Аб тым, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі на свае вочы, што мы разгледзелі і нашы рукі абмацалі — аб Слове жыцця, і жыццё з’явілася, і мы бачылі, і сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Бацькі і з’явілася нам, што мы бачылі і чулі, мы абвяшчаем і вам, каб і вы мелі ўзаемнасць з намі. А наша ўзаемнасць — з Бацькам і з Яго Сынам Ісусам Хрыстом. І гэта мы1 пішам, каб радасць наша2 была поўнаю. І вось гэтая вестка, якую мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсць святло, і няма ў Ім ніякай цемры. Калі мы кажам, што маем узаемнасць з Ім, але ходзім у цемры, мы лжэм і не жывём па праўдзе; калі ж ходзім у святле, падобна, як Ён ёсць у святле, то маем узаемнасць адзін з адным і Кроў Ісуса [Хрыста], Яго Сына, ачышчае нас ад усялякага граху. Калі мы кажам, што не маем граху, мы самі сябе ашукваем, і праўды няма ў нас. Калі мы вызнаём свае грахі, Ён, верны і праведны, даруе нам грахі і ачысціць нас ад усялякай няправеднасці. Калі мы кажам, што мы не саграшылі, то робім яго лгуном і слова Яго няма ў нас.
Дзеткі мае, гэта пішу вам, каб вы не грашылі. А калі хто зграшыць, дык мы маем Заступніка перад Бацькам — Ісуса Хрыста, Праведнага; і Ён Сам ёсць змілаванне3 за нашы грахі, і не толькі за нашы, але і за грахі ўсяго свету. І вось з чаго мы пазнаём, што ведаем Яго: калі выконваем Яго запаведзі. Хто кажа: «Я ведаю Яго», а запаведзяў Яго не выконвае, той ілгун і няма ў ім праўды; а хто выконвае Яго слова, у тым сапраўды любоў Божая ажыццявілася, з гэтага мы даведваемся, што мы ў Ім. Хто кажа, што застаецца ў Ім, той павінен і сам жыць, як Ён жыў. Улюбёныя, не новую запаведзь пішу вам, але старую запаведзь, якую вы мелі ад пачатку; старая запаведзь — гэта слова, якое вы чулі [ад пачатку]. Разам з тым новую запаведзь пішу вам, што ёсць праўдзівае ў Ім і ў вас, бо цемра мінаецца і сапраўднае святло ўжо свеціць. Хто кажа, што ён у святле, а свайго брата ненавідзіць, той — у цемры дагэтуль. Хто любіць свайго брата, той застаецца ў святле і няма ў ім спатыкнення. А хто ненавідзіць свайго брата, той — у цемры, ходзіць у цемры і не ведае, куды ідзе, бо цемра асляпіла яму вочы. Пішу вам, дзеткі, бо дараваныя вам грахі дзеля Яго імя. Пішу вам, бацькі, бо вы ўведалі Таго, Хто ёсць ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі ліхога. Я напісаў вам, дзеці, бо вы ўведалі Бацьку. Я напісаў вам, бацькі, бо вы ўведалі Таго, Хто ёсць ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, бо вы моцныя і слова Божае застаецца ў вас і вы перамаглі ліхога. Не любіце свету гэтага і таго, што ў свеце гэтым. Калі хто любіць гэты свет, у тым няма Бацькавай любові, бо ўсё, што ў свеце, — пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха — не ад Бацькі, а ад свету. І свет гэты мінецца і пажадлівасць яго, але той, хто выконвае волю Божую, застаецца навекі. Дзеці, апошняя гадзіна і, як вы чулі, што антыхрыст ідзе, і цяпер з’явілася шмат антыхрыстаў; адсюль і ведаем, што настала апошняя гадзіна. Яны выйшлі ад нас, але не былі нашы; бо калі б яны былі нашы, то засталіся б з намі, але праз гэта адкрылася, што не ўсе нашы. Вы ж маеце памазанне ад Святога і ўсё ведаеце. Я напісаў вам не таму, што вы не ведаеце праўды, але таму, што вы ведаеце яе, і таму, што ўсялякая хлусня — не ад праўды. Хто лгун, калі не той, хто адмаўляе, што Ісус ёсць Хрыстос? Гэта антыхрыст, які адмаўляе Бацьку і Сына. Кожны, хто адмаўляе Сына, не мае і Бацькі; той, хто вызнае Сына, мае і Бацьку. Вы ж — што чулі ад пачатку, няхай тое ў вас застаецца. Калі ў вас застанецца тое, што вы чулі ад пачатку, то і вы застанецеся ў Сыне і ў Бацьку. І гэта — абяцанне, якое Ён абяцаў нам: жыццё вечнае. Гэта я напісаў вам пра тых, хто ўводзіць вас у зман. Што да вас, то памазанне, якое вы атрымалі ад Яго, застаецца ў вас, і вы не маеце патрэбы, каб нехта вучыў вас усяму, а як Яго памазанне вучыць вас усяму — і яно праўдзівае і не ёсць хлусня — і як яно навучыла вас, заставайцеся у Ім. І цяпер, дзеткі, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён з’явіцца, мы мелі адвагу і не зазналі сораму перад Ім у Яго прышэсці. Калі вы ведаеце, што Ён — праведны, то ведайце, што і кожны, хто творыць праведнасць, народжаны ад Яго.
Паглядзіце, якую любоў даў нам Бацька, каб мы былі названыя дзецьмі Божымі; і мы ёсць дзеці Божыя. Таму свет не ведае нас, бо не ўведаў Яго. Улюбёныя, мы цяпер дзеці Божыя і яшчэ не адкрыта, якія будзем. Ведаем, што калі Ён адкрыецца, мы будзем падобныя да Яго, бо ўбачым Яго, як Ён ёсць. І кожны, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе так, як Ён чысты. Кожны, хто чыніць грэх, чыніць і беззаконне, і грэх ёсць беззаконне. І вы ведаеце, што Ён з’явіўся, каб узяць [нашы] грахі, і граху ў Ім няма. Кожны, хто застаецца ў Ім, не грашыць; кожны, хто грашыць, не бачыў Яго і не ўведаў Яго. Дзеткі, няхай ніхто не ўводзіць вас у зман; хто творыць праведнасць, той праведны, як і Ён праведны. Хто чыніць грэх, той ад д’ябла, бо д’ябал грашыць ад пачатку. Дзеля таго з’явіўся Сын Божы, каб разбурыць зробленае д’яблам. Кожны, народжаны ад Бога, не чыніць граху, бо насенне Яго застаецца ў ім, і ён не можа грашыць, бо ад Бога народжаны. Гэтым выяўляюцца дзеці Божыя і дзеці д’ябла: кожны, хто не творыць праведнасці, — не ад Бога, як і той, хто не любіць свайго брата. Бо вось гэтая вестка, якую вы чулі ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго, не так, як Каін, які быў ад ліхога і забіў свайго брата. І чаму ён забіў яго? Бо ўчынкі яго былі ліхія, а яго брата — праведныя. Не здзіўляйцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас. Мы ведаем, што мы перайшлі са смерці ў жыццё, бо любім братоў; той, хто не любіць, застаецца ў смерці. Кожны, хто ненавідзіць свайго брата, — чалавеказабойца, а вы ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца не мае вечнага жыцця, што заставалася б у ім. З таго ведаем мы любоў, што Ён за нас паклаў жыццё Сваё; і мы павінны за братоў жыцці класці. А хто мае дабрабыт у гэтым свеце і бачыць свайго брата ў нястачы і закрые ад яго сваё сэрца, як можа застацца ў ім любоў Божая? Дзеткі, будзем любіць не словам і не языком, але ўчынкамі і праўдаю. І з гэтага мы ўведаем, што мы — ад праўды і супакоім перад Ім наша сэрца, бо калі сэрца абвінавачвае нас, гэта таму, што Бог большы за наша сэрца і ведае ўсё. Улюбёныя, калі наша сэрца не абвінавачвае нас, мы маем адкрытасць да Бога; і чаго б мы ні прасілі, атрымаем ад Яго, бо выконваем Яго запаведзі і робім тое, што Яму падабаецца. А запаведзь Яго гэтая, каб мы верылі ў імя Яго Сына Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён і даў нам запаведзь. І той, хто выконвае Яго запаведзі, застаецца ў Ім, і Ён — у тым. А што Ён застаецца ў нас, мы пазнаём па Духу, Які Ён даў нам.
Улюбёныя, не кожнаму духу верце, а выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо шмат ілжэпрарокаў выйшла ў свет. Па гэтым пазнавайце Духа Божага: кожны дух, які вызнае, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе, — ад Бога, і кожны дух, які не вызнае Ісуса [Хрыста, Які прыйшоў у целе, ] — не ад Бога; і гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыходзіць, і цяпер ён ужо ў свеце. Вы ад Бога, дзеткі, і вы перамаглі іх, бо Той, Хто ў вас, большы за таго, хто ў свеце. Яны — ад свету, таму і гавораць ад свету, і свет іх слухае. Мы — ад Бога: хто ведае Бога, слухае нас, хто не ад Бога, той не слухае нас. Так мы пазнаём духа праўды і духа падману. Улюбёныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў — ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не пазнаў Бога, таму што Бог ёсць любоў. Любоў Божая была адкрытая для нас у тым, што Бог паслаў у свет Свайго Адзінароднага Сына, каб мы атрымалі жыццё праз Яго. Любоў у тым, што не мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас і паслаў Свайго Сына як змілаванне за нашы грахі. Улюбёныя, калі Бог так палюбіў нас, то і мы павінны любіць адзін аднаго. Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, Бог жыве ў нас, і Яго любоў дасканалая ў нас. З таго мы пазнаём, што мы ў Ім жывём і Ён у нас, што Ён даў нам ад Свайго Духа. І мы бачылі і сведчым, што Бацька паслаў Сына Збаўцам свету. Хто вызнае, што Ісус ёсць Сын Божы, у тым жыве Бог і ён — у Богу. І мы пазналі любоў, якую Бог мае да нас, і паверылі ў яе. Бог ёсць любоў і хто жыве ў любові, той у Богу жыве, і Бог у ім жыве. Дзеля таго любоў удасканалілася ў нас, каб мы мелі адвагу ў дзень суду, бо як Ён ёсць, так і мы ёсць у гэтым свеце. У любові няма страху, а дасканалая любоў выганяе страх, бо ў страху ёсць пакаранне, а той, хто баіцца, — не дасканалы ў любові. Мы любім [Яго], бо Ён першы палюбіў нас. Калі нехта скажа: «Я люблю Бога», а свайго брата ненавідзіць, то ён ілгун, бо той, хто не любіць свайго брата, якога ён бачыў, не можа любіць Бога, Якога не бачыў. І мы маем гэтую запаведзь ад Яго, каб той, хто любіць Бога, любіў і свайго брата.
Кожны, хто верыць, што Ісус ёсць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць Таго, Хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго. У г этым мы пазнаём, што любім дзяцей Божых: калі любім Бога і выконваем Яго запаведзі. Бо вось што ёсць любоў Божая: каб мы выконвалі Яго запаведзі, і запаведзі Яго не цяжкія. Бо ўсё, народжанае ад Бога, перамагае свет; і вось што ёсць перамога, якая перамагла свет: наша вера. І хто перамагае свет, як не той, хто верыць, што Ісус ёсць Сын Божы? Гэта ёсць Той, Хто прайшоў праз ваду і кроў, [і Духа,] Ісус Хрыстос; не толькі вадою, а вадою і крывёю; і Дух ёсць сведка, таму што Дух ёсць праўда. Бо ёсць тры сведкі [на небе: Бацька, Слова і Святы Дух; і гэтыя тры ёсць адно. І тры сведчаць на зямлі:] Дух, вада і Кроў; і ўсе тры — у адным. Калі мы прымаем сведчанне людзей, то сведчанне Божае — большае, бо гэта сведчанне Бога, якім Ён засведчыў пра Свайго Сына. Хто верыць у Сына Божага, той мае сведчанне ў сабе самім; хто не верыць Богу, той зрабіў Яго лгуном, бо не паверыў у сведчанне, якім Бог засведчыў пра Свайго Сына. І гэта ёсць сведчанне: што Бог даў нам вечнае жыццё, і гэтае жыццё — у Яго Сыне. Хто мае Сына, той мае жыццё; хто не мае Сына Божага, не мае жыцця. Я напісаў вам гэта, каб вы ведалі, што вы маеце жыццё вечнае, — тым, хто верыць у імя Сына Божага. І гэта ёсць адвага, якую мы маем перад Ім: што калі мы чаго просім згодна волі Яго, ён чуе нас. І калі мы ведаем, што Ён чуе нас ва ўсім, чаго б мы ні прасілі, мы ведаем, што маем усё тое прошанае, якое мы папрасілі ў Яго. Калі хто-небудзь убачыць, што яго брат саграшыць грахом не на смерць, няхай папросіць і Бог дасць яму жыццё — тым, хто грашыць не на смерць. Ёсць грэх на смерць: я не кажу, каб ён прасіў аб тым. Кожная няправеднасць — грэх, але ёсць грэх не на смерць. Мы ведаем, што кожны, народжаны ад Бога, не грашыць, але той, хто быў народжаны ад Бога, ахоўвае сябе, і ліхі4 не дакранецца да яго. Мы ведаем, што мы — ад Бога, а ўвесь свет ляжыць у ліхім. Але мы ведаем, што Сын Божы прыйшоў і даў нам розум, каб мы ведалі Праўдзівага [Бога], і мы — у Праўдзівым, у Яго Сыне Ісусе Хрысце. Ён ёсць праўдзівы Бог і вечнае жыццё. Дзеткі, сцеражыце сябе ад ідалаў. [Амін.]
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014