ПРАЛОГ
Паколькі ўжо многія імкнуліся скласці апавяданне пра падзеі, якія адбыліся сярод нас, як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі відавочцамі і слугамі слова, вырашыў і я дакладна даследаваць усё ад пачатку і апісаць табе ўсё па парадку, дастойны Тэафіле, каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму быў навучаны.
ДЗЯЦІНСТВА ЕЗУСА
Прадказанне нараджэння Яна Хрысціцеля
У дні Ірада, караля юдэйскага, быў адзін святар, па імені Захарыя, з роду Абія. Ён меў жонку з дачок Аарона, а імя яе было Альжбета. Абое былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана. Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплоднай; і абое былі ўжо ў старым узросце.
Калі Захарыя ў парадку сваёй чаргі выконваў святарскае служэнне перад Богам, яму паводле святарскага звычаю выпаў лёс увайсці ў святыню Пана, каб прынесці ахвяру каджэння. Усё ж мноства народу малілася звонку падчас каджэння. І з’явіўся яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка. Захарыя збянтэжыўся, калі ўбачыў анёла, і страх ахапіў яго. Анёл жа сказаў яму: «Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, а ты назавеш яго імем Ян. Будзе табе радасць і весялосць, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму. Бо ён будзе вялікі ў вачах Пана, не будзе піць ні віна, ні сіцэры і напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні сваёй маці. Многіх з сыноў Ізраэля наверне да іхняга Пана Бога. І сам пойдзе перад Ім у духу і моцы Іллі, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, і непаслухмяных — да разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць Пану народ дасканалы». Тады сказаў Захарыя анёлу: «Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў старым узросце». Анёл сказаў яму ў адказ: «Я Габрыэль, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою, і абвясціць табе добрую навіну пра гэта. І вось, ты будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час».
Народ жа чакаў Захарыю і дзівіўся, што ён затрымліваецца ў святыні. А калі выйшаў, не мог гаварыць з імі; і яны пазналі, што ён бачыў з’яўленне ў святыні. А ён гаварыў з імі на мігах і заставаўся нямым.
Калі скончыліся дні служэння ягонага, ён вярнуўся ў свой дом. І пасля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і ўкрывалася пяць месяцаў, кажучы: «Так учыніў мне Пан у тыя дні, калі глянуў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу перад людзьмі».
Звеставанне нараджэння Езуса
У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою». Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца».
І сказала Марыя анёлу: «Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?» Анёл сказаў Ёй у адказ: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага». Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл.
Марыя наведвае Альжбету
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. Яна ўсклікнула моцным голасам і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго. Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам».
Песня Марыі
І сказала Марыя:
«Велічае душа мая Пана,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу,
бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі.
І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
Скінуў магутных з трона
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў,
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля,
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі».
Нараджэнне Яна Хрысціцеля
Прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў і вярнулася ў свой дом. Альжбеце ж надышоў час нараджаць, і яна нарадзіла сына. Калі пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан учыніў вялікай міласэрнасць сваю да яе, радаваліся разам з ёю. На восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыем. Але, адказваючы, маці ягоная сказала: «Не, але будзе названы Янам». Тады сказалі ёй: «Няма нікога з тваёй радні, хто б называўся такім імем». У бацькі ж ягонага пыталіся на мігах, як бы хацеў назваць яго. Ён, папрасіўшы таблічку, напісаў: «Ян — імя яго». І ўсе здзівіліся. У гэты момант адразу адкрыліся вусны ягоныя і развязаўся язык ягоны, і ён загаварыў, праслаўляючы Бога. Ахапіў страх усіх суседзяў іхніх, і па ўсёй горнай краіне Юдэі яны расказвалі пра ўсё гэта. Усе, хто чуў, разважалі пра гэта ў сэрцах сваіх і казалі: «Што ж гэта будзе за дзіця?» Бо рука Пана была з ім.
Песня Захарыі
А Захарыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, кажучы:
«Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля,
бо наведаў і адкупіў народ свой,
і ўзняў моц збаўлення для нас
у доме Давіда, слугі свайго.
Як абвясціў спрадвеку
вуснамі сваіх святых прарокаў,
што збавіць нас ад ворагаў нашых
і ад рук усіх, хто нас ненавідзіць.
Каб праявіць міласэрнасць да айцоў нашых
і нагадаць пра святы запавет свой.
Прысягу, якую даў Абрагаму, айцу нашаму,
дасць нам.
Каб, выбаўленыя з рук ворагаў,
мы без страху служылі Яму
ў святасці і справядлівасці перад Ім
ва ўсе дні нашыя.
А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа,
бо пойдзеш прад абліччам Пана падрыхтаваць шляхі Яму;
каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне
праз адпушчэнне яго грахоў,
дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога,
у якой наведаў нас Усход з вышыні;
каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў цені
смяротным;
каб накіраваць ногі нашыя на шлях спакою».
А дзіця расло і ўзмацнялася духам, і заставалася на пустыні да дня свайго з’яўлення перад Ізраэлем.
Нараджэнне Езуса
У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі. Усе пайшлі запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць. І нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Яго і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе.
У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. З’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. Анёл сказаў ім: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях». Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала:
«Хвала на вышынях Богу,
а на зямлі спакой людзям добрай волі».
Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан». Яны пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях. А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця. Усе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі. А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.
І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.
Калі мінула восем дзён, каб абрэзаць Дзіця, далі Яму імя Езус, якое было названа анёлам перад Яго зачаццем ва ўлонні.
Ахвяраванне Езуса ў святыні
А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану, — як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; — і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят.
Быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Чалавек гэты, праведны і пабожны, чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. Было яму прадказана Духам Святым, што ён не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. І прыйшоў ён, натхнёны Духам, у святыню. А калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закону, ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:
«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,
паводле слова Твайго, у спакоі;
бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў,
святло для асвятлення язычнікаў
і хвалу народу Твайго Ізраэля».
А бацька і Маці Езуса дзівіліся таму, што было сказана пра Яго. І благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго:
«Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць.
А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».
Была таксама там Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з роду Асэра. Яна была ў вельмі старым узросце і пражыла з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў; удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не адыходзіла ад святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўдзень і ўначы. Яна таксама прыйшла ў той самы час і славіла Пана, і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема.
Вяртанне ў Назарэт
Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім.
Дванаццацігадовы Езус у святыні
Бацькі Езуса хадзілі штогод у Ерузалем на свята Пасхі. І калі Яму было дванаццаць гадоў, яны ўзышлі ў Ерузалем паводле звычаю свята. Калі па заканчэнні дзён свята вярталіся, застаўся Хлопец Езус у Ерузалеме, і не заўважылі гэтага Ягоныя бацькі. Думаючы, што Ён ідзе з пілігрымамі, прайшлі дзень дарогі і тады пачалі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі. Не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалем, шукаючы Яго. Пасля трох дзён знайшлі Яго ў святыні. Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх. А ўсе, хто слухаў Яго, дзівіліся розуму і адказам Яго. Убачыўшы Яго, яны здзівіліся, і сказала Яму Маці Ягоная: «Дзіця, чаму Ты зрабіў нам так? Вось бацька Твой і я балюча перажывалі, шукаючы Цябе». Ён сказаў ім: «Чаго ж вы шукалі Мяне? Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?» Але яны не зразумелі таго, што Ён сказаў ім.
Жыццё ў Назарэце
І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. А Маці Яго захавала ўсе гэтыя словы ў сэрцы сваім. Езус жа ўзрастаў у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і ў людзей.
ПАДРЫХТОЎКА ДА ДЗЕЙНАСЦІ ЕЗУСА
Ян Хрысціцель
У пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцій Пілат быў намеснікам Юдэі, а Ірад быў тэтрархам Галілеі, Філіп, брат ягоны, тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лізанія тэтрархам Абілены, пры першасвятарах Анне і Каяфе, было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні. Ён прайшоў усе ваколіцы Ярдана, абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў, як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі:
«Голас таго, хто кліча ў пустыні:
“Падрыхтуйце дарогу Пану,
простымі рабіце сцежкі Яму!
Кожная даліна ўзвысіцца,
кожная гара і пагорак панізяцца,
і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,
а ланцугі гор — далінаю.
І ўбачыць кожнае цела
Божае збаўленне”».
Ён казаў натоўпам, якія прыходзілі да яго хрысціцца: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння і не думайце казаць сабе: “Маем Абрагама за бацьку”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь».
І пыталіся ў яго людзі, кажучы: «Што мы павінны рабіць?» Ён казаў ім у адказ: «Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае». Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: «Настаўнік, што мы павінны рабіць?» Ён адказаў ім: «Нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце». Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: «А мы што павінны рабіць?» Ён адказаў ім: «Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёй платай».
Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён, Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём. Лапату трымае ў руцэ сваёй, каб ачысціць гумно сваё і сабраць пшаніцу ў засекі свае, а мякіну спаліць агнём непагасным».
Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу. А тэтрарх Ірад, якога Ян дакараў за Ірадыяду, жонку яго брата Філіпа, і за ўсё зло, якое ўчыніў Ірад, да ўсяго дадаў яшчэ і тое, што замкнуў Яна ў вязніцы.
Хрост Езуса
Калі хрысціўся ўвесь народ і калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».
Радавод Езуса
Езус, пачынаючы служэнне сваё, меў каля трыццаці гадоў і быў, як лічылі, сынам Юзафа, сына Элія, Матата, Левія, Мэльхія, Яная, Юзафа, Матація, Амоса, Навума, Эслія, Нагея, Маата, Матація, Сэмэя, Ёсэха, Ёды, Янана, Рэсы, Зарабабэля, Салятыэля, Нэрыя, Мэльхія, Адзія, Касама, Эльмадама, Эра, Езуса, Эліязэра, Ярыма, Матата, Левія, Сімяона, Юды, Юзафа, Ёнама, Эліяхіма, Мэлея, Мэны, Матата, Натана, Давіда, Есэя, Абэда, Бааза, Сальмона, Наасона, Амінадаба, Адміна, Арні, Эзрома, Фарэса, Юды, Якуба, Ісаака, Абрагама, Тарэя, Нахора, Сэруха, Рахаба, Фалека, Эбэра, Салія, Каінама, Арфаксада, Сэма, Ноя, Ламеха, Матусала, Эноха, Ярэда, Малелеэля, Каінама, Эноса, Сэта, Адама, сына Бога.
Выпрабаванне Езуса ў пустыні
Езус, напоўнены Духам Святым, вярнуўся з-над Ярдана, і вадзіў Яго Дух па пустыні сорак дзён, а д’ябал выпрабоўваў Яго. І нічога не еў у тыя дні, а калі яны скончыліся, згаладаўся. Тады д’ябал сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён стаў хлебам». Езус адказаў яму: «Напісана: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек”». Тады д’ябал павёў Яго і паказаў Яму ў імгненне ўсе валадарствы свету. І сказаў Яму д’ябал: «Я дам Табе ўсю гэтую ўладу і славу іх, бо яна мне перададзена, і каму хачу, даю яе. Калі Ты паклонішся мне, уся будзе Тваёй». У адказ Езус сказаў яму: «Напісана: “Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць”». Тады завёў Яго ў Ерузалем, паставіў на крыле святыні і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз, бо напісана:
“Анёлам сваім загадае пра Цябе,
каб ахоўвалі Цябе”
і: “Яны на руках панясуць Цябе,
каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень сваёй нагой”».
А Езус сказаў яму ў адказ: «Сказана: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго”». Скончыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябал адступіў ад Яго да пары.
ДЗЕЙНАСЦЬ ЕЗУСА Ў ГАЛІЛЕІ
Пачатак дзейнасці
Езус вярнуўся ў моцы Духа ў Галілею. І разышліся чуткі пра Яго па ўсёй ваколіцы. А Ён навучаў у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі.
Езус у Назарэце
Калі прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, увайшоў паводле свайго звычаю ў шабат у сінагогу і падняўся, каб чытаць. Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Разгарнуўшы кнігу, Ён трапіў на месца, дзе было напісана:
«Дух Пана на Мне,
бо Ён намасціў Мяне
абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным
і сляпым вяртаць зрок,
каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
каб абвясціць год ласкі Пана».
Згарнуўшы кнігу, Ён аддаў яе слугу і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі». Усе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: «Ці ж не сын Юзафа гэта?» А Ён сказаў ім: «Напэўна, скажаце мне такую прыказку: “Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме”». І сказаў: «Сапраўды кажу вам: ніводнага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго. Сапраўды кажу вам: шмат удоў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было зачынена тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідонскай. Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача сірыйца Наамана».
Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на край гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго. Але Ён, прайшоўшы паміж імі, адышоў.
У сінагозе ў Кафарнауме
І прыйшоў у Кафарнаум, галілейскі горад, і навучаў іх у дні шабату. І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, таму што слова Ягонае мела ўладу. Быў у сінагозе чалавек, які меў нячыстага духа. Ён закрычаў моцным голасам: «Ах! Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Святы Божы». Але Езус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» Тады злы дух кінуў яго на сярэдзіну і выйшаў з яго, нічым не нашкодзіўшы яму. І здзіўленне ахапіла ўсіх, і казалі адзін аднаму: «Што гэта за слова, што з ўладаю і моцай Ён загадвае нячыстым духам, і яны выходзяць?» І разнеслася пагалоска пра Яго па ўсёй навакольнай мясцовасці.
Аздараўленні ў доме Пятра
Выйшаўшы з сінагогі, Езус увайшоў у дом Сымона. Цешчу Сымонаву ахапіла моцная гарачка. Таму прасілі Яго за яе. Стаўшы над ёю, Ён забараніў гарачцы, і тая пакінула яе. Адразу ўстаўшы, яна прыслужвала ім.
На захадзе сонца ўсе, хто меў хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Езуса. Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, аздараўляў іх. З многіх таксама выходзілі з крыкам злыя духі і казалі: «Ты — Сын Божы». Але Ён забараняў і не дазваляў ім казаць, бо яны ведалі, што Ён Месія. Калі настаў дзень, Езус выйшаў і адправіўся ў пустыннае месца. А людзі шукалі Яго і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі, каб не адыходзіў ад іх. Але Ён сказаў ім: «Таксама іншым гарадам Мне трэба абвяшчаць Добрую Навіну пра Валадарства Божае, бо дзеля гэтага Я пасланы». І прапаведаваў у сінагогах Юдэі.
Пакліканне першых вучняў
Аднойчы, калі натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, Ён стаяў каля возера Генэзарэт. І ўбачыў два чаўны, якія стаялі на беразе возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Пасля сеў і вучыў людзей з чоўна.
Калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову». Сымон сказаў Яму ў адказ: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі». Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. І далі знак супольнікам, якія былі ў другім чоўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны так, што яны ледзь не танулі. Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны». Ад такога ўлову рыбы вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. Тады сказаў Езус Сымону: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей». А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.
Аздараўленне пракажонага
Калі Ён быў у адным з гарадоў, з’явіўся чалавек увесь у праказе. Убачыўшы Езуса, ён упаў ніцма, молячы Яго і кажучы: «Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць». Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны!» І адразу праказа сышла з яго. Але Езус загадаў яму нікому не расказваць, а пайсці, паказацца святару і скласці ахвяру за сваё ачышчэнне, як наказаў Майсей, дзеля сведчання ім. Аднак чуткі пра Яго яшчэ больш распаўсюджваліся, і вялікае мноства людзей сыходзілася, каб слухаць Яго і атрымаць аздараўленне ад сваіх немачаў. А Ён адыходзіў у пустынныя месцы і маліўся.
Аздараўленне паралізаванага
Аднойчы, калі Езус навучаў, былі там фарысеі і кніжнікі, якія прыйшлі з усіх вёсак Галілеі і Юдэі і з Ерузалема. І моц Пана была з Ім, каб мог аздараўляць. І вось людзі прынеслі на ложы паралізаванага чалавека, і спрабавалі ўнесці яго ў дом, каб пакласці перад Ім. А калі праз натоўп не змаглі пранесці яго, залезлі на дах дома і праз страху спусцілі яго з насілкамі на сярэдзіну перад Езусам. Убачыўшы іх веру, Ён сказаў: «Чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае». А кніжнікі і фарысеі пачалі разважаць, кажучы: «Хто ён такі, што блюзнерыць? Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?» Пазнаўшы іх думкі, Езус сказаў ім у адказ: «Як думаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй? Сказаць: “Адпускаюцца табе грахі твае”, ці сказаць: “Устань і хадзі”? Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі». І сказаў паралізаванаму: «Кажу табе: устань, вазьмі насілкі свае і ідзі да дому свайго». Той адразу, устаўшы перад імі, узяў тое, на чым ляжаў, і пайшоў да свайго дому, славячы Бога. Жах ахапіў усіх, яны славілі Бога і, напоўненыя страхам, казалі: «Дзіўнае мы бачылі сёння».
Пакліканне Левія
Выйшаўшы пасля гэтага, Езус убачыў мытніка па імені Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той пакінуў усё, устаў і пайшоў за Ім. І наладзіў Левій для Яго вялікую гасціну у сваім доме. Было там шмат мытнікаў і іншых, якія былі з імі за сталом. Фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы вучням Ягоным: «Чаму вы ясце і п’яце з мытнікамі і грэшнікамі?» А Езус сказаў ім у адказ: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым. Я прыйшоў заклікаць да пакаяння не праведнікаў, а грэшнікаў».
Пытанне пра пост
Яны сказалі Яму: «Вучні Янавы часта посцяць і моляцца, падобна і вучні фарысеяў, а Твае ядуць і п’юць». Езус адказаў ім: «Ці можаце прымусіць гасцей на вяселлі пасціць, калі з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, тады будуць пасціць у тыя дні». І расказаў ім прыпавесць: «Ніхто не разрывае новай вопраткі, каб прышыць лату да старой вопраткі. Інакш і новая парвецца, і да старой не падыдзе лата ад новай. І ніхто не налівае маладое віно ў старыя мяхі. Інакш маладое віно парве мяхі і само выцячэ, і мяхі прападуць. Але маладое віно трэба наліваць у новыя мяхі. І ніхто, выпіўшы старога, не хоча маладога, бо кажа: “Старое лепшае!”»
Сапраўднае значэнне шабату
У шабат Езус праходзіў праз збожжа, а вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расціраючы рукамі. Некаторыя ж з фарысеяў казалі: «Чаму вы робіце тое, што не дазволена ў шабат?» Тады Езус сказаў ім у адказ: «Хіба не чыталі вы, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім? Як увайшоў у дом Божы, узяў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, з’еў сам і даў тым, хто быў з ім». І сказаў ім: «Сын Чалавечы — гаспадар шабату».
Аздараўленне хворага ў шабат
У іншы шабат Ён увайшоў у сінагогу і навучаў. А быў там чалавек з усохлай правай рукой. А кніжнікі і фарысеі сачылі за Езусам, ці Ён лечыць у шабат, каб знайсці, у чым абвінаваціць Яго. Ён жа, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку з усохлай рукой: «Падыміся і стань пасярэдзіне». Той падняўся і стаў. Тады Езус сказаў ім: «Я пытаюся ў вас, ці дазволена ў шабат рабіць дабро або рабіць зло; уратаваць жыццё ці загубіць?» І, паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму: «Працягні руку сваю». Той так і зрабіў; і выздаравела рука ягоная. А яны напоўніліся лютасцю і гаварылі між сабою, што б зрабіць з Езусам.
Імёны Апосталаў
У тыя дні Ён узышоў на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога. Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі: Сымона, якога назваў Пятром, Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея, Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеевага і Сымона, якога называлі Зелотам, Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам.
Натоўп ідзе за Езусам
Калі сышоў з імі ўніз і стаў на раўніне, вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжжа Тыра і Сідона прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад сваіх хваробаў. І тыя, хто цярпеў ад нячыстых духаў, вылечваліся. Усе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, таму што сіла сыходзіла ад Яго і вылечвала ўсіх.
Благаслаўленні
А Ён, узняўшы вочы свае на вучняў сваіх, сказаў:
«Шчаслівыя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае.
Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.
Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.
Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі і калі адрынуць вас, будуць зневажаць і адкінуць імя вашае як зло з-за Сына Чалавечага. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія.
Гора вам
Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне!
Гора вам, хто цяпер сыты, бо галадаць будзеце!
Гора вам, хто цяпер смяецца, бо смуткаваць і плакаць будзеце!
Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас! Бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.
Любоў да ворагаў
Але кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць. Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю. Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту. Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце. Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. Калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. Калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.
Але вы любіце ворагаў вашых, рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, а ўзнагарода вашая будзе вялікая, і будзеце вы сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны.
Не судзіце
Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам. Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана».
І расказаў ім такую прыпавесць: «Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму?
Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік.
Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? Як ты можаш казаць брату свайму: “Браце, дай, я выму шчэпку з вока твайго”, калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата.
Дрэва і яго плады
Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе; не збіраюць з церняў смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду. Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з дрэннага сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя.
Будаванне на скале
Што вы клічаце Мяне: “Пане, Пане”, а не выконваеце таго, што Я кажу? Я пакажу вам, да каго падобны кожны, хто прыходзіць да Мяне, слухае Маё слова і выконвае яго. Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, глыбока выкапаў і заклаў падмурак на скале. Калі здарылася паводка, паток хлынуў на гэты дом, аднак не змог пахіснуць яго, таму што ён быў добра збудаваны. А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў дом на зямлі без падмурка. Паток хлынуў на яго, і ён адразу абваліўся, і вялікае было падзенне гэтага дому».
Аздараўленне слугі сотніка
Калі скончыў сваю прамову да народу, увайшоў у Кафарнаум. У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў. Пачуўшы пра Езуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу. Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта, бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу». І Езус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: «Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой. Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой. Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе; а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць; а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць». Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які ішоў за Ім, сказаў: «Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры!» Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.
Уваскрашэнне сына ўдавы з Наін
На наступны дзень Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і разам з Ім ішлі вучні Ягоныя і вялікі натоўп. Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. Шмат людзей з горада ішло разам з ёю. Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: «Не плач!» І, падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся, а Ён сказаў: «Хлопча, кажу табе, устань!» Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І аддаў яго Езус маці ягонай. Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» і: «Бог наведаў свой народ». Так разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.
Сведчанне Езуса пра Яна Хрысціцеля
І расказалі Яну вучні яго пра ўсё гэта. Паклікаўшы дваіх з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Пана спытацца: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?» Калі яны прыйшлі да Езуса, сказалі: «Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытацца: “Ці Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?”» У той самы час Езус шмат каго вылечыў ад хвароб, немачаў і ад злых духаў і многіх сляпых адарыў зрокам. І Ён сказаў ім у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну, што вы бачылі і чулі: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне».
Калі ж пасланцы Яна адышлі, Ён пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто багата апранаецца і раскошна жыве, знаходзяцца ў каралеўскіх палацах. На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока. Гэта той, пра каго напісана:
“Вось пасылаю анёла Майго перад Табою,
які падрыхтуе дарогу Тваю перад Табою”.
Кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма нікога большага за Яна. Але найменшы ў Валадарстве Божым большы за яго». Увесь народ, які слухаў яго, і мытнікі прызналі справядлівым Бога і ахрысціліся Янавым хростам. А фарысеі і кніжнікі адкінулі волю Божую адносна сябе і не прынялі хросту ад яго.
А Ён працягваў: «З кім параўнаю людзей гэтага пакалення? Да каго яны падобныя? Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на рынку і аклікаюць адны другіх, кажучы:
“Мы гралі вам на жалейцы, а вы не танцавалі,
мы спявалі журботныя песні, а вы не плакалі!”
Прыйшоў Ян Хрысціцель, які не еў хлеба і не піў віна, а вы кажаце: “У ім злы дух!” Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, а вы кажаце: “Гэты чалавек абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў!” І была апраўдана мудрасць усімі дзецьмі сваімі».
Прабачэнне грэшніцы
Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, заняў месца за сталом. І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён заняў месца за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон міра і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала мірам.
Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: «Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца». Езус сказаў яму ў адказ: «Сымон, Я хачу нешта сказаць табе». Той прамовіў: «Скажы, Настаўнік». «У аднаго пазыкадаўцы былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзясят. Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго?» Сымон адказаў: «Думаю, той, каму больш даравана». Ён сказаў яму: «Ты правільна разважыў». І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: «Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі. Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі ўвайшла, няспынна цалуе Мне ногі. Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна мірам намасціла Мне ногі. Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць». А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі твае». І тыя, хто быў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: «Хто Ён такі, што нават грахі адпускае?» А Ён сказаў жанчыне: «Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі!»
Жанчыны, якія служылі Пану
Пасля гэтага Ён праходзіў па гарадах і паселішчах, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну пра Валадарства Божае. Былі з Ім Дванаццаць, а таксама некаторыя жанчыны, аздароўленыя ад злых духаў і хвароб: Марыя, называная Магдаленай, з якой выйшла сем злых духаў; Яна, жонка Хузы, чыноўніка Ірада; Зузана і шмат іншых, якія дапамагалі ім маёмасцю сваёй.
Прыпавесць пра сейбіта
Калі сабраўся вялікі натоўп і людзі з розных гарадоў прыходзілі да Яго, Ён расказаў прыпавесць: «Выйшаў сейбіт сеяць зерне сваё. Калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго. Другое ўпала на скалу і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці. Іншае ўпала між церняў, і разам вырасла, але церні заглушылі яго. Іншае ўпала на добрую зямлю і, калі ўзышло, прынесла плён у сто разоў большы». Кажучы гэта, заклікаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
Чаму Езус навучае ў прыпавесцях?
Пыталіся ў Яго вучні Ягоныя, што значыць гэтая прыпавесць. А Ён сказаў: «Вам дадзена пазнаць таямніцу Валадарства Божага, а да астатніх гавару ў прыпавесцях, каб, гледзячы, не бачылі і, слухаючы, не разумелі.
Тлумачэнне прыпавесці пра сейбіта
Вось што азначае гэтая прыпавесць: зерне — гэта слова Божае. Што пры дарозе — гэта тыя, хто слухае, але потым прыходзіць д’ябал і забірае слова з іхняга сэрца, каб не паверылі і не збавіліся. Што на скале — гэта тыя, хто пачуе і з радасцю прымае слова, але не мае кораня. Яны вераць часова, а ў пару выпрабавання адыходзяць. Што ўпала ў церні — гэта тыя, хто чуе, аднак турботы, багацце і ўцехі жыцця паглынаюць іх, і яны не прыносяць плёну. А што на добрай зямлі — гэта тыя, хто, пачуўшы слова, захоўвае яго ў добрым і чыстым сэрцы і прыносіць у цярплівасці плён.
Прыпавесць пра светач
Ніхто, запаліўшы светач, не накрывае яго пасудзінай і не ставіць пад ложак, але ставіць яго на свечніку, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло. Бо няма нічога схаванага, што б не стала яўным, і нічога таемнага, пра што б не стала вядома і што б не выявілася. Таму зважайце, як слухаеце. Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што, як здаецца яму, ён мае».
Маці і браты Езуса
Прыйшлі да Яго Маці Ягоная і браты Ягоныя. І не маглі наблізіцца да Яго з-за натоўпу. Тады паведамілі Яму: «Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы ўбачыць Цябе». Ён сказаў ім у адказ: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго».
Суцішэнне буры
У адзін з тых дзён Ён увайшоў у човен, а за Ім вучні Яго. І сказаў ім: «Пераправімся на другі бок возера». І адплылі. Пакуль плылі, Ён заснуў. І паднялася на возеры бура ад ветру, і човен стаў залівацца вадой, і яны апынуліся ў небяспецы. Тады вучні падышлі да Езуса, абудзілі Яго і сказалі: «Настаўнік, Настаўнік, мы гінем!» Ён падняўся і загадаў ветру і хвалям — і яны спыніліся, і настала ціша. Тады сказаў ім: «Дзе ваша вера?» Яны, спалоханыя, дзівіліся, кажучы адзін аднаму: «Хто ж Ён такі, што загадвае вятрам і вадзе, і яны Яго слухаюцца?»
Выгнанне злых духаў
І прыплылі яны ў край геразенаў, што насупраць Галілеі. Калі ж Ён выйшаў на сушу, сустрэў Яго адзін чалавек з горада, які быў апанаваны злым духам, з даўняга часу не апранаў адзенне і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах. Убачыўшы Езуса, ён упаў перад Ім і гучна закрычаў: «Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Прашу Цябе, не муч мяне». Бо Езус загадаў нячыстаму духу выйсці з гэтага чалавека, таму што той доўгі час мучыў яго, так што звязвалі ланцугамі і трымалі ў кайданах яго, але ён разрываў путы і злы дух гнаў яго на пустынныя месцы. Езус спытаўся ў яго: «Як тваё імя?» Той адказаў: «Легіён», бо шмат злых духаў увайшло ў яго. І малілі Езуса, каб Ён не загадаў ім пайсці ў бездань.
А быў там вялікі статак свіней, якія пасвіліся на гары. І злыя духі малілі Яго, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім. Тады злыя духі выйшлі з чалавека і ўвайшлі ў свіней. І кінуўся статак з кручы ў возера, і патануў. Пастухі, убачыўшы тое, што здарылася, уцяклі і расказалі ў горадзе і вёсках. А людзі выйшлі паглядзець, што адбылося. Прыйшлі да Езуса і знайшлі, што чалавек, з якога выйшлі злыя духі, сядзеў апрануты і ў розуме каля ног Езуса, і спалохаліся. Бо відавочцы расказалі ім, як быў аздароўлены апанаваны злымі духамі. Увесь люд краю геразенаў прасіў Яго пайсці ад іх, бо іх ахапіў вялікі страх. Езус увайшоў у човен і вярнуўся. А той чалавек, з якога выйшлі злыя духі, стаў прасіць Езуса застацца з Ім. Але Ён адпусціў яго, кажучы: «Вярніся да дому свайго і раскажы ўсё, што ўчыніў табе Бог». Той пайшоў і распавёў па ўсім горадзе ўсё, што ўчыніў яму Езус.
Аздараўленне жанчыны і ўваскрашэнне дачкі Яіра
Калі Езус вярнуўся, натоўп прывітаў Яго, бо ўсе чакалі Яго. І вось прыйшоў чалавек, па імені Яір, які быў кіраўніком сінагогі. Ён прыпаў да ног Езуса і стаў упрошваць Яго зайсці да дому ягонага, таму што яго адзіная дачка, узростам каля дванаццаці гадоў, памірала. Калі Езус пайшоў, натоўп ціснуўся да Яго. І была адна жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк і растраціла ўсю маёмасць сваю на лекараў, але ніхто не мог вылечыць яе. Яна, падышоўшы ззаду да Езуса, дакранулася да краю плашча Ягонага, і адразу ж спыніўся крывацёк у яе. А Езус спытаўся: «Хто дакрануўся да Мяне?» Калі ж усе адмаўлялі, Пётр сказаў: «Настаўнік, народ тоўпіцца вакол Цябе і цісне». Але Езус сказаў: «Хтосьці дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў, як сіла выйшла з Мяне». Тады жанчына, убачыўшы, што яна не ўтаілася, з трымценнем падышла і, упаўшы перад Ім, прызналася перад усімі людзьмі, чаму дакранулася да Яго і як адразу выздаравела. Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі».
Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў нехта з дому ад кіраўніка сінагогі і сказаў: «Твая дачка памерла, больш не турбуй Настаўніка». Але Езус, пачуўшы гэта, адказаў яму: «Не бойся, толькі вер — і яна будзе ўратаваная». Прыйшоўшы ў дом, Ён не пусціў з сабой нікога, акрамя Пятра, Яна і Якуба, бацькі і маці дзяўчынкі. І ўсе галасілі і смуткавалі па ёй. Але Ён сказаў: «Не плачце, яна не памерла, а спіць». Насміхаліся з Яго, бо ведалі, што яна памерла. Тады Ён, узяўшы яе за руку, паклікаў яе: «Дзяўчынка, устань!» І вярнуўся дух яе. Яна адразу паднялася, а Ён загадаў даць ёй паесці. Здзівіліся бацькі яе. А Езус наказаў ім нікому не расказваць, што адбылося.
Місія Дванаццаці
Паклікаўшы Дванаццаць, Езус даў ім сілу і ўладу над усімі злымі духамі, і ўладу лячыць хваробы. Ён паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых. Ён сказаў ім: «Нічога не бярыце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, не майце таксама па дзве вопраткі. У які дом увойдзеце, там заставайцеся аж да свайго адыходу. Калі ж вас нехта не прыме, то, выходзячы з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне супраць іх». Пайшоўшы, яны праходзілі па вёсках, абяшчаючы Добрую Навіну і аздараўляючы ўсюды.
Неспакой Ірада
Тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што здзяйснялася Езусам, і пачаў сумнявацца, бо адны гаварылі, што Ян паўстаў з памерлых, а другія, што з’явіўся Ілля, іншыя, што ўваскрос нехта з даўніх прарокаў. І казаў Ірад: «Яну я адсек галаву; хто ж той, пра каго я чую такое?» І хацеў убачыць Яго.
Вяртанне Апосталаў і размнажэнне хлеба
Вярнуўшыся, Апосталы расказалі Езусу ўсё, што зрабілі. Тады Ён узяў іх з сабой і асобна адышоў да горада, званага Бэтсаіда. А калі людзі даведаліся, пайшлі за Ім. Ён прыняў іх, гаварыў ім пра Валадарства Божае і аздараўляў тых, каму было патрэбнае аздараўленне. Калі дзень пачаў хіліцца да вечара, падышлі да Яго Дванаццаць і сказалі Яму: «Адпусці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя паселішчы і вёскі, дзе знойдуць начлег і ежу, бо мы тут у пустынным месцы». Але Ён сказаў ім: «Вы дайце ім есці». Яны сказалі: «У нас няма больш пяці хлябоў і дзвюх рыбін, хіба што пойдзем купім ежы на ўвесь гэты люд». Было ж каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням сваім: «Загадайце ім сесці групамі па пяцьдзясят чалавек». І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх. А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў іх і паламаў, і даваў вучням, каб раздавалі людзям. І елі, і насыціліся ўсе, а рэшты кавалкаў сабрана было дванаццаць кашоў.
Вызнанне Пятра. Першае прадказанне мукі і ўваскрасення
Калі Езус маліўся ў самоце, былі разам з Ім вучні. Ён спытаўся ў іх: «Кім лічаць Мяне людзі?» Яны сказалі ў адказ: «Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, яшчэ іншыя кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос». Тады Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Пётр, адказваючы, сказаў: «Месіяй Божым». Але Ён, забараніўшы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
Наследаванне Езуса
А ўсім сказаў: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго. Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а сябе загубіць ці пашкодзіць сабе? Хто ж будзе саромецца Мяне і Маіх словаў, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе сваёй, Айца і святых анёлаў. Праўдзіва кажу вам: некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Валадарства Божага».
Перамяненне Езуса
Пасля гэтых словаў дзён праз восем, узяўшы з сабою Пятра, Яна і Якуба, Ён узышоў на гару памаліцца. Калі маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым. І вось, два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля. Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме. Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім. А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: «Настаўнік, добра нам тут быць. Таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі». Не ведаў ён, што кажа. Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі тыя ўвайшлі ў воблака. А з воблака пачуўся голас, які казаў: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце». Калі гучаў гэты голас, Езус застаўся адзін. А яны маўчалі і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.
Аздараўленне эпілептыка
У наступны дзень, калі яны сышлі з гары, вялікі натоўп выйшаў насустрач Яму. І вось, адзін чалавек з натоўпу закрычаў: «Настаўнік, прашу Цябе, паглядзі на майго сына, бо ён у мяне адзін. Хапае яго дух, і ён раптам крычыць, і трасе яго, аж пускае пену. І з цяжкасцю адпускае, змучаўшы яго. Я прасіў Тваіх вучняў выгнаць яго, але яны не змаглі». Адказваючы, Езус сказаў: «О пакаленне нявернае і распуснае, дакуль буду з вамі і дакуль буду цярпець вас? Прывядзі сюды свайго сына». А калі ён падыходзіў, злы дух кінуў яго на зямлю і пачаў трэсці. Але Езус забараніў нячыстаму духу, вылечыў хлопца і аддаў яго бацьку. І ўсе дзівіліся велічы Божай.
Другое прадказанне мукі і ўваскрасення
Калі ўсе здзіўляліся ўсяму, што рабіў Езус, Ён сказаў сваім вучням: «Укладзіце сабе ў вушы словы гэтыя, бо Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей». Але вучні не зразумелі сказанага, таму што гэта было ўкрыта ад іх, каб яны не зразумелі. А спытацца ў Яго пра сказанае баяліся.
Хто большы?
Паўстала між вучняў пытанне: хто з іх быў бы большы? Але Езус, пазнаўшы задуму іх сэрца, узяў дзіця, паставіў яго перад сабою і сказаў ім: «Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне. Бо, хто меншы сярод усіх вас, той будзе вялікі».
У імя Езуса
Ян сказаў у адказ: «Настаўнік, мы бачылі кагосьці, хто ў імя Тваё выганяе злых духаў, і забаранялі яму, бо ён не ходзіць з намі». А Езус сказаў яму: «Не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас».
ПАДАРОЖЖА ЕЗУСА Ў ЕРУЗАЛЕМ
Негасцінныя самаране
Калі надышлі дні Яго ўзнясення, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт. Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем. Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: «Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх?» Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім. І пайшлі ў іншую вёску.
Следаванне за Хрыстом
Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў». А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву». Тады сказаў другому: «Ідзі за Мною». Але той адказаў: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго». А Ён сказаў яму: «Пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае». Яшчэ іншы сказаў: «Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі». А Езус сказаў яму: «Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».
Місія сямідзесяці двух
Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці. І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё. Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!” Калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. Калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. Аздараўляйце ў ім хворых і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”. Калі прыйдзеце ў які горад і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце: “Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”. Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лягчэй, чым гораду таму.
Гора галілейскім гарадам
Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, яны б даўно, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся. Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам.
І ты, Кафарнаум, ці аж да неба будзеш узвышаны? Аж да адхлані нізрынешся!
Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне».
Вяртанне сямідзесяці двух
Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: «Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё!» А Ён сказаў ім: «Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка. Вось Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам. Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах».
Езус праслаўляе Айца
У тую гадзіну Ён узрадаваўся ў Духу Святым і сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць».
Прывілея вучняў
І, звярнуўшыся асобна да вучняў, сказаў: «Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце. Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі бачыць, што вы бачылі, і не ўбачылі, і чуць, што вы чуеце, і не пачулі».
Найбольшая запаведзь
Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» Ён адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?» Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе». Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць». Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?»
Прыпавесць пра міласэрнага самараніна
На гэта Езус адказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”. Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?» Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі так».
Марыя і Марта
Калі былі ў дарозе, Ён зайшоў у адно паселішча. Нейкая жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго. У яе была сястра імем Марыя, якая села каля ног Пана і слухала Ягоныя словы. Марта ж, занятая многімі паслугамі, падышоўшы, сказала: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне». Але Пан сказаў ёй у адказ: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе».
Малітва Панская
Калі Ён маліўся ў пэўным месцы і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў». Ён сказаў ім: «Калі моліцеся, кажыце:
“Ойча, няхай свяціцца імя Тваё,
няхай прыйдзе Валадарства Тваё.
Хлеба нашага штодзённага давай нам кожны дзень,
і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму,
і не ўводзь нас у спакусу”».
Прыпавесць пра настойлівага сябра
І сказаў ім: «Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: “Дружа, пазыч мне тры хлябы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, і я не маю чаго даць яму”. А той знутры скажа яму ў адказ: “Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае ў ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе”. Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму праз тое, што той сябра ягоны, то праз настойлівасць ягоную ўстане і дасць яму, колькі патрабуе.
Моц малітвы
І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена. Калі ў кагосьці з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той дасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы дрэннымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго».
Апалогія Езуса
Аднойчы Ён выгнаў злога духа нематы. І калі злы дух выйшаў, нямы чалавек загаварыў, і людзі здзівіліся. А некаторыя з іх казалі: «Бэльзэбулам, князем злых духаў, Ён выганяе злых духаў». Іншыя, выпрабоўваючы, патрабавалі ад Яго знаку з неба. Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Усялякае валадарства, якое падзялілася само ў сабе, спусташаецца, і дом на дом падае. Калі сатана ў сабе падзяліўся, як выстаіць валадарства яго? Вы кажаце, што Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў. Калі Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў, то сыны вашыя сілаю каго выганяюць іх? Таму яны будуць вашымі суддзямі. Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства.
Калі ўзброены асілак пільнуе свой дзядзінец, у бяспецы маёнтак ягоны. А калі нападзе мацнейшы за яго і пераможа яго, то возьме ўсю зброю яго, на якую той спадзяваўся, і раздасць здабычу сваю.
Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мной, той раскідае.
Вяртанне нячыстага духа
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных мясцінах, шукаючы адпачынку, і, не знайшоўшы, кажа: “Вярнуся да дому свайго, адкуль выйшаў”. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным. Тады ідзе і бярэ іншых сем духаў, злейшых за сябе, і яны, увайшоўшы, жывуць там. І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае».
Сапраўды шчаслівыя
Калі Ён прамаўляў да народу, адна жанчына з натоўпу ўзняла голас і сказала Яму: «Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе!» А Ён сказаў: «Больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго!»
Знак Ёны
Калі стаў збірацца народ, Ён пачаў гаварыць: «Пакаленне гэтае — ліхое пакаленне, яно шукае знаку, але не будзе дадзена яму знаку, апроч знаку Ёны. Бо як Ёна стаў знакам для нінівіцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для гэтага пакалення. Каралева Поўдня ўстане на судзе з людзьмі гэтага пакалення і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона. Мужы Нінівы ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны раскаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, і вось, тут большае за Ёну.
Светачам цела ёсць вока
Ніхто, запаліўшы светач, не ставіць яго ва ўкрыцці ці пад пасудзінай, а на свечніку, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло. Светачам цела ёсць тваё вока. Калі вока тваё чыстае, то і ўсё цела тваё светлае. А калі вока тваё дрэннае, то і цела тваё цёмнае. Таму глядзі, каб святло, якое ёсць у табе, не было цемрай. Калі цела тваё ўсё светлае і не мае ніякай цемры, то ўсё будзе светлае, быццам ззянне светача асвятліла цябе».
Гора фарысеям і кніжнікам
Калі Ён сказаў гэта, адзін фарысей запрасіў Яго да сябе абедаць. І Ён, увайшоўшы, заняў месца за сталом. Фарысей жа здзівіўся, што Ён не абмыў рук перад абедам. Але Пан сказаў яму: «Цяпер вы, фарысеі, звонку ачышчаеце кубак і місу, а нутро вашае напоўнена драпежнасцю і злосцю. Неразумныя! Ці не той, хто стварыў вонкавае, стварыў і тое, што ўнутры? Давайце лепш міласціну з таго, што ўнутры вас, тады ўсё будзе ў вас чыстае. Гора вам, фарысеям, што даеце дзесятую частку з мяты, руты і ўсякай гародніны, а абмінаеце суд і любоў Божую! І гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць. Гора вам, фарысеям, бо любіце першыя месцы ў сінагогах і прывітанні на рынках! Гора вам, бо вы, быццам магілы нябачныя, па якіх ходзяць людзі і не ведаюць гэтага!»
У адказ нехта з кніжнікаў сказаў Яму: «Настаўнік, кажучы гэта, Ты абражаеш нас». А Ён сказаў: «І вам, кніжнікам, гора, бо ўскладаеце на людзей нязносныя цяжары, хоць самі і адным пальцам не кранаеце гэтых цяжараў. Гора вам, бо вы будуеце грабніцы прарокам, якіх забілі айцы вашы! Так вы сведчыце пра справы айцоў вашых і згаджаецеся з гэтым, бо яны пазабівалі іх, а вы будуеце ім грабніцы. Таму і сказала мудрасць Божая: пашлю ім прарокаў і апосталаў, а яны некаторых з іх пазабіваюць ці пераследаваць будуць. Няхай будзе спагнаная з пакалення гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэння свету, ад крыві Абэля аж да крыві Захарыі, забітага паміж ахвярнікам і святыняй. Так, кажу вам, спагнана будзе з пакалення гэтага. Гора вам, кніжнікам, бо вы забралі ключ пазнання! Самі не ўвайшлі, і тым, хто ўваходзіў, перашкодзілі».
Калі выйшаў адтуль, моцна пакрыўджаныя кніжнікі і фарысеі выпытвалі ў Яго пра многае, выпрабоўваючы Яго і жадаючы падлавіць на нечым з вуснаў Ягоных.
Фарысейская закваска
Тым часам, калі сабраліся тысячы людзей, так што цяснілі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць спачатку вучням сваім: «Сцеражыцеся закваскі крывадушнасці фарысейскай. Няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым. Таму ўсё, што вы сказалі ў цемры, будзе пачута пры святле, і што сказалі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана на дахах.
Адвага ў вызнанні Хрыста
Кажу ж вам, маім сябрам: не бойцеся тых, хто забівае цела, а потым не можа нічога больш зрабіць. Я пакажу вам, каго трэба баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену; сапраўды кажу вам, яго бойцеся. Ці ж не пяць вераб’ёў прадаецца за два асы? І ніводзін з іх не забыты перад Богам. А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Не бойцеся, вы вартыя больш за мноства вераб’ёў.
Кажу вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, прызнае і Сын Чалавечы перад анёламі Божымі. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, той будзе адрынуты перад анёламі Божымі.
Кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана; але таму, хто блюзнерыць супраць Духа Святога, не будзе адпушчана.
Калі павядуць вас у сінагогі, да кіраўнікоў і ўлад, не турбуйцеся, што ці як адказваць у абарону ці што сказаць, бо Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што трэба сказаць».
Небяспека прагнасці
Нехта з натоўпу сказаў Яму: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай». Але Ён адказаў яму: «Чалавеча, хто паставіў Мяне над вамі суддзёю або пасрэднікам?» І сказаў ім: «Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці». І расказаў ім прыпавесць: «У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле. І ён разважаў сам-насам: “Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой”. І сказаў: “Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. І скажу душы маёй: Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся”. Але Бог сказаў яму: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?” Так бывае з тым, хто збірае сабе скарбы, а не багацее перад Богам».
Спадзяванне на Бога
І сказаў сваім вучням: «Таму кажу вам: не турбуйцеся аб сваім жыцці, што будзеце есці, і пра цела, у што апранацца. Бо жыццё важнейшае за ежу, а цела — за вопратку. Паглядзіце на крумкачоў: яны не сеюць і не жнуць, не маюць ні сховішчаў, ні засекаў, а Бог корміць іх. Наколькі ж вы больш каштоўныя за птушак. І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць бы локаць? Дык калі вы не можаце зрабіць нават дробнай справы, чаму турбуецеся пра астатняе? Паглядзіце на палявыя кветкі, як растуць. Яны не працуюць і не ткуць. Але кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. І калі палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, то наколькі ж больш вас, малаверныя. І вы не шукайце, што вам есці і што піць, і не турбуйцеся. Бо усяго гэтага шукаюць людзі гэтага свету. Айцец ваш ведае, што вам патрэбна. Шукайце найперш Яго Валадарства, і гэта дадасца вам.
Скарб у нябёсах
Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства. Прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Зрабіце сабе торбы, якія не нішчацца, скарб бязмежны ў нябёсах, куды злодзей не пранікне і дзе моль не знішчыць. Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
Заклік да чування
Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя; а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх, і, падышоўшы, пачне служыць ім. І калі ў другую і ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх за гэтым, то шчаслівыя яны. Ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы».
Прыпавесць пра вернага слугу
Тады сказаў Пётр: «Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам ці таксама ўсім?» Пан сказаў: «Хто ж верны і разумны эканом, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім у свой час меру хлеба? Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць. Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго. Калі ж гэты слуга ў сэрцы сваім скажа: “Не хутка гаспадар мой прыйдзе”, і пачне біць слугаў і служанак, есці, піць і ўпівацца, то прыйдзе гаспадар слугі гэтага ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. Адлучыць яго і вызначыць яму лёс з нявернымі. А той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў паводле волі яго, будзе моцна пабіты. Той жа, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць.
Спакой і падзелы
Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся! Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца! Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, хутчэй раздзяленне. Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх. Бацька будзе супраць сына, і сын супраць бацькі, маці супраць дачкі, і дачка супраць маці, свякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свекрыві».
Знакі часу
І сказаў натоўпу: «Калі бачыце хмару, якая падымаецца з захаду, адразу кажаце: “Дождж будзе”, і так адбываецца. А калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: “Спякота будзе”, і так адбываецца. Крывадушныя, аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаеце? Чаму ж вы і па саміх сабе не судзіце, што слушнае?
Суд і паяднанне
Калі ідзеш з праціўнікам тваім да кіраўніка, то па дарозе пастарайся пагадніцца з ім, каб ён не прывёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў цябе дазорцу, а дазорац не ўкінуў цябе ў вязніцу. Кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняй лепты».
Заклік да пакаяння
У той самы час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. А Ён адказаў ім на гэтае: «Думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілейцаў, калі так пацярпелі? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце».
Прыпавесць пра неўраджайную смакоўніцу
І расказаў такую прыпавесць: «Адзін чалавек меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць на ёй плоду, але не знайшоў. Тады сказаў вінаградару: “Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?” Але той сказаў яму ў адказ: “Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу гноем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе”».
Аздараўленне жанчыны ў шабат
У адной з сінагог Ён навучаў у шабат. Была там жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была згорбленая і зусім не магла выпрастацца. Езус, калі ўбачыў яе, паклікаў і сказаў ёй: «Жанчына, ты вызвалена ад немачы сваёй». Ён усклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася, і пачала праслаўляць Бога.
Але кіраўнік сінагогі, абураючыся, што Езус аздаравіў у шабат, сказаў народу: «Ёсць шэсць дзён, у якія трэба працаваць: тады і прыходзьце аздараўляцца, а не ў дзень шабату». А Пан сказаў яму ў адказ: «Крывадушнікі, ці не адвязвае кожны з вас у шабат вала, ці асла свайго ад жолаба і не вядзе піць? А гэтую дачку Абрагама, якую звязаў сатана ўжо васемнаццаць гадоў назад, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у дзень шабату?» Калі ж Ён сказаў так, усе праціўнікі Яго засаромеліся, а ўвесь народ радаваўся ўсім слаўным учынкам Ягоным.
Прыпавесць пра гарчычнае зерне і закваску
А Ён казаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго? Яно падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасадзіў у сваім садзе. А яно вырасла і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя зрабілі гнёзды ў галінах яго».
І зноў сказаў: «З чым параўнаю Валадарства Божае? Яно падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж усё ўкісла».
Вузкая брама
Накіроўваючыся ў Ерузалем, Ён праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў. І нехта сказаў Яму: «Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?» А Ён сказаў ім: «Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць. Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: “Пане, адчыні нам”. А Ён адкажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы”. І пачнеце казаць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”. Але Ён скажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць”. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе выкінутымі вон. Прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і сядуць за стол у Валадарстве Божым. І вось, апошнія будуць першымі, а першыя будуць апошнімі».
Напамін для Ерузалема
У той час прыйшлі некаторыя з фарысеяў і сказалі: «Ідзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе». А Ён сказаў ім: «Ідзіце, скажыце гэтаму лісу: “Вось выганяю злых духаў і аздараўляю сёння і заўтра, і на трэці дзень скончу. Аднак мне трэба хадзіць сёння, заўтра і ў наступны дзень, бо немагчыма, каб прарок загінуў па-за Ерузалемам”.
Ерузалем, Ерузалем, ты забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе. Колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка сваіх птушанят пад крылы, і вы не хацелі. Вось, застаецца вам дом ваш. Кажу ж вам: не ўбачыце Мяне, пакуль не прыйдзе час, калі скажаце: “Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана”».
Аздараўленне хворага ў шабат
Калі Езус прыйшоў у шабат да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім. І вось, стаў перад Ім чалавек, які хварэў на вадзянку. Адазваўшыся, Езус спытаўся ў кніжнікаў і фарысеяў: «Ці дазволена вылечыць у шабат ці не?» Яны ж маўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў таго і адпусціў. А ім сказаў: «Калі ў каго-небудзь з вас сын або вол упадзе ў студню, ці ж не выцягне адразу яго ў дзень шабату?» І яны не змаглі запярэчыць Яму на гэта.
Першае і апошняе месца
Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць: «Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: “Саступі яму месца”. Тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца. Але калі запросяць цябе, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: “Дружа, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою. Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца».
Каго запрашаць на гасціну?
Таксама сказаў кіраўніку фарысеяў, які запрасіў Яго: «Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату. Але калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых, і будзеш шчаслівы, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрашэння справядлівых».
Прыпавесць пра вялікую вячэру
Адзін з тых, хто сядзеў разам з Езусам, сказаў Яму: «Шчаслівы, хто будзе есці хлеб ў Валадарстве Божым». А Ён сказаў яму: «Адзін чалавек наладжваў вялікую вячэру і паклікаў многіх. Калі настаў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыйдзіце, бо ўжо ўсё гатова”. І пачалі ўсе, як адзін, адгаворвацца. Першы сказаў яму: “Я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець яго. Прашу цябе, прабач мне”. Другі сказаў: “Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх. Прашу цябе, прабач мне”. Іншы сказаў: “Я ажаніўся, і таму не магу прыйсці”. Вярнуўшыся, слуга расказаў пра гэта свайму гаспадару. Тады гаспадар дома разгневаўся і сказаў слугу свайму: “Ідзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых”. І сказаў слуга: “Пане, зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсць месца”. Гаспадар сказаў слугу: “Ідзі да дарог і загарадзяў і прымушай прыйсці, каб напоўніўся мой дом. Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных людзей не пакаштуе маёй вячэры”».
Хто можа быць вучнем Езуса?
Шмат людзей ішло за Езусам. Абярнуўшыся, Ён сказаў ім: «Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, маці і жонкі, дзяцей і братоў, сясцёр і нават жыцця свайго, той не можа быць Маім вучнем. Хто не нясе крыжа свайго, а ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем.
Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на завяршэнне будовы. Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць”. Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру. Таму кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.
Соль — добрая рэч, але калі соль страціць смак, чым прыправіць яе? Ні для зямлі, ні для ўгнаення яна не прыдатная; яе выкідаюць вон. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
Прыпавесць пра згубленую авечку
Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі». Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы: «Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе шукаць згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасцю і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”. Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.
Прыпавесць пра згубленую драхму
Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запальвае свечкі і не вымятае дом, і не шукае пільна, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, склікае сябровак і суседак ды кажа: “Цешцеся са мною, бо я знайшла згубленую драхму”. Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых за аднаго грэшніка, які каецца».
Прыпавесць пра міласэрнага айца
І сказаў: «У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё, ад’ехаў у далёкі край і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі выдаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму. Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у майго бацькі маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”. І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі.
А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”. Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і надзеньце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.
А яго старэйшы сын быў на полі. Калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся, што гэта такое. Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”. Ён жа разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”. Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”».
Прыпавесць пра несправядлівага эканома
Казаў таксама вучням сваім: «Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго. Той, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу пра кіраванне сваё, бо ўжо не можаш быць эканомам”. Тады эканом сказаў сам сабе: “Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся. Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам”. Паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, ён сказаў першаму: “Колькі ты павінен гаспадару майму?” Той сказаў: “Сто кадзяў алею”. Тады сказаў яму: “Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзясят”. Потым другому сказаў: “А ты колькі павінен?” Той сказаў: “Сто кор пшаніцы”. І яму сказаў: “Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят”. І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення.
Належнае карыстанне зямнымі дабротамі
І Я кажу вам: здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры.
Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім.
Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае?
Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне».
Езус дакарае фарысеяў
Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія любілі грошы, і насміхаліся з Яго. І сказаў ім: «Вы паказваеце сябе праведнымі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя. Бо што вялікае ў людзей, тое брыдкае перад Богам.
Закон і Божае Валадарства
Закон і Прарокі былі да Яна. З таго часу абвяшчаецца Валадарства Божае, і кожны стараецца сілком уваходзіць у яго.
Але хутчэй неба і зямля мінуць, чым знікне адна рыска Закону.
Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёй і жэніцца з іншай, чужаложыць. І хто жэніцца з разведзенай, чужаложыць.
Прыпавесць пра багацея і Лазара
Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень цудоўна баляваў. А нейкі жабрак, імем Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі прыходзілі і лізалі ягоныя струпы. Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты, і быў пахаваны. У адхлані, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае і ўбачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. Усклікнуўшы, ён сказаў: “Ойча Абрагаме, змілуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмакнуў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў мой язык, бо я пакутую ў полымі гэтым”. Але Абрагам сказаў: “Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро пры жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці”. Тады сказаў ён: “Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты”. Абрагам адказаў: “У іх ёсць Майсей і Прарокі, няхай слухаюцца іх”. А той сказаў: “Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца”. Тады Абрагам сказаў яму: “Калі Майсея і Прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць”».
Спакуса
Езус сказаў сваім вучням: «Немагчыма, каб не прыйшлі спакусы, але гора таму, праз каго прыходзяць! Лепш было б яму, калі б павесілі на шыю яму млынавы камень і кінулі ў мора, чым каб спакусіў ён аднаго з гэтых малых. Зважайце на сябе! Братэрскі напамін
Калі ж брат твой зграшыць, дакары яго, а калі пакаецца, прабач яму. І калі сем разоў на дзень зграшыць супраць цябе і сем разоў звернецца да цябе, кажучы: “Каюся”, — прабач яму».
Моц веры
Апосталы сказалі Пану: «Дадай нам веры!» А Пан сказаў: «Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць гэтай смакоўніцы: “Вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора”, і яна б паслухалася вас.
Прыпавесць пра пакорнага слугу
Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: “Як прыйдзеш, адразу сядай за стол?” Наадварот, ці не скажа яму: “Прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты?” Ці будзе ён дзякаваць слугу гэтаму за тое, што ён выканаў загаданае? Таксама вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: “Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць”.
Дзесяць пракажоных
Калі Езус ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія, стаўшы здалёк, моцным голасам казалі: «Езу, Настаўнік, змілуйся над намі!» Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». А калі адышлі, яны ачысціліся. Адзін з іх, убачыўшы, што быў вылечаны, вярнуўся і моцным голасам праслаўляў Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? Дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся праславіць Пана, акрамя гэтага чужынца?» І сказаў яму: «Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе».
Прыйсце Божага Валадарства
Спыталіся ў Яго фарысеі: «Калі прыйдзе Валадарства Божае?» Ён адказаў ім: «Не прыйдзе Валадарства Божае заўважальна, і не скажуць: “Вось тут”, або: “Там”. Бо Валадарства Божае ёсць унутры вас».
Дзень Сына Чалавечага
Сказаў таксама вучням: «Прыйдуць дні, калі захочаце ўбачыць хоць адзін з дзён Сына Чалавечага, і не ўбачыце. І скажуць вам: “Вось, там”, або: “Вось, тут”, але вы не ідзіце і не ганіцеся. Бо, як маланка, якая мільганула з аднаго краю неба да другога, так будзе Сын Чалавечы ў свой дзень. Але спачатку трэба Яму шмат выцерпець і быць адкінутым гэтым пакаленнем. Як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага. Елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг. Прыйшоў патоп і знішчыў усіх. Таксама было і ў дні Лота. Елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі. Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліліся з неба агонь і сера і знішчылі ўсіх. Так будзе ў дзень, калі з’явіцца Сын Чалавечы. У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, няхай не сыходзіць узяць іх. І хто будзе на полі, таксама няхай не вяртаецца назад. Узгадайце жонку Лота. Хто паспрабуе захаваць жыццё сваё, той загубіць яго, а хто загубіць яго, той ажывіць яго. Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзяты, а другі застанецца. Дзве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінута». [отсутсвует]
У адказ сказалі Яму: «Дзе, Пане?» А Ён сказаў ім: «Дзе мёртвае цела, там збяруцца і арлы».
Прыпавесць пра несправядлівага суддзю і ўдаву
Расказаў таксама ім прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам, кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. Таксама была ў тым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго і прасіла: “Абарані мяне ад праціўніка майго”. Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: “Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але паколькі гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне”». І сказаў Пан: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, і ці будзе марудзіць у іх справе? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»
Прыпавесць пра фарысея і мытніка
Расказаў таксама прыпавесць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: «Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”. А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”. Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».
Езус і дзеці
Прыносілі да Яго таксама немаўлят, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні, убачыўшы, забаранялі ім. Тады Езус паклікаў іх да сябе і сказаў: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго».
Багаты чалавек
Спытаўся ў Яго адзін начальнік: «Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?» Езус адказаў яму: «Чаму называеш мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ведаеш запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку свайго і маці». Той адказаў: «Усё гэта я захоўваў з юнацтва майго». Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: «Табе нестае яшчэ аднаго: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах. Потым прыходзь і ідзі за Мною». Калі ж ён пачуў гэта, засмуціўся, таму што быў вельмі багаты. Езус, убачыўшы, што той засмуціўся, сказаў: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае». Хто чуў гэтае, спыталіся: «Хто ж можа збавіцца?» А Ён адказаў: «Тое, што немагчыма для людзей, магчыма для Бога».
Узнагарода для тых, хто пакінуў усё
Тады Пётр сказаў: «Вось мы пакінулі сваё і пайшлі за Табою». А Ён адказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што няма таго, хто б пакінуў дом, ці жонку, ці братоў, ці бацькоў, ці дзяцей дзеля Божага Валадарства, і не атрымаў бы значна больш у гэты час, а ў будучым веку — жыццё вечнае».
Трэцяе прадказанне мукі і ўваскрасення Езуса
Пасля ўзяў Дванаццаць і сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і збудзецца ўсё, што пісалі прарокі пра Сына Чалавечага, бо Ён выдадзены будзе язычнікам, насмяюцца з Яго, абразяць, аплююць, будуць бічаваць і заб’юць Яго, але на трэці дзень Ён уваскрэсне». Але яны нічога не зразумелі з гэтага; і было слова гэтае закрыта для іх, і яны не спасціглі сказанага.
Аздараўленне сляпога ля Ерыхона
Калі Ён падыходзіў да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласціну. Пачуўшы, што праходзіць натоўп, распытваўся, што гэта такое. Яму сказалі, што праходзіць Езус Назаранін. Тады ён закрычаў: «Езу, Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» Тыя, што ішлі наперадзе, загадвалі яму, каб змоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» Спыніўшыся, Езус загадаў прывесці яго да сябе. Калі той наблізіўся да Яго, спытаўся: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Той адказаў: «Пане, каб я зноў бачыў». І Езус сказаў яму: «Будзь відушчым! Вера твая ўратавала цябе». Той адразу стаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, узнёс хвалу Богу.
Езус у доме Закхея
Увайшоўшы, Ён праходзіў праз Ерыхон. І вось, чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць. А калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: «Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме». Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю. А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі: «Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека». Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: «Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш». Езус сказаў яму: «Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула».
Прыпавесць пра міны
Калі ж яны слухалі гэта, Ён расказаў прыпавесць, бо блізка быў да Ерузалема, а яны думалі, што зараз з’явіцца Божае Валадарства. Таму сказаў: «Пэўны чалавек шляхетнага паходжання адпраўляўся ў далёкую краіну, каб здабыць сабе каралеўства і вярнуцца. Паклікаўшы дзесяць сваіх слугаў, даў ім дзесяць мін і сказаў ім: “Зарабляйце, пакуль не вярнуся”. Але суайчыннікі ненавідзелі яго і адправілі следам за ім пасланцоў, сказаўшы: “Не хочам, каб валадарыў над намі!” Калі ж ён, здабыўшы каралеўства, вярнуўся, загадаў паклікаць да сябе тых слуг, якім даў срэбра, каб даведацца, што яны зарабілі. Прыйшоў першы і сказаў: “Гаспадару, твая міна прынесла дзесяць мін”. Той адказаў яму: “Добра, слуга добры; за тое, што ты ў малым быў верны, валадар над дзесяццю гарадамі”. Прыйшоў і другі, кажучы: “Гаспадару, твая міна прынесла пяць мін”. Таксама сказаў гэтаму: “І ты валадар над пяццю гарадамі”. Прыйшоў і іншы, кажучы: “Гаспадару, вось твая міна, якую я трымаў у хустцы, бо баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш чаго не клаў, і жнеш, чаго не сеяў”. Той сказаў яму: “Паводле вуснаў тваіх суджу цябе, нягодны слуга! Ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру чаго не клаў, і жну, чаго не сеяў. Чаму ж ты не пусціў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, забраў яго з прыбыткам?” Пасля сказаў тым, хто стаяў побач: “Забярыце ў яго міну і аддайце таму, хто мае дзесяць мін”. І сказалі яму: “Гаспадару, ён ужо мае дзесяць мін!” Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе; а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае. А тых ворагаў маіх, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і забіце іх перада мною!»
Сказаўшы гэта, Езус пайшоў далей, узыходзячы ў Ерузалем.
ДЗЕЙНАСЦЬ ЕЗУСА Ў ЕРУЗАЛЕМЕ
Урачысты ўезд у Ерузалем
Калі Ён наблізіўся да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў сваіх, кажучы: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. Калі ўвойдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей ніколі яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце. А калі нехта спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце?”, адкажыце яму так: “Яно патрэбна Пану”». Пасланцы пайшлі і знайшлі ўсё так, як сказаў ім. А калі яны адвязвалі асляня, яго гаспадары спыталіся ў іх: «Навошта адвязваеце асляня?» Яны адказалі: «Яно патрэбна Пану». Прывялі яго да Езуса і, накінуўшы на асляня свае плашчы, пасадзілі Езуса. А калі Ён ехаў, рассцілалі свае плашчы на дарозе. Калі ж Ён наблізіўся да падножжа гары Аліўнай, усё мноства вучняў Ягоных пачало ў радасці гучным голасам праслаўляць Бога за ўсе цуды, якія яны бачылі, кажучы:
«Благаслаўлёны Кароль, які прыходзіць у імя Пана!
Спакой у небе і хвала на вышынях!»
Некаторыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: «Настаўнік, забарані вучням Тваім!» А Ён адказаў: «Кажу вам, калі яны змоўкнуць, дык камяні закрычаць!»
Плач над Ерузалемам
Калі Ён наблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў над ім і сказаў: «Калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго! Аднак цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх. Бо прыйдуць да цябе такія дні, калі ворагі твае абкапаюць цябе валам, і акружаць цябе, і сціснуць з кожнага боку, зраўнаюць з зямлёю цябе і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу сваіх адведзінаў ».
Ачышчэнне святыні
Увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць гандляроў, кажучы ім: «Напісана: “Дом Мой — гэта дом малітвы”, а вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».
І штодня вучыў Ён у святыні. Але першасвятары, кніжнікі і старэйшыны народу шукалі, як забіць Яго. І не знаходзілі, што зрабіць з Ім, бо ўвесь народ абступаў Яго, каб слухаць.
Пытанне пра ўладу Езуса
У адзін з тых дзён, калі Ён навучаў народ у святыні і абвяшчаў Добрую Навіну, прыйшлі першасвятары і кніжнікі са старэйшынамі і спыталіся ў Яго: «Скажы нам, якой уладаю Ты робіш гэта? І хто даў Табе гэтую ўладу?» Ён адказаў ім: «Спытаюся ў вас і Я, а вы адкажыце мне: хрост Янаў быў з неба ці ад людзей?» Яны ж, разважаючы, казалі адзін аднаму: «Калі скажам: “З неба”, то спытаецца: “Чаму ж вы не паверылі яму?” А калі скажам: “Ад людзей”, то ўвесь народ закідае нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян — прарок». Таму адказалі, што не ведаюць, адкуль. Тады Езус сказаў ім: «І Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».
Прыпавесць пра ліхіх вінаградараў
І пачаў Ён расказваць людзям такую прыпавесць: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік і аддаў яго вінаградарам, і выехаў на доўгі час. У свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб далі яму з пладоў вінаградніку. Але вінаградары пабілі яго і адправілі ні з чым. Тады паслаў другога слугу, а яны і таго збілі і зняважылі, і адправілі ні з чым. Паслаў яшчэ трэцяга, але яны і таго паранілі і выгналі. Тады гаспадар вінаградніку сказаў: “Што мне рабіць? Пашлю свайго ўмілаванага сына, можа яго ўшануюць”. Убачыўшы яго, вінаградары разважалі, кажучы адзін аднаму: “Гэта спадкаемца, хадземце, заб’ем яго, каб спадчына стала нашай”. І, выкінуўшы яго з вінаградніку, забілі. Што зробіць з імі гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і знішчыць тых вінаградараў, і аддасць вінаграднік іншым».
Тыя, хто слухаў, сказалі: «Няхай не будзе гэтага!» А Ён, паглядзеўшы на іх, сказаў: «Што ж азначае напісанае:
“Камень, адкінуты будаўнікамі,
стаў галавою вугла”?
Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раструшчыць». У тую гадзіну пачалі шукаць кніжнікі і першасвятары, як схапіць Яго, але пабаяліся натоўпу. Яны зразумелі, што Ён сказаў гэту прыпавесць пра іх.
Падатак цэзару
Пачаўшы сачыць за Ім, паслалі да Яго шпегаў, каб яны, удаючы праведных, злавілі яго на слове, і каб выдаць Яго начальству і ўладзе намесніка. І яны спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты добра кажаш і навучаеш, і не зважаеш на асобу, але праўдзіва вучыш шляху Божаму. Ці належыць нам плаціць падатак цэзару, ці не?» Зразумеўшы іх хітрасць, Ён сказаў ім: «Пакажыце мне дынар. Чыя на ім выява і надпіс?» Яны адказалі: «Цэзара». Тады Ён сказаў ім: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу». І не маглі перад народам падлавіць Яго на слове, і, здзівіўшыся адказу Яго, замоўклі.
Уваскрашэнне памерлых
Тады падышлі некаторыя з садукеяў, якія казалі, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: «Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бяздзетны, то брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства свайму брату. Было ж сем братоў. Першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны. Потым другі, і трэці ўзяў яе, таксама і ўсе сямёра, не пакінуўшы дзяцей, памерлі. Урэшце, памерла і жонка. Дык вось, пасля ўваскрашэння, катораму з іх яна будзе жонкаю? Бо ў семярых яна была жонкаю». Езус сказаў ім: «Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрашэння з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж; і памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрашэння. А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра палаючы куст, калі назваў Пана Богам Абрагама, Богам Ісаака і Богам Якуба. Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць». На гэта сказалі некаторыя з кніжнікаў: «Настаўнік, Ты добра сказаў». І ўжо ні пра што не адважваліся распытваць Яго.
Хрыстус — Божы Сын
Тады Ён сказаў ім: «Як могуць казаць, што Месія — сын Давіда? Бо сам Давід кажа ў кнізе псальмаў:
“Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч Мяне,
пакуль не пакладу ворагаў Тваіх як падножжа для ног тваіх”.
Калі Давід называе Яго Панам, то які ж Ён яму сын?»
Перасцярога перад кніжнікамі
І калі ўвесь народ слухаў, Езус сказаў сваім вучням: «Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, любяць прывітанні на рынках, першыя лавы ў сінагогах і першыя месцы на гасцінах. Яны аб’ядаюць дамы ўдоў і доўга моляцца напаказ; яны атрымаюць найбольшы прысуд».
Лепта беднай удавы
Глянуўшы, Ён убачыў багатых, якія кідалі свае дары ў скарбонку. Убачыў таксама і адну бедную ўдаву, якая кідала туды дзве лепты, і сказаў: «Праўдзіва кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх укінула. Бо ўсе яны кідалі ў дар, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўвесь пражытак свой, які мела».
Прадказанне збурэння святыні і знакі канца свету
Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў: «Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны». Спыталіся ў Яго: «Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?» Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я і што наблізіўся час. Не ідзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але не адразу канец».
Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, жахлівыя з’явы і вялікія знакі з неба. Але перад усім гэтым схопяць вас і будуць пераследаваць, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і намеснікамі за імя Маё. І будзе гэта вам на сведчанне. Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам мову і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя. Выдаваць вас будуць таксама бацькі і браты, родныя і сябры, а некаторых з вас заб’юць. І зненавідзяць вас усе за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе. Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя.
Збурэнне Ерузалема
Калі ж убачыце Ерузалем, акружаны войскам, ведайце, што наблізілася спусташэнне ягонае. Тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы, а хто ў горадзе, няхай выходзяць, і хто ў ваколіцах, няхай не ўваходзяць у яго, бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё напісанае. Гора ў тыя дні цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі! Бо вялікі будзе ўціск на зямлі і гнеў на гэты народ. Палягуць ад вастрыя мяча і будуць забраныя ў палон да ўсіх народаў. А Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў.
Прыйсце Сына Чалавечага
Будуць знакі на сонцы, месяцы і зорках, а на зямлі — трывога народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо пахіснуцца нябесныя моцы. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і вялікай славаю.
Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне».
Прыклад смакоўніцы
І сказаў ім прыпавесць: «Паглядзіце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы. Калі яны ўжо распускаюцца, то, убачыўшы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, ведайце, што наблізілася Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё адбудзецца. Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.
Заклік да чування
Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя свавольным жыццём, п’янствам і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, бо ён, як пастка, прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Таму чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым».
У дзень Ён навучаў у святыні, а ноччу ўзыходзіў начаваць на гару, называную Аліўнай. Увесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў святыню слухаць Яго.
МУКА, СМЕРЦЬ І ЎВАСКРАСЕННЕ ЕЗУСА
Змова супраць Езуса і здрада Юды
Набліжалася свята Праснакоў, якое называецца Пасхай. Першасвятары з кніжнікамі шукалі, як забіць Езуса, бо баяліся народу. А сатана ўвайшоў у Юду, аднаго з Дванаццаці, якога звалі Іскарыётам. Ён пайшоў і дамовіўся з першасвятарамі і дазорцамі святыні, як ён ім выдасць Езуса. Тыя ж узрадаваліся і згадзіліся даць яму срэбранікаў. І ён абяцаў, і шукаў нагоды выдаць ім Яго здалёк ад народу.
Прыгатаванне пасхальнай вячэры
Настаў дзень Праснакоў, калі трэба было прыносіць пасхальную ахвяру. Тады Езус паслаў Пятра і Яна, кажучы: «Пайдзіце і прыгатуйце нам з’есці пасху». Тыя спыталіся: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?» Ён адказаў ім: «Калі будзеце ўваходзіць у горад, сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе. І скажыце гаспадару дома: “Настаўнік пытаецца ў цябе: дзе святліца, у якой Я магу з’есці пасху з вучнямі Маімі?” Ён пакажа вам вялікі засланы верхні пакой; там прыгатуеце». Яны пайшлі і знайшлі так, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
Апошняя Вячэра
Калі настала гадзіна, Езус заняў месца за сталом, і Апосталы разам з Ім. І сказаў ім: «Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець, бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, аж пакуль яна не здзейсніцца ў Божым Валадарстве». І, узяўшы келіх, узнёс падзяку і сказаў: «Вазьміце гэта і падзяліце паміж сабою, бо кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад вінаграднага плоду, пакуль не прыйдзе Божае Валадарства». І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць». Таксама ўзяў і келіх пасля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць новым запаветам у Крыві Маёй, якая за вас будзе праліта.
Аднак вось рука таго, хто выдасць Мяне, на стале са Мною. Бо сапраўды, Сын Чалавечы ідзе як вызначана, але гора таму чалавеку, які выдае Яго!» І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто з іх збіраецца ўчыніць гэта.
Веліч — у служэнні
Узнялася спрэчка паміж імі, хто з іх павінен лічыцца большым. А Езус адказаў ім: «Каралі народаў пануюць над імі, і валадары іх называюцца дабрадзеямі. У вас жа няхай будзе не так, але большы сярод вас няхай будзе як меншы, а правадыр — як слуга. Бо хто большы? Той, хто сядзіць за сталом, ці той, хто служыць? Ці ж не той, хто сядзіць за сталом? Я сярод вас як той, хто служыць.
Вы тыя, хто вытрываў са Мною ў Маіх выпрабаваннях. Я перадаю вам у спадчыну Валадарства, як Мне перадаў яго Айцец Мой, каб вы елі і пілі за Маім сталом у Валадарстве Маім, і каб сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля.
Прадказанне адрачэння Пятра
Сымоне, Сымоне, вось сатана дамагаўся прасеяць вас, як пшаніцу, але Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера. І ты, калі вернешся, умацуй братоў сваіх». Той адказаў Яму: «Пане, я гатовы ісці з Табою і ў вязніцу, і на смерць». Але Ён сказаў: «Кажу табе, Пётр, не заспявае сёння певень, як ты тройчы адрачэшся, кажучы, што не ведаеш Мяне».
Час выпрабавання і барацьбы
І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас без каліты і торбы, і абутку, ці неставала вам чаго-небудзь?» Яны адказалі: «Нічога». Тады сказаў ім: «Але цяпер, хто мае каліту, няхай яе возьме, таксама і торбу, а хто не мае, няхай прадасць адзенне сваё і купіць меч. Бо кажу вам: тое, што напісана пра Мяне: “І да злачынцаў быў залічаны”, павінна збыцца. Бо ўсё, што датычыць Мяне, спаўняецца». Яны сказалі: «Пане, вось тут два мячы». А Ён адказаў ім: «Дастаткова».
Малітва Езуса на Аліўнай гары
Выйшаўшы, Ён пайшоў, як звычайна, на Аліўную гару. За Ім пайшлі таксама вучні. Калі прыйшоў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не паддацца спакусе». А сам адышоў ад іх, як кінуць камень, укленчыў і маліўся, кажучы: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца». З’явіўся Яму анёл з неба, суцяшаючы Яго. І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. А пот Ягоны быў, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю. Калі ўстаў пасля малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што яны заснулі, змучаныя тугою. І сказаў ім: «Чаму вы спіце? Устаньце і маліцеся, каб не паддацца спакусе».
Арышт Езуса
Калі Ён яшчэ гаварыў, з’явіўся натоўп, а наперадзе ішоў адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда. Ён падышоў да Езуса, каб пацалаваць Яго. А Езус сказаў яму: «Юда, пацалункам выдаеш Сына Чалавечага?» Тыя, хто быў з Езусам, убачылі, што можа стацца, і сказалі: «Пане, ці не ўдарыць нам мячом?» Адзін з іх ударыў слугу першасвятара і адсек яму правае вуха. Тады Езус сказаў: «Пакіньце, даволі!» І, дакрануўшыся да вуха, вылечыў яго. А першасвятарам, дазорцам святыні і старэйшынам, якія выйшлі супраць Яго, Езус сказаў: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі. Кожны дзень, калі Я быў з вамі ў святыні, вы не падымалі рук на Мяне, але цяпер — ваша гадзіна і ўлада цемры».
Адрачэнне Пятра
Схапіўшы, павялі Яго і прывялі ў дом першасвятара. А Пётр ішоў следам за Ім зводдаль. Калі яны распалілі агонь сярод дзядзінца і селі разам, Пётр сеў паміж імі. Адна служанка ўбачыла, што ён сядзеў каля агня, прыгледзелася да яго і сказала: «І гэты быў з Ім!» Але ён адрокся, кажучы: «Жанчына, я не ведаю Яго!» Неўзабаве другі ўбачыў яго і сказаў: «І ты з іх!» Але Пётр адказаў: «Чалавеча, гэта не я!» Мінула каля адной гадзіны часу, і яшчэ нехта пачаў казаць: «Сапраўды, і гэты быў з Ім, бо ён галілеец!» Але Пётр адказаў: «Чалавеча, не ведаю, што ты кажаш!» І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень. А Пан абярнуўся і паглядзеў на Пятра. І ўспомніў Пётр слова Пана, калі сказаў яму: «Перш чым сёння заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
Высмейванне Езуса
А людзі, якія трымалі Езуса, насміхаліся над Ім і білі Яго. І, закрываючы Яго, пыталіся: «Прароч, хто ўдарыў Цябе?» І шмат іншых блюзнерстваў казалі супраць Яго.
Езус перад Сінэдрыёнам
А калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасвятары і кніжнікі і павялі Яго на месца сваіх пасяджэнняў, кажучы: «Калі Ты Хрыстус, скажы нам». Ён сказаў ім: «Калі вам скажу, не паверыце, а калі спытаюся ў вас, вы не адкажаце. Адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець праваруч моцы Божай». І ўсе сказалі: «Дык Ты Сын Божы?» Ён жа адказаў ім: «Вы кажаце, што Я». А яны сказалі: «Навошта яшчэ нам сведчанне? Самі пачулі з вуснаў Ягоных!»
Езус перад Пілатам
Паднялася ўся грамада іх, і павялі Яго да Пілата. Пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: «Мы выкрылі, што Ён бунтуе народ наш і забараняе плаціць падатак цэзару, і гаворыць, што Ён Месія, кароль». Пілат жа спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Ён сказаў яму: «Ты кажаш». Тады Пілат сказаў першасвятарам і народу: «Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку». Але яны настойвалі, кажучы: «Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж дасюль!»
Езус перад Ірадам
Калі Пілат пачуў пра Галілею, спытаўся, ці гэты чалавек галілеец? Даведаўшыся, што Ён з краіны Ірада, адаслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні таксама быў у Ерузалеме. Ірад, калі ўбачыў Езуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў убачыць Яго, таму што чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць які-небудзь Ягоны знак. Задаў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога яму не адказаў. А першасвятары і кніжнікі стаялі і заўзята вінавацілі Яго. Тады Ірад са сваімі жаўнерамі зняважыў Яго і насмяяўся над Ім, апрануў Яго ў шыкоўнае адзенне і адаслаў да Пілата. У той дзень Пілат і Ірад сталі сябрамі паміж сабой, бо раней яны мелі варожасць адзін да аднаго.
Езус ізноў перад Пілатам
Пілат, паклікаўшы першасвятароў, начальнікаў і людзей, сказаў ім: «Вы прывялі да мяне гэтага чалавека, як таго, хто бунтуе народ. Вось я перад вамі дапытаў Яго і не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны, у якой вы Яго вінаваціце. Таксама Ірад, бо адаслаў Яго да нас. Ён не ўчыніў нічога вартага смерці. Таму я, пасля бічавання, адпушчу Яго». [отсутсвует]
Але яны закрычалі ўсе разам: «На смерць гэтага, адпусці нам Барабу!» Бараба ж быў пасаджаны ў вязніцу за бунт, які адбыўся ў горадзе, і за забойства.
Пілат зноў прамовіў да іх, жадаючы адпусціць Езуса. Але яны крычалі: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!» Тады ён трэці раз сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён? Я не знайшоў у Ім нічога вартага смерці. Пасля бічавання я адпушчу Яго». Але яны і далей з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі, і крык іх узрастаў. Тады Пілат вырашыў споўніць іх просьбу. Таму адпусціў ім кінутага ў вязніцу за бунт і забойства, якога яны прасілі, а Езуса аддаў іхняй волі.
Крыжовы шлях
Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірэнэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам.
Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых, бо вось надыходзяць дні, калі скажуць: “Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!”
Тады пачнуць казаць гарам: “Упадзіце на нас!” і пагоркам: “Накрыйце нас!” Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?»
Вялі з Ім на смерць і двух іншых злачынцаў.
Укрыжаванне Езуса
Калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, укрыжавалі там Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку. А Езус сказаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць».
І, дзелячы вопратку Ягоную, кідалі лёсы. А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!» Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, кажучы: «Калі Ты кароль юдэйскі, уратуй сябе!» І быў над Ім надпіс: «Гэта кароль юдэйскі».
Адзін з павешаных на крыжы злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці Ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за нашыя ўчынкі. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». А Езус адказаў яму: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».
Смерць Езуса
Было ўжо каля шостай гадзіны, і цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне. А Езус закрычаў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў.
Сотнік, убачыўшы, што сталася, славіў Бога і казаў: «Праўдзіва, чалавек гэты быў справядлівы!» І ўсе людзі, што сабраліся на гэтае відовішча, калі ўбачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.
А здалёк стаялі ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і глядзелі на гэта.
Пахаванне
І вось чалавек, па імені Юзаф з Арыматэі, горада юдэйскага, член Сінэдрыёну, муж добры і справядлівы, які не згаджаўся з яго пастановай і ўчынкамі і чакаў Валадарства Божага, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў цела Езуса. Зняўшы, захінуў яго ў палатно і паклаў у высечанай магіле, у якой яшчэ ніхто не быў пахаваны. Быў гэта дзень прыгатавання, і надыходзіў шабат. Ішлі разам таксама жанчыны, якія прыбылі з Езусам з Галілеі, і яны бачылі магілу, і як было пакладзена цела Ягонае. Вярнуўшыся, яны прыгатавалі духмянасці і міра. І ў гэты шабат адпачывалі паводле запаведзі.
Пустая магіла
У першы дзень тыдня, на досвітку, жанчыны прыйшлі да магілы, несучы падрыхтаваныя пахучыя алеі. Але знайшлі, што камень адсунуты ад магілы. І, увайшоўшы, не знайшлі цела Пана Езуса. Калі яны стаялі ў разгубленасці, раптам з’явіліся перад імі два мужы ў бліскучым адзенні. Напалоханыя жанчыны схілілі твары свае да зямлі, а тыя сказалі ім: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос. Успомніце, як Ён сказаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, што Сын Чалавечы павінен быць выдадзены ў рукі грэшнікаў і ўкрыжаваны, але на трэці дзень уваскрэсне». І ўзгадалі яны словы Ягоныя, і, вярнуўшыся ад магілы, расказалі гэта ўсё Адзінаццаці і ўсім астатнім. Гэта былі Марыя Магдалена, Яна і Марыя, маці Якуба, ды іншыя, што былі з імі, якія казалі пра гэта Апосталам. Але словы гэтыя здаліся ім пустымі, і не верылі ім. Але Пётр устаў і пабег да магілы. Зазірнуўшы, убачыў там толькі палотны. І вярнуўся да сябе, здзіўляючыся таму, што сталася.
Па дарозе ў Эмаус
Двое з іх у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус. Яны размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. А калі размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго. А Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні?» Ён спытаў іх: «Што?» Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі».
Тады Ён сказаў ім: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?» І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго. Калі наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае». І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі быў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім. Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. Яны сказалі адзін аднаму: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?» І ў тую самую гадзіну яны ўсталі, вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: «Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону». Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.
Езус з’яўляецца вучням
Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: «Спакой вам!» Збянтэжаныя і напалоханыя, яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: «Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я! Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю». Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі. А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут што з’есці?» Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі.
І сказаў ім: «Вось словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў Законе Майсея, у Прарокаў і ў Псальмах». Тады адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне. І сказаў ім: «Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы — сведкі гэтага. Вось Я спасылаю на вас абяцанне Айца Майго. А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні».
Унебаўшэсце
Потым вывеў іх аж да Бэтаніі і, падняўшы рукі свае, благаславіў іх. Калі благаслаўляў іх, развітаўся з імі і ўзнёсся на неба. Яны пакланіліся Яму і з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалем, і былі ўвесь час у святыні, і праслаўлялі Бога.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019