Библия › Станкевіча › 2 Летапісу

2 Летапісу

І ўмацаваўся Салямон Давідзёнак на каралеўстве сваім; і СПАДАР, Бог ягоны, быў ізь ім, і надта яго ўзьвялічыў. І казаў Салямон усяму Ізраелю: вайводцам тысячаў а сотняў, і судзьдзям, і кажнаму начэльніку ў вусім Ізраелю, галавам айцоў. І прышлі Салямон а ўся грамада зь ім на ўзвышша, каторае ў Ґівеоне, бо там быў будан урочыстага збору СПАДАРОВАГА, каторы пастанавіў Масей, слуга СПАДАРОЎ, на пустыні. Але скрыню Божую ўзьнёс Давід із Кіраф-Еарыму на месца, каторае Давід прыгатаваў ёй, бо ён быў разапнуўшы ёй будан у Ерузаліме. А мядзяны аброчнік, што зрабіў Весалэль, сын Ура Гуранка, быў там перад вітальняю СПАДАРОВАЮ; і зварачаліся да яго Салямон а грамада. І ўзышоў Салямон там да мядзянага аброчніка СПАДАРОВАГА, наторы ў будане ўрочыстага збору, і аброк на ім тысяча ўсепаленьняў.

Тае ночы зьявіўся Бог Салямону і сказаў яму: «Прасі, што Імне даць табе». І сказаў Салямон Богу: «Ты ўчыніў Давіду, айцу майму, вялікую ласку і ўстанавіў мяне караляваць замест яго. Цяпер, СПАДАРУ Божа, хай здойсьніцца слова Твае Давіду, айцу майму, бо Ты ўстанавіў мяне за караля над людам вялікім, як пыл зямлі: Дай імне цяпер мудрасьць а веданьне, каб я мог выходзіць і ўходзіць перад людам гэтым, бо хто можа судзіць гэты люд Твой такі вялікі?»

І сказаў Бог Салямону: «За тое, што было гэта ў сэрцу тваім, і ты не прасіў багацьця, меньня ані сьці, ані душы непрыяцеляў сваіх, ані прасіў даўгога жыцьця, але прасіў мудрасьці а веданьня самому сабе, каб ты мог судзіць люд Мой, над каторым Я ўстанавіў цябе за караля: Мудрасьць а веданьне даны табе, а багацьці а меньне а чэсьць Я дам табе такія, якіх ні водзін із каралёў ня меў перад табою і ня будзе мець ніякі просьле цябе».

І зьвярнуўся Салямон з узвышша, каторае ў Ґівеоне, да Ерузаліму, да будану збору, і гаспадарстваваў у Ізраелю.

І назьбіраў Салямон цялежак і коньнікаў: і меў ён тысяча чатырыста цялежак і двананцаць тысячаў коньнікаў, каторых ён разьмясьціў па цялежкавых местах і пры каралю ў Ерузаліме. І даў кароль срэбра а золата ў Ерузаліме, як каменьня, а кедраў, подле множасьці, як сыкамораў, што ў даліне. І прыводзілі Салямону коні зь Ягіпту а з Куе, купцы каралеўскія з Куе куплялі подле цаны. І яны зыходзілі й прывозілі зь Ягіпту цялежкі за шасьцьсот сыкляў срэбра і каня за сто пяцьдзясят. І гэтак перазь іх рукі былі вывожаны ўсім каралём Гэціцкім і каралём Арамскім.

І наважыў Салямон пастанавіць дом імені СПАДАРОВАМУ і дом каралеўству свайму. І адлічыў Салямон семдзясят тысячаў чалавекаў насіць цяжары, і асьмідзясят тысячаў сячы ў горах, і тры тысячы шасьцьсот наглядаць над імі.

І паслаў Салямон да Гурама, караля Тырскага, кажучы: «Як ты абходзіўся з Давідам, айцом маім, і пасылаў яму кедры, станавіць яму дом жыць у ім, так зрабі й імне. Дык вось, я станаўлю дом імені СПАДАРА, Бога свайго, пасьвячаць Яму, кадзіць перад ім пахнючае кадзіла, і да кажначаснага хлеба Выкладу, і да ўсепаленьняў нараніцы і ўвечары ў сыботы, і на маладзіку, і на ўрочыстасьці СПАДАРА, Бога нашага. Гэта на векі Ізраелю. І дом, што я станаўлю, вялікі, бо вялікі Бог наш над усімі багамі. І ці стане ў каго сілы пастананіць Яму дом, калі неба а нябёсы нябёс ня тоўпяць Яго? І хто я, каб мог пастанавіць Яму дом? Хіба да кадзеньня перад відзеньням Ягоным? Дык цяпер прышлі імне чалавека мудрага рабіць із золата а із срэбра а ізь медзі а ізь зялеза а з пурпуры а із шкарлату а ізь сіні, і каторы ўмеў бы выразаць рэзьбы з мудрымі людзьмі, што ў мяне ў Юдэі а ў Ерузаліме, каторых прыгатаваў Давід, айцец мой. І пашлі імне кедравыя дзервы, кіпрысавыя дзервы і альґумім ізь Лібану, бо я ведаю, што слугі твае ўмеюць сячы дзервы ў Лібане. І вось, слугі мае з тваімі слугамі, Каб імне прыгатавалі множасьць дзерва, бо дом, што я станаўлю, вялікі а чудосны. І вось, секачом, што сякуць дзервы, я даў дваццаць тысячаў мераў меленае пшонкі, і дваццаць тысячаў мераў ячменю, і дваццаць тысячаў ведраў віна, і дваццаць тысячаў ведраў алівы».

І сказаў Гурам, кароль Тырскі, лістам, і паслаў Салямону: «Затым што СПАДАР палюбіў люд Свой, Ён устававіў цябе за караля над ім». І сказаў Гурам: «Дабраславёны СПАДАР, Бог Ізраеляў, Каторы ўчыніў нябёсы й зямлю, Каторы даў Давіду каралю мудрага сына, што мае розум а цямлівасьць, каторы пастанове дом СПАДАРУ і дом свайму каралеўству. І цяпер я паслаў чалавека мудрага, цямлівага ад Гурама, айца майго, Сына жонкі з дачок Данавых, — а ягоны айцец чалавек Тырскі, — умелага рабіць із золата а із срэбра а зь медзі а ізь зялеза, з каменя а зь дзерва, з пурпуры, ізь сіні а зь цянюсенькага палатна а із шкарлату; таксама выразаць усялякую разьбу і змайстраваць усялякае майстроўства, што будзе паручана яму з мудрыцамі тваімі і з мудрыцамі спадара майго Давіда, айца твайго. І цяпер пшонку а ячмень, аліву а віно, праз каторыя мой спадар гукаў, пашлі слугам сваім. А мы будзем сячы дзервы зь Лібану, подле ўсіх тваіх патрэбаў, і прыжанем іх табе плытамі па мору да Яфы; а ты ўзьвязеш іх да Ерузаліму».

І Салямон палічыў усіх чужаземцаў, што ў зямлі Ізраельскай, просьле палічэньня, каторым палічыў іх Давід айцец ягоны, — і знайшлося іх сто пяцьдзясят тры тысячы шасьцьсот. І прызначыў ён ізь іх семдзясят тысячаў нашэньнікаў цяжараў, і асьмідзясят тысячаў секачоў у горах, і тры тысячы шасьцьсот прыганятых над работаю люду.

І пачаў Салямон станавіць дом СПАДАРОЎ у Ерузаліме, на гары Мора, ідзе СПАДАР зьявіўся Давіду, айцу ягонаму, на месцу, каторае прыгатаваў Давід, на малатаўні Орнана Евусіча. І пачаў ён станавіць на другі дзень другога месяца, на чацьверты год гаспадарстваваньня свайго. І гэта под, што быў даўшы Салямон пад будоўлю дому Божага: даўжыня локцямі, — подле першага мераньня, — шасьцьдзясят локцяў, і шырыня дваццаць локцяў; І сені, што сьпераду, удаўжкі, подле шырыні дому, дваццаць локцяў, а ўвышкі сто дваццаць. І ашаляваў яго ўнутры чыстым золатам. І большы дом накрыў кіпрысавым дзервам, і ашаляваў шчырым золатам, і парабіў на ім пальмы а ланцужкі. І прыбраў дом дарагім каменьням дзеля хараства; золата ж — золата Парваімскае. Ён ашаляваў дом, балькі, вярэі а сьцены яго а дзьверы яго золатам; выразаў херуваў на сьценах.

І збудаваў Сьвятое-Сьвятых: даўжыня яго, подле шырыні дому, дваццаць локцяў, і шырыня яго дваццаць локцяў; і ашаляваў яго добрым золатам, на шасьцьсот таланяў. І вага гваздоў пяцьдзясят сыкляў золата. І вышнія залі ашаляваў золатам.

І зрабіў у доме Сьвятога-Сьвятых двух херуваў выразанае работы, і пацягнуў іх золатам. Крыльле херуваў удаўжкі дваццаць локцяў. Адно крыло пяцёх локцяў датыкалася сьцяны дому, а другое крыло пяцёх локцяў стыкалася з крылом другота херува; І крыло аднаго херува пяцёх локцяў датыкалася сьцяны дому, а друтое крыло пяцёх локцяў стыкалася з крылом другога херува. Крылы гэтых херуваў распушчаліся на дваццаць локцяў; і яны стаялі на нагах сваіх, відамі сваімі ўнутр.

І зрабіў запінаху ізь сіні а пурпуры а шкарлату а зь цянюсенькага палатна, і намаляваў херуваў на ёй.

І зрабіў перад домам два стаўпы, трыццаць пяць локцяў увышкі, і апуку, што на версе кажнага зь іх, пяцёх локцяў.

І зрабіў ланцужкі, як у нутраным пакою, і палажыў на галавы стаўпоў, і зрабіў сто гранатовых яблыкаў, і палажыў на ланцужкі. І пастанавіў стаўпы перад палацам адзін з правага боку, другі зь левага, і назваў імя правага Яхін, а імя левага Воаз.

І зрабіў мядзяны аброчнік: дваццаць локцяў удаўжкі ён, і дваццаць локцяў ушыркі ён, і дзесяць локцяў увышкі ён.

І зрабіў мора адліванае, — дзесяць локцяў ад краю аж да краю яго, — усе круглае, увышкі пяць локцяў; і ліня трыццацёх локцяў рабіла акругу яго навокал; І пад ім падобнасьць валоў стаяла навокал з усіх бакоў; на дзесяць локцяў абступалі мора навокал два рады валоў, адлітых, як яно было адлівана. Стаяла яно на двананцацёх валох: тры глядзелі на поўнач, тры глядзелі на захад, і тры глядзелі на паўдня, і тры глядзелі на ўсход, і мора на іх зьверху; зады ж іх былі ўнутр. І ўтаўшкі на даланю яно; і краі яго, як краі чары, як квет лілі. Яно тоўпіла а дзяржала тры тысячы вядзёр.

І зрабіў дзесяць мыцельнікаў, і пастанавіў пядь па правым баку і пяць па левым, каб амываць у іх, — гатаванае на ўсепаленьне паласкалі ў іх; мора ж — сьвятаром, каб яны амываліся ў ім.

І зрабіў дзесяць залатых сьветачаў, як ім быць належыла, і пастанавіў у палацу, пяць па правым баку і пяць па левым.

І зрабіў дзесяць сталоў, і пастанавіў у палацу, пяць па правым баку і пяць па левым, і зрабіў сто залатых крапільніц.

І зрабіў сьвятарскі панадворак, і вялікі аддзел, і дзьверы да аддзелу, і ашаляваў дзьверы іх медзяй. І пастанавіў мора на правым баку ўсходняга канца, на супроці паўдня.

І зрабіў Гурам гаршкі а лапаткі а крапільніцы. І скончыў Гурам работу, што ён меў рабіць каралю Салямону да дому Божага: Два стаўпы а місы а кароны а апукі на версе двух стаўпоў, і дзьве ґірлянды накрыць акругі місаў каронаў, каторыя на версе стаўпоў, І чатырыста гранатовых яблыкаў на дзьвюх ґірляндах, два рады гранатовых яблыкаў на кажнай ґірляндзе, пакрыць дзьве місы каронаў, што на стаўпох. І падстаноўкі зрабіў, і мыцельнікі зрабіў на падстаноўках; Адно мора, і двананцаць валоў пад ім, І гаршкі, і лапаткі, і відзёлкі да мяса, і ўсі іх снадзівы зрабіў Гурам, айцец ягоны, каралю Салямону да дому СПАДАРОВАГА, із зыркае медзі. У ваколіцах Ёрдану адліваў іх кароль, у густой зямлі, памеж Сукофу й Цэрэды.

І зрабіў Салямон усі рэчы гэтыя ў вялікай множасьці, ажно не даведаваліся вагі медзі.

І зрабіў Салямон усе судзьдзе да дому Божага: і залаты аброчнік, і сталы, і на іх хлеб Выкладу, І сьветачы, і лянпы іх із чыстага золата, каб сьвяціць іх подле звычаю перад нутраным пакоям; І кветкі, і лянпы, і абцугі залатыя, з найчыстшага золата, І абцужкі да сьвечак, і чары, і ложкі, і кадзільніцы з чыстага золата; і ўход дому: нутраныя дзьверы яго да Сьвятога-Сьвятых, і дзьверы дому палацу, із золата.

І скончана была ўся работа, каторую рабіў Салямон да дому Божага. Салямон унёс пасьвячэньне, што Давід, айцец ягоны, быў пасьвяціўшы: і срэбра, і золата, і ўсі снадзі палажыў да скарбніцы дому Божага.

Тады згукаў Салямон старцоў Ізраеля і ўсі галавы плямёнаў, галоўных із айцоў сыноў Ізраельскіх, да Ерузаліму, узьнесьці скрыню змовы СПАДАРОВАЕ зь места Давідавага, каторае Сыён. І зьберліся да караля кажны Ізраелец на сьвята сёмага месяца. І прышлі ўсі старцы Ізраелявы; і панесьлі Левіты скрыню; І ўзьнесьлі скрыню а будан збору а ўсі рэчы сьвятыя, што ў вітальні, — узьнесьлі іх сьвятары а Левіты. Кароль жа Салямон а ўвесь збор Ізраеляў, што зьберся да яго перад скрыняю, абракалі аброкі з авец а валоў, каторых нельга палічыць а азначыць з прычыны множасьці. І прынесьлі сьвятары скрыню змовы СПАДАРОВАЕ на месца яе, да нутранога пакою дому, да Сьвятога-Сьвятых, пад крылы херуваў. І былі херувы з распушчанымі крыламі над месцам скрыні, і херувы ахіналі скрыню а нашулкі яе. І падоўжылі нашулкі, і канцы нашулак былі відаць із скрыні перад нутраным пакоям, звонку, адылі, ня было іх відаць; і былі яны там дагэтуль. Нічога ня было ў скрыні, апрача дзьвюх табліцаў, каторыя Масей палажыў у Горыве, як СПАДАР учыніў змову із сынамі Ізраелявымі, як яны вышлі зь Ягіпту.

І сталася, як сьвятары вышлі ізь сьвятыні, — бо ўсі сьвятары, што былі прытомныя, усьвяціліся, дык ня было патрэбы дзяржаць радоўкі. І Левіты пяюны, — усі яны, Асаф, Гэмая, Ідуфун, і сыны іхныя, і браты іхныя, — адзеўшыся ў цянюсенькае палатно, з цымбаламі а з псалтырамі а гусьлямі стаялі ля ўсходняга канца аброчніка і зь імі сто дваццацёх сьвятароў, у трубы трубячых, І былі, як адзін, трубялі а пяюны, выдаючы адзін голас на выхваленьне а дзякаваньне СПАДАРУ; і як разьлёгся гук трубаў а цымбалаў а музыцкіх снадзяў, і выхвалялі СПАДАРА, бо добры, бо на векі міласэрдзе Ягонае; тады булак напоўніў дом, дом СПАДАРОЎ. І не маглі сьвятары ўстоіць служыць з прычыны булаку, бо слава СПАДАРОВА напоўніла дом Божы.

Тады сказаў Салямон: «СПАДАР сказаў, што Ён зыча жыць у цемрадзі; І я пастанавіў дом перабываньня Табе і месца на быцьцё Твае на векі». І кароль павярнуўся відам сваім, і дабраславіў цэлую грамаду Ізраялян, — а ўся грамада Ізраялян стаяла, — І ён сказаў: «Дабраславёны СПАДАР, Бог Ізраеляў, Каторы, што казаў вуснамі Сваімі Давіду, айцу майму, тое выпаўніў рукамі Сваімі, кажучы: "Адгэнуль як Я вывеў люд Свой ізь зямлі Ягіпецкае, Я не абраў места ў ні водным із плямёнаў Ізраелявых на пастанаўленьне дому, у каторым перабывала б імя Мае, і не абраў чалавека, каторы быў бы гаспадаром люду Майго Ізраеля; Але абраў Ерузалім, каб там перабывала імя Мае, і абраў Давіда, каб ён быў над людам Майм Ізраелям". І было на сэрцу ў Давіда, айца майго, пастанавіць дом імені СПАДАРА, Бога Ізраелявага. Але СПАДАР сказаў Давіду, айцу майму: "У цябе ё на сэрцу пастанавіць дом Імені Майму; добра, што гэта ў цябе на сэрцу. Ня ты, адылі, пастановіш дом, а сын твой, каторы выйдзе ізь сьцёгнаў тваіх, — ён пастанове дом імені Майму". І споўніў СПАДАР слова Свае, каторае сказаў: я ўступіў на месца Давіда, айца свайго, і сеў на пасадзе Ізраелявым, як сказаў СПАДАР, і пастанавіў дом імені СПАДАРА, Бога Ізраелявага. І я пастанавіў там скрыню, у каторай змова СПАДАРА, учыненая Ім із сынамі Ізраелявымі».

І стаў ля аброчніка СПАДАРОВАГА сьпераду ўсяе грамады Ізраялян, і прасьцяг далоні свае, — Бо Салямон зрабіў мядзяную амбону, удаўжкі пяць локцяў і ўшыркі пяць локцяў, а ўвышкі тры локці, і пастанавіў яе сярод панадворку; і стаў на ёй, і ўкляк сьпераду ўсяго збору Ізраелявага, і прасьцяг далоні свае да неба, — І сказаў: «СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! Няма Бога, падобнага да Цябе, ані на нябёсах, ані на зямлі; Ты дзяржыш змову а ласку да слугаў Сваіх, перад табою ходзячых усім сэрцам сваім; Ты споўніў слузе Свайму Давіду, айцу майму, што Ты казаў яму; што сказаў Ты вуснамі Сваімі, тое ў дзень гэты споўніў рукою Сваёю. І цяпер, СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! споўні слузе Свайму Давіду, айцу майму, тое, што Ты сказаў яму, кажучы: "Ня будзе адцяты муж ад віду Майго, седзячы на пасадзе Ізраелявым, калі толькі сынове твае будуць глядзець дарогаў сваіх, каб хадзіць подле права Майго так, як ты хадзіў перад Імною". Дык цяпер, СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! хай будзе здойсьнена слова Твае, каторае Ты казаў слузе Свайму Давіду. Запраўды, ці Богу жыць ізь людзьмі на зямлі? калі неба а нябёсы нябёс ня тоўпяць Цябе, тым меней дом гэты, каторы я пастанавіў; Але глянь на малітву слугі Свайго і на просьбу яго, СПАДАРУ, Божа мой! пачуй гуканьне а малітву, катораю слуга Твой моліцца перад Табою. Хай будуць вочы Твае адчыненыя на дом гэты ўдзень і ночы, на месца, ідзе Ты абяцаў палажыць імя Свае, каб чуць малітву, катораю слуга Твой будзе маліцца на месцу гэтым. Пачуй маленьні слугі Свайго і люду Свайго Ізраеля, якімі яны будуць маліцца на месцу гэтым, пачуй зь месца перабываньня Свайго, зь нябёс, пачуй і даруй!

Як хто ізгрэша супроці прыяцеля свайго, і будуць вымагаць ад яго прысягі, каб ён прысягнуў, і будзе адбывацца прысяга перад аброчнікам Тваім у доме гэтым: Ты пачуй зь неба, і ўчыні, і рассудзі слугаў Сваіх, зьвярні нягоднаму, адплачуючы дарогу ягоную на ягонай собскай галаве, аправуючы справядлівага, даючы яму подле справядлівасьці ягонае.

Як люд Твой Ізраель будзе пераможаны непрыяцелям сваім за тое, што ізграшыў перад Табою, і яны навернуцца, і вызнаюць імя Твае, і будуць прасіць а маліцца перад Табою ў доме гэтым: Ты пачуй зь неба, і даруй грэх люду Свайго Ізраеля, і зьвярні іх да зямлі, каторую Ты даў ім а бацьком іхным.

Як замкнецца неба, і ня будзе дажджу за тое, што яны ізграшылі перад Табою, і будуць маліцца на месцу гэтым, і вызнаюць імя Твае, і адвернуцца ад грэху, бо Ты ўслышыў іх: Ты пачуй зь неба, і даруй грэх слугаў Сваіх і люду Свайго Ізраеля, паказаўшы ім добрую дарогу, па каторай ісьці ім, і пашлі дождж на зямлю Сваю, каторую Ты даў люду Свайму на спадак.

Галадоў калі будзе на зямлі, або будзе мор, або будзе вецер палячы, або іржа, шаранча або чэрві, або будуць ціснуць яго непрыяцелі на зямлі ў браме ягонай, якая бяда, якая хвароба: Кажную малітву, кажнае маленьне, якое будзе ад якога-лень чалавека альбо ад усёга люду Твайго Ізраеля, як яны пачуюць кажны бяду сваю а гора свае, і прасьцягнуць далоні свае да дому гэтага, Дык Ты пачуй зь неба — месца перабываньня Свайго, і даруй, і аддай кажнаму подле ўсіх дарогаў ягоных, каторага сэрца ты знаеш, — бо Ты толькі знаеш сэрцы сыноў людзкіх, — Каб яны баяліся Цябе й хадзілі дарогамі Тваімі ўсі дні, пакуль жывуць на зямлі, каторую Ты даў бацьком нашым.

І навет чужаземец, што ня зь люду Твайго Ізраеля, калі ён прыйдзе ізь зямлі далёкае дзеля імені Твайго вялікага, і рукі Твае магутнае, і цаўя Твайго выцягненага, і прыйдзе, і будзе маліцца ля дому гэтага: Ты пачуй зь неба, зь месца перабываньня Свайго, і зрабі ўсе, чаго будзе гукаць да Цябе чужаземец, каб пазналі ўсі люды зямлі імя Твае, і каб баяліся Цябе, як люд Твой Ізраель, і ведалі, што Тваім імям завецца дом гэты, каторы пастанавіў я.

Як выйдзе люд Твой на вайну супроці варагоў сваіх дарогаю, катораю Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Табе, абярнуўшыся да места гэтага, каторае абраў Ты, і да дому, каторы я пастанавіў імені Твайму: Пачуй зь неба малітву іхную а просьбу іхную, і спраў справу іхную. Як яны ізгрэшаць перад Табою, бо няма чалавека, што не ізграшыў бы, і Ты загневаешся на іх, і аддасі іх варагом, і яны возьмуць іх у палон да зямлі далёкае альбо блізкое, І як яны ў зямлі, да каторае будуць палонены, ахамянуцца ў сэрцу сваім, і навернуцца, і будуць маліцца Табе ў зямлі няволі свае, кажучы: "Мы ізграшылі, зрабілі бяспраўе, былі несправядлівыя"; І зьвернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёю ў зямлі няволі свае, куды завядуць іх у палон, і будуць маліцца, абярнуўшыся да зямлі, каторую Ты даў бацьком іхным, і да места, каторае абраў Ты, і да дому, каторы пастанавіў я імені Твайму; Дык пачуй зь неба, месца перабываньня Свайго, малітву іхную а маленьне іхнае, і спраў справу іхную, і даруй люду Свайму, у чым ён ізграшыў перад Табою. А цяпер, Божа мой! хай будуць жа вочы Твае адчыненыя й вушы Твае ўважлівыя да малітвы на месцу гэтым. І цяпер, СПАДАРУ Божа, стань на месца супакою Свайго, Ты а скрыня магутнасьці Твае. Сьвятары Твае, СПАДАРУ Божа, хай адзенуцца ў спасеньне, і сьвятыя Твае хай вяселяцца ў дабру. СПАДАРУ Божа! не адхіні віду памазанца Свайго, успомні міласэрдзе да Давіда, слугі Свайго».

Як скончыў Салямон малітву, зышло цяпло зь неба, праглынула ўсепаленьне а аброкі, і слава СПАДАРОВА напоўніла дом. І не маглі сьвятары ўвыйсьці да дому СПАДАРОВАГА, бо слава СПАДАРОВА напоўніла дом СПАДАРОЎ. І ўсі сынове Ізраелявы, бачачы, як зышло цяпло й слава СПАДАРОВА на дом, палі відам на зямлю, на мост, і пакланіліся, і выхвалялі СПАДАРА, бо Ён добры, бо на векі міласэрдзе Ягонае. Кароль жа а ўвесь люд пачалі абракаць аброкі перад відам СПАДАРА. І аброк кароль Салямон на аброк дваццаць дзьве тысячы валоў і сто дваццаць тысячаў авец: гэтак пасьвяцілі дом Божы кароль а ўвесь люд. Сьвятары стаялі ў службе сваёй, і Левіты з музыцкімі снадзьмі СПАДАРОВЫМІ, каторыя зрабіў кароль Давід да выхваляньня СПАДАРА, бо на векі міласэрдзе Ягонае, бо Давід выхваляў імі; сьвятары ж трубілі перад ім, і ўвесь Ізраель стаяў.

І пасьвяціў Салямон і нутраную часьць панадворку, што перад домам СПАДАРОВЫМ, бо там аброк усепаленьні а тук супакойных аброкаў, бо аброчнік мядзяны, зроблены Салямонам, ня мог тоўпіць усепаленьня, і хлебнага аброку, і тукаў. І зрабіў Салямон таго часу сямідзеннае сьвята, і ўвесь Ізраель ізь ім — грамада вельма вялікая, ад уходу ў Гамаф аж да ракі Ягіпецкае. І зрабілі восьмага дня ўрочысты збор, бо пасьвячэньне аброчніка рабілі сем дзён і сьвята сем дзён. І дваццаць трэйцяга дня сёмага месяца адпусьцілі люд да буданоў іхных, каторы радаваўся а весяліўся ў сэрцу з дабра, якое ўчыніў СПАДАР Давіду а Салямону а Ізраелю, люду Свайму. І скончыў Салямон дом СПАДАРОЎ а дом каралеўскі; і ў вусім, што задумаў Салямон у сэрцу зрабіць у доме СПАДАРОВЫМ і ў сваім собскім доме, ён меў дасьпех. І зьявіўся СПАДАР Салямону ночы, і сказаў яму: «Я пачуў малітву тваю і абраў Сабе месца гэтае на дом абраканьня. Калі Я замкну неба і ня будзе дажджу, і калі раскажу шаранчы жэрці зямлю, альбо пашлю мор на люд Свой; Калі скарыцца люд Мой, што завецца імям Маім, і будзе маліцца а шукаць віду Майго, і адвернуцца ад благіх дарогаў сваіх, то Я пачую зь неба, і дарую грахі іхныя, і ўздараўлю зямлю іхную. Цяпер вочы Мае будуць адчыненыя й вусны ўважлівыя да малітвы на месцу гэтым. І цяпер Я абраў а пасьвяціў дом гэты, каб імя Мае было там на векі; і вочы Мае а сэрца Мае будуць там усі дні. І калі ты будзеш хадзіць перад відам Маім, як хадзіў Давід, айцец твой, і рабіць подле ўсёга, што Я расказаў табе, і дзяржаць уставы Мае а суды Мае; То Я ўмацую пасад каралеўства твайго, як Я змовіўся з Давідам, айцом тваім, кажучы: "Ня будзе адцяты ў цябе муж-гаспадар у Ізраелю". Калі ж вы адвернецеся й пакінеце ўставы Мае а расказаньні Мае, каторыя Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць багом іншым, і кланяцца ім, То Я выкараню іх ізь зямлі, каторую Я даў ім, і гэты дом, што Я пасьвяціў імені Свайму, адхіну ад віду Свайго, і аддам яго на прыказь а пасьмех усіх народаў. І з дому гэтага, што быў найвышшы, кажны, міма яго праходзячы, зумеецца й скажа: "За што ўчыніў так СПАДАР ізь зямлёю гэтаю і з домам гэтым?" І скажуць: "За тое, што яны пакінулі СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, каторы вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае, і ўхапіліся за багоў іншых, і кланяліся ім, і служылі ім, — за тое Ён навёў на іх усе гэтае ліха"».

І сталася ў канцы дваццатых год, як Салямон пастанавіў дом СПАДАРУ і свой дом, Што тыя месты, каторыя даў Салямону Гурам, Салямон забудаваў і асяліў там сыноў Ізраелявых. І пайшоў Салямон на Гамаф-Сову, і перамог яе. І пастанавіў ён Фадмор на пустыні, і ўсі месты складаў заклаў у Гамафе. Ён забудаваў Веф-Горон вышні й Веф-Горон дольні, месты ўмацаваныя, ізь сьценамі, брамамі а заваламі, І Ваалаф, і ўсі месты дзеля запасаў, што былі ў Салямона, і ўсі месты дзеля цялежак, і месты коньнікам, і ўсе, што зычыў Салямон пастанавіць у Ерузаліме, і на Лібане, і ў вусёй зямлі дзяржавы свае. Увесь люд, засталы ад Гэцічаў а Аморэяў а Перэзэяў а Гэвеяў а Евусэяў, каторыя ня з Ізраялян, — Дзяцей іхных, засталых просьле іх у зямлі, каторых сынове Ізраелявы ня зьнішчылі, — абярнуў Салямон у даньнікаў аж дагэтуль.

Із сыноў жа Ізраелявых не аддаў Салямон за нявольнікаў да свае работы, бо яны ваюны, і князі-ўраднікі, і князі над цялежкамі й коньнікамі ягонымі.

І гэта князі-ўраднікі, што былі ў караля Салямона, дзьвесьце пяцьдзясят, каторыя радзілі люд.

І ўзьвёў Салямон дачку фараонаву зь места Давідавага да дому, каторы пастанавіў ёй; бо, казаў ён: «Ня мае жыць жонка ў мяне ў дамове Давідавай, караля Ізраельскага, бо месцы сьвятыя яны, бо ўвыйшла ў іх скрыня СПАДАРОВА».

Тады Салямон абракаў усепаленьні СПАДАРУ на аброчніку СПАДАРОВЫМ, каторы ён збудаваў перад сеньмі; І таксама кажную рэч упару абракаў подле расказаньня Масеявага ў сыботы, на маладзіку месяцаў і ў урочыстыя сьвяты, трэйчы ў год: у сьвята праснакоў, і ў сьвята тыдняў, і ў сьвята буданоў. І ўстанавіў, подле загады Давіда, айца свайго, радоўку сьвятаром да службы іхнае і Левітам да абавязку іхнага, хваліць а паслугаваць перад сьвятарамі, усе спраўляць упару; таксама брамнікам радоўку ў кажнай браме, бо так расказаў Давід, чалавек Божы. І не адхіналіся ад расказаньня караля сьвятаром а Левітам у кажнай справе і ўзглядам скарбаў. Гэтак заладжана была ўся работа Салямонава ад дня закладзінаў дому СПАДАРОВАГА аж да супоўнага сканчэньня яго, дому СПАДАРОВАГА.

Тады пайшоў Салямон да Ецон-Ґаверу а да Елофу, каторы на беразе мора, у зямлі Едомскай. І прыслаў яму Гурам служцамі сваімі караблі й слугаў, зналых мора, і яны паплылі із служцамі Салямонавымі да Офіру, і ўзялі стуль чатырыста пяцьдзясят таланяў золата, і прывезьлі каралю Салямону.

І караліца Шэвы пачула праз славу Салямонаву, і прыехала выпрабаваць Салямона загадкамі да Ерузаліму, зь вельмі шмат прыданымі, і зь вярблюдамі, пахнючыя рэчы нясучымі, і множасьцьмі золата а дарагога каменьня. І прышла да Салямона, і мужавала зь ім праз усе, што было ў яе на сэрцу. І зьясьніў Салямон ёй усі словы ейныя, і не знайшлося нічагусенькі няведамага Салямону, чаго не зьясьніў бы ён ёй. І абачыла караліца Шэўская мудрасьць Салямона й дом, што ён пастанавіў, І ежу за сталом ягоным, і сяданьне слугаў ягоных, і стаяньне паслугачых яму, і ўборы іхныя; таксама чашнікаў ягоных а ўборы іхныя, і ўсходы, каторымі ён узыходзіў да дому СПАДАРОВАГА, і заняло ёй дух. І сказала каралю: «Праўдзівае тое слова, што я чула ў маёй зямлі празь дзеяльнасьць тваю а праз мудрасьць тваю; Але я не верыла словам празь іх, пакуль ня прышла й не абачыла ачыма сваімі. І вось, імне й палавіцы не сказалі праз множасьць мудрасьці твае: ты пераходзіш галасы, якія я чула. Шчасьлівыя людзі твае, і шчасьлівыя гэтыя служцы твае, каторыя кажначасна становяцца перад табою й слухаюць мудрасьць тваю! Хай будзе дабраславёны СПАДАР, Бог твой, Каторы зычыў пасадзіць цябе на пасад Свой за караля ў СПАДАРА, Бога твайго. Зь любосьці Бога да Ізраеля, каб умацаваць яго на векі, устанавіў цябе за караля над ім, чыніць суд а справядлівасьць». І яна падаравала караля сто дваццацьма таланямі золата; вялікаю множасьцю пахнючых рэчаў, і дарагім каменьням; і ня бывала такіх пахнючых рэчаў, якімі падаравала караліца Шэўская караля Салямона. І служцы Гурамовы, і служцы Салямонавы, што прывезьлі золата з Офіру, прывезьлі й дзерва альґуміну, і дарагога каменьня. І зрабіў кароль із тога дзерва альґуміну масткі да дому СПАДАРОВАГА а да палацу каралеўскага, і гарпы, і псалтыры пяюном. І ня бачана было падобнага, да гэтага ўперад у зямлі Юдэйскай. Кароль жа Салямон падараваў караліцу Шэўскую ўсім, чаго яна зычыла і чаго яна прасіла, апрача такіх рэчаў, якія яна прывезла каралю. І яна выправілася, паехала да зямлі свае, яна а служцы ейныя.

Вагі ж золата, што прыходзіла да Салямона за адзін год, было шасьцьсот шасьцьдзясят шэсьць таланяў золата, Апрача таго, паслы й купцы прыносілі, і ўсі каралі Арабскія, і дзяржаўцы краю прыносілі золата а срэбра Салямону. І зрабіў Салямон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата, — па шасьцьсот каванага золата пайшло на кажны шчыт, — І трыста шчытоў малых із каванага золата, — па трыста золата пайшло на кажны шчыт; і пастанавіў іх кароль у доме зь лібанскага лесу.

І зрабіў кароль вялікі пасад із сланёвае косьці, і пацягнуў чыстым золатам, І шэсьць уступцоў да пасаду, і залатая казулька, да пасаду прыроблена, і поручні паабапал седава, і два лявы, ля поручняў стаячыя, І двананцаць лявоў, там на шасьцёх уступцох паабапал стаячых. Ня бывала такога ў ні водным каралеўстве. І ўсе судзьдзё да піцьця ў караля Салямона із золата, і ўсе судзьдзё ў доме зь лібанскага лесу із золата выборнага; нічога із срэбра, яго за дзён Салямонавых мелі за нішто; Бо караблі каралёвы хадзілі да Таршышу із служцамі Гурамовымі, і за тры гады раз зварачаліся караблі з Таршышу, і прывозілі золата а срэбра, сланёвую косьць а налпы а павы.

І перайшоў кароль Салямон усіх каралёў зямлі багацьцям а мудрасьцю. І ўсі каралі зямлі жадалі бачыць Салямона, каб паслухаць мудрасьці ягонае, каторую ўлажыў Бог у сэрца ягонае. І прыносіў кажны свой дар, судзьдзё срэбнае, і судзьдзё залатое, і адзецьці, зброю й пахнючыя рэчы, коні а аслы, кажную рэч упару.

І меў Салямон чатыры тысячы стайняў, і цялежак, і двананцаць тысячаў коньнікаў, каторыя ён памясьціў у цялежкавых местах і пры каралю — у Ерузаліме. І панаваў ён над усімі каралямі, ад Ракі аж да зямлі Пілісцкае і аж да граніцаў Ягіпту. І даў кароль срэбра ў Ерузаліме, як каменьня, і кедраў даў, як сыкамораў, каторых множасьць у далінах. І прыводзілі Салямону коні зь Ягіпту і з усіх земляў. Засталыя справы Салямонавыя, першыя й апошнія, ці не апісаны ў кнізе Нафана прарокі, і ў прароцтве Агіі Шыляніна, і ў відзенях Ідда відзеньніка празь Еровоама Невацёнка? І караляваў Салямон у Ерузаліме над усім Ізраелям сорак год. І супачыў Салямон із бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў месьце Давіда, айца ягонага. І закараляваў Рэговоам, сын ягоны замест яго.

І пайшоў Рэговоам да Шыхему, бо да Шыхему зышліся ўсі Ізраеляне, устанавіць яго за караля.

Як пачуў праз гэта Еровоам Невацёнак, — ён быў у Ягіпце, куды ўцёк ад караля Салямона, — то зьвярнуўся Еровоам ізь Ягіпту; І паслалі, і гукалі яго; і прышоў Еровоам а ўвесь Ізраель, і гукалі Рэговоаму гэтах: «Айцец твой налажыў на нас цяжкое йго, але ты палягчы мазольную работу айца свайго і цяжкое йго, што налажыў ён на нас, і мы будзем служыць табе». І ён сказаў ім: «Прыходзьце йзноў да мяне за тры дні». І люд адышоў.

І радзіўся кароль Рэговоам у старцоў, што станавіліся перад відам Салямона, айца ягонага, за жыцьця яго, кажучы: «Як вы парадзіце адказаць люду гэтаму?» Яны сказалі яму: «Калі ты будзеш добры да люду гэтага, і ўладзіш ім, і будзеш гукаць да іх словы добрыя, то яны будуць слугамі тваімі ўсі дні». Але ён пакінуў раду старцоў, каторую радзілі яму, і радзіўся ў маладзёнаў, што вырасьлі разам ізь ім, станавіліся перад відам ягоным; І сказаў ім: «Што вы парадзіце імне адказаць люду гэтаму, каторы гукаў імне гэтак: "Палягчы йго, што налажыў на нас айцец твой"?» І казалі яму маладзёны, выраслыя разам ізь ім, кажучы: «Гэтак скажы люду, што гукаў табе: "Айцец твой налажыў на нас цяжкое йго, а ты палягчы нам", гэтак скажы ім: "Мезінец мой тоўстшы за сьцёгны айца майго. Дык айцец мой налажыў на вас цяжкое йго, а я павялічу йго вашае; айцец мой караў вас пугамі, а я — вузлаватымі пугамі"».

І прышоў Еровоам а ўвесь люд да Рэговоама на трэйці дзень, як расказаў кароль, сказаўшы: «Прыйдзіце да мяне на трэйці дзень». Тады кароль адказаў ім стродка, і пакінуў кароль Рэговоам раду старцоў, І казаў ім подле рады маладзёнаў, кажучы: «Айцец мой пацяжарыў на вас іго, а я павялічу яго; айцец мой караў вас пугамі, а я — вузлаватымі пугамі». І не паслухаў кароль люду, бо так прычынена было Богам, каб СПАДАР мог споўніць слова Свае, што гукаў Ён Агіям Шылянінам Еровоаму Невацёнку. Як увесь Ізраель абачыў, што кароль яго ня слухае, то адказаў люд каралю, кажучы: «Якая нам дзель у Давіду? нямаш нам спадку ў сыну Есэвым: па буданох сваіх, Ізраелю!» І разышліся ўсі Ізраяляне па буданох сваіх.

І сынове Ізраелявы жылі ў местах Юдзіных, і караляваў над імі Рэговоам. І паслаў кароль Рэговоам Гадорама, што над даняю, але сынове Ізраелявы ўкаменавалі яго ажно ён памер.

Кароль жа Рэговоам пабарзьдзіў усьсесьці на цялежкі, каб уцячы да Ерузаліму. І збунтаваліся Ізраяляне супроці дому Давідавага дагэтуль.

І прыбыў Рэговоам да Ерузаліму, і згукаў з дому Юдзінага а Веняміновага сто асьмідзясят тысячаў выборных вояў, каб ваяваць із Ізраелям і зьвярнуць каралеўства Рэговоаму.

І было слова СПАДАРОВА да Шэмаі, чалавека Божага, кажучы: «Скажы Рэговоаму Салямоненку, каралю Юдэйскаму, і ўсяму Ізраелю ў Юдэі а Веняміне, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Ня ўзыходзьце й не ваюйце з братамі сваімі; зьвярніцеся кажны да дому свайго, бо ад Мяне было гэта’"». Яны паслухалі слоў СПАДАРОВЫХ, і зьвярнуліся з паходу на Еровоама.

Рэговоам жыў у Ерузаліме, і збудаваў абаронныя месты ў Юдэі; І збудаваў Бэтлеем а Ефам а Фекою А Вефцур а Сохо а Адулам А Ґаф а Марэшу а Зыф А Адораім а Лахіш а Азэку А Цору а Айялон а Гэўрон, месты ўмацаваныя, што ў Юдзе а Веняміне. І ўмацаваў ён гарады, і ўстанавіў у іх вайводцаў, і склады еміны а алівы а віна, І ў кажным асобным месьце злажыў шчыты а дзіды, і дужа іх умацаваў, маючы на сваім баку Юду а Веняміна. І сьвятары й Левіты, што па ўсёй зямлі Ізраельскай, станавіліся да яго з усіх канцоў сваіх; Бо пакінулі Левіты перадмесьці свае а дзяржавы свае, і прышлі да Юдэі а да Ерузаліму, бо аддаліў іх Еровоам а сыны ягоныя ад сьвятарства СПАДАРОВАГА, І прызначыў у сябе сьвятароў да ўзвышшаў а да казлоў а да цялят-бычкоў, каторыя ён зрабіў. А за імі з усіх плямёнаў Ізраелявых, што пасьвяцілі сэрцы свае, шукаць СПАДАРА, Бога Ізраелявага, прыходзілі да Ерузаліму абракаць СПАДАРУ, Богу айцоў сваіх. І ўмацавалі яны каралеўства Юдзіна, і пасілілі за тры гады Рэговоама Салямоненка, бо хадзілі дарогаю Давідаваю а Салямонаваю гэтыя тры гады.

І ўзяў сабе Рэговоам за жонку Магалафу, дачку Ерымофа Давідзёнка, і Авігаілу, дачку Елява Есянка. І яна нарадзіла яму сыноў: Еуша а Шэмару а Загама. Просьле яе ён узяў Мааху Аўсаломішку, і яна нарадзіла яму Авію а Аттая а Зызу а Шелофіма. І любіў Рэговоам Мааху Аўсаломішку болей за ўсі жонкі а мамошкі свае; бо ён меў асьмінанцаць жонак і шасьцьдзясят мамошак, і нарадзіў дваццаць восьмі сыноў і шасьцьдзясят дачок. І прызначыў Рэговоам Авію, сына Маашынага, за начэльніка над братамі ягонымі, каб устанавіць яго за караля. І дзеяў разумна і разьмясьціў усіх сыноў сваіх па ўсіх землях Юдзіных а Веняміновых, да ўсіх абаронных местаў, і даў ім шмат еміны, і пазнаходзіў шмат жонак.

І сталася, як каралеўства Рэговоамова ўтрывалілася, і ён стаў дужым, тады пакінуў ён права СПАДАРОВА, і ўвесь Ізраель ізь ім.

І сталася на пятым годзе караляваньня Рэговоамовага, што ўзышоў Шышак, кароль Ягіпецкі, на Ерузалім, — бо яны ізрадзілі СПАДАРА, — З тысяча дзьвесьце цялежкамі і з шасьцьдзясят тысячамі коньнікаў; і ня было ліку люду, што прышоў ізь ім ізь Ягіпту, Лібянам, Суккіімам а Ефіоплянам; І ўзяў умацаваныя месты ў Юдэі, і прышоў да Ерузаліму. І прышоў Шэмая прарока да Рэговоама а князёў Юдэі, што былі зьбершыся ў Ерузаліме, ад Шышака, і сказаў ім: «Гэтак кажа СПАДАР: "Вы пакінулі Мяне, за тое Я пакіну вас у рукі Шышаку"». І ўкарыліся князі Ізраелявы а кароль, і сказалі: «Справядлівы СПАДАР!» Як абачыў СПАДАР, што яны ўкарыліся, тады было слова СПАДАРОВА да Шэмаі, кажучы: «Яны ўкарыліся; ня выгублю іх, і неўзабаве дам ім выбаўленьне, і ня выльлецца гнеў Мой на Ерузалім рукою Шышаковаю; Будуць яны, адылі, нявольнікамі ягонымі, каб ведалі, што знача служыць Імне і служыць каралеўствам земным».

І ўзышоў Шышак, кароль Ягіпецкі, да Ерузаліму, і ўзяў скарбы дому СПАДАРОВАГА й скарбы дому каралеўскага; усе ўзяў ён: узяў і малыя шчыты залатыя, каторыя зрабіў Салямон. І зрабіў кароль Рэговоам замест іх малыя шчыты мядзяныя, і паручыў іх начэльніку ганцоў, што сьцераглі ўход да дому каралеўскага. І, як толькі кароль уходзіў да дому СПАДАРОВАГА, прыходзілі ганцы, і несьлі іх, і адносілі іх ізноў да пакою ганцоў. І як ён укарыўся, тады адвярнуўся ад яго гнеў СПАДАРОЎ і ня згубіў яго канчальна; дый у Юдэі было шмат чаго добрага.

І ўмацаваўся кароль Рэговоам у Ерузаліме, і гаспадарстваваў; бо сорак адзін год быў Рэговоаму, як ён загаспадарстваваў, і сямнанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме, у месьце, што з усіх плямёнаў Ізраелявых абраў СПАДАР, каб там перабывала імя Ягонае. Імя маці ягонае Наама Амонянка. І рабіў ён ліха, бо не прыгатаваў сэрца свайго да тога, каб шукаць СПАДАРА. І справы Рэговоамовы, першыя й апошнія, ціж не апісаны яны ў кнігах Шэмаі прарокі й Адды відзеньніка: «Радаводныя кнігі»? І былі войны ў Рэговоама зь Еровоамом усі дні. І супачыў Рэговоам із айцамі сваімі, і пахаваны ў месьце Давідавым. І загаспадарстваваў Авія, сын ягоны, замест яго.

Асьмінанцатага году дзяржавы Еровоама загаспадарстваваў Авія над Юдаю. Тры гады ён гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Міхая Урэлішка, з Ґівы. І была вайна ўв Авіі зь Еровоамом. І наснудзіў Авія на вайну войска, што складалася зь людзёў харобрых, з чатырыста тысячаў выборных чалавекаў; а Еровоам вышаў супроці яго на вайну з асьмісот тысячаў чалавекаў, выборных, харобрых.

І стаў Авія на версе гары Цэмараімскае аднае з гораў Яхрэмавых, і сказаў: «Паслухайце мяне, Еровоаме а ўсі Ізраяляне! Ці ня ведаеце вы, што СПАДАР, Бог Ізраеляў, даў каралеўства Давіду над Ізраелям навекі, яму а сыном ягоным — змоваю солі? Але ўзьняўся Еровоам Невацёнак, слуга Салямона Давідзёнка, і збунтаваўся супроці спадара свайго. І зьберліся да яго пустыні, сынове веляла і ўмацаваліся супроці Рэговоама Салямоненка; Рэговоам жа быў малады а лентага сэрца, і ня вытрываў супроці іх. І цяпер вы думаеце вытрываць супроці каралеўства СПАДАРОВАГА ў руццэ сыноў Давідавых, і вас вялікая множасьць, і з вамі залатыя цяляты, каторыя Еровоам зрабіў вам за багоў. Ці ня вы выгналі сьвятароў СПАДАРОВЫХ, сыноў Ааронавых, і Левітаў, і нарабілі сьвятароў падобна да народаў земляў? Хто прыходзе да пасьвячэньня свайго зь цялём-бычком а ізь сяма баранамі, можа быць сьвятаром таму, хто ня Бог. Але што да нас — СПАДАР Бог наш, і мы не пакінулі Яго, і СПАДАРУ служаць сьвятарове, сынове Ааронавы, і Левітаве на сваім занятку. І кадзяць яны СПАДАРУ, абракаюць усепаленьні кажнае раніцы й кажнага вечара й пахнючае кадзіла, і выкладаюць хлеб на чыстым стале, і залаты сьветач а лянпы, каб гарэлі кажнага вечара; бо мы дзяржым загаду СПАДАРА, Бога свайго, а вы пакінулі Яго. І вось, у нас на чале Бог, і сьвятарове Ягоныя, каб трубіць супроці вас. Сынове Ізраелявы! не ваюйце із СПАДАРОМ, Богам айцоў сваіх, бо не адзяржыце дасьпеху».

І Еровоам загадаў засадзе зайсьці адзаду ім, так што быў сьпераду Юдэяў, а засада адзаду іх. І азірнуліся Юдэі, і вось, ім бітва сьпераду й адзаду; і загаласілі яны да СПАДАРА, а сьвятарове затрубілі ў трубы. І гукнулі Юдэі; і, як гукнулі мужы Юдэйскія, Бог паразіў Еровоама а ўсіх Ізраялян перад відам Авіі а Юды. І ўцякалі сынове Ізраелявы ад Юдэяў, і аддаў іх Бог у рукі іхныя. І Авія, і люд ягоны паразілі іх вялікаю паразаю: і пала забітых у Ізраелю пяцьсот тысячаў чалавекаў выборных. І ўкарыліся сынове Ізраелявы таго часу, і былі дужыя сынове Юдзіны, бо здаваліся на СПАДАРА, Бога айцоў сваіх. І гнаўся Авія за Еровоамам, і ўзяў у яго месты: Бэт-Эль а местачкі яго, і Ешану а местачкі яе, і Ефрон а местачкі яго. І не падужэў ужо Еровоам за дзён Авііных. І паразіў яго СПАДАР, і ён памер.

Авія ж умацаваўся; і ўзяў сабе чатырнанцаць жонак, і нарадзіў дваццаць двух сыноў і шаснанцаць дачок. І засталыя справы Авііны, і дарогі ягоныя, і мовы ягоныя апісаны ў зьясьненьню прарокі Ідды.

І супачыў Авія з айцамі сваімі, і пахавалі яго ў месьце Давідавым. І загаспадарстваваў Аса, сын ягоны, замест яго. За дзён яго была ціхая зямля дзесяць год.

І рабіў Аса добрае а справядлівае ў ваччу СПАДАРА, Бога свайго. І аддаліў ён аброчнікі чужыя і ўзвышшы, і разьбіў асобкі, і высек гаі; І расказаў Юдэям шукаць СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, і паўніць права а расказаньні. І адхінуў ён па ўсіх местах Юдзіных узвышшы а сонечныя абразы. І ўціхамірылася каралеўства ягонае за дзён яго. І пабудаваў ён абаронныя месты ў Юдэі; бо было ў зямлі ціха, і ня было ў яго вайны тыя гады, бо СПАДАР даў яму супапой. І сказаў ён Юдэям: «Збудуйма гэтыя месты, і збудуйма сьцены навокал, і вежы, брамы а завалы, пакуль зямля наша перад намі; бо мы шукалі СПАДАРА, Бога свайго, мы шукалі, і даў нам супакой навокал». Дык яны будавалі й мелі дасьпех.

І было ўв Асы войска: носячых шчыты а дзіды зь Юды трыста тысячаў, і зь Веняміна носячых малыя шчыты і страляючых із луку дзьвесьце асьмідзясят тысячаў; усі яны дужасілы. І вышаў на іх Зэраг Ефіоплянін із войскам тысяча тысячаў і з трыста цялежак, і дайшоў да Марэшы. І вышаў Аса супроці яго, і зладзіліся на бітву на даліне Цэфата ля Марэшы. І загукаў Аса да СПАДАРА, Бога свайго, і сказаў: «СПАДАРУ! Ці не ў Тваёй моцы памагчы або чысьленым, або тым, што ня маюдь сілы? памажы ж нам, СПАДАРУ, Божа наш; бо мы на Цябе спадзяемся і ў імя Твае вышлі мы супроці множасьці гэтае. СПАДАРУ, Божа наш! хай не пераможа Цябе чалавек».

І паразіў СПАДАР Ефіоплян перад відам Асы а перад відам Юды; і ўцякалі Ефіопляне. І гнаўся за імі Аса а люд, што быў ізь ім, аж да Ґерару, і палі зь Ефіоплян, ажно ў іх нікога не засталося жывога; бо яны былі зломлены перад СПАДАРОМ і перад табарам Ягоным. І набралі здабытку вялікую множасьць. І паразілі ўсі месты навокал Ґерару, бо напаў на іх жах ад СПАДАРА; і разглабалі ўсі месты, бо шмат здабытку ў іх было. Яны таксама буданы стадаў паразілі, і пагналі множасьць авец а вярблюдоў, і зьвярнуліся да Ерузаліму.

І Дух Божы зышоў на Азару Одэдзёнка. І вышаў ён наўпярэймы Асе, і сказаў яму: «Паслухайце мяне Аса а ўвесь Юда а Венямін: СПАДАР із вамі, як вы зь ім; і калі будзеце шукаць Яго, знойдзеце Яго; калі ж пакінеце Яго, Ён пакіне вас. І шмат дзён Ізраель быў без праўдзівага Бога, і без сьвятара-вучыцеля, і бяз Права; Але як яны ў немарасьці сваёй навярнуліся да СПАДАРА, Бога Ізраелявага, і шукалі Яго, і Ён даўся ім знайсьці. І тых часоў ня было супакою таму, хто вышаў, ані таму хто ўвыйшоў; бо вялікая замятня была ў вусіх жыхараў земляў. І народ губіў народ, і места — места, бо СПАДАР парушаў іх усімі немарасьцьмі. Але вы будзьце моцныя, і хай ня слабнуць рукі вашыя, бо Ён надгарода за ўчынкі вашыя».

І як Аса пачуў гэтыя словы а прароцтвы Одэдзёнка прарокі, ён асьмеліўся й выкінуў агідныя балваны з усяе зямлі Юдзінае а зь Веняміновае а зь местаў, што ён заваяваў на гары Яхрэмавай, і аднавіў аброчнік СПАДАРОЎ, каторы перад сеньмі СПАДАРОВЫМІ. І зьбер усяго Юду а Веняміна а чужнікоў ізь імі зь Яхрэма а Манаса а із Сымона, бо множасьць іх перайшло з Ізраеля, як яны абачылі, што СПАДАР, Бог ягоны, зь ім.

І зьберліся да Ерузаліму трэйцяга месяца, пятнанцатага году дзяржавы Асы; І абраклі таго дня СПАДАРУ із здабытку, каторы прывялі, з буйнога статку сямсот і з драбнога сем тысячаў; І ўвыйшлі ў змову, каб шукаць СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, з усяго сэрца свайго і з усяе душы свае. А кажны, хто ня будзе шукаць СПАДАРА, Бога Ізраелявага, мае памерці, ад малога аж да вялікага і ад мужчыны аж да жонкі. І прысягалі СПАДАРУ голасна, і з гуканьням, і з трубамі, і з рагамі. І цешыліся ўсі Юдэі з гэтае прысягі, бо прысягалі з усяго сэрца свайго, і з усім жаданьням шукалі Яго, і Ён даўся ім знайсьці. І даў ім СПАДАР супакой навокал. І Мааху, маці сваю, кароль спабыў годнасьці караліцы за тое, што яна зрабіла агіду ў гаю. І пасек Аса балвана, і патоўк, і спаліў ля цур’я Кідрону. Хоць узвышшы ня былі аддалены ў Ізраелю, але сэрца Асіна было дасканальнае ўсі дні яго. І прынёс ён да дому СПАДАРОВАГА пасьвячэньні айца свайго і свае пасьвячэньні — срэбра а золата а судзьдзё. І ня было вайны да трыццаць пятага году дзяржавы Асы.

Трыццаць шостага году дзяржавы Асы, пайшоў Вааша, кароль Ізраельскі, на Юдэю і пачаў будаваць Раму, каб не дазволіць выходзіць ад Асы, караля Юдэйскага, ані прыходзіць. І вынес Аса срэбра а золата із скарбніцаў дому СПАДАРОВАГА а дому каралеўскага, і паслаў да Вен-Гадада, караля Арамскага, што жыў у Дамашку, кажучы: «Змова хай будзе меж імною й табою, і меж айцом маім і айцом тваім; вось, я пасылаю табе срэбра а золата: пайдзі, узруш змову сваю з Ваашаю, каралём Ізраельскім, каб ён адступіў ад мяне». І паслухаў Вен-Гадад караля Асы, і паслаў вайводцаў, што ў яго, супроці местаў Ізраельскіх, і яны заваявалі Іён а Дан а Авелмаім а ўсі сьвірны запасаў у местах Наффалімовых. І сталася, як пачуў Вааша, то пакінуў будаваць Раму і перарваў сваю работу.

Аса ж кароль зьбер усіх Юдэяў, і яны вынесьлі камяні Рамы а дзервы яе, каторыя ўжываў Вааша на будоўлю, і збудаваў зь іх Ґеву а Міцпу.

Таго часу прышоў Ганані, відзеньнік, да Асы, караля Юдэйскага, і сказаў яму: «За тое, што ты здаўся на караля Арамскага, а ня здаўся на СПАДАРА, Бога свайго, войска караля Арамскага ўцякло з рукі твае. Ці ня былі Ефіопляне а Лібяне ізь сілаю большаю, і зь цялежкамі, і коньнікамі вельмі чысьленымі? Але як ты аперся на СПАДАРА, то Ён аддаў іх у руку тваю; Бо вочы СПАДАРОВЫ аглядаюць усю зямлю, каб памагаць тым, чые сэрца дасканальнае перад Ім. Дык дурна ты зрабіў; за тое адгэтуль будуць у цябе войны». І зазлаваўся Аса на відзеньніка, і аддаў яго ў вязьніцу, бо ён быў злы на яго з гэтае прычыны; і ўціскаў Аса некатрых ізь люду ў тым самым часе.

І вось, справы Асіны, першыя й апошнія, і вось, яны апісаныя ў кнізе каралёў Юдэйскіх а Ізраельскіх. І захварэў Аса на ногі на трыццаць дзявятым годзе дзяржавы свае, аж ягоная хвароба дайшла да найвышшае бодкі; але ён у хваробе сваёй шукаў не СПАДАРА, але лекараў. І супачыў Аса з айцамі сваімі, і памер на сорак першым годзе дзяржавы свае. І пахавалі яго ў ягоных грабох, каторыя ён зрабіў сабе ў месьце Давідавым; і палажылі яго на ложку, што быў напоўнены пахамі й рознымі масьцямі, прыгатаванымі аптакарскім уменьням, і спалілі іх яму цяплом вельма, вельма вялікім.

І закараляваў Ясапат, сын ягоны, замест яго; і ўмацаваўся ён супроці Ізраеля. І пастанавіў ён войска ў вусі ўмацаваныя месты Юдэі, і расстанавіў абароннае войска па зямлі Юдэйскай а па местах Яхрэмавых, каторыя ўзяў Аса, айцец ягоны. І быў СПАДАР ізь Ясапатам, бо ён хадзіў першымі дарогамі Давіда, айца свайго, і ня шукаў Ваалоў; Але Бога айца свайго шукаў, і хадзіў у расказаньнях Ягоных, а ня подле падзеяў Ізраеля. І ўмацаваў СПАДАР каралеўства ў руццэ ягонай, і давалі ўсі Юдэі дары Ясапату, і было ў яго шмат багацьця а славы. І ўзьнялося сэрца ягонае на дарогах СПАДАРОВЫХ; і таксама аддаліў ён узвышшы а гаі ў Юдэі.

Трэйцяга году дзяржавы свае, ён паслаў князёў сваіх: Бенгаіла а Оваду а Захару а Нефанэля а Міхаю, вучыць люд па местах Юдзіных, І зь імі Левітаў: Шэмаю а Нефаню а Зэваду а Азагэля а Шэмірамофа а Егонафана а Адоню а Тову а Тоў-Адоню, і зь імі: Елішаму а Егорама, сьвятароў. І яны вучылі ў Юдэі, маючы із сабою кнігу закону СПАДАРОВАГА; і абходзілі ўсі месты Юдэі, і вучылі сярод люду. І быў страх СПАДАРОЎ на ўсіх каралеўствах земляў, што навокал Юдэі, і не ваявалі зь Ясапатам. І ад Пілішчан прыносілі Ясапату дары а дань-срэбра; таксама Арабаве прыганялі да яго драбны статак: бараноў сем тысячаў сямсот і казлоў сем тысячаў сямсот.

І ўзьвялічыўся Ясапат надзвычайна, і збудаваў ён у Юдэі замкі а месты запасаў. Шмат было ў яго работы ў местах Юдэйскіх, а ў Ерузаліме людзёў ваенных, дужасілаў. І во лік іх па дамох айцоў іхных: у Юдэі князі тысячаў: Адна, князь, і ў яго трыста тысячаў мужоў дужых а дужасілаў; За ім Его-Ганан, князь, і ў яго дзьвесьце асьмідзясят тысячаў; За ім Амася Зыхранок, што пасьвяціў сябе СПАДАРУ, і ў яго дзьвесьце тысячаў ваюноў дужасілаў. У Веняміна: Еляда дужасіл, і ў яго ўзброеных лукам а шчытам дзьвесьце тысячаў; За ім Егозавад, і ў яго сто асьмідзясят тысячаў узброеных вояў. Гэта, служачыя каралю, звыш тых, каторых кароль пастанавіў у вабаронных местах скрозь у Юдэі.

І было ў Ясапата шмат багацьця а славы; і пасваячыўся ён із Агавам. І пайшоў за колькі год да Агава да Самары. І зарэзаў яму Агаў множасьць статку драбнога й буйнога, і людзём, што былі зь ім, і сьхінаў яго йсьці на Рамоф Ґілеадзкі, І казаў Агаў, кароль Ізраельскі, Ясапату, каралю Юдэйскаму: «Ці пойдзеш із імною да Рамофу Ґілеадзкага?» Тый сказаў яму: «Як ты, так і я; як твой люд, так і мой люд; і з табою на вайне». І сказаў Ясапат каралю Ізраельскаму: «Папытайся сядні, што сказаў СПАДАР». І зьбер кароль Ізраельскі прарокаў чатырыста чалавекаў, і сказаў ім: «Ці йсьці нам ваяваць на Рамоф Ґілеадзкі, ці ўзьдзержыцца?» Яны сказалі: «Узыйдзі, і Бог аддасьць у руку караля». І сказаў Ясапат: «Ці няма тут яшчэ прарокі СПАДАРОВАГА? папытаемся і ў яго». І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Ё яшчэ адзін чалавек, каторым можна папытацца ў СПАДАРА; але я ненавіджу яго, бо ён не праракае празь мяне добрага, а ўсі дні свае адно благое; гэта Міхей Емлянок». І сказаў Ясапат: «Не кажы так, каролю». І гукнуў кароль Ізраельскі аднаго легчанца, і сказаў: «Схадзі барзьдзей па Міхея Емлянка». Кароль жа Ізраельскі а Ясапат, кароль Юдэйскі, сядзелі кажны на сваім пасадзе, адзетыя ў вадзецьці каралеўскія; сядзелі ля ўходу брамы Самары, і ўсі прарокі праракалі перад імі. І зрабіў сабе Сэдэка Хенаанёнак зялезныя рогі, і сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "Гэтымі будзеш басьці Арамлян, пакуль іх ня выгубіш"». І ўсі прарокі праракалі гэтак, кажучы: «Узыйдзі на Рамоф Ґілеадзкі: будзе дасьпех табе, і аддасьць СПАДАР у руку каралю». Пасланец, што пайшоў гукнуць Міхея, гукаў яму, кажучы: «Вось, словы прарокаў добрыя каралю ў вадзін голас; дык хай твае слова, калі ласка, будзе, як кажнага зь іх, і ты гукай добрае». І сказаў Міхей: «Жыў СПАДАР: што скажа імне Бог, тое я буду казаць». І прышоў ён да караля, і сказаў яму кароль: «Міхею, ці йсьці нам ваяваць на Рамоф Ґілеадзкі, ці ўзьдзержыцца?» І сказаў тый: «Узыйдзіце, будзе вам дасьпех, і яны адданы будуць у рукі вашы». І сказаў яму кароль: «Колькі разоў я буду прысягаю абавязаваць цябе, каб ты нічагусенькі не казаў імне, апрача праўды ў імя СПАДАРОВА?» Тады сказаў: «Я бачыў усіх сыноў Ізраеля, рассыпаных па горах, як авечкі, у каторых няма пастыра. І сказаў СПАДАР: "Няма ў іх спадароў, хай зьвернуцца кажны да дому свайго ў супакою"». І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Ці не казаў я табе, што ён не праракае празь мяне добрага, але толькі благое?»

І сказаў: «Дык слухайце слова СПАДАРОВА: я бачыў СПАДАРА, на пасадзе Сваім седзячага, і ўсе войска нябёснае стаяла па правай і па левай руццэ Яго. І сказаў СПАДАР: "Хто прынадзіў бы Агава, караля Ізраельскага, каб ён узышоў і загінуў у Рамофе Ґілеадзкім?" І адзін гукаў гэтак, другі гукаў гэнак. І выступіў адзін дух, і стаў перад відам СПАДАРА, і сказаў: "Я прынаджу". І сказаў яму СПАДАР: "Чым?" Тый сказаў: "Я выйду й буду духам маны ў вуснах усіх прарокаў ягоных". І сказаў Ён: "Ты прынадзіш яго, і ты ўзумееш; ідзі й зрабі гэтак". Дык цяпер, вось, СПАДАР даў духа маны ў вусны гэтых прарокаў тваіх, але СПАДАР гукаў благое празь цябе».

І дабліжыўся Сэдэка Хенаанёнак, і выцяў Міхея па шчаццэ, і сказаў: «Якою гэта дарогаю перайшоў ад мяне Дух СПАДАРОЎ, каб гукаць у табе?» І сказаў Міхей: «Вось, ты пабачыш таго дня, як будзеш бегаць із пакою да пакою, каб схавацца». І сказаў кароль Ізраельскі: «Вазьміце Міхея, і завядзіце яго да Амона гараднічага а да Ёаша, сына каралёвага, І скажыце: "Гэтак кажа кароль: ’Пасадзіце гэтага ў вязьніцу і давайце яму есьці хлеб немарасьці й ваду немарасьці, пакуль я зьвярнуся ў супакою’"». І сказаў Міхей: «Калі ты зьвернешся ў супакою, то не СПАДАР гукаў імною». І сказаў: «Слухайце, усі люды!»

І ўзышоў кароль Ізраельскі а Ясапат, кароль Юдэйскі, да Рамофу Ґілеадзкага. І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Я пераадзенуся й пайду ў бітву, але ты надзень адзецьці свае». І пераадзеўся кароль Ізраельскі, і ўступілі ў бітву. А кароль Арамскі расказаў князём цялежак сваіх, бытым у яго, сказаўшы: «Ня біцеся ані з малым, ані зь вялікім, толькі з адным каралём Ізраельскім». І як абачылі Ясапата князі цялежак, то сказалі: «Гэта кароль Ізраельскі», — і абступілі яго, каб біцца зь ім. Але Ясапат закрычэў, і СПАДАР памог яму, і адвёў іх Бог ад яго. І як абачылі князі цялежак, што гэта ня быў кароль Ізраельскі, то павярнуліся ад яго. Прымеж тога адзін чалавек ненарокам напяў лук і паразіў караля Ізраельскага, памеж панцырнага шва. І сказаў ён возьніку: «Павярні назад і вывязі мяне з табару, бо я захварэў». Але бітва таго дня павялічылася; і кароль Ізраельскі стаяў на цялежках насупроці Арамлян аж да вечара, і памер заходам сонца.

І зварачаўся Ясапат, кароль Юдэйскі, у супакою да дому свайго, да Ерузаліму. І вышаў наўпярэймы яму Егу Гананёнак, відзеньнік, і сказаў каралю Ясапату: «Ці табе памагаць бязбожнаму і любіць тых, што ненавідзяць СПАДАРА? За тое гнеў на цябе ад СПАДАРА. Адылі й добрае знойдзена ў табе ў тым, што ты выпратаў гаі ў зямлі і прыгатаваў сэрца свае шукаць СПАДАРА». І жыў Ясапат у Ерузаліме. І ўзноў пачаў ён абходзіць люд ад Веер-Шэвы аж да гары Яхрэмавае, і наварачаў іх да СПАДАРА, Бога айцоў іхных. І прызначыў судзьдзяў у зямлі па ўсіх умацаваных местах Юдэі, у кажным месьце, І сказаў судзьдзям: «Глядзіце, што вы робіце; бо вы судзіце ня дзеля чалавека, але дзеля СПАДАРА, Каторы з вамі ў справе суду. Дык хай страх СПАДАРОЎ будзе на вас: уважайце, што чыніце, бо няма бяспраўя ў СПАДАРА, Бога нашага, ані ўвагі на асобы, ані браньня лапаноў». І ў Ерузаліме прызначыў Ясапат ізь Левітаў а ізь сьвятароў а з галоваў айцоў Ізраеля да суду СПАДАРОВАГА і да сьпярэчак. І яны зварачаліся да Ерузаліму. І расказаў ім, кажучы: «Гэтак будзеце рабіць у страху СПАДАРОВЫМ, верна і з супоўным сэрцам. І якая справа прыйдзе да вас ад братоў вашых, што жывуць у местах сваіх, меж крыві й крыві, меж Права й расказаньня, уставаў і судоў, вы перасьцерагайце іх, каб яны не грашылі супроці СПАДАРА, і гнеў ня прышоў на вас і на братоў вашых; гэтак чыніце і ня ізгрэшыце. І вось, Амара, найвышшы сьвятар, над вамі ў кажнай справе СПАДАРОВАЙ, а Зэвада Ізмайлёнак, дзяржаўца дому Юдзінага, да ўсіх справаў каралеўскіх, таксама Левіты ўраднікі ў вас. Мацуйцеся а дзейце, і СПАДАР будзе з добрым».

І сталася просьле гэтага: прышлі сынове Моава а сынове Амона, і зь імі з Маонян, ваяваць ізь Ясапатам. І прышлі, і наказалі Ясапату, кажучы: «Ідзець на цябе вялікая множасьць з-за мора, ад Арама і во яны ў Гацацон-Тамары, каторая Енґеды». І зьлякаўся Ясапат, і зьвярнуў відзеньне свае сачыць СПАДАРА, і абясьціў пост па ўсёй Юдэі. І зьберліся Юдэі шукаць СПАДАРА, нават з усіх местаў Юдзіных прышлі яны шукаць СПАДАРА. І стаў Ясапат у грамадзе Юдэяў а Ерузалімлян у Доме СПАДАРОВЫМ, перад новым панадворкам, І сказаў: «СПАДАРУ, Божа айцоў нашых! Ці ня Ты Бог на нябёсах? І ты пануеш над усімі каралеўствамі паган, і ў Тваёй руццэ сіла а моц, так што ніхто ня можа спрацівіцца Табе! Ці ня Ты, Божа наш, выгнаў жыхараў зямлі гэтае перад відам люду Свайго, Ізраеля, і аддаў яе насеньню Абрагамоваму, прыяцеля Свайго, на век? І яны асяліліся на ёй, і пастанавілі Табе на ёй сьвятыню ў імя Твае, кажучы: "Калі прыйдзе на нас бяда: меч, суд а ліпучка а галадоў, мы станем перад домам гэтым і ў прытомнасьці Тваёй, бо імя Твае ў доме гэтым, і загукаем да Цябе ў немарасьці сваёй, і Ты пачуеш а ўратуеш!" І цяпер, вось, сынове Амонавы а Моаўляне а гара Сэір, каторай Ты не дазволіў Ізраелю перайсьці, як яны йшлі ізь зямлі Ягіпецкае, і яны абмінулі іх, і ня зьнішчылі іх, Вось, яны плацяць нам, што прышлі выгнаць нас ізь дзяржавы, каторую Ты даў нам на спадак. Божа наш! ці ня будзеш судзіць іх? бо няма ў нас сілы супроці множасьці гэтае вялікае, што прышла на нас, і мы ня ведаем, што рабіць, але да Цябе вочы нашы!» І ўсі Юдэі стаялі перад відам СПАДАРОВЫМ, і дзецяняткі іхныя, жонкі іхныя а сынове іхныя.

Тады на Ягазеля, сына Захарынага, сына Венаінага, сына Ееля Матфанёнка, Левіта із сыноў Асафовых, зышоў Дух СПАДАРОЎ сярод грамады, І сказаў ён: «Слухайце, усі Юдэі а жыхары Ерузаліму а каролю Ясапаце! Гэтак кажа СПАДАР вам: "Ня бойцеся ані лякайцеся множасьці гэтае вялікае, бо ня ваша вайна, а Божая. Заўтра зыйдзіце супроці іх; вось, яны ўзыходзяць на схон Цыцу, а вы знойдзеце іх на канцу даліны, перад пустынёю Еруелям. Ня вам біцца гэты раз; вы станьце, стойце й глядзіце на выбаўленьне СПАДАРОВА вам, Юда а Ерузаліме!" Ня бойцеся а не лякайцеся. Заўтра выйдзіце наўпярэймы ім, і СПАДАР будзе з вамі». І пакланіўся Ясапат відам да зямлі, і ўся Юдэя а жыхары Ерузаліму палі перад СПАДАРОМ, каб пакланіцца СПАДАРУ. І ўсталі Левіты із сыноў Когафовых а із сыноў Корыных — хваліць СПАДАРА, Бога Ізраелявага, голасам вельмі вялікім а ўзьнятым. І ўсталі яны рана нараніцы, і выступілі ў бок пустыні Фекойскае; і, як яны выступілі, стаў Ясапат і сказаў: «Паслухайце мяне Юдэі а жыхары Ерузаліму! Верце ў СПАДАРА, Бога свайго, і будзеце непахісныя, верце прарокам Ягоным, і пашчасьце вам» І, як ён парадзіўся зь людам, ён пастанавіў пяюноў СПАДАРУ, выхваляць харашыню сьвятасьці, каб вышлі перад узброенымі й казалі: «Выхваляйце СПАДАРА, бо на векі міласэрдзе Ягонае!» І ў тую часіну, як яны пачалі пяяць а выхваляць, СПАДАР зьвярнуў засаду супроці сыноў Амонавых, Моававых і гары Сэіру, каторыя вышлі супроці Юды, і яны былі паражаны. І паўсталі сынове Амонавы а Моаўляне на жыхараў гары Сэіру, каб разбураць а нішчыць; а як скончылі із жыхарамі Сэіру, тады пачалі нішчыць адны адных. І як Юдэі прышлі аж да назіральнае вежы на пустыні, і глянулі на тую множасьць, і вось — трупы, на зямлі ляжачыя, і няма ўцеклага. І прышоў Ясапат а люд ягоны глабаць здабыткі іхныя, і знайшлі ў іх множасьць і маемасьці, і трупоў, і дарагія рэчы, і набралі сабе толькі, што не панесьці. І тры дні яны глабалі здабытак, бо вялікі ён! А чацьвертага дня зьберліся на даліну дабраславенства, бо там яны дабраславілі СПАДАРА. Затым і завуць тое месца даліною дабраславенства дагэтуль. І абярнуліся кажны муж Юдэі а Ерузаліму, і Ясапат на чале іх, каб зьвярнуцца да Ерузаліму зь весялосьцяй, бо ўзрадаваў іх СПАДАР над варагамі іхнымі. І прышлі да Ерузаліму з псалтырамі а гусьлямі а з трубамі да дому СПАДАРОВАГА. І быў страх Божы на ўсіх каралеўскіх краёх, як яны пачулі, што СПАДАР ваяваў супроці варагоў Ізраеля. І было ціха ў каралеўстве Ясапатавым, бо супакоіў яго СПАДАР.

І гаспадарстваваў Ясапат над Юдаю; яму было трыццаць пяць год, як ён пачаў гаспадарстваваць, і гаспадарстваваў дваццаць пяць год у Ерузаліме. А імя маці ягонае Азува Шылгелішка. І хадзіў ён дарогаю айца свайго Асы, і не адхінаўся ад яе, робячы справядлівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ. Адно ўзвышшы ня былі аддалены, і яшчэ люд не прыгатаваў сэрцаў сваіх да Бога айцоў сваіх.

Засталыя справы Ясапатавы першыя й апошнія, вось, яны апісаныя ў кнізе Егу Гананёнка, каторая менавана ў кнізе каралёў Ізраельскіх.

А просьле тога Ясапат, кароль Юдэйскі, пасябраваў з Агазяю, каралём Ізраельскім, каторы рабіў нягодна. І ён пасябраваў ізь ім будаваць караблі, плаваць да Таршышу; і яны пабудавалі караблі ў Ецон-Ґеверу. Тады Елезэр Додавёнак із Марэшы праракаў празь Ясапата, кажучы: «За тое, што ты пасябраваў з Агазяю, СПАДАР разбурыў твае работы». І разьбіліся караблі, і не маглі йсьці да Таршышу.

І супачыў Ясапат із айцамі сваімі, і пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давідавым. І загаспадарстваваў Егорам, сын ягоны, замест яго. І ў яго браты, сыны Ясапатавы: Азара а Егіель а Захара а Азара а Міхайла а Шэфата; усі гэтыя сыны Ясапатавы, караля Ізраельскага. І даў ім айцец іхны вялікія дары срэбрам а золатам а дарагімі рэчмі, разам із умацаванымі местамі ў Юдэі; каралеўства ж аддаў Егораму, бо ён пяршак.

І ўступіў Егорам на каралеўстава айца свайго, і ўмацаваўся, і забіў усіх братоў сваіх мячом, а таксама з князёў Ізраелявых. Трыццаць два гады было Егораму, як загаспадарстваваў, і восьмі год гаспадарстваваў у Ерузаліме. І хадзіў ён дарогаю каралёў Ізраельскіх, як рабіў дом Агаваў, бо дачка Агавава была жонкаю ягонай, і рабіу ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ. Не хацеў, адылі, СПАДАР выгубіць дому Давідавага дзеля змовы, каторую ўчыніў із Давідам, і затым што абяцаў даць сьветач яму а сыном ягоным на ўсі часы. За дзён ягоных вышаў Едом з-пад рукі Юды, і ўстанавілі над сабою караля. Тады пайшоў Егорам із князьмі сваімі, і ўсі цялежкі ягоныя зь ім, і ўстаў ночы, і разьбіў Едомлян, каторыя акружылі яго, і вайводцаў цялежак. Вышаў, адылі, Едом з-пад рукі Юды дагэтуль. Таго-ж часу вышла й Ліўна з-пад рукі ягонае, бо ён пакінуў СПАДАРА, Бога айцоў сваіх. Таксама ён узвышшы рабіў на гарах Юдэйскіх, і ўвёў у бязулства жыхараў Ерузаліму, і сіліў Юдэю.

І прышло пісаньне да яго ад Ільлі прарокі, кажучы: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Давіда, айца твайго: "За тое, што ты не хадзіў дарогамі Ясапата, айца свайго, ані дарогамі Асы, караля Юдэйскага, А пайшоў дарогаю каралёў Ізраельскіх і ўвёў у бязулства Юдэю а жыхараў Ерузаліму, як уводзіў у бязулства дом Агаваў; дый братоў сваіх, дом айца свайго, каторыя лепшыя за цябе, ты забіў: Вось, вытне СПАДАР вялікаю ліпучкаю люд твой а сыноў тваіх а жонкі твае а ўсю маемасьць тваю; А ты захварэеш на вялікую хваробу, на хваробу нутра, аж нутр твой будзе вывалевацца з прычыны хваробы дзень пры дню"».

І збудзіў СПАДАР на Егорама дух Пілішчан а Арабаў, што блізка Ефіоплян; І яны ўзышлі на Юдэю, уварваліся ў яе, і захапілі ўсю маемасьць, што была ў доме каралёвым, таксама й сыноў ягоных, і жонкі ягоныя; і не засталося ў яго сына, апрача Егоагаза, найменьшага із сыноў ягоных. А просьле ўсёга гэтага выцяў СПАДАР нутр ягоны хваробаю невылячальнаю. Гэтак было дзень пры дню, а пад канец другога году выпаў нутр ягоны ад хваробы ягонае, і ён памер ад благое хваробы; і люд ягоны не спаліў паленьня яму, як паленьне айцом ягоным. Трыццаць два гады было яму, як ён пачаў гаспадарстваваць, і гаспадарстваваў у Ерузаліме восьмі год, і адышоў зьбезахочаны. Пахавалі яго, адылі, у месьце Давідавым, але не ў грабох каралеўскіх.

І ўстанавілі жыхары Ерузаліму за караля Агазю, найменшага сына ягонага, замест яго, бо ўсіх старшых пабіла вятка, што прыходзіла з Арабамі да табару, і загаспадарстваваў Агазя, сын Егорама, караля Юдэйскага.

Дваццаць два гады было Агазю, як загаспадарстваваў, і адзін год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Афаля Омрышка. Ён таксама хадзіў дарогамі дому Агавовага, бо маці ягоная была парадніцаю яму рабіць нягодна. І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, падобна да дому Агавовага, бо яны былі яму параднікі, па сьмерці айца ягонага, на згубу яму. Подле рады іхнае ён таксама пайшоў ізь Егорамам Агавёнкам, каралём Ізраельскім, на вайну з Газаелям, каралём Арамскім, да Рамофу Ґілеадзкага. І ранілі Арамляне Ёрама, І зьвярнуўся ён да Ізраелю лячыцца ад ранаў, каторыя яму зрабілі ў Раме, як ён ваяваў із Газаелям, каралём Арамскім. І Агазя Егораменак, кароль Юдэйскі, прышоў даведацца Ёрама Агавёнка да Ізраелю, бо гэты быў хворы. І ад Бога гэта было на згубу Агазі, што ён прышоў да Ёрама; бо, прышоўшы, ён вышаў зь Егорамам супроці Егу Німшанка, каторага памазаў СПАДАР на выгубленьне дому Агавовага. Як Егу ўчыніў суд над домам Агавовым, тады ён знайшоў князёў Юдэйскіх і братанічаў Агазіных, што служылі Агазі, і забіў іх. І ён шукаў Агазі, і схапілі яго, як ён хаваўся ў Самары, і прывялі яго да Егу, і забілі яго, і пахавалі яго, бо казалі: «Ён сын Ясапатаў, каторы шукаў СПАДАРА з усёга сэрца свайго». І дом Агазін ня меў сілы дзяржаць ужо каралеўства.

Бо Афаля, маці Агазіна, абачыўшы, што памер сын ейны, устала й выгубіла ўсе каралеўскае насеньне дому Юдзінага. Але Егошавеаф, дачка каралёва, узяла Еаша Агазёнка, і ўкрала яго з памеж забіваных каралеўскіх сыноў, і памясьціла ў спальні яго а няньку ягоную; і гэткім парадкам Егошавеаф, дачка караля Егорама, жонка Егояда сьвятара, сястра Агазіна, схавала Ёаша ад Афалі, і яна не забіла яго. І быў ён у іх, у доме Божым, хаваны шэсьць год; Афаля ж гаспадарствавала ў зямлі.

І сёмага году ўмацаваўся Егояда, і ўзяў у змову із сабою вайводцаў сотняў: Азару Ерогаменка а Ізмайлу Егогананенка а Азару Оведзёнка а Маасэю Адаёнка а Елішафата Зыхранка. І яны прайшлі па Юдэі, і зьберлі Левітаў з усіх местаў Юдэі й галоваў айцоў Ізраелявых, і прышлі да Ерузаліму. І ўся грамада ўчыніла змову з каралём у доме СПАДАРОВЬМ. І сказаў ім: «Вось, сын каралеўскі мае гаспадарстваваць, як СПАДАР сказаў праз сыноў Давідавых. Гэта вы маеце рабіць: трайціна з вас, у сыботу прыходзячых, ізь сьвятароў а Левітаў, будзе брамнікамі ля парогаў; І трайціна ў доме каралеўскім, і трайціна ў браме хундамэнту, а ўвесь люд будзе на панадворках дому СПАДАРОВАГА. Але ніхто хай ня ўходзе да дому СПАДАРОВАГА, з выняткам сьвятароў а служачых ізь Левітаў. Яны маюць увыйсьці, бо сьвятасьць яны; яле ўвесь люд хай будзе на старожы СПАДАРОВАЕ. І хай Левіты аступяць караля з усіх бакоў, кажны із зброяю сваёй у руццэ сваёй, і хто будзе ўходзіць у дом, хай будзе забіты. І будзьце вы пры каралю, як ён будзе ўходзіць і выходзіць». І зрабілі Левіты а ўсі Юдэі подле ўсёга, што расказаў Егояда сьвятар; і ўзялі кажны людзёў сваіх, у сыботу прыходзячых з адыходзячымі ў сыботу, бо не адпусьціў Егояда сьвятар адмененых радаў. І раздаў Егояда сьвятар вайводцам сотняў дзіды а малыя шчыты а панцыры караля Давіда з дому Божага; І пастанавіў увесь люд, кажнага із зброяй сваёй у руццэ сваёй, ад правага боку дому аж да левага боку дому, ля аброчніка а ля дому навокал караля. І вывялі сына каралёвага, і ўзлажылі на яго карону а сьветчаньні, і ўстанавілі яго каралём; і Егояда а сынове ягоныя памазалі яго, і сказалі: «Хай жывець кароль!»

І пачула Афаля голас люду, што бег і выхваляў караля, і вышла да люду да дому СПАДАРОВАГА, І абачыла, і вось, кароль стаіць ля стаўпа пры ўходзе, і князі й трубы ля караля, і ўвесь люд зямлі вяселіцца, і трубяць у трубы, і пяюны з музыцкімі снадзямі, і наўчаныя пяяць хвалу. Тады Афаля разьдзерла адзецьці свае й закрычэла: «Змова! змова!» Тады Егояда сьвятар вывеў вайводцаў сотняў, што былі пастаноўленыя над войскам, і сказаў ім: «Вывядзіце яе з радоў, а хто пойдзе за ёю, хая будзе забіты мячом»; бо сьвятар сказаў: «Не забіце яе ў доме СПАДАРОВЫМ». І налажылі рукі на яе, і прышла яна да ўходу конскае брамы дому каралеўскага, там забілі яе.

І ўчыніў Егояда змову меж сабою й меж усім людам а каралём, каб яны былі людам СПАДАРОВЫМ. І ўвесь люд пайшоў да дому Вааловага, і зламіў яго, і аброчнікі а абразы яго разьбілі, і забіў Матфана, сьвятара Вааловага, перад аброчнікамі. Таксама Егояда прызначыў урады дому СПАДАРОВАГА пад руку сьвятароў Левітаў, каторых Давід разьдзяліў у доме СПАДАРОВЫМ да абраканьня ўсепаленьняў СПАДАРУ, як напісана ў Праве Масеявым, з радасьцяй а пяцьцём, подле загады Давіда. І пастанавіў брамнікаў ля брамаў дому СПАДАРОВАГА, каб ня ўходзіў нячысты чым-колечы. І ўзяў вайводцаў сотняў, і выдатных, і дзяржаўцаў люду, і ўвесь люд зямлі, і зьвялі караля з дому СПАДАРОВАГА, і прайшлі пераз высокую браму да дому каралеўскага, і пасадзілі караля на пасадзе каралеўскім. І весяліўся ўвесь люд зямлі, і ў месьце было ціха. А Афалю забілі мячом.

Сем год было Ёашу, як загаспадарстваваў, і сорак год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці яго Цыва, зь Веер-Шэвы. І рабіў Ёаш справядлівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ усі дні Егояды сьвятара.

І ўзяў яму Егояда дзьве жонкі, і ён меў сыноў а дачкі.

І просьле гэтага прышло ў сэрца Ёашу аднавіць дом СПАДАРОЎ;

І зьбер ён сьвятароў а Левітаў, і сказаў ім: «Выйдзіце да местаў Юдэі, і зьбірайце з усіх Ізраялян срэбра на паправу дому Бога вашага год у год, і пабарзьдзіце ў гэтай справе». Але Левіты не барзьдзілі. І пагукаў кароль Егояду начэльніка, і сказаў яму: «Чаму ты не вымагаў ад Левітаў зносіць ізь Юдэі а зь Ерузаліму дані подле расказаньня Масея, слугі СПАДАРОВАГА, і грамады Ізраелявае да вітальні сьветчаньня?» Бо сыны Афаліны, гэтае бязбожнае жонкі, зламілі дом СПАДАРОЎ і ўсі пасьвячоныя рэчы дому СПАДАРОВАГА далі Ваалам. І сказаў кароль, і зрабілі адну скарбонку, і пастанавілі яе вонках брамы дому СПАДАРОВАГА. І зрабілі агалашэньне ў Юдэі а ў Ерузаліме, каб прыносілі СПАДАРУ складку подле загады Масея, слугі Божага, Ізраелю на пустыні. І радаваліся ўсі князі а ўвесь люд, і прыносілі, і кідалі да скарбонкі, пакуль напоўнілі. І было, што таго часу прыносілі скарбонку рукамі Левітаў да каралеўскага ўраду, і як бачылі, што шмат грошы, то прыходзіў пісар каралеўскі й ураднік найвышшага сьвятара, і выпаражнялі скарбонку, і бралі яе, і адносілі яе ўзноў на яе места. Гэтак яны рабілі дзень пры дню, і зьберлі срэбра множасьць. І кароль, і Егояда аддавалі яго тым, што рабілі работу службы дому СПАДАРОВАГА, і наймалі камачосаў а цесьляў аднаўляць дом СПАДАРОЎ, а таксама майстроў зялеза а медзі мацаваць дом СПАДАРОЎ. І рабілі работнікі, і спорная была работа ў руках іхных, і аднавілі дом СПАДАРОЎ на яго месцу, і ўмацавалі яго. І як скончылі, яны прынесьлі астачу грошы да караля а Егояды. І зрабілі судзьдзе да дому СПАДАРОВАГА, судзьдзе да службы а да абраканьня, і ложкі, і судзьдзе залатое а срэбнае. І абракалі ўсепаленьні ў доме СПАДАРОВЫМ кажначасна ўсі дні Егояды.

Але Егояда застараўся, і быў поўны дзён, і памер; сто трыццаць год было яму, як ён памер. І пахавалі яго ў месьце Давідавым із каралямі, бо ён рабіў добрае ў Ізраелю Богу а дому Ягонаму.

А, па сьмерці Егояды, прышлі князі Юдэйскія, і пакланіліся каралю; тады кароль пачаў слухаць іх. І пакінулі дом СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, і служылі гаём а балваном, — і прышоў гнеў на Юду а Ерузалім за гэты выступ іхны. І Ён пасылаў прарокаў да іх навярнуць іх да СПАДАРА, і яны сьветчылі супроці іх, але яны не зважалі.

І дух Божы ахінуў Захару, сына Егояды сьвятара, і стаў ён над людам, і сказаў ім: «Чаму вы выступаеце з расказаньня СПАДАРОВАГА? ня будзе вам дасьпеху, бо вы пакінулі СПАДАРА, то Ён пакінуў вас». І яны змовіліся супроці яго, і ўкаменавалі яго, на расказаньне каралёва, на панадворку дому СПАДАРОВАГА. Гэткім парадкам кароль Ёаш ня памятаваў ласкі, каторую Егояда, айцец ягоны, зрабіў яму, але забіў сына ягонага. І, паміраючы, ён сказаў: «СПАДАР бача гэта і спагоне».

І сталася ў канцу году: войска Арамскае ўзышло супроці яго, і прышлі да Юдэі а Ерузаліму, і выгубілі ўсіх князёў люду з памеж люду, і ўвесь здабытак свой паслалі каралю Дамаскаму. Праўда, войска Арамскае прышло ў малой колькасьці, але СПАДАР даў вельма вялікае войска ў рукі іх, бо яны пакінулі СПАДАРА, Бога айцоў сваіх. Гэтак яны зрабілі суды над Ёашом. І як яны адышлі ад яго, пакінуўшы яго ў шмат хваробах, собскія слугі ягоныя змовіліся супроці яго за кроў сына Егояды сьвятара, і забілі яго на ягоным ложку, і ён памер. І пахавалі яго ў месьце Давідавым, але не пахавалі яго ў грабох каралеўскіх. А гэта змоўнікі супроці яго: Завад, сын Шымеафы Амонянкі, і Егозавад, сын Шымрыфы Моаўлянкі. Праз сыноў жа ягоных, і празь велічыню дані на яго, і ўзглядам поду дому Божага, вось, запісана ў зьясьненьню кнігі каралеўскае. І Амася, сын ягоны, загаспадарстваваў замест яго.

Дваццаць пяць год было Амасі, як ён загаспадарстваваў, і дваццаць дзевяць год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Егоаддань, зь Ерузаліму. І рабіў ён пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ, але ня супоўным сэрцам. І было: як умацавалася за ім каралеўства, тады ён пазабіваў слугаў сваіх, што забілі караля, айца ягонага. Але дзяцей іхных не пазібаваў, бо напісана ў Законе, у кнізе Масеявай, ідзе расказаў СПАДАР, кажучы: «Ня маюць быць забіваны бацькі за дзеці, і дзеці ня маюць быць забіваныя за бацькоў; але кажны за свой грэх мае памерці».

І зьбер Амася Юдэю, і прызначыў ім па дамох айцоў князёў над тысячамі і князёў над сотнямі, у вусёй Юдэі а Веняміне; і палічыў іх ад дваццацёх год і вышэй, і знайшоў іх трыста тысячаў чалавекаў выборных, на вайну выходзячых, дзіду а шчыт дзяржачых. І наняў з Ізраялян сто тысячаў харобрых вояў за сто таланяў срэбра. Але чалавек Божы прышоў да яго і сказаў: «Каролю! хай ня йдзець із табою войска Ізраельскае, бо нямаш СПАДАРА з Ізраялянмі, з усімі сынамі Яхрэмавымі. Але йдзі ты, рабі, пасіліся да бітвы, бо СПАДАР можа ўчыніць, што ты спатыкнешся перад непрыяцелям, бо ё моц у Бога памагчы й прычыніць спатыкненьне». І сказаў Амася чалавеку Божаму: «А што будзе із стома таланямі, каторыя я аддаў вятцы Ізраельскай?» І сказаў чалавек Божы: «Можа СПАДАР даць табе болей за гэта». І аддзяліў іх Амася, — войска, што прышло да яго зь Яхрэму, — каб яны йшлі на свае месца. І вельмі ўзгарэўся гнеў на Юдэю, і яны зьвярнуліся дамоў у вялікай злосьці.

Амася ж акрыяў, і павёў люд свой, і пайшоў на даліну Салоную, і паразіў сыноў Сэіру дзесяцёх тысячаў; І дзесяцёх тысячаў жывых узялі сынове Юдзіны ў палон; і прывялі іх на верх скалы, і ськінулі зь верху скалы, і ўсі яны чыста разьбіліся. Сяброве ж вяткі, што Амася адаслаў назад, каб яна ня йшла зь ім на вайну, рассыпаліся па местах Юдэі, ад Самары аж да Вефгорону; і забілі ў іх тры тысячы, і наглабалі множасьць здабытку.

Амася, прышоўшы просьле паразы Едомлян, прынёс багоў сыноў Сэіру, і пастанавіў іх у сябе за багоў, і перад імі кланяўся, і ім кадзіў. І ўзгарэўся гнеў СПАДАРА на Амасю, і паслаў Ён да яго прароку, і тый сказаў яму: «Нашто ты шукаеш багоў люду, каторыя ня выбавілі свайго собскага люду ад рукі твае?» І было, як ён казаў яму, што кароль адказаў: «Ціж за парадніка каралеўскага пастанавілі цябе? перастань, нашто ж маюць забіць цябе». І перастаў прарока, сказаўшы: «Ведаю, што пастанавіў Бог згубіць цябе, бо ты зрабіў гэта і ня слухаў рады мае».

І парадзіўся Амася, кароль Юдэйскі, і паслаў да Ёаша, сына Егоагаза Ежанка, караля Ізраельскага, сказаць: «Выходзь, пабачымся аблічна». І паслаў Ёаш, кароль Ізраельскі, да Амасі, караля Юдэйскага, кажучы: «Асот, каторы на Лібане, паслаў да кедры, што на Лібане ж, кажучы: "Аддай дачку сваю за жонку сыну майму". Але праходзіў дзікі зьвер, каторы на Лібане, і патаптаў гэты асот. Ты кажаш: "Вось, я паразіў Едома", узьнялося сэрца твае да пыхі. Сядзі валей у сябе дома. Нашто табе пачынаць небясьпечную справу? Упадзеш ты а Юдэя з табою». Але не паслухаў Амася, бо ад Бога гэта, каб аддаць іх у рукі Ёаша, за тое, што пачалі шукаць багоў Едомскіх.

І выступіў Ёаш, кароль Ізраельскі, і абачыліся аблічна, ён і Амася, кароль Юдэйскі, у Вефшэмішу Юдэйскім. І была разьбіта Юдэя Ізраелям, і паўцякалі кажны да будану свайго. І Амасю, караля Юдэйскага, сына Ёаша Агазёнка, захапіў Ёаш, кароль Ізраельскі, у Вефшэмішу, і прывёў яго да Ерузаліму, і разбурыў сьцяну Ерузалімскую, ад брамы Яхрэмавае аж да брамы Рагавое, на чатырыста локцяў; І ўзяў усе золата а срэбра а ўсе судзьдзе, што былі ў доме Божым ля Овед-Едому, і скарбы дому каралеўскага, і закладнікаў, і зьвярнуўся да Самары.

І жыў Амася Ёашонак, кароль Юдэйскі, па сьмерці Ёаша Егоагазёнка, караля Ізраельскага, пятнанцаць год. Засталыя справы Амасіны, першыя й апошнія, ціж не апісаны яны гэта ў кнізе каралёў Юдэйскіх а Ізраельскіх? І адгэнуль, як Амася адступіў ад СПАДАРА, зрабілі супроці яго змову ў Ерузаліме, і ён уцёк да Лахішу. І паслалі за ім да Лахішу, і забілі яго там. І прывезьлі яго коньмі, і пахавалі яго з айцамі ягонымі ў месьце Юдзіным.

І ўзяў увесь люд Юдэйскі Узю, катораму было шаснанцаць год, і ўстанавілі яго за караля замест айца ягонага Амасі. Ён забудаваў Елоф і зьвярнуў яго Юдэі просьле тога, як супачыў кароль із айцамі сваімі.

Шаснанцаць год было Узі, як загаспадарстваваў, і пяцьдзясят два гады гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Ехоля, зь Ерузаліму. І рабіў ён пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ чыста так, як рабіў Амася, айцец ягоны; І шукаў ён СПАДАРА за дзён Захары, каторы меў зразуменьне ў відзенях Божых; і тых дзён, што ён шукаў СПАДАРА, шчасьціў яму Бог. І ён вышаў, і ваяваў зь Пілішчанмі; і разбурыў сьцены Ґафу а сьцены Яўнеі а сьцены Ашдоду; і пабудаваў месты ў Ашдодзе а Пілісьце. І памагаў яму Бог супроці Пілішчан а супроці Арабаў, што жывуць у Ґур-Ваале, і Маонян; І Амоняне давалі дары Узі, і разышлося імя ягонае аж да ўходу ў Ягіпет; бо пасіліўся ён надзвычайна. І збудаваў Узя вежы ў Ерузаліме ля Рагавое брамы, ля брамы даліны і на рагу, і ўмацаваў іх. І пабудаваў вежы на пустыні, і выкапаў шмат жаролаў, бо ён меў шмат стадаў, і ў даліне, і на раўніне, і ралейнікаў, і садаўнічых у горах а на Карміле; бо ён любіў ралейніцтва.

Было ў Узі й войска, што выходзіла на вайну вяткамі, подле лічбы ў сьпісаньню іх, складзеным рукою Ееля пісара а Маасэі наглядніка, пад рукою Ганані, аднаго з князёў каралеўскіх. Увесь лік галоў айцоў дужасілаў — дзьве тысячы шасьцьсот; І пад іх рукою ваеннае сілы трыста сем тысячаў пяцьсот, што ўступалі ў бітву з вайсковай мужнасьцяй, на помач каралю супроці непрыяцеля. І прыгатаваў ім Узя, усяму войску, шчыты а дзіды, шоламы а панцыры а лукі а пушчальнае каменьне. І зрабіў ён у Ерузаліме ўмела прыдуманыя машыны, каб яны былі на вежах а на рагох дзеля пушчаньня стрэлаў а вялікіх камянёў. І разьнеслася імя ягонае далёка, бо дзіўную помач меў, пакуль умацаваўся. Але як ён умацаваўся, загардзела сэрца ягонае аж да згубы, і ён ізрадзіў СПАДАРА, Бога свайго, бо ўвыйшоў у дом СПАДАРОЎ, каб кадзіць на аброчніку кадзельным. І пайшоў за ім Азара сьвятар, і ізь ім асьмідзясят сьвятароў СПАДАРОВЫХ, людзёў мужных. І спрацівіліся яны Узі, каралю, і сказалі яму: «Не табе, Узя, кадзіць СПАДАРУ, гэта сьвятаром, сыном Ааронавым, пасьвячаным да кадзеньня; выйдзі ізь сьвятыні, бо ты ізрадзіў, і ня будзе табе гэта да сьці ў СПАДАРА Бога». І загневаўся Узя, — а ў руццэ ў яго кадзільніца кадзіць; і, як загневаўся ён на сьвятароў, праказа засьвітала на чале ў яго, перад сьвятарамі, у доме СПАДАРОВЫМ, ля аброчніка кадзельнага. І абярнуўся да яго Азара, найвышшы сьвятар, а ўсі сьвятарове, і вось, у яго праказа на чале. І сілілі яго выйсьці стуль, дый сам ён барзьдзіў выйсьці, бо выцяў яго СПАДАР. І быў кароль Узя пракажаны аж да дня сьмерці свае, і жыў у васобным доме, і адлучаны быў ад дому СПАДАРОВАГА. А Ёфам, сын ягоны, быў над домам каралеўскім, судзячы люд зямлі. Засталыя справы Узіны, першыя й апошнія, апісаў Ісая Амосёнак, прарока. І супачыў Узя з айцамі сваімі, і пахавалі яго з айцамі ягонымі на полю грабоў каралеўскіх; бо казалі: «Ён пракажаны». І загаспадарстваваў Ёфам, сын ягоны, замест яго.

Дваццаць пяць год было Ёфаму, як загаспадарстваваў, і шаснанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Еруша Садочышка. І рабіў ён пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ сусім чыста так, як рабіў Узя, айцец ягоны; ня ўходзіў, адылі, у дом СПАДАРОЎ; і люд яшчэ згубна дзеялі. Ён пабудаваў вышнюю браму дому СПАДАРОВАГА, і шмат пабудаваў сьцяны Офела; І места пабудаваў на гары Юдэйскай, і ў лясох пастанавіў палацы а вежы. Ён ваяваў з каралём сыноў Амонавых і здолеў іх; і далі яму сынове Амонавы таго году сто таланяў срэбра, і дзесяць тысячаў мераў пшонкі, і ячменю дзесяць тысячаў. Гэта давалі ізноў яму сынове Амонавы і на другі год, і на трэйці. Гэтак мацаваўся Ефам, бо ён уладзіў дарогі свае перад відам СПАДАРА, Бога свайго. Засталыя справы Ёфамовы, і ўсі войны ягоныя, і дарогі ягоныя апісаны ў кнізе каралёў Ізраельскіх а Юдэйскіх. Дваццаць пяць год было яму, як ён загаспадарстваваў, і шаснанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме. І супачыў Ёфам із айцамі сваімі, і пахавалі яго ў месце Давідавым. І загаспадарстваваў Агаз, сын ягоны, замест яго.

Дваццаць год было Агазу, як загаспадарстваваў, і шаснанцадь год гаспадарстваваў у Ерузаліме; але не рабіў ён пасьцівага ў ваччу СПАДАРОВЫМ, як Давід, айцец ягоны: Ён ішоў дарогамі каралёў Ізраельскіх, і на’т рабіў літыя асобкі Ваалаў; І ён кадзіў у даліне сыноў Гінномавых, і праводзіў сыноў сваіх перазь цяпло, подле агідаў паган, каторых выгнаў СПАДАР перад відам сыноў Ізраелявых; І абракаў і кадзіў на ўзвышшах а на ўзгорках і пад кажным зялёным дзервам. І аддаў яго СПАДАР, Бог ягоны, у рукі караля Арамскага, і яны паразілі яго, і ўзялі ў яго множасьць палоненікаў, і павялі да Дамашку. Таксама і ў руку караля Ізраельскага быў адданы ён, і тый паразіў яго вялікаю паразаю.

І забіў Пекаг Рэмалёнак у Юдэі сто дваццацёх тысячаў за адзін дзень, — усі яны людзі ваёўныя, бо яны пакінулі СПАДАРА, Бога бацькоў сваіх.

І забіў Зыхра, дужасіл ізь Ехрамлян, Маасэю, сына каралёвага, і Азрыкама, дамавера, і Елкану, другога па каралю. І ўзялі сынове Ізраелявы ў палон у братоў сваіх дзьвесьце тысячаў жонак, сыноў а дачок; таксама й множасьць здабытку наглабалі ў іх, і павезьлі здабытак да Самары.

Там быў прарока СПАДАРОЎ; імя ягонае Одэд. Ён вышаў наперад войску, што прышло да Самары, і сказаў ім: «Вось, СПАДАР, Бог бацькоў вашых, у гневе на Юдэяў, аддаў іх у руку вашу, і вы зьбілі іх із такую злосьцю, каторая дайшла да нябёс. І цяпер вы думаеце паняволіць сыноў Юды а Ерузаліму за слугаў а нявольніцы сабе. А ціж на самых вас няма віны перад СПАДАРОМ, Богам вашым? Дык паслухайце мяне, і зьвярніце палоненікаў, каторых вы ўзялі ў палон із братоў сваіх; бо поламя гневу СПАДАРОВАГА на вас».

І ўсталі некаторыя з галоў сыноў Яхрэмавых: Азара Ёгананенак, Берэха Мешылемофенак а Гэзэка Шалумёнак а Амаса Гадлаёнак насупроці йдучых із вайны, І сказалі ім: «Ня ўводзьце сюды палоненікаў, бо грэх быў бы нам перад СПАДАРОМ. Нягож вы думаеце дадаць да грахоў нашых і да вінаў нашых? вялікая віна наша, і поламя гневу над Ізраелям».

І ўзброеныя пакінулі палоненікаў а здабытак перад князьмі а ўсім зборам. І ўсталі мужы выменаваныя, і ўзялі палоненікаў, і ўсіх голых ізь іх адзелі із здабытку, і адзелі іх, і абулі, і далі ім есьці, і далі ім піць, і памазалі іх, і пасадзілі на аслы ўсіх кволых ізь іх, і паслалі іх да Ерыхону, места пальмаў, да братоў іхных, і зьвярнуліся да Самары.

Таго часу паслаў кароль Агаз да каралёў Асырскіх, каб яны памаглі яму. Бо Едомляне й яшчэ прыходзілі, і разьбілі ў Юдэі, і ўзялі ў палон. І Пілішчане напалі на месты нізіннае зямлі а паўдня Юдэі, і ўзялі Вефшэміш а Аіялон а Ґедэроф а Сохо а местачкі яго а Фімну а местачкі яе а Ґімзо а местачкі яго, і асяліліся там. Бо паніжыў СПАДАР Юдэю за Агаза, караля Юдэйскага, бо ён разбурыў у Юдэі і цяжка ізрадзіў СПАДАРА. І прышоў да яго Тылґаф-Пілнесэр, кароль Асырскі, але быў вялічны яму, і не мацаваў яго; Бо Агаз узяў дзель із дому СПАДАРОВАГА а дому каралеўскага, і ў князёў, і аддаў каралю Асырскаму, але не на помач сабе. І ў часе свае гароты ён далей ізраджаў СПАДАРА, ён — кароль Агаз. І абракаў багом Дамаскім, каторыя паразілі яго, і казаў: «Багове каралёў Арамскіх памагалі ім, я буду абракаць ім, каб яны памаглі імне». Але яны былі на ўпад яму а ўсяму Ізраелю. І зьбер Агаз судзьдзе дому Божага, і парэзаў судзьдзе дому СПАДАРОВАГА, і зрабіў сабе аброчнікі па ўсіх кутох Ерузаліму; І ў кажным месьце Юдзіным зрабіў узвышшы кадзіць багом іншым, і квяліў СПАДАРА, Бога айцоў сваіх. Засталыя справы ягоныя і ўсі ўчынкі ягоныя, першыя й апошнія, вось, яны апісаныя ў кнізе каралёў Юдэйскіх а Ізраельскіх. І супачыў Агаз із айцамі сваімі, і пахавалі яго ў месьце, у Ерузаліме; але ня ўнесьлі яго да грабоў каралёў Ізраелявых. І загаспадарстваваў Гэзэка, сын ягоны, замест яго.

Гэзэка загаспадарстваваў, маючы дваццаць пяць год, і дваццаць дзевяць год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Аўя Захарышка. І рабіў ён пасьцівае ў ваччу СПАДАРА сусім чыста так, як рабіў Давід, айцец ягоны. Ён жа першага году дзяржавы свае, першага месяца адчыніў дзьверы дому СПАДАРОВАГА і паправіў іх; І казаў прыйсьці сьвятаром а Левітам, і зьбер іх на ўсходняй вуліцы, І сказаў ім: «Паслухайце мяне, Левітаве! Цяпер пасьвяціцеся й пасьвяціце дом СПАДАРА, Бога айцоў вашых, і выкіньце нечысьць ізь сьвятыні; Бо бацькі нашы ізрадзілі, і рабілі ліха ў ваччу СПАДАРА, Бога нашага, і пакінулі Яго, і адвярнулі відзеньні свае ад сялібы СПАДАРОВАЕ, і павярнуліся завыйкам; Таксама заперлі дзьверы сеняў, і згасілі лянпы, і кадзіла не кадзілі ані абракалі ўсепаленьняў у сьвятыні Богу Ізраельскаму. Дык гнеў СПАДАРОЎ быў на Юдэі а на Ерузаліме, і аддаў іх на немарасьць, зьдзівеньне а на сьмех, як вы бачыце ачыма сваімі. І вось, палі айцове нашы ад мяча, а сынове нашыя а дачкі нашыя а жонкі нашыя ў палоне за гэта. Цяпер на сэрцу ў мяне — зрабіць змову із СПАДАРОМ, Богам Ізраелявым, і адверне ад нас пал гневу свайго. Сынове мае! ня будзьце нядбайлыя, бо вас абраў СПАДАР стаяць перад Ім, служыць Яму й быць Яму паслугачымі а кадзеньнікамі».

І ўсталі Левітаве: Магаф Амасаёнак а Ёель Азаронак, з Когафічаў; і зь Мерарычаў: Кіш Аўдзянок а Азара Егалелеенак; і з Ґіршонічаў: Ёаг Зымянок а Едэн Ёажонак; І зь Еліцафанічаў: Шымры а Еуель; і з Асафічаў: Захара а Матфаня; І з Гэманічаў: Егуель а Шымей; і зь Ідыфунічаў: Шымая а Уззель. Яны зьберлі братоў сваіх, і пасьвяціліся, і прышлі з расказаньня караля словам СПАДАРОВЫМ пратаць дом СПАДАРОЎ. І ўвыйшлі сьвятарове ўнутр дому СПАДАРОВАГА пратаць, і вынесьлі ўсе нячыстае, што знайшлі ў доме СПАДАРОВЫМ, на панадворак дому СПАДАРОВАГА; а Левітаве ўзялі гэта, вынесьці вон да цур’я Кідрону. І пачалі пасьвячаць першага дня першага месяца, і восьмага дня месяца ўвыйшлі ў сені СПАДАРОВЫ; і пасьвячалі дом СПАДАРОЎ восьмі дзён, і шаснанцатага дня першага месяца скончылі. І прышлі ў сярэдзіну дому да караля Гэзэкі, і сказалі: «Мы выпраталі дом СПАДАРОЎ, і аброчнік да ўсепаленьня, і ўсе судзьдзе яго, і стол раскладаньня, і ўсе судзьдзе яго; І ўсе судзьдзе, каторае закінуў кароль Агаз за дзяржавы свае, у ізрадзе сваёй, мы прыгатавалі й пасьвяцілі, і во яны перад аброчнікам СПАДАРОВЫМ».

Тады ўстаў рана кароль Гэзэка, і зьбер князёў места, і ўзышоў да дому СПАДАРОВАГА. І прывялі сем цялят-бычкоў а сем бараноў а сем баранчыкаў а сем казлоў на аброк за грэх за каралеўства а за сьвятыню а за Юдэю; і расказаў ён сыном Ааронавым, сьвятаром, абрачы на аброчніку СПАДАРОВЫМ. І зарэзалі буйны статак, і ўзялі сьвятарове кроў, і пакрапілі аброчнік; і зарэзалі бараны, і пакрапілі крывёй аброчнік; і зарэзалі баранчыкі, і пакрапілі крывёй аброчкік. І прывялі казлы за грэх перад відзеньне караля а грамады, і яны ўзлажылі рукі свае на іх. І зарэзалі іх сьвятарове, і ачысьцілі крывёй іх аброчнік на залашчаньне за грахі ўсяго Ізраеля; бо за ўсяго Ізраеля расказаў кароль усепаленьне а аброк за грэх. І пастанавіў ён Левітаў у доме СПАДАРОВЫМ із цымбаламі, псалтырамі а гарпамі, подле расказаньня Давіда а Ґада, відзеньніка каралёвага, і Нафана прарокі, бо рукою СПАДАРОВАЮ расказаньне — рукою прарокаў Ягоных. І стаялі Левітаве із снадзівамі Давідавымі і сьвятарове — з трубамі.

І сказаў Гэзэка абрачы ўсепаленьне на аброчніку. І таго часу, як пачалося ўсепаленьне, пачалося пяцьцё СПАДАРУ з трубамі а із снадзямі Давідавымі, караля Ізраелявага. І ўся грамада кланялася, і пяюны пяялі, і трубялі трубілі ўсе, пакуль ня скончылася ўсепаленьне. І, як скончылі абраканьне, клякалі кароль а ўсі, што апынуліся зь ім, і кланяліся. І сказаў кароль Гэзэка а князі Левітам, каб яны выхвалялі СПАДАРА словамі Давіда а Асафа відзеньніка, і яны выхвалялі аж да радасьці, і нахіналіся, і кланяліся.

І адказаваў Гэзэка, і сказаў: «Цяпер вы пасьвяціліся СПАДАРУ; дабліжчася й прыносьце аброкі а падзякі да дому СПАДАРОВАГА». І грамада абракла аброкі а падзякі, і, колькі было ахвотных сэрцам, усепаленьні. І быў лік усепаленьняў, каторыя грамада прывялі: буйнога статку семдзясят, сто бараноў, дзьвесьце баранчыкаў; усе гэта на ўсепаленьні СПАДАРУ. І пасьвячаных рэчаў шасьцьсот буйнога статку і тры тысячы авец. Але сьвятароў было мала, і яны не маглі абяліць усі аброкі да ўсепаленьняў; і сілілі іх браты іхныя, Левітаве, пакуль работа была скончана і пакуль іншыя сьвятарове пасьвяціліся; бо Левітаве былі гатоўшага сэрца пасьвяціцца, чымся сьвятарове. Ды ўсепаленьняў было множасьць з тукамі супакойных аброкаў і з узьліваньнямі да ўсепаленьня. Гэтак адпраўлена была служба дому СПАДАРОВАГА. І цешыўся Гэзэка а ўвесь люд, што Бог прыгатаваў люд, бо справа была неўспадзеўкі.

І паслаў Гэзэка па ўсім Ізраелю а Юдэі, а таксама лісты пісаў да Яхрэма а Манаса, каб прышлі да дому СПАДАРОВАГА, да Ерузаліму спраўляць Пасху СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму; Бо ўрадзілі кароль а князі ягоныя а ўвесь збор у Ерузаліме, спраўляць Пасху другога месяца; Бо не маглі справіць яе ўпару, бо недаволі сьвятароў пасьвяцілася, і люд ня зьберся да Ерузаліму. І ўпадабаў гэта кароль а ўся грамада. І пастанавілі агаласіць па ўсім Ізраелю, ад Веер-Шэвы аж да Дану, каб ішлі да Ерузаліму спраўляць Пасху СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму, бо даўно не спраўлялі, як напісана. І пайшлі ганцы зь лістамі ад караля а ад князёў ягоных па ўсім Ізраелю а Юдэі, і подле расказаньня каралёвага казалі: «Дзеці Ізраеля! навярніцеся да СПАДАРА, Бога Абрагамовага, Ісаковага а Ізраелявага, і Ён навернецца да ўцекачоў, што засталіся ад рукі каралёў Асырскіх. І ня будзьце, як айцове вашыя і як браты вашыя, каторыя ізрадзілі СПАДАРА, Бога айцоў сваіх; затым аддаў іх на спустошаньне, як вы бачыце. Цяпер не каляньце завыйкі свае, як айцове вашыя, дайце руку СПАДАРУ, і прыходзьце да сьвятыні Ягонае, каторую Ён пасьвяціў на векі; і служыце СПАДАРУ, Богу свайму, і Ён адверне ад вас пал гневу Свайго; Бо калі вы навернецеся да СПАДАРА, тады браты вашыя а дзеці вашыя будуць у ласцы ў тых, што іх забралі ў палон, і зьвернуцца да зямлі гэтае; бо ласкучынюшчы а спагадлівы СПАДАР, Бог ваш, і не адверне відзеньня ад вас, калі вы навернецеся да яго».

І праходзілі ганцы зь места да места па зямлі Яхрэмавай а Манасавай і аж да Завулонавае; але зь іх сьміяліся а зьдзекаваліся. Некатрыя, адылі, з Ашэра, Манаса а Завулона скарыліся й прышлі да Ерузаліму. І над Юдэяю была рука Божая, што даравала іх адным сэрцам, каб паўніць расказаньне каралёва а князёў, подле слова СПАДАРОВАГА. І зьберліся да Ерузаліму множасьць люду спраўляць сьвята праснакоў, другога месяца, — грамада вельма чысьленая. І ўсталі, і ськінулі аброчнікі, што былі ў Ерузаліме, і ўсі месцы кадзеньня ськінулі й кінулі ў цурэй Кідрон. І зарэзалі пасху чатырнанцатага дня другога месяца. Сьвятарове а Левітаве засароміліся, і пасьвяціліся, і прынесьлі ўсепаленьні да дому СПАДАРОВАГА. І стаялі на сваім месцу подле звычаю свайго, подле Права Масея, чалавека Божага. Сьвятарове крапілі крывёй з рук Левітаў. З тае прычыны, што ў грамадзе шмат было такіх, каторыя не пасьвяціўшыся, то Левітаве рэзалі пасхі за кажнага нячыстага, на тое, каб пасьвяціць СПАДАРУ; Бо множасьць ізь люду, шмат зь Яхрэму а Манаса, Іссасхару а Завулону ня была ачысьціўшыся; елі яны, адылі, Пасху, хоць ня подле пісаньня. Але Гэзэка памаліўся за іх, кажучы: «Добры СПАДАР залашчыцца да тых, Хто прыгатаваў сэрца свае шукаць Бога, СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, хоць і ня подле ачышчэньня сьвятога».

І пачуў СПАДАР Гэзэку, і дараваў люду. І спраўлялі сынове Ізраелявы, што былі ў Ерузаліме, сьвята праснакоў сем дзён, зь вялікай весялосьцяй; дзень пры дню Левітаве а сьвятарове выхвалялі СПАДАРА на галасьлівых снадзях выхваляць СПАДАРА.

І гукаў Гэзэка па сэрцу ўсім Левітам, што навучалі добрага знацьця СПАДАРА. І елі пераз усе сьвята сем дзён, абракаючы супакойныя аброкі й вызнаючы СПАДАРА, Бога айцоў сваіх. І зрадзіўся ўвесь збор спраўляць другія сем дзён, і спраўлялі сем дзён ізь весялосьцяй; Бо Гэзэка, кароль Юдэйскі, даў грамадзе тысяча цялят-бычкоў і сем тысячаў авец, і князі далі грамадзе тысяча цялят-бычкоў і дзесяць тысяч авец; і вялікі лік сьвятароў пасьвяціўся. І весялілася ўся грамада Юдэйская ізь сьвятарамі а Левітамі, і ўся грамада, каторыя прышлі з Ізраелю, і чужаземцы, што вышлі ізь зямлі Ізраельскае і жылі ў Юдэі. Дык была вялікая радасьць у Ерузаліме, бо ад часу Салямона Давідзёнка, караля Ізраельскага, ня бывала падобнага ў Ерузаліме.

І ўсталі сьвятарове, Левітаве, і дабраславілі люд; і голас іхны быў пачуты, і ўзышла малітва іхная да сьвятое сялібы Ягонае, Да нябёс.

І, як усе гэта скончылася, вышлі ўсі Ізраяляне, што былі ў местах Юдэйскіх, да ўсіх местаў Юдэйскіх, і разьбілі асобкі, высеклі гаі, і разбурылі ўзвышшы а аброчнікі ў вусёй Юдэі і ў зямлі Веняміновай, Яхрэмавай а Манасавай, аж да канца. І зьвярнуліся ўсі сынове Ізраелявы кажны да дзяржавы свае, да места свайго.

І прызначыў Гэзэка радоўкі сьвятароў а Левітаў, подле радоў іхных, кажнага чалавека подле службы ягонае, сьвятароў а Левітаў да ўсепаленьняў а да супакойных аброкаў, да паслугаваньня а да дзякаваньня а да выхваляньня ў брамах табару СПАДАРОВАГА. Таксама дар каралеўскі з маемасьці ягонае на абраканьне: абракаць нараніцы і ўвечары, і на абраканьні ў сыботы, і на маладзікі, і на ўрочыстыя сьвяты, як напісана ў Праве СПАДАРОВЫМ. І расказаў люду, што жыў у Ерузаліме, даваць дар сьвятаром а Левітам, каб яны былі рупліўшыя ў праве СПАДАРОВЫМ. І як толькі расказаньне было пушчана, памножылі сынове Ізраелявы пачаткі збожжа, новага віна а алею а мёду і з усёга прыбытку польнага; і дзесяціну ўсяго прынесьлі яны ў множасьці. І сынове Ізраелявы а Юдзіны, што жылі ў местах Юдэі, таксама далі дзесяціну валоў а авец, і дзесяціну сьвятасьцяў, пасьвячаных СПАДАРУ, Богу свайму, яны прынесьлі; і налажылі кучы, кучы. Трэйцяга месяца пачалі класьці гэтыя кучы, а месяца сёмага скончылі. І прышлі Гэзэка а князі, і абачылі кучы, і дабраславілі СПАДАРА а люд Ягоны, Ізраеля. І папытаўся Гэзэка ў сьвятароў а Левітаў праз гэтыя кучы. І адказаў яму Азара, найвышшы сьвятар із дому Садокавага, і сказаў: «Адгэнуль, як пачалі зносіць дары да дому СПАДАРОВАГА, мы елі а сыціліся і засталася множасьць, бо дабраславіў СПАДАР люд Свой; і затым, што засталася, ё гэта вялікая множасьць.

І казаў Гэзэка прыгатаваць сьвірны ў доме СПАДАРОВЫМ; і прыгатавалі. І верна ўнесьлі дары а дзесяціны а пасьвячанае; а над імі загаднік быў Хононя Левіт а Шымей, брат ягоны, другім. Егіель жа а Азазя а Нагаф а Асагэль а Ерымоф а Езавад а Елель, Ісхама а Манаф а Беная — нагляднікі пад рукою Хононі а Шымея, брата ягонага, із загады караля Гэзэкі а Азары, дамавера дому СПАДАРОВАГА. І Корэ Імянок, Левіт, брамнік на ўсход над самахотнымі аброкамі СПАДАРУ, выдаваць дары СПАДАРОВЫ і найсьвятшыя рэчы. І пры ім Едэн а Мінямін а Ешуа а Шэмая а Амара а Шэханя ў местах сьвятарскіх, каб верна раздаваць братом сваім дзелі, як вялікаму, так і малому, Апрача радаводу мужчынаў ад трох год і вышэй, кажнаму, што ўходзе да дому СПАДАРОВАГА, штадзенную дзель ягоную дзеля службы ў іх урадзе подле радоў іхных, Радаводу сьвятароў, па дамох айцоў іхных, і Левітам ад дваццацёх год і вышэй подле службы іх у ўрадзе і ў радох іхных, І радаводу ўсіх дзецянят іхных, жонак іхных а сыноў іхных а дачок іхных, — усёй грамадзе, бо верна пасьвяціліся ў сьвятасьць. І сыном Ааронавым, сьвятаром у палёх перадмесьцяў местаў іхных, у кажным месьце прызначыў мужоў выменаваных, выдаваць дзелі ўсім мужчынам сярод сьвятароў і ўсім Левітам у радаводах іхных. І зрабіў гэтак Гэзэка па ўсёй Юдэі, і рабіў, што добрае а пасьцівае а праўдзівае перад СПАДАРОМ, Богам сваім. І кажную работу, што ён пачынаў на службе дому СПАДАРОВАГА, і ў Праве і ў расказаньнях, шукаючы Бога свайго, ён рабіў з усёга сэрца свайго, і меў дасьпех.

Просьле здарэньняў а праўды гэтае, прышоў Сэннахірыў, кароль Асырскі, і ўвыйшоў да Юдэі, і аблёг умацаваныя месты, і думаў адарваць іх сабе. І Гэзэка, абачыўшы, што прышоў Сэннахірыў, манючыся ваяваць супроці Ерузаліму, Зрадзіўся з князьмі сваімі а з дужасіламі сваімі запыніць ваду жаролаў, што вонках места; і яны памаглі яму. Дык зьберлася шмат люду, каторыя запынілі ўсі жаролы а цурэй, што цячэць пасярод зямлі, кажучы: «Чаму, прышоўшы, каралі Асырскія маюць знайсьці шмат вады?» І пасіліўся ён, і адбудаваў усю збураную сьцяну, і падняў яе да вежаў, і другую сьцяну вонках, і паправіў Міло места Давідавага, і зрабіў множасьць зброі а шчытоў. І прызначыў вайводцаў над людам, і зьбер іх да сябе на вуліцу ля брамы месцкае, і гукаў да сэрца ім, кажучы: «Мацуйцеся й будзьце адважныя, ня бойцеся ані лякайцеся караля Асырскага і ўсяе множасьці, што зь ім, бо большы з намі, чымся зь ім: Зь ім плячо цялеснае, але з намі СПАДАР, Бог наш, памагаць нам і ваяваць войны нашы». І здаўся люд на словы Гэзэкі, караля Юдэйскага.

Просьле гэтага Сэннахірыў, кароль Асырскі, паслаў слугаў сваіх да Ерузаліму, — а ён аблягаў Лахіш, і ўся ўлада ягоная зь ім, — да Гэзэкі, караля Юдэйскага, і да ўсяе Юдэі, каторыя ў Ерузаліме, кажучы: «Гэтак кажа Сэннахірыў, кароль Асырскі: "На што вы спадзяіцеся й сядзіце ў горадзе ў Ерузаліме? Ці не ўмаўляе вам Гэзэка, каб аддаць вас на сьмерць з галадові а смагі, кажучы: ’СПАДАР, Бог наш, выбаве нас ад рукі караля Асырскага’? Ці ня гэты Гэзэка аддаліў узвышшы Ягоныя а аброчнікі Ягоныя і сказаў Юдзе а Ерузаліму, кажучы: ’Перад аброчнікам адзіным кланяйцеся і на ім кадзіце’? Ціж вы ня ведаеце, што зрабіў я а айцове мае ўсім людам земляў? Ці запраўды маглі багове народаў гэных земляў выбавіць іх ад рук маіх? Хто з усіх багоў народаў, каторых аканавалі айцове мае, такі, што мог выбавіць люд свой ад рукі мае? Ціж зможа ваш Бог выбавіць вас ад рукі мае? І цяпер, хай ня зводзе вас Гэзэка і не ўмаўляе вам гэтак; і ня верце яму, бо ня мог ні водзін бог ні воднага народу й каралеўства выбавіць люд свой ад рукі мае й ад рукі айцоў маіх; дык і ваш Бог ня выбаве вас ад рукі мае"». І гаманілі слугі ягоныя супроці СПАДАРА Бога а супроці Гэзэкі, слугі Ягонага. І лісты пісаў ён, каб зьневажаць СПАДАРА, Бога Ізраелявага, і гукаў на Яго гэткія словы: «Як багове народаў земных ня выбавілі людаў сваіх ад рукі мае, так Бог Гэзэкі ня выбаве люду Свайго ад рукі мае». І крычэлі вялікім голасам паюдэйску да люду Ерузалімскага, што на сьцяне, каб настрашыць яго, і напалохаць яго, і ўзяць места. І гаманілі праз Бога Ерузаліму, як праз багі людаў зямлі, — работу рук людзкіх.

І памаліўся праз гэта кароль Гэзэка а Ісая Амасёнак, прарока, і загаласілі да неба.

І паслаў СПАДАР Ангіла, каторы сьцяў усіх харобрых дужасілаў а правадыроў а князёў у табару караля Асырскага. Дык зьвярнуўся ён із сорамам відзеньня да свае собскае зямлі; і як ён прышоў да дому бога свайго, тыя, што вышлі з нутра ягонага, сьцялі там яго мячом. Гэтак выбавіў СПАДАР Гэзэку а жыхараў Ерузаліму ад рукі Сэннахірыва, караля Асырскага, і ад рукі ўсіх; і вёў іх усюдых. Тады шмат хто прыносіў дары СПАДАРУ да Ерузаліму і дарагія рэчы Гэзэку, каралю Юдэйскаму. І ён адгэнуль узьвялічыўся ў вачох усіх народаў.

Гэных дзён захварэў Гэзэка сьмяротна. І памаліўся СПАДАРУ; і Ён казаў яму, і даў яму знак. Але ня подле ласкі СПАДАРОВАЕ яму Гэзэка падзякаваў, бо сэрца ягонае загардзела. І быў гнеў на яго а на Юдэю а на Ерузалім. Але як укарыўся Гэзэка ў гордасьці сэрца свайго, ён а жыхары Ерузаліму, то ня прышоў гэны гнеў СПАДАРОЎ на іх за дзён Гэзэчыных. І было ў Гэзэкі багацьця а славы вельмі шмат; і зрабіў сабе скарбніцу на срэбра а на золата а на дарагое каменьне а на пахі а шчыты а на ўсялякага роду каштоўнае судзьдзе, І сьвірны на ўрод збожда а новага віна а алівы, і хлявы ўсякаму статку, і панадворкі стадам. І месты пабудаваў сабе. І стадаў драбнога й буйнога статку было ў яго множасьць, бо даў яму Бог вельмі вялікую маемасьць. Гэты ж Гэзэка запыніў вышняе ўзьнікле водаў Ґігону й правёў іх далоў да заходняга боку места Давідавага. І шчасьціла Гэзэку ў вусіх работах ягоных. Але што да паслоў князёў Бабілёнскіх, каторых паслалі да яго распытацца праз чуда, што было ў зямлі, СПАДАР пакінуў яго, выпрабаваць яго, каб Ён мог даведацца ўсе, што на сэрцу ягоным. І засталыя справы Гэзэчыны, і дабрадзейства ягонае, вось, яны запісаны ў відзені Ісаі Амасёнка прарокі — у кнізе каралеў Юдэйскіх а Ізраельскіх. І супачыў Гэзэка з айцамі сваімі, і пахавалі яго на вышынях грабоў сыноў Давідавых, і ўсьцілі яго ўсі Юдэі а жыхары Ерузаліму пры яго сьмерці. І Манас, сын ягоны, загаспадарстваваў замест яго.

Дваццаць год было Манасу, як загаспадарстваваў, і пяцьдзясят год гаспадарстваваў у Ерузаліме. І рабіў ён ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ, подле ўсіх агідаў паган, каторых прагнаў СПАДАР ад відзеньня сыноў Ізраелявых. І ўзноў збудаваў узвышшы, каторыя разбурыў Гэзэка, айцец ягоны, і пастанавіў аброчнікі Ваалам, і насадзіў гаі, і кланяўся ўсяму войску нябёснаму, і служыў ім; І збудаваў аброчнік у доме СПАДАРОВЫМ, праз каторы сказаў СПАДАР: «У Ерузаліме будзе імя Мае на векі»; І збудаваў аброчнік усяму войску нябёснаму на абодвых панадворках дому СПАДАРОВАГА. Ён жа праводзіў сыноў сваіх перазь цяпло ў даліне сына Гінномавага, таксама ён назіраў часы, і чараваў, і варажыў, і ўстанавіў выгуканьнікаў нябошчыкаў і знахараў; шмат рабіў благога ў ваччу СПАДАРОВЫМ, квелячы Яго да гневу. І пастанавіў выразаны балван, каторы зрабіў, у доме Божым, праз каторы казаў Бог Давіду а Салямону, сыну ягонаму: «У доме гэтым а ў Ерузаліме, каторы Я абраў з усіх плямёнаў Ізраелявых, Я палажу імя Свае на векі; І не крану наперад нагі Ізраеля ізь зямлі, каторую Я прызначыў бацьком вашым, абы адно яны стараліся паўніць усе, што Я расказаў ім, подле ўсяго Права а ўставаў а загадаў Масеям». І зьвёў Манас Юдэю а жыхараў Ерузаліму дзеяць ліха горш за паган, каторых СПАДАР выгубіў перад сынамі Ізраелявымі!

І гукаў СПАДАР Манасу а люду ягонаму, але яны не ўважалі.

І прывёў СПАДАР на іх вайводцаў караля Асырскага; і яны нялі Манаса кручкамі, і акавалі яго ланцугамі, і павялі яго да Бабілёну. І, як ён быў у гароце, ён маліў СПАДАРА, Бога свайго, і ўкарыўся вельма перад Богам айцоў сваіх. І маліўся Яму, і Ён даўся ўпрасіць, і пачуў маленьне ягонае, і зьвярнуў яго да Ерузаліму на каралеўства ягонае. І даведаўся Манас, што СПАДАР — Ён Бог. І просьле гэтага збудаваў навонную сьцяну места Давідавага, на заходнім баку Ґігону, у даліне, аж да ўходу ў Рыбную браму, і правёў яе навокал Офелу, і ўзьняў яе на вельмі вялікую вышыню. І прызначыў вайводцаў па ўсіх умацаваных местах Юдэі; І выкінуў чужаземныя багі а балваны з дому СПАДАРОВАГА, і ўсі аброчнікі, што ён збудаваў на гары дому СПАДАРОВАГА і ў Ерузаліме, і выкінуў іх вонкі зь места. І збудаваў аброчнік СПАДАРОЎ, і аброк на ім супакойныя аброкі а падзяку, і расказаў Юдэям служыць СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму. Але люд яшчэ абракаў на ўзвышшах, адно СПАДАРУ, Богу свайму. Засталыя справы Манасавы, і малітва ягоная да Бога свайго, і словы відзеньнікаў, што гукалі яму ў імя СПАДАРА, Бога Ізраелявага, вось, яны ў кнізе каралёў Ізраельскіх. Таксама малітвы ягоныя, і што Бог даўся ўпрасіць яму, і ўвесь грэх ягоны, і ізрада ягоная, і месцы, ідзе ён збудаваў узвышшы, і насадзіў гаі, і выразаў балваны перад скарэньням сваім, вось, яны запісаны ў словах відзеньніка. І супачыў Манас із айцамі сваімі, і пахавалі яго ў собскім доме ягоным. І Амон, сын ягоны, загаспадарстваваў замест яго.

Амону было дваццаць два гады, як ён загаспадарстваваў, і гаспадарстваваў два гады ў Ерузаліме. І рабіў ліха ў ваччу СПАДАРА, як рабіў Манас, ацец ягоны; бо ўсім балваном, каторыя быў зрабіўшы Манас, айцец ягоны, абракаў Амон і служыў ім. І не скарыўся перад СПАДАРОМ, як Манас, айцец ягоны, скарыўся; але ён, Амон, памножыў віны свае. І змовіліся супроці яго слугі ягоныя, і забілі яго ў собскім доме ягоным. Але люд зямлі забіў усіх тых, што змовіліся супроці караля Амона; і люд зямлі ўстанавіў Ёсю, сына ягонага, за караля замест яго.

Восьмі год было Ёсі, як ён загаспадарстваваў, і трыццаць адзін год гаспадарстваваў у Ерузаліме. І рабіў ён справядлівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ, і хадзіў дарогамі Давіда, айца свайго, і не адхінуўся ані направа, ані налева. І восьмага году дзяржавы свае, — а ён быў яшчэ малец, — ён пачаў шукаць Бога Давіда, айца свайго, а двананцатага году пачаў пратаць Юдэю а Ерузалім ад узвышшаў а гаёў і выразаных а выліваных абразоў. І разбурылі перад ім аброчнікі Ваалаў, і сонечныя стаўпы, што былі на вышыні над імі, ён парэзаў; і гаі, і выразаныя а выліваныя балваны ён разьбіў а зьмяжджуліў а расьцярушыў на грабох тых, што ім абракалі; І косьці сьвятароў ён спаліў на аброчніках іхных, і выпратаў Юдэю а Ерузалім. І ў местах Манасавых а Яхрэмавых а Сымонавых, аж да плямені Наффалімовага, і ў спустошаных аколіцах іхных Разламіў аброчнікі а гаі, і выразаныя балваны зьмяжджуліў, і пасек усі сонечныя стаўпы па ўсёй зямлі Ізраельскай; і ён зьвярнуўся да Ерузаліму. Асьмінанцатага году дзяржавы свае, па выпратаньню зямлі а дому, ён паслаў Шафана Ацалёнка а Маасэю гараднічага а Ёага Ёагазёнка пісара, паправіць дом СПАДАРА, Бога свайго. І прышлі яны да Гілкі, найвышшага сьвятара, і аддалі срэбра, прынесенае да дому Божага, каторае Левітаве, на старожы ля парогу стаячыя, зьберлі з рук Манаса а Яхрэма а ўсіх засталых Ізраялян, і ад усёга Юды а Веняміна, і ад жыхараў Ерузаліму; І аддалі ў рукі майстром-нагляднікам над домам СПАДАРОВЫМ, а гэтыя далі іх работнікам, што рабілі ў доме СПАДАРОВЫМ, каб паправіць а ўмацавадь дом. І яны далі цесьлям а будаўніком, купляць часаныя камяні а дзерва на вязі а на балькі дамоў, каторыя каралёве Юдэйскія папсавалі.

Людзі гэтыя рабілі работу пасьціва; а за нагляднікаў над імі прызначаны Ягаф а Овада, Левіты зь Мерарычаў, Захара ж а Мешулам із Когафічаў кіраваць, — кажны ж Левіт знаўся на музыцкіх снадзях. А над нашэньнікамі цяжараў, і нагляднікамі над робячымі работу, і над усякім служэньням былі зь Левітаў пісары а ўраднікі а брамнікі. І як яны вымалі срэбра, прынесенае да дому СПАДАРОВАГА, Гілка, сьвятар, знайшоў кнігу Закону СПАДАРОВАГА, даную Масеям. І Гілка адказаў, і сказаў Шафану, пісару: «Я знайшоў кнігу Закону ў доме СПАДАРОВЫМ». І Гілка падаў кнігу Шафану. І прынёс Шафан кнігу каралю, ды прынёс каралю ведамку, кажучы: «Усе, што паручана слугам тваім, яны робяць»; І высыпалі срэбра, знойдзенае ў доме СПАДАРОВЫМ, і аддалі яго ў рукі нагляднікаў а ў рукі робячым работу. Тады Шафан, пісар, азнайміў каралю: «Кнігу даў імне Гілка сьвятар». І чытаў яе Шафан перад каралём. Як пачуў кароль словы Закону, то разьдзер адзецьці свае. І расказаў кароль Гілку а Агікаму Шафанёнку а Аўдону Міхеёнку а Шафану, пісару, а Асаі, слузе каралеўскаму, кажучы: «Пайдзіце, даведайцеся ў СПАДАРА празь мяне а праз засталых у Ізраелю а ў Юдэі што да словаў знойдзенае кнігі гэтае; бо вялікі гнеў СПАДАРОЎ выліты на нас за тое, што не дзяржалі айцове нашы слова СПАДАРОВАГА, каб рабіць подле ўсёга, напісанага ў кнізе гэтай».

І пайшоў Гілка й тыя, што ад караля, да Гульды прарокі, жонкі Шалумовае, сына Токафа Гасранка, вартаўніка адзецьцяў, — а жыла яна ў другой часьці Ерузаліму, — і гукалі зь ёю праз гэта. І адказала яна ім: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Скажыце таму чалавеку, каторы паслаў вас да мяне: Гэтак кажа СПАДАР: ’Вось, Я навяду бяду на месца гэта і на жыхараў яго ўсі праклёны, напісаныя ў кнізе, каторую чыталі перад відам караля Юдэйскага. За тое, што яны пакілулі Мяне і кадзілі багом іншым, каб квяліць Мяне да гневу ўсімі работамі рук сваіх, гнеў Мой выльлецца на гэтае месца і ня згасьне’". А каралю Юдэйскаму, што паслаў вас даведацца ў СПАДАРА, гэтак вы скажыце яму: "Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў, што да слоў, каторыя ты чуў: ’Затым што зьмякчэла сэрца твае, і ты ўкарыўся перад Богам, як пачуў словы праз гэтае месца а праз жыхараў яго, і ты ўкарыўся перад Імною, і разьдзер адзецьці свае, і плакаў перад Імною, то й Я пачуў, — агалашае СПАДАР. — Вось, Я забяру цябе да айцоў тваіх, і ты будзеш забраны да гробу свайго ў супакою, ані вочы твае ня будуць бачыць усяе бяды, што Я навяду на месца гэтае а на жыхараў яго’"». І зьвярнуліся да караля з адказам. Тады кароль паслаў і зьбер усіх старцоў Юдэі а Ерузаліму. І пайшоў кароль да дому СПАДАРОВАГА, і ўсі мужы Юдэі, і жыхары Ерузаліму, і сьвятарове, і Левітаве, і ўвесь люд, ад вялікага аж да малога; і чытаў у вушы ім усі словы кнігі змовы, знойдзенае ў доме СПАДАРОВЫМ. І стаў кароль на стані сваёй, і ўчыніў змову перад СПАДАРОМ, хадзіць за СПАДАРОМ і дзяржаць расказаньні ягоныя а сьветчаньні ягоныя а ўставы ягоныя з усёга сэрца свайго із усяе душы свае, каб паўціць словы змовы, запісаныя ў гэтай кнізе. І ён сьхінуў усіх, прытомных у Ерузаліме а ў Веняміне, стаяць за гэта. І жыхары Ерузаліму зрабілі подле змовы СПАДАРА, Бога айцоў сваіх. І Ёся адкінуў усі агіды з усіх краёў сыноў Ізраелявых, і прысіліў усіх, прытомных у Ізраелю, служыць СПАДАРУ, Богу свайму. Усі дні яго яны не адступалі ад СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.

І спраўляў Ёся ў Ерузаліме пасху СПАДАРУ, і зарэзалі пасху чатырнанцатага дня першага месяца. І прызначыў ён сьвятароў на іх урады, і захоціў іх служыць у доме СПАДАРОВЫМ. І сказаў Левітам, наўчыцелям усіх Ізраялян, пасьвячаным СПАДАРУ: «Пастанавіце сьвятую скрыню ў доме, каторы збудаваў Салямон Давідзёнак, кароль Ізраельскі; няма цяжару на плячох вашых; служыце цяпер СПАДАРУ, Богу свайму, а люду Ягонаму Ізраелю. І прыгатуйцеся па дамох айцоў сваіх, па радоўках сваіх, подле пісаньня Давіда, караля Ізраельскага, і подле пісаньня Салямона, сына ягонага; І стойце ў сьвятыні, подле разьдзелу радзімаў айцоўскіх, братоў сваіх, сыноў люду, і радоўкі радзімаў Левітаў. І зарэжча пасху, і пасьвяціцеся, і прыгатуйце яе братом сваім, чынячы подле слова СПАДАРОВАГА Масеям».

І дараваў Ёся сыноў люду, усіх, што былі там, з драбнога статку баранчыкамі а казянятмі, усе на аброк пасхальны, лікам трыццаць тысячаў, і тры тысячы валоў. Гэта з маемасьці каралёвае. І князі ягоныя давалі ахвотна люду, сьвятаром а Левітам; Гілка а Захара а Егіель, начэльнікі ў доме Божым, далі сьвятаром на пасхальныя аброкі дзьве тысячы шасьцьсот драбнога статку і трыста валоў; Таксама Хонаня а Шэмая а Нефанэль, браты ягоныя, а Гашава а Еель а Ёзавад, начэльнікі Левітаў, абдаравалі Левітаў на пасхальныя аброкі пяцьма тысячмі драбнога статку й валамі пяцьсот. Гэтак наснуджана было служэньне. І сталі сьвятарове на стані свае, і Левітаве радоўкамі сваімі, з расказаньня каралеўскага. І зарэзалі пасху. І крапілі сьвятарове з рук сваіх, а Левітаве бялілі. І зьнялі ўсепаленьні, каб маглі раздаць подле падзелаў дамоў айцоўскіх у сыноў люду, абракаць СПАДАРУ, як напісана ў кнізе Масеявай. І гэтак із буйным статкам. І сьпяклі пасху на цяпле, подле пастанову; а пасьвячэньні варылі ў казанох, гаршкох а рондлях, і борзда раздалі ўсяму люду; А потым прыгатавалі сабе а сьвятаром, бо сьвятарове, сынове Ааронавы, былі занятыя абраканьням усепаленьня а тукаў аж да ночы; затым і гатавалі Левітаве сабе а сьвятаром, сыном Ааронавым, пасьлей. І пяюны, сынове Асафовы, былі на станях сваіх, подле расказаньня Давіда а Асафа а Гэмана а Ідыфуна, відзеньніка каралеўскага, і брамнікі ў кажнай браме: ня было чаго адыходзіць ім ад службы свае, бо браты іхныя, Левітаве, прыгатавалі ім. Гэтак наснуджана была ўся служба СПАДАРУ таго дня, каб паўніць пасху й абрачы ўсепаленьні на аброчніку СПАДАРОВЫМ, з расказаньня караля Ёсі. І спраўлялі сынове Ізраелявы, што былі там, пасху таго часу і сьвята праснакоў сем дзён. І ня была спраўляна такая пасха ў Ізраеля ад дзён Самуйлы прарокі; і з усіх каралёў Ізраелявых ні водзін не спраўляў такое пасхі, якую справіў Ёся а сьвятарове а Левітаве а ўсі Юдэі а Ізраяляне, што там былі, а жыхары Ерузаліму. Асьмінанцатага году дзяржавы Ёсі была гэтая пасха.

Па ўсім тым, як прыгатаваў Ёся дом, узышоў Нехо, кароль Ягіпецкі, ваяваць супроці Кархемішу ля Еўфрату; і Ёся вышаў наўпярэймы яму. І паслаў да яго паслоў сказаць: «Што імне й табе, каролю Юдэйскі? Не на цябе цяпер іду я, але на дом вайны свае, бо Бог расказаў імне барзьдзіць; адчапіся, бо Бог із імною, каб Ён ня зьнішчыў цябе». Але Ёся не адвярнуў відзеньня свайго ад яго, але зьмяніўся, каб ваяваць ізь ім, і не паслухаў слоў Неха ад вуснаў Божых, і пайшоў на бітву ў даліну Меґіддо. І выстралілі стралцы ў караля Ёсю; і сказаў кароль слугам сваім: «Вывядзіце мяне, бо я цяжка ранены». І зьвялі яго слугі ягоныя зь цялежак, і пасадзілі яго ў накшыя цялежкі, што былі ў яго, і адвезьлі яго да Ерузаліму, і памер ён, і пахаваны ў грабох айцоў сваіх. І ўся Юдэя а Ерузалім плакалі па Ёсю.

Плакаў па Ёсю й Ярэма; і ўсі пяюны а пяюльлі гукалі празь Ёсю ў сваіх галашэньнях дагэтуль, і ўвялі іх у звычай у Ізраелю; і, вось, яны ўпісаны ў галашэньні.

Засталыя справы Ёсіны, і дабрадзействы ягоныя, згодныя з напісаным у Законе СПАДАРОВЫМ, І справы ягоныя, першыя й апошнія, апісаны ў кнізе каралёў Ізраельскіх а Юдэйскіх.

І ўзяў люд зямлі Егоагаза Ёсянка, і ўстанавілі яго за караля ў Ерузаліме, замест айца ягонага. Дваццаць тры гады было Егоагазу, як загаспадарстваваў, і тры месяцы гаспадарстваваў у Ерузаліме. І ськінуў яго ў Ерузаліме кароль Ягіпецкі, і налажыў на зямлю кары сто таланяў срэбра і талань золата. І ўстанавіў кароль Ягіпецкі над Юдэяю а Ерузалімам Елякіма, брата ягонага, і зьмяніў імя ягонае на Егоякім; а Егоагаза, брата ягонага, узяў Нехо й павёў яго да Ягіпту.

Дваццаць пяць год было Егоякіму, як загаспадарстваваў, і адзінанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме. І рабіў ён ліха ў ваччу СПАДАРА, Бога свайго. І супроці яго ўзышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, і закаваў яго ў мядзяныя ланцугі, каб павесьці яго да Бабілёну. І із судзьдзя дому СПАДАРОВАГА прывёз Невухаднецар да Бабілёну, і палажыў іх у палацу сваім у Бабілёне. Засталыя справы Егоякімовы й агіды ягоныя, якія ён рабіў, і якія знойдзены ў яго, вось, яны апісаны ў кнізе каралёў Ізраельскіх а Юдэйскіх. І загаспадарстваваў Егояхін, сын ягоны, замест яго.

Восем год было Егояхіну, як загаспадарстваваў, і тры месяцы й дзесяць дзён гаспадарстваваў у Ерузаліме. І рабіў ён ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ. Як мінуў год, паслаў кароль Невухаднецар, і прывялі яго да Бабілёну разам із дарагім судзьдзям дому СПАДАРОВАГА, і прызначыў за гаспадара над Юдаю а Ерузалімам Сэдэку, брата ягонага.

Дваццаць адзін год быў Сэдэку, як загаспадарстваваў, і адзінанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме. І рабіў ён ліха ў ваччу СПАДАРА, Бога свайго. Ён не скарыўся перад Ярэмаю, прарокам, што праракаў ад вуснаў СПАДАРОВЫХ; І таксама збунтаваўся супроці караля Невухаднецара, што ўзяў ізь яго прысягу Богам, і закаляніў завыек свой, і закаляніў сэрца свае да тога, што не навярнуўся да СПАДАРА, Бога Ізраелявага. Таксама ўсі начэльнікі сьвятароў а люд вельма шмат ізраджалі, подле ўсіх агідаў паган, і плюгавілі дом СПАДАРОЎ, каторы Ён пасьвяціў у Ерузаліме.

І пасылаў СПАДАР, Бог айцоў іхных, да іх пасланцоў сваіх, рана ўстаючы й пасылаючы; бо меў Ён жаласьць над людам Сваім і над сялібаю Сваёю. Але яны сьміяліся з пасланцоў Божых, і ўлегцы мелі словы Ягоныя, і зьдзекаваліся з прарокаў Ягоных, пакуль не паўстаў гнеў СПАДАРОЎ на люд Ягоны, ажно ня было леку. І Ён узьвёў на іх караля Хальдэйскага, каторы зрабіў сьмерць маладзёнам іхным мячом у доме сьвятыні іхнай, і не пажалеў ані маладзёна, ані дзеўкі, ані старога, ані сівога, — усе аддаў у рукі ягоныя. І ўсе судзьдзе дому Божага, вялікае й малое, і скарбы дому СПАДАРОВАГА, і скарбы караля а князёў ягоных, — усе завёз ён да Бабілёну. І спалілі дом Божы, і разбурылі сьцяну Ерузаліму, і ўсі палацы яго спалілі цяплом, і ўсі дарагія рэчы яго зьнішчылі. І перасяліў ён засталых ад мяча да Бабілёну; і былі яны слугамі ягонымі а сыноў ягоных, аж да ўлады гаспадарства Пэрскага. Каб споўніліся словы СПАДАРОВЫ вуснамі Ярэмы, пакуль зямля не здаволілася із спустошаньня сыботаў сваіх. Усі дні яна супачывала да сканчэньня семдзясят год.

А першага году Кіра, караля Пэрскага, каб скончыўся рок словам СПАДАРОВЫМ вуснамі Ярэмы, узрушыў СПАДАР дух Кіра, караля Пэрскага, і ён агаласіў па ўсім каралеўстве сваім, і таксама пісома, кажучы: «Гэтак кажа Кір, кароль Пэрскі: "Усі каралеўствы зямлі даў імне СПАДАР, Бог нябёсны; і Ён расказаў імне пастанавіць Яму дом у Ерузаліме, каторы ў Юдэі. Хто ё з вас, з усёга люду Ягонага, СПАДАР, Бог ягоны, зь ім, і хай ён узыйдзе"».



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.