1 Дзеля свабоды вызваліў нас Хрыстос; дык стойце (у свабодзе) і не жадайце зноў папасьці пад ярмо няволі.
2 Вось я, Павал, кажу вам, што калі вы дасьцеся абрэзацца, нічога вам Хрыстос не дапаможа.
3 Яшчэ сьведчу, што кожны чалавек абразаны павінен выпаўняць усё, загаданае законам.
4 Вы, што шукаеце ў законе апраўданьня, ад Хрыста адпадаеце і губляеце ласку Ягоную.
5 Мы ж духам ад веры маем надзею апраўданьня.
6 Бо ў Езусе Хрысьце ані абразаньне, ані неабразаньне ня маюць значэньня, а толькі вера, што дзейнічае праз любоў.
7 Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе?
8 Перакананьне гэта не ад Таго, які вас кліча.
9 Трохі кісьлі ўсё цеста квасіць.
10 Я пэўны ў вас у Госпадзе, што ня будзеце думаць інакш; а хто бунтуе вас, той панясе асуджэньне, хто б ён ня быў.
11 Калі ж я, браты, і далей абвяшчаю абразаньне, дык чаму мяне перасьледуюць? Тады зьнікла б згаршэньне крыжа.
12 О каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць!
13 Бо вы, браты, пакліканы да свабоды; толькі не да свабоды патураць целу, але любоўю духа ўспамагаць адзін другога.
14 Увесь бо закон у адным слове спаўняецца: "Любі бліжняга свайго як самога сябе".
15 Калі ж адзін другога будзеце кусаць і губіць, глядзіце, каб гэтак усе не папрападалі.
16 Кажу вам: кіруйцеся Духам, ды не падпадзіце пад уладу цела.
17 Цела бо цягне супраць духа, а дух — супраць цела; яны працівяцца адно аднаму, каб ня тое, што хочаце, вы рабілі.
18 Калі будзеце кіравацца Духам, вы не падлягаеце закону.
19 Ведамыя ж учынкі цела, вось яны: распуста, нячыстасьць, разбэшчанасьць,
20 ідалапаклонства, чараваньне, варожасьць, сварлівасьць, зайздрасьць, звадкі, нязгода, герэзіі,
21 забойствы, п'янства, гулянкі і ім падобнае. Аб гэтым я і папярэджваў вас, і папярэджваю, што тыя, каторыя такіх грахоў дапускаюцца, Каралеўства Божага не атрымаюць.
22 Плод жа Духа — любоў, радасьць, супакой, доўгацярплівасьць, ласкавасьць, добрасьць, вернасьць,
23 сьціпласьць, стрыманасьць. Супраць такіх няма закону.
24 Тыя ж, што належаць Хрысту, укрыжавалі сваё цела з пажаданьнямі і схільнасьцямі.
25 Калі жывём Духам, дык Духам і ходзім.
26 Не шукайма пустой славы, дражнячы адзін другога і зайздросьцячы адзін другому.