Першае апавяданьне, о Тэахвіле, (я) напісаў пра ўсё, што Ісус рабіў і чаму навучаў, аж па той дзень (у які) быў узьнесены, даўшы праз Духа Сьвятога наказы Апосталам, якіх (Ён) выбраў, якім і зьявіў Сябе жывым пасьля пакуты Сваёй са многімі доказамі, на праця́гу сарака дзён зьяўляючыся ім ды кажучы пра Валадарства Бога. І сабраўшы (іх) загадаў ім: зь Ярузаліму ня выходзіць, але чакаць абяцаньне Ба́цькі, якое (вы) чулі ад Мяне; бо Яан хрысьціў у вадзе, а вы будзеце ахрышчаны ў Духу Сьвятым пасьля прашэсьця нямногіх гэтых дзён. Дык яны, зыйшоўшыся ра́зам, пыталіся ў Яго, кажучы: Госпадзе! ці ня ў гэтым часе аднаўляеш (Ты) Валадарства Ізраэлю? А (Ён) сказаў ім: ня вам ведаць (канкрэтныя) часы ды (канкрэтныя) по́ры, якія Бацька паклаў ва Ўладзе Сваёй. Але (вы) прымеце сілу зыйшоўшага на вас Сьвятога Духа, і будзеце Мне сьведкамі ў Ярузаліме і ва ўсёй Юдэі і Самары, і нават да краю зямлі. І сказаўшы гэта (Ён) быў узьнесены на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго з вачэй іхных. І калі (яны) углядаліся на неба падчас ушэсьця Ягонага, і вось два мужчыны станулі перад імі ў белым адзеньні, якія і сказалі: мужчыны галілейцы! што (вы) стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, забраны ад вас на Неба, прыйдзе такім жа чынам, як (вы) бачылі Яго ўзыходзячым на Неба. Тады (яны) вярнуліся ў Ярузалім з гары называнай Аліваў, што непадалёк ад Ярузаліму ў (адлегласьці) суботняга ходу. І калі прыйшлі, падняліся ў верхні пакой, дзе і засталіся: Пётра і Якуб і Яан, і Андрэй, Піліп і Хама, Барталамей і Мацьвей, Якуб Алхвеяў і Сымон Зілот, ды Юда, (брат) Якуба. Усе яны аднадушна былі ў малітве і маленьні (разам) з жанчынамі ды з Марыляю, маткай Ісусавай ды з братамі Ягонымі. І ў гэныя дні Пётра, устаўшы пасярод вучняў, сказаў — а была грамада людзей разам каля ста дваццацёх: мужчыны браты! належала споўніцца Пісаньню гэтаму, якое прадказаў Дух Сьвяты праз вусны Давідавыя пра Юду, які стаў павадыром тых, што схапілі Ісуса, бо (ён) быў залічаны да нас і атрымаў удзел у служэньні гэтым, ён жа атрымаў зямлю як узнагароду за няправеднасьць і раздуўшыся рынуўся, і лопнуў жывот (ягоны), і вываліліся ўсе вантробы ягоныя. І стала вядомым (гэта) усім жыхара́м Ярузаліму, так што зямля тая на іхняй роднай гаворцы завецца Акельдама́, што значыць зямля крыві. Бо напíсана ў Кнізе Псальмаў: хай двор ягоны стане пустым, і няхай ніхто ня жыве ў ім; і: пасад ягоны хай прыйме іншы. Дык трэба, каб із тых мужчын, што былі з намі праз увесь час, як прыходзіў і адыходзіў ад нас Госпад Ісус, пачаўшы ад хрышчэньня Яанавага ажно да дня, калі (Ён) быў узьнесены ад нас, — які быў разам з намі сьведкай уваскрасе́ньня Ягонага, — (выбраць) аднаго зь іх. І паставілі двух: Язэпа, званага Барсабай, празванага Юстам, і Мацьвія і, памаліўшыся, (яны) сказалі: Ты, Госпадзе, Які ведаеш сэрца ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, каго (Ты) выбраў прыняць удзел у служэньні гэтым і Апо́стальстве, ад якога адступіўся Юда, каб ісьці ў сваё мейсца. І кінулі жэрабе аб іх, і выпала жэрабе на Мацьвія, і (ён) быў далучаны да адзінаццацёх Апосталаў.
І як настаў дзень Пяцідзясятніцы, былí ўсе аднадушна разам. І раптам зьявіўся зь неба шум, як бы ад наляцеўшага моцнага ветру, ды напоўніў увесь дом, дзе яны былí. І зьявіліся ім падзе́леныя языкі, быццам агнявыя, і апусьціліся па аднаму на кожнага зь іх. І былí напоўнены ўсе Духам Сьвятым і пача́лі гаварыць другімі мовамі, як Дух даваў ім прамаўляць. Былі ж у Ярузаліме прыйшоўшыя жыды, мужчыны на́бажныя, са ўсякага народу пад небам. І як загучаў гэты голас, сабраліся людзі і былі прыведзены ў зьдзіўленьне, бо чулі іх кожнага гаварыўшых на ягонай гаворцы. І здумяваліся ўсе і дзіваваліся, кажучы адзін аднаму: усе гэтыя, што гавораць, ці ня галілейцы? Як жа мы чуем кожны сваю гаворку, у якой народжаны? Парты і мідзяне, і эляміты, і жыхары Мэзапатамы, Юдэі і Каппадокі, Понту і Азіі, Прыгі і Памхвілі, Ягіпту і часьцяў Лібы, сумежных з Кірэнаю, ды прыходжыя рымляне, жыды і наверненыя, крыцяне і арабы, чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра Веліч Бога! І здумяваліся ўсе і зьдзіўлена гаварылі адзін аднаму, кажучы: што ж гэта можа быць? Іншыя ж, насьмяхаючыся, казалі: яны напіліся салодкага віна. Але Пётра ўстаўшы з адзінаццацьма, узвысіў голас свой і прамовіў да іх: мужчыны жыдоўскія і ўсе жыхары Ярузаліму. Хай будзе гэта вам ведама, і выслухайце словы мае. Яны ня п’яныя, як вы думаеце, бо цяпер трэйцяя гадзіна дня. Але гэта ёсьць сказанае цераз прарока Ёэля: і будзе ў апошнія дні, кажа Бог: выльлю ад Духа Майго на кожнае цела; і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і дзяцюкі вашыя будуць бачыць зьявы, і старыя вашыя будуць абразумляемы снабачаньнямі. І на рабоў Маіх, і на рабынь Маіх у дні гэныя выльлю ад Духа Майго, і будуць прарочыць. І дам цуды на небе наверсе і знакі на зямлі ўнізе, кроў і вагонь і куродым. Сонца абернецца ў цемру і месяц у кроў перш, чым настане дзень Госпада, вялікі і слаўны. І будзе: усякі, хто прыкліча Імя Госпада, будзе ўратаваны. Мужчыны ізраэльскія! выслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужчыну засьведчанага між вамі ад Бога сіламі і цудамі і зна́камі, што зрабіў празь Яго Бог сярод вас, як і самі ведаеце, Яго, прадвызначанага воляй і прадбачаньням Бога (і) пераданага, вы, узяўшы рукамі бяззаконных, прыцьвікаваўшы, забілі, Якога Бог ускрасіў, разарваўшы мукі сьмерці, бо нямагчыма было, каб яна Яго ўтрымала. Бо Давід пра Яго кажа: бачыў Я Госпада перада мною заўсёды, бо Ён ёсьць праваруч мяне, каб я ня пахіснуўся. Таму ўзрадавалася сэрца маё, і ўзьвесяліўся язык мой, да таго ж, нават цела маё будзе жыць у надзеі, таму што Ты ня пакінеш душу́ маю ў пекле, і ня дасі Сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне. Ты даў пазнаць мне шляхі жыцьця, Ты напоўніш мяне радасьцю перад Абліччам Тваім. Мужчыны браты! Можна з адвагаю сказаць вам пра праба́цьку Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, і магіла ягоная знаходзіцца ў нас да гэтага дня. А будучы прарокам і ведаючы, што Бог кляўся яму клятвай ад плоду паясьніцы ягонай па целу ўзьняць Хрыста і пасадзіць (Яго) на пасадзе Ягоным. Прадбачучы ён сказаў пра ўваскрасе́ньне Хрыста, што ня пакінута Душа Ягоная ў пекле, і Цела Ягонае ня ўбачыла парахненьня. Гэтага Ісуса ўскрасіў Бог, чаго ўсе мы сьведкі. Вось, будучы ўзьнесены Правіцай Бога, і прыняўшы ад Бацькі абяцаньне Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што зараз вы бачыце і чуеце. Бо Давід ня ўзыйшоў на нябёсы, але ён кажа: сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх падножжам Ног Тваіх. Дык бяз сумніву хай ведае ўвесь дом Ізраэ́ляў, што і Госпадам і Хрыстом Ягоным Бог зрабіў Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі. Дык пачуўшы (гэта), яны сталіся (гэтымі словамі) прасякнутымі ў сэрцах (іхных) і прамовілі да Пятра і рэшты Апосталаў: што нам рабіць, мужчыны браты? Пётра ж сказаў ім: пакайцеся, і хай будзе ахрышчаны кожны з вас у Імя Ісуса Хрыста для дараваньня грахоў, і (вы) атрымаеце дар Сьвятога Духа. Бо вам ёсьць абяцаньне (гэтае) і дзецям вашым, і ўсім далёкім, каго б ні прыклікаў Госпад, Бог наш. (І) многімі другімі словамі ён сьведчыў і ўмаўляў, кажучы: ратуйцеся ад роду гэтага распуснага. Дык тыя, што прыхільна прыня́лі слова ягонае, былі ахрышчаны, і далучаны былі ў гэны дзень каля трох тысяч душ. І трывалі (яны) увесь час у навуцы Апосталаў і ў супольнасьці, і ў ламаньні хлеба ды ў малітвах. Быў жа страх у кожнай душы. І многа цудаў і знакаў чынілася цераз Апосталаў. І ўсе веручыя былі разам, і ўсё было ў (іх) супольнае. Тады маёнткі і маёмасьці прадава́лі, і дзялілі яны ўсім, хто якую меў патрэбу. І кожны дзень бываючы аднадушна ў Сьвятыні і ламаючы па дамох хлеб, прымалі страву ў радасьці і прастаце сэрца, слаўлючы Бога і маючы прыхільнасьць усяго народу. А Госпад штодня дадаваў да царквы ратуемых.
А Пётра і Яан ішлі разам у Сьвятыню ў час малітвы а дзявятай гадзіне. І быў нейкі мужчына, калека ад чэрава маці сваёй, каторага насілі і клалі кожны дзень ля дзьвярэй Сьвятыні, называямых Прыгожымі, прасіць міласьціну ў прыходзячых у Сьвятыню, ён, убачыўшы Пятра і Яана, што меліся ўвайсьці ў Сьвятыню, прасіў (у іх) міласьціны. Пётра ж з Яанам, паўзіраўшыся на яго, сказаў: паглядзі на нас. Ён жа пільна ўзіраўся на іх, чакаючы што-небудзь ад іх атрымаць. Але Пётра сказаў: срэбра і золата ў мяне няма. А што маю, тое даю табе: у Імя Ісуса Хрыста Назарэя устань і хадзі! І, узяўшы яго за правую руку́, падняў (яго), і ўраз жа былі ўмацаванымі ягоныя ступні і шчыкалаткі, і, падскочыўшы, устаў і хадзіў, і ўвайшоў разам зь імі ў Сьвятыню, ходзячы і падскокваючы ды слаўлючы Бога. І ўвесь народ убачыў яго ходзючы і слаўлючы Бога. І пазналі яго, што ён сядзеў дзеля міласьціны ля Прыгожых дзьвярэй Сьвятыні, і напоўніліся страхам і зьдзіўленьнем ад стаўшагася зь ім. А як аздароўлены кульгач ня адступаўся ад Пятра і Яана, зьбегся да іх у прыбудову, называную Салямонавай у зьдзіўленьні ўвесь народ. Убачыўшы (гэта), Пётра прамовіў да народу: мужчыны ізраэльцяны! што дзівуецеся з гэтага, ці што так пільна ўглядаецеся на нас, як быццам мы сваёю сілаю альбо пабожнасьцяй зрабілі, што ён ходзіць. Бог Абрагамаў і Ісакаў і Якубаў, Бог ба́цькаў нашых уславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы прадалі і Якога зракліся перад абліччам Пілата, калі ён судзіў вызваліць Яго. Але вы адцураліся ад Сьвятога і Праведнага і папрасілі памілаваць вам мужчыну забойцу. А Валадара жыцьця (вы) забілі, Якога Бог уваскрасіў зь мёртвых, Каторага мы сьведкі. І праз веру ў Імя Ягонае, гэтага, каторага вы бачыце і ведаеце, Імя Ягонае ўмацавала, і вера, якая ад Яго, дала яму гэтае аздараўленьне перад усімі вамі. Але цяпер, браты, я ведаю, што праз няведаньне ўчынілі вы (гэта), як і начальнікі вашыя. Бог жа, як прадказаў цераз вусны ўсіх Сваіх Прарокаў пацярпець Хрысту, учыніў так. Дык пакайцеся і навярніцеся, каб былі зьнішчаны грахі вашыя, каб надыйшлі часы супакою ад Аблічча Госпада, бо Ён паслаў вам наканаванага Ісуса Хрыста, Якога Небу належыць прыняць да часоў зьдзяйсьненьня ўсяго, што сказаў Бог цераз вусны ўсіх Ягоных сьвятых Прарокаў ад веку. Бо Масей сказаў ба́цькам: Прарока вам паставіць Госпад Бог ваш із братоў вашых, як мяне. Яго слухайцеся ва ўсім, што б Ён ні сказаў вам. І будзе: усякая душа́, якая ня паслухаецца Прарока гэнага, вынішчана будзе з народу. Ды і ўсе Прарокі ад Самуэля і ўсе пасьля іх, хто апавясьціў, таксама прадказалі дні гэтыя. Вы ёсьць сыны Прарокаў і Запавету, які даў Бог для ба́цькаў нашых, кажучы Абрагаму: і ў Семені тваім будуць багаславёны ўсе народы зямлі. Вам першым Бог, уваскрасіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго, багаслаўляючы вас, каб кожны адвярнуўся ад благіх учынкаў сваіх.
Калі яны гаварылі да народу, прыступіліся да іх сьвятары і начальнік варты Сьвятыні і саддукеі, узлаваныя тым, што яны вучаць народ і прапаведуюць у Ісусе ўваскрасеньне із мёртвых. І наклалі на іх ру́кі і адда́лі (іх) пад варту да наступнага дня, бо быў ужо вечар. І многія з тых, што пачулі слова, уверавалі. І было такіх мужчын лікам каля пяцёх тысячаў. І сталася, што на другі дзень былі сабраныя іхныя начальнікі і старэйшыны, і кніжнікі ў Ярузаліму, і Ганна архірэй, і Кайяхва, і Яан, і Аляксандра і ўсе, хто быў з роду архірэйскага. І, паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: якою сілаю ці якім імем зрабілі вы гэта? Тады Пётра, напоўніўшыся Духам Сьвятым, сказаў ім: начальнікі народу і старэйшыны Ізраэлю! Калі нас сёньня дапытваюць пра дабрадзеяньне чалавеку хвораму, кім ён аздароўлены, хай будзе ведама ўсім вам і ўсяму народу Ізраэлю, што Імем Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрасіў ізь мёртвых, Ім ён пастаўлены перад вамі здаровым, Ён ёсьць Камень, пага́рджаны вамі будаўнікамі, (але) Ён стаў Галавою вугла, і няма ні ў кім іншым выратаваньня. Бо няма іншага імені пад небам, дадзенага людзям, якім нам належыць быць уратаванымі. Бачачы ж сьмеласьць Пятра ды Яана і сьцяміўшы, што яны людзі ня кніжныя і простыя, зьдзіўляліся. І пазнавалі іх, што яны былí разам зь Ісусам. Але бачачы разам зь імі таго чалавека, які стаяў аздароўленым, нічога ня маглі запярэчыць. Загадаўшы ж ім выйсьці з сынэдрыёну вон, разважалі паміж сабою, кажучы: што зробім з гэтымі людзьмі? бо сапраўды стаў добра вядомым усім жыхара́м Ярузаліму цуд, які сатвораны цераз іх, і мы ня можам (гэтага) аспрэчыць, але, каб больш гэта ня было распаўсюджана ў народзе, цьвёрда забаронім ім, каб больш ня казалі аб Імені гэтым нікому зь людзей. І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім ня гаварыць і ня навучаць у Імя Ісусава. Але Пётра і Яан адказаўшы ім сказалі: судзіце самі ці справедліва перад Богам — слухацца вас болей, чым Бога? Бо мы, якія ўбачылі і пачулі, ня можам ня гаварыць. Дык яны пагразіўшы звольнілі іх ня знаходзячы як можна пакараць іх дзеля народу, бо ўсе славілі Бога за тое, што сталася, бо чалавеку таму было́ больш чым сорак гадоў, над якім стаўся такі цуд аздараўленьня. Звольненыя яны прыйшлі да сваіх і пераказалі ўсё, што ім сказалі архірэі і старэйшыны. А тыя, выслухаўшы, аднадушна ўзвысілі голас да Бога і сказалі: Валадару! Ты Бог, Які стварыў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх! Вуснамі Давіда, слугі Твайго, (Ты) сказаў: чаму забунтаваліся пагане, і народы надумалі марнае? Паўсталі цары зямлі, і валадары сабраныя супраць Яго: супраць Госпада і супраць Хрыста Ягонага. Бо сапраўды сабраны супраць Сьвятога Слугі Твайго Ісуса, Якога Ты памазаў, — Гірад і Понцій Пілат разам з паганамі і народам Ізраэля; выканаць усё, чаму Рука Твая і Задума Твая наканавала стацца. І цяпер, Госпадзе, глянь на пагрозы іхныя і дай рабам Тваім з усёй адвагай гаварыць Слова Тваё, у той час як Ты працягваеш Руку́ Тваю на ўчыне́ньне аздараўле́ньня і зна́каў і цудаў у Іме́ні Сьвятога Сына Твайго Ісуса. І, як (яны) памаліліся, было пахістана мейсца тое, у якім яны былі сабраны, і ўсе былі напоўнены Духам Сьвятым і гаварылі Слова Бога з адвагай. І ў мноства (людзей) што ўверылі было адно сэрца і адна душа́, і ніхто нічога з маёмасьці сваёй ня называў уласным, але было́ ў іх ўсё супольнае. І зь вялікай сілай Апосталы давалі сьведчаньне пра ўваскрасеньне Госпада Ісуса. І вялікая Багадаць была на ўсіх іх. І ня было сярод іх нікога ў нястачы, бо ўсе, хто валодалі землямі альбо дамамі, прадаючы прыносілі цану праданага і клалі да ног Апосталаў. І давалася кожнаму столькі, хто якую меў патрэбу. А Ёсія, празваны Апосталамі Барнабам, што значыць «Сын суцяшэньня», — лявіт, родам кіпрыец, маючы сваё поле, прадаўшы (яго) прынёс грошы і паклаў да ног Апосталаў.
І нейкі мужчына, на імя Гана́ня разам са сваёй жонкай Сахвіраю, прадаў маёмасьць, і тайна прысвоіў з цаны зь ведама і сваёй жонкі і, прынёсшы нейкую частку паклаў да ног Апосталаў. Але Пётра сказаў: Гана́ня, чаму напоўніў шатан сэрца тваё, каб ты салгаў Духу Сьвятому і тайна прысвоіў з цаны за зямлю? Тое, што ты меў, ці ж ня тваё было, і прада́нае ці ж ня ў тваёй уладзе было? Дзеля чаго паклаў ты гэты ўчынак у сэрца тваё? (Ты) салгаў ня людзям, але Богу. Пачуўшы ж словы гэтыя Гана́ня ўпаў бяз духу, і вялікі страх ахапіў усіх, хто чуў гэта. І, устаўшы, дзяцюкі абярнулі яго і вынясшы пахавалі. І сталася: гадзіны праз тры пасьля (гэтага) прыйшла і жонка ягоная ня ведаючы, што здарылася. А Пётра спытаў і яе: скажы мне, ці за столькі вы прада́лі зямлю? Яна сказала: так, за столькі. Дык Пётра сказаў да яе: дзеля чаго гэта змовіліся вы спакусіць Духа Госпада? Вось каля дзьвярэй ногі тых, што пахавалі мужа твайго; вынясуць і цябе. І (яна) раптам упала каля ног ягоных і сканала. І, увайшоўшы, юнакі знайшлі яе мёртвай і вынясшы пахавалі каля мужа ейнага. І зьняў вялікі страх царкву і ўсіх, што чулі гэта. І рукамі Апосталаў чыніліся многія знакі і цуды ў народзе. І ўсе былі аднадушна ў прыбудове Салямона. І ніхто са староньніх ня адва́жваўся далучыцца да іх, а народ высака ставіўся да іх. А вернікаў усё болей і болей далучалася да Госпада: мноства мужчынаў і жанчынаў, так што на вуліцы выносілі хворых і клалі на пасьцелях і ложках, каб хоць цень Пётры, калі ён праходзіў, ацяніў каго зь іх. І зыхо́дзіліся ў Ярузалім з навако́льных местаў мноства людзей, нясучы хворых ды апанаваных нячыстымі духамі, і былі азда-раўляемы ўсе. І паўстаўшы архірэй і ўсе, што зь ім, з тагачаснай гарэзіі саддукеяў, напоўніліся зайздрасьцяй. І накла́лі ру́кі свае на Апосталаў ды ўвязьнілі іх у вязьніцу грамадскую. Ангел жа Госпада ноччу адчыніў дзьверы вязьніцы і, вывеўшы іх, сказаў: ідзіце і, стаўшы, кажыце ў Сьвятыні народу ўсе словы гэтага (Вечнага) Жыцьця. Выслухаўшы ж яны нараніцы ўвайшлі ў Сьвятыню і навучалі. Архірэй і быўшыя зь ім прыйшоўшы склікалі сынэдрыён і ўсіх старэйшын сыноў Ізраэля ды паслалі ў вязьніцу прывесьці іх. Але слугі прыйшоўшы ня знайшлі іх у вязьніцы, і, вярнуўшыся аб’явілі, кажучы: вязьніцу мы знайшлі замкнутую з усёй перасьцярогаю і варту якая стаяла каля дзьвярэй; але, адамкнуўшы, усярэдзіне нікога ня знайшлі. Калі ж пачулі словы гэтыя, і сьвятар і начальнік варты Сьвятыні, і архірэі разгублена зьдзіўляліся што б гэта значыла. А нехта, прыйшоўшы, данёс ім, кажучы: вось мужчыны, якіх вы ўвязьнілі ў цямніцу, знаходзяцца ў Сьвятыні, стоячы і навучаючы народ. Тады начальнік варты пайшоў разам са служкамі ды прывёў іх бяз прымусу, бо баяліся народу, каб ня быць бы ім каменаванымі. І прывёўшы (іх), паставілі іх у сынэдрыёне; і спытаўся ў іх архірэй, кажучы: ці ня забаранілі (мы) вам строга, каб (вы) ня вучылі ў Імя Гэтае. І вось (вы) напоўнілі Ярузалім вучэньнем вашым і хочаце навесьці на нас Кроў Чалавека Гэтага? Адказаўшы ж Пётра і Апосталы сказалі: належыць слухацца больш Бога, чым людзей. Бог ба́цькаў нашых уваскрасіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве. Яго, Начальніка і Збавіцеля, Бог узьнёс Правіцай Сваёй, каб даць Ізраэлю пакаяньне і дараваньне грахоў. І мы ёсьць сьведкі Ягоныя — слоў гэтых, а таксама Дух Сьвяты, Якога даў Бог тым, што слухаюцца Яго. А тыя пачуўшы (ажно) лопаліся ад злосьці ды рваліся, каб забіць іх. Устаўшы ж у сынэдрыёне адзін хварысэй на імя Гамаліэль, вучыцель Закону, паважаны ўсім народам, загадаў вывесьці Апосталаў вонкі на кароткі час. Тады сказаў ім: мужчыны ізраэльцяны! разважце самі сабе пра людзей гэтых, што маеце рабіць. Бо нязадоўга да гэтых дзён паўстаў быў Тэўда, называючы сябе некім, да якога далучыліся мужчын лікам каля чатырохсот; ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьсеяліся і абярнуліся ў нішто. Пасьля яго ў дні перапісу паўстаў Юда галілеяц і пацягнуў за сабою даволі народу; і ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, былі разагнаны. І зараз кажу вам: адступецеся ад людзей гэтых і пакіньце іх; бо калі ад людзей задума гэтая ці ўчынак гэты, то (гэта) будзе разбурана. А калі яно ад Бога, (то вы) ня можаце разбурыць яго: і (сьцеражыцеся) каб вам ня стацца супраціўнікамі Богу. І (яны) былі перакананы ім; і, прыклікаўшы Апосталаў, (і) зьбіўшы, загадалі ім ня гаварыць пра Імя Ісуса і звольнілі іх. І яны пайшлі радуючыся ад аблічча сынэдрыёнавага, што сталіся годнымі зьняважэньня за Імя Ягонае, і кожны дзень у Сьвятыні ды па дамох ня пераставалі вучыць і абвяшчаць пра Ісуса Хрыста.
У гэтыя дні пры памнажэньні вучняў адбылося нараканьне ў элліністаў на жыдоў, таму што ўдовы іхныя былі занядбаныя ў штодзённым служэньні (міластыняй). Дык дванаццацёра склікаўшы (усё) мноства вучняў сказалі: нягожа нам пакінуўшы Слова Бога служыць сталамі. Пагэтаму, браты, выберыце спасярод вас сем дазнаных мужчын, напоўненых Духам Сьвятым і мудрасьцяй, якіх мы паставім на гэту службу, а мы ўсьцяж будзем у малітве і ў служэньні словам. І спадабалася гэтае слова ўсёй грамадзе; і выбралі Сьцяпана, мужчыну поўнага веры і Духа Сьвятога, і Піліпа, і Прахо́ра, і Міканора, і Тымона і Пармена і Мікалая нованаверненага антыахійца, іх паставілі перад Апосталамі, і (яны) памаліўшыся, усклалі на іх ру́кі. І Слова Бога расло, і лік вучняў у Ярузаліме вельмі памнажаўся. Да таго ж мноства сьвятароў упакорыліся веры. А Сьцяпан поўны веры і сілы, чыніў цуды і знакі вялікія ў народзе. А нікаторыя з сынагогі, гэтак званай (сынагогі) лібэртынцаў і кірынэйцаў і аляксандрыйцаў, ды з тых, што з Кілікі і Азіі, паўсталі спо́рачы са Сьцяпанам, але ня маглі ўсто́яць супраць мудрасьці і Духу, Якім (ён) прамаўляў. Тады падбухто́рылі людзей сказаць: мы чулі яго, як гаварыў рэчы ганебныя на Масея і на Бога. І падбурылі народ і старэйшынаў і кніжнікаў і, напаўшы, схапілі яго і павялі ў сынэдрыён, і паставілі хвальшывых сьведак, якія казалі: гэты чалавек ня кідае гаварыць блюзьнерчыя словы супраць гэтага сьвятога мейсца і Закона. Бо мы чулі, як ён казаў, што Гэты Ісус Назарэй зруйнуе мейсца гэтае і зьменіць звыча́і, якія перадаў нам Масей. І ўсе, што сядзелі ў сынэдрыёне, узіраючыся на яго бачылі аблічча ягонае, як аблічча Ангела.
І сказаў архірэй: ці ж гэта так? А ён сказаў: мужчыны, браты і ба́цькі, паслухайце! Бог славы зьявіўся ба́цьку нашаму Абрагаму, калі той быў у Месапатаме перш чым ён асеў у Харране, і сказаў яму: выйдзі зь зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх, і ідзі ў зямлю, якую табе пакажу. Тады выйшаўшы зь зямлі хальдэяў, асеў у Харране; і адтуль, пасьля сьмерці ба́цькі ягонага перасяліў яго ў зямлю гэтую, у якой вы зараз жывяце́. І ня даў яму на ёй спадчыны ні на ступак нагі, але абяцаў яму даць яе ў вало́даньне, і семені ягонаму пасьля яго, калі ён ня меў (яшчэ) дзіцяці. І сказаў Бог так, што семя ягонае будзе прыхаджанам у зямлі чужой, і зробяць яго рабом і будуць прыгнятаць чатырыста гадоў. І народ, якім (яны) будуць прыгнечаны, Я буду судзіць, сказаў Бог, — і пасьля гэтага (яны) выйдуць і будуць служыць Мне на гэтым мейсцы. І даў яму запавет абразаньня. І гэтак спарадзіў (ён) Ісака і абрэзаў яго на восьмы дзень; а Ісак (спарадзіў) Якуба, а Якуб дванаццаць патрыярхаў. А патрыярхі з зайздрасьці прадалі Язэпа ў Ягіпет, але Бог быў зь ім, і выратаваў яго з усіх бедаў ягоных, і даў яму дабразычлівасьць і мудрасьць перад хвараонам, валадаром Ягіпту, і (той) паставіў яго начальнікам над Ягіптам дый над усім домам сваім. І прыйшоў голад і туга вялікая на ўсю зямлю Ягіпту ды Ханаану, і ба́цькі нашыя ня знаходзілі, чым пракарміцца. Якуб жа пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Ягіпце, паслаў спачатку ба́цькаў нашых, а ў другі раз Язэп адкрыўся братом сваім, і вядомы стаў хвараону род Язэпавы. Язэп паслаўшы паклікаў бацьку свайго Якуба і ўсю радзіну сваю, семдзясят пяць ду́шаў. І Якуб перабраўся ў Ягіпет і памёр сам і ба́цькі нашыя; і перанесены былі ў Сіхем і пакладзены ў магілу, якую купіў Абрагам за цану серабра ў сыноў Ямо́ра Сіхемавага. А як набліжаўся час (збыцца) абяцаньню, якім кляўся Бог Абрагаму, народ разрастаўся і множыўся ў Ягіпце пакуль ня прыйшоў другі валадар, які ня ведаў Язэпа; ён настроіўшыся супраць народу нашага, хітруючы ўціскаў ба́цькаў нашых прымушаючы выкідаць дзяцей іхных, каб ня выжывалі. У гэты час быў народжаны Масей і быў (ён) заўгодны Богу; (і) быў ён тры месяцы ўзгадаваны ў доме бацькі свайго. А як выкінулі яго, узяла́ яго дачка хвараона ды ўзгадавала яго сабе як сына. І быў навучаны Масей усёй мудрасьці ягіпецкай. І быў моцны ў словах і дзеях. А як споўнілася яму сорак гадоў, прыйшло яму на сэрца адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраэлявых. І ўбачыўшы як аднаго крыўдзілі заступіўся (за яго) ды ўчыніў помсту за пакрыўджанага, забіўшы ягіпцяніна. Ён думаў, зразумеюць яго браты, што Бог ягонаю рукою дае ім збавеньне: але яны ня зразумелі. На другі ж дзень (ён) зьявіўся ім, калі яны сварыліся і нахіляў іх да згоды, кажучы: мужчыны, вы браты! Навошта крыўдзіце адзін аднаго? Але той, што крыўдзіў бліжняга, адпіхнуў яго, сказаўшы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю над намі? Ці ты хочаш забіць мяне, як учора забіў ягіпцяніна? Ад гэтых словаў уцёк Масей і зрабіўся прыхаднем у зямлі Мадыяма, дзе нарадзіў двух сыноў. А як міну́ла сорак гадоў, быў яўлены яму ў пустэльні (пад) гарою Сінай Ангел Госпада ў по́лымі агня цярнёвага куста. Масей жа ўбачыўшы зьдзівіўся з уявы; калі ж ён падыходзіў разгледзіць, быў да яго Голас Госпада: Я Бог ба́цькаў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ісака, і Бог Якуба. І, задрыжэўшы, Масей ня адважваўся ўглядацца. Госпад жа сказаў яму: скінь абутак з ног тваіх, бо мейсца на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая. Паглядзеўшы, Я ўбачыў уціск народу Майго ў Ягіпту ды пачуў стагнаньне іхняе, і зыйшоў вызваліць іх. Дык цяпер ідзі, Я пашлю цябе ў Ягіпет. Гэтага Масея, якога (яны) адцураліся, сказаўшы: «хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю?», гэтага Бог начальнікам і збавіцелям паслаў руко́ю Ангела, які зьявіўся яму ў цярнёвым кусьце. Ён вывеў іх, зрабіўшы цуды і знакі ў зямлі Ягіпту і ў Чырвоным моры і ў пустэльні (за) сорак гадоў. Гэта той Масей, які сказаў сыном Ізраэля: Прарока вам паставіць Госпад Бог ваш з братоў вашых як мяне, Яго будзеце слухаць. Гэты, які быў у лучнасьці з Ангелам у пустэльні, які гаварыў зь ім на гары Сінай і ба́цькам нашым, які прыняў словы жывыя, (каб) перадаць (іх) нам. Яму ня захацелі быць паслухмянымі ба́цькі нашыя, але адхілілі (яго) ды былі павернуты сэрцамі сваімі да Ягіпту, сказаўшы Агарону: зрабі нам багоў, якія будуць ісьці наперадзе нас, бо (з) Масеям, тым, які вывеў нас зь зямлі Ягіпту, ня ведаем, што сталася зь ім. І ў тыя дні вырабілі бычка, ды прынесьлі ахвяру ідалу і радаваліся з учынкаў рук сваіх. І адвярнуўся ад (іх) Бог і пакінуў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: дом Ізраэля, ці прыносілі (вы) Мне ахвярныя жывёлы і ахвяры сорак гадоў у пустэльні? Але (вы) паднялі скінію Малохаву і зорку бога вашага Рамхвана, абразы, якія (вы) зрабілі, каб пакланяцца ім: дык (Я) перасялю вас аж за Бабілён. Скінія сьведчаньня была́ ў (асяро́дку) ба́цькаў нашых у пустэльні, як загадаў зрабіць яе Масею Той, Хто гаварыў (да яго), па ўзору які (ён) бачыў. І яе прыняўшы пераемна дане́сьлі ба́цькі нашыя разам зь Ісусам (Навінам) у зямлю народаў, якіх прагнаў Бог ад аблічча ба́цькаў нашых аж да дзён Давіда, які знайшоў Багадаць перад Богам і маліў, каб знайсьці жыльлё Богу Якубаваму. Салямон жа пабудаваў Яму Дом. Але Найвышэйшы ня ў рукатворных Сьвятынях жыве, як кажа прарок. Госпад кажа: Неба — Пасад Мой, зямля — падножжа Ног Маіх. Які дом пабудуеце Мне? ці якое мейсца (для) супачынку Майго? Ці (ж) ня Рука Мая стварыла гэта ўсё? Упартыя ды з няабрэзаным сэрцам і вушыма! Вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як ба́цькі вашыя, так і вы. Каго з прарокаў ня гна́лі ба́цькі вашыя? Ды пазабівалі прадвесьнікаў прыходу Справядлівага, здраднікамі і забойцамі Якога вы цяпер сталіся. (Вы), якія прынялі Закон па загаду Ангелаў ды ня захава́лі яго. Слухаючы ж гэтае (яны) лопаліся ад злосьці ў сэрцах сваіх ды скрыгаталі зубамі на яго. (Ён) жа, будучы поўны Духа Сьвятога, уце́міўшы по́зірк на Неба, угледзіў Славу Бога і Ісуса, стоючы праваруч Бога і сказаў: вось, бачу Нябёсы расчыненыя і Сына Чалавечага, стоючы праваруч Бога. І загаласіўшы моцным голасам (яны) пазатыкалі вушы свае і аднадушна кінуліся на яго, і выгнаўшы за места каменавалі (яго). А сьведкі пакла́лі вопраткі свае ля ног юнака на імя Саўла і бíлі камнямі Сьцяпана, які маліўся і гаварыў: Госпадзе Ісусе, прымі дух мой! І, укленчыўшы, загаласіў моцным голасам: Госпадзе, ня палічы ім грэху гэтага! І сказаўшы гэта памёр.
Саўл жа пахваляў забойства ягонае. І сталася ў той дзень вялікае перасьледаваньне царквы ў Ярузаліме. Дык усе апрача Апосталаў былі расьцярушаны па землях Юдэі і Самары. А Сьцяпана пахавалі мужчыны багабойныя ды ўчынілі па ім вялікае галашэньне. Саўл жа нішчыў царкву і, уваходзячы ў дамы ды цягнучы мужчын і жанчын, аддаваў у вязьніцу. А тыя што былі расьцярушаны хадзілі абвяшчаючы Слова Эвангельля. Піліп жа сыйшоўшы ў места Самары дабравесьціў ім Хрыста. І людзі ўважліва і аднадушна слухалі тое, што гаварыў Піліп, і сузіралі знакі, якія ён чыніў. Бо із многіх, што мелі духаў нячыстых (яны) выходзілі галосячы моцным голасам; і многія спаралізаваныя ды кульгавыя былі аздароўлены. І сталася радасьць вялікая ў месту гэным. А перад гэтым быў у месту нейкі мужчына па імені Сымон, які магіяй зьдзіўляў народ Самары ды выдаючы сябе за некага вялікага. Яго слухалі ўважліва ўсе, ад малога да вялікага, кажучы: гэты ёсьць вялікая сіла Бога. А слухалі яго ўважліва таму, што (ён) даволі часу магіяй зьдзіўляў іх. А калі паверылі Піліпу, які дабравесьціў пра Валадарства Бога і (пра) Імя Ісуса Хрыста, былі ахрышчаны і мужчыны і жанчыны. Ды паверыў і сам Сымон і быў ахрышчаны (ды) ня адыходзіў ад Піліпа. Ды назіраючы знакі і цуды вялікія, якія дзеяліся, дзіву даваўся. Пачуўшы ж, што Самара прыняла́ Слова Бога, Апосталы якія былі ў Ярузаліме пасла́лі да іх Пятра ды Яана. Яны прыйшоўшы памаліліся за іх, каб (тыя) прынялі Духа Сьвятога. Бо ні на адным ізь іх ня было яшчэ сыйшоўшага (Духа), але былí яны толькі ахрышчаны ў Імя Госпада Ісуса. Тады (яны) усклада́лі на іх рукі, і (тыя) прыймалі Духа Сьвятога. А Сымон, убачыўшы, што цераз ускладаньне рук Апосталаў даецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы, кажучы: дайце і мне гэткую ўладу, каб на каго б я ні ўсклаў ру́кі, той атрымоўваў бы Духа Сьвятога. Пётра ж сказаў яму: серабро тваё разам з табою хай будзе на загубу, бо ты падумаў дар Бога атрымаць за грошы. Няма табе ні часьціны ні долі ў слове гэтым, бо сэрца тваё ня правае перад Богам. Дык пакайся ў нягоднасьці тваёй гэтай ды малі Бога: можа будзе даро́вана табе думка сэрца твайго. Бо ў гарчыні жоўці і путах няпраўды бачу цябе. І Сымон адказаўшы сказаў: памаліцеся за мяне Госпаду вы, каб ня найшло на мяне тое, што (вы) сказалі. Яны ж вярнуліся ў Ярузалім засьведчыўшы і абвясьціўшы Слова Госпада ды дабравесьцілі ў многіх сёлах самарцаў. Ангел жа Госпада сказаў Піліпу кажучы: устань ды ідзі напаўдзён на дарогу, што спускаецца зь Ярузаліму ў Газу, яна бязьлюдная. І, устаўшы, (ён) пайшоў. І вось мужчына ятыяплянін еўнух вяльможа Кандакі, каралевы ятыопаў, які быў над усім скарбам ейным, які прыехаў у Ярузалім пакланіцца, варо́чаўся назад і седзячы на возе сваім ды чытаючы прарока Гісаю. І сказаў Дух Піліпу: падыйдзі ды прыстань да возу гэтага. Прыбегшы ж Піліп пачуў, што ён чытае прарока Гісаю і сказаў: ці разумееш (ты) што чытаеш? Ён жа сказаў: як жа (я) магу (разумець), калі ніхто ня растлумачыў мне? І папрасіў Піліпа ўзьлезьці (і) сесьці побач зь ім. А мейсца з Пісаньня, якое (ён) чытаў было гэткае: як авечку на ўбой (Ён) быў прыведзены і, як ягня (ёсьць) бязгало́сае перад тым, хто стрыжэ яго, гэтак (і Ён) ня расчыняе Вуснаў Сваіх. У паніжэньні Яго суд Ягоны адбыўся. Паходжаньне Яго хто растлумачыць? Бо ад зямлі забіраецца жыцьцё Ягонае. І адказаўшы, сказаў еўнух Піліпу: Пытаюся цябе: адносна каго прарок гаворыць гэтае? Адносна сябе ці адносна не́кага другога? І адчыніўшы вусны свае і пачаўшы зь Пісаньня гэтага Піліп дабравесьціў яму Ісуса. І калі ехалі па дарозе, (яны) пад’ехалі да вады, і кажа еўнух: вось вада; што перашкаджае мне быць ахрышчаным? І сказаў Піліп: калі верыш ад усяго сэрца, дык можна. І адказаўшы (той) сказаў: веру, што Ісус Хрыстос ёсьць Сын Бога. І загадаў спыніць воз. І зыйшлі абодва ў ваду: і Піліп і еўнух; і (Піліп) ахрысьціў яго. Калі ж яны выйшлі з вады Дух Госпада падхапіў Піліпа, і еўнух больш ня ўбачыў яго і радуючыся падоўжыў шлях свой. Піліп жа апынуўся ў Азоце і праходзячы дабравесьціў усім местам аж да прыходу свайго ў Кесару.
А Саўл яшчэ дыхаючы пагрозай ды забойствам на вучняў Госпада прыйшоўшы да архірэя, выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск да сынагогаў каб, калі знойдзе каго-небудзь з тых што ідуць шляхам (вучэньня Хрыстовага) і мужчын і жанчын зьвязаць і прыводзіць у Ярузалім. Калі ж (ён) ішоў, сталася яму на падыходзе да Дамаску зьнячэўку абняло яго сьвятло зь неба; і, паваліўшыся на зямлю, пачуў голас, які гаварыў яму: Саўл, Саўл, чаму перасьледуеш Мяне? (Ён) жа сказаў: Хто Ты, Госпадзе? А Госпад сказаў: Я ёсьць Ісус, Якога Ты перасьледуеш. Цяжка табе ісьці супраць ражна. А (ён), дрыжучы ад страху, сказаў: Госпадзе! што (Ты) загадваеш мне зрабіць? А Госпад яму: устань ды ідзі да места, і будзе сказана табе, што табе трэба рабіць. А мужчыны што ішлі разам зь ім стаялі аслупянеўшы, чуючы голас але нікога ня бачачы. А Саўл быў падняты зь зямлі, і расплюшчанымі вачамі сваімі нікога ня бачыў. Дык павёўшы яго за руку́ прывялі ў Дамаск. І быў (ён) тры дні нябачучым, і ня еў і ня піў. Быў жа ў Дамаску адзін вучань на імя Гананя. І сказаў яму Госпад у зьяве: Гананя! Ён жа сказаў: вось я Госпадзе! А Госпад да яго: устаўшы ідзі на вуліцу называную Простай і знайдзі ў доме Юды тарсяніна на імя Саўл, бо вось ён моліцца. І ўбачыў у зьяве мужчыну на імя Гананя, які ўвайшоў і ўсклаў на яго руку́ каб (ён) ізноў убачыў. А Гананя (ж) адказаў: Госпадзе! ад многіх я чуў пра мужчыну гэтага, колькі ліха ён зрабіў сьвятым Тваім у Ярузаліму; дый тутака мае ўладу ад архірэяў зьвязаць усіх, хто прызывае Імя Тваё. Госпад жа сказаў яму: ідзі, бо ён ёсьць выбраная Мне судзіна, каб несьці Імя Маё перад паганамі і валадарамі, і сынамі Ізраэля, бо Я пакажу яму, колькі ён мусіць перацярпець за Імя Маё. І пайшоў Гананя і ўвайшоў у дом, і, усклаўшы на яго ру́кі, сказаў: Саўле, браце! мяне паслаў Госпад, Ісус, што зьявіўся табе на дарозе па якой ты ішоў, каб ты ізноў празе́рыў і напо́ўніўся Духам Сьвятым. І ўраз жа нібы луска́ з вачэй яму апа́ла, і (ён) ізноў ураз жа празерыў і ўстаўшы быў ахрышчаны і паеўшы, узмацаваўся. І прабыў Саўл некалькі дзён з вучнямі што, (былі) у Дамаску. І няўзабаве (ён) пача́ў абвяшчаць у сынагогах Хрыста, што Ён ёсьць Сын Бога. І ўсе тыя, што чулі зьдзіўляліся і казалі: няўжо ж гэта той самы, што загубіў у Ярузаліме прызываючых Імя гэтае? Дый сюды прыйшоў дзеля таго каб іх, зьвязаўшы, прыве́сьці да архірэяў. А Саўл больш умацоўваўся ды бянтэжыў жыдоў, што жылí ў Дамаску даводзячы, што Гэты ёсьць Хрыстос. А як мінула даволі часу жыды ўчынілі змову забіць яго. Але Саўлу стала вядома змова іхняя: што (яны) пільнавалі дзень і ноч каля брамы каб забіць яго. Але вучні ўзяўшы яго ўначы спусьцілі праз мур у карзіне. Саўл жа, зьявіўшыся ў Ярузаліме, намагаўся прыстаць да вучняў, але ўсе баяліся яго, ня веручы, што ён ёсьць вучань. Але Барнаба ўзяўшы яго прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як на дарозе (ён) убачыў Госпада, і што (Ён) сказаў яму, і як (ён) у Дамаску адважна прапаведаваў у Імя Ісусавае. І быў (ён) ра́зам зь імі ўваходзячы і выходзячы ў Ярузаліме і адважна прапаведуючы ў Імя Госпада Ісуса; абвяшчаў жа і спрачаўся з элліністамі; а тыя маніліся забіць яго. А браты даведаўшыся правялі яго ў Кесару ды адаслалі яго ў Тарс. А цэрквы па ўсёй Юдэі ды Галілеі ды Самары мелі супакой, будучы будаванымі ды ходзячы ў страху Госпада ды ў суцяшэньні Сьвятога Духа, памнажаліся. Сталася ж: Пётра абыходзячы ўсіх прыйшоў і да сьвятых, што жылі ў Лідзьдзе. Знайшоў жа (ён) там аднаго чалавека на імя Энэй, які восем гадоў ляжаў у пасьцелі, бо быў спаралізава́ны. І Пётра сказаў яму: Энэй! аздараўляе цябе Ісус Хрыстос; устань ды пасьцялі сабе сам. І (ён) адразу ўстаў. І ўбачылі яго ўсе, што жылí ў Лідзьдзе ды ў Сароне, якія і навярнуліся да Госпада. У Іоппе ж была́ адна вучаніца, на імя Тавіта што ў перакладзе вымаўляецца Са́рна. Яна была́ поўная добрых учынкаў ды рабіла (шмат) міласьцінаў. Сталася ж у тыя дні: заняду́жаўшы яна паме́рла. Яе памылі і палажылі ў верхнім пакоі. А Лідда знаходзіцца нідалёка ад Іоппы. Вучні пачуўшы, што Пётра знаходзіцца ў ёй, пасла́лі да яго двух мужчын просячы ня марудзячы прыйсьці да іх. І Пётра устаўшы пайшоў зь імі; і як ён прыйшоў завялі яго ў верхні пакой, і сталі перад ім усе ўдовы пла́чучы і пака́зуючы вопраткі і адзежы якія спраўляла Сарна жывучы разам зь імі. Дык Пётра выслаўшы вонкі ўсіх укленчыўшы памаліўся і зьвярнуўшыся да цела сказаў: Тавіта устань! І яна расплюшчыла вочы свае і ўбачыўшы Пётру села. Падаўшы ёй руку́, ён падняў яе. І паклікаўшы сьвятых ды ўдоў паставіў яе жывой. І сталася ведамым (гэта) па ўсёй Іоппе, і многія паверылі ў Госпада. І сталася, што ён працяглы час знаходзіўся ў Іоппе ў нейкага Сымона гарбара.
Быў жа ў Кесары нейкі мужчына імем Карнэль, сотнік, із кагорты называнай Італійскай набажны і багабойны са ўсім сваім домам, ды чынячы многія міласьціны народу ды ўсьцяж мо́лячыся Богу. Убачыў (ён) у зьяве ясна каля дзявятай гадзіны дня Ангела Бога, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнэль! Ён жа глянуўшы на яго і спалохаўшыся сказаў: Хто Ты Госпадзе? а (той) сказаў яму: малітвы твае і міласьціны твае прыйшлі на памяць перад Богам. І цяпер пашлі ў Іоппу мужчын і запрасі Сымона, які называецца Пятром; ён у гасьцёх у нейкага Сымона гарбара, чый дом знаходзіцца ля мора. Ён скажа табе, што трэба табе рабіць. Калі ж Ангел, што гутарыў з Карнэлям, пайшоў ён паклікаўшы двух слуг сваіх і жаўнера на́бажнага, якія ня адыходзілі ад яго, і расказаўшы ім усё паслаў іх у Іоппу. На наступны дзень як былі яны ў дарозе і падыходзілі да места, Пётра ўзыйшоў на дах памалíцца каля шостае гадзіны. І сталася, адчуў голад ды захацеў пад’есьці, калі ж другія гатавалі, найшло на яго захапленьне, і бачыць неба расчыненае ды нейкую судзіну, якая апускаецца да яго як вялікі абрус завязаны па чатырох краях ды апусканы на зямлю. У ім знахо́дзіліся ўсякія чацьвёраногія зямлі і дзікія жывёлы, і паўзуны, і птушкі нябесныя. І быў голас да яго: устаўшы, Пётра, забівай ды еш. Але Пётра сказаў: не, Госпадзе! бо я ніколі ня еў нічога паганага альбо нячыстага. Тады голас ізноў у другі раз (быў) да яго: што Бог ачысьціў, (таго) ты ня называй нячыстым. І гэта сталася тройчы, і судзіна зноў падняла́ся на неба. Калі ж Пётра сам у сабе сумняваўся, што б значыла (гэта) зьява, якую ён бачыў, — вось мужчыны пасланыя ад Карнэля, распытаўшыся пра дом Сымонавы, спыніліся ля варотаў. І крыкнуўшы спыталіся: ці тут у гасьцёх Сымон, называны Пятром? А Пятру, які разважаў пра зьяву, яму Дух сказаў: вось трое мужчынаў шукаюць цябе. Але ўстаўшы сыйдзі і пайдзі зь імі, нічога ня разьбіраючы, бо Я паслаў іх. І Пётра прыйшоўшы да мужчынаў якія былі пасланы ад Карнэля да яго, сказаў: вось я той, якога (вы) шукаеце. Якая прычына па якой вы прыйшлі? А яны сказалі: Карнэль, сотнік, мужчына праведны і багабойны, які мае добрае сьведчаньне ад усяго народу жыдоўскага, атрымаў ад сьвятога Ангела наказ паклікаць цябе ў свой дом і пачуць словы ад цябе. Дык запрасіўшы іх пачаставаў. А назаўтрае Пётра пайшоў зь імі, і нікаторыя з братоў, што былі з Іоппы, пайшлі зь ім. І назаўтрае прыйшлі ў Кесару. А Карнэль чакаў іх, склікаўшы сваіх родзічаў і блізкіх сяброў. Калі ж ста́лася, што Пётра ўвайшоў, Карнэль сустрэўшы яго, упаў да ног (ягоных і) пакланіўся. Але Пётра падняў яго кажучы: устань! і я ёсьць чалавек. І, размаўляючы зь ім, увайшоў (у дом) ды знаходзіць многа сабра́ўшыхся. І сказаў ім: вы ве́даеце што нельга мужчыну жыду́ лу́чыцца альбо схо́дзіцца з чужынцам, але Бог паказа́ў мне, каб ніякага чалавека ня лічыць паганым ці нячыстым. Пагэтаму (я), пакліканы, і прыйшоў ня спрача́ючыся. І вось пыта́юся: па якой прычыне (вы) паклíкалі мяне? І Карнэль сказаў: ад чацьвёртага дня аж да гэтай гадзіны (я) быў у пасьце і а дзявятай гадзíне маліўся ў доме сваім, і вось мужчына ў зьзяючым адзеньні стаў перада мною і кажа: Карнэль! пачу́та малітва твая і міласьціны твае прыйшлі на памяць перад Богам. Пагэтаму пашлі ў Іоппу і пакліч Сымона, які называецца Пятром, ён у гасьціне ў доме Сымона гарбара, каля мора, які прыйшоўшы скажа табе. Дык я ўраз жа паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Дык зараз усе мы знаходзімся перад Богам каб выслухаць усё, што зага́дана табе ад Бога. І Пётра, расчыніўшы вусны, сказаў: сапраўды ўразумява́ю, што ня на аблічча ўглядаецца Бог, але ва ўсякім наро́дзе прые́мны Яму, хто баíцца Яго і чыніць справядлівасьць. Слова, якое паслаў сынам Ізраэля, абвяшча́ючы мір це́раз Ісуса Хрыста, Які ёсьць Госпад усіх. Вы ве́даеце вестку, якая (шырылася) па ўсёй Юдэі. Пачатак яна (бярэ) у Галілеі пасьля хрышчэньня (Ісуса), якую апавясьціў Яан (Хрысьціцель). (Вестку пра) Ісуса з Назарэту, (вестку пра тое) як памазаў Яго (Ісуса) Бог Духам Сьвятым і сілай, Які хадзіў робячы дабро і аздараўляючы ўсіх прыгне́чаных д’яблам, бо Бог быў зь Ім. І мы ёсьць сьведкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне юдэяў і ў Ярузаліме, Якога яны забілі павесіўшы на дрэве. Яго Бог ўваскрасіў на трэйці дзень і даў Яму быць бачаным ня ўсяму́ народу, але сьведкам, наперад выбраным Богам, нам, якія е́лі і пілі зь Ім пасьля ўваскрасеньня Яго зь мёртвых. І (Ён) загадаў нам абвяшчаць народу і сьведчыць, што Ён ёсьць прызначаны Богам Судзьдзя жывых і мёртвых. Пра Яго сьведчаць усе прарокі, што кожны, хто веруе ў Яго, атрымае дараваньне грахоў празь Імя Ягонае. Калі яшчэ гаварыў Пётра словы гэтыя, зыйшоў Дух Сьвяты на ўсіх, што слухалі слова. І зьдзівіліся ўсе веручыя з абрэзаных, якія прыйшлі зь Пятром, што і на паганаў выліты дар Духа Сьвятога; бо чулі іх гаворачы мовамі і ўзьвялíчваючы Бога. Тады сказаў Пётра: Хíба можа хто-небудзь забараніць быць ахрышчанымі вадою тым, якія Духа Сьвятога прынялі, як і мы? І загадаў ім (Пётра) быць ахрышчанымі ў Імя Госпада. Тады папрасілі яго застацца зь (імі) некалькі дзён.
Апосталы ж і браты, што былí ў Юдэі, пачулі што пагане прынялі Слова Бога. І калі Пётра ўзыйшоў да Ярузаліму, яго дакаралі тыя, што з абрэзаных, кажучы: да няабрэзаных мужчын хадзіў (ты) і еў зь імі. І пачаўшы Пётра расказаў ім па парадку кажучы: Я быў у месту Іоппа молячыся, і ўбачыў у захапленьні зьяву: апускаўся нейкі посуд, як вялікі абрус, за чатыры бакі апуска́ямы зь неба, і (ён) апусьціўся да мяне; угледзіўшыся ў яго (я) разглядаў і ўбачыў чацьвераногіх зямлі і дзікіх жывёлін, і паўзуноў, і птушак нябесных. І пачуў (я) голас які гаворыць мне: Пётра ўстаўшы забівай і еш, а я сказаў: ні ў якім разе, Госпадзе! бо нішто паганае альбо нячыстае ніколі ня ўвахо́дзіла ў вусны мае. І адказаў мне голас зь неба ў другі раз: што Бог ачысьціў ты ня пага́нь. І сталася гэта тройчы; і ізноў усё падняло́ся на неба. І вось, у тую ж часіну трое мужчын падыйшлі да дому, дзе я быў, пасланыя да мяне з Кесары. І сказаў мне Дух ісьці разам зь імі, ані ня сумняваючыся. Пайшлі ж са мною таксама шэсьць гэтых братоў, і мы прыйшлі ў дом таго мужчыны. Ён нам расказаў, як (ён) убачыў у сваім доме Ангела, які стаў і сказаў яму: пашлі ў Іоппу мужчын ды пакліч Сымона, называнага Пятром, ён скажа табе словы, празь якія збаўлены будзеш ты і ўвесь дом твой. Калі ж я пача́ў гаварыць, зыйшоў Дух Сьвяты на іх як і на нас напачатку. Я прыпомніў тады Слова Госпада, як Ён казаў: Яан хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым. Калі ж Бог даў ім дар такі ж, як і нам паверыўшым у Госпада Ісуса Хрыста, дык хто я (такí), каб пярэчыць Богу? Выслухаўшы ж гэта (яны) супакоіліся і славілі Бога, кажучы: Дык і паганам Бог даў пакаяньне на жыцьцё. А вось тыя, што расьцярушыліся цераз бяду, якая здарылася пры Сьцяпане прайшлі аж да Хвінікі і Кіпру, і Антыёхі нікому ня кажучы Слова адно толькі жыдом. Былі ж сярод іх нікато́рыя мужчыны кіпрыйцы і кірэнэйцы, якія ўвайшоўшы ў Антыёху, прамаўлялі да элліністаў дабравесьцячы (ім) Госпада Ісуса. І была́ Рука́ Госпада зь імі. І вялікая лічба, увераваўшы, навярнулася да Госпада. І дайшло слова пра іх да вушэй царквы, што ў Ярузаліме; і паслалі Барнабу пайсьці ажно ў Антыёху. Які, прыйшоўшы і пабачыўшы ласку Бога, узрадаваўся ды ўгаво́рваў усіх каб (усёй) няпахіснасьцю сэрца трыма́ліся Госпада. Бо быў (ён) чалавек добры і поўны Духа Сьвятога, і веры. І многа народу навярнулася да Госпада. А Барнаба пайшоў у Тарс, каб адшука́ць Саўлу. І, знайшоўшы яго, прывёў у Антыёху. І сталася ім цэлы год зьбірацца ў гэтай царкве ды навучаць значную грамаду; і ўпяршыню вучні ў Антыёхі пача́лі называцца хрысьціянамі. У тыя ж дні зь Ярузаліму прыйшлі да Антыёхі прарокі. І адзін ізь іх на імя Агаў устаўшы прадказаў праз Духа, што на ўсім сьвеце мае быць вялікі голад, і стаўся ён за кесара Кляўда. Дык вучні пастанавілі паслаць на дапамогу братом, што жывуць у Юдэі, кожын зь іх хто які меў дастатак. І ўчынілі гэта паслаўшы празьбітарам праз ру́кі Барнабы і Саўла.
А ў той час кароль Гірад падняў ру́кі, каб мучыць нікаторых із царквы. А Якуба, брата Яанавага, забіў ме́чам. І ўбачыўшы, што гэта прыемна жыдом, дадаў схапіць і Пятра, — а былí дні праснакоў, — дык злавіўшы яго, пасадзіў у вязьніцу, загадаўшы чатыром чацьвёркам жаўнераў сьцерагчы яго, манючыся пасьля Пасхі вывясьці яго народу. Гэтак вось Пятра пільнавалі ў вязьніцы, а царква рупліва малілася за яго Богу. Калі ж Гірад манíўся вывясьці яго, у тую ноч Пётра спаў паміж двума жаўнерамі апутаны двума ланцуга́мі, ды перад дзьвярыма вартаўнікі пільнавалі вязьніцу. І вось Ангел Госпада стануў перад (ім), і сьвятло азарыла вязьніцу. І ткнуўшы Пятра ў бок разбудзіў яго кажучы: устань хутчэй! І звалíліся з рук ягоных ланцугі. І сказаў яму Ангел: падперажыся і падвяжы пасталы твае. Зрабіў і гэта. І кажа яму: надзень вопратку тваю і ідзі за мно́ю. І выйшаўшы ішоў за ім. Ды ня ведаў, ці праўда тое, што сталася праз Ангела, а думаў, (што) бачыць уяву. Мінуўшы ж першую і другую варту яны падыйшлі да жалезнай брамы, што вяла да места, якая сама сабою расчынілася ім. І, выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу калі Ангел зьнячэўку зьнік ад яго. І Пётра прыйшоўшы да сябе сказаў: цяпер ведаю запраўды, што Госпад паслаў Ангела Свайго і вырваў мяне із рукі Гірада ды ад усяго, чаго чакаў народ жыдоўскі. І аглядзеўшыся прыйшоў да дому Марылі, маці Яана, якога зва́лі Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся. І калі Пётра пасту́каўся ў бра́му, падыйшла паслухаць служанка на імя Ро́да, і, пазнаўшы голас Пётры, ад радасьці ня адчыніла брамы а, убегшы, абвясьціла, што Пётра стаіць каля брамы. А тыя сказа́лі ёй: ты ашале́ла. Але яна настойвала, што гэта так. Яны ж казалі: гэта Ангел ягоны. Пётра ж до́ўжыў сту́кацца. Калі ж адчынілі, убачылі яго і здуме́ліся. І даўшы знак рукою каб маўчалі расказаў ім, як Госпад вывеў яго із вязьніцы. І сказаў: павядомце аб гэтым Якубу і братом. І, выйшаўшы, пайшоў у другое мейсца. Калі ж настаў дзень, сярод жаўнераў узьняла́ся вялíкая трывога: што ста́лася зь Пятром? Гірад жа пашукаўшы і ня знайшоўшы яго, асудзіў вартаўнікоў і загада́ў сказьніць (іх). І перабраўшыся зь Юдэі ў Кесару застава́ўся (там). А Гірад быў моцна разгневаны на тырыйцаў і сіданíйцаў. А яны змо́віўшыся прыйшлі да яго і схіліўшы (на свой бок) Уласта, пасьце́льніка каралеўскага прасілі міру, бо іхняя краіна кармíлася ад каралеўскай. У вызначаны ж дзень Гірад, апрануўшыся ў каралеўскія шаты і сеўшы на судзейскім пасадзе (перад людзьмі), прамаўляў да іх, а народ крычаў: голас Бога, а ня чалавека! Ангел жа Госпада зьнячэўку паразíў яго за тое, што ня аддаў хвалы Богу і, зае́дзены чарвякамі, (ён) сканаў. А Слова Бога расло і памнажа́лася. А Барнаба і Саўл, выканаўшы служэньне, пайшлі назад зь Ярузаліму (у Антыёху), узяўшы з сабою таксама і Яана, званага Маркам.
Былі ж у Антыёхі ў тамтэйшай царкве нікато́рыя прарокі і вучыцялі: Барнаба і Сымон, называ́ны Нігер, і Лукій кірэнэец, ды Манаэн, узгадаваны разам з Гірадам чацьвертаўла́днікам, ды Саўл. І калі яны адпраўлялі службу Госпаду і пасьцілі, сказаў Дух Сьвяты: выдзяліце Мне Барнабу і Саўла на дзейнасьць, на якую Я іх паклікаў. Дык яны, папасьцíўшы й памаліўшыся, ды ўсклаўшы на іх ру́кі, адпусьцілі (іх). А тыя, пасланыя Духам Сьвятым, прыйшлі ў Сэлеўкію ды стуль адплылí да Кіпру. І, апынуўшыся ў Саляміне, абвяшчалі Слова Бога ў жыдоўскіх сынагогах; мелі ж і Яана слугу. Прайшоўшы ж выспу ажно да Пахва, знайшлі нейкага чараўніка ілжэпрарока, жыда на імя Варыісус, які быў у старасты Сяргея Паўлы, мужчыны разумнага. Той, паклíкаўшы Барнабу і Саўлу, зажадаў паслухаць Слова Бога. Проці іх выступіў Яліма чараўнік — гэтак перакладаецца ягонае імя, — жадаючы адвярнуць старасту ад веры. Але Саўл, ён жа і Паўла, напоўніўшыся Духам Сьвятым і паўзіраўшыся на яго, сказаў: о, сыне дыябала, поўны ўсякай крывадушнасьці і ўсякага злачынства, ворагу ўсякай праўды! Ці ж ня пакінеш ты крывіць простыя шляхі Госпада? Дык вось, цяпер Рука Госпада на табе, і будзеш ты сьляпы, і ня ўгледзіш сонца ажно да пары. І ўраз жа найшлі на яго цемра і змрок, і блукаючыся, шукаў павадыра. Тады, убачыўшы стаўшаеся, стараста паверыў, будучы зьдзіўлены навукай Госпада. Адплыўшы ж із Пахвы, тыя, што былі з Паўлам, прыбылі ў Пэргу, у Памхвілі. А Яан, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Ярузалім. А яны, прайшоўшы цераз Пэргу, прыбылі ў Антыёху Пісідзкую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботы, паселі. І пасьля прачытаньня Закону і Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі да іх, кажучы: мужчыны браты! калі ёсьць у вас слова павучэньня для народу, прамоўце. І Паўла, устаўшы і даўшы знак рукой, сказаў: мужчыны ізраэльцяны і тыя, што баяцца Бога! Паслухайце! Бог народу гэтага Ізраэля выбраў ба́цькаў нашых, і гэты народ узвысіў у бытнасьць у зямлі Ягіпту і ўзьнятай Рукой вывеў іх ізь яе. І каля сарака гадоў цярпеў іх у пустэльні. І, зьніштожыўшы сем народаў у зямлі Ханаана, надзяліў іх зямлёй гэных. І пасьля гэтага каля чатырохсот пяцідзясяці гадоў даваў судзьдзяў аж да Самуэля прарока. А затым папрасілі караля, і даў ім Бог Саўла, сына Кіса, мужчыну з калена Бэньямінавага гадоў на сорак. І, ськінуўшы яго, паставіў ім у каралі Давіда, якому і сказаў, засьведчыўшы: знайшоў (Я) Давіда, (сына) Ясэя, мужчыну па Сэрцу Майму, які зьдзейсьніць усе жаданьні Мае. Ад ягонага насеньня Бог па абяцаньню падняў Ізраэлю Збаўцу Ісуса. Перад прыходам Ягоным Яан абвясьціў хрышчэньне пакаяньня ўсяму народу Ізраэля. Калі ж Яан заканчаваў шлях (свой), казаў: за каго вы мяне ўважаеце? Ды не, гэта ня я, але вось ідзе за мною Той, у Каго я ня варты разьвязаць абутак Ног. Мужчыны браты, сыны роду Абрагамавага і тыя сярод вас, што баяцца Бога! Вам пасла́на Слова выратаваньня гэтага. Бо жыхары Ярузалíму і нача́льнікі іхныя, ня пазна́ўшы Яго і засудзіўшы (Яго), споўнілі Словы Прарокаў, якія чытаюцца кожную суботу. І ня знайшоўшы ніякай сьмяротнай віны папрасілі Пілата забіць Яго. Калі ж спо́ўнілі ўсё напíсанае аб Ім, дык, зьняўшы з дзерава, палажылі ў магілу. Але Бог ускрасіў Яго із мёртвых. Ён быў зьяўляемы на працягу многіх дзён тым, што прыйшлі зь Ім з Галілеі ў Ярузалім; каторыя зьяўляюцца сьведкамі Ягонымі перад народам. І мы вам дабравесьцім абяцаньне, якое дадзена ба́цькам, бо яго Бог выканаў дзецям іхным, нам, ускрасіўшы Ісуса, як і напíсана ў Псальме другім: Сын Мой — Ты. Я сягоньня спарадзіў Цябе. А што (Ён) уваскрасіў Яго із мёртвых, (азначае), што Ён больш ня падлягае вяртаньню ў тленьне; гэткім чынам (Ён) сказаў: дам вам верныя сьвятасьці (абяцаныя) Давіду. Пагэтаму і ў другім (мейсцы) кажа: ня дасі Сьвятому Твайму ўбачыць тленьне. Бо ж Давід, паслужыўшы ў родзе сваім Волі Бога, памёр і быў далучаны да бацькаў сваіх і ўбачыў тленьне. А Каго Бог ускрасіў, Той ня ўбачыў тленьня. Пагэтаму хай будзе вам ведама, мужчыны браты, што празь Яго вам абвяшчаецца дараваньне грахоў. І ва ўсім, у чым вы ня маглі быць апра́ўданымі ў Законе Масея, у Ім усякі, хто верыць, атрымоўвае апраўданьне. Дык глядзіце, каб ня прыйшло на вас ска́занае ў Прарокаў: Паглядзіце вы, пагарджаючыя, і падзівуйцеся і счэзьніце! бо дзела Я роблю ў дні вашыя — дзела, якому вы ня паверылі бы, калі б хто расказаў вам. Выйшаўшых жа з сынагогі жыдоўскай пагане прасілі, каб і ў другую суботу гаварылі ім словы гэтыя. А як была распушчана сынагога, многія з жыдоў і багабойных празелітаў пайшлі за Паўлам і Барнабай, якія, размаўляючы зь імі, заклікалі іх заставацца ў Багадаці Бога. А ў наступную суботу амаль усё места зыйшлося паслухаць Слова Бога. Калі ж жыды ўбачылі гэткі натоўп, напоўніліся зайздрасьцяй і пярэчылі таму, што Паўла сказаў, пярэчачы ды ліхасловячы (іх). Асьмеліўшыся ж, Павал і Барнаба сказалі: да вас першых павінна было быць сказана Слова Бога. Дык як жа вы адвяргаеце яго і робіце сябе нявартымі вечнага жыцьця? Дык вось, мы зварачаемся да паганаў. Бо так запаведаў нам Госпад: Я паставіў Цябе за сьветач для паганаў, каб быць Табе на збаўленьне да краю зямлі. І чуючы, пагане радаваліся і праслаўлялі Слова Госпада, ды ўверылі ўсе, якія былі прызначаны да жыцьця вечнага. І Слова Госпада шырылася па ўсяму (таму) краю. Жыды ж падбухторылі набажных і ўплывовых жанчын і першых (мужчын) у месту і паднялі перасьледаваньне супраць Паўлы і Барнабы і выгналі іх із межаў іхных. Яны ж, абтросшы пыл з ног сваіх на іх, прыйшлі ў Іконію. А вучні напаўняліся радасьцяй і Духам Сьвятым.
Сталася ж у Іконіі ўвайсьці ім разам у сынагогу жыдоўскую і прамаўляць гэтак, што ўверыла жыдоў і грэкаў вялікае мноства. А няверучыя жыды падбурылі і варожа настроілі душы паганаў супраць братоў. Але яны прабылí шмат часу, адважна прамаўляючы аб Госпадзе, Які сьведчыў аб Слове Багадаці Сваёй і даваў тварыць цуды і знакі цераз рукі іхныя. І была падзелена грамада́ мястовая: і адны былі з жыдамі, другія ж з Апосталамі. Калі ж пагане і жыды разам з начальнікамі іхнымі памкнуліся напасьці на іх, каб зьнява́жыць ды пабіць каме́ньмі, дык (яны), даведаўшыся, уцяклі ў месты Лікаоні: Лістру і Дэрбу, дый у навако́льле. І былі тамака (і) абвяшчалі Эвангельле. У Лістры ж нейкі мужчына са спаралізаванымі нагамі сядзеў, бо быў ад чэрава маткі сваёй кульгавым, які ніколі ня хадзіў. Ён слухаў, як прамаўляў Паўла. Той, паўзіраўшыся на яго і ўбачыўшы, што мае веру на аздараўленьне, сказаў моцным голасам: Устань на ногі твае роўна. І (той) падскочыў ды хадзіў. І людзі, убачыўшы, што зрабíў Паўла, узвысілі галасы свае, кажучы па-лікаонску: (самі) бо́гі, упадо́бленыя людзям, зыйшлі да нас! І называ́лі Барнабу Зэўсам, а Паўлу — Гэрмэсам, бо ён быў вяду́чым у слове. А жрэц Зэўса, пастаўленага перад местам іхнім, прывёўшы быкоў зь вянкамі да варотаў, хацеў разам з народам учыніць ахвярапрынашэньне. Пачуўшы ж, Апосталы Барнаба і Паўла, разадраўшы вопраткі свае, кíнуліся ў народ, крычучы ды ка́жучы: мужчыны, што гэта (вы) ро́біце? І мы ёсьць падо́бныя вам людзі, якія дабравесьцяць вам, каб (вы) ад гэтых ма́рных навярнуліся да Бога Жывога, Які сатварыў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх, Які ў міну́лых родах дапусьціў усім народам хадзіць шляхамі сваімі, хаця і ня пакíнуў сьведчыць аб Сабе, робячы дабро зь неба нам, даючы дажджы і по́ры ўраджайныя, напаўняючы ежай і ўцехай сэрцы нашыя. І, гэта кажучы, ледзьве спынíлі народ, каб ня чынілі ахвярапрынашэньне ім. З Антыёхі ж і Іконіі прыйшлі жыды і, падбурыўшы народ ды ўкаменаваўшы Паўлу, вывалаклі (яго) за места, падумаўшы, што ён памёр. Калі ж абступілі яго вучні, (ён) устаўшы, увайшоў у места і на наступны дзень выйшаў разам з Барнабаю ў Дэрбу. І абвясьціўшы Эвангельле гэнаму месту ды прыдбаўшы шмат вучняў, (яны) вярнуліся назад у Лістру, і Іконію і Антыёху, умацоўваючы душы вучняў, заклікаючы трываць у веры, ды што праз шмат мукаў належыць нам увайсьці ў Валадарства Бога. Рукапаклаўшы ж ім па цэрквах старэйшынаў (ды) памаліўшыся з по́стам, даручылі іх Госпаду, у Якога ўверылі. І, прайшоўшы Пісідыю, прыйшлі ў Памхвілю. І, узьвясьціўшы Слова ў Пэрзе, зыйшлі ў Атталю, а адтуль адплылí да Антыёхі, адкуль былí аддадзены Багадаці Бога на справу, якую выпаўнілі. Прыйшоўшы ж ды склікаўшы царкву, яны расказалі ўсё, што ўчыніў зь імі Бог і як расчыніў паганам дзьверы веры. І былі тамака ня малы час з вучнямі.
І нікаторыя, што прыйшлі зь Юдэі, навучалі братоў: калі ня будзеце абрэзанымі па звычаю Масеяваму, ня можаце быць уратаванымі. Пагэтаму ў Паўлы і Барнабы адбыўся спор і спрэчка нямала́я з прыйшоўшымі, дык (браты) пастанавілі адправіць Паўлу і Барнабу, і нікаторых другіх із іх да Апосталаў і старэйшынаў у Ярузалім адносна спрэчкі гэтай. Яны ж, пасланыя царквой, праходзілі праз Хвініку ды Самару, апавядаючы аб навароце паганаў, і радасьць вялікую рабілі ўсім братом. Прыйшоўшы ж у Ярузалім, яны былі прыняты царквой і Апосталамі ды старэйшынамі і расказалі, што ўчыніў зь імі Бог. І паўсталі нікаторыя з гарэзіі хварысэяў, што ўверылі, кажучы, што трэба іх абрэзаць і наказа́ць, каб трымаліся Закону Масея. І сабра́ліся Апосталы і старэйшыны разгледзіць гэту справу. Як жа адбыла́ся працяглая спрэчка Пётра, устаўшы, сказаў ім: мужчыны браты! вы ведаеце што ад пачатковых дзён Бог выбраў сярод нас, каб праз мае вусны пагане пачу́лі слова Эвангельля і ўве́рылі, і Знаўца сэрцаў Бог засьведчыў ім даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам, і ня ўчыніў ніякай розьніцы між намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхныя. Дык чаго ж вы цяпер спакушаеце Бога, ускласьці ярмо на шыю вучняў, якое ні ба́цькі нашыя ні мы ня былі ў сілах пане́сьці? Але дзякуючы Багадаці Госпада Ісуса Хрыста мы верым, што збаўлены так, як і яны. І змоўкла ўся грамада, і слухалі Барнабу і Паўлу, апавядаўшых якія знакі і цуды зрабіў празь іх Бог сярод паганаў. Пасьля ж таго як яны змоўклі пачаў гаварыць Якуб, кажучы: мужчыны браты! паслухайце мяне. Сымон патлумачыў як Бог на пачатку ўгледзіў атрымаць з паганаў народ у Імя Сваё. І з гэтым згаджаюцца Словы Прарокаў, як напісана: пасьля гэтага вярнуся і збудую Палатку Давіда што звалілася і руіны яе адбудую і папраўлю яе так каб пача́лі шукаць Госпада (і) астатнія людзі і ўсе пагане, якім будзе прапаве́дана Імя Маё, гаворыць Госпад, Які робіць усё гэта. Ведамы Богу ад вечнасьці ўсе працы Ягоныя. Пагэтаму я лічу́: ня абцяжа́рваць паганаў, якія наварочваюцца да Бога, але напісаць ім: устрымлівацца ад гідотаў ідальскіх і блудадзейства, і заду́шанага (мяса) і крывí. Бо Масей ад даўных родаў мае па местах тых, што абвяшчаюць яго ў сынагогах, чыта́ны кожную суботу. Тады наду́малі Апосталы і старэйшыны разам з усёй царквой паслаць у Антыёху з Паўлам і Барнабай выбраных спасярод сябе́ людзей: Юду, называнага Варсавай, і Сілу мужчын перадавых сярод братоў, напісаўшы рукамі сваімі наступнае: Апосталы і старэйшыны і браты: братом з паганаў, што (жывуць) у Антыёсе і Сірыі і Кілікі, радавацца. З тае прычыны, што мы пачулі, што нікаторыя прыходзячы ад нас, устрывожылі вас словамі ды захісталі ду́шамі вашымі, ка́жучы абрэзывацца і трымацца Закону, чаго мы (ім) ня даруча́лі, надумалі мы, сабраўшыся аднадушна (ды) выбраўшы мужчын паслаць да вас разам зь лю́бымі нам Барнабай і Паўлам, людзьмі, аддаўшымі ду́шы свае за Імя Госпада нашага Ісуса Хрыста. Вось жа (мы) паслалі Юду і Сілу, і яны абвесьцяць (вам) тое і словам. Бо наду́малася Сьвятому Духу і нам ніякага больш цяжару на вас ня ўскла́даць апрача гэтага ніабходнага: узьдзержывацца ад ахвяраванага ідалам і крыві, і заду́шанага (мяса), і блудадзейства; высьцерагаючыся гэтага, зробіце добра. Бывайце здаровыя. Яны ж, пасланыя, прыйшлі ў Антыёху і, сабраўшы грамаду, перада́лі пісьмо. І, прачытаўшы, (яны) узрадаваліся гэтаму суцяшэньню. Юда і Сіла таксама будучы прарокамі многімі словамі абадзёрылі братоў ды ўмацавалі. Прабыўшы ж (там патрэбны) час (яны) былі зь мірам адасланы братамі да Апосталаў. Але Сіле надумалася застацца тамака. Паўла ж і Барнаба заставаліся ў Антыёсе навучаючы і абвяшчаючы разам з многімі другімі Слова Госпада. І пасьля некалькіх дзён Павал сказаў Барнабе: вернемся, наведаем братоў нашых па ўсіх местах, дзе мы абвяшчалі Слова Госпада: як (яны яго) трымаюцца. Барнаба ж захацеў узяць з сабою Яана, называнага Маркам. Але Паўла меркаваў ня браць яго з сабою, (бо) ён адстаў ад іх у Памхвілі ды ня пайшоў зь імі на справу. Дык узьняло́ся няпаразуменьне, так што яны разлучыліся адзін з адным, і Барнаба ўзяўшы Марка адплыў на Кіпр. А Паўла пайшоў абраўшы сабе Сілу даручо́ны братамі Багадаці Бога. І праходзіў праз Сірыю і Кіліку ўмацоўваючы цэрквы.
І прыйшоў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў тамака адзін вучань, на імя Цімахвей, сын адной жыдоўскай жанчыны, веручай, а ба́цькі грэка. Ён засьведчаны братамі, якія (жывуць) у Лістры і Іконі. Яго Павал зажадаў узяць з сабою; і ўзяўшы абрэзаў яго дзеля жыдоў, што былі ў тых ваколіцах; бо ўсе ведалі бацьку ягонага, што быў грэк. Калі ж (яны) праходзілі празь месты, перадавалі ім захоўваць пастановы вызначаныя Апосталамі і старшымі ў Ярузаліме. І цэрквы крапчэлі ў веры ды ўзраста́лі штодня лікам. І прайшоўшы Прыгу і зямлю галятыйскую сустрэлі забарону Сьвятога Духа гаварыць Слова ў Азіі, прыйшоўшы да Місі манíліся ісьці ў Бітынію, але ня дапусьціў іх Дух. І прайшоўшы праз Місю яны зыйшлі ў Траа́ду. І Паўлу было ноччу бачаньне: адзін мужчына, македо́нец які стаяў і ўгаворваў яго і казаў: прыйдзі ў Македо́ню, памажы нам. Як жа паба́чыў (ён) гэту зьяву, (мы) ураз жа вырашылі ісьці ў Македоню, сумесна ўразумеўшы, што паклікаў нас Госпад абвяшчаць ім Эвангельле. Дык адплыўшы з Траа́ды мы прыплылí проста да Саматра́кі а назаўтрае ў Неа́паль, адтуль жа ў Піліппы, што ёсьць першае места тае часткі Македоні — калёнія. І былí мы ў гэтым месту некалькі дзён. А ў дзень суботы выйшлі (мы) за места да ракі дзе звычайна адбывалася маленьне і, пасеўшы, гутарылі з сабраўшыміся жанчынамі. І адна жанчына на імя Ліда таргоўка пархвірай зь места Тыатыры якая шанавала Бога, слухала; і Госпад расчыніў сэрца ейнае каб зважала на прамовы Паўлы. Калі ж (яна) была ахрышчана і (таксама) дом ейны, прасіла нас, кажучы: калі (вы) прызна́лі мяне вернай Госпаду дык увайдзеце ў дом мой і жыве́це. І пераканала нас. Сталася ж як мы ішлі на малітву адна служанка, якая мела вешчага духа ды варажбой вялікі даход давала гаспадаром сваім, сустрэла нас. Яна ідучы за Паўлам і намі крычала, мовячы: Гэтыя людзі — рабы Бога Найвышэйшага; яны абвяшча́юць нам шлях да збаўленьня! І рабіла (яна) гэта шмат дзён. І разгневаўшыся Паўла, і павярнуўшыся, сказаў духу: зага́дываю табе Імем Ісуса Хрыста: выйдзі зь яе! І выйшаў у тое ж імгненьне. Гаспадары ж яе ўбачыўшы, што прапа́ла надзея заробку іхняга, схапіўшы Паўлу і Сілу вывалаклі на плошчу да начальнікаў. І прывёўшы іх да ваяводаў сказалі: гэтыя людзі трывожаць нашае места, (а) яны — жыды, і вучаць звычаяў, якіх нам, рымлянам, ня сьлед ні прыймаць, ні выпаўняць. І паўстаў народ супраць іх, і ваяводы сарваўшы вопраткі зь іх загадалі біць кіямі. Даўшы ж ім шмат удараў, кíнулі (іх) у вязьніцу загадаўшы турэмшчыку крэпка пільнаваць іх. Ён, атрымаўшы такі загад, кінуў іх у ўнутраную вязьніцу ды ногі іхныя паўшчамляў у калоду. А каля паўночы Паўла і Сіла, молячыся, пяялі гімны Богу, а вязьні слухалі іх. І раптам стаўся вялікі землятрус, ажно захісталіся падва́ліны вязьніцы; і ўраз расчыніліся ўсе дзьверы, і ўсім апалі путы. І турэмшчык прачнуўшыся і ўбачыўшы расчыненыя дзьверы вязьніцы дастаўшы меч хацеў забіць сябе думаючы, (што) вязьні паўцякалі. Але Паўла закрычаў моцным голасам ка́жучы: ня рабі сабе ніякага зла бо ўсе мы тут. І запатрабаваўшы сьвятла, (ён) убег і дрыжучы ўпаў ніцма перад Паўлам ды Сілай, і вывеўшы іх вонкі казаў: Гаспадары! што трэба мне рабіць каб быць зба́ўленым? Яны ж адказалі: вер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і дом твой. І абвясьцілі яму Слова Госпада і ўсім, што ў доме ягоным. І ўзяўшы іх у тую ж гадзіну ўначы, паабмываў ім раны і быў ахрышчаны сам і ўсе ягоныя бязадкладна. І прывёўшы іх у дом свой, паставіў (ім) пачасту́нак і ўсьцешыўся з усім домам, паверыўшы Богу. Як жа наступіў дзень, паслалі ваяводы слуг мескіх, кажучы: звольні людзей гэных. І турэмшчык абвясьціў словы гэтыя Паўлу: прыслалі ваяводы каб (вы) былі вызвалены зараз жа. Пагэтаму, выйшаўшы, ідзіце зь мірам. Але Паўла казаў ім: нас, грамадзян рымскіх, бяз суду́ ізбіўшы перад народам кінулі ў вязьніцу, а цяпер цішком звальняюць нас? О, не, няхай самі прыйдуць і вывядуць нас. Слугі мескія пераказалі словы гэтыя ваяводам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны рымляне. І, прыйшоўшы, перапрасілі іх і, вывеўшы, прасілі пакінуць места. Выйшаўшы ж зь вязьніцы (яны) прыйшлі да Ліды і, убачыўшы братоў, навучылі іх ды пайшлі стуль.
Прайшоўшы ж праз Амхвіпаль і Апалёнію, прыйшлі ў Тэссалоніку, дзе была жыдоўская сынагога. І Паўла паводля звычаю (свайго), прыйшоў да іх і тры суботы гутарыў зь імі із Пісаньняў, даводзячы і паказуючы, што Хрысту належала пацярпець і ўваскрэснуць із мёртвых, ды што Ён, Ісус, ёсьць Хрыстос, Якога я вам абвяшчаю. І нікаторыя зь іх былі перакананы і далучыліся да Паўлы і Сілы: вялікая грамада на́бажных грэкаў дый жанок высакародных ня мала. А няверучыя жыды праз зайздрасьць узяўшы з сабою з мейсцаў сходак нікаторых злых мужчын ды ўчыніўшы натоўп збунтавалі места. Ды прыступіўшы да дому Язонавага спрабавалі іх вывесьці да народу. І ня знайшоўшы іх пацягнулі Язона і нікаторых братоў да начальнікаў места, крычучы: яны збунтаваўшы (усю) зямлю зьявіліся і сюды, якіх прыняў Язон, а ўсе яны чыняць супраць уставаў кесара, называючы Валадаром другога — Ісуса. І (яны) падбурылі народ і ме́ставых начальнікаў, якія слухалі гэта. Але, атрымаўшы ад Язона і астатніх паручальніцтва, звольнілі іх. І браты зараз жа ноччу адправілі Паўла і Сілу ў Бярыю, якія прыйшоўшы пайшлі ў жыдоўскую сынагогу. Тыя ж былі больш разважлівыя чым у Тэссалоніцы: яны прынялі Слова са ўсёй ахвотай (ды) кожны дзень разьбіралі Пісаньні, ці гэтак яно ёсьць. Ды многія із іх паверылі і (із) паважаных грэцкіх жанчын і мужчын нямала. Калі ж даведаліся жыды із Тэссалонікі што і ў Бярыі абвяшчана цераз Паўлу Слова Бога, (дык) прыйшлі і туды, падбураючы народ. Тады браты ніадкладна выправілі Паўлу быццам ішоў да мора, а Сіла і Цімахвей засталіся тамака. А тыя што праводзілі Паўлу, давялі яго аж да Атэн і атрымаўшы загад для Сілы ды Цімахвея, каб як мага хутчэй прыйшлі да яго, пайшлі (назад). І чакаючы іх (Сілу і Цімахвея) у Атэнах (і) бачачы места напоўненае ідаламі дух Паўлы абураўся ў ім. І гу́тарыў у сынагозе з жыдамі і на́бажнымі, і на плошчы кожны дзень з выпадкова сустрэчнымі. Нікаторыя ж з хвілязохваў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся зь ім: і адны гаварылі: што ж хоча сказаць гэты балбату́н? А другія: здаецца (ён) прапаведуе чужых багоў, бо (ён) дабравесьціў ім Ісуса і ўваскрасеньне. І ўзяўшы яго прывялі ў арэапаг, кажучы: ці можам (мы) даведацца што гэта за новае вучэньне якое ты абвяшчаеш? Бо нешта дзіўнае (ты) даносіш да нашых вушэй. Пагэтаму хочам ведаць, чым бы магло гэта быць. Усе ж атэнцы і чужынцы якія былі (там) ні ў чым іншым ня праводзілі час, акрамя як гаварыць і слухаць што-небудзь новае. І Павал стануўшы пасярод арэапагу сказаў: мужчыны атэнскія! з усяго бачу што вы нíбы асабліва на́бажныя. Бо праходзячы і аглядаючы сьвятыні вашыя, (я) знайшоў таксама ахвярнік на якім напíсана: нявядо́маму Богу. Дык Якога ня ведаючы (вы) ушаноўваеце, Гэтага то я абвяшчаю вам. Бог, Які стварыў сусьвет і ўсё што ў ім, Ён зьяўляючыся Госпадам Неба і зямлі, ня ў рукатворных храмах жыве, і ня ад рук чалавечых прымае служэньне (быццам) у чым-небудзь мае патрэбу, Сам даючы ўсім жыцьцё і дыханьне і ўсё. І зрабіў з аднае крыві кожную нацыю чалавечую, каб жылі па ўсяму абліччу зямлі вызначыўшы наперад часы і межы іхняга пражываньня, каб шукалі Госпада ці ні адчуюць і знойдуць Яго, хаця (Ён) ёсьць нідалёка ад кожнага з нас: бо ў Ім жывём і ру́хаемся і існу́ем, як і нікаторыя із вашых паэтаў сказалі: бо мы ёсьць і род Ягоны. Пагэтаму будучы родам Бога (мы) ня павінны думаць, (што) Боства ёсьць падобна мастацкай выяве з золата альбо (з) серабра, альбо (з) камня па вымыслу чалавечаму. Пагэтаму пакінуўшы часы няве́даньня Бог за́раз зага́двае ўсім людзям паўсюль пакаяцца. Бо (Ён) вызначыў дзень, у які мае справядліва судзіць сьвет праз Мужчыну, Якога вызначыў, даўшы ўсім доказ, ускрасіўшы Яго зь мёртвых. Пачуўшы ж пра ўскрасеньне мёртвых, адны насьмяхаліся, другія ж сказалі: паслухаем цябе аб гэтым другім разам! Такім чынам Паўла выйшаў спасярод іх. Нікаторыя ж мужчыны далучыўшыся да яго паверылі. Сярод іх і Дыаніс Арэапагіт і жанчына на імя Дамара, і другія разам зь імі.
Пасьля гэтага Паўла пакінуўшы Атэны прыйшоў у Карынт. І знайшоўшы нейкага жыда на імя Акілу родам з Понту, які нядаўна прыйшоў з Італіі, і Прыскіллу, жонку ягоную — бо Клаўдзі загадаў усім жыдам выбрацца з Рыму, — прыйшоў да іх. І па прычыне аднолькавага рамяства жыў у іх і працаваў; бо па рамяству (яны) былі вытворцамі буданоў. І кожную суботу гутарыў у сынагозе і пераконваў жыдоў ды грэкаў. Калі ж прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімахвей Павал быў панука́ямы Духам, сьведчучы жыдам пра Хрыста Ісуса. А як яны працівіліся і ліхасловілі дык абтросшы вопратку сказаў да іх: кроў вашая на галаве вашай; чысты я. Ад цяпер пайду да паганаў. І выйшаўшы стуль пайшоў у дом аднаго багабойнага (чалавека) на імя Юста, дом якога быў побач з сынагогай. А Крысп, начальнік сынагогі, паверыў у Госпада са ўсім домам сваім, ды многія карыньцяне слухаючы паверылі і былі ахрышчаны. Госпад жа сказаў Паўлу ў зьяве ўначы: ня бойся, але прамаўляй ды ня змаўкай, бо Я з табою, і ніхто ня адва́жыцца ўчыніць табе зло, таму што народу Майго шмат у месту гэтым. І пражыў (там Павал) год і шэсьць месяцаў навучаючы ў іх Слову Бога. І (калі) Гальліён быў праконсулам Ахаі, жыды аднадушна напа́лі на Паўлу і прывялі яго ў судзíлішча, кажучы: Гэты падбухторвае людзей шанаваць Бога ня па Закону. Калі ж Паўла захацеў расчыніць вусны, Гальліён сказаў да жыдоў: жыды, я слушна выслухаў бы вас, калі было б якое-небудзь бяззаконьне ці ліхі ўчынак; калі ж спрэчка ідзе аб Слова ды імёны ды Закон ваш, дык разьбірайцеся самі, бо судзьдзёй у гэтым я быць ня хачу. І прагнаў іх із судзілішча. А ўсе грэкі схапіўшы Састэна, начальніка сынагогі, білі (яго) перад судзілішчам, а Гальліёна гэта зусім ня рупіла. А Паўла, прабыўшы яшчэ даволі дзён, развітаўшыся з братамі, адплыў у Сірыю, а разам зь ім Прыскілла і Акіла, абстрыгшы галаву ў Кэнхрэях: бо меў абяцаньне. А прыбыўшы ў Эхвес, (Павал) іх там пакінуў а сам ўвайшоўшы ў сынагогу гутарыў з жыдамі. А калі яны папрасілі застацца ў іх на доўгі час, ня згадзіўся, але разьвітаўся зь імі, сказаўшы: мне абавязкова трэба справіць надыходзячае сьвята ў Ярузаліме; але ж, калі Бог захоча, (то) да вас прыйду ізноў. І вырушыў з Эхвесу. І прыйшоўшы ў Кесару, узыйшоўшы (у Ярузалім) і павітаўшы царкву, пайшоў у Антыёху. І прабыўшы (там) нейкі час, выйшаў, праходзячы па чарзе Галятыйскі край і Прыгу ўмацоўваючы ўсіх вучняў. І нейкі жыд імем Апальлёс родам з Алякса́ндры, мужчына красамоўны і моцны ў Пісаньнях, прыйшоў у Эхвес. Ён быў навучаны шляху Госпада ды палаючы духам прамаўляў ды вучыў пра Госпада правільна, ведаючы толькі хрышчэньне Яанавае. І ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы ж яго Акіла і Прыскілла прынялі яго і дакладней вылажылі яму шлях Бога. А як ён маніўся пайсьці ў Ахаю, каб абадзёрыць (тамтэйшых вучняў), (то) браты напісалі вучням, каб прынялі яго. (І) ён, прыйшоўшы, шмат дапамог тым, што паверылі праз Багадаць. Бо (ён) пераканаўча прынародна абвяргаў жыдоў даказваючы праз Пісаньні, што Ісус ёсьць Хрыстос.
І сталася як Апальлёс быў у Карыньце, Паўла, прайшоўшы вышэйшыя краіны, прыйшоў у Эхвес і знайшоўшы нікаторых вучняў, сказаў ім: ці прынялі (вы) Духа Сьвятога, паверыўшы? А яны сказалі яму: мы нават ня чулі, што ёсьць Дух Сьвяты. А (ён) сказаў ім: дык ува што (вы) былі ахрышчаны? А яны сказалі: у Яанава хрышчэньне. Паўла ж сказаў: Яан хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы народу, каб паверылі ў Таго, Хто прыходзе пасьля яго, гэта значыць у Ісуса Хрыста. Пачуўшы ж яны былі ахрышчаны ў Імя Госпада Ісуса. І, як Паўла ўзлажыў на іх ру́кі, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, і (яны) гаварылі мовамі і прарочылі. Было ж усіх мужчын каля дванаццаці. Увайшоўшы ж у сынагогу, адважна прамаўляў тры месяцы, гутаручы і пераконваючы пра Валадарства Бога. А як нікаторыя закамянелі і ня верылі, зьняважаючы гэты шлях перад народам, пакінуўшы іх аддзяліў вучняў кожны дзень гутаручы ў школе нейкага Тыранна. І гэта было два гады, так што ўсе жыхары Азіі, і жыды і грэкі, (маглі) чуць Слова Госпада Ісуса. І Бог чыніў рукамі Паўлы вялікія цуды, так што зь цела ягонага ўскладалі на хворых хусткі ды павязкі, і пакідалі іх хваробы, і духі нячыстыя выходзілі зь іх. Нікаторыя ж із вандроўных жыдоўскіх заклінальнікаў асьмеліліся ўжываць Імя Госпада Ісуса над апанаванымі злымі духамі, мовячы: заклінаем вас Ісусам, Якога абвяшчае Паўла. Былі ж нейкія сямёра сыноў Скевы, жыдоўскага архірэя, якія рабілі гэта. А злы дух сказаў у адказ: Ісуса ведаю ды і Паўлу ведаю. А вы хто такія? І чалавек, што ў ім быў злы дух, накінуўшыся на іх і ўзяўшы верх над імі, перамог іх, так што голыя і ізраненыя (яны) уцяклі із дому гэнага. І гэта сталася ведама ўсім жыдам і грэкам, што жылí ў Эхвесе, і напаў страх на ўсіх іх, і было ўзьвялічаемым Імя Госпада Ісуса. І многа із тых, што паверылі, прыходзілі вызнаваючы і апавядаючы ўчынкі свае. І многія з тых, што чынілі чары, сабраўшы кнігі спалілі (іх) перад усімі і палічылі цэны іхныя (кнігаў), і аказа́лася пяцьдзясят тысячаў срэбранцаў. З гэткаю сілаю Слова Госпада расло і перамагала. Калі ж (усё) гэта адбылося, Паўла пастанавіў у духу, прайшоўшы Македоню ды Ахаю, ісьці ў Ярузалім, сказаўшы: пасьля майго зьяўленьня там належыць мне пабачыць і Рым. Паслаўшы ж у Македоню двух служак сваіх, Цімахвея і Эраста, сам затрымаўся (нікаторы) час у Азіі. У гэны час ўзьняўся нямалы бунт супраць гэтага шляху, бо нехта на ймя Зьмітра, майстра з срэбра, які вырабляў срэбныя будынкі Артэміды ды даваў рамесьнікам нямалы заробак, сабраўшы якіх ды (іншых) падобных працаўнікоў сказаў: Мужчыны! вы ведаеце, што ад гэтага занятку ёсьць наш дабрабыт. І вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эхвесе, але амаль па ўсёй Азіі, гэты Паўла пераканаўшы адвярнуў нямала людзей кажучы, што ня тыя ёсьць багі, якіх вырабляюць рукамі. А гэта пагражае ўпадкам ня толькі нашаму рамяству, але і тым, што капішча вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, ды зьніштожыцца веліч тае, якую паважае ўся Азія і (увесь) сьвет. Пачуўшы ж і напоўніўшыся лютасьцю яны крычалі, кажучы: вялікая Артэміда эхвеская! І ўсё места напоўнілася смутай. І (усе) аднадушна рынуліся да тэатру, захапіўшы з сабою Гая і Арыстарха, македонцаў, спадарожнікаў Паўлы. Калі ж Паўла маніўся выйсьці да натоўпу, вучні яго ня пускалі. Дый нікаторыя начальнікі Азійскія, што былі прыяцелямі ягонымі, паслаўшы да яго, прасілі ня прыходзіць да тэатру. І кожны крычаў што-небудзь адрознае, бо сход быў узварушаны, і большасьць ня ведала, дзеля чаго (яны) сабра́ліся. І з натоўпу выставілі наперад (нейкага) Аляксандру, а вылучылі (і падбухторылі) яго жыды. Дык вось, Аляксандра, даўшы знак рукою, хацеў перад народам сказаць нейкую прамову. А даведаўшыся, што ён жыд, узьняўся адзінагалосны ад усіх крык, (і) крычалі каля дзьвюх гадзін: вялікая Артэміда эхвеская! Уціхамірыўшы ж натоўп мястовы чыноўнік кажа: мужчыны эхвескія! Які ж чалавек ня ведае места Эхвес, якое ёсьць служкай вялікай багіні Артэміды і Дыяпэта? Так як гэта бясспрэчна, то вам трэба быць стрыманымі і ня чыніць нічога няразважліва. Бо вы прывялі гэтых мужчын, якія ані капішча ня абакралі, ані багіні вашае ня зьняважылі. Пагэтаму, калі Зьмітра і рамесьнікі, што зь ім, маюць скаргу на каго, дык судзяць судзьдзі, і ёсьць праконсулы: няхай адны адных пазыва́юць. Калі ж дамагаецеся чаго іншага, дык будзе вырашана на законным сходзе. Таксама мы находзімся ў нябясьпецы быць абвінавачанымі ў буньце, што быў сёньня, бо ня маем ніякае прычыны, каб апраўдаць гэтую заваруху. І сказаўшы гэта распусьціў сход.
Калі ж бунт суцíшыўся, Паўла, паклікаўшы вучняў і разьвітаўшыся, выйшаў ісьці ў Македоню. Прайшоўшы ж гэныя мясьціны і многімі словамі навучыўшы іх прыйшоў у Грэцыю. Прабыў (ён там) тры месяцы. І жыды ўчынілі супраць яго змову. Ён, жадаючы адправіцца ў Сірыю, надумаў вярнуцца праз Македоню. Суправаджаў жа яго аж да Азіі Сапатр бярыец, (із) тэссалонцаў Арыстарх і Сэкунд; і Гай дэрбянін і Цімахвей; азійцы ж Тыхік і Трахім. Гэтыя, апярэдзіўшы, чакалі нас у Троадзе. Мы ж адплылí пасьля дзён праснакоў із Піліппаў і прыбылí да іх у Троаду цераз пяць дзён, дзе прабылí сем дзён. У першы ж дзень тыдня, калі вучні сабра́ліся на ламаньне хлеба, Паўла гутарыў зь імі. Манючыся назаўтрае адправіцца, (ён) доўжыў слова да паўночы. А ў верхнім пакоі, дзе (яны) былі сабраны, было дастаткова сьветачаў. І нейкі юнак імем Яўціх седзячы на вакне моцна заснуў, як Паўла прамаўляў доўга, змораны сном, зваліўся з трэйцяга паверху ўніз, і быў падняты мёртвым. Паўла, сыйшоўшы (уніз), прыпаў да яго і абняўшы сказаў: ня хвалюйцеся, бо душа́ ягоная ў ім. І падняўшыся (наверх) ды разламаўшы хлеб і паеўшы, гутарыў даволі (доўга) ажно да сьвітаньня (і) такім чынам пайшоў. А дзяцюка прывялі жывога і ўцешыліся нямала. Мы ж, прыйшоўшы на карабель, адплылí ў Асс, адкуль меліся ўзяць Паўлу, бо гэтак было загадана (Паўлам), які меўся сам ісьці пехатой. Калі ж ён сустрэў нас у Асьсе, (то) узяўшы яго (мы) прыплылі ў Мітылену. А адплыўшы стуль на наступны (дзень) даплылі да Хіосу, а на другі (дзень) прыплылі да Самосу і пабыўшы ў Трагільлі на наступны дзень прыбылі ў Мілет; бо Паўла надумаў плысьцí міма Эхвесу, каб яму ня траціць часу ў Азіі, бо сьпяшаўся калі магчыма было яму дзень Пяцідзясятніцы прабыць у Ярузаліме. Зь Мілету ж паслаўшы ў Эхвес паклікаў (да сябе) ста́ршых царквы, калі ж (яны) прыбылі да яго, сказаў ім: вы ведаеце, як (я) ад першага дня (майго) прыходу ў Азію, што я ўвесь час быў з вамі, служачы Госпаду з усёй пакораю і многімі сьлязьмі і спакушэньнямі, што прыйшлі на мяне ад подступаў жыдоў, як (я) нічога ня прапусьціў карыснага, чаго ня апавясьціў бы вам і ня навучыў бы вас усенародна й па дамох, сьведчучы жыдам і грэкам аб пакаяньні перад Богам і веры ў Госпада нашага Ісуса Хрыста. І вось цяпер, зьвязаны Духам, іду я ў Ярузалім ня ведаючы, што ў ім сустрэне мяне. Але (ведаю), што Дух Сьвяты ў кожным месту сьведчыць кажучы, што прадстаяць мне путы і мукі. Але я ніколькі ня палохаюся і ня даражу жыцьцём маім, толькі б з радасьцю закончыць шлях мой і служэньне, якое я прыняў ад Госпада Ісуса: сьведчыць пра Эвангельле Багадаці Бога. І цяпер вось я ведаю, што ўжо ня ўбачыце аблічча майго вы ўсе, сярод каторых (я) хадзіў, абвяшчаючы Валадарства Бога. Пагэтаму (я) сьведчу вам у сягоньняшні дзень, што чысты я ад крыві ўсіх, бо (я) ня ўхіліўся абвяшчаць вам усю Волю Бога. Дык рупцеся пра самых сябе і пра ўсё стада, у якім Дух Сьвяты паставіў вас япіскапамі, каб пасьвіць Царкву Бога, якую (Ён) прыдбаў уласнаю Крывёй Сваёй. Бо я ведаю тое, што пасьля адыходу майго ўвойдуць да вас ваўкі лютыя, якія ня шкадуюць стада, дый із вас самых паўстануць мужчыны, якія перакручваюць (праўду), каб зьвесьці вучняў за сабою. Дык будзьце настарожы, па́мятаючы, што (я) тры гады ўдзень і ўначы ня пераставаў са сьлязьмі навучаць кожнага (із вас). І цяпер (я) аддаю вас, браты, Богу і Слову Багадаці Ягонай, якое можа збудаваць і даць вам спадчыну з усімі сьвятымі. Ні срэбра, ні золата, ні вопраткі (я) ні ад кога ня пажадаў: самі ж (вы) ведаеце, што патрэбам маім і тых, што былі са мною, паслужылі рукі гэтыя. Ува ўсім паказаў (я) вам, што, гэтак працуючы, трэба падтрымліваць слабых ды памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён сказаў: шчасьлíвей даваць, чым браць. І сказаўшы гэтае (ды) сукланіўшы калені свае, памаліўся з усімі імі. Тады ўзьняўся вялікі плач усіх, і ўпаўшы на шыю Паўлы цалавалі яго, сумуючы найбольш дзеля слова, якое (ён) сказаў, што ўжо больш ня ўбачаць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.
Калі ж давялося нам, расстаўшыся зь імі, адплыці, дык ідучы нацянькí, прыплылі (мы) да Косу, назаўтрае ж да Родасу, а адтуль да Па́тары, і знайшоўшы карабель, які ішоў да Хвінíкі, (і) узыйшоўшы на (яго) адплылі. І, убачыўшы Кіпра і пакінуўшы яго зьлева, плылí да Сірыі ды прысталі ў Тыры, бо там карабель меў пакінуць груз. І, адшукаўшы вучняў, прабылí та́мака сем дзён. Яны праз Духа гаварылі Паўлу ня ўзыходзіць да Ярузаліму. А як давялося нам пражыць гэныя дні, выйшаўшы, (мы) пайшлі (у дарогу), і ўсе праводзілі нас з жонкамі і дзецьмі ажно за места. І на бе́разе, укленчыўшы, памалíліся. І разьвітаўшыся паміж сабою (мы) узыйшлі на карабель, а яны вярнуліся дамоў. Мы ж скончыўшы плаваньне ад Тыру прысталі да Пталемаіды і прывітаўшы братоў асталіся ў іх на адзін дзень. Назаўтрае ж Паўла (і мы), што былí зь ім, выйшаўшы прыйшлі ў Кесару; і, увайшоўшы ў дом Піліпа Эвангеліста, аднаго зь сямёх, засталіся ў яго. У яго ж былі чатыры дочкі — дзяўчаты, якія прарочылі. А як прабывалі мы (у яго) шмат дзён, прыйшоў зь Юдэі адзін прарок на ймя Агаў, і ўвайшоўшы да нас і ўзяўшы пояс Паўлы, зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: гэтак кажа Дух Сьвяты: мужчыну чый гэты пояс гэтак зьвяжуць жыды ў Ярузаліме і аддадуць у рукі паганаў. Калі ж (мы) гэтае пачу́лі, дык і мы і тамтэйшыя прасілі, каб ён ня ўзыходзіў да Ярузаліму. Паўла ж адказаў: што (вы) робіце плачучы і разрываючы маё сэрца? Бо я гатоў ня толькі быць зьвязаным, але і памерці ў Ярузаліму за Імя Госпада Ісуса. А ня пераканаўшы яго, мы супакоіліся, сказаўшы: хай станецца Воля Госпада! Пасьля ж гэтых дзён, прыгатаваўшыся, вырушылі (мы) да Ярузаліму. Пайшлі ж з намі і (нікаторыя) з вучняў з Кесары, прывялі да нейкага Мназона кіпрыйца, даўняга вучня, у якога маглі б мы пажыць. Як жа прыйшлі мы да Ярузаліму, браты з радасьцю прынялі нас. На наступны дзень прыйшоў Паўла разам з намі да Якуба; прыйшлі і ўсе ста́ршыя. І, прывітаўшы іх, падрабязна апавядаў, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз служэньне ягонае. Яны ж выслухаўшы славілі Бога і сказалі яму: бачыш, браце, колькі дзясяткаў тысячаў жыдоў, якія паверылі, і ўсе яны прыхільнікі Закону. Але пра цябе (яны) пачулі, што адступніцтву ад Масея навучаеш усіх жыдоў, што (жывуць) між паганаў, кажучы, ня абразаць сваіх дзяцей і ня трымацца звычаяў. Дык што ж гэта? Напэўна мусіць сабрацца народ, бо пачуюць, што (ты) прыйшоў. Дык зрабі тое, што мы табе кажам: ёсьць сярод нас чатыры мужчыны, што маюць на сабе абяцаньне. Узяўшы іх, ачысьці сябе разам зь імі, вазьмі на сябе выдаткі і за іх, каб паабстрыгалі галовы, і тады ўсе даведаюцца, што тое, што было расказана пра цябе, ёсьць няпраўда, але (ты) жывеш і сам пільнуючыся Закону. Адносна паверыўшых паганаў дык мы напісалі пастанавіўшы, каб нічога такога ім ня трымацца, акрамя як высьцерагацца ахвяраванага ідалам і крыві, і задушанага (мяса), і блудадзейства. Тады Паўла, узяўшы мужчын гэных, ды назаўтрае, ачысьціўшыся зь імі, увайшоў у Сьвятыню, абвяшчаючы, што дні ачышчэньня скончаны, у той час, калі за кожнага зь іх была прынесена ахвяра. Як жа меліся скончыцца сем дзён, жыды, што былі з Азіі, убачыўшы яго ў Сьвятыні, падбура́лі ўвесь народ і узлажылі на яго ру́кі, крычучы: мужчыны ізраэляны, памажыця! Гэты чалавек, які ўсіх усюды навучае супроць народу і Закону і мейсца гэтага; ды яшчэ і грэкаў увёў у Сьвятыню ды апаганіў гэтае мейсца сьвятое — бо перад гэтым яны бачылі зь ім у месту Трахіма эхвесца дый думалі, што Паўла ўвёў яго ў Сьвятыню —. Усё места ўзварушылася, і пазьбягаўся народ. І, схапіўшы Паўлу, цягнулі яго вон са Сьвятыні, ды ўраз дзьверы былі зачынены. Калі ж хацелі яго забіць, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўзбураны ўвесь Ярузалім. (Дык) ён ураз жа, узяўшы жаўнераў і сотнікаў, пабег на іх. Яны ж, убачыўшы тысячніка і жаўнераў, перасталі зьбіваць Паўлу. Тады, падыйшоўшы, тысячнік схапіў яго і загадаў зьвязаць двума ланцугамі ды пытаўся, хто ён і што зрабіў? У натоўпе ж крычалі кожны нешта сваё. Дык, ня маючы магчымасьці праз шум даведацца (нешта) пэўнае, загадаў весьці яго ў крэпасьць. Калі ж апынуўся ля ўсходаў, жаўнерам прыйшлося несьці яго на руках дзеля напору натоўпу, бо вялікая грамада народу ішла сьледам, крычучы: забí яго! Перад уваходам у крэпасьць Паўла кажа тысячніку: ці можна мне нешта сказаць табе? Той жа сказаў: (ты) умееш пагрэцку? Дык ты ці ня той ягіпцянін, што перад гэтымі днямі ўзбунтаваў і вывеў у пустэльню чатыры тысячы мужчынаў забойцаў? Паўла ж сказаў: я жыд із Тарсу, грамадзянíн значнага места ў Кілікі. Прашу ж цябе, дазволь мне прамовіць да народу. Калі ж той дазволіў, Паўла, стануўшы на ўсходах, даў знак рукою да народу. Як жа сталася вялікая цішыня, прамовіў у жыдоўскай мове, кажучы:
Мужчыны, браты і ба́цькі! выслухайце цяпер маё апраўданьне перад вамі. Пачуўшы ж, што гаворыць да іх у жыдоўскай мове, (яны) яшчэ больш усьцішыліся. А (ён) кажа: я ёсьць жыд, народжаны ў Тарсе Кілікійскім, узгадава́ны ў месту гэтым ля ног Гамаліэля, рупліва навучаны закону ба́цькаўскаму, раўніцель Бога, як вы ўсе сягоньня. Шлях гэты я перасьледаваў ажно да сьмерці, вяжучы і аддаючы ў вязьніцы і мужчын і жанчын; як і сьведчыць аба мне архірэй ды ўсе ста́ршыя: ад якіх (я), узяўшы пíсьмы да братоў, пайшоў у Дамаск; каб і быўшых там прывесьці зьвязаных у Ярузалім дзеля пакараньня. І сталася мне, як ішоў і падыходзіў да Дамаску, каля паўдня зьнячэўку агарнула мяне вялікае сьвятло зь неба. І паваліўся я на зямлю і пачуў голас, які гаварыў да мяне: Саўла, Саўла, чаму перасьледуеш Мяне? Я ж адказаў: Хто Ты, Госпадзе? (Ён) сказаў да мяне: Я ёсьць Ісус Назарэй, Якога ты перасьледуеш. Тыя ж, што былí са мною, убачылі сьвятло і перапалохаліся; але Голасу, Які гаварыў да мяне, ня пачу́лі. І (я) сказаў: што (мне) зрабіць, Госпадзе? Госпад жа сказаў да мяне: устаўшы, ідзі да Дамаску; і там табе будзе ска́зана ўсё, што назна́чана табе зрабіць. А як я ад зьзяньня гэнага сьвятла ня бачыў, дык ведзены за руку́ быўшымі са мною прыйшоў у Дамаск. Нейкі ж мужчына Гананя, пабожны паводля Закону, засьве́дчаны ўсімі тамтэйшымі жыдамі, прыйшоўшы да мяне і падыйшоўшы, сказаў мне: браце Саўле! будзь ізноў відушчым! І я адразу ўбачыў яго. Ён жа сказаў: Бог ба́цькаў нашых выбраў цябе, каб пазнаў (ты) Волю Ягоную і ўбачыў Справядлівага, і пачуў Голас з Вуснаў Ягоных, бо будзеш (ты) сьведкай Яму перад усімі людзьмі аб тым, што ўбачыў і пачуў. Дык чаго ж марудзіш цяпер? Устаўшы, ахрысьціся і змый грахі твае, прызваўшы Імя Госпада. І здарылася мне, як вярнуўся я ў Ярузалім і маліўся ў Сьвятыні, апынуўся я ў захапленьні і ўбачыў Яго, мовячы да мяне: пасьпяшайся і выйдзі хутчэй зь Ярузаліму, бо ня прыймуць сьведчаньня твайго аба Мне. Я сказаў: Госпадзе, яны ведаюць, што я замыкаў у вязьніцах і бічаваў па сынагогах веручых у Цябе, і калі пралівалася кроў Сьцяпана, сьведкі Твайго, дык я быў (там) стоячы і пахваляючы забойства ягонае і сьцярог вопраткі тых, што яго забівалі. І сказаў да мяне: ідзі, бо Я далёка пашлю цябе да паганаў. Да гэтага слова яго слухалі і паднялі голас свой, кажучы: зьнішчы зь зямлі такога! бо ня жыць яму! А як яны крычалі і падкідалі вопраткі ды падкідалі пыл у паветра, тысячнік загадаў весьці яго ў крэпасьць, сказаўшы бічаваць яго, каб даведацца дзеля якой прычыны гэтак крычалі проці яго. Калі ж расьцягнулі яго рэмнямі, сказаў Паўла да стаяўшага сотніка: ці ж можна вам бічаваць чалавека, рымскага грамадзянíна, да таго ж ня засуджанага? Сотнік пачуўшы ды падыйшоўшы да тысячніка паведаміў, кажучы: глядзі, што (ты) хочаш зрабіць? бо гэты чалавек — рымскі грамадзянін. Прыйшоўшы ж тысячнік сказаў яму: скажы мне, ці ты рымскі грамадзянін? Ён жа сказаў: але́. Тады тысячнік адказаў: я набыў гэтае грамадзянства за вялікія грошы. Паўла ж сказаў: а я і ўрадзіўся. Дык ураз адступіліся ад яго тыя, што меліся выпытываць у яго. А тысячнік, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін, спалохаўся, што зьвязаў яго. Назаўтрае ж хочучы даведацца напэўна за што абвінавачываюць (яго) жыды, зьняў зь яго кайданы і загадаў прыйсьці архірэям і ўсяму сынэдрыёну іхнаму, і, вывеўшы Паўлу паставіў (яго) перад імі.
Паўла ж, паўзіраўшыся на сынэдрыён, сказаў: мужчыны браты! ува ўсім добрым сумленьні жыў я перад Богам ажно да сягоньняшняга дня. Архірэй жа Гананя загадаў тым, што стаялі каля яго, біць яго ў вусны. Тады Паўла сказаў да яго: Бог будзе біць цябе, падбе́леная сьцяна! І ты сядзіш судзячы мяне паводля Закону, і парушаючы Закон загадваеш мяне біць. А тыя, што стаялі побач, сказалі: архірэя Бога зьняважаеш? Паўла ж сказаў: ня ведаў (я) браты, што ён архірэй. Бо напісана: на кіраўніка народу твайго ня кажы блага. І даведаўшыся што адна часьціна ёсьць саддукеі, а другая хварысэі, загаласіў Паўла ў сынэдрыёне: мужчыны браты! я — хварысэй, сын хварысэявы. За надзею на ўскрасеньне мёртвых судзяць мяне! Калі ж гэтае ён сказаў, узьнялася спрэчка паміж хварысэямі і саддукеямі, і разьдзялілася грамада. Бо саддукеі кажуць, што няма ўваскрасеньня ані Ангела ні духа, хварысэі ж прызнаюць і тое і другое. І ўзьняўся вялікі крык. І ўстаўшы, кніжнікі хварысэйскай часткі спрачаліся, кажучы: нічога благога ня знаходзім (мы) у чалавеку гэтым. Калі ж дух сказаў яму, ці Ангел, ня змагаймася з Богам. Калі ж спрэчка ўзмацнілася дык тысячнік, баючыся каб Паўла ня быў імі разарваны, загадаў жаўнерам, зыйшоўшы, узяць яго спасярод іх ды весьці ў крэпасьць. У наступную ноч зьявіўшыся яму Госпад сказаў: будзь мужны Паўла! бо як ты засьведчыў аба Мне ў Ярузаліме, гэтак мусіш засьведчыць і ў Рыме. А як настаў дзень, нікаторыя жыды, зрабіўшы змову, да́лі зарок ка́жучы і ня есьці, і ня піці пакуль ня заб’юць Паўлу. Было ж (іх) больш за сорак, што да́лі гэткі зарок. Яны, прыступіўшы да архірэяў і старэйшынаў, сказалі: мы пакляліся клятваю нічога ня зьесьці пакуль ня заб’ём Паўлу. Вы ж цяпер павядомце тысячніку разам з сынэдрыёнам, каб заўтра вывеў яго да вас быццам хочаце больш дакладней даведацца пра яго, а мы, перш чым ён падыйдзе, гатовы забіць яго. Пачуўшы ж пра гэтую засаду сын сястры Паўлавае прыйшоў і, увайшоўшы ў крэпасьць, паведаміў Паўлу. Паўла ж паклікаўшы аднаго із сотнікаў, сказаў: гэтага юнака завядзі да тысячніка, бо (ён) мае нешта сказаць яму. І той, узяўшы яго, завёў да тысячніка і сказаў: вязень Паўла, паклікаўшы мяне папрасіў завесьці да цябе гэтага юнака, які мае нешта сказаць табе. Тысячнік, узяўшы ж яго за руку́ і адыйшоўшыся набок, запытаўся: што (ты) маеш сказаць мне? І (ён) сказаў: жыды пастанавілі папрасіць цябе, каб заўтра вывеў Паўлу да сынэдрыёну, быццам (яны) хочуць уважлівей распытацца аб ім. Ты ж ня паддавайся іхным довадам: бо яго падпільноўваюць больш за сорак мужчын зь іх, якія пакляліся ня есьці і ня піць пакуль ня заб’юць яго, і цяпер яны гатовы, чакаючы ад цябе распараджэньня. Дык тысячнік адпусьціў юнака, загадаўшы: нікому ня скажы, што гэта данёс да мяне. І паклікаўшы нейкіх двух сотнікаў сказаў: прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў, каб прыйсьці да Кесары, ды коньнікаў семдзясят, ды стральцоў дзьвесьце — на трэйцюю гадзіну ночы. Прыгатуйце і жывёлаў, каб пасадзіўшы Паўлу, адвесьці ў цэласьці да правіцеля Хвэлікса. Напісаў ліст гэткага зьместу: Клаўдзі Лізі вяльможнаму правіцелю Хвэліксу: радавацца! Мужчыну гэтага, схопленага жыдамі, якія маніліся (яго) забіць, я, напаўшы на іх з войскам, адабраў яго, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін. Хочучы ж даведацца прычыну, за што вінавацяць яго, (я) прывёў яго ў іхны сынэдрыён і знайшоў, што вінавацяць яго ў спрэчных пытаньнях іхняга закону, ды што няма (у ім) ніякай віны вартай сьмерці ці кайданоў. Калі ж я выкрыў змову супраць гэтага мужчыны, што мела стацца ад жыдоў, (я) ураз паслаў (яго) да цябе, загадаўшы і абвінавальнікам (ягоным) гаварыць супраць яго перад табою. Бывай здароў. Дык жаўнеры, як ім было зага́дана, узяўшы Паўлу павялі ўначы ў Антыпатрыду; а назаўтрае, пакінуўшы коньнікаў ісьці зь ім, вярнуліся ў крэпасьць. Тыя, прыйшоўшы ў Кесару і аддаўшы пісьмо правіцелю, паставілі перад ім і Паўлу. Правіцель прачытаўшы і спытаўшы, зь якой ён правінцыі, ды даведаўшыся, што з Кілікі, сказаў: (я) выслухаю цябе, як зьявяцца і твае абвініцелі. І загадаў пільнаваць яго ў прэторыі Гірада.
А праз пяць дзён прыйшоў архірэй Гананя з старэйшынамі ды з нейкім рытарам Тэртуллам, якія выклалі правіцелю абвінава́чаньні супраць Паўлы. Калі ж ён (Паўла) быў пакліканы, Тэртулл пачаў (яго) вінаваціць, гаворачы: дазнаючы праз цябе вялікі супакой і дабрабыт, што аказаны народу гэтаму тваім адумам, заўсёды і ўсюды прымаем (гэта), вяльможны Хвэліксе, з усёю ўдзячнасьцяй. Але, каб табе шмат ня дакучаць, прашу цябе коратка выслухаць нас (паводля) ласкавасьці тваёй. Бо знайшоўшы, што мужчына гэты (ёсьць) зараза, ды будзіцель бунту сярод усіх жыдоў на (усенькім) сьвеце і зачыншчык Назарэйскай гарэзіі, які і Сьвятыню спрабаваў зьняважыць, якога (мы) і схапілі і хацелі судзіць паводля нашага Закону. Але прыйшоў тысячнік Лізі (ды) зь вялікім гвалтам забраў (яго) із нашых рук, загадаўшы абвінаваўцам ягоным ісьці да цябе. Ад яго (ты) сам зможаш, расьследаваўшы, даведацца аб усім тым, у чым мы вінавацім яго. Пагадзіліся ж і жыды, пацьвярджаючы, што гэта так і ёсьць. Паўла ж, як правіцель даў яму знак гаварыць, адказаў: многа гадоў зьяўляешся ты судзьдзёю народу гэтага, ведаючы гэта, я буду сьмела бараніцца ў (справе) маёй. Ты можаш даведацца, што ня больш як дванаццаць дзён назад, прыйшоў я пакланіцца ў Ярузалім. І ані ў Сьвятыні, ані ў сынагогах, ані ў месту ня знайшлі мяне, хоць з кім спрачаючыся ці бунтуючы народ, і ня могуць даказаць адносна мяне таго, у чым цяпер вінавацяць мяне. А ў тым прызнаюся табе, што на шляху, які (яны) называюць гарэзіяй, я служу гэтак Богу ба́цькаў, веручы ўсяму, што згодна з Законам і напісана ў Прарокаў, маючы надзею на Бога, што мае быць ускрасеньне мёртвых, і праведных і няправедных, чаго і самі яны чакаюць. Пагэтаму я і сам (моцна) стараюся мець заўсёды чыстае сумленьне перад Богам і людзьмі. Цераз многа гадоў прыйшоў я чыніць дораньні народу майму і ахвяры, (і) на гэтым знайшлі мяне ачышчаным у Сьвятыні нікаторыя жыды з Азіі, ня з натоўпам ды ня з узварушэньнем; якім трэба было быць прад табою і вінаваціць (мяне), калі б нешта супраць мяне мелі. Або самі гэтыя няхай скажуць, ці знайшлі ўва мне які грэх, як я стаяў перад сынэдрыёнам, апрача аднаго гэнага голасу, што (я) крыкнуў, стоючы сярод іх: за ўскрасеньне мёртвых сёньня я судзімы вамі. Пачуўшы ж гэтае Хвэлікс адклаў (справу) іхнюю, сказаўшы: як прыйдзе тысячнік Лізі, дакладней разьведаўшы аб шляху гэтым, разгледжу справу вашую. І загадаў сотніку сьцерагчы Паўлу і ня абмяжоўваць яго, і ня забараняць нікому зь ягоных блізкіх служыць яму ці прыходзіць да яго. А праз некалькі дзён Хвэлікс прыйшоўшы з Друзіллаю, жонкаю сваёю, што была жыдоўка, паклікаў Паўлу і слухаў яго аб веры ў Хрыста. А як той гаварыў аб справядлівасьці і ўзьдзяржаньні ды аб судзе, што мае быць, дык Хвэлікс, спалохаўшыся, адказаў: цяпер (годзе), ідзі, як выбяру час паклічу цябе. І ў той жа час спадзяваўся, што дастане грошы ад Паўлы, каб звольніў яго, дык часта заклікаючы яго гутарыў зь ім. А як споўніліся два гады, Хвэлікс прыняў заступніка, Поркія Хвэста; жадаючы ж зьявіць ласку да жыдоў Хвэлікс пакінуў Паўлу ў путах.
Хвэст жа прыбыўшы ў правінцыю цераз тры дні ўзыйшоў з Кесары ў Ярузалім. І архірэй і першыя з жыдоў прадсталі перад ім супраць Паўлы і ўгаворвалі яго, каб зрабіў (ім) спрыяльнасьць (у абвінавачваньні) супраць (Паўлы) ды прыслаў яго ў Ярузалім, зрабіўшы змову, каб забіць яго ў дарозе. Але Хвэст адказаў, што Паўлу сьцерагуць у Кесары, а сам ён маніцца хутка адправіцца. Дык хто з вас можа, кажа ён, пайшоўшы са мною, і калі ёсьць нешта на мужчыне гэтым, няхай яго вінавацяць. Прабыўшы ж у іх больш дзесяцёх дзён, вярнуўся ў Кесару (і) назаўтрае сеўшы на судным пасадзе загадаў прывесьці Паўлу. Калі ж (ён, Паўла) прыйшоў, абступілі яго жыды, што прыйшлі зь Ярузаліму, прыносячы на Паўлу многія і цяжкія абвінавачаньні, якіх ня маглі даказаць. Ён (жа) апраўдываўся, што ні ў чым ня саграшыў ані супраць Закону жыдоўскага, ані супраць Сьвятыні, ані супраць кесара. Але Хвэст хочучы зрабіць ласку жыдом, адказаўшы Паўлу, сказаў: ці хочаш ісьці ў Ярузалім, (ды) каб я судзіў (цябе) за гэта там? Паўла ж сказаў: я стаю перад судом кесара, дзе (і) належыць мне быць суджаным. Жыдом (я) ніякай крыўды ня зрабіў, як і ты добра ведаеш. Бо калі (я) сапраўды вінаваты і ўчыніў нешта вартае сьмерці, (дык) ня адмаўляюся памерці; але, калі нічога таго няма, у чым яны мяне вінавацяць, (дык) ніхто ня можа выдаць ім мяне. Паклікаюся на кесара. Тады Хвэст, пагаварыўшы з радай, сказаў: паклікаешся на кесара, да кесара (і) пойдзеш. Празь некалькі дзён кароль Агрыппа і Бэрніка прыбылí ў Кесару прывітаць Хвэста. Калі ж пабылí яны тамака шмат дзён, Хвэст падаў каралю справу Паўлы, кажучы: ёсьць нейкі мужчына, пакінены Хвэліксам у путах, на якога як быў я ў Ярузаліме жа́ліліся архірэі і старэйшыны із жыдоў, просячы суду на яго. Я адказаў ім, што ў рымлян няма звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека на сьмерць перш, чым вінавачаны меціме перад абліччам абвініцеляў і атрымае магчымасьць абараняцца ад абвінавачаньня. Калі ж яны прыйшлі сюды, я бязадкладна назаўтрае сеўшы на судны пасад загадаў прывесьці таго мужчыну. Абвініцелі абступіўшы яго ня прыне́сьлі (супраць яго) ніякай віны якое я спадзяваўся; а мелі яны зь ім нейкія спрэчкі аб іхнай рэлігіі ды аб нейкім памершым Ісусе, аб Якім Паўла казаў, што Ён жыве. Апынуўшыся ў тупіку, каб (правільна) вырашыць гэту спрэчку, я сказаў: ці хоча ён ісьці ў Ярузалім і тамака быць судзімым па гэтай (справе)? Калі ж Паўла запатрабаваў, каб яго затрымаць на разгляд імператара, я загадаў пільнаваць яго, пакуль ня пашлю яго да кесара. Агрыппа ж сказаў да Хвэста: хацеў (бы) і я сам выслухаць гэтага чалавека. Заўтра, адказаў ён, пачуеш яго. Назаўтрае ж, як Агрыппа і Бэрніка прыйшлі зь вялікай пышнасьцяй і ўвайшлі ў судовую палату з тысячнікамі і першымі асобамі места, тады па загаду Хвэста быў прыведзены Паўла. І кажа Хвэст: кароль Агрыппа ды ўсе прысутныя з намі мужчыны! Вы бачыце таго, аб якім уся грамада жыдоўская прыступалася да мяне і ў Ярузаліме і тут, крычучы: «ня сьлед яму больш жыць!» Але я знайшоў, што ён ня ўчыніў нічога вартага сьмерці, ды ён сам паклікаўся на імператара; дык я рассудзіў паслаць яго. (Але) адносна яго ня маю нічога пэўнага напісаць (свайму) гаспадару; дзеля гэтага прывёў яго да вас, і асабліва да цябе, кароль Агрыппа, каб зрабіўшы расьсьледаваньне мне мець што напісаць. Бо няразумным здаецца мне, пасылаючы вязьня, ня паказаць і абвінавачаньня на яго.
Агрыппа ж сказаў да Паўлы: дазваляецца табе гаварыць за сябе. Тады Паўла, працягнуўшы руку́, пачаў апраўдвацца. Кароль Агрыппа, (я) лічу сябе шчасьлівым, быць гатовым сягоньня да абароны ад усяго, у чым вінавацяць (мяне) жыды, бо ты найлепш ведаеш усе звы́чаі жыдоўскія і спрэчныя пытаньні. Дык прашу цябе выслухаць мяне цярпліва. Жыцьцё маё ад юна́чых гадоў, якое ад пачатку прайшло сярод народу майго ў Ярузаліме, ведаюць усе жыды, ведаючы мяне здаўна́ — калі б захацелі сьведчыць, — што я як хварысэй жыў паводля найдасканальшае навукі веры нашае. І вось цяпер (я) стаю, як падсудны за надзею на абяцаньне, данае ба́цькам (нашым) ад Бога. Дасягнуць якое спадзяюцца дванаццаць родаў нашых служачы ноччу і ўдзень рупліва. За гэту надзею вінавацяць мяне жыды, (о) кароль Агрыппа! Што? Вам здаецца няверагодным, што Бог ускрашае мёртвых? Дый мне яно здавалася, што мне належыць многа зрабіць супраць Іменьня Ісуса Назарэя, што і зрабіў я ў Ярузаліме: узяўшы ўладу ад архірэяў, я многа сьвятых замкнуў у вастрогах, і як забівалі іх, (я) даваў голас (мой). І па ўсіх сынагогах, часта мучачы іх, прымушаў да блюзьнерства і цераз меру раз’ярыўшыся супраць іх, перасьледаваў (іх) нават і да чужых местаў. І з гэтым ідучы ў Дамаск, маючы ўладу і даручэньне ад архірэяў, у палу́дзень, на дарозе, о каролю, (я) убачыў сьвятло зь неба, ярчэйшае за зьзяньне сонца, (якое) асьвяціла мяне і тых, што ішлі са мною. І, як усе мы паваліліся на зямлю, (я) пачуў Голас, які прамовіў да мяне гаворачы жыдоўскай мовай: Саўла, Саўла, чаму перасьледуеш Мяне? Цяжка табе перці супраць ражна. Я ж сказаў: Хто Ты, Госпадзе? Ён жа сказаў: Я ёсьць Ісус, Якога ты перасьледуеш; але падыйміся і стань на ногі твае, бо Я дзеля таго зьявіўся табе, каб прызначыць цябе слугою і сьведкай таго, што ты ўбачыў і што адкрыю табе, выбіраючы цябе з народу і (для) паганаў, да якіх цяпер пасылаю цябе, каб расчыніць ім вочы, каб зьвярнуцца ім ад цемры да сьвятла і ад улады шата́на да Бога, ды праз веру ў Мяне атрымаць дараваньне грахоў і ўдзел сярод пасьвячоных. Пагэтаму, кароль Агрыппа, я ня супрацівіўся зьяве нябеснай, але абвяшчаў сьпярша жыхарам Дамаску і Ярузаліму, (а потым) і ўсёй зямлі Юдэйскай і паганам, каб пакаяліся і навярнуліся да Бога, робячы ўчынкі вартыя пакаяньня. За гэта жыды, схапіўшы мяне ў Сьвятыні, памыка́ліся забіць (мяне). Але атрымаўшы падмогу ад Бога і да гэтага дня стаю сьведчучы малому і вялікаму, нічога іншага ня кажучы, як што сказалі Прарокі і Масей, што мае стацца: што Хрыстос прызначаны на пакуты і, Першы з ускрасеньня мёртвых мае абвясьціць сьвятло народу і паганам. Калі ён гэтак апраўдываўся сказаў Хвэст громкім голасам: ты шалееш, Паўла, вялікая навука даводзіць цябе да ша́лу. Ён жа кажа: ня шалею, вяльможны Хвэсьце, але кажу словы праўды і мудрасьці, бо ведае аб гэтым кароль, перад якім і гавару сьмела, бо я ўпэўнены, што нішто з гэтага ад яго ня ўтаілася: бо ня ў закуцьці гэта было зроблена. Ці верыш, кароль Агрыппа, Прарокам? ведаю, што верыш. Агрыппа ж сказаў да Паўлы: ты амаль што пераконваеш мяне стацца хрысьціянінам! Паўла ж сказаў: маліў бы я Бога, каб наогул ня толькі ты але і ўсе, што слухаюць мяне сягоньня, сталіся такімі, як і я акрамя гэтых путаў. І, як сказаў ён гэтае, устаў кароль і правіцель і Бэрніка дый тыя, што зь імі сядзелі і, адыйшоўшыся ўбок, гаварылі паміж сабою, кажучы, што чалавек гэты ня робіць нічога вартага сьмерці або путаў. Агрыппа ж сказаў Хвэсту: можна б было звольніць гэтага чалавека, калі б ня паклікаўся на кесара.
Як жа было прысуджана нам плысьці ў Італію, дык Паўлу і нікаторых іншых вязьняў аддалі сотніку на ймя Юлі з кагорты імператара. Узыйшоўшы ж на адраміцкі карабель манючыся плысьці ля мейсцаў Азіі, вырушылі мы, маючы з намі Арыстарха македонца із Тэссалонікі. На другі (дзень) прыста́лі к Сідону; Юлі ж, абыйшоўшыся з Паўлам палюдзку, дазволіў (яму) пайшоўшы да прыяцеляў скарыстацца (іхняй) руплівасьцяй. І, вырушыўшы стуль, прыплылí мы да Кіпру, з-за праціўных вятроў. І пераплыўшы мора насупраць Кілікі і Памхвілі, прыйшлі мы ў Міры Лікійскія, і тутака сотнік знайшоўшы аляксандрыйскі карабе́ль, які плыў у Італію, (ды) пасадзіў нас на яго. Плывучы ж памалу шмат дзён і ледзь апынуўшыся каля Кніду з-за няспрыяльнага нам ветру, даплылі мы да Крыту каля Сальмону, і, ледзьве праплыўшы каля яго, прыйшлі да нейкае мясцовасьці, называнае Харошыя Затокі, адкуль нідалёка было места Лязія. Калі ж мінула даволі часу, і плаваньне было ўжо рызыкоўным, бо ўжо і пост мінуў, радзіў (ім) Паўла, кажучы: мужчыны! я бачу, што плаваньне мае быць няшчасьлівае ды з чысьленай ўтратай, ня толькі для грузу і карабля, але і для душ нашых. Але сотнік больш верыў корніку і гаспадару карабля, чым таму, што гаварыў Паўла. А як затока была няпрыстасаваная дзеля зімаваньня, дык большасьць і пара́дзіла адплысьці адтуль: калі магчыма можна было б перазімаваць, дабраўшыся да Хвініку, Крыцкае затокі, што глядзіць (у напрамку) паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру. І, калі павеяў паўдзённы вецер, яны, падумаўшы, што дасяглі жаданага, рушыўшы плылі паўз Крыту. Але няўзабаве наляцеў на яго (карабель) бурны вецер, які называецца эўраклідон. Калі ж карабе́ль быў падхоплены, і (ён) ня мог супрацівіцца ветру, дык (мы) здаліся, і нас пане́сла. Наблізіўшыся ж да нявялікай выспы, называнай Кляўдай, мы ледзьве здолелі ўдзяржаць човен. Падняўшы (ж) яго (на палубу), пача́лі ратавацца абвязваючы карабе́ль канатамі, а баючыся каб ня сесьці на мялізну спусьцілі парус (ды) гэтак (нас) насіла. Як жа бура крэпка кíдала нас, назаўтрае пачалі выкідваць (груз), а на трэйці (дзень) сваімі рукамі павыкідалі карабельны струмант. Калі ж шмат дзён ня паказывалася ані сонца, ані зоркі, а бура доўжыла крэпка налягаць, дык урэшце прападала ўсякая надзея каб нам уратавацца. А як (усе пасажыры) доўга ня елі дык Паўла, стануўшы сярод іх, сказаў: о мужчыны, трэба было паслухацца мяне ды ня плысьцí ад Крыту ды ўсьцерагчыся гэтага няшчасьця і ўтраты. Цяпер жа раджу вам бадзёрыцца, бо ня загіне ніводная душа із вас, апрача карабля. Бо зьявіўся мне ў гэтую ноч Ангел Бога, Якому прыналежу і Якому служу, кажучы: ня бойся Паўла! ты маеш стаць перад кесарам, і вось Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою. Дык бадзёрцеся, мужчыны; бо веру Богу, што ста́нецца так як было мне ска́зана: але належыць нам быць выкíненым на нейкую выспу. Як жа ў чатырнаццатую ноч мы былі (яшчэ) насíмымі па Адрыятыцкім моры, каля апоўначы матросы пача́лі дагадывацца, што набліжаемся да нейкай зямлі. І памераўшы глыбіню знайшлі дваццаць сажнёў. Крыху ж адплыўшы ды ізноў памераўшы глыбіню, знайшлі пятнаццаць сажнёў. Баючыся ж, каб ня папа́сьці на скалістае мейсца, кінуўшы з карна чатыры якары чакалі калі наступіць дзень. Калі ж матросы спрабава́лі ўцячы з карабля і спускалі ў мора човен, пака́зваючы быццам хочуць ськíнуць якары з носу, Паўла сказаў сотніку і жаўнерам: калі яны ня застану́цца на караблі, дык вы ня можаце ўратавацца. Тады жаўнеры паабсякалі вяроўкі ў чаўна і далі яму ўпасьці. На досьвітку Паўла намаўляў усіх прыняць ежу, кажучы: сягоньня (ужо) чатырнаццаты дзень, як вы, чакаючы, астаецёся ня еўшы, нічога ня прыймаючы. Дык закліка́ю вас прыняць ежу: бо гэта ёсьць для вашага выратаваньня. Бо нікому з вас волас з галавы ня спадзе́. Сказаўшы ж гэтае і ўзяўшы хлеб (ён) пахваліў Бога перад усімі і пача́ў, разламаўшы, есьці. І ўсе ўзбадзёрыліся дый самі прынялі ежу. Было ж усіх (нас) на караблí дзьве́сьце се́мдзесят шэсьць душ. Насыціўшыся ж ежай, сталі аблягчаць карабе́ль, выкіда́ючы пшаніцу ў мора. Як жа настаў дзень (яны) ня пазнавалі зямлі; убачылі ж нейкую затоку меўшую ўзьбярэжжа, да якога і вырашылі, калі (гэта) магчыма, прыстаць з караблём. І падняўшы якары пакíдалі (іх) у мора; і адвязаўшы вяроўкі стырна́ ды падняўшы малы парус па ветру, кіраваліся да ўзьбярэжжа. Папаўшы ж на касу́, пасадзілі карабель на мялíзну, і нос, завязшы, застаўся нярухомы, а карно разьбівалася сілаю хваляў. У жаўнераў жа быў наме́р, каб вязьняў пазабіваць, каб хто выплыўшы ня ўцёк. Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўлу, супрацівіўся іхняму намеру ды загадаў умеючым плаваць кíнуўшыся першымі выйсьці на зямлю, а рэшце каму на дошках, а каму на чым-небудзь з карабля. І гэтак сталася, што ўсе выратаваліся на зямлю.
І, выратаваўшыся, тады (яны) даведаліся, што востраў называецца Мэліта. Барбары ж спрычынілі нам нябывалую людзкасьць: бо, распаліўшы агонь, прынялі нас усіх, бо быў дождж і сьцюжа. Калі ж Паўла набраў бе́рамя хворасту і паклаў на агонь, дык ад жару выйшаўшы яхідна ўчапілася за ягоную руку. Калі ж ба́рбары ўбачылі зьвісаючага зь ягонай рукі гада, гаварылі паміж сабою: пэўна, што чалавек гэты — душагуб, бо (і) уратаванаму ад мора справядлівасьць ня пакінула жыць. Але ён, абтросшы гада ў агонь, ня дазна́ў нічога благога. Яны ж чакалі, што ён пачне пухнуць, ці ўраз упадзе́ няжывы. Але пачакаўшы доўга і ўбачыўшы, што нічога благога зь ім ня сталася, яны зьмянілі думкі (і) казалі, што ён Бог. Навакол жа таго мейсца былі землі начальніка вострава на імя Публій, які, прыняўшы нас тры дні прыязна частаваў. І сталася, што бацька Публія ляжаў хворы на гарачку і дызентэрыю. Паўла, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, узлажыў на яго ру́кі і аздаравіў яго. Калі ж гэта сталася, і другія хворыя на востраве прыходзілі і былі аздароўлены. Дык выявілі нам шматлікія пашаны, а як (мы) адплывалі, надавалі што трэба было. Цераз тры месяцы вырушылі (мы) на аляксандрыйскім караблі са знакам Дыяскураў, што зімаваў на востраве. І прыплыўшы ў Сіракузы прабылí (там) тры дні. Адплыўшы стуль (мы) прыплылí ў Рэгію, і, (як) цераз адзін дзень узьняўся паўдзённы вецер, дык на другі (дзень) прыйшлі ў Путэолі, дзе знайшлі братоў і былі запрошаны імі прабыць (у іх) сем дзён; ды гэтак прыйшлі ў Рым. І стуль браты, пачуўшы аб нас, павыходзілі нам насустрач да Аппіявае плошчы і Трох гасьцініц. Убачыўшы іх, Паўла, падзякаваўшы Богу, акрыяў. Калі ж мы прыйшлі ў Рым, сотнік здаў вязьняў ваяводзе; Паўлу ж дазволена было жыць у сябе з жаўнерам, што яго вартаваў. І сталася, (што) цераз тры дні склікаў Паўла першакоў жыдоўскіх. Калі ж яны зыйшліся, сказаў да іх: мужчыны браты! Я нічога ня ўчыніўшы супраць народу і звычаяў ба́цькаў, (але) зь Ярузаліму я быў пераданы як вязень у ру́кі рымлян. Яны, зрабіўшы мне допыт, хацелі (мяне) звольніць, бо ніякае сьмяротнае віны на мне няма. Як жа жыды супрацівіліся, дык я быў прыму́шаны паклікацца на кесара, (але) ня для таго, каб у чым абвінаваціць мой народ. Дык па гэтай прычыне я (і) паклікаў вас, каб пабачыць і пагутарыць: бо за надзею Ізраэля закаваны я ў путы гэтыя. Яны ж сказалі яму: мы ані лістоў аб табе ня даста́лі зь Юдэі, ані ніхто з братоў, прыходзіўшых ня абвясьціў і ня сказаў аб табе нічога благога. Але хочам пачуць ад цябе, як (ты) думаеш; бо аб гарэзіі гэтай ведама нам, што ўсюды працівяцца ёй. І, назначыўшы яму дзень, прыйшлі да яго ў гасьцініцу досыць многа. І ад ранку да вечара (ён) тлумачыў ім, сьведчучы аб Валадарстве Бога ды пераконваючы іх аб Ісусе із Закону Масея і Прарокаў. І адны былі пераконваемы словамі (ягонымі), другія ж ня верылі. І, пярэчачы адзін аднаму, яны пачалі адыходзіць, калі Паўла сказаў адно слова: добра сказаў да ба́цькаў нашых Дух Сьвяты праз Прарока Гісаю, мовячы: пайдзі да народу гэтага і скажы: слыхам пачуеце ды ня зразумееце, і, бачучы, глядзець будзеце, ды ня ўбачыце, бо загрубела сэрца народу гэтага, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачыць вачыма і ня пачуць вушыма ды сэрцам ня ўцяміць і ня навярнуцца (да Мяне), каб Я аздаравіў іх. (Гісая 6:9−10). Таму няхай будзе вам ве́дама, што паганам пасла́на выратаваньне ад Бога, яны і пачуюць. І, калі ён гэта сказаў, жыды адыйшлі, крэпка спрачаючыся між сабою. Паўла ж цэлыя два гады жыў у сваім нанятым памяшканьні і прымаў усіх, што прыходзілі да яго, абвяшчаючы Валадарства Бога ды з усёй адвагай бяз перашкоды навучаючы пра Госпада Ісуса Хрыста.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020