Библия › Клышка › 2 Пятра

2 Пятра

Сімяон1 Пётр, раб і Апостал Ісуса Хрыста, — тым, што атрымалі ў долю з намі роўнакаштоўную веру ў праведнасці нашага Бога і Збаўцы Ісуса Хрыста: — Ласка вам і мір няхай памножыцца ў пазнанні Бога і Ісуса, нашага Госпада. Бо Яго Боская сіла падаравала нам усё для жыцця і набожнасці праз пазнанне Таго, Хто заклікаў нас уласнаю славай і дасканаласцю, праз якія Ён дараваў нам каштоўныя і найвялікшыя абяцанні, каб праз іх вы зрабіліся саўдзельнікамі Боскай прыроды, пазбегнуўшы распаду ад пажадлівасці ў свеце. Таму і вы, прыклаўшы ўсё старанне, праявіце ў вашай веры добрачыннасць, у добрачыннасці ж — веды, у ведах жа — устрыманне, ва ўстрыманні ж — вытрываласць, у вытрываласці ж — набожнасць, у набожнасці ж — браталюбства, у браталюбстве ж — любоў. Бо гэта, калі яно ў вас ёсць і памнажаецца, робіць вас не бяздзейнымі і не бясплённымі ў пазнанні нашага Госпада Ісуса Хрыста; бо ў каго гэтага няма, той сляпы, блізарукі, забыўся пра ачышчэнне ад сваіх ранейшых грахоў. Таму, браты, тым больш пастарайцеся рабіць трывалым ваша пакліканне і выбранне, бо робячы гэта, вы ніколі не спаткняцеся. Бо так шчодра адкрыецца вам уваход у вечнае Царства нашага Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста. Таму я буду гатовы2 заўсёды напамінаць вам пра гэта, хоць вы гэта і ведаеце і ўмацаваны ў цяперашняй праўдзе. Але я лічу справядлівым, пакуль я ў гэтым шатры, абуджаць вас напамінкам, ведаючы, што хутка пакіну мой шацёр, як і наш Госпад Ісус Хрыстос аб’явіў мне, буду ж старацца, каб вы маглі і пасля майго адыходу кожны раз успамінаць пра гэта. Бо мы абвесцілі вам пра сілу і прышэсце нашага Госпада Ісуса Хрыста, не ідучы услед хітрасплеценым байкам, а стаўшы відавочцамі Яго велічы. Бо Ён прыняў ад Бога Бацькі гонар і славу, калі данёсся да Яго ад Велічнай Славы такі голас: «Гэта Мой Сын, Мой Улюбёны, Якога Я ўпадабаў!» І гэты голас, што данёсся з неба, мы пачулі, калі былі з Ім на святой гары. І мы маем мацнейшае прарочае слова, і вы добра робіце, трымаючыся яго як светача, што ззяе ў цёмным месцы, пакуль не пачне днець і не ўзыдзе заранка ў вашых сэрцах, ведаючы перш за ўсё тое, што ніводнае прароцтва ў Пісанні не бывае ад чыйго-небудзь уласнага вытлумачэння; бо ніколі прароцтва не было выказана з волі чалавека, але [святыя] людзі, кіраваныя Святым Духам, казалі яго ад Бога.

Але паяўляліся і лжэпрарокі ў народзе, як і між вас будуць ілжэнастаўнікі, якія ўвядуць згубныя ерасі, і, адракаючыся ад Уладара, што выкупіў іх, навядуць на сябе саміх хуткую пагібель. І многія пойдуць услед іх распушчанасці і з-за іх дарога праўды будзе зняважана. І ў сквапнасці з прытворнымі словамі яны будуць прадаваць вас; прысуд ім даўно ў моцы і пагібель іх не дрэмле. Бо калі Бог не пашкадаваў анёлаў, што саграшылі, а ў путах цемры скінуўшы ў тартар, аддаў трымаць для суда, і не пашкадаваў старажытнага свету, але захаваў восем душ і між іх Ноя, прапаведніка праведнасці, калі навёў патоп на свет бязбожнікаў, і гарады Садом і Гамору, спапяліўшы, асудзіў [на зруйнаванне], даючы прыклад кары тым, хто намерыўся жыць бязбожна, а праведнага Лота, прытомленага распуснымі паводзінамі беззаконнікаў, выбавіў, бо гэты праведнік, жывучы між іх, мучыўся дзень пры дні сваёю праведнай душою, бачачы і чуючы беззаконныя ўчынкі; то ведае Госпад, як збаўляць набожных ад спакусы, а няправедных захоўваць на дзень суда для пакарання, найболей жа тых, якія ідуць за нячыстымі пажадлівасцямі цела і пагарджаюць уладаю. Нахабнікі, самалюбцы, яны не дрыжаць, блюзнерачы супроць нябеснай славы. тады як Анёлы, большыя за іх магутнасцю і сілаю, не выносяць на іх перад Госпадам зневажальнага суду. А гэтыя, нібы неразумныя жывёліны, што ад прыроды народжаныя на ўлоў і забой, блюзнераць на тое, чаго не ведаюць, у сваім знішчэнні іншых і будуць знішчаны, прымуць кару як заплату за няправеднасць; яны асалодаю лічаць распусту сярод дня; самі — плямы і заганы, яны раскашуюцца ў сваіх падманах, банкетуючы разам з вамі; вочы ў іх поўныя чужаложства і несупыннага граху; яны звабліваюць няцвёрдыя душы; сэрца ў іх прывучана да хцівасці, яны дзеці праклёну. Пакідаючы простую дарогу, яны зблудзілі, пайшоўшы дарогаю Валаама, сына Васоравага, які палюбіў плату за няправеднасць, але быў выкрыты ў сваім беззаконні, безгалосая пад’ярэмная жывёліна, прамовіўшы чалавечым голасам, спыніла вар’яцтва прарока. Гэтыя людзі — бязводныя крыніцы і туманы, гнаныя бураю, для якіх захавана цемень [вечнай] цемры. Бо, вымаўляючы высакапарныя пустыя словы, яны звабліваюць пажадлівасцямі цела праз распусту тых, хто ледзь уцёк, ад тых, што жывуць у аблудзе, абяцаючы ім свабоду, яны самі рабы разбэшчанасці: бо хто кім пераможаны, той таго і раб. Бо калі, пазбегнуўшы ад апаганьванняў свету праз пазнанне [нашага] Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста, але зноў заблытаўшыся ў іх, яны пераможаны, то для іх апошняе зрабілася горшым за першае. Бо лепш было б ім не пазнаць дарогі праведнасці, чым, пазнаўшы, вярнуцца назад ад перададзенай ім святой запаведзі. З імі здарылася паводле справядлівай прыказкі: «Сабака вярнуўся да сваіх ванітаў, а вымытая свіння ідзе качацца ў гразі».

Гэта ўжо другі ліст, улюбёныя, пішу вам, у іх я абуджаю напамінкам ваш чысты розум, каб вы ўспомнілі словы, раней сказаныя святымі прарокамі, і запаведзь Госпада і Збаўцы, перададзеную вашымі Апосталамі. Ведаючы перш за ўсё, што ў апошнія дні прыйдуць глумліўцы з глумленнем, якія жывуць паводле сваіх пажадлівасцяў, і скажуць: «Дзе абяцанне Яго прышэсця? Бо з тых часоў, як спачылі бацькі, усё застаецца так ад пачатку стварэння». Бо схавана ад тых, хто гэтага хоча, што нябёсы былі здаўна, зямля з вады і праз ваду паўстала словам Божым, што тагачасны свет загінуў, затоплены вадою; а цяперашнія нябёсы і зямля захаваныя тым жа Словам для агню, яны захаваюцца на дзень суда і пагібель бязбожных людзей. Але няхай адно гэта не застаецца схаваным ад вас, улюбёныя, што адзін дзень у Госпада, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень. Не марудзіць Госпад з абяцаннем, як некаторыя лічаць гэта прамаруджаннем, але доўга церпіць вас3, не хочучы, каб хто-небудзь загінуў, а каб усе прыйшлі да пакаяння. І нібы злодзей [уначы], прыйдзе ж дзень Гасподні, у які нябёсы з шумам адыдуць, часціцы ж, распаленыя, разбурацца, а зямля і ўсё на ёй будуць спалены. Калі ўсё гэта так разбурыцца, дык якімі павінны быць вы ў святых паводзінах і набожнасці, чакаючы і прыспешваючы прышэсце Божага дня, у які нябёсы, успалымнёныя, разбурацца і распаленыя часціцы расплавяцца? Але паводле Яго абяцання мы чакаем новых нябёсаў і новай зямлі, на якіх жыве праведнасць. Таму, улюбёныя, чакаючы гэта, пастарайцеся, каб Ён знайшоў вас без плямы і без заганы ў спакоі, і доўгацярплівасць нашага Госпада лічыце збавеннем, як і наш улюбёны брат Павел паводле дадзенай яму мудрасці напісаў вам, як і ва ўсіх сваіх лістах, кажучы ў іх пра гэта; у іх ёсць сёе-тое цяжкае для разумення, што невукі і няцвёрдыя перакручваюць, як і астатнія Пісанні, на сваю ўласную пагібель. Дык вы, улюбёныя, ведаючы гэта загадзя, сцеражыцеся, каб вы не былі зведзены падманам беззаконнікаў і не адпалі ад сваёй цвёрдасці, а расціце ў ласцы і пазнанні нашага Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечнасці. [Амін].


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.