Іякаў, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, — дванаццаці плямёнам, якія ў рассеянні: Радавацца! Лічыце ўсялякаю радасцю, браты мае, кожны раз, калі трапляеце ў розныя выпрабаванні, ведаючы, што праверка вашай веры выпрацоўвае вытрываласць. А вытрываласць няхай мае свой дасканалы вынік, каб вы былі дасканалыя і цэласныя, ні ў чым не мелі нястачы. Калі ж у каго з вас нестае мудрасці, няхай просіць у Бога, Які дае ўсім шчодра і без папроку, і дасца яму. Але няхай просіць з вераю, ані не сумняваючыся, бо той, хто сумняваецца, падобны да марской хвалі, якую гоніць і кідае вецер. Бо няхай той чалавек не думае, што ён атрымае нешта ад Госпада, двудушны чалавек няўстойлівы на ўсіх сваіх дарогах. І няхай прыніжаны брат ганарыцца ў сваім узвышэнні, а багаты — у сваім прыніжэнні, бо, як палявая кветка, ён адыдзе. Бо ўзышло сонца са спякотаю і высушыла траву, і кветка яе апала, і краса яе выгляду загінула; так і багаты завяне на сваіх дарогах. Дабраславёны чалавек, які выстойвае перад спакусаю, бо, будучы, выпрабаваным, ён атрымае вянок жыцця, які Ён1 абяцаў тым, хто любіць Яго. Няхай ніхто пры спакусе не кажа: «Мяне спакушае Бог», бо не спакушаецца Бог злом і Сам не спакушае нікога. Але кожны спакушаецца зваблены і зманены ўласнай пажадлівасцю; пасля пажадлівасць, зачаўшы, нараджае грэх; а зроблены грэх спараджае смерць. Не падманвайцеся, браты мае ўлюбёныя. Кожнае добрае дарэнне і кожны дасканалы дар — з вышыняў, зыходзіць ад Бацькі свяцілаў, у Якога няма змянення і ні ценю перамены. Ён, захацеўшы, нарадзіў нас словам праўды, каб мы былі некаторым пачаткам Яго стварэнняў. Ведайце2, браты мае ўлюбёныя: няхай жа кожны чалавек будзе хуткі, каб слухаць, марудлівы, каб сказаць, марудлівы — гневацца; бо гнеў чалавека не творыць праведнасці Божай. Таму, адклаўшы ўсялякі бруд і празмернасць злосці, з лагоднасцю прыміце пасаджанае ў вас слова, якое можа выратаваць вашы душы. Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія ашукваюць саміх сябе. Бо калі хто слухае слова, а не выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае ў люстэрку сваё аблічча, што мае ад нараджэння; бо ён разгледзеў сябе і пайшоў, і адразу забыўся, які ён. Але хто паглыбляецца ў дасканалы закон, закон свабоды і жыве ў ім, будучы не забыўлівым слухачом, а выканаўцам работы, той будзе шчаслівы ў сваёй дзейнасці. Калі хто думае, што ён набожны і не зацугляе свайго языка, але ашуквае сваё сэрца, — марная таго набожнасць. Чыстая і беззаганная набожнасць перад Богам і Бацькам вось што: даглядаць сіротаў і ўдоваў у іх бядзе, захоўваць сябе незаплямленым ад свету.
Браты мае, майце веру ў праслаўленага нашага Госпада Ісуса Хрыста без аглядкі на асобы. Бо калі ўвойдзе на ваш сход чалавек з залатым пярсцёнкам, у раскошным адзенні, і ўвойдзе таксама ўбогі ў брудным адзенні, і вы паглядзіце на таго, хто носіць бліскучае адзенне і скажаце: «Ты сядай тут, на добрае месца», а ўбогаму скажаце: «Ты стань там альбо сядай пад маё падножжа», то ці не стварылі адрозненняў вы ў саміх сябе і ці не зрабіліся суддзямі з карыслівымі разлікамі? Паслухайце, браты мае ўлюбёныя: ці не Бог абраў убогіх свету быць багатымі ў веры і спадкаемцамі Царства, якое Ён паабяцаў тым, хто любіць Яго? Вы ж зняважылі ўбогага. Ці не багатыя прыгнятаюць вас і ці не яны цягнуць вас у суды? Ці не яны знеслаўляюць добрае імя, якім вы называецеся? Калі вы ўсё ж выконваеце царскі закон паводле Пісання: «Любі свайго блізкага, як самога сябе», вы добра робіце; калі ж аглядваецеся на асобы, грэх чыніце, выкрываецеся законам як злачынцы. Бо хто ўвесь закон выканае, але спатыкнецца ў адным, той робіцца ва ўсім вінаваты. Бо Той, Хто сказаў: «Не чужалож», сказаў таксама: «Не забі». Калі ж ты не чужаложыш, але забіваеш — ты зрабіўся злачынцам закона. Так кажыце і так рабіце як тыя, што маюць быць суджаныя паводле закона свабоды. Бо суд без літасці да таго, хто не выявіў літасці; літасць узвышаецца над судом. Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго? Калі брат альбо сястра раздзетыя і штодня маюць нястачу ў ядзе, а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце з мірам, грэйцеся і карміцеся», але вы не дасце ім неабходнага для цела, — то якая ў тым карысць? Так і вера, калі не мае ўчынкаў, — мёртвая сама па сабе. Але нехта скажа: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі; пакажы мне тваю веру без учынкаў, а я пакажу табе [маю] веру з маіх учынкаў». Ты верыш, што Бог адзіны? Добра робіш; і дэманы вераць і трасуцца. Але ці хочаш ведаць, о пусты чалавеча, што вера без учынкаў бескарысная?3 Аўраам, наш бацька, ці не ўчынкамі быў апраўданы, узнёсшы Ісаака, свайго сына, на ахвярнік? Ты бачыш, што вера садзейнічала яго ўчынкам, і ўчынкамі вера была зроблена дасканалаю, і спраўдзілася Пісанне, якое кажа: «І Аўраам паверыў Богу, і гэта было залічана яму ў праведнасць», і ён быў названы другам Божым. Вы бачыце, што чалавек апраўдваецца ўчынкамі, а не толькі вераю. Падобна ж і Рааў, распусніца, ці не ўчынкамі была апраўдана, прыняўшы пасланцоў і выпусціўшы іх іншаю дарогаю? Бо як цела без духу мёртвае, так і вера без учынкаў мёртвая.
Не многія рабіцеся настаўнікамі, браты мае, ведаючы, што мы атрымаем большы прысуд. Бо ў шмат чым усе мы спатыкаемся. Калі хто не спатыкаецца ў слове, то гэта дасканалы чалавек, які можа зацугляць і ўсё цела. Калі ж мы коням укладаем у рот цуглі, каб яны слухаліся нас, то і ўсім целам іх кіруем. Вось, і караблі, як ні вялікія яны і гнаныя моцнымі вятрамі, кіруюцца зусім маленькім стырном, куды хоча памкненне стырнавога, так і язык — малы орган, а на вялікае адважваецца. Вось, які маленькі агонь які вялікі лес запальвае! І язык — агонь; як свет няправеднасці язык4 змяшчаецца між нашымі органамі, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцця, і сам запальваецца ад геены. Бо ўся прырода — звяроў і птушак, паўзуноў і марскіх істотаў — утаймоўваецца і ўтаймавана чалавечай прыродаю, а языка ўтаймаваць ніхто з людзей не можа: ён неўтаймаванае ліха, поўны смяротнай атруты. Ім мы добраслаўляем Госпада5 і Бацьку і ім праклінаем людзей, створаных па падабенству Божаму; з тых жа вуснаў зыходзіць добраславенне і праклён. Не трэба, браты мае, каб гэта так рабілася. Ці цячэ з аднаго і таго ж жарала крыніцы салодкая і горкая вада? Ці можа, браты мае, фігавае дрэва радзіць алівы і вінаградная лаза — фігі? Гэтак ніякая крыніца не можа выдаць салёную і салодкую ваду. Хто між вас мудры і разважлівы? Няхай пакажа добрымі паводзінамі свае ўчынкі ў лагоднай мудрасці. Але калі маеце ў сваім сэрцы горкую зайздрасць і славалюбства — не задавайцеся і не хлусіце супроць праўды. Гэта мудрасць — не тая, што з вышыняў зыходзіць, а зямная, пачуццёвая, дэманічная. Бо дзе зайздрасць і славалюбства, там бязладдзе і ўсё благое. А мудрасць з вышыняў, па-першае — чыстая, пасля — мірная, спагадлівая, падатлівая, поўная міласэрнасці і добрага плёну, бесстаронняя і некрывадушная. Плод жа праведнасці ў міры сеецца тымі, хто творыць мір.
Адкуль войны і адкуль бітвы між вас? Ці не адгэтуль: ад вашых пажадлівасцяў, якія змагаюцца ў вашых членах? Вы хочаце — і не маеце; вы забіваеце і зайздросціце — і не можаце дасягнуць, сварыцеся і ваюеце, вы не маеце, бо не просіце для сябе. Вы просіце — і не атрымліваеце, бо не на дабро просіце, дзеля таго, каб растраціць на свае асалоды. [Чужаложнікі і] чужаложніцы, хіба не ведаеце, што дружба са светам — гэта варажнеча з Богам? Дык хто захоча быць другам свету, той робіцца ворагам Бога. Ці вы думаеце, што дарэмна кажа Пісанне: «Да зайздрасці прагне Дух, Якога пасяліў у нас»? Але Ён дае большую ласку. Таму кажа: «Бог ганарлівым працівіцца, а пакорным дае ласку». Дык пакарыцеся Богу, а супрацьстаньце д’яблу, і ён уцячэ ад вас, наблізцеся да Бога, і Ён наблізіцца да вас. Ачысціце рукі, грэшнікі, і асвяціце сэрцы, двудушныя. Журыцеся, смуткуйце і плачце. Ваш смех няхай абернецца ў смутак, а радасць — у сум. Прынізце сябе перад Госпадам і Ён узвысіць вас. Не абгаворвайце адзін аднаго, браты. Хто абгаворвае брата альбо асуджае свайго брата — абгаворвае закон і судзіць закон; калі ж ты судзіш закон, ты не выканаўца закона, а суддзя. Адзін — Заканадавец і Суддзя, Які можа выратаваць і загубіць; а ты хто, што судзіш блізкага? Цяпер паслухайце вы, што кажаце: «Сёння альбо заўтра мы выправімся ў такі і такі горад, і правядзём там год, і будзем гандляваць і мець прыбытак», вы, якія не ведаеце заўтрашняга — якім будзе ваша жыццё; бо вы — пара, што ненадоўга з’яўляецца, а пасля знікае. Замест таго, каб вы казалі: «Калі Госпад захоча, мы і жыць будзем, і зробім гэта альбо тое». Але цяпер вы выхваляецеся ў сваёй пыхлівасці і кожнае такое пустахвальства ліхое. Дык хто ведае, як рабіць дабро і не робіць, таму грэх.
Цяпер паслухайце вы, багатыя: плачце, галосячы над злыбедамі, што ідуць на вас. Ваша багацце згніло і вашы адзенні моль стачыла, ваша золата і серабро праржавела, і іх іржа будзе сведчаннем супроць вас і з’есць ваша цела, як агонь. Вы сабралі скарб у апошнія дні. Вось, плата работнікаў, якія зжалі вашы палеткі і якую вы ўтрымалі, крычыць, і лямант жнеяроў увайшоў у вушы Госпада Саваофа. Вы раскашавалі на зямлі і цешыліся асалодамі, вы адкармілі вашы сэрцы ў дзень ахвяры, вы асудзілі, забілі Праведнага, Ён не супраціўляўся вам. Дык, браты, будзьце доўгацярплівыя да прышэсця Госпада. Вось, земляроб чакае з доўгацярплівасцю каштоўнага плоду зямлі, пакуль атрымае дождж ранні і позні. Будзьце доўгацярплівыя і вы, умацуйце вашы сэрцы, бо прышэсце Госпада наблізілася. Не скардзіцеся, браты, адзін на аднаго, каб вы не былі асуджаны; вось, Суддзя стаіць перад дзвярыма. За прыклад таго, як трываць ліха і мець доўгацярпенне, браты [мае], вазьміце прарокаў, якія прамаўлялі ад імя Госпада. Вось мы называем шчаслівымі тых, якія выстаялі: аб вытрываласці Іова вы чулі і бачылі яго канец ад Госпада, бо шматміласэрны Госпад і спагадлівы. Але перш за ўсё, браты мае, не кляніцеся ні небам, ні зямлёю, ніякай іншаю клятваю; няхай жа ваша «так» будзе «так», а «не» — «не», каб вам не падпасці пад суд. Хтосьці між вас трывае ліха? Няхай моліцца; хтосьці вясёлы — няхай спявае псалмы. Хварэе хтосьці між вас — няхай пакліча старэйшынаў царквы, і няхай яны памоляцца над ім, памазаўшы [яго] алеем у імя Госпада. І малітва веры выратуе знядужанага і падыме яго Госпад; і калі ён зрабіў грахі, даруецца яму. Таму прызнавайцеся адзін перад адным у грахах6 і маліцеся адзін за аднаго, каб быць вылечанымі. Многае можа ў сваім дзеянні малітва праведнага. Ілія быў чалавек падобны да нас і малітваю памаліўся, каб не было дажджу, і не ішоў дождж на зямлю тры гады і шэсць месяцаў; і зноў памаліўся, і неба дало дождж, і зямля ўрадзіла свой плод. Браты мае, калі хтосьці між вас адступіцца ад праўды і хтосьці верне яго, няхай той ведае, што вярнуўшы грэшніка з яго распуснай дарогі, выратуе яго7 душу ад смерці і пакрые мноства грахоў.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014