Якаў, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, дванаццаці родам, якія ў расьсеяньні, — радавацца! Зь вялікай радасьцю прымайце, браты мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні, ведаючы, што выпрабаваньне вашай веры робіцца цярплівасьцю, а цярплівасьць павінна мець дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалыя ва ўсёй паўнаце, бязь ніякай пахібы. Калі ж каму-небудзь з вас не хапае мудрасьці, хай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і без дакораў, — і дасца яму. Але няхай просіць зь вераю, і зусім не сумняваецца, бо хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер; Хай не спадзяецца такі чалавек атрымаць што-небудзь ад Госпада. Чалавек двудушны — ня цьвёрды на ўсіх шляхах сваіх. Хай славіцца пакорлівы брат у высокасьці сваёй, а багаты ў пакоры сваёй, бо ён мінецца, бы краска ў траве: узыходзіць сонца, настае сьпёка, і высушвае траву, краска яе ападае, прападае хараство яе; так вяне і багаты ў шляхах сваіх. Дабрашчасны чалавек, які вытрывае выпрабаваньне, бо пасьля выпрабаваньня ён атрымае вянок жыцьця, які паабяцаў Гасподзь тым, хто любіць Яго. У выпрабаваньні ніхто хай ня кажа: «Бог мяне спакушае»; Бог бо не спакушаецца злом і сам не спакушае нікога, а кожны спакушаецца, калі ваблены і наджаны сваім пажаданьнем; а пажаданьне, зачаўшы, родзіць грэх, а ўчынены грэх родзіць сьмерць. Не ашуквайце сябе, браты мае любасныя: Усякае даньне добрае і ўсякі дар дасканалы зыходзіць згары, ад Айца сьвятла, у Якога няма перамены, ані ценю пераменнасьці. Захацеўшы, спарадзіў Ён нас словам ісьціны, каб сталіся мы нейкім пачаткам Ягоных твораў. Дык вось, браты мае любасныя, кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханьні, марудлівы ў словах, марудлівы ў гневе; бо гнеў чалавечы ня творыць праўды Божай. Таму, адклаўшы ўсялякую нячыстасьць і лішнюю злосьць, у пакоры прымеце пасеянае ў вас слова, якое можа ўратаваць вашы душы. Будзьце ж выканаўцы слова, а не слухачы толькі, што ашукваюць самі сябе. Бо хто слухае слова і ня выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае прыродныя рысы аблічча свайго ў люстры: ён паглядзеў на сябе, адышоўся — і адразу забыўся, які ён ёсьць. А хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні. Калі ж хто з вас думае, што ён пабожны, і не таймуе свайго языка, а ашуквае сваё сэрца, у таго пустая пабожнасьць. Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам.
Браты мае! майце веру ў Ісуса Хрыста, нашага Госпада славы, бяз увагі на асобы. Бо калі на сход ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым убраньні, увойдзе і бедны ў гаротнай адзежы, і вы глянеце на таго, хто ў багатым убраньні, і скажаце яму: табе трэба сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо: сядзь тут, каля ног маіх, дык ці ня робіце розьніцы між сабою і ці ня робіцеся вы зламыснымі судзьдзямі? Паслухайце, браты мае любасныя: ці ж ня бедных сьвету выбраў Бог быць багатымі вераю і спадчыньнікамі Царства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго? а вы пагрэбавалі бедным. Ці не багатыя ўціскаюць вас, і ці ж не яны цягнуць вас у суды? Ці не яны няславяць добрае імя, якім вы называецеся? Калі вы выконваеце закон царскі, паводле Пісаньня: палюбі блізкага твайго, як сябе самога, — добра робіце. Але калі робіце з аглядкаю на асобы, дык грэх чыніце, і перад законам вы злачынцы. Хто выконвае ўвесь закон і згрэшыць у чым-небудзь адным, той робіцца вінаватым ва ўсім. Бо Той, Хто сказаў: не распусьнічай, сказаў і: не забі; таму, калі ты не распусьнічаеш, але заб’еш, дык ты таксама адступнік ад закона. Так гаварэце і так рабеце, як тыя, што маюць быць суджаныя згодна з законам свабоды. Бо суд ня мецьме літасьці да таго, хто не літасьцівы; літасьць узьнесена над судом. Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго? Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку, а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць? Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе. А скажа хто-небудзь: ты маеш веру, а я маю дзеі: пакажы мне веру тваю бязь дзеяў тваіх, а я пакажу табе веру маю празь дзеі мае. Ты верыш, што Бог адзіны: слушна робіш; і дэманы вераць, і трымцяць. Але ці хочаш ведаць, марны чалавеча, што вера бязь дзеяў мёртвая? Ці ж ня дзеямі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, паклаўшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго? Ці бачыш, што вера спрыяла дзеям ягоным, і дзеямі вера дасягнула дасканаласьці. І спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым. Ці бачыце, што чалавек апраўдваецца дзеямі, а ня вераю толькі? Гэтак сама і Рааў распусьніца ці ж ня дзеямі апраўдалася, прыняўшы выведнікаў і выпусьціўшы іх іншаю дарогаю? Бо, як цела бяз духу мёртвае, так і вера бязь дзеяў мёртвая.
Браты мае! ня многія рабецеся настаўнікамі, ведаючы, што мы тым большай асуды дастаём. бо ўсе мы шмат грэшым; хто ня грэшыць у слове, той чалавек дасканалы, ён можа ацугляць і ўсё цела. Вось, мы ўкладваем кілзы коням у храпу, каб яны пакорыліся нам, і ўсім целам іхнім кіруем. Вось, і караблі, хоць якія вялікія яны і хоць якімі моцнымі вятрамі гнаныя, невялікім стырном кіруюцца, куды хоча стырнік; гэтак сама і язык — невялікі чэлес, але многа робіць. Паглядзі, невялікі вагонь як многа рэчыва паліць; і язык — вагонь; як сьвет няпраўды; язык так пастаўлены сярод чэлесаў нашых, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцьця, і сам запальваецца ад геены; бо ўсякая прырода зьвяроў і птушак, плазуноў і марскіх жывёлін таймуецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай, а язык утаймаваць ніхто зь людзей ня можа: гэта — неўтаймавальнае ліха; ён поўны сьмяротнай атруты. Ім дабраславім Бога і Айца, і ім праклінаем людзей, створаных у падабенстве да Бога. З тых самых вуснаў сыходзяць дабраславеньне і праклён; не павінна, браты мае, гэтак быць. Хіба цячэ з адных вуснаў крыніцы салодкая і горкая вада? Ня можа, браты мае, смакоўніца радзіць масьліны альбо вінаградная лаза смоквы; гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салёную і салодкую ваду. Ці мудры і разумны хто з вас, дакажы гэта ў дзеях добрымі паводзінамі з мудрай пакораю. Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасьць і сварлівасьць, дык не хвалецеся і ня хлусеце на праўду: гэта бо ня мудрасьць, што згары прыходзіць, а зямная, плоцкая, дэманская; бо дзе зайздрасьць і зьвяга, там незлагадзь і ўсё ліхое. А мудрасьць, якая прыходзіць згары, найперш — чыстая, потым — згодлівая, лагодная, пакорлівая, поўная мілажальнасьці і добрых пладоў, неадступная, і некрывадушная. А плод праўды ў міры сеецца творцамі міру.
Адкуль у вас свары і раздоры? ці не адгэтуль, ад пажаданьняў вашых, што варагуюць у чэлесах вашых? Хочаце — і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце — і ня можаце дамагчыся; зводзіцеся і варагуеце — і ня маеце, бо ня просіце; Просіце — і не атрымліваеце, бо просіце не на добрае, а каб ужыць на пажаданьні вашыя. Пералюбнікі і пералюбніцы! ці ж ня ведаеце, што дружба са сьветам ёсьць варожасьць супраць Бога! Дык вось, хто хоча быць сябрам сьвету, той робіцца ворагам Богу. Альбо вы думаеце, што дарэмна кажа Пісаньне: «да зайздры любіць дух, які жыве ў нас»? Але тым большую дае мілату; таму і сказана: «Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату». Дык вось, упакорцеся Богу; усупраціўцеся д’яблу, і ўцячэ ад вас; да Бога наблізьцеся, і наблізіцца да вас; ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя; смуткуйце, плачце і галасеце: сьмех ваш няхай абернецца ў плач, а радасьць — у смутак. Упакорцеся перад Госпадам, і ўзвысіць вас. Не ліхаслоўце адзін аднаго, браты: хто ліхасловіць брата альбо судзіць брата свайго, той ліхасловіць і судзіць закон; а калі ты судзіш закон, дык ты не выканаўца закона, а судзьдзя. Адзін Заканадаўца і Судзьдзя, Які можа і ўратаваць і загубіць: а ты хто, што судзіш іншага? Цяпер паслухайце вы, што гаворыце: сёньня ці заўтра мы выправімся ў такі-а-такі горад і пражывём там адзін год, і будзем гандляваць і зарабляць; вы, што ня ведаеце, што будзе заўтра: бо што такое жыцьцё ваша? пара, якая зьяўляецца на кароткі час, а потым зьнікае. Замест таго, каб вам сказаць: як захоча Гасподзь і будзем жывыя, дык зробім тое ці іншае, вы, у ганарыстасьці сваёй, славалюбнічаеце: усякае такое пустахвальства ёсьць зло. Дык вось, хто ўмее рабіць дабро і ня робіць, на тым грэх.
Паслухайце вы, багатыя: плачце і галасеце над вашымі злыбедамі, якія на вас. Багацьце ваша спрахла, і вопратку вашу патачыла моль. Золата ваша і срэбра паржавела, і ржа іхняя засьведчыць супраць вас і зьесьць плоць вашу, як вагонь: вы назапасілі сабе скарб на астатнія дні. Вось плата, якую вы затрымалі ў працаўнікоў, што жалі палеткі вашыя, лямантуе, і лямант жняцоў дайшоў да вуха Госпада Саваофа. Вы раскашавалі на зямлі і асалодамі цешыліся; упасьвілі вашыя сэрцы, як бы на дзень заколу. Вы засудзілі, забілі Праведніка: Ён не супрацівіўся вам. Дык вось, браты, будзьце доўгацярплівыя, да прышэсьця Гасподняга. Вось, араты чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго церпіць доўга, пакуль атрымае дождж раньні і позьні. Доўгацярпеце і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прышэсьце Гасподняе блізіцца. Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не асудзілі вас: вось, Судзьдзя стаіць каля дзьвярэй. Вазьмеце, браты мае, за прыклад ліхія пакуты і доўгацярпеньні продкаў, што прамаўлялі імем Гасподнім. Вось, мы дагаджаем тым, што цярпелі. Вы чулі пра цярпеньні Ёва і бачылі канец ягоны ад Госпада, бо Гасподзь вельмі міласэрны і спагадлівы. А найперш, браты мае, не прысягайце ні небам, ні зямлёю, ані якою іншаю кляцьбою; а хай будзе ў вас: так-так і не-не, каб вам не падупасьці асудзе. Ці ліха пакутуе каторы з вас? хай моліцца. Ці вясёлы хто? хай сьпявае псальмы. Ці занядужаў хто з вас? хай пакліча прасьвітэраў царквы, і хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Гасподняе, і малітва веры ацаленьне дасьць хвораму, і падыме яго Гасподзь; і калі ён учыніў грахі, даруюцца яму. Прызнавайцеся адзін аднаму ў правінах і малецеся адзін за аднаго, каб ачуняць: на многае здольная шчырая малітва праведніка. Ільля быў чалавек падобны на вас, і малітваю памаліўся, каб ня было дажджу: і ня падаў дождж на зямлю тры гады і шэсьць месяцаў; і зноў памаліўся: і неба дало дождж, і зямля ўрадзіла плод свой. Браты! калі хто з вас ухіліцца ад праўды, і наверне хто яго, хай той ведае, што, хто грэшніка навярнуў з аблуднай дарогі ягонай, той уратуе душу ад сьмерці і пакрые мноства грахоў.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002