Библия › Станкевіча › Ёеля
Слова СПАДАРОВА, што было да Ёеля Пефуеленка. Слухайце гэта, старыя, і нахініце вуха, усі жыхары зямлі: ці было гэта за дзён вашых альбо за дзён айцоў вашых? Кажыце гэта дзяцём сваім, а дзеці вашыя — дзяцём сваім, а дзеці іхныя — наступному пакаленьню: Засталае ад вусені ела шаранча, засталае ад шаранчы елі стрэлкі, засталае ад стрэлкаў даела мошка. Прачхніцеся, п’яніцы, і плачча, і выйце ўсі, віно п’ючыя, па вінным соку, бо ён адцяты ад вуснаў вашых. Бо прышоў на зямлю Маю народ дужы а няшчысьлёны, каторага зубы — зубы лявіныя, і шчэляпы — вялікага лява. Спустошыў ён маё віно, акарыў фіґу, агаліў яе й адкінуў; галузы яе зьбялелі. Галасі, як маладзіца, паперазаўшыся зрэбнінаю, па мужу маладосьці свае. Адцяты хлебныя аброкі а ўзьліваньні ад дому СПАДАРОВАГА; сьвятарове, слугі СПАДАРОВЫ, у жалобе. Спустошана поле, зямля ў жалобе, бо збожжа збузавана, вінны сок высах, аліўка зьвяла. Саромцеся, ралейнікі, выйце, віньнікі, па пшонцы а па ячменю, бо жніво загінула ў полю. Віно ссохла, і фіґа зьвяла, гранатовае дзерва, пальма таксама, і яблына, усі дзервы палявыя пасохлі; бо высахла весялосьць сыноў людзкіх.
Паперажыцеся й галасіце, сьвятарове, выйце, слугі аброчнікавы, ідзіце, начуйце ў зрэбніне, слугі Бога майго, бо ўзьдзержаны хлебныя аброкі а ўзьліваньні ад дому Бога нашага. Пасьвяціце дзень посту, згукайце ўрочысты збор, зьбярыце старых і ўсіх жыхараў зямлі гэтае да дому СПАДАРА, Бога нашага, і гукайце да СПАДАРА. Бяда, бо дзень, бо дзень СПАДАРОЎ блізка, і прыходзе як зьнішчэньне ад Усемагучага. Ці не перад ачыма нашымі адцята ежа, ад дому Бога нашага весялосьць а радасьць? Згінула сяўба пад ськібамі сваімі, спусьцелі сьвірны, разбураны такі, бо збожжа ссохла. Як стогне жывёла, мучыцца чарада статку! бо няма ім пашы, і чароды авец спустошаны. Да Цябе, СПАДАРУ, гукаю, бо цяпло пажэрла пасьбішча пустыні, і полымя спаліла ўсі палявыя дзервы. Таксам жывёла палявае рыкае да цябе, бо рэкі водаў высахлі, і цяпло пажэрла пасьбішчы пустыні.
Затрубіце ў трубу на Сыёне, крычыце на сьвятой гары Маёй, няхай дрыжаць усі жыхары зямлі, бо настаець дзень СПАДАРОЎ, ён блізка, Дзень цямноты а цемрадзі, дзень булаку а туману: як ранічная сьвятліня, пашыраецца па горах люд вялікі а дужы, якому падобнага ня было ад веку дый просьле яго ня будзе ніколі ад пакаленьня аж да пакаленьня. Перад Ім, цяпло жарэць, а за Ім полымя пале; зямля як сад Едэнскі перад Ім, а за Ім спустошаны сьцеп, і нават ніхто не ўцячэць ад Яго. Выгляд іхны, як выгляд коні, і, як коньнікі, так яны пабягуць; Як грукат цялежак на вярхох гор, яны паскачуць, як трэскат полымя цяпла, што жарэць жнеўнік, як люд дужы ладзіцца да бітвы. Ад віду Ягонага будуць дрыжэць люды, усі віды зьбялелі. Як дужасілы пабягуць яны, узьлезуць на сьцяну як воі, і кажны йдзець сваёю дарогаю, і ня ўзрушаць радоў сваіх. Адзін аднаго ня цісьне, кажны йдзець сваёю сьцежкаю, і як падаюць на зброю, ня бываюць раненыя. Бягуць туды-сюды па месьце, узлазяць на сьцяну, узыходзяць у дамы, будуць улазіць пераз вокны, як злодзей. Перад Ім затрасецца зямля, нябёсы задрыжаць, сонца а месяц зацьмеюць, і гвезды страцяць зьзяньне сваё. І СПАДАР выдасьць голас Свой перад войскам Сваім, бо табар Ягоны вельма вялікі, бо дужы, хто паўніць слова Ягонае, бо дзень СПАДАРОЎ вялікі а вельма страшны, і хто можа вытрываць гэта? «Затым і цяпер, — агалашае СПАДАР, — навярніцеся да Мяне ўсім сэрцам Сваім, постуючы, з плачам і ў жалобе. І ірвіце сэрца вашае, а не адзецьці вашыя», і навярніцеся да СПАДАРА, Бога вашага, бо Ён ласкучынюшчы а спагадлівы, памальны да гневу а вельмі міласэрны і шкадуецца ліха. Хто ведае, ці не пашкадуецца Ён, і не пажалее, і не пакіне дабраславенства за Сабою, хлебнага аброку а ўзьліваньня СПАДАРУ, Богу вашаму?
Затрубіце ў трубу на Сыёне, пасьвяціце дзень посту і згукайце ўрочысты збор. Зьбярыце люд, пасьвяціце збор, пазавіце старых, зьбярыце дзеці а сысуноў; хай выйдзе князь малады з палацу свайго і княгіня маладая з пад бальдахіму свайго. Меж ґанку й аброчніку няхай плачуць сьвятарове, слугі Божыя, і няхай кажуць: «Ашчадзі люд Свой, СПАДАРУ, і ня дай спадку Свайго на паганьбеньне, каб народы ня мелі ўлады над ім; нашто маюць казаць меж людаў: "Ідзе Бог іх?"» Тады будзе рупатлівы СПАДАР празь зямлю Сваю і зьмілуецца над людам Сваім. Але, СПАДАР адказаў і сказаў люду Свайму: «Гля, Я пашлю вам збожжа а вінны сок а аліву, і вы насыціцеся імі, і наперад на паганьбеньне меж народаў не аддам вас. І паўночнае войска здалю ад вас, і пражану яго да зямлі сухое а спустошанае, пярэдняе войска ягонае абернецца да ўсходняга мора, а задняе — да апошняга мора; і ўзыйдзе ад яго смурод, і гнільлё пойдзе ад яго, бо ён парабіў шмат». Ня бойся, зямля, весяліся а цешся, бо СПАДАР зробе вялікае. Ня бойцеся, палявая жывёла, бо ўрастуць пасьцьбішчы на сьцепе, бо дзервы дадуць плады свае, фіґа а віно выдадуць сілу сваю. І вы, дзеці Сыёну, весяліцеся а цешчася ў СПАДАРУ, Богу вашым, бо Ён даў вам Наўчыцеля дзеля справядлівасьці, і ільлець на вас дождж, дождж раньні і дождж позны на пачатку. І напоўняцца такі пшонкаю, і скляпы перапоўняцца вінным сокам а аліваю. «І адплачу вам за гады, што ела шаранча, стрэлкі а мошкі а вусень — Маё вялікае войска, каторае Я паслаў сярод вас. І будзеце есьці шмат, і здаволіцеся, і будзеце выхваляць імя СПАДАРА, Бога свайго, Каторы чудоўна абходзіцца з вамі, і люд мой ніколі не асарамаціцца. І даведаецеся, што сярод Ізраеля Я, і Я СПАДАР, Бог ваш, і няма іншага, і люд Мой ніколі ня будзе асарамочаны.
І станецца просьле тога, што выльлю Дух Свой на кажнае цела, і будуць праракаць сынове вашыя а дачкі вашыя, старыя вашыя будуць сьніць сны, дзяцюкі вашы будуць відзець відзені. І таксама на слугаў а на служэбкі выльлю Дух Свой тых дзён. І пакажу чудосы на нябёсах і на зямлі, кроў а цяпло а стаўпы дыму. Сонца абернецца ў цемнь, а месяц — у кроў, перад тым, як настане дзень СПАДАРОЎ, вялікі а страшны. І станецца, што кажны, хто будзе гукаць імя СПАДАРОВА, будзе выбаўлены, бо на гары Сыёне а ў Ерузаліме будзе выбаўленьне, як СПАДАР сказаў, і ў вастачах, каторыя СПАДАР пагукае;
Бо вось, тых дзён і ў тым часе, калі Я зьвярну палон Юдэі а Ерузаліму, Я зьбяру ўсі народы і зьвяду іх на даліну Ясапатаву, і буду зь імі прававацца там за люд Свой а спадак Свой, Ізраеля, каторы яны расьцярушылі меж народаў, і падзялілі зямлю Маю, І кідалі на жэрабя празь люд Мой, і аддавалі дзяцюка за бязулю, і прадавалі дзеўку за віно, і пілі. Але, і што вы маеце да Мяне, Тыру а Сыдоне і ўсі акругі пілісцкія? Ці адплачуеце Імне? А калі адплачуеце Імне, лёгка, борзда Я абярну адплату вашу на галаву вашу; Бо срэбра Маё а золата Маё вы ўзялі, і Мае добрыя жаданьні перанесьлі да палацаў багоў сваіх, І сыноў Юды а сыноў Ерузаліму прадавалі сыном грэцкім, каб здаліць іх ад граніцаў іхных. Вось, Я ўзьніму іх із тога месца, куды вы іх прадалі, і абярну плату вашу на галаву вашу. І прадам сыноў вашых а дачкі вашыя ў руку сыноў Юдзіных, і яны прададуць іх Савеям, люду далёкаму», — бо СПАДАР казаў.
Абясьціце гэта меж народаў; пасьвяціцеся на вайну; пабудзіце дужасілаў; няхай дабліжацца, няхай узыйдуць усі воі; Перакуйце нарогі вашы на мячы і сярпы вашы на дзіды; слабы няхай скажа: «Я дужы». Барзьдзіце й прыходзьце, ўсі народы, адусюль, і зьбярыцеся туды; прычыні, СПАДАРУ, зыйсьці дужых Сваіх. Няхай прачхнуцца народы і ўзыйдуць на даліну Ясапатаву; бо там Я сяду судзіць усі народы навокал. Пусьціце ў рух серп, бо жніво сьпелае; прыходзьце, спусьціцеся, бо таўчэльня поўная, із скляпоў пераліваецца, бо вялікая нягоднасьць іхная. Грамады, грамады ў даліне рассудку, бо дзень СПАДАРОЎ бліжэе ў даліне рассудку. Сонца а месяц зацьмеюць, і гвезды страцяць зьзяньне сваё. І СПАДАР із Сыёну загрыміць, і выдасьць голас Свой зь Ерузаліму, і здрыгануцца нябёсы й зямля; але СПАДАР абарона люду Свайму і сіла сыном Ізраелявым. Тады даведаецеся, што Я СПАДАР, Бог ваш, што жывець на Сыёне, на сьвятой гары Сваёй; і будзе Ерузалім сьвятасьцяй, і наперад чужаземцы ня будуць праходзіць па ім.
І станецца таго дня, што з гор будзе капаць вінны сок, і з узгоркаў пацячэць малако, і ўсі рэкі Юдзіны напоўняцца вадою, і жарало выйдзе з дому СПАДАРОВАГА, і напое даліну Шытымскую. Ягіпет стане спустошаньням, і Едом будзе спустошаным сьцепам за ўціск сыноў Юдзіных, бо яны разьлівалі нявінную кроў у зямлі іхнай. Але Юда трываць будзе на векі, і Ерузалім ад пакаленьня да пакаленьня: Бо ачышчу кроў іхную, каторай не ачышчаў; і СПАДАР жывець на Сыёне.