Библия › Станкевіча › Амоса
Словы Амосавы, што быў меж аўчароў фекойскіх, каторыя ён відзеў праз Ізраеля за дзён Узя, караля Юдэйскага, і за дзён Еровоама, караля Ізраельскага, два гады перад трасеньням зямлі. І сказаў ён: «СПАДАР загрыміць із Сыёну і выдасьць голас Свой зь Ерузаліму, і сялібы пастускія будуць у жалобе, і высахне верх Кармілу».
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы Дамашку, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны малацілі зялезнымі снадзівамі Ґілеад; Але пашлю цяпло на дом Газаеляў, і зжарэць палацы Вен-Гададовы. І патрышчу завалу Дамашку, і адатну жыхараў з даліны Авен і дзяржачага ськіпетру з дому Едэнавага, і люд арамскі пойдзе ў палон да Кіра», — кажа СПАДАР.
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы Ґазы, нават за чатыры, не дарую ёй, бо яны завялі іх у палон, у палон супоўны, каб перадаць іх Едому. І пашлю цяпло на сьцяну Ґазы, і яно зжарэць палацы яе. І адатну жыхараў з Ашдоду і дзяржачага ськіпетру з Ашкелону, і зьвярну руку Сваю на Екрон, і загіне астача Пілішчан», — кажа Спадар СПАДАР.
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы Тыру, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны перадалі іх цэлым палонам Едому і ня ўспомнелі брацкае змовы; Але пашлю цяпло на сьцяну Тыру, і зжарэць палацы яго».
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы Едому, нават за чатыры, не дарую яму, бо ён перасьледаваў мячом брата свайго, здушыў у сябе спагадлівасьць, і кажначасна ірваўся ў гневе сваім, і вечна захаваў злосьць; Але пашлю цяпло на Феман, каторае пажарэць палацы Воцры».
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы сыноў Амонавых, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны распоравалі цяжарных Ґілеаду, каб магчы пашырыць граніцу сваю; Але запалю цяпло на сьцяне Раўвы, і яно зжарэць палацы яе з крыкам у дзень бітвы, зь віхром у дзень буры. І кароль іхны пойдзе ў палон, ён а князі ягоныя разам», — кажа СПАДАР.
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы Моава, нават за чатыры, не дарую яму, бо ён спаліў на вапну косьці караля Едомскага; Але пашлю цяпло на Моава, і яно зжарэць палацы Керофа, і памрэць Моаў із шумам, крыкам, гукам трубы. І адатну судзьдзю з пасярод яго, і заб’ю ўсіх князёў ягоных разам ізь ім», — кажа СПАДАР.
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы Юды, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны пагрэбавалі Правам СПАДАРОВЫМ і не дзяржалі расказаньня Ягонага, і зьвяла іх мана іхная, подле каторае хадзілі айцове іхныя; Але пашлю цяпло на Юду, і яно зжарэць палацы ерузалімскія».
Гэтак кажа СПАДАР: «За тры выступы Ізраеля, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны прадавалі справядлівых за срэбра і ўбогіх за чаравікі; Каторыя жадаюць пылу земнага на галаву бедных, а дарогу лагодных адварачаюць; і мужчына і бацька ягоны ходзяць да дзяўчыны, каб плюгавіць сьвятое імя Маё. На закладзеных адзецьцях кладуцца ля кажнага аброчніка, і віно засуджаных п’юць у доме бога свайго. Я, адылі, зьнішчыў Аморэя перад імі, каторага вышыня, як вышыня кедраў, і яны крэпкія, як дубы; Я, адылі, зьнішчыў плады ягоныя ўгары і карэньне ягонае далавах. Таксама я ўзьвёў вас ізь зямлі Ягіпецкае і вадзіў вас сорак год па пустыні, каб спала вам зямля Аморэя. І Я ўзьняў із сыноў вашых за прарокаў і з маладзёнаў вашых за назарэяў; ці ня так, сынове Ізраелявы?» — агалашае СПАДАР. «А вы далі назарэям віно піць і расказалі прарокам, кажучы: "Не праракайце". Вось, Я націсну на вас, як цялежкі ціснуць такаўню, поўную снапоўя. Затым загінуць уцекі ад хіжага, і дужы не ўмацуе моцы свае, ані магучы вывальне душу сваю, Ані страляючы з луку вытрывае, ані шыбканогі вывальніцца, ані коньнік вывальне душу сваю. І адважны сэрцам сярод дужасілаў уцячэць голы таго дня», — агалашае СПАДАР.
Слухайце слова гэтае, што СПАДАР казаў на вас, сынове Ізраелявы на ўсю радзіму, каторую Я ўзьвёў ізь зямлі Ягіпецкае, кажучы: «Адно вас Я пазнаў з усіх радзімаў зямлі, затым пакараю вас за ўсі бяспраўі вашы». Ці пойдуць два разам, калі ня зышліся? Ці равець леў у лесе, як ён ня мае здабытку? ці левянё выдаець голас свой у бярлозе, калі нічога не злавіла? Ці можа птушка лучыць у сіло на зямлі, як сіла няма на яе? ці можа сіло падняцца ізь зямлі, як нічога ня ўсілілася? Ці трубе ў месьце рог, і людзі ня дрыжаць? ці бывае ліха ў месьце, і СПАДАР ня ўчыніў? Напэўна Спадар СПАДАР нічога ня робе, не аб’явіўшы тайны слугам Сваім, прарокам. Леў зароў, — хто ня будзе баяцца? Спадар СПАДАР загукаў, — хто ня будзе праракаць? Прагаласіце ў палацах ашдодзкіх і ў палацах у зямлі Ягіпецкай і скажыце: «Зьбірайцеся на горы самарскія, і абачча вялікую сумятню сярод яе, і ўціскі сярод яе». «Бо ня ведаюць як рабіць справядліва, — агалашае СПАДАР, — каторыя ўсілствам а глабаньням зьбіраюць у палацы свае».
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Праціўнік — ён навокал зямлі, і ён адыйме ад цябе сілу тваю, і паглабаны будуць палацы твае». Гэтак кажа СПАДАР: «Як пастух ратуе зь ляпы лявінае дзьве галёнкі альбо кавалак вуха, так будуць уратаваны сынове Ізраелявы, што жывуць у Самары ў куце ложка і ў Дамашку на пасьцелі. Слухайце й сьветча ў доме Якававым, — агалашае Спадар СПАДАР, Бог войскаў: — Таго дня, каторага Я даведаюся да Ізраеля за выступы ягоныя, Я таксама даведаюся да аброчнікаў Бэт-Элю, і адцяты будуць рагі аброчніка, і зваляцца на зямлю. І Вытну дом зімовы з домам летным, і шчэзнуць дамы із сланёвае косьці, і будзе канец вялікім дамом», — агалашае СПАДАР.
Слухайце словы, каровы вашанскія, каторыя на гары Самарскай, што ўціскаеце бедных, трышчыце ўбогіх, што кажаце гаспадаром сваім: «Прынясі, і будзем піць». Прысягнуў Спадар СПАДАР сьвятасьцю Сваёю, што, гля, настануць дні на вас, што Ён возьме вас крукамі й патомкаў вашых вудамі. «І выйдзеце кажная асобна пераз праломы, і кінеце ў Гармоне», — агалашае СПАДАР. «Прыйдзіце да Бэт-Элю й рабіце выступы; у Ґілґале размножча выступ і прыносьце кажнае раніцы аброкі свае, трэйцяга году дзесяціны свае. І паліце аброкі падзякі зь кіслым, і абяшчайце, агалашайце самахотныя аброкі, бо гэта вы любіце, сынове Ізраелявы», — агалашае Спадар СПАДАР. «І Я таксама даў вам чысьціню зубоў у вусіх местах вашых і ў жадобу хлеба ў вусіх месцах вашых; вы, адылі, не навярнуліся да Мяне», — агалашае СПАДАР. «І Я таксама запыніў ад вас дождж за тры месяцы да жніва, і паліў дождж на адно места, а на другое не паліў; адна дзялёнка была намочана дажджом, а дзялёнка, што дождж не паліў, сохла. Дык два, тры месты цягнуліся да аднаго места, каб піць ваду, але не маглі досыць напіцца; вы, адылі, не навярнуліся да Мяне», — агалашае СПАДАР. «Выцяў вас іржою а цьвільлю; множасьць садоў вашых а вінішчаў вашых а фіґаў вашых а аліўкаў вашых пажэрла вусень, вы, адылі, не навярнуліся да Мяне», — агалашае СПАДАР. «Паслаў на вас ліпучку подле спосабу ягіпецкага, забіваў маладзёнаў вашых мячом, і забіраў у палон коні іхныя, і прычыніў, што смурод із табараў вашых ішоў у ноздры вашы; вы, адылі, не навярнуліся да Мяне», — кажа СПАДАР. «Вывярнуў вас, як Бог вывярнуў Содому а Ґомору, і вы былі, як галавешка, уратаваная з пажару; вы, адылі, не навярнуліся да Мяне», — агалашае СПАДАР.
«Затым гэтак Я зраблю табе, Ізраелю; дык прыгатуйся наўпярэймы Бога Свайго, Ізраелю!» Бо, гля, Ён Тый, што хармуе горы і твора вецер, і наказуе людзіне што за думка Ягоная, што абарачае раніцу ў цямноту й ступае па ўзвышшах зямлі; СПАДАР, Бог войскаў, імя Ягонае.
Слухайце слова гэтае, у каторым я падыймаю на вас галашэньне, доме Ізраеляў: «Павалілася, ня ўстане ўжо, маладуха Ізраелява кінецца на зямлю сваю, няма каму падняць яе»;
Бо гэтак кажа Спадар СПАДАР: «У месьце, з каторага выходзіла тысяча, застанецца сто, і ў тым, з каторага выходзіла сто, застанецца дзесяць дому Ізраельскаму»;
Бо гэтак кажа СПАДАР дому Ізраеляваму: «Шукайце Мяне, і вы будзеце жыць. Але ня шукайце Бэт-Элю ані ўсходзьце да Ґілґалу, ані да Беер-Шэвы пераходзьце; бо Ґілґал канечне пойдзе ў палон, і Бэт-Эль зыйдзе на нішто». Шукайце СПАДАРА — і будзеце жыць, каб Ён ня выбух, як цяпло, у доме Язэпавым, і пажэр, і ня было каму згасіць у Бэт-Элю. Вы, што абарачаеце ў палын суд, і справядлівасьць на зямлю кідаеце, Шукайце Таго, што ўчыніў сем гвездаў а Касцы, і абарачае ў раньне цень сьмерці, і робе дзень цемным як ноч, што прыгукае воды морскія і вылівае іх на зьверх зямлі; СПАДАР імя Ягонае; Што змацняе глабаньніка супроці дужога, так што глабаньнік прыйдзе на горад.
Яны ненавідзяць таго, хто гане ў браме, і брыдзяцца тым, хто гукае беззаганна. Дык за тое, што топчацеся па бедных і бярыце ад іх бярэма пшонкі, вы пастанавілі дамы з часанага каменя, але ня будзеце жыць у іх, засадзілі прыемныя вінішчы, але ня будзеце піць віна іх; Бо Я ведаю чысьленыя выступы вашы й цяжкія грахі вашы: уціскаюць справядлівага, бяруць лапаны і адпіхаюць бедных у браме. Затым разумны ў гэтым часе маўчыць, бо гэта час благі. Шукайце дабра, а ня ліха, каб вы маглі жыць; і гэтак СПАДАР, Бог войскаў, будзе з вамі, як вы гукаеце. Ненавідзьце ліха й любіце дабро, устанавіце суд у браме; можа СПАДАР, Бог войскаў, будзе ласкавы да астачы Язэпавае.
Затым гэтак кажа СПАДАР, Бог войскаў, Спадар: «На ўсіх вуліцах жалоба, і будуць казаць на ўсіх гасьцінцах: "Авохці! авохці!" і прыгукаюць ралейніка да жалобы і ўмеючых пахоўныя песьні — плакаць! І ў вусіх вінішчах будзе жалоба, бо Я прайду сярод цябе», — кажа СПАДАР.
Бяда вам, каторыя зычыце дня СПАДАРОВАГА! Нашто вам гэты дзень СПАДАРОЎ? ён — цямнота, а не сьвятліня, — Як калі людзіна ўцячэць ад лява — і мядзьведзь пярэйме яе, і ўвыйшоў у дом, і аперся рукою сваёю аб сьцяну — і гад укусіў бы яго. Хіба не цямнота дзень СПАДАРОЎ, а сьвятліня? цемрадзь і ніякага бліску ў ім. «Ненавіджу Я, грэбую сьвятамі вашымі і ня буду нюхаць аброкаў на ўрочыстых зборах вашых. Хоць вы абракаеце Імне ўсепаленьні а хлебныя аброкі вашы, Я ня зычу ані зірну на супакойныя аброкі вашы з укормленае жывёлы. Здаль ад Мяне вераск песьняў сваіх, і гуку гусьляў тваіх Я ня буду слухаць. Але няхай цячэць, як вада, суд, і справядлівасьць — як магучы цурэй. Аброкі а дары ці бліжылі вы Імне на пустыні сорак год, доме Ізраеляў? Але вы насілі будку Молаха вашага й Кіюна, абразы вашы, гвязду бога вашага, каторыя самы сабе рабілі. За тое Я прычыню, што вы пойдзеце ў палон за Дамашк», — кажа СПАДАР, каторага імя Бог войскаў.
Бяда нярупатлівым на Сыёне й тым, што спадзяюцца на гару Самарскую, менаваным галоўнымі з народаў, да каторых прышоў дом Ізраеляў! Зайдзіце да Кальны й абачча, а стуль ідзіце да вялікага Гамафу, тады спусьціцеся да Ґафу Пілісцкага: ці яны лепшыя за гэтыя каралеўствы? або граніца іхная большая за граніцу вашу? Вы, што ўважаеце благі дзень за далёкі й прычыняеце, што седава ўсілства бліжэе; Што ляжыце на ложках із сланёвае косьці, што вылягаецеся да сваіх пасьцелях і ясьце ягняты з чарады, а цяляты з хлеву; Што брынкаеце на гусьлях, як Давід, вынаходзіце сабе музыцкія снадзі; Што п’іце віно вялікімі коўнямі і мажацеся найпершымі масьцямі, але ня немарасьціцеся празь няшчасьце Язэпа! За тое цяпер пойдуць яны палоненікамі на чале палоненікаў, і чэсьць ад тых, што вылягаліся, аддалена. «Прысягнуў Спадар СПАДАР Душою Сваёю, — агалашае СПАДАР, Бог войскаў: — Брыджуся пыхаю Якававаю й ненавіджу палацы ягоныя; і выдам места а паўніню яго». І станецца, што калі ў вадным доме застанецца дзесяцёх чалавекаў, яны памруць. І возьме яго дзядзька ягоны, і спале яго, каб вынесьці косьці ягоныя з дому, і скажа таму, што ля бакоў дому: «Ё яшчэ які ў цябе?» І гэты скажа: «Няма». Тады ён скажа: «Ся! бо ня маюць менаваць імені СПАДАРОВАГА»;
Бо гля, СПАДАР расказуе й вытне вялікі дом раськепінамі, а малы дом шчэлінамі. Ці пабягуць коні па скале? ці аруць яе на валох? Бо вы абярнулі суд у ватруту і плады справядлівасьці ў палын, Вы, што цешыцеся зь нічога, што кажаце: «Ці не сваёю сілаю мы прыдбалі сабе рогі?» «Але, вось, Я падыйму на вас, доме Ізраеляў, — агалашае СПАДАР, Бог войскаў, — народ, і яны будуць уціскаць вас ад уходу ў Гамаф аж да цур’я пустыні».
Гэтак Спадар Бог паказаў імне: і вось, Ён ухармаваў казельчыкі на пачатку росту атавы, і гля, атава была па касьбе каралеўскай. І сталася, як яны скончылі есьці траву на зямлі, то я сказаў: «Спадару СПАДАРУ! даруй, малю Цябе, чым падыймецца Якаў? бо ён малы». Шкадаваўся СПАДАР гэтага: «Ня будзе гэтага», — сказаў СПАДАР.
Гэтак Спадар СПАДАР паказаў імне: і вось, Спадар СПАДАР гукаў ваяваць цяплом, і яно пажэрла вялікую глыбіню, і зьела тую часьць. І сказаў я: «Спадару СПАДАРУ, спыні, малю Цябе, чым падыймецца Якаў? бо ён малы», Шкадаваўся СПАДАР гэтага: «Ня будзе гэтага», — сказаў Спадар БОГ.
Гэтак Ён паказаў імне: і вось, Спадар стаяў на стацьцявой сьцяне і з праўдаю ў руццэ Сваёй. І сказаў СПАДАР імне: «Што бачыш, Амосе?» І я сказаў: «Праўду». Тады сказаў Спадар: «Вось, павешу праўду сярод люду Свайго Ізраельскага: наперад ля іх не прайду. І ўзвышшы Ісаковы спустошаны будуць, і сьвятыні Ізраелявы абураны будуць, і Я паўстану зь мячом на дом Еровоамоў».
І паслаў Амася, сьвятар бэтэльскі, да Еровоама, караля Ізраельскага, кажучы: «Амос змовіўся на цябе сярод дому Ізраелявага; ня можа зямля цярпець усіх словаў ягоных; Бо гэтак Амос казаў: "Еровоам памрэць ад мяча, і Ізраель канечне будзе выведзены палоненікам ізь зямлі свае"».
І казаў Амася Амосу: «Відзеньніча, ідзі, уцякай сабе да зямлі Юдэйскае, і еж там хлеб, і там праракай Але ў Бэт-Элю болей не праракай, бо ён сьвятыня каралёва й двор каралеўскі». І адказаў Амос, і сказаў Амасі: «Не прарока я ані сын прарокаў я, але я стаднік і зьбіраю сыкоморы; І ўзяў мяне СПАДАР з адзаду чарады авец, і СПАДАР сказаў імне: "Ідзі, праракай люду Майму, Ізраелю". Дык цяпер слухай слова СПАДАРОВА: ты кажаш: "Не праракай праз Ізраеля й не кажы казаняў на дом Ісакоў". За гэта гэтак кажа СПАДАР: "Жонка твая будзе бязуляю ў месьце, а сынове твае а дачкі твае паваляцца ад мяча, і зямля твая будзе падзелена меральным паварозам, і ты памрэш у сплюгаўленай зямлі, і Ізраель канечне пойдзе ў палон ізь зямлі свае"».
Гэтак Спадар СПАДАР паказаў імне: і вось, сутнік летнае садавіны. І сказаў Ён: «Што ты бачыш, Амосе?» І я сказаў «Сутнік летнае садавіны». Тады сказаў СПАДАР імне: «Канец прышоў люду Майму Ізраелю: ня буду ўжо зыходзіць да яго. І таго дня песьні палацу будуць выючымі, — агалашае Спадар СПАДАР; — шмат будзе трупоў на кажным месцу, іх будуць кідаць моўчыкам».
Слухайце гэта вы, што глытаеце ўбогіх, каб бедныя перасталі быць на зямлі, Кажучы: «Як мінець маладзік, і будзем прадаваць збожжа? і сыбота, і адчынім пшонку, меншачы ефу й павялічаючы цану сыкля, ашукаю хвальшуючы вагу, Каб мы маглі купляць бедных за срэбра а ўбогіх за чаравікі, а прадаваць адпадкі пшонкі». Прысягнуў СПАДАР вяліччам Якававым: «Ніколі не забудуся ўсіх учынкаў іхных! Ці не захістаецца ад гэтага зямля, і не заплача кажны жывучы на ёй? І падыймецца ўся яна як цурэй, і ўсхвалюецца, і затопе, як цурэй ягіпецкі.
І станецца таго дня, — агалашае Спадар СПАДАР, што Я зьдзею заход сонца ў палудзень і зацямню зямлю серадня, І абярну сьвяты вашы ў жалобу і ўсі песьні вашы ў галашэньне, і ўзлажу зрэбніну на ўсі сьцёгны і лысіну на кажную галаву, і зьдзею гэта, як жалобу па адзіным, і канец яе — як гаркі дзень.
Вось, настануць дні, — агалашае Спадар СПАДАР, — і Я пашлю галадоў на зямлю, — не галадоў хлеба ані смагу вады, але галадоў слухаць словы СПАДАРОВЫ. І будуць бадзяцца ад мора аж да мора і з поўначы аж на ўсход, будуць бегаць туды-сюды шукаць слова СПАДАРОВАГА, але ня знойдуць. Таго дня прыгожыя дзеўкі й дзяцюкі памлеюць ад смагі, Тыя, што прысягаюць віною самарскаю й кажуць: "Жыў бог твой, Дане!" і "Жыва дарога да Веер-Шэвы!" — паваляцца й ніколі ня ўстануць».
Бачыў я Спадара, на аброчніку стаячага, і сказаў Ён: «Вытні ў клямку, і затрасуцца парогі, і расьсячы па галаве ўсіх іх, апошняга зь іх Я заб’ю мячом: тый зь іх, што ўцякае, не ўцячэць, і хто хаваецца зь іх, не схаваецца. Хоць бы яны закапаліся ў шэолю, стуль рука Мая возьме іх; хоць бы яны ўзьлезьлі на неба, стуль Я зьвяду іх. І хоць бы яны схаваліся на версе Кармілу, асачу а вазьму іх стуль; хоць бы схаваліся ад аччу Маіх на дне мора, і там раскажу гаду, і ён укусе іх. Хоць бы яны пайшлі ў палон перад непрыяцельмі сваімі, там раскажу мячу, і ён заб’ець іх; і зьвярну вочы Свае на іх на ліха, а не на дабро»; І Спадар СПАДАР войскаў ё тый, што даткнецца да зямлі, і яна стае, і заплачуць усі жывучыя на ёй, і падыймецца ўся яна, як цурэй, і апусьціцца, як цурэй ягіпецкі. Тый, што збудаваў сьвятліцы Свае на нябёсах і збор свой на зямлі заклаў, прыгукае воды морскія і вылівае іх на зьверх зямлі; СПАДАР імя ягонае.
«Ці не такія, як сынове Ефіоплян, вы да Мяне, сынове Ізраелявы?» — агалашае СПАДАР. Ці ня Я вывеў Ізраялян ізь зямлі Япіпецкае і Пілішчан — із Кафтору і Арамлян — ізь Кіру? Вось, вочы Спадара СПАДАРА — на грэшным каралеўстве, і Я выгублю яго ізь зьверху зямлі, хоць ня супоўна выгублю дом Якаваў, — агалашае СПАДАР; — Бо, гля Я раскажу й рассыплю дом Ізраеляў меж усіх народаў, як сеюць у рэшаце, ня зваляцца зярняты на зямлю. Ад мяча памруць усі грэшнікі люду Майго, Каторыя кажуць: "Не дабліжыцца ані пярэйме нас ліха". Таго дня Я адбудую ўпалую будку Давідаву, зараблю шчэліны ў ёй, і разбуранае адбудую, і адбудую яе, як за старавечных дзён, Каб адзяржалі астачу Едому і ўсі народы, над каторымі было гукана імя Мае», — агалашае СПАДАР, Каторы зробе гэта.
«Вось, настануць дні, — агалашае СПАДАР, што араты насьпее жняю, а таўчэньнік віна — сяўбіта; і з гор будзе капаць вінны сок, і ўсі ўзгоркі растаяць. І зьвярну палон люду Свайго Ізраеля, і адбудуюць запусьцелыя месты, і будуць жыць; і пасадзяць вінішчы, і будуць піць віно іх, і засадзяць сады, і будуць есьці садавіну іх. І пасаджу іх на зямлі іхнай, і ня будуць болей вырываць іх ізь зямлі іхнае, што Я даў ім», — кажа СПАДАР Бог твой.