Библия › Станкевіча › Эстэрына

Эстэрына

І сталася за дзён Агасвера, — гэты Агасвер гаспадарстваваў ад Інды й аж да Ефіопы над сто дваццаць сяма краямі, — Таго часу, як кароль Агасвер сядзеў на каралеўскім пасадзе сваім, каторы ў Сусе, сталіцы, Трэйцяга году дзяржавы свае, ён справіў чэсьць усім князём сваім а служцом сваім, валадаром Пэрсі а Міды, паном а князём краёў, што былі перад ім, Паказуючы вялікае багацьце славутага каралеўства свайго і чэсьць харашыні вялічча свайго, шмат дзён, сто асьмідзясят дзён. Па гэтых днёх, кароль справіў чэсьць усяму люду, што быў прытомны ў сталіцы Сусе, ад вялікага аж да малога, сем дзён у садовым панадворку каралеўскага палацу. Белыя, зялёныя а сінія запоны былі прымацаваны паварозамі выборнага лёну а пурпуры да срэбных колцаў і мрамарных стаўпоў. І былі ложкі залатыя а срэбныя на мосьце з алябастры а белага мрамару а пэрлы а чорнага мрамару. І напікі ў залатым судзьдзю, — судзьдзе розьнілася адно ад аднаго, — і множасьць каралеўскага віна, пакаралеўску. А да піценьня подле права ня было прынукі; бо кароль паручыў усім старшым дому свайго, каб яны рабілі подле зычаньня кажнага.

Таксама караліца Вашты справіла чэсьць жанкам у каралеўскім доме караля Агасвера.

Сёмага дня, як разьвесялілася сэрца каралёва ад віна, ён расказаў Мегуману, Бізфе, Гарбоне, Біґфе а Анаґфе, Зэфару а Каркасу — сямём легчанцом, што служылі перед Агасверам, Каб яны прывялі перад від караля караліцу Вашты ў кароне каралеўскай, каб паказаць людам а вайводам харашыню яе, бо яна была надта пазорвая. І адмовілася караліца Вашты прысьці на расказаньне каралеўскае легчанцамі. І засердаваў кароль надта, і гнеў ягоны загарэўся ў ім.

І сказаў кароль мудрыцом, што зналі часы, — бо такі быў звычай каралеўскі да ўсіх ведамцаў права а суду, — І блізкому да сябе Каршэне, Шэфару, Адмафе, Фаршышу, Мерэсу, Марсэне, Мемухану, — сямём князём Пэрскім а Мідзкім, каторыя маглі бачыць від каралёў і сядзелі першымі ў каралеўстве: «Што зрабіць подле права з караліцаю Вашты за тое, што яна не зрабіла подле слова караля Агасвера легчанцамі?»

І сказаў Мемухан перад відам караля а вайводцаў: «Не перад адным каралём вінна караліца Вашты, а перад усімі вайводамі і перад усімі людзьмі, каторыя па ўсіх краінах караля Агасвера; Бо дойдзе ўчынак караліцы да ўсіх жонак, і яны будуць улегцы мець мужоў сваіх, і казаць: "Кароль Агасвер расказаў прывесьці караліцу Вашты перад від свой, і яна не пайшла". Цяпер княгіні Пэрскія а Мідзкія, каторыя пачуюць праз учынак каралічын, будуць тое ж казаць усім князём каралёвым; і будзе досыць улегцыменьня а злосьці. Калі гэта зьлюб каралю, няхай выйдзе каралеўскае расказаньне ад яго, і няхай будзе ўпісана ў правы Пэрскія а Мідзкія і не касуецца, што наперад Вашты ня прыйдзе да караля Агасвера; і няхай кароль аддасьць каралеўскую годнасьць ейную другой, лепшай за яе. Як пачуюць праз гэту загаду каралёву, каторую ён зробе па ўсім каралеўстве сваім, — а яно вялікае, — усі жонкі будуць сьціць мужоў сваіх, ад вялікага аж да малога». І сказанае было добрым у ваччу караля а вайводаў ягоных, і ён зрабіў подле слова Мемухана; Бо ён паслаў лісты да ўсіх краёў каралеўскіх, да кажнага краю пісьмом яго і да кажнага народу моваю яго, каб кажны муж быў спадаром у сваім доме і каб ён гукаў моваю народу свайго.

Просьле гэтага, як уціхамірыўся гнеў караля Агасвера, ён успомнеў праз Вашту, і праз тое, што яна зрабіла, і што было ёй рассуджана. І сказалі маладзёны каралю, што паслугавалі яму: «Няхай бы пашукалі каралю дзявушчых пазорных дзевак, І хай бы прызначыў кароль назіраньнікаў да ўсіх краінаў каралеўства свайго, каторыя зьберлі б кажную дзявушчую пазорную дзеўку да Сусы сталіцы, да дому жонак пад нагляд Гэґая, каралеўскага легчанца, вартаўніка жонак, і хай даюць чысьцячыя масьці; І хай дзеўка, каторую ўпадабае кароль, каралюе замест Вашты». І гэта ўпадабаў кароль, і ён зрабіў гэтак.

Якісь Юдэй быў у Сусе сталіцы; імя ягонае Мордэхай, сын Яіроў, сына Шымяя Кішанка, Венямінец. Ён быў пераселены зь Ерузаліму разам із палоненікамі, выведзенымі зь Ехоняю, каралём Юдэйскім, каторых перасяліў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі. І быў ён узгадавацелям Гадасы, — яна ж Естэр, — дачкі дзядзькі свайго, бо ня было ў яе айца ані маці. Дзеўка гэта была складная а пазорная. І, па сьмерці айца ейнага а маці ейнае, Мордэхай узяў яе сабе за дачку. І як была агалошана справа каралеўская й права ягонае, і як зьберлі шмат дзевак да Сусы сталіцы пад нагляд Гэґая, тады ўзята была й Естэр да дому каралеўскага пад нагляд Геґая, вартаўніка жонак. І ўпадабаў гэтую дзеўку ён, і прыдбала ў яго ласку, і ён пабарзьдзіў выдаць ёй чысьцячыя масьці і дзелі ейныя, і прызначаных сем дзевак даць ёй із дому каралеўскага; і перамясьціў яе а дзеўкі ейныя на лепшае месца жаноцкага дому. Не азнайміла Естэр люду свайго ані радні свае, бо Мордэхай расказаў ёй, каб яна не азнаймляла. І кажны дзень Мордэхай прыходзіў аж да панадворку жаноцкага дому, каб даведацца, як маецца Естэр, і што робяць ізь ёю. Як настаў рад кажнай дзеўцы ўходзіць да караля Агасвера, пры канцу двананцацёх месяцаў таго, што сталася ёй подле права жонак, — бо толькі часу цягнуцца дні ачышчэньня іх: шэсьць месяцаў міравым алеям і шэсьць месяцаў пахнючымі а чысьцячымі масьцямі жаноцкімі, — Дык во з чым дзеўка ўходзіла да караля: чаго б яна не сказала, ёй давалі ўсе да выхаду із жаноцкага дому да дому каралёвага. Увечары яна ўходзіла, а нараніцы зварачалася да другога дому жаноцкага, пад нагляд Шаашґаза, легчанца каралеўскага, вартаўніка мамошак; і ўжо ня ўходзіла да караля, хіба толькі кароль пажадаў бы яе, і гукалі яе наймя.

Як настаў рад ісьці да карала Естэры, дачцы Абігаіла, дзядзькі Мордэхаёвага, каторую ён быў узяўшы сабе за дачку, тады яна не прасіла нічога, апрача тога, праз што сказаў ёй Геґай, легчанец каралеўскі, вартаўнік жонак. І прыдбала Естэр зычлівасьць у вачох усіх, што бачылі яе. І ўзялі Естэр да караля Агасвера, да каралеўскага дому ягонага, дзясятага месяца, значыцца месяца Тэбефа, сёмага году дзяржавы ягонае. І палюбіў кароль Естэр над усі жанкі, і яна прыдбала ў яго ласку а зычлівасьць над усі дзяўчаты; і ён узлажыў карону каралеўскую на галаву ёй, і ўчыніў яе караліцаю замест Вашты. І справіў кароль вялікую чэсьць усім князём сваім а служцом сваім — чэсьць дзеля Естэры, і зрабіў палёгку краём, і раздаў дары пакаралеўску. І як другім наваратам зьберты былі дзеўкі, і Мордэхай сядзеў ля брамы каралеўскае, Естэр не азнаймляла радні свае а люду свайго, як расказаў ёй Мордэхай; а слова Мордэхаёва Естэр паўніла таксама, як тады, як была ў яго на ўзгадаваньню.

Таго часу, як Мордэхай сядзеў ля брамы каралеўскае, два каралеўскія легчанцы, Біґфан а Ферэш, з тых, што сьцераглі парог, узлаваліся й задумлялі налажыць руку на караля Агасвера. І, даведаўшыся праз гэта, Мордэхай наказаў караліцы Естэры, а Естэр наказала каралю ад Мордэхая. І прасачылі справу і знайшлі, і іх абодвых засілілі на дзерве. І ўпісалі да кнігі летапісу ў караля.

І, па гэтых падзеях, узьвялічыў кароль Агасвер Гамана Гамедафенка, Аґаґяніна, і ўзвышыў яго, і пастанавіў седава ягонае вышэй за ўсіх князёў, каторыя ў яго; І ўсі слугі каралёвы, што ля каралеўскае брамы, кланяліся а падалі ніцма перад Гаманом; бо гэтак расказаў кароль. А Мордэхай ня кланяўся ані падаў ніцма. І гукалі слугі каралеўскія, каторыя ля брамы каралеўскае, Мордэхаю: «Чаго ты выступаеш із расказаньня каралеўскага?» І як яны гукалі яму кажны дзень, а ён ня слухаў іх, то яны даказалі Гаману, каб паглядзець, ці вытрывае ў слове Мордэхай, бо ён азнайміў ім, што ён Юдэй. І як Гаман пабачыў, што Мордэхай ня кланяецца яму й ня падае ніцма перад ім, тады Гаман напоўся гневам. І лёгка было яму налажыць рукі на аднаго Мордэхая; але як азнаймілі яму люд Мардэхаёў, то шукаў Гаман выгубіць усіх Юдэяў, што ў цэлым каралеўстве Агасверавым, люд Мордэхаёў. Праз гэта першага месяца, каторы ё месяц Нісан, двананцатага году караля Агасвера, кідалі на пур, значыцца на жэрабя, перад відам Гамана дзень пры дню, месяц пры месяцу, жерабя пала на двананцаты, каторы месяц Адар.

І сказаў Гаман каралю Агасверу: «Ёсьць адзін люд, рассыпаны а расьцярушаны памеж людаў па ўсіх краінах каралеўства твайго; і правы іхныя накшыя, чымся ў вусіх людаў, і праваў каралеўскіх яны не дзяржаць; затым не карысна каралю пакідаць іх. Калі каралю гэта здаецца добрым, хай напішуць, каб яны былі выгублены; і я адважу дзесяць тысячаў таланяў срэбра на рукі тых, што гэтым зоймуцца, каб занесьлі да скарбу каралеўскага». Тады зьняў кароль жуковіну сваю з рукі свае й аддаў яе Гаману Гамедафенку, Аґаґяніну, уцісканьніку Юдэйскаму. І сказаў кароль Гаману: «Аддаю тэ срэбра а люд; рабі зь ім, як табе любя». І пагукалі пісараў каралеўскіх трынанцатага дня першага месяца і напісалі подле ўсёга, што Гаман расказаў, намесьнікам каралеўскім а вайводам над кажным краям а князём кажнага народу, кажнага краю пісьмом яго і кажнаму народу моваю яго; напісалі ад караля, і запячатавалі жуковінаю каралеўскаю. І пасланы былі лісты ганцамі да ўсіх краёў каралёвых, каб вынішчыць, забіць а выгубіць усіх Юдэяў, ад малога аж да старога, дзецяняты а жанкі, за адзін дзень, трынанцатага дня двананцатага месяца, значыцца месяца Адара, і маемасьць іхную разглабаць. Адпіс гэтага пісаньня аддаць, як права кажнага краю, каб быў агалошаны люду, каб былі гатовы да гэтага дня.

Ганцы вышлі борзда з каралеўскім расказаньням. І права было дана ў Сусе сталіцы; і кароль, і Гаман селі й пілі, а сталічнае места было ў замятні.

І Мордэхай даведаўся ўсе, што дзеялася, і разьдзер адзецьці свае, і ўзлажыў на сябе зрэбніну а попел; і вышаў на сярэдзіну места, і гукаў галашэньням вялікім а гаркім, І дайшоў аж да каралеўскае брамы, бо не належа ўходзіць у каралеўскую браму ў зрэбніне. І ў кажным краю а месьце, куды-колечы дайшло слова каралёва й расказаньне ягонае, была вялікая жалоба ў Юдэяў а пост а плач а галашэньне; і зрэб’е й попел былі пасьцеляю шмат каму. І прышлі служэбкі Естэрыны і легчанцы ейныя, і азнаймілі ёй, і надта забалела караліцы. І паслала адзецьці, каб Мордэхай адзеў іх і зьняў ізь сябе зрэб’е свае; але ён ня прыняў. Тады гукнула Естэр Гафаха, аднаго зь легчанцоў каралеўскіх, каторага ён прызначыў да яе, і расказала даведацца ўзглядам Мордэхая: што гэта й чаму гэта? І вышаў Гафах да Мордэхая на месцкую вуліцу, каторая перад каралеўскаю брамаю; І азнайміў яму Мордэхай праз усе, што зь ім прылучылася, і праз прызначаны лік срэбра, каторае абяцаў Гаман адважыць скарбнікам каралеўскім за Юдэяў, каб выгубіць іх. І даў ёй адпіс рукапісу расказаньня, выданага ў Сусе, вынішчыць іх, каб паказаць Естэры, і зьясьніць ёй, і расказаць ёй, каб яна йшла да караля маліць яго й прасіць яго за люд свой. І прышоў Гафах, і азнайміў Естэры словы Мордэхаёвы. І сказала Естэр Гафаху, і паведала яму ўзглядам Мордэхая: «Усі слугі пры каралю й люды краінаў каралеўскіх ведаюць, што кажнаму, і мужчыне й жонцы, хто ўвыйдзе да караля да нутранога панадворку, ня гуканы, адно права — сьмерць; адно тый, да каго выцягне кароль свой залаты ськіпетр, застанецца жывы. А мяне ня гукаў кароль, вось ужо трыццаць дзён». І азнаймілі Мордэхаю словы Естэрыны. І сказаў Мордэхай у вадказ Естэры: «Ня думай сабе, што ты ўсьцеражэшся ў доме каралеўскім із усіх Юдэяў; Бо калі ты прамоўчыш, прамоўчыш у гэтым часе, то палёгка а ратунак прыйдзе Юдэям ізь іншага месца, ты ж а дом айца твайго зьгінеце. І хто ведае, ці ня дзеля такога часу, як гэты, ты й дапяла каралеўства?»

І сказала Естэр у вадказ Мордэхаю: «Пайдзі, зьбяры ўсіх Юдэяў, каторыя ў Сусе, і постуйце дзеля мяне, і ня ежча ані піце тры дні, ані ўдзень, ані ночы; і я, і дзеўкі мае будзем таксама поставаць, і так пайду да караля, дарма што гэта супроці права, і калі загінуць, загіну». І прайшоў Мордэхай, і зрабіў, як расказала яму Естэр.

І было пазаўтра: Естэр адзелася пакаралеўску, і стала яна на нутраным панадворку каралеўскага дому, супроці дому каралёвага; кароль жа сядзеў на каралеўскім пасадзе сваім у каралеўскім доме, супроці ўходу ў дом. Як кароль абачыў караліцу Естэр, на панадворку стаячую, яна знайшла ласку ў ваччу ягоным. І выцягнуў кароль да Естэры залаты ськіпетр, што ў руццэ ў яго, і дабліжылася Естэр, і даткнулася канца ськіпетра. І сказаў ёй кароль: «Чаго табе, караліца Естэр, і што за просьба твая? нават аж да палукаралеўства будзе дана табе». І сказала Естар: «Калі зьлюб каралю, дык хай прыйдзе кароль із Гаманом сядні на чэсьць, каторую я прыгатавала яму». І сказаў кароль: «Пабарзьдзіце Гамана, каб зрабіць подле слова Естэрынага». І прышоў кароль із Гаманом на чэсьць, каторую прыгатавала Естэр. І сказаў кароль Естэры пры піцьцю віна: «Якое жаданьне твае? і дасца табе; і якая просьба твая? аж да палукаралеўства яна будзе споўнена». І адказала Естэр, і сказала: «Мае жаданьне а мая просьба: Калі я прыдбала ласку ў ваччу караля, і калі зьлюб каралю споўніць жаданьне мае і зрабіць подле просьбы мае, то хай прыйдзе кароль із Гаманом на чэсьць, каторую я спраўлю ім, і заўтра я зраблю подле слова каралёвага». І вышаў Гаман таго дня вясёлы і ў добрым настрою. Але як абачыў Гаман Мордэхая ў браме каралеўскай, і тый ня ўстаў, і зь месца не крануўся перад ім, тады напоўніўся ён палкага гневу на Мордэхая. Адылі ж зьдзержыўся Гаман. І прышоў да дому свайго, і паслаў пазваць да сябе любячых сваіх а Зэрэш, жонку сваю. І паведаў ім Гаман праз славу багацьця свайго, і праз множасьць сыноў сваіх, і праз усе тое, як узьвялічыў яго кароль і як узвышыў яго над князьмі а слугамі каралеўскімі. І сказаў Гаман: «Дый караліца Естэр, апрача мяне, нікога не пазвала з каралём на чэсьць, каторую яна прыгатавала; і таксама назаўтрае я пазваны з каралём да яе. Але ўсяго гэтага ня досыць імне, пакуль я бачу Мордэхая, Юдэя, ля брамы каралеўскае седзячага». І сказала яму Зэрэш, жонка ягоная, і ўсі любячыя яго: «Хай пастановяць высокую шыбеніцу пяцьдзясят локцяў увышкі, і нараніцы скажы каралю, каб засіліць Мордэхая на ёй; тады весела йдзі на чэсьць із каралём». І ўпадабаў гэтае слова Гаман, і ён пастанавіў шыбеніцу.

Тае ночы кароль выбіўся зо сну і казаў прынесьці кнігу памятнік-летапіс; і чыталі іх перад каралём. І знайшлі запісанае, як даказаў Мордэхай на Біґфану а Ферэша, двух легчанцоў каралеўскіх ізь сьцерагучых парог, каторыя імкнуліся налажыць руку на караля Агасвера. І сказаў кароль: «Што за чэсьць а вялічча былі даны Мордэхаю за гэта?» Тады сказалі маладзёны каралеўскія, паслугачы ягоныя: «Нічагусенькі ня дана яму». І сказаў кароль: «Хто на панадворку?» Гаман жа прышоў на навонны панадворак каралеўскага дому сказаць каралю, каб засілілі Мордэхая на шыбеніцы, каторую ён прыгатаваў яму. І сказалі маладзёны яму: «Вось, Гаман стаіць на панадворку». І сказаў кароль: «Няхай ён увыйдзе». Дык Гаман увышоў. І сказаў яму кароль: «Што зрабіць таму чалавеку, каторага кароль хоча ўсьціць?» І сказаў Гаман у сэрцу сваім: «Каму ж бы кароль жадаў даць сьці болей, як ня імне?» І сказаў Гаман каралю: «Чалавеку, каторага кароль хоча ўсьціць, Няхай прынясуць адзецьце каралеўскае, у каторае адзяецца кароль, і прывядуць каня, на каторым езьдзе конна кароль, узложаць карону каралеўскую на галаву яму, І хай пададуць адзецьце а каня аднаму з найзначнейшых князёў каралеўскіх, і ўбяруць таго чалавека, каторага кароль хоча ўсьціць, і павядуць яго на каню конна на месцкую вуліцу, і агалосяць перад ім: "Гэтак зьдзеецца таму чалавеку, каторага кароль хоча ўсьціць!"» І сказаў кароль Гаману: «Якга вазьмі адзецьце а каня, як ты сказаў, і зрабі гэта Мордэхаю Юдэю, што сядзіць у каралеўскай браме; нічагусенькі ня выпусьці з тога, што ты казаў». І ўзяў Гаман адзецьці а каня, і ўбраў Мордэхая, і вывеў яго на каню на месцкую вуліцу, і агаласіў перад ім: «Гэтак зьдзеецца тому чалавеку, каторага кароль хоча ўсьціць!»

І зьвярнуўся Мордэхай да каралеўскае брамы. Гаман жа пабарзьдзіў да дому свайго ў жалобе й закрыўшы галаву. І пераказаў Гаман Зэрэшы, жонцы сваёй, а ўсім любячым яго ўсе, што прылучылася зь ім. І сказалі яму мудрыцы ягоныя а Зэрэш, жонка ягоная: «Калі з насеньня Юдзінага Мордэхай, з каторага прычыны ты пачаў падаць, то не пераможаш яго, але напэўна падзеш перад ім». І як яны яшчэ мужавалі зь ім, прышлі каралеўскія легчанцы й барзьдзілі прывесьці Гамана на чэсьць, што прыгатавала Естэр.

І прышоў кароль а Гаман на чэсьць да Естэры караліцы. І сказаў кароль Естэры таксама й другога дня ў часе піцьця віна: «Што за просьба твая, караліца Естэр? тое дасца табе; і што за маленьне твае? аж да палукаралеўства яно будзе споўнена». І адказала караліца Естэр, і сказала: «Калі я прыдбала ласку ў ваччу тваім, каролю, і калі каралю гэта зьлюб, дык хай будуць дараваны імне жыцьцё мае, подле жаданьня майго, і люд мой, на просьбу маю! Бо праданы мы, я а люд мой, на вынішчэньне, забіцьцё а загубу. Калі б мы былі праданы за нявольнікаў а нявольніцы, я маўчэла б, хоць уцісканьнік не надгарадзіў бы шкоды каралю».

І адказаў кароль Агасвер, і сказаў караліцы Естэры: «Хто гэта такі, і йдзе тый, што важыўся ў сэрцу сваім зрабіць гэтак?» І сказала Естэр: «Уцісканьнік а непрыяцель — гэты нягодны Гаман!» І Гаман спалохаўся караля а караліцы. І кароль устаў у гневе сваім ад піцьця віна, і пайшоў у палацкі сад; Гаман жа застаўся маліць караліцу Естэр за жыцьцё свае, бо ён бачыў, што наканаваў яму кароль ліха. Як кароль зьвярнуўся з палацкага саду да дому піцьця віна, Гаман быў прыпаўшы да ложку, на каторым была Естэр. І сказаў кароль: «Нават і сіліць караліцу хоча ў прытомнасьці маёй у доме!» Слова вышла з вуснаў караля, — і накрылі від Гаману! І сказаў Гарбона, адзін ізь легчанцоў пры каралю: «Во й шыбеніца, каторую пастанавіў Гаман Мордэхаю, каторы казаў добрае праз караля, стаіць ля дому Гамановага, увышкі пяцьдзясят локцяў». І сказаў кароль: «Засіліце яго на ёй». І засілілі Гамана на шыбеніцы, каторую ён прыгатаваў Мордэхаю. І гнеў каралёў уціхамірыўся.

Таго дня кароль Агасвер аддаў караліцы Естэры дом Гаманоў, уцісканьніка Юдэяў; а Мордэхай увыйшоў перад від караля, бо Естэр азнайміла, хто ён ёй. І зьняў Кароль жуковіну сваю, каторую ён адняў у Гамана, і аддаў яе Мордэхаю; Естэр жа прызначыла Мордэхая над домам Гамановым. І гукала Естэр ізноў перад каралём, і пала ў ногі яму, і плакала й маліла яго адвярнуць ліха Гамана Аґаґяніна а замер ягоны, каторы выдумаў супроці Юдэяў. І выцягнуў кароль да Естэры залаты ськіпетр; і ўстала Естэр, і стала перад каралём, І сказала: «Калі каралю зьлюб, і калі я прыдбала ласку перад відам ягоным, і годная справа гэтая перад відам караля, і калі люба я ачом ягоным, то хай бы было напісана, каб былі зьвернены лісты, выдумка Гамана Гамэдафенка, Аґаґяніна, каторыя ён напісаў выгубіць Юдэяў у вусіх краінах каралеўскіх! Бо як я магу бачыць ліха, каторае прыйдзе на люд мой, і як я магу бачыць згубу родных імне?»

І сказаў кароль Агасвер караліцы Естэр а Мордэхаю Юдэю: «Вось, я дом Гаманоў аддаў Естэры, і яго засілілі на шыбеніцы за тое, што ён накладаў руку сваю на Юдэяў; І вы напішыце празь Юдэяў, што вам зьлюб, ад караля і запячатуйце каралеўскаю жуковінаю; бо ліст напісаны ад караля й запячатаваны жуковінаю каралеўскаю, ня можна зьмяніць». І пагуканы былі тады пісары каралеўскія трэйцяга месяца, значыцца месяца Сывана, дваццаць трэйцяга дня, і напісалі ўсе так, як расказаў Мордэхай, да Юдэяў а да намесьнікаў а да вайводаў а да князёў краёў, што ад Інды аж да Ефіопы, да сто дваццаць сямёх краёў, да кажнага краю пісьмом яго й да кажнага народу моваю ягонаю, і да Юдэяў пісьмом іхным і моваю іхнаю. І напісаў ён ад караля Агасвера, і запячатаваў жуковінаю каралеўскаю, і паслаў лісты ганцамі конна на конях, на вярблюдох, мулах а на жаробках-вярблюдзіцах, — Праз тое, што кароль дазваляе Юдэям, каторыя ў якім-колечы месьце, зьберціся й стаць на абарону жыцьця свайго, зьнішчыць, забіць а загубіць усіх дужых у людзе і ў краіне, уцісканьнікаў іх, дзецяняты а жонкі, і маемасьць іхную разглабаць, За адзін дзень па ўсіх краінах караля Агасвера, трынанцатага дня двананцатага месяца, значыцца месяца Адара. Адпіс рукапісу даецца, як расказаньне кажнай краіне, на агалашэньне ўсім людам, і каб Юдэі гатовыя былі да тога дня імсьціцца варагом сваім. Ганцы, што ехалі на вярблюдох, мулах, выехалі падганяныя а націсканыя словам каралеўскім. І расказаньне было дана ў Сусе, сталічным месьце.

І Мордэхай вышаў ад караля ў вадзецьцю каралеўскім, сінім і белым, і ў вялікай залатой кароне, і ахіліме цянюсенькага палата а пурпуры. І места Суса весялілася а цешылася. У Юдэяў была сьвятліня а радасьць а весялосьць а чэсьць. І ў кажнай краіне, і ў кажным месьце, на ўсялякім месцу, куды прышло слова каралеўскае а расказаньне ягонае, у Юдэяў была весялосьць, а радасьць а чэсьць а сьвята. І шмат хто зь людаў зямлі сталі Юдэямі, бо страх Юдэяў паў на іх.

І двананцатага месяца, значыцца месяца Адара, трынанцатага дня яго, каторага прышоў час споўніцца слову каралеўскаму а расказаньню ягонаму, таго дня, калі непрыяцелі Юдэяў спадзяваліся ўзяць уладу над імі, а вышла наадварот, што самы Юдэі ўзялі ўладу над варагамі сваімі, — Зьберліся Юдэі ў местах сваіх, па ўсіх краёх караля Агасвера, каб налажыць руку на шукаючых ліха ім; і ніхто ня мог вытрываць перад відам іхным, бо страх іх напаў на ўсі люды. І ўсі князі краінаў а намесьнікі а вайводы а ўраднікі каралеўскія падзьдзержавалі Юдэяў, бо на іх напаў страх Мордэхая; Бо вялікі быў Мордэхай у доме ў караля, і слава празь яго разыходзілася па ўсіх краінах, бо гэты чалавек, Мордэхай, падыймаўся вышэй а вышэй. Дык Юдэі білі ўсіх непрыяцеляў сваіх вытням мяча, забіваючы й глабаючы, і рабілі подле свае волі тым, што іх ненавідзілі. У Сусе, сталіцы, забілі Юдэі й выгубілі пяцьсот чалавекаў; І Паршандафу, і Далфона, і Асфафу, І Парафу, і Адалю, і Арыдафу, І Пармашфу, і Арысая, і Арыдая, і Ваізафу, — Дзесяцёх сыноў Гамана Гамедафенка, уцісканьніка Юдэяў, забілі яны, а на глабаньне ня выцягнулі рукі свае. Таго дня наказалі каралю празь лік забітых у Сусе, сталіцы; І сказаў кароль караліцы Естэры: «У Сусе, сталіцы, забілі Юдэі й выгубілі пяцьсот чалавекаў і дзесяцёх сыноў Гамановых; а ў засталых краінах каралеўскіх што яны зрабілі? Што за зычаньне твае? і яно дасца; і яшчэ што за просьба твая? яна будзе споўнена». І сказала Естэр: «Калі зьлюб каралю, то хай бы таксама дазволена было Юдэям, што ў Сусе, і заўтра рабіць тое ж, што сядні, з расказаньня, і дзесяцёх сыноў Гамановых хай бы павесілі на шыбеніцы». І казаў кароль зрабіць гэтак, і расказаньне было дана ў Сусе, і дзесяцёх сыноў Гамановых павесілі. І зьберліся Юдэі, каторыя ў Сусе, таксама й чатырнанцатага дня месяца Адара, і забілі ў Сусе трыста чалавекаў, а на глабаньне ня выцягнулі рукі свае. І засталыя Юдэі, што ў каралеўскіх краінах, зьберліся й сталі на абарону жыцьця свайго, і супакоіліся ад непрыяцеляў сваіх, і забілі з варагоў сваіх семдзясят пяць тысячаў, а на глабаньне ня выцягнулі рукі свае, Трынанцатага дня месяца Адара; а чатырнанцатага дня гэтага ж месяца яны супакоіліся й зрабілі яго днём частаваньня а весялосьці. Юдэі ж, што ў Сусе, зьберліся трынанцатага дня яго і чатырнанцатага дня яго; а пятнанцатага дня яго супакоіліся, і зрабілі яго днём частаваньня а весялосьці. Затым Юдэі селавыя і што жывуць у местах адкрытых, праводзяць чатырнанцаты дзень месяца Адара ў весялосьці а чэсьцях, пасылаючы адны адным часьці.

І апісаў Мордэхай гэтыя здарэньні, і паслаў лісты да ўсіх Юдэяў, каторыя ў краю караля Агасвера, да блізкіх і да далёкіх, Каб яны прынялі на сябе абавязак сьвяткаваць сьвята чатырнанцатага дня месяца Адара і пятнанцатага дня яго, год у год, Як дні, у каторыя Юдэі сталі супакойныя ад непрыяцеляў сваіх, і такога месяца, у каторым абярнуўся ім смутак у радасьць, і жалоба — у сьвята, — каб яны рабілі іх днямі чэсьці а весялосьці, пасылаючы адны адным часьці і падаркі бедным. І прынялі Юдэі тое, што ўжо самы пачалі рабіць, і праз што Мордэхай напісаў ім, Як Гаман Гамедафенак, Аґаґянін, уцісканьнік усіх Юдэяў, думаў загубіць Юдэяў і кідаў на пур, значыцца на жэрабя, каб зьмяжджуліць а загубіць іх, І як яна, Естэр, прышла да караля, і як ён расказаў лістам, каб нягодны замер, каторы ён, Гаман выдумаў супроці Юдэяў, абярнуўся на собскую галаву ягоную, і павесілі яго а сыноў ягоных на шыбеніцы. Затым і назвалі гэтыя дні Пурам, ад слова «пур». Дык, подле ўсіх словаў гэтага лісту і таго, што самы бачылі гэта і што прыгадзілася ім, Пастанавілі Юдэі й прынялі на сябе а на насеньне свае а на ўсіх, хто прылучаецца да іх, непарушна сьвяткаваць гэтыя два дні, подле апісаньня іх і подле часу іх, кажны год; І каб дні гэтыя былі помныя й сьвяткаваліся ў кажным родзе, кажнай радзіме, у кажным краю а ў кажным месьце; і каб дзён гэтых Пурым ня ўзрушалі сярод Юдэяў, ані памятка празь іх ня шчэзла ў насеньню іхным.

Напісала таксама караліца Естэр Абігаілішка а Мордэхай Юдэй із усёю станаўкосьцю, каб паўнілі гэты другі ліст праз Пурым. І паслалі лісты да ўсіх Юдэяў, да сто дваццаць сямёх краёў каралеўства Агасверавага, із словамі супакою а праўды, Устанавіць гэтыя дні Пурыму ў пару, якую ўстанавіў ім Мордэхай Юдэй а караліца Естэр, і як яны самы ўстанавілі сабе а насеньню свайму на памятку посту а галашэньняў сваіх. І слова Естэрына зацьвердзіла гэтыя загады праз Пурым, і ўпісаны ў кнігу.

Потым налажыў кароль Агасвер падачак на зямлю а на абтокі морскія. І ўсі падзеі магутнасьці а сілы ягонае, і зьясьненьне вялічча Мордэхая, каторым кароль узьвялічыў яго, ці яны не запісаны ў кнігу летапісу каралёў Мідзкіх а Пэрскіх? Бо Мордэхай Юдэй наступны па каралю Агасверу, і вялікі ў Юдэяў, і падабала яго множасьць братоў ягоных, рупатлівы праз дабро люду свайго, гукаючы супакой усяму насеньню свайму.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.