Библия › Станкевіча › Сохоні
Слова СПАДАРОВА, што было да Сохоні, сына Хусі, сына Ґедалі, сына Аморы Гэзэчонка за дзён Ёсі Амонёнка, караля Юдэйскага. «Супоўна зьнішчу ўсе зь віду зямлі, — агалашае СПАДАР: — Зьнішчу людзіну й статак; зьнішчу птушкі нябёсныя і рыбу морскую, і спадманы нягоднікаў; і адатну чалавека ізь зямлі, — агалашае СПАДАР. І выцягну руку Сваю на Юдэю і на ўсіх жыхараў Ерузаліму; і адатну з гэтага месца астачу Ваала, і імя службітоў балвановых ізь сьвятарамі, І тых, што кланяюцца на стрэхах войску нябёснаму, і тых, што кланяюцца і што прысягаюць СПАДАРОМ, і што прысягаюць каралём сваім, І тых, што адвярнуліся ад СПАДАРА, і тых, што ня гукалі СПАДАРА ані пыталіся празь Яго». Змоўкні ў прытомнасьці Спадара СПАДАРА, бо блізка дзень СПАДАРОЎ, бо прыгатаваў СПАДАР аброк, пасьвяціў пазваных сваіх.
І станецца ў дзень аброку СПАДАРОВАГА: «Я даведаюся да князёў а да сыноў каралеўскіх а да таковых, што адзяюцца ў вадзецьце чужаземскае; Таго самага дня даведаюся да ўсіх тых, што скачуць пераз парог, што напаўняюць дамы гаспадара свайго ўсілствам а ашукаю.
І станецца таго дня, — агалашае СПАДАР, — гук галашэньня ад Рыбнае брамы, і вык ад другое, і вялікі грукат ад узгоркаў. Выйце, жыхары Мактэшу, бо ўвесь канаанскі люд будзе сьцяты, усі абешаныя срэбрам выгублены.
І станецца ў тым часе, што Я ізь сьвечкамі прасачу Ерузалім і даведаюся да людзёў, што ськісьлі на бузе сваёй, што кажуць у сэрцу сваім: "СПАДАР ня робе ані дабра, ані ліха". І маемасьць іхная стане здабыткам, а дамы іхныя — спусьценьням; пастановяць дамы, але ня будуць жыць у іх; і пасадзяць вінішчы, але ня будуць піць віна зь іх». Блізка вялікі дзень СПАДАРОЎ, блізка й вельма барзьдзіць; чуваць голас дня СПАДАРОВАГА; дужасіл там горка загалосе. Дзень гневу дзень тый, дзень немарасьці а гароты, дзень выгубленьня а спустошаньня, дзень болак а туману, Дзень трубы а гуку на ўмацаваных местах а на высокіх вежах. І прывяду гароту на людзёў, і яны будуць хадзіць, як нявісныя, бо яны ізграшылі супроці СПАДАРА; і кроў іхная будзе выліта, як пыл, і цела іхнае, як гной. Ані срэбра іхнае, ані золата іхнае ня зможа вывальніць іх у дзень гневу СПАДАРОВАГА, але агнём завісьці Ягонае пажэрта будзе ўся зямля, бо канец, ды борзды, зробе ўсім жыхарам гэтае зямлі.
Зьбярыцеся а зьбярыцеся, бессаромны народзе, Уперад чымся народзіцца права — як умецьце мінець дзень — уперад чымся палкі гнеў СПАДАРОЎ прыйдзе на вас, уперад чымся прыйдзе на вас дзень гневу СПАДАРОВАГА. Шукайце СПАДАРА, усі лагодныя на зямлі, што поўніце суд Ягоны; шукайце справядлівасьці, шукайце лагоднасьці, можа вы схаваецеся ў дзень гневу СПАДАРОВАГА; Бо Ґаза будзе пакінена, і Ешкелон спустошаны, Ашдод у палудзень выгнаны, і Екрон будзе выкаранены.
Бяда жыхарам морскага ўзьбярэжжа, народу Крыцкаму! Слова СПАДАРОВА на вас, Канааняне, зямля Пілішчан! Я загублю цябе, і ня будзе там жыхара. І будзе морскі бераг селішчам, пячорамі пастухом і абораю чародам. І будзе ўзьбярэжжа астачы дому Юдзінага, будуць пасьціць на ім, у дамох Ашкелону будуць супачываць ўвечары, як даведаецца да іх СПАДАР, Бог іхны, і верне палон іхны. «Чуў Я наругі Моававы і вярненьні сыноў Амонавых, каторымі яны наругаліся люду Майму і вяльмуваліся на граніцы іхнай. Затым жыў Я, — агалашае СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў, — канечне Моаў будзе, як Содома, і сынове Амонавы — як Ґомора, месцам крапівы а сольнаю ямаю а пустынёю на векі; астача люду Майго аглабае іх, і засталым люду Майго спадуць яны». Гэта ім за пыху іхную, за тое, што наругаліся й вяльмуваліся перад людам СПАДАРА войскаў. Страшны будзе СПАДАР ім, бо схудаюць усі багі зямлі, і Яму паклоніцца кажны на сваім месцу, нават усі абтокі народаў. І вы, Ефіопляне, выбіты будзеце мячом Маім. І Ён выцягне руку Сваю на поўнач, выгубе Асыру і спустоша Ніневу, зробе сухой, як пустыню. І чароды будуць класьціся сярод яе, і ўсі зьвяры народаў, і пэлікан а сава на абсадах яе будуць начаваць, у вокнах голас іхны будзе разьлягацца; спустошаньне будзе ў парогах, бо адарвуць кедравую шалёўку іх. Во места, што цешыцца, што жывець нядбайна, што кажа ў сэрцу сваім: «Я, і няма нікога побач мяне». Як яно стала спустошаным, месцам жывёле! Кажны, праходзячы ля яго, сьвісьне і махнець рукою.
Бяда нячыстаму а сплюгаўленаму, месту ўціскаючаму: Ня слухала голасу, ня прыймала навукі, на СПАДАРА не спадзявалася, да Бога свайго ня бліжылася. Князі ягоныя сярод яго — равучыя лявы, судзьдзі ягоныя — вячэрныя ваўкі, ня кідаюць аж да раньня. Прарокі ягоныя — людзі распусныя а ізрадлівыя, сьвятарове ягоныя сплюгавілі сьвятыню, узрушылі закон. СПАДАР справядлівы сярод яго, ня будзе рабіць бяспраўя; кажнае раніцы выносе суд Свой на сьвятліню, бесьперастанку; але несправядлівы ня знае сораму. «Я сьцяў народы; абурыў вежы іхныя; зрабіў пустымі вуліцы іхныя, ніхто не праходзе па іх; зьнішчыў месты іхныя, ажно там няма людзіны, няма жыхара, Я казаў: "Напэўна будзеш баяцца Мяне, прыймеш навуку", дык ня была б аднята сяліба твая, чым бы Я ні пакараў іх; але яны ўсталі рана, папсавалі ўсі ўчынкі свае. Затым чакайце мяне, — агалашае СПАДАР, — да тога дня, калі Я паўстану на здабытак, бо суд Мой — зьберці народы, загарнуць каралеўствы, каб выліць на іх абурэньне Сваё, увесь Свой палкі гнеў, бо цяплом рупатлівасьці Мае будзе пакрыта ўся зямля. Бо тады Я зьвярну люду гэтаму чыстую мову, каб усі прыгукалі імя СПАДАРОВА, служылі яму поплеч. Із-за рэкаў Ефіопы сьціцелі Мае — дачка разьвеяных Маіх — прынясуць Імне аброк Мой. Таго дня ты ня будзеш паганьбена за ўсі ўчынкі свае, каторымі ты выступіла супроці Мяне, бо тады Я адыйму з пасярод цябе тых, што цешацца ў гордасьці сваёй, і ты ня будзеш больш вяльмувацца на сьвятой гары Маёй. Пакіну сярод цябе люд бедны а ўбогі, і яны будуць здавацца на імя СПАДАРОВА. Астача Ізраеля ня будзе рабіць бяспраўя ані гукаць маны, ані знойдзецца ў вуснах іхных язык ашукны, бо яны будуць пасьціцца а супачываць, і ніхто не зьлякае».
Пяі, дачка Сыёну! гукай, Ізраелю! весяліся а цешся з усёга сэрца, дачка Ерузаліму! СПАДАР адцяў суды твае, выкінуў непрыяцеляў тваіх; кароль Ізраеляў, СПАДАР, сярод цябе: ужо ня будзеш баяцца ліха.
Таго дня скажуць Ерузаліму: «Ня бойся, Сыёне, няхай ня млеюць рукі твае. СПАДАР, Бог твой, сярод цябе, дуж вывальніць; будзе цешыцца зь цябе ў радасьці, спыніцца на любосьці да цябе, пяцьцём будзе цешыцца зь цябе. Тужачых па прызначаных зборах Я зьбер; ад цябе яны былі, цяжар сораму на табе. Во што Я зраблю з усімі мукарамі тваімі ў тым часе: захаваю кульгавую і зьбяру выгнаную, і зраблю іх хвалою а славаю на кажнай зямлі, ідзе былі ў сораме. У тым часе прывяду вас, нават у тым часе зьбяру вас; бо Я ўчыню вам імя а хвалу меж усіх людаў зямлі, як зьвярну назад палон ваш перад ачыма вашымі», — кажа СПАДАР.