Пётр, Апостал Ісуса Хрыста, — прышэльцам, рассеяным у Понце, Галатыі, Кападокіі, Асіі і Віфініі, выбраным паводле прадбачання Бога Бацькі ў асвячэнні Духам да паслухмянасці і акраплення Крывёю Ісуса Хрыста: Ласка вам і мір няхай памножыцца! Дабраславёны Бог і Бацька нашага Госпада Ісуса Хрыста, Які праз Сваю вялікую міласць адрадзіў нас да жывой надзеі ўваскрэсеннем Ісуса Хрыста з мёртвых, да спадчыны нятленнай, беззаганнай і неўвядальнай, што захоўваецца ў нябёсах для вас, сілаю Божай праз веру ахаваных для выратавання, гатоваму адкрыцца ў апошні час. Аб гэтым радуйцеся, пасмуткаваўшы цяпер крыху, калі трэба, ад розных спакусаў, каб выпрабаваная ваша вера сталася шмат каштоўнейшай, чым золата, якое гіне, хоць і выпрабоўваецца ў агні, для пахвалы, і славы, і гонару пры з’яўленні Ісуса Хрыста, Якога вы, хоць не бачылі, любіце, у Якога вы, хоць цяпер Яго не бачыце, верыце і захапляецеся радасцю невыказнаю і поўнай славы. дасягаючы мэты вашай веры — выратавання душ. Пра гэта выратаванне рабілі пошукі і даследаванні прарокі, якія прадказвалі аб прызначанай вам ласцы, даследуючы, калі ці на якую пару паказваў Дух Хрыста, Які быў у іх, і Які загадзя сведчыў пра Хрыстовы пакуты і пра славу пасля іх. Ім было адкрыта, што не ім самім, а вам1 служыла ўсё гэта, што цяпер абвешчана вам праз тых, хто дабравесціў вам Святым Духам, пасланым з неба, у што прагнуць пранікнуць Анёлы. Таму, падпаясаўшы паясніцу вашага розуму, вы цвярозыя, ускладзіце поўную надзею на ласку, якая прыпадзе вам пры з’яўленні Ісуса Хрыста. Як паслухмяныя дзеці не падстройвайцеся пад ранейшыя пажадлівасці, калі вы былі ў няведанні, а на ўзор Святога, Які заклікаў вас, і самі будзьце святымі ва ўсіх паводзінах, бо напісана: «Будзьце святымі, бо Я святы». І калі вы называеце Бацькам Таго, Хто без аглядкі на асобы судзіць кожнага паводле ўчынкаў, то ў страху праводзьце той час, у які вы жывяце як прышэльцы, ведаючы, што не тленным срэбрам альбо золатам, вы былі выкуплены ад вашага марнага жыцця, перададзенага ад бацькоў, а каштоўнаю Крывёю Хрыста, як беззаганнага і незаплямленага Ягняці, прадвызначанага да заснавання свету, і Ён з’явіўся ў апошнія часы дзеля вас, якія ўверавалі праз Яго ў Бога, Які ўваскрэсіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, так каб ваша вера і надзея была на Бога . Ачысціўшы вашы душы паслухмянасцю праўдзе [праз Духа] для некрывадушнага браталюбства, ад [чыстага] сэрца шчыра любіце адзін аднаго, бо вы адроджаны не ад тленнага насення, але ад нятленнага, праз жывое і трывалае [навекі] слова Божае. Бо кожнае цела — як трава, і ўся слава яго2 — як кветка травы; засохла трава, і кветка апала, а слова Гасподняе застаецца навекі. І гэта тое слова, якое дабравешчана вам.
Дык, адклаўшы ўсялякую злосць, і ўсялякую хітрасць, і крывадушнасць, і зайздрасць, і ўсялякае ліхаслоўе, як нованароджаныя немаўляткі прагніце неразведзенага слоўнага малака, каб на ім вы ўзгадаваліся для выратавання, калі вы паспыталі, што добры Госпад. Падыходзячы да Яго, жывога каменя, адкінутага людзьмі, але выбранага, каштоўнага ў Бога, вы і самі, як жывыя камяні, будуйце з сябе духоўны дом, святое святарства, каб прыносіць духоўныя ахвяры, прыемныя Богу, праз Ісуса Хрыста. Бо сказана ў Пісанні: «Вось, Я кладу ў Сіёне камень краевугольны, выбраны, каштоўны, і хто веруе ў Яго, ні ў якім разе не будзе пасаромлены». Дык вам, вернікам, — каштоўнасць; а для бязвернікаў — «Камень, які адкінулі будаўнікі, — ён зрабіўся галавою вугла», і «Камень спатыкання і скала спакусы». Яны спатыкаюцца, не пакорлівыя слову, дзеля чаго і прызначаны. Але вы — выбраны род, царскае святарства, святое племя, народ, узяты ва ўдзел, каб абвяшчаць дасканаласці Таго, Хто заклікаў вас з цемры ў Сваё дзівоснае святло, — якія некалі не народ, цяпер жа народ Божы, некалі непамілаваныя, цяпер жа памілаваныя. Улюбёныя, прашу вас як вандроўнікаў і прышэльцаў устрымлівацца ад пажадлівасцяў цела, што змагаюцца супроць душы; няхай вашы паводзіны між язычнікаў будуць ўзорнымі, каб яны за тое, што абгаворваюць вас, як злачынцаў, бачачы [вашы] добрыя ўчынкі, уславілі Бога ў дзень Яго наведання. [Дык] падпарадкуйцеся кожнаму чалавечаму ўладкаванню дзеля Госпада: ці цару, як вярхоўнай уладзе, ці намеснікам, як ад яго пасыланым дзеля пакарання злачынцаў і дзеля пахвалы дабрачынцаў; бо такая Божая воля, каб дабрачынцы прымушалі маўчаць невуцтва неразумных людзей, як свабодныя, а не як тыя, што маюць свабоду на прыкрыццё ліхога, але як рабы Божыя. Усіх шануйце, любіце братэрства, бойцеся Бога, шануйце цара. Слугі, падпарадкуйцеся з усім страхам гаспадарам, нетолькі добрым і лагодным, але і нясправядлівым. Бо гэта ласка [ў Бога], калі хто праз усведамленне Бога пераносіць пакуты, церпячы несправядліва. Бо якая вам слава, калі вы церпіце, як вас б’юць за правіны? Але калі вы церпіце, творачы дабро і пакутуючы, то гэта ласка ў Бога. Бо да гэтага вы былі закліканы, таму што і Хрыстос пакутаваў за вас3, пакідаючы вам4 узор, каб вы пайшлі Яго слядамі. Той, Хто не ўчыніў граху і не было знойдзена падступства ў Яго вуснах, Хто, калі Яго лаялі, не адказваў лаянкаю; пакутуючы, не пагражаў, а перадаваў Таму, Хто судзіць справядліва; Хто Сам узнёс нашы грахі ў Сваім целе на дрэва, каб мы, пазбавіўшыся ад грахоў, жылі для праведнасці; Яго ранамі вы былі вылечаны. Бо вы былі як авечкі заблуканыя, але вярнуліся цяпер да Пастыра і Апекуна вашых душ.
Таксама [і] вы, жонкі, падпарадкуйцеся сваім мужам, каб, нават калі некаторыя5 не пакараюцца Слову, паводзінамі жонак былі прыдбаныя без слова, убачыўшы чыстыя ў страху вашы паводзіны. Няхай вашым упрыгожаннем будзе не вонкавае: заплятанне валасоў і залатыя аздобы ці прыбіранне ў шыкоўныя строі, а патаемны чалавек сэрца ў нятленнай красе лагоднага і ціхмянага духу, што вельмі каштоўна перад Богам. Бо гэтак некалі і святыя жонкі, якія спадзяваліся на Бога, упрыгожвалі сябе, падпарадкоўваючыся сваім мужам, як Сара слухалася Аўраама, называючы яго гаспадаром; вы яе дзеці, калі робіце дабро і не баіцеся ніякага запалохвання. Таксама вы, мужчыны, жывіце разумна ў супольным жыцці з жонкамі, як са слабейшым жаночым полам, аддаючы ім пашану як спадкаемніцам Божай ласкі жыцця, каб не было перашкоды вашым малітвам. І нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спагадлівыя, браталюбныя, міласэрныя6, пакорамудрыя, не адплочвайце злом за зло альбо лаянкаю за лаянку, наадварот, добраслаўляйце, бо вы на гэта былі пакліканы, каб атрымаць у спадчыну добраславенне. Бо хто хоча любіць жыццё і ўбачыць добрыя дні, няхай устрымае [свой] язык ад зла і [свае] вусны — каб не казалі крывадушна, няхай адхінецца ад зла і няхай робіць дабро, няхай шукае міру і няхай імкнецца да яго; бо вочы Госпада звернуты да праведных і вушы Яго да іх мальбы, але аблічча Гасподняе супроць тых, хто чыніць зло, [каб вынішчыць іх з зямлі]. І хто зробіць вам зло, калі вы будзеце рупіцца пра добрае? Але калі вы і церпіце за праўду, вы шчаслівыя. А іх страху не бойцеся і не трывожцеся. А Госпада Хрыста7 свяціце ў вашых сэрцах, будучы гатовыя заўсёды да адказу перад кожным, хто дамагаецца ў вас слова аб надзеі, якая ў вас, але з лагоднасцю і страхам, маючы добрае сумленне, каб у тым, за што вас абгаворваюць, [як злачынцаў], былі засаромлены тыя, што ганьбяць вашы добрыя паводзіны ў Хрысце. Бо лепш — калі б была на гэта воля Божая — пакутаваць за тое, што робіце дабро, чым за тое, што чыніце зло. Бо і Хрыстос аднойчы перацярпеў за грахі, Праведны за няправедных, каб прывесці нас да Бога, будучы ўмярцвёны ў целе, але ажыўлены ў духу; у якім Ён пайшоў і абвясціў духам, што былі ў турме, некалі непакорлівым, калі доўгацярплівасць Божая чакала ў дні Ноя, пакуль будаваўся каўчэг, у якім нямногія, гэта значыць восем душ, былі выратаваны праз ваду, якая (доўгацярплівасць Божая) і вас цяпер ратуе на ўзор гэтага, і гэта ёсць хрышчэнне; не змыванне бруду цела, але просьба да Бога аб добрым сумленні праз уваскрэсенне Ісуса Хрыста, Які, узышоўшы ў неба, знаходзіцца праваруч Бога, і Яму падпарадкаваны Анёлы, і ўлады, і сілы.
Дык як Хрыстос пакутаваў [за нас] у целе, то і вы ўзбройцеся тою ж думкаю, бо той, хто пакутаваў целам, перастае грашыць, каб ужо не ў чалавечых пажадлівасцях, а ў волі Божай пражыць астатні ў целе час. Бо даволі, што вы ў мінулы час [жыцця] выконвалі волю язычнікаў, калі хадзілі ў распусце, пажадлівасцях, выпіўках, гулянках, п’янстве, у грэшным ідаласлужэнні. Таму яны і здзіўляюцца, што вы не бяжыце разам з імі на той жа разліў распусты і ліхасловяць вас; яны дадуць адказ Таму, Хто гатовы судзіць жывых і мёртвых. Бо дзеля таго і мёртвым было дабравешчана, каб яны, падпаўшы пад суд, як людзі ў целе, але жылі духам па-Божаму. Ды ўсяму наблізіўся канец. Дык будзьце ў добрым розуме і цвярозыя для малітваў. Перш за ўсё майце шчырую любоў адзін да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў. Будзьце гасцінныя адзін да аднаго без наракання, кожны, як атрымаў дар, служыце ім адзін аднаму, як добрыя домакіраўнікі разнастайнай ласкі Божай. Калі хто гаворыць, гавары, як словы Божыя; калі хто служыць, служы сілаю, якую дае Бог, каб ва ўсім праслаўляўся Бог праз Ісуса Хрыста, Якому слава і ўладарства навекі вякоў, амін. Улюбёныя, не здзіўляйцеся агню між вас, які пасылаецца вам дзеля выпрабавання, нібы адбываецца з вамі нешта дзівоснае, але як вы далучаецеся да пакутаў Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў з’яўленні Яго славы вы з захапленнем узрадаваліся. Калі вас зневажаюць за імя Хрыстова, шчаслівыя вы, бо Дух славы і Дух Божы спачывае на вас. [Тымі Ён ліхасловіцца, а вамі праслаўляецца]. Бо няхай ніхто з вас не пакутуе як забойца, альбо злодзей, альбо ліхадзей, альбо як той, хто квапіцца на чужое; а калі як хрысціянін, то няхай не саромеецца, а няхай услаўляе Бога за гэтае імя8. Бо час пачацца суду з дома Божага; калі ж перш — з нас, то які канец тым, хто не пакараецца Дабравесцю Божаму? І калі праведнік ледзь ратуецца, то бязбожны і грэшны дзе апынецца? Так што і пакутнікі з волі Божай няхай аддаюць свае душы вернаму Творцу, робячы дабро.
Дык старэйшынаў сярод вас прашу я, старэйшына разам з вамі і сведка Хрыстовых пакутаў і саўдзельнік той славы, якая мае з’явіцца: пасіце Божую чародку, якая ў вас, [наглядаючы] не з прымусу, а добраахвотна, па-Божаму, і не ганебна карысліва, а па шчырасці; і не пануючы над сваімі ўдзеламі, а даючы прыклад чародцы; і калі з’явіцца Архіпастыр, вы атрымаеце неўвядальны вянок славы. Таксама [ж і] малодшыя — падпарадкуйцеся старэйшым; і ўсе, [падпарадкуючыся адзін аднаму], ахініцеся пакорамудрасцю, бо ганарыстым Бог працівіцца, а пакорлівым дае ласку. Дык скарыцеся пад моцную руку Божую, каб Ён узвысіў вас у Свой час; ускладзіце ўвесь ваш клопат на Яго, бо Ён рупіцца пра вас. Будзьце цвярозыя, чувайце, бо праціўнік ваш, д’ябал, ходзіць, нібы леў, рыкаючы, шукаючы, каго праглынуць; станьце супроць яго цвёрдаю вераю, ведаючы, што тыя ж пакуты здараюцца сярод вашага брацтва ў гэтым свеце. Бог жа ўсялякай ласкі, Той, Хто заклікаў вас у Сваю вечную славу ў Хрысце [Ісусе], пасля нядоўгіх вашых пакутаў, Сам вас [няхай] удасканаліць, [няхай] сцвердзіць, [няхай] умацуе, [няхай] угрунтуе. Яму [слава] і ўладарства навекі, амін. Праз Сілуана, вернага брата, як я лічу, я напісаў вам сцісла, заклікаючы і сведчачы, што гэта сапраўдная ласка Божая, у якой стойце. Вітае вас сувыбранніца царства ў Вавілоне і Марк, мой сын. Вітайце адзін аднаго пацалункам любові. Мір вам усім, хто ў Хрысце [Ісусе. Амін.]
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014