Библия › Сёмухі › Амоса

Амоса

Словы Амоса, аднаго пастуха Тэкойскага, якія ён чуў ва ўяве пра Ізраіля ў дні Азіі, цара Юдэйскага і ў дні Ераваама, сына Ёасавага, цара Ізраільскага, за два гады перад землятрусам. І сказаў ён: Гасподзь загрыміць зь Сіёна і дасьць голас Свой зь Ерусаліма, — і заплачуць халупы пастухоў, і высахне вяршыня Карміла. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Дамаска і за чатыры не пашкадую яго, бо яны малацілі Галаад жалезнымі цапамі. І пашлю агонь на дом Азаіла, — і зжарэ ён харомы Вэнадада. І скрышу замкі Дамаска і зьнішчу жыхароў даліны Авэн і таго, хто трымае жазло — з дому Эдэнавага, і пойдзе народ Арамейскі ў палон у Кір, кажа Гасподзь. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Газы і за чатыры не пашкадую яе, бо яны вывелі ўсіх у палон, каб аддаць іх Эдому. І пашлю агонь у сьцены Газы, — і зжарэ харомы яе. І зьнішчу жыхароў Азота і таго, які трымае жазло ў Аскалоне, і павярну руку Маю на Экрон, — і загіне рэшта Філістымлянаў, кажа Гасподзь Бог. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Тыра і за чатыры не пашкадую яго, бо яны аддалі ўсіх палонных Эдому і не згадалі пра братэрскае спрымірэньне. Пашлю агонь у сьцены Тыра, — і зжарэ харомы яго. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Эдома і за чатыры не пашкадую яго, бо ён перасьледаваў брата свайго мечам, прыдушыў пачуцьці роднасьці, лютаваў пастаянна ў гневе сваім і заўсёды захоўваў лютасьць сваю. І пашлю агонь на Тэман, — і зжарэ харомы Васора. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы сыноў Амонавых і за чатыры не пашкадую іх, бо яны расьціналі цяжарных у Галаадзе, каб пашырыць межы свае. І запалю агонь у сьценах Равы, — і зжарэ харомы яе сярод крыку ў дзень бітвы, зь віхураю ў дзень буры. І пойдзе цар іхні ў палон, ён і князі ягоныя разам зь ім, кажа Гасподзь.

Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Маава і за чатыры не пашкадую яго, бо ён перапаліў косткі цара Эдомскага на вапну. І пашлю агонь на Маава, — і зжарэ харомы Карыота, і загіне Мааў сярод разгрому з шумам пад гук трубы. Зьнішчу судзьдзю з асяродзьдзя яго і ўсьмерчу ўсіх князёў яго разам зь ім, кажа Гасподзь. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Юды і за чатыры не пашкадую яго, бо адкінулі закон Гасподні і пастановаў Яго не захавалі, і ідалы іхнія, сьледам за якімі хадзілі бацькі іхнія, зьвярнулі іх з дарогі. І пашлю агонь на Юду, — і зжарэ харомы Ерусаліма. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Ізраіля і за чатыры не пашкадую яго, бо прадаюць праўдзівага за срэбра і беднага — за пару сандаляў. Прагнуць, каб пыл зямны быў на галаве ў бедных, і шлях паслухмяных скрыўляюць; нават бацька і сын ходзяць да адной жанчыны, каб няславіць сьвятое імя Маё. На вопратцы, узятай пад заклад, ляжаць каля кожнага ахвярніка, і віно, спаганянае з абвінавачаных, п’юць у доме багоў сваіх. А Я зьнішчыў перад абліччам іх Амарэя, вышыня якога была як вышыня кедра, і які быў моцны як дуб; Я зьнішчыў плод яго наверсе і карэньне яго ўнізе. А вас Я вывеў зь зямлі Егіпецкай і вадзіў вас у пустыні сорак гадоў, каб вы ўспадкавалі зямлю Амарэйскую. З сыноў вашых Я выбіраў у прарокі і з хлопцаў вашых — у назарэі; ці ж ня так гэта, сыны Ізраіля? кажа Гасподзь. А вы назарэяў паілі віном і прарокам загадвалі, кажучы: не прарочце. Вось, Я прыцісну вас, як цісьне калясьніца, накладзеная снапамі, — і ва ўвішнага ня станецца сілы бегчы, і моцны ня ўтрымае крэпасьці сваёй і адважны не ўратуе свайго жыцьця, ні стралец з лука ня ўстоіць, ні скараход не ўцячэ, ні кожны верхавец не ўратуе свайго жыцьця. І самы адважны з адважных уцячэ голы ў той дзень, кажа Гасподзь.

Слухайце слова гэтае, якое Гасподзь прамовіў на вас, сыны Ізраіля, — на ўсё племя, якое вывеў Я зь зямлі Егіпецкай, — кажучы: толькі вас прызнаў Я з усіх плямёнаў зямлі, таму і спаганю з вас за ўсе беззаконьні вашыя. Ці пойдуць двое разам, не згаварыўшыся паміж сабою? Ці раве леў у лесе, калі няма перад ім здабычы? ці падае свой голас ільвяня з логвішча свайго, калі ёяно нічога не злавіла? Ці трапіць птушка ў пятлю на зямлі, калі сіла няма ёй? Ці падымецца зь зямлі пятля, калі нічога ня трапіла ў яе? Ці трубіць у горадзе труба, — і каб народ не спалохаўся? Ці бывае ў горадзе бедства, якое не Гасподзь наслаў бы? Бо Гасподзь Бог нічога ня робіць, не адкрыўшы сваёй таямніцы рабам Сваім, прарокам. Леў пачаў рыкаць, хто не здрыганецца? Гасподзь Бог сказаў, хто ня будзе прарочыць? Абвясьцеце на дахах у Азоце і на дахах у зямлі Егіпецкай і скажэце: зьбярэцеся на горы Самарыі і паглядзеце на вялікае бясчынства ў ёй і на ўціскі сярод яе. Яны ня ўмеюць чыніць справядліва, кажа Гасподзь: гвалтам і рабункам зьбіраюць скарбы ў харомы свае. Таму так кажа Гасподзь Бог: вось няпрыяцель, і прытым вакол усёй зямлі! ён скіне магутнасьць тваю, і абабраны будуць харомы твае. Так кажа Гасподзь: як часам пастух вырывае з пашчы ільвінай дзьве галені альбо частку вуха, так уратаваныя будуць сыны Ізраілевыя, якія сядзяць у Самарыі ў кутку пасьцелі і ў Дамаску на ложку. Слухайце і засьведчыце дому Якава, кажа Гасподзь Бог, Бог Саваоф. Бо ў той дзень, калі Я спаганю зь Ізраіля за злачынствы ягоныя, спаганю і за ахвярнікі ў Вэтылі, — адцятыя будуць рогі алтара і ўпадуць на зямлю. І пакараю дом зімовы разам з домам летнім, і зьнікнуць дамы з украсамі са слановай касьці, і ня стане многіх дамоў, кажа Гасподзь.

Слухайце слова гэтае, цяляты Васанскія, якія на гары Самарыйскай, — вы, што ўціскаеце бедных, прыгнятаеце гаротных, кажаце гаспадарам сваім: «падавай, і мы будзем піць!» Бажыўся Гасподзь Бог сьвятасьцю Сваёю, што вось, прыйдуць на вас дні, калі павалакуць вас бусакамі і астатніх вашых вудамі. І праз праломіны ў мурах выйдзеце, кожнае — як станецца, і кінеце ўсё ўбранства харомаў, кажа Гасподзь. Ідзеце ў Вэтыль — і грашэце, у Галгал — і памнажайце злачынствы; прыносьце ахвяры вашыя кожнае раніцы, дзесяціны вашыя хоць праз кожныя тры дні. Прыносьце ў ахвяру падзяку квасную, узьвяшчайце пра дабраахвотныя прынашэньні вашыя і расказвайце пра іх, бо гэта вы любіце, сыны Ізраілевыя, кажа Гасподзь Бог. Затое і даў Я вам голыя зубы ва ўсіх гарадах вашых і нястачу хлеба ва ўсіх селішчах вашых; але вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь. І стрымліваў ад вас дождж за тры месяцы да жніва; праліваў дождж на адзін горад, а на другі горад не праліваў дажджу; адна дзялянка напойваная была дажджом, а другая, не пакропленая дажджом, засыхала. І сыходзіліся два, тры гарады ў адзін горад, каб напіцца вады, і не маглі ўдосыць напіцца; але і тады вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь Бог. Я пакараю вас іржою і блякласьцю хлеба; мноства садоў вашых і вінаграднікаў вашых, і смакоўніц вашых і масьлін вашых пажыраў вусень, — і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь. Пасылаў Я на вас згубную пошасьць, падобную на Егіпецкую, забіваў мечам хлопцаў вашых, адводзячы коней у палон, так што смурод ад сыноў вашых падымаўся ў ноздры вашыя, — і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь. Чыніў Я сярод вас разбурэньні, як разбурыў Бог Садому і Гамору, і вы былі выхапленыя, як галавешка з агню, — і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь. Таму так зраблю Я з табою, Ізраіле; і як Я так зраблю з табою, дык падрыхтуйся да сустрэчы Бога твайго, Ізраіле, бо вось, — Ён, Які стварае горы і творыць вецер і абвяшчае чалавеку намеры ягоныя, ранішняе сьвятло абарочвае ў морак і крочыць вышэй зямлі. Гасподзь Бог Саваоф — імя Яму.

Слухайце гэтае слова, у якім я падыму плач па вас, дом Ізраілеў. Упала, не ўстае болей дзева Ізраілева! павалена на зямлі сваёй, і няма каму падняць яе. бо так кажа Гасподзь Бог: горад, які выступаў з тысячаю, застанецца толькі з сотняю, і які выступіў з сотняю, застанецца зь дзясяткам каля дома Ізраілевага. Бо так кажа Гасподзь Бог дому Ізраілеваму: знайдзеце Мяне — і будзеце жывыя. Ня шукайце Вэтыля і не хадзеце ў Галгал і ў Вірсавію не вандруйце, бо Галгал увесь пойдзе ў палон і Вэтыль абернецца ў нішто. Знайдзеце Госпада — і будзеце жывыя, каб Ён не памкнуўся на дом Язэпаў як агонь, які зжарэ яго, і ня будзе каму патушыць яго ў Вэтылі. О вы, якія суд ператвараеце ў атруту і праўду кідаеце на зямлю! Хто стварыў сямізор’е і Арыён і ператварае сьмяротны цень у ясную раніцу, а дзень робіць цёмным як ноч, заклікае воды марскія і разьлівае іх па ўлоньні зямлі? Гасподзь — імя Яму! Ён мацуе спусташальніка супроць дужага, і спусташальнік уваходзіць у крэпасьць. А яны ненавідзяць выкрывальніка ў браме і грэбуюць тым, хто кажа праўду. Дык вось, за тое, што вы топчаце беднага і бераце зь яго дарункі хлебам, вы пабудуеце дамы з часанага каменьня, але жыць ня будзеце ў іх; разьведзяце цудоўныя вінаграднікі, а віна зь іх ня піцьмеце. Бо Я ведаю, якія шматлікія злачынствы вашыя і якія цяжкія грахі вашыя: вы — ворагі справядлівага, бераце хабар і перакручваеце ў судзе справы бедных. Таму разумны маўчыць гэтым часам, бо ліхі гэты час. Шукайце дабра, а ня ліха, каб засталіся вы жывыя, — і тады Гасподзь Бог Саваоф будзе з вамі, як вы кажаце. Зьненавідзьце зло і палюбеце дабро і аднавеце каля брамы правасудзьдзе; магчыма, Гасподзь Бог Саваоф пашкадуе рэшту Язэпавую. Таму так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Усяўладны: на ўсіх вуліцах будзе плач, і на ўсіх дарогах будуць усклікаць: жаль, жаль! і заклічуць земляробы бедаваць і спанатраных у жалобных песьнях — плакаць, і ва ўсіх вінаградніках будзе плач, бо Я прайду сярод Цябе, кажа Гасподзь. Гора тым, якія жадаюць дня Гасподняга! Навошта вам гэты дзень Гасподні? ён — цемра, а не сьвятло, — тое самае, як калі б хто ўцёк ад ільва — і трапіўся б яму насустрач мядзьведзь, альбо калі б прыйшоў дахаты і абаперся рукою аб сьцяну — і зьмяя ўкусіла б яго. Хіба дзень Гасподні ня морак, а сьвятло? ён — цемра, і няма ў ім зьзяньня. Ненавіджу, адкідаю сьвяты вашыя і ня нюхаю ахвяр у час урачыстых сходаў вашых. Калі прынесяце Мне цэласпаленьне і хлебнае прынашэньне, Я ня прыму іх і не пагляджу на падзякавальную ахвяру з тлустых цяльцоў вашых. Адвядзі ад Мяне шум песьняў тваіх, бо гукаў гусьляў тваіх Я ня буду слухаць. Хай як вада цячэ суд, і праўда — як моцны паток! Ці прыносілі вы Мне ахвяры і хлебныя дарункі ў пустыні ў ходзе сарака гадоў, дом Ізраілеў? Вы насілі скінію Малохавую і зоркі бога вашага Рэмфана, выявы, якія вы сабе зрабілі. За тое Я перасялю вас за Дамаск, кажа Гасподзь; Бог Саваоф — імя Яму!

Гора бястурботным на Сіёне і спадзявальцам на гару Самарыйскую, знакамітым народу-першынца, да якіх прыходзіў дом Ізраіля! Прайдзеце ў Калне і паглядзеце, адтуль перайдзеце ў Эмат вялікі і спусьцецеся ў Гэт Філістымскі: ці ня лепшыя яны за гэтыя царствы? ці ня шырэйшыя іх абшары за абшары вашыя? Вы, якія дзень бедства лічыце далёкім і набліжаеце перамогу насільля, — вы, якія ляжыце на ложках з слановай касьці і песьціцеся на пасьцелях вашых, ясьце найлепшых бараноў са статку і цялят з кормнае пашы, сьпяваеце пад гукі гусьляў, думаючы, што валодаеце зычным інструментам, як Давід. п’яце з чараў віно, мажацеся найлепшымі масьцямі і ня ўбольваецеся зь бедства Язэпа! За тое сёньня пойдуць яны ў палон на чале палонных, і скончыцца вялікая радасьць сьпешчаных. Божыцца Гасподзь Бог Самім Сабою, і так кажа Гасподзь Бог Саваоф: грэбую пыхлівасьцю Якава і ненавіджу харомы ягоныя, і аддам горад і ўсё, што напаўняе яго. І будзе: калі ў якім доме застанецца дзесяць чалавек, дык памруць і яны, і возьме іх родзіч іхні альбо спальшчык, каб вынесьці косткі іх з дому, і скажа прыдомніку: «ці ёсьць у цябе яшчэ хто?» Той адкажа: «няма нікога». І скажа гэты: «маўчы! бо нельга згадваць імя Гасподняга». Бо вось, Гасподзь дасьць загад і ўразіць вялікія дамы расколінамі, а малыя дамы — шчылінамі. Ці бегаюць коні па скале? ці можна араць яе валамі? Вы тым часам суд ператвараеце ў атруту і плод праўды — у горыч, вы, якія захапляецеся нікчэмнымі рэчамі і кажаце: «ці не сваёю сілаю мы набылі сабе магутнасьць?» Вось Я, кажа Гасподзь Бог Саваоф, падыму народ супроць вас, дом Ізраілеў, і буду ціснуць вас ад уваходу ў Эмат да патока ў пустыні.

Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, Ён стварыў саранчу на пачатку росту позьняй травы, і гэта была трава пасьля царскага пакосу. І было, калі яна скончыла есьці траву на зямлі, я сказаў: Госпадзе Божа! пашкадуй; як устаіць Якаў? ён вельмі малы. І пашкадаваў Гасподзь пра тое: «ня будзе гэтага», сказаў Гасподзь. Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, Гасподзь Бог утварыў для суду агонь, — і ён зжэр вялікую багну, зжэр і частку зямлі. І сказаў я: Госпадзе Божа! спыні; як устаіць Якаў? ён вельмі малы. І пашкадаваў Гасподзь пра тое: «і гэтага ня будзе», сказаў Гасподзь Бог. Такую ўяву адкрыў Ён мне: вось, Гасподзь стаяў на выноснай сьцяне, і ў руцэ ў яго сьвінцовая вага. І сказаў мне Гасподзь: «што ты бачыш, Амосе?», я адказаў: «вагу». І Гасподзь сказаў: «вось, пакладу вагу сярод народу майго Ізраіля; ня буду больш дараваць яму. І спустошаны будуць ахвярныя вышыні Ісакавыя, і разбураны будуць сьвяцілішчы Ізраілевыя, і паўстану зь мечам супроць дому Ераваамавага». І паслаў Амасія, сьвятар Вэтыльскі, да Ераваама, цара Ізраільскага, сказаць: Амос утварае смуту супроць цябе сярод дому Ізраілевага; зямля ня можа цярпець усіх слоў ягоных, бо так кажа Амос: ад меча памрэ Ераваам, а Ізраіль абавязкова зьведзены будзе палонным зь зямлі сваёй. І сказаў Амасія Амосу: празорлівец! ідзі і сыдзі ў зямлю Юдавую; там еж хлеб і там прароч, а ў Вэтылі больш не прароч, бо ён — сьвятыня цара і дом царскі. І адказваў Амос і сказаў Амасію: я — не прарок і ня сын прарока, я быў пастух і зьбіраў сікаморы. Але Гасподзь узяў мяне ад авечак, і сказаў мне Гасподзь: ідзі, прароч народу Майму Ізраілю. Цяпер выслухай слова Гасподняе. Ты кажаш: не прароч на Ізраіля і не вымаўляй слоў на дом Ісакаў. За гэта, вось што кажа Гасподзь: жонка твая будзе зьняслаўлена ў горадзе, сыны і дочкі твае загінуць ад меча, зямля твая будзе падзелена межавою вяроўкаю, а ты памрэш у зямлі нячыстай, і Ізраіль мусова выведзены будзе зь зямлі сваёй.

Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, кош са сьпелымі пладамі. І сказаў Ён: што ты бачыш, Амосе? Я адказаў: кош са сьпелымі пладамі. Тады Гасподзь сказаў мне: насьпеў канец народу Майму Ізраілю: ня буду болей дараваць яму. Песьні хорама ў той дзень ператворацца ў галашэньне, кажа Гасподзь Бог; многа будзе трупаў, на кожным месцы будуць кідаць іх моўчкі. Выслухайце гэта, хто прагне праглынуць бедных і загубіць убогіх, — вы, якія кажаце: некалісь прыйдзе час маладзіка, каб мы прадавалі хлеб, і субота — каб адчыніць засекі, паменшыць меру, павялічыць цану сікля і ашукваць няправільнымі вагамі, каб купляць немаёмасных за срэбра і бедных за пару абутку, а высеўкі з хлеба прадаваць. Бажыўся Гасподзь славаю Якава: сапраўды не забуду вавек ніводнага з учынкаў іхніх! Ці не пахісьнецца ад гэтага зямля, і ці не заплача кожны, хто жыве на ёй? Захвалюецца яна як рака, і будзе падымацца і апускацца як рака Егіпецкая. І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Бог: учыню заход сонца апоўдні і азмрочу зямлю сярод сьветлага дня, і абярну сьвяткаваньні вашыя ў бедаваньні і ўсе песьні вашы — у плач, і ўскладу на ўсе сьцёгны вярэту і плешыну на кожную галаву; і ўчыню ў краіне плач, як па адзіным сыне, і канец яе будзе — як горкі дзень. Вось настаюць дні, кажа Гасподзь Бог, калі Я пашлю на зямлю голад, — ня голад хлеба, ня смагу вады, а смагу чуцьця слоў Гасподніх. І будуць хадзіць ад мора да мора і бадзяцца ад поўначы да ўсходу, шукаючы слова Гасподняга, і ня знойдуць яго. У той дзень раставаць будуць ад смагі прыгожыя дзяўчаты і хлопцы, якія божацца грахом Самарыйскім і кажуць: жывы Бог твой, Дане! і жывы шлях у Вірсавію! — Яны ўпадуць і ўжо ня ўстануць.

Бачыў я Госпада, Які стаяў над ахвярнікам, і Ён сказаў: стукні ў бэльку над варотамі, каб патрэсьліся вушакі, і абярні іх на галовы ўсіх іх, а астатніх зь іх Я паб’ю мечам: не ўцячэ ў іх ніхто, хто бяжыць, і не ўратуецца зь іх ніхто, хто жадае ўратавацца. Хоць бы яны зачыніліся ў апраметную, і адтуль рука Мая возьме іх; хоць бы ўзышлі на неба, і адтуль скіну іх. І хоць бы яны схаваліся на вяршыні Карміла, і там знайду і вазьму іх; хоць бы схаваліся ад вачэй Маіх на дне мора, і там загадаю марскому зьмею ўгрызьці іх. І калі пойдуць у палон паперадзе ворагаў сваіх, дык загадаю мечу і там забіць іх. Абярну на іх вочы Мае на бяду ім, а не на дабро. Бо Гасподзь Бог Саваоф дакранецца да зямлі, — і яна растане, і заплачуць усе жывыя на ёй; і падымецца ўся яна як рака, і апусьціцца Як рака Егіпецкая. Ён зладзіў вышнія харомы Свае на нябёсах і скляпеньне Сваё ўмацаваў на зямлі, заклікае воды марскія і вылівае іх па ўлоньні зямлі; Гасподзь — імя Яму. Ці не такія, як сыны Эфіопаў, і вы для Мяне, сыны Ізраілевыя? кажа Гасподзь. Ці ня Я вывеў Ізраіля зь зямлі Егіпецкай і Філістымлянаў — з Кафтора і Арамлянаў — з Кіра? Вось, вочы Госпада Бога — на грэшнае царства, і Я зьнішчу яго з аблічча зямлі; але дом Якава ня зусім зьнішчу, кажа Гасподзь. Бо вось, Я загадаю і рассыплю дом Ізраілеў па ўсіх народах, як рассыпаюць зерне ў рэшаце, і ніводнае не ўпадзе на зямлю. Ад меча памруць усе грэшнікі з народу Майго, якія кажуць: «не спасьцігне нас і ня прыйдзе да нас гэтае бедства!» У той дзень Я аднаўлю скінію Давідавую заняпалую, што ўпала, зачыню трэшчыны ў ёй і разбуранае адбудую, і зладжу яе, як у дні старадаўнія, каб яны авалодалі рэштай Эдома і ўсімі народамі, паміж якімі абвесьціце імя Маё, кажа Гасподзь, Які творыць усё гэта. Вось, настануць дні, кажа Гасподзь, калі араты застане яшчэ жняца, а той, таптальнік вінаграду, — сейбіта; і горы крынічыць будуць вінаградным сокам, і ўсе пагоркі пацякуць. І вярну з палону народ Мой, Ізраіля, і забудуць апусьцелыя гарады і паселяцца ў іх, насадзяць вінаграднікі і будуць піць віно зь іх, разьвядуць сады і пачнуць есьці плады зь іх. І асялю іх на зямлі іхняй і іх ня будуць болей вырываць зь зямлі іхняй, якую Я даў ім, кажа Гасподзь Бог твой.


Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.