Библия › Станкевіча › Нэгэміна

Нэгэміна

Словы Негэмы Гахалёнка. І сталася месяца Кісьлева, дваццатага году, і быў я ў Сусе, у сталічным месьце. І прышоў Ганані, адзін із братоў маіх, ён і колькі чалавекаў зь Юдэі. І папытаўся я ў іх празь Юдэяў, што ўцяклі, каторыя былі застаўшыся ад палону, і празь Ерузалім. І яны сказалі імне: «Засталыя, што засталіся ад палону там у краю, у вялікім ліху а паганьбеньню; сьцяна Ерузалімская разбурана, і брамы яго спалены цяплом». І сталася, як я пачуў гэтыя словы, што я сеў, і плакаў, і быў у жалобе дні, і поставаў, і маліўся да Бога нябёснага, І казаў: «Я малю Цябе, СПАДАРУ, Божа нябёсны, вялікі а страшны Бог, што заховуе змову а міласэрдзе да тых, што любяць Яго й дзяржаць расказаньні Ягоныя! Хай вушы Твае будуць уважлівыя, і вочы Твае адчыненыя, каб Ты мог чуць малітву слугі Свайго, каторай я малюся перад Табою цяпер дзень і ноч за сыноў Ізраелявых, слугаў Тваіх, і спавядаюся з грахоў сыноў Ізраелявых, каторымі мы грашылі супроці Цябе, і я, і дом айца майго грашылі. Мы вельма спракудзіліся ў Цябе й не дзяржалі расказаньняў ані ўставаў, ані судоў, каторыя Ты расказаў слузе Свайму Масею. Успомні ж слова, каторае Ты казаў слузе Свайму Масею, кажучы: "Калі вы Ізгрэшыце, Я расьцярушу вас памеж народаў; Калі ж навернецеся да Мяне і будзеце дзяржаць расказаньні Мае й паўніць іх, то хоць бы вы выгнаны былі на край неба, і стуль зьбяру вас, і прывяду вас на месца, каторае Я абраў, каб вітала там імя Мае!" Яны ж слугі Твае а люд Твой, каторы Ты выкупіў сілаю Сваёю вялікаю і рукою Сваёю магутнаю. О, Спадару! я малю Цябе, хай будзе вуха Твае ўважлівае да малітвы слугі Твайго і да малітваў слугаў Тваіх, каторыя зычаць баяцца імені Твайго. І дай дасьпех, я малю Цябе, слузе Свайму цяпер, і даруй яго ласкаю ў ваччу гэтага чалавека». Я ж быў чашнікам каралеўскім.

І сталася ў месяцу Нісане, дваццатага году Артаксэркса караля, што віно было перад ім. І я падняў віно, і падаў каралю; і ня бываў смутны перад ім. І сказаў імне кароль: «Чаму відзеньне ў цябе смутнае, а ты ня хворы? Гэта нічога іншага, як смутак на сэрцу». Я надта спалохаўся. І сказаў каралю: «Хай жывець кароль на векі! Як ня быць смутным відзеньню майму, калі места, дом грабоў бацькоў маіх, спустошана, і брамы яго спалены цяплом!»

І сказаў імне кароль: «Чаго ж ты хочаш?» Я памаліўся Богу нябёснаму, і сказаў каралю: «Калі здаецца добрым каралю, і калі слуга твой знайшоў ласку ў ваччу тваім, то пашлі мяне да Юдэі да места грабоў бацькоў маіх, і я адбудую яго». І сказаў імне кароль, — караліца таксама сядзела ля яго: «Як доўга ты будзеш у дарозе, і калі зьвернешся?» І люба гэта было перад відзеньням караля, і паслаў мяне, і я прызначыў яму час. Адлі я сказаў каралю: «Калі ласка каралёва, хай дадуць імне лісты да вайводаў за Ракою, каб мяне прапусьцілі, пакуль я дайду да Юдэі, І ліст да Асафа, загадніка лясамі, каб ён даў імне дзерва зрабіць балькі да брамаў гораду каторы ля дому, і на сьцяну места, і на дом, у каторы я ўвыйду». І даў імне кароль, подле добрае рукі Бога майго да мяне. І прышоў я да зарэчных вайводаў, і даў ім лісты каралеўскія. Кароль жа паслаў з імною вайводцаў а коньнікаў.

І пачуў Санвалат, Гороніт а Това, слуга Амонскі, і ім было вельмі прыкра, што прышоў чалавек глядзець дабра сыном Ізраелявым. І прышоў я да Ерузаліму. І, прабыўшы там тры дні, Устаў я ночы з крыхою людзёў з імною і нікому не сказаў, што Бог мой палажыў імне на сэрца зрабіць Ерузаліму; жывёлы ж ня было з імною ніякае, апрача тае, на каторай я ехаў. І праехаў я ночы пераз браму Даліны перад жаралом Драконавым да брамы Гнаявое; і агледзеў я разбураныя сьцены Ерузаліму і яго брамы, спаленыя цяплом. І пад’ехаў я да брамы Жарала і да каралеўскае копані; але ня было месца прайсьці жывёле, каторая была пад імною; І я падняўся ночы ля цур’я, і агледзеў сьцяну, і зьвярнуўся, і праехаў брамаю Даліны, і зьвярнуўся. І дзяржаўцы ня ведалі, куды я хадзіў і што я рабіў: я дагэнуль не азнайміў ані Юдэям, ані сьвятаром, ані паном, ані дзяржаўцам, ані іншым, што рабілі работу. Тады сказаў я ім: «Вы бачыце гароту, у якой мы, што Ерузалім спустошаны і брамы яго спаленыя цяплом; пайдзіце, і збудуйма сьцяну Ерузаліму, і ня будзе балей у паніжэньню». Тады я азнайміў ім праз руку Бога майго, што была добрай да мяне, а таксама словы каралеўскія, што ён казаў імне. І яны сказалі: «Станьма й будуйма». І пасілілі рукі свае на дабро.

І пачуў Санвалат, Гороніт а Това, слуга Амонскі, і Ґешэм Арабін, і насьміхаліся з нас, і грэбавалі намі, і гукалі: «Што гэта за дзела, каторае вы робіце? Ці ня бунтуецеся супроці караля?» Я даў ім адказ і сказаў ім: «Бог нябёсны, Ён дасьць нам дасьпех, і мы, слугі Ягоныя, станем і будзем будаваць; а вам нямаш дзелі ані права, ані памяткі ў Ерузаліме».

Тады ўстаў Еляшыў, вялікі сьвятар, і браты ягоныя, сьвятарове, і збудавалі Авячую браму. Яны пасьвяцілі яе і ўстанавілі вароты ў яе; аж да вежы Меа пасьвяцілі яе, аж да вежы Гананэля.

І ля яго будавалі Ерыхонцы, а ля іх будаваў Заккур Імранок.

Браму Рыбную будавалі сынове Гасэніны, каторыя палажылі балькі ў яе і ўстанавілі ў яе вароты, замкі а завалы яе.

І ля іх правіў Мерэмоф, сын Уры Гаккоцонка; ля іх правіў Мешулам, сын Берэхі Мешызабэленка; ля іх правіў Садок Баанёнак;

І ля іх правілі Фекойцы; але панове зь іх не нахінулі шыі свае да працы СПАДАРА свайго.

А Старую браму правілі Ёяда Пасэажонак а Мешулам Бесодэёнак: яны палажылі балькі ў яе, устанавілі ў яе вароты а замкі яе а завалы. А ля іх правілі Мелата Ґівеонянін а Ядон Меронянін, Ґівеоняне а Міцпяне, падуладныя зарэчнаму вайводзе.

Ля яго правіў Узель Гаргаёнак, залатар; а ля яго таксама правіў Гананя, сын аднаго з аптакароў. Яны аднавілі часьць Ерузаліму аж да шырокае сьцяны. Ля іх правіў Рэфая Гуранок, вайвода паў акругі Ерузалімскае. Ля іх, — і супроці дому свайго, — правіў Едая Гарумафёнак; а ля яго правіў Гаттуш Гашаўнеёнак.

На іншай дзялёнцы правілі Малхія Гарымёнак а Гашуў Пагаф-Моавёнак; і вежу Печную. Ля іх правіў Шалум Галогешонак, вайвода паў акругі Ерузалімскае, ён а дачкі ягоныя.

Браму Даліны правіў Ганун а жыхары Заноага: яны збудавалі яе, і ўстанавілі ў яе вароты, замкі а завалы; і паправілі яны тысяча локцяў сьцяны аж да брамы Гнаявое.

А браму Гнаявую правіў Малхія Рэхавёнак, князь акругі Бефгакерэмскае: ён збудаваў яе, і ўстанавіў у яе вароты, замкі а завалы.

Браму Жарала правіў Шалум Колгозёнак, князь акругі Міцпы: ён збудаваў яе, і накрыў яе, і ўстанавіў у яе вароты, замкі а завалы; і сьцяну копані Шэлаг ля саду каралеўскага і аж да ўступцоў, што спушчаюцца зь места Давідавага.

За ім правіў Негэма Азбучонак, князь паў акругі Бефцурскае, аж да грабоў Давідавых, і аж да выкапанае копані, і аж да дому дужасілаў.

За ім правілі Левітаве: Рэгум Ванянок; ля яго правіў Гашава, князь паў акругі Кеільскае, за сваю акругу. За ім правілі браты іхныя: Баўвай Гэнададзенак, князь паў акругі Кеільскае.

А ля яго правіў Езэр Ешуаёнак, князь Міцпы, на іншай дзялёнцы, насупроці выхаду да збройні на рагу.

За ім рупатліва правіў Борух Забваёнак, на другой дзялёнцы, ад рогу аж да дзьвярэй дому Еляшыва, вялікага сьвятара. За ім правіў Мерэмоф, сын Ура Гаккацонка, на іншай дзялёнцы, ад дзьвярэй дому Еляшывавага аж да канца дому Еляшывавага.

За ім правілі сьвятарове з аколіцы. За імі правіў Венямін а Гашуў супроці дамоў сваіх; за імі правіў Азара, сын Маасэі Ананёнка, ля дому свайго. За ім правіў Біннуй Гэнададзенак, на іншай дзялёнцы ад дому Азарынага аж да кута а рогу.

Палал Узаёнак насупроці кута а вежы, што высуваецца ад вышняга дому каралеўскага, каторая ля вязьнічнага панадворку. За ім Педая Парашонак. Нефінеі ж, каторыя жылі ўв Офеле, — насупроці Вадзяное брамы на ўсход і аж да высуненае вежы.

За імі правілі Фекойцы, на іншай дзялёнцы, ад месца насупроці вялікае высуненае вежы аж да сьцяны Офела. Ля брамы Конскае правілі сьвятарове, кажны супроці дому свайго. За імі правіў Садок Імеронак, супроці дому свайго; а за ім правіў Шэмая Шэханёнак, вартаўнік усходняе брамы.

За ім правіў Гананя Шэлемёнак а Ганун, шосты сын Цалафоў, на іншай дзялёнцы. За ім правіў Шэшулам Берэшонак, супроці пакою сваёго. За ім правіў Малхія залатаронак аж да месца нефінеяў а купцоў, супроці брамы нефінеяў а купцоў, супроці брамы Міфкад і аж да верхняга пакою на рагу. А памеж ходу да рогу і Авячай брамы правілі залатарове а купцы.

Але сталася, што як пачуў Санвалат, што мы станавілі сьцяну, ён узгарэўся, і вельма загневаўся, і насьміхаўся зь Юдэяў; І гукаў пры братох сваіх а пры Самарскіх ваенных людзёх, і сказаў: «Што робяць гэныя небаракі Юдэі? няго ж ім гэта дазволяць? няго ж будуць яны абракаць аброкі? няго ж яны калі-колечы скончаць? няго ж яны ўскрэсяць камяні з кучаў шумецьця, ды яны ж спалены?» А Това Амонянін быў ля яго і сказаў: «Няхай яны становяць, як узыйдзе ліс, разбура іх каменную сьцяну».

Пачуй, Божа наш, бо мы пагрэбаваны, і абярні паганьбеньне іхнае на іх собскую галаву, і аддай іх на грэбаваньне ў зямлі паланеньня; І ня крый бяспраўяў іхных, і грэх іхны хай ня будзе выцерты перад Табою, бо яны зьнемарасьцілі будуючых! І станавілі мы сьцяну, і была сьцяна ўся злучана да палавіцы яе, бо люд быў шчыры да работы.

Але сталася: як пачуў Санвалат а Това а Арабаве а Амоняне а Ашдодзяне, што ўдалася паправа сьценаў Ерузаліму, што праломы пачалі зарабляць, дык яны ўзгарэліся вельмі. І змовіліся ўсі разам пайсьці вайною на Ерузалім і зрабіць нам замятню. Мы ж маліліся Богу свайму і станавілі ад іх старожу ўдзень і ночы, дзеля іх. Але Юдэі сказалі: «Скволела сіла ў нашэньнікаў, а шумецьця шмат; няма ў нас змогі станавіць сьцяну». І казалі ґвалтоўнікі нашы: «Не даведаюцца й не абачаць, як мы ўвыйдзем у сярэдзіну іх, і пераб’ем іх, і запынім работу». І было як прышлі Юдэі, што жылі ля іх, і казалі нам разоў дзесяць зусюль: «Яны прыдуць на нас». І ў нізінных месцах ля места, за сьцяною, на месцах сухіх пастанавіў я люд па радзімах іхных зь мячамі іхнымі, зь дзідамі іхнымі а з лукамі іхнымі. І агледзеў я, і стаў, і сказаў паном а дзяржаўцам а засталаму люду: «Ня бойцеся іх; помніце СПАДАРА вялікага а страшнага, і біцеся за братоў сваіх, за сыноў сваіх а за дачкі свае, за жонкі свае а за дамы свае».

І сталася, як пачулі непрыяцелі нашы, што гэта нам ведама, то Бог зьнішчыў ізраду іхную, і мы зьвярнуліся ўсі да сьцяны, кажны да работы свае. І было адгэнуль: палавіца маіх дзяцюкоў рабіла, а другая палавіца іх дзяржала дзіды, шчыты а лукі а панцыры; а князі за ўсім домам Юдзіным. Тыя, што будавалі на сьцяне, і тыя, што насілі цяжары, і што накладалі, кажны аднэю рукою рабіў, а ў другой руццэ дзяржаў зброю. І кажны будаўнік быў паперазаўшыся мячом па сьцёгнах сваіх, і будаваў. А трубель быў пры імне. І я сказаў вольнікам а дзяржаўцам а засталаму люду: «Работа вялікая а шырокая, і мы аддзяліліся на сьцяне адзін ад аднаго; У якім месцу вы пачуеце гук трубы, туды зьбірайцеся да нас, Бог наш будзе ваяваць за нас». Гэтак мы рабілі работу; і палавіца зь іх дзяржала дзіды ад сьвітаньня аж да паказаньня зораў. Таксама ў тым часе сказаў я люду, каб кажны зь дзяцюком сваім начавалі ў Ерузаліме, — і былі яны ў нас ночы вартаю, а ўдзень на рабоце. Дык ані я, ані браты мае, ані слугі мае, ані людзі варты, што прапушчалі мяне, ніхто з нас ня ськідаў адзецьцяў сваіх. Ніхто яго ня ськіне, адно ля вады.

І быў вялікі крык люду а жанок ягоных на братоў сваіх Юдэяў. І ё, што кажуць: «Нас, сыноў нашых а дачок нашых шмат; затым мы бярэм збожжа, каб мы маглі есьці й жыць». Ё й такія, што кажуць: «Полі свае, вінішчы свае а дамы свае мы застаўляем, каб купіць збожжа, бо голад». Ё, што кажуць: «Мы пазычаем срэбра на падачкі каралю на свае полі а вінішчы; Ціж у нас не такія целы, якія ў братоў нашых? і сынове нашыя такія ж, як сынове іхныя; і вось, мы мусім аддаваць у няволю за слугаў сыноў сваіх а дачкі свае, а некатрыя з дачок нашых адданы ў няволю; і ня маем змогі выкупіць іх, бо ў іншых людзёў нашы полі а вінішчы». І я вельма засердаваў, як пачуў іхны крык а гэтыя словы. І ўзрушыла мяне сэрца мае, і сьперачаўся з панамі а дзяржаўцамі, і сказаў ім: «Вы вымагаеце надзвычайных працэнтаў кажны з брата свайго». І я зьбер вялікую грамаду супроці іх, І сказаў ім: «Мы подле свае магчымасьці выкупілі братоў сваіх, Юдэяў, каторыя былі праданы паганам, а вы навет будзеце прадаваць братоў сваіх, альбо будзеце прадаваць іх нам?» Яны маўчэлі й нічагусенькі не знаходзілі адказаць. І я сказаў: «Ня добра тое, што вы робіце. Ці не валей маеце хадзіць у боязьні Бога вашага, каб усьцерагчыся паганбеньня ад паган, непрыяцеляў нашых? І таксама я, браты мае а дзяцюкі мае прызначылі ім срэбра а збожжа. Калі ласка, даруйма працэнты гэтыя! Зьвярніце ж ім ад сядні полі іхныя, вінішчы іхныя, аліўнікі іхныя а дамы іхныя, таксама працэнты за срэбра а збожжа, новае віно а аліву, каторых вымагаеце ад іх». І яны сказалі: «Зьвернем і ня будзем ад іх вымагаць; зробім так, як ты кажаш». І пагукаў я сьвятароў, і расказаў ім даць прысягу, што яны так зробяць. Таксама заўлоньне свае вытрусіў і сказаў: «Гэтак вытрусе Бог кажнага чалавека, каторы не дастое пры слове гэтым, з дому ягонага а гарапашнасьці ягонае, і гэтак хай будзе ў яго вытрушана й пуста!» І сказала ўся грамада: «Амін!» і ўславілі Бога. І зрабіў люд подле слова гэтага.

Таксама адгэнуль, як я быў прызнаны за вайводу іхнага ў зямлі Юдэйскай, ад дваццатага году да трыццаць другога году караля Артаксэркса, двананцадь год, я а браты мае ня елі хлеба вайводзкага. А першыя вайводы, каторыя былі да мяне, цяжарылі люд і бралі зь яго хлеб а віно, апрача сараку сыкляў срэбра; нават і дзяцюкі іхныя панавалі над людам. Я ж так не рабіў, з боязьні Божае. І таксама работу на гэнай сьцяне я праводзіў далей; і палёў мы ня куплялі; і ўсі дзяцюкі мае зьбіраліся туды на работу. Юдэяў а дзяржаўцаў па сто пяцьдзясят чалавекаў апрача прыходзячых да нас із акалічных паган, бывала за сталом у мяне. І во што было гатавана на адзін дзень: адзін вол, шэсьць выборных авец і птушкі гатавалі ў мяне; і за дзесяць дзён шмат выходзіла ўсялякага віна. І пры гэтым хлеба вайводзкага я не вымагаў, бо цяжкая служба на люду гэтым. Успомні, Божа мой, на дабро імне ўсе, што я зрабіў люду гэтаму!

І сталася, як пачуў Санвалат а Това а Ґешэм Арабін і іншыя непрыяцелі нашы, што я адбудаваў сьцяну, і што не засталося праломаў у ёй, дарма што ў гэным часе я ня быў устанавіўшы вароты ў брамы, — Дык паслаў Санвалат а Ґешэм да мяне, кажучы: «Прыходзь, зыйдземся ў сёлах на раўніне Оно». Але яны задумалі зрабіць імне ліха. Дык я паслаў да іх пасланцоў, кажучы: «Я раблю вялікую работу, не магу зысьці. Чаму мела б прыпыніцца работа, калі б я пакінуў яе й зышоў да вас?» І прысылалі да мяне гэткім парадкам чатыры разы, і я адказаў ім такім самым парадкам. І паслаў да мяне Санвалат такім жа парадкам пяты раз дзяцюка свайго ізь лістам адкрытым у руццэ ягонай, У каторым пісана: «Дзейкаюць памеж народаў, і Ґешэм кажа, што ты а Юдэі думаюць збунтавацца; дзеля таго ты будуеш сьцяну, каб стаць іхным каралём, подле тых словаў; І ты прызначыў прарокаў агалашаць празь сябе ў Ерузаліме, кажучы: "Кароль Юдэі"; дык пачуе кароль словы гэтыя. А цяпер прыйдзі, і парадзімся разам».

Тады я паслаў да яго, кажучы: «Нічагусенькі такога ня было, як ты кажаш, але ты выдумаў гэта ў сваім собскім сэрцу». Бо ўсі яны страшылі нас, кажучы: «Скволеюць рукі іхныя ад работы, і яна ня скончыцца». Але Ты, о Божа, пасілі рукі мае! Прышоў я да дому Шэмаі, сына Дэлаі Мегэтавеленка, а ён заперся й сказаў: «Зьбярэмся ў доме Божым, унутры сьвятыні, і запрэм дзьверы сьвятыні, бо прыйдуць забіць цябе, дыкжэ ночы прыйдуць забіць цябе». І я сказаў: «Ці такі чалавек, як я, можа ўцякаць? І хто, падобны да мяне, можа ўвыйсьці ў сьвятыню, каб застацца жывым? Не пайду». І я пазнаў, вось, ня Бог паслаў яго, дарма што ён папрароцку гукаў імне, але што Това а Санвалат нанялі яго. На тое ён быў наняты, каб я спалохаўся, і зрабіў так, і ізграшыў, і яны маглі мець благую ведамку, каб сароміць мяне.

Успомні, Божа мой, Тову а Санвалата подле гэтых справаў іхных, а таксама прароку Ноаду а іншых прарокаў, каторыя хацелі напалохаць мяне! Сьцяна была скончана дваццаць пятага дня месяца Елула, за пяцьдзясят два дні.

І сталася, як пачулі ўсі непрыяцелі нашы, і абачылі ўсі народы, каторыя навокал нас, то яны былі паніжаны ў сваім собскім аччу і пазналі, што ад Бога была зроблена гэта работа. Таксама тых дзён мнажылі паны Юдэйскія лісты свае, якія пасылалі Тову, і Товіны прыходзілі ім; Бо шмат хто ў Юдэі прысягнуў яму, бо ён зяць Шэхані Аражонка, а сын ягоны Ёгоганан узяў дачку Мешулама Верэшонка. Таксама праз добрыя ўчынкі ягоныя, бывала, дзейкалі перад імною і словы мае перадавалі яму. Това пасылаў лісты, каб напалохаць мяне.

І было, як сьцяна была збудавана, і я ўстанавіў вароты, і прызначаны былі брамнікі а пяюны а Левітаве, Што я паручыў брату свайму Гананяму, а Ганані начэльніку гораду апеку над Ерузалімам, бо ён быў верны чалавек і багабойліўшы за шмат каго, І я сказаў ім: «Няхай не адчыняюць брамаў Ерузалімскіх, пакуль ня ўгрэе сонца, і пакуль яны стаяць, няхай зачыняюць вароты і завалююць. І прызначыць варты із жаўнераў Ерузаліму, кажнага на варту ягоную і кажнага супроці дому ягонага». Але места займала вялікі прасьцяг, а люду мала ў сярэдзіне яго, і дамы ня былі збудаваны. І палажыў імне Бог на сэрца зьберці паноў а дзяржаўцаў а люд, каб зрабіць сьпісаньне подле радаводу. І знайшоў я радаводную кнігу тых, што ўзышлі спачатку, і знайшоў напісана ў ёй:

«Гэта сынове краю, каторыя ўзышлі з узятых у палон, з тых, што былі пераселены Невухаднецарам, каралём Бабілёнскім, і зьвярнуліся да Ерузаліму а Юдэі, кажны да свайго места, — Тыя, што пашлі із Зэрувавэлям, Ешуам, Негэмаю, Азараю, Раамаю, Нагманём, Мардэхаём, Білшаном, Місперэфам, Біґваём, Негумом, Ваанаю. Лік мужчын люду Ізраельскага: Сыноў Парошавых дзьве тысячы сто семдзясят двух; Сыноў Шэваціных трыста семдзясят двух; Сыноў Араговых шасьцьсот пяцьдзясят двух; Сыноў Пагаф-Моавовых, із сыноў Ешуі а Ёава, дзьве тысячы асьмісот асьмінанцацёх; Сыноў Еламовых тысяча дзьвесьце пяцьдзясят чатырох; Сыноў Зафуевых асьмісот сорак пяцёх; Сыноў Закаевых сямсот шасьцьдзясят; Сыноў Біннуевых шасьцьсот сорак асьмёх; Сыноў Бебаёвых шасьцьсот дваццаць асьмёх; Сыноў Азґадзіных дзьве тысячы трыста дваццаць двух; Сыноў Адонікамовых шасьцьсот шасьцьдзясят сямёх; Сыноў Біґваёвых дзьве тысячы шасьцьсот сямёх; Сыноў Адыновых шасьцьсот пяцьдзясят пяцёх; Сыноў Атэравых із Гэзэкі дзевяцьдзясят асьмёх; Сыноў Гашумовых трыста дваццаць асьмёх; Сыноў Бецаёвых трыста дваццаць чатырох; Сыноў Гарыфовых сто двананцацёх; Сыноў Ґівеону дзевяцьдзясят пяцёх;

Людзёў Бэтлеему а Нетофы сто асьмідзясят асьмёх; Людзёў Анафофу сто дваццаць асьмёх, Людзёў Беф-Азмавефу сорак двух; Людзёў Кіраф-Еарыму, Кефіры а Беерофу сямсот сорак трох; Людзёў Рамы а Ґевы шасьцьсот дваццаць адзін; Людзёў Міхмаса сто дваццаць двух; Людзёў Бэт-Элю а Аю сто дваццаць трох; Людзёў Нева другога пяцьдзясят двух;

Сыноў Елама другога тысяча дзьвесьце пяцьдзясят чатырох; Сыноў Гарыму трыста дваццацёх; Сыноў Ерыхону трыста сорак пяцёх; Сыноў Лоду, Гадыду а Она сямсот дваццаць адзін; Сыноў Сэнаі тры тысячы дзевяцьсот трыццацёх;

Сьвятароў: сыноў Едаіных, з дому Ешуінага, дзевяцьсот семдзясят трох; Сыноў Імеравых тысяча пяцьдзясят двух; Сыноў Пашгуровых тысяча дзьвесьце сорак сямёх; Сыноў Гарымовых тысяча семнанцацёх;

Левітаў: сыноў Ешуіных, Кадмелявых, сыноў Годэніных семдзясят чатырох;

Пяюноў: сыноў Асафовых сто сорак асьмёх;

Брамнікі: сынове Шалумовы, сынове Атэравы, сынове Талмановы, сынове Аккувовы, сынове Гатыціны, сынове Шоваёвы — сто трыццаць асьмёх;

Нефінеі: сынове Цэжыны, сынове Гасуфовы, сынове Табаофавы, Сынове Кіросавы, сынове Сыіны, сынове Падонавы, Сынове Левановы, сынове Гаґавовы, сынове Шалмаёвы, Сынове Ганановы, сынове Ґіддэлявы, сынове Ґагаровы, Сынове Рэаіны, сынове Рэцынавы, сынове Некодзіны, Сынове Ґазамовы, сынове Узіны, сынове Пасэаговы, Сынове Бесаёвы, сынове Меунімовы, сынове Нефушэсымовы, Сынове Вакбуковы, сынове Гакуфовы, сынове Гаргуровы, Сынове Бацліфовы, сынове Мегідзіны, сынове Гаршыны, Сынове Баркосавы, сынове Сысэрыны, сынове Фемагавы, Сынове Нецагавы, сынове Гатыфіны.

Сынове слугаў Салямонавых: сынове Сотаёвы, сынове Соферэфавы, сынове Перыдзіны, Сынове Яаліны, сынове Дарконавы, сынове Ґіддэлявы, Сынове Шэфаціны, сынове Гатылавы, сынове Похерэф-Гацэбаімавы, сынове Амонавы. Усіх нефінеяў а сыноў слугаў Салямонавых трыста дзевяцьдзясят двух».

І гэтыя, што ўзышлі з Тэлмелагу, Тэлгаршы, Херуб-Адону а Імеру, але яны не маглі паказаць дому айцоў сваіх ані насеньня свайго, ці яны з Ізраелю: Сынове Дэлаіны, сынове Товіны, сынове Некодзіны — шасьцьсот сорак двух.

Ізь сьвятароў: сынове Гобаіны, сынове Гаккоцавы, сынове Варзыляявы, каторы ўзяў жонку з дачок Варзыляя Ґілеадзяніна і пачаў звацца імям іхным. Яны шукалі сваіх запісаў радаводных, і не знайшліся яны; затым і да сьвятарства сталі нячыстыя, І Тыршафа сказаў ім, каб яны ня елі найсьвятшых рэчаў, пакуль ня стане сьвятар із урымам а туммімам. Уся грамада разам сорак дзьве тысячы трыста шасьцьдзясят, Апрача слугаў іхных а служэбак іхных, — гэтых было сем тысячаў трыста трыцць сем; і яны мелі дзьвесьце сорак пяць пяюноў а пяюльляў. Коні іхных сямсот трыццаць шэсьць, мулаў іхных дзьвесьце сорак пяць, Вярблюдоў чатырыста трыццаць пяць, аслоў шэсьць тысячаў сямсот дваццаць.

І часьць із галоваў айцоў далі на работу. Тыршафа даў да скарбу тысяча драхмаў золата, пяцьдзясят чараў, пяцьсот трыццаць сьвятарскіх адзецьцяў.

Із галоваў айцоў далі да скарбу работы дваццаць тысячаў драхмаў золата й дзьве тысячы дзьвесьце мінаў срэбра.

І засталыя зь люду далі дваццаць тысячаў драхмаў золата, і дзьве тысячы мінаў срэбра, і шасьцьдзясят сем сьвятарскіх адзецьцяў. Дык сьвятарове а Левітаве а брамнікі а пяюны а зь люду а нефінеі а ўвесь Ізраель жылі ў местах сваіх. І як настаў сёмы месяц, дык сынове Ізраелявы былі ў местах сваіх.

І ўвесь люд зьберся, як адзін чалавек, на вуліцы, каторая перад Вадзяною брамаю, і сказалі пісьменьніку Езру, каб прынёс кнігу Закону Масеявага, каторы СПАДАР расказаў Ізраелю. Першага дня сёмага месяца, сьвятар Езра прынёс Закон перад грамаду, што складалася, ад мужчыны аж да жонкі і ўсіх, што маглі цяміць; І чытаў зь яго перад вуліцаю, што перад Вадзяною брамаю, ад сьвету аж да палудня перад мужчынамі а жанкамі а ўсімі, каторыя маглі цяміць; і вушы ўсяго люду былі нахінуўшыся да кнігі Закону. І стаяў пісьменьнік Езра на дзярвяным узвышшу, каторае зрабілі дзеля гэтага; а ля яго, па правай руццэ ягонай, стаялі Матыфа а Шэма а Аная а Ура а Гілка а Маасэя, а па левай руццэ ягонай Педая а Місайла а Малхія а Гашум а Гашбадана, Захара, Мешулам. І адчыніў Езра кнігу на ачох усяго люду, бо ён стаяў вышэй чымся ўвесь люд; і як ён адчыніў яе, увесь люд устаў. І дабраславіў Езра СПАДАРА, Бога вялікага. І ўвесь люд адказаў: «Амін, амін», падыймаючы ўгару рукі свае; і нахінуліся й пакланіліся СПАДАРУ відзеньням да зямлі. Іешуа а Вані а Шэрэва а Ямін, Аккуў, Шаўветай, Года, Маасэя, Келіта, Азара, Ёзавад, Ганан, Пелая а Левіты зьясьнілі люду Закон, а люд стаяў на сваім месцу. І чыталі выразьліва з кнігі Закону Божага, і паказавалі значаньне, і яны цямілі чытанае.

І Негэма, ён жа Тыршафа, і Езра сьвятар, пісьменьнік, і Левітаве, што зьясьнялі люду, сказалі ўсяму люду: «Дзень гэты сьвяты СПАДАРУ, Богу вашаму, ня будзьце ў жалобе і ня плачча»; бо ўвесь люд плакаў, слухаючы словы Закону; І сказаў ім: «Пайдзіце, ежча сытое, і піце салодкае, і пасылайце часьці тым, у каго нічога не прыгатавана; бо дзень гэты сьвяты СПАДАРУ нашаму. І ня смуціцеся, бо радасьць СПАДАРОВА пасіленьне ваша». І Левітаве супакоевалі ўвесь люд, кажучы: «Перастаньце, бо дзень гэты сьвяты, ня смуціцеся». І пайшоў увесь люд есьці а піць а пасылаць часьці а сьвяткаваць ізь вялікай весялосьцяй; бо ўцямілі словы, каторыя сказалі ім. Назаўтрае зьберліся галавы айцоў усяго люду, сьвятарове а Левітаве да пісьменьніка Езры, каб ён зьясьніў ім словы Закону. І знашлі напісанае ў Законе, каторы СПАДАР даў Масеям, каб жылі сынове Ізраелявы ў буданох у сьвята, сёмага месяца. І затым абясьцілі а агаласілі па ўсіх местах і ў Ерузаліме, кажучы: «Пайдзіце на гару і нясіце гальлё аліўнае а гальлё дзікіх аліўкаў а гальлё міртавае а гальлё пальмавае а гальлё дзерваў густых, каб зрабіць буданы подле напісанага». І пайшоў люд, і прынесьлі, і зрабілі сабе буданы, кажны на сваёй страсе, і на панадворках сваіх, і на панадворках дому Божага, і на вуліцы Вадзяное брамы, на вуліцы брамы Яхрэмавае. І зрабіла буданы ўся грамада тых, што зьвярнуліся з палону, і сядзелі ў буданох. Не рабілі так сынове Ізраелявы ад дзён Ігошуі Нунянка аж дагэтуль. І была радасьць вельма вялікая. І чыталі з кнігі Закону Божага дзень у дзень, ад першага дня аж да апошняга дня. І сьвяткавалі сьвята сем дзён, а восьмага дня быў урочысты збор, подле ўставы.

І дваццаць чацьвертага дня гэтага месяца зьберліся сынове Ізраелявы — постуючыя, і ў зрэб’ю і з попелам на сабе. І аддзялілася насеньне Ізраелява ад усіх чужнікоў, і сталі, і спавядаліся з грахоў сваіх і зь бяспраўяў айцоў сваіх. І стаялі на сваім месцу, і чэцьверць дня чыталі з кнігі Закону СПАДАРА, Бога свайго, і чэцьверць спавядаліся а кланяліся СПАДАРУ, Богу свайму.

І сталі на вышках зь Левітаў: Ешуа а Вань, Кадмель, Шэваня, Бунь, Шэрэва, Бань, Хенані, і гукалі вялікім голасам да СПАДАРА, Бога свайго. І сказалі Левітаве — Ешуа а Кадмель, Бань, Гашалнея, Шэрэва, Года, Шэваня, Петага: «Станьце, дабраслаўце СПАДАРА, Бога свайго, ад веку аж навекі. Хай дабраславяць славутае імя Твае, і няхай яно ўзьвялічыцца над усі дабраславенствы а хвалу! Ты ё Тый, СПАДАРУ, што сам учыніў нябёсы, нябёсы нябёс з усім войскам іх, зямлю а ўсе, што на ёй, моры а ўсе, што ў іх; і Ты жывіш усіх; і войска нябёснае Табе кланяецца. Ты ё Тый, СПАДАРУ Божа, што абраў Абрама, і вывеў яго з Ура Хальдэйскага, і даў яму імя Абрагам, І знайшоў сэрца ягонае верным перад Сабою, і ўчыніў зь ім змову, каб даць насеньню ягонаму зямлю Канаанаў, Гэцічаў, Аморэяў а Перэзэаяў а Евусэяў а Ґерґесэў; і Ты споўніў слова Свае, бо Ты справядлівы. Ты абачыў гароту бацькоў нашых у Ягіпце, і галашэньне іхнае пачуў ля Чырвонага мора. І даў знакі а чудосы на фараону, і на ўсіх слугах ягоных і на ўсім людзе зямлі ягонае, бо Ты ведаў, што яны задумлялі ліха на іх, і зрабіў Ты сабе імя дагэтуль. Ты прадзяліў перад імі мора, і яны сярод мора прайшлі па сушы, і тых, што гналіся за імі, ты ўкінуў у глыбіні, як камень у вялікія воды. У стаўпе болачным Ты вёў іх удзень і ў стаўпе агняным — ночы, каб сьвяціць ім дарогу, кудэй ісьці ім. І зышоў Ты на гару Сынай, і гукаў зь імі зь неба, і даў ім справядлівыя суды, праўдзівыя правы, добрыя ўставы а расказаньні; І сьвятую сыботу Сваю азнайміў ім, і расказаў ім расказаньні, уставы а правы рукою Масея, слугі Свайго. І хлеб ізь неба Ты даваў ім у галадоў іхную, і ваду із скалы тачыў ім у смазе іхнай, і сказаў ім прыйсьці адзяржаць на спадак зямлю, праз каторую Ты падняў руку даць ім. Але яны а бацькі нашыя задумлялі ліха, і скалянілі завыйкі свае, і ня слухалі расказаньняў Тваіх; І адмовіліся слухаць, і ня ўспомнелі чудосаў Тваіх, што Ты ўчыніў у іх, і скалянілі шыі свае, і ў сваёй упорлівасьці ўстанавілі правадыра, каб зьвярнуцца да няволі свае. Але Ты Бог дараваньняў, ласкучынюшчы а спагадлівы, памальны да гневу а вельма міласэрны, і не пакінуў іх. Нават, як яны зрабілі сабе выліванае цялё й сказалі: "Гэта бог твой, што вывеў цябе зь Ягіпту", і рабілі вялікія блявузґаньні; Але Ты, зь вялікае бачнасьці Свае не пакінуў іх на пустыні: стоўп болачны не адходзіў ад іх у дзень, каб весьці іх па дарозе, і стоўп агняны — ночы, каб сьвяціць ім па дарозе, кудэй ім ісьці. І Ты даў ім Духа Свайго добрага, каб навучаць іх, і манну Сваю не адыймаў ад вуснаў іхных, і ваду даваў ім прагнаць смагу іхную. І сорак год Ты жывіў іх на пустыні; яны ня мелі нястачы; адзецьці іхныя не старэлі, і ногі ня пухлі. І Ты даў ім гаспадарствы а люды, і надзяліў ім кажны куток, і яны апанавалі зямлю Сыгона, і зямлю караля Гэшбонскага, і зямлю Оґа, караля Вашанскага. І сыноў іхных Ты размножыў, як зоры нябёсныя, і прывёў іх да тае зямлі, праз каторую Ты казаў бацьком іхным, што яны прыйдуць дзяржаць яе. І ўвыйшлі сынове іхныя, і апанавалі зямлю. І Ты ўслышыў перад імі жыхараў зямлі, Канаанаў, і аддаў іх у рукі іхныя, і каралёў іхных, і люды зямлі, каб яны рабілі зь імі подле волі свае. І заваявалі яны ўмацаваныя месты й сытую зямлю, і замелі дамы, поўныя ўсялякага дабра, копані, вінныя а аліўныя сады і множасьць садовых дзерваў. Дык яны елі, і пад’елі, і ўеліся, і раскашаваліся ў Тваёй вялікай дабрыні; Але яны спрацівіліся а збунтаваліся супроці Цябе, і закінулі Права Твае за хрыбет свой, і забівалі прарокаў Тваіх, каторыя сьветчылі супроці іх, каб навярнуць іх да Цябе, і зрабілі вялікія блявузґаньні. І Ты аддаў іх у рукі ўцісканьнікаў іхных, каторыя немарасьцілі іх. І часу бяды свае яны галасілі да Цябе, і Ты зь нябёс выслухаваў і, подле шмат якіх бачнасьцяў Сваіх, Ты даваў ім ратаваньнікаў, каторыя ратавалі іх ад рукі ўцісканьнікаў іхных. Як жа супакоеваліся, то ізноў пачыналі рабіць ліха перад відзеньням Тваім, і Ты пакідаў іх у руках непрыяцеляў іхных, і яны панавалі над імі. Але як яны зьвярнуліся а галасілі да Цябе, Ты выслухаваў іх ізь нябёс і выбаўляў іх шмат разоў, подле бачнасьцяў Сваіх. Ты сьветчыў ім зьвярнуцца да Права Твайго, але яны задумлялі ліха й ня слухалі расказаньняў Тваіх а судоў Тваіх, каторымі жыў бы чалавек, калі б паўніў іх, але грашылі супроці іх, і адхінулі плечы свае, і скалянілі завыек свой, і ня слухалі. І Ты адвалок дзеля іх шмат год, і сьветчыў ім Духам Сваім прарокамі Сваімі; але яны не прыслухаліся. І Ты аддаў іх у руку людам земляў. Але, зь вялікае бачнасьці Свае, Ты ня выгубіў іх сусім чыста ані пакінуў іх, бо Ты Бог ласкучынюшчы а спагадлівы. Дык цяпер, Божа наш, Божа вялікі, магутны а страшны, змову а міласэрдзе заховуючы, хай ня менее перад Табою ўся гарота, што стрэла нас, каралёў нашых, князёў нашых а сьвятароў нашых а прарокаў нашых а бацькоў нашых а ўвесь люд ад часу каралёў Асырскіх аж дагэтуль. Ты, адылі, справядлівы ў вусім, што прышло на нас, бо Ты рабіў праўдзіва, а мы рабілі нягодна. Ані каралёве нашы, князі нашы, сьвятарове нашы ані айцове нашы не дзяржалі Права Твайго ані прыслухаліся да расказаньняў Тваіх а сьветчаньняў Тваіх, каторымі Ты сьветчыў ім. Бо яны ня служылі Табе ў каралеўстве сваім ані ў вялікім дабру, што Ты даваў ім, ані ў прасторнай а сытой зямлі, каторую Ты даў ім, ані адвярнуліся ад нягодных учынкаў сваіх. Вось, мы нявольнікі цяпер і на зямлі, каторую Ты даў бацьком нашым есьці плады яе й дабро яе, вось, мы нявольнікі на ёй. І яна даець шмат уроду каралём, хаторых Ты пастававіў над намі за грахі нашы. Яны самадумам пануюць таксама над целамі нашымі й над статкам нашым; а мы ў вялікім уціску. І з прычыны ўсяго гэтага мы робім змову цьвярдую й падпісуем, а князі нашы, Левітаве, сьвятарове прыкладаюць пячаць».

І Тыя, што прылажылі пячаці: Негэма-Тыршафа Гахалёнак а Сэдэка, Сэрая, Азара, Ярэма, Пашгур, Амара, Малхія, Гаттуш, Шэваня, Малух, Гарым, Мерэмоф, Овада, Данель, Гіннэфон, Борух, Мешулам, Аўя, Міямін, Маазя, Вілґай, Шэмая; гэта сьвятарове. І Левітаве: Ешуа Азанёнак, Біннуй із сыноў Гэнададавых, Кадмель.

І браты іхныя: Шэваня, Года, Келіта, Пелая, Ганан, Міха, Рэгоў, Гашава, Заккур, Шэрэва, Шэваня, Года, Ван, Веніну.

Галавы люду: Парош, Пагаф-Моаў, Елам, Заффу, Бані, Вун, Азґад, Бевай, Адоня, Біґвай, Адын, Атэр, Гэзэка, Азур, Года, Гашум, Бецай, Гарыф, Анафоф, Невай, Маґпяш, Мешулам, Гэзыр, Мешэзавель, Садок, Ядуа, Пелата, Ганан, Аная, Гося, Гананя, Гашуў, Галогеш, Пілга, Шовек, Рэгум, Гашаўна, Маасэя, А Ага, Ганан, Анан, Малух, Гарым, Ваана. І іншы люд, сьвятарове, Левітаве, брамнікі, пяюны, нефінеі а ўсі, што аддзяліліся ад людаў зямлі да Права Божага, жонкі іхныя, сынове іхныя а дачкі іхныя, — усі, што маглі цяміць, Яны дзяржаліся братоў сваіх, паноў сваіх, і абавязаліся кляцьбою а прысягаю хадзіць у Праве Божым, даным Масеям, слугою Божым, і заховаваць, і паўніць усі расказаньні СПАДАРА, Спадара нашага, і суды Ягоныя, і ўставы ягоныя; І не аддаваць дачок сваіх людам зямлі, і дачок іхных ня браць сыном сваім; І як люды зямлі будуць прывозіць прадаваць у сыботу тавары альбо якую еміну, ня браць у іх у сыботу альбо ў сьвяты дзень; і пакінуць сяўбу сёмага году і кажны доўг. І прынялі мы сабе расказаньне, даваць ад сябе па трайціне сыкля на службу дому Бога нашага: На хлябы Выкладу, на кажначасны хлебны аброк а на кажначаснае ўсепаленьне, на сыботы, на маладзікі, на сьвяты, на сьвятыя рэчы, і на аброкі за грэх на залашчаньне Ізраелю, і на ўсялякую работу ў доме Бога нашага.

І кінулі на жэрабя памеж сьвятароў, Левітаў а люду праз абраканьне дроў, даставу да дому Бога нашага ў прызначаным часе, год у год, па дамох айцоў нашых, паліць на аброчніку СПАДАРА, Бога нашага, як напісана ў Законе, І каб прыносіць пачаткі зямлі нашае і пачаткі ўсялякіх пладоў усялякага дзерва, з году ў год, да дому СПАДАРОВАГА, І першакоў із сыноў нашых і із статку нашага, як напісана ў Законе, і першакоў з буйнога й драбнога статку нашага прыводзіць да дому Бога нашага, да сьвятароў, што служаць у доме Бога нашага. І прыносіць пачаткі цеста нашага, і аброкаў нашых, і плод усялякіх дзерваў, новага віна а алівы сьвятаром да сьвірнаў дому Бога нашага, і дзесяціны ізь зямлі нашае Левітам, каторыя дзесяціны тыя ж Левіты будуць мець у вусіх местах ралейніцтва нашага. І сьвятар, сын Ааронаў, будзе пры Левітах, як Левітаве будуць браць дзесяціны, і Левітаве дадуць дзесяціну зь дзесяцінаў да дому Бога нашага, да сьвірнаў дому скарбу; Бо да гэтых сьвірнаў будуць прыносіць сынове Ізраелявы а сынове Левітаў аброкі збожжа, новага віна а алівы; і там судзьдзе сьвятыні, служачыя сьвятары а брамнікі а пяюны. І мы не пакінем дому Бога нашага!

І жылі князі люду ў Ерузаліме, а засталыя зь люду кінулі на жэрабя, каб адзін ізь дзесяцёх жыў у Ерузаліме, месьце сьвятым, а дзевяць часьцяў у іншых местах. І дабраславіў люд усіх, каторыя самахоць згадзіліся жыць у Ерузаліме.

Гэта галавы краю, каторыя жылі ў Ерузаліме, — а ў местах Юдэі жыў кажны ў дзяржаве сваёй, па местах сваіх, Ізраяляне, сьвятарове а Левітаве, а нефінеі а сынове слугаў Салямонавых; — Дык у Ерузаліме жылі із сыноў Юдзіных а із сыноў Веняміновых. Із сыноў Юдзіных: Афая, сын Узін, сына Захарынага, сына Амарынага, сына Шэфацінага Магалалеленка, із сыноў Перэцавых, І Маасэя, сын Борухаў, сына Колгозавага, сына Газаінага, сына Адаінага, сына Ёярывавага, сына Захарынага Шылонёнка. Усіх сыноў Перэцавых, што жылі ў Ерузаліме, чатырыста шасьцьдзясят асьмёх мужоў дужых.

А гэта сынове Веняміновы: сын Мешуламаў, сына Ёедавага, сына Педаінага, сына Колаінага, сына Маасэінага, сына Іфелявага Ісаёнка, І за ім Ґабай, Салай, — дзевяцьсот дваццаць асьмёх. І Ёель Зыхранок, нагляднік над імі, а Юда Гасянуёнак, другі над местам.

Ізь сьвятароў: Едая Ёярывенак, Яхін, Сэрая, сын Гілчын, сына Мешуламовага, сына Садокавага, сына Мераёфавага Агітувёнка, начэльніка ў доме Божым, І браты іхныя, што рабілі работу ў доме — асьмісот дваццаць двух; і Адая сын Ерогамаў, сына Пелалінага, сына Амцавага, сыва Захарынага, сына Пашгуровага Малхіёнка, І браты ягоныя, начэльнікі айцоў — дзьвесьце сорак двух; і Амашсай, сын Азарэляў, сына Агзаёвага, сына Мешылемофавага Імеронка, І браты ягоныя, дужасілы — сто дваццаць асьмёх. І нагляднік над імі Заўдзель, сын вялікіх.

А зь Левітаў: Шэмая, сын Гашуваў, сына Азрыкамовага, сына Гашавінага Вунянка, І Шаўбефай а Ёзавад, і з начэльнікаў Левітаў былі над навоннымі справамі дому Божага; І Матфаня, сын Мішын, сына Заўдавага Асафёнка, галоўны пачынаньнік хвалы пры малітве, і Бакбука, другі сярод братоў ягоных, і Аўда, сын Шамуя, сына Ґалалавага Ідуфунёнка. Усіх Левітаў у сьвятым месьце дзьвесьце асьмідзясят чатырох.

І брамнікі: Аккуў, а Талмон а браты іхныя, што вартавалі ў брамах — сто семдзясят двух. Астача Ізраелю, сьвятарове, Левітаве жылі па ўсіх местах Юдэі, кажны на сваім спадку. А нефінеі жылі ў Офелю; Цыга а Ґішфа над нефінеямі.

Таксама нагляднікам над Левітамі ў Ерузаліме быў Уз, сын Ванаў, сына Гашавінага, сына Матфанінага Мішанка, із сыноў Асафовых, пяюны пры службе дому Божага; Бо было расказаньне каралеўскае ўзглядам іх, каб ведамая часьць еміны была прызначана пяюном, усе ў пару. І Петага, сын Мешэзавэляў, із сыноў Зэры Юдзянка, быў паўнамачніком каралеўскім у вусіх справах, што датыкаліся люду. А што да сёлаў ізь іх палямі, то сынове Юдзіны жылі ў Кіраф-Арбе а местачках яе, і ў Дывоне а ў местачках яго, і ў Екаўцэелю а сёлах яго, І ў Ешуі, і ў Моладзе, і ў Беф-Палеце, І ў Гацар-Шуале, і ў Веер-Шэве а местачках яе, І ў Цыклазе, Мехоне а ў местачках яе, І ў Ен-Рымоне, і ў Цоры, і ў Ярмуфе, У Заноазе, Одуламе а сёлах іх, у Лахішу а палёх яго, ув Азэццы а местачках яе. І яны разьлягліся ад Веер-Шэвы аж да даліны Гінномавае. Сынове Веняміновы, ад Ґевы ў Міхмашу, Аіі а Бэт-Элю і местачках іх, Анафоф, Ноў, Ананя, Гацор, Рама, Ґіффаім, Гадыд, Цэвоім, Невалат, Лод а Оно ў даліне Харашыме. І зь Левітаў жылі ў дзелях Юдзіных а Веняміновых.

Во сьвятарове а Левітаве, каторыя ўзышлі із Зэрувавэлям Шэалфеленкам а зь Ешуаю: Сэрая, Ярэма, Езра, Амара, Малух, Гатуш, Шэханя, Рэгум, Мерэмоф, Іддо, Ґінефой, Дуя, Міямін, Маада, Вілґа, Шэмая, Еярыў, Едая, Салу, Амок, Гілка, Едая. Гэта галавы сьвятароў і браты іхныя за дзён Ешуі.

І Левітаве: Ешуа, Віннуй, Кадмель, Шэрэва, Юда, Матфаня, што быў над выхваляньням, ён а браты ягоныя, І Бакбука а Ун, браты іхныя, на супроці іх на старожы. І Ешуа нарадзіў Ёякіма, Ёякім нарадзіў Еляшыва, Еляшыў — Ёяду, Ёяда нарадзіў Ёнафана, Ёнафан нарадзіў Ядуя. За дзён Ёякіма былі сьвятарове, галавы айцоў: із Сэраі — Мерая, зь Ярэмы — Гананя, Зь Езры — Мешулам, з Амары — Ёгоганан, З Малухі — Ёнафан, із Шэвані — Язэп, З Гарыма — Адна, зь Мераёфа — Гэлкай, З Іда — Захара, зь Ґінефона — Мешулам, З Аўі — Зыхра, зь Міняміма — Моада, з Моады — Пілтай, Зь Вілґі — Шамуя, із Шэмаі — Егонафан, Зь Ёярыва — Мафенай, зь Едаі — Уз, Із Салая — Калай, з Амока — Евер, Зь Гілкі — Гашава, зь Едаі — Нефанэль. Левітаве, галавы айцоў, былі запісаны за дзён Еляшыва, Ёяды а Ёганана а Яддуя, і таксама сьвятарове за дзяржавы Дара Пэрскага.

Сынове Лева, галавы айцоў, запісаны ў кнігу летапісу ды аж да дзён Ёганана Еляшывенка. І галавы Левітаў: Гашава, Шэрэва а Ешуа Кадмеленак із братамі сваімі насупроці іх, выхваляць а дзякаваць, подле расказаньня Давіда, чалавека Божага, варта супроці варты. Матфаня а Бакбука, Овада, Мешулам, Талмон, Аккуў — вартаўнікі, брамнікі на варце ля парогаў брамаў. Гэтыя за дзён Ёякіма, сына Ешуі Ёсадачонка, і за дзён вайводы Негэмы а пісьменьніка Езры, сьвятара.

І на пасьвячэньне сьцяны Ерузалімскае шукалі Левітаў з усіх месцаў іхных, каб прывесьці іх да Ерузаліму, справіць пасьвячэньне а весялосьць ды з выхваляньням а пяцьцём, цымбаламі, псалтырамі а гусьлямі. І зьберліся сынове пяюноў з акругі Ерузалімскае і ізь сёлаў Нетофафскіх, І з дому Ґілґала, і з палёў Ґевы а Азмавету; бо пяюны былі пастанавіўшы сабе сёлы ў ваколіцы Ерузаліму. І ачысьціліся сьвятарове а Левітаве, і ачысьцілі люд а брамы а сьцяну.

Тады я ўзьвёў князёў Юдэі на сьцяну і пастанавіў два вялікія груды выхваляючых, зь іх адзін ішоў направа, ад вышняга боку сьцяны к Гнаявой браме. За імі йшоў Гошая а палавіца ваяводаў Юдэі А Азара, Езра а Мешулам, Юда а Венямін а Шэмая а Ярэма; А із сыноў сьвятарскіх із трубамі: Захара сын Ёнафана, сына Шымаінага, сына Матфанінага, сына Міхеевага, сына Закуровага Асафёнка, І браты ягоныя: Шэмая а Азарэль, Мілалай, Гілалай, Маай, Нефанэль а Юда, Ганань із музыцкімі снадзямі Давіда, чалавека Божага, і пісьменьнік Езра, сьпераду іх. Ля брамы Жарала, што была насупроці іх, яны ўзышлі па ўступцох места Давідавага, на сьцяну звыш дому Давідавага вядучых, аж да Вадзяное брамы на ўсход. І другі груд выхваляючых ішоў насупроці іх, і за імі я і палавіца люду па сьцяне ад Печнае вежы аж да шырокае сьцяны, І ад брамы Яхрэмавае міма Старое брамы а Рыбнае брамы а вежы Гананэля а вежы Меа аж да Авячае брамы, і прыстоілі ля брамы Вязьнічнае. Гэтак сталі абодва груды выхваляючых у доме Божым, і я і палавіца дзяржаўцаў з імною, І сьвятарове: Елякім, Маасэя, Мінямін, Міхей, Елёенай, Захара, Гананя з трубамі, І Маасея, і Шэмая, і Елеазар, і Уз, і Егоганан, і Малхія, і Елам, і Езер. І пяялі пяюны голасна, з галоўным Ізрагаю, нагляднікам. І абракалі таго дня вялікія аброкі, і весяліліся, бо Бог узрадаваў іх вялікаю радасьцю. Весяліліся і жанкі і дзеці, і весялосьць Ерузаліму далёка была чуваць. І таго часу прызначаны былі некатрыя над сьвірнамі скарбаў а аброкаў а пачаткаў а дзесяцінаў, каб зьбіраць да іх ізь месцкіх палёў дзелі, прызначаныя Правам сьвятаром а Левітам; бо Юдэі цешыліся ізь сьвятароў а Левітаў там стаячых, Каторыя былі на старожы Бога свайго і на старожы ачышчэньня, і былі пяюнамі а брамнікамі подле расказаньня Давіда а Салямона, сына ягонага; Бо за дзён Давіда а Асафа старога былі галавы пяюноў і песьні хвалы а падзякі Богу. І ўвесь Ізраель за дзён Зэрувавэля й за дзён Негэмы даваў дзелі пяюном а брамнікам, усе ўпару; і аддавалі сьвятасьці Левітам а Левіты аддавалі сьвятасьці сыном Ааронавым.

Таго дня чыталі ўчуткі люду з кнігі Масеявае і знайшлі напісанае ў ёй, каб ня ўвыйшоў Амонянін а Моаўлянін у грамаду Божую на векі, Бо яны не перанялі сыноў Ізраелявых з хлебам а вадою, і нанялі супроці яго Валаама, каб пракляў яго; але Бог наш абярнуў праклён у дабраславенства. І сталася, як пачулі Права, то яны аддзялілі ад Ізраелю ўсе мешанае. А перад гэтым Еляшыў сьвятар, маючы нагляд над сьвірнам дому Бога нашага, пасваячыўся з Товаю І перадаў яму вялікі сьвіран, ідзе ўперад складалі хлебныя аброкі, кадзіла а судзьдзе а дзесяціны збожжа, новае віно а аліву, прызначаньне Левітам а пяюном а брамнікам, і аброкі сьвятаром. Але тады я ня быў у Ерузаліме, бо трыццаць другога году Артарксэркса, караля Бабілёнскага, я прышоў да караля і, за колькі дзён, прасіў у караля адпуску. І я прышоў да Ерузаліму, і ўцяміў ліха, што зрабіў Еляшыў дзеля Товы, прызначыўшы яму сьвіран у панадворках дому Божага; І было гэта вельма благім імне, і я выкінуў вон ізь сьвірна ўсі хатнія рэчы Товіны. І сказаў, каб ачысьцілі сьвіран, і зьвярнуў туды ізноў судзьдзе дому Божага, хлебныя аброкі а кадзіла.

І я даведаўся, што дзеляў Левітам не давалі, і разьбегліся кажны да поля свайго — Левітаве а пяюны, што рабілі работу сваю. Тады пасварыўся я на начэльнікаў і сказаў: «Чаму вы апусьцілі дом Божы?» І я зьбер іх, і прызначыў іх на іхнае месца. Тады прыносілі ўсі Юдэі дзесяціну збожжа а новага віна а алівы да скарбніцаў. І прызначыў я скарбнікаў над скарбніцамі: Шэлему сьвятара а Садока пісьменьніка а Бедаю зь Левітаў, і пры іх Ганана, сына Закура Матфанёнка, бо іх мелі за верных. Абавязак іх — разьдзяляць братом сваім.

Успомні мяне, о Божа мой, за гэта і ня вытры маіх добрых учынкаў, што я зрабіў дому Божаму й старожам яго. Гэтага часу я абачыў у Юдэі таўкучых віно ў таўчэльні ў сыботу, і возячых стагі, і накладаючых на аслы; а таксама віно, вінныя ягады а фіґі а ўсялякія цяжары, каторыя прывозілі да Ерузаліму ў сыботні дзень. І перасьцерагаў я іх таго дня пры сьветках, як прадавалі еміну. І Тыране жылі таксама там, каторыя прывозілі рыбу і ўсялякі тавар, і прадавалі ў сыботу сыном Юдэі і ў Ерузаліме. Тады я пасварыўся на паноў Юды і сказаў ім: «Што гэта за ліха, што вы робіце й будзеніце дзень сыботні? Ці так не рабілі бацькі вашыя, і прывёў Бог наш на нас а на места гэтае ўсе гэта ліха? А вы павялічаеце пал гневу на Ізраеля, будзенячы сыботу».

І сталася, што як зьмяркала ля брамаў Ерузалімскіх, перад сыботаю, я расказаў, і запіралі вароты, і я сказаў, каб іх не адпіралі аж да па сыбоце. І дзяцюкоў сваіх я станавіў ля брамаў, каб ня прыносілі цяжараў у дзень сыботні. Дык, начавалі купцы а прадаўнікі ўсякага тавару вонках Ерузаліму аднойчы й двойчы. Але я перасьцярог іх пры сьветках і сказай ім: «Чаму вы начуеце ля сьцяны? Калі вы ізноў гэтак зробіце, руку, выцягну на вас». Адгэнуль яны ня прыходзілі ў сыботу. І казаў я Левітам, каб яны ачысьціліся й прышлі вартаваць каля брамаў, каб сьвяціць дзень сыботні. І за гэта ўспомні мяне, Божа мой, і пажалей мяне зь вялікага міласэрдзя Свайго!

Яшчэ тых дзён бачыў я Юдэяў, што жылі із жонкамі з Ашдодзянак, Амонянак а Моаўлянак; І сынове іхныя на палавіцу гукалі ашдодзкаю моваю, і ня ўмелі гукаць паюдэйску, але подле мовы кажнага люду. Я сьперачаўся зь імі, і кляў, і біў некатрых із мужоў, ірваў у іх валасы, і прысягаю Богам іх абавязаваў, каб яны не аддавалі дачок сваіх сыном іхным і ня бралі дачок іхных сыном сваім і сабе. «Ці ня зь іх прычыны грашыў Салямон, кароль Ізраеляў? У шмат якіх народаў ня было караля, як ён, і Бог яго ўлюбіў, і Бог устанавіў яго каралём над усім Ізраелям; нават яго ўвялі ў грэх жонкі чужаземныя. Як можна нам чуць праз вас, што вы робіце ўсе гэта вялікае ліха, ізраджаючы Бога нашага, жывучы з чужаземнымі жанкамі?» І із сыноў Егояды, сына Еляшыва, вялікага сьвятара, быў зацям Санвалата Гороняніна. Я прагнаў яго ад сябе. Успомні, о Божа мой, супроці іх, што яны сплюгавілі сьвятарства а Змову сьвятарскую а левіцкую! Гэтак я іх ачысьціў ад усёга чужаземнага, і ўстанавіў старожы сьвятароў а Левітаў, кажнага ў занятку сваім. І даставу дроў у прызначаным часе й пачаткі. Успомні, о Божа мой, на дабро імне!



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.