Библия › Каталіцкі › Мацвея

Паводле Мацвея

НАРАДЖЭННЕ І ДЗЯЦІНСТВА ЕЗУСА

Радавод Езуса

Кніга радаводу Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.

Абрагам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юду і ягоных братоў; Юда нарадзіў Фарэса і Зару ад Тамар. Фарэс нарадзіў Эзрома; Эзром нарадзіў Арама, Арам нарадзіў Амінадаба; Амінадаб нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Сальмона; Сальмон нарадзіў Бааза ад Рахаб; Бааз нарадзіў Абэда ад Рут; Абэд нарадзіў Есэя, а Есэй нарадзіў караля Давіда.
Давід нарадзіў Саламона ад жонкі Урыі; Саламон нарадзіў Рабаама; Рабаам нарадзіў Абія; Абій нарадзіў Асу; Аса нарадзіў Язафата; Язафат нарадзіў Ярама; Ярам нарадзіў Осію; Осія нарадзіў Яатама; Яатам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Эзэхію; Эзэхія нарадзіў Манасэса; Манасэс нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Ёсію; Ёсія нарадзіў Ехонію і ягоных братоў падчас бабілёнскага перасялення.

А пасля бабілёнскага перасялення Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зарабабэля; Зарабабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліяхіма; Эліяхім нарадзіў Азора; Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда; Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Матана; Матан нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом.

А ўсіх пакаленняў ад Абрагама да Давіда — чатырнаццаць, ад Давіда да бабілёнскага перасялення — чатырнаццаць, і ад бабілёнскага перасялення да Хрыста — чатырнаццаць пакаленняў.

Нараджэнне Езуса

Нараджэнне Езуса Хрыста было такім.
Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога.

Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе. Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных».

А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”».

Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю, і не спазнаваў Яе, пакуль Яна не нарадзіла Сына, якому ён даў імя Езус.

Паклон мудрацоў

Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу, кажучы: «Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму». Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім. Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус. Яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:

“І ты, Бэтлеем, зямля Юды,
нічым не меншы сярод гарадоў Юды,
бо з цябе выйдзе Правадыр,
які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля”».

Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму».

Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі. А зорка, якую бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра. Атрымаўшы ў сне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай.

Уцёкі ў Егіпет

Калі адышлі, анёл Пана з’явіўся Юзафу ў сне і сказаў: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб загубіць Яго».

Падняўшыся, ён узяў Дзіця і Маці Яго ноччу і адправіўся ў Егіпет. Быў там да смерці Ірада, каб збылося сказанае Панам праз прарока: «З Егіпта Я паклікаў Сына Майго».

Забойства немаўлят у Бэтлееме

Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, вельмі разгневаўся і паслаў пазабіваць усіх хлопцаў у Бэтлееме ды ва ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і менш, паводле часу, які выведаў ад мудрацоў. Так збылося сказанае прарокам Ераміем:

«Голас у Раме чутны,
плач і лямант вялікі.
Рахэль аплаквае дзяцей сваіх
і не хоча суцешыцца, бо іх няма».

Вяртанне з Егіпта

Калі Ірад памёр, анёл Пана з’явіўся ў сне Юзафу ў Егіпце і сказаў: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды ідзі ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, хто хацеў забіць Дзіця». Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраэля. Пачуўшы, што ў Юдэі валадарыць Архелай замест яго бацькі Ірада, пабаяўся вяртацца туды. Атрымаўшы ў сне наказ, пайшоў у Галілейскую зямлю. А калі прыйшоў, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае прарокамі, што Ён будзе названы Назаранінам.

ПАДРЫХТОЎКА ДА ДЗЕЙНАСЦІ ЕЗУСА

Ян Хрысціцель

У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».

Гэта пра яго сказаў прарок Ісая:

«Голас таго, хто кліча ў пустыні:
“Падрыхтуйце дарогу Пану,
простымі рабіце сцежкі Яму!”»

Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на сцёгнах сваіх; а ежай яму была саранча ды дзікі мёд.

Тады выходзілі да яго Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае.

Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння і не думайце казаць сабе: “Маем Абрагама за бацьку”, бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму. Ужо сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь. Я вас хрышчу вадою дзеля пакаяння, але той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, і я няварты несці сандалі Ягоныя. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём. Лапата Яго ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў засекі, а мякіну спаліць агнём непагасным».

Хрост Езуса

Тады Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна, каб атрымаць ад яго хрост. Ян стрымліваў Яго, кажучы: «Гэта мне трэба прымаць хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?» Але Езус сказаў яму ў адказ: «Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва». Тады Ян дазволіў Яму. Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады. І вось раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. А голас з нябёсаў прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў».

Выпрабаванне Езуса ў пустыні

Потым Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. Пасля сарака дзён і сарака начэй посту Езус адчуў голад. Тады падышоў да Яго спакуснік і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам». А Ён сказаў у адказ: «Напісана:

“Не хлебам адным будзе жыць чалавек,
а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых”»

Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на крыле святыні і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана:

“Анёлам сваім загадае пра Цябе,
і на руках панясуць Цябе,
каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагой сваёй”».

Езус сказаў яму: «Напісана таксама: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго”».

Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх. І сказаў Яму: «Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне». Але Езус сказаў яму:

«Адыдзі, сатана! Бо напісана:
“Пану Богу твайму пакланяйся
і Яму аднаму служы”».

Тады д’ябал пакінуў Яго, і вось, анёлы падышлі і служылі Яму.

ДЗЕЙНАСЦЬ ЕЗУСА Ў ГАЛІЛЕІ

Пачатак дзейнасці

Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею. Пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталія, каб збылося сказанае прарокам Ісаем, які кажа:

«Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева,
на шляху марскім, за Ярданам,
Галілея язычнікаў,

народ, які сядзеў у цемры,
убачыў святло вялікае,
над жыхарамі краіны смяротнага ценю
заззяла святло».

З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».

Пакліканне першых вучняў

Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей». Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.

Калі адтуль пайшоў далей, убачыў іншых двух братоў: Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія ў чоўне з бацькам іхнім Зэбэдэем ладзілі свае сеткі, і паклікаў іх. А яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго і пайшлі за Ім.

Езус навучае і аздараўляе

Езус хадзіў па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і абвяшчаючы Евангелле Валадарства. Ён лячыў усялякую хваробу і ўсялякую немач у людзей. Таму пайшла пра Яго чутка па ўсёй Сірыі. Пачалі прыводзіць да Яго ўсіх нямоглых, што цярпелі на розныя хваробы і слабасці, апанаваных злымі духамі, эпілептыкаў і паралізаваных, і Ён вылечваў іх. За Ім ішлі вялікія натоўпы з Галілеі і Дэкаполіса, з Ерузалема, Юдэі і з-за Ярдана.

КАЗАННЕ НА ГАРЫ

Убачыўшы натоўп, Езус узышоў на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы:

Благаслаўленні

«Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны.

Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.

Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны.

Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць.

Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі.

Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах. Бо так пераследавалі прарокаў, якія былі перад вамі.

Соль зямлі і святло свету

Вы соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям.

Вы святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы светач, не ставяць яго пад пасудзінай, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме. Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.

Выкананне Закону

Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці Прарокаў. Не адмяніць прыйшоў Я, а выканаць. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не міне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не зменіцца ў Законе, пакуль не збудзецца ўсё. Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным.

Бо кажу вам, калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

Не забівай. Суд і паяднанне

Вы чулі, што было сказана продкам: “Не забівай”, а хто заб’е, падлягае суду. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду. Хто ж скажа брату свайму “рака”, падлягае Сінэдрыёну, а хто скажа “неразумны”, падлягае геене вогненнай. Таму, калі прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі свой дар. Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слугу, і каб не ўкінулі цябе ў вязніцу. Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош.

Чужалоства і развод

Вы чулі, што сказана: “Не чужалож”. А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сваім сэрцы. Калі правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё будзе кінута ў геену. І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё пойдзе ў геену.

Сказана: “Калі хто адпускае жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст”. А Я кажу вам: кожны, хто развядзецца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да чужалоства, а хто ажэніцца з разведзенаю, той чужаложыць.

Прысяга

Вы чулі, што сказана было продкам: “Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае”. А Я кажу вам: не прысягайце наогул: ні небам, бо гэта пасад Божы; ні зямлёю, бо гэта падножжа ног Ягоных; ні Ерузалемам, бо гэта горад вялікага Караля. Ні галавою сваёй не прысягай, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым або чорным. Няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога.

Адплата

Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”. А Я вам кажу: не адплачвайце злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. Калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, давай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.

Любоў да ворагаў

Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. Калі ж вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.

Міласціна

Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах. Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.

Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.

Малітва

І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе. Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім будуць пачутыя. Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго.

Малітва Панская

Таму вы так маліцеся:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
свяціся імя Тваё,

прыйдзі Валадарства Тваё,
будзь воля Твая,
як у небе, так і на зямлі.

Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння

і адпусці нам правіны нашы,
як і мы адпускаем вінаватым нашым.

І не ўводзь нас у спакусу,
але збаў нас ад злога.

Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам. А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых.

Пост

Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый свой твар, каб паказаць, што посціш, не людзям, але Айцу твайму, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.

Сапраўдны скарб

Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.

Светачам цела ёсць вока

Светачам цела ёсць вока. Калі ж вока тваё чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае. Калі ж вока тваё дрэннае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Калі ж святло, якое ў табе, з’яўляецца цемрай, то якая ж цемра!

Бог і мамона

Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.

Спадзяванне на Бога

Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела — за вопратку? Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя за іх? І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць? І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя? Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?” або: “Што піць?”, або: “У што апрануцца?” Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Нябесны Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.

Не судзіце

Не судзіце, каб вас не судзілі. Бо якім судом вы судзіце, такім і вас асудзяць, і якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана. Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? Або, як скажаш брату свайму: “Дазволь мне выняць шчэпку з вока твайго”, калі ў тваім воку бервяно? Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата.

Не зневажайце святое

Не давайце сабакам таго, што святое, і не кідайце пярлінаў вашых перад свіннямі, каб яны не патапталі іх сваімі нагамі ды, вярнуўшыся, не разарвалі вас.

Прасіце, і будзе дадзена

Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена. Ці ёсць сярод вас чалавек, які, калі сын ягоны папросіць у яго хлеба, дасць яму камень? Або калі папросіць у яго рыбы, дасць яму змяю? Калі ж вы, будучы ліхімі, ведаеце, як даваць дзецям вашым добрыя дары, тым больш Айцец ваш, які ў нябёсах, дасць добрае тым, хто просіць у Яго.

Залатое правіла

Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце, бо ў гэтым Закон і Прарокі.

Вузкая брама

Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць да згубы, і многія ўваходзяць праз яе! А вузкая брама і вузкая дарога вядуць у жыццё, але нямногія знаходзяць яе.

Фальшывыя прарокі

Асцерагайцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай вопратцы, а ў сярэдзіне — ваўкі драпежныя. Па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці збіраюць з цярноўніку вінаград або з асоту смоквы? Так кожнае добрае дрэва родзіць добрыя плады, а дрэннае дрэва родзіць дрэнныя плады. Не можа добрае дрэва радзіць дрэнныя плады, а дрэва дрэннае радзіць добрыя плады. Кожнае дрэва, якое не родзіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь. Таму па пладах іхніх пазнаеце іх.

Не кожны, хто кажа Мне: “Пане, Пане”, увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах. Многія скажуць Мне ў той дзень: “Пане, Пане, ці не ад Твайго імя мы прарочылі, і ці не Тваім імем выганялі злых духаў, і ці не Тваім імем многія цуды чынілі?” І тады скажу ім: “Я ніколі не ведаў вас, адыдзіце ад Мяне вы, што чыніце беззаконне”.

Будаванне на скале

Таму кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале. Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той, а ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале.

Кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да неразумнага чалавека, які пабудаваў свой дом на пяску. Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той; і ён упаў, і падзенне яго было вялікае».

Здзіўленне людзей

Калі Езус скончыў гаварыць, здзіўляліся людзі вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.

ЦУДЫ ЕЗУСА

Аздараўленне пракажонага

Калі Езус сышоў з гары, следам за Ім пайшло мноства людзей.

І вось, падышоў пракажоны і кланяўся Яму, кажучы: «Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць». Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны!» І той адразу ачысціўся ад праказы. Езус сказаў яму: «Глядзі, нікому не кажы, але ідзі, пакажыся святару і ахвяруй дар, які наказаў Майсей, на сведчанне ім».

Аздараўленне слугі сотніка

Калі Езус увайшоў у Кафарнаум, падышоў да Яго сотнік і прасіў Яго, кажучы: «Пане, слуга мой ляжыць дома паралізаваны і цяжка пакутуе». Езус сказаў яму: «Я прыйду і вылечу яго». Сотнік жа адказаў: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой. Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе, а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць, а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць».

Пачуўшы гэта, Езус здзівіўся і сказаў тым, хто ішоў за Ім: «Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры. Кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і зоймуць месца за сталом з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным. А сыны валадарства будуць выкінуты вон у цемру, там будзе плач і скрыгатанне зубоў». І сказаў Езус сотніку: «Ідзі, і як паверыў, няхай станецца табе». І быў аздароўлены слуга ягоны ў тую ж гадзіну.

Аздараўленні ў доме Пятра

Калі Езус прыйшоў у дом Пятра, убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы. Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе, і яна ўстала, і прыслужвала ім.

Калі настаў вечар, прывялі да Яго многіх апанаваных злымі духамі. А Ён словам выгнаў духаў і аздаравіў усіх хворых,

каб збылося сказанае прарокам Ісаем:
«Ён узяў на сябе нашую слабасць
і панёс нашыя хваробы».

Следаванне за Хрыстом

Езус, убачыўшы вакол сябе натоўп, загадаў пераплыць на другі бераг. Тады адзін кніжнік падышоў і сказаў Яму: «Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў». А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе схіліць галаву».

Другі ж з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго». А Езус сказаў яму: «Ідзі за Мною і пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых».

Суцішэнне буры

Калі ўвайшоў у човен, былі з Ім Ягоныя вучні. І вось, пачалася вялікая бура на моры, так што човен накрывалі хвалі. А Ён спаў. Падышоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: «Пане, ратуй, мы гінем!» А Ён сказаў ім: «Чаго вы спалохаліся, малаверныя?» Тады, устаўшы, загадаў вятрам і мору, і настала вялікая ціша. А людзі дзівіліся і казалі: «Хто Ён такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?»

Выгнанне злых духаў

Калі Езус прыплыў на другі бераг, у край гадарэнаў, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магільных пячор, двое апанаваных злымі духамі, вельмі лютыя, так што ніхто не асмельваўся праходзіць той дарогай. Яны закрычалі: «Што Табе да нас, Сыне Божы? Ты прыйшоў сюды заўчасна мучыць нас?»

Далёка ж ад іх пасвіўся вялікі статак свіней. І злыя духі прасілі Яго, кажучы: «Калі выганяеш нас, то пашлі нас у статак свіней». Ён сказаў ім: «Ідзіце». Яны выйшлі і ўвайшлі ў статак свіней. Тады кінуўся ўвесь статак з кручы ў мора і загінуў у вадзе. А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, а таксама пра апанаваных злымі духамі. Увесь горад выйшаў насустрач Езусу, і, убачыўшы Яго, папрасілі, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.

Аздараўленне паралізаванага

Увайшоўшы ў човен, Ён пераправіўся на другі бераг і прыйшоў у свой горад. Прынеслі да Яго паралізаванага, пакладзенага на ложы. Убачыўшы іхнюю веру, Езус сказаў паралізаванаму: «Будзь адважным, сыне, адпускаюцца твае грахі». Тады некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: «Ён блюзнерыць». А Езус, ведаючы іхнія думкі, сказаў: «Навошта задумваеце зло ў сэрцах вашых? Бо што лягчэй? Сказаць: “Адпускаюцца твае грахі” ці сказаць: “Устань і хадзі”? Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі». Тады сказаў паралізаванаму: «Устань, вазьмі ложа сваё і ідзі дадому». Той устаў і пайшоў дадому. А людзі, убачыўшы гэта, спалохаліся і праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям.

Пакліканне Мацвея

Калі Езус адыходзіў адтуль, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, якога звалі Мацвей, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў за Ім.

Калі Езус быў за сталом у доме, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і занялі месца за сталом з Ім і вучнямі Ягонымі. Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: «Чаму Настаўнік ваш есць з мытнікамі і грэшнікамі?» Ён жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым. Пайдзіце, навучыцеся, што значыць: “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў».

Пытанне пра пост

Вучні Янавы прыйшлі да Яго і сказалі: «Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць?» А Езус сказаў ім: «Ці могуць быць у жалобе госці на вяселлі, пакуль з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць. Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі, бо прышытае рве вопратку, і дзіра робіцца яшчэ горшай. Не ўліваюць таксама маладое віно ў старыя мяхі. Інакш разрываюцца мяхі, і віно выліваецца, і мяхі прападаюць. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца і тое, і другое».

Аздараўленне жанчыны і ўваскрашэнне дачкі Яіра

Калі гаварыў з імі, падышоў да Яго адзін кіраўнік і, пакланіўшыся Яму, сказаў: «Дачка мая толькі што памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку сваю, і яна будзе жыць». Тады Езус падняўся і разам са сваімі вучнямі пайшоў за ім.

І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падышла ззаду і дакранулася да краю Ягонага плашча, бо казала сабе: «Калі толькі дакрануся да Ягонага плашча, выздаравею». А Езус павярнуўся і, убачыўшы яе, сказаў: «Будзь адважнай, дачка, вера твая ўратавала цябе». З таго часу жанчына выздаравела.

Калі Езус увайшоў у дом кіраўніка, Ён убачыў жалейнікаў і ўзрушаны натоўп і сказаў: «Выйдзіце, бо дзяўчынка не памерла, а спіць». І насміхаліся з Яго. А калі натоўп вывелі, Ён увайшоў, узяў дзяўчынку за руку, і яна ўстала. Тады разышлася пра гэта пагалоска па ўсёй гэтай зямлі.

Аздараўленне двух сляпых

Калі Езус адыходзіў адтуль, ішлі за Ім двое сляпых, якія крычалі: «Змілуйся над намі, Сыне Давіда!» Калі ж Ён прыйшоў у дом, сляпыя падышлі да Яго, а Езус сказаў ім: «Ці верыце, што Я магу зрабіць гэта?» Яны адказалі Яму: «Так, Пане». Тады Ён дакрануўся да іхніх вачэй і сказаў: «Няхай станецца вам паводле веры вашай». І адкрыліся іхнія вочы. Але Езус строга наказаў ім: «Глядзіце, каб ніхто не даведаўся». Аднак яны, калі выйшлі, абвясцілі пра гэта па ўсёй той зямлі.

Аздараўленне нямога

Калі ж тыя выходзілі, прывялі да Езуса нямога чалавека, апанаванага злым духам. І калі злы дух быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць, а людзі казалі са здзіўленнем: «Ніколі не было такога ў Ізраэлі!» А фарысеі казалі: «Князем злых духаў Ён выганяе злых духаў».

Жніво вялікае, ды работнікаў мала

І хадзіў Езус па ўсіх гарадах і паселішчах, навучаючы ў іхніх сінагогах, абвяшчаючы Евангелле Валадарства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач. Убачыўшы натоўпы людзей, Ён змілаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра. Тады Ён сказаў вучням сваім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё».

МІСІЙНАЯ ПРАМОВА

Імёны Апосталаў

Паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач.

Імёны ж дванаццаці Апосталаў такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Зэбэдэеў і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і мытнік Мацвей, Якуб Алфееў і Тадэвуш, Сымон Кананэец і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго.

Місія Дванаццаці

Гэтых Дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: «На шлях язычнікаў не ўзыходзьце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. Але перадусім ідзіце да загубленых авечак з дому Ізраэля. Ідзіце і абвяшчайце, кажучы: “Наблізілася Валадарства Нябеснае”. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Задарма атрымалі, задарма давайце. Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае, ні торбы ў дарогу, ні дзвюх вопратак, ні сандаляў, ні кія. Бо варты працаўнік сваёй стравы.

У які б горад ці вёску вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце. А ўваходзячы ў дом, прывітайце яго. Калі дом будзе годны, то няхай сыдзе спакой ваш на яго. Калі ж не будзе годны, то спакой ваш вернецца да вас. А калі хто не прыме вас і не паслухаецца словаў вашых, то, выходзячы з дому або з горада таго, атрасіце пыл з ног вашых. Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе зямлі Садомы і Гаморы ў дзень суда, чым гэтаму гораду.

Прадказанне пераследу

Вось Я пасылаю вас, як авечак паміж ваўкоў. Таму будзьце разважлівыя, як змеі, і простыя, як галубы. Асцерагайцеся людзей, бо вас будуць аддаваць у суды і ў сінагогах сваіх будуць біць вас. Павядуць вас да намеснікаў і да каралёў за Мяне дзеля сведчання перад імі і язычнікамі. Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як або што сказаць, бо дадзена будзе вам у тую гадзіну, што сказаць. Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.

Брат выдасць брата на смерць, і бацька дзіця; і паўстануць дзеці супраць бацькоў, і заб’юць іх. Усе будуць ненавідзець вас за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены. Калі вас будуць пераследаваць у гэтым горадзе, пераходзьце ў другі. Сапраўды кажу вам, што не пройдзеце гарадоў Ізраэля, як прыйдзе Сын Чалавечы.

Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго. Вучню дастаткова быць як настаўнік ягоны, а слугу — як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, то тым больш так назавуць хатніх яго.

Каго баяцца?

Не бойцеся іх, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? І ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага.

У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся: вы вартыя больш за мноства вераб’ёў.

Адвага ў вызнанні Хрыста

Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.

Не думайце, што Я прыйшоў прынесці спакой на зямлю. Не спакой прыйшоў Я прынесці, а меч. Бо Я прыйшоў паставіць
чалавека супраць бацькі ягонага,
і дачку супраць маці яе,
і нявестку супраць свекрыві яе; і будуць ворагамі чалавеку хатнія ягоныя.

Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне. І хто не бярэ крыжа свайго, а ідзе за Мною, той не варты Мяне. Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто страціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго.

Заканчэнне прамовы

Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне. Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, атрымае ўзнагароду справядлівага. І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады як вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй».

Калі Езус закончыў настаўляць дванаццаць вучняў сваіх, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у іхніх гарадах.

ТАЯМНІЦА БОЖАГА ВАЛАДАРСТВА

Сведчанне Езуса пра Яна Хрысціцеля

А Ян, калі пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў вучняў сваіх спытацца ў Яго: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?» І сказаў ім Езус у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, і памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне». Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах. На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока. Гэта той, пра каго напісана:

“Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою,
які падрыхтуе дарогу Тваю перад Табою”.

Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве большы за яго. З часоў Яна Хрысціцеля і дагэтуль Валадарства Нябеснае здабываецца сілай, і гвалтоўныя людзі захопліваюць яго. Бо ўсе прарокі і Закон прарочылі аж да Яна. Калі вы захочаце прыняць, то ён — Ілля, які павінен прыйсці. Хто мае вушы, няхай слухае.

З кім параўнаю пакаленне гэтае? Яно падобна да дзяцей, што сядзяць на рынку і, звяртаючыся да іншых, кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не танцавалі, мы спявалі журботныя песні, а вы не плакалі”. А прыйшоў Ян, які не еў і не піў, і яны кажуць: “У ім злы дух!” Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, і кажуць: “Гэты чалавек абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў!” І была апраўдана мудрасць справамі сваімі».

Гора галілейскім гарадам

Тады пачаў дакараць гарады, у якіх адбылося найбольш Ягоных цудаў, за тое, што яны не пакаяліся: «Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне былі ўчынены цуды, што сталіся сярод вас, яны б даўно ў мешкавіне і попеле пакаяліся. Але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў судны дзень, чым вам. А ты, Кафарнаум, ці будзеш узвышаны аж да неба? Аж да адхлані нізрынешся! Бо калі б у Садоме былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў табе, ён застаўся б да сённяшняга дня. Але кажу вам: лягчэй будзе зямлі садомскай у судны дзень, чым табе».

Езус праслаўляе Айца

У той час, адказваючы, Езус сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына, апроч Айца; і Айца ніхто не ведае, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.

Заклік да спрацаваных

Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў. Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі».

Сапраўднае значэнне шабату

У той час Езус праходзіў у шабат праз збожжа. А вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці. Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: «Вось вучні Твае робяць тое, чаго нельга рабіць у шабат». А Ён адказаў ім: «Вы не чыталі, што рабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім? Як увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, хто быў з ім, а толькі адным святарам? Або ці не чыталі вы ў Законе, што ў шабат святары ў святыні парушаюць шабат, аднак не вінаватыя? Але кажу вам, што тут нешта большае за святыню. Калі б вы ведалі, што азначае: “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, не асудзілі б невінаватых. Бо Сын Чалавечы — гаспадар шабату».

Аздараўленне хворага ў шабат

Пайшоўшы адтуль, Езус прыйшоў у іх сінагогу. Там быў чалавек з усохлай рукой. І, каб абвінаваціць Езуса, спыталіся ў Яго: «Ці можна аздараўляць у шабат?» А Ён адказаў ім: «Ці ёсць сярод вас чалавек, які, маючы адну авечку, не возьме і не выцягне яе, калі яна ў шабат зваліцца ў яму? Наколькі ж чалавек каштоўнейшы за авечку! Таму ў шабат дазволена рабіць дабро». Пасля сказаў чалавеку: «Працягні сваю руку». Той працягнуў — і яна стала здаровай, як другая. Фарысеі ж выйшлі і мелі нараду супраць Езуса, як бы загубіць Яго.

Спаўненне прароцтваў пра Божага Слугу

Але Езус, даведаўшыся, адышоў адтуль. За Ім пайшло шмат людзей, і Ён аздаравіў усіх. І забараніў ім выяўляць Яго, каб збылося сказанае прарокам Ісаем:

«Вось слуга Мой, якога Я выбраў,
умілаваны Мой, якога ўпадабала душа Мая.
Духа Майго дам Яму,
а Ён абвесціць суд народам.

Не будзе пярэчыць і лямантаваць,
і ніхто не пачуе на плошчах голасу Яго.

Трысціны надламанай не пераломіць
і не пагасіць тлеючага кнота,
пакуль не давядзе суд да перамогі.

І ў імені Ягоным народы будуць мець надзею».

Апалогія Езуса

Тады прывялі да Яго сляпога і нямога, апанаванага злым духам, і Ён аздаравіў яго, так што нямы стаў гаварыць і бачыць. А ўсе людзі здзіўляліся і казалі: «Ці ж гэта не Сын Давіда?» Фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі: «Ён выганяе злых духаў не інакш, як Бэльзэбулам, князем злых духаў».

Ведаючы іхнія думкі, Езус сказаў ім: «Кожнае валадарства, падзеленае само ў сабе, спусташаецца; і кожны горад ці дом, падзелены сам у сабе, не выстаіць. Таму калі сатана выганяе сатану, то ён падзелены сам у сабе; як жа выстаіць яго валадарства? І калі Я выганяю злых духаў Бэльзэбулам, то кім выганяюць сыны вашыя? Таму яны стануць суддзямі вашымі. А калі Я выганяю злых духаў Божым Духам, то настала для вас Божае Валадарства. Або як можа хтосьці ўвайсці ў дом асілка і разрабаваць ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка? Толькі тады абрабуе дом ягоны. Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мной, той раскідае.

Грэх супраць Духа Святога

Таму кажу вам: усякі грэх і блюзнерства будуць адпушчаны людзям, але блюзнерства супраць Духа адпушчана не будзе. І калі хтосьці скажа слова супраць Сына Чалавечага, то яму будзе адпушчана. А калі скажа супраць Духа Святога, яму не будзе адпушчана ні ў гэтым веку, ні ў будучым.

Дрэва і яго плады

Або, калі дрэва добрае, то і плод яго будзе добрым; а калі дрэва дрэннае, то і плод яго будзе дрэнным, бо дрэва пазнаецца з плоду. Племя змяінае, як вы можаце гаварыць добрае, будучы дрэннымі? Бо вусны гавораць тое, чым перапоўнена сэрца. Добры чалавек дастае з добрага скарбу добрае, а ліхі чалавек дастае з ліхога скарбу ліхое. Кажу вам, што за кожнае пустое слова, якое скажуць людзі, яны дадуць адказ у судны дзень. Бо паводле словаў сваіх будзеш апраўданы, і паводле словаў сваіх будзеш асуджаны».

Знак Ёны

Тады некаторыя кніжнікі і фарысеі сказалі Яму: «Настаўнік, хочам ад Цябе ўбачыць знак». А Ён адказаў ім: «Пакаленне ліхое і нявернае шукае знаку, але ніякага знаку не будзе дадзена яму, акрамя знаку Ёны прарока. Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. Мужы Нінівы ўстануць на судзе супраць гэтага пакалення і асудзяць яго, бо яны пакаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а тут большае за Ёну. Каралева Поўдня ўстане на судзе з гэтым пакаленнем і асудзіць яго, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай; і вось, тут большае за Саламона!

Вяртанне нячыстага духа

Калі ж нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных мясцінах, шукаючы адпачынку, і не знаходзіць. Тады кажа: “Вярнуся да дому свайго, адкуль выйшаў”. Прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, падмеценым і ўпрыгожаным. Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, злейшых за сябе, і яны, увайшоўшы, жывуць там. І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае. Так будзе і з гэтым ліхім пакаленнем».

Маці і браты Езуса

Калі Ён прамаўляў да людзей, Маці і браты Ягоныя стаялі звонку і хацелі пагаварыць з Ім. І нехта сказаў Яму: «Вось Маці Твая і браты Твае стаяць звонку і хочуць пагаварыць з Табою». А Ён адказаў таму, хто звярнуўся да Яго: «Хто маці Мая і хто браты Мае?» І, працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці».

ПРЫПАВЕСЦІ ПРА БОЖАЕ ВАЛАДАРСТВА

У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. Сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе.

Прыпавесць пра сейбіта

Ён шмат гаварыў ім у прыпавесцях, кажучы:
«Вось, выйшаў сейбіт сеяць. Калі сеяў, некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх. Другія ж упалі на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокая. Аднак, калі ўзышло сонца, яны завялі і таму, што не мелі каранёў, засохлі. А іншыя ўпалі сярод церняў, і выраслі церні, і заглушылі іх. Яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў трыццаць. Хто мае вушы, няхай слухае».

Чаму Езус навучае ў прыпавесцях?

І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: «Навошта Ты гаворыш ім у прыпавесцях?» А Ён адказаў ім: «Таму што вам дадзена пазнаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім не дадзена. Бо хто мае, таму дадзена будзе, і атрымае ўдосталь, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае. Таму Я гавару ім у прыпавесцях, бо яны глядзяць, а не бачаць, слухаюць, а не чуюць і не разумеюць. На іх спаўняецца прароцтва Ісаі, якое кажа:

“Слухаць будзеце, і не зразумееце,
і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце.

Бо абрасло тукам сэрца народу гэтага,
і вушамі з цяжкасцю чуюць,
і вочы свае заплюшчылі,
каб не ўбачыць вачыма,
і не пачуць вушамі,
і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца,
каб Я вылечыў іх”.

Але шчаслівыя вочы вашыя, таму што бачаць, і вушы вашыя, таму што чуюць. Бо сапраўды кажу вам: многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і пачуць тое, што вы чуеце, і не пачулі!

Тлумачэнне прыпавесці пра сейбіта

Вы ж паслухайце значэнне прыпавесці пра сейбіта. Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства, а не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасеянае пры дарозе. А пасеянае на камяністых месцах — гэта той, хто чуе слова і адразу прымае яго з радасцю, але не мае ў сабе кораня і нясталы. Калі за слова настане ўціск ці пераслед, ён адразу спакушаецца. Пасеянае ж у церні — гэта той, хто чуе слова, але турботы гэтага веку і зман багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным. Пасеянае ж на добрай зямлі — гэта той, хто чуе слова і разумее, і прыносіць плён, адзін у сто разоў, другі ў шэсцьдзясят, а іншы ў трыццаць».

Прыпавесць пра каласоўнік

Іншую прыпавесць прапанаваў ім, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік, і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плён, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?” А ён сказаў ім: “Варожы чалавек зрабіў гэта”. Тады слугі сказалі яму: “Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?” Але ён сказаў: “Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое аж да жніва; а ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў засекі мае”».

Прыпавесць пра гарчычнае зерне і закваску

Пасля Ён прапанаваў ім іншую прыпавесць, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасеяў на полі сваім. Хоць яно меншае за ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго».

Іншую прыпавесць прапанаваў ім: «Валадарства Нябеснае падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж усё ўкісла».

Мэта прыпавесцяў

Усё гэтае Езус гаварыў народу прыпавесцямі і без прыпавесці не казаў ім, каб збылося сказанае прарокам:

«Адкрыю ў прыпавесцях вусны Мае,
раскажу ўтоенае ад стварэння свету».

Тлумачэнне прыпавесці пра каласоўнік

Тады, адпусціўшы народ, увайшоў у дом. Падышлі да Яго вучні Яго і сказалі: «Растлумач нам прыпавесць пра каласоўнік на полі». Ён жа сказаў ім у адказ: «Сейбіт добрага насення — гэта Сын Чалавечы. Поле — гэта свет, добрае насенне — гэта сыны Валадарства, а каласоўнік — сыны злога духа; вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал; жніво — сканчэнне свету, а жняцы — гэта анёлы. Таму, як збіраюць каласоўнік і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні гэтага свету: пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і збяруць яны з Валадарства Яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто чыніць беззаконне, і ўкінуць іх у вогненную печ; там будзе плач і скрыгатанне зубоў. Тады праведнікі заззяюць, як сонца, у Валадарстве іх Айца. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

Прыпавесць пра скарб і пярліну

Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.

Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.

Прыпавесць пра нерат

Валадарства Нябеснае падобнае таксама да закінутага ў мора нерата, што збірае рыбу ўсялякага віду. Калі ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, сабралі добрае ў посуд, а дрэннае выкінулі вон. Так будзе пры сканчэнні свету: выйдуць анёлы, і аддзеляць ліхіх ад праведнікаў, і кінуць іх у вогненную печ. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

Заканчэнне

Ці зразумелі вы ўсё гэта?» Яны адказалі Яму: «Так». Ён жа сказаў ім: «Вось чаму ўсялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які вымае са скарбніцы сваёй новае і старое».

ПРАЦЯГ ДЗЕЙНАСЦІ ЕЗУСА Ў ГАЛІЛЕІ

Езус у Назарэце

Закончыўшы гэтыя прыпавесці, Езус пайшоў адтуль. Прыйшоўшы на сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: «Адкуль у Яго гэтая мудрасць і моц? Ці ж гэта не сын цесляра? Ці не Ягоную Маці завуць Марыя, а братоў Ягоных — Якуб і Юзаф, Сымон і Юда? І сёстры Яго ці не усе сярод нас? Адкуль жа ў Яго усё гэта?» І абураліся на Яго. А Езус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне і ў доме яго». І не ўчыніў там многіх цудаў з прычыны іхняга бязвер’я.

Смерць Яна Хрысціцеля

У той час тэтрарх Ірад пачуў пагалоску пра Езуса і сказаў слугам сваім: «Гэта Ян Хрысціцель. Ён паўстаў з памерлых, і таму цуды здзяйсняюцца ім». Бо Ірад схапіў Яна, закаваў яго і кінуў у вязніцу з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Філіпа, бо Ян казаў яму: «Недазволена табе мець яе». Ён хацеў забіць яго, але баяўся народу, які лічыў яго прарокам.

Калі былі народзіны Ірада, дачка Ірадыяды танцавала перад усімі і спадабалася Іраду. Таму ён пакляўся даць ёй усё, чаго толькі папросіць. А яна, падбухтораная сваёй маці, сказала: «Дай мне тут на місе галаву Яна Хрысціцеля». І кароль засмуціўся, але дзеля клятвы і тых, хто быў за сталом, загадаў даць. Таму паслаў у вязніцу адсячы галаву Яну. І прынеслі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне, а яна занесла сваёй маці. Тады вучні Янавы прыйшлі, забралі цела і пахавалі яго. Потым пайшлі расказаць Езусу.

Першае размнажэнне хлеба

Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца адзін, а людзі, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх. Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: «Пустыннае гэтае месца і гадзіна ўжо позняя; адпусці людзей, каб яны пайшлі ў паселішчы і купілі ежы сабе». Ён сказаў ім: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці». Яны ж сказалі яму: «У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны». Ён сказаў: «Прынясіце іх Мне сюды». І, загадаўшы народу сесці на траву, Ён узяў пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і, разламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — людзям. І ўсе елі, і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.

Езус ідзе па моры

Адразу пасля гэтага Ён загадаў вучням сесці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей. Адпусціўшы народ, Езус падняўся на гару памаліцца асобна. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.

Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Ён пайшоў да іх, ідучы па моры. Калі ж вучні ўбачылі, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: «Гэта прывід». І ад страху закрычалі. Але Ён адразу загаварыў з імі і сказаў: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!» Пётр сказаў Яму ў адказ: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе». Ён жа сказаў: «Ідзі!» Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, адчуўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: «Пане, ратуй мяне!» Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?» Калі яны ўвайшлі ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: «Ты сапраўды Сын Божы!»

Аздараўленні ў зямлі Генэзарэт

Пераправіўшыся, яны прыбылі ў зямлю Генэзарэт. Калі ж людзі той мясцовасці пазналі Езуса, яны разнеслі вестку па ўсёй той ваколіцы. І прыносілі да Яго ўсіх хворых, і прасілі Яго, каб хоць дакрануцца да краю плашча Ягонага. І тыя, што дакрануліся, былі аздароўлены.

Пытанне пра традыцыю

Тады прыйшлі да Езуса фарысеі і кніжнікі з Ерузалема і сказалі: «Чаму Твае вучні парушаюць традыцыю старэйшых, бо не абмываюць рук сваіх, калі спажываюць хлеб?» А Ён сказаў ім у адказ: «Чаму і вы парушаеце Божую запаведзь дзеля сваёй традыцыі? Бог жа загадаў: “Шануй бацьку свайго і маці”, а таксама: “Хто зласловіць на бацьку ці маці, няхай будзе пакараны смерцю”. А вы кажаце: “Калі хтосьці скажа бацьку ці маці: ‘Дарам ахвярным ёсць тое, чым бы я мог табе дапамагчы’, то ён больш не абавязаны шанаваць свайго бацьку”. Так вы адмянілі слова Божае дзеля сваёй традыцыі. Крывадушнікі! Ісая добра прарочыў пра вас, кажучы:

“Народ гэты шануе Мяне вуснамі,
а сэрца іхняе далёка ад Мяне.

Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,
навучаючы людскім запаведзям”».

Што робіць чалавека нячыстым?

І, паклікаўшы людзей, сказаў ім: «Слухайце і разумейце. Не тое, што ўваходзіць у вусны, робіць чалавека нячыстым, але тое, што выходзіць з вуснаў, робіць чалавека нячыстым!»

Тады вучні падышлі і сказалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся?» А Ён сказаў у адказ: «Усялякая расліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе вырвана з каранямі. Пакіньце іх, яны — сляпыя павадыры сляпых. Калі сляпы вядзе сляпога, то абодва ўпадуць у яму». Тады Пётр, адазваўшыся, папрасіў Яго: «Растлумач нам гэтую прыпавесць». І Ён сказаў: «Вы і далей не разумееце? Ці не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выдаляецца вонкі? Але тое, што выходзіць з вуснаў, паходзіць з сэрца, і гэта робіць нячыстым чалавека. Бо з сэрца выходзяць ліхія думкі, забойствы, чужалоства, распуста, крадзеж, фальшывыя сведчанні, блюзнерствы. Гэта і ёсць тое, што робіць нячыстым чалавека. А есці нямытымі рукамі — не апаганьвае чалавека».

Вера канаанкі

Выйшаўшы адтуль, Езус накіраваўся ў землі Тыра і Сідона. І вось, жанчына канаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: «Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апанаваная злым духам дачка мая». Але Ён не адказаў ёй ні слова.
Вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: «Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі». Ён жа адказаў: «Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля». Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: «Пане, памажы мне!» Ён жа сказаў у адказ: «Нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам». Яна адказала: «Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх». Тады Езус сказаў ёй у адказ: «О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш». І з гэтага моманту дачка яе стала здаровай.

Шматлікія аздараўленні хворых

Адышоўшы адтуль, Езус прыйшоў да Галілейскага мора і, узышоўшы на гару, там сеў. І прыйшло да Яго мноства людзей, сярод якіх былі кульгавыя, сляпыя, калекі, нямыя і шмат іншых; клалі іх да ног Езуса, і Ён вылечваў іх. Натоўп жа здзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі выздараўліваюць, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць, і праслаўляў Бога Ізраэля.

Другое размнажэнне хлеба

Езус, паклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім: «Шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні яны знаходзяцца са Мною і не маюць чаго есці; не хачу адпусціць іх галоднымі, каб не аслаблі ў дарозе». Вучні сказалі Яму: «Адкуль нам у пустыні ўзяць столькі хлеба, каб накарміць такі вялікі натоўп?» А Езус сказаў ім: «Колькі ў вас хлябоў?» Яны адказалі: «Сем і некалькі рыбінак». І, загадаўшы людзям сесці на зямлю, узяў сем хлябоў і рыбы і, узнёсшы падзяку, паламаў, і даў вучням, а вучні — людзям. І елі ўсе, і насыціліся, і набралі кавалкаў, што засталіся, сем поўных кашоў. А тых, хто еў, было, калі не лічыць жанчын і дзяцей, чатыры тысячы чалавек. Пасля, адпусціўшы народ, Ён сеў у човен і паплыў у межы Магдаліі.

Патрабаванне знаку з неба

Падышлі да Яго фарысеі і садукеі і, выпрабоўваючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба. А Ён адказаў ім: «Вечарам кажаце: “Будзе добрае надвор’е, бо неба чырвонае”, а раніцай: “Сёння будзе віхура, бо неба чырвонае і пахмурнае”. Вы ўмееце распазнаваць аблічча неба, а знакі часу не можаце. Пакаленне ліхое і нявернае шукае знаку, але ніякага знаку не будзе дадзена яму акрамя знаку Ёны». І, пакінуўшы іх, адышоў.

Фарысейская і садукейская закваска

Пераправіўшыся на другі бок, вучні Яго забыліся ўзяць хлеба. Езус жа сказаў ім: «Глядзіце, асцерагайцеся фарысейскай і садукейскай закваскі». А яны разважалі самі сабе і казалі: «Мы не ўзялі хлеба!» Але Езус, ведаючы гэта, спытаўся: «Малаверныя, чаму разважаеце паміж сабой, што не маеце хлеба. Хіба не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы назбіралі? І пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кашоў вы назбіралі? Як вы не разумееце, што не пра хлеб Я сказаў вам? Але асцерагайцеся фарысейскай і садукейскай закваскі». Тады зразумелі, што Ён казаў ім асцерагацца не хлебнай закваскі, а фарысейскага і садукейскага вучэння.

Вызнанне Пятра

Калі прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай, запытаўся ў сваіх вучняў, кажучы: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» Яны ж адказалі: «Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміем ці адным з прарокаў». Ён сказаў ім: «А вы кім лічыце Мяне?» Адказваючы, Сымон Пётр сказаў: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога». Тады Езус сказаў яму ў адказ: «Шчаслівы ты, Сымоне, сыне Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. І Я кажу табе, што ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе». Тады загадаў вучням, каб нікому не расказвалі, што Ён — Хрыстус.

Першае прадказанне мукі і ўваскрасення

З таго часу пачаў Езус адкрываць вучням сваім, што Ён павінен ісці ў Ерузалем і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: «Пане, няхай абміне Цябе гэта; няхай так не здарыцца». Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае!»

Наследаванне Езуса

Тады Езус сказаў сваім вучням: «Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо той, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных. Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, які ідзе ў Валадарстве сваім».

Перамяненне Езуса

Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось, з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, а голас з воблака сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце». Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся. А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і не бойцеся». Узняўшы вочы, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.

Пытанне аб прыйсці Іллі

Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне».

Вучні ж спыталіся ў Яго: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці першым?» Ён адказаў ім: «Ілля сапраўды прыйдзе і адновіць усё. Але кажу вам, што Ілля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі з ім, што хацелі. Так і Сын Чалавечы будзе цярпець ад іх». Тады зразумелі вучні, што Ён казаў ім пра Яна Хрысціцеля.

Аздараўленне эпілептыка

Калі прыйшлі да натоўпу, падышоў да Езуса нейкі чалавек і, упаўшы перад Ім на калені, сказаў: «Пане, змілуйся над маім сынам; ён эпілептык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў агонь і часта — у ваду. Я прыводзіў яго да тваіх вучняў, але яны не маглі вылечыць яго». Адказваючы, Езус сказаў: «О пакаленне нявернае і распуснае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прынясіце яго да Мяне». І загадаў яму Езус, і выйшаў з яго злы дух, і ад гэтай гадзіны хлопец стаў здаровым. Тады асобна падышлі да Езуса вучні і сказалі: «Чаму нам не ўдалося выгнаць яго?» А Ён сказаў ім: «З прычыны малой веры вашай. Сапраўды кажу вам: калі ў вас будзе вера з гарчычнае зерне і вы скажаце гэтай гары: “Перасунься адсюль сюды!”, яна перасунецца. І для вас не будзе нічога немагчымага». [отсутсвует]

Другое прадказанне мукі і ўваскрасення

Калі яны знаходзіліся ў Галілеі, Ён сказаў ім: «Сын Чалавечы павінен быць выдадзены ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсне». Тады яны вельмі засмуціліся.

Падатак на святыню

Калі ж яны прыбылі ў Кафарнаум, збіральнікі дыдрахмаў падышлі да Пятра і сказалі: «Ці ваш Настаўнік не дасць дыдрахмаў?» Той адказаў: «Так». І калі ён увайшоў у дом, Езус апярэдзіў яго і сказаў: «Як табе здаецца, Сымоне? З каго бяруць мыта або падатак зямныя каралі? Са сваіх сыноў ці з чужых?» А калі ён адказаў: «З чужых», Езус сказаў яму: «Значыць, сыны свабодныя. Але каб нам не спакусіць іх, ідзі на мора, закінь вуду і вазьмі першую рыбіну, якую зловіш; калі адкрыеш ёй рот, знойдзеш статэр. Вазьмі і аддай яго за Мяне і за сябе».

ПРАМОВА ДА ВУЧНЯЎ

Хто большы?

У тую гадзіну падышлі вучні да Езуса, кажучы: «Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным?» Тады Езус паклікаў дзіця, паставіў яго сярод іх і сказаў: «Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Таму той, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным. І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае.

Спакуса

А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш павесіць на шыю млынавы камень і патапіць у марской глыбіні. Гора свету праз спакусы, бо спакусы павінны прыйсці; але гора таму чалавеку, праз якога прыходзіць спакуса!

Калі ж рука твая ці нага твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё аднарукім ці кульгавым, чым з абедзвюма рукамі ці абедзвюма нагамі быць кінутым у вечны агонь. І калі цябе спакушае тваё вока, вырві яго і адкінь ад сябе. Лепш табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым з двума вачыма быць кінутым у геену вогненную.

Глядзіце, не пагарджайце ніводным з тых малых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ў нябёсах. [отсутсвует]

Прыпавесць пра заблукалую авечку

Як вы думаеце? Калі ў нейкага чалавека было сто авечак, і адна з іх заблукала, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблукала? Калі ж удасца знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён радуецца ёй больш, чым дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі. Так няма волі вашага Айца, які ў нябёсах, каб загінуў адзін з тых малых.

Братэрскі напамін

Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў свайго брата. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася кожнае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы Касцёлу. А калі і Касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік. Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе.

Супольная малітва

Сапраўды таксама кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх».

Абавязак прабачэння

Тады Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: «Пане, калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?» Езус адказаў яму: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў».

Прыпавесць пра бязлітаснага даўжніка

Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: “Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам”. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугой, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен!” Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і прасіў яго, кажучы: “Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе”. Аднак той не захацеў, але пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.

Ягоныя сабраты, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся вельмі і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася. Тады гаспадар паклікаў яго і сказаў: “Нягодны слуга, увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне. Ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?” І, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго катам, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца не даруе брату свайму».

ДЗЕЙНАСЦЬ ЕЗУСА Ў ЮДЭІ І ЕРУЗАЛЕМЕ

Прыбыццё ў Юдэю

Сказаўшы гэтыя словы, Езус пакінуў Галілею і прыбыў у межы Юдэі, на другі бок Ярдана. Ішло за Ім вялікае мноства людзей, і Ён аздаравіў іх там.

Непарушнасць сужэнства

Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, пыталіся: «Ці дазволена чалавеку з усялякай прычыны разводзіцца са сваёй жонкаю?» Ён жа, адказваючы, сказаў: «Хіба вы не чыталі, што Стварыцель спачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай?» І сказаў: «Таму пакіне мужчына бацьку і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае». Тады яны сказалі Яму: «Чаму ж Майсей загадаў даць разводны ліст і адпусціць яе?» Ён адказаў ім: «Майсей праз упартасць вашых сэрцаў дазволіў вам разводзіцца са сваімі жонкамі, аднак спачатку так не было. А Я кажу вам: хто развядзецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты і ажэніцца з іншай, той чужаложыць».

Дзявоцтва

Вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: «Калі такія адносіны чалавека з жонкаю, то лепш не жаніцца». Ён жа адказаў ім: «Не ўсе разумеюць гэтае слова, але тыя, каму дадзена. Бо ёсць скапцы, якія нарадзіліся такімі з улоння маці; ёсць скапцы, якіх людзі спаклалі; і ёсць скапцы, якія самі зрабілі сябе скапцамі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа зразумець гэта, няхай разумее».

Езус і дзеці

Тады прынеслі да Езуса дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні забаранялі ім. Тады Езус сказаў: «Дазвольце дзецям і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае». І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.

Багаты юнак

І вось, да Яго падышоў адзін чалавек і сказаў: «Настаўнік, што добрага зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае?» Ён адказаў яму: «Чаму пытаешся ў Мяне пра дабро? Адзін ёсць Добры! Калі хочаш увайсці ў жыццё, захоўвай запаведзі».

Той спытаўся ў Яго: «Якія?» Езус адказаў: «Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку і маці, любі бліжняга свайго, як самога сябе». Юнак сказаў Яму: «Усё гэта я захоўваў, чаго яшчэ нестае мне?» Езус адказаў яму: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасць сваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах; пасля прыходзь і ідзі за Мною». Пачуўшы сказанае, юнак адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць.

Небяспека багаццяў

А Езус сказаў сваім вучням: «Сапраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсці ў Валадарства Нябеснае. І яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае». Пачуўшы гэта, вучні вельмі здзівіліся і сказалі: «Дык хто ж можа збавіцца?» Езус паглядзеў і сказаў ім: «У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма».

Узнагарода для тых, хто пакінуў усё

Тады Пётр спытаў Яго: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою. Дык што мы атрымаем?» А Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што ў новым жыцці, калі Сын Чалавечы сядзе на троне славы сваёй, таксама вы, якія пайшлі за Мною, сядзеце на дванаццаці тронах, каб судзіць дванаццаць плямёнаў Ізраэля. І кожны, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці айцоў, ці маці, ці дзяцей, ці землі дзеля Майго імя, здабудзе ў сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае.

Але шмат першых будзе апошнімі, і апошніх — першымі.

Прыпавесць пра работнікаў у вінаградніку

Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у свой вінаграднік. Дамовіўшыся з работнікамі па дынары за дзень, ён паслаў іх у свой вінаграднік. Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, сказаў ім: “Ідзіце і вы ў мой вінаграднік, а я справядліва заплачу вам”. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае. Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: “Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?” Яны сказалі яму: “Нас ніхто не наняў”. Ён сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік”.

Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: “Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых”. І тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары. Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: “Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку!” У адказ ён сказаў аднаму з іх: “Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?”

Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі».

Трэцяе прадказанне мукі і ўваскрасення

Калі Езус узыходзіў у Ерузалем, Ён узяў асобна дванаццаць вучняў і ў дарозе сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць і аддадуць Яго язычнікам на здзек, бічаванне і ўкрыжаванне, а на трэці дзень Ён уваскрэсне».

Сыны Зэбэдэя

Тады падышла да Яго маці сыноў Зэбэдэя са сваімі сынамі, пакланілася і прасіла Яго аб нечым. Ён жа сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна адказала: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Тваім Валадарстве адзін праваруч, а другі леваруч Цябе». Езус сказаў у адказ: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я павінен піць?» Яны адказалі Яму: «Можам». Тады Ён сказаў ім: «Келіх Мой будзеце піць, але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне, не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана Айцом Маім».

Веліч — у служэнні

І, пачуўшы, дзесяць вучняў абурыліся на двух братоў. А Езус, паклікаўшы іх, сказаў: «Вы ведаеце, што кіраўнікі народаў пануюць над імі, і вяльможы маюць уладу над імі. Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе вашым нявольнікам. Бо Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».

Аздараўленне двух сляпых ля Ерыхона

Калі яны выходзілі з Ерыхона, за Ім ішоў вялікі натоўп. І вось, двое сляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што праходзіць Езус, пачалі крычаць: «Змілуйся над намі, Пане, Сыне Давіда!» Народ жа прымушаў іх змоўкнуць, але яны крычалі яшчэ мацней: «Змілуйся на намі, Пане, Сыне Давіда!» Езус спыніўся, паклікаў іх і сказаў: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?» Яны адказалі Яму: «Пане, каб адкрыліся вочы нашы». Езус, злітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх, і адразу яны пачалі бачыць, і пайшлі за Ім.

Урачысты ўезд у Ерузалем

Калі наблізіліся да Ерузалема і прыйшлі ў Бэтфагію да гары Аліўнай, тады Езус паслаў двух вучняў, кажучы ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. Там адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне. Калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце, што яны патрэбны Пану; і зараз жа адашле іх». І сталася гэта, каб збылося сказанае прарокам:

«Скажыце дачцэ Сіёна:
вось Кароль твой ідзе да цябе;
лагодны, седзячы на асліцы, на асляняці,
сыне пад’ярэмнай».

Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Езус. Прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх свае плашчы, і Ён сеў на іх. І мноства людзей рассцілала свае плашчы на дарозе, іншыя ж зразалі галіны з дрэў і слалі на дарозе. А натоўпы, якія ішлі спераду і за Ім, усклікалі:

«Гасанна Сыну Давіда!
Благаслаўлёны той,
хто прыходзіць у імя Пана!
Гасанна на вышынях!»

Калі Ён увайшоў у Ерузалем, узрушыўся ўвесь горад, і пыталіся: «Хто гэта?» А народ адказваў: «Гэта прарок Езус з Назарэта Галілейскага».

Ачышчэнне святыні

Езус увайшоў у святыню і прагнаў усіх, хто гандляваў і купляў у святыні, а сталы мянялаў і лаўкі гандляроў галубамі папераварочваў. Ён сказаў ім: «Напісана: “Дом Мой назавецца домам малітвы”, а вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».

Падышлі да Яго ў святыні сляпыя і кульгавыя, а Ён аздаравіў іх. Але першасвятары і кніжнікі, калі ўбачылі цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў святыні: «Гасанна Сыну Давіда», абурыліся і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Езус адказаў ім: «Так. Хіба вы не чыталі ніколі: “З вуснаў немаўлят і тых, хто сасе, Ты ўчыніў хвалу”?» Пакінуўшы іх, Ён выйшаў з горада ў Бэтанію і пераначаваў там.

Неўраджайная смакоўніца

А раніцай, калі вяртаўся ў горад, адчуў голад. Убачыўшы пры дарозе смакоўніцу, падышоў да яе і нічога, акрамя лісця, на ёй не знайшоў. Тады сказаў ёй: «Няхай з цябе ніколі навекі не будзе пладоў». І смакоўніца адразу засохла. Калі вучні ўбачылі гэта, здзівіліся і сказалі: «Як гэта адразу смакоўніца высахла?» А Езус сказаў ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: калі ў вас будзе вера і не будзе сумненняў, то не толькі зробіце гэта са смакоўніцай, але і калі скажаце гары гэтай: “Падыміся і кінься ў мора”, збудзецца. І ўсё, чаго папросіце ў малітве з верай, атрымаеце».

Пытанне пра ўладу Езуса

Калі Ён прыйшоў у святыню і навучаў, падышлі да Яго першасвятары і старэйшыны народу і сказалі: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе гэтую ўладу?» Езус адказаў ім: «Спытаю ў вас і Я пра адно; калі скажаце Мне пра гэта, тады і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта. Адкуль быў Янаў хрост? З неба ці ад людзей?» Яны ж разважалі паміж сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, то Ён скажа нам: “Чаму ж вы не паверылі яму?” А калі скажам: “Ад людзей”, — баімся натоўпу, бо ўсе лічаць Яна прарокам». І сказалі ў адказ Езусу: «Не ведаем». Тады і Ён сказаў ім: «І Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».

Прыпавесць пра двух сыноў

«Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: “Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку”. Але той адказаў: “Не хачу.” Аднак пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: “Іду, гаспадару”. І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Тады Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы ідуць перад вамі ў Валадарства Божае. Прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.

Прыпавесць пра ліхіх вінаградараў

Паслухайце іншую прыпавесць. Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў. Калі ж наблізіўся час ураджаю, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць свой ураджай. А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі. Той зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае. Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: “Ушануюць сына майго”. Але, убачыўшы сына, вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай”. І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць з гэтымі вінаградарамі?» Адказалі Яму: «Злачынцаў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час». Езус сказаў ім: «Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях:

“Камень, адкінуты будаўнікамі,
стаў галавою вугла.
Пан учыніў гэта,
і дзіўнае яно ў вачах нашых”?

Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго. І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раструшчыць».

Калі першасвятары і фарысеі пачулі Ягоныя прыпавесці, зразумелі, што Ён гаворыць пра іх. Таму намагаліся схапіць Яго, але баяліся людзей, бо тыя лічылі Яго прарокам.

Прыпавесць пра вясельную гасціну

Езус зноў расказаў ім прыпавесць: «Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для свайго сына. Ён паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці. Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле”. Але яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.

Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. Тады ён сказаў сваім слугам: “Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле”. Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі. Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?” Той прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: “Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных».

Падатак цэзару

Тады фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на слове. І паслалі да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб спыталіся: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей. Таму скажы нам: як Табе здаецца? Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не?» Але Езус, ведаючы іхнюю зласлівасць, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі? Пакажыце Мне падатковую манету». Яны прынеслі Яму дынар. Ён спытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?» Адказалі Яму: «Цэзара». Тады Ён сказаў ім: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу». Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышлі.

Уваскрашэнне памерлых

У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: «Настаўнік, Майсей сказаў: “Калі нехта памрэ, не маючы дзяцей, няхай яго брат возьме жонку ягоную і адродзіць нашчадкаў брату свайму”. Дык вось, было ў нас сем братоў. Першы, ажаніўшыся, памёр і, не маючы патомства, пакінуў жонку брату свайму. Гэтаксама і другі, і трэці, аж да сёмага. А пасля ўсіх памерла і жонка. Пры ўваскрашэнні катораму з семярых яна будзе за жонку? Бо яна належала ўсім». Езус адказаў ім: «Вы памыляецеся, не ведаючы ні Пісання, ні сілы Божай. Бо пры ўваскрашэнні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, але жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах. А пра ўваскрашэнне памерлых хіба вы не чыталі сказанага вам ад Бога: “Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба”? Бог не ёсць Богам мёртвых, а жывых». Натоўп, пачуўшы гэта, дзівіўся з вучэння Яго.

Найбольшая запаведзь

Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, яны сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: «Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?» Езус адказаў яму: «“Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім”. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі».

Хрыстус — Божы Сын

Калі фарысеі сабраліся, Езус спытаўся ў іх: «Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын?» Яны адказалі Яму: «Давіда». Ён сказаў ім: «Як жа Давід, натхнёны Духам, называе Яго Панам, калі кажа:

“Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч Мяне,
пакуль не пакладу ворагаў Тваіх
пад ногі Твае”?

Дык калі Давід называе Яго Панам, які ж Ён сын яму?» І ніхто не здолеў адказаць Яму ні слова. З таго дня ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.

Крывадушнасць кніжнікаў і фарысеяў

Тады Езус прамовіў да натоўпу і сваіх вучняў: «Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не паступайце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. Яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры. Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх “раббі”. Вы ж не дазваляйце называць сябе раббі, бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. Не дазваляйце таксама называць сябе правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстус. Большы з вас няхай будзе для вас слугою. Бо той, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.

Гора кніжнікам і фарысеям

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі! Бо самі не ўваходзіце і, калі ўваходзяць іншыя, не пускаеце іх. [отсутсвует]

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што абыходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго новага верніка. Калі ж гэта здараецца, робіце яго сынам геены, удвая горшым, чым вы самі!

Гора вам, сляпыя павадыры, якія кажаце: “Калі хто клянецца святыняй, то нічога; але калі хто клянецца золатам святыні, то абавязаны”. Неразумныя і сляпыя! Што большае: золата ці святыня, якая асвячае золата? І зноў: “Калі хто клянецца ахвярнікам, то нічога; а калі клянецца дарам, што на ім, то абавязаны”. Сляпыя! Што большае? Дар ці ахвярнік, які асвячае дар? Таму той, хто клянецца ахвярнікам, клянецца і ім, і ўсім, што на ім. І той, хто клянецца святыняю, клянецца і ёю, і тым, хто жыве ў ёй. А хто клянецца небам, клянецца тронам Божым і тым, хто сядзіць на ім.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але абмінаеце тое, што важнейшае ў Законе: правасуддзе, міласэрнасць і веру! Гэта трэба было рабіць і таго не абмінаць. Сляпыя павадыры, якія адцэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што звонку ачышчаеце кубак і місу, а ўнутры яны поўныя драпежнасці і нястрыманасці! Сляпы фарысей, спачатку ачысці кубак унутры, каб ён стаў чыстым і звонку.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо вы падобныя да пабеленых пахавальняў, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя касцей нябожчыкаў і ўсялякай нячыстасці! Так і вы звонку здаяцеся людзям справядлівымі, але ўнутры поўныя крывадушша і беззаконня.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што ўзносіце грабніцы прарокам і ўпрыгожваеце магілы праведнікаў, кажучы: “Калі б мы жылі ў дні айцоў нашых, то не былі б саўдзельнікамі ў праліцці крыві прарокаў”! Так вы сведчыце супраць саміх сябе, што вы сыны тых, хто забіваў прарокаў. Дапоўніце ж меру сваіх айцоў. Вужы, пакаленне змяінае, як вы пазбегнеце прысуду да геены? Таму Я пасылаю да вас прарокаў, мудрацоў і кніжнікаў. Адных з іх вы пазабіваеце і ўкрыжуеце, а другіх будзеце бічаваць у сінагогах сваіх і будзеце гнаць з горада ў горад. Так упадзе на вас уся праведная кроў, пралітая на зямлі, ад крыві справядлівага Абэля аж да крыві Захарыі, сына Барахіі, якога вы забілі паміж святыняй і ахвярнікам. Сапраўды кажу вам: усё гэта ўпадзе на гэтае пакаленне.

Напамін для Ерузалема

Ерузалем, Ерузалем, ты забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе. Колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка збірае пад крыламі птушанят сваіх, але вы не захацелі! Вось, застаецца вам дом ваш пусты! Бо кажу вам: адгэтуль не ўбачыце Мяне, пакуль не ўсклікнеце: “Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!”»

ЭСХАТАЛАГІЧНАЯ ПРАМОВА

Прадказанне збурэння святыні

Выйшаўшы, Езус пайшоў ад святыні. І падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму будынкі святыні. А Ён сказаў ім: «Ці бачыце ўсё гэта? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны». Калі Ён сядзеў на Аліўнай гары, падышлі да Яго вучні асобна, кажучы: «Скажы нам, калі гэта будзе і які знак Твайго прыйсця і сканчэння свету?»

Пачатак пакутаў

Адказваючы, Езус сказаў ім: «Глядзіце, каб хто не звёў вас. Бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы: “Я — Хрыстус”, і многіх звядуць. Вы пачуеце пра войны і весткі з войнаў. Глядзіце, не палохайцеся, бо так павінна адбыцца. Але гэта яшчэ не канец. Бо народ паўстане на народ, і каралеўства на каралеўства, і ў розных месцах узнікнуць паморак і землятрусы. Усё гэта — пачатак пакутаў. Пасля аддадуць вас на ўціск і будуць забіваць вас, і зненавідзяць вас усе народы за імя Маё. Тады шмат хто зняверыцца, і будуць выдаваць адзін аднаго і ненавідзець адзін аднаго. І паўстане шмат фальшывых прарокаў, і яны шмат каго звядуць. А з-за таго, што пашырыцца беззаконне, любоў многіх астыне. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены. І гэта Евангелле Валадарства будзе абвешчана па ўсім свеце на сведчанне ўсім народам; і тады настане канец.

Спусташэнне Юдэі

Калі ж убачыце агіду спусташэння, прадказаную прарокам Даніэлем, якая пануе на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы; хто будзе на даху, няхай не спускаецца ўзяць рэчы з дому свайго. А хто на полі, няхай не вяртаецца ўзяць вопратку сваю. Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!

Маліцеся, каб вашы ўцёкі не прыпалі на зіму ці на шабат. Таму што будзе тады вялікая туга, якой не было ад пачатку свету аж дагэтуль і не будзе. І калі б не скараціліся тыя дні, не ўратавалася б ніякае цела. Але дзеля выбраных скароцяцца дні гэтыя. Тады, калі хтосьці скажа вам: “Вось, тут Хрыстус”, — ці: “Там”, — не верце! Бо паўстануць фальшывыя месіі і фальшывыя прарокі і будуць чыніць вялікія знакі і цуды, каб увесці ў зман па магчымасці і выбраных. Вось, Я прадказаў вам. А калі вам скажуць: “Вось, Ён у пустыні”, — не выходзьце. Або: “Вось, Ён у патаемных пакоях”, — не верце. Бо як маланка мільгае з усходу і паказваецца аж на захадзе, такім будзе прыйсце Сына Чалавечага. Бо там, дзе трупы, збяруцца арлы.

Прыйсце Сына Чалавечага

Адразу пасля нядолі тых дзён зацемніцца сонца, і месяц не дасць святла свайго, і зоркі пападаюць з неба, і пахіснуцца нябесныя сілы. Тады на небе з’явіцца знак Сына Чалавечага, і загалосяць усе зямныя плямёны, і ўбачаць, як Сын Чалавечы прыходзіць на аблоках з вялікай магутнасцю ў славе. Ён пашле анёлаў сваіх з моцным гучаннем трубы, і збяруць выбраных Яго з чатырох бакоў свету, з аднаго краю нябёс да другога.

Прыклад смакоўніцы

Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўсё гэта ўбачыце, ведайце, што блізка, пры дзвярах. Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё гэта адбудзецца. Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.

Заклік да чування і прыпавесць пра вернага слугу

А пра дзень той і гадзіну ніхто не ведае, ні анёлы нябесныя, ні Сын, а толькі Айцец. Але як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінута.

Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Знайце ж тое, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце. Хто ж верны і разумны слуга, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім спажытак у адпаведны час? Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць. Сапраўды кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго. Калі ж гэты дрэнны слуга скажа ў сэрцы сваім: “Не спяшаецца гаспадар мой”, і пачне біць сяброў сваіх, есці і піць з п’яніцамі, то гаспадар слугі гэтага прыйдзе ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. І адлучыць яго, і вызначыць яму долю разам з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

Прыпавесць пра дзесяць паннаў

Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх былі неразумныя, а пяць — мудрыя. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі. А сярод ночы ўзняўся крык: “Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач”. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак свае светачы. Неразумныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць”. А мудрыя адказалі: “Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе”. Калі ж яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыйшлі і астатнія панны ды кажуць: “Пане, пане, адчыні нам”. А ён адказаў ім: “Сапраўды кажу вам: не ведаю вас”. Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.

Прыпавесць пра таланты

Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасць. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін; кожнаму паводле іхніх магчымасцяў, і ад’ехаў. Той, які атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць. Таксама і той, які атрымаў два, зарабіў яшчэ два. А той, які атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра свайго гаспадара. Па доўгім часе прыйшоў гаспадар слугаў гэтых і пачаў патрабаваць ад іх рахунку. Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і сказаў: “Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх”. Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”. Падышоў таксама і той, які атрымаў два таланты, і сказаў: “Гаспадар, два таланты ты даў мне, вось яшчэ два таланты зарабіў я”. Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”. Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: “Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось, вазьмі сваё”. Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: “Нягодны і лянівы слуга! Ты ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю там, дзе не рассыпаў. Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай. Таму забярыце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў. Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае. А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.

Апошні Суд

Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. Перад Ім сабраныя будуць усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. Авечак паставіць праваруч, а казлоў — леваруч. Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”. Тады адкажуць Яму справядлівыя: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?” І Валадар скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне”. Тады і яны адкажуць Яму: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?” А Ён скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне”. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця».

МУКА, СМЕРЦЬ І ЎВАСКРАСЕННЕ ЕЗУСА

Змова супраць Езуса

Калі Езус скончыў усе гэтыя словы, сказаў сваім вучням: «Ведаеце, што праз два дні Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаванне».

Тады першасвятары і старэйшыны народу сабраліся на дзядзінцы першасвятара, якога звалі Каяфам. Яны правялі нараду, як подступам схапіць Езуса і забіць. Але казалі: «Не ў свята, каб не было абурэння ў народзе».

Намашчэнне ў Бэтаніі

Калі ж Езус быў у Бэтаніі, у доме пракажонага Сымона, падышла да Яго жанчына з алебастравым флаконам каштоўнага міра і выліла Яму на галаву, калі Ён быў за сталом. Убачыўшы гэта, вучні абурыліся і сказалі: «Навошта гэткае марнатраўства? Можна было б дорага прадаць гэта і раздаць убогім». Але Езус, убачыўшы гэта, сказаў ім: «Чаму дакучаеце жанчыне? Яна зрабіла для Мяне добры ўчынак. Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце. Праліўшы гэтае міра на Маё цела, яна падрыхтавала Мяне на пахаванне. Сапраўды кажу вам: дзе б ні абвяшчалася Евангелле па ўсім свеце, сказана будзе і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін аб ёй».

Здрада Юды

Тады адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасвятароў і сказаў: «Што хочаце мне даць, і я выдам вам Яго?» Яны ж вызначылі яму трыццаць срэбранікаў. І з таго часу ён шукаў нагоды выдаць Яго.

Прыгатаванне пасхальнай вячэры

У першы дзень Праснакоў прыйшлі вучні да Езуса і сказалі: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе з’есці пасху?» Ён адказаў: «Ідзіце ў горад да пэўнага чалавека і скажыце яму: “Настаўнік кажа: час Мой блізкі; у цябе зраблю пасху з вучнямі Маімі”». Вучні ўчынілі так, як загадаў ім Езус, і прыгатавалі пасху.

Апошняя Вячэра

Калі ж настаў вечар, Ён з Дванаццаццю заняў месца ля стала. А калі елі, сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне». Вельмі засмуціўшыся, яны пачалі казаць Яму адзін за адным: «Ці не я, Пане?» А Ён адказаў: «Хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне. Сапраўды, Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага! Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца». Юда, які збіраўся Яго выдаць, спытаўся: «Ці не я, Раббі?» Езус адказаў: «Ты сказаў».

Калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, паламаў і, даўшы вучням, сказаў: «Бярыце і ешце, гэта Цела Маё». І ўзяўшы келіх, і ўзнёсшы падзяку, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе, бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў. Кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі буду піць яго з вамі новым у Валадарстве Айца Майго».

Езус з вучнямі на Аліўнай гары

І, праспяваўшы гімн, яны пайшлі на Аліўную гару. Тады Езус сказаў ім: «Вы ўсе зняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастыра, і рассеюцца авечкі статку”. А пасля ўваскрасення Майго Я апярэджу вас у Галілеі». А Пётр сказаў Яму ў адказ: «Калі нават усе зняверацца ў Табе, я ніколі не зняверуся». Езус сказаў яму: «Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». Пётр адказаў Яму: «Хоць бы давялося памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Падобнае сказалі і ўсе вучні.

Малітва ў Гетсэманіі

Потым Езус пайшоў з імі на месца, званае Гетсэманія, і сказаў вучням: «Сядзьце тут, а Я адыду і памалюся там». І, узяўшы з сабою Пятра і абодвух сыноў Зэбэдэевых, пачаў тужыць і адчуваць трывогу. Тады сказаў ім: «Засмучана душа Мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце разам са Мною». І, адышоўшы крыху ўперад, упаў на твар, маліўся і казаў: «Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як Я хачу, але як Ты». Калі вярнуўся да вучняў і знайшоў іх спячымі, сказаў Пятру: «Чаму вы не маглі адну гадзіну чуваць са Мною? Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое». І зноў, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: «Ойча Мой, калі не можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне не піць яго, няхай станецца воля Твая». І, вярнуўшыся, зноў знайшоў іх спячымі, бо вочы ў іх былі стомленыя. Тады пакінуў іх і адышоўся зноў, і маліўся трэці раз, паўтараючы тыя самыя словы. Тады зноў прыйшоў да вучняў і сказаў ім: «Усё яшчэ спіце і адпачываеце? Вось наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў. Устаньце, пойдзем; вось наблізіўся мой здраднік».

Арышт Езуса

І калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім мноства людзей з мячамі і кіямі ад першасвятароў і старэйшын народу. А той, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, той і ёсць; схапіце Яго!» І адразу падышоў да Езуса, і сказаў: «Вітай, Раббі!» І пацалаваў Яго. А Езус сказаў яму: «Сябра, чаго ты прыйшоў?» Тады, падышоўшы, усклалі рукі свае на Езуса і схапілі Яго. І вось, адзін з тых, хто быў з Езусам, працягнуў руку, выхапіў свой меч і, ударыўшы слугу першасвятара, адсек яму вуха.

Тады Езус сказаў яму: «Схавай меч свой, бо кожны, хто бярэ меч, ад мяча і загіне. Ці думаеш, што Я не мог бы папрасіць Айца Майго, і Ён адразу ж паставіў бы каля Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў? Але як тады збудуцца Пісанні, што так павінна стацца?» У тую хвіліну Езус сказаў натоўпу: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб схапіць Мяне. Кожны дзень сядзеў Я ў святыні і навучаў, і вы не схапілі Мяне». А гэта ўсё сталася, каб збыліся Пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

Езус перад Сінэдрыёнам

А тыя, хто схапіў Езуса, завялі Яго да першасвятара Каяфы, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыны. Пётр жа ішоў следам за Ім зводдаль аж да дзядзінца першасвятара. Увайшоўшы ў сярэдзіну, ён сеў са слугамі, каб убачыць, які будзе канец.

А першасвятары і ўвесь Сінэдрыён шукалі ілжывага сведчання супраць Езуса, каб забіць Яго, і не знайшлі, хоць прыходзіла шмат ілжывых сведкаў. Але нарэшце прыйшлі двое і засведчылі: «Ён сказаў: “Магу зруйнаваць святыню Божую і за тры дні адбудаваць яе”». Тады ўстаў першасвятар і сказаў Яму: «Нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сведчаць?» Але Езус маўчаў. Тады першасвятар сказаў Яму: «Заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстус, Сын Божы?» Езус адказаў яму: «Ты сказаў. Нават кажу вам: сёння ўбачыце Сына Чалавечага, які сядзіць праваруч Усемагутнага і ідзе на аблоках нябесных».

Тады першасвятар разадраў адзенне сваё і сказаў: «Ён блюзнерыць! Навошта яшчэ нам сведкі? Вось жа цяпер вы чулі блюзнерства Ягонае. Як вам здаецца?» А яны адказалі: «Ён заслугоўвае смерці!» Тады пачалі пляваць Яму ў твар і біць кулакамі, а іншыя білі па шчоках і казалі: «Прароч нам, Хрыстэ, хто ўдарыў Цябе?»

Адрачэнне Пятра

А Пётр сядзеў звонку на дзядзінцы, калі падышла да яго адна служанка і сказала: «І ты быў з Езусам з Галілеі!» Але ён адрокся перад усімі і сказаў: «Не ведаю, што ты кажаш!» А калі ён выйшаў да брамы, убачыла яго другая і сказала тым, што былі там: «Гэты быў з Езусам Назарэем!» І зноў адрокся ён, прысягаючы: «Я не ведаю гэтага Чалавека!» Крыху пазней падышлі тыя, хто стаяў там, і сказалі Пятру: «Сапраўды, і ты адзін з іх, бо і мова твая выдае цябе». Тады ён пачаў клясціся і прысягаць: «Не ведаю гэтага Чалавека!» І адразу заспяваў певень. Тады ўзгадаў Пётр словы Езуса: «Перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.

Езуса вядуць да Пілата

Калі ж настала раніца, усе першасвятары і старэйшыны народу зрабілі нараду супраць Езуса, каб забіць Яго. І, звязаўшы, павялі і аддалі Яго намесніку Понцію Пілату.

Смерць Юды

Тады Юда, які выдаў Езуса, убачыўшы, што Яго асудзілі, пакаяўся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам і сказаў: «Зграшыў я, бо выдаў нявінную кроў». Яны ж сказалі: «Што нам да таго? Глядзі сам!» Тады ён, кінуўшы срэбранікі ў святыні, выйшаў і пайшоў павесіўся. А першасвятары ўзялі срэбранікі і сказалі: «Нельга іх класці ў скарбонку святыні, бо гэта цана крыві». Яны параіліся і купілі на іх поле ганчара для пахавання чужаземцаў. Таму і па сённяшні дзень называецца гэтае поле «полем крыві». Так збылося сказанае прарокам Ераміем: «Узялі трыццаць срэбранікаў, плату за таго, каго ацанілі сыны Ізраэля, і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Пан».

Езус перад Пілатам

Езус жа стаў перад намеснікам, а той спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Езус адказаў: «Ты кажаш». І калі абвінавачвалі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказаў. Тады сказаў Яму Пілат: «Ці не чуеш колькі сведчыць супраць Цябе?» Але Ён ні на адно слова не адказваў яму, таму намеснік вельмі дзівіўся.

На свята намеснік меў звычай адпускаць паводле жадання натоўпу аднаго вязня. Быў тады ў іх адзін вязень, званы Бараба. І вось, калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я выпусціў вам, Барабу ці Езуса, званага Хрыстом?» Ён ведаў, што ад зайздрасці выдалі Яго.

А калі ён сядзеў на судовым месцы, жонка ягоная паслала сказаць яму: «Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат цярпела за Яго». Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі натоўп, каб прасілі за Барабу, а Езуса аддалі на смерць. Адказваючы, намеснік сказаў ім: «Каго з гэтых двух хочаце, каб я адпусціў вам?» Яны сказалі: «Барабу!» Пілат сказаў ім: «А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?» Усе закрычэлі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» Ён жа сказаў: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»

Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а абурэнне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі!» І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых». Тады адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.

Укаранаванне цернем

А жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту. І распрануўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч. І сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, кароль юдэйскі!» І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве. А калі насмяяліся з Яго, знялі з Яго плашч і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі на ўкрыжаванне.

Укрыжаванне Езуса

Выходзячы, яны сустрэлі аднаго кірэнэйца па імені Сымон, якога прымусілі несці Ягоны крыж. Калі прыйшлі на месца, называнае Галгота, што азначае «Месца Чэрапа», далі Яму выпіць віна, змяшанага з жоўцю. Ён пакаштаваў, але не хацеў піць. Укрыжаваўшы Яго, падзялілі Ягоную вопратку, кідаючы лёсы. І, седзячы, пільнавалі Яго там. А над галавой Ягонай змясцілі надпіс з віной: «Гэта Езус, кароль юдэйскі».

Тады ўкрыжавалі з ім двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку. Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа!» Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі: «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. Ён — кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, і мы паверым у Яго. Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго, бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”». Таксама і злачынцы, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго.

Смерць Езуса

Ад шостай гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. А каля гадзіны дзевятай усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Ён кліча Іллю». І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго. А другія казалі: «Чакай, пабачым, ці прыйдзе Ілля ратаваць Яго». Езус жа зноў ускрыкнуў моцным голасам і аддаў духа.

І вось, заслона ў святыні разарвалася надвое з верху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся, і магілы адкрыліся, і многія целы памерлых святых уваскрэслі і выйшлі з магілаў пасля Ягонага ўваскрасення, увайшлі ў святы горад і паказаліся многім. А сотнік і тыя, хто вартаваў з ім Езуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што сталася, вельмі спалохаліся і сказалі: «Праўдзіва, гэта быў Сын Божы!»

Было там таксама шмат жанчын, якія глядзелі здалёк і якія спадарожнічалі Езусу ад Галілеі, служачы Яму. Была сярод іх Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Юзафа, і маці сыноў Зэбэдэя.

Пахаванне

Калі звечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, па імені Юзаф, які таксама быў вучнем Езуса. Ён, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў цела Езуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела. Узяўшы цела, Юзаф захінуў Яго ў чыстае палатно і паклаў у сваёй новай магіле, якую высек у скале. Пасля прываліў вялікі камень да ўваходу ў магілу і адышоў. Была там Марыя Магдалена і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.

Варта пры магіле

На другі дзень, што быў пасля прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарысеі ў Пілата і сказалі: «Пане, мы ўспомнілі, што ашуканец гэты, калі быў яшчэ жывы, сказаў: “Праз тры дні ўваскрэсну”. Таму загадай вартаваць магілу аж да трэцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, не выкралі Яго і не сказалі народу: “Ён уваскрос”. І будзе апошні падман горшы за першы». Пілат адказаў ім: «Вось вам варта, ідзіце, засцеражыце, як умееце. Яны адышлі і засцераглі магілу, запячатаўшы камень і паставіўшы варту.

Пустая магіла

Калі мінуў шабат, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу. І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім. Выгляд жа ягоны быў, як маланка, і адзенне ягонае было белае, як снег. Ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі і сталі як мёртвыя. Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: «Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, пабачце месца, дзе быў пакладзены, ды ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос і апярэджвае вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце. Гэта я сказаў вам». І, хутка адышоўшы ад магілы, са страхам і вялікай радасцю яны пабеглі паведаміць вучням Ягоным.

Езус з’яўляецца жанчынам

А Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: «Вітайце». Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму. Тады Езус сказаў ім: «Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць».

Подкуп варты

Калі яны былі ў дарозе, некаторыя з варты прыйшлі ў горад і паведамілі першасвятарам пра ўсё, што сталася. Тыя сабраліся са старэйшынамі, параіліся і далі жаўнерам даволі шмат срэбранікаў, кажучы: «Скажыце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і выкралі Яго, калі мы спалі. А калі гэта дойдзе да вушэй намесніка, мы пераканаем яго і ўратуем вас ад непрыемнасцяў». Яны ж узялі срэбранікі і зрабілі так, як іх навучылі. І разнеслася чутка пра гэта сярод юдэяў аж да сённяшняга дня.

Езус з’яўляецца вучням. Місійны наказ

Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку».


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.