Библия › Каталіцкі › Марка

Паводле Марка

ПАДРЫХТОЎКА ДА ДЗЕЙНАСЦІ ЕЗУСА

Ян Хрысціцель

Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага.

Як напісана ў прарока Ісаі:

«Вось пасылаю анёла Майго перад Табою,
які падрыхтуе дарогу Табе.

Голас таго, хто кліча ў пустыні:

“Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму”».

З’явіўся Ян, хрысцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў. Выходзілі да яго ўся краіна юдэйская і ўсе жыхары Ерузалема і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі. Ян жа насіў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх і еў саранчу і дзікі мёд.

Ён прапаведаваў, кажучы: «Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Яго сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».

Хрост Езуса

У тыя дні прыйшоў Езус з Назарэта, што ў Галілеі, і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. Адразу, калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя і Духа, што як голуб, сыходзіў на Яго. І быў голас з нябёсаў: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».

Выпрабаванне Езуса ў пустыні

І адразу Дух павёў Яго ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, а сатана выпрабоўваў Яго; і быў Ён са звярамі, і анёлы служылі Яму.

ДЗЕЙНАСЦЬ ЕЗУСА Ў ГАЛІЛЕІ

Пачатак дзейнасці

Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле».

Пакліканне першых вучняў

Праходзячы каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. Езус сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей». Яны, пакінуўшы сеткі, адразу пайшлі за Ім. Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама былі ў чоўне і ладзілі сеткі. І адразу паклікаў іх. Яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чоўне з работнікамі, пайшлі за Ім.

У сінагозе ў Кафарнауме

Калі прыйшлі ў Кафарнаум, Ён адразу ў шабат увайшоў у сінагогу і навучаў. І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. Быў тады ў сінагозе чалавек, апанаваны нячыстым духам, які закрычаў: «Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Святы Божы». Але Езус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» Тады нячысты дух, скалануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, выйшаў з яго. І спужаліся ўсе так, што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: «Што гэта? Новае вучэнне з моцаю; Ён загадвае нават нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго». І хутка разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі.

Аздараўленні ў доме Пятра

Выйшаўшы з сінагогі, адразу прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя. Цешча Сымона ляжала ў гарачцы, таму адразу сказалі Яму пра яе. Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І пакінула яе гарачка, і яна прыслужвала ім.

Калі настаў вечар і зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных злымі духамі. А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма. Ён аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; але не дазваляў злым духам казаць, што яны пазналі Яго.

Апостальская дзейнасць

На досвітку, устаўшы вельмі рана, Ён выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. Услед за Ім пайшоў Сымон і тыя, хто быў з ім. А калі знайшлі Яго, сказалі Яму: «Усе шукаюць Цябе!» Ён адказаў ім: «Пойдзем куды-небудзь у блізкія паселішчы, каб Я і там прапаведаваў, бо дзеля гэтага Я прыйшоў». І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў.

Аздараўленне пракажонага

Вось прыйшоў да Яго пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго, кажучы: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць». Злітаваўшыся над ім, Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: «Хачу, будзь ачышчаны!» І адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты. Езус сурова звярнуўся да Яго і зараз жа адправіў. І сказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і прынясі ахвяру за сваё ачышчэнне, як загадаў Майсей, на сведчанне ім». Але той, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і расказваць пра здарэнне, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, а заставаўся звонку, у пустынных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.

Аздараўленне паралізаванага

Праз некалькі дзён Езус зноў прыйшоў у Кафарнаум, і разышлася вестка, што Ён у доме. Адразу сабралася столькі народу, што ўжо не было месца каля дзвярэй. І Ён прамаўляў да іх. Прыйшлі да Яго чацвёра, якія неслі паралізаванага. Не змогшы прынесці яго да Езуса праз натоўп, разабралі страху, дзе Ён быў, і праз адтуліну спусцілі насілкі, на якіх ляжаў паралізаваны. Убачыўшы іх веру, Езус сказаў паралізаванаму: «Сыне, адпускаюцца твае грахі».

Там жа сядзелі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх: «Чаму Ён так кажа? Ён блюзнерыць! Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?» Езус, адразу пазнаўшы духам сваім, што яны так разважаюць, сказаў ім: «Чаму так разважаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй? Сказаць паралізаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі?” Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпускаць грахі». І сказаў паралізаванаму: «Табе кажу: устань, вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому свайго». Той адразу ж устаў і, узяўшы насілкі, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Ніколі мы такога не бачылі!»

Пакліканне Левія

Езус зноў выйшаў да мора. Усе людзі прыходзілі да Яго, а Ён навучаў іх. Праходзячы, Ён убачыў Левія, сына Алфея, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў за Ім. Калі Езус быў за сталом у доме ягоным, шмат мытнікаў і грэшнікаў было разам з Ім і вучнямі Ягонымі, бо шмат было тых, хто ішоў за Ім. Кніжнікі з ліку фарысеяў, убачыўшы, што Ён есць з грэшнікамі і мытнікамі, казалі вучням Ягоным: «Чаму Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі?» Пачуўшы гэта, Езус сказаў ім: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым; Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў».

Пытанне пра пост

Вучні Янавы і фарысеі пасцілі. Яны прыйшлі і сказалі Яму: «Чаму вучні Янавы і фарысеяў посцяць, а Твае вучні не посцяць?» Езус адказаў ім: «Ці могуць пасціць госці на вяселлі, калі з імі жаніх? Пакуль жаніх з імі, не могуць пасціць. Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць у той дзень. Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі, бо новая лата адарвецца ад старога, і дзіра робіцца яшчэ горшай. І ніхто не налівае маладое віно ў старыя мяхі. Інакш віно парве мяхі, і прападуць віно і мяхі. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі».

Сапраўднае значэнне шабату

Аднойчы ў шабат, калі Езус праходзіў праз пасевы, вучні Ягоныя пачалі па дарозе зрываць каласы. Тады сказалі Яму фарысеі: «Глядзі, чаму яны робяць у шабат тое, што не дазволена?» Ён адказаў ім: «Вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў з ім? Як увайшоў у дом Божы ў часы першасвятара Абіятара і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, і даў тым, хто быў з ім?» І сказаў ім: «Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату. Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату».

Аздараўленне хворага ў шабат

Езус зноў увайшоў у сінагогу. А быў там чалавек з усохлай рукой. І сачылі за Езусам, ці вылечыць Ён у шабат, каб абвінаваціць Яго. І сказаў Ён чалавеку з усохлай рукою: «Стань пасярэдзіне». А ў іх запытаўся: «У шабат дазволена рабіць дабро ці зло, душу ўратаваць ці загубіць?» Але яны маўчалі. Гнеўна паглядзеўшы на іх, засмучаны жорсткасцю іх сэрцаў, сказаў таму чалавеку: «Працягні руку». Той працягнуў — і стала здаровай рука ягоная. Тады фарысеі выйшлі, адразу сабралі з прыхільнікамі Ірада нараду супраць Езуса, каб загубіць Яго.

Натоўп ідзе за Езусам

Езус адышоў з вучнямі сваімі да мора. А за Ім ішоў вялікі натоўп з Галілеі, з Юдэі, з Ерузалема, з Ідумеі; з-за Ярдана і з ваколіц Тыра і Сідона прыйшло да Яго вялікае мноства людзей, якія пачулі, што Ён рабіў. Тады сказаў Ён сваім вучням падрыхтаваць Яму човен, каб натоўп не заціснуў Яго. Многіх Ён аздаравіў, таму тыя, хто меў якую-небудзь хваробу, ціснуліся, каб дакрануцца да Яго. Нячыстыя духі, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі: «Ты — Сын Божы!» Але Ён строга забараняў ім, каб не выкрывалі Яго.

Імёны Апосталаў

Пасля ўзышоў на гару і паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў, і яны прыйшлі да Яго. І ўстанавіў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць і каб яны мелі ўладу выганяць злых духаў. Устанавіў гэтых Дванаццаць: Сымона, якому даў імя Пётр, Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата Якуба, і даў ім імёны Баанэргес, што азначае «сыны грому»; Андрэя, Філіпа, Барталамея, Мацвея, Тамаша, Якуба Алфеевага, Тадэвуша, Сымона Кананэйца і Юду Іскарыёта, які і выдаў Яго.

Апалогія Езуса

І прыйшоў Езус з вучнямі ў дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават паесці хлеба. Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум.

А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбула і князем злых духаў Ён выганяе злых духаў. А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: «Як можа сатана выганяць сатану? Калі валадарства падзеліцца знутры, не можа выстаяць такое валадарства. І калі дом падзеліцца знутры, не можа выстаяць такі дом. І калі сатана паўстаў супраць сябе і падзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму. Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка. Тады толькі абрабуе дом ягоны. Сапраўды кажу вам, што сынам чалавечым будуць адпушчаны ўсе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але той, хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, ніколі не атрымае адпушчэння, а будзе асуджаны навекі». Так сказаў, бо гаварылі: «Ён мае нячыстага духа».

Маці і браты Езуса

Тады прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. Натоўп, які сядзеў каля Яго, казаў Яму: «Вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе». Але Ён сказаў ім у адказ: «Хто маці Мая і браты Мае?» І, паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці».

Прыпавесць пра сейбіта

Езус зноў пачаў навучаць каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў у ім на моры, а ўвесь народ быў на беразе каля мора. Ён шмат чаму навучаў іх у прыпавесцях і ў сваім павучанні казаў ім: «Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі сеяў, сталася так, што адно зерне ўпала пры дарозе. Прыляцелі птушкі і падзяўблі яго. Іншае ўпала на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прарасло, бо зямля была неглыбокая. А калі ўзышло сонца, яно завяла, бо не мела карэння, і засохла. Іншае ўпала ў церні, і выраслі церні, і заглушылі яго так, што яно не прынесла плёну. Іншае ўпала на добрую глебу і прынесла плён, які ўзышоў і вырас. І адно ўрадзіла ў трыццаць, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў сто разоў». І сказаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».

Чаму Езус навучае ў прыпавесцях?

А калі застаўся адзін, тыя, хто быў вакол Яго разам з Дванаццаццю, пыталіся ў Яго аб прыпавесці. І Ён сказаў ім:

«Вам дадзена таямніца Божага Валадарства, а для тых, хто звонку, усё адбываецца ў прыпавесцях,

каб яны глядзелі і не бачылі,
слухалі і не разумелі,
каб не навярнуліся
і каб не было адпушчана ім».

Тлумачэнне прыпавесці пра сейбіта

І сказаў ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа зразумееце ўсе іншыя прыпавесці? Сейбіт сее слова. Пасеянае пры дарозе — гэта тыя, у якіх сеецца слова, але як толькі пачуюць яго, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх. Пасеянае на камяністых месцах — гэта тыя, хто, як толькі пачуе слова, адразу з радасцю прымае яго, але не мае ў сабе кораня і нясталы. Потым, калі за слова настане ўціск ці пераслед, адразу спакушаюцца. Іншае, пасеянае ў цернях, — гэта тыя, хто чуе слова, але турботы свету, зман багацця ды іншыя жаданні ўваходзяць у іх і заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным. А пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, хто слухае слова, прымае яго і прыносіць плён: адзін у трыццаць, другі ў шэсцьдзясят, а іншы ў сто разоў».

Прыпавесць пра светач

І казаў ім: «Ці для таго прыносяць светач, каб паставіць яго пад пасудзіну або пад ложак? Ці ўсё ж для таго, каб паставіць яго на свечніку? Бо няма нічога схаванага, што б ні адкрылася, і няма нічога таемнага, што б ні выявілася. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».

І сказаў ім: «Зважайце на тое, што чуеце. Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана, і яшчэ дададзена будзе вам. Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае».

Прыпавесць пра зерне

І сказаў: «Так і Валадарства Божае нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. Ён спіць і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, не ведае. Бо зямля сама па сабе прыносіць плён: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво».

Прыпавесць пра гарчычнае зерне

І сказаў: «З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго? Яно як гарчычнае зерне: калі яго сеюць у зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі. Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, пускае вялікае галлё, так што ў ценю ягоным могуць гняздзіцца нябесныя птушкі».

Заканчэнне навучання ў прыпавесцях

У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць. І без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё.

Суцішэнне буры

У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: «Пераправімся на другі бераг». І, адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, так як быў, у човен; таксама былі з Ім іншыя чаўны. І ўзнялася вялікая бура. Хвалі так залівалі човен, што ён ужо напаўняўся вадою. А Езус спаў на карме на ўзгалоўі. Пабудзілі Яго і сказалі Яму: «Настаўнік, не хвалюе Цябе, што мы гінем?» Устаўшы, Ён загадаў ветру і сказаў мору: «Змоўкні, супакойся!» Тады вецер сціх, і настала вялікая ціша. А ім сказаў: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?» Яны напоўніліся вялікім страхам і гаварылі паміж сабой: «Хто ж Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?»

Выгнанне злых духаў

І прыбылі на другі бераг мора ў край геразенаў. А калі Езус выйшаў з чоўна, Яму адразу насустрач выйшаў чалавек з магільных пячор, апанаваны нячыстым духам, які жыў у магільных пячорах. Ніхто не мог звязаць яго нават ланцугом, бо часта яго звязвалі кайданамі і ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разбіваў кайданы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць. Увесь дзень і ўсю ноч, будучы ў магільных пячорах і ў гарах, ён крычаў і біў самога сябе камянямі. Калі ён здалёк убачыў Езуса, падбег, пакланіўся Яму і закрычаў моцным голасам, кажучы: «Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Богам заклінаю Цябе, не муч мяне». Бо Езус сказаў яму: «Выйдзі, нячысты дух, з гэтага чалавека». Тады Езус спытаўся ў яго: «Як тваё імя?» Той адказаў: «Маё імя легіён, бо нас шмат». І ён моцна прасіў Яго не выганяць іх з гэтай краіны.

Пасвіўся там каля гары вялікі статак свіней. І прасілі Яго нячыстыя духі, кажучы: «Пашлі нас у свіней, каб мы ўвайшлі ў іх». І Ён дазволіў ім. Выйшаўшы, увайшлі гэтыя нячыстыя духі ў свіней, і кінуўся статак каля дзвюх тысяч з кручы ў мора, і патанулі яны ў моры. А свінапасы паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках, і людзі выйшлі паглядзець, што сталася. Прыйшоўшы да Езуса, яны ўбачылі, што той апанаваны злым духам, у якім быў легіён, сядзіць апрануты і пры здаровым розуме, і спалохаліся. А тыя, хто бачыў, расказалі ім, што сталася з апанаваным злым духам, і пра свіней. Тады пачалі прасіць Езуса, каб адышоў з іхніх межаў. Калі Ён сядаў у човен, апанаваны злым духам прасіўся ў Яго застацца з Ім. Але Ён не дазволіў яму і сказаў: «Вярніся да свайго дому і да сваіх і раскажы ім усё, што Пан учыніў табе і як змілаваўся над табою». Той адышоў і пачаў абвяшчаць у Дэкаполісе ўсё, што ўчыніў яму Езус, і ўсе здзіўляліся.

Аздараўленне жанчыны і ўваскрашэнне дачкі Яіра

Калі Езус ізноў пераправіўся ў чоўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора. Прыйшоў таксама адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Езуса, упаў да Ягоных ног і моцна прасіў, кажучы: «Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна ўратавалася і жыла». І Ён пайшоў з ім. А вялікі натоўп ішоў за Езусам і ціснуўся да Яго.

Таксама жанчына, якая хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў і шмат выцерпела ад многіх лекараў, патраціла на іх усю маёмасць сваю, аднак нішто не дапамагло, і ёй станавілася нават горш, пачуўшы пра Езуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Ягонага плашча. Бо казала сама сабе: «Калі дакрануся хаця б да плашча Ягонага, выздаравею». І ў тую ж хвіліну спыніўся ў яе крывацёк, і яна адчула ў целе, што вызвалілася ад хваробы. Езус, адразу адчуўшы, што моц выйшла з Яго, звярнуўся да народу і сказаў: «Хто дакрануўся да Майго плашча?» А вучні Ягоныя сказалі Яму: «Ты бачыш, што народ ціснецца да Цябе, і пытаешся “хто дакрануўся да Мяне?”» Але Ён аглядаўся, каб убачыць тую, якая гэта зрабіла. А жанчына спалохалася і задрыжэла, бо ведала, што з ёй сталася. Яна падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду. Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь вольная ад сваёй хваробы».

Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад кіраўніка сінагогі і сказалі: «Дачка твая памерла, навошта ты яшчэ турбуеш Настаўніка?» Але Езус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў кіраўніку сінагогі: «Не бойся, толькі вер!» І не дазволіў нікому ісці за сабою, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. Калі прыйшоў у дом кіраўніка сінагогі, убачыў мітусню і тых, хто плакаў і моцна галасіў. Увайшоўшы, Ён сказаў ім: «Чаго мітусіцеся і плачаце? Дзіця не памерла, а спіць». І насміхаліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, узяў з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з Ім, і ўвайшоў туды, дзе было дзіця. Узяўшы дзяўчынку за руку, сказаў ёй: «Таліта, кум!», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!» Дзяўчынка адразу ўстала і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі яны ў вялікім здзіўленні. А Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў даць ёй есці.

Езус у Назарэце

Выйшаўшы адтуль, Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні. Калі надышоў шабат, Ён пачаў навучаць у сінагозе. Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: «Адкуль у Яго гэта і што за мудрасць дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі? Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры?» І абураліся на Яго. А Езус казаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне яго, сярод родных яго і ў доме яго». Таму Ён не мог учыніць там ніякага цуду, толькі на некалькіх хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. І дзівіўся іх бязвер’ю.
Хадзіў па навакольных вёсках і навучаў.

Місія Дванаццаці

Пасля паклікаў Дванаццаць, і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. Наказаў ім не браць у дарогу нічога, акрамя аднаго кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак. Ён сказаў ім: «Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль. Калі ў якім-небудзь месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне ім». Пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне, выганялі шмат злых духаў і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі.

Смерць Яна Хрысціцеля

Пачуў таксама кароль Ірад пра Езуса, бо імя Ягонае стала вядомым, і сказаў: «Гэта Ян Хрысціцель устаў з памерлых, і таму цуды здзяйсняюцца ім». Іншыя казалі: «Гэта Ілля». А яшчэ іншыя казалі: «Гэта прарок або як адзін з прарокаў». Калі Ірад пачуў гэта, ён сказаў: «Гэта Ян, якому я адсек галаву, ажыў!»

Бо сам Ірад паслаў схапіць Яна і закаваў яго ў вязніцы з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Філіпа, таму што ён ажаніўся з ёй. Бо Ян казаў Іраду: «Недазволена табе мець жонку брата твайго». Таму Ірадыяда злавалася на яго і хацела забіць, але не магла, бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і аберагаў яго. Шмат разоў чуў яго і непакоіўся, але слухаў яго з ахвотай. І настаў зручны дзень, калі Ірад прыгатаваў вячэру сваім вяльможам, тысячнікам і старэйшынам галілейскім у дзень сваіх народзін. Калі ўвайшла дачка Ірадыяды і танцавала, яна спадабалася Іраду і яго гасцям. Кароль сказаў дзяўчыне: «Прасі ў мяне, чаго хочаш, і я дам табе». І шмат у чым пакляўся ёй: «Чаго ні папросіш, дам табе, нават палову майго каралеўства». Яна выйшла і сказала маці сваёй: «Чаго мне папрасіць?» Тая адказала: «Галаву Яна Хрысціцеля». Яна адразу хутка ўвайшла да караля і папрасіла, кажучы: «Хачу, каб ты зараз жа даў мне на місе галаву Яна Хрысціцеля». Кароль засмуціўся, але дзеля клятвы і тых, хто быў за сталом, не захацеў ёй адмовіць. Таму адразу кароль паслаў ката і загадаў прынесці галаву Яна. Той пайшоў у вязніцу і адсек яму галаву. Затым прынёс на місе ягоную галаву і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе сваёй маці. Калі пра гэта даведаліся вучні Яна, яны прыйшлі, забралі ягонае цела і паклалі яго ў магілу.

Першае размнажэнне хлеба

Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. А Ён сказаў ім: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце». Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што ім не было нават калі паесці. Таму адплылі яны ў пустыннае месца на чоўне адны.

Калі ўбачылі, што яны адплылі, шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра, і пачаў іх многаму вучыць. Калі мінула ўжо шмат часу, вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, сказалі: «Месца гэта пустыннае, і гадзіна ўжо позняя; адпусці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і паселішчы і купілі сабе чаго-небудзь з’есці». Ён жа сказаў ім у адказ: «Вы дайце ім есці». Яны сказалі Яму: «Ці мы павінны пайсці і за дзвесце дынараў купіць хлеба, і даць ім есці?» А Ён спытаўся ў іх: «Колькі ў вас хлябоў? Ідзіце, паглядзіце». Даведаўшыся, яны сказалі: «Пяць хлябоў і дзве рыбіны». Тады загадаў ім пасадзіць усіх групамі на зялёнай траве. І паселі групамі па сто і па пяцьдзясят. Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і разламаў хлябы, і даў вучням сваім, каб яны раздалі ім; і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх. Усе елі і насыціліся. І сабралі дванаццаць поўных кашоў кавалкаў і рэшты ад рыбы. А тых, хто еў хлябы, было каля пяці тысяч мужчын.

Езус ідзе па моры

І адразу загадаў вучням сваім увайсці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг да Бэтсаіды, пакуль Ён адпусціць людзей. Развітаўшыся з імі, Ён пайшоў на гару памаліцца. Калі настаў вечар, човен быў на сярэдзіне мора, а Ён адзін на беразе. Убачыўшы іх знясіленых ад веславання, бо ім дзьмуў сустрэчны вецер, каля чацвёртай варты ночы Ён прыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў прайсці міма. Калі ж яны ўбачылі, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, таму закрычалі. Бо ўсе, убачыўшы Яго, спалохаліся. Але Ён адразу загаварыў з імі і сказаў ім: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!» І ўвайшоў да іх у човен, а вецер сціх. Яны вельмі здзіўляліся, бо не разумелі цуду з хлебам, таму што сэрца іхняе было скамянелае.

Аздараўленні ў зямлі Генэзарэт

Пераправіўшыся, яны прыбылі ў зямлю Генэзарэт і прысталі да берага. Калі яны выйшлі з чоўна, людзі, адразу пазнаўшы Яго, аббеглі ўсё наваколле і пачалі прыносіць на насілках хворых туды, дзе, як чулі, Ён знаходзіўся. І куды б Ён ні прыходзіў, у паселішчы, гарады ці ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго дазволіць ім дакрануцца хоць да краю вопраткі Ягонай. І тыя, што дакраналіся да Яго, выздараўлівалі.

Пытанне пра традыцыю

Сышліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. І ўбачылі, як некаторыя вучні Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць неабмытымі рукамі. Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук. І, вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця чашаў, збаноў, медных начынняў і лаваў. Таму запыталіся ў Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, а ядуць хлеб нячыстымі рукамі?» Ён адказаў ім: «Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана:

“Гэты народ шануе Мяне вуснамі,
а сэрца іх далёка ад Мяне.

Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,
навучаючы людскім запаведзям”.

Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі». І сказаў ім: «Прыгожа вы абыходзіце Божую запаведзь, каб захаваць сваю традыцыю. Бо Майсей сказаў: “Шануй бацьку свайго і маці сваю” і: “Хто зласловіць на бацьку ці маці, няхай будзе пакараны смерцю”. А вы кажаце: “Калі чалавек скажа бацьку ці маці: тое, чым бы я мог табе дапамагчы — корбан, што значыць дар для Бога”, то ўжо не дазваляеце яму зрабіць штосьці для бацькі ці маці. Вы парушаеце Божае слова вашай традыцыяй, якую перадалі. І робіце шмат чаго падобнага да гэтага».

Што робіць чалавека нячыстым?

Паклікаўшы зноў людзей, сказаў ім: «Паслухайце Мяне ўсе і зразумейце! Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго». [отсутсвует]

А калі Езус увайшоў у дом, пакінуўшы натоўп, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго наконт прыпавесці. І Ён сказаў ім: «Няўжо і вы такія някемлівыя? Ці не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць звонку ў чалавека, не можа зрабіць яго нячыстым, бо не ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў страўнік, і выходзіць вонкі». Так Ён прызнаў усялякую ежу чыстай. Далей сказаў: «Тое, што выходзіць з чалавека, робіць яго нячыстым. Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць дрэнныя думкі, распуста, крадзеж, забойствы, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэтае зло выходзіць знутры і робіць чалавека нячыстым».

ДЗЕЙНАСЦЬ ЕЗУСА ПА-ЗА ГАЛІЛЕЯЙ

Аздараўленне сірафініцыянкі

Устаўшы, Езус адышоў у межы Тыра. Увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не ведаў пра гэта, але не змог утаіцца. Бо жанчына, у якой была апанаваная нячыстым духам дачка, адразу пачула пра Яго, прыйшла і ўпала да Ягоных ног. А была гэтая жанчына язычніцай, родам сірафініцыянка. Яна прасіла Яго выгнаць злога духа з яе дачкі. Ён адказаў ёй: «Дай спачатку насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам». Яна ж адказала Яму, кажучы: «Пане, але і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ў дзяцей». Тады Ён сказаў ёй: «Дзеля гэтых слоў ідзі, злы дух выйшаў з тваёй дачкі». Калі яна прыйшла ў свой дом, убачыла, што злы дух выйшаў, а дачка ляжыць на ложку.

Аздараўленне глуханямога

Зноў выйшаў Езус з межаў Тыра і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод зямель Дэкаполіса. Калі прывялі да Яго глуханямога, прасілі, каб усклаў на яго руку. Адвёўшы яго далей ад натоўпу, Ён уклаў у яго вушы свае пальцы і, паслініўшы, дакрануўся да ягонага языка. Паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Эффата», што значыць: «Адкрыйся». Адразу адкрыліся вушы ягоныя, і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна. Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны апавядалі яшчэ больш. Будучы надзвычай здзіўленымі, яны казалі: «Ён зрабіў усё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць!»

Другое размнажэнне хлеба

У тыя дні, калі зноў сабралася мноства людзей, і не было ў іх чаго есці, Езус паклікаў вучняў і сказаў ім: «Шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні яны знаходзяцца са Мною і не маюць чаго есці. Калі адпраўлю іх дадому галоднымі, аслабнуць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк». Вучні Ягоныя адказалі Яму: «Хто і адкуль накорміць іх хлебам тут, у пустыні?» Ён спытаўся ў іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны адказалі: «Сем». Тады загадаў людзям сесці на зямлю. І, узяўшы сем хлябоў, узнёс падзяку, паламаў і даў вучням сваім, каб раздавалі. І яны раздалі людзям. Мелі таксама некалькі рыбінак. Езус іх благаславіў і загадаў раздаць. І яны елі, і насыціліся, і набралі сем кашоў кавалкаў, што засталіся. А тых, хто еў, было каля чатырох тысяч. І адпусціў іх.

Патрабаванне знаку з неба

Тады адразу са сваімі вучнямі Езус увайшоў у човен і прыбыў у далмануцкі край. Выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Ім, патрабуючы ад Яго знаку з неба, каб выпрабаваць Яго. Але Ён уздыхнуў у духу сваім і сказаў: «Чаму гэтае пакаленне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: не будзе дадзена знаку пакаленню гэтаму». Пасля Ён пакінуў іх, зноў сеў у човен і адплыў на другі бок.

Закваска фарысейская і Ірада

Вучні Езуса забыліся ўзяць хлеба і мелі з сабой у чоўне толькі адзін бохан хлеба. Тады Езус загадаў ім: «Глядзіце, асцерагайцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірада!» А яны разважалі між сабою, што не маюць хлеба. Пазнаўшы гэта, Езус сказаў ім: «Чаму разважаеце, што не маеце хлеба? Хіба не разумееце і не ведаеце? Ці яшчэ скамянелыя сэрцы вашы? Маеце вочы і не бачыце, маеце вушы і не чуеце? Ці не памятаеце, колькі поўных кашоў рэштак вы сабралі, калі Я разламаў пяць хлябоў на пяць тысяч?» Яны адказалі Яму: «Дванаццаць». «А калі Я разламаў сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў рэштак сабралі вы?» Яны адказалі: «Сем». Тады сказаў ім: «Усё яшчэ не разумееце?»

Аздараўленне сляпога ў Бэтсаідзе

Калі прыйшлі ў Бэтсаіду, прывялі да Яго сляпога і прасілі, каб Езус дакрануўся да яго. Ён узяў сляпога за руку і вывеў яго за вёску, паслініў яму вочы, усклаў на яго рукі і спытаўся ў яго: «Ці бачыш што-небудзь?» Той паглядзеў і сказаў: «Бачу людзей, нібы дрэвы, што ходзяць». Потым зноў усклаў рукі на яго вочы, і той стаў відушчым, выздаравеў і пачаў бачыць усё выразна. Езус адаслаў яго дадому, кажучы: «Не ўваходзь у гэтую вёску».

Вызнанне Пятра

Пасля Езус са сваімі вучнямі пайшоў у паселішчы Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: «Кім лічаць Мяне людзі?» Яны адказвалі Яму: «Янам Хрысціцелем, другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў». А Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Адказваючы, Пётр сказаў Яму: «Ты — Хрыстус». Тады Ён забараніў ім, каб нікому не казалі пра Яго.

Першае прадказанне мукі і ўваскрасення

Ён пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, быць забітым і на трэці дзень уваскрэснуць. Казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. Але Ён, павярнуўшыся і паглядзеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, кажучы: «Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае».

Наследаванне Езуса

Затым, паклікаўшы натоўп разам са сваімі вучнямі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго. Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць свайму жыццю? Бо што дасць чалавек узамен за сваё жыццё? Хто будзе саромецца Мяне і Маіх словаў перад гэтым распусным і грэшным пакаленнем, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Айца свайго са святымі анёламі».

І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Божага Валадарства, якое прыйдзе ў магуцці».

Перамяненне Езуса

Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і размаўлялі з Езусам. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, а з воблака пачуўся голас: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце». Адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса.

Пытанне аб прыйсці Іллі

Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне. Яны захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць». І пыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці першым?» Ён сказаў ім: «Ілля сапраўды прыйдзе першым і адновіць усё; як і напісана пра Сына Чалавечага, што будзе Ён шмат цярпець і будзе прыніжаны. Але кажу вам, што Ілля прыйшоў і зрабілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго».

Аздараўленне эпілептыка

Калі Езус прыйшоў да вучняў, Ён убачыў каля іх вялікі натоўп і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі. Адразу ўсе людзі, калі ўбачылі Яго, спалохаліся і, падбягаючы, віталі Яго. Ён спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся з імі?» Адзін з натоўпу адказаў Яму: «Настаўнік, я прывёў да Цябе свайго сына, які мае духа нематы. Дзе ні схопіць яго, кідае, і той пускае пену, скрыгоча зубамі і дранцвее. Я сказаў тваім вучням, каб выгналі яго, але яны не змаглі». Адказваючы, Езус сказаў ім: «О пакаленне нявернае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне». Тады прывялі яго да Езуса. А калі дух убачыў Яго, адразу скалануў хлопца, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену. Езус спытаўся ў ягонага бацькі: «Як даўно гэта здараецца з ім?» Той адказаў: «З дзяцінства. Дух часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго. Але калі Ты што можаш, змілуйся над намі і дапамажы нам». Езус сказаў яму: «”Калі можаш!” Усё магчыма для таго, хто верыць». Бацька хлопца адразу ўсклікнуў, кажучы: «Веру, памажы майму бязвер’ю». Убачыўшы, што збягаюцца людзі, Езус прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: «Нямы і глухі дух, Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго». І той, закрычаўшы, моцна скалануў хлопца і выйшаў. А хлопец зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: «Ён памёр!» Але Езус узяў яго за руку, падняў, і ён устаў.

Калі Езус увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго сам-насам: «Чаму мы не змаглі выгнаць яго?» А Ён сказаў ім: «Такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай».

Другое прадказанне мукі і ўваскрасення

Выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею, але Езус не хацеў, каб нехта ведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, што Яго заб’юць, і што забіты ўваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.

Хто большы?

Калі прыйшлі ў Кафарнаум і былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што вы разважалі па дарозе?» Яны маўчалі, бо ў дарозе разважалі паміж сабою, хто большы. Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх». Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: «Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне».

У імя Езуса

Ян сказаў Яму: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі». А Езус сказаў: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу зласловіць на Мяне. Бо хто не супраць нас, той за нас. А хто напоіць вас кубкам вады дзеля таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды.

Спакуса

Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора.

Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны. [отсутсвует]

І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену. [отсутсвует]

І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе аднавокім увайсці ў Божае Валадарства, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне. Бо кожны будзе пасолены агнём. Соль — добрая рэч, але калі соль стане несалёнай, чым прыправіце яе? Майце ў сабе соль і жывіце між сабою ў спакоі».

ПАДАРОЖЖА Ў ЕРУЗАЛЕМ

Непарушнасць сужэнства

Выйшаўшы адтуль, Езус прыйшоў у межы Юдэі за Ярданам. Зноў сабраліся каля Яго натоўпы, а Ён, як звычайна, зноў навучаў іх. Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Што наказаў вам Майсей?» Яны сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца». А Езус адказаў ім: «Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэты наказ, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае». У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чужаложыць».

Езус і дзеці

Прыносілі да Езуса дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні забаранялі ім. Убачыўшы гэта, Езус абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго». І, абняўшы іх, благаславіў, ускладаючы на іх рукі.

Багаты чалавек

Калі Езус выходзіў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: «Настаўнік добры, што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?» Езус сказаў яму: «Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ведаеш запаведзі: не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці».

А той адказаў Яму: «Настаўнік, усё гэта я захоўваў з юнацтва майго». Езус паглядзеў на яго з любоўю і сказаў: «Табе не хапае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Потым прыходзь і ідзі за Мною». Але ён засмуціўся ад гэтых словаў і адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць.

Небяспека багаццяў

Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае». Вучні дзівіліся з Ягоных словаў. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: «Дзеці, як цяжка ўвайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае». А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: «Хто ж можа збавіцца?» Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма».

Узнагарода для тых, хто пакінуў усё

І пачаў Пётр казаць Яму: «Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою». Езус адказаў: «Сапраўды кажу вам, няма нікога, хто б пакінуў дом свой, ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, ці дзяцей, ці поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля, і не атрымаў бы ў сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, братоў, сясцёр, маці, дзяцей і палёў сярод пераследу, а ў будучым веку — жыццё вечнае. Але шмат першых будзе апошнімі, і апошніх — першымі».

Трэцяе прадказанне мукі і ўваскрасення

Калі вучні былі ў дарозе і ўзыходзілі ў Ерузалем, Езус ішоў наперадзе іх. Яны дзівіліся, а тыя, хто ішоў за Ім, былі спалоханыя. Ён зноў узяў Дванаццаць і пачаў казаць ім пра тое, што з Ім павінна здарыцца: «Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць і аддадуць язычнікам. Будуць здзекавацца з Яго, аплёўваць Яго і бічаваць Яго, і заб’юць, а праз тры дні Ён уваскрэсне».

Сыны Зэбэдэя

Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі Яму: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім». Ён жа адказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?» Яны сказалі Яму: «Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй». Але Езус сказаў ім: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?» Яны адказалі Яму: «Можам». А Езус сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана».

Веліч — у служэнні

Пачуўшы, дзесяць вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна. А Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: «Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі. Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».

Аздараўленне сляпога ля Ерыхона

І прыйшлі яны ў Ерыхон. А калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі. Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: «Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!» Многія загадвалі яму змоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» Езус спыніўся і сказаў: «Паклічце яго». Тады паклікалі сляпога, кажучы яму: «Смялей, уставай, Ён кліча цябе». Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і падышоў да Езуса. Адказваючы яму, Езус сказаў: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Сляпы сказаў Яму: «Настаўнік, каб я зноў бачыў». І Езус сказаў яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І той адразу стаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.

ДЗЕЙНАСЦЬ ЕЗУСА Ў ЕРУЗАЛЕМЕ

Урачысты ўезд у Ерузалем

Калі наблізіліся да Ерузалема, да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары Аліўнай, Езус паслаў двух сваіх вучняў і сказаў ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі, і адразу, як увойдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце. А калі хтосьці вам скажа: “Навошта вы гэта робіце?”, скажыце: “Ён патрэбны Пану, і зараз жа адашле зноў яго сюды”». Яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае каля варот знадворку, на вуліцы, і адвязалі яго. Некаторыя з тых, хто стаяў там, казалі ім: «Што вы адвязваеце асляня?» А яны адказалі ім, як наказаў Езус. І тыя адпусцілі іх. Прывялі да Езуса асляня і паклалі на яго свае плашчы, а Ён сеў на яго. І многія слалі плашчы свае на дарозе, а іншыя — зялёныя галінкі, зрэзаныя на палях. І тыя, хто ішоў спераду і ззаду, усклікалі: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!»

Езус увайшоў у Ерузалем, у святыню і, агледзеўшы ўсё, адышоў з Дванаццаццю ў Бэтанію, таму што было ўжо позна.

Неўраджайная смакоўніца

Назаўтра, калі яны выйшлі з Бэтаніі, Ён адчуў голад. Убачыўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лісцем, падышоў, спадзеючыся знайсці што-небудзь на ёй. Але, падышоўшы да яе, не знайшоў нічога, апроч лісця, бо яшчэ не настала пара на смоквы. Тады Езус сказаў ёй: «Няхай ніхто ніколі не есць з цябе плоду». І Ягоныя вучні чулі гэта.

Ачышчэнне святыні

Потым прыйшлі ў Ерузалем. Увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць тых, хто гандляваў і купляў у святыні. Папераварочваў сталы мянялаў і лаўкі гандляроў галубамі і не дазваляў нікому праносіць праз святыню якую-небудзь рэч. Потым вучыў іх, кажучы: «Хіба не напісана: “Дом мой назавецца домам малітвы для ўсіх народаў”? А вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».

Пачулі гэта першасвятары і кніжнікі і шукалі магчымасці, як бы загубіць Яго, бо яны баяліся Яго, таму што ўвесь народ дзівіўся вучэнню Ягонаму. Калі настаў вечар, яны выйшлі з горада.

Моц веры

А калі раніцай вярталіся, убачылі, што смакоўніца высахла аж да кораня. Тады Пётр, успомніўшы, сказаў Езусу: «Раббі, паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, высахла». Езус сказаў ім у адказ: «Майце веру ў Бога! Сапраўды кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: “Падыміся і кінься ў мора”, і не засумняваецца ў сэрцы сваім, але паверыць, што збудзецца сказанае, так яму і будзе. Таму кажу вам: усё, чаго просіце ў малітве, верце, што атрымаеце і будзе вам. І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго-небудзь, каб і Айцец ваш, які ў нябёсах, дараваў вам правіны вашыя». [отсутсвует]

Пытанне пра ўладу Езуса

І зноў прыйшлі ў Ерузалем. А калі Ён хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, кніжнікі і старэйшыны і пыталіся ў Яго: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу, каб Ты рабіў гэта?» Езус адказаў ім: «Спытаю ў вас і Я пра адно. Адкажаце Мне, тады і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю. Янаў хрост быў з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне». Яны разважалі паміж сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, то Ён скажа: “Чаму ж вы не паверылі яму?”» А сказаць: «Ад людзей», баяліся народу, бо ўсе лічылі Яна сапраўдным прарокам, таму сказалі ў адказ Езусу: «Не ведаем». Тады Езус сказаў ім: «І Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».

Прыпавесць пра ліхіх вінаградараў

І пачаў Езус гаварыць да іх у прыпавесцях: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў сток пад давілам, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў. А ў адпаведны час паслаў да вінаградараў слугу, каб той узяў у вінаградараў частку з пладоў вінаградніку. Але яны, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым. Тады зноў паслаў да іх іншага слугу, і гэтаму зранілі галаву і зняважылі. Паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, а шмат іншых ці пабілі, ці пазабівалі. Маючы яшчэ аднаго, умілаванага сына, паслаў яго апошнім да іх, кажучы: “Ушануюць сына майго”. Але вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго, і спадчына будзе наша”. І, схапіўшы, забілі яго і выкінулі з вінаградніку. Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і знішчыць вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым. Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні:

“Камень, адкінуты будаўнікамі,
стаў галавою вугла.

Пан учыніў гэта,
і дзіўнае яно ў вачах нашых”?»

І яны намагаліся схапіць Езуса, бо зразумелі, што гэтая прыпавесць супраць іх, але баяліся натоўпу. Таму, адпусціўшы Яго, адышлі.

Падатак цэзару

І паслалі да Яго некаторых фарысеяў і прыхільнікаў Ірада, каб злавіць Яго на слове. Падышоўшы, яны спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей, але праўдзіва вучыш шляху Божаму. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Плаціць нам, ці не плаціць?» А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, сказаў ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб паглядзець». Калі прынеслі Яму дынар, Ён запытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?» Яны адказалі Яму: «Цэзара». Тады Езус сказаў ім: «Цэзарава аддавайце цэзару, а Божае — Богу». І дзівіліся Яму.

Уваскрашэнне памерлых

Прыйшлі да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: «Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, яго брат павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства для брата свайго. Было сем братоў. Першы ўзяў жонку і памёр, не пакінуўшы патомства. Тады ўзяў яе другі і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці. І ніхто з семярых не пакінуў патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына. Пры ўваскрашэнні, калі яны ўваскрэснуць, каму з іх яна будзе жонкай? Бо ў семярых яна была жонкаю». Езус адказаў ім: «Ці не таму памыляецеся, што не ведаеце ні Пісання, ні моцы Божай? Бо калі ўваскрэснуць, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як анёлы ў нябёсах. А наконт таго, што мёртвыя ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог з цярновага куста прамаўляў да яго, кажучы: “Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Якуба”? Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых! Таму вы моцна памыляецеся».

Найбольшая запаведзь

Адзін кніжнік, які прыслухоўваўся да іх, як яны размаўлялі паміж сабою, падышоў і спытаўся: «Якая запаведзь першая з усіх?» Езус адказаў: «Першая такая: “Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй”. Другая: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя». І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні». Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.

Хрыстус — Божы Сын

Адказваючы, Езус сказаў, навучаючы ў святыні: «Як могуць казаць кніжнікі, што Месія — сын Давіда? Сам Давід сказаў у Духу Святым:

“Сказаў Пан Пану майму: Сядзь праваруч Мяне,
пакуль не пакладу ворагаў Тваіх пад ногі Твае”.

Калі сам Давід называе Яго Панам, то які ж Ён яму сын?» І вялікі натоўп слухаў Яго з задавальненнем.

Перасцярога перад кніжнікамі

А Ён казаў ім, навучаючы: «Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць прывітанні на рынках, і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах. Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і доўга моліцца напаказ, атрымаюць найцяжэйшы прысуд».

Лепта беднай удавы

Сеўшы насупраць скарбонкі, Ён назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу. Прыйшла адна бедная ўдава і ўкінула дзве лепты, што складае адзін кадрант. Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пражытак свой».

Прадказанне збурэння святыні

Калі Езус выходзіў са святыні, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Настаўнік, паглядзі, якія камні і якія будынкі». А Езус сказаў яму: «Бачыш гэтыя вялікія будынкі? Не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны». І калі Ён сядзеў на Аліўнай гары насупраць святыні, пыталіся ў Яго сам-насам Пётр, Якуб, Ян і Андрэй: «Скажы нам, калі гэта будзе і які будзе знак, калі павінна ўсё гэта споўніцца?»

Пачатак пакутаў

І Езус пачаў казаць ім: «Глядзіце, каб ніхто не звёў вас. Многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і многіх звядуць. Калі ж пачуеце пра войны і весткі з войнаў, не дазваляйце сябе запалохаць. Так павінна адбыцца, але гэта яшчэ не канец. Бо паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; і будуць землятрусы месцамі, будзе голад. Гэта пачатак пакут.

Сцеражыцеся. Вас будуць аддаваць у суды і ў сінагогах будуць біць, і паставяць вас перад намеснікамі і каралямі за Мяне на сведчанне ім. Але найперш Евангелле павінна быць абвешчана ўсім народам. І калі павядуць, каб выдаць вас, не турбуйцеся загадзя, што сказаць, а кажыце тое, што будзе дадзена вам у тую гадзіну, бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Святы. Тады брат выдасць брата на смерць, і бацька дзіця; паўстануць дзеці супраць бацькоў і заб’юць іх; і зненавідзяць вас усе за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.

Спусташэнне Юдэі

А калі ўбачыце, што агіда спусташэння паўстала там, дзе не павінна быць (хто чытае, няхай зразумее), тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы; хто будзе на даху, няхай не спускаецца ў дом узяць нешта з дому свайго; хто будзе на полі, няхай не вяртаецца забраць вопратку сваю. Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні! Маліцеся, каб не здарылася гэта зімой. Бо гэта будуць дні такой тугі, якой не было аж дагэтуль ад пачатку стварэння, якое стварыў Бог, і не будзе. Калі б Пан не скараціў гэтых дзён, не ўратавалася б ніякае цела. Але дзеля выбраных, якіх абраў, скараціў дні. І тады, калі хтосьці скажа вам: “Вось, тут Хрыстус, вось, там”, — не верце. Бо паўстануць фальшывыя месіі і фальшывыя прарокі і будуць чыніць знакі і цуды, каб увесці ў зман, калі ўдасца, выбраных. А вы сцеражыцеся. Я прадказаў вам усё.

Прыйсце Сына Чалавечага

Але ў тыя дні пасля тугі такой зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.

Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады анёлаў і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.

Прыклад смакоўніцы

Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах. Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё гэта адбудзецца. Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць. А пра дзень той або гадзіну ні анёлы ў небе, ні Сын, ніхто не ведае, а толькі Айцец.

Заклік да чування

Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане той час. Падобна гэта да чалавека, які, сабраўшыся ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу і кожнаму сваю працу і загадаў брамніку чуваць. Таму чувайце і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай, каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана. А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце!»

МУКА, СМЕРЦЬ І ЎВАСКРАСЕННЕ ЕЗУСА

Змова супраць Езуса

Было два дні да свята Пасхі і Праснакоў. Першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы ўзяць Езуса хітрасцю і забіць, бо казалі: «Не ў свята, каб не было абурэння ў народзе».

Намашчэнне ў Бэтаніі

Калі Езус быў у Бэтаніі, у доме пракажонага Сымона, і быў за сталом, прыйшла жанчына з алебастравым флаконам міра з чыстага і вельмі каштоўнага нарду і, разбіўшы флакон, выліла Яму на галаву. А некаторыя абураліся паміж сабою: «Навошта гэткае марнатраўства міра? Бо можна было прадаць гэтае міра больш чым за трыста дынараў і раздаць убогім». І папракалі яе.

Але Езус сказаў: «Пакіньце яе. Навошта дакучаеце ёй? Яна зрабіла добры ўчынак для Мяне. Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, і калі захочаце, можаце ім чыніць дабро; а Мяне не заўсёды маеце. Яна зрабіла, што магла: загадзя намасціла цела Маё для пахавання. Сапраўды кажу вам: дзе б ні абвяшчалася Евангелле па ўсім свеце, пра тое, што зрабіла яна, сказана будзе на ўспамін аб ёй».

Здрада Юды

Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасвятароў, каб выдаць ім Езуса. Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму срэбранікі. І ён шукаў, як пры нагодзе выдаць Яго.

Прыгатаванне пасхальнай вячэры

У першы дзень Праснакоў, калі ахвяравалі Пасху, сказалі Яму вучні Ягоныя: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе з’есці Пасху?» І Ён паслаў двух з вучняў сваіх, кажучы ім: «Ідзіце ў горад; там сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім і там, куды ўвойдзе, скажаце гаспадару дому: “Настаўнік кажа: дзе святліца, у якой Я мог бы з’есці Пасху з вучнямі Маімі?” Ён пакажа вам вялікі верхні пакой, засланы і падрыхтаваны. Там прыгатуеце нам». Вучні Ягоныя пайшлі і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі Пасху.

Апошняя Вячэра

А калі звечарэла, Ён прыйшоў з Дванаццаццю. Калі яны былі за сталом і елі, Езус сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас, які есць са Мною, выдасць Мяне». Яны засмуціліся і пачалі казаць Яму адзін за адным: «Ці не я?» А Ён сказаў ім: «Адзін з Дванаццаці, які мачае са Мною ў місе. Бо сапраўды, Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага! Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца».

Калі яны елі, Езус, узяўшы хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім, кажучы: «Бярыце, гэта Цела Маё». І, узяўшы келіх, узнёс падзяку і даў ім; і пілі з яго ўсе. І сказаў ім: «Гэта Мая Кроў запавету, якая за многіх праліваецца. Сапраўды кажу вам, што ўжо не буду піць ад плоду вінаграднай лазы да таго дня, калі буду піць яго новым у Валадарстве Божым».

Езус з вучнямі на Аліўнай гары

І, праспяваўшы гімн, яны пайшлі на Аліўную гару. І сказаў ім Езус: «Усе вы зняверыцеся, бо напісана: “Удару пастыра, і рассеюцца авечкі”.

Але пасля ўваскрасення Майго Я апярэджу вас у Галілеі». Пётр сказаў Яму: «Калі ўсе і зняверацца, але толькі не я». Адказаў яму Езус: «Сапраўды кажу табе, што ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». Але ён яшчэ настойлівей казаў: «Калі б трэба было памерці разам з Табою, не адракуся ад Цябе». Тое самае казалі ўсе.

Малітва ў Гетсэманіі

Калі яны прыйшлі ў месца, якое называлася Гетсэманія, Езус сказаў вучням сваім: «Сядзьце тут, пакуль Я памалюся». Ён узяў з сабою Пятра, Якуба і Яна; і ахапіў Яго страх і трывога. І сказаў ім: «Засмучана душа Мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце». Адышоўшы крыху ўперад, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна; і казаў: «Абба, Ойча! Ты ўсё можаш. Адхілі ад Мяне гэты келіх; але не чаго Я хачу, а чаго Ты». Калі вярнуўся і знайшоў іх спячымі, сказаў Пятру: «Сымоне, спіш? Ты не мог чуваць адной гадзіны? Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе. Сапраўды, дух ахвочы, але цела слабое». І зноў, адышоўшы, маліўся тымі ж словамі. Вярнуўшыся, зноў знайшоў іх спячымі, бо вочы ў іх былі стомленыя; а яны не ведалі, што Яму адказаць. І прыйшоў Ён трэці раз, і сказаў ім: «Усё яшчэ спіце і адпачываеце? Досыць, настала гадзіна: вось выдаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікаў. Устаньце, пойдзем, вось наблізіўся мой здраднік».

Арышт Езуса

Адразу, калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім мноства людзей з мячамі і кіямі ад першасвятароў, кніжнікаў і старэйшын. А той, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, той і ёсць; схапіце Яго і вядзіце асцярожна». Прыйшоўшы, ён адразу падышоў да Езуса і сказаў: «Раббі!» І пацалаваў Яго. А яны ўсклалі на Яго рукі свае і схапілі Яго. Адзін жа з тых, хто стаяў побач, дастаўшы меч, ударыў слугу першасвятара і адсек яму вуха. Адказваючы, Езус сказаў ім: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб схапіць Мяне. Кожны дзень Я быў з вамі ў святыні і навучаў, і вы не схапілі Мяне. Але, каб збыліся Пісанні». І усе, пакінуўшы Яго, паўцякалі. Адзін юнак, накінуўшы палатно на голае цела, ішоў следам за Ім; і схапілі яго. А ён, пакінуўшы палатно, голы ўцёк ад іх.

Езус перад Сінэдрыёнам

Езуса завялі да першасвятара, у якога сабраліся ўсе першасвятары, старэйшыны і кніжнікі. А Пётр зводдаль ішоў следам за Ім аж у сярэдзіну, на дзядзінец першасвятара. Ён сядзеў са слугамі і грэўся каля агню. А першасвятары і ўвесь Сінэдрыён шукалі супраць Езуса сведчання, каб забіць Яго, і не знаходзілі. Бо многія давалі ілжывыя сведчанні супраць Яго, але сведчанні не супадалі. А некаторыя, устаўшы, сведчылі супраць Яго ілжыва, кажучы: «Мы чулі, як Ён казаў: “Я зруйную гэтую рукатворную святыню і за тры дні адбудую іншую, нерукатворную”». Але і так сведчанне іхняе не супадала. Тады стаў першасвятар пасярэдзіне і спытаўся ў Езуса, кажучы: «Нічога не адказваеш на тое, што яны супраць Цябе сведчаць?» Але Ён маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар пытаўся ў Яго і казаў Яму: «Ці Ты Хрыстус, Сын Благаслаўлёнага?» Езус сказаў: «Я. І вы ўбачыце Сына Чалавечага, які сядзіць праваруч Усемагутнага і ідзе на аблоках нябесных».

Першасвятар жа разадраў адзенне сваё і сказаў: «Навошта яшчэ нам сведкі? Вы чулі блюзнерства. Як вам здаецца?» І яны ўсе прызналі Яго вартым смерці.

Некаторыя пачалі пляваць на Яго і закрываць Яму твар, і біць Яго, і казаць Яму: «Прароч». Таксама слугі білі Яго па твары.

Адрачэнне Пятра

Калі Пётр быў унізе на дзядзінцы, прыйшла адна служанка першасвятара і, убачыўшы Пятра, які грэўся, прыгледзелася да яго і сказала: «І ты быў з Езусам Назаранінам!» Але ён адрокся, сказаўшы: «Не ведаю і не разумею, што ты кажаш!» І выйшаў адтуль на пярэдні дзядзінец. І заспяваў певень. Служанка, зноў убачыўшы яго, пачала казаць тым, хто стаяў побач: «Гэты з іх!» Ён жа зноў адрокся. Крыху пазней тыя, хто стаяў тут, зноў пачалі гаварыць Пятру: «Сапраўды, ты з іх, бо ты галілеец». Ён жа пачаў клясціся і прысягаць: «Не ведаю гэтага Чалавека, пра якога гаворыце!» І адразу другі раз заспяваў певень. Тады ўзгадаў Пётр слова, сказанае яму Езусам: «Перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». І заплакаў.

Езус перад Пілатам

З самай раніцы першасвятары са старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь Сінэдрыён зрабілі нараду і, звязаўшы Езуса, павялі і аддалі Пілату. Пілат спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Ён жа сказаў яму ў адказ: «Ты кажаш». І абвінавачвалі Яго першасвятары ў многім. Пілат жа зноў спытаўся ў Яго: «Ты нічога не адказваеш? Паглядзі, колькі сведчыць супраць Цябе». Езус нічога больш не адказваў, таму дзівіўся Пілат.

На свята ён адпускаў ім аднаго вязня, якога прасілі. Быў жа нейкі Бараба, зняволены са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства. І, падышоўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што ён заўсёды рабіў ім. Пілат жа сказаў ім у адказ: «Хочаце, адпушчу вам караля юдэйскага?» Бо ведаў, што першасвятары выдалі Яго ад зайздрасці. Але першасвятары падбухторылі народ, каб лепш адпусціў ім Барабу. Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што хочаце, каб я зрабіў з тым, каго вы называеце каралём юдэйскім?» Яны закрычалі зноў: «Укрыжуй Яго!» Пілат сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней закрычалі: «Укрыжуй Яго!» Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.

Укаранаванне цернем

Жаўнеры адвялі Яго ў сярэдзіну дзядзінца, гэта значыць, у прэторыю, і сабралі цэлую кагорту. Апранулі Яго ў пурпур і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго. І пачалі вітаць Яго: «Вітай, кароль юдэйскі!» Білі Яго па галаве трысцінай і плявалі на Яго, і, згінаючы калені, кланяліся Яму. А калі насмяяліся з Яго, знялі пурпур і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі Яго, каб укрыжаваць.

Укрыжаванне Езуса

І прымусілі нейкага Сымона Кірэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля, несці Ягоны крыж. Прывялі Езуса на месца званае Галгота, што азначае: «Месца Чэрапа». І давалі Яму піць віно са смірнаю, але Ён не ўзяў.

Калі ўкрыжавалі Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы лёсы, каму што ўзяць. Была ж трэцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго. І быў надпіс з віной Ягонай: «Кароль юдэйскі». Разам з Ім укрыжавалі двух злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку ад Яго. [отсутсвует]

Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй! Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога, сышоўшы з крыжа!» Падобна і першасвятары з кніжнікамі, насміхаючыся, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. Хрыстус, кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». Таксама тыя, хто быў укрыжаваны разам з Ім, зневажалі Яго.

Смерць Езуса

Калі надышла шостая гадзіна, цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. А каля дзевятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён кліча Іллю». А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы: «Чакайце, пабачым, ці прыйдзе Ілля зняць Яго». Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў.

І заслона ў святыні разарвалася надвое ад верху да нізу.

Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы, як Ён канаў: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым».

Былі таксама жанчыны, якія глядзелі здалёк. Сярод іх была Марыя Магдалена, Марыя, маці Якуба малодшага і Юзафа, і Саламея, якія тады, калі Ён быў у Галілеі, спадарожнічалі і служылі Яму, а таксама многія іншыя, якія разам з Ім прыйшлі ў Ерузалем.

Пахаванне

Калі звечарэла, і паколькі была пятніца, гэта значыць пярэдадзень шабату, прыйшоў Юзаф з Арыматэі, дастойны дарадчык, які і сам чакаў Валадарства Божага, і адважыўся ўвайсці да Пілата, каб прасіць цела Езуса. Пілат здзівіўся, што Ён ужо памёр, і, паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно сканаў. Даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Юзафу. Ён, купіўшы палатно і зняўшы цела, захінуў у палатно і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале, і прываліў камень да яе ўваходу. А Марыя Магдалена і Марыя Юзафа глядзелі, дзе Яго паклалі.

Пустая магіла

Калі мінуў шабат, Марыя Магдалена, Марыя Якубава і Саламея купілі духмянасцяў, каб пайсці і намасціць Езуса. Вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыйшлі да магілы, калі ўзышло сонца, і гаварылі між сабою: «Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?» І паглядзеўшы, убачылі, што камень адсунуты, а быў ён вельмі вялікі. Увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, які сядзеў з правага боку і быў апрануты ў белае адзенне, і вельмі спалохаліся. А ён сказаў ім: «Не бойцеся! Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага. Ён уваскрос, Яго тут няма; вось месца, дзе паклалі Яго. Але ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру: “Ён апярэдзіць вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце, як Ён сказаў вам”». Яны выйшлі і пабеглі ад магілы, бо ахапіў іх страх і здзіўленне. Нікому таксама нічога не расказалі, бо баяліся.

ЗАКАНЧЭННЕ ЕВАНГЕЛЛЯ

З’яўленне ўваскрослага Хрыста

Калі Езус уваскрос раніцай у першы дзень тыдня, Ён з’явіўся найперш Марыі Магдалене, з якой Ён выгнаў сем злых духаў. Яна пайшла і расказала тым, хто быў з Ім, якія смуткавалі і плакалі. А яны, хоць і пачулі, што Ён жывы і што яна Яго бачыла, не паверылі. Пасля гэтага Езус з’явіўся ў іншай постаці двум з іх, якія ішлі ў вёску. Тыя вярнуліся і абвясцілі астатнім, але ім таксама не паверылі.

Нарэшце, з’явіўся Адзінаццаці, калі яны былі за сталом, і папракаў іх за бязвер’е і жорсткасць сэрца, бо не паверылі тым, хто бачыў Яго ўваскрослага. Ён сказаў ім: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню. Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны. Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: у Маё імя будуць выганяць злых духаў; будуць размаўляць новымі мовамі; змеяў рукамі браць будуць, і, калі штосьці атрутнае вып’юць, не пашкодзіць ім. На хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць».

Унебаўшэсце

Пасля размовы з імі Пан Езус узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога.

А яны пайшлі і паўсюль прапаведавалі. Пан садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знакамі, што яму спадарожнічалі.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.