Библия › Станкевіча › Гаґея
Другога году караля Дара, шостага месяца, першага дня месяца, было слова СПАДАРОВА Гаґеям прарокам Зэрувавелю Шэалфіеленку, вайводзе Юдэі, а Ігошуі Егосадачонку, найвышшаму сьвятару, кажучы: «Гэтак кажа СПАДАР войскаў, кажучы: "Гэты люд кажа: ’Ня прышла пара, пара, каб станавіць дом СПАДАРОЎ’"».
Тады было слова СПАДАРОВА Гаґеям прарокам, кажучы: «Ці пара вам жыць у шаляваных дамох, а гэты дом спустошаны?» Затым цяпер гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Зьвярніце сэрца сваё да дарогаў сваіх. Вы сееце шмат, але зьбіраеце мала; ясьце, але вам ня досыць; п’іце, але не праганяеце смагі; адзяіцеся, але вам ня цёпла; хто зарабляе плату, зарабляе да дзіравага капшука».
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Зьвярніце сэрца сваё да дарогаў сваіх. Узыйдзіце на гару, і вазіце дзерва, і станавіце дом; і Я буду прыяць яму, і ўслаўлюся, — кажа СПАДАР. — Глядзіце, каб было шмат, а гля, мала; і як прыносіце двору, Я разьвею тое. Чаму? — агалашае СПАДАР войскаў: — За дом Мой, што спустошаны, а вы бяжыце кажны да дому свайго. Затым неба над вамі заставалася без расы, і зямля заставалася бяз плоду. І Я прыгукаў сухмень на зямлю а на горы а на збожжа а на вінны сок а на аліву а на тое, што выдаець зямля, а на людзёў а на статак а на ўсю гарапашнасьць рук».
І паслухалі Зэрувавель Шэалфіеленак а Ігошуа Егосадачонак, найвышшы сьвятар, і ўся астача люду голасу СПАДАРА, Бога свайго, і слоў Гаґея прарокі, бо СПАДАР, Бог іхны, паслаў яго, і люд баяўся СПАДАРА.
І сказаў Гаґей, пасланец СПАДАРОЎ, з паручэньня СПАДАРОВАГА да люду, кажучы: «Я з вамі», — агалашае СПАДАР. І ўзрушыў СПАДАР дух Зэрувавеля Шэалфіеленка, вайводы Юдэі, а дух Ігошуі Егосадачонка, найвышшага сьвятара, а дух усяго засталага люду, і яны прышлі, і рабілі работу ў доме СПАДАРА войскаў, Бога свайго,
Дваццаць чацьвертага дня шостага месяца, другога году караля Дара.
Сёмага месяца, дваццаць першага дня месяца, было слова СПАДАРОВА Гаґеям прарокам, кажучы: «Скажы цяпер Зэрувавелю Шэалфіеленку, вайводзе Юдэі, а Ігошуі Егосадачонку, найвышшаму сьвятару, а астачы люду, кажучы: "Хто застаўся меж вас, што бачылі дом гэты ў першай яго славе? і якім вы бачыце яго цяпер? ці ня ё ён у вачох вашых супроці таго як нішто? Цяпер, адылі, будзь дуж, Зэрувавелю, — агалашае СПАДАР, — і будзь дуж Ігошуа Егосадачонку, найвышшы сьвятару, і будзь дуж увесь люд зямлі, — агалашае СПАДАР, — і рабіце; бо Я з вамі, — агалашае СПАДАР войскаў. — Подле слова, каторым Я ўмовіўся з вамі, як вы вышлі зь Ягіпту, дух Мой меж вас: ня бойцеся";
Во гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Яшчэ раз, ды неўзабаве, і Я патрасу нябёсы й зямлю, мора й сушу; І патрасу ўсі народы, і прыйдзе жаданьне ўсіх народаў, і напоўню дом гэты славаю, — кажа СПАДАР войскаў. — Маё срэбра й Маё золата, — агалашае СПАДАР войскаў. Большая будзе слава гэтага дому апошняга за першага, — кажа СПАДАР войскаў; — і на гэтым месцу Я дам супакой", — агалашае СПАДАР войскаў».
Дваццаць чацьвертага дня дзявятага месяца, сёмага году Дара, было слова СПАДАРОВА Гаґею прароку, кажучы: «Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Папытайся цяпер у сьвятароў праз Закон, кажучы: ’Калі хто нёс пасьвячанае мяса ў крысе адзецьця свайго і даткнуўся крысом сваім да хлеба, або да стравы, або да віна, або да алівы, да якое-колечы ежы, ці будуць яны пасьвячаныя?’"» І сьвятарове адказалі: «Не». І сказаў Гагей: «Калі даткнецца нячыстае да чаго-колечы з гэтых, ці сплюгавяцца яны?» І адказалі сьвятарове, і сказалі: «Яны сплюгавяцца». І адказаў Гаґей, і сказаў: «Так гэты люд, і так гэты народ перад Імною, кажа СПАДАР, і так кажная работа рук іхных; і што яны абракаюць там — нячыстае. І цяпер зьвярніце ж сэрцы вашыя адгэтуль і наперад перш чымся пакладзены камень на каменю ў палацу СПАДАРОВЫМ. Бывала, як хто прыходзіў да груду дваццацёх мераў, было там дзесяць; як хто прыходзіў да таўчэльні ўтачыць пяцьдзясят судзінаў з таўчэльню, было там дваццаць. Разіў Я вас сухмянём а іржою а градам усю работу рук вашых, але вы не навярнуліся да Мяне, — агалашае СПАДАР. — Зьвярніце ж сэрцы вашы адгэтуль і наперад, ад дваццаць чацьвертага дня дзявятага месяца, ад дня, каторага под палацу СПАДАРОВАГА закладзены, зьвярніце сэрцы вашы: Ці ё яшчэ сяўба ў сьвірне? і яшчэ віно а фіґа а гранатовае дзерва а аліўнае дзерва, каторыя не далі плоду; ад гэтага дня Я падабраслаўлю».
І было слова СПАДАРОВА ўдругава Гаґею дваццаць чацьвертага дня месяца, кажучы: «Кажы Зэрувавелю, вайводзе Юдэі, кажучы: "Я страсану нябёсы й зямлю; Я абярну пасад каралеўстваў і выгублю сілу каралеўстваў народаў, і вывярну цялежкі й тых, што едуць у іх, і паваляцца коні й коньнікі іх, кажны мячом брата свайго. Таго дня, — агалашае СПАДАР войскаў, — Я вазьму цябе, Зэрувавелю Шэалфіеленку, слуга Мой, — агалашае СПАДАР, — і зраблю цябе, як пячаць, бо цябе Я абраў"», — агалашае СПАДАР войскаў.