Библия › Клышка › Адкрыццё

Адкрыццё

Адкрыццё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаць Сваім слугам1, што павінна адбыцца неўзабаве, і Ён паказаў, паслаўшы праз Свайго Анёла, свайму слугу Іаану, які засведчыў слова Божае і сведчанне Ісуса Хрыста — усё, што ён бачыў. Шчаслівы, хто чытае, і тыя, хто слухае словы [гэтага] прароцтва і выконвае напісанае ў ім, бо час блізкі. Іаан — сямі цэрквам у Асіі: ласка вам і мір ад Таго, Хто ёсць, і Хто быў, і Хто прыходзіць, і ад сямі духаў, якія перад Яго тронам, і ад Ісуса Хрыста, вернага Сведкі, Першынца з мёртвых і Уладара зямных цароў. Яму, Хто любіць нас і вызваліў нас ад нашых грахоў Сваёю крывёю, і зрабіў нас царствам2, святарамі Богу і Бацьку Свайму, — Яму слава і ўладарства на векі [вечныя]; амін. Вось, Ён прыходзіць з воблакамі, і ўбачыць Яго кожнае вока і тыя, што Яго працялі, і заплачуць па Ім усе плямёны зямлі. Так, амін! Я — Альфа і Амега3, [пачатак і канец], кажа Госпад Бог, Хто ёсць, і Хто быў, і Хто прыходзіць, Усемагутны. Я, Іаан, ваш брат і супольнік у пакутах, і ў царстве, і вытрываласці ў Ісусе [Хрысце], быў на востраве, які называецца Патмас, за слова Божае і сведчанне Ісуса [Хрыста]. Я быў у духу ў Гасподні дзень і пачуў за сабою гучны голас як бы трубы, які казаў: Тое, што бачыш, запішы ў скрутак і пашлі сямі цэрквам [у Асіі]: у Эфес, і ў Смірну, і ў Пергам, і ў Фіятыру, і ў Сарды, і ў Філадэльфію, і ў Лаадыкію. І я павярнуўся, каб бачыць, чый голас гаварыў са мною, і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых светачаў, і пасярэдзіне [сямі] светачаў падобнага да Сына Чалавечага, апранутага ў падзір4 і апаясанага па грудзях залатым поясам. Галава ж Яго і валасы белыя, як белая воўна, як снег, і вочы Яго, як полымя агню, і ногі Яго падобныя да халкалівану5, быццам распаленага ў печы, і голас Яго, як шум многіх водаў; і Ён меў у Сваёй правай руцэ сем зорак, і з Яго вуснаў выходзіў востры двусечны меч, і Яго аблічча, як сонца, што ззяе ў сіле сваёй. І калі я ўбачыў Яго, я ўпаў да Яго ног, як мёртвы, і Ён паклаў на мяне Сваю правую руку, кажучы: Не бойся; Я — Першы і Апошні, і жывы; і я быў мёртвы, і вось, Я жывы на векі вякоў, [амін] і маю ключы смерці і пекла. Дык напішы, што ты бачыў, і што ёсць, і што рыхтуецца адбыцца пасля гэтага. Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у Маёй правай руцэ, і сямі залатых светачаў: сем зорак — гэта Анёлы сямі цэркваў, і сем светачаў — гэта сем цэркваў.

Анёлу царквы ў Эфесе напішы: Вось што кажа Той, Хто трымае сем зорак у Сваёй правай руцэ, Хто ходзіць пасярэдзіне сямі залатых светачаў: Ведаю твае ўчынкі, і працу, і вытрываласць тваю, і што ты не можаш сцярпець ліхіх, і выпрабаваў тых, хто называе сябе апосталамі, а яны не такія, і выкрыў, што яны лгуны. І маеш вытрываласць і шмат выцерпеў і працаваў дзеля Майго імя і не знямогся. Але маю супроць цябе тое, што ты пакінуў сваю першую любоў. Дык успомні, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі ранейшыя ўчынкі; а калі не, то прыйду да цябе і зрушу твой светач з яго месца, калі не пакаешся. Але тое ў цябе добрае, што ненавідзіш учынкі Мікалаітаў, якія і Я ненавіджу. Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам. Пераможцу Я дам есці ад дрэва жыцця, якое ў Божым раі6. І Анёлу царквы ў Смірне напішы: Вось што кажа Першы і Апошні, Які стаў мёртвы і ажыў: Ведаю твае [ўчынкі], і пакуты, і ўбоства — але ты багаты, — і знявагу ад тых, што называюць сябе іудзеямі, але яны не такія, а зборышча сатаны. Не бойся таго, што табе трэба будзе выцерпець. Вось, д’ябал будзе ўкідаць некаторых з вас у турму, каб выпрабаваць, і будзеце мець пакуты дзесяць дзён. Будзь верны да смерці, і дам табе вянок жыцця. Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам. Пераможац ні ў якім разе не зазнае шкоды ад другой смерці. А Анёлу царквы ў Пергаме напішы: Вось што кажа Той, Хто мае востры двусечны меч: Ведаю [твае ўчынкі і], дзе ты жывеш: там, дзе трон сатаны, і ты цвёрда трымаешся Майго імя і не адрокся ад Маёй веры нават у дні Анціпы, Майго сведкі, Майго вернага, які быў забіты ў вас, там, дзе жыве сатана. Але маю крыху супроць цябе, што ў цябе там ёсць тыя, хто трымаецца вучэння Валаама, які навучыў Валака кінуць спакусу перад сынамі Ізраілевымі: есці ідалаахвярнае і распуснічаць. Так і ў цябе ёсць тыя, што гэтак жа трымаюцца вучэння Мікалаітаў, [якое Я ненавіджу]. Дык пакайся: калі ж не, то Я хутка прыйду да цябе і буду змагацца з імі мячом Маіх вуснаў. Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам. Пераможцу Я дам [з’есці] патаемнай манны і дам яму белы камень, і на камені напісанае новае імя, якога ніхто не ведае, акрамя таго, хто атрымлівае. І Анёлу царквы ў Фіятыры напішы: Вось што кажа Сын Божы, у Якога вочы, як полымя агню, і Яго ногі падобныя да халкалівану: Ведаю твае ўчынкі, і любоў, і веру, і служэнне, і тваю вытрываласць, і твае апошнія ўчынкі большыя за першыя. Але маю [крыху] супроць цябе тое, што ты папускаеш жанчыне Іедзавелі, якая называе сябе прарочыцаю, і вучыць, і зводзіць у зман Маіх слуг, каб яны распуснічалі і елі ідалаахвярнае. І Я даў ёй час, каб яна пакаялася, але яна не хоча пакаяцца ў сваёй распусце. Вось Я кідаю яе на ложак і тых, хто чужаложыць з ёю, у вялікае гора, калі яны не пакаюцца ў яе ўчынках7, і дзяцей яе пакараю смерцю. І ўведаюць усе цэрквы, што Я — Той, Хто вывярае ныркі і сэрцы, і дам вам кожнаму паводле вашых учынкаў. Вам жа кажу [і] астатнім у Фіятыры, усім, хто не мае гэтага вучэння, [і] хто не спазнаў, як кажуць, сатанінскіх глыбіняў: не накладаю на вас іншага цяжару; толькі тое, што маеце, цвёрда трымайце, пакуль прыйду. А пераможцу і таму, хто выконвае Мае справы да канца, дам яму ўладу над народамі8, і ён будзе пасвіць іх жалезным жазлом: як начынне глінянае, яны будуць раструшчаны, — як і Я атрымаў уладу ад Майго Бацькі — і дам яму ранішнюю зорку. Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам.

І Анёлу царквы ў Сардах напішы: Вось што кажа Той, Хто мае сем Божых духаў і сем зорак: Ведаю твае ўчынкі, што ты маеш імя, нібы жывы, а ты мёртвы. Будзь чуйным і ўмацуй рэшту, блізкую да смерці, бо Я не знайшоў завершанымі твае справы перад Маім Богам. Дык памятай, як ты атрымаў і пачуў, і захоўвай, і пакайся. Калі ж ты не будзеш чуйны, то Я прыйду, як злодзей, і ты ні ў якім разе не ўведаеш, у якую гадзіну Я прыйду на цябе. Але ў цябе ёсць некалькі імёнаў у Сардах, якія не заплямілі сваёй вопраткі і будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны годныя. Пераможац будзе апрануты гэтак, у белую вопратку, і Я ні ў якім разе не сатру яго імя з кнігі жыцця і вызнаю яго імя перад Маім Бацькам і перад Яго Анёламі. Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам. І Анёлу царквы ў Філадэльфіі напішы: Вось што кажа Святы, Праўдзівы, Які мае ключ Давідаў, Які адмыкае — і ніхто не замкне, і Які замыкае — і ніхто не адамкне. Ведаю твае ўчынкі; вось, Я даў перад табою адамкнёныя дзверы, якіх ніхто не можа замкнуць, бо хоць ты мала маеш сілы, ды захаваў Маё слова, і не адрокся ад Майго імя. Вось даю са зборышча сатаны, якія кажуць, што яны іудзеі, але яны не такія, а лгуць, — вось, Я зраблю, што яны прыйдуць і ўпадуць ніцма перад тваімі нагамі і ўведаюць, што Я палюбіў цябе. Бо ты захаваў слова Маёй вытрываласці, і Я цябе захаваю ад гадзіны выпрабавання, якая павінна прыйсці на ўвесь населены абшар, каб выпрабаваць жыхароў зямлі. [Вось] Я і хутка прыйду; трымай, што маеш, каб ніхто не забраў твайго вянка. Пераможца Я зраблю калонаю ў храме Майго Бога, і ён ніколі ўжо не выйдзе адтуль і напішу на ёй імя Майго Бога і імя горада Майго Бога, Новага Іерусаліма, які сходзіць з неба ад Майго Бога, і Маё новае імя. Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам. І Анёлу царквы ў Лаадыкіі напішы: Вось, што кажа Амін, Сведка верны і праўдзівы, пачатак Божага тварэння: Ведаю твае ўчынкі, што ты і не халодны і не гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы! Але як ты цеплаваты, не гарачы і не халодны, то збіраюся выплюнуць цябе з Маіх вуснаў. Бо ты кажаш: «Я багаты і разбагацеў, і ні ў чым не маю патрэбы» — і не ведаеш, што ты няшчасны, і варты жалю, і ўбогі, і сляпы, і голы. Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае агнём, каб разбагацеў ты, і белае адзенне, каб апрануўся і каб не адкрыўся сорам тваёй галізны; і вочнай мазі — памазаць твае вочы, каб ты бачыў. Я ўсіх, каго люблю, выкрываю і караю; дык будзь руплівы і пакайся. Вось, Я стаю каля дзвярэй і стукаю; калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, Я ўвайду да яго і буду вячэраць з ім, і ён са Мною. Пераможцу Я дам сесці са Мною на Маім троне, як і Я перамог і сеў з Маім Бацькам на Яго троне. Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам.

Пасля гэтага я ўбачыў: і вось, дзверы адчыненыя ў небе, і першы голас, які я чуў, як бы трубы, што гаварыў са мною, сказаў: Узыдзі сюды і пакажу табе, што павінна адбыцца пасля гэтага. Адразу ж я быў у духу; і вось трон стаяў на небе, і на троне Хтосьці сядзеў, і Гэты, Хто сядзеў, з выгляду быў падобны да каменя яспісу і сардысу, і вакол трона — вясёлка, з выгляду падобная да смарагду. І вакол трона — дваццаць чатыры троны, і на тронах я ўбачыў: сядзяць дваццаць чатыры старэйшыны, апранутыя ў белае адзенне, і на іх галовах — залатыя вянкі. І ад трона зыходзяць маланкі, і галасы, і грамы. І сем вогненных светачаў гараць перад тронам, гэта сем Божых духаў. І перад тронам як бы мора шкляное, падобнае да крышталю. І пасярэдзіне трона і вакол трона чатыры жывыя істоты, поўныя вачэй спераду і ззаду. І першая жывая істота падобная да льва, і другая жывая істота падобная да вала, і трэцяя жывая істота мела твар як у чалавека, і чацвёртая жывая істота падобная да арла ў палёце. І чатыры жывыя істоты, кожная з іх мела па шэсць крылаў, вакол і з сярэдзіны поўныя вачэй; і яны, не маючы супачынку ўдзень і ўночы, кажуць: Святы, Святы, Святы Госпад Бог Усемагутны, Хто быў, Хто ёсць і Хто прыходзіць. І калі гэтыя жывыя істоты ўздаюць славу, і гонар, і падзяку Таму, Хто сядзіць на троне, Таму, Хто жыве на векі вякоў, тады дваццаць чатыры старэйшыны падаюць перад Тым, Хто сядзіць на троне, і кланяюцца Таму, Хто жыве на векі вякоў; і яны ўскладаюць свае вянкі перад тронам, кажучы: Годны Ты, Госпадзе і Божа наш, прыняць славу, і гонар, і сілу, бо Ты стварыў усё і Тваёю воляю яно заіснавала і было створана.

І я ўбачыў у правай руцэ Таго, Хто сядзіць на троне, скрутак, спісаны ўсярэдзіне і на адвароце, змацаваны сямю пячаткамі. І я ўбачыў магутнага Анёла, які абвяшчаў гучным голасам: Хто годны разгарнуць скрутак і зняць яго пячаткі? І ніхто не мог ні ў небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю ні разгарнуць скрутак, ні паглядзець у яго. І я шмат плакаў, бо не знайшлося нікога годнага ні разгарнуць, ні чытаць скрутак, ні паглядзець у яго. І адзін са старэйшынаў кажа мне: Не плач; вось, Леў з калена Іудава, корань Давідаў, перамог, каб разгарнуць скрутак і зняць сем яго пячаткаў. І я ўбачыў: пасярэдзіне трона і чатырох жывых істотаў і пасярэдзіне старэйшынаў стаіць Агнец, як бы заколаты, які мае сем рагоў і сем вачэй; гэта — [сем] Божых духаў, пасланых на ўсю зямлю. І Ён прыйшоў і ўзяў з правай рукі Таго, Хто сядзеў на троне. І, калі Ён узяў скрутак, чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі перад Агнецам, маючы кожны арфу і залатыя чашы, поўныя фіміяму, а гэта — малітвы святых. І яны спяваюць новую песню, кажучы: Годны Ты ўзяць скрутак і зняць яго пячаткі, бо Ты быў заколаты і выкупіў Богу Сваёю Крывёй нас з кожнага пакалення, і роду, і народа, і племя, і зрабіў іх царствам9 і святарамі нашаму Богу, і яны будуць10 валадарыць на зямлі. І я ўбачыў, і пачуў голас многіх Анёлаў вакол трона, і жывых істот, і старэйшынаў, і быў іх лік мірыяды мірыядаў і тысячы тысяч, і яны казалі гучным голасам: Годны заколаты Агнец прыняць сілу, і багацце, і мудрасць, і магутнасць, і гонар, і славу, і добраславенне. І кожнае стварэнне, што ў небе, і на зямлі, і пад зямлёю, і на моры, і ўсё, што ў іх, пачуў я, казалі: Таму, Хто сядзіць на троне, і Агнецу — добраславенне, і гонар, і слава, і ўладарства векі вечныя. І чатыры жывыя істоты казалі: Амін. — І [дваццаць чатыры] старэйшыны ўпалі і пакланіліся [Таму, Хто жыве векі вечныя].

І я ўбачыў, як Агнец зняў першую з сямі пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывых істот, якая казала быццам голасам грому: Прыйдзі [і глядзі]! І я ўбачыў: і вось белы конь, і той, хто сядзіць на ім, мае лук; і быў дадзены яму вянок, і ён выйшаў, перамагаючы і каб перамагчы. І калі Ён зняў другую пячатку, я пачуў другую жывую істоту, якая казала: Прыйдзі [і глядзі]! І выйшаў іншы агніста-чырвоны конь, і таму, хто сядзеў на ім, было дадзена ўзяць мір з зямлі і каб людзі забівалі адзін аднаго, і быў дадзены яму вялікі меч. І, калі Ён зняў трэцюю пячатку, я пачуў трэцюю жывую істоту, якая казала: Прыйдзі [і глядзі]! — І я ўбачыў: і вось, чорны конь, і той, хто сядзіць на ім, мае вагу ў сваёй руцэ. І я пачуў як бы голас пасярэдзіне чатырох жывых істотаў, які казаў: Хінікс11 пшаніцы за дынарый12, і тры хініксы ячменю за дынарый; а алею і віну не рабі шкоды. І, калі Ён зняў чацвёртую пячатку, я пачуў голас чацвёртай істоты, якая казала: Прыйдзі [і глядзі]! І я ўбачыў: і вось бледны конь, і таму, хто сядзеў на ім, імя смерць; і пекла з13 ім ішло ўслед, і была дадзена ім14 улада над чвэрцю зямлі, каб забіваць мячом, і голадам, і смерцю, і зямнымі звярамі. І, калі Ён зняў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за Божае слова і за сведчанне, якое яны мелі. І яны закрычалі гучным голасам, кажучы: Дакуль, Уладыка Святы і Праўдзівы, Ты не будзеш судзіць і помсціць за нашу кроў тым, хто жыве на зямлі? І дадзены былі кожнаму з іх белыя шаты, і было сказана ім, каб яны супакоіліся яшчэ на кароткі час, пакуль іх саўдзельнікі і іх браты, якія павінны быць забітыя, як і яны, дапоўняць іх лік. І я ўбачыў, калі Ён зняў шостую пячатку: і адбыўся вялікі землятрус, і сонца зрабілася чорнае, як валасяніца, і ўвесь месяц зрабіўся, як кроў, і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як фігавае дрэва, трасучыся ад вялікага ветру, скідвае свае недаспелыя фігі; і неба адышло, быццам звілося ў скрутак, і кожная гара і востраў былі зрушаны са сваіх месцаў. І зямныя цары, і вяльможы, і тысячаначальнікі, і багатыя, і моцныя, і кожны раб, і вольны схаваліся ў пячоры і ў скалы гор: і яны кажуць гарам і скалам: Упадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Хто сядзіць на троне, і ад гневу Агнеца, бо прыйшоў вялікі дзень Іх15 гневу, і хто можа выстаяць?

Пасля гэтага я ўбачыў чатырох Анёлаў, якія стаялі на чатырох кутах зямлі, трымаючы чатыры вятры зямлі, каб вецер не дзьмуў ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва. І я ўбачыў іншага Анёла, які падымаўся ад усходу сонца і меў пячатку жывога Бога; і ён крыкнуў гучным голасам чатыром Анёлам, якім было дадзена шкодзіць зямлі і мору, кажучы: Не шкодзьце ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль мы не пакладзём пячаткі слугам нашага Бога на іх ілбы. І я пачуў лік пазначаных пячаткаю: сто сорак чатыры тысячы — пазначаныя пячаткаю з кожнага пакалення сыноў Ізраілевых: з пакалення Іудавага — дванаццаць тысяч пазначаных пячаткаю, з пакалення Рувімавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Гадавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Асіравага — дванаццаць тысяч, з пакалення Нефалімавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Манасіевага — дванаццаць тысяч, з пакалення Сімяонавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Левіевага — дванаццаць тысяч, з пакалення Ісахаравага — дванаццаць тысяч, з пакалення Завулонавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Іосіфавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Веньямінавага — дванаццаць тысяч пазначаных пячаткаю. Пасля гэтага я ўбачыў: і вось, вялікае мноства, якога ніхто не мог злічыць, з кожнага народа і ўсіх пакаленняў, і плямёнаў, і родаў: стаяць перад тронам і перад Агнецам, апранутыя ў белыя шаты, і ў іх руках пальмавыя галінкі. І яны ўсклікваюць гучным голасам, кажучы: Збавенне нашаму Богу, Які сядзіць на троне, і Агнецу. І ўсе Анёлы стаялі вакол трона і старэйшынаў і чатырох жывых істотаў, і яны ўпалі на абліччы свае перад тронам і пакланіліся Богу, кажучы: Амін! Добраславенне, і слава, і мудрасць, і падзяка, і гонар, і сіла, і магутнасць нашаму Богу векі вечныя! Амін. І азваўся адзін са старэйшынаў і спытаўся ў мяне: Гэтыя, апранутыя ў белыя шаты, хто яны і адкуль прыйшлі? І я сказаў яму: Уладару мой, ты ведаеш. І ён сказаў мне: Гэта тыя, што прыходзяць з вялікага ўціску, і абмылі свае шаты і выбелілі іх16 крывёю Агнеца. Таму яны — перад Божым тронам і служаць Яму ўдзень і ўночы ў Яго храме, і Той, хто сядзіць на троне, будзе скініяй над імі17. І яны не будуць больш ні галадаць, ні смагнуць, і не будзе паліць іх ні сонца і ніякая спёка, бо Агнец, які пасярэдзіне трона, будзе пасвіць іх і будзе вадзіць іх да крыніцаў водаў жыцця, і Бог абатрэ кожную слязу з іх вачэй.

І калі Ён зняў сёмую пячатку, настала маўчанне на небе амаль на паўгадзіны. І я ўбачыў сем Анёлаў, якія стаяць перад Богам, і былі дадзены ім сем трубаў. І іншы Анёл прыйшоў і стаў каля ахвярніка, маючы залатую кадзільніцу, і было дадзена яму шмат фіміяму, каб ён усклаў яго з малітвамі ўсіх святых на залаты ахвярнік перад тронам. І ўзняўся дым фіміяму з малітвамі святых з рукі Анёла перад Богам. І ўзяў Анёл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём з ахвярніка. І кінуў на зямлю, і зрабіліся грамы, і галасы, і маланкі, і землятрус. І сем Анёлаў, якія мелі сем трубаў, падрыхтаваліся трубіць. І першы затрубіў: і зрабіліся град і агонь, змяшаныя з крывёю, і былі кінуты на зямлю; і трэць зямлі згарэла, і трэць дрэваў згарэла, і ўся зялёная трава згарэла. І другі Анёл затрубіў: і як бы вялікая гара, распаленая агнём, была кінута ў мора, і трэць мора зрабілася крывёю, і вымерла трэць стварэнняў, што жылі ў моры, і трэць суднаў была знішчана. І трэці Анёл затрубіў: і ўпала з неба вялікая зорка, якая гарэла, як паходня, і ўпала яна на трэць рэк і на крыніцы водаў. І імя зоркі — Палын; і трэць водаў зрабілася палыном; і шмат людзей памерла ад водаў, бо воды зрабіліся горкімі. І чацвёрты Анёл затрубіў: і была знішчана трэць сонца, і трэць месяца, і трэць зорак, каб трэць іх пацьмянела, і дзень не яснеў на сваю трэць, і гэтак жа ноч. І я ўбачыў і пачуў аднаго арла18, які ляцеў пасярэдзіне неба, кажучы гучным голасам: Бяда, бяда, бяда тым, хто жыве на зямлі, ад астатніх трубных галасоў трох Анёлаў, якія будуць трубіць!

І пяты Анёл затрубіў, і я ўбачыў зорку, якая ўпала з неба на зямлю, і быў дадзены ёй ключ ад вусця бездані. І яна адамкнула вусце бездані; і падняўся дым з вусця, як дым з вялікай печы, і зацьмілася сонца і паветра ад дыму з вусця. І з дыму выйшла саранча на зямлю, і была дадзена ёй улада, як маюць уладу зямныя скарпіёны. І было сказана ёй, каб не шкодзіла зямной траве, і ніякай зеляніне, і ніякаму дрэву, а толькі [адным] людзям, якія не маюць Божай пячаткі на [сваіх] ілбах. І было дадзена ёй, каб яна не забівала іх, а толькі мучыла пяць месяцаў: і іх мука — як мука ад скарпіёна, калі ён уджаліць чалавека. І ў тыя дні людзі будуць шукаць смерці і ні ў якім разе не знойдуць яе; і захочуць яны памерці, ды смерць уцячэ ад іх. І выгляд у саранчы падобны да коней, падрыхтаваных да вайны, і на яе галовах як бы вянкі, падобныя да золата, і яе твары — як твары людзей, і ў яе валасы, як валасы ў жанчын, і ў яе зубы былі, як у львоў; і яна мела панцыры, як панцыры жалезныя, а шум крылаў яе, як грукат калясніц ад мноства коней, якія мчацца на бітву. І яна мела хвасты, падобныя да скарпіёнаў, і джалы, і ў яе хвастах — яе ўлада шкодзіць людзям пяць месяцаў. Яна мае над сабою цара, анёла бездані; імя яму па-яўрэйску — Авадон19, а па-грэцку імя ў яго Апаліён20. Першае гора прайшло; вось ідуць яшчэ два горы пасля гэтага. І шосты Анёл затрубіў: і я пачуў адзін голас ад [чатырох] рагоў залатога ахвярніка, што перад Богам, і ён казаў шостаму Анёлу, які меў трубу: Вызвалі чатырох Анёлаў, звязаных на вялікай рацэ Еўфраце. І былі вызвалены чатыры Анёлы, падрыхтаваныя на гадзіну і дзень, і месяц, і год, каб забіць трэць людзей. І лік коннага войска — два мірыяды мірыядаў21; я пачуў іх лік. І гэтак я ўбачыў у з’явенні коней і вершнікаў на іх, што мелі панцыры агністыя, і гіяцынтавыя, і серныя, і галовы коней — як галовы львоў, і з іх ратоў выходзіць агонь, і дым, і сера. Гэтымі трыма напасцямі было забіта трэць людзей: агнём, і дымам, і серай, якія выходзілі з іх ратоў. Бо ўлада коней — у іх ратах і ў іх хвастах; бо іх хвасты падобныя да змей і маюць галовы, і імі яны шкодзяць. А астатнія з людзей, якія не былі забіты гэтымі напасцямі, нават не пакаяліся ва ўчынках сваіх рук, каб не пакланяцца дэманам і ідалам залатым, і сярэбраным, і медным, і каменным, і драўляным, якія не могуць ні бачыць, ні чуць, ні хадзіць; і яны не пакаяліся ні ў сваіх забойствах, ні ў сваіх чарадзействах, ні ў сваёй распусце, ні ў сваіх крадзяжах.

І я ўбачыў іншага магутнага Анёла, які сходзіў з неба і быў ахінуты воблакам; і на яго галаве вясёлка, і яго аблічча, як сонца, і яго ногі, як слупы агню; і ў яго руцэ быў маленькі разгорнуты скрутак. І ён паставіў сваю правую нагу на мора, а левую — на зямлю; і ўсклікнуў гучным голасам, як раве леў. І калі ён усклікнуў, сем грамоў прамовілі сваімі галасамі. І, калі прамовілі сем грамоў, я збіраўся пісаць; і я пачуў голас з неба, які казаў [мне]: Утаі, што прамовілі сем грамоў, і не пішы гэтага. І Анёл, якога я бачыў і які стаяў на моры і на зямлі, падняў сваю правую руку да неба, і пакляўся Тым, Хто жыве векі вечныя, Хто стварыў неба і тое, што ў ім, і зямлю і тое, што на ёй, і мора і тое, што ў ім, што часу больш не будзе; але ў дні голасу сёмага Анёла, калі ён павінен трубіць, тады спраўдзіцца таямніца Божая, як Ён дабравесціў Сваім слугам — прарокам. І голас, які я пачуў з неба, зноў гаварыў са мною і сказаў: Ідзі, вазьмі разгорнуты скрутак з рукі Анёла, які стаіць на моры і на зямлі. І я пайшоў да Анёла і сказаў яму, каб ён даў мне маленькі скрутак. І ён кажа мне: Вазьмі і з’еш яго, і ён зробіцца горыччу ў тваім жываце, але ў тваіх вуснах ён будзе салодкі, як мёд. І я ўзяў маленькі скрутак з рукі Анёла і з’еў яго, і быў ён у маіх вуснах салодкі, як мёд; і, калі я з’еў яго, у жываце ў мяне зрабілася горка. І кажуць мне: Ты павінен зноў прарочыць аб многіх народах, і плямёнах, і родах, і царах.

І быў дадзены мне шост, падобны да жазла, і сказана: Устань і змерай храм Божы, і ахвярнік, і тых, хто пакланяецца ў ім. А двор, што па-за храмам, выключы і не мерай яго, бо ён дадзены язычнікам, і яны будуць таптаць святы горад сорак два месяцы. І Я дам двум Маім сведкам, і яны будуць прарочыць тысячу дзвесце шэсцьдзесят дзён, апранутыя ў зрэбніну. Гэта дзве алівы і два светачы, якія стаяць перад Госпадам22 зямлі. І, калі хто захоча нашкодзіць ім, агонь выходзіць з іх вуснаў і пажырае іх ворагаў; і, калі хто захоча нашкодзіць ім, то ён гэтак павінен быць забіты. Яны маюць уладу замкнуць неба, каб не ішоў дождж у дні іх прароцтва, і яны маюць уладу над водамі: ператвараць іх ў кроў і пляжыць зямлю ўсялякай напасцю гэтулькі разоў, колькі захочуць. І, калі яны кончаць сваё сведчанне, звер, які падымаецца з бездані, будзе весці вайну з імі, і пераможа іх, і заб’е іх. І іх трупы будуць на вуліцы вялікага горада, які духоўна называецца Садом і Егіпет, дзе і Госпад іх23 быў укрыжаваны. І людзі з плямёнаў, і пакаленняў, і родаў, і народаў глядзяць24 на іх трупы тры дні з палавінаю і не дазваляюць25 пакласці іх трупы ў магільню. І тыя, хто жыве на зямлі, радуюцца з-за іх і весяляцца, і яны будуць пасылаць адзін аднаму падарункі, бо гэтыя два прарокі мучылі тых, хто жылі на зямлі. І праз тры дні з палавінаю дух жыцця ад Бога ўвайшоў у іх, і яны [абодва] ўсталі на свае ногі, і вялікі страх напаў на тых, хто глядзеў на іх. І яны пачулі гучны голас з неба, які казаў ім: Узыдзіце сюды. — І яны ўзышлі ў неба ў воблаку; і іх ворагі глядзелі на іх. І ў той момант адбыўся вялікі землятрус, і дзесятая частка горада ўпала, і было забіта ў землятрусе сем тысяч асоб26, а астатнія, ахопленыя жахам, узнеслі славу Богу Нябеснаму. Другое гора прайшло; вось надыходзіць хутка трэцяе гора. І сёмы Анёл затрубіў; і пачуліся гучныя галасы ў небе, якія казалі: Царства свету зрабілася царствам нашага Госпада і Яго Хрыста, і Ён будзе валадарыць векі вечныя. І дваццаць чатыры старэйшыны, якія сядзяць перад Богам на сваіх тронах, упалі на свае абліччы і пакланіліся Богу, кажучы: Дзякуем Табе, Госпадзе Божа Усемагутны, Той, Хто ёсць, і Хто быў [і прыходзіць], бо Ты прыняў Сваю вялікую сілу і заваладарыў. І разгневаліся народы, і прыйшоў Твой гнеў і час судзіць мёртвых і даць плату Тваім слугам — прарокам, і святым, і тым, хто баіцца Твайго імя, малым і вялікім, і знішчыць тых, хто нішчыць зямлю. І быў адчынены храм Божы, які ў небе, і паказаўся каўчэг Яго запавету ў Яго храме; і былі маланкі, і галасы, і грамы, і землятрус, і вялікі град.

І паказаўся вялікі знак на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і пад яе нагамі — месяц, а на яе галаве — вянок з дванаццаці зорак, і яна мае ў лоне і крычыць ад родавых боляў і мукаў нараджэння. І паказаўся другі знак на небе; і вось, вялікі агніста-чырвоны дракон, які мае сем галоў і дзесяць рагоў, а на яго галовах — сем дыядэм, і яго хвост сцягвае трэць зорак нябесных; і ён скінуў іх на зямлю. І дракон стаў перад жанчынаю, якая мелася нарадзіць, каб, калі яна народзіць, зжэрці яе дзіця. І яна нарадзіла хлопчыка, якому належыць пасвіць усе народы жалезным жазлом; і было ўзята яе дзіця да Бога і да Яго трона. А жанчына ўцякла ў пустэльню, дзе ёсць у яе там месца, падрыхтаванае Богам, каб там кармілі яе тысячу дзвесце шэсцьдзесят дзён. І адбылася вайна ў небе: Міхаіл і яго Анёлы ваявалі з драконам27. І дракон ваяваў, і анёлы яго, але ён не адолеў28, і не знайшлося ўжо для іх месца ў небе. І быў скінуты вялікі дракон, змей старадаўні, які называецца д’яблам і сатаною, які ўводзіць у зман увесь населены абшар; ён быў скінуты на зямлю, і яго анёлы былі скінуты з ім. І я пачуў гучны голас ў небе, які казаў: Цяпер настала збавенне, і сіла, і царства нашага Бога і ўлада Яго Хрыста, бо скінуты абвінаваўца нашых братоў, які абвінавачвае іх перад нашым Богам удзень і ўночы. І яны перамаглі яго крывёю Агнеца і словам свайго сведчання, і не любілі свайго жыцця29 аж да смерці. Таму весяліцеся, нябёсы і хто жыве ў іх! Бяда зямлі і мору30, бо сышоў д’ябал да вас у вялікім гневе, ведаючы, што мала ў яго часу. І, калі дракон убачыў, што ён скінуты на зямлю, ён пачаў гнаць жанчыну, якая нарадзіла хлопчыка. І былі дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб яна ляцела ў пустэльню ў сваё месца, дзе яна кармілася там тэрмін і тэрміны і палавіну тэрміну ўдалечыні ад аблічча змея. І змей выкінуў са сваёй пашчы ўслед за жанчынаю ваду, як раку, каб яе знесла ракою. І зямля дапамагла жанчыне, і раскрыла зямля свае вусны і праглынула раку, якую дракон выкінуў са сваёй пашчы. І дракон раззлаваўся на жанчыну і пайшоў, каб весці вайну з астатнімі з яе патомства, якія выконваюць Божыя запаведзі і маюць сведчанне Ісуса.

І ён31 стаў на пяску мора. І я ўбачыў звера, які падымаўся з мора, меў дзесяць рагоў і сем галоў, і на яго рагах — дзесяць дыядэмаў, а на яго галовах — богазневажальныя імёны. І звер, якога я ўбачыў, быў падобны да леапарда, і яго ногі — як у мядзведзя, а яго пашча — як пашча льва. І дракон даў яму сваю сілу, і свой трон, і вялікую ўладу. І [ўбачыў я, што] адна з яго галоў была як бы зраненая насмерць; але яго смяротная рана была загоеная. І ўся зямля здзівілася і пайшла за зверам; і яны пакланіліся дракону, бо ён даў уладу зверу, і пакланіліся зверу, кажучы: Хто падобны да гэтага звера? І хто можа ваяваць з ім? І дадзены былі яму вусны, якія казалі пыхлівае і богазневажальнае, і дадзена яму была ўлада дзейнічаць сорак два месяцы. І ён адкрыў свае вусны для знявагі Бога, каб зневажаць Яго імя і Яго скінію [і] тых, хто жыве на небе. І дадзена было яму весці вайну са святымі і перамагчы іх; і дадзена была яму ўлада над кожным пакаленнем, і племем, і родам, і народам. І паклоняцца яму ўсе, хто жыве на зямлі, кожны, чыё імя не напісана ў кнізе жыцця Агнеца, заколатага ад стварэння свету. Калі хто мае вуха, няхай пачуе. Калі каму ў палон, ён ідзе ў палон; калі хто на забіванне мячом — мячом ён павінен быць забіты. Тут вытрываласць і вера святых. І я ўбачыў іншага звера, які падымаўся з зямлі, і ён меў два рагі, падобныя да агнецавых, і казаў, як дракон. І ён выконвае ўсю ўладу першага звера перад ім. І ён прымушае, каб зямля і тыя, хто жыве на ёй, пакланяліся першаму зверу, чыя смяротная рана была загоена. І ён творыць вялікія знакі, так што нават агонь вымушае сыходзіць з неба на зямлю перад людзьмі. І ён уводзіць у зман тых, хто жыве на зямлі праз тыя знакі, якія было дадзена яму тварыць перад зверам, кажучы тым, хто жыве на зямлі, каб яны зрабілі вобраз звера, які мае рану ад мяча і ажыў. І дадзена было яму даць дыханне вобразу звера, каб вобраз звера нават загаварыў і зрабіў, каб усе, хто не паклоніцца вобразу звера, былі забітыя. І ён робіць так, каб усім: малым і вялікім, багатым і ўбогім, вольным і рабам — далі кляймо на іх правую руку ці на іх лоб. І каб ніхто не мог ні купляць, ні прадаваць, акрамя таго, хто мае кляймо: [ці] імя звера ці лік яго імя. Тут мудрасць. Хто мае розум, няхай палічыць лік звера; бо гэта лік чалавека; і яго лік — шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць.

І я ўбачыў: і вось Агнец стаіць на гары Сіён і з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх Яго імя і імя Яго Бацькі напісаны на іх ілбах. І я пачуў голас з неба, як шум многіх водаў і як грукат моцнага грому; і голас, які я пачуў, быццам арфістаў, што іграюць на сваіх арфах. І яны спяваюць [быццам] новую песню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старэйшынамі: і ніхто не мог навучыцца гэтай песні, акрамя ста сарака чатырох тысячаў, якія выкупленыя ад зямлі. Гэта тыя, што не апаганіліся з жанчынамі: бо яны цнатлівыя. Гэта тыя, хто ідзе ўслед за Агнецам, куды б Ён ні ішоў. Яны былі выкуплены ад людзей, як першынцы Богу і Агнецу, і ў іх вуснах не было знойдзена лжы: яны беззаганныя [перад Божым тронам]. І я ўбачыў іншага Анёла, які ляцеў пасярэдзіне неба і меў вечнае Дабравесце, каб дабравесціць тым, хто жыве на зямлі: кожнаму народу, і пакаленню, і роду, і племю. І ён казаў гучным голасам: Пабойцеся Бога і ўздайце Яму славу, бо прыйшла гадзіна Яго суда; і пакланіцеся Таму, Хто стварыў неба, і зямлю, і мора, і крыніцы водаў. І іншы Анёл, другі, ішоў услед, кажучы: Упаў, упаў Вавілон вялікі, які напаіў усе народы шаленчым віном сваёй распусты! І іншы Анёл, трэці, ішоў услед за імі, кажучы гучным голасам: Калі хто пакланяецца зверу і яго вобразу і прыме кляймо на свой лоб ці на сваю руку, то і ён будзе піць ад віна лютасці Божай, неразведзенае, падрыхтаванае ў чашы Яго гневу; і ён будзе мучаны ў агні і серы перад святымі Анёламі і перад Агнецам. І дым іх мукаў падымаецца векі вечныя; і яны не маюць спакою ні ўдзень, ні ўночы — тыя, хто пакланяецца зверу і яго вобразу, і кожны, хто прымае кляймо яго імя. Тут вытрываласць святых, якія захоўваюць запаведзі Божыя і веру Ісуса. І я пачуў голас з неба, які казаў: Напішы: «З гэтага часу шчаслівыя мёртвыя, што паміраюць ў Госпадзе. Так, кажа Дух: каб яны супакоіліся ад сваіх работ; бо іх учынкі ідуць услед за імі». І я ўбачыў: і вось, белае воблака і на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага, і ў яго на галаве залаты вянок, а ў яго руцэ — востры серп. І іншы Анёл выйшаў з храма, усклікваючы гучным голасам да Таго, Хто сядзеў на воблаку: Пашлі Твой серп і пажні, бо надышла пара жаць, бо зямное жніво даспела. І Той, Хто сядзеў на воблаку, скінуў свой серп на зямлю, і зямля была пажата. І іншы Анёл выйшаў з храма, што ў небе, і ў яго таксама быў востры серп. І іншы Анёл [выйшаў] ад ахвярніка, той, які мае ўладу над агнём, і ўсклікнуў гучным голасам да таго, у каго быў востры серп, кажучы: Пашлі твой востры серп і абрэж гронкі вінаграду зямлі, бо даспелі яго ягады. І скінуў Анёл свой серп на зямлю і абрэзаў з зямной лазы і кінуў у вялікую выціскальню Божага гневу. І патапталі ягады ў выціскальні за горадам, і выйшла кроў з выціскальні аж да аброцяў коней на тысячу шэсцьсот стадый32.

І я ўбачыў іншы знак на небе, вялікі і дзіўны: сем Анёлаў, якія мелі сем напасцяў, апошніх, бо імі канчаўся гнеў Божы. І я ўбачыў як бы шкляное мора, змяшанае з агнём, і тых, хто перамог звера і яго вобраз, [і яго кляймо], і лік яго імя; яны стаялі на шкляным моры, трымаючы арфы Божыя. І яны спяваюць песню Маісея, слугі Божага, і песню Агнеца, кажучы: Вялікія і дзіўныя ўчынкі Твае, Госпадзе Божа Усемагутны, справядлівыя і праўдзівыя Твае дарогі, Цару народаў33. Хто не збаіцца [Цябе], Госпадзе, і не праславіць Твайго імя? Бо Ты адзіны святы, бо ўсе народы прыйдуць і ўпадуць ніцма перад Табою, бо адкрыліся Твае справядлівыя прысуды. І пасля гэтага я ўбачыў: і быў адчынены храм скініі сведчання на небе, і выйшлі з храма сем Анёлаў, якія мелі сем напасцяў, апранутыя ў чысты светлы лён і апаясаныя па грудзях залатымі паясамі. І адна з чатырох жывых істотаў дала сямі Анёлам сем залатых чашаў, напоўненых гневам Бога, Які жыве векі вечныя. І храм напоўніўся дымам ад славы Божай і ад Яго сілы, і ніхто не мог увайсці ў храм, пакуль не скончацца сем напасцяў сямі Анёлаў.

І я пачуў з храма гучны голас, які казаў сямі Анёлам: Ідзіце і выліце сем чашаў гневу Божага на зямлю. І пайшоў першы і выліў сваю чашу на зямлю; і ўзніклі нясцерпныя і злаякасныя раны на людзях, якія мелі кляймо звера і пакланяліся яго вобразу. І другі выліў сваю чашу ў мора: і яно зрабілася крывёю, як ў мерцвяка, і кожная жывая душа, што была ў моры, памерла. І трэці выліў сваю чашу ў рэкі і крыніцы водаў, і яны зрабіліся крывёю. І я пачуў Анёла водаў, які казаў: Праведны34 Ты, Хто ёсць і Хто быў, Святы, бо Ты прысудзіў гэта, бо яны пралілі кроў святых і прарокаў, і Ты даў ім піць кроў, яны таго вартыя. І я пачуў голас ад ахвярніка: Так, Госпадзе Божа [Усемагутны], праўдзівыя і справядлівыя Твае суды. І чацвёрты выліў сваю чашу на сонца: і дадзена было яму паліць людзей агнём. І апалены былі людзі вялікаю спёкай і зневажалі імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі напасцямі, і не пакаяліся, каб узнесці Яму славу. І пяты выліў сваю чашу на трон звера, і зрабілася яго царства змрочным, і яны кусалі языкі свае ад болю. І зневажалі Бога Нябеснага ад сваіх боляў і ад сваіх ранаў, і не пакаяліся ў сваіх учынках. І шосты выліў сваю чашу на вялікую раку Еўфрат; і высахла яе вада, каб была падрыхтавана дарога цароў, якія — ад усходу сонца. І я ўбачыў: як выходзілі з зяпы дракона, і з пашчы звера, і з вуснаў ілжэпрарока — тры нячыстыя духі, як жабы; бо гэта духі дэманаў, якія робяць знакі і выходзяць да цароў усяго населенага абшару, каб сабраць іх на вайну вялікага дня Бога Усемагутнага. Вось, прыходжу як злодзей. Шчаслівы той, хто чуйны і сцеражэ сваю вопратку, каб не хадзіць яму голым і каб не бачылі яго сораму. І ён сабраў іх на месца, якое называецца па-яўрэйску Гармагедон. І сёмы [Анёл] выліў сваю чашу на паветра: і з храма [нябеснага] ад трона зышоў гучны голас, які казаў: Збылося! І былі маланкі, і галасы, і грамы, і быў вялікі землятрус, якога не было з тае пары, як чалавек з’явіўся на зямлі, такі землятрус, такі вялікі! І вялікі горад распаўся на тры часткі, і гарады народаў палі. І вялікі Вавілон успомнены быў перад Богам, каб даць яму чашу віна лютасці Яго гневу. І кожны востраў уцёк, і гор не знайшлося. І град вялікі, велічынёю з талент, сходзіць з неба на людзей; і людзі зневажалі Бога за напасць з градам, бо яго напасць надта вялікая.

І прыйшоў адзін з сямі Анёлаў, якія мелі сем чашаў, і гаварыў са мною, і сказаў [мне]: Падыдзі, я пакажу табе суд над вялікаю распусніцай, якая сядзіць на многіх водах, з якою распуснічалі зямныя цары, і тыя, хто насяляў зямлю, ап’янелі ад віна распусты яе. І ён перанёс мяне ў духу ў пустэльню. І я ўбачыў жанчыну, якая сядзела на барвовым звяры, поўным богазневажальных імёнаў, і меў ён сем галоў і дзесяць рагоў. І жанчына была апранута ў пурпур і парфіру і пазалочаная золатам і каштоўным каменнем і перламі, і трымала ў сваёй руцэ залатую чашу, поўную брыдоты і нечыстотаў яе распусты. І на яе лбе напісана імя — таямніца: Вавілон вялікі, маці распусніц і зямной брыдоты. І я ўбачыў, што жанчына п’яная ад крыві святых і ад крыві сведак Ісусавых. І я здзівіўся, убачыўшы яе, вялікім здзіўленнем. І Анёл сказаў мне: Чаму здзівіўся? Я скажу табе таямніцу гэтай жанчыны і звера, які носіць яе і мае сем галоў і дзесяць рагоў. Звер, якога ты ўбачыў, быў, і яго няма; і ён павінен падняцца з бездані і пайсці ў пагібель; і будуць здзіўляцца тыя, хто жыве на зямлі, імёны якіх не запісаны ў кнізе жыцця ад заснавання свету, калі будуць глядзець на звера, бо ён быў і яго няма, і ён прыйдзе. Тут розум, які мае мудрасць. Сем галоў — гэта сем гор, на якіх сядзіць жанчына — і гэта сем цароў: пяцёра ўпалі, адзін ёсць, другі яшчэ не прыйшоў; а калі прыйдзе, то нядоўга яму заставацца. І звер, які быў і якога няма, ён жа — і восьмы, і ён — з сямі, і ідзе ў пагібель. А дзесяць рагоў, якія ты бачыў, гэта дзесяць цароў, якія яшчэ не атрымалі царства, але атрымаюць уладу як цары на адну гадзіну са зверам. Яны маюць адну думку, і яны даюць сілу і ўладу сваю зверу. Яны будуць весці вайну з Агнецам, і Агнец пераможа іх, бо Ён Валадар валадароў і Цар цароў, і тыя, што з Ім, — пакліканыя і выбраныя, і верныя. І ён кажа мне: Воды, якія ты ўбачыў, дзе сядзіць распусніца, — гэта людзі, і натоўпы, і народы, і роды. І дзесяць рагоў, якія ты ўбачыў, і звер — яны зненавідзяць распусніцу і спустошаць яе, і аголяць, і з’ядуць яе цела, і спаляць яе ў агні. Таму што Бог уклаў ім у сэрцы выканаць Яго волю, і выканаць адну гэту волю і аддаць іх царства зверу, пакуль не спраўдзяцца словы Божыя. І жанчына, якую ты ўбачыў, — гэта вялікі горад, які мае царства над зямнымі царамі.

Пасля гэтага я ўбачыў іншага Анёла, які сходзіў з неба і меў вялікую ўладу; і зямля асвятлілася яго славаю. І ён усклікнуў моцным голасам, кажучы: Упаў, упаў Вавілон, вялікая сталіца, і зрабілася яна селішчам дэманаў і турмой усялякага нячыстага духа і турмой усялякай нячыстай і [ненавіснай] птушкі [і турмою ўсялякага нячыстага і ненавіснага звера], бо шаленчага віна яе распусты выпілі35 ўсе народы, і зямныя цары распуснічалі з ёю, і зямныя купцы разбагацелі ад сілы яе раскошы. І я пачуў іншы голас з неба, які казаў: Выйдзі з яе, народзе Мой, каб не саўдзельнічалі вы ў яе грахах і каб не падпалі пад яе напасці, бо яе грахоў назбіралася аж да неба, і ўспомніў Бог яе няпраўды. Аддайце ёй, як і яна аддавала [вам], і падвойце [ёй] удвая паводле яе ўчынкаў. У чашы, у якой яна змешвала віно, змяшайце ёй удвая. Колькі яна праслаўляла сябе і раскашавала, гэтулькі дайце ёй мукаў і гора. Бо ў сваім сэрцы яна кажа: Сяджу царыцаю, і я не ўдава, і гора ніколі не ўбачу. Затое ў адзін дзень прыйдуць на яе напасці, смерць, і плач, і голад, і будзе яна спалена ў агні, бо магутны Госпад Бог, які асудзіў яе. І будуць плакаць і галасіць па ёй зямныя цары, якія распуснічалі і раскашавалі з ёю, калі ўбачаць дым ад яе пажару, стоячы здалёку ў страху ад яе мукаў і кажучы: Бяда, бяда, вялікі горад, Вавілоне, горад магутны, бо ў адну гадзіну прыйшоў твой суд. І зямныя купцы плачуць і бядуюць па ёй, бо іх грузу ніхто больш не купляе: грузу золата, і серабра, і каштоўнага камення, і перлаў, і вісону, і пурпуру, і шоўку, і парфіры, і ніякага духмянага дрэва, і ніякіх вырабаў са слановай косці, і ніякіх вырабаў з найкаштоўнейшага дрэва, і медзі, і жалеза, і мармуру, і карыцы, і амому, і фіміяму, і міра, і ладану, і віна, і алею, і найлепшай мукі, і пшаніцы, і быдла, і авечак, і коней, і калясніц, і целаў36, і душ37. І плады, пажаданыя для тваёй душы, адышлі ад цябе, і ўся раскоша і бляск загінулі для цябе, і іх болей ніколі не знойдуць. Гандляры гэтых тавараў, што разбагацелі ад яе, стануць здалёк у страху ад яе мукаў, плачучы і гаруючы, кажучы: Бяда, бяда, вялікая сталіца, якая была адзетая ў вісон, і пурпур, і парфіру, пазалочоная золатам, і каштоўным каменнем, і перламі, бо ў адну гадзіну было спустошана такое вялікае багацце! І кожны стырнавы і кожны, хто плыў у нейкае месца, і маракі, і ўсе, што займаліся марскім промыслам, сталі здалёку і крычалі, бачачы дым ад яе пажару, і казалі: Які горад падобны да гэтага вялікага горада? І яны пасыпалі пылам свае галовы і крычалі, плачучы і гаруючы, кажучы: Бяда, бяда, вялікая сталіца, каштоўнасцямі якой разбагацелі ўсе, хто мае караблі на моры, бо ў адну гадзіну яна была спустошана! Радуйся з гэтага, неба і святыя, і Апосталы, і прарокі, таму што здзейсніў Бог суд за вас над ёю. І адзін магутны Анёл падняў камень, як вялікі жарон, і кінуў ў мора, кажучы: З гэткаю сілай будзе скінуты Вавілон, вялікая сталіца, і ўжо ніколі не будзе знойдзены. І гучання арфістаў, і спевакоў, і флейтыстаў, і трубачоў ужо ніколі не будзе чуваць у табе, і ніводнага рамесніка ніводнага рамяства ўжо ніколі не будзе знойдзена ў табе, і гуку жорнаў ніколі больш не будзе чуваць у табе, і святло светача ўжо ніколі не будзе свяціць у табе, і голасу маладога і маладой ужо ніколі не пачуюць у табе; бо твае купцы былі вяльможамі зямлі, бо тваім чарадзействам былі ўведзены ў зман усе народы. І ў ёй была знойдзена кроў прарокаў, і святых, і ўсіх забітых на зямлі.

Пасля гэтага я пачуў як бы гучны голас вялікай грамады ў небе, які казаў: Алілуя! Збавенне, і слава, [і гонар], і сіла Богу нашаму, бо праўдзівыя і справядлівыя Яго суды; бо Ён засудзіў вялікую распусніцу, якая разбэшчвала зямлю сваёю распустаю, і Ён спагнаў за кроў Сваіх слуг ад яе рукі. І другі раз яны сказалі: Алілуя! І яе дым падымаецца векі вечныя. І дваццаць чатыры старэйшыны і чатыры жывыя істоты ўпалі і пакланіліся Богу, Які сядзіць на троне, і казалі: Амін! Алілуя! І зышоў голас ад трона, кажучы: Хваліце нашага Бога ўсе Яго слугі, [і] хто баіцца Яго, малыя і вялікія. І я пачуў як бы голас вялікай грамады і як бы шум многіх водаў і як бы грукат моцных перуноў, якія казалі: Алілуя! Бо заваладарыў Госпад Бог [наш] Усемагутны. Будзем радавацца і весяліцца і ўздадзім Яму славу, бо настала вяселле Агнеца, і Яго жонка падрыхтавала сябе, і дадзена было ёй апрануцца ў вісон светлы, чысты; бо вісон — гэта праведныя ўчынкі святых. І ён кажа мне: Напішы: «Шчаслівыя пакліканыя на шлюбную вячэру Агнеца». І кажа мне: Гэта праўдзівыя словы Божыя. І я ўпаў перад яго нагамі, каб яму пакланіцца. І ён кажа мне: Глядзі, не рабі гэтага. Я слуга разам з табою і з тваімі братамі, якія маюць сведчанне Ісусава. Богу пакланіся. Бо сведчанне Ісусава — дух прароцтва. І я ўбачыў расчыненае неба, і вось конь белы, і Той, Хто сядзіць на ім, [завецца] Верны і Праўдзівы, і Ён справядліва судзіць і ваюе. Вочы ж Яго [як] полымя агню, і на Яго галаве шмат дыядэмаў, Ён мае напісанае імя, якога ніхто не ведае, акрамя Яго Самога. І апрануты Ён у адзенне, акунутае ў кроў, а Яго імя названа: Слова Божае. І войскі, якія ў небе, ішлі ўслед за Ім на белых конях, апранутыя ў вісон, белы [і] чысты. І з Яго вуснаў выходзіць востры меч, каб ім разбіваць народы, і Ён будзе пасвіць іх жалезным жазлом; і Ён топча выціскальню віна лютасці гневу Бога Усемагутнага. І на вопратцы і на сцягне ў Яго напісана імя: Цар цароў і Валадар валадароў. І я ўбачыў аднаго Анёла, які стаяў у сонцы, і ён крыкнуў гучным голасам, кажучы ўсім птушкам, якія лёталі пасярэдзіне неба: Сюды, збірайцеся на вялікую вячэру Божую, каб з’есці целы цароў, і целы тысячаначальнікаў, і целы магнатаў, і целы коней, і хто сядзіць на іх, і целы ўсіх: і вольных, і рабоў, і малых, і вялікіх. І я ўбачыў звера і зямных цароў і іх войскі, сабраныя, каб весці вайну з Тым, Хто сядзіць на кані, і Яго войскам. І схоплены быў звер і з ім ілжэпрарок, які рабіў перад ім знакі, якімі ўводзіў у зман тых, хто прыняў кляймо звера, і тых, хто пакланяўся яго вобразу; яны абодва жывымі былі кінуты ў агнявое возера, якое гарэла сераю. А астатнія былі забітыя мячом, што выходзіў з вуснаў Таго, Хто сядзіць на кані, і ўсе птушкі наеліся іх целаў.

І я ўбачыў Анёла, што сходзіў з неба і меў ключ ад бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ. І ён схапіў дракона, старадаўняга змея, які ёсць д’ябал і сатана, і скаваў яго на тысячу гадоў, і кінуў яго ў бездань, і замкнуў яго, і паклаў над ім пячатку, каб ён не ўводзіў у зман больш народы, пакуль не скончыцца тысяча гадоў; пасля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час. І я ўбачыў троны, і тых, што селі на іх, — і ім была дадзена ўлада судзіць, — і душы абезгалоўленых за сведчанне Ісуса і за слова Божае, і тых, што не пакланіліся ні зверу, ні яго вобразу, і не прынялі кляйма на свой лоб і на сваю руку. І яны ажылі і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў. Астатнія з мёртвых не ажылі, пакуль не скончыцца тысяча гадоў. Гэта — першае ўваскрэсенне. Шчаслівы і святы, хто мае ўдзел у першым уваскрэсенні; над ім другая смерць не мае ўлады, але яны будуць Божымі і Хрыстовымі святарамі і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў. І калі скончыцца тысяча гадоў, будзе вызвалены сатана са сваёй турмы, і выйдзе, каб уводзіць у зман народы на чатырох краях зямлі, Гога і Магога, каб сабраць іх на вайну, лік іх — як марскі пясок. І яны ўзышлі на шырыню зямлі і аблажылі стан святых і ўлюбёны горад, і сышоў агонь з неба [ад Бога] і паглынуў іх. І д’ябал, які зводзіў у зман іх, быў кінуты ў агнявое і сернае возера, дзе таксама звер і лжэпрарок, і будуць яны мучыцца ўдзень і ўночы векі вечныя. І я ўбачыў вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякалі зямля і неба, і не знайшлося ім месца. І я ўбачыў мёртвых, вялікіх і малых, якія стаялі перад тронам38, і былі разгорнуты скруткі; і іншы скрутак быў разгорнуты, гэта — кніга жыцця, і мёртвыя былі суджаны, згодна з напісаным у скрутках, паводле сваіх учынкаў. І мора аддало мёртвых, якія былі ў ім, і смерць і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх, і суджаны быў кожны паводле сваіх учынкаў. І смерць і пекла былі кінуты ў возера агнявое. Гэта — другая смерць, агнявое возера. І, калі хто не быў знойдзены запісаным ў кнізе жыцця, той быў кінуты ў агнявое возера.

І я ўбачыў новае неба і новую зямлю; бо першае неба і першая зямля адышлі, і мора ўжо няма. І я [Іаан] убачыў святы горад, Новы Іерусалім, які сходзіў з неба ад Бога, падрыхтаваны, як маладая, прыбраная для свайго мужа. І я пачуў гучны голас з трона39, што казаў: Вось, скінія Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі, і яны будуць Яго народам, і Сам Бог будзе з імі [іх Богам]. І Ён сатрэ кожную слязу з іх вачэй; і смерці ўжо не будзе; і не будзе больш ні плачу, ні крыку, ні болю, [бо] ранейшае адышло. І сказаў Той, Хто сядзіць на троне: Вось, Я раблю ўсё новае. — І кажа: Напішы, таму што гэтыя словы верныя і праўдзівыя. І сказаў мне: Яны спраўдзіліся! Я — Альфа і Амега, Пачатак і Канец. Сасмягламу Я дам задарма з крыніцы вады жыцця. Пераможац атрымае ў спадчыну гэта40, і Я буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам. А баязлівых, і няверных, і агідных, і забойцаў, і распуснікаў, і чарадзеяў, і ідаласлужак, і ўсіх ілгуноў — іх доля ў возеры, якое гарыць агнём і серай; гэта — другая смерць. І прыйшоў [да мяне] адзін з сямі Анёлаў, у якіх было сем чашаў, напоўненых сямю апошнімі напасцямі, і гаварыў са мной, і сказаў: Падыдзі, я пакажу табе маладую, жонку Агнеца. І ён узнёс мяне ў духу на вялікую і высокую гару і паказаў мне святы горад Іерусалім, што сходзіў з неба ад Бога і меў славу Божую; ззянне яго падобнае да найкаштоўнейшага каменя, як бы да каменя яспісу, чыстага, як крышталь. Ён меў вялікую і высокую сцяну, меў дванаццаць брамаў, і пры брамах дванаццаць Анёлаў, і напісаныя імёны; гэта — імёны дванаццаці плямёнаў сыноў Ізраілевых; з усходу тры брамы, і з поўначы тры брамы, і з поўдня тры брамы, і з захаду тры брамы. І сцяна горада мае дванаццаць асноў, і на іх дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Агнеца. І той, хто гаварыў са мною, меў мерны залаты шост, каб змераць горад, і яго брамы, і яго сцяну. І горад размешчаны чатырохкутнікам, і даўжыня яго такая ж, як [і] шырыня. І ён змераў горад шастом на дванаццаць тысяч стадый41: даўжыня, і шырыня, і вышыня яго роўныя. І змераў яго сцяну: сто сорак чатыры локці42, мераю чалавечай, якая ёсць і Анёлавай. І яго сцяна пабудавана з яспісу, а горад — чыстае золата, падобнае да чыстага шкла. Асновы гарадской сцяны ўпрыгожаны ўсялякім каштоўным каменнем: першая аснова — яспіс, другая — сапфір, трэцяя — халкідон, чацвёртая — смарагд, пятая — сардонікс, шостая — сердалік, сёмая — хрызаліт, восьмая — берыл, дзевятая — тапаз, дзесятая — хрызапраз, адзінаццатая — гіяцынт, дванаццатая — аметыст. І дванаццаць брамаў — дванаццаць перлаў: кожная брама была з аднаго перла. І вуліца горада — чыстае золата, як празрыстае шкло. А храма я не ўбачыў у ім; бо яго храм — Госпад Бог Усемагутны і Агнец. І горад не мае патрэбы ні ў сонцы, ні ў месяцы, каб яны свяцілі яму; бо слава Божая асвятліла яго, і светач яго — Агнец. І [выратаваныя] народы будуць хадзіць у яго святле, і зямныя цары прынясуць у яго сваю славу. І яго брамы ніколі не будуць замыкацца ўдзень, бо ночы нам не будзе; і прынясуць у яго славу і гонар народаў. І не ўвойдзе ў яго нічога нячыстага, і ні той, хто чыніць брыдоту і хлусню, а толькі тыя, хто запісаныя ў кнізе жыцця ў Агнеца.

І паказаў мне [чыстую] раку вады жыцця, светлую, як крышталь, што выходзіла ад трона Бога і Агнеца. Пасярэдзіне яго вуліцы, і па гэты, і па той бок ракі — дрэва жыцця, якое родзіць дванаццаць разоў, штомесяц дае свой плод, а лісце дрэва для вылечвання народаў. І ўжо не будзе ніякага пракляцця. І будзе ў ім трон Бога і Агнеца, і Яго слугі будуць служыць Яму, будуць бачыць Яго аблічча, і Яго імя будзе на іх ілбах. І ночы ўжо не будзе, і не маюць яны патрэбы ў святле светача і ў святле сонца, таму што Госпад Бог будзе свяціць на іх, і яны будуць валадарыць векі вечныя. І ён сказаў мне: Гэтыя словы верныя і праўдзівыя, і Госпад, Бог духаў43 прарокаў, паслаў Свайго Анёла паказаць Сваім слугам, што павінна адбыцца неўзабаве. І вось, Я прыходжу хутка. Шчаслівы той, хто трымаецца слоў прароцтва гэтай кнігі. І я, Іаан, той, хто чуе і бачыць гэта. І калі я пачуў і ўбачыў, я ўпаў, каб пакланіцца да ног Анёла, які паказваў мне гэта. І ён кажа мне: Глядзі, не рабі гэтага: я — слуга разам з табою і тваімі братамі — прарокамі і тымі, хто выконвае словы гэтай кнігі. Богу пакланіся. І ён кажа мне: Не кладзі пячаткі на словы прароцтва гэтай кнігі, бо час блізкі. Несправядлівы хай яшчэ робіць няпраўду, і нячысты хай яшчэ нячысціцца, але справядлівы няхай і далей робіць праўду, і святы няхай больш асвячаецца. Вось, Я прыходжу хутка, і Мая плата са Мною, каб даць кожнаму паводле таго, якая яго работа. Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец. Шчаслівыя тыя, хто абмывае свае шаты44, каб мець ім права на дрэва жыцця і ўвайсці праз брамы ў горад. А звонку — сабакі, і чарадзеі, і распуснікі, і забойцы, і ідаласлужкі, і ўсе тыя, хто любіць і чыніць няпраўду. Я, Ісус, паслаў Майго Анёла, каб засведчыць вам гэта ў цэрквах. Я — корань і атожылак Давідаў, зорка светлая, ранішняя. І Дух і маладая кажуць: Прыйдзі! — І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І хто сасмяглы, няхай прыходзіць; хто хоча, няхай задарма бярэ ваду жыцця. [І] я сведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва гэтай кнігі: калі хто дадасць нешта да іх, на таго накладзе Бог напасці, якія запісаны ў гэтай кнізе, і калі хто адыме ад слоў кнігі гэтага прароцтва, адыме Бог яго долю ад дрэва жыцця45 і ад святога горада, пра якія напісана ў гэтай кнізе. Сведка гэтага кажа: Так, прыходжу хутка. — Амін, [так] прыйдзі, Госпадзе Ісусе! Ласка Госпада [нашага] Ісуса [Хрыста] няхай будзе з усімі [вамі. Амін].


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.