Библия › Станкевіча › Песьня над песьнямі
Песьня над песьнямі Салямонава. О, калі б ён цалаваў мяне цалаваньням вуснаў сваіх! бо любосьць твая лепшая за віно; Масьці твае прыемныя нюхаць, імя твае — вылітая масьць; за тое дзявушчыя любяць цябе. Цягні мяне за сабою, пабяжым; павёў мяне кароль да пакояў сваіх; мы радавацца а цешыцца зь цябе будзем; успамінаем любосьць тваю болей як віно; пасьцівыя любяць цябе.
Чарнявая я, але харошая, дачкі ерузалімскія! як буданы кідарскія, як заслоны Салямонавы. Не глядзіце на мяне, што я чарнявая, што загарэла ад сонца: сынове маці мае ўгневаліся на мяне, пастанавілі сьцерагчы вінішчы, свайго ж вінішча я не ўсьцерагла. Скажы імне, любовы душою маёй: ідзе ты пасьвішся? ідзе супачываеш паўднём? чаму імне быці як аднэй, што круціцца памеж стадаў таварышаў тваіх?
Калі ня ведама тэ, найпазарнейшая із жанок, то йдзі сабе па сьлядох авец і пасьві казяняты свае ля сялібаў пастускіх. Да жаробанькі свае ў цялежках фараонавых я прыраўнаў цябе, о прыяцелка мая! Якія харошыя шчокі твае ў прыборах, шыя твая ў кралях. Прыборы залатыя мы зробім табе із срэбнымі бодкамі.
Пакуль кароль узьлягае, нард мой выдаець пах свой. Пучок міровы любовы мой у мяне, меж пелькаў маіх супачывае. Гранка кіпра любовы мой у мяне, у вінішчах Енґедзкіх.
О, ты пазорная, прыяцелка мая, о, ты пазорная! вочы твае галубіныя.
О, ты пазорны, любовы мой, і прыемны! і пасьцеля наша — зяленіва; Балькі дамоў нашых — кедры, шалёўкі нашы — кіпрысы.
Я рожа шаронская, ліля далінаў!
Як ліля меж церняў, так прыяцелка мая меж дачок.
Як яблына меж лесавых дзерваў, так любовы мой мяж сыноў. Сьценю яе я жадаю й сяджу, і садавіна яе салодкая паднябеньню майму. Ён прывёў мяне да віннога дому, і сьцяг ягоны над імною — любосьць. Паддзяржыце мяне віннымі пернікамі, пасіліце мяне яблыкамі; бо я хворая зь любосьці. Лявіца ягоная пад галавою ў мяне, а правіца ягоная абыймае мяне. Заклінаю вас, дачкі ерузалімскія, сэрнамі й палявымі ланямі: не чапайце ані будзіце каханага, пакуль ён ня зыча.
Голас любовага майго: вось, ён ідзець, падскакуючы па горах, гайсаючы па ўзгорках. Падобны любовы мой да сэрны альбо да аленяняці. Вось, ён стаіць за сьцяною нашаю, заглядае ў вокны, цяміцца пераз краты.
Адказаў любовы мой і сказаў імне: «Устань, прыяцелька мая, харашуха мая, і выйдзі; Бо, вось, зіма мінула, дождж перастаў, перайшоў; Кветкі паказаліся на зямлі; пара пяцьця настала, і голас галубы чуваць у зямлі нашай; На фізе сьпеюць раньнія фіґі, і пахнуць расквілыя вінныя розкі. Устань, прыяцелка мая, харашуха мая, і выйдзі.
«Галуба мая ў раськепіне скалы, у схове стромкае скалы, пакажы імне від свой, дай імне пачуць голас свой, бо голас твой салодкі, і від твой харошы».
«Лавіце нам лісы, лісяняты, што псуюць вінішчы; а вінішчы нашы ў квеце». Любовы мой, а я ягоная, ён пасьвіцца меж ліляў. Пакуль дзень дыхае, і ўцякаюць сьцені, абярніся, любовы мой, і будзь, як сэрна, альбо аленянё на горах Беферскіх.
На ложку сваім ночы шукала я любовага душою маёю; шукала я яго, але не знайшла яго. Устану ж я, пакружыняю па месьце, па таргох а па вуліцах, пашукаю любовага душою маёю; шукала я яго, але не знайшла яго. Знайшлі мяне вартаўнікі, кружыняючы па месьце: «Ці ня бачылі вы любовага душою маёю?» Крыху мінуўшы іх, якга знайшла я любовага душою маёю; ухапілася за яго й не адпусьціла, пакуль не прывяла яго да дому маці свае і да пакою тае, што зачала мяне.
Заклінаю вас, дачкі ерузалімскія, сэрнамі й палявымі ланямі: не чапайце ані будзеце каханага, пакуль ён ня зыча.
Хто гэта ўзыходзе з пустыні, як стаўпы дыму, акураваная мірам а кадзілам, усялякімі парашкамі прадаўніковымі?
Во ложак ягоны, Салямонаў, шасьцьдзясят дужасілаў навокал яго, найдужшых ізраельскіх; Усі яны дзяржаць па мячу, дазнаныя ў бітве; у кажнага меч свой ля сьцягна дзеля жахаў ночных. Нашэльны ложак зрабіў сабе кароль Салямон зь дзерваў лібанскіх; Стаўпцы яго зрабіў ён із срэбра, поручні яго із золата; накрыцьце яго з пурпуры; ўнутры ён усланы любосьцяй дачок ерузалімскіх. Выйдзіце й гляньце, дачкі сыёнскія, на караля Салямона ў кароне, каторага ўкаранавала яго маці ягоная, у дзень вясельля ягонага і ў дзень радасьці сэрца ягонага.
О, ты пазорная, прыяцелка мая, о, ты пазорная! вочы твае галубіныя спад вэлену твайго; валасы твае, як стада козаў, што скаўзаюць із гары Ґілеадзкае; Зубы твае, як стада астрыжаных авец, што вышлі з мыцельніку, з каторых у кажнай блізьняты, а бясплоднае памеж іх няма; Вусны твае, як ніта шкарлату, і мова твая харошая; як скрыль гранатовага яблыка, віскавіцы твае пад вэленам тваім; Шыя твая, як вежа Давідава, збудаваная да зброі; тысяча шчытоў вісіць на ёй, усі шчыты дужасілаў. Дзьве пелькі твае, як двое алянят, як блізьняты лані, што пасьвяцца меж ліляў. Пакуль дзень дыхае, і ўцякаюць сьцені, я пайду на гару міровую й на ўзгорак кадзіла. Уся ты пазорная, прыяцелка мая, і заганы няма ў табе.
З імною зь Лібану, княгіня маладая, з імною зь Лібану йдзі; глянь зь верху Аману, зь верху Сэніру а Гэрмону, з логваў лявіных, з гор леопардавых! Апаланіла сэрца мае ты, сястра мая, княгіня маладая; апаланіла сэрца мае ты адным із аччу сваіх, аднымі з краляў навокал шыі свае. Якая харошая любосьць твая, сястра мая, княгіня маладая! як шмат лепшая любосьць твая за віно і пах масьцяў тваіх за ўсе пахнючае карэньне. Наўзавы мёд капае з вуснаў тваіх, княгіня маладая; мёд а малако пад языком тваім, і пах адзецьцяў тваіх, як пах ізь Лібану.
Замкнёны сад — сястра мая, княгіня маладая, замкнёная студня, запячатаванае жарало. Галузы твае — із саду гранатовага з дарагога садавіною, кіпрысы з нардамі, З нардам а шапраном, з пахнючым аірам а цынамонам, з усімі кадзільнымі дзервамі, зь мірам а алёям, з усімі галоўнымі пахнючымі каранямі; Жарало садовае — студня водаў жывых, зь Лібану цякучых.
Прачхніся, ветру, з поўначы, і прыйдзі з паўдня, павей на гарод мой, пальлюцца пахі яго. Няхай любовы мой прыйдзе да саду свайго і есьць дарагую садавіну.
Прышоў я да гароду свайго, сястра мая, княгіня маладая; нарваў міры свае з пахнючымі каранямі сваімі; паеў наўзы свае зь мёдам сваім; напіўся віна свайго з малаком сваім. Ежча, прыяцелі, піце і ўпівайцеся любосьцяй!
Я сплю, але сэрца мае чуе. Гук! любовы мой стукае: «Адчыні імне, сястра мая, прыяцелка мая, галуба мая, беззаганная мая, бо галава мая ўся ў расе, сукры мае — у ночнай вогкасьці». Я ськінула адзежыну сваю; як я маю адзяваць яе? я памыла ногі свае; як жа імне пэцкаць іх? Любовы мой выцягнуў руку сваю перазь адтуліну, і нутр мой узрушыўся ў імне. Устала я, каб адамкнуць любоваму свайму, і з рук маіх капала міра, і з палцаў маіх міра сьцякала на клямку замка. Адамкнула я любоваму свайму, але любовы мой шчэз, прайшоў. Дух імне заняло, як ён гукаў; я шукала яго, і не знайшла яго; гукала яго, але ён не адказаў імне; Знайшлі мяне вартаўнікі, кружыняючы па месьце; зьбілі мяне, зранілі мяне; зьнялі зь мяне вопратку сьцерагучыя сьцены. Заклінаю вас, дачкі ерузалімскія: калі вы знойдзеце любовага майго, што скажаце яму? — Што я хворая зь любові.
Чым любовы твой накшы за іншага любовага, найпазарнейшая із жанок? чым любовы твой накшы за іншага любовага, што ты так заклінаеш нас?
Любовы мой бялюсенькі а румены, найгалаўнейшы памеж дзесяцёх тысячаў. Галава ягоная — чыстае золата; сукры ягоныя хвалююцца, чорныя, як ґруґан; Вочы ягоныя — як галубы ля цур’ёў водаў, абмытыя малаком, дабрусенька асаджаныя; Шчокі ягоныя — радкі духмяныя, лехі пахнючых расьлінаў; вусны ягоныя — лілі, капаюць цякучую міру; Рукі ягоныя — залатыя кругліцы з усаджанымі топазамі; жывот ягоны — бліскучая сланёвая косьць, абкладзеная шафірамі; Галёнкі ягоныя — мрамарныя стаўпы, пастаноўленыя на подах із найчыстшага золата; выгляд ягоны — як Лібан, выборны, як кедры; Паднябеньне ягонае — саладзіня; і ўвесь ён — любата. Гэта любовы мой, і гэта прыяцель мой, дачкі ерузалімскія!
Куды пайшоў любовы твой, найпазарнейшая із жанок? куды павярнуўся любовы твой? і мы пашукаем яго з табою.
Любовы мой зышоў да гароду свайго, да радкоў духмяных, пасьціць у гародах і зьбіраць лілі. Я любовага майго, а любовы мой, — мой, ён пасьвіць памеж ліляў.
Пазорная ты, прыяцелка мая, як Фірца, харошая, як Ерузалім, страшная, як войска ізь сьцягамі. Адхіні вочы свае ад мяне, бо яны ўзрушаюць мяне. Валасы твае, як чарада козаў, із Ґілеаду зыходзячых; зубы твае, як чарада авец, што вышлі з мыцельніку, з каторых кажная коце блізьняты, а бясплоднае меж іх няма; Як скрыль гранатовага яблыка, віскавіцы твае пад вэлевам тваім. Шасьцьдзясят караліцаў, і асьмідзясят мамошкаў, і дзявушчых бязь ліку; Адзіная яна галуба мая, беззаганная мая, адзіная яна ў маці сваёй, выборная ў тэй, што нарадзіла яе. Абачылі яе дачкі і мелі яе за шчасьлівую; караліцы а мамошкі, і хвалілі яе.
Хто гэта выглядаючая, як раньне, пазорная, як месяц, ясная, як сонца, страшная, як войска ізь сьцягамі?
Да арэхавага гароду я зышла паглядзець на зяленіва ля цур’я, паглядзець, ці распукалася вінная розка, ці расквілі гранатовыя яблыны; Ня ведаю, як душа мая ськіравала мяне да цялежак майго ахвотнага люду.
Зьвярніся, зьвярніся, о Шуламіта; зьвярніся, зьвярніся, і мы паглядзім на цябе. Што вы бачыце на Шуламіце? Быццам скокі двух табараў. О, якія пазорныя ступы твае ў чаравіках, дачка княская! Кругласьць сьцёгнаў тваіх, як кралі работы рук умелага майстры; Пуп твой — круглая чара, нястачы мешанага віна нямаючая; жывот твой — куча пшонкі, абкладзеная лілямі; Дзьве пелькі твае, як двое алянят, блізьнят лані; Шыя твая, як вежа із сланёвае косьці; вочы твае — азерцы Гэшбонскія, што ля брамы Батрабіму; нос твой, як вежа Лібанская, зьверненая відам да Дамашку; Галава твая на табе, як Карміл, і каслаўкі валасоў на галаве тваёй, як пурпура: кароль апалонены сукрамі. Якая ты пазорная й якая прыемная ты, каханая, раскошамі сваімі! Гэты стан твой падобны да пальмы, і пелькі твае да гранак. Сказаў я: узьлезу я на пальму, схаплюся за галузы яе; і хай будуць пелькі твае, як гранкі вінныя, і пах носу твайго, як яблыкаў; Паднябеньне твае, як найлепшае віно: яно цячэць гладка любоваму, прычыняючы гукаць вусны сьпячых.
Я любовага майго, і да мяне — жаданьне ягонае.
Хадзі, любовы мой, пайдзіма ў поле, начуйма ў сёлах; Устанем рана нараніцы да вінішчаў, паглядзім, ці распукалася вінная розка, ці зьявіўся квет, ці расквіцелі гранатовыя яблыны; там я выкажу табе любосьць сваю. Мандрагоравыя яблыкі ўжо запахлі, і ля брамы нашае ўсялякая прыемная садавіна; новая й старая: я захавала табе, любовы мой.
О, калі б ты быў імне за брата, што ссаў пелькі маці мае! тады б я, стрэўшы цябе на вуліцы, цалавала б цябе, і імною ня грэбавалі б. Павяла б я цябе, прывяла б цябе да дому маці свае. Ты вучыў бы мяне, і я давала б табе піць духмянае віно, сок гранатовых яблыкаў. Левая рука ягоная ў мяне пад галавою, а правая абыймае мяне.
Заклінаю вас, дачкі ерузалімскія: не чапайце ані будзіце каханага, пакуль ён ня зыча.
Хто гэта ўзыходзячая з пустыні, што апіраецца на любовага свайго? Пад яблынаю пабудзіла я цябе: там труднілася, родзячы, маці твая, там труднілася тая, што радзіла цябе.
Пакладзі мяне, як пячаць, на сэрца свае, як пячаць на руку сваю; бо моцная, як сьмерць, любосьць; цьвярдая, як шэоль, завісьць; жар яе — жар агняны, поламя шугаючае ад яг. Вялікія воды ня могуць загасіць любосьці, і рэкі не зальлюць яе. Калі б хто даў усе багацьце дому свайго за любосьць то ён быў бы чыста пагрэбаваны.
Сястра ў нас малая, і пелькаў у яе няма: што мы будзем рабіць ізь сястрою сваёй, як будуць сватацца да яе? Калі б яна была сьцяна, то мы пабудавалі б на ёй вежу із срэбра; калі б яна была дзьверы, то мы ашалявалі б іх кедраваю дошкаю.
Я — сьцяна, і пелькі ў мяне, як вежы; затым я была ў ваччу ягоным, як тая, што знайшла супакой.
Вінішча было ў Салямона ў Ваал-Гамоне; ён аддаваў гэна вінішча ляндаром-вартаўніком; кажны меў даваць за плады яго тысяча срэбнікаў. А мае вінішча ў мяне перад імною. Тысяча хай табе, Салямоне; а дзьвесьце — сьцерагучым плады яго.
Жыхарка гародаў! Сяброве слухаюць голас твой, дай і імне паслухаць.
Барзьдзі, любовы мой, і будзь ты падобны да сэрны, альбо будзь як аленянё на горах духмяных.