Библия › Каталіцкі › Да Габрэяў

Пасланне да Габрэяў

Езус, Сын Божы, вышэйшы за анёлаў

Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына, якога ўстанавіў спадкаемцам усяго, праз якога і стварыў сусвет.

Ён, будучы адлюстраваннем Ягонай славы і вобразам Ягонай сутнасці і падтрымліваючы ўсё словам сваёй моцы, здзейсніў ачышчэнне ад грахоў, сеў праваруч Велічы на вышынях і стаў настолькі вышэйшым за анёлаў, наколькі больш слаўнае, чым яны, атрымаў у спадчыну імя.

Бо калі і каму з анёлаў Ён сказаў:

«Ты — Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе», і яшчэ: «Я буду Яму Айцом, а Ён будзе Мне Сынам»?

Калі ж зноў увядзе Першароднага ў свет, скажа:

«Няхай паклоняцца Ямуўсе анёлы Божыя».

І кажа анёлам:

«Ён робіць сваіх анёлаў вятрамі, а слугаў сваіх — полымем агню»,

а Сыну:

«Трон Твой, Божа, навекі вякоў, і жазло праведнасці — гэта жазло Твайго валадарства.

Ты палюбіў справядлівасць і ўзненавідзеў беззаконне, таму Твой Бог намасціў Цябе, Божа, алеем радасці больш, чым саўдзельнікаў Тваіх».

А таксама:

«Ты ў пачатку, Пане, паставіў на падмурку зямлю, і нябёсы — справа Тваіх рук.

Яны прамінуць, а Ты застанешся; і састарэюць усе, як вопратка,

а Ты скруціш іх, быццам адзенне, і яны зменяцца. Ты адзін і той жа, і не скончацца Твае гады».

Каму з анёлаў Ты калі-небудзь сказаў:

«Сядзь праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу непрыяцеляў Тваіх пад падножжа ног Тваіх»?

Ці ж не ўсе яны службовыя духі, пасланыя дзеля служэння тым, хто павінен атрымаць у спадчыну збаўленне?

Напамін

Таму мы павінны пільна зважаць на пачутае, каб выпадкам не заблукаць. Бо калі слова, сказанае анёламі, было моцным, і кожнае злачынства і непаслухмянасць атрымала законную адплату, то і мы не ўратуемся, калі занядбаем такое вялікае збаўленне. Напачатку яно было абвешчана Панам і ўмацаванае сярод нас тымі, хто яго пачуў. А Бог адначасова засведчыў пра яго знакамі і цудамі, і разнастайнымі моцамі і дарамі Духа Святога паводле Яго волі.

Адкупленне, здзейсненае Хрыстом, а не анёламі

Не анёлам Бог падпарадкаваў будучы свет, пра які мы кажам. Наадварот, хтосьці засведчыў дзесьці, кажучы:

«Чым ёсць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты клапоцішся аб ім?

Ты ўчыніў яго мала меншым ад анёлаў; славаю і пашанай увянчаў яго,

усё паклаў пад ягоныя ногі».

Калі ж падпарадкаваў яму ўсё, то не пакінуў нічога непадпарадкаваным яму. Цяпер мы яшчэ не бачым, каб усё было падпарадкавана яму, але мы бачым Езуса, які быў мала меншым ад анёлаў, увенчаны славаю і пашанаю, бо спазнаў смерць, каб з ласкі Божай за ўсіх пакаштаваць смерці.

Бо належала, каб той, дзеля якога ўсё і праз якога ўсё, які прывёў да славы многіх сыноў, учыніў дасканалым праз цярпенні правадыра збаўлення іхняга. Бо і той, хто асвячае, і тыя, каго асвячаюць, — усе ад Адзінага. Таму Ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:

«Абвяшчу імя Тваё братам маім, сярод сходу праслаўлю Цябе»,

І яшчэ:

«Я буду спадзявацца на Яго».

І зноў:

«Вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».

Паколькі дзеці маюць удзел у целе і крыві, таму ў іх падобным чынам прыняў удзел таксама Езус, каб праз смерць нізрынуць таго, хто мае ўладу над смерцю, гэта значыць, д’ябла, каб збавіць тых, хто ўсё жыццё быў зняволены страхам перад смерцю. Бо, сапраўды, Ён дапамагае не анёлам, а патомству Абрагама. Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб стаць міласэрным і верным першасвятаром у справах Божых для ўміласціўлення за грахі народу. Бо, як Ён цярпеў, праходзячы праз выпрабаванні, так можа дапамагчы тым, каго выпрабоўваюць.

Хрыстус пераўзыходзіць Майсея

Браты святыя, удзельнікі нябеснага паклікання, зразумейце Апостала і Першасвятара нашага вызнання, Езуса, бо Ён верны таму, хто Яго ўстанавіў, як і Майсей ва ўсім доме Яго. Ён варты настолькі большай пашаны, чым Майсей, наколькі большую пашану, чым дом, мае яго будаўнік. Кожны дом хтосьці будуе, а той, хто збудаваў усё, — гэта Бог. І Майсейбыў верным ва ўсім доме Яго як слуга дзеля сведчання пра тое, што трэба было сказаць. Хрыстус жа як Сын у доме Яго, а Ягоным домам з’яўляемся мы, калі толькі захаваем адвагу і слаўную надзею.

Абяцанне ўдзелу ў адпачынку Бога

Як кажа Дух Святы:

«Сёння, калі пачуеце Ягоны голас,

нерабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як учас бунту, у дзень выпрабавання ў пустыні,

дзе, спакушаючы, выпрабоўвалі Мяне бацькі вашыя хоць бачылі справы Мае

напрацягу сарака гадоў. Таму Я і разгневаўся на пакаленне тое, і сказаў: Яны заўсёды блукаюць у сэрцы, не пазналі яны шляхоў Маіх.

Таму Я прысягнуў у гневе Маім, што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак».

Глядзіце, браты, каб не было ў каго з вас ліхога сэрца бязвер’я, якое аддаляе ад жывога Бога. Але настаўляйце адзін аднаго штодня, пакуль можна казаць «сёння», каб ніхто з вас не стаў жорсткім праз падман граху.

Бо мы станемся саўдзельнікамі Хрыста, калі да канца захаваем моцную надзею, якую мелі ад пачатку.

Таму гаворыцца:

«Сёння, калі пачуеце голас Ягоны, не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як падчас бунту».

Дык хто ж тыя, хто, пачуўшы, узбунтаваўся? Гэта ж не ўсе тыя, хто з Майсеем выйшаў з Егіпта? На каго Ён гневаўся сорак гадоў? Ці не на тых, хто зграшыў і чые трупы засталіся на пустыні? Каму пакляўся, што не ўвойдуць у Ягоны адпачынак, калі не тым, хто не паслухаўся? І мы бачым, што яны не змаглі ўвайсці з прычыны бязвер’я.

Пакуль яшчэ трывае абяцанне ўвайсці ў адпачынак Божы, будзем баяцца, каб нехта з вас не аказаўся пазбаўленым яго. Бо мы атрымалі добрую навіну так, як і тыя, хто выйшаў з Егіпта. Але пачутае слова не прынесла ім карысці, бо яны не паядналіся ў веры з тымі, хто чуў. Аднак мы, якія верым, уваходзім у адпачынак, паводле сказанага Ім:

«Я пакляўся ў гневе Маім, што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак»,

хоць справы былі завершаны ад заснавання свету. Бо так дзесьці сказаў пра сёмы дзень:

«І на сёмы дзень адпачыў Бог ад усёй працы сваёй».

І ў гэтым месцы зноў:

«Яны не ўвойдуць у Мой адпачынак!»

Таму, калі некаму застаецца ўвайсці ў яго, а тыя, каму раней была абвешчана добрая навіна, не ўвайшлі ў яго праз непаслухмянасць, Бог зноў прызначае нейкі дзень, «сёння», кажучы, як раней было сказана, праз Давіда пасля такога доўгага часу:

«Сёння, калі пачуеце Ягоны голас, не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя».

Бо калі б Езус Навін даў ім адпачынак, ён не казаў бы пасля пра іншы дзень. Таму шабат усё яшчэ застаецца для народу Божага. І хто ўвайшоў у Яго адпачынак, той адпачывае ад сваіх справаў, як і Бог ад сваіх.

Таму будзем старацца ўвайсці ў гэты адпачынак, каб ніхто не пайшоў за тым самым прыкладам непаслухмянасці. Слова Божае жывое і дзейснае, вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны. Яно пранікае ажно да падзелу душы і духа, суставаў і шпіку і здольнае судзіць думкі і намеры сэрца. І няма стварэння, схаванага ад Яго, але ўсё аголена і адкрыта перад вачыма таго, перад якім мы адкажам.

Хрыстус — сапраўдны першасвятар

Маючы першасвятара вялікага, які прайшоў нябёсы, Езуса, Сына Божага, будзем цвёрда трымацца вызнання нашага. Бо мы маем не такога першасвятара, які не мог бы спачуваць нашым слабасцям, але такога, які, паводле падабенства, зведаў усе выпрабаванні, акрамя граху. Таму наблізімся з даверам да трона ласкі, каб атрымаць міласэрнасць і знайсці ласку для своечасовай дапамогі.

Кожны першасвятар, якога выбіраюць з людзей, прызначаны для людзей у справах Божых, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі. Ён можа спачуваць тым, хто не ведае і блукае, бо і сам мае ў сабе слабасць. Таму ён павінен як за народ, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.

Ніхто сам не бярэ сабе гэтага гонару, апроч пакліканага Богам, як і Аарон. Так і Хрыстус не сам сябе праславіў, стаўшы першасвятаром, але той, хто сказаў Яму:

«Ты Сын Мой, Я Цябе сёння нарадзіў»;

як і ў іншым месцы кажа:

«Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка».

Хрыстус у дні свайго цела з моцным голасам і са слязьмі ўзнёс малітвы і просьбы да таго, хто мог уратаваць Яго ад смерці, і быў выслуханы за сваю пакорлівасць. Хоць быў Сынам, навучыўся паслухмянасці праз тое, што выцерпеў. І, будучы дасканалым, стаў для ўсіх, хто Яму паслухмяны, прычынаю вечнага збаўлення; і Богам быў абвешчаны першасвятаром на ўзор Мэльхізэдэка.

Перасцярога перад адступніцтвам

Пра гэта можам шмат сказаць, але цяжка вам гэта растлумачыць, бо сталі вы няздольнымі слухаць. Хоць вы павінны быць ужо настаўнікамі з увагі на час, аднак вы зноў патрабуеце, каб хтосьці вучыў вас асновам Божага вучэння, і вы зноў сталі тымі, каму патрэбна малако, а не цвёрдая ежа. Кожны, хто корміцца малаком, не мае досведу ў вучэнні справядлівасці, бо ён — немаўля. Цвёрдая ежа — для сталых, бо яны здабылі ўменне адрозніваць дабро і зло.

Пакінем жа пачатак Хрыстовага вучэння ды звернемся да таго, што дасканалае. Не будзем закладваць зноў падмурак, якім з’яўляецца адыход ад мёртвых учынкаў і вера ў Бога, вучэнне аб хросце, ускладанні рук, уваскрашэнні і вечным судзе. І гэта зробім, калі толькі дазволіць Бог.

Бо немагчыма, каб тыя, якія ўжо раз былі асвячаныя і пакаштавалі нябеснага дару ды сталіся ўдзельнікамі Святога Духа, якія пакаштавалі дабрыні Божага слова і моц будучага веку, але адпалі, маглі зноў навярнуцца. Яны крыжуюць у сабе Сына Божага і зневажаюць Яго. Зямля, калі п’е дождж, які часта падае на яе, родзіць расліны на карысць тым, хто яе абрабляе, атрымлівае благаслаўленне ад Бога. Калі ж дае пустазелле, то яна непрыдатная і блізкая да праклёну, і ў канцы будзе спалена.

Мы, хоць так кажам, спадзяемся на вас, умілаваныя, што вы лепшыя і трымаецеся збаўлення. Бог не з’яўляецца несправядлівым, каб забыцца пра вашую працу і любоў, якую вы засведчылі ў Ягонае імя падчас мінулага і цяперашняга служэння святым. Таму жадаем, каб кожны з вас да канца засведчыў такую самую руплівасць у дачыненні да паўнаты надзеі, каб вы не разленаваліся, але наследавалі тых, хто праз веру і доўгацярплівасць атрымлівае ў спадчыну абяцанні.

Непарушнае Божае абяцанне

Даўшы абяцанне Абрагаму, Бог не мог паклясціся нікім большым і таму пакляўся самім сабою, кажучы: «Сапраўды благаслаўлю цябе і памножу цябе». А паколькі той цярпліва чакаў, атрымаў абяцанае. Бо людзі клянуцца нечым большым, і заканчэнне кожнай сваёй спрэчкі яны падмацоўваюць клятвай. Таму і Бог, жадаючы яшчэ больш выразна паказаць спадкаемцам абяцання нязменнасць сваёй волі, пацвердзіў яго клятвай, каб дзякуючы дзвюм нязменным рэчам, у якіх не можа Бог зманіць, мы, якія прыбеглі схапіцца за прапанаваную надзею, мелі цвёрдую заахвоту. Гэтая надзея для нас нібы якар душы, надзейны і моцны, які пранікае ўнутр па-за заслону, куды як папярэднік увайшоў за нас Езус, навекі стаўшы першасвятаром на ўзор Мэльхізэдэка.

Мэльхізэдэк — правобраз Хрыста

Мэльхізэдэк, кароль Салема, святар Найвышэйшага Бога, выйшаў насустрач Абрагаму, які вяртаўся пасля паразы каралёў, і благаславіў яго. Абрагам удзяліў яму дзесяціну з усяго. Імя ж ягонае азначае перш за ўсё «кароль справядлівасці», а потым — «кароль Салема», што значыць «кароль спакою». Без бацькі, без маці, без радаводу, не маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцця, але прыпадобнены да Сына Божага, ён застаецца святаром назаўсёды.

Падумайце, які вялікі той, каму патрыярх Абрагам даваў дзесяціну з першага плёну. І тыя сыны Левія, якія атрымліваюць святарства, маюць наказ збіраць дзесяціну з народу паводле Закону, гэта значыць са сваіх братоў, хоць яны таксама нашчадкі Абрагама. А той, хто не паходзіў з іх роду, атрымаў дзесяціну ад Абрагама і благаславіў таго, хто меў абяцанне. Без ніякіх спрэчак, меншы атрымлівае благаслаўленне ад таго, хто больш значны.

Тут таксама бяруць дзесяціну людзі, якія паміраюць, а там — той, чыё жыццё засведчана. І калі можна так сказаць, праз Абрагама і Левій, які збірае дзесяціну, сам даў дзесяціну, паколькі ён быў яшчэ ў бацькоўскіх сцёгнах, калі яму насустрач выйшаў Мэльхізэдэк.

Хрыстус і левіты

Калі б дасканаласці ўдалося дасягнуць праз левіцкае святарства (бо народ праз іх атрымаў Закон), ці была б патрэба ўстанаўліваць яшчэ аднаго святарана ўзор Мэльхізэдэка, а не на ўзор Аарона? Бо разам са зменай святарства неабходна правесці і змену Закону. Той жа, пра каго гаворыцца, належаў да іншага пакалення, з якога ніхто не служыў алтару. Вядома, што наш Пан выйшаў з пакалення Юды, а Майсей нічога не згадваў наконт святароў з гэтага пакалення.

Гэта яшчэ больш відавочна, калі на падабенства Мэльхізэдэка паўстае іншы святар, які з’явіўся не паводле закону цялеснага наказу, але паводле моцы незнішчальнага жыцця. Бо засведчана пра Яго:

«Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка».

Таму папярэдняя запаведзь скасоўваецца з прычыны яе слабасці ці бескарыснасці. Закон нічога не зрабіў дасканалым, але даў лепшую надзею, праз якую мы набліжаемся да Бога.

Наколькі гэта было пацверджана клятвай, таму што іншыя станавіліся святарамі без клятвы, а Ён з клятваю, бо пра Яго сказана:

«Пакляўся Пан і не будзе шкадаваць: Ты святар навекі»,

настолькі Езус стаў зарукай лепшага запавету.

Нязменнасць Хрыстовага святарства

Паколькі смерць не дазваляла ім трываць, шмат было тых, хто станавіўся святаром. Але гэты, паколькі трывае вечна, мае непрамінальнае святарства. Таму і можа Ён ва ўсе часы збаўляць тых, хто прыходзіць праз Яго да Бога, будучы заўсёды жывым, каб заступацца за іх.

Такі і павінен быць у нас першасвятар: святы, нявінны, беззаганны, адлучаны ад грэшнікаў і ўзнесены вышэй за нябёсы. Ён не мае патрэбы, як тыя першасвятары, прыносіць штодня ахвяры спачатку за свае грахі, а потым за грахі народу. Ён зрабіў гэта раз назаўсёды, ахвяраваўшы самога сябе. Бо Закон устанаўлівае першасвятарамі людзей, якія маюць слабасць, а слова клятвы, дадзенай пасля Закону, устанаўлівае Сына, дасканалага навекі.

Новае святарства і новая святыня

Галоўнае ў сказаным гэта тое, што ў нас ёсць такі першасвятар, які сядзіць праваруч трона Велічы ў нябёсах як слуга святыні і праўдзівай скініі, узведзенай Панам, а не чалавекам.

Бо кожны першасвятар пастаўлены, каб прыносіць дары і ахвяры. Таму неабходна, каб і Ён меў, што ахвяраваць. Калі б Ён заставаўся на зямлі, не быў бы святаром, паколькі тут ёсць святары, якія прыносяць дары паводле Закону. Яны служаць узору і ценю нябесных рэчаў, як наказана было Майсею, калі ён збіраўся завяршыць скінію. Бо яму было сказана: «Глядзі, каб зрабіў усё паводле ўзору, паказанага табе на гары». Цяпер жа Ён атрымаў настолькі вышэйшае служэнне, наколькі стаў пасрэднікам лепшага запавету, заснаванага на лепшых абяцаннях. Калі б першы запавет быў беззаганны, не шукалі б месца для другога. Бо як дакор ім гаворыцца: «Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі Я ўстанаўлю з домам Ізраэля і домам Юды новы запавет. Нетакі запавет, які ўстанавіў Я з айцамі іхнімі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці з егіпецкай зямлі, таму што яны не вытрывалі ў Маім запавеце, і Я перастаў клапаціцца пра іх», — кажа Пан. «Восьтой запавет, які заключу з домам Ізраэля пасля гэтых дзён, — кажа Пан, — Я ўкладу законы Мае ў розум іхні і на сэрцах іхніх напішу іх, і буду для іх Богам, а яны будуць Маім народам. Ініхто больш не будзе вучыць бліжняга свайго, і ніхто — свайго брата, кажучы: “Пазнай Пана”, бо ўсе яны, ад малога да вялікага, будуць ведаць Мяне. Таму што буду міласцівы да несправядлівасцяў іхніх і больш не буду ўспамінаць іхніх грахоў».

Кажучы пра новы запавет, Ён абвяшчае састарэлым першы; а тое, што становіцца даўнім і старэе, блізкае да знішчэння.

Хрыстус увайшоў у новую святыню

Першы запавет меў прадпісанні наконт Божага служэння, а таксама зямную святыню. Была ўзведзена першая скінія, якая называецца «Святое», і ў ёй былі падсвечнік, стол і ахвярныя хлябы. А за другой заслонаю была скінія, якая называлася «Святое Святых». Мела яна залатую кадзільніцу і каўчэг запавету, пакрыты з кожнага боку золатам, у якім была залатая пасудзіна з маннай, кій Аарона, які расцвіў, ды табліцы запавету. Зверху над каўчэгам былі херубімы славы, якія ахіналі века ўміласціўлення. Аб гэтым падрабязна няма патрэбы цяпер гаварыць.

Усё было так уладкавана, каб святары, здзяйсняючы служэнне, маглі ў кожную хвіліну ўвайсці ў першую скінію. У другую ж раз у год уваходзіў толькі адзін першасвятар, і не без крыві, якую прыносіў у ахвяру за грахі свае і свайго народу. Гэтым Дух Святы паказвае, што яшчэ не адкрылася дарога ў святыню, пакуль стаіць першая скінія. Гэта вобраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія не могуць зрабіць дасканалым сумленне таго, хто служыць. Гэта толькі знешнія прадпісанні, устаноўленыя да часу іх змянення, і датычаць толькі страў, напояў і розных абмыванняў.

Плён ахвяры Хрыста

Хрыстус, прыйшоўшы як першасвятар будучых дабротаў, праз большую і дасканалейшую нерукатворную скінію, гэта значыць не з гэтага свету, і не праз кроў казлоў і быкоў, а праз сваю кроў раз і назаўсёды ўвайшоў у Святое Святых, здабыўшы вечнае адкупленне. Бо, калі кроў казлоў і быкоў, і попел ялаўкі праз пасыпанне асвячае апаганеных, каб чыстым стала цела, то наколькі ж больш кроў Хрыста, які праз вечнага Духа сябе самога ахвяраваў як беззаганнага Богу, ачысціць нашае сумленне ад мёртвых учынкаў дзеля служэння жывому Богу.

І таму Ён стаў пасрэднікам новага запавету, каб праз Яго смерць, якая была дзеля адкуплення ад злачынстваў, учыненых у першым запавеце, атрымалі абяцанае тыя, хто пакліканы да вечнай спадчыны. Дзе запавет, там трэба чакаць смерці яго складальніка, бо запавет набывае моц пасля памерлых і ніколі не мае моцы, пакуль жыве яго складальнік. Таму і першы запавет не быў зацверджаны без крыві. Калі Майсей абвясціў усяму народу кожную запаведзь паводле Закону, ён узяў кроў цялят і казлоў з вадою, пунсовую воўну ды ісопам акрапіў саму кнігу і ўвесь народ, кажучы: «Гэта кроў запавету, які Бог наказаў вам». Таксама і скінію, і ўвесь посуд для публічнага служэння акрапіў крывёю. Дый амаль усё паводле Закону ачышчаецца крывёю, а без праліцця крыві не бывае даравання.

Таму было неабходна, каб вобразы нябесных рэчаў так ачышчаліся, а само нябеснае патрабавала яшчэ лепшых ахвяраў, чым гэтыя. Хрыстус увайшоў не ў святыню, пабудаваную рукамі на ўзор праўдзівай, але ў само неба, каб цяпер заступіцца за нас перад абліччам Бога. Інакш Яму прыйшлося б шматразова прыносіць сябе ў ахвяру, як робіць гэта першасвятар, калі штогод уваходзіць у Святое Святых з чужою крывёю. Яму трэба было б шмат разоў цярпець ад пачатку свету. Цяпер жа Ён адзін раз на сканчэнні вякоў з’явіўся дзеля знішчэння граху сваёю ахвяраю. І як людзям прызначана раз памерці, а пасля гэтага — суд, так і Хрыстус, раз ахвяраваўшы сябе, каб панесці грахі многіх, другі раз не з прычыны граху, а дзеля збаўлення з’явіцца тым, хто чакае Яго.

Крыніца вечнага збаўлення

Закон мае цень будучых дабротаў, але не сам вобраз справаў. Таму адныя і тыя ж ахвяры, якія заўсёды прыносяцца штогод, ніколі не могуць зрабіць дасканалымі тых, хто з імі прыходзіць. Бо ці не перасталі б яны прыносіць ахвяры, калі б тыя, хто здзяйсняе служэнне, раз ачысціўшыся, ужо не мелі б ніякага ўсведамлення грахоў. Але ў гэтых ахвярах — штогадовы напамін пра грахі, бо немагчыма, каб кроў быкоў ды казлоў знішчала грахі. Хрыстус прыходзіць у свет і кажа:

«Ахвяры і прынашэння Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне.

Усеспаленні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе.

Тады Я сказаў: Вось іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць волю Тваю, Божа».

Перад гэтым Ён сказаў:

«Ахвяраў і прынашэнняў, і ўсеспаленняў, і ахвяраў за грэх Ты не захацеў і не ўпадабаў», хоць прыносяцца яны паводле Закону.

Пасля сказаў:

«Вось іду, каб выканаць волю Тваю».

Адмяняе першае, каб устанавіць другое. Паводле гэтай волі мы раз і назаўсёды асвячаныя ахвяраю цела Езуса Хрыста.

Кожны святар штодня стаіць у служэнні і шмат разоў прыносіць адны і тыя ж ахвяры, якія ніколі не могуць знішчыць грахоў. А Езус Хрыстус, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога, чакаючы таго часу, калі ворагі Ягоныя будуць пакладзены да падножжа ног Ягоных. Ён адной ахвярай назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, каго асвячаюць. Пра гэта сведчыць нам і Дух Святы, бо сказана:

«Вось запавет, які ўстанаўлю з імі пасля гэтых дзён, — кажа Пан, — і ўкладу законы Мае ў іхнія сэрцы, і запішу іх у розуме іхнім,

аграхоў і беззаконняў іх больш не ўспомню».

А дзе ёсць прабачэнне грахоў, там ужо няма ахвяры за іх.

Заклік да вернасці

Браты, маючы адвагу ўвайсці праз кроў Езуса ў Святое Месца новым і жывым шляхам, які Ён адкрыў нам праз заслону, гэта значыць, праз сваё цела; маючы вялікага святара над Божым домам, наблізімся са шчырым сэрцам і ў паўнаце веры, акрапіўшы сэрцы ад нячыстага сумлення і абмыўшы целы чыстаю вадою. Будзем непахісна трымацца вызнання надзеі, бо верны той, хто абяцаў. Будзем зважаць адзін на аднаго, каб заахвочваць да любові і добрых учынкаў. Не пакідайма нашага сходу, як стала звычаем некаторых, але будзем заахвочваць адзін аднаго, і тым больш, чым больш бачыце, як набліжаецца гэты дзень.

Калі мы добраахвотна грашым, атрымаўшы пазнанне праўды, то ўжо больш не застаецца ахвяры за грахі, але нейкае жахлівае чаканне суда і лютасці агню, які павінен паглынуць праціўнікаў. Кожны, хто парушае Закон Майсея, падлягае смерці без літасці на падставе сведчання двух ці трох сведкаў. Падумайце, наколькі большага пакарання заслугоўваюць тыя, хто зняважыў Божага Сына і зганьбіў кроў запавету, якой быў асвячаны, і пагардзіў Духам ласкі? Мы ж ведаем таго, хто сказаў: «Помста за Мною, Я адплачу». І далей: «Сам Пан будзе судзіць свой народ». Жахлівая рэч — патрапіць у рукі жывога Бога.

Узгадайце мінулыя дні, калі вы, будучы прасветленымі, вытрымалі цяжкія пакуты змагання. То вас выстаўлялі як відовішча на знявагі і ўціск, то вы станавіліся супольнікамі тых, з кім так абыходзіліся. Бо вы суперажывалі з тымі, хто ў кайданах, і з радасцю ўспрымалі рабаванне вашай маёмасці, ведаючы, што ёсць у вас лепшая і трывалая маёмасць. Дык не пакідайце вашай адвагі, якая мае вялікую ўзнагароду. А цярплівасць патрэбна вам, каб, выконваючы волю Божую, вы атрымалі абяцанае.

Таму што яшчэ крыху, і з’явіцца той, хто павінен прыйсці, і не спозніцца. Амой справядлівы будзе жыць дзякуючы веры, і, калі адступіцца, не ўпадабае яго мая душа.

Але мы не належым да тых, хто адступаецца сабе на згубу, але да тых, хто верыць, каб атрымаць жыццё.

Прыклады верыў Старым Запавеце

Вера — гэта зарука таго, на што мы спадзяёмся, і доказ таго, чаго мы не бачым. Праз яе продкі атрымалі сведчанне.

Праз веру мы разумеем, што вякі былі ўладкаваныя словам Божым, так што з нябачнага ўзнікла бачнае.

Вераю Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін. Дзякуючы ёй ён атрымаў сведчанне сваёй справядлівасці, таму што Бог засведчыў пра дары ягоныя, і дзякуючы ёй ён прамаўляе нават пасля смерці.

Вераю Энох быў перанесены, каб не бачыць смерці, і не знайшлі яго, таму што Бог перанёс яго. Бо перад перанясеннем было засведчана яму, што ён спадабаўся Богу. А без веры немагчыма спадабацца, бо той, хто падыходзіць да Бога, павінен верыць, што Ён існуе і дае ўзнагароду тым, хто Яго шукае.

Вераю Ной атрымаў перасцярогу наконт таго, што яшчэ не было бачным, і ў Божай боязі пабудаваў каўчэг, каб уратаваць свой дом. Праз веру ён асудзіў свет і стаў спадкаемцам справядлівасці паводле веры.

Дзякуючы веры пакліканы Абрагам паслухаўся і пайшоў у месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну. Ён выйшаў, не ведаючы, куды ідзе.

Дзякуючы веры ён пасяліўся на абяцанай зямлі, як на чужыне, жывучы ў шатрах з Ісаакам і Якубам, сунаследнікамі таго самага абяцання. Бо ён чакаў горада, закладзенага на моцным падмурку, дойлідам і будаўніком якога ёсць Бог.

Дзякуючы веры і бясплодная Сара, насуперак старому ўзросту, атрымала сілу, каб зачаць патомства, паколькі лічыла годным даверу таго, хто даў абяцанне. Таму ад аднаго чалавека, і гэта ад амярцвелага, нарадзілася так шмат, якзорак нябесных і незлічоных пясчынак на беразе мора.

Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцанняў, але ўбачыўшы іх здалёк і прывітаўшы, прызналі, што яны самі вандроўнікі і чужынцы на зямлі. Бо тыя, хто так кажа, паказваюць, што яны шукаюць айчыну. Калі б яны памяталі аб той, з якой выйшлі, то мелі б нагоду вярнуцца. Цяпер жа яны імкнуцца да лепшай, гэта значыць, да нябеснай айчыны. Таму Бог не саромеецца, што яны называюць Яго сваім Богам, бо Ён падрыхтаваў ім горад.

Праз веру Абрагам, калі Бог выпрабоўваў яго, ахвяраваў Ісаака. Той, хто атрымаў абяцанне, прынёс нават адзінароднага сына, пра якога сказана: «У Ісааку назавецца патомства тваё». Ён лічыў, што Бог мае моц уваскрасіць, таму і атрымаў яго як правобраз.

Праз веру ў будучыя рэчы Ісаак благаславіў Якуба і Эзава.

Праз веру Якуб, паміраючы, благаславіў кожнага з сыноў Юзафа і пакланіўся перад верхам яго кія.

Праз веру Юзаф, паміраючы, успомніў аб выйсці сыноў Ізраэля і даў даручэнне адносна сваіх касцей.

Праз веру бацькі Майсея ўкрывалі яго на працягу трох месяцаў пасля нараджэння, бо бачылі прыгажосць дзіцяці і не спалохаліся загаду фараона.

Праз веру Майсей, калі вырас, не захацеў звацца сынам дачкі фараона. Больш жадаў пакутаваць разам з Божым народам, чым мець часовую грахоўную прыемнасць. Большым багаццем за скарбы Егіпта лічыў знявагі Хрыстовыя, бо памятаў аб узнагародзе.

Праз веру пакінуў Егіпет, не спалохаўшыся гневу фараона. Вытрываў, як быццам бачыў Нябачнага.

Праз веру здзейсніў Пасху і акрапленне крывёю, каб не прычыніў ім зло той, хто забіваў першароднае.

Праз веру яны перайшлі праз Чырвонае мора быццам па сухой зямлі, а калі спрабавалі так зрабіць егіпцяне, патанулі.

Праз веру ўпалі муры Ерыхона, калі абыходзілі іх вакол сем дзён.

Праз веру чужаложніца Рахаб не загінула разам з тымі, хто быў непаслухмяны, бо гасцінна прыняла выведнікаў.

Вытрываласць у выпрабаваннях

Што яшчэ сказаць? Бо не хопіць мне часу, каб расказаць пра Гедэона, Барака, Самсона і Ефтая, пра Давіда, Самуэля і прарокаў, якія вераю перамагалі валадарствы, здзяйснялі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам, гасілі моцны агонь, пазбягалі вастрыя мяча, трывалі, нягледзячы на слабасць, станавіліся моцнымі на вайне, праганялі войскі чужынцаў. Жанчыны атрымлівалі сваіх памерлых праз уваскрашэнне. Іншыя, адмовіўшыся ад вызвалення, былі закатаваныя, каб атрымаць лепшае ўваскрашэнне. Яшчэ іншыя спазналі кпіны і бічаванне, а таксама кайданы і вязніцу. Іх каменавалі, пілавалі, забівалі мячом. Яны туляліся ў авечых і казліных скурах, церпячы нястачу, уціск і знявагу. Яны, якіх свет не быў варты, блукалі па пустынях і гарах, па пячорах і цяснінах зямлі.

І ўсе яны, хоць і былі прызнаныя дзякуючы веры, не атрымалі абяцанага, таму што Бог прадугледзеў для нас нешта лепшае, каб яны без нас не сталі дасканалымі.

Прыклад Езуса Хрыста

Маючы вакол сябе безліч сведкаў, скінем з сябе ўсялякі цяжар і грэх, які лёгка аблытвае нас, і будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры. Замест радасці, што была перад Ім, Ён, не зважаючы на ганьбу, выцерпеў крыж і сеў праваруч Божага трона. Падумайце пра таго, хто вытрываў такі здзек над сабою ад грэшнікаў, каб не знемагліся вы ў сваіх душах і не аслаблі.

Бог нас выхоўвае

Вы яшчэ не змагаліся аж да крыві, ваюючы супраць граху, і забыліся пра заахвочванне, якое кажа вам, як сынам:

«Сыне мой, не пагарджай пакараннем Пана і не падай духам, калі Ён дакарае цябе.

Бокаго Пан любіць, таго і карае, і б’е кожнага, каго прымае як сына».

Будзьце цярплівыя да пакаранняў. Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Ці ж ёсць такі сын, якога б не караў бацька? А калі вы па-за пакараннем, удзельнікамі якога сталі ўсе, значыць вы не сыны, а незаконныя дзеці!

Больш за тое, у нас былі зямныя бацькі, каб выхоўваць нас, і мы баяліся іх. Ці мы не павінны быць яшчэ больш паслухмяныя Айцу духаў, каб жыць? Тыя каралі нас па сваім меркаванні на кароткі час. А гэты карае нас дзеля дабра, каб мы мелі ўдзел у Яго святасці. Цяпер усялякае пакаранне здаецца не радасцю, а смуткам. Але пазней яно прынясе мірны плён справядлівасці тым, каго выхоўвала.

Таму выпрастайце вашыя апаўшыя рукі і аслаблыя калені. Рабіцепростыя сцежкі нагамі вашымі, каб кульгавы не збочыў, але каб выздаравеў.

Перасцярога перад адкідваннем ласкі

Імкніцеся да спакою з усімі і да святасці, без якой ніхто не ўбачыць Пана. Сачыце, каб ніхто не быў пазбаўлены Божай ласкі, каб які-небудзь горкі корань, што расце ўверх, не разросся і не апаганіў многіх і каб не было сярод вас нейкага распусніка ці бязбожніка, які б, як Эзаў, за адну страву аддаў сваё першародства. Вы ж ведаеце, што пазней, жадаючы атрымаць у спадчыну благаслаўленне, ён быў адкінуты і не змог перамяніць мысленне, хоць са слязьмі прасіў аб гэтым.

Вы прыступіліся ні да намацальнага, ні да распаленага агню, ні да змроку, цемры і буры, ні да гулу трубы і такога голасу словаў, што тыя, хто яго пачуў, прасілі больш не звяртацца да іх непасрэдна. Яны не маглі стрымаць гэтага наказу: «Калі нават жывёла наблізіцца да гары, будзе ўкаменавана». А відовішча было настолькі страшнае, што Майсей сказаў: «Я спалохаўся і дрыжу». Вы ж прыступіліся да гары Сіён і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерузалема, да безлічы анёлаў, да святочнага сходу, да Касцёла першародных, запісаных у нябёсах, і да Бога — Суддзі ўсіх, да духаў праведных, якія дасягнулі дасканаласці, да Езуса — пасрэдніка новага запавету, да акраплення крывёю, якая прамаўляе больш, чым кроў Абэля.

Глядзіце, не адкідайце таго, хто гаворыць. Калі яны не пазбеглі пакарання, адвярнуўшыся ад таго, хто асцерагаў іх на зямлі, то мы яшчэ больш не пазбегнем пакарання, калі адкінем таго, хто асцерагае нас з неба. Ягоны голас тады страсянуў зямлю, але цяпер Ён паабяцаў, кажучы: «Яшчэ раз страсяну не толькі зямлю, але і неба». Словы «яшчэ раз» азначаюць знішчэнне таго, што знішчальнае, а значыць створанае, каб засталося тое, што непарушнае.

Таму, прымаючы непарушнае валадарства, трываймаў ласцы, праз якую мы будзем здзяйсняць прыемнае Богу пакланенне з бояззю і пабожнасцю. Бо наш Бог — гэта паглынаючы агонь.

Заключныя настаўленні

Няхай трывае братняя любоў. Не забывайцеся таксама пра гасціннасць, бо праз яе некаторыя, не ведаючы, гасцінна прынялі анёлаў. Памятайце пра вязняў, быццам бы вы зняволеныя разам з імі; і пра тых, хто церпіць, бо і самі вы ў целе. Няхай ва ўсіх будзе ў пашане сужэнства, а ложа няхай будзе беззаганным, бо распуснікаў і чужаложнікаў асудзіць Бог.

Не будзьце срэбралюбнымі норавам, задавольвайцеся тым, што маеце. Бо Ён сказаў:

«Застануся з табой і не пакіну цябе», —

так што смела можам сказаць:

«Пан мой памочнік, і я не буду баяцца; што можа зрабіць мне чалавек?»

Памятайце пра вашых настаўнікаў, якія абвяшчалі вам Божае слова, і разважаючы пра канец іхняга жыцця, наследуйце іх веру. Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі! Не паддавайцеся розным чужым вучэнням, бо лепш умацоўваць сэрца ласкаю, а не стравамі, якія не дапамаглі тым, хто спажываў іх. Мы маем алтар, з якога не маюць права есці тыя, хто служыць у скініі. Бо целы жывёлін, кроў якіх першасвятар прыносіць за грахі ў святыню, спальваюць за лагерам.

Каб асвяціць сваёю крывёю народ, Езус цярпеў муку за горадам. Таму і мы выйдзем да Яго за лагер, несучы Яго знявагі. Мы не маем тут пастаяннага горада, але шукаем таго, які павінен прыйсці. Праз Езуса будзем няспынна прыносіць ахвяру хвалы Богу, гэта значыць плён вуснаў, якія дзякуюць Ягонаму імені.

Не забывайце пра дабрачыннасць і еднасць, бо такія ахвяры падабаюцца Богу.

Слухайцеся вашых настаўнікаў і падпарадкоўвайцеся ім, бо яны чуваюць над вашымі душамі як тыя, хто будзе здаваць справаздачу, каб яны рабілі гэта з радасцю, а не ўздыхаючы; інакш гэта не прынясе вам карысці.

Маліцеся за нас. Мы ж спадзяемся, што маем чыстае сумленне, бо жадаем ва ўсім паступаць добра. Асабліва прашу вас прычыніцца да таго, каб я мог хутчэй вярнуцца да вас.

Заканчэнне

А Бог спакою, які ўваскрасіў Вялікага Пастыра авечак, Пана нашага Езуса Хрыста праз кроў вечнага запавету, няхай удасканаліць вас ва ўсялякай добрай справе, каб вы выконвалі Ягоную волю, робячы сярод вас тое, што падабаецца Яму, праз Езуса Хрыста, якому хвала на векі вечныя. Амэн.

Прашу вас, браты, прыміце слова заахвоты, якое коратка я перадаў вам у лісце. Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены. Разам з ім, калі ён хутка прыйдзе, я пабачу вас. Прывітайце ўсіх вашых кіраўнікоў і ўсіх святых. Вітаюць вас браты з Італіі.

Ласка з усімі вамі.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.