Библия › Клышка › 3 Іаана

3 Іаана

Старэйшына — улюбёнаму Гаію, якога я люблю ў праўдзе. Улюбёны, малюся, каб ты ва ўсім меў вялікі поспех і быў здаровы, як мае вялікі поспех твая душа. Бо я вельмі ўзрадаваўся, калі прыходзілі браты і сведчылі аб тваёй праўдзе, як ты і жывеш у праўдзе. Для мяне няма большай радасці, як чуць, што мае дзеці жывуць у праўдзе. Улюбёны, ты верна дзейнічаеш у тым, што ты робіш для братоў і да таго чужаземных, якія засведчылі пра тваю любоў перад царквою; і ты добра зробіш, калі правядзеш іх, як належыць, дзеля Бога; бо яны дзеля [Яго] Імя выйшлі, нічога не ўзяўшы ад язычнікаў. Так што мы павінны падтрымліваць такіх, каб нам зрабіцца супрацоўнікамі праўды. Я сёе-тое напісаў царкве; але Дыятрэф, які любіць першынстваваць у іх, не прымае нас. Таму, калі я прыйду, то нагадаю пра яго ўчынкі, якія ён вытварае, плявузгаючы на нас ліхімі словамі; і, не задавальняючыся гэтым, ён і сам не прымае братоў, і забараняе тым, хто хоча прыняць, і выганяе з царквы. Улюбёны, пераймай не ліхое, а добрае. Хто творыць дабро, той — ад Бога; хто творыць ліха, той не бачыў Бога. Пра Дзімітрыя засведчана ўсімі, і самою праўдай; і мы таксама сведчым, і ты ведаеш1, што наша сведчанне праўдзівае. Шмат я меў напісаць табе, але не хачу пісаць табе чарнілам і пяром; а спадзяюся хутка ўбачыць цябе, і мы пагаворым з вуснаў у вусны. Мір табе. Вітаюць цябе сябры. Прывітай сяброў пайменна. [Амін].


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.