Библия › Станкевіча › Ёвава

Ёвава

Быў чалавек у зямлі Уц, імя ягонае Ёў; і быў чалавек гэты беззаганны а пасьцівы, і ён баяўся Бога, і адхінаўся ад ліха. І нарадзілася ў яго сямёх сыноў і тры дачкі. І было ў яго драбнога статку сем тысячаў, тры тысячы вярблюдоў, пяцьсот пар валоў а пяцьсот асьліцаў, і вельмі шмат чэлядзі: і быў чалавек гэты вялікшы за ўсіх сыноў усходу.

Сынове ягоныя зыходзіліся, спраўляючы чэсьці кажны свайго дня ў доме сваім, і пасылалі й звалі тры сястры свае есьці й піць із імі. Як радоўка дзён чэсьцяў канчалася, Ёў пасылаў па іх, і пасьвячаў іх, і, устаючы рана нараніцы, спраўляў усепаленьні подле ліку ўсіх іх; бо гукаў ён: «Можа ізграшылі сынове мае і зганілі Бога ў сэрцу сваім». Гэтак рабіў Ёў усі дні.

І быў дзень, калі прышлі сынове Божыя стаць перад СПАДАРОМ; і прышоў таксама шайтан памеж іх. І сказаў СПАДАР шайтану: «Скуль ты прышоў?» І адказаў шайтан СПАДАРУ, і сказаў: «Я абходзіў зямлю й абышоў яе». І сказаў СПАДАР шайтану: «Ці зьвярнуў ты ўвагу на слугу Майго Ёва? гэтаж няма такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, пасьцівы, баіцца Бога й адварачаецца ад ліха». І адказаў шайтан СПАДАРУ і сказаў: «Ціж дарма Ёў багабойлівы? Ці ня Ты агарадзіў навокал яго, і навокал дому ягонага, і навокал усяго, што навокал у яго? Работу рук ягоных Ты дабраславіў, і стады ягоныя пашырыў па зямлі. Але выцягні руку Сваю і даткніся ўсёга, што ў яго, — ці ня згане ён Цябе ў відзеньне Твае?» І сказаў СПАДАР шайтану: «Вось, усе, што ў яго, у руццэ тваёй; адно на яго не выцягай рукі свае». І адышоў шайтан ад віду СПАДАРОВАГА.

І быў дзень, калі сынове ягоныя а дачкі ягоныя елі й пілі віно ў доме першароднага брата свайго, І прышоў пасланец да Ёва, і сказаў: «Валы аралі, і асьліцы хадзілі ля іх, як напалі Савяне і ўзялі іх, а дзяцюкоў забілі лязом мяча; толькі я адзін уцёк, каб наказаць табе».

Яшчэ ён гукаў, як прыходзе другі й кажа: «Цяпло Божае ўпала зь неба, і папаліла авечкі а дзяцюкоў, і пажэрла іх; і толькі я адзін уцёк, каб наказаць табе». Яшчэ ён гукаў, як прыходзе другі й кажа: «Хальдэі разьлягліся трыма аддзеламі, і кінуліся на вярблюды, і ўзялі іх, і дзяцюкоў забілі лязом мяча; і толькі я адзін уцёк, каб наказаць табе».

Яшчэ ён гукаў, прыходзе іншы й кажа: «Сынове твае а дачкі твае елі й пілі віно ў доме першароднага брата свайго; І вось, узьняўся вялікі вецер із тога боку пустыні, і ахапіў чатыры вуглы дому, і ўпаў на дзяцюкоў, і яны памерлі; і толькі я адзін уцёк, каб наказаць табе».

Тады Ёў устаў, і разьдзер вопратку, астрыг галаву сваю, і паў на зямлю, і пакланіўся, І сказаў: «Голы я вышаў із жывата маці свае, голы й зьвярнуся туды. СПАДАР даў, СПАДАР і ўзяў; хай будзе імя СПАДАРОВА дабраславена!» У вусім гэтым не ізграшыў Ёў і не праказаў неразумнага Богу.

І быў дзень, і прышлі сынове Божыя стаць перад СПАДАРОМ; памеж іх прышоў і шайтан стаць перад СПАДАРОМ. І сказаў СПАДАР шайтану: «Скуль ты прышоў?» І адказаў шайтан СПАДАРУ, і сказаў: «Я хадзіў па зямлі і абышоў яе». І сказаў СПАДАР шайтану: «Ці зьвярнуў ты ўвагу на слугу Майго Ёва? гэта ж нямаш такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, пасьцівы, баіцца Бога й адварачаецца ад ліха, і дагэтуль цьвярды ў сваёй беззаганнасьці; а ты ўзрушаў Мяне на яго, каб зьнішчыць яго бязь віны». І адказаў шайтан СПАДАРУ, і сказаў: «Скура за скуру, але ўсе, што ё ў людзіны, аддасьць яна за душу сваю. Але выцягні ж руку Сваю і даткніся да косьці ягонае й цела ягонага, — ці ня згане ён Цябе ў відзеньне Твае?» І сказаў СПАДАР шайтану: «Вось, ён у руццэ тваёй, адно душу ягоную захавай».

І адышоў шайтан ад віду СПАДАРОВАГА, і паразіў Ёва благім скульлям ад ступы нагі ягонае аж да цемені ягонага. І ўзяў ён сабе чэрап, каб скрабаць сябе ім, і сеў сярод попелу.

І сказала яму жонка ягоная: «Ты ўсе яшчэ цьвярды ў беззаганнасьці сваёй! Згань Бога й памры». Але ён сказаў ёй: «Ты гукаеш, як адна з дурных гукала; нягож добрае мы будзем прыймаць ад Бога, а благога ня будзем прыймаць?» У вусім гэтым не ізграшыў Ёў вуснамі сваімі.

І пачулі тры прыяцелі Ёвавы праз усе гэтае ліха, што прышло на яго, і прышлі кажны із свайго месца: Еліфаз Феманянін а Вілдад Шугянін а Софар Наамацянін, і зышліся разам, каб ісьці паківаць галавою над ім і цешыць яго. І, узьняўшы вочы свае здалеку, яны не пазналі яго; узьнялі голас свой і заплакалі; і разьдзер кажны вопратку сваю, і цярушылі пыл над галавамі сваімі к небу. І сядзелі зь ім на зямлі сем дзён і сем ночаў і ніхто ня гукаў яму ані слова, бо бачылі, што боль ягоны надта вялікі.

Просьле гэтага адчыніў Ёў вусны свае і пракляў дзень свой. І адказаў Ёў, і сказаў: «Зьгінь дзень, у каторым я радзіўся, і ноч, у каторай сказалі: "Пачаўся мужчына!" Дзень тый хай будзе цемняю, хай ня соча яго Бог згары, і хай не зазьзяе над ім сьвятліня! Багдай яго запляміла цемнь а сьцень сьмерці, багдай завалок яго булак, хай палохаюцца яго, як немарасьці дня! Ноч тая, — багдай забрала яе цемнь, хай ня будзе палічана яна ў днёх году, хай ня ўвыйдзе ў лік месяцаў! Во! багдай ноч тая была адзінотная, багдай ня было пяцьця ў ёй! Хай праклінуць яе праклінаючыя дзень, здольныя пабудзіць Левяфана! Хай зацьмеюць гвезды золку яе: хай выглядае яна сьвятліні, і яе няма, і хай не абача яна векаў дня, За тое, што не зачыніла дзьвярэй жывата майго, ані схавала немарасьці ад аччу маіх!

Чаму, выходзячы зь дзетніцы, я не памер, не сканаў вышаўшы із жывата? Чаму перанялі мяне калені? чаму было імне ссаць пелькі? Цяпер бы ляжаў я й супачываў: спаў бы, і было б імне супакойна, З каралямі а параднікамі зямлі, што забудовавалі сабе пустыні, Альбо з князьмі, у каторых было золата, каторыя напаўнялі дамы свае срэбрам; Альбо, як ськінены плод пахаваны, я ня быў бы, як бязьлеткі, што не абачылі сьвятліні. Там нягоднікі перастаюць немарасьціць, і там супачываюць высіленыя. Там вязьні разам цешацца із супакою і ня чуюць крыкаў наглядніка. Малы й вялікі там ён, і слуга свабодны ад пана свайго.

Нашто дана сьвятліня стамаванаму, а жыцьцё гаркім душою, Каторыя ждуць сьмерці, і няма яе, што выкапалі б яе ахватней, чымся скарбы, Узрадавіліся б аж да захапленьня, цешыліся б, што знайшлі гроб, Нашто дана мужчыне, ад каторага дарога схавана, і каторага Бог агарадзіў? Бо перад хлебам маім уздыханьні мае, і выліліся, як вада, стогны мае; Бо жахлівае, чаго я жахаўся, тое й стрэла мяне; і чаго я баяўся, тое й прышло да мяне. Я ня быў у бясьпечнасьці ані меў супачынку, ані быў супакойны; і прышла немарасьць».

І адказаў Еліфаз Феманянін, і сказаў: «Калі паспробуем сказаць да цябе слова, — ці ня цяжка будзе табе? адылі, хто можа забараніць слова? Вось, ты навучаў шмат каго, і кволыя рукі ты паддзержаваў, Таго, што спатыкнуўся, падыймалі словы твае, і калені, што гнуліся, ты сіліў. А цяпер дайшло да цябе, і ты скволеў; дакранулася да цябе, і ты ўзрушаешся. Ці ня мае быць боязьнь твая даверам табе, надзеяю тваёю а пасьцівасьцяй дарогаў тваіх?

Успомні ж, хто тый нявінны, што загінуў бы, і йдзе справядлівыя былі выкаранены? Як я бачыў, тыя, што аралі бяспраўе й сеялі нягоднасьць, жнуць тое самое, Ад дзьмухненьня Божага гінуць і ад Духу гневу Ягонага чэзнуць. Равеньне лява й голас лявіцы моўкнуць, і зубы левянят крышацца; Стары леў гіне без здабытку, і дзеці лявіцы рассыпаюцца.

І вось, цікаючыся, прышло да мяне слова, і вуха мае прыняло штось ад яго. Сярод думак праз ночныя відзені, як сон мора людзёў, Агарнуў мяне жах а дрыгота, і шмат касьцей маіх зьлякаў. І дух прайшоў над імною; дубка сталі валасы ў мяне. Ён стаў, — але я ня мог пазнаць выгляду ягонага, — абраз быў перад ачыма маімі; цішыня, тады я пачуў голас: "Ціж можа чалавек быць справядліўшы за Бога? ці можа мужчына быць чыстшы за тога, хто яго ўчыніў? Нават слугам Ён сваім не давярае, і ў вангілах Сваіх Ён цяме заганы; І пагатове жывучыя ў гліняных дамох, каторых под у парахне, каторыя крышацца, як ад молі. З раньня да вечара яны раскладаюцца, і бяз увагі на іх на векі гінуць. Ці не аддаляюць перавагу іхную ў іх? Паміраюць яны, ды бяз мудрасьці".

Гукай; ці ёсьць адказуючы табе? і да каго ізь сьвятых ты зьвернешся? Пэўне злосьць забівае дурнога, і завідасьць губе няцямлівага. Я бачыў дурнога, што пусьціў карэньне, і неўспадзеўкі пракляў гасподу ягоную. Далёкія сынове ягоныя ад спасеньня, і зьбітыя ў браме, і няма ратуючага. Жніво ягонае галодны зьядае, і зь церня выбірае яго, і ўсьмяглы жадае багацьця ягонага; Бо ня з пылу выходзе бяспраўе, і не ізь зямлі пушчае пагоны мука; Бо чалавек родзіцца на муку, як іскры, ляцець у выш.

А я зьвярнуўся б да Бога, і Богу аддаў бы справу сваю, Каторы чыне рэчы вялікія, няўскуманыя, чудоўныя бязь ліку; Даець дождж на відзеньне зямлі, і пасылае воды на відзеньне палёў; Станове на вышыню тых, што нізка, і гаротных падымае да спасеньня. Ён разбурае думкі хітрых, так што рукі іхныя не выпаўняюць прадпрыемства. Ён лове мудрых у іх собскай хітрыні і рады самадыйнікаў чыне пустымі: Удзень сустракаюць цемнь і, бы ночы, ходзяць вошчупкам серадня. Ён выбаўляе ад мяча, ад вуснаў іхных і беднага — ад рукі дужога. І бывае беднаму надзея, і несправядлівасьць зачыняе вусны свае.

Вось, шчасьлівы чалавек, каторага зыра Бог; затым караньням Усемагучага ня грэбуй; Бо Ён ране, Ён і завязуе; Ён б’ець, ягоныя ж рукі й лечаць. Із шасьцёх бедаў Ён вывальне цябе, у сёмай не даткнецца да цябе ліха. У галадоў выбаве цябе ад сьмерці й на вайне ад рукі мяча. Ад пугі языка ты схаваешся і не зьлякаешся спустошаньня, як яно прыйдзе. Із спустошаньня а з галадові пасьмяешся і зьвяроў земных не зьлякаешся; Бо з каменьням палявым змова ў цябе, і зьвяры палявыя ў згодзе з табою. І даведаешся, што будан твой у бясьпечнасьці, і перагледзіш сялібу сваю, і не абмылішся. І даведаешся, што шмат насеньня твайго, і патомкаў тваіх, як травы земнае. Зыйдзеш да гробу ў глыбокай старасьці, як зыходзе стог збожжа ўпару. Во гэта мы скумалі; гэта так; паслухай гэтага і ведай сабе».

І адказаў Ёў, і сказаў: «О, калі б зважылі, зважылі ўзрушаньне мае а няшчасьце мае, на вазе яны падняліся б разам; Бо, вось, за пясок морскі яны цяжшыя; затым словы мае шпаркія; Бо стрэлы Ўсемагучага ў імне, як іх п’ець дух мой; жахі Божыя ваююць із імною. Ці рыкае дзікі асёл на траве? ці рыкае вол ля пошару свайго? Ці ядуць што нямаючае смаку бяз солі, і ці ё смак у бялку яйца? Да чаго адмаўлялася даткнуцца душа мая, тое складае агідную ежу маю.

Хто б здойсьніў жаданьне мае, і спадзевы мае споўніў Бог! О, калі б зычыў Бог і скрышыў мяне, выцягнуў руку Сваю й сьцяў мяне. Гэта яшчэ было б пацехаю імне, я нават быў бы ў захапленьню ў безьміласэрным болю, бо я не адрокся словаў Сьвятога. Што за сіла ў мяне, каб спадзявацца імне? і які канец, каб я прадоўжыў жыцьцё свае? Ці мацніня каменьня — мацніня мая, ці целя мае бронза? Ці ёсьць у імне помач імне, і ці ратунак адапхнёны ад мяне?

Млеючаму належа ласка ад прыяцеля ягонага, хоця б пакінула яго боязьнь Усемагучага. Але браты мае ізрадзілі; бы цурок, як быстра цякучыя ручаі, прайшлі яны, Што чорныя ад лёду, і ў каторых хаваецца сьнег; Як цяплее, яны менеюць, і ў гарачыню чэзнуць ізь месцаў сваіх. Адхінаюць яны сьцежкі дарогаў сваіх, узыходзяць да пусьціні й гінуць; Глядзяць на іх дарогі Фемайскія, спадзяюцца на іх дарогі Шэвейскія, Засаромленыя, што спадзяваліся; прыходзяць туды — і засаромлены. Бо вы цяпер сталі нічым; абачылі страшнае й спалохаліся. Ці казаў я: "Прынясіце імне, альбо з дастаткаў дайце лапана за мяне. І выбаўце мяне ад рукі ўцісканьніка, і ад рукі мукара выкупіце мяне"?

Наўчыце мяне, і я замоўкну; у чым я абмыліўся, зьясьніце імне. Якія моцныя словы справядлівасьці! але што даводзяць вінаваньні вашы? Ці ўпікаць словамі вы думаеце? на вецер жа казаньне безнадзейнага? І пагатове, што вы нападаеце на сірату і капаеце яму прыяцелю свайму. А цяпер, ці ня зычыце вы абярнуцца да мяне; ці буду я маніць перад відзеньням вашым? Абярніцеся ж, ці ё няпраўда? абярніцеся — справядлівасьць мая ёсьць у гэтым. Ці ё на языццэ маім несправядлівасьць? Нягож паднябеньне мае ня сьцяме выкрыўленага?

Ці не ваяваньне мужу на зямлі, і ці ня дні ягоныя, як дні найміта? Як слуга жадае сьценя, і як найміт жджэць платы свае; Так спалі імне месяцы марныя, і ночы немарасныя выдзелены імне. Як кладуся, то кажу: "Калі ўстану?" а вечар памераны, і я перасычаюся варочаньнямі да золку. Цела мае адзета чэрвямі а брудам пылу, скура мая трэскаецца й стала агіднаю. Дні мае баржджэйшыя за чаўнок, і канчаюцца без надзеі.

Успомні, што жыцьцё мае — вецер, што вока мае ня зьвернецца бачыць добрае; Не абача мяне вока таго, хто бачыў мяне; вочы Твае на мяне, — і няма мяне. Чэзьне булак і адходзе; так тый, што зыходзе да шэолю, ня ўзыходзе, Ня зьвернецца болей да дому свайго, і не пазнае ўжо яго месца ягонае.

Ня буду ж я гамаваць вуснаў сваіх; буду гукаць у ўціску духа свайго; буду жаліцца ў гарчыні душы свае. Ціж я мора альбо морскае дзіўства, што Ты пастанавіў над імною варту? Калі скажу: "Пацеша мяне пасьцеля мая, панясець ложак мой нараканьне мае"; Ты страшыш мяне снамі й відзенямі палохаеш мяне; Дык душа мая выбірае валей душэньне а сьмерць касьцём маім. Агідла імне. Ня вечна ж жыць імне. Адступі ад мяне, бо дні мае марнасьць. Што такое чалавек, што Ты гэтулькі вывышаеш яго й зварачаеш на яго сэрца Свае, Давядаешся да яго кажнае раніцы, кажную часіну прабуеш яго? Пакуль Ты не адвернешся ад мяне, не пакінеш мяне, пакуль не праглыну сьліны свае? Я ізграшыў, то што я зраблю Табе, Вартаўніча людзкі? нашто Ты пастанавіў мяне мэтаю Сабе, так што я стаў самому сабе вялічны? І чаму б не забраць выступу майго й ня зьняць ізь мяне бяспраўя майго? бо, вось, я лягу ў пыл, і Ты будзеш золкам глядзець мяне, але ня будзе мяне».

І адказаў Вілдад Шугянін, і сказаў: «Пакуль ты будзеш гукаць гэтак? і вялікі вецер словы вуснаў тваіх! Нягож Бог перакручуе суд, і Ўсемагучы перакручуе справядлівасьць? Калі сынове твае ізграшылі перад Ім, то Ён і аддаў іх у рукі бяспраўя іхнага. Калі ты глядзіш золкам Бога й моліш Усемагучага, І калі ты чысты а пасьцівы, тады Ён прачхнецца дзеля цябе і надгародзе цябе справядліваю сялібаю; І калі спачатку было ў цябе мала, то пасьлей будзе вельмі шмат.

Бо папытайся, калі ласка, у мінулых пакаленьняў і прыгатуйся да скуманьня сваіх айцоў; А мы ўчорашнія, і нічога ня ведаем, бо сьцень дні нашыя на зямлі. Ці яны не навучаць цябе, скажуць табе і ад сэрца свайго выкажуць словы.

Ці падыймаецца папірус без балота? ці расьцець трысьнік без вады? Не зразаны ў квеце, уперад за ўсялякае зяленіва, вяне. Гэткія сьцежкі ўсіх забываючых Бога; і надзея падлыжніка загіне; Спадзева падцята, і пэўнасьць яго — дом павукоў.

Абапрэцца аб дом свой, і ня ўстое; схопіцца за яго, і ня ўдзержыцца, Вагкі ён на сонцу, за сад выцягнецца гольле ягонае; У крушню ўплятаецца карэньне ягонае, каменны дом аглядае. Але калі выкараняць яго зь месца ягонага, яно адмовіцца ад яго: "Я ня бачыла цябе!" Вось гэта радасьць дарогі ягонае! а ізь зямлі растуць іншыя.

Бач, Бог ня брыдзіцца беззаганным і не паддзержуе рукі ліхадзеяў. Ён яшчэ напоўне сьмехам рот твой і вусны твае радасным гуканьням. Ненавідзячыя цябе апрануцца ў сорам, і будану нягодных ня будзе».

І адказаў Ёў, і сказаў: «Праўда! ведаю, што так; але як аправіцца чалавек перад Богам? Калі захоча сьперачацца зь Ім, то не адкажа яму на ні воднае з тысяча. Мудры сэрцам і магучы сілаю; хто ўперся супроці Яго і мае дасьпех? Ён перасувае горы, і не пазнаюць, як Ён пераверне іх у гневе Сваім; Ссувае зямлю зь месца яе, і стаўпы яе дрыжаць; Скажа сонцу, — і ня ўзыйдзе, і на гвезды наложа пячаць. Ён адзін расьцягуе нябёсы й ходзе па вышынях мора; Учыніў Воз, Касцы а Сітцо а пакоі паўдня; Чыне вялікае, няскумальнае а чудоснае бязь ліку! Вось, Ён пройдзе перад імною, і я не абачу Яго; мінець, і не зацемлю Яго. Вось, забірае, і хто забароне Яму? хто скажа Яму: "Што Ты робіш?"

Бог не адхінець гневу Свайго; пад Ім угбаюцца памачнікі Рагаба. І пагатове ці магу я адказаць Яму і выбіраць словы перад Ім? Хоць бы й мая праўда была, але ня буду адказаваць, але буду маліць Судзьдзю свайго. Калі б я гукаў, і Ён адказаў імне, я не паверыў бы, што Ён прыслухаўся да голасу майго,

Бо Ён у буры мяжджуле мяне і множа раны мае бяз прычыны, Не даець імне аддыхнуць, але сыце мяне гарчынёй. Калі ходзе празь сілу, Ён магучы; калі справа справядлівасьці, хто пасьветча імне? Калі я праўлюся, то вусны мае мяне вінуюць; беззаганны я, Ён давядзець, што я крывы; Беззаганны я; я ня знаю душы свае, брыджуся жыцьцём сваім. Адно яно; затым я сказаў: беззаганнага й нягоднага губе Ён. Як розка прыносе ўраз сьмерць, Ён із трудненьня нявіннага сьмяецца. Зямля аддана ў рукі нягодных; віды судзьдзяў яе Ён крые. Калі ня Ён, дык хто ж?

І дні мае шыбшыя за ганца, — бягуць, ня бачаць дабра; Мінаюць, як караблі з трысьціны, як арол падаючы на жыр. Калі сказаць імне: "Забудуся жальбы свае, пакіну хмарны выгляд свой і ўмацуюся"; То баюся ўсіх смуткаў сваіх, бо я ведаю, што Ты не аправіш мяне. Я буду прызнаны за віннага, дык чаму я марне гарапашнічаў? Хоць бы я абмыўса сьнежнаю вадою і ачысьціў мылам рукі свае, То й тады Ты занурыш мяне ў яму, і збрыдзяць мяне адзецьці мае; Бо Ён ня людзіна, як я, каб адказаць яму, увыйсьці разам на суд. Няма меж нас пасярэдніка, што палажыў бы руку сваю на абодвых нас. Хай аддале Ён ад мяне розку Сваю, і страх Ягоны хай не палохае мяне; І тады я буду гукаць і не зьлякаюся Яго, бо я не такі сам у сабе.

Абрыдала душы маёй жыцьцё мае; аддамся нараканьню свайму; буду гукаць у немарасьці душы свае. Скажу Богу: ня вінуй мяне; азнаймі імне, чаму Ты з імною ходаешся? І здаецца добрым Табе ўціскаць, грэбаваць гарапашнасьцю рук Сваіх і на радзе нягодных зьзяць? Ціж у Цябе цялесныя вочы, і Ты глядзіш, як глядзіць чалавек? Ці дні Твае, як дні чалавека, альбо гады Твае, як дні мужа, Што Ты шукаеш бяспраўя майго і сочыш грэх мой, Дарма што ведаеш, што я ня вінны, і што няма каму выбавіць мяне ад рукі Твае? Рукі Твае хармавалі мяне і ўчынілі ўсяго мяне навокал, — і Ты губіш мяне? Успомні ж, што Ты, як гліну, вырабіў мяне, і ў пыл абарачаеш мяне? Ці ня Ты выліў мяне, як малако, і, як твораг, згусьціў мяне? Скураю а целам апрануў мяне, косьцьмі а жыламі ўмацаваў мяне; Жыцьцё й міласэрдзе ўчыніў з імною, і апека Твая крыла дух мой. Але й тое схаваў Ты ў сэрцу Сваім, — ведаю, што гэта было ў Цябе, — Што, калі я ізграшыў, і Ты крыеш мяне, але зь бяспраўя майго не аправіш мяне. Калі я нягодны, бяда імне! калі я справядлівы, я не магу ўзьняць галавы свае, бо я чыста зганьбены; і глянь на гароту маю. І калі я падыймаюся, Ты жанешся, як леў, за імною і ўзноў зумяваеш мяне. Аднаўляеш сьветкі Свае супроці мяне, і павялічаеш гнеў Свой на мяне, адмены войска супроці мяне.

І нашто Ты вывеў мяне зь дзетніцы? хай бы я сканаў, і вока ня бачыла мяне; І хай бы я быў, як нябылы, з улоньня да гробу перанесены! Ці не малыя дні мае? Пакінь, адступі ад мяне, каб я троху пасіліўся, Пакуль не адыйду, — і ўжо не зьвярнуся, — да краю цемрадзі й смяротнага сьценю, Краю цемрадзі, падобнага да цемні сьмяротнага сьценю, ідзе няма парадкаў і йдзе асьвячэньне, як глыбокая цемнь».

І адказаваў Софар Наамацянін, і сказаў: «Ціж на множасьць словаў нельга даць адказу, і ціж праўда гаваруна? Выдумкамі сваімі ты сіліў маўчэць сьмяротных і зьдзекаваўся, і ня было каму засароміць цябе. Ты сказаў: "Чыстая навука мая, і чысты я ў ваччу Тваім". Але калі б сталася, што Бог загукаў, і адчыніў вусны Свае да цябе, І каб азнайміў табе тайны мудрасьці, бо ты ўдвая заслужыў кары! І ведай, што Бог спаганяе зь цябе меней, чымся ё бяспраўя твайго.

Ці можаш скуманьням знайсьці Бога? Ці можаш канчальна знайсьці Ўсемагучага? Ён вышшы за нябёсы, — што можаш зрабіць? глыбшы за пеклу, — што можаш даведацца? Даўжэйшая за зямлю мера Ягоная й шыршая за мора. Калі Ён пройдзе, і зачыне, і зьбярэць, хто можа пераказіць Яму? Бо Ён знае сьмяротных, манлівых, і бача ашуку, і ці пакіне бяз увагі? А пусты чалавек зразумее тады, як асьліца народзе чалавека.

Калі ты добра наснудзіш сэрца свае, і выцягнеш да Яго далоні свае, Калі ё ашука ў руццэ тваёй, аддаль яе, і ня дай бяспраўю жыць у буданох сваіх; Дык тады падыймеш відзеньне свае бяз плямы, будзеш бясьпечны і ня будзеш баяцца. Забудзешся няшчасьце; успомніш, як воды, што працякалі. І лепшае за паўдня станецца жыцьцё твае; цемнь яго будзе, як раньне. І будзеш мець даверлівасьць, бо ё надзея; і абкапаеш навокал сябе, і будзеш ляжаць у бясьпечнасьці. Ляжаш, і ніхто цябе не спалохае; шмат хто будзе прасіць цябе. А вочы нягодных выцякуць, і пацехі будуць страчаны імі; і надзея іхная, як выдых душы».

І адказаваў Ёў, і сказаў: «Запраўды вы люд, і што мудрасьць памрэць із вамі. У мяне сэрца, як у вас; не зваліўся я ніжэй за вас; і зь кім ня бывала падобна да гэтага? Я пасьмехам стаў прыяцелям сваім, я, каторы гукаў да Бога, і Ён адказаваў імне, пасьмехам справядлівы, беззаганны. Подле думак седзячага ў супакою, пагрэбаваны палаючы сьветач, прыгатаваны тым, што коўзаюцца нагамі. Супакойныя буданы ў глабаньнікаў, і бясьпечныя ў квелячых Бога; бясьпечнасьць у таго, каму Бог даець у руку ягоную.

Але папытайцеся ў статку, і навуча цябе, у птушкі нябёснай, і азнайме табе; Альбо пагутары ізь зямлёю, і навуча цябе, і раскажуць табе рыбы морскія. Хто ў вусім гэтым не пазнае, што рука СПАДАРОВА ўчыніла гэта? У руццэ Ягонай душа ўсяго жывучага й дух кажнага людзкога цела. Ці ня вуха разьбірае словы, і не паднябеньне пазнаець смак ежы? У перастаркаў мудрасьць, і цямлівасьць у даўгадзенных. У Яго мудрасьць а Сіла; Ягоная рада а цямлівасьць. Калі Ён абурыць, ніхто не адбудуе; калі Ён замкнець чалавека, ніхто не адамкнець. Запыне воды, і ўсе ссохне; пусьце іх, і перавернуць зямлю. У Яго моц а мудрасьць; у Яго ашуканы й ашукуючы. Ён уводзе райцаў у палон і судзьдзяў робе дурнымі. Ён разьвязуе зьвяз каралёў і поясам папяразуе сьцёгны іхныя. Ён уводзе сьвятароў у палон і ськідае валатоў; Спабывае мовы давераных і адбірае кемнасьць у старых. Аблівае сорамам князёў і кволе пояс моцных; Адкрывае глыбіні зь цемры й выводзе на сьвятліню сьмяротны сьцень; Павялічае народы й губе іх; пашырае народы й зводзе іх; Адхінае сэрца ў галоваў люду зямлі й робе іх валацугамі ў пустыні, ідзе няма дарогі. Вошчупкам ходзяць яны ў цемні, безь сьвятла; і хістаюцца, як п’яныя.

Вось, усе бачыла вока мае, слухала вуха мае й зацеміла сабе. Колькі ведаеце вы, ведаю таксама я; не зваліўся я ніжэй за вас. Але я гукаў бы да Ўсемагучага, і даводзіць Богу жадаю. Але вы выдумляеце ману, бескарысныя лекары ўсі вы. О, каб вы сусім маўчэлі! гэта было б вам за мудрасьць. Чуйце ж мае вымаўкі й паслухайце довадаў вуснаў маіх. Ці вы будзеце гукаць хвальшыва Богу й гукаць манліва Яму? Ці вы будзеце падлыгаваць відзеньню Ягонаму, ці будзеце сьперачацца за Бога? Ці добра будзе, калі Ён прасоча вас? Ці ашукаеце Яго, як ашукуюць чалавека? Ён стродка пакарае вас, дарма што вы патай двудушнічаеце. Нягож вялічча Ягонае не лякае вас, і страх Яго не нападае на вас? Памяць вашая падобная да попелу; вышыні вашы як вышыні гліняныя.

Замаўчыце перад імною, і я буду гукаць, што б ня стрэла мяне. Нашто імне браць цела свае зубамі сваімі і душу сваю класьці ў даланю сваю? Вось, Ён забівае мяне, але я буду спадзявацца на Яго; я жадаў бы толькі абараніць дарогі свае перад відам Ягоным! Таксама Ён будзе маім спасеньням, бо падлыжнік ня стане да яго. Слухайце ўважліва словы мае і зьясьненьне мае вушамі сваімі. Вось, я пачаў прававацца; ведаю, што будзе праўда мая. Хто будзе сьперачацца з імною? бо тады я змоўк бы й сканаў.

Адно дзьвюх рэчаў не рабі з імною, і тады я ня буду хавацца ад відзеньня Твайго: Аддаль ад мяне даланю Сваю, і жах Твой няхай не калоце мяне. Тады гукай, і я буду адказаваць; альбо буду гукаць я, а Ты адказуй імне. Колькі ў мяне бяспраўя а грахоў? выступ мой а грэх мой пакажы імне. Чаму хаваеш відзеньне Свае і маеш мяне за непрыяцеля Сабе? Ці не зарваны ліст Ты страшыш і перасьлядуеш сухое ўмецьце? Ты пішаш на мяне гарчыню й даеш імне на спадак бяспраўі маладосьці мае. Ставіш у калодкі ногі мае й назіраеш усі сьцежкі мае, — значыш сьляды ног маіх. А ён, як гнільлё гніець, як адзецьце, зьедзенае моляй.

Чалавек, народжаны жонкаю, малачасны й поўны клопату. Ён выходзе, як кветка, і зразаецца; уцякае, бы сьцень, і ня трывае. І на гэтага ж Ты адчыняеш вочы Свае й мяне вядзеш на суд із Сабою? Хто ўдасца чысты ад нячыстага? Ні водзін. Калі яму дні азначаны, і лік месяцаў яго ў Цябе; калі Ты азначыў яму граніцу, каторую ён не пярэйдзе; Дык адхініся ад яго; хай ён супачыне, пакуль ня сконча, як найміт, дня свайго. Бо ё дзерву надзея, што яно, калі й будзе ссечана, ізноў адменіцца, і атожылы не перастануць, Калі й застрэў у зямлі карэнь яго, і пень яго замер у пыле, Ад паху вады яно будзе пукацца й пусьце пагоны, як расьліна. А муж памірае й гніець; сканае людзіна, і йдзе яна? Адходзяць воды з мора, і рака ападае а высыхае: І людзіна ляжа і ня ўстане; аж да сканчэньня неба не прачхнуцца і ня ўстануць ад сну свайго. О, калі б Ты ў шэолю схаваў мяне і таіў мяне, пакуль пройдзе гнеў Твой; прызначыў імне рок і потым успомнеў аб імне!

Як памрэць муж, ці ажывець ён? Усі дні прызначанага імне часу я ждаў бы, пакуль прыйдзе імне адмена. Ты загукаеш, і я адкажу Табе; дзела рук Сваіх Ты зажадаеш; Бо цяпер Ты лічыш сігні мае, і ці ня цікуеш грэху майго; Запячатаваны ў зьвязку выступ мой, і Ты зашыў бы віну маю. Але гара, валячыся, развалюецца, і скала зыходзе зь месца свайго; Вада сьцірае камяні, паводка яе змывае земны пыл, — так і надзею чалавека Ты нішчыш. Перамагаеш яго на век, і ён адыходзе; мяняеш яму від, і адсылаеш яго. Сыноў ягоных усьціваюць, і ён ня ведае гэтага; іх паніжаюць, і ён ня цяме іх. Ён чуе толькі боль собскага цела свайго і плача толькі па сабе».

І адказаў Еліфаз Феманянін, і сказаў: «Ці будзе мудры адказаваць шувейным веданьням і паўніць сябе ўсходнім ветрам, Правіцца словамі негадзячымі й мовамі чыста бескарыснымі? Але ты разбурыў страх і меншыш гутарку перад Богам, Бо вусны твае ведаюць бяспраўе твае, і ты абраў язык хітрых. Вінуе цябе рот твой, а ня я; твае вусны сьветчаць супроці цябе.

Ці ты першым чалавекам нарадзіўся і ўперад за ўзгоркі створаны? Ці чуў ты раду Божую, і меншыш мудрасьць да самога сябе? Што ведаеш ты, чаго б мы ня ведалі? цяміш ты, чаго ня было б і ў нас? І перастарак ё меж нас, днямі пераходзячы айца твайго. Ціж мала табе пацехі Божае й кунежнага слова з табою? Чаму нясець цябе сэрца твае, і чаму вочы твае міргаюць? Бо зварачаецца дух твой да Бога, а з вуснаў тваіх выходзяць такія словы? Што такое чалавек, каб ён мог быць чысты, і каб быў сдравядлівы тый, што радзіўся із жонкі? Вось, сьвятым Сваім Ён не давярае, і нябёсы нячыстыя ў ваччу Ягоным, Як балей агідны а папсаваны чалавек, што п’ець бяспраўе, як ваду!

Я пакажу табе, слухай мяне; і гэта відзень мая, я раскажу, Што мудрыя азнаймілі і не ўтаілі гэтага ад бацькоў сваіх, Каторым адным аддана была зямля, і сярод каторых чужы не хадзіў. Усі дні свае нягоднік мучае сябе, і лік год схаваны ад тырана; Гук жахаў у вушшу ў яго; за дабрабыту прыйдзе на яго глабаньнік. Ён ня вера, што зьвернецца зь цемры; спадзяецца на сябе мяча. Ён цягаецца хлеба, кажучы: "Ідзе ён?" ведае, што дзень цемні гатовы на руках у яго. Палохаюць яго цяснота а ўціск; яны перамагаюць яго, як кароль, што прыгатаваўся да бітвы, Бо ён выцягнуў руку сваю супроці Бога і сіліў сябе супроці Ўсемагучага, Бег да яго з гордай шыяю, з таўстымі бакамі шчытоў сваіх; Бо ён пакрыў відзеньне свае тукам сваім і аблажыў таўстым тукам лядзьве свае. І селіцца ён у местах разбураных, у дамох, у каторых ня жывуць, што прыгатаваныя на кучу друзу. Ня будзе ён багаты, ані маемасьць ягоная ня будзе трывалкая, і не ўкарэніцца ў зямлі іхная маемасьць. Не ўцячэць ён ад цемні; атожылы ягоныя высуша полымя, і будзе аддалены дзьмухненьням вуснаў Ягоных. Хай не давярае пусьціні заблудны, бо пусьціня будзе платаю яму. Без пары ён скончыцца, і гольле ягонае ня будзе зелянець. Ськіне ён, як вінная розка недасьпелую ягаду сваю і, як аліўка, страсянець квет свой; Бо таварыства падлыжнікаў — адзінота, і цяпло пажарэць буданы лапаньнікаў. Яны зачнуць крыўды, і родзяць ліха, і ўлоньне іхнае прыгатуе хітрыню».

І адказаў Ёў, і сказаў: «Чуў я шмат такога; мізэрныя пацяшыцелі вы ўсі. Ці будзе канец шувейным словам? і што квеле цябе, што ты гэтак адказуеш? І я мог бы таксама гукаць, як вы, калі б душа вашая была на месцу душы мае; прылучыўся б да вас мовамі й ківаў бы на вас галавою сваёю; Сіліў бы вас вуснамі сваімі і рухам вуснаў ціхамірыў бы ваш боль.

Як я гукаю, не ціхамірыцца боль мой; як перастану, не адыходзе ад мяне. Але, цяпер Ён стамаваў мяне, Ён разбурыў усе таварыства мае. Ты зрабіў імне маршчакі, і яны сьветчаньням сталі супроці мяне; паўстаець на мяне хуцзіня мая, сьветча перад відзеньням маім. Ён ірваў мяне ў гневе Сваім і ненавідзіў мяне; скрыгатаў зубамі Сваімі на мяне; праціўнік мой войстра вочы Свае на мяне. Разявілі на мяне раты свае; зьдзекуючыся, б’юць мяне поўху; усі зьберліся супроці мяне. Аддаець мяне Бог бязбожнаму і кідае мяне ў рукі нягоднага. Я быў супакойны; але Ён зламіў мяне, схапіў мяне за завыек, і зьмяжджуліў мяне, і пастанавіў мяне мэтаю Сабе. Абступілі мяне стралцы Ягоныя; Ён расьцінае адкрытыя ныркі мае і не жалее; выліў на зямлю жоўць маю. Ломе ў імне вылам за выламам; бяжыць на мяне, як дужасіл. Я пашыў зрэбніну на скуру сваю і ў пыл палажыў рог свой. Від мой чырвоны ад плачу, і на веках маіх сьмяротны сьцень, Хоць няма ўсілства ў руках маіх, і малітва мая чыстая.

Зямля не пакрый крыві мае, і хай ня будзе месца галашэньню майму. І цяпер, вось, на нябёсах Сьветка мой, і Паручнік мой на вышынях! Прыяцелі мае — насьміханьні мае; мае вока ільлець сьлёзы да Бога. О, каб мог прававацца муж із Богам, як чалавек із прыяцелям сваім! Бо лічаныя гады прыходзяць, і сьцежкаю, скуль не зьвярнуся, я пайду.

Дух мой ранены; дні мае гаснуць; грабы перад імною. Ці не насьміханьнікі з імною, і ў нараканьню іхным начуе вока мае. Вазьмі ж мой заклад да Сябе! накш хто паручыцца за мяне? Бо сэрцы іхныя закрыў Ты ад разуменьня, затым Ты іх не падыймаеш.

Хто лісьліве прыяцелям, у дзяцей таго вочы зьнішчацца. Ён пастанавіў мяне прыказяю людам, і спакменям пліваньня ў від я стаў ім. Зацьмела ад гароты вока мае, і ўсі чаланы мае, як сьцень. Пасьцівыя людзі зжахнуцца ад гэтага, і нявінны ўквеліцца на бязбожнага. Але справядлівы дзяржыцца дарогі свае, і чыстых рук дужэе а дужэе.

Але вы ўсі, зьвярніцеся й прыходзьце, калі ласка, і не знайду я мудрага меж вас. Мінулі дні мае; скрышаны думкі мае, собствы сэрца майго. Яны ноч абарачаюць у дзень, сьвятло бліжаць да віду цямноты. Калі спадзяюся гробу, як дому свайго, у цемні пасьцялю пасьцелю сваю; Загубу заву: "Войча ты мой!" і чарвяка: "Маці мая!" і "Сястра мая!" Дык ідзе надзея мая? Хто абача надзею маю, хто абача? За завалы шэолю зыйдзе яна, як супачываць разам будзем у пыле».

І адказаваў Вілдад Шугянін, і сказаў: «Пакуль вы ня зробіце канца словам сваім? уцяміце, і потым будзем гукаць. Нашто нас мець за статак? Чаму мы нячыстыя ў вачох вашых? Ён, што разрывае душу сваю ў гневе сваім, нягож дзеля цябе спусьцець зямлі й скале скрануцца зь месца свайго?

Але, сьвятло нягодных гасьне, і іскра цяпла ягонага ня сьвеце. Сьвятло сьцямнее ў будане ягоным, і сьветач над ім пагасьне. Сьцісьнены сігні моцы ягонае, і рада ягоная адхінець яго; Бо завядуць у сець ногі ягоныя, і на пасадцы ходзе. Пятля хапае зя пяту, і сіло дзяржыць яго. Прыхаваны на зямлі паварозы і на яго, і пасткі на сьцежцы. З усіх бакоў будуць палохаць жахі яго і гнацца за ім па пятах ягоных. Высіляецца з голаду сіла ягоная, і няшчасьце гатова з боку ў яго. Яно зьесьць часьці скуры ягонае, пяршак сьмерці зьесьць чаланы ягоныя. Вырвана з будану надзея ягоная, і яна прывядзець яго да караля жахаў. Ён жыхара ў будане сваім, каторы не ягоны; серкаю пасыпана гаспода ягоная. Здолу сохне карэньне ягонае, а згары вяне гольле ягонае. Памяць празь яго гіне ізь зямлі, і няма імені ягонага на вуліцы. Ён выгнаны ізь сьвятла да цямноты, і ізь сьвету выкінены. Ён ня мае пагону альбо патомка сярод люду свайго, і няма астачы на месцу жыцьця ягонага. З дня ягонага зумеюцца йдучыя за ім, і пярэдніх схапіла дрыгота. Вось, такія гасподы несправядлівага, такое месца, хто ня знае Бога».

І адказаў Ёў, і сказаў: «Пакуль будзеце немарасьціць душу маю і крышыць мяне словамі? Вось, дзесяць разоў вы высьміялі й не сароміцеся, чураецеся мяне. І нават калі я запраўды абмыліўся, абмыла мая з імною застаецца. Калі ж запраўды вы вяльмуецеся каля мяне і ўпікаеце імне маёю ганьбаю, То ведайце, што Бог скрывіў мяне й абклаў мяне Сваёй сецьцю. Вось, я крычу: «Ґвалт!» і не адказуюць; галашу, няма суду. Ён загарадзіў імне гасьцінец, і не магу прайсьці, і на сьцежкі мае паклаў цемнь. Славу маю сьцягнуў зь мяне й вянок зьняў з галавы мае. Навокал спустошыў мяне, і я адыходжу; і, як дзерва, Ён вырваў надзею маю. Запалаў на мяне гневам Сваім, і ўважае мяне памеж варагоў Сваіх. Разам прышлі вяткі Ягоныя, яны праклалі дарогі свае супроці мяне й разьлягліся табарам навокал будану майго.

Братоў маіх Ён аддаліў ад мяне, і знаючыя мяне ўсяляк чураюцца мяне. Узьдзержуюцца ад мяне блізкія мае, і знаёмыя мае забыліся мяне. Жывучыя ў доме маім і служэбкі мае маюць мяне за чужніка; я стаў чужніком у вачох іх. Гукаю слугу свайго, і ён не адгукаецца; вуснамі сваімі я маю маліць яго. Дыханьня майго чураецца жонка мая і ўздыханьня дзяцей улоньня майго. Нават дзеці грэбуюць імною; падыймаюся, і яны гукаюць супроці мяне. Брыдзяцца імною ўсі людзі даверу майго; і тыя, каторых я любіў, зьвярнуліся супроці мяне. Косьці мае прыліплі да скуры мае а цела майго, і я ўратаваўся адно із скураю каля зубоў сваіх.

Зьмілуйцеся над імною, зьмілуйцеся над імною вы, прыяцелі мае, бо рука Божая даткнулася да мяне. Чаму вы перасьлядуеце мяне, як Бог? І целам маім ня можаце насыціцца?

О, каб мовы мае былі запісаны! каб яны былі нарысаваны ў кнізе! Пяром зялезным а волавам на векі ў скале яны былі высечаны! Але я ведаю, што Адкупіцель мой жывець, і наапошку Ён стане на пыле; Просьле тога, як гэта скура мая зьнішчыцца, у целе сваім я буду мець відзень Бога; Я абачу Яго сам, і мае вочы абачаць, а ня чужыя. Нутр мой нішчыцца ў вулоньню маім. Вам належыла б сказаць: "Нашто мы перасьлядуем яго?" Бо карэнь ліха знойдзены ў імне. Бойцеся мяча, бо меч ё помсьнік няпраўды, і ведайце, што ё суд».

І адказаў Софар Наамацянін, і сказаў: «Затым думкі мае сіляць мяне адказаць, бо пасьпех мой у імне. Упікі, мяне ганьбячыя, я чую, і дух розуму майго адказуе імне.

Ці ня ведаеш ты, што ад веку, адгэнуль, як чалавек быў памешчаны на зямлі, Што весялосьць нягодных малачасная, і радасьць лісьлівых на часіну? Хоць бы ўзышла да неба вялікасьць ягоная, і галава ягоная датыкалася да булакоў; Як кал ягоны, на векі гіне ён; тыя, што бачылі яго, скажуць: "Ідзе ён?" Як сон, паляціць, і ня знойдуць яго; і, як ночная здань, будзе хістацца. Вока, што бачыла яго, наперад не абача яго; і ўжо ня ўгледзе яго месца ягонае. Сыны ягоныя будуць шукаць зычлівасьці ўбогіх, і рукі ягоныя зьвернуць маемасьць ягоную. Косьці ягоныя напоўнены маладосьцю ягонаю, і зь ім лягуць яны ў пыл. Хоць нягоднасьць салодкая ў роце ягоным, хоць ён хавае яе пад языком сваім, Хоць ён жалее яе, і не пакідае яе, і дзяржыць яе ля паднябеньня свайго; Ежа ягоная, адылі, зьменіцца ў нутру ягоным, яна жоўць найатрутнейшых гадаў у ім. Ён глытае багацьце, і вырывае яго: Бог выганяе яго із жывата ягонага. Ён сьсець атруту найатрутнейшых гадаў; заб’ець яго язык гадавы. Ня бачыць яму ручаёў, рэкаў, мёдам а маслам цякучых!

Прыдбанае працаю зьверне і не праглынець; подле меньня ягонага мена ягоная, а ён не пацешыцца; Бо ён уціскаў, пакідаў бедных; глабаў дамы, а не станавіў; Ня знаў супакою ў жываце сваім; і ў жаданьню сваім не жалеў нічога. Нічога не засталося ад яды ягонае; за тое дабрабыт ягоны ня будзе трывалкі. У паўніні дастатку ён будзе ў цясноце; кажная стамаваная рука прыйдзе на яго. Каб напоўніць жывот ягоны, Бог пашлець палкі гнеў свой на яго, ды дасьць дождж на яго ў часе яды ягонае. Калі ўцячэць ён ад зброі зялезнае, — пратнець яго лук мядзяны; Выцягне, — і ён выйдзе зь цела, зіхцячае із жоўці ягонае выйдзе; жахі нойдуць на яго! Усе цемнае схавана ў сховах ягоных; будзе жэрці яго цяпло, не разьдзьмуханае; ліха засталаму ў будане ягоным. Неба адкрые бяспраўе ягонае, і зямля паўстане супроці яго. Маемасьць дому ягонага шчэзьне, расплывецца ў дзень гневу Ягонага. Гэта дзель ад Бога нягоднаму чалавеку, спадак прызвачаны яму Богам».

І адказаў Ёў, і сказаў: «Выслухайце ўважліва мову маю, і гэта будзе імне пацехаю ад вас. Стрывайце імне, і я буду гукаць; а просьле тога, як пагукаю, насьміхайся. Ціж да чалавека мова мая? і чаму, чаму не магу быць нецярплівым? Абярніцеся да мяне, і зжахніцеся, і пакладзіце руку на вусны. І як я ўспомню, здрыгаюся, і дрыжыкі бяруць цела мае.

Чаму нягодныя жывуць, дажываюць старасьці, дый сіламі моцныя? Насеньне іхнае ўладзілася перад відам іх, і атожылы іх перад ачыма іхнымі. Дамы іхныя бясьпечныя ад страху, і няма дубца Божага на іх. Бугай іхны запладняе бяз страты; карова іхная целіцца і ня ськідае. Як стаду, высылаюць яны бязьлеткі свае, і дзеці іхныя падскокуюць. Падыймаюцца пад бубён а ліру й вяселяцца пад дуду. Праводзяць дні свае ў дабру і якга зыходзяць да гробу. А прымеж тога яны кажуць Богу: "Адыйдзі ад нас; і знацьця дарогаў ня хочам. Што Ўсемагучы, каб мы служылі Яму? і што за карысьць уцякаць да Яго?" Бачыш, ня ў руках іхных дабро іхнае. Рада нягодных далёка ад мяне!

Як часта сьветач нягодных гасьне, і прыходзе на іх бяда іхная, што болі Ён выдзяляе ім у гневе Сваім? Яны будуць, як салома перад ветрам і як умецьце, схопленае віхром. Бог хавае бяспраўе іхнае патомкам іхным; адплаці яму самому, і ён будзе ведаць; Пабачаць вочы ягоныя нішчэньне ягонае, і з гневу Ўсемагучага будзе піць; Бо якое ў яго зычаньне да дому свайго просьле сябе, як лік месяцаў ягоных ператнецца?

Ці Бога вучыць веданьня, бачачы, што Ён судзе тых, каторыя на вышыні? Гэты памірае ў супоўнай сіле, будучы бясьпечны і ў супакою; Грудзі ягоныя поўныя малака й шпік косьцяў ягоных вагкі. А гэны памірае ў гарчыні душы, не паспытаўшыся дабра. І яны разам будуць ляжаць у пыле, і чарвяк пакрые іх.

Вось, я ведаю думкі вашыя, хітрыкі вашыя ўціскаюць мяне. Калі скажаце: "Ідзе дом князёў і йдзе будан, месца быцьця нягодных?" Ціж вы ня пыталіся ў падарожных і знакоў іхных не пазнаіце? Бо на дзень загубы заховуюць нягодніка, на дзень гневу прыведзены. Хто азнайме ў від яму дарогу ягоную і што ён зрабіў, хто адплаце яму? Яго прапушчаюць да грабоў, і на магіле ягонай ставяць варту. Салодкія яму груды даліны, і за ім кажны чалавек валачэцца, а йдучым перад ім няма ліку. Як жа вы пацешыце мяне пустым? У вадказах вашых застаецца мана».

І адказаў Еліфаз Феманянін, і сказаў: «Ціж можа чалавек быць карысны Богу? Пэўне мудры карысны сабе самому. Што за прыемнасьць Усемагучаму, калі ты справядлівы, альбо ці ё карысьць, што ты дзяржыш дарогі свае беззаганнымі? Ці із страху цябе Ён гане цябе і ўходзе на суд із табою? Хіба нягоднасьць твая вялікая, і намяш канца бяспраўю твайму. Ты браў заклады ад брата свайго ні зашта, і адзецьце ў голых ты здыймаў. Усьмягламу не падаваў вады напіцца й галоднаму адмаўляў хлеба; А чалавеку плячыстаму — яму зямля, і важны жывець на ёй. Удовы ты адпушчаў з пустымі рукамі, і плячукі сіротаў мяжджуліў. Затое сілы навокал цябе, і спалохае цябе жах неўспадзеўкі. Або цемнь, што ты ня бачыш, і паводка пакрывае цябе.

Ці ня высака на нябёсах Бог? Бачыш найвышшыя гвезды, як яны высака! Затым ты кажаш: "Што ведае Бог? можа Ён судзіць пераз глыбокую цемнь? Таўстыя булакі закрываюць Яго, так што Ён ня бача, а ходзе па скляпеньню нябёсным". Нягож ты дзяржышся вечнага гасьцінца, па каторым людзі несправядлівыя йшлі? Яны былі адцяты без пары, іхны под падмыла рака, Каторыя казалі Богу: "Адвярніся ад нас" і "Што можа Ўсемагучы зрабіць нам?" А Ён паўніў дамы іхныя дабром. Але рада нягодных далёка ад мяне. Бачылі справядлівыя й цешыліся, нявінны насьміхаўся зь іх: "Ці не адцяты праціўнікі нашы, і пакіненае імі пажэрла цяпло?"

Пазнаёмся ж ізь Ім і будзеш у супакою, ад гэтага прыйдзе да цябе дабро. Вазьмі ж із вуснаў Ягоных права і палажы словы Ягоныя ў сэрца свае. Калі ты зьвернешся да Ўсемагучага, то будзеш збудаваны, калі аддаліш несправядлівасьць ад будану свайго. І паложыш скарб у пыл і золата офірскае памеж скалаў цуркоў. І будзе Ўсемагучы скарбам тваім і срэбрам дарагім табе; Тады ты пацешышся ў Усемагучым і ўзьнімеш від свой да Бога. Ты ўчыніш маленьне да Яго, і Ён пачуе цябе, і ты споўніш абятніцы свае. Ты пастановіш пастаноў, і ён станецца, на дарогах тваіх зазіхціць сьвятло. Як яны паніжацца, то Ты скажаш: "Узвышчася!" Паніклага ачыма Ён спасае. Ён вывальняе нявіннага; Ты будзеш вывальнены чысьцінёю рук сваіх».

І адказаў Ёў, і сказаў: «Яшчэ й цяпер гаркая мова мая, цяжкая рука мая за стогны мае. О, калі б я ведаў і знайшоў Яго, я мог бы падысьці да пасаду Ягонага! Я палажыў бы суд свой перад ім і вусны свае напоўніў бы довадамі. Я даведаўся б словы, што Ён адкажа імне, і ўцяміў бы, што Ён скажа імне. Нягож у вялікасьці сілы Свае Ён будзе сьперачацца з імною? Не, Ён меў бы бачнасьць на мяне. Там пасьцівы разважаў бы зь Ім, і я ўцёк бы ад Судзьдзі свайго на векі.

А вось, я йду наперад, і няма Яго, назад — і ня цемлю Яго; Шукаю налева ў дзеяньнях Яго і ня бачу відзені Ягонае; павярнуся направа, але ня бачу Яго. Але Ён знае дарогу, што пры імне; калі б Ён спрабаваў мяне, я выйду, як золата. Нага мая цьверда дзяржалася сьцежкі Ягонай; дарогі Ягонае я дзяржаўся і не адхінаўся. Ад расказаньня вуснаў Ягоных я не адступаў; над уставу сваю я хаваў словы вуснаў Ягоных.

Але Ён пры адным стаіць; і хто адхінець Яго? І чаго душа Ягоная жадае, тое Ён чыне. Але, Ён споўне прызначанае імне, і падобнага да гэтага шмат у Яго. Затым дрыжу перад відам Ягоным; думаю й лякаюся Яго. Бог скволіў сэрца мае, і Ўсемагучы напалохаў мяне; Бо я не адцяты ад цемні, і перад імною Ён не закрыў густое цемры.

Чаму не схаваны ад Усемагучага часы, і знаючыя Яго ня бачаць дзён Ягоных? Межы перасуваюць, глабаюць стады, і пасьвяць. У сіротаў выводзяць асла, у ўдавы бяруць у заставу вала. Бедных сьхінаюць з дарогі, разам хаваюцца бедныя зямлі. Вось, дзікія на пустыні, яны выходзяць на работу сваю рана нараніцы, на здабытак, пустыня яму — еміна дзяцюком ягоным. Жнуць яны на полю не сваім і зьбіраюць віно ў нягоднага. Голыя начуюць без адзецьця і ня маюць накрыцьця ў сьцюжы; Ад гаравое мыглы мокнуць і, бяз прытулішча, абыймаюць скалу. Ад грудзёў адрываюць сірату і з убогага бяруць заклад; Ходзяць голыя, без адзецьця, і галодныя носяць снапы; Памеж сьцен выціскаюць аліву, таўкуць у таўчэльнях, але сьмягнуць.

У месьце людзі стогнуць, і душа забіваных галосе, і Бог не забараняе гэтае дурноты.

Яны былі меж бунтаўнікоў сьвятла, не пазналі дарогаў Ягоных, і не заставаліся на сьцежках Ягоных. Із золкам устаець убіўца, забівае беднага а ўбогага, а ночы бывае злодзеям. І вока чужаложніка жджэць зьмярканьня, кажучы: "Хай вока не абача мяне", — таемным робе від свой. У цямноце падкопуюцца пад дамы, што ўдзень яны зазначылі сабе; ня знаюць сьвятла. Бо ім усім разам раніца — сьмяротны сьцень, бо яны пазнаюць жахі сьмяротнага сьценю.

Лягкі ён на зьверху вады; праклятая дзель ягоная на зямлі; і не зварачае ён на дарогу гародаў вінных. Сухмень а гарачыня забіраюць сьнежныя воды; гэтак шэоль тых, што грашылі. Забудзецца яго ўлоньне; хай ласуецца ім чарвяк; наперад яго ня ўспомняць, і несправядлівасьць будзе зломлена, як дзерва. Зьядаюць бязьдзетную, каб не радзіла, і ўдаве ня робяць добра. Ён цягне таксама дужога сілаю сваёю; ён устаець, і ніхто ня пэўны жыцьця. Ён дасьць ім бясьпечнасьць, і яны апіраюцца, і вочы Ягоныя — на дарогах іхных. Узьняліся троху, — і няма іх; павалены, як усе іншае, іх зьбіраюць і, як вярхі каласоў, сьцінаюць. А калі ня так? Хто імне давядзець ману і ў нішто аберне мову маю?»

І адказаў Вілдад Шугянін, і сказаў: «Улада а страх у Яго; Ён чыне супакой на вышынях Сваіх! Ці ё лічба вяткам Ягоным? і над кім ня ўзыходзе сьвятло Ягонае? І як аправіцца чалавек перад Богам, і як быць чыстым народжанаму жонкаю? Вось, нават месяц і тый ня сьвеце, і гвезды нячыстыя ў ваччу Ягоным. І пагатове чалавек — чарвяк, і сын людзкі —моль».

І адказаў Ёў, і сказаў: «Як ты памог нясілу, як выбавіў плячо нямоцнага! Як ты парадзіў нямудраму і мудрых падумкаў шмат азнайміў! Каму ты азнайміў гэтыя словы, і чый дых выходзіў зь Цябе?

Рэфаімы дрыжаць пад водамі і жывучыя ў іх. Аголены шэоль перад Ім, і ня мае закрыцьця загуба. Ён расьцягнуў поўнач над пусьцінёю, павесіў зямлю на нічым. Ён зьвязуе воды ў булакох Сваіх, і булак ня ськепіцца пад імі. Ён дзяржыць відзеньне пасаду, расьцягнуў над ім булак Свой. Рысу правёў над зьверхам вады аж да граніцаў сьвятла зь цемняю. Стаўпы нябёс дрыжаць а жахаюцца ад вайцяньня Ягонага. Сілаю Сваёй сьцішыў мора і розумам Сваім паразіў Рагаба. Ветрам Ягоным нябёсы прыбраны; рука Ягоная схармавала ўцякаючага гада. Вось, гэта часьці дарогаў Ягоных; і як мала мы чулі празь Яго! А гром магутнасьці Ягонае хто можа ўцяміць?»

І ўзноў рабіў Ёў свае адумысловае прыраўнаньне, і сказаў: «Жыў Бог, што адвярнуў суд мой, і Ўсемагучы, што зьнемарасьціў душу маю, Што, пакуль яшчэ дых мой у імне, і дух Божы ў ноздрах маіх, Ня будуць гукаць вусны мае несправядлівасьці, і язык мой ня выдумае маны! Далёка я ад тога, каб прызнаць вас за справядлівых; пакуль не сканаю, не адракуся ад беззаганнасьці свае. Моцна дзяржаў я справядлівасьць сваю і ня скволю яе; ня ўпікнець імне сэрца мае ўсі дні мае.

Хай непрыяцель мой будзе, як нягоднік, і паўстаючы на мяне, як несправядлівы; Бо што за надзея падлыжніку, як будзе ён адцяты, як Бог возьме душу ягоную? Ці галашэньне ягонае пачуе Бог, як прыйдзе на яго бяда? Ці будзе мець пацеху ў Усемагучым? ці будзе гукаць Бога ў кажным часе?

Наўчу вас, што ў руццэ Божай; што ў Усемагучага, не схаваю. Вось, усі вы сузіралі самы; дык нашто вам марнасьцяй марнавацца? Гэта дзель нягодніку ад БОГА, і спадак, што ўцісканьнікі ад Усемагучага возьмуць. Калі памножацца сыны ягоныя, то пад меч; і патомкі ягоныя не насыцяцца хлебам. Засталых па ім сьмерць зьвядзець да гробу, і ўдовы іх ня будуць плакаць. Хоць ён назьбірае срэбра, як пылу, і на спраўляе адзецьця, як гліны; Дык ён наспраўляе, але адзявацца будзе справядлівы, і срэбра падзеле нявінны. Як павучыньне, дом, што ён станове, як буда, якую вартаўнік робе. Кладзецца спаць багатыром, а гэткім ня ўстане; адчыне вочы, і ён ужо ня тый. Як воды, стрэнуць яго жахі; ночы ўхопе яго віхор. Падыйме яго вецер усходні, і ён пойдзе, і зь месца ягонага абура яго. Пусьце на яго, і не пажалее; ад рукі Ягонае ён уцякае стрым галаву. Плясьне сваімі рукамі па ім, і засьвішча па ім зь месца свайго!

Бо ё жарало срэбра, і месца на золата, ідзе ачышчаюць. Зялеза дастаюць ізь зямлі, а з руды літуюць медзь. Ён азначае канец цемні і супоўна скумае камень цемры й сьмяротнага сьценю. Прабіваецца рака ад месцаў жыхараў, забытых нагамі; яны зьбяднелі і ад людзёў туляюцца. Зямля, — зь яе паходзе хлеб, а пад ёй парыта бы цяплом. Камяні яе — месца шафіру, і пыл золата ў ёй. Сьцежкі ня ведае дзярлівая птушка, і ня бачыла яе вока каршуна; Не тапталіся па ёй сынове пыхі, і не пераходзіў яе стары леў. На крэмень наложа руку сваю і перакуляе горы з каранямі. Ён высякае каналы ў скалах, і кажную дарагую рэч бача вока ягонае. Ён зьвязуе рэкі, каб не разьліваліся, і схаванае выносе на сьвятліню.

Але мудрасьць, ідзе знайсьці яе? і йдзе месца розуму? Ня ведае чалавек цаны яе, і яе не знаходзяць на зямлі жывых. Бяздоньне кажа: "Ня ў імне яна", і мора кажа: "Не ў мяне!" Ня можна даць шчырага золата за яе, і срэбра ня можа быць адважана за цану яе. Не цануюць яе золатам Офірскім, ані дарагім аніксам, ані шафірам. Не раўня ёй золата а крышталь, і не мяняюць яе на судзьдзе із шчырага золата. Караляў а пэрлаў і менаваць няма чаго, цана мудрасьці вышэй за рубіны. Не раўня ёй топаз Ефіопскі; шчырым золатам не цануюць яе.

А мудрасьць скуль паходзе? і йдзе месца розуму? Схавана яно ад ачоў усяго жывучага і ад птушак нябёсных затоена. Загіна а сьмерць кажуць: "Вушмі нашымі чулі мы галасы празь яе".

Бог цяме дарогу яе, і Ён ведае месца яе; Бо Ён глядзіць на канцы зямлі, бача пад цэлым небам. Як Ён ветру прызначаў вагу і ўладзіў ваду подле меры, Як азначаў права дажджу й дарогу маланьні грымотнай; Тады Ён бачыў яе і агаласіў яе; Ён устанавіў яе, і спрабаваў яе.

І сказаў чалавеку: "Вось, боязьнь Спадарова — гэта мудрасьць, і адвярненьне ад ліха — розум"».

І ўзноў рабіў Ёў свае адумысловае прыраўнаньне, і сказаў: «О, калі б я быў, як у пярэднія месяцы, як у тыя дні, калі Бог крыў мяне; Калі сьветач Ягоны сьвяціў над галавою маёю, і я пры сьвятле яго хадзіў сярод цемні. Як быў я за дзён маладосьці свае, як тайна Божая была над буданом маім; Калі яшчэ Ўсемагучы быў з імною, і дзяцюкі мае навокал мяне; Калі дарогі мае абліваліся маслам, і скала тачыла імне цур’і алею! Калі я выходзіў да брамы месцкае, і на точышчу станавіў седава свае, — Бачачы мяне, маладзёны хаваліся, а перастаркі ўставалі, стаялі; Князі ўзьдзержаваліся ад гаворкі і далоні свае клалі на вусны свае; Голас значных хаваўся, і язык іхны ліп да паднябеньня іхнага. Калі вуха чула, мела мяне за шчасьлівага; калі вока бачыла, яно сьветчыла празь мяне; Бо я вывальняў беднага галосячага й сірату, каторая ня мела памагатыра. Дабраславенства гінучага прыходзіла на мяне, і я прычыняў сэрцу ўдавы песьню радасьці. Я адзяваўся ў справядлівасьць, і яна ўбірала мяне; як ахілім а турбан суд мой.

Я быў ачыма нявісному і нагамі кульгаваму я; Айцом быў я ўбогім і справу, каторай ня знаў, я скумаў. Ламіў я пераднікі несправядліваму, і із зубоў ягоных вырываў здабытак. І гукаў я: "У гнязьдзе сваім сканаю і, як пясок, памножу дні свае; Карэнь мой выцягнуўся да вады, і раса начуе на гольлю маім; Слава мая новая з імною, і лук мой аднаўляецца ў руццэ маёй".

Слухалі мяне, і чакалі, і маўчэлі ў часе рады мае. Просьле мовы мае яны не паўтаралі, і на іх капалі казаньні мае. Чакалі мяне, як дажджу, і адчынялі вусны свае, як ад дажджу познага. Я ўсьміхаўся да іх, і яны ня верылі; і сьвятла віду майго не адхіналі. Я абіраў дарогу ім, і сядзеў, як галава, і жыў, як кароль памеж вяткі; як плачучых у жалобе, я іх пацяшаў.

А цяпер сьмяюцца зь мяне малодшыя за мяне гадамі, тыя, каторых бацькоў я брыдзіўся памясьціць із сабакамі стадаў сваіх. І сіла рук іхных нашто імне? Людзі, каторых сіла мінула. Нястачаю а галадоўю змораныя, яны ўцякаюць да сьцепу бязводнага, здаўна марнага а запусьцелага; Шчыкаюць мальву а лісты кустоў, карэньне дроку ежа іхная. З грамады выганяюць іх, крычаць на іх, як на злодзеяў. У жахлівых далінах яны мусяць жыць, у ямах зямлі а скалаў. Равуць памеж кустоў, туляцца пад церням. Сыны дурных, таксама сыноў бязь імені, яны былі зьбітыя ізь зямлі.

А цяпер песьняю іх я стаў, і прыказяю ім. Яны брыдзяцца імною, здаляюцца ад мяне, і перад відам маім ня ўзьдзержуюцца пліваць; Бо Ён скволіў паварозку маю і паніжыў мяне, яны ськінулі аброць у маёй прытомнасьці. З правага боку лотва паўстаець, сьпіхаюць ногі мае, насыпалі супроці мяне свае гасьцінцы зьнішчэньня; А маю сьцежку папсавалі; з майго няшчасьця яны карыстаюць, ня маючы памачніка. Як выламам шырокім прышлі яны; пад разьвярненьням качаліся. Жахі абярнуліся на мяне; як вецер, разьвеялася кунежнасьць мая, і, як булак, мінула спасеньне мае.

І цяпер выліваецца душа мая ў імне, абыймаюць мяне дні немарасьці. Ночы косьці мае праколены ў імне, і жылы мае не супачываюць. Зь вялікаю сілаю здыймаецца зь мяне адзецьце мае; як край сарочкі мае, яно папяразуе мяне. Ён кінуў мяне ў гліну, і я стаў падобны да пылу а попелу. Я гукаю да Цябе, а Ты не адказуеш імне; стаю, а Ты аглядаеш мяне. Ты абярнуўся неміласьціўным да мяне; сілаю рукі Свае Ты ненавідзіш мяне. Ты ўзьняў мяне на вецер, і вазіў мяне, і распусьціў істу маю. Але, я ведаю: да сьмерці Ты зьвядзеш мяне і да дому збору ўсяго жывучага.

А не да кучы Ты выцягнеш руку, дарма што ў зьнішчэньню сваім яны крычаць. Ці ня плакаў я па няшчасных? ці ня смуцілася душа мая па бедных? Як дабра я спадзяваўся, прышло ліха; як я чакаў сьвятліні, прышла цемра. Нутр мой кіпіць і не маўчыць; стрэлі мяне дні смутку. Я хаджу шчарнелы, але не ад сонца; устаю ў грамадзе й крычу. Я стаў братам шакалам і прыяцелям стравусянятам. Скура мая пачарнела на імне, і косьці мае абгарэлі ад палу. Абярнулася ў жалобу гарпа мая, і жалейка мая — у голас плачучых.

Змову ўчыніў я з ачыма сваімі, і нашто імне зварачаць увагу на дзяўчыну? Што за доля імне ад Бога згары, і што за спадак ад Усемагучага з вышыні? Ці не няшчасьце прылучаецца несправядліваму, і не загуба ліхадзею? Ці ня бачыў Ён дарогаў маіх, і ня лічыў усіх сігнёў маіх?

Калі я хадзіў у мане, і барзьдзіла нага мая на ашуку, — Хай зважаць мяне на вазе праўды, і пазнае Бог нявіннасьць маю. Калі адхінаўся сігень мой ад дарогі, і за ачыма маімі йшло сэрца мае, і калі штось прыліпла да рук маіх, То хай я сею, а другі есьць, і хай атожылы мае выкаранены будуць.

Калі жонка надзіла сэрца мае, і ля ўходу прыяцеля свайго я цікаваў, — Хай меле другому жонка мая, хай клякаюць ля яе іншыя; Бо гэта быў бы выступ, гэта было б судовае бяспраўе; Гэта — цяпло да згубы зьядаючае, і ўсі плады мае яно магло б выкараніць.

Калі я ўлегцы замеў права слугі свайго й права служэбкі свае, як яны прававаліся з імною, То што я пачаў бы рабіць, як бы паўстаў Бог? і як Ён даведаўся б да мяне, што я адказаў бы Яму? Ці ня Тый, хто ў жываце ўчыніў мяне, учыніў і яго, і ўладзіў нас у дзетніцы Адзін.

Ці адмаўляўся я жаданьню бедных альбо ці ачом удавы я даў выцякаць? Ці еў я лусту сваю асобна? ці ня еў сірата зь яе? Бо ад маленства ягонага я гадаваў яго, як айцец, і ад жывата маці свае я вадзіў удаву. Як бачыў гінучага без адзецьця і што накрыцьця няма ў беднага; То ці не дабраславілі мяне сьцёгны ягоныя, і ад стрыжэньня авец маіх ці ня быў ён угрэўшыся? Калі я падыймаў руку сваю на сірату, затым што мог бачыць ля брамы абарону сабе, То хай плячо мае ад сьпіны адваліцца, і цэўка мая ад локця адломіцца; Бо страшная імне кара ад Бога, перад вялікасьцяй Ягонай ня вытрываў бы я.

Ці здаваўся я на золата альбо ці шчыраму золату сказаў я: «Давер мой»? Ці цешыўся я, што маемасьць мая была вялікая, і рука мая прыдбала шмат? Калі я бачыў сьвятло, што яно зьзяе, і месяц вялікасна ходзячы, І надзілася патай сэрца мае, і цалавалі руку маю вусны мае, — Гэта таксама было б судовым бяспраўям, бо я адрокся б Бога на вышынях.

Ці цешыўся я із згубы злосьніка свайго і захапляўся, як сустракала яго няшчасьце? Не, я не даваў грашыць паднябеньню свайму, каб шукаць праклёнам душы яго. Ці не казалі сьмяротнікі будану майго: "Ці быў хто такі, каб ізь яго мяса не насыціўся?" На вуліцы не начаваў падарожны, і дзьверы свае я адчыняў госьцю.

Калі б хаваў я, як Адам, выступы свае, каб затаіць у заўлоньню сваім бяспраўе свае, То я баяўся б вялікага груду, і грэбаваньне радзімаў палохала б мяне, так што я маўчэў бы й ня выходзіў бы за ўход. О, калі б хто выслухаў мяне! Во знак мой: хай Усемагучы адкажа імне; а кнігу напісаў бы супар мой. На плячу сваім я насіў бы яе, і ўзлажыў бы яе на сябе, як вянок. Я здаў бы Яму лічбу з усіх сігнёў сваіх, як князь я дабліжыўся б да Яго.

Калі зямля мая крычэла на мяне, і ўсі барозны яе плакалі; Калі плады яе я еў дарма і прысіліў собсьнікаў зямлі выдыхнуць душу, То хай замест пшонкі вырасьце цернь і замест ячменю — кукаль». Скончыліся словы Ёвавы.

І перасталі тры мужы гэныя адказаваць Ёву, бо ён справядлівы ў ваччу сваім. І ўзгарэўся гнеў Елігу Варахеленка Вузяніна, з радзімы Рамовае: на Ёва ўзгарэўся гнеў ягоны за тое, што ён праўдзіў душу сваю болей за Бога; А на трох прыяцеляў ягоных узгарэўся гнеў ягоны за тое, што яны не знайшлі адказу, а вінавалі Ёва. Елігу ж чакаў із словамі сваімі ля Ёва, бо яны былі старшыя за яго гадамі. Але як абачыў Елігу, што нямаш адказу ў вуснах трох мужоў, тады ўзгарэўся гнеў ягоны.

І адказаў Елігу Варахеленак Вузянін, і сказаў: «Малады я гадамі, а вы перастаркі; затым я быў нясьмелы й баяўся выказаць вам пагляд свой. Я сказаў: "Дні хай гукаюць, і шматгодзьдзе хай азнаймляе мудрасьць". Але запраўды ё дух у чалавеку, дых Усемагучага, што робе яго разумным. Не вялікія людзі мудрыцы ані старыя разумеюць суд. Затым я скажу: "Паслухайце мяне, выкажу пагляд свой нават я". Вось, я чакаў слоў вашых, я ўважліва прыслухаўся да разумных разважаньняў вашых, пакуль вы вышукаеце словы. Я на вас уважаў, і вось, Ёву няма пераконуючага альбо няма меж вас адказуючых на словы ягоныя. Каб вы не сказалі: "Мы знайшлі мудрасьць; Бог яго адпіхнуў, а не чалавек". Ён не зварачаў словаў сваіх да мяне, і я прамовамі вашымі не адкажу яму. Яны ў сумятні, яны не адказуюць болей, здаліліся ад іх словы. І я чакаў, бо яны ня гукалі, бо яны адзяржаліся й не адказалі болей. Адкажу нават я сваю часьць, выкажу пагляд свой нават я; Бо я поўны словаў, дух у імне сіле мяне. Вось, у імне, як віно неадаткнёнае, як новыя вінныя мяхі дзяруцца. Я буду гукаць, і палягчэе імне; я адчыню вусны свае й адкажу. Хай ня маю бачнасьці на якую асобу і ніякаму чалавеку ня буду падлыгаваць; Бо я ня ведаю як падлыгаваць — зараз зьнёс бы мяне Ўчыніцель мой.

Слухай, адылі, калі ласка, Ёве, мову маю і на ўсю гутарку маю ўважай. Вось жа, я адчыніў вусны свае; язык мой гукае ў паднябеньню маім. Словы мае ад шчырасьці сэрца майго, і веданьне вусны мае ясна вымаўляюць. Дух Божы ўчыніў мяне, і дых Усемагучага ажывіў мяне. Калі можаш, адказуй імне, прыгатуйся перад імною і стань. Вось я, бы вусны твае перад Богам; з гліны ўхармаваны я. Вось, страх мой хай не палохае цябе, даланя мая на табе хай ня будзе цяжкая. Але, ты гукаў у вушы мае, і голас словаў тваіх я чуў. Ты кажаш: "Я чысты, бяз выступу, нявінны я, і няма бяспраўя ў імне. Вось, Ён знаходзе прычыны непрыязьньства да мяне, Ён мае мяне за непрыяцеля Свайго. Пастанавіў у калодкі ногі мае, цікуе на ўсі сьцежкі мае". Во ў гэтым не твая праўда, я адказую табе, бо Бог большы за людзіну. Чаму ты сьперачаешся зь Ім, што Ён не здаець табе лічбы з усіх справаў Сваіх? Бо Бог гукае адным парадкам і другім, ня цяміцца гэта: У сьне, у ночнай відзені, як нападае глыбокі сон на людзёў, як яны дрэмяць на ложках, — Тады Ён адкрывае вушы людзкія і пячатавае навуку, даную ім, Каб адвярнуць чалавека ад учынку, і гордасьць ад чалавека Ён хавае, Ён узьдзержуе душу ягоную ад загубы й жыцьцё ягонае ад зьнішчэньня мячом. І навучае болям на ягоным ложку і болям у ягоных касьцёх, — І жыцьцё ягонае збрыдзе хлеб, і душа ягоная ласую ежу. Чэзьне цела ягонае, ажно яго ня відаць, і адкрываюцца косьці ягоныя, каторыя ня былі відаць. І бліжыцца да ямы душа ягоная, і жыцьцё ягонае — да забіўцаў. Калі будзе ў яго Ангіл-прычынца, адзін із тысяча, азнайміць людзіне пасьцівасьць ейную; І ён міласэрны да яго, і скажа: "Вывальні яго ад зыходу да долу; Я знайшоў выкуп". Сьвежшае за дзяцюцкае стане цела ягонае, ён зьвернецца да дзён маладосьці свае. Моле Бога, і Ён прыйме яго, і Ён абача від ягоны з гуканьням, Ён зьверне людзіне справядлівасьць яе. І ён будзе глядзець на людзёў, і скажа: "Ізграшыў я, і скрывіў простае, і бескарысна было імне". Ён вывальне душу ягоную ад зыходу да долу, і жыцьцё ягонае будзе аглядаць сьвятліню. Вось, усе гэта робе Бог разы два, тры з мужчынам. Каб адвярнуць душу ягоную ад долу, каб ён сьвяціў у сьвятліні жыцьця. Уважай, Ёве, слухай мяне, маўчы, і я буду гукаць. Калі маеш што сказаць, адказаць імне, кажы, бо я зычу апраўленьня твайго. Калі не; ты слухай мяне, маўчы, а я наўчу цябя мудрасьці».

І адказаў Елігу, і сказаў: «Слухайце, мудрыя, словы мае, і, ведаючыя, нахініце вуха да мяне; Бо вуха прабуе словы, а паднябеньне спытуе ежу. Выбярыма сабе права, і вызначма мяжсобку, што добрае. Бо сказаў Ёў: "Мая праўда, але Бог адхінуў суд мой. Ці маю я маніць праз суд свой? Рана мая невылячальная бяз выступу". Хто людзіна, як Ёў, што п’ець насьмех, як ваду, І падарожжуе ў таварыстве зь ліхадзеямі, і ходзе зь людзьмі нягоднымі? Бо ён сказаў: "Няма карысьці чалавеку, калі ён мае зычлівасьць у Бога". Дык, людзі разумныя, паслухайце мяне, хай Бог крые, каб у Бога была нягоднасьць, і ў Усемагучага бяспраўе. Бо подле ўчынку чалавека Ён адплаце яму, і подле падарожжа людзіны Ён знойдзе яе. Запраўды, Бог ня чыне нягодна, і Ўсемагучы не перакручуе суду. Хто паручыў Яму зямлю, і хто ўзлажыў на Яго цэлы сьвет? Калі б Ён зьвярнуў да Сябе сэрца Свае, забраў да Сябе дух Свой а дых Свой, — Усе цела разам зьнішчэла б, і чалавек абярнуўся б у пыл. Дык, калі ты маеш розун, то слухай гэта і ўважай на голас слова майго. Ці можа ненавіднік суду радзіць каго? і ці можаш вінаваць Магучага-Справядлівага? Ці скажаш каралю: "Веляле", і дабрадзеям: "Нягоднікі"? Ён, Каторы не глядзіць на асобы князёў і ня важа багатага болей чымся беднага, бо ўсі яны — работа рук Ягоных? Якга яны паміраюць; і сярод ночы люд узрушыцца, і прамінуць; і магучага забіраюць бяз рукі. Бо вочы Ягоныя над дарогамі людзіны, і Ён бача ўсі сігні ейныя. Нямаш цемні ані сьценю сьмяротнага, ідзе маглі б схавацца ліхадзеі. Бо Ён ужо не вымагае ад чалавека, каб ішоў на суд із Богам. Ён крыша магучых без прасокі і ставе іншых на іхнае месца. Дык, пазнаючы іх із работаў іхных, Ён вале іх ночы, і яны крышацца. Як нягоднікаў, Ён тнець іх на ачох глядзеньнікаў, Бо яны адступілі ад Яго і ніякіх дарогаў Ягоных не разумелі, Каб прывесьці да Яго крык бедных, і крык убогіх каб Ён учуў. Як Ён сьцішае, хто можа вінаваць? Як схавае від Свой, хто можа абачыць Яго? Ці будзе гэта народ, ці чалавек, — усе адно, Каб двудушнік не караляваў, каб ня сіляць люд. Пэўне маюць казаць Богу: "Я зарабіў, ня буду горшаць. Вонках бачаньня майго Ты ўчы мяне; калі я зрабіў бяспраўе, наперад ня буду рабіць". Ці затым, што Ён ня ўчыніў патвойму, ты гэта ўлегцы маеш, ці ты абіраеш, а ня я? Дык, што ведаеш, кажы. Людзі разумныя скажуць імне, і муж мудры, каторы слухае мяне, скажа: "Ёў бязь веданьня гукае, і словы ягоныя неразумныя". Я зычыў бы, каб выпрабаваны быў Ёў на векі за адказ, як нягодным людзём; Бо ён дадаець да свайго грэху выступ, пляскае рукамі сваімі памеж нас і множа словы свае супроці Бога».

І адказаў Елігу, і сказаў: «Ці гэта ты ўважаеш за справядлівасьць, што ты сказаў: "Я справядліўшы за Бога"? Дык ты кажаш: "Якая карысьць табе? Якая выгранка імне перад тым, як калі б я й грашыў?" Я адкажу табе словамі і прыяцелям тваім із табою: Глянь на нябёсы й абач; і глядзі на булакі, каторыя вышшыя за цябе. Калі ты грэшыш, што чыніш ты Яму? і калі выступы твае множацца, што зробіш ты Яму? Калі ты справядлівы, што даеш Яму, альбо што Ён із рукі твае можа ўзяць? Нягоднасьць твая датыкаецца да людзіны, як ты, і справядлівасьць твая да сына людзкога. Ад множасьці глабаньня крычаць і ад рукі дужых галосяць; Але ніхто ня кажа: "Ідзе Бог, Стварыцель мой, Каторы даець песьні ночы, Каторы болей нас вуча, чымся жывёлу земную, і чыне мудрэйшымі нас, чымся птушкі нябёсныя?" Там яны галосяць, але Ён не адказуе, з прычыны гордасьці благіх людзёў. Напэўна Бог ня слухае пустога галашэньня, ані Ўсемагучы не глядзіць на яго. Хоць ты кажаш, што ня бачыш Яго; але суд ё ў Яго, і жджы Яго. І цяпер, затым што Ён не даведаўся гневам Сваім і ня вельма хацеў знаць пыхі іхнае, Ёў дарма адчыніў вусны свае і бязь веданьня множа словы».

І далей гукаў Елігу, і сказаў: «Патрывай імне крыху, і я пакажу табе, бо яшчэ ё ўзглядам Бога словы. Прынясу веданьне свае здалеку і аддам справядлівасьць Учыніцелю свайму; Бо запраўды не манлівыя словы мае, з табою дасканальны ў веданьню. Вось, Бог магучы, але ня грэбуе. Ён магучы сілаю сэрца. Ён не ажыўляе нягоднага, але права ўбогім даець. Ён не адварачае ад справядлівага аччу Сваіх, але з каралямі на пасадзе садзе іх навекі і вывышае іх; І калі яны спутаны зялезьзям, і ўзяты ў палон паварозамі гароты, Тады Ён азнаймляе ім іхны ўчынак і іхныя выступы, бо яны ўмацаваліся. Адкрывае вушы іхныя да навукі й кажа, каб яны адвярнуліся ад бяспраўя. Калі паслухаюць і будуць служыць Яму, то скончаць дні свае ў дабрабыце і гады свае ў любаце. Але калі ня слухаюць, то будуць зьнішчаны мячом і сканаюць бязь сьведам’я. Двудушныя сэрцам зьбіраюць гнеў; яны ня крычаць, бо Ён зьвязаў іх. Паміраюць у маладосьці душы іхныя, і жыцьцё іхнае меж бязуляў. Ён вывальняе зьбедаваных ізь бяды іхнае, і адкрывае вушы іхныя ў нядолі. Ён нават цябе вывеў бы з уціску на прастору, няма сьціску там, і стаўлянае на стол твой было б поўнае туку. І судам нягоднікавым ты поўны; суд а справядлівасьць падпіраюць цябе. Бо ё гнеў, глядзі, каб ня вывеў цябе вытням; і вялікі выкуп не адхінець цябе. Ці зважа Ён на багацьце твае? Ані на золата, ані на ўсю магутнасьць сілы. Не жадай тае ночы, калі люды будуць узьняты зь месца свайго. Сьцеражыся, ня сьхінайся да бяспраўя, бо яго ты валей абраў чымся гароту. Вось, Бог высокі магутнасьцю Сваёй; хто падобны да Яго вучыцель? Хто прызвачыў Яму дарогу Ягоную альбо хто можа сказаць: "Ты зрабіў крыўду"? Памятуй узьвялічаць справу Ягоную, каторую людзі аглядалі. Кажны чалавек аглядае яе; людзіна прыглядаецца да яе здалеку. Вось, Бог высокі й нязнаны; лік год Ягоных няскумальны. Ён зьбірае каплі вады, Ён сточуе мыглу Сваю ў дождж, Каторы нябёсы ільлюць далоў і капаюць на чалавека ў множасьці. Ці можа спатачыць хто пашырэньне булакоў, грукат будану Ягонага? Вось, Ён пашырае сьвятліню на яго й пакрывае карані мора; Бо гэтым Ён судзе люды, даець еміну ў множасьці. Ён пакрывае сьвятло далонямі Сваімі і расказуе яму праз сустрэчы. Агалашае Яго грукат Ягоны, і статак таксама празь Яго ўзыход.

І ад гэтага дрыжыць сэрца мае й скранулася зь месца свайго. Слухайце, слухайце дрыжэньне голасу Ягонага і гром, што выходзе з вуснаў Ягоных. Пад усім небам Ён пушчае яго і сьвятліню Сваю аж да краёў зямлі. За ім равець голас; і грыміць Ён голасам вялікасьці Свае, і не адзержуе яго, калі голас Ягоны пачуты. Грыміць Бог голасам дзіўным Сваім, робе справы вялікія, неспатачлівыя. Бо сьнегу Ён кажа: "Будзь на зямлі", таксама лівуну а дажджу, лівуну дажджоў сілы Свае. Ён пячатуе руку кажнага чалавека, наб усі людзі ведалі справу Ягоную. Тады зьвяры йдуць да логваў сваіх і застаюцца ў норах сваіх. Із схову прыходзе бура, ад абураючых вятроў — сьцюжа. Ад дзьмухненьня Божага ўзьнікае лёд, і зьверх вады сьцінаецца. Таксама вагкосьцяй Ён напаўняе хмары, і булакі сыпяць сьвятліню Ягоную. Яна круціцца а кружыняе подле праводу Ягонага, каб споўніць усе, што Ён расказуе ім на відзе заселенага сьвету. Або дзеля зырэньня, альбо дзеля зямлі альбо дзеля зьмілаваньня пасылае іх. Нахіні вуха да гэтага, Ёве; стой і разважай чудосы Божыя. Ці ведаеш ты, як Бог прызначыў іх і прычыняе зьзяць болачную маланку? Ці знаеш аднавагу булакоў, чудосы Найдасканальшага ў ведзе? Як твае адзецьці цёплыя, як Ён ціхаміра зямлю з паўдня? Ці ты зь Ім прасьцягнуў нябёсы, цьвярдыя, як літая глядзелка. Усьведамі нас, што сказаць Яму: мы ня кемім ад цемні. Ці будзе паведана Яму, што я гукаю? Ці кажа людзіна, што яе праглынуць? І цяпер мы ня бачым сьвятла, калі яно зьзяе на нябёсах; а вецер павее, і ачысьце іх. З поўначы золата прыходзе, у Бога страшны майстат. Усемагучы! мы не спатачаем Яго, Ён высокі сілаю, судам а множасьцяй справядлівасьці. Ён ня ўціскае. Дык хай баяцца Яго людзі; Ён не зважае на мудрых сэрцам».

І адказаў СПАДАР Ёву зь віхру, і сказаў: «Хто гэты, што зацямняе раду словамі бязь веданьня? Паперажы ж сьцёгны свае, як муж: Я буду пытацца ў цябе, а ты азнаймі Імне.

Ідзе быў ты, як Я клаў под зямлі? Кажы імне, калі цяміш. Хто прызначыў меру ёй, калі ты ведаеш? альбо хто расьцягнуў павароз па ёй? На чым поды яе занураныя, альбо хто палажыў вугольны камень яе, Як пяялі разам ранічныя гвезды, і ўсі сынове Божыя гукалі з радасьці? І зачыніў мора дзьвярмі, як яно чханула з улоньня й вышла, Як Я булакі ўчыніў адзецьцям яго й мыглу полкамі яго, І азначыў права Свае яму, і пастанавіў завалы а дзьверы. І сказаў: "Дагэтуль дойдзеш, а не далей, і тут запынена гордасьць хваляў тваіх".

Ці можаш расказаць ты раніцы за дзён жыцьця свайго і паказаць месца золку, Каб ён ахапляў канцы зямлі й страсануў зь яе нягодных, Каб яна абярнулася, як гліна пад пячацяй, сталася, як адзецьце; І адняць ад нягодных сьвятло іхнае, і высокае плячо зламіць?

Ці дайшоў ты да жаролаў мора, скумаць глыбіню ці хадзіў ты? Ці аб’явіліся табе брамы сьмерці, і брамы сьценю сьмерці ці бачыў ты? Ці спатачаеш ты шырыню зямлі? Скажы, калі ведаеш, усе гэта. Кудэй дарога, ідзе перабывае сьвятло? а цемра, ідзе месца яе? Ці можаш ты ўзяць яе да граніцы яе й можаш спатачыць сьцежкі да дому яе? Ты ведаеш, бо ты быў нарадзіўшыся тады, і лік дзён тваіх чысьлены!

Ці дайшоў ты аж да скарбаў сьнегу, і скарбы граду ці бачыў ты, Каторыя Я хаваю на час бяды, на дзень бітвы а вайны? Кудэй дарога да месца, ідзе разьдзяляюць сьвятло, усходні вецер разганяецца па зямлі?

Хто апрычыў латак дзеля паводкі і дарогу маланкам пяруноў, Каб ішоў дождж на зямлю, ідзе няма людзіны, на пустыню, ідзе няма чалавека, Каб учыніць досыць пустой а бязьлюднай зямлі і прычыніць рост кунежнае травы?

Ці ё ў дажджу айцец? альбо хто радзіў каплі расы? З чыйго жывата вышаў лёд, і хто нарадзіў шэрань нябёсную? Як камень, воды схаваліся, і зьверх глыбіні замерз.

Ці зьвяжаш ты ланцугі Сітцаў альбо разьвяжаш паварозы Касцом? Ці вывядзеш сузор’і ўпару і павядзеш Воз ізь яго дзецьмі? Ці Ведаеш уставы нябёсаў, можаш устанавіць уладу іх на зямлі?

Ці ўзьнімеш голас свой да булакоў, каб множасьць вады пакрыла цябе? Можаш паслаць маланьні, каб яны пайшлі й сказалі: "Тут мы"? Хто ўлажыў мудрасьць у нутр, альбо хто даў розуму кемнасьць? Хто можа палічыць булакі мудрасьцяй, альбо вадзяныя мяхі нябёсныя хто можа нахінуць, Як ссыпаецца пыл у кучу, і груды зьліпаюцца?

Ці можаш упаляваць лявіцы здабытак і жыр левянят папоўніць, Як яны корчацца ў норах сваіх, жывуць у сховах, каб цікаваць? Хто прыгатуе ґруґану здабытак яго, як птушаняты ягоныя гукаюць да Бога й туляюцца, бо нястача жыру?

Ці ведаеш ты час, калі родзяць гаравыя козы? Цяленьне ланяў ці назіраў ты? Ці можаш вылічыць месяцы цяжарнасьці? І ці ведаеш пару, калі яны родзяць, Як клякаюць, прыводзячы сваіх патомкаў, і болі іхныя пакідаюць іх? Дужэюць дзеці іхныя, растуць, як збожжа, адыходзяць і не зварачаюцца да іх.

Хто паслаў на волю дзікога асла? Хто распутаў хіжага асла, Катораму даў сьцеп на дом, і сялібы яго — салоная зямля? Ён сьмяецца з груду месцкага і крыкаў паганятага ня чуе. Знаходы на горах — паста ягоная, і кажнае зяленіва соча. Ці захоча тур служыць табе й пераначуе ля ясьляў тваіх? Ці прывяжаш яго да баразны паварозам, альбо ці ён будзе скрадзіць даліну за табою? Ці здасіся на яго, бо яго сіла вялікая, і пакінеш яму цяжкую работу сваю? Ці давяраеш яму, што ён зьверне сяўбу тваю і да току твайго зьбярэць?

Крылы пявучых птушак весела махаюць, або крыло стравуса а пер’е ягонае. Ен пакідае яечкі свае на зямлі, і на пяску грэе іх, І забываецца, што нага можа расьціснуць іх, і палявы зьвер можа растаптаць іх. Ён зацьвярдзелы да дзяцей сваіх, быццам яны не яго; хоць праца ягоная будзе дармавая, не баіцца адылі; Бо Бог спабыў яго мудрасьці й ня ўзычыў яму кемнасьці. А як да гары ён падыймаецца, тады сьмяецца з каня й коньніка яго.

Ці ты даў каню сілу, адзеў шыю яго грываю? Ці можаш ты спудзіць яго, як шаранчу? Харашыня хропу ягонага — жах! Ён капае ў даліне й вяселіцца ў сіле; ён ідзець наўпярэймы зброі. Ён сьмяецца із страху, і не лякаецца, і не адварачаецца ад ляза мяча. Над ім гучыць сагайдак, зіхціць дзіда а пушчальная дзіда. У шуме а шале ён глытае зямлю і ня вера, што ё гук трубы. У часе трубеньня ён іржэць: "Іга-га!" Ён здалеку чуе бітву, гоман вайводцаў і трубеньня.

Ці тваёй мудрасьцю ўзьлятае крумкач і распушчае крылы свае на паўдня? Ці на твае словы ўзьнімаецца арол і ўець гняздо свае на вышыні? На скале ён жывець і начуе на рагу скалы а гораду, Стуль выглядае сабе жыр, і далёка бачаць яго вочы. Дзеці ягоныя ссуць кроў, і йдзе забітыя, там ён».

І адказаў СПАДАР Ёву, і сказаў: «Ці тый, што сьперачаецца з Усемагучым, можа ўчыць Яго? Хто сьперачаецца з Богам, няхай адкажа на гэта».

І адказаў Ёў СПАДАРУ, і сказаў: «Вось, я малое вагі, што я маю адказаць Табе? Руку сваю кладу на вусны свае. Я гукаў раз, і ня буду адказаваць; двойчы, але ня буду болей».

І адказаў СПАДАР Ёву зь віхру, і сказаў: «Паперажы ж сьцёгны свае, як муж: Я буду пытаць, а ты азнаймляй Імне. Ты хочаш адкінуць суд Мой, абвінаваць Мяне, каб аправіць сябе? Ці такое ў цябе плячо, як у Бога, і ты можаш загрымець голасам, як Ён? Прыбярыся вяліччам а годнасьцяй, адзенься ў славу а харашыню. Вылі пал гневу свайго, і глянь на кажнага гордага, і паніж яго. Глянь на кажнага гордага, і ўслыш яго, і патапчы нягодных на месцу іхным. Схавай іх у пыле разам, віды іхныя зьвяжы ў схове. Тады Я прызнаю табе, што спасець цябе правіца твая.

Вось бегемот, каторага Я ўчыніў, як цябе; ён есьць траву, як вол. Вось сіла ягоная ў сьцёгнах ягоных, і дужасьць ягоная ў мускуле бруха ягонага. Ён зьгінае хвост свой, як кедра; жылы ў лядзьвях ягоных перапляліся. Косьці ягоныя — трубы мядзяныя; косьці ягоныя, як пруты зялезныя. Ён першы з дарогаў Божых. Тый, што ўчыніў яго, бліжа да яго меч Свой. Бо корм горы даюць яму, і ўсі зьвяры палявыя гуляюць там. У сьценях іх ляжыць ён, у схове трысьніковым і ў балоце. Даюць яму сьцень рассахатыя дзервы, і вербы ля ручаёў акружаюць яго. Вось ён п’ець раку, але не барзьдзіць; ён пэўны, хоць бы Ёрдан лінуўся яму ў рот. Ці можна яго ўзяць перад ачыма ягонымі, ці можаш у пыск яму зацягнуць дрот?

Ці можаш выцягнуць Левяфана вудою і паварозам прыціснуць язык ягоны? Ці зацягнеш кручок у ноздры ягоныя? Ці прабадзеш круком шчэляпу ягоную? Ці будзе ён шмат маліць цябе і ці будзе гукаць табе лагодныя словы? Ці зробе змову з табою, узяць яго на службу табе назаўсёды? Ці будзеш гуляць ізь ім, як із птушкаю, альбо ці прывяжаш яго сваім дзяўчаткам? Ці будуць сябры таргавацца за яго? Ці яны падзеляць яго памеж купцоў? Ці можаш напоўніць гарпунамі скуру ягоную альбо рыбацкімі восьцьмі галаву ягоную? Палажы руку на яго, памятуй праз ходаньне; наперад не рабі гэтага.

Вось, надзея ягоная хвальшывая: ці не павалішся ад аднаго пагляду ягонага? Няма на толькі неміласьціўнага, каб пабудзіў яго. Дык хто можа ўстоіць перад відам Маім? Хто забег Імне, і Я заплаціў яму? Што ё пад цэлым небам, ё Мае. Не замаўчу ўзглядам чаланоў ягоных, ані магучае сілы ягонае, ані добрае хормы ягонае. Хто можа адкрыць верх адзецьця ягонага, хто падыйдзе да падвойных шчэляпаў ягоных? Дзьверы пыску ягонага хто адчыне? Навокал зубоў ягоных — жах. Гордасьць — моцныя шчыты, зачыняюцца шчытна, як пячацяй. Адзін да аднаго дабліжаныя яны, што ані паветра ня можа прайсьці памеж іх. Адзін із адным злучаны яны, яны сьціскаюць адзін аднаго й ня могуць быць разлучаны. Ад чханьня ягонага сьвятлее; вочы ў яго, як векі зары. Зь ляпы ягонае полы шугаюць, агняныя іскры ўцякаюць. З ноздраў ягоных выходзе дым, як ізь кіпячага гаршка альбо казана. Дых ягоны распаляе вугальле, і зь ляпы ягонае выходзе полымя. На шыі ў яго начуе сіла, і перад ім скача жах. Маршчакі мяса ягонага злучаныя, яны моцныя на ім, і нельга іх скрануць. Сэрца ягонае цьвярдое, як камень; цьвярдое, як сподні жоран. Як ён падыймаецца, дужасілы палохаюцца, ад груку яны вонках сябе. Меч, што даткнецца да яго, ня выдзяржа, ані дзіда, ані суліца, ані панцыр. Зялеза ён мае за салому, за гнілое дзерва — медзь. Сын лука ня спудзе яго; у ўмецьце абернуцца яму пушчальныя камяні. Булаву мае ён за саломіну, а з бразку дзіды ён сьмяецца. Пад ім войстрае чарап’ё, ён выцягуецца на балоце, як малацьбяныя сані. Прычыняе, што глыбіня кіпіць, як гаршчок, абрачае мора ў гаршчок мазі. За сабой ён пакідае ясную сьцежку, глыбіня здаецца сівою. На пыле няма падобнага да яго: стварэньне бяз страху. Ён аглядае ўсе высокае; ён кароль над усімі сынамі гордасьці».

І адказаў Ёў СПАДАРУ, і сказаў: «Ведаю, што Ты ўсе можаш, і што не адзяржыцца ў Цябе замер. "Хто гэты, што зацямняе раду бязь веданьня?" — Але, я гукаў і не разумеў, празь лішне дзіўнае імне ня ведаў. Выслухай, і я буду гукаць, буду пытацца ў Цябе, і Ты зьясьні імне. Чутасьцяй вуха чуў я празь Цябе; цяпер жа мае вочы бачаць Цябе. Затым я брыджуся сабою і каюся ў пыле а попеле».

І сталася просьле тога, як казаў СПАДАР гэтыя словы Ёву, што сказаў СПАДАР Еліфазу Феманяніну: «Узгарэўся гнеў Мой на цябе а на двух прыяцеляў тваіх за тое, што вы ня гукалі празь Мяне так правільна, як слуга Мой Ёў. Дык цяпер вазьміце сабе сем цялят-бычкоў а сем бараноў, і пайдзіце да слугі Майго Ёва, і абрачыце аброк за сябе; і Ёў, слуга Мой, памоліцца за вас, бо толькі від ягоны я прыйму, каб Я з вамі ня ўчыніў подле вашае дурноты за тое, што вы гукалі празь Мяне ня так правільна, як слуга Мой Ёў».

І пайшлі Еліфаз Феманянін а Вілдад Шугянін а Софар Наамацянін, і зрабілі так, як СПАДАР расказаў ім, — і СПАДАР прыняў від Ёва.

І зьвярнуў СПАДАР страту Ёву, як ён памаліўся за прыяцеляў сваіх; і даў Ёву СПАДАР удвая болей за тое, што ён меў.

Тады прышлі да яго ўсі браты ягоныя а ўсі сёстры ягоныя а ўсі зналыя яго ўперад, і елі зь ім хлеб у доме ягоным, і плакалі па ім, і пацяшалі яго ўзглядам усяе гароты, каторую СПАДАР быў навёўшы на яго, і далі яму кажны па аднэй манэце а па аднэй залатой жуковіне.

І дабраславіў Бог апошнія дні Ёвавы болей, чымся пярэднія: у яго было чатырнанцаць тысячаў драбнога статку, шэсьць тысячаў вярблюдоў, тысяча пар валоў і тысяча асьліцаў. І было ў яго сямёх сыноў і тры дачкі. І назваў ён імя першае Еміма, імя другое — Кеца, а імя трэйцяе — Керэнгаппух. І ня было на ўсёй зямлі такіх харошых жанок, як дачкі Ёвавы, і даў ім айцец іхны спадак памеж братоў іхных. Просьле тога Ёў жыў сто сорак год, і бачыў сыноў сваіх і сыноў сыньніх сваіх аж да чацьвертага роду. І памер Ёў у старасьці, насычаны днямі.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.