: «Няхай апусцее дом яго і няхай ніхто не жыве ў ім» і «пасаду яго няхай прыме іншы». Дык трэба, каб з людзей, хто спадарожнічаў разам з намі ўвесь час, калі сярод нас уваходзіў і выходзіў Госпад Ісус, пачынаючы ад Іаанавага хрышчэння да таго дня, калі Ён быў узнесены ад нас, — каб адзін з іх быў разам з намі сведка Яго ўваскрэсення. І паставілі двух: Іосіфа, якога звалі Варсавам, па мянушцы Юст, і Матфія. І, памаліўшыся, яны сказалі: Ты, Госпадзе, Сэрцазнаўца ўсіх, пакажы, каго Ты аднаго выбраў з гэтых двух, каб ён прыняў месца5 гэтага служэння і Апостальства, ад якога адпаў Іуда, каб пайсці ў сваё месца. І далі ім жэрабі. І выпала жэрабя на Матфія, і ён быў прылічаны да адзінаццаці Апосталаў.

І калі надышоў дзень Пяцідзесятніцы, яны ўсе былі [аднадушна] разам у адным месцы. І раптам з неба пачуўся шум, як ад парывістага моцнага подзьмуху, і ён напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі; і паказаліся ім падзеленыя языкі, нібы агнявыя, і селі па адным на кожнага з іх, і яны ўсе напоўніліся Святым Духам і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў прамаўляць ім. А ў Іерусаліме былі іудзеі, набожныя людзі з усялякага народа, што пад небам. Калі ж пачуўся гэты гук, усё гэтае мноства зышлося і прыйшло ў замяшанне, бо кожны з іх чуў, што яны прамаўляюць на яго ўласнай гаворцы. Яны ж уразіліся і здзіўляліся, кажучы [адзін аднаму]: Вось, усе гэтыя, што гавораць, хіба не галілеяне? І як мы іх чуем кожны на сваёй уласнай гаворцы, у якой мы нарадзіліся? Парфяне, і мідзяне, і эламіты, і жыхары Месапатаміі, і Іудзеі, і Кападакіі, Понта і Азіі, і Фрыгіі, і Памфіліі, Егіпта і земляў Лівіі, сумежных з Кірэнаю, і прышлыя з Рыма, і іудзеі, і празеліты6, крыцяне і аравіцяне — мы чуем, як яны гавораць на нашых мовах аб велічы Бога. І ўсе ўражваліся і ў недаўменні казалі адзін аднаму: Што гэта значыць? Іншыя ж, насміхаючыся, казалі: Яны напіліся салодкага віна! Пётр жа, стаўшы з адзінаццаццю, узвысіў свой голас і прамовіў да іх: Мужы іудзейскія і ўсе жыхары Іерусаліма, няхай будзе вам гэта вядома, і ўслухайцеся ў мае словы. Бо гэтыя людзі не п’яныя, як вы думаеце, бо цяпер трэцяя гадзіна дня7, а гэта тое, што сказана праз прарока Іаіля: «І будзе ў апошнія дні, — кажа Бог, — Я вылью ад Майго Духа на кожнае цела, і будуць прарочыць вашы сыны і вашы дочкі; і вашы юнакі будуць бачыць з’явенні, а вашым старым будуць сніцца сны; так, і на Маіх рабоў і на Маіх рабынь у тыя дні вылью ад Майго Духа, і яны будуць прарочыць. І дам цуды ў небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе — кроў, і агонь, і куродым. Сонца ператворыцца ў цемру і месяц — у кроў, перш чым прыйдзе дзень Гасподні, вялікі і слаўны. І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, будзе ўратаваны». Мужы ізраільскія, выслухайце гэтыя словы: Ісуса Назарэя, чалавека, Богам засведчанага для вас сіламі, цудамі і знакамі, якія Бог зрабіў праз Яго сярод вас, як вы [і] самі ведаеце, Гэтага, выдадзенага паводле пэўнай задумы і прадбачання Божага, вы [ўзялі і,] рукою беззаконнікаў, прыбіўшы цвікамі, забілі. Яго Бог уваскрэсіў, вызваліўшы з мукаў смерці, таму што не магло быць, каб яна ўтрымлівала Яго. Бо Давід кажа пра Яго: «Бачыў я Госпада перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, каб я не пахіснуўся. З-за гэтага ўзвесялілася маё сэрца і ўзрадаваўся мой язык, яшчэ ж і цела маё супакоіцца ў надзеі, бо не пакінеш Ты маёй душы ў пекле і не дасі Твайму святому ўбачыць тленне. Ты даў спазнаць мне дарогі жыцця; Ты напоўніш мяне радасцю перад Тваім абліччам». Мужы браты, дазвольце адкрыта сказаць вам пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і пахаваны, і яго магільня ў нас да гэтага дня. Будучы ж прарокам і ведаючы, што Бог клятваю пакляўся яму ад плоду яго паясніцы [узвесці Хрыста ў целе] і пасадзіць на яго трон, ён, прадбачачы, сказаў пра ўваскрэсенне Хрыста, што і ў пекле Ён не быў пакінуты8, і цела Яго не ўбачыла тлення. Гэтага Ісуса ўваскрэсіў Бог, сведкамі чаго ўсе мы. І вось Ён, узвышаны правай рукою Божай і атрымаўшы ад Бацькі абяцанне Святога Духа, выліў тое, што вы [і] бачыце і чуеце. Бо Давід не ўзышоў у нябёсы, але сам ён кажа: «Сказаў Госпад майму Госпаду: Сядзі праваруч Мяне, пакуль не пакладу Тваіх ворагаў у падножжа Тваіх ног». Дык няхай непахісна ведае ўвесь дом Ізраілеў, што Бог зрабіў Яго і Госпадам і Хрыстом, — Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі. Яны ж, пачуўшы, былі ўражаны да глыбіні сэрца і сказалі Пятру і астатнім Апосталам: Што нам рабіць, мужы браты? І Пётр кажа ім: Пакайцеся і няхай кожны з вас будзе ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста дзеля даравання вашых грахоў, і вы атрымаеце дар Святога Духа. Бо вам належыць гэта абяцанне і вашым дзецям, і ўсім, хто далёка, каго б ні паклікаў Госпад, наш Бог. І многімі іншымі словамі ён сведчыў і пераконваў іх, кажучы: Ратуйцеся ад гэтага разбэшчанага пакалення. Тады тыя, хто [радасна] прыняў яго слова, былі ахрышчаны, і далучылася ў той дзень каля трох тысяч душ. І яны непарушна трымаліся навучання Апосталаў і супольнасці, у пераламленні хлеба і ў малітвах. Быў жа ў кожнай душы страх; і шмат цудаў і знакаў рабілася праз Апосталаў [у Іерусаліме]. І ўсе вернікі былі разам, і ўсё у іх было супольнае. І яны прадавалі ўладанні і маёмасць і дзялілі іх на ўсіх так, хто якую меў патрэбу; і штодня, аднадушна шчыруючы ў святыні і пераламляючы хлеб па дамах, яны прымалі ежу ў радасці і сардэчнай прастаце, хвалячы Бога і маючы любоў ва ўсяго народа. І Госпад штодня дадаваў да іх9 уратаваных.

Пётр жа і Іаан узыходзілі ў святыню на малітву ў дзевяць гадзін10. І туды прыносілі аднаго чалавека, які быў кульгавы ад улоння яго маці і якога клалі штодня пры дзвярах святыні, што зваліся Прыгожымі, прасіць міласціну ў тых, хто ўваходзіў у святыню. Ён, убачыўшы, што Пётр і Іаан збіраюцца ўвайсці ў святыню, стаў прасіць, каб атрымаць міласціну. І Пётр, стоячы з Іаанам, пільна ўгледзеўшыся ў яго, сказаў: Паглядзі на нас! І той пачаў уважліва сачыць за імі, чакаючы што-небудзь ад іх атрымаць. Але Пётр сказаў: Серабра і золата няма ў мяне, а што маю, даю табе: у імя Ісуса Хрыста Назарэя [устань і] хадзі! І, падхапіўшы яго за правую руку, ён падняў яго; і адразу адужалі яго ступні і шчыкалаткі, і ён, ускочыўшы, стаў, і пачаў хадзіць, і ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы і скачучы, і хвалячы Бога. І ўвесь народ убачыў, што ён ходзіць і хваліць Бога; і пазнавалі яго, што гэта быў той, што сядзеў дзеля міласціны каля Прыгожай брамы святыні, і яны напоўніліся жахам і здзіўленнем з таго, што зрабілася з ім. І пакуль ён прытрымліваўся Пятра і Іаана, увесь народ, уражаны, збегся да іх у галерэю, што называлася Саламонавай. І Пётр, убачыўшы, адказаў народу: Мужы ізраільскія, чаму вы здзіўляецеся гэтаму? Ці ў нас чаму ўглядаецеся, нібы мы ўласнаю сілай альбо набожнасцю зрабілі, каб ён хадзіў? Бог Аўраамаў, і [Бог] Ісаакаў, і [Бог] Іякаваў, Бог нашых бацькоў праславіў Свайго Слугу11 Ісуса, Якога ж выдалі вы і ад Якога адракліся перад абліччам Пілата, калі той разважыў адпусціць Яго. Вы ж ад Святога і Праведнага адракліся і папрасілі падараваць вам чалавека, забойцу, а Уладара жыцця вы забілі, Якога Бог уваскрэсіў з мёртвых, сведкі чаго мы. І па веры ў Яго імя, Яго імя ўмацавала гэтага чалавека, якога вы бачыце і ведаеце; і вера, якая праз Яго, дала яму гэтае здароўе перад усімі вамі. І цяпер, браты, ведаю, што вы зрабілі гэта з няведання, як і вашы начальнікі; Бог жа, як загадзя абвясціў праз вусны ўсіх [Сваіх] прарокаў, што будзе пакутаваць Яго Хрыстос, так і спраўдзіў. Дык пакайцеся і далучыцеся, каб былі сцёрты вашы грахі, каб прыйшлі часы асвяжэння ад аблічча Госпада і каб Ён паслаў вызначанага раней вам Хрыста, Ісуса, Якога неба павінна ж прыняць да часу аднаўлення ўсяго, пра што Бог казаў праз вусны [ўсіх] Сваіх святых прарокаў спрадвеку. Маісей жа сказаў [бацькам]: «Прарока ўзніме вам Госпад, ваш Бог, з вашых братоў, як мяне; Яго слухайцеся ва ўсім, што Ён скажа вам. І будзе: кожная душа, якая не паслухаецца Таго Прарока, будзе знішчана з народа». І ўсе ж прарокі ад Самуіла і тых, што былі ў далейшым, — усе, што прамаўлялі, таксама абвясцілі гэтыя дні. Вы сыны прарокаў і запавету, які Бог запаведаў вашым бацькам, кажучы Аўрааму: «І ў тваім патомстве дабраславяцца ўсе роды зямлі». Да вас першых Бог, уваскрэсіўшы Свайго Слугу12 [Ісуса], паслаў Яго дабраславіць вас, каб кожнага адвярнуць ад вашых ліхіх учынкаў.

І калі яны прамаўлялі да народу, да іх падступілі святары, начальнік храмавай варты і садукеі, раздражнёныя тым, што яны вучаць народ і абвяшчаюць у Ісусе ўваскрэсенне з мёртвых, і наклалі на іх рукі і змясцілі пад варту да раніцы: бо ўжо быў вечар. Але многія з тых, што слухалі слова, уверавалі, і лік гэтых людзей дасягнуў [каля] пяці тысяч. І сталася: на другі дзень сабраліся ў Іерусаліме іх начальнікі, і старэйшыны, і кніжнікі, і Ганна, першасвятар, і Каіяфа, і Іаан, і Аляксандр, і тыя, што былі з першасвятарскага роду, і, паставіўшы іх пасярэдзіне, яны спыталіся: Якою сілаю альбо якім імем вы гэта зрабілі? Тады Пётр, напоўніўшыся Святым Духам, сказаў ім: Начальнікі народа і старэйшыны [Ізраільскія]! Калі нас сёння дапытваюць за дабрадзейства хвораму чалавеку, чым гэты чалавек выратаваны, то няхай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраіля, што імем Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрэсіў з мёртвых, Гэтым імем стаіць гэты чалавек перад вамі здаровы. Ён — камень, пагрэбаваны вамі, будаўнікамі, які стаў асноваю вугла. І няма ні ў кім іншым выратавання, бо няма пад небам іншага імя, дадзенага людзям, якім мы павінны быць выратаваны. І, бачачы адвагу Пятра і Іаана і зразумеўшы, што яны людзі невучоныя і простыя, яны здзіўляліся і пазнавалі іх — што яны былі з Ісусам. І, бачачы, што стаіць з імі выздаравелы чалавек, нічога не маглі запярэчыць. І, загадаўшы, каб яны выйшлі з сінедрыёна, пачалі раіцца адзін з адным, кажучы: Што нам рабіць з гэтымі людзьмі? Бо дзівосны знак, які адбыўся праз іх, вядомы ўсім жыхарам Іерусаліма, і мы не можам гэтага адмаўляць. Але, каб гэта яшчэ больш не пашыралася ў народзе, [давайце] прыстрашым іх, каб яны больш не казалі пра гэтае імя нікому з людзей. І, паклікаўшы іх, загадалі зусім не казаць і не вучыць у імя Ісуса. Але Пётр і Іаан сказалі ім у адказ: Ці справядліва перад Богам слухацца вас больш, чым Бога, — памяркуйце самі; бо не можам мы не казаць пра тое, што бачылі і чулі. І тыя, яшчэ прыстрашыўшы, адпусцілі іх, не знаходзячы нічога, каб пакараць іх, з-за народу, бо ўсе славілі Бога за тое, што адбылося; бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, з якім адбыўся гэты цуд выздараўлення. Калі ж іх адпусцілі, яны прыйшлі да сваіх і расказалі, што ім казалі першасвятары і старэйшыны. І тыя, выслухаўшы, аднадушна ўзвысілі голас да Бога і сказалі: Уладару, Ты [Божа], Хто стварыў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх, Які праз Святога Духа, праз вусны нашага бацькі Давіда, Твайго слугі, сказаў: «Чаго ўзбунтаваліся13 язычнікі, і народы задумалі марнае? Паўсталі зямныя цары, і начальнікі сабраліся разам супроць Госпада і супроць Яго Хрыста» Бо яны папраўдзе сабраліся ў гэтым горадзе на Твайго Святога Сына Ісуса, Якога Ты памазаў, і Ірад, і Понцій Пілат разам з язычнікамі і людзьмі Ізраіля, каб зрабіць тое, чаму Твая рука і Твая задума прадвызначыла адбыцца. І цяпер, Госпадзе, паглядзі на іх пагрозы і дай Тваім слугам з усёй адвагаю прамаўляць Тваё слова, калі Ты працягваеш [Тваю] руку на вылячэнне і каб адбываліся знакі і цуды імем Твайго Святога Сына Ісуса. І, калі яны памаліліся, месца, дзе яны сабраліся, здрыганулася, і ўсе напоўніліся Святым Духам і сталі казаць слова Божае з адвагаю. І ва ўсім мностве, што ўверавала, было адно сэрца і адна душа; і ніхто нічога са сваёй маёмасці не называў сваім, а ўсё ў іх было супольнае. І Апосталы з вялікай сілаю сведчылі пра ўваскрэсенне Госпада Ісуса [Хрыста], і вялікая ласка была на ўсіх іх. Бо не было між іх нікога ў нястачы; бо ўсе, што былі ўладальнікамі зямель ці дамоў, прадавалі і прыносілі цану прададзенага і клалі ў нагах Апосталаў, і яно раздавалася кожнаму, хто ў чым меў патрэбу. І Іосіф14, празваны апосталамі Варнавам, што ў перакладзе азначае «сын суцяшэння», лявіт, кіпрыёт родам, у якога было поле, прадаў яго, прынёс грошы і паклаў да ног Апосталаў.

А адзін чалавек імем Ананія са сваёй жонкаю Сапфірай прадаў уладанне і адклаў сабе з выручанага, аб чым ведала і [яго] жонка, і, прынёсшы нейкую частку, паклаў у нагах Апосталаў. Але Пётр сказаў: Ананія, з-за чаго сатана напоўніў тваё сэрца, каб ты салгаў Святому Духу і адклаў сабе з выручанага за зямлю? Хіба, астаючыся непрададзенаю, яна не тваёю заставалася, а прададзеная хіба не ў тваёй уладзе была? Чаму ж ты паклаў гэта ў сваім сэрцы? Ты салгаў не людзям, а Богу. І Ананія, пачуўшы гэтыя словы, упаў і выпусціў дух; і напаў вялікі страх на ўсіх, хто чуў [гэта]. І малодшыя, устаўшы, прыбралі яго і, вынесшы, пахавалі. І сталася: гадзіны праз тры ўвайшла і яго жонка, не ведаючы пра тое, што адбылося. І Пётр звярнуўся да яе: Скажы мне, ці за гэтулькі вы аддалі зямлю? — І яна сказала: Так, за гэтулькі. І Пётр да яе15: Чаму вы змовіліся выпрабаваць Духа Гасподняга? Вось, пры дзвярах ногі тых, што пахавалі твайго мужа, і цябе яны вынесуць. І яна адразу ўпала да яго ног і выпусціла дух; і юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртваю і, вынесшы, пахавалі каля яе мужа. І вялікі страх напаў на ўсю царкву і на ўсіх, што чулі гэта. І многія знакі і цуды ў народзе рабіліся рукамі Апосталаў. І ўсе яны былі аднадушна ў Саламонавай галерэі. І ніхто з астатніх не адважваўся прымкнуць да іх, а народ узвялічваў іх. І ўсё больш дадавалася тых, хто ўвераваў у Госпада, мноства і мужчын, і жанчын, так што і на вуліцы выносілі хворых і клалі на насілкі і пасцелі, каб, калі пройдзе Пётр, хоць бы яго цень ацяніў каго-небудзь з іх. І зыходзілася таксама мноства людзей з навакольных гарадоў Іерусаліма16, несучы хворых і апантаных нячыстымі духамі, і тыя ўсе вылечваліся. І падняўся першасвятар і ўсе, хто з ім — тутэйшая садукейская секта, напоўніліся зайздрасцю; і наклалі [свае] рукі на Апосталаў і пасадзілі іх у гарадскую турму. Але Анёл Гасподні ўначы адчыніў дзверы турмы і, вывеўшы іх, сказаў: Ідзіце і, стаўшы ў святыні, кажыце народу ўсе словы гэтага жыцця. І, выслухаўшы, яны ўвайшлі пад раніцу ў святыню і вучылі. А першасвятар і тыя, што з ім, прыйшоўшы, склікалі сінедрыён і ўсё старэйшынства сыноў Ізраілевых і паслалі ў турму, каб прывесці іх. Але слугі, прыйшоўшы, не знайшлі іх у турме; і, вярнуўшыся, паведамілі, кажучы: Турму мы знайшлі на запоры з усёю засцярогай і турэмнікі стаялі пры дзвярах, але, адчыніўшы дзверы, нікога ўсярэдзіне не знайшлі. І, калі пачулі гэтыя словы, і начальнік храмавай варты, і першасвятары не маглі зразумець, што гэта магло б з імі быць. Ды нехта, прыйшоўшы, паведаміў ім, [кажучы]: Вось, людзі, якіх вы пасадзілі ў турму, стаяць у святыні і вучаць народ. Тады начальнік храмавай варты пайшоў са слугамі і прывёў іх без прымусу, бо баяліся народу, каб не ўкаменаваў іх. І, прывёўшы іх, паставілі ў сінедрыёне. І першасвятар спытаўся ў іх, кажучы: [Ці не] мы вам сурова загадалі не вучыць у гэтае імя; і вось, вы напоўнілі Іерусалім вашым вучэннем і хочаце навесці на нас кроў Гэтага Чалавека. Але Пётр і Апосталы сказалі ў адказ: Трэба слухацца Бога больш, чым людзей. Бог нашых бацькоў уваскрэсіў Ісуса, з Якім вы расправіліся, павесіўшы на дрэве. Яго ўзвысіў Бог Сваёю правай рукою як Правадыра і Збаўца, каб даць Ізраілю пакаянне і дараванне грахоў. І мы [Яго] сведкі гэтых падзей, і Святы Дух, Якога Бог даў тым, хто слухаецца Яго. Але яны, пачуўшы, раз’ятрыліся і хацелі забіць іх. Але адзін фарысей у сінедрыёне імем Гамалііл, настаўнік закона, паважаны ўсім народам, устаў і загадаў ненадоўга вывесці гэтых людзей17. І ён сказаў ім: Мужы ізраільскія, разважце самі сабе пра гэтых людзей, што вы збіраецеся рабіць. Бо перад гэтымі днямі паўстаў Феўда, кажучы, што сам ён хтосьці вялікі, і да яго прыстала пэўная колькасць людзей, каля чатырохсот. І ён быў забіты, а ўсе, што слухаліся яго, разбегліся і абярнуліся ў нішто. Пасля яго паўстаў Іуда Галілеянін у дні перапісу і звёў [даволі] людзей за сабою; і ён загінуў, а ўсе, што слухаліся яго, рассеяліся. І цяпер кажу вам: адстаньце ад гэтых людзей і адпусціце іх; бо калі ад людзей гэтая задума альбо гэтая справа, яна разбурыцца, а калі ад Бога, то вы не зможаце разбурыць іх: як бы вам не стацца і богапраціўцамі. — Яны паслухаліся яго і, паклікаўшы Апосталаў, збілі іх, загадалі не прамаўляць у імя Ісуса і адпусцілі іх. Яны ж пайшлі з сінедрыёна, радуючыся, што ўганараваліся прыняць знявагу за Імя [Госпада Ісуса], і яны штодня ў святыні і ў дамах не пакідалі навучаць і дабравесціць пра Ісуса Хрыста.

У гэтыя ж дні, калі прымножвалася вучняў, узнялося нараканне эліністаў18 на яўрэяў, што іх удовы былі занядбаны пры штодзённым абслугоўванні. І дванаццацёра, склікаўшы мноства вучняў, сказалі: Не добра нам, пакінуўшы слова Божае, абслугоўваць сталы. [Дык] прыгледзьце ж, браты, з вас сем чалавек, якія маюць аб сабе добрае сведчанне, поўных [Святога] Духа і мудрасці, якіх паставім на гэтую патрэбу, а мы аддадзімся малітве і служэнню слова. І спадабалася гэтае слова ўсяму сходу, і яны выбралі Стэфана, чалавека поўнага веры і Святога Духа, і Філіпа, і Прохара, і Ніканора, і Тымана, і Пармена, і Мікалая, празеліта-антыахійца, якіх паставілі перад Апосталамі, і яны, памаліўшыся, усклалі рукі на іх. І слова Божае расло і лік вучняў у Іерусаліме вельмі прымнажаўся; і вялікае мноства святароў прыняло веру. А Стэфан, поўны ласкі19 і сілы, рабіў вялікія цуды і знакі ў народзе. І паўсталі некаторыя з так званай сінагогі лібертынцаў, і кірэнцаў, і александрыйцаў, і тых, што з Кілікіі і Азіі, спрачаючыся са Стэфанам, але яны не маглі супрацьстаяць мудрасці і Духу, Якім ён прамаўляў. Тады яны падбухторылі людзей, якія казалі: Мы чулі, як ён казаў зневажальныя словы на Маісея і Бога; і яны ўзбурылі народ, і старэйшын, і кніжнікаў і, падступіўшы, схапілі яго і павялі ў сінедрыён, і паставілі лжывых сведкаў, якія казалі: Гэты чалавек не перастае казаць [зневажальныя] словы супроць [гэтага] святога месца20 і закона; бо мы чулі, як ён казаў, што гэты Ісус Назарэй зруйнуе гэтае месца і зменіць звычаі, якія перадаў нам Маісей. І ўсе, хто сядзеў у сінедрыёне, пільна ўгледзеўшыся ў яго, убачылі ягонае аблічча, як аблічча Анёла.

І першасвятар спытаўся: Ці так гэта? І ён сказаў: Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог славы з’явіўся нашаму бацьку Аўрааму, калі той быў у Месапатаміі, перш чым ён пасяліўся ў Харане, і сказаў яму: «Выйдзі з тваёй зямлі і [з] тваёй радні і пайдзі ў зямлю, якую Я табе пакажу». Тады, выйшаўшы з халдзейскай зямлі, ён пасяліўся ў Харане. І адтуль, пасля таго як памёр яго бацька, Бог перасяліў яго ў гэтую зямлю, у якой вы цяпер жывяце, ды не даў яму спадчыны ў ёй ні на след нагі, але абяцаў даць яе ў валоданне яму і яго патомству пасля яго, хоць у яго яшчэ не было дзіцяці. І сказаў так Бог, што яго нашчадкі будуць пасяленцамі ў чужой зямлі і іх зняволяць у рабства і будуць гнясці чатырыста гадоў. «Але народ, якому яны будуць служыць рабамі, Я буду судзіць, — сказаў Бог, — і пасля гэтага яны выйдуць і будуць служыць Мне на гэтым месцы». І Ён даў яму запавет абразання; і гэтак ад Аўраама нарадзіўся Ісаак, і на восьмы дзень ён абрэзаў яго; а ад Ісаака — Іякаў, а ад Іякава — дванаццаць патрыярхаў. І патрыярхі, пазайздросціўшы Іосіфу, прадалі яго ў Егіпет. Але Бог быў з ім, і выбавіў яго ад усіх бедаў і даў яму ласку і мудрасць перад фараонам, царом Егіпта, і той паставіў яго начальнікам над Егіптам і [над] усім сваім домам. І прыйшоў голад на ўвесь Егіпет і Ханаан і вялікая бяда, і нашы бацькі не знаходзілі, чым пракарміцца. Але Іякаў, пачуўшы, што ў Егіпце ёсць збожжа, паслаў туды нашых бацькоў першы раз. А другім разам Іосіф адкрыўся сваім братам, і Іосіфаў род стаў вядомы фараону. І Іосіф, паслаўшы, паклікаў свайго бацьку Іякава і ўсю [сваю] радню — семдзесят пяць душ. І Іякаў зышоў у Егіпет; і памёр ён сам і нашы бацькі, і іх перанеслі ў Сіхем і паклалі ў магільні, якую Аўраам купіў, заплаціўшы серабром, у сыноў Гэмора ў Сіхеме21. І як набліжаўся час абяцання, якое Бог [з клятваю] даў Аўрааму, народ рос і памнажаўся ў Егіпце, пакуль не ўстаў [над Егіптам] іншы цар, які не ведаў Іосіфа. Ён хітраваў супроць нашага роду і чыніў ліхое [нашым] бацькам, так каб яны выкідвалі сваіх немаўлят, каб тыя не заставаліся ў жывых. У гэты час нарадзіўся Маісей, і ён быў прыгожы22 для Бога; яго тры месяцы гадавалі ў бацькавым доме, а калі яго кінулі, яго падабрала фараонава дачка і выгадавала яго сабе за сына. І Маісей быў навучаны ўсёй егіпецкай мудрасці, быў жа ён моцны ў сваіх словах і ўчынках. А калі яму споўнілася сорак гадоў, прыйшло яму на сэрца адведаць сваіх братоў, сыноў Ізраілевых. І ён, убачыўшы, што аднаго з іх крыўдзяць, абараніў таго і адпомсціў за пакрыўджанага, забіўшы егіпцяніна. І ён думаў, што яго браты разумеюць, што Бог яго рукою дае ім выратаванне; але яны не зразумелі. І на другі дзень ён з’явіўся між іх, калі яны біліся, і схіляў іх да згоды, кажучы: Мужы, вы браты; чаму крыўдзіце адзін аднаго? Але той, што крыўдзіў блізкага, адштурхнуў яго і сказаў: «Хто паставіў цябе начальнікам і суддзёю над намі? Ці не хочаш ты забіць мяне гэтак жа, як учора забіў егіпцяніна?» І Маісей уцёк пры гэтым слове і зрабіўся прышэльцам у мадыямскай зямлі, дзе ў яго нарадзілася два сыны. І калі мінула сорак гадоў, з’явіўся яму ў пустэльні гары Сінай Анёл [Гасподні] ў полымі агню калючага куста. І Маісей, убачыўшы, здзівіўся з’явенню, а калі ён падходзіў, каб разгледзець, пачуўся голас Госпада [да яго]: «Я Бог тваіх бацькоў, Бог Аўраама, [і Бог] Ісаака, і [Бог] Іякава». І Маісей, задрыжаўшы, не адважыўся паглядзець. І Госпад сказаў яму: «Здымі сандалі з тваіх ног, бо месца, на якім ты стаіш, — святая зямля. Я сапраўды23 ўбачыў уціск Майго народа, што ў Егіпце, і стогн іх пачуў, і зышоў, каб выбавіць іх; а цяпер ідзі, сюды, Я пашлю цябе ў Егіпет». Гэтага Маісея, ад якога яны адцураліся, сказаўшы: «Хто цябе паставіў начальнікам і суддзёю?» — гэтага Бог [і] начальнікам і збаўцам паслаў праз Анёла, што з’явіўся яму ў калючым кусце. Гэты чалавек вывеў іх, творачы цуды і знакі ў егіпецкай зямлі, у Чырвоным моры і ў пустэльні сорак гадоў. Гэта той Маісей, які сказаў Ізраілевым сынам: «Прарока паставіць вам Бог24 з вашых братоў, як мяне, [Яго слухайце]». Гэта той, хто быў у пустэльні ў супольнасці з Анёлам, які казаў яму на гары Сінай, і з нашымі бацькамі і які прыняў жывыя словы, каб даць нам, якога не захацелі слухацца нашы бацькі, а адштурхнулі яго і павярнуліся ў сваіх сэрцах да Егіпта, сказаўшы Аарону: «Зрабі нам багоў, якія пойдуць перад намі; бо з гэтым Маісеем, які вывеў нас з егіпецкай зямлі, — мы не ведаем, што з ім здарылася». І яны зрабілі цяльца ў тыя дні і прынеслі ахвяру ідалу і радаваліся працы сваіх рук. Але Бог адвярнуўся і аддаў іх служыць нябеснаму войску, як і напісана ў кнізе прарокаў: «Ці заколатае і ахвяры вы прыносілі Мне сорак гадоў у пустэльні, доме Ізраілеў? І вы ўзялі скінію Молахаву і зорку [вашага] бога Райфана25 — выявы, якія вы зрабілі, каб пакланяцца ім, і я перасялю вас за Вавілон». Скінія сведчання была ў нашых бацькоў у пустэльні, як распарадзіўся Той, Хто казаў Маісею, каб зрабіў яе паводле ўзору, які ён убачыў; яе і ўнеслі, атрымаўшы, нашы бацькі з Ісусам Навіным пры авалоданні зямлі народаў, якіх Бог выганяў ад аблічча нашых бацькоў да дзён Давіда, які знайшоў ласку перад Богам і прасіў знайсці жыллё Богу Іякава. Саламон жа пабудаваў Яму дом. Але Усявышні жыве не ў рукатворным26, як кажа прарок: «Неба мне трон, а зямля — падножжа Маіх ног; які дом збудуеце Мне, — кажа Госпад, — або якое месца Майго адпачынку? Хіба не Мая рука стварыла ўсё гэта?» Жорсткашыйныя і неабрэзаныя сэрцамі27 і вушамі, вы заўсёды працівіцеся Святому Духу, як вашы бацькі, так і вы. Каго з прарокаў не гналі вашы бацькі? І яны забілі тых, хто загадзя абвяшчаў аб прышэсці Праведніка, здраднікамі і забойцамі Якога цяпер зрабіліся вы, якія атрымалі закон у распараджэннях Анёлаў і не захавалі яго. І, калі яны чулі гэта, сэрцы ў іх раз’ятрываліся, і яны скрыгаталі на яго зубамі. А ён, поўны Святога Духа, угледзеўшыся ў неба, убачыў славу Божую і Ісуса, які стаяў праваруч Бога; і ён сказаў: Вось бачу я адчыненыя нябёсы і Сына Чалавечага, што стаіць праваруч Бога. А яны, закрычаўшы гучным голасам, заткнулі вушы свае і аднадушна кінуліся на яго і, выгнаўшы з горада, яны пачалі яго каменаваць. А сведкі склалі сваё адзенне ў нагах юнака, якога звалі Саўлам, і каменавалі Стэфана, а ён заклікаў Госпада і казаў: Госпадзе Ісусе, прымі мой дух! І, стаўшы на калені, усклікнуў гучным голасам: Госпадзе, не залічы ім гэтага грэху! — І, сказаўшы гэта, спачыў.

А Саўл ухваляў яго забойства. І ў той дзень адбылося вялікае ганенне на царкву, якая была ў Іерусаліме, і ўсе, акрамя Апосталаў, рассеяліся па абшарах Іудзеі і Самарыі. А Стэфана пахавалі набожныя людзі і наладзілі па ім вялікае галашэнне. А Саўл знішчаў царкву, уваходзячы ў дамы і цягнучы мужчын і жанчын, аддаваў іх у турму. Рассеяныя ж разышліся, добравесцячы слова. А Філіп пайшоў у самарыйскі горад і прапаведаваў ім Хрыста. І натоўпы аднадушна прымалі тое, што казаў Філіп, слухаючы і бачачы знакі, якія ён рабіў. Бо ў многіх з тых, у кім былі нячыстыя духі, гэтыя духі выходзілі, крычачы гучным голасам, і шмат спаралізаваных і кульгавых выздаравелі. І была вялікая радасць у тым горадзе. А адзін чалавек імем Сіман жыў у горадзе, займаючыся раней вядзьмарствам і здзіўляючы народ Самарыі, кажучы, што ён сам хтосьці вялікі, яго слухалі ўсе ад малога да вялікага, кажучы: Гэты чалавек — сіла Божая, якая завецца Вялікаю. А слухалі яго таму, што ён даволі доўгі час здзіўляў іх вядзьмарствам. А калі яны паверылі Філіпу, які добравесціў пра Царства Божае і імя Ісуса Хрыста, то хрысціліся і мужчыны і жанчыны. А Сіман і сам паверыў і, ахрышчаны, трымаўся Філіпа, і, бачачы, што творацца знакі і вялікія сілы, дзівіўся. А Апосталы ў Іерусаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Іаана, якія, прыйшоўшы, памаліліся аб іх, каб тыя атрымалі Святога Духа; бо Ён яшчэ не зыходзіў ні на кога з іх — яны толькі былі ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса. Тады яны ўскладалі рукі на іх, і тыя атрымлівалі Святога Духа. А Сіман, убачыўшы, што праз ускладанне Апосталавых рук даецца [Святы] Дух, прынёс ім грошы, кажучы: Дайце і мне гэтую ўладу, каб той, на каго я ўскладу рукі, атрымаў Святога Духа. Але Пётр сказаў яму: Серабро тваё няхай з табою будзе ў пагібель, бо ты задумаў дар Божы набыць за грошы; няма табе ў гэтым ні часткі, ні ўдзелу, бо тваё сэрца не шчырае перад Богам. Дык пакайся ў гэтым сваім зле і малі Госпада28 — ці не даруецца тады табе намер твайго сэрца, бо бачу я, што ты поўны жоўці гаркоты і ў путах няпраўды. А Сіман сказаў у адказ: Памаліцеся вы за мяне Госпаду, каб не прыйшло на мяне нічога з таго, што вы сказалі. Яны ж, засведчыўшы і сказаўшы слова Гасподняе, вярталіся ў Іерусалім і дабравесцілі многім самарыйскім сёлам. Анёл жа Гасподні прамовіў да Філіпа, кажучы: Устань і ідзі на поўдзень на дарогу, якая спускаецца з Іерусаліма ў Газу, яна пустэльная. І ён устаў і пайшоў. І вось, адзін эфіоп, еўнух, вяльможа Эфіопскай царыцы Кандакі, які быў пастаўлены над усімі яе скарбамі, прыязджаў для пакланення ў Іерусалім, і цяпер вяртаўся і, седзячы ў сваёй калясніцы, чытаў прарока Ісаію. І Дух сказаў Філіпу: Падыдзі і прымкні да гэтай калясніцы. І Філіп, падбегшы, пачуў, што той чытае прарока Ісаію, і запытаўся: Ці ты сапраўды разумееш тое, што чытаеш? І ён сказаў: Як жа я магу разумець, калі хто-небудзь не растлумачыць мне? — І ён папрасіў Філіпа падняцца і сесці з ім. А месца з Пісання, якое ён чытаў, было такое: «Як авечку на зарэз, вялі Яго і як ягня безгалосае перад тым, хто стрыжэ яго, так Ён не раскрывае Сваіх вуснаў. У [Яго] прыніжэнні Яго суд быў адняты; род жа Яго хто вызначыць? Бо забіраецца з зямлі Яго жыццё». І, адказваючы, еўнух сказаў Філіпу: Прашу цябе, пра каго прарок кажа гэта? Пра самога сябе ці каго іншага? І Філіп адкрыў вусны свае і, пачаўшы з гэтага Пісання, дабравесціў яму Ісуса. І, едучы дарогаю, яны пад’ехалі да нейкай вады, і еўнух кажа: Вось вада, што перашкаджае мне хрысціцца? [І Філіп сказаў яму: Калі верыш ад усяго сэрца, то дазваляецца. — І ён сказаў у адказ: Веру, што Ісус Хрыстос — Сын Божы.] І ён загадаў спыніць калясніцу і абодва зышлі ў ваду: і Філіп, і еўнух, — і ён ахрысціў яго. І калі яны выйшлі з вады, Дух [Святы зышоў на еўнуха, а Анёл] Гасподні забраў Філіпа, і еўнух больш не бачыў яго, бо ён паехаў сваёю дарогаю, радуючыся. А Філіп апынуўся ў Азоце і, праходзячы, дабравесціў усім гарадам, пакуль не прыйшоў у Кесарыю.

А Саўл, яшчэ дыхаючы пагрозаю і забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоў да першасвятара і папрасіў у яго лісты ў Дамаск да сінагогаў, каб, калі ён знойдзе якіх-небудзь людзей, што належаць да Дарогі, — мужчын і жанчын, — прывесці іх звязанымі ў Іерусалім. І калі ён ішоў і набліжаўся да Дамаска, то раптам вакол яго зазіхацела святло з неба і, упаўшы на зямлю, ён пачуў голас, які казаў яму: Саўле, Саўле, чаму ты гоніш Мяне? І ён сказаў: Хто Ты, Госпадзе? — А Ён29: Я Ісус, Якога ты гоніш; [Цяжка табе ісці супроць ражна! — І ён, дрыжачы і жахаючыся, спытаўся: Госпадзе, што хочаш, каб я зрабіў? — І Госпад да яго:] Устань і ўвайдзі ў горад, і табе будзе сказана, што ты павінен рабіць. А людзі, што ішлі з ім, стаялі знямелыя, чуючы голас, але нікога не бачачы. І Саўл падняўся з зямлі і хоць яго вочы былі расплюшчаны, ён нічога30 не бачыў. І яго, ведучы за руку, прывялі ў Дамаск. І ён тры дні не бачыў; і не еў ён і не піў. А ў Дамаску быў адзін вучань імем Ананія, і Госпад сказаў яму ў з’явенні: Ананія! — І той сказаў: Вось я, Госпадзе. Госпад жа яму: Устань і пайдзі на вуліцу, якая называецца Простая і расшукай у Іудавым доме тарсяніна імем Саўл, бо якраз ён моліцца, і ён убачыў [у з’явенні], як чалавек імем Ананія ўвайшоў да яго, і ўсклаў на яго рукі, каб ён стаў бачыць. Але Ананія адказаў: Госпадзе, я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ліхога ўчыніў ён Тваім святым у Іерусаліме; і тут ён мае ўладу ад першасвятароў звязаць усіх, хто заклікае Тваё імя. Але Госпад сказаў яму: Ідзі, бо для Мяне ён абраны інструмент, каб панесці Маё імя перад язычнікамі, і царамі, і перад сынамі Ізраілевымі; і Я пакажу яму, колькі ён павінен адпакутаваць за Маё імя. І Ананія пайшоў і ўвайшоў у гэты дом, і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: Саўле, браце, Госпад паслаў мяне — Ісус, што з’явіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, — каб ты бачыў і напоўніўся Святым Духам. І адразу ж нібы луска адпала з яго вачэй, і ён пачаў бачыць, і ўстаў, і быў ахрышчаны. І, пад’еўшы, ён падужэў. І прабыў з вучнямі ў Дамаску некалькі дзён. І адразу ж ён пачаў у сінагогах прапаведаваць Ісуса — што Ён ёсць Сын Божы. І ўсе, хто чуў, здзіўляліся і казалі: Ці гэта не той, хто знішчаў у Іерусаліме тых, якія заклікалі гэтае Імя, і сюды ці не для таго прыйшоў, каб прывесці іх звязанымі да першасвятароў? А Саўл ўсё больш набіраўся моцы і прыводзіў у замяшанне іудзеяў, што жылі ў Дамаску, даказваючы, што Гэты ёсць Хрыстос. А калі мінула даволі дзён, іудзеі змовіліся забіць яго; але Саўлу стаў вядомы іх намер. А яны пільнавалі каля брамы дзень і ноч, каб забіць яго; але яго вучні, узяўшы ўначы, спусцілі яго цераз мур, апусціўшы ў кашы. І, прыбыўшы ў Іерусалім, ён спрабаваў прыстаць да вучняў, але ўсе баяліся яго, не верачы, што ён вучань. Варнава ж, узяўшы яго, прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як Саўл убачыў на дарозе Госпада і што Ён казаў яму, і як у Дамаску ён адважна выступіў у імя Ісуса. І ён разам з імі ўваходзіў і выходзіў у Іерусаліме, адважна прамаўляючы ў імя Госпада [Ісуса]; і ён гаварыў і спрачаўся з эліністамі, а яны спрабавалі забіць яго. Але браты, даведаўшыся, адвялі яго ў Кесарыю і адаслалі яго ў Тарс. Дык царква31 па ўсёй Іудзеі, Галілеі і Самарыі мела мір і стваралася; і, ідучы наперад у страху перад Госпадам і ў суцяшэнні Святога Духа, прымнажалася. І сталася, што Пётр, праходзячы праз усе тыя землі, прыйшоў і да святых, якія жылі ў Ліддзе. І ён знайшоў там аднаго чалавека імем Эней, які восем гадоў ляжаў у ложку — ён быў паралізаваны. І Пётр сказаў яму: Эней, цябе выздараўляе Ісус Хрыстос; устань і засцялі сваю пасцель. — І ён адразу ўстаў. І яго ўбачылі ўсе, што жылі ў Ліддзе і Сароне; яны і далучыліся да Госпада. А ў Іопіі была адна вучаніца імем Тавіфа (што ў перакладзе азначае «сарна» ); яна была поўная добрых учынкаў і міласцінаў, якія яна рабіла. І сталася, што ў тыя дні яна захварэла і памерла; і яе абмылі і паклалі ў верхнім пакоі. А таму што Лідда была паблізу Іопіі, вучні, пачуўшы, што Пётр знаходзіцца ў ёй, паслалі да яго двух чалавек, просячы: Не марудзь прыйсці да нас. І Пётр устаў і пайшоў з імі; калі ён прыбыў, яго ўвялі ў верхні пакой, і ўсе ўдовы сталі каля яго, плачучы і паказваючы сподняе і верхняе адзенне, якое рабіла Сарна, калі была з імі. І Пётр, выправіўшы ўсіх, і, стаўшы на калені, памаліўся і, павярнуўшыся да цела, сказаў: Тавіфа, устань. — І яна расплюшчыла вочы і, убачыўшы Пятра, села. І ён, падаўшы ёй руку, падняў яе; і, паклікаўшы святых і ўдоваў, ён паставіў перад імі яе жывою. І гэта стала вядомым па ўсёй Іопіі, і многія ўверавалі ў Госпада. І сталася, што ён даволі шмат дзён заставаўся ў Іопіі ў аднаго гарбара Сімана.

А ў Кесарыі быў адзін чалавек імем Карнілій, сотнік з кагорты, званай Італійскай, набожны і богабаязны з усім сваім домам, ён падаваў шмат міласціны людзям і заўсёды маліўся Богу. Ён ясна ўбачыў у з’явенні каля дзевятай гадзіны дня Анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнілій! І ён, угледзеўшыся ў яго і спалохаўшыся, сказаў: Што, Госпадзе? — І Анёл сказаў яму: Твае малітвы і твае міласціны прыйшлі на памяць перад Богам. І цяпер пашлі людзей у Іопію і пакліч Сімана, званага Пятром; гэты чалавек гасцюе ў аднаго гарбара Сімана, чый дом знаходзіцца пры моры. [Ён скажа табе словы, якімі ўратуешся ты і ўвесь твой дом]. І калі Анёл, які гаварыў з ім [Карніліем], пайшоў, ён паклікаў двух са [сваіх] слуг і набожнага воіна з тых, што служылі пры ім; і, расказаўшы ім усё, ён паслаў іх у Іопію. А на другі дзень, калі тыя былі ў дарозе і набліжаліся да горада, Пётр узышоў на дах, каб памаліцца, каля шостай гадзіны. І ён адчуў голад і хацеў есці. А пакуль гатавалі, яму было з’явенне, і ён бачыць, што неба адчыненае і ўніз сходзіць нейкая пасудзіна, як бы вялікае палотнішча, [прывязанае] за чатыры канцы і спускаецца на зямлю. У ім былі ўсялякія зямныя чацвераногія, і звяры, і паўзуны, і нябесныя птушкі. І пачуўся голас да яго: Устань, Пётр, закалі і з’еш! Але Пётр сказаў: Ні за што, Госпадзе, бо я ніколі не еў нічога паганага і нячыстага. І зноў, другі раз, пачуўся голас да яго: Тое, што Бог ачысціў, не лічы паганым. І гэта адбылося тройчы і зразу ж пасудзіна была ўзята на неба. А пакуль Пётр разважаў сам сабе, што значыла з’явенне, якое ён убачыў, вось людзі, пасланыя Карніліем, распытаўшы пра Сіманаў дом, спыніліся каля брамы. І, крыкнуўшы, яны спыталіся, ці тут гасцюе Сіман, званы Пятром. А пакуль Пётр раздумваў пра з’явенне, Дух сказаў яму: Вось, цябе шукаюць тры чалавекі. Устань жа, спусціся і ідзі з імі, ні ў чым не сумняваючыся, бо Я іх паслаў. І Пётр, спусціўшыся да гэтых людзей, [пасланых да яго Карніліем], сказаў: Вось, я той, каго вы шукаеце; якая прычына, з-за якой вы прыйшлі? І яны сказалі: Карнілій, сотнік, чалавек праведны і богабаязны і які мае пра сябе добрае сведчанне ад усяго іудзейскага народа, атрымаў ад святога Анёла наказ паслаць па цябе, каб ты прыйшоў у яго дом, і пачуць ад цябе словы. Тады ён запрасіў іх у дом і гасцінна прыняў. І назаўтра ён устаў і пайшоў з імі; і некаторыя браты з Іопіі пайшлі з ім. І на другі дзень яны прыйшлі ў Кесарыю. А Карнілій чакаў іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіх сяброў. І калі Пётр уваходзіў, Карнілій сустрэў яго і, упаўшы да яго ног, пакланіўся. Але Пётр падняў яго, кажучы: Устань, я сам таксама чалавек. І, размаўляючы з ім, ён увайшоў і знайшоў многіх, што зышліся туды. І ён сказаў ім: Вы ведаеце, што іудзею не дазволена прыязніцца і збліжацца з іншапляменнікам; але мне Бог паказаў, каб я ніводнага чалавека не называў паганым ці нячыстым. Таму я і без вагання прыйшоў, калі паклікалі. Дык, я пытаюся, з-за якой прычыны вы па мяне паслалі? І Карнілій сказаў: Чатыры дні да гэтай гадзіны я [пасціўся] і а дзявятай маліўся ў сябе дома, і вось, перада мною стаў чалавек у светлых шатах і кажа: Карнілій, пачутая твая малітва, і твае міласціны ўспомненыя перад Богам. Дык пашлі ў Іопію і пакліч Сімана, званага Пятром; ён гасцюе ў доме Сімана, гарбара, пры моры; [ён прыйдзе і скажа табе]. І я адразу паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Дык, цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб пачуць усё, што загадаў табе Госпад32. І Пётр, адкрыўшы вусны, сказаў: Папраўдзе я пазнаю, што ў Бога няма прадузятасці; але ў кожным народзе той, хто баіцца Яго і творыць праведнасць, прыемны Яму. Слова, якое Ён паслаў Ізраілевым сынам, дабравесцячы мір праз Ісуса Хрыста, Ён Госпад усіх, вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Іудзеі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хрышчэння, якое прапаведаваў Іаан: Ісуса, што з Назарэта, — як Бог памазаў Яго Святым Духам і сілаю; Ён хадзіў, робячы дабро і вылечваючы ўсіх, каго паняволіў д’ябал, бо з Ім быў Бог. І мы сведкі ўсяго таго, што Ён зрабіў і ў іудзейскай зямлі, і ў Іерусаліме; Якога і забілі яны, павесіўшы на дрэве. Бог уваскрэсіў Яго на трэці дзень; і даў Яму з’явіцца бачным — і не ўсяму народу, а сведкам, якія былі загадзя выбраныя Богам, — нам, тым, якія елі і пілі з Ім пасля ўваскрэсення Яго з мёртвых; і Ён загадаў нам прапаведаваць народу і засведчыць, што гэта Ён вызначаны Богам Суддзя жывых і мёртвых. Пра Яго ўсе прарокі сведчаць, што Яго імем кожны, хто верыць у Яго, атрымае дараванне грахоў. Калі Пётр яшчэ казаў гэтыя словы, Святы Дух зышоў на ўсіх, што слухалі слова. І вернікі з абрэзаных, якія прыйшлі з Пятром, уразіліся, што і на язычнікаў быў выліты дар Святога Духа; бо яны чулі, як тыя гавораць на розных мовах і ўзвялічваюць Бога. Тады адказаў Пётр: Хіба можа хто-небудзь забараніць, каб не былі ахрышчаны вадою гэтыя людзі, якія атрымалі Святога Духа, як і мы? І ён загадаў, каб яны былі ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста. Тады яны папрасілі яго застацца [ў іх] на некалькі дзён.

І пачулі Апосталы і браты, якія былі ў Іудзеі, што і язычнікі прынялі слова Божае. І калі Пётр узышоў у Іерусалім, тыя, што з абрэзаных, сталі спрачацца з ім, кажучы: Ты ўваходзіў да неабрэзаных людзей і еў з імі. І Пётр, пачаўшы, стаў ім тлумачыць па парадку, кажучы: Быў я ў горадзе Іопіі і маліўся, і ў экстазе бачыў з’явенне: уніз сходзіць нейкая пасудзіна, як бы вялікае палотнішча, якое за чатыры канцы спускаецца з неба; і яно падышло да мяне. Угледзеўшыся ў яго, я, разглядаючы, убачыў зямных чацвераногіх, і звяроў, і паўзуноў, і нябесных птушак. І пачуў я голас, які казаў мне: «Устань, Пётр, закалі і з’еш!» Але я сказаў: «Ні за што, Госпадзе, бо паганае ці нячыстае ніколі не ўваходзіла ў мае вусны». І голас адказаў з неба другі раз: «Тое, што Бог ачысціў, не лічы паганым». І гэта адбылося тройчы, і ўсё было зноў паднята ў неба. І вось адразу тры чалавекі, пасланыя з Кесарыі да мяне, сталі перад домам, у якім мы былі33. І Дух сказаў мне, каб я пайшоў з імі, ні ў чым не сумняваючыся. Пайшлі са мною і гэтыя шэсць братоў; і мы ўвайшлі ў дом таго чалавека. І ён расказаў нам, як ён убачыў у сваім доме Анёла, які стаў і сказаў [яму]: «Пашлі [людзей] у Іопію і пакліч Сімана, званага Пятром, ён скажа табе словы, якімі будзеш уратаваны ты і ўвесь твой дом». І калі я пачаў прамаўляць, на іх зышоў Святы Дух, як і на нас у пачатку. І я ўспомніў слова Гасподняе, як Ён казаў: «Іаан хрысціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны ў Святым Духу». І калі Бог даў ім роўны дар, як і нам, што ўверавалі ў Госпада Ісуса Хрыста, то хто [ж] я, каб мог працівіцца Богу? І, пачуўшы гэта, яны супакоіліся і праславілі Бога, кажучы: Тады і язычнікам Бог даў пакаянне для жыцця. А тыя, што рассеяліся ад ганення, якое наступіла з-за Стэфана, прайшлі да Фінікіі, Кіпра і Антыёхіі, не абвяшчаючы слова нікому, акрамя адных іудзеяў. Але былі з іх некаторыя, кіпрыёты і кірэнцы, якія, прыйшоўшы ў Антыёхію, казалі і эліністам34, добравесцячы Госпада Ісуса. І рука Гасподняя была з імі, і вялікае мноства, якое ўверавала, далучылася да Госпада. І вестка пра іх дайшла да слыху царквы, што была ў Іерусаліме, і яны паслалі Варнаву, каб ён прайшоў да Антыёхіі. Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і заахвочваў усіх трымацца Госпада шчырым сэрцам, бо ён быў чалавек добры і поўны Святога Духа і веры. І даволі вялікі натоўп дадаўся да Госпада. І ён35 пайшоў у Тарс шукаць Саўла. І, знайшоўшы, прывёў яго ў Антыёхію. І так сталася, што яны цэлы год збіраліся ў царкве і навучалі даволі вялікае мноства і ў Антыёхіі вучні ўпершыню былі названы хрысціянамі. А ў гэтыя дні з Іерусаліма ў Антыёхію прыйшлі прарокі. І адзін з іх, імем Агаў, устаў і прадказаў праз Духа, што па ўсёй населенай зямлі будзе вялікі голад, які настаў пры [кесары] Клаўдзіі. І вучні вызначылі, каб кожны з іх у адпаведнасці са сваім дастаткам, паслаў успамогу братам, што жылі ў Іудзеі; што яны і зрабілі, паслаўшы сабранае да прасвітараў праз руку Варнавы і Саўла.

А ў той час цар Ірад падняў рукі на некаторых з царквы, каб зрабіць ім ліха. І ён забіў мечам Іякава, Іаанавага брата. І, убачыўшы, што гэта даспадобы іудзеям, ён да таго ж узяў і Пятра, (а былі дні Праснакоў), якога ён схапіў і пасадзіў у турму, аддаўшы яго чатыром чацвёркам воінаў, каб вартавалі яго, маючы намер пасля Пасхі вывесці яго да народа. І Пятра вартавалі ў турме, але царква рупліва малілася Богу за яго. А калі Ірад збіраўся вывесці яго, у тую ноч Пётр спаў між двума воінамі, скаваны двума ланцугамі, а стражнікі перад дзвярыма вартавалі турму. І вось Анёл Гасподні паўстаў перад ім і ў памяшканні заззяла святло; і, стукнуўшы Пятра ў бок, ён разбудзіў яго, кажучы: Уставай хутчэй. — І ў яго ўпалі ланцугі з рук. І Анёл сказаў яму: Падперажыся і падвяжы свае сандалі. — Ён так і зрабіў. І той кажа яму: Надзень сваю вопратку і ідзі за мною. І ён выйшаў і пайшоў услед за ім; і не ведаў, ці напраўду адбывалася тое, што рабіў Анёл, а думаў, што бачыць з’явенне. І, прайшоўшы першую варту і другую, яны падышлі да жалезнай брамы, якая вяла ў горад і якая сама сабою адчынілася перад імі. І, выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу; і адразу ж Анёл адступіў ад яго. І Пётр, апамятаваўшыся, сказаў: Цяпер я сапраўды ведаю, што Госпад паслаў Свайго Анёла і выбавіў мяне з рукі Ірада і ад усяго, чаго чакаў іудзейскі народ. І, усвядоміўшы гэта, ён пайшоў да дома Марыі, маці Іаана, званага Маркам, дзе сабраліся і маліліся даволі многія. І калі ён пастукаў у дзверы брамы, падышла паслухаць служанка імем Рода. І, пазнаўшы Пятроў голас, яна ад радасці не адчыніла брамы, а, прыбегшы, сказала, што Пётр стаіць перад брамаю. А яны сказалі ёй: Ці ў сваім ты розуме? — Але яна настойвала, што гэта так. Яны ж казалі: Гэта яго Анёл. А Пётр усё стукаў; і, калі адчынілі, яны ўбачылі яго і здзівіліся. А ён, даўшы ім знак рукою, каб маўчалі, расказаў ім, як Госпад вывеў яго з турмы, і сказаў: Перадайце пра гэта Іякаву і братам. — І, выйшаўшы, ён падаўся ў іншае месца. Калі ж настаў дзень, сярод воінаў было немалое36 ўзрушэнне ад таго, што адбылося з Пятром. І Ірад, пашукаўшы яго і не знайшоўшы, аддаў стражнікаў пад суд і загадаў адвесці і [забіць іх]. І, адышоўшы з Іудзеі ў Кесарыю, ён заставаўся там. І [Ірад] быў у гневе на тыран і сіданянаў. І тыя аднадушна прыйшлі да яго і, угаварыўшы Уласта, царскага пасцельніка, прасілі міру, бо іх краіна кармілася ад царскай. І ў вызначаны дзень Ірад, убраўшыся ў царскія шаты і сеўшы на ўзвышэнні, прамаўляў да іх, а народ выкрыкваў: Голас Бога, а не чалавека! І тут жа яго працяў Анёл Гасподні за тое, што ён не ўзнёс хвалы Богу; і ён, з’едзены чэрвямі, выпусціў дух. А слова Божае расло і памнажалася. А Варнава і Саўл вярнуліся з Іерусаліма [ў Антыёхію], выканаўшы даручэнне, узяўшы з сабою Іаана, званага Маркам.

А ў Антыяхіі, у тамашняй царкве, былі прарокі і настаўнікі: Варнава, Сімяон, званы Нігерам, Лукій Кірэнец, Манаін, які гадаваўся разам з тэтрархам Ірадам, і Саўл. І калі яны служылі Госпаду і пасціліся, Святы Дух сказаў: Аддзяліце Мне Варнаву і Саўла для работы, да якой Я іх заклікаў. Тады яны, папасціўшы і памаліўшыся і ўсклаўшы на іх рукі, адпусцілі [іх]. Дык яны, пасланыя Святым Духам, прыйшлі ў Селеўкію, а адтуль адплылі на Кіпр. І калі былі ў Саламіне, яны абвяшчалі слова Божае ў іўдзейскіх сінагогах. І яны мелі пры сабе памагатым Іаана. І, прайшоўшы ўвесь востраў да Пафа, яны спаткалі аднаго чалавека, мага, ілжэпрарока-іудзея, імем Варыісус, які быў з праконсулам Сергіем Паўлам, чалавекам разумным. Той, паклікаўшы Варнаву і Саўла, хацеў паслухаць слова Божае. Але Элімамаг (бо так перакладаецца яго імя) супроцьстаяў ім, намагаючыся адвесці праконсула ад веры. Але Саўл, ён жа Павел, напоўніўшыся Святым Духам, угледзеўшыся ў яго, сказаў: О поўны ўсялякай хітрасці і ўсялякага махлярства, сыне д’ябла, вораг усялякай праведнасці, няўжо ты не перастанеш зводзіць з прамых дарог Гасподніх? І цяпер — вось рука Гасподняя на табе, і ты будзеш сляпы і не ўбачыш сонца да часу. — І тут жа напалі на яго змрок і цемра; і ён, замітусіўшыся сюды-туды, шукаў павадыроў. Тады праконсул, убачыўшы, што адбылося, увераваў, уражаны вучэннем Гасподнім. І, адплыўшы з Пафа, Павел і тыя, хто быў з ім, прыбылі ў Пергію, што ў Памфіліі; а Іаан, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Іерусалім. Яны ж, прайшоўшы ад Пергіі, прыбылі ў Антыёхію Пісідыйскую і, увайшоўшы ў сінагогу ў суботні дзень, селі. І пасля чытання закона і прарокаў начальнікі сінагогі паслалі да іх сказаць: Мужы браты, калі ў вас ёсць якое-небудзь слова настаўлення для народу, кажыце. І Павел, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: Мужы ізраільскія і тыя, хто баіцца Бога, паслухайце. Бог гэтага народа, Ізраіля, выбраў нашых бацькоў і ўзвысіў гэты народ падчас бытнасці ў егіпецкай зямлі, і высокай рукою вывеў іх з яе, і каля сарака гадоў цярпеў37 іх у пустэльні і, знішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаанскай, Ён даў іх зямлю ў спадчыну [ім] прыблізна на чатырыста пяцьдзесят гадоў. І пасля гэтага даваў суддзяў аж да прарока Самуіла. А потым яны папрасілі цара, і Бог даў ім Саула, сына Кісавага, чалавека з племя Веньямінавага, на сорак гадоў. І, адхіліўшы яго, Ён паставіў ім цара Давіда, пра якога і сказаў, сведчачы: «Я знайшоў Давіда, сына Іесеевага, чалавека Мне па сэрцы, які выканае ўсе Мае жаданні». Ад яго патомства Бог паводле абяцання прывёў Ізраілю Збаўца, Ісуса, пасля таго, як Іаан прапаведаваў перад Яго прыходам хрышчэнне пакаяння ўсяму ізраільскаму народу. А калі Іаан завяршаў свой шлях, ён казаў: «Кім вы мяне лічыце? Я не Той, але вось ідзе за мною Той, у Каго я няварты развязаць сандаліі на нагах». Мужы браты, сыны Аўраамавага роду і тыя між вас, хто баіцца Бога, слова гэтага выратавання было нам38 паслана. Бо жыхары Іерусаліма і начальнікі іх, не пазнаўшы Яго і голасу прарокаў, якія чытаюцца штосуботы, выканалі іх, асудзіўшы Яго. І хоць не знайшлі ніякай прычыны для смерці, яны папрасілі ў Пілата забіць Яго. Калі ж выканалі ўсё, што напісана пра Яго, яны, зняўшы з дрэва, паклалі Яго ў магільню. Але Бог уваскрэсіў Яго з мёртвых. Ён з’яўляўся шмат дзён тым, хто прыйшоў разам з Ім з Галілеі ў Іерусалім, якія [цяпер] Яго сведкі перад народам. І мы дабравесцім вам абяцанне, якое было дадзена бацькам, што Бог гэта выканаў для нас, [іх] дзяцей, уваскрэсіўшы Ісуса, як і напісана ў другім псалме: «Ты Мой Сын; Ты сёння ад Мяне нарадзіўся». А што Ён уваскрэсіў Яго з мёртвых, так што Ён ужо не вернецца ў тленне, Ён сказаў так: «Я дам вам святое, абяцанае Давіду, непарушнае». Таму Ён і ў іншым месцы кажа: «Ты не дасі Твайму Святому ўбачыць тлення». Бо Давід, паслужыўшы свайму пакаленню паводле волі Божай, спачыў і быў пахаваны са сваімі бацькамі і ўбачыў тленне. Той жа, Каго Бог уваскрэсіў, не ўбачыў тлення. Дык няхай будзе вам вядома, мужы браты, што праз Яго вам абвяшчаецца дараванне грахоў [і] ад усяго, ад чаго вы не маглі быць апраўданыя Маісеевым законам, у Ім кожны, хто верыць, апраўдваецца. Дык глядзіце, каб не прыйшло [на вас] сказанае ў прарокаў: «Гляньце, пагардлівыя, і здзівіцеся і знікніце, бо Я раблю работу ў вашы дні, работу, якой вы ні ў якім разе не паверылі б, калі б хто расказваў вам». І калі Павел і Варнава выходзілі [з іудзейскай сінагогі, язычнікі] іх прасілі, каб гэтыя словы ім былі расказаны ў наступную суботу. А калі сход сінагогі быў распушчаны, многія з іудзеяў і набожных празелітаў пайшлі ўслед за Паўлам і Варнавам, якія, гаворачы з імі, пераконвалі іх заставацца ў ласцы Божай. А ў наступную суботу амаль увесь горад сабраўся, каб паслухаць слова Божае. Але іудзеі, убачыўшы натоўпы, напоўніліся зайздрасцю, пачалі богазневажаючы, пярэчыць таму, што казаў Павел. А Павел і Варнава, выступаючы адважна, сказалі: Неабходна было, каб вам першым было сказана слова Божае. А як вы аспрэчваеце яго і не лічыце сябе вартымі вечнага жыцця, то вось, мы звяртаемся да язычнікаў. Бо так загадаў нам Госпад: «Я паставіў Цябе святлом язычнікам, каб Ты быў для выратавання да краю зямлі». І язычнікі, чуючы гэта, радаваліся і славілі слова Гасподняе; і ўверавалі ўсе, якія былі прызначаны ў вечнае жыццё. І слова Гасподняе шырылася па ўсёй краіне. Але іудзеі падбухторылі набожных [і] паважаных жанчын і першых людзей горада і ўчынілі ганенне на Паўла і Вараву, і выгналі іх са сваіх межаў. А яны, абтросшы пыл са сваіх ног, прыйшлі ў Іконій. А вучні напаўняліся радасцю і Святым Духам.

І сталася, што ў Іконіі яны разам увайшлі ў іудзейскую сінагогу і прамаўлялі так, што ўверавала вялікае мноства і іудзеяў і элінаў. Але іудзеі, якія не ўверавалі, узбудзілі і ўзлавалі душы язычнікаў супроць братоў. Дык яны правялі даволі доўгі час, адважна кажучы пра Госпада, Які сведчыў [пра] слова Сваёй ласкі, даючы, каб знакі і цуды рабіліся іх рукамі. Але ўсё мноства людзей у горадзе падзялілася, і адны былі з іудзеямі, а другія — з Апосталамі. Калі ж у язычнікаў і іудзеяў з іх начальнікамі ўзнікла памкненне зняважыць і ўкаменаваць іх, яны, даведаўшыся, уцяклі ў лікаонскія гарады Лістру і Дэрвію і іх ваколіцы і там дабравесцілі. А ў Лістры сядзеў адзін чалавек, які не валодаў нагамі, кульгавы ад улоння сваёй маці, ён ніколі не хадзіў. Гэты чалавек пачуў, як гаварыў Павел, які, угледзеўшыся ў яго і ўбачыўшы, што ён мае веру, каб быць выратаваным39, сказаў гучным голасам: [Табе кажу імем Госпада Ісуса Хрыста]. Устань проста на свае ногі. — І той [адразу] ускочыў і стаў хадзіць. І натоўпы, убачыўшы, што зрабіў Павел, узвысілі свой голас, кажучы па-лікаонску: Багі, прыпадабніўшыся да людзей, зышлі да нас. І яны назвалі Варнаву Дзеўсам, а Паўла Гермесам, бо пераважна прамаўляў ён. І жрэц Дзеўса, святыня якога была перад [іх] горадам, даставіў да брамы валоў і вянкі і хацеў разам з натоўпамі прынесці ахвяру. Але Апосталы Варнава і Павел, пачуўшы пра гэта, разадралі на сабе адзенне і кінуліся ў натоўп, усклікваючы і кажучы: Мужы, што гэта вы робіце? І мы падобныя да вас людзі, дабравесцім вам, каб вы ад усяго гэтага марнага, звярнуліся да Жывога Бога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх; Які ў мінулых пакаленнях дазволіў, каб усе народы хадзілі сваімі дарогамі; хоць Ён не пакідаў Сябе без сведчання, робячы дабро, даючы вам40 дажджы з неба і ўраджайныя поры, напаўняючы ежаю і радасцю вашы41 сэрцы. І, кажучы гэта, яны ледзь стрымалі натоўпы, каб не прыносілі ім ахвяраў, [а каб кожны ішоў дадому. Калі ж яны, застаючыся там, вучылі,] прыйшлі [некаторыя] іудзеі з Антыяхіі і Іканіі і, [калі Апосталы адкрыта прапаведавалі, яны ўзбудзілі натоўпы, каб тыя пакінулі іх, кажучы, што яны нічога праўдзівага не кажуць, а ўсё лгуць], і, падбухторыўшы натоўпы, укаменавалі Паўла і вывалаклі за горад, думаючы, што ён мёртвы. Але калі вучні акружылі яго, ён устаў і ўвайшоў у горад. І назаўтра ён выйшаў з Варнавам ў Дэрвію. І пасля таго як яны дабравесцілі таму гораду і прыдбалі даволі шмат вучняў, яны вярнуліся ў Лістру і ў Іконій і ў Антыёхію, умацоўваючы душы вучняў, пераконваючы заставацца ў веры і навучаючы, што праз многія пакуты належыць нам увайсці ў Царства Божае. І, рукапаклаўшы ім у кожнай царкве прасвітараў, яны, памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога тыя ўверавалі. І, прайшоўшы Пісідыю, яны прыйшлі ў Памфілію, і, прамовіўшы слова ў Пергіі, зышлі ў Аталію і адтуль адплылі ў Антыёхію, адкуль яны былі аддадзены з ласкі Божай на працу, якую яны і выканалі. І прыбыўшы і сабраўшы царкву, яны абвясцілі пра тое, што Бог зрабіў з імі і як Ён адчыніў язычнікам дзверы веры. І яны правялі немалы час з вучнямі.

І некаторыя, прыйшоўшы з Іудзеі, навучалі братоў: Калі не абрэжацеся паводле Маісеевага звычаю, не зможаце ўратавацца. І калі адбылося сутыкненне і немалая спрэчка ў Паўла і Варнавы з імі, то вырашылі, каб Павел і Варнава і некаторыя іншыя з іх пайшлі з гэтым пытаннем да Апосталаў і прасвітараў у Іерусалім. Дык яны, выпраўленыя царквою, праходзілі праз Фінікію і Самарыю, расказваючы пра далучэнне язычнікаў, і вялікую радасць прыносілі ўсім братам. І, калі прыйшлі ў Іерусалім, яны былі прыняты царквою, Апосталамі і прасвітарамі і абвясцілі ўсё, што Бог зрабіў з імі [і як адчыніў язычнікам дзверы веры]. Але паўсталі сярод іх некаторыя вернікі з секты фарысеяў, кажучы: Трэба абрэзваць іх і патрабаваць, каб выконвалі Маісееў закон. І сабраліся Апосталы і прасвітары, каб разгледзець гэтую справу. І калі адбылася вялікая спрэчка, устаў Пётр і сказаў ім: Мужы браты, вы ведаеце, што Бог з даўніх дзён выбраў сярод вас мяне, каб праз мае вусны язычнікі пачулі слова Дабравесця і ўверавалі. І Сэрцазнаўца Бог засведчыў ім, даўшы [ім] Святога Духа так, як і нам; і Ён не зрабіў ніякай розніцы між намі і імі, вераю ачысціўшы іх сэрцы. Дык чаму вы цяер выпрабоўваеце Бога, ускладаючы на шыю вучняў ярмо, якое ні нашы бацькі, ні мы не змаглі панесці? Але мы верым, што ласкаю Госпада Ісуса мы будзем уратаваны такім жа чынам, як і яны. І ўвесь сход замоўк і слухаў Варнаву і Паўла, што расказвалі пра ўсе знакі і цуды, якія Бог зрабіў праз іх між язычнікаў. Пасля ж таго, як яны змоўклі, у адказ Іякаў сказаў: Мужы браты, паслухайце мяне. Сімяон42 расказаў, як Бог спачатку прыгледзеў узяць з язычнікаў народ для Свайго імя. І з гэтым згодныя словы прарокаў, як напісана: «Пасля гэтага Я вярнуся і адбудую заняпалую скінію Давідаву; Я адбудую яе руіны і ўзнясу яе, каб астатнія з людзей знайшлі Госпада і ўсе народы, якім абвешчана Маё імя, — кажа Госпад, Які творыць гэта вядомым спрадвеку»43. Таму я думаю, што не трэба абцяжарваць тых з язычнікаў, хто далучаецца да Бога, а напісаць ім, каб яны ўстрымліваліся ад апаганенага ідаламі, ад распусты, ад задушанага і ад крыві [і каб не рабілі іншым таго, чаго не хочуць сабе]. Бо закон Маісея ад старажытных пакаленняў мае ў кожным горадзе тых, хто яго прапаведуе: яго штосуботы чытаюць у сінагогах. Тады Апосталам і прасвітарам з усёю царквою паказалася патрэбным, выбраўшы сярод сябе людзей, паслаць іх у Антыёхію з Паўлам і Варнавам: Іуду, званага Варсавам, і Сілу, людзей-правадыроў між братоў, напісаўшы сваімі рукамі [гэта]: «Апосталы, і прасвітары, і браты — братам па ўсёй Антыхіі, Сірыі і Кілікіі, тым, хто з язычнікаў: радавацца. Так як мы пачулі, што некаторыя [выйшаўшы] ад нас, устрывожылі вас сваімі словамі і захісталі вашы душы [кажучы, што трэба абразацца і трымацца закона], чаго мы ім не даручалі, нам паказалася патрэбным, пасля таго як мы прыйшлі да аднадушнасці, выбраць людзей і паслаць іх да вас з нашымі ўлюбёнымі Варнавам і Паўлам, людзьмі, якія аддалі свае душы за імя нашага Госпада Ісуса Хрыста. Дык мы паслалі Іуду і Сілу, якія самі абвесцяць вам тое ж самае на словах. Бо Святому Духу і нам паказалася патрэбным не ўскладваць на вас ніякага большага цяжару, акрамя гэтага неабходнага: устрымлівацца ад ідалаахвярнага, і ад крыві, і ад задушанага, і ад распусты [і чаго не хочаце, каб было з вамі, не рабіце іншым]. Засцерагаючыся ад гэтага, вы добра зробіце. Бывайце здаровы!» Дык яны, выпраўленыя ў дарогу, прыйшлі ў Антыёхію і, сабраўшы мноства людзей, перадалі ліст. І тыя, прачытаўшы, узрадаваліся іх суцяшэнню. А Іуда і Сіла, самі будучы прарокамі, многімі словамі суцешылі братоў і ўмацавалі іх. І, правёўшы там пэўны час, яны былі адпушчаны з мірам ад братоў да тых, хто паслаў іх44. [Але Сілу здалося за лепшае застацца там. А Іуда адзін выправіўся ў Іерусалім]45. Павел жа і Варнава жылі ў Антыёхіі, навучаючы слову Гасподняму і дабравесцячы яго разам з многімі іншымі. Але праз некалькі дзён Павел сказаў Варнаву: Вяртаймася, адведаем [нашых] братоў у кожным горадзе, у якіх мы абвясцілі слова Гасподняе, — як яны маюцца? І Варнава хацеў узяць з сабою і Іаана, званага Маркам; а Павел лічыў, што не трэба браць гэтага чалавека, які адступіў ад іх у Памфіліі і не пайшоў з імі на работу, [на якую яны былі пасланы]. І адбылася вострая спрэчка, так што яны разышліся адзін з адным, і Варнава, узяўшы з сабою Марка, адплыў на Кіпр. А Павел, выбраўшы Сілу, пайшоў, будучы даручаны братамі ласцы Гасподняй46. І ён праходзіў Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы.

І ён прыйшоў [таксама] ў Дэрвію і Лістру. І вось, быў там адзін вучань імем Цімафей, сын верніцы іудзейкі, але бацькі эліна, пра якога добра сведчылі браты ў Лістры і Іконіі. Павел захацеў, каб ён пайшоў з ім; і, узяўшы, абрэзаў яго дзеля іудзеяў, што былі ў тых мясцінах, бо ўсе яны ведалі, што яго бацька быў элін. Калі яны праходзілі праз гарады, то перадавалі ім пастановы, якія вынеслі Апосталы і прасвітары ў Іерусаліме, каб яны выконвалі іх. Дык цэрквы ўмацоўваліся ў веры і штодня ўзрасталі колькасцю. І яны прайшлі праз Фрыгію і Галатыйскую краіну, бо Святы Дух не дапусціў ім казаць слова ў Азіі. І, дайшоўшы да Місіі, яны спрабавалі адправіцца ў Віфінію, але Дух Ісуса не дазволіў ім. І, мінуўшы Місію, яны спусціліся ў Трааду. І ўначы было з’явенне Паўлу: нейкі чалавек, македонец, стаяў, просячы яго і кажучы: Перайдзі ў Македонію і памажы нам. І калі ён убачыў з’явенне, мы адразу ж пастараліся выйсці ў Македонію, у перакананні, што Бог47 заклікаў нас дабравесціць ім. І, адплыўшы з Траады, мы накіраваліся проста ў Самафракію, а на другі дзень у Неапаль і адтуль у Філіпы, гэта галоўны горад той часткі Македоніі, рымская калонія. У гэтым жа горадзе мы правялі некалькі дзён. І ў суботні дзень мы выйшлі за браму [горада] да ракі, дзе, як мы думалі, было месца малітвы; і, сеўшы, мы размаўлялі з жанчынамі, што зышліся туды. А адна жанчына імем Лідзія, прадаўшчыца пурпуру, з горада Фіятыра, шанавальніца Бога, слухала: Госпад адкрыў яе сэрца, каб яна ўспрымала тое, што казаў Павел. І калі яна была ахрышчана і яе дом, яна папрасіла, кажучы: Калі вы прызналі, што я адданая Госпаду, увайдзіце ў мой дом і заставайцеся. — І яна дамаглася ад нас. І сталася: калі мы ішлі да месца малітвы, сустрэлася нам адна служанка, апантаная духам Піфана48, якая вяшчунствам прыносіла вялікі прыбытак сваім гаспадарам. Яна, ідучы ўслед за Паўлам і за намі, крычала, кажучы: Гэтыя людзі — слугі Усявышняга Бога, якія абвяшчаюць вам49 дарогу выратавання. І яна рабіла гэта шмат дзён. Але Павел абурыўся і, павярнуўшыся, сказаў духу: Загадваю табе імем Ісуса Хрыста выйсці з яе. — І ён у тую ж хвіліну выйшаў. Гаспадары ж яе, убачыўшы, што адышла надзея на іх прыбытак, схапілі Паўла і Сілу і пацягнулі на рыначную плошчу да начальнікаў і, прывёўшы іх да магістратаў, сказалі: Гэтыя людзі, будучы іудзеямі, бунтуюць наш горад і абвяшчаюць звычаі, якія нам, рымлянам, не дазваляецца ні пераймаць, ні выконваць. І паўстаў натоўп супроць іх, і магістраты, сарваўшы вопратку з іх, загадалі біць кіямі і, задаўшы ім шмат удараў, кінулі ў турму, загадаўшы турэмнаму стражніку пільна сцерагчы іх. Ён, атрымаўшы такі загад, кінуў іх ва ўнутраную турму і забіў іх ногі ў калодкі. І каля поўначы Павел і Сіла, молячыся, спявалі гімны хвалы Богу, а вязні слухалі іх. Але раптам зрабіўся вялікі землятрус, так што захісталіся падмуркі турмы; і тут жа расчыніліся ўсе дзверы і ва ўсіх паспадалі кайданы. А турэмшчык, прачнуўшыся і ўбачыўшы, што дзверы турмы расчынены, выцягнуў меч і збіраўся забіць сябе, думаючы, што вязні ўцяклі. Але Павел крыкнуў гучным голасам, кажучы: Не рабі сабе ніякага ліха, бо мы ўсе тут. І, папрасіўшы агню, турэмшчык ускочыў і ў трымценні прыпаў да Паўла і Сілы і, вывеўшы іх адтуль, спытаўся: Спадары, што я павінен рабіць, каб уратавацца? Яны ж адказалі: Уверуй у Госпада Ісуса [Хрыста] і будзеш уратаваны ты і твой дом. І яны абвясцілі слова Гасподняе яму разам з усімі, хто быў у яго доме. І турэмшчык, узяўшы іх у тую ж гадзіну ночы, абмыў іх раны; і быў тут жа ахрышчаны сам і ўсе яго дамашнія; і, прывёўшы іх у [свой] дом, сабраў стол і цешыўся з усім домам, што ўвераваў у Бога. А калі настаў дзень, магістраты паслалі ліктараў сказаць: Адпусці тых людзей. І турэмшчык перадаў [гэтыя] словы Паўлу: Магістраты прыслалі, каб адпусціць вас. Дык цяпер выходзьце і ідзіце з мірам. Але Павел сказаў ім: Яны, прынародна збіўшы нас, неасуджаных людзей, што з’яўляюцца рымскімі грамадзянамі, кінулі ў турму, а цяпер яны патаемна выганяюць нас? Ды не! Хай самі прыйдуць і выведуць нас. І ліктары перадалі гэтыя словы магістратам. І тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны рымляне, і, прыйшоўшы, яны перапрасілі іх і, вывеўшы, прасілі пайсці з горада. І, выйшаўшы з турмы, яны ўвайшлі ў дом да Лідзіі, і, убачыўшы братоў, яны суцешылі іх і пайшлі.

І, прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалонію, яны прыйшлі ў Фесалоніку, дзе была іудзейская сінагога. І Павел, як звычайна, увайшоў да іх і тры суботы гутарыў з імі на падставе Пісанняў, адкрываючы і даводзячы, што Хрыстос павінен быў пакутаваць і ўваскрэснуць з мёртвых і што: Гэты Хрыстос ёсць Ісус, Якога я вам абвяшчаю. І некаторыя з іх пераканаліся і прымкнулі да Паўла і Сілы, гэтак жа як вялікае мноства набожных элінаў і нямала знатных жанчын. Але іудзеі, [якія не паверылі], пазайздросціўшы і падабраўшы нейкіх ліхіх людзей з рыначнай плошчы, сабралі натоўп і ўзбунтавалі горад і, падступіўшы да Іясонавага дома, яны дамагаліся вывесці іх да народу; але, не знайшоўшы іх, пацягнулі Іясона і некаторых братоў да гарадскіх начальнікаў, крычачы: Гэтыя людзі, што ўзбурылі ўвесь свет, прыйшлі і сюды; і іх прыняў Іясон; і ўсе яны ідуць супроць пастановаў цэзара, кажучы, што ёсць другі цар, Ісус. І яны ўзбударажылі натоўп і гарадскіх начальнікаў, што слухалі гэта. І, узяўшы заклад з Іясона і астатніх, яны адпусцілі іх. Браты ж адразу ўначы адаслалі Паўла і Сілу ў Верыю, і яны, прыбыўшы, пайшлі ў іудзейскую сінагогу. А гэтыя людзі былі больш адкрытыя, чым тыя, што ў Фесалоніцы; яны прынялі слова з усёй шчырасцю, штодня разбіраючы Пісанні, ці так гэта. І шмат з іх уверавалі: і з паважаных элінскіх жанчын, і з мужчын нямала. Але калі іудзеі з Фесалонікі даведаліся, што і ў Верыі Паўлам было абвешчана слова Божае, яны прыйшлі і туды, хвалюючы і бударажачы натоўпы. І тады браты адразу адаслалі Паўла, каб ён ішоў да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там. І тыя, хто праводзіў Паўла, давялі [яго] да Афінаў, і, атрымаўшы загад для Сілы і Цімафея, каб тыя, як мага хутчэй прыйшлі да яго, пайшлі. І пакуль Павел чакаў іх у Афінах, яго дух раздражняўся ў ім, калі ён бачыў, што горад поўны ідалаў. І таму ён гутарыў у сінагозе з іудзеямі і з богабаязнымі і штодня на рыначнай плошчы з выпадковымі сустрэчнымі. І некаторыя з філосафаў эпікурэйцаў і стоікаў сутыкаліся з ім. І адны казалі: Што хоча сказаць гэты пустазвон? — А другія: Здаецца, ён абвяшчае чужыя боствы, — бо ён дабравесціў Ісуса і ўваскрэсенне. І, узяўшы яго, яны прывялі ў Арэапаг, кажучы: Ці можам мы даведацца, што гэта за новае вучэнне, якое ты прапаведуеш? Бо нешта дзіўнае ты даносіш да нашых вушэй. Дык мы хочам даведацца, што ўсё гэта значыць. А ўсе афіняне і прышэльцы-чужаземцы нічым іншым не бавілі час, як тым, каб расказваць ці слухаць што-небудзь новае. І Павел, стаўшы пасярэдзіне Арэапага, сказаў: Мужы афінскія, я з усяго бачу, што вы вельмі набожныя. Бо, праходзячы і аглядаючы вашы святыні, я знайшоў і ахвярнік, на якім было напісана: «невядомаму богу». Вось Гэтага, Якога вы, не ведаючы, ушаноўваеце, я і абвяшчаю вам. Бог, Які стварыў свет і ўсё, што ў ім, — Ён, будучы Госпадам неба і зямлі, не ў рукатворных храмах жыве; і не служаць Яму чалавечымі рукамі, нібы Ён мае ў чым-небудзь патрэбу; Сам Ён дае ўсім жыццё, і дыханне, і ўсё. І Ён стварыў з аднаго50 кожны чалавечы народ, каб яны жылі на ўсім абліччы зямлі, вызначыўшы акрэсленыя часы і межы іх пражывання, каб яны шукалі Бога — ці не намацаюць яны Яго і не знойдуць, — хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас. Бо ў Ім мы жывём, і рухаемся, і існуём, як і некаторыя з паэтаў у вас казалі: «Бо мы і род Яго». Будучы ж родам Божым, мы не павінны думаць, што Боскае падобнае да золата, ці серабра, ці каменя — да вобраза мастацтва і задумы чалавека. Дык, пакінуўшы без увагі часы няведання, Бог цяпер загадвае усім людзям, каб скрозь пакаяліся, бо Ён вызначыў дзень, у які Ён будзе справядліва судзіць свет праз Чалавека, якога Ён прызначыў, даўшы ўсім доказ — уваскрэсіўшы Яго з мёртвых. І, пачуўшы пра ўваскрэсенне мёртвых, адны насміхаліся, а другія сказалі: Мы паслухаем цябе пра гэта яшчэ раз. [І] так Павел пайшоў ад іх. Але некаторыя людзі, прымкнуўшы да яго, уверавалі, сярод іх і Дыянісій Аэрапагіт, і жанчына імем Дамар, і іншыя з імі.

Пасля гэтага, адышоўшы з Афінаў, ён51 прыйшоў у Карынф. І, знайшоўшы аднаго іудзея імем Акіла, пантыйца родам, які нядаўна прыйшоў з Італіі, і яго жонку Прыскілу (бо Клаўдзій загадаў усім іудзеям, каб пакінулі Рым), ён прыйшоў да іх, а таму што быў таго самага рамяства, ён застаўся ў іх і працаваў, рамяство ж у іх было — выраб палатак. І ён штосуботы гутарыў у сінагозе і пераконваў іудзеяў і элінаў. А калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, Павел поўнасцю аддаўся слову, цвёрда сведчачы іудзеям, што Ісус — гэта Хрыстос. Але калі яны сталі супраціўляцца і блюзнерыць, ён, абтросшы [сваю] вопратку, сказаў ім: Ваша кроў няхай будзе на вашу галаву; я чысты. З гэтага часу я пайду да язычнікаў. І, пайшоўшы адтуль, ён увайшоў у дом аднаго чалавека імем Цітый Юст, які шанаваў Бога і дом якога межаваў з сінагогаю. І Крыпс, начальнік сінагогі, увераваў у Госпада з усім сваім домам; і многія з карынфян, слухаючы, уверавалі і ахрысціліся. І Госпад сказаў Паўлу ўначы праз з’явенне: Не бойся, а кажы і не змаўкай; бо Я з табою і ніхто не нападзе на цябе, каб зрабіць табе ліха, бо ў мяне шмат людзей у гэтым горадзе. І ён заставаўся52 там год і шэсць месяцаў, навучаючы ў іх слову Божаму. Але калі Галіён быў праконсулам Ахаіі, іудзеі аднадушна паўсталі супроць Паўла і прывялі яго на суд, кажучы: Гэты чалавек падгаворвае людзей шанаваць Бога не паводле закона. І калі Павел збіраўся раскрыць вусны, Галіён сказаў іудзеям: Калі б гэта была якая-небудзь несправядлівасць ці ліхі ўчынак, о іудзеі, то з гэтай прычыны я выслухаў бы вас; але калі тут спрэчка пра словы, імёны і ваш закон, то глядзіце самі. Суддзёю ў гэтым я не хачу быць. І ён прагнаў іх з суда. І ўсе [эліны], схапіўшы Сасфена, начальніка сінагогі, білі яго перад судзейскім месцам. А Галіёну нічога з гэтага не абыходзіла. І Павел, прабыўшы там яшчэ даволі шмат дзён, развітаўся з братамі і адплыў у Сірыю, і з ім Прыскіла і Акіла, — абстрыгшы галаву ў Кенхрэях, бо ён даў зарок. І яны прыбылі ў Эфес, і ён пакінуў іх там, сам жа, увайшоўшы ў сінагогу, гутарыў з іудзеямі. А калі яны прасілі, каб застаўся на даўжэйшы час, ён не згадзіўся, а, развітаўшыся і сказаўшы: «[Мне канечне трэба правесці свята, якое надыходзіць, у Іерусаліме]. Я зноў вярнуся да вас, калі Бог захоча», і адплыў з Эфеса. І, прыбыўшы ў Кесарыю, пайшоў у Іерусалім, прывітаў царкву і адышоў у Антыёхію. І, правёўшы нейкі час, ён выйшаў, праходзячы па парадку Галатыйскую краіну і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў. І адзін іудзей імем Апалос, александрыец родам, чалавек красамоўны, моцны ў Пісаннях, прыйшоў у Эфес. Гэты чалавек быў навучаны дарозе Гасподняй і, палымнеючы духам, казаў і вучыў дакладна пра Ісуса53, хоць ён ведаў толькі хрышчэнне Іаанава. І гэты чалавек пачаў адважна прамаўляць у сінагозе. І, пачуўшы яго, Прыскіла і Акіла, запрасілі яго да сябе і дакладней растлумачылі яму дарогу Божую54. І калі ён хацеў прайсці ў Ахаію, браты, падтрымліваючы яго, напісалі вучням, каб яны прынялі яго; і ён, прыбыўшы туды, шмат дапамагаў тым, хто ўвераваў праз ласку Божую, бо ён настойліва прынародна выкрываў іудзеяў, паказваючы праз Пісанні, што Ісус — гэта Хрыстос.

І сталася, калі Апалос быў у Карынфе, Павел, прайшоўшы верхнія краіны, прыйшоў у Эфес, і знайшоў некаторых вучняў, і спытаўся ў іх: Ці атрымалі вы Святога Духа, калі ўверавалі? — А яны яму: А мы нават не чулі, ці ёсць Святы Дух. І ён спытаўся [ў іх]: Дык у што вы былі ахрышчаныя? — А яны сказалі: У Іаанава хрышчэнне. І Павел сказаў: Іаан хрысціў хрышчэннем пакаяння, кажучы народу, каб уверавалі ў Таго, Хто ідзе за ім, гэта значыць у [Хрыста] Ісуса. І, пачуўшы гэта, яны былі ахрышчаныя ў імя Госпада Ісуса, і, калі Павел усклаў на іх рукі, на іх зышоў Святы Дух, і яны пачалі гаварыць на іншых мовах і прарочыць. А было ўсіх мужчын каля дванаццаці. І, увайшоўшы ў сінагогу, ён адважна гаварыў тры месяцы, разважаючы і пераконваючы пра Царства Божае. Але калі некаторыя ўпарціліся ў нявер’і і не давалі пераканаць сябе, ліхасловячы дарогу Гасподнюю перад мноствам людзей, ён, адступіўшыся ад іх, аддзяліў вучняў і штодня прапаведваў у школе [нейкага] Тыранна. І гэта доўжылася два гады, так што ўсе жыхары Азіі пачулі слова Госпада [Ісуса] — і іудзеі, і эліны. І Бог тварыў незвычайныя цуды Паўлавымі рукамі, так што нават хусткі ці фартухі адносілі з яго цела да хворых, і ад іх адступалі хваробы, і [з іх] выходзілі злыя духі. Нават некаторыя з вандроўных іудзейскіх заклінальнікаў паспрабавалі называць над апанаванымі злымі духамі імя Госпада Ісуса, кажучы: Заклінаю55 вас Ісусам, Якога прапаведуе Павел. І рабілі гэта сем сыноў нейкага Скевы, іудзейскага першасвятара. І злы дух сказаў ім у адказ: Ісуса я ведаю, і Павел мне вядомы, а вы хто? І накінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, адолеў абодвух і ўзяў над імі такую сілу, так што яны, голыя і параненыя, выбеглі з таго дома. І гэта стала вядома ўсім: і іудзеям, і элінам, якія жылі ў Эфесе; і напаў страх на ўсіх іх і ўзвялічылася імя Госпада Ісуса. І многія з тых, што ўверавалі, прыходзілі, спавядаючыся і адкрываючы свае ўчынкі. І даволі многія з тых, хто займаўся чарадзействам, пазносілі свае кнігі і спалілі перад усімі; і падлічылі іх кошт, і выйшла пяцьдзесят тысяч серабром. Гэтак слова Гасподняе магутна расло і ўмацоўвалася. І калі гэта здзейснілася, Павел задумаў у духу, прайшоўшы Македонію і Ахаію, падацца ў Іерусалім, сказаўшы: Пасля таго, як пабываю там, трэба мне ўбачыць і Рым. І, паслаўшы ў Македонію двух са сваіх памочнікаў Цімафея і Эраста, сам на нейкі час застаўся ў Азіі. І ў той час адбылося немалое хваляванне вакол дарогі [Гасподняй]. Бо адзін сярэбранік імем Дзімітрый, які рабіў сярэбраныя мадэлі храма Артэміды, даваў рамеснікам немалы заробак. Сабраўшы разам іх і працаўнікоў такога ж рамяства, ён сказаў: Мужы, вы ведаеце, што ад гэтага заробку мы маем [наш] дабрабыт. І вы бачыце і чуеце, што не толькі ў Эфесе, але амаль ва ўсёй Азіі гэты Павел пераканаў і адвярнуў даволі вялікую грамаду, кажучы, што гэта не багі тыя, якія робяцца рукамі. І небяспека не толькі ў тым, што наша рамяство будзе зняслаўлена, але і што святыню вялікай багіні Артэміды будуць мець за нішто, а таксама будзе зруйнавана веліч тае, якую ўшаноўвае ўся Азія і населеная зямля. І, пачуўшы [гэта] і напоўніўшыся лютасцю, яны пачалі крычаць, кажучы: Вялікая Артэміда Эфеская! І [ўвесь] горад напоўніўся сумятнёю, і яны аднадушна кінуліся ў тэатр, схапіўшы македонцаў Гаія і Арыстарха, Паўлавых спадарожнікаў. Калі ж Павел хацеў увайсці ў народ, вучні не дазволілі яму. І таксама некаторыя з азіярхаў56, якія былі яго сябрамі, паслаўшы да яго, прасілі, каб ён не ішоў у тэатр. А між тым адны крычалі адно, другія — другое; бо сход быў у сумятні і большасць не ведала, дзеля чаго яны зышліся. І выставілі з натоўпу [наперад] Аляксандра, якога прапанавалі іудзеі; і Аляксандр, даўшы знак рукою, хацеў апраўдвацца перад народам. Але калі яны пазналі, што ён іудзей, то з усіх вуснаў чуўся адзіны голас і амаль праз дзве гадзіны яны крычалі: Вялікая Артэміда Эфеская! І гарадскі сакратар, супакоіўшы натоўп, сказаў: Мужы эфескія, які ж чалавек не ведае, што горад эфесянаў — гэта захавальнік храма вялікай [багіні] Артэміды і статуі, якая ўпала ад Дзеўса? Дык таму, што гэта бясспрэчна, вам трэба быць спакойнымі і не рабіць нічога неабдуманага; бо вы прывялі гэтых людзей, якія ні храма не абрабавалі, ні нашу57 багіню не зневажаюць. І калі Дзімітрый і рамеснікі з ім маюць скаргу на каго-небудзь, то праводзяцца суды і ёсць праконсулы; няхай яны абвінавачваюць адзін аднаго. А калі вы дамагаецеся чаго-небудзь большага, то гэта будзе вырашана на законным сходзе. Бо мы ж рызыкуем, што за сённяшняе нас абвінавацяць у мяцяжы, хоць няма ніякай прычыны і ў сувязі з ім мы не зможам даць апраўдання дзеля гэтага зборышча. І, сказаўшы гэта, ён распусціў сход.

А пасля таго як хваляванне спынілася, Павел, паслаўшы па58 вучняў і суцешыўшы іх, развітаўся і выйшаў, каб падацца ў Македонію. І, прайшоўшы тыя землі і суцешыўшы іх многімі словамі, ён прыйшоў у Эладу і правёў там тры месяцы. А калі іудзеі ўчынілі супроць яго змову, падчас як ён збіраўся адплыць у Сірыю, вырашыў вярнуцца праз Македонію. І разам з ім пайшлі [да Азіі] Сапатр59, Піраў сын, верыянін, і з фесаланікійцаў Арыстарх і Секунд, і Гаій, дэрвянін, і Цімафей, і азійскія — Ціхік і Трафім. Яны, пайшоўшы ўперад, чакалі нас у Траадзе. А мы адплылі пасля дзён Праснакоў з Філіпаў і праз пяць дзён прыбылі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён. І ў першы дзень тыдня, калі мы60 сабраліся, дзеля пераламлення хлеба, Павел гутарыў з імі, збіраючыся на другі дзень выправіцца ў дарогу, і працягваў сваё слова да поўначы. І было даволі шмат светачаў у верхнім пакоі, дзе мы сабраліся. І адзін юнак, імем Яўціх, седзячы на акне, западаў у глыбокі сон у той час, як Павел гутарыў усё далей; змораны сном, ён упаў уніз з трэцяга паверха і яго паднялі мёртвым. Але Павел, зышоўшы, прыпаў да яго і, абняўшы, сказаў: Не трывожцеся, бо яго душа ў ім. І, падняўшыся, пераламаўшы хлеб, паеўшы і прагаварыўшы даволі доўга, аж да світання, ён тады пайшоў. А яны прывялі хлопца жывога і ўсцешыліся бязмерна. А мы, пайшоўшы ўперад на карабель, адплылі ў Ас, намерваючыся адтуль забраць Паўла, бо ён так распарадзіўся, сам намерваючыся ісці пешкі. І калі ён сустрэўся з намі ў Асе, мы, забраўшы яго, прыйшлі ў Мітылену. І, адплыўшы адтуль, мы назаўтра спыніліся насупроць Хіаса, а на другі дзень прысталі ў Самасе і, [пабыўшы ў Трагіліі], у наступны дзень прыйшлі ў Міліт, бо Павел вырашыў плыць, абмінаючы Эфес, каб яму не давялося марнаваць час у Азіі, бо ён спяшаўся, каб, калі можна, быць яму ў дзень Пяцідзесятніцы ў Іерусаліме. І з Мілета ён, паслаўшы ў Эфес, выклікаў прасвітараў царквы. І калі яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: Вы ведаеце з першага дня, калі я ўступіў у Азію, як я ўвесь час быў з вамі, служачы Госпаду з усёю пакораю і слязьмі і выпрабаваннямі, якія напаткалі мяне праз змовы іудзеяў; як я не ўтойваў нічога з таго, што карысна; пра што абвяшчаў і вучыў вас прылюдна і па дамах, цвёрда сведчачы як іудзеям, так і элінам пра пакаянне перад Богам і пра веру ў Госпада нашага Ісуса [Хрыста]. І цяпер — вось я, паводле жадання духа, іду ў Іерусалім, не ведаючы, што сустрэне мяне там, да таго і Святы Дух цвёрда сведчыць мне ў [кожным] горадзе, кажучы, што мяне чакаюць кайданы і пакуты. Але я лічу сваё жыццё нічога не вартым, калі б яно было каштоўным для мяне самога, — толькі б [з радасцю] закончыць мой бег і служэнне, якое я атрымаў ад Госпада Ісуса — цвёрда засведчыць пра дабравесце ласкі Божай. І цяпер — вось, я ведаю, што ўжо не ўбачыце майго аблічча ўсе вы, між якіх я хадзіў, прапаведуючы Царства [Божае]. Таму сведчу вам у сённяшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх, бо я не адступіў ад таго, каб абвясціць вам усю волю Божую. [Дык] рупцеся аб сабе і аб усім статку, у якім Святы Дух паставіў вас епіскапамі61, каб пасвіць Царкву [Госпада і] Бога, якую Ён здабыў [Сабе] ўласнаю крывёю. Я ведаю, што пасля майго адыходу ўвойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не пашкадуюць статка. І з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць перакручанае, каб адарваць вучняў. Таму будзьце пільныя, памятаючы, што я тры гады ноч і дзень не пераставаў са слязьмі вучыць кожнага [з вас]. А цяер я даручаю вас, [браты], Богу і слову Яго ласкі, якое можа збудаваць і даць спадчыну сярод усіх асвечаных. Ні серабра, ні золата, ні вопраткі я ні ад кога не пажадаў; самі ведаеце, што маім патрэбам і тых, хто быў са мною, паслужылі гэтыя рукі. Ва ўсім я паказаў вам, што, гэтак працуючы, трэба падтрымліваць слабых і памятаць словы Госпада Ісуса — што Ён Сам сказаў: «Большае шчасце даваць, чым браць». І, сказаўшы гэта, ён схіліў на свае калені і памаліўся з усімі імі. І быў даволі вялікі агульны плач; і, кідаючыся Паўлу на шыю, яны шчыра цалавалі Яго, адчуваючы асаблівы боль з-за слова, якое ён сказаў, — што яны ўжо не ўбачаць яго аблічча. І яны праводзілі яго на карабель.

І калі мы, развітаўшыся з імі, адплылі, то пайшлі наўпрост і прыйшлі ў Кос, а на другі дзень у Родас і адтуль у Патару. І, знайшоўшы карабель, што плыў у Фінікію, мы ўзышлі на яго і адплылі. А калі паказаўся Кіпр, мы, пакінуўшы яго злева, паплылі ў Сірыю і прысталі ў Тыры, бо там карабель выгружаў груз. І, знайшоўшы вучняў, мы засталіся там на сем дзён; яны праз Духа казалі Паўлу, каб ён не ішоў у Іерусалім. І калі мы завяршылі гэтыя дні, то выйшлі і пайшлі, і яны ўсе з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас аж за горад. І на беразе, схіліўшы калені і памаліўшыся, мы развіталіся адны з аднымі і ўзышлі на карабель, а яны вярнуліся дадому. Мы ж, скончыўшы плаванне, з Тыра прыйшлі ў Пталемаіду; і, прывітаўшы братоў, засталіся адзін дзень у іх. І, назаўтра выйшаўшы, мы, [якія былі з Паўлам], прыйшлі ў Кесарыю; і, увайшоўшы ў дом Філіпа-дабравесніка, аднаго з сямі дыяканаў, засталіся ў яго. А ў гэтага чалавека былі чатыры дачкі — дзяўчаты, якія прарочылі. І калі мы заставаліся там цягам многіх дзён, прыйшоў з Іудзеі адзін прарок, імем Агаў. І ён, прыйшоўшы да нас, узяў Паўлаў пояс і, звязаўшы сабе ногі і рукі, сказаў: Гэта кажа Святы Дух: «Чалавека, чый гэты пояс, гэтак звяжуць у Іерусаліме іудзеі і выдадуць у рукі язычнікаў». Калі ж мы гэта пачулі, то і мы і мясцовыя ўпрошвалі яго, каб ён не ішоў у Іерусалім. Тады Павел адказаў: Што вы робіце, плачучы і раздзіраючы мне сэрца? Бо я не толькі быць звязаным, але і памерці гатовы ў Іерусаліме за імя Госпада Ісуса. І, не здолеўшы пераканаць яго, мы супакоіліся, сказаўшы: Няхай будзе воля Госпада! І пасля гэтых дзён, падрыхтаваўшыся, пайшлі ў Іерусалім. І разам з намі пайшлі і некаторыя вучні з Кесарыі, ведучы нас да нейкага Мнасана, кіпрыёта, даўняга вучня, у якога меліся спыніцца. І калі мы прыйшлі ў Іерусалім, браты з радасцю прынялі нас. А на другі дзень Павел разам з намі прыйшоў да Іякава; і пасходзіліся ўсе прасвітары. І, прывітаўшы іх, ён пачаў падрабязна расказваць, што Бог зрабіў між язычнікаў праз яго служэнне. І яны, выслухаўшы, праслаўлялі Бога і сказалі яму: Бачыш, браце, колькі тысяч сярод іудзеяў уверавалі; і ўсе яны рупліўцы закона. І ім стала вядома пра цябе, што ты вучыш усіх іудзеяў, якія жывуць між язычнікаў, адступацца ад Маісея, кажучы, каб яны не абразалі сваіх дзяцей і не трымаліся звычаяў. Дык што рабіць? Вядома, [збяруцца многія, бо] пачуюць, што ты прыйшоў. Дык зрабі тое, што мы табе кажам: у нас ёсць чатыры чалавекі, што ўзялі зарок. Вазьмі іх і ачысціся разам з імі і аплаці іх выдаткі, каб яны абстрыглі сабе галовы, і ўсе ўведаюць, што нічога таго няма, што яны чулі пра цябе, а, наадварот, ты і сам жывеш, захоўваючы закон. А пра язычнікаў, якія ўверавалі, мы напісалі, пастанавіўшы, каб яны засцерагаліся ад ахвяраванага ідалам, крыві, задушанага і распусты. Тады Павел, узяўшы тых людзей, на другі дзень, ачысціўшыся з імі, увайшоў у святыню, аб’яўляючы заканчэнне дзён ачышчэння, пасля чаго за кожнага з іх будзе прынесена ахвяра. Калі ж сем дзён канчаліся, іудзеі з Азіі, убачыўшы яго ў святыні, прывялі ў сумятню ўвесь натоўп і наклалі на яго рукі, крычачы: Мужы ізраільскія, дапамажыце! Гэты чалавек, які ўсіх і ўсюды вучыць супроць народу, і закона, і гэтага месца; а яшчэ ён і элінаў увёў у святыню і апаганіў гэтае святое месца. Бо яны перад тым бачылі з ім у горадзе Трафіма, эфесяніна, якога, як яны думалі, Павел увёў у святыню. І ўвесь горад узрушыўся, і збегся народ; і, схапіўшы Паўла, яны пацягнулі яго прэч са святыні і адразу ж замкнулі дзверы. І калі яны хацелі забіць яго, да тысячаначальніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Іерусалім у сумятні. І ён, адразу ўзяўшы воінаў і сотнікаў, бягом спусціўся да іх; і яны, убачыўшы тысячаначальніка і воінаў, перасталі біць Паўла. Тады тысячаначальнік, наблізіўшыся, схапіў яго і загадаў звязаць двума ланцугамі; і пытаўся, хто ён і што ён зрабіў. І адны ў натоўпе выкрыквалі адно, другія — другое. Калі ж ён не змог з-за сумятні даведацца нічога пэўнага, загадаў завесці яго ў крэпасць. І калі Павел апынуўся на прыступках, выйшла так, што яго неслі воіны з-за напору натоўпу; бо мноства народу ішло ўслед і крычала: Забі яго! І калі меліся ўвесці яго ў крэпасць, Павел кажа тысячаначальніку: Ці можна мне штосьці сказаць табе? — Ён жа спытаўся: Ты ведаеш грэцкую мову? Дык ты не той егіпцянін, які некалькі дзён назад падняў паўстанне і вывеў у пустэльню чатыры тысячы чалавек кінжальшчыкаў? Павел жа сказаў: Я іудзей, тарсянін, з Кілікіі, грамадзянін немалаважнага горада, і я прашу цябе: дазволь мне прамовіць да народу. І калі той дазволіў яму, Павел, стоячы на прыступках, даў народу знак рукою. І калі настала поўная ціша, ён звярнуўся да іх на яўрэйскай мове, кажучы:

Мужы браты і бацькі, выслухайце цяпер маё апраўданне перад вамі. І, пачуўшы, што ён звяртаецца да іх на яўрэйскай мове, яны яшчэ болей суцішыліся. І ён сказаў: Я іудзей, нарадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, але выгадаваны ў гэтым горадзе, навучаны каля ног Гамалііла паводле суровасці бацькоўскага закона, руплівец Бога, як усе вы сёння. Я гнаў гэтую Дарогу да смерці, звязваючы і аддаючы ў турмы і мужчын і жанчын, як і першасвятар сведчыць пра мяне і ўсе старэйшыны, ад якіх я і атрымаў лісты да братоў і пайшоў у Дамаск, каб і тых, што знаходзяцца там, прывесці звязанымі ў Іерусалім, каб яны былі пакараны. І сталася, калі я ішоў і набліжаўся каля поўдня да Дамаска, раптам зазіхацела з неба вялікае святло вакол мяне, і я ўпаў на зямлю і пачуў голас, што казаў мне: «Саўле, Саўле, чаму ты гоніш Мяне?» І я адказаў: «Хто Ты, Госпадзе?» І Ён сказаў мне: «Я Ісус Назарэй, Якога ты гоніш». І тыя, хто быў са мною, святло бачылі [і перапалохаліся], але голасу Таго, Хто казаў мне, не чулі. І я спытаўся: «Што мне рабіць, Госпадзе?» І Госпад сказаў мне: «Устань і ідзі ў Дамаск, і там табе будзе сказана пра ўсё, што вызначана табе зрабіць». А як я нічога не бачыў ад славы таго святла, мяне павялі за руку тыя, хто быў са мною, і я прыйшоў у Дамаск. І нейкі Ананія, чалавек набожны паводле закона, з добрым сведчаннем ад усіх мясцовых іудзеяў, [якія жылі ў Дамаску], прыйшоў да мяне і, стаўшы побач, сказаў мне: «Саўле, браце, стань відушчы!» І я ў тую ж хвіліну ўбачыў яго. І ён сказаў: «Бог нашых бацькоў загадзя вызначыў цябе, каб ты ўведаў Яго волю і ўбачыў Праведніка і пачуў голас з Яго вуснаў; бо ты будзеш сведкам Яго для ўсіх людзей пра тое, што ты ўбачыў і пачуў. І цяпер — чаму ты марудзіш? Устань, ахрысціся і змый свае грахі, заклікаўшы Яго імя62». І сталася: калі я вярнуўся ў Іерусалім і маліўся ў святыні, мне было з’явенне63; і я ўбачыў Яго, і Ён казаў мне: «Паспяшайся і выйдзі хутчэй з Іерусаліма, бо яны не прымуць твайго сведчання пра Мяне». І я сказаў: «Госпадзе, яны ведаюць, што я знявольваў у турмы і біў у сінагогах тых, хто веруе ў Цябе; і калі пралівалася кроў Твайго сведкі Стэфана, я сам стаяў побач, і згаджаўся [з забойствам яго], і пільнаваў вопратку тых, што забівалі яго». І Ён сказаў мне: «Ідзі, бо Я пашлю цябе далёка да язычнікаў». І яны яго слухалі да гэтага слова, а пасля паднялі крык, кажучы: «Прэч з зямлі такога, бо нельга, каб ён жыў!» І пакуль яны крычалі і зрывалі вопраткі і кідалі пыл у паветра, тысячаначальнік загадаў весці яго ў крэпасць, сказаўшы дапытаць яго з бічаваннем, каб даведацца, з-за якой прычыны яны гэтак крычалі супроць яго. А калі расцягнулі яго рамянямі, Павел сказаў сотніку, што стаяў побач: «Ці дазваляецца вам бічаваць чалавека, калі ён рымскі грамадзянін і не асуджаны?» І, пачуўшы [гэта], сотнік падышоў да тысячаначальніка, кажучы: [Глядзі], што ты збіраешся рабіць? Бо гэты чалавек — рымскі грамадзянін. І тысячаначальнік, падышоўшы, спытаўся ў яго: Скажы мне, ты рымскі грамадзянін? — І ён сказаў: Так, рымскі грамадзянін. І тысячаначальнік адказаў: Я за вялікія грошы набыў гэтае грамадзянства. — Павел жа сказаў: А я і нарадзіўся ў ім. Тады адразу ж тыя, што збіраліся катаваць, адступілі ад яго; і тысячаначальнік спалохаўся, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін і што ён звязаў яго. І назаўтра, хочучы даведацца дакладна, у чым абвінавачваюць яго іудзеі, ён вызваліў яго [з кайданоў] і загадаў сабрацца першасвятарам і ўсяму сінедрыёну; і, прывёўшы Паўла, паставіў яго перад імі.

І Павел, пільна паглядзеўшы на сінедрыён, сказаў: Мужы браты, я з усім добрым сумленнем жыў перад Богам да гэтага дня. І першасвятар Ананія загадаў тым, хто стаялі пры ім, біць яго па вуснах. Тады Павел сказаў яму: Цябе будзе біць Бог, сцяна пабеленая! І ты сядзіш, каб судзіць мяне паводле закона, і, насуперак закона, загадваеш, каб мяне білі? Тыя ж, што стаялі пры ім, сказалі: Першасвятара Божага лаеш? І сказаў Павел: Я не ведаў, браты, што ён першасвятар; бо напісана: «Пра начальніка твайго народа не кажы дрэнна». І Павел, уведаўшы, што тут адна частка з фарысеяў, а другая з садукеяў, усклікнуў у сінедрыёне: Мужы браты, я фарысей, сын фарысеяў; за надзею і за ўваскрэсенне мёртвых судзяць [мяне]. І, калі ён сказаў гэта, узнік разлад паміж фарысеямі і садукеямі і ўсё мноства іх падзялілася. Бо садукеі кажуць, што няма ні ўваскрэсення, ні Анёла, ні духа; а фарысеі прызнаюць і тое і другое. Усчаўся вялікі крык і, устаўшы, некаторыя з кніжнікаў фарысейскага боку, моцна спрачаліся, кажучы: Нічога дрэннага мы не знаходзім у гэтым чалавеку. А калі з ім гаварыў дух альбо Анёл? [Не будзем змагацца з Богам]. Калі ж дайшло да вялікага ўзбурэння, тысячаначальнік, спалохаўшыся, як бы яны не разарвалі Паўла, загадаў атраду воінаў спусціцца і выхапіць яго між іх, і весці ў крэпасць. А наступнай ночы Госпад, стаўшы каля яго, сказаў: Будзь мужны, [Паўле]! Бо як ты цвёрда сведчыў пра Мяне ў Іерусаліме, так табе трэба сведчыць і ў Рыме. А калі настаў дзень, іудзеі зрабілі зборышча і заклялі сябе, сказаўшы, што не будуць ні есці, ні піць, пакуль не заб’юць Паўла. І было больш за сорак тых, хто ўчынілі гэтую змову. Яны, прыйшоўшы да першасвятароў і старэйшынаў, сказалі: Мы закляліся клятваю нічога не есці, пакуль не заб’ем Паўла. Дык цяпер вы разам з сінедрыёнам аб’явіце тысячаначальніку, каб ён [заўтра] прывёў яго да вас, нібы вы збіраецеся больш дакладна разгледзець яго справу, а мы, перш чым ён наблізіцца, гатовы забіць яго. Але сын Паўлавай сястры, пачуўшы пра засаду, прыйшоў і, увайшоўшы ў крэпасць, паведаміў Паўлу. І Павел, паклікаўшы аднаго з сотнікаў, сказаў: Адвядзі гэтага юнака да тысячаначальніка, бо ён мае штосьці яму паведаміць. Той, узяўшы яго, прывёў да тысячаначальніка і кажа: Вязень Павел, паклікаўшы мяне, папрасіў прывесці да цябе гэтага юнака, які мае штосьці сказаць табе. І тысячаначальнік, узяўшы яго за руку і, адвёўшы ўбок, спытаўся: Што такое ты маеш паведаміць мне? І ён сказаў: Іудзеі змовіліся папрасіць цябе, каб заўтра ты прывёў Паўла ў сінедрыён, нібы яны збіраюцца больш дакладна даведацца пра яго. Дык ты не давай ім пераканаць сябе, бо на яго робяць засаду больш за сорак чалавек з іх, якія пакляліся ні есці, ні піць, пакуль не заб’юць яго; і яны цяпер гатовы, чакаючы ад цябе распараджэння. Тады тысячаначальнік адпусціў юнака, загадаўшы: Нікому не кажы, што ты мне даў знаць пра гэта. І, паклікаўшы двух сотнікаў, ён сказаў: Падрыхтуйце дзвесце воінаў, каб ішлі ў Кесарыю, седзесят коннікаў і дзвесце дзіднікаў на тры гадзіны ночы; і даць верхавую жывёлу, каб пасадзіць Паўла і бяспечна давесці яго да намесніка Фелікса. І напісаў ліст такога зместу: «Клаўдзій Лісій — высокашаноўнаму намесніку Феліксу — радавацца. Гэтага чалавека, якога іудзеі схапілі і збіраліся забіць, я, прыйшоўшы з атрадам воінаў, выбавіў, калі даведаўся, што ён рымскі грамадзянін. І, хочучы даведацца прычыну, з-за якой яны абвінавачваюць яго, я прывёў [яго] ў іх сінедрыён і выявіў, што яго абвінавачваюць у спрэчных пытаннях іх закона, але ён не абвінавачваецца ні ў якім злачынстве, вартым смерці ці ланцугоў. А калі мне данеслі, што супроць гэтага чалавека існуе змова, я зараз жа адаслаў яго да цябе, загадаўшы і абвінаваўцам казаць супроць яго перад табою. [Бывай здаровы]». Воіны ж, як ім было загадана, узяўшы Паўла, прывялі яго ўночы ў Антыпатрыду. І назаўтра, дазволіўшы коннікам ісці з ім, вярнуліся ў крэпасць. Тыя, прыйшоўшы ў Кесарыю і аддаўшы ліст намесніку, паставілі перад ім і Паўла. І ён, прачытаўшы, спытаўся, з якой ён правінцыі і, даведаўшыся, што з Кілікіі, сказаў: Я выслухаю цябе, калі прыйдуць і твае абвінаваўцы. — І загадаў, каб яго ахоўвалі ў Ірадавай прэторыі.

А праз пяць дзён прыйшоў першасвятар Ананія з некалькімі старэйшынамі і нейкім рытарам Тэртулам, якія зрабілі заяву намесніку супроць Паўла. Калі ж выклікалі Паўла, Тэртул пачаў абвінавачваць, кажучы: Вялікі мір праз цябе мы маем і паляпшэнні прыходзяць гэтаму народу праз тваю прадбачлівасць ва ўсім і ўсюды, то мы прымаем гэта, высокашаноўны Фелікс, з усёй удзячнасцю. Але, каб не затрымліваць цябе больш, прашу цябе коратка выслухаць нас з тваёю добразычлівасцю. Бо мы выявілі, што гэты чалавек — зараза і завадатар бунтаў між усіх іудзеяў на ўсёй населенай зямлі і важак назарэйскай секты, які і святыню спрабаваў апаганіць, якога мы і затрымалі [і хацелі судзіць паводле нашага закона, але прыйшоў тысячаначальнік Лісій і з вялікім гвалтам адабраў яго з нашых рук, загадаўшы, каб яго абвінаваўцы прыйшлі да цябе]. Ад яго ты можаш сам, распытаўшы, даведацца пра ўсё тое, у чым мы яго абвінавачваем. І іудзеі таксама згадзіліся, падцвердзіўшы, што гэта так. І Павел, калі намеснік кіўнуў яму, каб ён гаварыў, адказаў: Ведаючы, што ты многія гады быў [справядлівым] суддзёю гэтаму народу, я з радасцю абараняю тое, што датычыць мяне самога, бо ты можаш даведацца, што мінула не больш чым дванаццаць дзён, як я прыйшоў, каб пакланіцца, у Іерусалім. І не знайшлі яны мяне ні ў святыні, каб я з кімсьці спрачаўся, ні каб я ўзнімаў бунт у народзе, ні ў сінагогах, ні ў горадзе, і яны не могуць даказаць табе таго, у чым цяпер абвінавачваюць мяне. Але я прызнаюся табе ў тым, што згодна з Дарогай, якую яны называюць ерассю, так я служу Богу нашых бацькоў, веруючы ўсяму, што напісана ў законе і ў прароках, маючы надзею на Бога, якой і самі яны чакаюць: што павінна быць уваскрэсенне [мёртвых] і праведных, і няправедных. Таму я і сам пільна дбаю, каб заўсёды мець чыстае сумленне перад Богам і людзьмі. І праз шмат гадоў я прыйшоў, каб прынесці міласціну майму народу і прынашэнні; пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў святыні, не з натоўпам і не з калатнечаю. Але некаторыя іудзеі з Азіі, якім належала б стаяць перад табою і абвінавачваць, калі б яны мелі нешта супроць мяне, альбо няхай самі гэтыя людзі скажуць, якую няправеднасць знайшлі [ўва мне], калі я стаяў перад сінедрыёнам, хіба як у адным гэтым выразе, які я выкрыкнуў, стоячы між імі: «За ўваскрэсенне мёртвых вы мяне судзіце сёння». [І, выслухаўшы гэта,] Фелікс, дакладней ведаючы пра гэтую Дарогу, даў ім адтэрміноўку, сказаўшы: Калі прыйдзе тысячаначальнік Лісій, я вырашу вашу справу. І ён аддаў распараджэнне сотніку вартаваць яго, але каб ён меў палёгку і не перашкаджаць з яго блізкіх слугаваць яму [ці прыходзіць да яго]. А праз некалькі дзён Фелікс, прыйшоўшы са сваёю жонкаю Друзілаю, якая была іудзейка, паслаў па Паўла і слухаў яго пра веру ў Хрыста Ісуса. Але калі ён казаў аб праведнасці, і ўстрыманні, і аб будучым судзе, то Фелікс, спалохаўшыся, адказаў: Цяпер ідзі, а пры зручнай нагодзе я цябе выклічу, — у той жа час спадзеючыся, што Павел дасць яму грошай, [каб вызваліў яго]. Таму ён даволі часта пасылаў па яго і гутарыў з ім. А калі мінула два гады, Фелікса змяніў Порцый Фэст; і, хочучы дагадзіць іудзеям, Фелікс пакінуў Паўла ў зняволенні.

Фэст жа, прыбыўшы ў правінцыю, праз тры дні выправіўся з Кесарыі ў Іерусалім, і першасвятары і першыя людзі з іудзеяў зрабілі яму заяву супроць Паўла; і ўгаворвалі яго, просячы аб паслузе супроць яго — каб ён выклікаў яго ў Іерусалім, а самі ладзілі засаду, каб забіць яго ў дарозе. Але Фэст адказаў, што Павел утрымліваецца пад вартаю ў Кесарыі і што ён сам збіраецца неўзабаве выправіцца туды. Дык уплывовыя людзі сярод вас, — сказаў ён, — няхай пойдуць разам са мною і, калі ў гэтым чалавеку ёсць нешта злачыннае, няхай абвінавачваюць яго. І, прабыўшы між іх не больш чым восем ці дзесяць дзён, ён вырушыў у Кесарыю; і назаўтра, сеўшы ў судзейскае крэсла, ён загадаў прывесці Паўла. І калі той прыйшоў, іудзеі, што папрыходзілі з Іерусаліма, абступіі яго, выстаўляючы супроць многія і цяжкія абвінавачванні, якіх яны не маглі даказаць. Павел жа казаў у сваю абарону: Ні супроць іудзейскага закона, ні супроць храма, ні супроць цэзара я ні ў чым не саграшыў. Але Фэст, хочучы ўбіцца ў ласку іудзеям, сказаў у адказ Паўлу: Ці хочаш пайсці ў Іерусалім, каб там у гэтым судзілі цябе перада мною? А Павел сказаў: Я стаю перад кесаравым судом, дзе мяне і павінны судзіць. Іудзеяў я нічым не пакрыўдзіў, як і ты вельмі добра ведаеш. А калі я каго-небудзь крыўджу і зрабіў нешта, вартае смерці, я не адмаўляюся памерці; калі ж няма нічога, у чым яны абвінавачваюць мяне, ніхто не можа выдаць мяне ім. Апелюю да цэзара. Тады Фэст, перагаварыўшы з радаю, адказаў: Да кесара апеляваў, да кесара і пойдзеш. А як мінула некалькі дзён цар Агрыпа і Верніка64 прыбылі ў Кесарыю, [маючы намер] прывітаць Фэста. І калі яны правялі там шмат дзён, Фэст выклаў Паўлаву справу цару, кажучы: Ёсць адзін чалавек, пакінуты Феліксам, вязень, на якога, калі я быў у Іерусаліме, зрабілі заяву іудзейскія першасвятары і старэйшыны, просячы прысуду супроць яго. Я ім адказаў, што ў рымлянаў няма звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека [на пагібель] перш, чым абвінавачаны не будзе пастаўлены твар у твар з абвінаваўцамі і будзе магчы абараняцца ад абвінавачванняў. Калі ж яны зышліся сюды, я без усялякага адкладу на другі дзень, сеўшы ў судзейскае крэсла, загадаў прывесці гэтага чалавека. Абступіўшы яго, абвінаваўцы не выставілі ніводнага абвінавачвання ў тых злачынствах, пра якія я падазраваў, але яны мелі супроць яго нейкія пытанні пра іх уласную рэлігію і пра нейкага Ісуса, памерлага, пра Якога Павел сцвярджаў, што Ён жывы. І я, няўпэўнены ў гэтым спрэчным пытанні, сказаў, ці не хоча ён пайсці ў Іерусалім, каб там яго судзілі адносна гэтага. Але калі Павел запатрабаваў, каб яго пакінулі для рашэння імператара65, я загадаў, каб яго трымалі пад вартаю, пакуль я не адашлю яго да цэзара. І Агрыпа сказаў Фэсту: Я хацеў бы і сам паслухаць гэтага чалавека. — Заўтра, — кажа Фэст, — ты пачуеш яго. На другі ж дзень, калі Агрыпа і Верніка прыйшлі з вялікаю пышнасцю і ўвайшлі ў судовую палату разам з тысячаначальнікамі і знакамітымі людзьмі горада, на загад Фэста прывялі Паўла. І Фэст кажа: «О цару Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы, вы бачыце гэтага чалавека, пра якога ўсё мноства іудзеяў прасіла мяне і ў Іерусаліме, і тут, крычачы, што ён не павінен больш жыць. Але я выявіў, што ён не зрабіў нічога, вартага смерці, а як ён сам заапеляваў да імператара, я вырашыў паслаць [яго]. Нічога пэўнага напісаць пра яго ўладару я не маю, таму прывёў яго да вас і асабліва да цябе, цару Агрыпа, каб пасля таго, як будзе праведзены допыт, мне было што напісаць. Бо неразумным мне здаецца, пасылаючы вязня, не падаць і абвінавачванняў супроць яго.

І Агрыпа сказаў Паўлу: Табе дазваляецца гаварыць за сябе. — Тады Павел, выцягнуўшы руку, прамовіў у сваю абарону: Ва ўсім, у чым мяне абвінавачваюць іудзеі, цару Агрыпа, — я лічу сябе шчаслівым, што магу сёння абараняцца перад табою, асабліва таму, што ты знаўца ўсіх звычаяў і спрэчных пытанняў між іудзеяў; таму прашу выслухаць мяне доўгацярпліва. А жыццё маё з юнацтва, якое ад пачатку праходзіла між майго народу ў Іерусаліме, ведаюць усе іудзеі; знаючы ўжо мяне здаўна, калі яны захочуць сведчыць, то паводле найсуровейшага кірунку нашага веравызнання я жыў як фарысей. І цяпер я стаю перад судом за надзею на абяцанне, якое даў Бог нашым бацькам, якога спадзяюцца дасягнуць нашы дванаццаць плямёнаў, шчыра служачы дзень і ноч. За гэтую надзею, цару [Агрыпа], мяне абвінавачваюць іудзеі. Чаму ў вас лічыцца неверагодным, калі Бог уваскрашае мёртвых? Дык вось і мне здавалася, што трэба шмат зрабіць супроць імя Ісуса Назарэя, што я і рабіў у Іерусаліме; і шмат святых я зняволіў у турмы, атрымаўшы ўладу ад першасвятароў, і падаваў голас супроць іх, калі іх забівалі. І ва ўсіх сінагогах, часта караючы іх, я прымушаў іх да богазнявагі; і ў надзвычайнай супроць іх раз’юшанасці, гнаў іх нават і ў чужаземных гарадах. Дзеля гэтага я ішоў у Дамаск з уладаю і даручэннем ад першасвятароў. Апоўдні ў дарозе я ўбачыў, о цару, святло з неба, мацнейшае за ззянне сонца і якое заззяла вакол мяне і тых, што ішлі са мною. І калі мы ўсе ўпалі на зямлю, я пачуў голас, які казаў мне на яўрэйскай мове: «Саўле, Саўле, чаму ты гоніш Мяне? Цяжка табе ісці супроць ражна?» І я сказаў: «Хто ты, Госпадзе?» А Госпад сказаў: «Я Ісус, Якога ты гоніш. Але ўстань і стань на свае ногі, бо Я дзеля гэтага з’явіўся табе, каб прызначыць цябе слугою і сведкам і таго, у чым ты бачыў Мяне, і таго, у чым Я з’яўлюся табе, выбаўляючы цябе ад [гэтага] народу і язычнікаў, да якіх Я [цяпер] пасылаю цябе адкрыць ім вочы, каб яны павярнуліся ад цемры да святла і ад улады сатаны да Бога, каб яны атрымалі дараванне грахоў і спадчыну між тых, хто асвечаны вераю ў Мяне». Таму я, цару Агрыпе, не быў непакорлівы нябеснаму з’явенню, але спярша абвяшчаў і тым, што ў Дамаску, і ў Іерусаліме, і па ўсёй іудзейскай краіне, і язычнікам, каб яны пакаяліся і звярнуліся да Бога, творачы годныя ўчынкі, даказваючы сваё пакаянне. За гэта іудзеі, схапіўшы мяне, [калі я быў] у святыні, спрабавалі расправіцца. Але, атрымаўшы дапамогу ад Бога, я да гэтага дня стаю, сведчачы і малому і вялікаму, не кажучы нічога, акрамя таго, пра што прарокі і Маісей казалі, што гэта адбудзецца, што павінен быў адпакутаваць Хрыстос і Ён, першы ўваскрэслы з мёртвых, абвесціць святло і гэтаму народу, і язычнікам. І калі ён казаў гэта ў сваю абарону, Фэст гучным голасам прамовіў: Ты звар’яцеў, Паўле! Вялікая вучонасць даводзіць цябе да вар’яцтва. А Павел [сказаў]: Я не звар’яцеў, глыбокашаноўны Фэсце, а кажу словы праўды і здаровага розуму. Бо ведае пра гэта цар, якому я і кажу адважна, бо я перакананы, што [нішто] з гэтага не засталося для яго незаўважаным; бо не ў закутку гэта рабілася. Цару Агрыпе, ці верыш прарокам? Ведаю, што верыш. Але Агрыпа Паўлу [сказаў]: Ты хутка ўгаворыш мяне, каб я зрабіўся хрысціянінам. А Павел [сказаў]: Я маліўся б Богу, каб хутка ці няхутка не толькі ты, але і ўсе, хто слухае мяне сёння, зрабіліся такімі ж, як я, акрамя гэтых ланцугоў. І, [калі ён гэта сказаў], усталі цар, і намеснік, і Верніка, і тыя, хто сядзеў з імі; і, адышоўшы, гаварылі адзін з адным, кажучы: Гэты чалавек не робіць нічога, вартага смерці альбо ланцугоў. І Агрыпа сказаў Фэсту: Можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не апеляваў да цэзара. [Таму і вырашыў намеснік паслаць яго да кесара].

І калі было вырашана, каб адплысці нам у Італію, то Паўла і некаторых іншых вязняў перадалі сотніку імем Юлій з Аўгуставай кагорты. І, узышоўшы на адрамітыйскі карабель, які меўся плыць у месцы, што былі ўздоўж азійскага пабярэжжа, мы адплылі, і з намі быў Арыстарх, македонец з Фесалонікі. І на другі дзень мы прысталі ў Сідоне, і Юлій, чалавекалюбна ставячыся да Паўла, дазволіў яму пайсці да сяброў, каб пакарыстацца іх апекаю на дарогу. І, ад’ехаўшы адтуль, мы плылі пад прыкрыццём Кіпра, бо вятры былі стрэчныя. І, пераплыўшы мора ўздоўж Кілікіі і Памфіліі, мы прыйшлі ў Міры Лікійскія. І там сотнік, знайшоўшы александрыйскі карабель, які плыў у Італію, пасадзіў нас на яго. І, даволі шмат дзён павольна плывучы і з цяжкасцю дайшоўшы да Кніда — вецер не дазваляў нам ісці далей — мы падплылі да Крыта каля Салмоны, і, з цяжкасцю прабіраючыся ўздоўж яго, мы прыйшлі ў адно месца, якое завецца Добрыя Прыстані, паблізу якога быў горад Ласея. І калі мінула даволі шмат часу і было ўжо небясечным плаванне, бо і пост ужо мінуўся, то Павел раіў, кажучы ім: Мужы, бачу я, што гэтае плаванне будзе са шкодаю і вялікаю стратаю не толькі для грузу і карабля, але і для нашых жыццяў. Але сотнік давяраў больш стырнавому і ўладальніку карабля, чым таму, што казаў Павел. А як прыстань была непрыдатная для зімоўкі, то большасць раіла адплываць адтуль — ці не змогуць яны як-небудзь дабрацца да Фініка і перазімаваць у крыцкай гавані, адкрытай на паўднёвы і паўночны захад. І калі злёгку падзьмуў паўднёвы вецер, яны, падумаўшы, што ўжо дасягнулі жаданага, паднялі якар і паплылі ўздоўж Крыта, трымаючыся берага. Але неўзабаве абрынуўся з боку Крыта ўраганны вецер, які называецца эўракілан66. І калі карабель захапіла і ён не мог сураціўляцца ветру, мы аддаліся яму і нас насіла. І, увайшоўшы пад прыкрыццё аднаго астраўка, што называецца Каўда67, мы з цяжкасцю змаглі даць рады лодцы. І, падняўшы яе, ужылі дапаможны рыштунак, каб абвязаць карабель. І баючыся, каб не выкінула на Сірт68, спусцілі снасці, і так усіх насіла. І таму што нас моцна шпурляла бураю, на другі дзень карабельшчыкі пачалі выкідаць груз; а на трэці дзень сваімі рукамі павыкідалі карабельнае начынне. І калі многа дзён не паказвалася ні сонца, ні зорак і калі налягала немалая бура, пачала ўрэшце прападаць усялякая надзея, каб нам уратавацца. І калі доўга людзі былі без яды, тады Павел, стаўшы пасярод іх, сказаў: Трэба было, о мужы, паслухаўшыся мяне, не ад’язджаць з Крыта і не несці гэтай шкоды і страты. А цяпер я раю вам падбадзёрыцца, бо не будзе ніводнай згубы жыцця сярод вас, апрача страты карабля. Бо гэтай ночы Анёл Божы, Якому [я] належу і Якому служу, стаў каля мяне і сказаў: «Не бойся, Паўле, табе трэба стаць перад цэзарам і вось, Бог дараваў табе ўсіх, хто плыве з табою». Таму падбадзёрцеся, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, якраз такім чынам, як мне сказана. Нас жа павінна выкінуць на нейкі востраў. А калі надышла чатырнаццатая ноч, як нас насіла ў Адрыятычным моры, каля апоўначы маракі пачалі здагадвацца, што набліжаюцца да некай зямлі. І, змерыўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; і, прайшоўшы крыху, зноў змерылі, знайшлі пятнаццаць сажняў. І, баючыся, як бы не наскочыць нам куды-небудзь на камяністыя мясціны, яны, кінуўшы з кармы чатыры якары, маліліся, каб настаў дзень. Калі ж маракі спрабавалі ўцячы з карабля і, спусціўшы лодку ў мора, робячы выгляд, што збіраюцца расцягнуць якары з носа, Павел сказаў сотніку і воінам: Калі гэтыя людзі не застануцца на караблі, то вы не зможаце ўратавацца. Тады воіны адсеклі вяроўкі ў лодкі і далі ёй упасці. І перад тым, як збіралася днець, Павел заклікаў усіх прыняць ежу, кажучы: Сёння чатырнаццаты дзень, як вы ў чаканні, застаецеся галоднымі, нічога не прымаючы. Таму прашу вас прыняць ежу, бо гэта паслужыць для вашага выратавання; бо ў нікога з вас волас з галавы не прападзе. І, сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, разламаўшы, пачаў есці. І ўсе падбадзёрыліся і самі прынялі ежу. А было на караблі ўсіх нас душ — дзвесце семдзесят шэсць. І, падсілкаваўшыся, яны пачалі аблягчаць карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора. А калі настаў дзень, зямлю яны не пазнавалі, але распазналі нейкую затоку са спадзістым берагам, на які, яны вырашылі, калі змогуць, вывесці карабель. І, зняўшы якары, пакінулі іх у моры, адначасова развязаўшы вяроўкі стырнаў; і, падняўшы пад вецер пярэдні ветразь, кіраваліся да берага. Але трапіўшы на водмель, паабапал якой было мора, яны пасадзілі на яе судна; і нос угруз і застаўся нерухомы, а карма пачала развальвацца сілаю [хваляў]. І рашэннем воінаў было забіць вязняў, каб хто-небудзь, выплыўшы, не ўцёк. Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўла, перашкодзіў ім у іх намеры і загадаў усім, хто мог плыць, першымі кінуцца і выйсці на зямлю, а астатнім — за імі, адным на дошках, другім — на чым-небудзь ад карабля. І так выйшла, што ўсе выратаваліся, выбраўшыся на зямлю.

І тады мы, уратаваныя, даведаліся, што востраў называецца Мэліта69. І тубыльцы70 праявілі да нас незвычайнае чалавекалюбства, бо яны, распаліўшы вогнішча, прынялі ўсіх нас з-за нахлынутага дажджу і з-за холаду. Калі ж Павел назбіраў бярэмя галля і паклаў на вогнішча, ад гарачыні вылезла гадзюка і прычапілася да яго рукі. І калі тубыльцы ўбачылі, што з яго рукі звісае гадзіна, яны казалі адзін аднаму: Напэўна гэты чалавек — забойца, якому, хоць ён уратаваўся ад мора, Дзікэ71 не дазволіла жыць. Але ён, абтросшы гадзіну ў агонь, не зазнаў ніякай шкоды. Яны ж чакалі, што ён апухне альбо раптоўна ўпадзе мёртвы. Але, доўга чакаючы і бачачы, што нічога незвычайнага з ім не робіцца, яны, змяніўшы думку, казалі, што ён Бог. А навокал таго месца былі землі галоўнага чалавека вострава, імем Публій, які прыняўшы нас, тры дні прыязна частаваў. І сталася: Публіеў бацька ляжаў хворы на гарачку і дызентэрыю. Павел, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, усклаў на яго рукі і вылечыў яго. А калі гэта здарылася, і астатнія на востраве, у каго былі хваробы, прыходзілі і былі вылечаны. Яны і многімі ўшанаваннямі нас ушанавалі і, калі мы адплывалі, панакладалі, што трэба было. А праз тры месяцы мы адплылі на александрыйскім караблі з выяваю Дзеўсавых сыноў-блізнятаў, карабель якраз зімаваў на востраве. І, прыстаўшы ў Сіракузах, мы заставаліся тры дні, адкуль, плывучы ўздоўж узбярэжжа, мы прыбылі ў Рыгій. І праз дзень, калі падзьмуў паўднёвы вецер, мы прыйшлі на другі дзень у Путэолы, дзе знайшлі братоў, і яны ўпрасілі нас застацца ў іх на сем дзён; і гэтак мы прыйшлі ў Рым. А адтуль браты, пачуўшы пра нас, выйшлі насустрач нам да Апіевага Форума і Трох Тавернаў. Убачыўшы іх, Павел падзякаваў Богу і ўзбадзёрыўся. А калі мы ўвайшлі ў Рым, [сотнік перадаў вязняў ваеначальніку,] Паўлу ж было дазволена заставацца самому па сабе з воінам, што яго вартаваў. І сталася: праз тры дні ён72 склікаў тых, што былі першымі людзьмі між іудзеяў; і калі яны зышліся, ён сказаў ім: Я, мужы браты, хоць нічога не зрабіў супроць народа альбо бацькоўскіх звычаяў, вязнем быў перададзены з Іерусаліма ў рукі рымлянаў, якія, дапытаўшы мяне, хацелі вызваліць, бо ніякай смяротнай віны няма на мне. Але таму што іудзеі пачалі пярэчыць, я быў вымушаны апеляваць да цэзара — аднак не для таго, каб абвінаваціць у чым-небудзь мой народ. Вось з гэтай прычыны я паклікаў вас, каб убачыць і пагаварыць, бо з-за надзеі Ізраіля я скаваны гэтым ланцугом. Яны ж сказалі яму: Мы ніякіх лістоў пра цябе не атрымлівалі з Іудзеі і ніхто з братоў не прыходзіў і не паведамляў ці казаў пра цябе што-небудзь дрэннае. Але мы лічым важным пачуць ад цябе, што ты думаеш, бо пра гэты кірунак нам вядома, што ўсюды кажуць супроць яго. І, прызначыўшы яму дзень, вельмі многія прыйшлі да яго ў госці, і ён выкладаў ім, цвёрда сведчачы пра Царства Божае і пераконваючы іх пра Ісуса і з Маісеевага закона, і з прарокаў з раніцы да вечара. І адных пераконвала сказанае, а другія не верылі. І нязгодныя адзін з адным, яны пачалі выходзіць, а Павел сказаў ім адно выслоўе: Добра прамовіў Святы Дух праз прарока Ісаію вашым73 бацькам, калі казаў: «Пайдзі да гэтага народа і скажы: Слыхам вы будзеце чуць і ні ў якім разе не зразумееце, зрокам глядзець будзеце і ні ў якім разе не ўбачыце; бо атлусцела сэрца гэтага народа і вушамі яны з цяжкасцю чулі, і вочы свае яны заплюшчылі, каб не бачыць вачыма і не чуць вушамі і не разумець сэрцам, і не далучыцца, і Я вылечу74 іх». Дык няхай будзе вядома вам, што гэтае выратаванне Божае было паслана язычнікам; яны яго і пачуюць. [І калі ён сказаў гэта, іудзеі пайшлі, шмат спрачаючыся між сабою.] І ён75 заставаўся цэлыя два гады ў сваім найманым доме і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго, прапаведуючы Царства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усёю адвагаю бесперашкодна.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.